Пра курсы
ГАРАДЫ :


19.04.2017
СЛОЎНІК Вільня

Вільня

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Піша Сяргей Харэўскі

Вобраз Вільні для любога беларуса сёння – вельмі асабісты. Для нас важна ўбачыць тое канкрэтнае адзінства часу і месца вачыма розных сведкаў. І такую магчымасць дае нам Мацей Мышка, ад імя якога Максім Гарэцкі вядзе расповед у сваім рамане “Віленскія камунары”:

“Вільня, як вядома, — самы прыгожы горад у свеце. У самым цэнтры горада, там, дзе бурлівая Вялейка ўліваецца ў шырока-плаўную Вяллю, стаіць высачэзная, круглая замкавая гара – як вялізарная капа сена. Кожны князь, ці княгіня, ці хоць гетман, каб праславіцца, абавязкова будавалі ў Вільні прыгожую старынную царкву альбо касцёл, пра што цяпер пішуць усе энцыклапедыі ва ўсім свеце. Напрыклад, другая жонка Вітаўта, Ганна, княгіня Смаленская, збудавала касцёл Святой Ганны – у чыстым гатыцкім стылі, чырвоны, цагляны. Кажуць, што нават Напалеон разявіў рот на гэтае дзіва. Ён так залюбаваўся, што сказаў: “Каб мая сіла, узяў бы яго на далоньку і перанес бы яго ў Парыж.”Энцыклапедыі пра гэта нічога не пішуць, а ў Вільні гэта вядома кожнаму хлапчуку”.

Менавіта тут сфармавалася старабеларуская літаратурная мова, узнікла найраней з усіх усходніх славянаў беларускае кнігадрукаванне, нарадзіўся першы Літоўскі Статут, першыя літоўскія хронікі, — і ўсё гэта на старабеларускай мове…

Беларускі паэт Уладзімір Жылка, які ў сваім тастаменце пажадаў спачыць на старажытных могілках Росы, што некалі можа і ажыццявіцца, назваў Вільню “Крывіцкаю Меккаю”. Менавіта Жылка ў вершы, напісаным яшчэ ў 1925 г. у Празе і прысвечаным Вільні, змясьціў такія радкі:

А там — па-над мурамі даўнімі,

Дзе места ўсенькае відно,

Руіна думамі дзяржаўнымі

Гадае там: чыё яно?

Яшчэ ў дваццатых гадах Міхась Машара, паэтыцкі шлях якога пачаўся на віленскім бруку, свае адносіны да Вільні выказаў у гэтакім вершы:

Мы не прыйшлі сюды з-за мора,

Твой воўк жалезны з нашых пушчаў

Прыйшоў прарочыць гэтым горам,

Што ты тут вырасцеш магучай.

Цябе карміла наша поле

I будавалі мазалі,

Ўсе нашы радасьці і болі

Калісь супольнымі былі…

У асноўным з думкаю пра іх, пра гэтае маладое пакаленне, і выпраўляемся мы ў вандроўкі па тых кутках Вільні, якія былі сведкамі падзеяў, што хвалююць нас і цяпер, на якія нельга забывацца…

Калі сябры нам гудзяць згубаю

I ворагі прарочаць скон,

Тады к Табе, о Вільня любая,

Прыводзяць згадкі у палон…

З гэтымі радкамі з верша Ул.Жылкі, мы і вырушым па вулках Вільні ў пошуках памятных мясцінаў, звязаных з беларускай гісторыяй і культурай.

О Матка Боская, што ў Чанстахове ў храме
Глядзіш спагадліва, што ў Вострай свеціш Браме…

….Гэта радок з Адама Міцкевіча… Вострая Брама.
Адсюль, ад Вострай Брамы ляжыць просты шлях з Вільні ў Беларусь. Як і спрадвеку. А гонар звацца святым месцам брама гэтая заслужыла дзякуючы цудоўнаму абразу Маці Божае. Паводле традыцыі лічыцца, што абраз гэты, напісаны пачаткова візантыйскім майстрам, быў падораны князем Альгердам сваёй жонцы, віцебскай князёўне Марыі, а яна, у сваю чаргу ахвяравала гэты абраз тады праваслаўнаму манастыру Святой Троіцы, што месціцца побач з брамаю. Нагадаем, што Альгерд, сын Гедыміна, у юнацтве ажаніўся з дачкою віцебскага князя Марыяй Яраслаўнай і два гады пражыў у горадзе Усвяты, а пасля, да 1345 года, у Віцебску. З дапамогаю брата Кейстута, троцкага князя, Альгерд скінуў з вялікакняскага пасада Яўнута і сам стаў вялікім князем. Недзе ў гэты час і з’явіўся ў Вільні цудадзейны абраз Маці Божае. Легенда сведчыць, што Альгерд, зваяваўшы крымскі горад Херсанес, вывез яго з аднае з праваслаўных цэркваў.

Доўгі час Вільня была аточаная драўлянымі сценамі, ажно да канца 15 стагоддзя, пакуль на загад вялікага князя Аляксандра яе не сперазалі каменныя муры. 23 красавіка 1498-га года біскуп віленскі Войцах Табор абыйшоў з урачыстай працэсіяй ўсю вялікую будоўлю і высьвяціў тыя месцы, дзе мусілі паўстаць брамы. Асаблівай урачыстасцю вызначалася набажэнства на тым месцы, дзе мусіла паўстаць Крэўская брама, як тады назвалі цяперашнюю Вострую Браму. А праз колькі гадоў, у 1503-м годзе біскуп Табор ужо высвячаў вымураваныя новыя брамы, у якіх, паводле старадаўняга звычаю змяшчалі абразы. Напрыклад, у Троцкай браме змясцілі абраз Божае Маці з дзіцяткам Ісусам. А вось жа дзеля Крэўскае брамы праваслаўны манастыр Святое Тройцы ахвяраваў свой цудоўны абраз Найсвяцейшае Панны Маці Божае, што быў змешчаны пачаткова на браме звонку, з паўночнага боку, тварам да Беларусі…
У 1626-м годзе ў Вільні з’явіліся айцы-кармеліты і пры Крэўскай, то бок Вострай браме, разбудавалі сабе кляштар. Іх глыбока кранала пабожнасць тутэйшага люду, што горача маліўся на цудадзейны абраз. Тады і з’явілася думка пабудаваць дзеля шанаванага абраза адмысловую капліцу. Чаму ўзнікла новая назва брамы? Таму што стагоддзямі віленскія вуліцы выпростваліся гэтак, каб шчыльней ды карацейшым шляхам дамкнуць да галоўнай святыні. А таму вуліцы Вільні пад вострым кутом збягаліся да святое брамы. Дык вось з таго часу, да чароўнага абраза, што ўжо быў ведамы на ўвесь край сваімі цудамі, люд паспаліты збіраўся на Літанію і на сценах капліцы з’явіліся першыя воты, то бок ахвяраванні Маці Божай Вострабрамскай.

Пазней рупнасцю вернікаў з цэлага краю паўстала новая пекная мураваная капліца, у якой і дасёння “свеціць у Вострай Браме” цудадзейны абраз Найсвяцейшае Дзевы Марыі. І з тых часоў цэлыя пакаленні людзей маюць магчымасць сузіраць яе тут ва ўсім харастве і багатых кляйнотах.
Ну а калі мы выйдзем са старога горада праз Вострую Браму, то ўбачым суворы і просты, амаль глухі мур. Адно на самым версе ёсць пекна аздоблены фрыз. На ім выяўленыя два драпежных грыфона, што трымаюць наш старадаўні герб  – “Пагоню”… Ізноў згадваюцца паэтычныя радкі. Гэтым разам Максіма Багдановіча:
“Толькі ў сэрцы трывожным пачую

 за краіну радзімую жах,

успомню Вострую Браму Святую

 і ваякаў на грозных канях…”.
Стоячы каля Вострае Брамы, людзі пытаюцца, што гэта за грыфоны? Справа ў тым, што ў сярэднявечнай геральдыцы, грыфоны, мітычныя істоты, з целамі ільвоў ды галовамі арлоў, што нібы жылі ў гарах Малое Азіі, уважаліся за эмблему Хрыста. У сярэднявечных тэолагаў мы можам прачытаць і гэткае: “Хрыстос ёсць леў, бо ён царуе і валодае магутнасцю, ён арол, бо пасьля ўзнясення адлятае на нябёсы.” Само ўзнясенне Хрыста на нябёсы часцяком выяўлялася з грыфонамі. Другі геральдычны сэнс гэтае выявы – недатыкальнасць. Грыфон азначае сабою цнатлівасць аб’екта, што ён вартуе. То бок, гэтыя драпежныя крылатыя істоты стаяць на варце Вострае Брамы, на варце цудоўнага абраза Маці Божае ў ёй, на варце Вільні і ўсяго краю нашага…

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат