Пра курсы
ГАРАДЫ :


13.12.2016
Шлях да беларускай мовы перакладчыка з Венгрыі

З Петэрам Барасам з Венгрыі мы пазнаёміліся на курсах “Мова нанова”. Аказалася, што ён не толькі можа размаўляць па-беларуску, але і робіць пераклады з беларускай мовы на венгерскую (вугорскую). Ён распавёў Natatnik пра свой шлях да беларускай мовы.

Вольга Малафеечава, Natatnik.org

— Як вы апынуліся ў Берасці?

Я жыву ў Берасці ўжо 41 год. У 1974 годзе ажаніўся з дзяўчынай Зояй з-пад Брэста (тады гэта быў савецкі Брэст, а не Берасце). Мы навучаліся разам у Ленінградзе па спецыяльнасці “Матэматыка”. Потым шукалі працу, але ў Савецкім саюзе знайсці працу не толькі для замежніка, але і для жонкі замежніка было амаль немагчыма. Бацька Зоі змог дамовіцца наконт працы для абодвух тут. Спачатку я вымушаны быў пражыць год у сябе на радзіме ў Будапешце, бо патрэбна было аформіць пашпарт спецыяльнага віду на СМЖ.

— Чаму вы паехалі паступаць менавіта ў Ленінград?

Спачатку я хацеў паступаць у Навасібірск, але гэты горад быў зачыненым у савецкія часы, таму я трапіў у Ленінград. Тут было вельмі добра: на той час Ленінградскі ўніверсітэт быў адным з лепшых у свеце.

— Як жа вы ператварыліся з матэматыка ў перакладчыка?

Я ведаю шмат моў. Я так і не стаў матэматыкам, хоць і атрымаў дыплом. Я працаваў праграмістам гадоў 20. На панчошным камбінаце, у статыстычным упраўленні, потым у сферы гандлю. Пазней я стаў перакладчыкам, але тэхнічным і камерцыйным,  а ўжо ў пенсійным узросце пачаў рабіць пераклады мастацкай літаратуры з беларускай мовы на вугорскую.

dsc_3988

— Спачатку вы, напэўна, вучылі расейскую мову, каб паступіць ва ўніверсітэт?

Ведаеце, на той час ва ўсіх краінах Варшаўскай дамовы вывучэнне расейскай мовы ў школе было абавязковым. Але я ведаў расейскую вельмі дрэнна, бо настаўнік быў благі. Але мовы да мяне быццам прыляпляюцца. Я перш за ўсё займаўся перакладамі тэхнічных тэкстаў з розных моў: французскай, вугорскай, ангельскай. Нават да 2016 года я ніколі не вывучаў беларускую мову, а літаратуру перакладаю з беларускай мовы з 2011 года.

— Як вы ўпершыню пачулі беларускую мову? Сёння ж у горадзе амаль усе размаўляюць па-расейску.

У горадзе — так, але ў вёсцы, адкуль мая жонка (в. Хмялёўка, Жабінкаўскі раён), усе размаўлялі на трасянцы. Я такі чалавек, які заўсёды цікавіцца тым, што робіцца вакол. Нават у савецкія часы былі беларускамоўныя тэлеканалы.

Я ХУТКА ЗРАЗУМЕЎ, ШТО КАЛІ Я РАЗУМЕЮ ДЫКТАРА БТ ПА-БЕЛАРУСКУ, ТО ГЭТЫ ДЫКТАР НЕ ВАЛОДАЕ БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ. А КАЛІ ГАВОРЫЦЬ ІВАН ШАМЯКІН, Я НЕ РАЗУМЕЮ АМАЛЬ НІЧОГА!

Я таксама ведаю польскую мову, і менавіта з-за гэтага быў вымушаны ў гэтым годзе пайсці на курсы беларускай мовы. Я заўсёды блытаў гэтыя дзве мовы. Калі хацеў нешта сказаць па-беларуску, то вусны адкрываліся па-польску. Пасля курсаў міжнароднай летняй школы беларусістыкі ў Менску я прыйшоў на курсы Мова Нанова ў Берасці. Раней я нічога не разумеў у размове, а чытаць са слоўнікам можна без праблем, калі трэба, глядзіш незразумелае слова. А вось самому нешта сказаць… Але з часам, калі я чытаў усё больш і больш па-беларуску, стаў лепей разумець беларускую мову.

Мяне цікавяць сучасныя аўтары. Амаль усіх, каго перакладаю, я ведаю ўжо асабіста. Я іх адшукаў спачатку ў інтэрнэце, потым па тэлефоне. Яны, ведаючы, што я замежнік, размаўлялі са мной па-руску, але зараз я прашу іх размаўляць па-беларуску. Такім чынам, я пачаў разумець размоўную мову і толькі потым праз 4-5 гадоў пачаў мэтанакіравана вывучаць мову і чытаць розных аўтараў. У кожнага беларускага аўтара свая мова.

— Размаўляць па-беларуску вы пачалі толькі сёлета, а першы пераклад зрабілі ажно ў 2011 годзе. Які аўтар стаў для вас першым і чаму?

Спачатку я перакладаў толькі Някляева. Гэта невыпадкова стаў 2011 год. Я падумаў, што я як замежнік не здолею дапамагчы ўсёй краіне, але паспрабую дапамагчы хоць бы аднаму сімпатычнаму чалавеку. Першае апавяданне, якое я пераклаў, было “Чмель і вандроўнік”. І гэты пераклад быў апублікаваны яшчэ ў той час, калі ён сядзеў у астрозе. Мне так спадабалася, што стаў перакладаць усё больш і больш. Публікаваўся я ў розных венгерскіх літаратурных часопісах, якія, на жаль, на сённяшні дзень амаль усе ўжо зачынены. І за 2 гады ў мяне склаўся цэлы зборнік апавяданняў. Я змог надрукаваць сваю першую кнігу. Дарэчы, Някляеў мае асобнікі ўсіх часопісаў з маімі перакладамі і гэтую кнігу.

kandu-r

— Напэўна, з цягам часу ў вас з’явілася новая мэта рабіць пераклады з беларускай мовы, калі вы працягваеце займацца гэтым і сёння?

Так, я пачаў перакладаць з нагоды заключэння Някляева ў турму, але потым я стаў рабіць пераклады менавіта з той мэтай, каб на сваёй радзіме хоць трохі паказаць, што гэта за краіна — Беларусь. Таму я пачаў звяртацца і да іншых аўтараў. Пасля першых публікацый часопісы нават пачалі прасіць мяне перакладаць па замове.

Напрыклад, 2011 год быў годам Чэслава Мілаша. Быў велізарны праект “Лісты Мілашу”. Уся Еўропа пісала гэтыя лісты. Праект праходзіў пад эгідай сямейства часопісаў «Lettre internationale». Гэта была серыя часопісаў на розных мовах пад адной назвай, якія публікавалі гэтыя лісты. Некалькі беларускіх аўтараў таксама пісалі такія лісты. Іх перакладалі на польскую мову, і збіраліся з польскай перакладаць на вугорскую. Але потым галоўная рэдактарка венгерскага выдання «Lettre» узгадала пра мяне, адзінага вугорскага перакладчыка, які валодае беларускай мовай… Тады я пераклаў лісты ад Ігара Бабкова і Аляксандра Лукашука з арыгіналу.

— Можа, вы і на беларускую мову з вугорскай робіце пераклады, каб мы маглі пачытаць вашу літаратуру?

Калі ты ведаеш некалькі моваў, і сярод іх некалькі славянскіх, то чытаць і разумець прачытанае можна. Калі ты ведаеш культуру і гісторыю гэтай краіны, то можна нават зразумець настолькі, каб добра перакладаць з гэтай мовы,не згубіўшы сэнс. Мабыць, стыль крыху змяняецца, але сэнс застаецца. А ўжо каб перакладаць на мову, то трэба яе ведаць як родную мову! Толькі ў гэтым годзе я ўпершыню пераклаў на беларускую мову некалькі венгерскіх тэкстаў, але гэта была публіцыстыка, тэксты для афармлення выставы. Але перакладаць мастацкую літаратуру – гэта немагчыма.

— Тады парайце, калі ласка, каго з вугорскіх аўтараў будзе цікава пачытаць беларусам?

У Беларусі я ў першую чаргу цікаўлюся сучаснай літаратурай. Таму і з маёй роднай літаратуры я б хацеў парэкамендаваць сучасных аўтараў. У першую чаргу Дзёрдзь Шпіро. Потым Петэр Эстэрхазі, на жаль, ён памёр у гэтым годзе. Але яго немажліва прачытаць у перакладзе, бо яго немажліва перакласці ні на якую мову. У яго свая мова. Амаль кожнае трэцяе слова можна не шукаць у тлумачальных слоўніках, бо іх там няма. Петэр Надаш – аўтар, які ў вельмі цікавым выглядзе тлумачыць вугорскую гісторыю менавіта савецкага часу. Гэта гісторыя шмат у чым падобна да гісторыі Беларусі. Мяркую, наўрад ці ён перакладзены на беларускую мову, але на расейскай мове павінен быць.

img_20130608_194052

— Вы б таксама маглі перакладаць не толькі з беларускай, але і з расейскай мовы.

Навошта? З расейскай мовы шмат перакладчыкаў! Калі б я жыў на Вугоршчыне, мабыць, я б здолеў, апублікаваць свае творы, а я жыву тут. Адсюль вельмі складана прымусіць выдавецтва друкаваць, а калі б я рабіў пераклады з расейскай мовы, у мяне б увогуле аніякіх шанцаў не было б.

Канешне, ёсць і беларускія аўтары, якія пішуць на расейскай мове. Напрыклад, Віктар Марціновіч. Мы абмяркоўвалі з дырэктарам аднаго з вугорскіх выдавецтваў ягоныя творы. І калі ён усё ж такі вырашыць друкаваць пераклад, то гэта будзе  дакладна не “Паранойя”, бо выдавецтву яна не падабаецца. Больш верагодна, што гэта будзе раман “Мова”, які я пакуль не чытаў, бо ў мяне ёсць кніга толькі на расейскай мове. Але калі я буду яе перакладаць, то толькі з беларускай мовы, бо яна напісана па-беларуску.  

Яшчэ адзін прыклад: Святлана Алексіевіч. Зразумела, яна нобелеўскі лаўрэат, піша па-руску, таму яе без праблем хутка пераклалі. Але праблема ёсць. Як вы думаеце, хто рэдагаваў пераклад кнігі “Апошнія сведкі” з расейскай на вугорскую мову? Я. Чаму? Бо я адзіны на ўсю Вугоршчыну, хто ведае беларускую геаграфію, беларускія імёны і прозвішчы. То бок я рэдагаваў назоўнікі, якія з’яўляюцца ўласнымі імёнамі. З дырэктарам выдавецтва мы дамовіліся так, што паколькі гэта гісторыя вайны, то імёны і прозвішчы ў фанетычнай транскрыпцыі засталіся з расейскай мовы. Але ўсе геаграфічныя назвы сённяшняй Беларусі выпраўлены мной з мэтай, каб яны былі ў транскрыпцыі з беларускіх назваў. Такім чынам у вугорскім перакладзе вы прачытаеце не Брэст, а Берасце; не Полацк, а Полацак і гд., а вось Мінск так і не зменены на Менск, бо ён ужо даўно ўжыўся ў вугорскі лексікон.

СЭНС У ТЫМ, КАБ ВУГОРСКАЯ АЎДЫТОРЫЯ ПРЫСТАСАВАЛАСЯ ДА СЁННЯШНІХ БЕЛАРУСКІХ НЕ РЭАЛІЯЎ, АЛЕ МАР.

— Каго з беларускіх аўтараў вы пераклалі за гэты час і якія творы яшчэ наперадзе?

Някляеў, Бабкоў, Лукашук, Бабіна, Акудовіч і шмат маленькіх цытат Коласа, Купалы, Ластоўскага, Дуніна-Марцінкевіча і гд. у творах, што я пераклаў. Наўрад ці змагу пералічыць усіх. Я чытаў прыкладна 40 аўтараў за 6 год, перакладаў, мабыць, 10 з іх.

Зараз на кампутары маю яшчэ 3 гатовыя пераклады: “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” Някляева, зборнік апавяданняў Някляева і зборнік эсэ Акудовіча. Паеду ў Будапешт на перамовы наконт выдання новай кнігі.

Яшчэ я хацеў бы перакласці “Споведзь” Ларысы Геніюш, таксама «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча, бо тэма ГУЛАГаў дагэтуль застаецца адной з найцікавешых у свеце. Не ведаю, ці будзе попыт на гэта, але мне цікава было б перакласці “Рыбін горад” Наталкі Бабінай, там пра Берасце і наваколле. Таксама “Ноч цмока” Валерыя Гапеева, бо там тэма вельмі важная для ўсіх нас: кіраўнікоў трэба выхоўваць і падрыхтоўваць да іх працы, гэтага нам нават у ЗША не хапае.

23

— Ці можна параўнаць сітуацыю з вугорскай мовай у Венгрыі з беларускай у Беларусі?

Не. Венгрыя – гэта не монакультурная, але монамоўная краіна. Гістарычна тэрыторыя, дзе жывуць этнічныя вугорцы, амаль у 3 разы большая за сённяшнюю Вугоршчыну. Справа ў тым, што мая краіна ў ХХ стагоддзі 2 разы была “мудрэйшай” за ўсіх астатніх і ў сусветных войнах прымала ўдзел не з таго боку. У выніку згубіла 2/3 сваёй тэрыторыі і насельніцтва. Але і зараз, і 100 год таму ўсе размаўляюць толькі на вугорскай мове. Нават калі была Аўстра-венгерская манархія на Вугоршчыне ўсе размаўлялі выключна па-вугорску. І калі вугорскі парламент у 17-18 стст. засядаў на іншай мове, то была не нямецкая, а латынь! Таму існаванню вугорскай мовы нічога не пагражае. Культуры – так, але культуры, на мой погляд,  пагражае іншае. Усё чалавецтва дэградуе. Хто зараз чытае? Вось стаіць раяль – але ён не гучыць. Уключыш тэлебачанне – там аніякай культуры няма. Вось гэта пагражае культуры ўвогуле.

— Як вы адчуваеце сітуацыю з беларускай мовай тут у Беларусі?

У апошні час я імкнуся папулярызаваць культуру Беларусі і нават ВКЛ у першую чаргу менавіта таму, што, мне здаецца, ёсць сур’ёзная пагроза існаванню гэтай мовы і культуры. Паглядзіце на Ірландыю. Дзе іх мова? На сённяшні дзень яе няма. Акурат у гэтыя дні ёсць нейкі рух за адраджэнне, але ірландцы мусяць адрадзіць мову амаль з нуля.

— Значыцца, у нас яшчэ не самая горшая сітуацыя. А чаму, на ваш погляд, беларусы абыякава ставяцца да беларускай мовы?

Лянота! Амаль усе ў Беларусі (акрамя дзяцей вайскоўцаў) хоць на нізкім узроўні, але ведаюць мову. Проста лянота размаўляць на ёй. Нядаўна я замовіў сабе дапрацаваную візітоўку. Я ў дызайнера спытаў, ці ведае ён, як пішацца беларуская мова па-беларуску. Ён адказаў, што ведае, і нават па тэлефоне размаўляў са мной па-беларуску! Але калі я прыйшоў атрымаць гэтыя візітоўкі, ён ужо размаўляў па-расейску. Лянота – вось і ўсё.

Калі я замаўляў гэтыя візітоўкі першапачаткова, я прасіў таксама дадаць беларускі сцяг. Дадалі, але не гэты. Потым я спытаў у дызайнера (спытаў па-расейску, бо тры гады таму я яшчэ не размаўляў па-беларуску): скажыце, калі ласка, якая мова асабіста ў вас асацыюецца з гэтым (чырвона-зялёным) сцягам? Адказ быў – расейская. Але для яе ёсць гэты сцяг (паказвае на расейскі сцяг). З якой мэтай ставіць сцягі аднолькавага сэнсу? (усміхаецца). Таму я патрабаваў менавіта бел-чырвона-белы сцяг. Але ёсць варыянт візітоўкі і без яго, бо ёсць людзі, каму такую нельга нават паказваць.

dsc_0037— Што павінны рабіць беларусы, каб не згубіць сваю родную мову? А, можа, яна ім увогуле непатрэбна?

Найлепшы шлях для распаўсюджвання мовы – гэта проста размаўляць на ёй. Вось я памыліўся, калі замаўляў тут каву па-расейску, а вы мелі рацыю, што казалі па-беларуску. Усяго два словы, але… На мой погляд, “Мова нанова” робіць вельмі добрую справу, але калі ўлічваць, якое насельніцтва ў Берасці і колькі з іх ходзіць на курсы… Тым не менш, я мяркую, мы ўсё ж такі пакрысе змяняем сітуацыю.

Зараз я працую перакладчыкам на Брэсцкім электралямпавым заводзе. На маёй працы ёсць жанчына, якая, калі пачула, што я займаюся беларускай мовай, пачала пасміхацца. Калі я паказаў калегам сертыфікат, што я прайшоў міжнародную школу па беларускай мове, яна сказала, што трэба мне дыктант напісаць. Праз некаторы час я падышоў да яе і сказаў: давайце пісаць дыктант. Яна прадыктавала толькі адно слова – радзіма. Я дрэнна пішу без кампутара, але гэтае слова я напісаў. Пазней я зноў нагадаў ёй пра дыктант. Яна паспрабавала мяне выправіць з “дыктанта” на “дыктоўку”, я патлумачыў, што ёсць два варыянты гэтага слова. І верш Някляева нават мае такую назву – “Дыктант”. Ведаю, што паэт мае права на змену слова дзеля рытмікі. Пасля гэтага яна ўжо больш не падымае са мной гэтую тэму (усміхаецца).

МНЕ ЗАРАЗ ТАКСАМА СКЛАДАНА РАЗМАЎЛЯЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ, АЛЕ ТРЭБА ДАЙСЦІ ДА ТАКОГА ЎЗРОЎНЮ, КАБ ТЫ ЗМОГ ДАСКАНАЛА ВЫКАЗАЦЬ СВАЁ МЕРКАВАННЕ. А КАЛІ ТЫ НЕ ВЕДАЕШ РОЗНІЦУ ПАМІЖ СЛОВАМІ “ДЛЯ” І “ДЗЕЛЯ”, ТО ГЭТА НЕМАГЧЫМА.

— Асабіста вам беларуская мова больш дапамагае ці перашкаджае ў працы і па жыцці?

Калі пачынаеш (хоць і вельмі дрэнна) размаўляць па-беларуску, то ў той жа момант усе звяртаюць на цябе ўвагу. Магчыма, нехта і ў адмоўным сэнсе, але я іх і не ведаю. А з такімі, як вы, я ўжо добра знаёмы.

Што тычыцца мастацкіх перакладаў: напрыклад, калі я перакладаў Ігара Бабкова тры гады таму, я звяртаўся да яго з пытаннямі па-расейску. Яму было вельмі прыемна, што яго перакладаюць на вугорскую мову, ён адказваў мне ветліва. Але потым, калі я ўжо звяртаўся да яго на беларускай мове… “О, сябра!” (усміхаецца)

Для мяне вывучэнне мовы карысна і “корыстно”. Мне патрэбна больш глыбокае веданне беларускай мовы дзеля таго, каб лепш разумець усё тое, што я чытаю. Бо мне разумець Някляева нескладана, я яго добра ведаю і адчуваю яго мысленне. Зразумець Акудовіча, каб паразмаўляць з ім некалькі гадзін, для мяне вельмі складана. А зразумець верш (чый бы ён ні быў) – немагчыма без актыўнага валодання мовай увогуле. Зараз пачынаю, але, мяркую, ніколі не дайду да таго ўзроўню, каб перакладаць  мастацкую літаратуру на беларускую мову. Іншыя рэчы перакладаць на беларускую зараз няма ніякага сэнсу.

3-2

— За гэты час вы, напэўна, аб’ехалі ўсю Беларусь. Якія мясціны вам найбольш падабаюцца?

Я вельмі люблю Наваградак. Хоць музей Міцкевіча не мае ні адной аўтэнтычнай рэчы, але музейшчык там вельмі цікава і мілагучна размаўляе на неверагоднай польска-беларуска-расейска-украінскай трасянцы. Не люблю Менск. Ён нічым не адрозніваецца ад “noname” горада. Як кажа Акудовіч, горад, якога няма. Я прапаную на Вугоршчыне прыязджаць сюды, але, напраўду, мала, хто едзе ў Беларусь. З аднаго боку, візавыя праблемы, з другога боку, ёсць шмат іншых цікавых краін. На мой погляд, гэта краіна павінна быць вельмі цікавай і карыснай для даследчыкаў гісторыі беларускай і асабліва ліцвінскай. Любімым горадам я б назваў Берасце і яшчэ Гародню. Зараз я не шмат гуляю па гораду, бо імкнуся як мага больш чытаць, асабліва па-беларуску.

Выходзячы з кавярні, мы ўжо абодва сказалі па-беларуску “да пабачэння”. Беларуская мова выйшла за межы інтэрвью і курсаў да людзей на вуліцы. Замежнікі, якія вучаць беларускую мову, каб размаўляць на ёй… Хіба гэта не нагода для саміх беларусаў нарэшце зрабіць першыя свядомыя крокі да роднай мовы?

Фота з суполкі «Мова Нанова ў Берасці» і з архіву Петэра Бараса

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат