Пра курсы
ГАРАДЫ :


11.02.2016
«Мая мара — каб у інтэрнэце можна было знайсці любую інфармацыю па-беларуску». Інтэрв’ю з беларускімі вікіпедыстамі

Штодня беларуская Вікіпедыя папаўняецца на 30–50 новых артыкулаў. Хто гэтыя гіперактыўныя аўтары, якія пішуць дзясяткі тэкстаў штомесяц? Свабода пагаварыла са сталымі рэдактарамі сусветнай энцыклапедыі.

Вольга Сітнік, рэдактарка «акадэмічнай» версіі беларускай Вікіпедыі: «Бывала, я праводзіла ў Вікіпедыі цэлыя дні»

Вользе Сітнік 33 гады. За 7 год працы ў Вікіпедыі яна напісала каля 3,5 тысяч артыкулаў. Пра анлайн-энцыклапедыю даведалася ў 2009 годзе. Спачатку працавала ў расейскамоўным раздзеле, потым адначасова правіла яшчэ і ў беларускамоўным. Цяпер жа большасць часу прысвячае толькі беларускамоўнаму сектару энцыклапедычнай часткі, а таксама мультымэдыйнаму ды тэкставаму сховішчам.

CF0EF51A-F179-42C7-A763-88DE215A7701_w640_s

Як і большасць вікірэдактараў, Вольга Сітнік прыйшла ў супольнасць выпадкова

«Ва ўсім свеце людзі адыходзяць ад глабалізацыі і спрабуюць неяк вызначыцца этнічна і культуралагічна, — кажа Вольга пра важнасць нацыянальнай Вікіпедыі. — Беларусы маюць шматлікія помнікі як матэрыяльнага, так і нематэрыяльнага характару, якія сорамна трымаць у падполлі. Яны вартыя пашаны ад усяго чалавецтва. Вікіпедыя акурат над гэтым і працуе штодня».

Яна пачынала з дробных правак, але з цягам часу прыйшла да буйных праектаў па стварэнні сотняў артыкулаў і адміністратарства. Агулам Вольга стварыла больш за 17 тысяч старонак.

«Прасцей адказаць, чым я не займалася ў Вікіпедыі. — кажа Вольга. — Асабліва прыемна, што абавязковасці ніякай няма. Я магу займацца новай справай ледзь не кожную хвіліну па сваім выбары. Таму і жорсткага плана ніколі не маю».

Вікідзейнасць — гэта як псіхатэрапія

Вольга кажа, што не збіралася станавіцца ані рэдактарам, ані адміністратарам Вікіпедыі: тое, што яна напісала некалькі тысяч артыкулаў для сусветнай энцыклапедыі, выйшла выпадкова.

3EABCD9D-E914-4F3C-952C-7E6B11D66E19_w268

«Праца над Вікіпедыяй, спадзяюся, робіць мяне больш цікавым чалавекам»

«Гэта было не столькі асэнсаванае рашэнне, колькі збег акалічнасцяў, калі я зрабіла нешта цікавае для сябе, а потым зрабіла гэта яшчэ некалькі соцень тысяч разоў».

Маючы тэхнічную адукацыю (яна скончыла БНТУ па спэцыяльнасці робататэхніка), Вольга найбольш упадабала працаваць з артыкуламі на прыродазнаўчыя і культурныя тэмы. Натхняе на новыя артыкулы невялікая хатняя бібліятэка. Там жа яна бярэ асноўную інфармацыю, якую потым падмацоўвае матэрыяламі, знойдзенымі на гэтую самую тэму ў інтэрнэце ці іншых раздзелах Вікіпедыі.

«Маіх артыкулаў, якіх не было на іншых мовах, не менш за некалькі соцень, а можа і болей, — кажа Вольга. — Магчыма, варта адзначыць серыю артыкулаў пра беларускія народныя танцы».

Калісьці Вольга праводзіла ў Вікіпедыі цэлыя дні. Цяпер, калі яна мае старэйшую дачку і дваіх немаўлятак-двайнятак, вольнага часу ў яе ўжо не так шмат. Але ўсё адно штомесяц рыхтуе каля 30 артыкулаў.

«Вікіпедыя — гэта для мяне і хобі, і адпачынак, і карысная грамадская дзейнасць, — кажа Вольга. — У нейкім сэнсе вікідзейнасць для мяне — нешта сярэдняе паміж псіхатэрапіяй і трэнінгам асабістага росту. Я вучуся размяркоўваць свае сілы, весці ўзважаныя размовы, ну і проста даведваюся пра нешта новае штодня. Гэта, спадзяюся, робіць мяне больш цікавым чалавекам».

Беларускія вікіпедысты — гіперактыўныя інтраверты

Штомесяц супольнасць акадэмічнага беларускага раздзелу піша каля тысячы артыкулаў. Пры гэтым актыўных рэдактараў — каля 50 чалавек. Як яны ўпраўляюцца з такімі аб’ёмамі інфармацыі?

«Нам сапраўды падабаецца пісаць артыкулы — вось і сакрэт», — кажа Вольга.

C2E9B61F-744E-4DE5-B143-D10FFAA50449_w640_s

Вольга ўдзельнічала ў міжнароднай сустрэчы вікіпедыстаў у Лондане ў 2014 годзе

Праз сваю прагу да пісання беларускія вікіпедысты рэдка бачацца ўжывую. Тым часам як рэдактары нацыянальных вікіпедыяў суседніх краін актыўна сустракаюцца ды ладзяць тэматычныя імпрэзы, беларускія рэдактары звычайна задавальняюцца адно працай над кантэнтам.

«Мне падаецца, што беларуская Вікіпедыя адзначаецца пэўнай падвышанай інтравертнасцю», — кажа Вольга.

Раман Патапчук, рэдактар класычнай версіі беларускай Вікіпедыі: «Пішу артыкулы ў Вікіпедыю замест допісаў у блог»

Як і большасць рэдактараў Вікіпдыі, 35-гадовы праграміст Раман пачынаў з таго, што выпраўляў памылкі ў артыкулах. А ў 2008 годзе зарэгістраваўся на сайце ўжо як рэдактар.

9780F0C1-9CBB-4C37-BEFD-D739B32106D4_w268

Раман рэдагуе не толькі беларускія раздзелы, але і польскі, украінскі, нямецкі ды арабскі

«Калі я прыйшоў, ужо існавалі два асобныя беларускія раздзелы, і я адразу далучыўся да нашага (класычнага. — РС), — кажа Раман. — Але раблю тэхнічныя праўкі ў розных раздзелах: у беларускім „акадэмічным“, польскім, нямецкім, украінскім і нават арабскім».

Вікіпедыя для Рамана — блог, напісаны па строгай інструкцыі ды са спасылкамі на першакрыніцы. Бо ён піша артыкулы ў залежнасці ад вольнага часу, настрою і жадання падзяліцца ведамі з іншымі. Напрыклад, пасля чарговай вандроўкі ён можа напісаць пра пабачаныя мясціны.

«Адрозненне Вікіпедыі ў тым, што яе чытае больш людзей, чым блогі і сацсеткі, — кажа Раман. — Мала таго, што яны не сыдуць у нябыт, як блогі, дык яшчэ ў любы момант гэты артыкул можна дапоўніць і палепшыць. І зрабіць гэта можа хто заўгодна».

Усяго ён напісаў больш за тры тысячы артыкулаў і зрабіў больш за 60 тысяч правак. Апошнім часам ён менш працуе над артыкуламі, а займаецца тэхнічнымі пытаннямі: стварае катэгорыі, правілы ды іншыя тэхнічныя старонкі Вікіпедыі.

У нас шмат артыкулаў па культуры і гісторыі, але бракуе навуковых

Калі Раман далучыўся да вікісупольнасці ў 2008 годзе, ён пісаў на розныя тэмы.

«Мяне тады вельмі бянтэжыла, што ў нас не было шмат якіх артыкулаў па-беларуску, — кажа ён. — Як без іх можа існаваць Вікіпедыя? Цяпер у нас 58 тысяч артыкулаў, і я разумею, што Вікіпедыя — гэта энцыклапедыя, праца над якою ніколі не скончыцца».

FDBBFE89-9FE8-42CA-885A-9457AACB7C15_w268

Раман уручае прыз украінцу – аднаму з пераможцаў беларускай «Віківясны-2015»

Сёння, па яго словах, найлепей у беларускім раздзеле распрацаваная тэма літаратуры і гісторыі. Раман жа хацеў бы, каб беларуская Вікіпедыя ўтрымлівала больш навуковых артыкулаў. Бо калі шкаляры нешта шукаюць па-беларуску, яны абавязкова натрапляюць на Вікіпедыю.

«Па статыстыцы 2015 года на першых месцах — артыкулы пра мову і класыкаў беларускай літаратуры», — кажа Раман.

Сам жа ён сёння піша пераважна пра свой родны рэгіён — Пружаншчыну. Напрыклад, пры працы над артыкулам пра гімназію імя Адама Міцкевіча, што дзейнічала ў міжваенны час у Пружанах, ён выкарыстаў шмат інфармацыі з апублікаваных дакументаў, знайшоў мэмуары былых навучэнцаў і нават выкладчыкаў. Гэты артыкул пераклалі на ўкраінскую і польскую мову. У польскай Вікіпедыі ён быў нават адзначаны сярод найлепшых.

«У нас ёсць катэгорыі артыкулаў: „абраныя“ і „добрыя“, — тлумачыць Раман. — Калі артыкул поўна раскрывае тэму, добра падмацаваны крыніцамі, літаратурай, выявамі, старымі і новымі фотаздымкамі, ён залічваецца да „абраных“».

Нас чакаюць па ўсім свеце, а мы сядзім у віртуале ды пішам артыкулы

Раман пацвярджае словы Вольгі Сітнік пра тое, што беларускія вікіпедысты найбольш сядзяць у віртуале ды працуюць над артыкуламі. У Польшчы ды Украіне, напрыклад, папулярныя вікіэкспедыцыі, калі рэдактары Вікіпедыі падарожнічаюць разам, а потым выкладваюць здымкі ў Вікісховішча і пішуць артыкулы пра пабачаныя славутасці.

AC095E12-D89C-4770-818B-E611D5187EC8_w640_s

Некалькі разоў Раман ездзіў на міжнародныя сустрэчы вікіпедыстаў. Фота з сустрэчы з Вены

«Украінцы некалькі разоў прапаноўвалі нам з’ездзіць у Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, але мы не сабраліся, — кажа Раман. — Нас запрашаюць на міжнародныя мерапрыемствы па ўсім свеце, нас там сапраўды чакаюць. Але мала хто выказвае ахвоту ездзіць».

Хоць некалькі разоў ён удзельнічаў у вікіканферэнцыях — міжнародных сустрэчах вікіпедыстаў. З канферэнцыі ў Польшчы ў 2011 годзе ён прывёз ідэю конкурсу «Вікі любіць славутасці».

У Беларусі гэты конкурс правялі ў 2012 годзе. Тады карыстальнікі з усёй краіны загрузілі на Вікісховішча сем тысяч фота розных гісторыка-культурных аб’ектаў. Да таго ж пасля конкурсу ў беларускага раздзелу Вікіпедыі з’явіліся новыя аўтары.

«Рэгулярна да нас прыходзяць новыя ўдзельнікі, — кажа Раман. — Літаральна на днях заўважыў карыстальніка, які стварае артыкулы пра сусветныя казкі мінулых часоў. Магчыма, гэтаму паспрыяла нядаўняя публікацыя пра Вільгельма Гаўфа. І вось чалавек захапіўся».

Ангельскую Вікіпедыю нам не дагнаць, але гэта не значыць, што трэба складваць рукі

Акрамя Вікіпедыі, у фундацыі «Вікімедыя» ёсць шмат іншых праектаў. Ужо год як Раман разам з яшчэ адной дзяўчынай адмініструе Вікікрыніцы — сусветнае сховішча вольных аўтарскіх тэкстаў. Там выкладваюцца тэксты беларускіх літаратараў, якія ўжо не ахоўваюцца аўтарскімі правамі.

DEA70D6E-6E32-49E3-9720-E0A2A0AAAD09_w640_s

Хоць Раман і заняты цяпер сям’ёй, ён знаходзіць час і на рэдактарскую працу ў Вікіпедыі

Справа ў тым, што сёння існуе ўжо шмат адсканаваных твораў у фармаце PDF — як карцінкі. Раман жа займаецца распазнаваннем і праўкай гэтых тэкстаў. У выніку атрымліваюцца тэкставыя файлы, якія можна вярстаць ці раздрукоўваць.

«Пра беларускую Вікіпедыю ўсе больш-менш ведаюць, — кажа Раман. — Але пра іншыя праекты мала хто чуў, а таму я стараюся ў Вікікрыніцах ствараць хоць нейкую актыўнасць».

Нягледзячы на занятасць на працы і ў сям’і (з жонкай яны гадуюць дваіх дзяцей), Раман Патапчук знаходзіць прынамсі некалькі гадзін на тыдзень, каб папрацаваць у Вікіпедыі ці Вікікрыніцах. Ён разумее, што дагнаць ангельскую Вікіпедыю з 5 мільёнамі артыкулаў не ўдасца, але працай над беларускай Вікіпедыяй ён набліжаецца да сваёй мары.

«Я б вельмі хацеў, каб у інтэрнэце можна было знайсці любую інфармацыю па-беларуску. Гэта даўняя мара, якая ў мяне засталася».

 

Svaboda.org

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат