Пра курсы
ГАРАДЫ :


16.02.2020
Спіс кандыдатаў на прэмію “Беларус(ка) года па версіі Мова Нанова!


 Прагаласаваць можна тут!

xoyondo.com/ap/Z82RfxwZbEYkXpg

 

 

1. Наста Капранава (Баранавічы)

54PQxGjtPx0

Успамiнаючы, калi я ўпершыню адчула сваю любоў да беларускай мовы, я ўзгадала б заняткi па беларускай мове i лiтаратуры ў школе. Многа чаго пачынаецца з маленства, калi бацькi цi настаўнiкi закладваюць першы падмурак светаадчування i пачуццяў дзiцяцi, таму не трэба грэбаваць гэтым часам. Праз прызму дарослых слоў цi стаўлення да чагосьцi дзiця будуе сваё наваколле i потым становiцца такім жа дарослым, якi будзе расказваць сваiм дзецям пра родную зямлю i мову.

Вернемся да майго школьнага часу. Дык вось менавiта дзякуючы сваёй настаўнiцы я адчула, што беларуская мова для мяне не проста мова, гэта мая душа. Асаблiва я захаплялася беларускай лiтаратурай, а сачыненнi ўвогуле для мяне былi радасцю, а не карай, як многiя школьнiкi адносяцца да гэтага. У той час я спрабавала пiсаць вершы, у тым лiку i па-беларуску, а ў падлеткавым узросце гэтыя вершы перараслi у песнi. Ну як вам сказаць песнi — гэта былi рыфмаваныя думкi (як я iх называю), якiя я чытала у стылi рэп. Бо думак было шмат, а ў стандарт песнi яны не ўкладвалiся :) У той час, канешне, гэта былi спробы, але я ганарылася.

Потым паступiла ў лiнгвiстычны ўнiверсiтэт на факультэт французскай мовы, i здаецца, якая тут сувязь можа быць з беларускай мовай. А ўсе вельмi проста, я ж Вам казала: тое, што было закладзена у маленстве, мiма не пройдзе. Ва ўнiверсiтэце я ўжо пачала пiсаць тэксты на французскай мове i, (крыху хвалюючыся), але зрабiла спробу выцягнуць свой «рэп» на сцэну, бо душа цягнулася быць убачанай i пачутай. Аднаго разу ў працэсе натхнення мае думкi зноў звярнулiся да мовы. I я вырашыла спалучыць мiлагучнасць мовы, якую я вывучала, з той, якая была для мяне роднай. Вось такiм чынам у мяне з’явiлася французска-беларуская песня. Потым сябар падтрымаў iдэю i напiсаў музыку. Так мы разам i выканалi наш сумесны твор ва ўнiверсiтэце. Затым была яшчэ песня, а потым студэнства скончылася i пачалося працоўнае жыцце. Гучыць, як сумны канец чагосьцi, але гэта быў канец толькi аднаго перыяда жыцця, а на змену заўжды прыходзiць нешта новае. У творчасцi, канешне, узнiк перапынак, але думкi не адпускалi i не адпускаюць.

Падсiлкаванне роднай мовай на працягу некалькiх гадоў я атрымлiваю ад курсаў «Мова нанова» ў Баранавiчах i кожнаму з задавальненнем раю далучыцца да нас. А што, спытаеце Вы, я раблю зараз для беларускай мовы? А зараз зноў вернемся да таго, з чаго я пачала. Я казала, што дзецi ўсё ўбiраюць у сябе, а потым становяцца дарослымi, якiя далей передаюць наступнаму пакаленню свае веды i адносiны. Вось я стала дарослай. Вось зараз я працую настаунiцай, якая можа таксама паўплываць на лёс вучня, як калiсьцi паўплывала на мяне мая настаўніца. I няхай нават я настаўнiца замежных моваў, але ўсе ж залежыць толькi ад нас, як i што мы будзем рабiць далей. Дык вось адной з маiх вучанiц з’яўляецца беларускамоўная дзяўчынка, для якой я выкладаю французскую мову, размаўляючы па-беларуску. Мусiць, для кагосьцi гэта здасца маленькай справай, але з маленькага ўсе i пачынаецца.

Нават выкладаючы замежную мову, можна вучыць, як неабходна шанаваць i абараняць роднае i тое, што мова жыве, калi на ей размаўляюць, пiшуць i спяваюць. Спадзяюся, што ў маей творчасцi таксама будзе нейкi працяг. Галоўнае — рабiць крокi, маленькае заўжды перарастае ў вялiкае, асаблiва калi рабiць нешта ад сэрца.

 2. Мікола (vakno.by)

 

35705135_1591348974320379_1186232021119139840_o

Мікола: сябра курсаў Мова Нанова, шмат дапамагаў у падтрымцы курсаў. Майстар на ўсе рукі.

Майстар вокнаў які на працы беларускую мову прасоўвае!

Спецыяльна для конкурса да Дня роднай мовы зняў відэа-ролік

 

3. Надзея Шаўчук (Берасце)

https://www.youtube.com/watch?v=ezXW6RGFXSg&feature=youtu.be&fbclid=IwAR01lA642_GzwAkoWEACvY1pC3kqyHE1v6yeQd97tysFMiw8Af3ZO2zGqKo&app=desktop

4. Віталь Броўка (Віцебск)

IMG-a6f47904716a196e755007b4c9a93ede-V

Віталь Броўка – шчыры гаспадар, бацька двух цудоўных беларускамоўных і беларусацэнтрычных дзяцей. Мецэнат, бізнесоўца, арганізатар шматлікіх культурніцкіх мерапрыемстваў у Віцебску.

 

Чалавек, які сваім прыкладам штодзень паказвае, якім паспяховым можа быць беларускі бізнес, калі ўкладаць у яго любоў да Радзімы, сваёй мовы, культуры і гісторыі.

 

Віталь – заснавальнік платформы Vitebsk4me, якая ўжо даўно стала адной з самых уплывовых незалежных медыя Віцебска.

 

Менавіта дзякуючы спадару Броўку Віцебск пабачыў такія легендарныя гурты, як “Ляпiс Трубяцкi”, VOLSKI, Noize MC, Neuro Dubel, “Акiян Эльзы”, “Ляпiс 98”, Brutto, “Разбiтае сэрца пацана”, “Петля Пристрастия”, NAVIBAND, DZIECIUKI, “Дай Дарогу” і шмат-шмат іншых.

 

Віталь –фундатар мноства дабрачынных праектаў і акцый. Даўні сябра нашых курсаў і чалавек, без якога, напэўна, іх магло б сёння папросту не быць.

 

Віталь Пятровіч заснаваў адзіны ў Беларусі беларуска-ірландскі паб – арт-паб “Торвальд”. “Торвальд” – месца, якое вырасла з бара для сяброў у культавае месца горада, месца, пра якое ведаюць ва ўсёй Беларусі і па-за яе межамі, нефармальны цэнтр новай беларускай ідэі. Гэта пляцоўка для канцэртаў, семінараў, адкрытых мікрафонаў, фестываляў, прэзентацый кніг і альбомаў.

 

Вось ужо мінула тры гады, як Віталь ветліва адчыніў для нашых курсаў дзверы “Торвальда”, прыняў і дагэтуль штодзённа дапамагае нам у справе пашырэння беларушчыны.

На наш погляд, лепшай кандыдатуры на сённяшні дзень нам не знайсці. Таму “Мова Нанова Віцебск” вылучае Віталя Броўку адзіным кандыдатам ад нашага горада на адмысловую ўзнагароду курсаў “Мова Нанова” ў Беларусі. Гэта шчыра і ад усяго сэрца вядоўцаў і студэнтаў-актывістаў нашых курсаў.

 

Заўзеем за цябе, Віталь!

Верым!

Можам!

Пераможам!

5. Максім Нікіфаровіч (Глыбокае)

 IMG-8e7bbb10bdc74939cf88b2aa759645e5-V

Працуе ўрачом у папраўчай калоніі. Піша вершы. Нядаўна выдалі зборнік яго вершаў і правялі на Мове Нанова яго прэзентацыю. Усім спадабалася.

6. Валянціна Пігулеўская (Ліда)

“Хачу разпавесці свой шлях да беларускасці і да мовы роднай, каб ён не знік у пяску, каб людзі не баяліся, каб, можа, бралі прыклад, асабліва моладзь.
Маё інтэрвью ад 1999 года: (гл. фота)
Нічога за гэтыя гады не змянілася ў сэнсе духа. Змяніўся толькі ўзрост. Мне 72 гады і хваробы, таму я менш актыўная. Але што магу, тое раблю. Стала першапраходцам ў адкрыцці ў Лідзе курсаў “Мова Нанова”. Цяпер там паспяхова працуе моладзь ужо другі год.
Мае ўнучкі вучыліся ў беларускамоўнай гімназіі ў Менску. Назвалі іх і карысталіся ў жыцці беларускімі імёнамі: Марыся, Еўфрасіння, Гануся. Нават любага сабачку называем па-беларуску “Зюзя”. Ён белы і пушысты.
Ніколі не забывалі ў сям’і, што мы Беларусы! Ужо 20 гадоў з’яўляемся парафіянамі беларускай грэка-каталіцкай царквы. Дзе ўсё па-беларуску. Назіранне з абыдзеннага жыцця: калі былі на юбілеях сяброў рускамоўных заўсёды казалі тосты па-беларуску. Людзі заціхалі, з задавальненнем слухалі. А потым падыходзілі і дзякавалі за тое, што пачулі Яе, родную мову.
Ганаруся, што такія знакамітыя людзі, як Ніл Гілевіч, Геннадзь Бураўкін, Ніна Мацяш адзначылі мой учынак вершамі ў Народнай Волі. Хачу гэты сцяг беларускасці, любові да роднай мовы перадаць моладзі! Хай квітнее Беларусь і гучаць паўсюль мелагучныя родныя словы!!!”

https://m.facebook.com/1071434899688341/posts/1499874290177731/?d=m

7. Крысціна Кузьмянкова (Магілёў)

IMG-4dfec1a8a1af9d161313c76037331e6b-V

8. Вольга Мікалуцкая (Магілёў)

IMG-90bbf20e9a559804ae781d3de06ca428-V

9. Алесь Сабалеўскі (Магілёў)

IMG-caf8db4510d16003fff1d9957029c155-V

 10. Часопіс Жэўжык (Менск)

 

Год таму ў Беларусі з’явілася крутое каляровае выданне для дзяцей на беларускай мове — анлайн-часопіс “Жэўжык” ! І зрабілі яго мы — тры звычайныя матулі.
Мы навучыліся самі вярстаць, працаваць у розных спецыялізаваных праграмах.
Самі складаем цікавыя тэксты, забаўкі і цікавосткі для нашых дзетак! І самае галоўнае — мы зрабілі нашае выданне даступным для ўсіх дзетак Беларусі і замежжа, бо выкладаем ўсе нумары бясплатна ў сеціве! А іх ўжо цэлых 5
Мы паверылі ў сябе, рызыкнулі і зрабілі ўнікальны прадукт на беларускай мове для ўсіх! Вядома, часам гэта цяжка і складана, але ўсе пазітыўныя водгукі і словы падтрымкі даюць нам натхненне і неверагодны імпэт працаваць далей, рабіць “Жэўжыка” яшчэ цікавей.
Беларуская мова нас аб’яднала ў адну каманду, і сёння мы можам дзяліцца нашымі ідэямі з вамі!

 

http://www.zheuzhyk.tilda.ws/?fbclid=IwAR3tHwaepLPlP8dgosK1d7THGOk649SL6F1PfKSDd_Maa6YiHGdUs4v4Ai4

11. Наталля Шапрунова (Менск)

Мяне завуць Наталля Шапрунова.Хачу паўдзельнічаць у конкурсе “да Дня роднай мовы”.
Люблю слухаць аўдыё і ў мяне нарадзілася ідэя запісаць казкі на роднай мове. У арыгінале ідэя фармулявалася так: “Еўрапейскія казкі па-беларуску”. Хацелася іх дапоўніць музыкай еўрапейскіх кампазітараў. Звярнулася да прафесійных дыктараў-для правільнага гуку. І вось праект жыве ўжо тры гады на Ютубе. Спрабую прасоўваць яго ў Фэйсбуку і Інстаграм. Пабачылі свет сем казак.Вось іх адрас : @audbookСамая папулярная:

https://www.youtube.com/watch?reload=9&v=ua1arOc0U-w&list=PLxiTMOOzyGsDr1UJVkDfqbhyg3eFUPiFA&index=6&fbclid=IwAR3kaag7x9pfu_kDS7kJssP9UVvu1gIKeNxJ-4Us6eijlLOMPDGa73hVcmw

Пра вышыванку. Распрацаваны сувенір, які называецца “Вышыванка на далоні”. Гэта маленькая сувенірная сукенка з бавоўны з арнаментам, каб б у кожнага была магчымасць мець часцінку Беларусі ў хаце, у аўто, на працоўным месцы(глядзі на фота).
С павагай Н.Шапрунова

82928211_2604653422963312_5551973811152224256_n

 

12. Спартыўны клуб “Патрыёт” (Менск)

 

Спартыўны клуб “Патрыёт”: Выклік прымаем! Спартыўны клуб “Патрыёт” сціпла і без гучных заяў вядзе старонку на беларускай мове. Ужо чацвёрты год. Кожны дзень. https://www.facebook.com/patriotgymbelarus/

І ў дадатак: чэмпіён свету па кікбоксінгу Пётр Раманкевіч і чэмпіёнка свету па муай-тай Дзіяна Емяльянава разам з галоўным трэнерам СК “Патрыёт” Дзмітрыем Пясецкім у верасні 2017 павіншавалі школьнікаў з Днём ведаў вершам дзядзькі Рыгора. https://www.facebook.com/patriotgymbelarus/videos/1957207531168810/

13. Анатоль Петкун (Менск)

 Я Анатоль, беларус, бацька 2 дарослых дзяцей і дзед 3 унукаў, узростам 72 г.

Я ўсё жыццё пражыў  у Беларусі, толькі нарадзіўся ў Сібіры, куды выслалі маю маці ў сталінскі час. Беларускую мову  і літаратуру вывучаў  у рускамоўнай школе, але захаплення і задавальнення не адчуваў. Потым атрымаў вышэйшую адукацыю і доўгі час с задавальненнем працаваў  інжынерам — электронікам на Мінскім заводзе вылічальнай тэхнікі.

                “Перабудову” сустрэў з надхненнем і актыўна падтрымаў. Але мяне больш цікавіла дэмакратызацыя, чым нацыянальнае адраджэнне. Становішча карэнным чынам змянілася, калі нас пазбавілі  бел-чырвона-белага сцяга і Пагоні. Пачаў глыбей вывучаць нашу гісторыю, якую я, як высветлілася, ведаў слаба. Да беларускай мовы ставіўся станоўча, добра разумеў, але не карыстаўся  ёй, бо вакол было рускамоўнае асяроддзе. Аднойчы такое пасіўнае валоданне роднай мовай паставіла мяне ў няёмкую сітуацыю. Я не змог падтрымаць самую простую размову  з беларускамоўным  сябрам. Сябар даў мне прыклад прыгожай, мілагучнай, разнастайнай роднай мовы  і я вырашыў  авалодать  ёй актыўна. Імкнуўся звяртацца да розных людзей толькі на роднай мове. Для падтрымкі заўжды насіў з сабою кішэнны слоўнік. Калі сустракалісь тяжкасці, шукаў пераклад  у вялікім слоўніку дома. Такім чынам патроху пашыраўся мой слоўнікавы запас. Пераважная колькасць людзей ставілась да маіх спроб станоўча, але заставалася рускамоўнай. Таму не дзіва, што я вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся аб адкрыцці курсаў Мова Нанова.

                Курсы Мова Нанова  я пачаў наведваць  з самага пачатку і мне ўсё вельмі спадабалася: вялікая колькасць аднадумцаў, цікавыя госьці, як выкладалі мову. А цвіком былі цудоўныя вядучыя – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская. Асабліва надхніў мяне прыклад хуткага авалодання нашай мовай пасламі ЗША і Швецыі. І яшчэ вельмі карысная парада – не баяцца памылак. Кожнае наведванне курсаў стала святам. З тым, што даведаўся, знаёміў калег, сяброў, дзяцей і ўнукаў. На працы (я быў гандлёвым прадстаўніком)  перайшоў на стасункі па-беларуску  з калегамі і большасцю кліентаў. Паведаміў, што я яшчэ толькі асвойваю родную мову, і буду ім вельмі ўдзячны, калі яны будуць мяне папраўляць. Стасункі з калегамі і кліентамі засталіся добрымі і нават далі дадатковы плён. Мне таксама дапамаглі вельмі незвычайные кнігі Глеба Лабадзенкі “Дзіцячая Замова” (1 і 2 часткі). Тяжкія  словы там тлумачацца “дзіцячымі” малюнкамі.        У падобным  накірунку выдае свае  календары  і кампанія “Будзьма”.  Кожнаму дню адпавядае адно  беларускае  слова з малюнкам. Такія календары  і кнігі  “Дзіцячая Замова” падарыў  унукам .

                Мая дзейнасць падштурхнула  сына надаць беларускае аблічча новаму тавару іх фірмы – прыкорму для рыб. Яны выбралі вельмі удалую назву  “VABIK” (каб вабіць рыбу), а пераклад тэкстаў зрабіла “Мова Нанова”. Зараз гэта самы папулярны прыкорм  сярод нашых рыбакоў, і    ўжо пачаў  заваёўваць   расійскі рынак. У маім жыцці таксама адбыліся змены. Тыя веды  і надхненне, якія я атрымаў на курсах “Мова Нанова” далі магчымасць змяніць працу. Зараз  я працую  беларускамоўным  экскурсаводам  у парку  гісторыі Беларусі “Сула”. Накірунак дзейнасці  парка на адраджэнне  нашай  мовы  і  гісторыі  супадае  з  маім  імкненнем. Гэта падабаецца  і наведвальнікам – беларусам  і многім  расійцам.  Лепшая  праца калі яна і хоббі.

                Вялікі  дзякуй вам, паважаныя  настаўнікі  Глеб і Алеся, якія  далі  мне  і шматлікім  “курсантам” веды, падтрымку, натхненне, свядомасць! Вы заслугоўваеце асобнай старонкі ў гісторыі  адраджэння нашай краіны. Жадаю вам, каб не згасла тое вогнішча, якое вы расклалі  і якое сагравае  ўсё новых  і новых  “замарожаных”  беларусаў!  А  я заўжды буду вас  падтрымліваць  маральна  і  матэрыальна.  Выбачаюсь  за  памылкі,  якія  ёсць  у  маім лісце. Я працягваю  вучыцца.

 

14. Андрэй Бурэц (Наваполацк)

Андрэй Бурэц

Андрэй БУРЭЦ, Наваполацк, пісьменнік:


— Какая ерунда! Да что же это за язык такой? Белорусский. Да в нём все не как у людей. Похоже на какой-то неправильный русский. Да никогда в жизни я не буду говорить на нём! — вось прыкладна так казаў я сваім бацькам, калі мне было гадоў 12-14. Праўда, жылі мы ў той час у Расіі, вучыўся я ў расійскай школе, дзе пра беларускую мову і чуць не чулі. Бацькі мае (тата з Гродзеншчыны, мама з Полаччыны) як тыповыя маладыя савецкія беларусы размаўлялі на рускай мове, толькі часам нагадвалі мне, што як бы там ні было, а я — беларус. Але я ў той час лічыў сябе вялікім расіянінам, і калі б нехта сказаў, што гадоў праз 10 буду я размаўляць па-беларуску, то нізавошта не паверыў бы. Але ж такія ўсмешкі лёсу, якія яшчэ раз пацвярджаюць вядомую ісціну — ніколі не кажы ніколі.
Калі я вучыўся ў старэйшых класах, мы вярнуліся ў Беларусь.

 

У гарадской школе, дзе мае аднакласнікі ведалі беларускую не на шмат лепей за мяне, мне ўсё адно давялося наведваць урокі беларускай мовы і літаратуры. Памятаю, як рабіў па 2-3 памылкі ў слове падчас дыктовак, амаль нічога не разумеў, чытаючы творы беларускіх класікаў. Увогуле, вучыўся я ў школе без асаблівай цікавасці, і таму праваліўся на ўступных экзаменах. На шчасце, заставаўся год і магчымасць паспрабаваць яшчэ адзін раз. І вось тут у мяне і ўзнікла прадчуванне, што мне пашчасціць з беларускай мовай, што яна мне дапаможа паступіць. Амаль з нуля я самастойна і апантана пачаў рыхтавацца да будучых уступных экзаменаў: многа чытаў, слухаў беларускае радыё, спрабаваў гаварыць, думаць па-беларуску. І як ні дзіўна, у мяне атрымалася паступіць на факультэт беларускай філалогіі і культуры ВДУ імя П.М. Машэрава.

 

Я вельмі ўдзячны лёсу за гады вучобы ва ўніверсітэце. Я апынуўся ў групе з таленавітымі, разумнымі людзьмі, у якіх было чаму павучыцца і з якімі я пасябраваў. З намі працавалі адукаваныя і цікавыя выкладчыкі, якія пашыралі не толькі нашы веды па беларускай мове, але і агульны светагляд. У час нашай вучобы на факультэце дзейнічаў студэнцкі тэатр “Аўтограф” пад кіраўніцтвам артыста Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра Якуба Коласа Генадзя Язэпавіча Гайдука. Пастаноўкі, рэпетыцыі, абмеркаванні — усё тут было па-беларуску.
Увогуле, за ўвесь час вучобы па-руску я загаварыў толькі раз — на экзамене па рускай мове. А так у мяне быў жалезны прынцып: у любых абставінах з любым чалавекам гаварыць толькі па-беларуску. З гадамі мая прынцыповасць у гэтым пытанні зменшылася: магу часам перайсці на трасянку, ужыць рускае слова, каб не ставіць у тупік суразмоўцу. Калі трэба хутка паразумецца ў размове з незнаёмым чалавекам, магу перайсці і на рускую мову. Ужо меней чытаю па-беларуску, з’явіліся новыя зацікаўленні. Але ўсё адно размаўляю і думаю па-беларуску. І спадзяюся, што так будзе і далей.
Цяпер трэба адказаць на пытанне: чаму? Найпершы аргумент для мяне наступны — так размаўлялі мае продкі. На жаль, я не заспеў сваіх дзядоў, з бабуляй па бацькавай лініі бачыліся рэдка. А вось маміна бабуля стала для мяне важным чалавекам. З пяццю класамі адукацыі, усё жыццё адпрацаваўшы даяркай, яна захавала народную гаворку Віцебшчыны. Мова ў яе была жывая, вобразная, трапная. Пры кожнай сустрэчы яна здзіўляла новым для мяне словам, трапным выразам. Магчыма, іх ужывалі мае прадзеды і прапрапрадзеды. А давайце ўявім, што пасля смерці чалавек мае магчымасць сустрэцца са сваімі продкамі. Як тады з імі паразумецца, калі не будзеш ведаць іх мовы?
А яшчэ адна важная прычына — таму што мне цікава выкарыстоўваць беларускую мову. У тым сэнсе, што яна дае прастору для моўнай творчасці. Рускую мову, мне здаецца, я ведаю ўсё ж лепей. Пісаць мне на ёй дакладна прасцей. А вось у беларускай часам трэба падумаць, каб падшукаць патрэбнае слова, часам і ў слоўнік зазірнуць, адкрыць для сябе нешта новае, а часам і сам можаш прыдумаць слова. Беларуская літаратурная мова яшчэ вельмі маладая, яна развіваецца, пастаянна ідзе творчы пошук. І я, а таксама кожны, хто гаворыць па-беларуску, у гэтым развіцці непасрэдна ўдзельнічаем.

 

Дадатак ад Віталя ШЫЁНКА:

— Дзякуючы Андрэю і ў маім жыцці нашмат больш беларушчыны, чым магло б быць без сяброўства з ім. Яшчэ ў мінулы прыезд да яго на лецішча (а гэта ў Расіі) у госці ў жніўні-2019 я стаў весці дзённік па-беларуску, а пасля паўторнага візіту, калі мы яшчэ і пасупрацоўнічалі, як творцы, як Ільф і Пятроў, я перайшоў канчаткова на беларускую мову ў сваіх запісах. Часцей цяпер таксама думаю па-беларуску.

Вядомы наш празаік Барыс Сачанка казаў, што мы ў свеце адметныя якраз сваёю моваю, якая ёсць нацыянальным характарам.

15. Віктар Раманцоў (Светлагорск)

 В. Раманцоў

Мой унёсак у развіццё роднай мовы раблю напісаннем даследчых, краязнаўчых эсэ, артыкулаў, апавяданняў па гісторыі і сучаснасці Светлагорскага раёна.

У 2017 годзе зняў дакументальны 25-серыйны фільм “Зведаная зямля” пра раскопкі падмурку печкі, на які выпадкова патрапіў у выніку моцных дажджэй. Вада размыла цэглу пад навесам на лецішчы ў вёсцы Паганцы (Пагонцы) Светлагорскага раёна. Вынікам раскопак сталі раскапаныя таўраваныя цагліны другой паловы ХІХ пачатку ХХ стагодзя.

Серыял выклаў на ютубе, дзе стварыў адмысловы канал “Светлагорск беларускі”.

Першая серыя паспасылцы: https://www.youtube.com/watch?v=jMQ8Bz9CoZM&list=PL_wKwPq6D4V71rXeV2MHTo16ZfTv8NXp1

У выніку стварылася калекцыя таўраванай цэглы, якую працягваю збіраць. Працягам збірання таўраванай цэглы стаў дакументальны фільм “Зведаная зямля-2”. Усяго выйшла 2 серыі.

Першая серыя па спасылцы:

https://www.youtube.com/watch?v=lpmVmNlnmAQ&list=PL_wKwPq6D4V5AiqnmLBcIvnEuvkzeOqQ5

У 2019 годзе мяне запрашалі на светлагорскія курсы “Мова Нанова”, дзе я выступаў з паведамленным “Таўраваная цэгла Светлагорскага раёна другой паловы ХІХ пачатку ХХ стагоддзя”.

Відэа можна паглядзець тут: https://www.youtube.com/watch?v=zE3MwcMA0_A&feature=youtu.be

У 2017 годзе мною быў створаны дакументальны 5-серыйны фільм “Казімір: вяртанне забытага горада”. Гэта відэаматэрыялы, знятыя мной пра раскопкі горада Казімір, адшуканага ў 2006 годзе на тэрыторыі Светлагорскага раёна ў вёсцы Каралеўская Слабада-2 прафесарам Сяргеям Рассадзіным.

Першая серыя па спасылцы:

https://www.youtube.com/watch?v=Zt9OwI5o-TI&list=PL_wKwPq6D4V7eOL-WSSI2AuQS-qKwN00L

У сацыяльных сетках “Аднакласнікі”, “УКантакце” створаны групы “Светлагорск беларускі”, дзе дублюецца відэа з ютубканала і публікуюцца мае матэрыялы на краязнаўчыя тэмы.

Асноўным рэсурсам, на якім я публікую свае даследванні, творы, эсэ, а таксама матэрыялы сваіх землякоў, з’яўляецца старонка “Светлагорск краязнаўчы. Шацілавічы-Шацілкі-Светлагорск, Светлагорскі раён, Беларусь: гісторыя, краязнаўства, літаратура, творчасць” на ЯндэксДзэне, створаная ў 2019 годзе.

Спасылка:

https://zen.yandex.ru/id/5c7a559667c02400b5de2483

На сёння на рэсурсу апублікавана каля 140 матэрыялаў, якія тычацца Светлагорскага раёна, з іх толькі 15 – іншых аўтараў. Публікацыі ўвойдуць у другую маю кнігу “Зведаная зямля 2: Светлагоршчына ў пытаннях і адказах” і кнігу “Маёнтак адноўленай памяці”. Апошняя падрыхтавана да друку, плануецца збор сродкаў на выданне.

Свае публікацыі па краязнаўству, гісторыі таксама размяшчаю на сваёй старонцы “Блог літаратара Віктара Раманцова” ў Жывым часопісе.

Спасылка:https://dobramir333.livejournal.com

Сваімі публакацыямі і відэа папулярызую цікавасць да беларускай мовы, краязнаўства, гісторыі ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці.

Пра мяне можна прачытаць на старонцы вікіпедыя:https://be.wikipedia.org/wiki/Віктар_Анатольевіч_Раманцоў

 

16. Ада Райчонак (Шаркаўшчына)

 

Ада Эльеўна Райчонак, стваральніца музеяў Сікоры і Драздовіча, культурна-асветніцкага цэнтра імя Драздовіча, арганізатар бульбафэсту ў Германавічах, настаўніца, былы малалетні вязень.

https://ok.ru/profile/562104651842/pphotos/854302733122

17. Соф’я Трашчынская (Браслаў)

самы малады белмоўны чалавек у Браславе

Самая маладая беларускамоўная ў Браславе

 

18. Святлана Самойленка (Гародня)

IMG-7b4eed6dce536bbc1d695330f418abf2-V

За ініцыятыву да гарадскіх уладаў па выкарыстанні беларускай мовы ў грамадскім транспарце і наведваенне ЎСІХ заняткаў на курсах у Гародні!

19. Наста Трафімчык (Гародня)

IMG-476ab0ead28ed73429172ae08780f2b3-V

За наведванне курсаў амаль ва ўсіх гарадах, дзе ёсць “Мова Нанова”!

20. Міхась Мацельскі (Барысаў)

 

Рэдактар газеты “Гоман Барысаўшчыны”.

 

Ён больш за 20 гадоў штомесячна выпускае на свае грошы краязнаўчую газету на беларускай мове па гісторыі і сучаснасці горада Барысава.

 

Краязнаўца, гісторык, неверагодны чалавек, адданы сын сваёй Радзімы.

21. Кацярына Котка (Гомель)

received_872613536533354

Я нарадзiлася у Гомелi, але больш за дваццаць гадоў жыла, вучылася ды працавала у Маскве. Зразумела, што мову беларускую зусiм нiколi не вывучала, бо амаль, што усё сваё жыццё знаходзiлася у Расеi.

Пэўны час таму, па сямейных абставiнах, я вярнулася на сваю Радзiму. Але ж, сапраўды, не была маральна падрыхтаваная да таго, што стану ў Беларусі беспрацоўнай «дармаедкай»…

Уявiце сабе, ды прабачце, калi ласачка, за сцiпласць: маладая, але ж ужо не “зялёная” дзяўчо — разумнiца ды прыгажуня, як кажуць людзi; з прафесiяй журналiста ды чырвоным дыпломам вядомага ВНУ; з вопытам працы на тэлебачанні, радыё ды гэтак далей…
Шкада, што ў родным горадзе пакуль што не знайшлося цікавай працы. Па праўдзе кажучы, я i сама тады хутка зразумела: няма вакансii для мяне яшчэ i таму, што мой узровень валодання беларускай мовай, на той час, быў пакуль што зусiм не дастатковы, каб прафесiйна працаваць, напрыклад, у прамым эфiры на радыё цi тэлебачанні.

Зараз, менш чым за год, я (як заўважаюць сябры): размаўляю на беларускай мове хутка ды пявуча, пiшу вось так, як атрымлiваецца, зусiм без дапамогi Google-перакладчыка, iмкнуся карыстацца мовай, калi не увесь час, але ж абавязкова кожны дзень — i усё гэта дзякуючы курсам “МОВА НАНОВА”!

22.Міхаіл Самборскі (Бабруйск)

bobr.by

Амаль чатыры гады таму цюменскі лекар-педыятр Міхаіл Самборскі прыехаў жыць у Беларусь разам з жонкай і дзецьмі. Наш герой расказвае, наколькі цяжкім было гэтае рашэнне, навошта і як ён вывучаў беларускую мову, ці хоча змяніць расійскае грамадзянства, і ці адчувае сябе тут вольным ды шчаслівым.

“Дзед перажыў два канцлагеры — нямецкі і савецкі”.

Спадар Міхал, раскажыце дзе вы нарадзіліся і жылі да пераезду ў Бабруйск?

Нарадзіўся на Урале, у Ніжнім Тагіле. Горад цёмны і песімістычны, бо прамысловы, моцна забруджаны, там працуюць тры гіганты: вагонабудаўнічы, металургічны і завод пластмас.

Таксама гэта горад нашчадкаў вязняў. Бо Ніжні Тагіл лічыўся адной з сталіц сталінскіх лагераў. Толькі ўявіце, што ў 1930-м годзе насельніцтва там складала 28 тысяч чалавек, а ў 40-м ужо 300 тысячаў! Мой дзед быў адным з гэтых вязняў…

Пасля школы я атрымліваў медычную адукацыю ў Цюмені. Там жа пазнаёміўся з Надзеяй, мая жонка сібірачка. І ўжо працягваў жыць у гэтым горадзе, працаваў у радзільні. Яшчэ я паспеў адвучыцца ў Іспаніі, у інтэрнатуры — там добра авалодаў мовай, а таксама значна палепшыў узровень прафесійных ведаў.

Ваш дзед быў беларусам?

Так, ён нарадзіўся ў Лідскім раёне. А ў Ніжні Тагіл трапіў пасля вайны. Дзед Ігар перажыў два канцлагеры — нямецкі і савецкі.

Адбылося гэта так: у першыя дні Другой сусветнай ён трапіў у нямецкі палон, ды знаходзіўся ў канцлагеры ў італьянскім горадзе Бальцана, з лета 1941 і да восені 1942 года. Дзед казаў, што ўмовы ўтрымання там былі нармальныя, меліся нават лазня і пошта. Большасць вязняў былі французы, ім часта прыходзілі пасылкі.

Калі ў немцаў справы пайшлі не вельмі добра, яны вырашылі стварыць нацыянальнае вайсковае фармаванне — з беларусаў і ўкраінцаў. Вязням у лагеры сказалі: “Хто хоча пайсці служыць у беларускі легіён (Беларуская краёвая абарона), можа выйсці і запісацца. Астатнім не абяцаем, што будзеце жыць далей”. Выбару, зразумела, не было, і ён туды пайшоў . А ім патрэбныя былі інтэлігенты з вышэйшай адукацыяй.

Некаторы час дзед знаходзіўся ў Нямеччыне, у афіцэрскай школе. Пасля трапіў у Беларусь. Сярод БКА былі ідэйныя людзі, якія марылі толькі пра вызваленне Беларусі, але іх была меншасць, астатнія проста хацелі нармальна жыць.

Калі было відавочна, што канец вайны блізка, кіраўніцтва яго часткі прыняла рашэнне ісці на Захад, каб здацца ў палон амерыканцам, большасць гэтак і зрабілі. Былі і іншыя шанцы ўцячы, але дзед Ігар імі не скарыстаўся.

Такіх як ён называлі калабарацыяністамі, ды перадавалі савецкім уладам. А пасля, без судоў, па спісах, усіх каралі аднолькавым тэрмінам — 25 год лагераў.

У савецкім канцлагеры ўмовы былі зусім іншыя, і дзед цудам застаўся жывы. Спачатку ён трапіў на Крайнюю Поўнач, будаваў чыгунку Варкута-Лабытнангі, сумнавядомы аб’ект, там загінула шмат людзей. А ў пачатку 50-х гадоў трапіў на Урал, дзе былі арганізаваныя “шарашкі” — навуковыя ўстановы, дзе ўсе супрацоўнікі былі зэка.
Напрыканцы 1954 года, пасля смерці Сталіна, дзед Ігар быў вызвалены па амністыі, але не меў права вяртацца ў Беларусь. Былі ў яго мары пра незалежнасць, жыццё без камунізма, але не ажыццявіліся.

З адукацыі ён быў хімік, займаўся стварэннем новых пластмас у навукова-даследніцкім інстытуце. Але да канца жыцця дзядуля жыў з кляймом ворага народа і здрадніка. Бацька мой шмат год займаўся спробай рэабілітаваць яго, але беспаспяхова.

Бабуля Наталля таксама беларуска, у Сібір трапіла ў 30-я гады. Ёй было няпоўных 12 год, калі яе сям’ю раскулачылі. Прыехалі мясцовы партыйны кіраўнік, прадстаўнікі ГПУ і савецкай міліцыі, забралі ўсё, што ў іх было. Даходзіла да таго, што нават валёнкі ў дзяцей зімой з ног сцягвалі.
Пасля ўсіх пагрузілі ў вантажныя вагоны і адправілі ў Сібір. У такіх умовах яна перажыла голад і холад. Пасля ўжо скончыла настаўніцкі інстытут, пачала выкладаць. А потым трапіла па размеркаванні ў Ніжні Тагіл. Яна здымала пакой у людзей, якія ведалі дзеда Ігара. Пазнаёміліся, і як яна сама расказвала — зразумела з першага погляду, што гэта яе лёс.

Сямейная гісторыя на вас моцна паўплывала?

Так, безумоўна. У нас была традыцыя вечарам збірацца на кухні, а дзед чытаў па-беларуску, усе сядзелі і слухалі. Гэта магло доўжыцца гадзіну ці больш. У дзіцячай памяці гэта добра засталося. Часцей ён чытаў вершы. Часам і па-польску, Міцкевіча наагул ведаў многае напамяць.

Дзякуючы дзеду, я таксама свабодна чытаю па-польску, ведаю нешта напамяць, але размаўляць не магу. З беларускай мовай атрымалася інакш, многія словы запомніліся, складанасцяў з вывучэннем не было. Таму нельга сказаць, што я пачаў з нуля, база была закладзена з дзяцінства.

Дзед Ігар дома і слова па-руску не казаў, ён размаўляў і вёў асабістыя запісы толькі на роднай мове. Неяк я знайшоў яго дзённік агародніка, ён падрабязна натаваў колькі ў якім годзе нарасло гуркоў ці бульбы. Мяне гэты сшытак захапіў, чытаў з цікавасцю.

Зразумела, па-за сям’ёй яму даводзілася размаўляць “як усе”, бо беларуская мова нагадала б іншым пра яго мінулае, пра якое нельга было казаць.

“Падлеткам я лічыў рускіх і беларусаў адным народам, а беларускую мову — дыялектам”.

Беларускую мову вы ведаеце лепш, чым многія, хто тут нарадзіўся і сталеў. Калі вы пачалі самастойна яе вывучаць?

Пасля інстытуту, прыблізна — год 2007-ы. Да таго часу я яшчэ не дарос да сваёй беларускасці. Наадварот, падлеткам я лічыў рускіх і беларусаў адным народам, а беларускую мову — дыялектам, як і зараз многія думаюць. А ў інстытуце наагул пра гэта не думаў, бо трэба было вучыцца, я быў выдатнікам.

Таксама мне трэба было падпрацоўваць, бо рана ажаніўся, яшчэ студэнтам. Пайшоў супраць волі бацькі, ён сказаў: “Калі ты ўжо стаў такі дарослы, што можаш жаніцца, значыць і забяспечыць сваю сям’ю таксама здолееш, ад мяне не атрымаеш ні капейкі!”. Так і было, толькі маці трошкі дапамагала, таемна ад бацькі. Напэўна, ён і зараз пра гэта не ведае.

Такім чынам, удзень я вучыўся, ноч працаваў, было не да філасофскіх пытанняў. А потым жыццё наладзілася, я пачаў цікавіцца беларускай культурай і мовай.
Пасля ўжо палез у архівы, шукаў інфармацыю, якая тычылася гісторыі маёй сям’і. Пачаў набываць кнігі, шчыльна кантактаваць з беларускімі сваякамі. Штогод ездзіў да іх у госці — у Ліду і Мінск.

Неяк у Гародні набыў вялізны акадэмічны падручнік беларускай мовы, шчыра скажу — увесь не адолеў. Усё ж варыянт кшталту “20 крокаў да беларускай мовы” ад Алесі Літвіноўскай і Глеба Лабадзенкі лягчэй успрымаецца, па такіх кнігах цікавей вучыцца, асабліва дарослым людзям.

Я зразумеў, што лепей больш размаўляць і чытаць. Практыка — галоўнае. А ўжо ў Бабруйску пачаў наведваць заняткі “Мова Нанова”, яны мне вельмі дапамаглі ўдасканальваць веды.

Беларуская мова — смачная, пахкая, выклікае масу невербальных адчуванняў!

Як з’явілася ідэя пераехаць у Беларусь?

У нейкі момант вырашыў для сябе, што вяртанне ў Беларусь будзе справай усяго майго жыцця! Прыехаць сюды, на сваю зямлю, каб жыць і працаваць на яе карысць — і яе людзей.

Падумаў, можа такая кропля, якой буду я — прадзяўбе каменную сцяну, што не дае нашаму грамадству быць лепей.

Чым больш я знаходжуся ў Беларусі, чым больш адчуваю сябе беларусам — тым мне лепей! Я вольна размаўляю па-беларуску, і ніхто мне нічога не кажа насуперак. У скрайнім выпадку магу нагадаць, што размаўляю на дзяржаўнай мове.

Колькі часу прайшло ад ідэі жыць у Беларусі, да рэалізацыі?

Пераехаў у поўных 34 гады. Вельмі доўга не мог вырашыцца.

Я даволі кансерватыўны чалавек, адважыцца на пераезд было няпроста, тым больш там ужо нарадзіліся дзеці, была свая кватэра. Не буду хаваць, трымалі таксама грошы, бо заробкі былі ў два-тры разы больш, чым тут.

Зрушыцца з месца дапамаглі падзеі 2014 года, палітычная сітуацыя ў краіне. Я зразумеў, што ад гэтага моманту ўсё пачынае развальвацца і знішчацца, у тым ліку ў медыцыне. Падумаў: “Што мне і маёй сям’і тут рабіць далей?”.

Дадаліся іншыя фактары, у тым ліку здароўе, мне не пасаваў тамтэйшы клімат: лета кароткае і спякотнае, зіма пачынаючы з лістапада — пад 40 градусаў марозу, аж да сакавіка. І вось я ўсё гэта ўзважыў і вырашыўся.

Зараз ужо некаторыя былыя калегі пішуць мне з пытаннямі, як ім таксама пераехаць. Бо галоўнае не грошы, а мець спакойнае, нармальнае жыццё, магчымасць рэалізаваць сябе, не баяцца ўсяго.

Вашыя продкі з Лідчыны, чаму вы абралі Бабруйск?

Выпадкова. У Лідзе маёй жонцы не знайшлося працы, хоць туды і запрашалі сваякі. І ў Мінск запрашалі, але ў мяне не хапіла б грошай, каб набыць добрую кватэру для вялікай сям’і.

Я размясціў у сеціве рэзюмэ, атрымаў некалькі адказаў, якія зацікавілі, пачаў абіраць. Прыпыніўся на Воршы і Бабруйску. Параіўся з сваякамі, і мне сказалі: “Бабруйск лепшы!” (смяецца).

Спачатку я прыехаў адзін, бо жонцы трэба было прадаць кватэру там, а мне — набыць тут. Гэта была вясна 2016 года. Сям’я далучылася да мяне ў жніўні. Хутка будзе чатыры гады, як мы тут.

Як жонка паставілася да ідэі пераехаць у Беларусь?

Яна бачыла, што калі я там застануся, будзе кепска ўсім. Бо здароўе мае свае межы, а хацелася нармальна жыць і працаваць.

Так жыць, як мы там жылі, можна было год да 40-45, а далей што?

Я гарантаваў жонцы, што калі мы пераедзем у Беларусь, усё будзе цудоўна, я буду задаволены, а тады і ёй будзе добра. У Цюмені яна бачыла мяне тры-чатыры разы на тыдзень, прыходзіў толькі паспаць, бо ўвесь час быў на працы. Я стаў вельмі нервовым, самому сабе непрыемным.

Зараз, калі я жыву ў Беларусі, да мяне вярнуўся добры настрой і здаровы псіхічны стан. А там мяне ўжо нічога не радавала — ні грошы, ні праца.

Гэта жыць дапамагае, калі ты ведаеш, хто ты! Свае карані і продкаў. І беларуская культура — вельмі адметная, людзі ўсяго свету могуць знайсці ў ёй нешта цікавае. Я ганаруся тым, што да гэтага датычны.

“Я этнічны беларус, і павінен мець беларускае грамадзянства”.

Вашы старэйшыя дзеці нарадзіліся ў Цюмені, а малодшая — у Бабруйску. Яна запісана беларускай?

Пакуль у яе расійскае грамадзянства. Агнэшцы зараз паўтары гады. Мы гадуем яе ў беларускамоўнай атмасферы — размаўляем, казкі, мульцікі знаходзім. Матэрыялаў для дзетак усё больш з’яўляецца.

Дарэчы, мая сярэдняя дачка Наталля нарадзілася ў Расіі, але мае першае месца ў гарадской Алімпіядзе па беларускай мове.

Старэйшая дачка Таццяна і жонка таксама мяне падтрымліваюць. Часам я кажу Надзеі, што быў бы рады, калі б яна перайшла на беларускую мову, але яна перфекцыяністка, не хоча размаўляць на трасянцы. Усё ж я спадзяюся, што калі-небудзь гэта адбудзецца.

А вы збіраецеся атрымаць беларускі пашпарт?

Канечне! Я этнічны беларус, і павінен мець беларускае грамадзянства. Жонка пакуль вагаецца. Гэта складаная працэдура, і даволі дарагая — каб адмовіцца ад сённяшняга грамадзянства, мне трэба заплаціць 15 тысячаў расійскіх рублёў. Пасля сабраць шмат даведак, што не маю праблем з законам.

Нядаўна арганізатары бабруйскіх курсаў “Мова Нанова” рабілі галасаванку, у якой вы перамаглі як самы адметны студэнт. Як думаеце, чым вы заваявалі сімпатыі сярод іншых слухачоў?

Ох, так, гэта было прыемна! Думаю, асаблівасць мая ў тым, што я жывы і наглядны аргумент таго, што не ўсе толькі з’язджаюць з Беларусі. І я не бежанец, а кваліфікаваны спецыяліст, які свядома сюды прыехаў, і не пашкадаваў аб гэтым. Магчыма, гледзячы на мяне, людзі зразумеюць, што тут можна жыць і рэалізаваць сябе. І проста радавацца таму, што вярнуўся туды, дзе і мусіш быць.

23. Уладзімір Патапкін (Салігорск)

IMG-77937572768d5a55a0a8dbd771f2e5d6-V

Лекар агульнай практыкі Гаўрыльчыцкай амбулаторыі. Сталы студэнт і мецэнат курсаў Мова Нанова ў Салігорску. Ідэйны натхняльнік і галоўны арганізатар пасадкі лесу ўдзельнікамі  курсаў у красавіку 2019г., у выніку якой было пасаджана каля 8500 соснаў на плошчы 3Га. Пад уплывам курсаў перавёў справаводства на працы на беларускую мову, за што падвергнуўся ціску з боку раённых уладаў. Актыўна ўдзельнічаў у спыненні рэпрэсій з боку чыноўнікаў аддзелу ідэалогіі Салігорскага райвыканкама у дачыненні да курсаў і выдзялення памяшкання для іх правядзення.

24. Ядвіга Іванаўна Рай (Менск)

Мой шлях да мовы, ці нават да самой сябе.

    У хаце, дзе я нарадзілася, гучала беларуская і польская мова. Калі старэйшыя браты пайшлі ў школу, то праз некаторы час загучала і руская мова: вершы мы ўсе вучылі, прагаворваючы іх услых. Школа, дзе мы ўсе пяцёра дзяцей вучыліся, была беларуская. Але ў 1960 годзе навучанне ў школе перавялі на рускую мову.  У Мінскім педінстытуце, куды я паступіла на бібліятэчны факультэт, беларускай мовы не чутно было  ўвогуле. Потым была праца ў Нацыянальнай бібліятэцы (тады яна называлася “Ленінка”) – таксама ўсе стасункі на рускай мове.

   Толькі дома, калі нарадзіліся дзеці, я старалася чытаць ім штосьці на роднай мове. Напрыклад, кожны вечар “Рабінзон Крузо” у перакладзе на беларускую мову. А потым купіла падпіску Я.МаЎра, Янкі Купалы – гэта ўжо чыталі самі дзеці. Сын паступаў у радыётэхнічны інстытут у 1989 годзе, і ён уступны экзамен пісаў на беларускай мове. А калі ў 90-стыя гады аднойчы я з меншай дачкой ішла па праспекце і размаўляла з ёй па-беларуску, на нас аглядаліся, як на замежнікаў. Яшчэ хачу распавесці пра адзін выпадак, калі я адчула, што больш не буду здраджваць самой сабе. У Мінску праходзіў семінар па экзістэнцыяльным тэмам. Раніцай я ішла на адзін з такіх  трэнінгаў, свяціла сонца, унутры мяне ўладкоўвалася мужнасць быць самой сабой. Я сама гэта дазволіла сабе, і калі тая сустрэча пачалася і да мяне дайшла чарга гаварыць, то я пачала гаварыць на роднай мове! Гэты момант для мяне стаў пераломным: я магу не здраджваць самой сабе.

З 1990 года жыву ў 20-ціпавярховым доме, у ліфце заўсёды вітаюся:”Добры дзень!”. Вельмі часта было так, што ў вачах чалавека ўзнікаў страх, недавер, непаразуменне. Зрэдку ўзнікала цікавасць. І толькі гады два таму назад той страх і недавер пачаў знікаць, больш людзей сталі адгукацца прыязна.

Курсы МоваНанова з’явіліся той аддушынай, якой так нехапала маёй істоце.У 2015 годзе даведалася ад сяброў, дзе яны ладзяцца. І з самай першай сустрэчы цікавасць да іх не змяншаецца.28.09.2015 года атрымала студэнцкі білет №1501.Вясной2016 года з рук  Глеба Лабадзенкі, аднаго з кіраўнікоў курсаў Мова Нанова займела кнігу “20 крокаў да беларускай мовы”. Кожны занятак на курсах прыносіў радасць ажыўлення роднай мовы. Новыя адценні і паглыбленне былых ведаў, гумар і дасціпнасць Глеба Лабадзенкі і Алесі Літвіноўскай стваралі вельмі прыязную атмасферу.

    Аднойчы пасля заняткаў да мяне падышла прыгожая дзяўчына. Яна сказала, што яе маці прапануе мне праводзіць заняткі па беларускай мове ў раённым сацыяльным цэнтры. Я не філолаг, методыкай выкладання мовы не валодаю. Прызадумалася:мая першая вышэйшая адукацыя – бібліятэкар-бібліёграф, другая – патэнтавед. Кнігамі захаплялася з дзяцінства. Ды мы ўсе многа чыталі ў савецкія часы. У чарзе стаялі, каб набыць пэўную кнігу. Але ж  я не настаўніца.

    І ўсё ж  пагадзілася, мы абмяняліся нумарамі тэлефонаў. А ў Глеба Лабадзенкі спыталася, ці магу выкарыстоўваць кнігу як дапаможнік. Глеб адказаў:”Так, чаму ж не!”.  14.03.2017 года я стала валанцёрам і правяла першы раз занятак у клубе па інтарэсах “Размаўляем па – беларуску” у сацыяльным цэнтры Савецкага раёна. А восенню пачаўся новы навучальны год, і мяне запрасілі гэтыя заняткі праводзіць пры клубе ЮНЭСКА. Каб больш якасна праводзіць свае заняткі, цэлы год наведвала курсы беларускай мовы пры касцёле Св.Сымона і Алены, якія вяла В.К.Раманцэвіч. Так што цяпер маю яшчэ адзін дапаможнік.

 Пагалоскі пра наш кружок пайшлі шырэй. Бо ў гэтым навучальным годзе я ажыццявіла сваю мару: перадаваць свой вопыт здаровага ладу жыцця. На заняткі прыходзяць людзі сталага ўзросту, ёсць нават жанчына, якой больш за 80 гадоў. Здароўе таксама вельмі рознае ў такія гады. Пагэтаму я вырашыла кожны раз напрыканцы прапаноўваць аздараўленчыя тэхнікі. Бо ў свой час на курсах Мова Нанова (калі яны былі ў кафэ “Грай”) аднойчы Глеб дазволіў на хвілін пяць выйсці на сцэну і прапанаваць слухачам некалькі вельмі простых прыёмаў самааздараўлення.

   Такім чынам, я зараз валанцёр ва Універсітэце трэцяга ўзросту. Адна са слухачак расказала, што ёй стала лягчэй успрымаць ангельскую мову пасля таго, як яна пахадзіла на заняткі “Размаўляем па- беларуску”.

У верасні 2015 года напісала верш:

НА КУРСАХ “ МОВА НАНОВА”

Сумна за нас, беларусаў:

Мову знявечылі так –

Мала чые зараз вусны

Могуць сказаць – “не лайдак”.

Не, не лайдак, боя помню

Гутарку ў хаце сваёй

Светлага месяца поўню,

Спевы над ціхай ракой.

Спевы дзяўчат галасістых

З іх натуральнай красой.

Спевы жанчын працавітых,

Што саўладалі з касой.

Клопат бацькоўскае ласкі

Пра гаспадарку, сям’ю.

Моліцца маці – падказка,

Каб загучала “люблю”.

Моцна зямельку любілі

І адчувалі Сусвет.

Семдзесят год не бамбілі –

Страх не сышоў у нябыт.

Страшна прамовіць слова,

Штосьці сказаць ад душы.

Дай нарадзіцца нанова,

Дай загучаць, не душы!

Выкінуць страх памыліцца,

Сабою асмеліцца быць.

Так і душа устрапянецца –

Дапамажы ёй ажыць.

Шануйце, узважвайце слова

На вуснах, у сэрцах! І ўсе

З любімаю “Мовай Нанова”

Мы ўспомнім сябе пакрысе.

 

 

 

 

 

 

 

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат