Пра курсы
ГАРАДЫ :


09.12.2017
Як Уладзімір Арлоў стаў героем гістарычных анекдотаў

У панядзелак Арлоў стане госцем менскай “Мовы Нанова”, а падпісацца на кнігу анекдотаў можна ўжо цяпер!

Слынны літаратуразнаўца Сяргей Шапран уклаў першую ў гісторыі кнігу “Беларускі гістарычны анекдот”. Кніга гатовая і ўжо ідзе ў друк, а замовіць яе можна ўжо цяпер ПА СПАСЫЛЦЫ.

anek-kv

“Мова Нанова” ўжо цяпер публікуе выбраныя анекдоты пра Уладзіміра Арлова з будучай кнігі.

 

З дабраславення Караткевіча

 

На пачатку 1980-х Уладзіміра Арлова запрасілі на семінар маладых літаратараў у Дом творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах. На разгляд мэтрам ён прапанаваў апавяданне «Добры дзень, мая Шыпшына», напісанае і названае не без уплыву «Чазеніі» Уладзіміра Караткевіча. Аднак плён бяссонных начэй пісьменніка-пачаткоўца быў ушчэнт разбіты Янам Скрыганам, які абвінаваціў Арлова ў апяванні распусты, якой ягоныя маладыя закаханыя героі нібыта дзень і ноч займаюцца ў дзядзькавай адрыне ды іншых прыдатных месцах. (Між іншым такое рэзюме зрабіла апавяданню і аўтару выдатную рэкламу сярод семінарыстаў: дзве машынапісныя копіі пайшлі па руках і да гаспадара ўжо не вярнуліся.)

А ўжо неўзабаве Арлоў атрымаў ліст з водгукам на «Шыпшыну» ад самога Уладзіміра Караткевіча. Ліст поўніўся авансамі і кампліментамі. Сярод іншага Караткевіч цытаваў адрасаваныя Івану Буніну словы Фёдара Шаляпіна: «Чёрт тебя подери, Ванька, читать невозможно — в глазах рябит от твоей образности». Але нават гэтую злёгку прыхаваную іронію малады пісьменнік успрымаў як надзвычай высокую ацэнку і колькі дзён потым лётаў бы на крылах. І калі пазней зайшла размова пра выданне першай кнігі Арлова, ён без ваганняў назваў яе па апавяданні, якое ўхваліў Караткевіч, — «Добры дзень, мая Шыпшына».

 arlou1

 

Разам ці асобна?

 

Падчас вайсковых збораў рэдакцыя дывізіённай газеты, якой кіраваў пісьменнік Уладзімір Арлоў, павінна была атрымаць спірт. Прапаршчык, які даставіў яго, абвясціў:

— Мы вам для абслугоўвання друкарскай машыны ў сапраўднасці павінны пяць літраў. Калі вы падпішацеся ў ведамасці за пяць, дам вам два літры. Не падпішацеся — не будзе ні кроплі!

Стаяў такі моцны мароз, што зуб на зуб не трапляў, і каманда Арлова была гатова падпісацца за ўсё, што заўгодна, — нават і за 50 літраў!.. Атрымаўшы такім чынам два жаданыя ўсёй душой літры і адразу выпіўшы іх, газетчыкі паклаліся спаць. Аднак уначы са штаба прыехаў палкоўнік, які паспрабаваў падняць падначаленых Арлова, каб рыхтаваць пазачарговы газетны нумар. Але паколькі тыя знаходзіліся ў расслабленым стане, адзін з «запаснікоў» паслаў палкоўніка далёка і зачыніў за ім дзверы на засаўку.

Раніцай Арлова выклікалі да генерала, які камандаваў манеўрамі. На стале перад ім ляжаў рапарт начнога візіцёра, дзе было літаральна наступнае: «У адказ на загад выдаваць газету, лейтэнант запасу паслаў мяне на…» — апошняе было напісана ў адно слова. Генерал, тупаючы нагамі і размахваючы паперай, грозна запытаўся:

— Што вы, Арлоў, як рэдактар скажаце на гэта?

І пісьменнік, зазірнуўшы ў рапарт, адказаў:

— «На…» трэба пісаць асобна.

Мусіць, пачуццё гумару ў генерала ўсё ж было, бо скандальная гісторыя працягу не мела.

 

 

«А вось гэтага не трэба!»

 

Падчас сустрэчы Уладзіміра Арлова з настаўнікамі гісторыі і літаратуры ў адным з гарадкоў Віцебшчыны намесніца старшыні райвыканкама, якая прысутнічала ў зале па абавязку службы, заявіла пісьменніку:

— Вы, Арлоў, казалі, што беларускія жанчыны — найпрыгажэйшыя ці то ў Еўропе, ці то ўвогуле ў свеце. Вось і пісалі б пра нашых дзевак ды жанчын, а не зацыкліваліся на гісторыі!

Калі Арлоў сказаў, што піша на гэтую вечную тэму і прозу, і паэзію, а ў пацвярджэнне паабяцаў прачытаць твор пад назвай «Ранiшнi верш пра твае грудкi», «вертыкальная» дама спалохана запярэчыла:

— А вось гэтага не трэба!

Мусіць, яна падумала, што верш будзе адрасаваны асабіста ёй. Нягледзячы на катэгарычнае пярэчанне чыноўніцы, Арлоў верш прачытаў — на задавальненне прысутнай публікі.

 

 

Пра чыноўнікаў і свіней

 

Арлоў выступае ў адным з заходнебеларускіх мястэчак. На сустрэчу нечакана завітвае прадстаўнік мясцовай улады. Адказваючы на пытанне пра Еўфрасінню Полацкую, пісьменнік распавядае, што ягонае дзяцінства прайшло побач з зачыненым уладамі Спаса-Еўфрасіньеўскім манастыром, прыгадвае, як розны прышлы люд, паселены ў манастырскія келлі, не зважаючы на заслужаныя праклёны вернікаў, трымаў у Крыжаўздзвіжан­скім саборы свіней. У гэты момант са свайго месца падае голас чыноўнік:

— Зато у людей было мясо!

 

 

Калі статыстыка не на карысць

 

У сярэдзіне 1990-х беларуская студыя «Летапiс» зняла паводле сцэнара Уладзіміра Арлова фільм «Сімяон». І хоць карціна аднойчы нават значылася ў тэлевізійнай праграме, аднак замест яе на экранах з’явіўся фільм «Славное море, священный Байкал». Некаму з кіраўніцтва БТ не спадабаўся такі эпізод: Уладзімір Арлоў распавядаў у кадры пра тое, што калі Сімяон Полацкі адкрыў у другой палове ХVII стагоддзя ў Маскве друкарню, іх колькасць там адразу павялічылася ўдвая — была адна, а стала дзве. Прычым гаворка ішла не толькі пра Маскву — пра ўсю Расійскую дзяржаву. У той жа час у дзяржаве продкаў сучасных беларусаў друкарскія станкі спраўна рыпелі ажно ў 134 друкарнях. Гэтае параўнанне і не спадабалася кіраўніцтву БТ, якое быццам кіравала не беларускім, а расійскім тэлебачаннем.

 

 

Перасцярога

 

Прэзентацыя кнігі «Таямнiцы полацкай гiсторыi». Да аўтара падыходзіць юнак з запаленым позіркам і ўручае брашуру са сваім аўтографам: «Уладзіміру Арлову са шчырай агідай да яго кнігі пад езуіцкай назвай “Таямнiцы полацкай гiсторыi”». У адказ на пытанне, у чым прычына такой моцнай эмацыйнай рэакцыі, юнак кажа:

— Калі б вы былі проста графаманам, то мы махнулі б на вас рукой. Але паколькі ў вас ёсць літаратурныя здольнасці, то мы, калі прыйдзем да ўлады, абавязкова павесім вас на ліхтары.

Праўда, хто гэта «мы», для Арлова засталося загадкай.

 

 

Запавет нашчадкам

 

Неяк падчас творчай сустрэчы да Уладзіміра Арлова звярнуўся каларытны, патрыятычна настроены дзядок, які папрасіў напісаць для яго ўнука на кнізе «Адкуль наш род» наступнае пажаданне: «Каб памятаў, засранец, адкуль наш род, іначай прыйдзе дзядзька Арлоў і надае па срацы».

Гісторыя мела працяг. Праз дваццаць гадоў на адну з аўтограф-сесій аўтараў кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава прыйшоў малады бацька з сынам. Перш чым падпісаць для сына новае выданне, ён паказаў Арлову зачытаны асобнік кнігі «Адкуль наш род» з пагрозаю «надаваць па срацы».

— Не атрымалася, дзядзька Арлоў! — задаволена абвясціў старанны чытач.

 

 

Прагноз

 

«Прагнозы — рэч рызыкоўная, — сказаў неяк Уладзімір Арлоў. — Я вось нядаўна прачытаў у дзённіках Дастаеўскага: “Зайздрошчу ўнукам і праўнукам нашым, якім наканавана ўбачыць Расію ў 1941 годзе».

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат