Пра курсы
ГАРАДЫ :


30.05.2017
Тры гады без Генадзя Бураўкіна: ўспаміны Барадуліна, Быкава, Някляева пра сябра

Да гадавіны смерці паэта «Мова Нанова» сабрала словы вітання яго блізкіх сяброў, якія пісаліся імі ў розны час і з розных нагод.

Так называлася даўняе эсэ Васіля Быкава да юбілею Генадзя Бураўкіна — «Сціплае слова вітання». Ужо тры гады, як няма Генадзя Мікалаевіча, паэта, публіцыста, рэдактара, дзяржаўнага дзеяча, Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Беларусі, які, хоць афіцыйна і не меў звання народнага паэта, але быў народным па сутнасці.

044

 

Віктар Казько: «Ён быў»

Колькі мінула ўжо часу, а маёй памяці ўсё няймецца. Усё лаўлю і лаўлю сябе на тым, нібыта ён толькі што прайшоў перада мной ці ідзе недзе сярод натоўпу. Мільгае і мільгае яго постаць, выбітная, прыкметная здалёку. Так было, ён увогуле быў шырокі. І не толькі постаццю. Шырокі па жыцці, светаадчуванні, характары душы. Мо таму і засцяцца мае вочы. Я збіваюся з нагі, хачу гукнуць яго і збянтэжана прыпыняю сябе. Але яго твар у мяне ў вачах. Твар, усмешка, і няма разумення, што ён даўно ўжо не тут.

Колькі ж гэта нас, беларусаў, падобных адно на аднаго. Хаця і ніколькі не падобных. Але ж нешта ёсць у нас такое, што вымушае нас шукаць і бачыць тых, хто запаў у душу, хто сёння ходзіць зусім іншымі сцежкамі. А нябачна і каля нас. Што гэта — самаўнушэнне, самападман, аберацыя зроку і памяці? Містыка нарэшце. Мо і так. Містыка. Толькі тая, якую вынайшлі і чым падмянілі не вытлумачальнае імі матэрыялісты. Бо не хапіла матэрыялістычнага розуму прызнаць і назваць рэчы сваімі імёнамі. Прасцей падмяніць існаванне ў нас і над намі Вышэйшага, Боскага, сусветна духоўнага і адухаўлёнага звыклымі побытава-ярлыковымі паняццямі: «Гэтага няма, бо не можа быць ніколі».

А ён быў. Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. Хаця і выкраслены напрыканцы жыцця са свядомасці шмат і шмат каго. Толькі ён і з магілы аказвае сябе, падае голас усім жывым, беларусам. І гэта зусім не містыка. Гэта прысуд часу — гучаць голасу сапраўднага паэта, чалавека, грамадзяніна…

 

 

Рыгор Барадулін: «Затое ведае Беларусь»

Дарагі Генадзь, не хапае цябе мне, Мінску і Беларусі. Там, дзе ты, там і ўсмешка, і жарт, і мудрасць. Там і жыццё, дзе ёсць Генадзь Бураўкін, а калі гаварыць афіцыйна, дык Генадзь Мікалаевіч. Афіцыйна, бо дзе ты быў, там заўсёды быў парадак. І калі ўзначальваў радыё і тэлебачанне, дык яны былі беларускімі. Калі працаваў у ААН, там таксама адчувалі, які ты шчыры беларус — самы карэнны, самы крэўны, як гаварылі ў нас на Полаччыне. А Полаччына — гэта і цемя нацыі, і сэрца нацыі. Ты якраз адтуль. Ты быў першы, каго я сустрэў ва ўніверсітэце і адразу пацягнуўся да цябе…

Твая дасведчанасць, твая дапытлівасць заўсёды вабілі мяне. Ты ніколі не быў абыякавы. І заўсёды быў за Беларусь, за Беларусь і яшчэ раз за Беларусь, за тое, каб Беларусь была незалежнай. Ты многа для гэтага зрабіў. Зараз ужо ўсё забылася, тым не менш уклад, унесены табой у незалежнасць Беларусі, вялізны. І хай гэтага не ведаюць чыноўнікі, затое ведае гэта Беларусь. Тым больш што чыноўнікі змяняюцца, а Беларусь была, ёсць і будзе. І Генадзь Бураўкін быў, ёсць і будзе.

01 (117)

 

 

Васіль Быкаў: «Зробленае застанецца»

Генадзь Бураўкін усё сваё свядомае жыццё рабіў, працаваў, шчыраваў найперш дзеля нацыянальнай культуры. І я, што быў паблізу ад яго шмат год і назіраў тое збоку, магу засведчыць: то быў выдатны працаўнік, арганізатар і кіраўнік. Сярод вялізнае зграі тупых, неадукаваных, агрэсіўных сядзельцаў высокіх крэслаў Бураўкін вылучаўся найлепшым чынам, быў увасабленнем дзелавітасці, нармалёвасці, здаровага сэнсу. Наколькі гэта, вядома, было магчыма, наколькі дазвалялася ненармалёвай, часам пачварнай сістэмай. Але менавіта Бураўкін імкнуўся надаць чалавечы твар і «ЛіМу», і «Маладосці», і асабліва — нацыянальнаму тэле і радыё. Гэтыя апошнія толькі пры кіраўніцтве старшыні Бураўкіна пачулі нармальнае беларускае слова спярша ў сваіх калідорах, якое затым узнёсла загучала і ў эфіры. На тэле і радыё з’явіліся адзнакі нацыянальнай культуры — творы пісьменнікаў, кампазітараў — творцаў, якія неслі хай сабе не заўжды векапомнае, затое шчырае і чалавечае — нармальнае беларускае слова. (Не тое, што «шызоідныя паліткаментатары», якія рынуліся туды цяпер.) Але, як вядома, вораг не дрэмле, у тым ліку і драпежны вораг беларушчыны. Калі на беларускім краявідзе бліснуў ценькі праменьчык Адраджэння і функцыя нацыянальнай культуры куды пабольшала, менавіта тады ад гэтае культуры быў адлучаны яе шчыры служка Генадзь Бураўкін. Пасля ў адраджэнцаў была спроба вярнуць дыпламата Бураўкіна да яго звыклай справы, але марна: другой прамашкі новыя ўлады не далі. І тады стала зразумела, як мала для іх значыць нацыянальная культура, якую яны, па сутнасці, не толькі ненавідзяць, але і баяцца. А цяпер яны яшчэ і не могуць дараваць Генадзю Бураўкіну ўсё для яе ім зробленае.

Вось такі «быў час, быў век, была эпоха…»

Але нічога, мілы Генадзь Мікалаевіч… Зробленае застанецца. Ацэненае, недаацэненае, зусім не ацэненае. На такім рубяжы лёс непадуладны суду людскому, тым болей начальніцкаму. Тут ужо судзіць Бог. А Ён, можа, адзіны ў свеце судзіць па справядлівасці і не робіць памылак.

032

 

Радзім Гарэцкі: «Народны»

«Наша Ніва» звярталася з пытаннем: «Каго вы лічыце народным паэтам, пісьменнікам?» Я мог бы назваць некаторых паэтаў і празаікаў, і мне вельмі прыемна, што ўсе гэтыя людзі з Саюза беларускіх пісьменнікаў, а не з Саюза імя нашага сенатара. Але найперш, канешне, сярод паэтаў народны — гэта наш Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. Калі б гэтае званне не з гары нехта спушчаў, а спытаў бы ў народа — вядома, перш-наперш назвалі б Генадзя Бураўкіна. І гэта было б справядліва і правільна.

Пакуль будзе жыць наш народ беларускі — будзе жыць і паэзія Бураўкіна.

005 (1)

 

Уладзімір Някляеў: «Так сыходзяць паэты»

Усё меней старых і надзейных сяброў. Людзей, якіх любіў я, і якія любілі мяне.

Услед за Рыгорам Барадуліным не стала Генадзя Бураўкіна.

За тры дні да ягонай смерці мы прынеслі яму ягоную кнігу вершаў. Апошнюю. Ён проста прагнуў яе ўбачыць, бо разумеў, ведаў, што яна — развітальная.

Каб гэта адбылося, мы, не паспяваючы выдаць кнігу, зрабілі яе ўручную. Адзін асобнік. І трэба было бачыць ягоны твар, калі ён узяў кнігу ў рукі. Гэта было не шчасце ці радасць, цяжка шчасцю ці радасці выявіцца на мяжы жыцця і смерці — гэта было Вялікае Супакаенне. Што жыццё пражыў, як належыць. Зрабіў у ім, што мог.

Так сыходзяць паэты.

Ён быў блізкі, дарагі мне чалавек. Я прыходзіў да яго, ужо цяжка хворага, каб падбадзёрыць, падняць дух, а ён з той сілай, з якой мог, паціскаў мне руку і казаў: «Трымайся».

Так сябруюць паэты.

60

Ён быў чалавекам не толькі з паэтычным, але і з палітычным мысленнем. Балюча перажываў сваю незапатрабаванасць як дзяржаўнага дзеяча. І не з-за асабістых амбіцый — ён насамрэч мог шмат зрабіць для Беларусі на любой, самай адказнай пасадзе. Васіль Быкаў казаў: «Калі гэтай уладзе не патрэбны паэт і дзяржаўны дзеяч Генадзь Бураўкін, значыць, ёй непатрэбная Беларусь».

Уладзе гэтай без патрэбы быў і сам Васіль Быкаў, і Рыгор Барадулін, і Генадзь Бураўкін. Але ўлада — не Беларусь. Яна яшчэ скажа дзякуй сваім найлепшым сынам, якія самааддана ёй служылі і верна, самаахвярна любілі. Да апошняга ўздыху. Яе адну.

Кнігу сваіх апошніх вершаў Генадзь Бураўкін назваў «Нагаварыцца з зоркамі». Ён гаварыў з імі на зямлі — цяпер размаўляе ў небе…

Вось і ўсё, што з ім сталася.

 

Падрыхтаваў Сяргей Шапран.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат