Пра курсы
ГАРАДЫ :


25.03.2016
IV Мінскі фестываль моў пройдзе 27 сакавіка

27 сакавіка ўсіх неабыякавых да лінгвістычнай разнастайнасці нашага свету чакае 4-ы Мінскі фестываль моў.

Уваход ВОЛЬНЫ!

За адзін дзень гасцям філалагічнага факультэта БДУ будуць прадстаўлены прэзентацыі 50 моў свету – старажытных і сучасных, рэдкіх і распаўсюджаных, цікавыя навукова-папулярныя лінгвістычныя лекцыі, незвычайныя лекцыі па беларусістыцы і моўныя гульні.

Пазнаёміцца са спісам моў і лекцый, прачытаць анонсы выступаў, даведацца пра расклад, адрас і атрымаць іншую інфармацыю можна на афіцыйным сайце Мінскага фестывалю моў  і ў суполках Фестывалю «УКантакце» і ў Фэйсбуку.

 

Фестываль пачнецца а 10:00 і будзе доўжыцца ўвесь дзень (зразумела, можна ўдзельнічаць толькі ў частцы праграмы: сысці раней ці прыйсці пазней). Калі вы цікавіцеся якой-небудзь канкрэтнай мовай, некалькімі мовамі ці проста жадаеце захапляльна і з карысцю правесці час – запрашаем вас прыняць удзел!

 

Прэзентацыі моў размеркаваныя па паралелях: у кожнай паралелі адначасова праходзяць 15 прэзентацый у розных аўдыторыях, так што наведвальнікі заўсёды маюць магчымасць абраць, на прадстаўленне якой мовы пайсці. Паралелей усяго 6, і, такім чынам, за дзень Фестывалю кожны можа азнаёміцца толькі з шасцю мовамі ці лекцыямі.

Выбар нялёгкі, але, каб выбіраць было лягчэй, падчас адкрыцця Фестывалю прэзентатары коратка праанансуюць усе будучыя лекцыі.

На закрыцці Фестывалю гасцей чакае музычны сюрпрыз.

 

На Фестывалі вы зможаце:

пазнаёміцца з мовамі, пра якія вы раней нічога не ведалі;
– больш даведацца пра мовы, якія вас насамрэч цікавяць;
вызначыцца, якую мову вы жадаеце вывучаць;
– ізноў захапіцца ўжо вядомымі мовамі;
здзівіцца з разнастайнасці і асаблівасцяў моў нашай планеты;

– і шмат іншага!

 

Прэзентатары Мінскага фестывалю моў – студэнты, аспіранты і выкладчыкі філалагічнага факультэта і факультэта міжнародных адносін БДУ і розных факультэтаў МДЛУ, а таксама лінгвісты і спецыялісты па некаторых мовах з Мінска, Масквы і іншых гарадоў.

 

Уваход вольны!

 

Гісторыя і сучаснасць Фестываляў моў

 

Першы Фестываль моў у Мінску прайшоў 31 сакавіка 2013 года і адразу ж сабраў больш за 350 наведвальнікаў. На Фестывалі былі прадстаўленыя 35 моў і 7 лінгвістычных лекцый, а таксама прайшлі моўная гульня “Капялюш” і шматмоўны лінгваканцэрт. Стваральнікамі I Мінскага фестывалю моў сталі на той момант аспірант Інстытута лінгвістыкі РДГУ (Масква) Антон Сомін і магістрантка філалагічнага факультэта БДУ Ірына Пінхасік. Фестываль быў арганізаваны пры падтрымцы філалагічнага факультэта БДУ.

 

Другі Фестываль амаль падвоіў колькасць наведвальнікаў, значна пашырыў спіс уключаных моў. Беручы пад увагу вялікую цікаўнасць мінскай публікі да моўнай разнастайнасці нашага свету, арганізатары Фестывалю імкнуцца ўключаць новыя і экзатычныя для беларусаў мовы, ладзіць больш разнастайную і цікавую праграму лекцый.

 

Трэці Фестываль прадставіў публіцы ужо 50 моў, а ў праграму былі ўключаны лекцыі аб культуры, гісторыі і літаратуры Беларусі.

 

Што датычыцца першага ў свеце Фестывалю моў, то ён быў праведзены ў 1995 годзе ва Францыі (г. Тур), яго стваральнік – амерыканскі лінгвіст і грамадскі дзеяч, эсперантыст Дэніс Кіф. Ужо ў наступным годзе па аналагічнай схеме прайшоў першы расійскі Фестываль моў у Чэбаксарах.

 

З таго часу розныя па маштабу Фестывалі праводзіліся ў розных краінах па ўсім свеце: ЗША, Венесуэле, Бельгіі, Швецыі, Малдове, Расіі… Найбуйнейшым Фестывалем моў стаў першы ж кітайскі Фестываль, які адбыўся ў 2008 годзе ва ўніверсітэце Нанкіна: за два дні ў ім узялі ўдзел больш за 13000 чалавек. У Расіі ж найбольш насычаным Фестывалем з’яўляецца маскоўскі: на X Маскоўскім міжнародным фестывалі моў, які прайшоў 20 снежня 2015 года ў Расійскім дзяржаўным гуманітарным універсітэце, былі прадстаўленыя 70 моў, 20 лінгвістычных лекцый, 10 “практык” і 5 мерапрыемстваў іншага фармату. Акрамя Масквы і Чэбаксар, Фестывалі моў рэгулярна праходзяць у Санкт-Пецярбургу, Уфе, Вялікім Ноўгарадзе, Ульянаўску, Кіеве, Кішынёве і іншых гарадах СНД.

 

Кантакты:

Антон Сомін, кіраўнік IV Мінскага фестывалю моў

Малодшы навуковы супрацоўнік Лабараторыі лінгвістычнай канфлікталогіі і сучасных камунікатыўных практык Школы філалогіі НДУ ВШЭ (Масква), выкладчык Інстытута лінгвістыкі РДГУ і Інстытута грамадскіх навук РАНГіДС.

+375-29-688-13-12; somin@tut.by; http://vk.com/id4390, http://facebook.com/anton.somin

 

Мікіта Моніч, прэс-сакратар IV Мінскага фестывалю моў

Навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея РБ, аспірант факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці БДУКМ.

+375-29-327-50-25; n.monich@gmail.com; http://vk.com/monich_n

 

Любоў Падпорынава, адказны сакратар IV Мінскага фестывалю моў

Выкладчык філалагічнага факультэту БДУ і Польскага інстытута ў Мінску

skype: linguistic.unit; darmucha@gmail.com; https://vk.com/darmucha

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат