Пра курсы
ГАРАДЫ :


22.07.2015
Мемуары Агінскага на французскай і беларускай мовах прадставяць у сядзібе кампазітара

Мемуары Міхаіла Клеафаса Агінскага на французскай і беларускай мовах прадставяць у музеі-сядзібе кампазітара ў Залессі (Смаргонскі раён) 25 верасня.

Пра гэта карэспандэнту БелТА паведаміла загадчыца Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, навуковы кіраўнік работ па стварэнні экспазіцыі музея-сядзібы Зінаіда Кучар.

У цяперашні час у сядзібе вядзецца праца па стварэнні музейнай экспазіцыі, яе адкрыццё запланавана на 25 верасня, калі ў свеце будуць святкаваць 250-годдзе з дня нараджэння былога ўладальніка сядзібы, сусветна вядомага кампазітара, палітычнага дзеяча і дыпламата Міхаіла Клеафаса Агінскага.

Як распавяла Зінаіда Кучар, так як асабістыя рэчы М.К.Агінскага ў Беларусі не захаваліся, у музей-сядзібу закупляюць антыкварныя экспанаты (мэбля, музычныя інструменты, посуд, аксэсуары, карціны і іншае), якія дазволяць музею стварыць каларыт эпохі музыкі. Акрамя таго, будуць максімальна выкарыстаны электронныя копіі дакументаў і артэфактаў роду Агінскіх, якія ў 2008 годзе былі перададзеныя музею з Маскоўскага архіва старажытных актаў, дзе захоўваюцца арыгіналы. Прычым стваральнікі экспазіцыі плануюць выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі прэзентацыі экспанатаў. “Мы створым эфект прысутнасці Агінскага ў сядзібе. Будзе створаны галаграфічны сюжэт ад’езду Міхаіла ў Фларэнцыю. Акрамя таго, будуць выраблены высокамастацкія муляжы асобных прадметаў, напрыклад, грамат, нячаткі Агінскага ў срэбным футарале і іншых”, – распавяла загадчыца.

Будучая экспазіцыя падзелена на некалькі тэм. Так, у вестыбюлі сядзібы будзе размешчана выстава, прысвечаная гісторыі рэстаўрацыі сядзібы. Асобна будзе створана экспазіцыя, прысвечаная музыцы Агінскага. У музычным салоне будуць прадстаўлены музычныя інструменты таго часу, галерэя партрэтаў, мемарыяльная мэбля, посуд, унікальная калекцыя візітовак знакамітых сучаснікаў Агінскага (Шапэна, Паганіні і многіх іншых). У кабінеце Агінскага можна будзе ўбачыць куфар з дакументамі, карты, радавод Агінскіх, выкананы на тканінавай аснове, метрыкі аб нараджэнні Міхаіла, пісьмовы стол сярэдзіны XIX стагоддзя, насценны гадзіннік, скрыпку, а таксама унікальную перапіску бацькі кампазітара Андрэя Агінскага з польскім каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім , запіску Міхаіла Клеафаса цару Аляксандру I. Тут жа будуць прадстаўлены мемуары (копіі-муляжы) Агінскага на французскай мове, а таксама ўпершыню – сучаснае выданне мемуараў на беларускай мове. Адпаведным чынам будуць аформленыя вялікая і малая гасціныя, у апошняй размесціцца экспазіцыя, прысвечаная сакратару Агінскага Леанарду Ходзька. У тэатральна-музычнай зале будуць праходзіць канцэрты і спектаклі. Аранжарэя будзе выкарыстоўвацца для зменных выстаў, таксама тут размесціцца кафэ, абсталяванае унікальнымі канструкцыямі, дзе кожны наведвальнік, не замінаючы адзін аднаму, зможа паслухаць музыку Агінскага. Асобная экспазіцыя будзе прысвечана гісторыі Залесся. “Сядзіба стане жамчужынай музейнай і музычнай культуры Беларусі, яе экспазіцыя па ўзроўні не саступіць Нясвіжу і Міру”, – сказала Зінаіда Кучар.

У музеі-сядзібе Агінскага 25 верасня адбудзецца вялікае свята “Вяртанне паўночных Афін”, праграма яго цяпер распрацоўваецца. Як паведаміла дырэктар музея Людміла Градзіцкая, плануецца, што на тэрыторыі сядзібы адкрыюцца тры творчых пляцоўкі, адбудзецца канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Міхаіла Фінберга і ансамбля класічнай музыкі “Класік авангард”, пройдуць выступленні коннаспартыўнага клуба “Залатая шпора”. А 23-24 верасня ў сядзібе будзе арганізавана міжнародная канферэнцыя, прысвечаная 250-годдзю з дня нараджэння кампазітара. На ўрачыстасці запрошаны прадстаўнікі пасольстваў еўрапейскіх краін, а таксама нашчадкі Агінскага па лініі яго дачкі Іва і Анджэй Залускія.

 

Таццяна Вішнеўская, БелТА

Фота: be.wikipedia.org

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат