Пра курсы
ГАРАДЫ :


16.11.2015
Аб благім і добрым, аб славе і слове

Беларуская мова на працягу ўсёй сваёй гісторыі існавання ўзбагачалася лексікай з іншых моваў. Гэты працэс з’яўляецца натуральным для любой мовы, асабліва, калі гаворка ідзе пра тэрміналагічную лексіку, якая часта ўяўляе сабою гатовыя моўныя адзінкі акрэсленага значэння.

Варта таксама адзначыць, што нямала беларускіх тэрмінаў з беларускіх словаўтваральных элементаў праз калькаванне прыйшлі з рускай мовы на ўзор адпаведных у іншых мовах.

Менавіта праз калькаванне ў беларускай праз паўднёваславянскія мовы з’явіўся грэцкі тэрмін εὐλογία, аб гэтым піша ў кантэксце царкоўнаславянскай і рускай моваў лінгвіст Смірнова.

У мове арыгінала гэтае слова складаецца з εὖ— «дабро» і λόγος — «слова». Падобна збудаванае і лацінскае benedicere: bene — «добра» і dictum —«сказанае». У габрэйскай Бібліі гэтае слова мае іншую этымалогію: корань БРХ звязаны з БэРэх — «калена», а дзеяслоў БаРаХ ужываецца ў значэнні як «станавіцца на калені», так і грэцкагага дзеяслова εὐλογέω.

89b7bdd23793f789378438fbd46f3759

Шлях у сучасную беларускую мову гэтага тэрміна быў не простым. Гэтае слова прыйшло з грэцкай і замацавалася ў старажытнай літаратуры (галоўным чынам царкоўнай) як складанае слова ў першай сваёй частцы з «благ-». Лінгвіст Філін сцвярджае, што шырокае ўжыванне ў кніжных помніках, дзе сустракаліся тэрміны з «благ-» часцей за ўсё належалі тэкстам хрысціянскай рэлігіі, тым ня менш у позніх рукапісах гэтая частка слова часта замянялася на «дабра-».

Звернемся да царкоўнаславянскай (старабаўгарскай) мовы, адкуль і калькавалася гэтае слова, як і шмат іншых з «благ-» у першай частцы складаных словаў. Аказваецца, што існуе палярнасць значэнняў і вытворных лексем у паўднёваславянскіх мовах і заходня-, усходняславянскіх арэалах. Напрыклад, у сучаснай баўгарскай мове «блажá» — есці тлустую ежу, у македонскай «блажи» — мець саладкавы смак, у славенскай «blážiti» — ашчаслівіць, у чэшскай «blažiti» — прыносіць радасць, дабро, але у беларускай мове адзінае слова з «благ-» — прыметнік «благі», які мае адмоўнае значэнне «дрэнны, кепскі» (пар. літоўскае blõgas— «дрэнны, слабы»).

Узнікае пытанне — ці ўсё ж маюць агульнае паходжанне гэтыя словы ў славянскіх мовах? Існуе меркаванне такіх лінгвістаў, як Міклош, Бернекер, Машэк, Пакорны і іншых, што праславянскае *bolgъ спрычынілася да словаўтварэння ва ўсходня-славянскіх мовах з дадатнім значэннем, а ў беларускай да з’яўлення такіх словаў, як «балазе», «балазей», «незбалазь», «паблажлівасць», а праславянскае *blag -–«дрэнны, слабы» (грэц. βλáξ— млявы), спрычынілася да ўтварэння прыметніка «благі» ў значэнні «дрэнны». Аказваецца, што паходзяць гэтыя супрацьлеглыя словы з іншых крыніцаў! Дарэчы, у беларускай мове можна выдзяліць антонімы: «балагі» ў значэнні шчаслівы, якое сустракаем у перакладзе Евангелляў Васіля Цяпінскагаі сучасны прыметнік «благі» ў значэнні «дрэнны».

Што ж, калі гэтая тэорыя, якой прытрымліваюцца славутыя лінгвісты,не абвергнутая да гэтага часу, і пры наяўнасці ў беларускай мове антонімаў «балагі»і «благі», можна сцвярджацьпра рознае паходжанне гэтых словаў— пры такім раскладзе, лацінскаму тэрміну benedictum і яго антоніму maledictum у беларускай мове тэарэтычна маглі б адпавядаць складаныя словы ў першай частцы з«балаг-» і «благ-». Магчыма, праблема крыецца ў сугучнасці гэты двух супрацьлеглых словаў, у рэдкасці словаў з «балаг-» і ў выразным негатыўным адценні слова «благі», адсутнасці аналізу паходжання гэтых словаў і бяздумным калькаванні.

Сучасная беларуская мова практычна ўсе запазычаныя складаныя словы з грэцкай мовы ў першай сваёй частцы зεὖ- засвоіла праз «дабра-»: дабрабыт, дабравеснік, дабраволец, дабрадайнасць, дабрадзейнасць, дабрадумнасць, дабрадушнасць, добразычлівасць, дабрамыснасць, дабрароднасць, дабратворнасць, дабратлівасць, дабрачыннасць, дабрашчаснасць, дабраякаснасць… Многія тэрміны ў беларускай мове не патрабуюць запазычання, ім адпавядаюць уласныя беларускія словы (благоволение— ласка, спрыянне, зычлівасць, прыхільнасць; благодарение— падзяка, дзякаванне, падзякаванне, удзячанне…). Практычна адзіным выключэннем з’яляецца слова «благаслаўленне» (апошнім часам ў лексіцы Праваслаўнай Царквы з’явіўся тэрмін «благадаць»).

Спрэчкі аб дарэчнасці выкарыстання «благ-» у першай частцы слова «благаслаўленне» не сціхаюць. Варта заўважыць, што тэрмін, як і ў старажытныя часы з кампанетам «благ-», належыць пераважна да царкоўнай лексікі, хоць выкарыстоўваецца зараз і ў свецкай літаратуры. Сярод перакладчыкаў рэлігійных тэкстаў розных канфесіяў тэрмін не мае адзінасці. Прывядзём прыклады дзеясловаў ад грэцкага назоўніка εὐλογία: блаславіць — Я. Купала, слоўнік братоў Гарэцкіх, слоўнік Байкова і Некрашэвіча, А. Надсан; благаславіць— Праваслаўная і Рыма-каталіцкія Цэрквы, афіцыйная літаратура; багаславіць — А. Луцкевіч, П. Татарыновіч, некаторыя выданні БАПЦ, У. Чарняўскі. Аналізуючы гэтыя варыянты словаў, трэба заўважыць, што яны далёкія ад грэцкага дзеялова εὐλογέω, дзе назоўнік εὖ—мае значэнне «дабро», не можа быць аднакарэнным з «блага», скарочаным ад гэтага слова «бла-», ці тым больш ад «Бога».

Ці неабходна далей шукаць адпаведніка царкоўнаславянскаму «благ-» у выглядзе «блага-», «бла-», «бага-», альбо адзінае слова-выключэнне «благаслаўленне» належала б калькаваць па прынцыпу іншых запазычаных складаных словаў з грэцкай мовы з εὖ- у першай частцы, праз «дабра-»? Падобны варыянт слова таксама існуе ў беларускай мове дабраславіць— В. Сёмуха, Я. Станкевіч і іншыя, але праблема запазычання грэцкага εὐλογία гэтым не вырашаецца. Засяродзіўшыся на першай частцы слова, мала хто звяртае ўвагу на другую, якую складае грэцкае слова λόγος— «слова», але ні ў якім выпадку не «слава» (грэц. δόξα). Трэба сцвердзіць, што вышэйзгаданыя варыянты з’яўляюцца дакладнай калькай грэцкага εὐδοξία, дзе εὖ— «дабро», δόξα — «слава», але не тэрміну εὐλογία, дзе εὖ— «дабро» і λόγος — «слова». Ці з’яўляюцца ў беларускай мове словы «слава» і «слова» аднакарэннымі, што дазволіла б у дзеяслоўнай фарме заіснаванню «славіць» ад «слова»? Не, гэтыя словы не аднакарэнныя. Дзеяслоўная форма ад «слова» усё ж павінна мець выгляд як «словіць», а не «славіць». Згодна з правіламі беларускага словаўтварэння грэцкае εὐλογία павінна быць«дабраслоўленнем», дзе корань другога слова ў складыным –слоў- з «о» ў моцнай пазіцыі, якое па ўсіх правілах гістарычнай граматыкі ніяк не можа пераходжзіць у «а», а не –слаў-.

Ні ў якім разе не хацелася б спрычыніцца гэтым артыкулам да пагаршэння ўжо існых спрэчак і абмеркаванняў падобнай лексікі, але ўсё ж варта звяртаць увагу на спосабы засваення запазычанай лексікі ў нашай мове і на значэнне ўласных словаў, якія ўдзельнічаюць у працэцэсе словаўтварэння тых ці іншых тэрмінаў.

 

а. Сяргей Сурыновіч

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат