Пра курсы
ГАРАДЫ :


03.08.2015
Майстры з Янкавіч – ювеліры Рэчы Паспалітай

Княгіня Ганна Радзівіл (1676-1746) вельмі любіла ювелірныя вырабы. У яе калекцыі былі тысячы прадметаў з золата, срэбра, брыльянтаў, а таксама аметыста, яшмы, карнеола.

Каштоўныя камяні ўпрыгожвалі пячаткі, табакеркі, покрыўкі для кіяў, якія Радзівілы дарылі сваім сябрам і знаёмым. Сустрэць іх можна ў музеях і прыватных калекцыях ва ўсім свеце. А нараджаліся гэтыя творы мастацтва ў вёсцы Янкавічы (Стаўбцоўскі раён), дзе Ганна Радзівіл у 1738 годзе стварыла мануфактуру па апрацоўцы напоўкаштоўных камянёў.

Ганну Радзівіл можна смела называць стваральніцай першых на нашых землях мануфактур паводле еўрапейскага ўзора. Гэта яна адкрыла фабрыкі дываноў у Нясвіжы і Карэлічах, люстраную мануфактуру ва Ўрэччы і шкляную гуту ў Налібаках. З Налібакамі звязаная гісторыя янкавіцкай мануфактуры. Гэтыя вёскі дзеліць усяго 4 кіламетры. Калі ў першай палове 18 ст. у налібацкім возеры пачаў змяншацца ўзровень вады, Ганна прыняла рашэнне падзяліць шліфавальню на некалькі цэхаў і два з іх перанесці ў суседнія вёскі Рудня і Янкавічы. Жыццё шліфавальні ў Рудні было нядоўгім, а вось шліфавальня ў Янкавічах вельмі хутка стала самастойнай мануфактурай.

022

Ганна Радзівіл

У лютым 1737 года Ганна Радзівіл пісала ў Нясвіж: “Паведамляю Вам, што з божай ласкі Унгер ужо ў Янкавічах, паў мілі ад Налібак, шліфавальню збудаваў і ўжо пачынае працу”. Гаворка ідзе пра саксонскага майстра Ёгана Георга Унгера, якога Ганна Радзівіл запрасіла ў Янкавічы і прызначыла дырэктарам шліфавальні.

Мануфактуру збудавалі на рацэ Шуры, якая прыводзіда ў рух механічную сістэму шліфавальных варштатаў.  Вадзяны млын зрабіў французскі майстар Гафо. На ўсталяванне кола ў млыне Ганна Радзівіл асабіста прыбыла ў Янкавічы. Канструкцыя была настолькі ўнікальнай, што каб пазбегнуць эканамічнага шпіянажу, Радзівілы забаранілі людзям з па-за майстэрні нават праходзіць каля млына, а падарожным загадвалі аб’язджаць Янкавічы пушчанскімі і палявымі дарогамі. Калі нехта паведваў шліфавальню па справах, то яму дазвалялі перамяшчацца па ёй выключна ў прысутнасці аховы.

032

Месца, дзе знаходзілася Янкавіцкая шліфавальня.

У янкавіцкай шліфавальні апрацоўвалі золата, срэбра, кварц, агат, аметыст, дыяменты, рубіны. Імі ўпрыгожвалі каменныя люлькі, шаблі, булавы, каменныя келіхі, пячаткі, тронкі нажоў, надмагіллі, кітайскія парцалянавыя сервізы і нават статуі.

За варштатамі спачатку працавалі майстры з Налібак, якіх шліфавальнай справе навучылі нямецкія майстры ў налібацкай гуце шкла. Але вельмі хутка яны перадалі сваё майстэрства мясцовым мужчынам. Памочнікам Унгера стаў Крыштап Макаў (дарэчы гэтая сям’я і сёння жыве ў Янкавічах). Млынаром працаваў Стафан Абушка, муляром быў Лаўрэн Васілевіч. Шліфавалілі камяні Ян Яськевіч, Павал Далідовіч, Якуб Яцэвіч, Грышка Касцюкевіч, Васіль Клімовіч, Мікалай Амельяновіч, Яська Каленка.

041

Срэбраная пячатка Радзівілаў з партрэтам караля Аўгуста ІІІ.

Мясцовыя ювеліры працавалі на шліфавальні за аплату. Шліфоўшчыкі атрымлівалі за тыдзень працы па 4 зл, звычайныя рабочыя – па залатоўцы.
1738-1743 гады былі залатым перыядам у жыцці янкавіцкай мануфактуры. Княгіня сачыла за вытворчым працэсам асабіста ледзь не да апошніх дзён жыцця. Па яе загадзе ў мануфактуры пастаянна паляпшалі абсталяванне да рэзкі камянёў.

051

Пячатка Тэклі Радзівіл. Матэрыялы: золата, рубіны, дыяменты.

061

Срэбраная пячатка вялікага канцлера літоўскага Яна Фрыдэрыка Сапегі.

У 1743 годзе ў Янкавічах вырабілі 22 магільныя пліты для літоўскай арыстакратыі. Цягам наступных 4 гадоў янкавіцкія майстры зрабілі 138 каменных келіхаў, 128 рукаятак для шабляў, 82 каменныя табакеркі.
Асартымент янкавіцкай шліфавальні з цягам часу значна пашырыўся. Там пачалі выраблялі чашы, філіжанкі, рукаяткі, шарыкі да кіяў, пячаткі, каптуры да шабляў, рукаяткі да нажоў, булавы, кветкі, кошыкі, келіхі для камуніі, манеты да гульняў, плашчы да каранацыі.

У архівах захавалася апісанне некаторых прадметаў: фіялетавая чара з чорнымі палосамі, белая табакерка са срэбраным пяском, чырвоная чара, рукаятка з залатымі кроплямі, попельніца са срэбраным пяском, каменная аматыставая люлька.

Ганна Радзівіл памерла ў 1746 годзе. Яе надмагільную пліту, як княгіня і пажадала, таксама вырабілі ў Янкавічах. Але і пасля смерці ініцыятаркі янкавіцкай шліфавальні справы ў ёй не пагоршыліся.

071

Шабля з золата і срэбра.

У 1765 годзе ўнук Ганны Радзівіл Караль Станіслаў загадаў цалкам перанесці шліфавальню з налібацкай гуты ў Янкавічы. Там пачалі шліфаваць ня толькі дарагія камяні, але і шкло. Усяго працавала 11 варштатаў. Была сярод гэтага абсталявання абсалютная навінка і гонар шліфавальшчыкаў: варштат для вельмі дакладнага шліфавання ўзораў на шкле. На ім працавалі два мясцовыя майстры – Кандрат Гардзіеўскі і Тамаш Далідовіч.

Падзел Рэчы Паспалітай паставіў кропку на існаванні мануфактуры ў Янкавічах. Напрынканцы 18 ст. там ужо апрацоўвалі толькі шкло. Шліфавальня ў Янкавічах зачынілася каля 1800 года, праіснаваўшы больш за 60 гадоў.

081

Галоўка булавы, якія атрымоўвалі ў падарунак афіцэры прыватнага радзівілаўскага войска.

09

Рукаятка параднай шаблі. 

Сёння па слаўнай у 18 ст. мануфактуры няма і следу. Пасля меліярацыі змялела і магутная некалі рэчка Шура, якая прыводзіла ў дзеянне ўнікальны механізм шліфавальні. Але засталіся бясцэнныя творы мастацтва. Іх сёння можна пабачыць у музеях Варшавы, Кракава і Пецярбурга. Залатыя пячаткі, каменныя табакеркі, келіхі з дыяментамі, шаблі са срэбранымі рукаяткамі, булавы, якія стварылі вучні саксонскага майстра Ёгана Георга Унгера – янкавіцкія майстры-ювеліры.

 

Дзмітры Гурневіч, nalibaki.org

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат