Пра курсы
ГАРАДЫ :


09.11.2015
Пачаўся прыём заявак на новую адукацыйную праграму Лятучага ўніверсітэта

5 лістапада пачаўся прыём заявак на новую адукацыйную праграму Лятучага ўніверсітэта.

Трохі перафразуючы Джулію Пеймон-Джонс, можна сказаць, што “думаць пра непамыснае і рабіць неверагоднае – гэта вялікая прывілея”. Гэта прывілея маладосці, якая яшчэ не заціснута ў “дарослыя” рамкі таго, што магчыма і немагчыма. Гэта прывілея свабодных людзей, які могуць дазволіць сабе “зрабіць усё не так”. Гэта прывілея спозненых, калі лепш распачаць новае, чым даганяць. Гэта прывілея рэфлексіўных, якія бачаць крызу існуючага і гатовы “паставіць” на тое, што можа прыйсці замест. Гэта прывілея амбітных.

Лятучы ўніверсітэт – не звычайная адукацыйная ўстанова, мы ствараем супольнасць “прывілеяваных”, тых, для каго “Мысленне” і “Беларусь” з’яўляюцца не проста арыенцірамі, але і асноўнымі выклікамі для практыкі і жыцця. За пяць гадоў працы мы атрымалі не толькі вялікі досвед і шырокае кола слухачоў. Усе гэтыя гады мы знаходзіліся ў пошуку новага зместу адукацыі, які адпавядае ідэісучаснага Універсітэта. У гэтым накірунку мы пільна ўглядаемся ў феномен “гульні”. Мы гуляем ва Універсітэт, мы будуем яго як сваю прастору мыслення, якая дазваляе ствараць новыя сэнсы, шукаць адказы на падставовыя пытанні.

У новай адукацыйнай праграме Лятучага ўніверсітэта — значныя інавацыі. Дадатковую ступень у структуры адукацыі створаць Школы Магістраў Гульні. Мы ведаем Magister ludi з твораў Германа Гесэ. У Касталіі магістры стваралі новую культуру, якая б магла пераадольваць стан “фельетоннай эпохі”. І фантастычнай Касталіяй гэты пошук не скончаны. Сёння нам у Беларусі трэба знайсці сваё рашэнне, сваю форму мыслення і ладу жыцця.

Школы Магістраў Гульні разлічаны на невялікія групы, якія ў шчыльнай камунікацыі з Настаўнікамі — беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі — будуць супольна займацца інтэлектуальнай працай. Паспяховае заканчэнне Школаў будзе адзначацца наданнем выпускнікам тытулу “Магістар Гульні”, што запачаткуе новую генерацыю мысляроў і стваральнікаў Беларусі.

Школа Гісторыі ідэй разгарне выбудову інтэлектуальнага кантэксту, звязкі традыцыі і сучасных умоваў мыслення на памежжы гісторыі філасофскай думкі, інтэлектуальнай і культурнай гісторыі.

Кіраўнік Школы – Ігар Бабкоў

Метадалагічная школа прапануе засванне, развіццё і практыкаванне сучасных формаў супольнага мыслення і выбудовы будучыні праз практыку і развіццё ідэяў.

Кіраўнікі Школы – Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская

ШКОЛА ВКЛ звернецца да спадчыны, каб пераўтварыць веды пра мінуўшчыну ў актуальны жывы падмурак цяперашняга самаразумення, культуры і пабудовы будучыні.

Кіраўнік Школы – Алег Дзярновіч.

Школа Сацыяльна-філасофскайаналітыкі паглыбіцца ў выбудову сацыяльнага ўяўлення пра беларускае грамадства, стварэнне тэкстаў, у якіх схопліваецца сучаснасць.

Арганізатары Школы – супольнасць “Беларускай Філасофскай прасторы”

Усе Школы разлічаны на два з паловай гады: са студзеня 2016-га па травень  2018-га года.

Кожная з іх прадугледжвае строгі адбор па асабістых крытэрах, звязаных з тэматыкай і адпаведным тыпам інтэлектуальнай практыкі. Праграмы Школаў уключаюць як засваенне агульных курсаў Лятучага, так і працу ў індывідуальных фарматах, асабістых для кожнай школы. Уся інфармацыя пра Школы і спосабы падачы заявак змешчана на сайце.

У новай праграме Лятучага ўніверсітэта застаецца таксама і ўжо традыцыйны адукацыйны фармат – курсы, якія ствараюць прастору для індывідуальнага руху па вольнай траекторыі. Гэта так званы першы ўзровень адукацыі, які дае магчымасці для засваення розных падыходаў у мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практыках, знаёмства  з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснай беларускай думкі, пошуку свайго Настаўніка.

У гэтым годзе плануецца 8 курсаў. Яны прадстаўляюць арыгінальныя беларускія філасофскія канцэпцыі, а таксама прапануюць разабрацца з метадамі працы з мінулым і традыцыяй — як інтэлектуальнай, так і стылёвай. Асобную групу ствараюць курсы, у якіх будзе адбывацца герменэўтычная праца з тэкстамі, якія задаюць падмурак беларускай і еўрапейскай культуры.

Мысленне. Ад філасофскага здумлення да практычнай катэгарычнасці (У.Мацкевіч)

Майстэрня Свамовы: Мысьліць па-беларуску (М.Баярын)

Праца з мінулым. Шлях гістарыяграфіі (Г.Сагановіч)

D4: Вобраз і стыль (М.Анемпадыстаў)

Гісторыя беларускай думкі ў кантэксце еўрапейскага мыслення (І.Бабкоў)

Школа Бібліі (І.Дубянецкая)

Тэхнікі сімбалічнай інтэрпрэтацыі (П.Баркоўскі)

Глабальныя праблемы паўсядзённасці. Актуальныя дыскусіі ў еўрапейскай супольнасці (В.Бабровіч)

Гэтыя курсы адкрыты для ўсіх, хто шукае новых сэнсаў, мае пытанні і праблемы, гатовы да зменаў у сабе і ў свеце. Узрост, адукацыя і прафесія не маюць абмежаванняў. Здольнасць да ўдзелу вызначаецца гатоўнасцю да супольнага мыслення і адпаведнасцю ўзроўню, які задае выкладчык.Заяўляцца можна на любую колькасць курсаў, пры гэтым варта разлічваць на свае фізічныя і інтэлектуальныя сілы і магчымасці. Курсы будуць адбывацца са студзеня па чэрвень 2016 года. Па заканчэннівы не атрымаеце дыпломаў ці пасведчанняў. Але вы зможаце знайсці Настаўніка ці “сваё кола”. Гэтая праца можа стаць важным крокам у Вашай жыццёвай ці адукацыйнай траекторыі.

ЗАПІС НА КУРСЫ І ШКОЛЫ трывае да 5 СНЕЖНЯ! Падрабязна з ПРАГРАМАЙ ЛЯТУЧАГА ЎНІВЕРСІТЭТА можна пазнаёміцца тут

Да сустрэчы ў Лятучым універсітэце!

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат