Пра курсы
ГАРАДЫ :


13.07.2015
Басовішча-2015: Вольскі хавае музыкаў, а Brutto заахвочвае энергіяй святла

Арганізатары фестывалю агучылі сёлетні лайн-ап. Якія сюрпрызы наведвальнікам рыхтуюць музыкі?

Арганізатары “Басовішча-2015” назвалі ўсіх удзельнікаў фестывалю і апублікавалі сёлетні лайн-ап. 17–18 ліпеня на лясной палянцы Борык каля мястэчка Гарадок на Беласточчыне выступяць 14 гуртоў з Беларусі, Польшчы і Украіны. Адкрыецца фестываль у пятніцу конкурснай часткай, дзе за ўзнагароду ў 2000 злотых (550 долараў), выступ на “Басовішчы-2016” і актыўную ратацыю ў прайм-тайме на “Радыё Рацыя” пазмагаюцца гуртыExegutor, ByCry, Tonqixod ды “СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!”. Абодва вечары оўпэн-эйра закрыюць дыджэі — Lou Badgers ды Jungle Feelings.

Еўрарадыё сабрала кароткую інфармацыю пра ўсіх удзельнікаў “Басовішча-2015” і даведалася, якія сюрпрызы наведвальнікам рыхтуюць музыкі.

17 ліпеня ў 19:00 на сцэну ў Борыку выйдуць мінскія панк-рокеры Monkey Bite. Праз год пасля стварэння, музыкі выдалі аднайменны дэбютны ЕР і атрымалі прэмію “Дэбют года” на Ultra-Music Awards 2011. Праз год Monkey Bite сталі пераможцамі ў намінацыі “Рок” на 4-м фестывалі альтэрнатыўнай моладзевай культуры “Art-House”. 10 лістапада 2013 года Monkey Biteвыпусцілі сінгл “Kasmanaŭty i dzieci“.

Наступны ўдзельнік “Басовішча-2015”, рэпер SP Kava выдаў дэбютны ЕР “Што табе сніцца” у чэрвені 2013 г. У тым жа годзе быў намінаваны на прэмію “Героі года 2013” па версіі сайта Tuzin.fm. Сёлета выйшаў ЕР “яМы“, куды увайшлі пяць трэкаў, у тым ліку, “Думалі”, запісаны для праекта “Re:Песняры“.

У траўні польскаму гурту Ilo&friends, які з’яўляецца заўсёднікам фестывалю “Басовішча”, споўнілася 10 гадоў. Так што выступ 17 ліпеня можна лічыць своеасаблівым святкаваннем. Цяпер музыкі рыхтуюць трэці альбом, а адпаведна сваім выступам пакажуць, што апошнім часе адбываецца ў гурце і што ўвойдзе на новы дыск.

Магілёўцы Akute прывязуць на фестываль у Гарадку гадзінную выбарку баявых песень.

“Мы выбралі праграму менш лірычных песень, — каментуе басіст гурта Раман Жыгараў. — Гэта мікс з усіх трох альбомаў. Шчыра кажучы, я не ведаю, чаму ў нас такі настрой, але цяпер нам цікавей граць больш моцныя, рокавыя трэкі. Таму выступ абяцае быць даволі вясёлым”.

У праграму Akute ўключылі дзве новыя песні “Яшчэ адзін шпіталь” ды “Усё павернецца”, якія трапяць на наступны альбом. І больш прэм’ер музыкі рабіць не плануюць аж да запісу чацвёртага студыйніка, які, магчыма, пачнецца ўжо восенню.

“Усё вельмі проста: большасць песень, але не ўсе, — з альбома “Грамадазнаўства” і песні розных гадоў, — распавядае пра праграму Лявон Вольскі, якога мы злавілі акурат падчас рэпетыцыі. — Граць трэба шмат, бо нас чамусьці папрасілі паўтары гадзіны выступаць… але сыграем! Ніякіх прэм’ер не будзе. Новыя песні, натуральна, ёсць, але пакуль іх рана прэзентаваць”.

Склад, з якім Лявон Вольскі выступіць у якасці аднаго з хэдлайнераў першага дня “Басовішча-2015”, трымаецца ў сакрэце. Маўляў, “прыязджайце і ўсё самі ўбачыце!”.

Закрые оўпэн-эйр 17 ліпеня мінскі shamanic-folk metal гурт FolCore. Першы прома-трэк “Да зорак шлях” музыкі выпусцілі ў сярэдзіне 2014 года. Дзякуючы выступу на сёлетнім “Купальскім коле”, каманда была заўважаная арганізатарам “БасовішчаГаннай Пякарскай і запрошаная ў якасці хэдлайнера на фестываль у Гарадку.

Другі дзень “Басовішча-2015” адкрываецца выступам беластоцкага гурта Monroe’s Mysterious Death.

Працягне фестываль “Трыа Ягора Забелава” — калектыў выбітнага беларускага акардэаніста, экс-удзельніка гуртоў “Серебряная свадьба” і “Нагуаль”, заснавальніка дуэта “Gurzuf“, удзельніка шматлікіх оўпэн-эйраў ды лаўрэата шматлікіх конкурсаў.

Беластоцкі гурт Ostrov, які выступіць 18 ліпеня ў 20:00, фактычна з’яўляецца вынікам рэбрэндынгу і рэстайлінгу яшчэ адных заўсёднікаў “Басовішча”, каманды Rima. Новы гурт Андрэя Паплаўскага толькі-толькі з’явіўся, таму іх выступ на сцэне ў Борыку будзе своеасаблівай прэзентацыяй.

basy-4

“Мы вязем крыху незвычайную праграму, — кажа лідар гурта Pomidor/OFF Аляксандр Памідораў. — Яна будзе не негатыўнага настрою, а пазітыўнага і не такая цяжкая ды забойная. Зусім новых песень не будзе, але будзе колькі сюрпрызаў. Напрыклад, адну песню мы выканаем у такім варыянце, у якім яшчэ яна ніколі не гучала. Карацей, усё для радасці ўлетку”.

basy-3

“Гады, краіны, музыка і светлыя людзі злучылі разам сэрцы адной дужай каманды, — анансуюць свой хэдлайнерскі сэт другога дню фестывалю Brutto. — Прайшло больш за 45 самых гучных, самых абмяркоўваемых, самых скандальных канцэртаў у новай галактыцы думак, музыкі і моладзевых збораў нашага сусвету! Адважныя, дужыя, загартаваныя духам мы не пакідаем абыякавым ніводнага, хто прыйшоў на добрыя спевы з тэкстамі, якія захопліваюць дух і думкі, з нястрымнай энергіяй святла і нятленнай прагай волі! Сіла становіцца трохразовай, унутраны свет становіцца чысцейшым, агонь у кожным з нас ярчэе! Мы даём сваю далонь, усім хто застаўся малады! Нашы песні для вас, гэтыя песні пра вас!!! Родны край! Мы едзем на легендарны збор усіх братоў і сясцёр Brutto незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання! Нарэшце мы збярэм усіх у адным месцы, і пакажам, што мы адзіная святая сіла са светлымі думкамі і яркім агнём у вачах і сэрцах!”

Яшчэ адзін хэдлайнер сёлетняга “Басовішча” — гурт Lao Che, які сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю ў Польшчы. Музыкі маюць шмат узнагарод за ўнёсак у развіццё і папулярызацыю сваёй культуры і неаднойчы адзначаліся не толькі дзяржаўнымі супрацоўнікамі, але і старэйшымі калегамі-музыкамі. У сакавіку Lao Che выдалі альбом “Dzieciom“, які прызначаецца для дарослых дзяцей. Мяркуючы па ўсім, менавіта гэты рэліз і прадставяць музыкі ў Гарадку.

Закрые фестываль “Басовішча-2015” гарадзенскі фолк-панк-гурт Dzieciuki. На пачатку 2014-га калектыў выдаў дэбютны альбом “Гарадзенскі гармідар“, які нарабіў нямала шуму ў беларускай музычнай тусоўцы. Сам калектыў быў намінаваны на “Гурт года” на музычнай прэміі Еўрарадыё Даём рады“.

 

Ілля Маліноўскі, Euroradio.fm

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат