Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Адукацыя

27.02.2015
БРАШУРА Балонскі працэс

Спампуй і раздрукуй!

СПАМПАВАЦЬ БРАШУРУ Ў PDF

СПАМПАВАЦЬ БРАШУРУ Ў WORD

Або можна пачытаць тэкст брашуры ніжэй.

 

Балонскі працэс

19 чэрвеня 1999 у італьянскім горадзе Балонья падчас святкавання 900-гадовага юбілею найстарэйшага ўніверсітэта Еўропы міністрамі адукацыі 29 краін была падпісана дэкларацыя аб стварэнні на працягу дзесяці гадоў адзінай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА). Працэс будаўніцтва ЕПВА атрымаў назву Балонскага працэсу.

Мадэрнізацыя сістэмы вышэйшай адукацыі стала непазбежнай таму, што створаная ў пачатку ХІХ стагоддзя мадэль еўрапейскага ўніверсітэта больш не спраўлялася са сваёй місіяй. Замест 5-10% моладзі, як гэта было да сярэдзіны ХХ стагоддзя, ВНУ сёння павінны даваць падрыхтоўку 70-80% людзей студэнцкага ўзросту.

Такая даступнасць вышэйшай адукацыі толькі часткова абумоўлена яе дэмакратызацыяй ва ўгоду палітычным патрабаванням. Галоўным чынам, масавы попыт на дыпломы і акадэмічныя ступені падтрымліваецца тым, што ў развітых эканоміках вышэйшая адукацыя разглядаецца працадаўцамі як імператыўнае патрабаванне для большасці працоўных пазіцый, акрамя, магчыма, месцаў, дзе патрэбная простая фізічная праца. Калі выкарыстоўваецца складанае абсталяванне або патрабуюцца стасункі з кліентамі, то нават пры найманні на тыя пазіцыі, якія традыцыйна займалі работнікі без дыплома, працадаўца сёння аддае перавагу выпускнікам ВНУ. Часта нават не мае значэння вузкая прафесійная падрыхтоўка кандыдата. Для наймальніка важней аказваецца агульная культура работніка, камунікацыйныя навыкі, культура працы, гатоўнасць да засваення новых ведаў. Разам з гэтым расце попыт і на спецыялістаў самай высокай кваліфікацыі. Напрыклад, у постіндустрыяльных эканоміках рэзка вырасла патрэба ў навуковых работніках, на якіх «палююць» па ўсім свеце. І паколькі ранейшая сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў не можа справіцца з новымі задачамі, на ўсіх кантынентах ідзе пошук новай мадэлі вышэйшай адукацыі для постіндустрыяльнага грамадства. А там, дзе новыя выклікі стараюцца не заўважаць, квітнее псеўдаадукацыя, практыка цынічнага продажу дыпломаў.

Беларусь у гэтым кантэксце — не выключэнне. Перад ёй стаяць тыя ж праблемы, што клапоцяць людзей у іншых краінах. Толькі калі ў Еўропе, Азіі, Амерыцы ўжо зразумелі, што без рашучай мадэрнізацыі адукацыі не здолеюць справіцца з праблемай, то ў Беларусі шмат хто яшчэ верыць, што адказы на выклікі сучаснасці можна знайсці ў мінулым. Але як індустрыяльныя тэхналогіі не падыходзяць для постіндустрыяльнай эканомікі, так і савецкі ўніверсітэт не можа быць мадэллю для вышэйшай школы будучыні. Сёння новую інтэрнацыянальную мадэль вышэйшай школы выпрацоўваюць сумеснымі намаганнямі розных краін не толькі ў Еўропе, аднак еўрапейскі досвед, вядомы пад імем Балонскага працэсу, можа быць нам асабліва карысны.

 

Што ж такое Балонскі працэс?

 

Гэта разнастайнасць праграм вышэйшай адукацыі, якія адказваюць на разнастайныя запыты рынку працы: ад двухгадовых праграм прыкладнога бакалаўрыяту да дактарантуры, што рыхтуе не толькі даследчыкаў, але і спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для прамысловасці. У той час як праграмы прыкладнога бакалаўрыяту і 3-4 гадавыя бакалаўрскія праграмы даступныя для ўсіх выпускнікоў сярэдняй школы, у магістратуры і дактарантуры могуць навучацца найбольш здольныя студэнты. Такім чынам балонская мадэль дазваляе злучыць масавасць і элітарнасць у новай архітэктуры вышэйшай адукацыі бакалаўр — магістр — доктар.

 

Гэта новае разуменне якасці адукацыі заключаецца не ў адпаведнасці міністэрскім патрабаванням, а ў ацэнцы кампетэнцый выпускніка працадаўцамі.

 

Гэта «студэнтацэнтрычнасць» навучальных планаў, якая дазваляе самім студэнтам кіраваць сваёй прафесійнай падрыхтоўкай у ВНУ, фармаваць індывідуальныя адукацыйныя траекторыі, якія адказваюць патрабаванням будучага працоўнага месца.

 

Гэта адкрытасць адукацыі інтэрнацыянальнаму акадэмічнаму досведу, запытам міжнароднага рынку працы дзякуючы шырокай студэнцкай і выкладчыцкай мабільнасці. Да 2020 года чакаецца, што не менш за 20% студэнтаў ЕПВА будуць удзельнікамі праграм акадэмічнага абмену. Інструментамі, якія спрашчаюць працэс параўнання кваліфікацый і стымулявання студэнцкай мабільнасці, з’яўляюцца еўрапейская сістэма тансферту крэдытаў (заліковых адзінак вучэбнай працы) і еўрапейскі дадатак да дыплома.

 

Але як бы ні адрозніваліся адукацыйныя сістэмы розных краін, якія ўваходзяць у ЕПВА, усе яны павінны грунтавацца на павазе да фундаментальных акадэмічных каштоўнасцяў Еўропы: акадэмічнай свабодзе і ўніверсітэцкай аўтаноміі, уключна з неад’емным правам студэнтаў удзельнічаць у кіраванні сваімі ўніверсітэтамі.

 

Хоць у 2009 г. было абвешчана пра стварэнне Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, Балонскі працэс працягваецца. ЕПВА аб’ядноўвае ўжо 47 краін і распасціраецца ад Атлантыкі да Ціхага акіяна. На саміце міністраў адукацыі ЕПВА ў 2009 г. была прынята праграма дзеянняў да 2020 г. Свае версіі Балонскага працэсу паўсталі і ў іншых рэгіёнах, напрыклад, у Афрыцы. Падобныя стратэгіі мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі існуюць і на іншых кантынентах. У Еўропе толькі Беларусь пакуль яшчэ не можа даказаць, што сапраўды гатовая стаць на шлях мадэрнізацыі сваёй вышэйшай адукацыі. У 2012 г. разгляд беларускай заяўкі адклалі да 2015 г. у надзеі, што наша краіна прадэманструе прагрэс у забеспячэнні акадэмічнай свабоды, універсітэцкай аўтаноміі і студэнцкага ўдзелу ў кіраванні вышэйшай адукацыяй.

У брашуры выкарыстаныя матэрыялы сп. Уладзіміра Дунаева, кіраўніка Грамадскага Балонскага камітэта 

monitoring-bologna-process-presentation

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат