Пра курсы
ГАРАДЫ :


23.11.2016
10 ПРАВІЛАЎ ЖЫЦЦЯ РЫГОРА БАРАДУЛІНА

“Рыхтаваў сябе дзеля служэння беларускаму слову”

* Я — хутаранін, у тым ліку па натуры: у мяне няма стаднага пачуцця, якое спрабавалі прывіць камуністы. Ды і любы, хто, напышліва гаворачы, творыць, — ён пустэльнік, хутаранін.

014

* Я ў Мінску чужы, у мяне даўно адчуванне, што ў горадзе жыву быццам у камандзіроўцы ці як у заезджым двары. Мне тут няўтульна, я не прыжыўся ў Мінску і ўжо не прыжывуся. Тут усё халоднае. Таму і душой, і думкамі, і ўспамінамі я на сваёй радзіме. Я — не тут. У Вушачы мае карані, там практычна ўся мая радня. І душа мая там. У Вушачы я кожны дзень хаджу на возера, прагульваюся па лесе, я там і на Вялікдзень, і на Каляды, і на куццю… Усё-ткі мне больш даспадобы самота і адзінота, а з гадамі — усё больш, мабыць, таму, што нарадзіўся на хутары — гэта таксама неяк сказалася на маім характары.

043

* Мне парой гадоў трыццаць пяць, парой — пяцьдзясят. Але не болей. Вось калі добра, тады і нешта пішацца, і вяртаешся ў ранейшыя гады, а як дрэнна, дык адразу адчуваеш, што ўжо стары. Так што гэта ўсё перманентна. Бывае, што прачынаешся і думаеш: хачу на Бутаўшчыну, да мамы. А на другі дзень думаеш: не, яшчэ рана. Ды і нельга сабірацца… Калі ж усё-ткі сабраўся паміраць… усё як Бог дасць.

* Увесь час думаю і хачу, каб мяне пахавалі каля мамы. Я штодзённа прыгадваю кожную сцежку і лукавінку, памятаю яшчэ паўнаводнай нашую рэчку і тыя месцы, якіх даўно ўжо няма. У памяці пастаянна ўсплываюць твары і галасы, якія бачыў і чуў у маленстве. І чым далей — тым больш.

007

* Мне па-ранейшаму здаецца, што сусед, які старэйшы за мяне толькі на год, вось ён — стары, а я — малады. Нездарма гаворыць народ: свае гады лёгка насіць. Старым сябе адчуваеш, калі не пішацца… Калісьці нехта сказаў: «І стары стаў, і слабы», — пасля паглядзеў вакол і дадаў: «Дый раней дзярмо было»… Я ж гавару, што калі пішацца, пра гады забываешся — быццам і не было іх, быццам жыццё зноў пачынаеш. Менавіта таму ад узросту ўцякаю ў працу. Пісанне — гэта свайго роду прыём алкаголю: пішаш і не заўважаеш, як бяжыць час. Памятаеце такі анекдот: выпіў больш, чым мог, але менш, чым хацеў. Калі пішаш, прыкладна такое ж пачуццё ўзнікае.

* Ратуюся толькі словам, словам-радком. Я ўжо перахварэў гэтай хваробай, калі хацелася, каб тваё прозвішча было на вокладках кніжак. Апошні час проста хочацца пабыць з самім сабою, таму і пішаш практычна для сябе. Гэта больш адказна і больш спакойна, бо не мітусішся — друкавацца ж практычна няма дзе, але мяне гэта не надта турбуе… Некалі ў Васіля Віткі былі радкі пра тое, што ён напісаў верш пра жаваранка і вось нясе яго ў рэдакцыю, і ўзнікае пытанне: «А што, калі не надрукуюць?» — «Ад жаваранка так пачуюць». Так і я цяпер пішу і жыву з такім настроем.

* Што трымае, дык тое, што я яшчэ, можа, патрэбны беларускасці і ўнучцы. І яшчэ трымае, што ёсць усё-ткі беларуская моладзь, якую цікавіць беларуская паэзія, беларуская справа, наогул беларускасць… А так я вось прыйшоў да такой высновы:

 

Тут —

Гэта апошняя перамога

Спакойна глядзець на сябе старога.

 

* Само жыццё — гэта падарунак. І з гадамі разумееш, што жыццё было такім заўсёды, проста раней з-за ўзросту ты так яго не ўспрымаў. А жыць трэба дзеля таго, каб нешта пакінуць пасля сябе. Я жыву ў імя ўсяго беларускага, жыву дзеля служэння беларускаму слову. Я прыняў гэтае беларускае слова па крыві, ад мамы, па генетычнаму коду і рыхтаваў сябе да гэтага служэння з маладых гадоў. Гавару гэта без высакамоўнасці: я рыхтаваў сябе не дзеля служэння беларускай паэзіі — для служэння беларускаму слову.

036

* Чалавеку, як цяпер разумею, трэба абсалютна мала: душэўны спакой і раўнавага. Больш нічога. Проста каб было нешта перакусіць дый страха і спакойнае неба над галавой, спакойнае — як Космас, як Жыццё… З гадамі разумееш, што ўсе даброты часовыя, усё гэтае багацце не забярэш з сабой туды. І хоць некаторыя ўзурпатары, імператары імкнуліся стварыць імперыю амаль ні на ўвесь зямны шар, аднак усё роўна больш, чым паўтара метра, ніхто ўрэшце не атрымліваў.

* Фізічная старасць сапраўды страшная, але самае галоўнае, каб душа заставалася маладой — чалавек датуль жыве, пакуль яго душа маладая, а ўжо калі старэе і душа, тады ніякае цела не ўратуе. Менавіта душа трымае чалавека на зямлі. Калі ж яна, састарэўшы, адыходзіць, тады і чалавек адыходзіць следам за ёй.

Падрыхтаваў Сяргей Шапран

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат