Пра курсы
ГАРАДЫ :


31.07.2016
Што рабіць, калі адмаўляюцца прыняць заяву і запаўняць штампы па-беларуску

Піша Глеб Лабадзенка

 

У чэрвені 2016 года я меў непрыемны выпадак у разлікова-даведачным цэнтры №8 Фрунзенскага раёна. Падаючы заявы на атраманне пашпартоў на дзяцей, сутыкнуўся з тым, што пашпартыстка Шарснёва Ю.П. адмовілася прыняць заяву па-беларуску. А пасля ўвогуле перакрэсліла яе і сказала перазапаўняць па-руску. Пры гэтым навучала мяне, што імя Ян лацінкаю ў пашпарце трэба пісаць Ian (я настойваў на варыянце Jan).

Я звярнуўся да начальніцы цэнтра, пасля чаго ў мяне ўсё-ткі прынялі заяву па-беларуску. Але, натуральна, што цярпець такую абразу і свавольства з боку пашпартысткі не мог.

Забягаючы наперад, скажу, што праз месяц сітуацыя цалкам вырашылася маёй перамогаю па ўсіх пунктах. Таму даю пакрокавую інструкцыю, што рабіць.

1. Напісаў зварот у Кнізе заўваг і прапановаў, дзе паінфармаваў, што Шарснёва Ю.П. адмовілася прыняць у мяне заяву па-беларуску, чым абразіла мяне асабіста і зняважыла Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і шэраг іншых законаў.

2. Напісаў зварот, які адаслаў ЗАКАЗНЫМІ лістамі на два адрасы — Упраўленне па грамадзянству і міграцыі ГУВД Мінгарвыканкама, Аддзел па грамадзянству і міграцыі Фрунзенскага РУУС г. Мінска. Далей яны самі перадалі зварот куды палічылі патрэбным.

Вось гэты ліст.

Заява.

21 чэрвеня 2016 года а 17.40 я падаваў заяву на атрыманне пашпартоў двума маімі няпоўнагадовымі дзецьмі. Мне далі запоўніць дзве заявы: анкету на пашпарт, а таксама “заяву на рэгістрацыю па месцы жыхарства”. Другую заяву мне было сказана “запаўняць толькі па-руску”.

У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы – і паводле Кастытуцыі і Закону аб мовах ніхто не мае права ствараць мне перашкоды ў карыстанні любой з іх.

Аднак пашпартыстка Юлія Паўлаўна Шарснёва адмовілася прыняць заяву, якую я запоўніў па-беларуску. Адмовіла мне ў грубай форме, а потым і ўвогуле закрэсліла яе ручкай.

Я быў вымушаны звярнуцца да начальніцы ў кабінет №1. Начальніца літаральна прымусіла Юлію Паўлаўну ўзяць у мяне заяву.

Пасля Юлія Паўлаўна заявіла, што я няправільна напісаў транслітэрацыю імя майго малодшага сына. Я напісаў “Jan”, а трэба, маўляў, “Ian”. Дэманстравала мне паперку з табліцай (дзе чорным па белым напісана, што ў пачатку слова літара “я” перадаецца як “Ja”!). Але яна нічога слухаць не хацела, толькі паўтарала, што “на вуліцы Лідскай вам і транслітарацыю паправяць, а вашую заяву на беларускай мове ўвогуле не возьмуць)”.

Такім чынам, я прашу звольніць з працы пашпартыстку Юлію Паўлаўну Шарснёву за непавагу да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і да дзяржаўнай беларускай мовы, а таксама за прафесійную непрыдатнасць для працы на гэтым месцы. Бо яна не ведае ані правілаў запаўнення заяваў (што я магу запаўняць іх на любой дзяржаўнай мове), ані правілаў транслітарацыі (а для пашпартыста гэта важна).

У выпадку непрыняцця мер я буду звяртацца ў Пракуратуру, бо тут мае месца парушэнне Закону аб мовах і знявага Канстытуцыі.

Адначасна патрабую, каб штамп аб рэгістрацыі ў пашпартах маіх сыноў быў выкананы на дзяржаўнай беларускай мове. І прашу патлумачыць мне, чаму сам штамп вырабляецца толькі на-рускай мове, хоць у нас дзве дзяржаўныя мовы – беларуская і руская. Адпаведна, патрабую, каб і сам штамп быў пастаўлены на беларускай мове.

 22.06.2016                                                                                                                                       /Г.П. Лабадзенка/

 

Праз пэўны час пачалі прыходзіць адказы. Першы адказ быў з Упраўлення па грамадзянству і міграцыі. Яны інфармавалі, што перадалі мой зварот далей на разгляд.

m10

 

Далей былі тры вельмі важныя адказы, які цалкам засведчылі маю рацыю.

A. Адказ з разлікова-даведачнага цэнтра на запіс у кнізе скаргаў

m6

m7

B. Адказ з Упраўлення ўнутраных спраў Фруненскага райвыканкама

m5

C. Адказ з “Адзінага разлікова-даведачнага цэнтра г. Мінска”, якому падпарадкоўваюцца ўсе дробныя цэнтры.

m8

m9

 

У гэтых адказах прагучала ўсё, што я хацеў ад іх пачуць.

1. Ніхто ў Беларусі не мае права адмовіцца прымаць у мяне заяву, запоўненую на беларускай мове.  Падстава (апроч арт. 17 і арт. 50 Канстытуцыі, а таксама Закону аб мовах): артыкул 14 Закона Рэспублікі Беларусь ад 28.10.2008 №433-з “Аб асновах адміністрацыйных працэдур”, дзе пішацца, што “заява зацікаўленай асобы падаецца на беларус4кай або рускай мове ў пісьмовай форме”.

2. Імя Ян транслітэруецца як Jan.

3. У пашпартным стале мне абавязаныя запоўніць усе штампы ў пашпарце на беларускай мове. На жаль, адсутнасць уласна беларускамоўных штампаў пакуль застаецца нявырашанай праблемай.

4. Пашпартыстка Шарснёва, а заадное і іншыя працаўнікі разлікова-даведачнага цэнтра больш ніколі не адмовяцца прымаць у людзей заяву, напісаную па-беларуску.

З гэтымі дакументамі я пайшоў атрымліваць дзіцячыя пашпарты ў Аддзел грамадзянства і міграцыі Фрунзенскага раёна. Транслітарацыя была напісаная слушна. А вось усе штампы былі запоўненыя па-руску. Я пайшоў да намесніцы начальніка (уласна, яна і пісала адказ ад імя Упраўлення ўнутраных справаў). Разам са мной яна спусцілаася да пашпартыстаў і даручыла ануляваць мне ўсе рускамоўныя штампы і праставіць новыя, запоўненыя па-беларуску. З нагоды такога свята я падаў ім не толькі дзіцячыя пашпарты, але і свой уласны. На маіх вачах анулявалі шмампы пра рэгістрацыю, а таксама штамп пра шлюб (у іх у схованцы захаваўся нават беларускамоўны штамп!), паставілі новыя і запоўнілі па-беларуску.

Але ведаеце, якое ў мяне засталося пытанне?

Тая намесніца начальніка сказала вельмі важную фразу:

— Вы першы чалавек у гэтым годзе, яік звярнуўся з такой просьбай.

А Фрунзенскі раён — найбольшы ў Менску, па насельніцтву — як горад Гомель. Дык дзе ўсе тыя людзі, каму баліць сэрца за беларускую мову? Глытаюць языкі, ўваходзячы ў пашпартны стол?..

Сябры! Не пашкадуйце гадзіны часу! Вазьміце пашпарт, раздрукуйце гэты артыкул са сканамі — і схадзіце ў свой аддзел па грамадзянству і  міграцыі! Гэта драбяза, але кожная такая драбяза пашырае ўжывання мовы ў грамадстве і вядзе да яе адраджэння!

m1 m2 m3 m4     

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат