Пра курсы
ГАРАДЫ :


29.04.2014
АЎДЫЁКАЗКА Аб каралевічу-чараўніку

Чытае Алег Хаменка

1_Ab_karalevichu_charauniku-s

СЛУХАЦЬ:

СПАМПАВАЦЬ АЎДЫЁ

спампаваць файл Word

 

Быў сабе адзін бедны чалавек. Меў ён сына, але не мог яго пры сабе трымаць, бо быў дастаткова бедны. Так аднаго разу і кажа:

– Хадзем, сынку, дзе ў свет. Мо, аддам я цябе на навуку да якога майстра.

– А што рабіць… Добра, татку!

Вось і пайшлі яны. Ідуць яны так, ідуць, ажно недзе ў лесе спатыкае іх нейкі стары чалавек ды пытае:

– Куды ж вы ідзяце?

– Іду ў свет. Мо, дзе сына аддам да майстра на навуку.

– О, то мо мне аддайце? Я яго за тры леты ўсяму вывучу.

Той чалавек узрадаваўся, што не трэба далей ісці, пакінуў сына, а сам, згарнуўшыся, пайшоў дахаты, не ведаючы, што ён чараўніку сваё дзіця пакінуў.

Ажно жыве сын у таго чараўніка год, два, тры – нічога не вучыць. Ужо тры тыдні да трэцяга году не ставала, тады вядзьмак і кажа да яго:

– Напалі-ка ты мне ў печы.

Ён напаліў, каліто* аж чырвона.

– Лезь, – кажа чараўнік на хлопца, – у печ.

Яму валасы дыбарам сталі, але думае сабе: “Будзе горай, як не паслухаюся”. Так і ўлез. Ажно там не горача! Паляжаў крыху, а чараўнік кажа:

– Вылазь!

Ён зараз жа вылез, тады ўлез чараўнік. А паляжаўшы крыху, вылез дый кажа:

– Ну, дзяціна, будзеш ты разумнейшы ад мяне, – аддае яму такое лычка* ды кажа далей. – Як ужо цябе бацька забярэ, то зможаш перакідвацца ў коней, сабак ды ўсё, што захочаш.

І навучыў яго, як гэта рабіць трэба.

– Адно скажы свайму бацьку – каб не браў за цябе на кірмашы больш за сто злотых. Дый каб лычка часам не аддаваў. Бо як пакіне на табе, то ты ўжо не зможаш перакінуцца ў чалавека.

У той самы дзень пайшоў хлопец у лес, ажно якраз угледзеў свайго бацьку. Падбег да яго дый кажа:

– За тры нядзелькі прыйдзіце ўжо па мяне. А нас там такіх многа, то чараўнік перакідвае нас у коней, галубоў, паненак. Дый скажа, каб вы мяне пазналі. То помніце: як перакідвае ў каня, то я прытулю правае вуха, а калі перакіне нас у галубоў, то ўсе будуць галовы пад крыламі трымаць, а я высаджу дзюбачку з-пад правага крылца, а калі ў паненак, то я буду крыху вышэйшаю за іншых.

Сказаўшы гэта, развітаўся з бацькам дый пайшоў назад.

У тры нядзелькі якраз прыходзіць яго бацька да чараўніка. Чараўнік затрубіў у мядзведзеву трубу, аж бач, з усіх старон пазляталіся коні ржаныя. А гэта ж усё былі хлопцы. Тады чараўнік кажа:

– Ну, чалавеча, пазнавай жа цяпер свайго сына. Ці прызнаеш?

Той ходзіць ад каня да каня, глядзіць, ажно ў аднаго прытулена вуха правае.

– Ці патрапіў, ці не, але гэта, мусіць, ці не мой сын?

– Няўжо ж гэта праўда? Гэта ён.   

Потым перакідаў іх у галубоў, так ягоны сын высадзіў дзюбачку, а бацька і кажа:

– Вось то мусіць гэта.

– Ну, гэтыя разы адгадаў якраз. Паглядзім жа, цяпер ці пацэліш.

Дый перакінуў усіх у паненак. І на гэты раз бацька, перайшоўшы раз-другі, стаў каля найвышэйшай дый кажа:

– От гэта мой сын.

– Ну, няма што, браце, круціць. Забірай сябе яго, – і гэта кажучы, перакінуў яго ў хлопца, а тыя астатнія паразляталіся ва ўсе бакі.

Чалавек падзякаваў чараўніку, узяў сына за руку дай пайшоў дахаты. Ідуць яны так, ідуць, ажно ў лесе сталі птушкі спяваць. А хлопец кажа:

– Тату, знаеце, што яны спяваюць?

– Ці ж хто гэта знае.

– А я такі знаю! Яны кажуць, што я буду ногі мыць, а тата будзе тую ваду піць.

– О, ужо ж гэтага не дачакаешся ты, – кажа бацька. – Каб я тую ваду піў.

– Ну, паглядзім.

І пайшлі далей. Прыходзяць дахаты, пабылі там дні са два, ажно сын тады кажа да бацькі:

– Тата, я перакінуся ў каня, а вы злажыце на мяне гэтае лычка і павядзіце мяне на кірмаш. Адно, тата, не бярыце больш як сто злотых, і лычка купцу не аддавайце. Да гэтага, кажучы, я ізноў перакінуся ў каня.

Бацька, злажыўшы лычыка на яго, прыводзіць на кірмаш, адно зараз жа і знайшоўся купец ды пытае:

– Колькі ж просіце?

– Сто злотых, – кажа.

Пакупнік без торгу выняў зараз жа грошы і даў бацьку. А той, зняўшы з каня лычка, пайшоў дахаты. Ідзе так, ідзе, калі аглянецца – ажно бяжыць конь за ім. Падбегшы, перакінуўся ў хлопца дай пайшоў з бацькам дахаты.

На другі кірмаш перакінуўся ён ужо ў уогера*. Прывёў бацька яго да месца, пастаяў крыху, ажно падыходзіць нейкі чалавек. Гэта быў той самы чараўнік, але ж бацька яго не пазнаў.

– Колькі вы за яго, – кажа, – хочаце?

– Тысячу рублёў!

– Добра, калі не ўступіце, – выняў грошы ды заплаціў. Нагу закінуў на каня і пасунуўся. А той бацька тады агледзеўся ды крычыць:

– Паночку! Аддайце лычка маё! Аддайце!

– Эээ, годзе. Не ў мяне ты лычка дастанеш!

Ну, бацька  – няма рады – пайшоў дамоў дахаты.

Ажно той чараўнік, прыехаўшы да сябе, наклаў у лесе дроў, паставіў кацёл з вадою, падпаліў дый уогера папярок таго агню паставіў. Тая пара з катла стаўпом на яго верне, а ён, небарака, стаіць, бо чараўнік лычка не зняў. Ужо стала гэта цела ковалам адпадаць, ажно ўгледзела гэта жонка чараўніка, падбегла ды – шах! – лычка скінула. Уогер уцякаць, а чараўнік за ім. Прылятаюць пад бераг ракі, і стаў ён акунём, а чараўнік – шчупаком. І давай таго акуня ганяць. Ажно над берагам нейкая дзеўка з каралеўскага двара хусцё мыла, так хлопец стаў харошым пярсцёнкам і ўскочыў той дзеўчыне на палец. Яна адраклася ад таго хусця дый пабегла з пярсцёнкам да каралеўны. Каралеўна, угледзеўшы, не магла не здзівіцца, бо такі быў харошы пярсцёнак, і купіла яго ў тае дзеўкі.

Надыйшоў вечар. Ад таго пярсцёнка такі бляск б’е, як у белы дзень ад сонейка. Каралеўна днём носіць на пальцы, а ўночы кладзе яго пад падушку. Тады ён перакідваецца ў хлопца і гаворыць з ёю – усё, што хоча.

За колькі ж дзён прыходзіць чараўнік да каралеўны і кажа, што дасць за той адзін парсцёнак пятнаццаць харашэйшых. А яна, падумаўшы, кажа:

– Тое добра! Адно прыйдзіце ж заўтра.

Як легла ўжо спаць, так хлопец ёй і кажа:

– Як прынясе заўтра чараўнік пярсцёнкі, вы, як будзеце мяне даваць, упусціце на зямлю, то я перакінуся ў мак, а то вы на адно зярнятка наступіце. А як чараўнік ужо ўсё пазбірае, то нагу падыміце.

Яна так і зрабіла. Назаўтра прыходзіць чараўнік і падае ёй тыя пярсцёнкі, а яна, яму свайго даючы, упусціла на зямлю – поўна ў пакоі зрабілася маку. Тады чараўнік перакінуўся ў пеўня і стаў збіраць той мак. Як пазбіраў, яна нагу падняла – так з тога зярнятка маку зрабіўся шуляк! І задзёр пеўня.

Потым ужо, канечне, каралеўне захацелася пайсці за хлопца таго замуж, бо надта ён быў ёй даспадобы. Так усё ўжо улажылі, ён паслаў па сваіх бацькоў – да іх жа недалёка было. Так іх перанеслі, як яны спалі, што яны нічога і не зналі – паклалі іх у палацы у такім харошанькім пакоі, што ай-ёй! Назаўтра прачнулася яго маці, як гляне – ажно ўваччу заззяла. Думала, што ў раі. Ды давай будзіць дзеда:

– Дзеду-дзеду, устань. Абач! Мусіць, мы ў раі – глядзь, якое ўсё харошае!

– Мусіць, у раі!

Адно ўваходзіць іх сын дый, прывітаўшыся, расказвае ім усё чыста.

Таго дня даў ім на вячэру селядцоў і слугам загадаў вады даваць, а сам узяў у нештась вады, усунуў адну нагу, другую, а тады, як заснулі бацькі ў сваіх пакоях, паставіў тую ваду ля іх. Дзед прачнуўся, захацелася вады. Мац, мац – ажно стаіць. Так ён і напіўся адтуль! А яго сын з-пад дзвярэй услухаў, забег у пакоі дый кажа:

– А што, тату, уласна я вам не казаў, што я буду ногі мыць, а вы гэтую ваду піць?

– Але, сынку. Казаў.

– А то ж я ў гэтай вадзе ногі мыў. А вы яе выпілі.

– Ну, калі вада чысценькая і ножкі твае чысценькія…

Неўзабаве ажаніўся ён з тою каралеўнаю, а па смерці яе бацькі, кролем яго абралі. А на тым вяселлі і я быў. Мёд-віно піў, па барадзе цякло, а на губе не было!

———————-

Тлумачэнні

Вопер – вяпрук, кабан.

Вярэнька – кошык з накрыўкай, сплецены з барозавай кары (бяросты).

Гарэц – пасудзіна, мера аб’ёму (прыблізна 3,3 літры).

Дзяруга – посцілка, вялікі кавалак грубай тканіны.

Дубальт – удвая.

Загнет – выступ печы.

Збыткавацца – здзеквацца, кпіць.

Каліто – кашалёк; торбачка для захавання грошай, дакументаў ці дробных прадметаў.

Капуза – шапка з аўчыны поўсцю наверх у выглядзе каўпака.

Кокат – сук на дрэве.

Коўб – страўнік (жывёльны).

Коч – карэта з верхам.

Куля, кулька – ядро, шар; булава; дрын, кол, палка.

Куні – куніцавыя шкуры.

Лапацень – прыстасаванне для фіксацыі чаго-небудзь.

Лычка – тут: вяроўка, аброць.

Магалейка – кісет.

Нажэндзя – інструменты, прылады.

Нічальніцы – дэталь ткацкага станка.

Перапечы – булкі з грэчневай мукі.

Суздром – цалкам, падчыстую.

Сыта – страва з вады ды мёду.

Уогер – конь, жарабец.

Фаска – пасудзіна для захавання вадкіх рэчываў.

Цагала – прыстасаванне для здабывання агню.

 

Казка ўзятая АДСЮЛЬ

Праект «Народныя казкі для дзетак» —
ініцыятыва ЮНІСЕФ у Беларусі.

unisef

 

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат