Пра курсы
ГАРАДЫ :


02.06.2017
«Гэта нямала — быць сапраўдным і чэсным пісьменнікам». Да 100-годдзя Янкі Брыля

Піша Сяргей Шапран.

Image result for zyrf ,hskm

У гэтым годзе Івану Антонавічу Брылю, народнаму пісьменніку Беларусі, непераўзыдзенаму стылісту беларускага слова, было б 100 (народзіны — 4 жніўня).

Лёс падараваў мне хай кароткае — цягам чатырох гадоў, — але насычанае знаёмства з Іванам Антонавічам. Насычанае доўгімі вечаровымі размовамі ў гасцінным доме Брыля і тым звычайным чалавечым даверам, які ён — больш чым удвая старэйшы за мяне — аказваў практычна ад самага пачатку. Іван Антонавіч неяк невытлумачальна ўздзейнічаў — тым, што і як гаварыў, як вёў гутарку, уздзейнічаў нейкай сваёй псіхафізікай і чалавечай годнасцю, якая ці то даецца ад прыроды, ці то выхоўваецца самім чалавекам. Але Брыль ніколі нават намёкам не выказваў сваё першынства. Ён паводзіў сябе так, нібыта ты — роўня яму, хоць, вядома, смешна было б раўняцца з асобай Брыля, літаратурнай і чалавечай…

Image result for zyrf ,hskm

Ён не любіў даваць інтэрв’ю. Тлумачачы прычыну гэтага, амаль кожнага разу гаварыў, што не любіць гэты жанр, і пакуль можа пісаць — лепш сам напіша.

Увогуле ён, здаецца, лічыў, што калі аднойчы ўжо напісаў пра нешта ці выказаўся публічна (нават калі зроблена гэта было шмат год таму), дык паўтарацца не варта. Праўда, тут жа пачынаў падрабязна распавядаць пра тое, што мяне цікаваліла. Але кожнага разу — не пад дыктафонны запіс.

Аднойчы я прапанаваў Брылю — калі ён не згаджаецца на невялічкае інтэрв’ю — самому напісаць нешта на тую тэму, якую мы абмяркоўвалі і якая яго хвалявала. Аднак Іван Антонавіч адмовіўся і ад гэтай прапановы: «Вы цягнеце мяне з мастацкай літаратуры ў журналістыку». Я ўдакладніў: у публіцыстыку. Але Брыль патлумачыў, што пісаць трэба ў тым выпадку, калі ўжо накіпела. І дадаў: «Літаратура і журналістыка — гэта ўсё ж розныя рэчы».

Image result for zyrf ,hskm

Іван Антонавіч гаварыў, што публічна не адзначаў ніводнага свайго юбілею. Распавёў, як у 1967-м, на 50-годдзе, яму прапанавалі арганізаваць вялікае святкаванне, але ён на гэта запярэчыў: згаджуся, калі арганізуеце цэлы стадыён… «Гэта яшчэ ў савецкі час, — працягваў Брыль, — узялі моду святкаваць юбілеі. Тады напярэдадні па ўсіх рэспубліканскіх саюзах пісьменнікаў рассылаліся просьбы даслаць віншаванні. І вось сядзіць гэны юбіляр і абліваецца слязьмі ад радасці, што яго павіншавалі!»

Image result for zyrf ,hskm

Ён з вялікім сумневам ставіўся да кампутараў і да скону дзён пісаў ад рукі. Так, адказваючы на мае пытанні для аднаго інтэрв’ю, чарнавік напісаў алоўкам, а чыставік ужо асадкай. Чарнавік потым, парваўшы, выкінуў. Прызнаваўся, што не разумее, як можна нешта ствараць, седзячы за кампутарам. «Толькі на паперы», — гаварыў Брыль і дадаваў: «Пушкін увогуле гусіным пяром пісаў. Праўда, Леў Талстой — ужо стальным». Разам з тым Брыль прыгадаў адно са сваіх апавяданняў, герой якога спрабаваў задзьмуць электрычную лямпачку. «Можа, і я таксама “дзьмую” на кампутар?» — не выключаў Іван Антонавіч.

 

Над канапай у яго невялічкім пакойчыку віселі партрэты бацькоў, брата і двух яго ўлюбёных пісьменнікаў — Льва Талстога і Янкі Купалы. Такога Купалу я бачыў упершыню і аднойчы запытаўся, чаму менавіта гэтаму фотаздымку Івана Дамінікавіча аддаў перавагу Брыль. Ён адказаў, што гэта кадр з дакументальнай стужкі, тут, гаварыў, Купала не глянцавы, нават няголены, без гальштука і стомлены. Я пагадзіўся, што на партрэце бачная глыбіня думкі, на кананічных жа Купалавых партрэтах яна часам выпусташана. «У тым уся і справа», — заключыў Брыль.

Image result for zyrf ,hskm

Гаворачы пра беларускую літаратуру, Брыль звычайна вылучаў чатырох, па яго словах, класікаў: Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Максіма Гарэцкага.

 

Калі памёр Уладзімір Караткевіч, з якім Іван Антонавіч, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, быў у блізкіх сяброўскіх адносінах, гэта стала такім эмацыйным узрушэннем для Брыля, што за тое лета 1984 года ён перачытаў усё, што напісаў яго маладзейшы сябар.

 

Некалькі разоў чуў ад Івана Антонавіча, што для яго ў радасць кожны тэлефонны званок. Калі, напрыклад, аднойчы сыходзіў ад яго а дзявятай гадзіне ўвечары, Брыль сказаў на развітанне: «Я жыву адзін. Думаю па вечарах: хоць бы нехта пазваніў. А тут не толькі пазваніў, але і прыйшоў».

Іншым жа разам Іван Антонавіч распавядаў: «Мне тут неяк пазваніла адна жанчына, сказала: “Прабачце, калі  ласка, што адрываю Вас ад працы…”» Пасля гэтых слоў Брыль усміхнуўся: «Можна падумаць, што я ўвесь час працую!» І ў адказ на маё пытанне, чым звычайна заняты яго дзень, удакладніў: «Я і пішу, і раблю запісы, чытаю газеты, чытаю кнігі…»

Image result for zyrf ,hskm

Ні дня без радка, як у Юрыя Алешы, — так не павінна быць, гаварыў Брыль. Затое ён штодзённа чытаў, прычым кожны дзень прачытваў больш за сотню старонак. Чытаў літаральна ўсё, нават творы, якія былі не вартыя яго ўвагі, але ўсё роўна чытаў, бо калі нехта з пісьменнікаў падарыў сваю кнігу, ён не мог не прачытаць яе. «Гэта ж мая праца», — тлумачыў. І іншым разам гаварыў, па сутнасці, усё пра тое ж: «Самаадукацыя неабходна для пісьменніка, прычым самаадукацыяй трэба займацца ўсё жыццё. Колькі б школ і ВНУ пісьменнік ні закончыў».

 

Іван Антонавіч неяк сказаў, што жанр, у якім ён працуе, цяжка вызначыць — ці гэта проза, ці гэта паэзія. Некаторыя называюць яшчэ «паэзіяй у прозе». Але такое вызначэнне Брылю катэгарычна не падабалася.

 

Яго бацька памёр у 54 гады — будучаму пісьменніку было тады шэсць з паловай. Нарадзіўся ён у Адэсе, а калі было пяць гадоў, сям’я пераехала ў вёску Загор’е, што ў Заходняй Беларусі (дакладней — вярнулася, бо адтуль паходзілі і бацька Брыля Антон Данілавіч, і маці Настасся Іванаўна, але ў 1914—1922 гадах сям’я жыла ў Адэсе — па месцы працы Антона Данілавіча, рабочага-чыгуначніка). Ад самага маленства жыццё ў будучага пісьменніка было звязана з працай — ужо ў шэсць гадоў ён пасвіў свіней. «Помню, якраз бацька прынёс бярозы на Тройцу, каб уваткнуць іх каля ўваходу, мне цікава, я паглядзець хачу, але трэба ісці свінню пасвіць. Такі тады быў “кар’ерны” рост: спачатку свіней пасвіш, пасля — кароў. Кароў я таксама рана пачаў пасвіць — гадоў восем было».

 

У Брыля была вялікая бібліятэка, але паступова шмат якія кнігі ён раздарыў, і ў выніку засталося некалькі кніжных шафаў у Мінску і на лецішчы ў Крынічным. Гаворачы пра гэта, Іван Антонавіч прыгадаў Панцеляймона Панамарэнку, які ў 1938—1947 гадах быў першым сакратаром ЦК КПБ і таксама збіраў бібліятэку, але, па словах Брыля, практычна нічога не чытаў. «А кніга не павінна стаяць без справы. Лепш аддаць яе таму, хто будзе чытаць», — сказаў Брыль, прыгадаўшы Льва Талстога, які напісаў: мне не цікавы пісьменнік, які напісаў больш, чымсьці прачытаў.

yanka_bryl_20

Калі ў 1996 годзе ў газеце «Советская Белоруссия», друкаваным органе ЦК КПБ, з’явіўся вельмі несправядлівы артыкул супраць Васіля Быкава, у якім была пад сумненне пастаўлена практычна ўся яго творчасць (нагодай для гэтага паслужыла быкаўская аповесць «Мёртвым не баліць»), маладыя паэты Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі, напісаўшы ліст у абарону Быкава, пачалі збіраць пад ім подпісы калег-літаратараў. Брыль адным з першых падпісаў той ліст. Дадаваў, што пад ім ужо стаялі подпісы Аркадзя Куляшова і Міхася Лынькова. Невыпадкова Быкаў пасля асабіста падзякаваў Брылю, а праз шмат гадоў, пішучы кнігу ўспамінаў «Доўгая дарога дадому», распавёў у тым ліку і пра гэтую гісторыю. Іван Антонавіч гаварыў у гэтай сувязі: «Мне было вельмі прыемна, што Васіль Уладзіміравіч помніць тых, хто падпісаў тое пісьмо, прычым, прыгадваючы, мяне назваў у ліку першых. Ну, а паступіць інакш тады я проста не мог. Так было ў выпадках з Пастарнакам, Салжаніцыным, з уводам у Чэхаславакію “братніх” танкаў — я проста не мог дзейнічаць паводле “стаднага пачуцця”».

 

Іван Антонавіч, як падалося, не надта спадзяваўся жыць занадта ўжо доўга. І прычына была не толькі ў здароўі, якое ўсё часцей падводзіла яго. «Я дужа адказна падыходжу да таго, што раблю, і баюся напісаць нейкае глупства, таму і пішу мала, — тлумачыў Брыль. — Хоць кажуць: абавязкова трэба пісаць дзве старонкі ў дзень! Я так не магу. Пішу, калі ёсць настрой — ужо не кажу пра натхненне». І потым назваў яшчэ адну, таксама істотную прычыну: «Я пахаваў трох братоў, дзвюх сясцёр, пляменнікаў. Вельмі цяжка перанёс смерць жонкі…» Тым самым Іван Антонавіч даў зразумець: неверагодна цяжка жыць, хаваючы самых блізкіх.

Image result for янка брыль

Тэму непазбежнага сыходу Брыль зрэдчас, але ўсё ж закранаў. Так, аднойчы прыгадаў, што Максім Танк гаварыў, што не жадае засядаць у «прэзідыуме» на Усходніх могілках (тады яшчэ Маскоўскіх) і прасіў пахаваць яго на радзіме, прычым у нагах у мамы. «Я таксама думаў пра гэта, — казаў Іван Антонавіч. — Але родным будзе нязручна туды ездзіць. А тут — усё ж побач». З маёй заўвагай, што, можа, не пра тое мы гаворым, Брыль не пагадзіўся: «Чаму ж? Гэта вы — малады чалавек, а я пра гэта думаю».

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат