Пра курсы
ГАРАДЫ :


03.09.2017
Прынцыпы жыцця Алеся Адамовіча

3 верасня Алесю Адамовічу было б 90. Да юбілею вядомага пісьменніка і грамадскага дзеяча «Мова Нанова» прыгадала некалькі цікавых фактаў яго неўтаймаванага жыцця

adam3

«Нягоднікі»

Калі ў 1966 годзе ў Маскве была сфабрыкаваная справа савецкіх літаратараў-«здраднікаў» Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля, Алесю Адамовічу, які чытаў у Маскоўскім універсітэце курс лекцый па беларускай літаратуры, прапанавалі разам з прафесурай МДУ публічна выступіць з асуджальным лістом. Але Адамовіча паспелі папярэдзіць  — у яго быў шанец «знікнуць» ці хоць бы назвацца хворым, аднак ён гэтага не зрабіў, занатаваўшы пазней у сваім «Путешествии из Минска в Москву и обратно»: «…не пайсці, пагадзіцца, што мяне “не знайшлі”, — як пасля будзеш адчуваць сябе? Вось мы ўсе папракалі “старых”, што яны дазволілі сталінскай бандзе асядлаць краіну, загнаць усіх у Страх, у Паслухмянасць. Аднак не адразу ж гэта пачалося, з нечага пачыналася, і тады яшчэ можна было нешта выправіць, змяніць сваю і нашу будучыню. А ці не такі момант зноў падступае?.. Потым ужо ў нас будуць пытацца, катаваць нашае сумленне: як гэта вы дазволілі?»

Адмовіўшыся падпісаць калектыўны ліст і адкрыта заявіўшы: «Суда яшчэ не было. Якое ж мы маем права папярэднічаць рашэнню суда?.. Ці не мала з нас аднаго 37-га года?», — Адамовіч вымушаны быў звольніцца з МДУ і вярнуцца ў Мінск. Ён быў у настолькі ўсхваляваны ў той час, што па начах прачынаўся ад уласных крыкаў: «Нягоднікі!»

adam5

Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Ніл Гілевіч

 

 

Вернасць прынцыпам

Афіцыйны Мінск сустрэў апальнага прафесара халодна — ён год заставаўся без працы, бо сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Станіслаў Пілатовіч прыстрашыў: «Партыя не выпусціць са сваіх рук літаратурную крытыку, хай Алесь Адамовіч не разлічвае, што аддадзім яму». Яму нават хацелі адмовіць у мінскай прапісцы, таму што першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў заявіў: «Хай там адмываецца, дзе награшыў!»

Ужо праз гады Машэраў, маючы на ўвазе справу Сіняўскага-Даніэля, лагодна скажа Адамовічу: «Вы былі малады, вядома, маладосць, гарачнасць…», — але той парыруе: «Няўжо, Пётр Міронавіч, вы думаеце, што сёння я падпісаў бы такі ліст? Я і сёння не падпісаў бы».

 

 

Ахвяры і каты сістэмы

Самы вядомы кінафільм па творах Адамовіча — «Иди и смотри» расійскага рэжысёра Элема Клімава. І хоць першапачаткова ідэя экранізацыі была падтрымана былым партызанам Пятром Машэравым, аднак нават ён не быў усемагутны. Адамовіч прыгадваў: «Сцэнар, які быў ужо прыняты, перадалі на дадатковы водгук нейкім генералам, якія ніколі не маглі вымавіць слова “экзістэнцыялізм”, аднак у іх водгуку гэтае слова паўтаралася не менш за пяць разоў…» На адрас сцэнара было зроблена дванаццаць заўваг. Клімаў пагадзіўся толькі з адной. Вердыкт — фільм здымацца не будзе.

Дазвол быў атрыманы толькі пасля гібелі Машэрава, праз шэсць гадоў. Прычым праўкі ў сцэнары аказаліся ўжо без патрэбы — неабходна было толькі «дабро» парткіраўніцтва. Аднак высокі цакоўскі функцыянер Іван Антановіч вырашыў карціну загубіць. Так, падчас прагляду гатовага фільма ён заявіў Элему Клімаву: «Вы, магчыма, і геній… а я чалавек ардынарны, просты, і ў нас з вамі ніколі міру не будзе. Я ніколі побач з вамі не буду змагацца, дапамагаць вам». І яшчэ: «У вакууме мастак тварыць не можа… Яму павінен нехта стаяць і назіраць цераз плячо. Наша бяда ў тым, што мы наравілі абуць кірзавыя боты перш, чым паглядзець цераз плячо. Гэта праблема Сістэмы. Мы былі яе ахвярамі».

Фільм удалося абараніць толькі пасля таго, як яго паглядзелі найлепшыя тагачасныя савецкія кінарэжысёры. Зрэшты, яны таксама спачатку ледзь не пахавалі фільм, але становішча выратаваў Адамовіч, які сказаў прама ў твар кіраўніку Саюза кінематаграфістаў Льву Куліджанаву: «Мы, літаратары, — лайно, але такога дзярма, як вы, кіношнікі, я яшчэ не бачыў. Вы што, не разумееце, што загубілі свайго таварыша? Мы, пісьменнікі, таксама адзін аднаго не гладзім па поўсці, але калі пытанне стаіць пра жыццё і смерць таварыша па прафесіі, не дазволім сабе такога. Вы ж аддалі карціну і рэжысёра на расправу».

Пасля гэткага жорсткага выступу фільм быў прыняты.

adam1

 

 

«Шкодны пацыфіст»

У 1983 годзе пры ўдзеле Адамовіча была арганізаваная канферэнцыя на тэму ядзернага апакаліпсісу. Актыўна выступаючы з ідэяй ядзернага раззбраення, беларускі пісьменнік спрабаваў прабіцца да камандзіраў падводных лодак, здольных «пры неабходнасці» двума дзясяткамі ракет знесці Еўропу ці Амерыку. Адамовіч хацеў зразумець: «хто ж каля кнопак і чаго можна чакаць ад іх». Пагаварыць атрымалася з трыма капітанамі — адным амерыканскім і двума савецкімі. Адну такую гутарку пісьменнік надрукаваў у «Московских новостях», пасля чаго яго абвінавацілі ў «кашчунстве», «здрадзе», «абстрактным гуманізме» і «шкодным пацыфізме».

Адамовіч прызнаваўся, што ўпершыню ў поўнай меры ўсвядоміў, з кім мае справу грамадства і каму акадэмік Сахараў уручыў сваю бомбу, у сярэдзіне 1980-х — пасля размовы з незабыўным Антановічам. Адамовіч прыгадваў: «Выклікалі мяне ў ЦК, і я ад Івана Іванавіча пачуў, нарэшце, што такое сацыялістычны, не абстрактны гуманізм.

— Што вы ўсё палохаеце атамнай бомбай? Адкуль вы ўзялі, што загіне ўсё чалавецтва?

На мае аргументы… прагучаў адказ. Вось ён:

— Калі нават ад усяго нашага народа застанецца ў жывых 10 чалавек, задача ў тым, каб яны засталіся савецкімі людзьмі. У гэтым я бачу мэту сваёй працы, але і вашай, пісьменніцкай, таксама».

 

 

«Краіна, якой не шкада»

У 1986-м, адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Адамовіч, сустракаючыся з навукоўцамі і імкнучыся прарваць інфармацыйную блакаду, пачаў збіраць і публікаваць засакрэчаную інфармацыю, якая датычылася ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці населеных пунктаў і вынікаў лячэння пацярпелых. Тады ж, выступаючы на ​​сходзе навукоўцаў-фізікаў, ён заявіў: «Сціпласць беларусаў павярнулася супраць іх. Не верце, дзеля бога, што нармальна. Патрэбна дапамога, амаль як у 1941 годзе».

Але гэтага было, вядома, недастаткова, і Адамовіч напісаў і адвёз ліст асабіста Генеральнаму сакратару ЦК КПСС Міхаілу Гарбачову: «…Радыяцыя ўдарыла найперш па нашай рэспубліцы: Гомель, Магілёў, Жлобін, Мазыр, Слаўгарад, Краснаполле, Рэчыца, Хойнікі, Нароўля, Брагін, Пінск, Слуцк, Брэст. Дасталося і Мінску. А паміж гэтымі гарадамі тысячы вёсак… Людзям пагражае радыяцыйнае атручванне праз прадукты харчавання… У нас фактычна няма патрэбнай колькасці прыбораў для замеру радыяцыі ў прадуктах харчавання… Патрэбна дапамога ўрачамi-спецыялiстамi… І вывозіць дзяцей, падлеткаў, цяжарных жанчын і ўвогуле ўсіх, каго магчыма!.. Толькі не згубіць час!»

Ужо праз тры дні ў Мінск прыехала камісія з 60 чалавек, якую сустрэў дружны кагал мясцовых чынушаў-аптымістаў, якія запэўнілі маскоўскіх гасцей: ад радыяцыі пацярпелі толькі тры раёны, а не пятая частка рэспублікі. Аўтара ж ліста да Гарбачова абвінавацілі ў панікёрстве.

Пазней, маючы на ўвазе злачынную пазіцыю беларускіх парткіраўнікоў, Адамовіч афарыстычна сфармулюе іх крэда: «краіна, якой не шкада». Размова ішла пра Беларусь.

 

 

«Не бойся»

Напрыканцы 1980-х кінарэжысёры Юрый Хашчавацкі і Аркадзь Рудэрман знялі фільм «Встречный иск», адным з эпізодаў якога стаў судовы працэс: былы пракурор Шахаўцоў падаў у суд на Адамовіча за тое, што той назваў Сталіна злачынцам. «Падчас гэтага суда, — прыгадваў Юрый Хашчавацкі, — Адамовіч сказаў, што стары Майсей быў забыўлівы — Гасподзь пакінуў яму 11 запаведзяў, а той запомніў толькі 10. 11-я гучыць так: “Не бойся”». Сапраўды, гэта быў пажыццёвы прынцып Адамовіча…

Жывучы ў апошнія гады ў Маскве і церпячы ганенні ў Беларусі (што, уласна кажучы, і стала прычынай ад’езду з Мінска), ён заўсёды імкнуўся дадому. І памёр (а па сутнасці, загінуў) у Маскве адразу пасля выступу ў Вярхоўным судзе ў падтрымку Міжнароднага літфонду ў пытанні аб непадзельнасці ўласнасці пісьменнікаў былога СССР. І тут ужо не будзе перабольшваннем сказаць, што праўды Адамовіч дамагаўся практычна да апошняй хвіліны.

adam4

З Васілём Быкавым

 

Недаацэнены

Пра Адамовіча зноў шырока загаварылі напрыканцы 2015 года — у сувязі з беларускім Нобелем: найперш сказала сама Святлана Алексіевіч, якая назвала Алеся Адамовіча і Васіля Быкава сваімі настаўнікамі. Што ж тычыцца кнігі «Я з вогненнай вёскі…», якая была напісана Адамовічам у сааўтарстве з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам, то, па словах Алексіевіч, гэта геніяльная кніга, якая і дапамагла ёй адчуць, намацаць свой жанр у літаратуры.

Увогуле, на думку Алексіевіч, Адамовіч застаўся недаацэненым, і калі б лёс Беларусі і яго асабісты склаліся  іначай, ён мог бы стаць беларускім Вацлавам Гавэлам.

 

Сяргей ШАПРАН, адмыслова для movananova.by

Фота Уладзіміра Крука, Яўгена Коктыша

adam2

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат