Пра курсы
ГАРАДЫ :


31.01.2017
“Краіна нараджэння — ВКЛ”. Прынцыпы жыцця Уладзіміра Арлова

У гэтыя дні Уладзімір Арлоў не стамляецца даваць аўтографы на сваёй новай кнізе “АйчынА”, якая выйшла ўсяго 2 тыдні таму, але ўжо зрабілася бестселерам. “Мова Нанова” зазірнула ў тэксты пісьменніка, каб вылучыць некаторыя прынцыпы ягонага жыцця.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

* Мне пашчасціла нарадзіцца і пражыць дзіцячыя гады ў Полацку: бегаць па тых самых вуліцах, дзе некалі гучалі крокі Еўфрасінні і Скарыны… Гарадская радзiльня ў той час знаходзiлася на полацкiм Верхнiм замку, за нейкую сотню крокаў ад Сафiйскага сабора. Якраз на Сафiю i выходзiлi вокны палаты, адкуль мая мама Марыя ўпершыню паказала мяне майму бацьку Аляксею. Сафiйскiя вежы, убачаныя няцямлiвымi вачыма немаўляцi, сталiся маiм першым уражаннем ад навакольнага свету, i, магчыма, менавiта гэта прадвызначыла мой лёс.

* Мамiна мацi несумненна мела стасункi з загадкавымi, але наогул прыязнымi да чалавечага  роду сiламi. Яна зашэптвала зубы, спыняла кроў, выводзiла мышэй i «кацiную  драпу»… Бабуля Аўгiння адкрыла мне тое, што цяпер я называю беларускiм космасам. Яна была маёй першай настаўнiцай: не толькi мовы, але, напрыклад, i батанiкi… Я атрымлiваў ад бабулi i iншыя надзвычай важныя ўрокi, i дасёння iмкнуся выконваць яе парады. Я не сплю, калi сядае сонца, бо бабуля вучыла, што калi заснеш з iм разам, ураннi ўжо не прачнешся. Я не гляджуся апоўначы ў люстэрка, каб не растаць у iм. Я памятаю, што «нельга любiцца з дзеўкамi ў жыце i ў красках нельга», бо колькi каласоў зломiш, столькi людзей ад голаду сканае, а колькi красак звяне — столькi дзяцей на свет не народзiцца.

* Пасля школы зорка лёсу прывяла мяне на гiстарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэту. Там я сустрэў сяброў, дзякуючы якiм канчаткова ўпэўнiўся ў тым, што я не савецкi чалавек, а — беларус i што мая радзiма — Беларусь, а не СССР.

* Аднойчы на студэнцкай вечарынцы сярод iншых забаў i гульняў хтосьцi прапанаваў i такую: без роздуму напiсаць iмёны дзесяцi гiстарычных асобаў. Пасля гэтага конкурсу стаяў гамерычны рогат, бо найчасцей у адказах сустракалiся iмёны сярэднявечных японскiх уладароў — сёгунаў. Прычына была ў тым, што ўсе мы захаплялiся таленавiтымi лекцыямi нашага выкладчыка гiсторыi Японii i Кiтая. Але нiхто з нас, будучых выпускнiкоў гiстарычнага факультэта, не згадаў анiводнай выдатнай асобы з мiнулага Беларусi!.. Тады я перажыў тое, што называюць «момантам iсцiны». Мне ўпершыню так балюча адкрылася бездань нашага гiстарычнага бяспамяцтва. I я сказаў сабе, што як палачанiн з нараджэння, як гiсторык паводле адукацыi i лiтаратар паводле схiльнасцяў я проста абавязаны змагацца з гэтым бяспамяцтвам, якое ператварае народ у насельнiцтва i ўрэшце пазбаўляе яго гiстарычнай перспектывы.

* Якім жа дарункам лёсу сталіся для нас у тыя гады кнігі Уладзіміра Караткевіча!.. Першай «маёй» кнігай Уладзіміра Сямёнавіча быў раман «Каласы пад сярпом тваім»… Гэты двухтомнік і цяпер стаіць у маёй бібліятэцы на той паліцы, якую Юры Алеша называў «залатой», — дзе кнігі, што будзеш раз-пораз гартаць і перачытваць, пакуль не закончыш свой шлях пад сонцам.

* …Кнігі Уладзіміра Караткевіча ня толькі адчынялі мне і маім сябрам, а разам з намі і тысячам суайчыннікаў, вакно ў дзівосны, шматфарбны і таямнічы свет беларускай гісторыі, якой нельга было не ганарыцца… Гэтыя кнігі вярталі адчуваньне нацыянальнай годнасці. Вярталі нам нашую краіну — Беларусь. Караткевіч падводзіў да «моманту ісціны». Мы пачыналі разумець, што з народам, пазбаўленым памяці, можна рабіць любыя, самыя злачынныя эксперыменты і ўрэшце, ператварыўшы гэты народ у насельніцтва, пазбавіць яго гістарычнае перспектывы. Без Караткевіча не надышоў бы ў маім жыцьці той дзень, калі я сказаў сабе, што… мушу заняцца гістарычнымі сюжэтамі.

* Свет у маім разуменні — жорсткі і абсурдны. Я ніколі не належаў да тых, хто знаходзіў у ім усеагульную гармонію і суладнасць. На маю думку, дамінантай гэтага свету з’яўляецца хаос. Але я ведаю, прынамсі, тры сродкі змагання з гэтым хаосам і абсурдам: вера ў Бога, каханне і творчасць.

* …Менавіта каханне я лічу наймагутнейшым «творчым стымулятарам». Расстаньне — таксама. Наконт іншых стымулятараў скажу, што я не п’ю кавы, не куру, музыку слухаю ў хвіліны адпачынку. Раней некаторыя тэксты пісаў «у суаўтарстве» з добрым чырвоным віном… А наогул я ўжо даўно прыйшоў да высновы, што пісаць з дапамогаю алкаголю няварта і, больш за тое, небяспечна, бо ён стымулюе толькі да пэўнае мяжы, а далей пачынаецца хуткі адкат, што сканчваецца творчай бездапаможнасцю і чалавечай трагедыяй.

* У пісьменніцкай працы прыярытэт для мяне — не дасягнутая мэта і не набытыя каштоўнасці, а сам працэс. Калісьці пра гэта бліскуча сказаў Алесь Разанаў: «Я — шлях і я той, хто па ім ідзе».

* Па-свойму дарагая мне кожная з кнiг, на якіх стаіць маё прозвішча, але найдаражэйшаю лічу свае «Таямнiцы полацкай гiсторыi» — маё прызнанне ў любовi да роднага горада. У англiчан ёсць такая прыказка: «Трэба ведаць што-небудзь пра ўсё i ўсё — пра што-небудзь». Полацк, ягоная гiсторыя — якраз тое, пра што я хачу ведаць усё.

* Працуючы над «Таямнiцамi», я даведаўся пра старажытны звычай нашых продкаў-крывiчоў. Дасягнуўшы паўналецця, iх юнакi здавалi своеасаблiвыя iспыты на мужчынскую сталасць. Iм трэба было пераплысцi хуткую i глыбокую раку, зрабiць доўгi пешы пераход праз пушчу, упаляваць тура, мядзведзя або зубра, распалiць у залеву вогнiшча, а яшчэ — абавязкова ведаць сваiх продкаў да пятага калена. Хто не ведаў — не меў права звацца мужчынам. Такому чалавеку не давяралi, яго маглi наогул асудзiць на выгнанне, бо лiчылася, што бяспамятны ў час небяспекi лёгка зробiцца здраднiкам…

Нашы далёкiя продкi ведалi тое, што цяпер паспяхова даказвае навука. Духоўная энергiя папярэднiх пакаленняў не знiкае — яна жывiць род i ўвесь народ, дазваляе яму ў найцяжэйшы час выстаяць i перамагчы. Хiба выпадкова мы адчуваем гаючае ўзрушэнне каля старадаўнiх сабораў i на палях славутых ратных перамог? Але гэтая жыццядайная энергiя ўплывае не на кожнага, а толькi на таго, хто захаваў з продкамi «канал сувязi» — памяць пра iх i iхнiя дзеi. Склаўшы свой радавод, я пераканаўся ў гэтым на ўласным досведзе, i таму маю права раiць усiм сваiм знаёмым i незнаёмым чытачам: адрадзiце старадаўнi звычай у сваiх сем’ях, займiцеся складаннем радаводаў, якiя будуць з гонарам працягваць вашы дзецi i ўнукi. Сёння радавод шмат у каго атрымаецца кароткiм, але, паверце, усё адно адбудзецца дзiва: продкi пачнуць дапамагаць вам.

* Для мяне гісторыя — найперш уваскрашэнне. Уваскрашаючы падзеі нашай больш чым 1000-гадовай даўніны, мы абуджаем ад летаргічнага сну сваю гістарычную памяць, а разам з ёю і самі ўваскрасаем як нацыя, як частка еўрапейскай цывілізацыі.

Ёсць і такое азначэнне: гісторыя — кніга, якую пішуць пераможцы. Мне хочацца адрэдагаваць яго: гісторыя — кніга, якую трэба пісаць, каб перамагчы.

Я з аптымізмам гляджу ў мінулае. Часам у анкетах у графе «Краіна нараджэння» я пішу: «ВКЛ». Дарэчы, з гэтым скаротам мне ўдалося нават пераадолець некалькі сучасных дзяржаўных межаў.

А што да аптымізму, дык, як кажа адзін мой герой, розніца паміж аптымістам і песімістам — толькі ў прапанаванай імі даце канца свету.

* Я пераехаў у Менск ужо трыццаць гадоў таму, але Полацк не адпускае i нiколi не адпусцiць мяне. Штомесяц мне проста неабходна хоць на дзень прыехаць туды, каб падыхаць яго паветрам, наведаць магiлы бацькоў, сустрэцца з сястрой Таццянай, каб яшчэ раз пераканацца, што полацкi менталiтэт, пра якi я пiсаў, — не мiф, што ён, гэты менталiтэт, як сказаў у сваiм вершы Рыгор Барадулiн, сапраўды «ад Еўфрасiннi, ад Скарыны…»

У Полацку былi прамоўленыя i напiсаныя мае першыя беларускiя словы.

У Полацку я навучыўся беларускаму светабачанню, светаразуменню i светаўяўленню.

Там альфа i амега майго зямнога падарожжа.

Калi ў Марцiна Лютэра запыталi, што ён будзе рабiць, даведаўшыся, што заўтрашнi дзень у ягоным жыццi — апошнi, ён адказаў: буду садзiць аблынi.

Калi пра апошнi дзень спытаюцца ў мяне, я адкажу, што прыеду ў Полацк, на радзiму маёй душы, маёй веры i майго стаiцызму.

 

Паводле эсэ Уладзіміра Арлова «Ці засынаюць жоўтыя гарлачыкі?» і «Мае альфа і амега» падрыхтаваў Сяргей ШАПРАН.

.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат