Пра курсы
ГАРАДЫ :


20.07.2015
Неймаверная гісторыя шлюбу Вінцэнта Марцінкевіча

Быў у жыцці першага беларускага камедыёграфа ўчынак у духу камедыі «Каўказская палонніца» — выкраданне нявесты. Піша гісторык-архівіст Зміцер Дрозд.

Жыццё Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча было поўнае падзей, у рэальнасць якіх цяжка паверыць. Падаецца, што сам драматург накідваў гэтыя захапляльныя сюжэты, дазнаўшыся пра якія, крытычна настроены чытач выгукне: «Не веру!»

Чаго вартая гісторыя з прыжыццёвым пахаваннем пісьменніка, пра якую «НН» пісала тут.

Той «тэатральны» эпізод далёка не адзіны ў жыцці Марцінкевіча. Быў у ім і ўчынак у духу камедыі «Каўказская палонніца» — выкраданне нявесты. Пра тое, як 24-гадовы Вінцук умыкнуў сваю будучую жонку Юзэфу Бараноўскую, пісалі біёграфы Марцінкевіча, тое-сёе пра гэту гісторыю помнілі дочкі класіка, але без падрабязнасцяў.

Сучасныя даследчыкі знайшлі запіс пра вянчанне Вінцэнта Марцінкевіча і Юзэфы Бараноўскай. Адбылася знамянальная падзея ў Мінску 18 снежня 1831, у касцёле кляштара бернардзінак, у прысутнасці сведкаў, сярод якіх быў нават суддзя 1-га (крымінальнага) дэпартамента Мінскага галоўнага суда Казімір Ваньковіч. Наўрад ці ён стаў бы браць удзел у выкраданні непаўналетняй.

І ўсё ж шлюб быў не зусім звычайны. Чаму вянчаліся не ў Катэдры, прыхаджанамі якой былі, а ў жаночым кляштары? Чаму вянчанне адбывалася «згодна з указаннем біскупа мінскага Матэвуша Ліпскага»? Навошта на шлюб дазвол біскупа? Сёння мы можам адказаць на ўсе гэтыя пытанні.

Любоў сярод вайны

Пачаць нашу гісторыю немагчыма, не абмаляваўшы агульны план. 1831 год можна параўнаць з нашым часам — тады дакладна гэтак жа адзін славянскі народ, палякі, зрабіў спробу вызваліцца з «братэрскіх абдымкаў» велікаросаў — і скончылася гэта вайной. Ваенныя дзеянні разгортваліся і на нашай тэрыторыі, зацягваючы дзясяткі тысяч маладых людзей у барацьбу за свабоду ад Расіі. У канцы 1830 у Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губернях, Беластоцкай вобласці, а таксама ў Валынскай і Падольскай губернях было ўведзенае ваеннае становішча. Да восені 1831 паўстанне, што бушавала на прасторах былой Рэчы Паспалітай, яшчэ толькі заціхала: 8 верасня пад ціскам расейскіх войскаў пала Варшава, 21 кастрычніка паўстанцы склалі зброю. Для тысяч удзельнікаў паўстання параза стала жыццёвай трагедыяй: многія вымушаны былі назаўжды пакінуць радзіму, трапіўшы ў высылкі або эміграваўшы. Марцінкевіча ж, які праз трыццаць гадоў, у 1863-м, спрычыніцца да паўстання наступнага пакалення, у 1831-м па-сапраўднаму хвалявала толькі каханне…

Кожнага зарэжу да смерці

Дзень 27 лістапада 1831 пераваліў за поўдзень. Судовае пасяджэнне Мінскай рымска-каталіцкай кансісторыі завяршалася і службоўцы збіраліся па хатах, калі ў памяшканне ўвайшоў чыноўнік паліцэйскай управы Тамковіч і папрасіў не разыходзіцца. Скора па тым даставілі хлопца і дзяўчыну — канцылярыста Мінскага губернскага межнага суда Вінцэнта Марцінкевіча і дачку адваката Юзэфу Бараноўскую. Іх скіраваў у суд для разбіральніцтва часовы ваенны губернатар Мінска Строганаў, атрымаўшы прашэнне ад маці Юзэфы, Мар’яны Бараноўскай. Яна заявіла пра страшнае злачынства — выкраданне яе 14-гадовай дачкі: «…26-га лістапада а 3-й гадзіне апоўдні … канцылярыст Вінцэнт Марцінкевіч… маю дачку Юзэфу Бараноўскую, ад роду 14 гадоў, што ў вучэльню на ўрокі ішла, гвалтам на вуліцы схапіў і ў сваёй кватэры на Траецкай гары схаваў. Пра тое выкраданне калі мы з маім мужам даведаліся і дачку нашу ледзьве а 2-й гадзіне апоўначы ў кватэры Марцінкевіча знайшлі і патрабавалі вярнуць яе ў дом наш. Тады выкрадальнік Марцінкевіч не толькі яе не выдаў, але яшчэ з брытвай у руцэ да мяне кінуўся, кажучы, калі хто пасмее да маёй дачкі наблізіцца, кожнага зарэжу да смерці».

Губернатар загадаў паліцыі даставіць Вінцэнта і Юзэфу для разбіральніцтва. Высветліўшы падрабязнасці, перадаў маладых у кансісторыю, бо палічыў, што гэта справа духоўнага суда. У лісце да мінскага біскупа Ліпскага ён паведамляў пра абставіны гісторыі, у прыватнасці, што «памянёны Марцінкевіч жаніўся ўжо з дачкой просьбіткі».

Цікава, як расейскі ваенны губернатар у час польскага паўстання падпісваў лісты да каталіцкага біскупа: «З абсалютнай пашанай і адданасцю маю гонар быць Вашай Светласці пакорны слуга граф Строганаў».

Біскуп Ліпскі ў той дзень хварэў, і справу Марцінкевіча разглядаў прэлат Рава. Члены кансісторыі дапыталі маладых і высветлілі, што ніякага выкрадання не было, усё было са згоды Юзэфы, і яны сапраўды ўжо павянчаныя і з’яўляюцца мужам і жонкай.

Хто ж казаў праўду: маці або маладыя? На час следства было вырашана змясціць Юзэфу ў кляштар бернардзінак (цяпер гэта праваслаўны Свята-Духаў сабор на Нямізе) пад найстражэйшы нагляд.

Тады ж Марцінкевіч прадставіў у кансісторыю даведку ад святара ўніяцкай царквы з Сеніцы, Амялляна Людвіка Беліновіча, што 12 лістапада 1831 у прысутнасці сведак Ежы Рэўта, Паўла Жыглінскага і Міхала Карзюка ён павянчаў Марцінкевіча і Бараноўскую.

Папяровыя баі

І пачалася бітва прашэнняў, якія падавалі абодва бакі на ўсе высокія імёны — аж да імператара. 30 лістапада бацькі Бараноўскай у лісце на імя імператара Мікалая І запатрабавалі прызнаць шлюб несапраўдным, а таксама арыштаваць выкрадальніка іх адзінай дачкі і аддаць яго і святара Беліновіча пад суд. Бацькі не саромеліся кранальных выразаў пра боль бацькоўскага сэрца, называлі дачку адзінай надзеяй і апорай усяго іх жыцця і прадказвалі, што гэты шлюб прынясе ёй няшчасце.

У сваю чаргу і маладыя падалі на імя біскупа Ліпскага прашэнне. Марцінкевіч таксама здолеў укласці ў афіцыйны дакумент словы, здольныя растапіць любое сэрца. Ён пісаў, як яны з Юзэфай паўсталі перад яе бацькамі і перажылі страшную пакуту, калі тыя без важкіх прычын забаранілі ім пабрацца. «Пасля гэтага наша жыццё занурылася ў тугу і адчай, і адзіным, што асвятляла нашы дні, была надзея на шчасце. Не маючы больш сіл трываць пакуты, яны вырашыліся пабрацца шлюбам — хоць і не ў сваім парафіяльным саборы, але ўсё ж такі перад абліччам Божым, і пакляліся Творцу не адпускаць адно аднаго».

А праз колькі дзён Марцінкевіч пісаў прашэнне на імя імператара, у якім скардзіўся на марудлівасць кансісторыі, і пісаў, што яго жонка ў манастыры падвяргае сваё здароўе небяспецы. Ён прасіў імператара ратыфікаваць шлюб і забараніць бацькам умешвацца ў іх асабістае жыццё. Да просьбаў Марцінкевіч прыклаў метрычную выпіску Алінфіі Юзэфы Бараноўскай, з якой вынікала, што яна нарадзілася 6 чэрвеня 1815. Значыць, ёй не магло быць, як сцвярджала яе маці, 14 гадоў, а было ўжо 16 з паловай. Напэўна ж маці дакладна ведала век сваёй адзінай дачкі — і тое, што яна неаднаразова ў сваіх прашэннях уводзіла чыноўнікаў у зман, прымушае ўсумніцца і ў яе словах пра брытву і пагрозы. Відаць, кандыдат у зяці надта ж не падабаўся Мар’яне Бараноўскай.

Бацькі Юзэфы ў новым прашэнні на імя імператара паўторна патрабавалі арыштаваць выкрадальніка і трымаць яго пад вартай. Марцінкевіч у сваю чаргу скардзіўся, што яго жонку ў манастыры наведваюць падасланыя маці людзі і сама маці. Яны ўгаворамі і ціскам змушаюць Юзэфу сказаць, што шлюб быў прымусовы.

У адказ няшчасны бацька Юзэфы даводзіў імператару, што гэта справа крымінальная, а не духоўная, і расследаваць яе павінна паліцыя.

Ён патрабаваў пакараць Марцінкевіча і ўсіх яго саўдзельнікаў, асабліва Амбражэя Лісоўскага, службоўца кансісторыі, які, на думку Бараноўскага, быў галоўным натхняльнікам злачынства. У дадатак просьбіт сцвярджаў, што на пальцы жонкі Лісоўскага бачылі брыльянтавы пярсцёнак Бараноўскіх — і абвінавачваў Марцінкевіча ў крадзяжы.

Марцінкевіч у адказ угледзеў у заяве адваката Бараноўскага юрыдычную непісьменнасць — дакумент быў складзены ад імя сям’і Бараноўскіх, але падпісаны адным Юзафам. Таму Вінцэнт патрабаваў наогул не прымаць яго да разгляду як несапраўдны.

Вядома, расійскі імператар сам тых прашэнняў не чытаў, усё разглядалася на месцы.

Допыты

Перш чым прыняць рашэнне, кансісторыя падрабязна дапытала Юзэфу і Вінцэнта.

Юзэфа паведаміла, што ведае Марцінкевіча ўжо больш за тры гады. Гісторыю з «выкраданнем» яна апісала так: 26-га лістапада а 3-й апоўдні Юзэфа добраахвотна, адаслаўшы дадому слугу, зайшла на загадзя дамоўленую кватэру на вуліцы Дамініканскай, дзе быў Марцінкевіч. Туды прыйшла пані Лісоўская, і, сеўшы ў карэту з Марцінкевічам і той паннай, яны паехалі ў Сеніцу. Там у сваім доме іх вянчаў уніяцкі святар. На шлюбе прысутнічалі з жанчын пані Лісоўская, з мужчын — Лісоўскі, капітан Рэўт, а таксама мужчына, якога Юзэфа не ведала, і фурман, які іх прывёз, а таксама была сям’я Беліновіча. Адбылося гэта ўвечары а пятай гадзіне пры свечках. Святар запісаў шлюб у метрычную кнігу і даў маладым распісацца. Лісоўскі ж напісаў пасведчанне аб шлюбе, у якім распісаліся Беліновіч і ўсе сведкі. Пасля шлюбу ўсе паехалі ў дом Лісоўскіх, дзе прымала іх бабулька-маці Лісоўскай.

Цікавіла следчых і пытанне, як Юзэфа, ужо быўшы ў кляштары, падпісала прашэнне на імя біскупа Ліпскага і хто яго складаў. Бараноўская паказала, што прашэнне напісаў Марцінкевіч і прынёс яго да брамы кляштара, куды яна выйшла пад аховай дзвюх манашак і падпісала паперу.

Быў дапытаны і «выкрадальнік непаўналетняй». У адказ на патрабаванне назваць саўдзельнікаў выкрадання ён заявіў, што саўдзельнікаў не было, паколькі не было і выкрадання. З іншых яго адказаў мы дазнаемся, што ў Сеніцу маладых адвёз сваімі коньмі шляхціц Карзюк, а ксяндзу Беліновічу за вянчанне ён даў тры дукаты.

На пытанне, ці ведаў святар пра тое, што вянчанне таемнае, Марцінкевіч адказаў, што «за некалькі дзён прыязджаў і прасіў яго, каб даў нам шлюб, маліў яго, баяўся, што Юзэфа з часам можа быць зняслаўленая». Але святар вагаўся. Пагадзіўся толькі тады, калі маладыя прыехалі ўпрошваць яго разам. Беліновіча Марцінкевіч раней добра не ведаў, проста паехаў у найбліжэйшы да горада прыход.

Расказаў Марцінкевіч і пра абставіны з’яўлення ў доме Лісоўскіх Мар’яны Бараноўскай: «Прыйшла з 4-ма дзясяцкімі, салдатамі і іншымі і хацелі маю жонку адабраць. Але, не ўгаварыўшы, вярнулася дадому, а потым прыйшла з самай раніцы з салдатам, які да дня вартаваў нас».

Хэпі-энд

Невыпадкова бацька Бараноўскі патрабаваў, каб справу разглядаў крымінальны суд. Было ў яго падазрэнне, што духоўная кансісторыя не будзе занадта строгая да выхадак маладога Марцінкевіча. Яго сваяком, хоць і някрэўным, быў мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх цэркваў у Расійскай Імперыі, арцыбіскуп Магілёўскі, кавалер многіх ордэнаў і прочая, і прочая — Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. Гэты чалавек, хоць і не жыў ужо, але па-ранейшаму карыстаўся вялікай павагай — ён займаў сваю пасаду 50 гадоў! Напэўна, былі ў Марцінкевіча і жывыя ўплывовыя заступнікі, сярод якіх даследчык В. Ліпскі назваў таго самага біскупа Мацея Ліпскага, якому пераадрасаваў справу губернатар Строганаў.

І што ж у выніку? Маладыя былі прысуджаныя рашэннем кансісторыі… да трохдзённай рэкалекцыі — адзіноты ў манастыры і праслухоўвання пад кіраўніцтвам святара духоўнай навукі.

Ужо 11 снежня Вінцэнт адбыў пакаранне ў мужчынскім бернардзінскім кляштары. Юзэфу ж не выпускалі, пакуль яна не патлумачыла сітуацыю з дыяментавым пярсцёнкам. Юзэфа ў пісьмовым тлумачэнні не па гадах рашуча паказала, што яе муж чужых рэчаў не браў, а пярсцёнак з’яўляецца яе ўласнасцю, і яна ўзяла яго ў дом мужа. Юзэфа патрабавала вызваліць яе як мага хутчэй, спасылаючыся на слабасць здароўя «па прычыне замкнёнага паветра».

Вынік гэтай барацьбы за каханне нам вядомы: 18 снежня маладыя былі паўторна павянчаныя па ўсіх правілах.

***

Ці быў шчаслівы іх шлюб? Мы можам меркаваць толькі па сукупнасці фактаў. У 1835 Юзэфа перажыла арышт Вінцэнта, насіла перадачы ў Мінскі турэмны замак. Жыццё маладых было азмрочана і ранняй смерцю бацькоў Юзэфы (а сам Вінцэнт тады ўжо быў поўнай сіратой). У 1838 памёр Юзаф Бараноўскі, У 1840-м — 50-гадовая маці Мар’яна. Маладая сям’я бедавала, Марцінкевічы пазычалі грошы, прадавалі маёмасць. Магчыма, гэта падштурхнула Вінцэнта ўдзельнічаць у падробцы дакументаў… Але было і шмат радасных хвілін: і купля ўласнага маёнтка Люцынкі, і першыя творчыя поспехі Дуніна-Марцінкевіча на менскай сцэне, і, вядома, нараджэнне дзяцей — а іх у сям’і Марцінкевічаў было не менш за шэсць! На жаль, самой Юзэфе жыццё адвяло няшмат часу — у маі 1854 яна памерла, не дажыўшы месяца да свайго 40-годдзя.

Але калі і была ў Юзэфы з Бараноўскіх Марцінкевічавай хвіліна, каб успомніць перажытае, згадвала яна, пэўна, самы шчаслівы ў жыцці дзень — 18 снежня 1831 — дзень паўторнага шлюбу з Вінцэнтам. Дзень, калі сярод бурнага і жорсткага часу, пераадолеўшы столькі перашкодаў, перамагло іх каханне.

 

Наша Ніва

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат