Пра курсы
ГАРАДЫ :


25.12.2016
«І мы нечым аддзячым гэтаму дзяўбліваму пеўню»

З ліставання двух класікаў. Як Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін віншавалі адзін аднаго з Калядамі і Навагоддзем

Сяргей ШАПРАН, адмыслова для movananova.by

bb1

* * *

[1960]

З новым,

вялікім,

значным,

творчым

годам, поўным удалых вобразаў, думак, поспехаў.

Шчаслівай дарогі ў будучае, Грыша!

Твой Васіль.

 

* * *

[1963]

Дарагія Барадуліны,

з Навагоддзем Вас! З новымі вершамі, новымі дзецьмі, новымі радасцямі! Калі чаго мала — дай бог і таго!

Васіль-гродзенскі.

 

* * *

[1966]

Дарагія Грыша, Валя, Ілонка.

З Новым годам!

Дасць бог дажывем, калі будзем віншаваць без паправак. [Тыпаграфскі надпіс на паштоўцы па-расейску «С новым годом!» В. Быкаў выправіў на беларускі — «З новым годам!». — С. Ш.]

Ваш Васіль Б.

 

* * *      

[1967]

Дарагія Грыша, Валя, Ілонка!

Віншую Вас з Новым, лепшым, 1968-м! Дай бог усім Вам у ім добрага здароўя і шчасця.

Няхай Вам у Новым

добра пішацца,

— // — жывецца,

— // — кахаецца!

Са шчырасцю  В. Быкаў.

 

* * *

[1981]

Дарагія Грыша, Валя, Ілонка,

з Новым годам вас і новым шчасцейкам. Але каб і старое не міналася — у сямейцы, у рабоце, у сяброўстве.

І — будзьце здаровенькія.

Вашы В. і І. Быкавы.

 

* * *

[1984]

Дарагія Валічка, Ілонка і Рыгорка!

Са святам вас, новым шчасцем і добрым здароўем, а таксама — са старымі сябрамі, якія вас заўжды любяць і падпісваюцца тут:

Ірына і Васіль.

 

bb2

* * *

 

Любыя, родныя, неацэнныя Ірына Міхайлаўна і Васіль Уладзіміравіч!

Усёй нашай сям’ёй віншуем вас з Новым годам!

Хай вам здаровіцца, шчасціць, творыцца!

Хай радасць не абмінае вашай гасподы!

Вашыя

                                     Рыгор,

                                     Валя,

                                     Ілона Барадуліны.

Мінск, 87.

 

 

 

* * *

 

Васілю Быкаву                             Менск, 90

навагодняе

 

Пойдуць з часам партпадбрэхічы на ўтыль,

Застанецца слова Быкаўскае, колкае.

Дык вяслуй у век наступны, Пан Васіль,

Двухвасільна, двухвясёльна, двухвясёлкава!

 

З Новым паню Ірыну!

Рыгор

 

 

 

 

* * *

 

[Без даты]

 

Шчодры вечар, шчасьлівы вечар,

Самотны вечар, шаноўны пан.

Гарыць на куце паўтузін сьвечак —

Хрыстос нам сьвеціць і гоніць зман.

 

Хрыстосу слава і кволым слава,

Цярпліўцам моцы ў цярпеньні дам,

Галодным — хлеба, убогім веры,

Жыцьця і шчасьця — усім людзям.

 

                                               Васіль Быкаў, паэта

 

 

 

* * *

 

[1992]

Мілыя і дарагія нашы Валічка і Грыша,

з Новым годам вас!

Хай ён прынясе нам здатнае здароўе і трошачку надзеі, без якой жыць так цяжка. А ўжо і мы яму нечым аддзячым, гэтаму дзяўбліваму пеўню…

Абдымаем

вашыя Васіль і Ірына Б.

 

 

 

* * *

 

Родныя, дарагія

Ірына Міхайлаўна, Васіль Уладзіміравіч!

З Новым годам! Шчасьця!

 

І ў Новым годзе Васілю

Шаноўнейшаму Быкаву

Хачу сказаць сваё люблю.

Няхай гадзіньнік цікае,

Гадзіньнік вечнасьці —

На ім

Час Быкаўскі пазначаны.

Сваім

Прызнаны ў сьвеце ўсім

Вялікі сын Ушаччыны!

Рыгор

1992

 

 

 

* * *

 

[Без даты]

Рыгорка, мілы мой чалавек!

Віншую цябе, абдымаю, вельмі жадаю табе шчасьцейка і здароўя. Для сябе, сваіх родных, сяброў і гаротнае нашай Беларусі.

Будзь — многа, многа!

Твой Васіль, а таксама Ірына.

 

 

 

* * *

 

[1997]

Мілыя і дарагія Грыша і Валічка!

З Навагоддзем вас і са сьвятымі Калядамі. Хай і надалей сьвеціць нам ясная зорачка Беларусі, дае здароўе, натхненне і н а д з е ю.

Са шчырасьцю,

Васіль і Ірына.

 

 

 

* * *

 

Родны Васілю!

Сёньня ў Калядны вечар дзякаваў Богу за ўсё. Узгадваў, вядома, цябе. Шкадаваў, што не магу пачуць голас твой, якім душа твая шчырая прамаўляе. За калядным сталом усёй нашай невялікай сямейкаю жадалі табе здароўя, шчасьлівага вяртаньня.

Хай зорка Віфліема ня гасьне ў тваёй душы! Хай вясёла калядуе настрой твой! Хай, як продкі казалі, здароўе тваё будзе як калядны лёд! […]

Абдымаю!

Твой Рыгор.

 

 

 

* * *

 

Родны Васілю!

Каляды грукаюцца ў хату. Мароз вуглы правярае, вятры абсяг дамятаюць. На душы адпаведна маразяна, але крамяна.

Сёньня самая даўгая ноч. (Дарэчы, гэта сымбалічна, што нарадзіўся якраз адзін з самых жахотных вусатых. [21 снежня — дзень народзінаў І. В. Сталіна, генеральнага сактара ЦК УКП(б), арганізатара масавых рэпрэсій у СССР. — С. Ш.])

Заўтра ўжо дзень пойдзе ўгору. І настрой за ім пацянецца.

З Калядамі цябе, браце! Крамянасьці табе й моцы духу!

Паклон ад усіх маіх, ад усіх беларусаў табе й вяльможнай спадарыні Ірыне Міхалішцы!

Абдымаю!

Твой Рыгор.

 

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

зь Менску

 

Ідуць спакойна халады.

На плечы ўськінуўшы завеі.

Ад іхняй вусьцішнай хады

Душа вады ніякавее.

Зрабіўся белым марны прах,

Заснула немата глухая.

З гадоў малечых

Першы страх

Сябе забытага гукае.

 

Ня выдасьць сэнс

Сваіх кладоў.

Сябе ратуе стомай праца.

Усё,

Што выйшла з халадоў,

Павінна ў халады вяртацца.

 

21.12.2000

 

 

 

* * *

 

Родны Васілю!

З Новым годам, з новым стагодзьдзем, з новым тысячагодзьдзем!

А канкрэтна зь роднай зямелькі — з новым сьнегам, з першай завеяй! Няхай завея гэтая замяце ўсе чорныя сьляды нашых злосьнікаў, няхай разьмяце белую дарогу нашай краіне да волі, да сьвятла! […]

Родны браце!

З Новым годам! Хай новае тысячагодзьдзе палагаднее й прасьветліцца!

Нізкі паклон табе й вяльможнай спадарыні Ірыне Міхалішцы ад усёй нашай сям’і, уключаючы Мірона!

Абдымаю!

Твой Рыгор.

 

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ

зь Менску

 

Завея сьветла замятае

Змрок і ўгарбелыя клады,

Як і нябачаная тая,

Што нашы замяце сьляды.

 

Ад жарсьці белае згарае

Завея —

Ластаўка зімы.

За летуценнымі гарамі

Сьлязу залевы

Сьняць грамы.

 

Прысталы сьвет,

Як хлеб, чарсьцьвее.

Сьнег засынае на ляту.

Жвавее, рупіцца завея —

З душы зьмятае чарнату.

 

1 студзеня, 2001

 

 

 

* * *

 

Родны Васілю!

Успамінаю цябе штодня. На Каляды пішу табе такія радкі:

 

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ

зь Менску

 

Мароз — лютун,

Гром — грукатун,

Спачніце, адтайце,

Да нас завітайце.

І вы, дзядочкі, хадзіце

І непамянёных з сабою вядзіце, —

Мама запрашае есьці куцьцю.

І, затрымаўшыся на імгненьне

Недзе ў блакіце,

Радуецца душа жыцьцю.

 

На куцьцю, на Дзяды,

Зьбіраюцца

Ваяводы крывіцкага роду,

Каб наслаць лагоду

На незапыненыя гады.

 

Каляда-калядзіца,

Крамяная маладзіца,

Маладзіцца,

Калядзіцца,

Грэецца каля сьвят.

І лёд лядзіцца,

І ладзіцца лад.

 

Зіма ў нас бярэцца, здаецца, па-гаспадарску. Савецкая прэса любіла прыказку: многа сьнегу — многа хлеба.

Як у нас наконт гэтага, ведаеш.

Хоцацца ў Вушачу, дзе й сьнег сьняжысты й чысты, дзе й неба ў зорках па яблыку, дзе Мама запрашае ўсіх за калядны стол. Успаміну там добра.

Паклон ад усіх беларусаў, у каго душы ня выстудзіў сівер, ад усіх маіх табе, браце, й вяльможнай спадарыні Ірыне Міхалішцы!

Абдымаю.

Твой Рыгор.

2001

Менск

 

 

 

* * *

 

Родны Васілю!

Нас чакаюць нашыя Каляды там, дзе першы раз мы гукнулі іх.

Самае цёплае сьвята, бо заўсягды ўспамінаецца, бо кожны раз малечыя вочы шукаю ў ясьлях з ласейшым сенам Збаўцу.

З Калядамі цябе, самы родны!

З Калядамі вяльможную Ірыну Міхалішку.

 

ЛІСТ СОРАК ЧАЦЬВЕРТЫ

зь Менску

 

На двары і на душы зіма.

Заінелыя калядоўшчыкі,

Калядуем,

Пакуль ён доўжыцца,

Век наш,

Дзе спакою няма.

 

Поўняцца калядна мяхі

Жалем,

Скрухамі,

Завірухамі.

Пнямі босымі сьцюжу слухае

Панявечаны бор глухі.

 

Сьцішна

Нашым калядам бяз нас

І ў Бычках,

І на Верасовачцы,

Што кугікала соўка совачцы,

Помніць

Часу ня мае час.

 

Ходзяць,

Каб абмінуць клады,

Статкі ўзгадак

Нябеснай пашаю…

Каб сагрэліся душы нашыя

Нас вяртаюць дамоў халады.

 

24 сьнежаня, 01

 

 

 

* * *

 

Родны Васілю!

Чуваць ужо, як капыціць умерзлы дол год Каня. Беларусі Бог пасылае скакуна, ды няма вершніка. Можа ўжо нарадзіўся й расьце. Хай бы!

З Новым годам цябе, крывіч з крывічоў, з Новым годам спадарыню Ірыну Міхалішку.

 

ЛІСТ СОРАК ПЯТЫ

зь Менску

 

Чым ён новы,

Наступны год?

Радасьць новая,

Новы смутак,

Ці бываюць яны?

Каму так

Бачыць доліла іхны прыход?

 

Новы год —

Значыць зноў наноў

Перамелюць старое гора,

Прыгадаўшы назаўтра ўчора,

Камяні няўмольных млыноў.

 

Па сабе

Ці па ўсіх уздых

Вечнасьці.

Новы ён ці чарговы,

Ведаюць цярплівыя словы.

Запытайма іх,

Маладых!

 

27 сьнежаня, 01

 

 

 

* * *   

 

Родны Васілю!

Вось і падкацілася хударлявая двойка да двух жыватастых нулёў. Дзьве двойкі — чацьвёрка. А лічба чатыры — сама трываласць. Можа вытрываем.

Хай новы год дадасьць табе моцы!

Паклон вяльможнай спадарыні Ірыне Міхалішцы!

 

ЛІСТ СОРАК ШОСТЫ

зь Менску

 

Відаць, з успамінаў зьнішчаных пушчаў

Вяртацца сьнягі

На кругі свае пачалі.

Дзень малады

Нос хітрушчы сплюшчыў,

Прыпаўшы да нізкай шыбіны небасьхілу.

Прыціскаю свой нос,

Калісьці кірпаты,

Да незабытае шыбіны

У заінелым гальлі

І грэюся холадам мамінай хаты,

Жмурачыся ад зіхоткай дрыготкі

Завірушнага пылу,

Які дагэтуль дрыжыць…

 

1 студзеня, 2002

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат