Пра курсы
ГАРАДЫ :


06.11.2015
1500 мінскіх школьнікаў узялі ўдзел у праекце «Чытаем па-беларуску з velcom»

1 500 мінскіх школьнікаў узялі ўдзел у майстар-класах па беларускай мове ад вядомых пісьменнікаў.

Цягам кастрычніка 10 школ беларускай сталіцы сталі ўдзельнікамі новага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom». Перад вучнямі 2–3 класаў выступілі знакамітыя пісьменнікі і акцёры, якія пазнаёмілі дзетак з сучаснай дзіцячай літаратурай і скарбамі беларускай культуры. Наперадзе мінскіх школьнікаў чакаюць новыя сюрпрызы. У лістападзе разам з вядомымі пісьменнікамі яны перамесцяцца ў свет беларускай паэзіі і казак.

Праект «Чытаем па-беларуску з velcom» – гэта ўнікальны для Беларусі сацыяльна-арыентаваны і адукацыйны праект з удзелам вядомых беларускіх дзіцячых пісьменнікаў. Цягам 3-х месяцаў больш як у 30-ці школах Мінска, а таксама ў 2-х школах для дзяцей з асаблівасцямі развіцця адбываюцца урокі для вучняў 2–3 класаў, якія знаёмяцца з сучаснай беларускай літаратурай і атрымліваюць практычныя лінгвістычныя навыкі. Першая частка праекта ахапіла 10 мінскіх школ, а слухачамі ўрокаў сталі 1 500 вучняў-пачаткоўцаў. У якасці настаўнікаў праекта выступілі вядомы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ліпскі і беларускі акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт.

У лістападзе мінскія школы чакаюць новыя ўрокі ў межах праекта «Чытаем па-беларуску з velcom», а таксама новыя настаўнікі. Навучаць дзетак асаблівасцям беларускай культуры будуць паэтка і публіцыстка Таццяна Сівец і паэтка, лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова.

«Мовай трэба авалодваць з ранняга дзяцінства, і чым раней, тым лепш, – адзначае Раіса Баравікова. – Улічваючы той факт, што ў Беларусі не так шмат беларускамоўных сем’яў, асабліва сярод гарадскога насельніцтва, гэтую праблему мы павіны вырашаць агулам, усім грамадствам. У нас цудоўная дзіцячая літаратура, выдатныя пісьменнікі, і разам мы можам паўплываць на сітуацыю ў моўным асяродку. Гэта выдатна, што такая знакамітая кампанія як velcom узялася за такі гучны праект. Сёння ён вельмі неабходны і патрэбны. Я думаю, што гэта першая ластаўка, калі вялікі бізнес прымкнуў да вельмі высакароднай і патрэбнай справы – прышчапляць дзецям любоў да беларускай мовы. Таму я з вялікай ахвотай і задавальненнем удзельнічаю ў гэтым праекце».

Арганізатарам адукацыйнага праекта выступіла кампанія velcom з падтрымкай Камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. У лістападзе слухачамі беларускамоўных урокаў стануць вучні 2–3 класаў дзесяці агульнаадукацыйных школ Мінска, а таксама навучэнцы дзвюх школ для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

«Кампанія velcom заўсёды надавала ўвагу папулярызацыі беларускай мовы сярод маладога пакалення, – каментуе кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў. Гэта не толькі важны пункт у рамках карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі, але і наш рэальны унёсак у захаванне нацыянальнай культуры і традыцый. Праект «Чытаем па-беларуску з velcom» ахапіў ужо 10 школ, і, як паказала рэакцыя дзяцей, ён з’яўляецца вельмі запатрабаваным».

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат