Пра курсы
ГАРАДЫ :


27.11.2016
НЕВЯДОМАЕ ІНТЭРВ’Ю ВАСІЛЯ БЫКАВА ПРА УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА

«ЯГО ДУША ЗАЎСЁДЫ ПРАЦАВАЛА»

k2

Ішоў 2003 год. Васіль Быкаў жыў тады ў Празе. Разам з Рыгорам Барадуліным, калі ён завітваў у рэдакцыю «Белорусской деловой газеты», мы час ад часу тэлефанавалі Васілю Уладзіміравічу і з нейкай нагоды, і проста так… Патэлефанавалі і 20 лютага, каб распытаць пра Уладзіміра Караткевіча: я рыхтаваў для дадатку да «БДГ» «БДГ. Для служебного пользования» вялікі артыкул пра Уладзіміра Сямёнавіча, але толькі невялічкая частка той размовы патрапіла тады на газетныя палосы, сама ж нашая гутарка так і засталася на аўдыёкасеце. Зрэшты, яе нельга назваць інтэрв’ю ў звычайным сэнсе, бо гутарка ад самага пачатку не будавалася па канонах інтэрв’ю, — мяне найперш цікавіла думка Васіля Быкава адносна пэўных момантаў біяграфіі Уладзіміра Караткевіча.

Сяргей Шапран

k1  

Падчас святкавання 50-годдзя Уладзіміра Караткевіча

         — Васіль Уладзіміравіч, некалі ў адным з выступаў Вы сказалі, што Караткевічу пры жыцці было недададзена ўвагі. На думку Адама Мальдзіса, гэтыя словы патрабуюць канкрэтызацыі: калі менавіта было недададзена ўвагі, па чыёй віне? Як бы Вы адказалі на гэтае пытанне?

— Па віне найперш беларускай літаратуры. Не магу ж я вінаваціць у недахопе ўвагі да Караткевіча КДБ — з гэтага боку ўвагі да яго было якраз дастаткова. І з боку кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў увагі таксама было дастаткова — яго, дзякуй Богу, распрацоўвалі і, так бы мовіць, «сядзелі» на ім. А вось што тычыцца сяброў і літаратуры ўвогуле — гэта значыць, у пашыраным сэнсе, — дык  тут увагі было аддадзена мала і яму самому, і ягоным творам, бо вядома ж, куды ў той час была скіраваная ўвага літаратуры — на тых літаратараў і на тыя творы, якія прэміраваліся, якім прысуджаліся дзяржаўныя прэміі. І гэта — у шкоду прэміям Уладзіміру Караткевічу. Вось што я меў на ўвазе.

k4

Мікола Аўрамчык, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч. Фота Уладзіміра Крука

— Як Вы лічыце, калі б яшчэ пры жыцці Караткевіч быў ацэнены па сваёй вартасці, змог бы ён напісаць больш, чым напісаў?

— Ну, пра гэта заўсёды цяжка гаварыць. Я думаю, што кожны піша роўна столькі, колькі можа і колькі сам мае ў тым патрэбы. І таму патрабаваць ад Караткевіча, каб ён напісаў тое, што ён не напісаў, немагчыма. Мяркую, ён напісаў дастаткова: здаецца, 7 ці 8 тамоў ягоны Збор твораў. Ну, гэта нямала, нямала… Тым больш літаратура такой якасці — паэзія, проза, эсэістыка. І  яшчэ ліставанне, прычым вельмі добрае ліставанне, якое некалі надрукаваў Янка Брыль.

— Гэта ў кнізе «Шляхам гадоў»?

— Так, вельмі добрае. Я думаю, што і іншыя таксама маглі б нешта надрукаваць — тыя, з кім ён быў у актыўнай перапісцы.

         — Адам Мальдзіс прыгадваў: у часы, калі пасля разноснай крытыкі ў Караткевіча апускаліся рукі, Брыль настойліва ўгаворваў яго не паддавацца чорнаму настрою і — пісаць, пісаць, пісаць! [Тут Барадулін, які чуў нашу з Быкавым гутарку, сказаў: «Глупства гэта!»] На гэта Валодзя агрызаўся: «Па вашай бы шкуры пісаць! Хто ж друкаваць будзе?!» У адказ Брыль прывёў словы Хемінгуэя: «Пішы сумленна, а калі-небудзь цябе прызнаюць, хай нават пасля смерці, што больш сумна». Васіль Уладзіміравіч, пытанне ў гэтай сувязі: ці магла ўплываць на Караткевіча вось гэтая сітуацыя, калі ён часам вымушаны быў пісаць, як кажуць, у стол?

— Напэўна, уплывала… Мяркую, Мальдзіс быў бліжэй да яго ў той час — яны сябравалі. Я ўсё-такі жыў у гэтыя гады ў Гародні, а з ім сустракаўся рэдка… Вядома, уплывае, Божа мой! Бо аўтар заўсёды вызваляецца ад твора, над якім працуе гадамі, ужо пасля таго, як ён выходзіць у друк. Тады толькі ён можа абстрагавацца ад яго і прыступіць (хоць  бы ў думках) да нечага новага. А калі твор застаецца нерэалізаваным — гэта значыць, напісаным, але ненадрукаваным, — тады ён маральным грузам цісне на душу. Гэта ж зразумела.

k3

Мікола Аўрамчык, Васіль Быкаў, Аляксандр Дракахруст, Уладзімір Караткевіч. Фота Уладзіміра Крука

         — Караткевіч пісаў у адным з лістоў: магчыма, гэта лёс усклаў на плечы якіх-небудзь трыццаці людзей цяжар цэлага народа, каб даведацца, ці ёсць мяжа сілам чалавечым, і той, хто ўцячэ, — той горш за дэзерціра. У звязку з гэтым пытанне збольшага рытарычнае: думаю, у гэтым сэнсе Караткевіч дэзерцірам ніколі не быў?

— Вядома, не быў. Ён працаваў як вол. Ён шмат працаваў. І ў Мінску, і ў Маскве, калі там вучыўся, і ў Воршы, і падчас сваіх падарожжаў яго душа заўсёды працавала…

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат