Пра курсы
ГАРАДЫ :


15.02.2017
Выгнаны патрыцый

Да 80-годдзя Міхася Стральцова

Да юбілею аднаго з найярчэйшых і загадкавых пісьменнікаў ХХ стагоддзя Міхася Стральцова даследчык беларускай літаратуры Міхась Скобла ўклаў кнігу «Выгнаны патрыцый», што днямі выйшла ў выдавецтве «Лімарыус» і фрагменты з якой «Мова Нанова» падае ніжэй.

CNV000014

Міхась Стральцоў з Рыгорам Барадуліным

 

Міхась СКОБЛА, паэт, даследчык беларускай літаратуры:

…Вось тады я і паабяцаў слаўгарадцам кнігу пра іх земляка Міхася Стральцова. Пра паэта строга класічнага і надзіва гарманічнага, па якім, як па камертоне, можна правяраць свой паэтычны слых. Пра празаіка, чыя проза напоўненая паэзіяй, як напоўнены сокам даспелы яблык. Выцісніце яго — і атрымаюцца непрыдатныя для спажывы жамяры…

Міхася Стральцова ў паваеннай беларускай літаратуры няма з кім параўнаць, у сваім пакаленні ён глядзіцца непадобным на другіх адзінцом. Магчыма, гэтым сваім непадабенствам ён кагосьці і раздражняў. Але Стральцова любілі і шанавалі тыя творцы, каму не засціла вочы зайздрасць, хто цаніў адметнасць чужога таленту — Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль…

Ужо са смяротнай лажніцы ён прашаптаў схіленаму над ім Янку Брылю: «Мне без вас нельга». Сёння ўсім нам нельга абысціся без Міхася Стральцова, без яго паэтычнага і празаічнага «свету яснага»…

 

Мікола ГІЛЬ, пісьменнік:

У маладосці мы наўрад ці ўмеем бачыць і ўспрымаць адэкватна сябе і сваіх сяброў. Маладосць зусім не схільная да аналітыкі. Вось і нашага Мішу мы хоць і вылучалі, але ж успрымалі і прымалі ўсяго толькі сваім аднакурснікам, дружбаком. Лепшым, разумнейшым, таленавіцейшым сярод нас, аднак наўрад ці прыбягала да каго думка аб тым, што некалі наш Міша Стралец стане класікам роднай літаратуры, паставіць сваё імя побач з імем самога Максіма Багдановіча…

А поспехі былі папраўдзе нечуваныя. Ужо студэнтам чацвёртага, а тым больш пятага курса Міша ведаў, а галоўнае — чуў, адчуваў беларускае слова лепш за многіх з нас, якія карысталіся ім штодзённа і паўсюдна. Ён адчуваў яго прафесійна. I ў сваіх апавяданнях паўставаў ужо як таленавіты пісьменнік, маляўнічы мастак-лірык, а ў дадатак — і як тонкі, адмысловы стыліст. Чуццё на слова ў яго было сапраўды бездакорнае…

 

Васіль ЗУЁНАК, паэт:

…Да слова Міхась Стральцоў ставіўся пяшчотна. І пачціва, як бы нават сарамліва — перад Яго Вялікасцю. Не толькі на пісьме, але і ў звычайнай, будзённай гаворцы. Іншы раз (і даволі часта) замаўкаў, — пэўна, даючы прамоўленаму слову прастору для палёту, перспектыву. А можа, і магчымасць сабрацца з думкамі суразмоўцу…

Размаўляючы з ценямі вялікіх, звяраючы з імі сваё слова, Міхась Стральцоў набліжаўся да іх узроўню…

6

Ва Ушачах каля роднай хаты Рыгора Барадуліна.

 

Рыгор БАРАДУЛІН, паэт:

Зараз такі шумны час, і, мабыць, таму такія глыбінныя фігуры, як Панчанка, як Стральцоў быццам бы забываюцца. Але калі ўсё супакоіцца, калі ўсё стане на свае месцы, без Стральцова, канешне, не абыдуцца. Без яго нельга ўявіць гісторыю беларускай літаратуры, беларускай думкі. Проста ён, што называецца, не кідкі, ці, калі гаварыць сённяшняй мовай, не раскручаны, хоць фігура гэта ўнікальная — і як лірык, і як празаік, і як крытык. Недарэмна ён пісаў пра загадку Багдановіча, — Стральцоў і сам нейкім чынам як Багдановіч нашага часу…

 

Віктар КАРАМАЗАЎ, пісьменнік:

Адзінота — лёс гордага генія. Адзінокімі былі Талстой, Дастаеўскі, Бунін. Ці адны яны? На вяршыню Парнаса амаль усе, здаецца, узыходзілі пад ярмом адзіноты. Натоўпам туды не ішлі. Леў Талстой казаў, што раіцца драбяза, вераб’і, напрыклад, толькі арлы не пакідаюць гордае вышыні адзіноты…

I тут з нейкай прачула-абвостранай павагай, з пачуццём светлага вызвалення бачыш Стральцова, яго задумліва-самотную постаць у нашай сённяшняй літаратуры…

Жыццё Стральцова да самага апошняга дня было неўладкаваным у сэнсе побыту. Калі-нікалі сябрам, якія яго блізка ведалі, здавалася, што яно пачынае наладжвацца, але раптам ізноў разбуралася. Ён зведаў усё, што мог зведаць чалавек, якому ўсюды не шанцуе: бяздомнасць, холад і голад, страту сям’і і сяброў, працы, якая корміць і поіць, разводы не толькі з жонкамі, але са звычайнымі жыццёвымі ўтульнасцямі. Ён ад усіх нягод ратаваўся ў слове і думцы, у працы розуму і сэрца, але бываў пазбаўлены нават магчымасці пісаць свае цудоўныя апавяданні, эсэ, вершы. І разам з тым яго не назавеш няўдаліцай. Усё, што трэба, каб жыць прыстойна, ён мог займець раней за іншых. Былі розум, талент, абаяльнасць, аўтарытэт. Але ўсё, што іншыя шукалі доўга і ўпарта, чаго дамагаліся, чым даражылі, ён сам з ахвотаю, не зразумелай іншым, губляў лёгка і хутка. Навошта? Гэта ведаў толькі ён. Але пытанне наша, не яго. I які мы знаходзім адказ? Вышукваем у яго фатальнасць, шчарбінкі ў характары, цынічна смакуем яго ЛТП — такая ахвота ў іншых праведнікаў ад літаратуры штосьці ў яго жыцці паставіць на сваю, толькі ім вядомую палічку. А для яго тых схем не існавала. Ён схемы адкідаў як хлам. І ў творчасці, і ў побыце. Што знаходзіў? Найперш — духоўную свабоду. І на руінах побыту? Так. Быў у гэтым небяспечна высокі кошт? Але гэтакае рэальнае жыццё — яно кошт выстаўляе. Стральцоў зразумеў гэта рана і выбар свой зрабіў даўно. Там і яго адказ на пытанне, якое закранае былы сябар: «Не гэтак мы жывём, як трэба жыць».

9

 

Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК, паэт, празаік:

Мне падабалася, што ў гутарцы з Ім кожная хвіліна здавалася гадзінай, кожнае слова мела сэнс, само маўчанне было ўтульным, а Яго ласкавы да мяне зваротак «старычок» (так Ён, дарэчы, звяртаўся толькі да сяброў) прыводзіў да супакоенага пераканання: нашыя сяброўскія адносіны ніколі не перарвуцца.

Ён мала гаварыў, быццам не давяраў таму, што вымаўляецца ўголас; Яго даволі-такі не зусім выразная вусная мова амаль заўсёды суседнічала з прабачальнай усмешкай; у гаворцы гэта ўсмешка часта служыла Яму заместа адказу…

І нібыта насуперак невыразнай дыкцыі Яго мастацкае пісьмо насычана паглыбленай прыгажосцю!

Пакутнік стылю, палоннік хараства, — Ён пазбягаў базарнасці.

У нашы дні, калі адсутнасць стылю і з’яўляецца стылем; калі брыда агрэсіўна заяўляе пра сябе, як пра дасканаласць; калі (падумаць толькі!) дзеці беларускіх пісьменнікаў здрадзілі мове Янкі Купалы і растлусцелі, выдаючы на ненавіснай ім расійскай мове кніжнае смецце — дык вось, у нашы базарныя дні Ён адчуваў бы сябе гэтак, нібыта апынуўся б на пахаванні нацыянальнага мастацтва…

4

З Генадзем Бураўкіным. 1974 г.

 

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ, паэт, празаік:

…У Стральцова была шыкоўная бібліятэка — у ёй не было нічога выпадковага, ніякага «смецця». З гэтай бібліятэкі ён падараваў мне «Толковый словарь живого великорусского языка» Даля. Увесь расцярэблены, ён і цяпер у мяне ёсць — чатыры тамы. Мы доўга сядзелі з Міхасём Лявонавічам, гартаючы гэты слоўнік, і ён паказаў мне процьму слоў, якія захаваліся на сённяшні дзень толькі ў беларускай мове, у рускай іх нямашака. Ці ёсць, але не ўжываюцца. Значыць, ці сам Даль, ці карэспандэнты ягоныя збіралі гэтыя словы на нашай, беларускай зямлі. І Стральцоў, кажучы пра гэта, дужа засмучаўся, што ў дужках не пазначана ў слоўніку: «беларускае». І прапаноўваў слоўнік перавыдаць у адпаведнасці, як ён казаў, са статусам акадэмічнага выдання. «Павінна, — казаў ён, — павінна быць у дужках: “беларускае”, “беларускае”…» Але з беларускім — у дужках і без дужак — і сёння кепскавата. Нават у Беларусі няма ў беларускага адпаведнага статусу…

Але ў Міхася Стральцова статус ёсць. І аўтарытэт. Не толькі літаратурны, але і маральны. Ён адзін з нямногіх — гэтаксама, як Караткевіч, — каго няма ў чым папракнуць. Не ў побыце, не ў тым, што выпівалі, а ў творча-чалавечым, калі можна гэтак сказаць, жыцці, якое яны пражылі бездакорна. Гэта вызначальныя постаці ў нашай літаратуры. Знакавыя.

 

Ала СЯМЁНАВА, пісьменніца, літаратуразнаўца:

Загадка Стральцова… Ён панёс яе з сабой. Пакінуўшы нам класічныя ўзоры майстэрства. Многа ці мала? Як вымераць радкамі высокае мастацтва?..

Міхась Стральцоў — пісьменнік элітарны. I — беларускі пісьменнік…

Проза, вершы, крытычная проза… Эпісталярная проза. На ўсім пячатка майстра.

Многае не спраўдзілася. Але — «душа сбылась».

7

З жонкай Аленай і дачкой Алесяй. Дом творчасці «Каралішчавічы», 1978 г.

 

Алена СТРАЛЬЦОВА, удава Міхася Стральцова:

…Калі ў нашай дачкі Алесі нарадзіўся сын, яна прыклала ўсе намаганні, каб ён атрымаў прозвішча Стральцоў. Сёння гэта ўжо падлетак, яму споўнілася чатырнаццаць гадоў. І хоць жыве ён далёка ад Беларусі, у Адэсе, але стараецца чытаць творы дзеда па-беларуску, просіць дасылаць яму беларускія кнігі. Мы часта падоўгу размаўляем з ім у скайпе, яго цікавяць і мінскія курсы «Мова-Нанова», і новыя публікацыі пра дзеда, і фестываль «Вершы на асфальце». Мне здаецца, Міхасю было б надзвычай прыемна ведаць, што дзесьці на свеце жыве яго крывінка, прадаўжальнік роду — Мацвей Стральцоў.

 

Паводле кнігі «Выгнаны патрыцый: кніга пра Міхася Стральцова» падрыхтаваў Сяргей ШАПРАН.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат