Пра курсы
ГАРАДЫ :


29.04.2016
Жывыя галасы Коласа, Купалы, Сыса і яшчэ 57 беларускіх паэтаў сабралі ў адно выданне

Днямі пабачыў свет зборнік аўдыёзапісаў 60 беларускіх паэтаў, якія чытаюць свае вершы. Дыск называецца «Галасы паэтаў».

577DF54E-5F02-4189-A65E-924F144A63C4_mw1024_s_n1

Выданне падрыхтавала спявачка Тацяна Грыневіч-Матафонава, запісы яна збірала чатыры гады.

З 60 паэтаў, запісы якіх увайшлі ў збор, 18-ці ўжо няма з намі. Сярод іх Якуб Колас, Янка Купала, Ларыса Геніюш, Пімен Панчанка, Наталля Арсеннева, Анатоль Сыс, Рыгор Барадулін і іншыя.

Сярод сучасных паэтаў, якія начыталі свае творы для дыска, – Уладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Сяржук Сокалаў-Воюш, Андрэй Хадановіч, Алег Мінкін.

Тацяна Грыневіч-Матафонава кажа, што праект быў задуманы пасля кур’ёзнага выпадку, пра які ёй расказалі ў адной менскай школе.

«Мы разам з паэтам Міхасём Скоблам выступалі перад вучнямі і настаўнікамі. Пасля, ужо за гарбаткай, настаўніца беларускай літаратуры запытала ў нас, хто такі Віктар Жыбуль, ці ведаем мы такога паэта. Справа ў тым, сказала яна, што вершы Жыбуля прынёс на заняткі па сучаснай літаратуры нехта з вучняў. Але, як аказалася, настаўніца не ведала, што ёсць такі сучасны паэт. Яна сказала, што была разгубленая ад гэтага. Пасля размовы з гэтай выкладчыцай я зразумела, што ёсць праблема няведання выкладчыкамі сучаснай беларускай літаратуры. І прыйшла да думкі, што трэба рабіць такі дапаможнік – ён будзе карысны для настаўнікаў, якія змогуць слухаць разам з вучнямі беларускія вершы ў выкананні саміх беларускіх паэтаў».

42 сучасныя паэты начытвалі свае вершы ў студыі. А вось галасы тых, хто ўжо адышоў, давялося шукаць па сваяках і знаёмых:

«Галасы паэтаў, якія ўжо адышлі, шукаць было цяжка. Шмат якія з гэтых галасоў захоўваюцца на вінілах, іх трэба было пераводзіць у лічбавы фармат. Іншыя запісы шукалі ў сваякоў і сяброў паэтаў – усе дапамагалі як маглі. Добрай дапамогай стала тое, што раней ужо выходзілі дыскі з галасамі Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Уладзімера Караткевіча – іх можна было дадаць на наш дыск».

Колькасць вершаў, якія чытаюць паэты, розная. Але на кожнага прыпадае не больш за 10 хвілін.

Укладальніца лічыць, што «Галасы паэтаў», выдадзеныя на аўдыёдыску, – гэта зусім не тое самае, калі б гэтыя самыя вершы былі выдадзеныя ў папяровым зборніку.

«Вельмі цікава паслухаць, як хто чытае свае вершы. У людзей вельмі розныя галасы – нехта чытае вельмі выразна, нехта хуценька, нават бубніць. Можна аналізаваць акцэнты – па іх можна зразумець, хто ў якіх частках Беларусі жыў. Таксама вельмі цікава адсочваць, як паэты вымаўляюць „г“, „р“ і „ч“. Інтанацыя, вымаўленне – гэта ўсё важна для разумення асобы чалавека, дый проста для таго, каб зразумець, што паэт – гэта чалавек, а не толькі радкі ў кнізе».

059363C2-9833-4AE0-B062-7A9AF6F3CC9B_mw1024_s_n

Дыск будзе распаўсюджвацца па беларускіх школах. Знайсці яго можна будзе таксама ў менскай кнігарні «ЛогвінаЎ», у «Арт-сядзібе», а лічбавы варыянт – у інтэрнэце.

«Гэта не камерцыйны праект. Мне цяжка, робячы такую справу, рабіць ухіл на камерцыю. Але я спадзяюся, што людзі будуць разумець, што, на жаль, немагчыма выдаць дыск бясплатна, і дапамогуць, калі хто будзе мець магчымасць. Фінансавая падтрымка пойдзе або на новы наклад „Галасоў паэтаў“, або на рэалізацыю наступных праектаў. Напрыклад, цяпер рыхтую дапаможнік па беларускіх танцах. А ўвогуле цяпер чатыры праекты ў рабоце. Добра, што знаходзяцца людзі, якія разумеюць, што гэта карысная справа для Беларусі», – патлумачыла Тацяна Грыневіч-Матафонава.

Радыё Свабода

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат