Пра курсы
ГАРАДЫ :


Прынцыпы курсаў “Мова Нанова”

vlvlviln87-07

Шаноўныя сябры! Гэты раздзел прызначаны для тых, хто хоча арганізаваць Мову Нанову ў сваім горадзе, мястэчку ці вёсцы. Тут будуць змяшчацца практычныя парады па арганізацыі заняткаў, варыянты творчых заданняў (індывідуальных і групавых), гульні, моўныя забавы. Раздзел будзе стала напаўняцца, цяпер праца толькі пачынаецца.

Колькі асноўных парадаў выкладнікам Мова Нанова.

1. Курсы — гэта сталы баланс між адукацыяй і шоў. Вучыць правілы і запамінаць канчаткі ў словах людзі могуць і самастойна ў хаце. На курсах адукоўванне мусіць адбывацца цікава і нязмушана. Людзі ходзяць на курсы не толькі таму, што гэта трэба, але таму, што гэта цікава.

! 2. Цяжкое ў пачатку, лёгкае ў канцы. Мы раім пасля размінкі адразу даваць граматычны блок, бо ён самы цяжкі для ўспрыняцця — і найлепей засвойваецца, калі людзі яшчэ не стаміліся. Следам за ім — слоўнік. Следам — усё астатняе: цікавосткі, госці, музыка.

images3. Модульнасць заняткаў. Гэта значыцца, што заняткі мусяць складацца з дакладных частак, а не выглядаць “катлетай” на 2 гадзіны. Студэнты павінны добра ведаць, што гэта граматыка, гэта лексіка, гэта цікавосткі і г.д.

4. Кароткія часткі. Самы вялікі модуль на занятках — граматыка: 20-25 хвілін. Разбор слоўніка — да 15 хвілін. Слова госцю: да 15 хвілін (далей пытанні да госця). Музыка, нават калі прыехаў Пол Макартні — не больш 30 хвілін. 

6. Раскрывайце таленты студэнтаў. Сярод іх ёсць архітэктары, фларысты, праграмісты, аптэкары, настаўнікі, хатнія гаспадыні, лекары… Дайце ім распавесці пра сваю прафесію ці хобі! Плануючы тэму наступных заняткаў, падумайце, хто са студэнтаў можа распавесці па гэтай тэме нешта цікавае.

5. Запрашайце гасцей. Ідэальна, каб кожныя заняткі прыходзіў нейкі госць (абавязкова беларускамоўны!). Па-першае, гэтак будзе разбаўляцца гаварэнне выкладнікаў. Па-другое, людзі будуць чуць жывое маўленне. Па-трэцяе, спецыяліст у кожнай канкрэтнай сферы заўжды падасць матэрыял лепей за вас.

! 7. Інтэрактыў. Сачыце, каб значную долю заняткаў размаўлялі студэнты, а не выкладнікі. Размінка: апавядаюць, дзе што было/будзе цікавае. Граматыка — адказваюць хорам ці па чарзе на заданні. Слоўнік — гавораць, якія словы незразумелыя, прыводзяць прыклады ўжывання. Творчае заданне: дзеляцца на групы, выконваюць, а тады прэзентуюць грамадзе вынікі.

8. Не злоўжывайце відэа. У кожнага ёсць дома кампутар, кожны можа паглядзець цікавыя ролікі самастойна. Як паказвае практыка, болей за 5 хвілін (адна песня) відэа людзі вытрымліваюць цяжка. Асабліва варта адзначыць, што выпускі “Моўніка”, якія змешчаныя ў занятках, не рэкамендуецца паказваць публічна — варта звяртаць увагу, што іх можна самастойна паглядзець дома.

9. Трымайце руку на пульсе. Варта рэгулярна ладзіць ананімнае анкетаванне студэнтаў. І пытацца найперш 2 моманты: што вам НЕ падабаецца на курсах? што і як вы раіце палепшыць? Часам студэнты звяртаюць нашую ўвагу на відавочныя рэчы, якія мы самі можам не заўважаць!

000965_975210

! 10. Ніякай палітыкі. На курсах забаронена з’яўляцца прадстаўнікам палітычных партый і рухаў, праводзіць агітацыю, раздаваць ўлёткі і г.д. Курсы — не трыбуна для прасоўвання ідэяў асобных груп ці партый. Курсы — трыбуна для прасоўвання беларушчыны.

11. Не толькі мова. Напраўду, на курсах беларускай мовы мусіць быць месца і гісторыі, і мастацтву, і іншым праявам культуры. Мова — ключык да беларускага сусвету!

12. Дабразычлівасць. Давядзіце студэнтам, што на занятках павінна гучаць толькі беларуская мова. І што ніхто не павінен кпіць ці смяяцца з памылак ці недасканалага маўлення іншых. Настане час — будуць шпарыць як Купала.

13. Масавасць. Гэта — галоўны паказнік паспяховасці нашых курсаў. Мы робім масавыя курсы, а не вузкі гурток для аматараў марак з выявамі рэптылій. Калі на курсах зніжаецца колькасць наведнікаў — значыцца, мы, выкладнікі робім нешта не так. Зразумела, што калі курсы адкрыліся толькі што, то натуральна, што нейкая частка слухачоў праз пару заняткаў адсеецца. Аднак калі гэты працэс будзе працягвацца — маем сур’ёзную нагоду задумацца.

! 14. Збіраць грошы на занятках забаронена. Курсы былі і будуць бясплатныя.  Тым часам, прымаецца і заахвочваецца любая дапамога: канцтавары, кава-гарбата, падарункі-сувеніры для ўдзельнікаў. У тым ліку і нематэрыяльная валанцёрская дапамога: прыйсці загадзя і расставіць крэслы; дапамагчы з відэапраекцыяй ці гукам; дапамагаць абнаўляць суполку і г.д. Толькі супольна мы зробім сапраўды патрэбныя людзям курсы. Каб кожны разумеў, што курсы існуюць у тым ліку і дзякуючы яму.

15. Розныя — роўныя. Курсы — для людзей любога веку, сацыяльнага становішчы, арыентацыі, рэлігійных і палітычных поглядаў. Кожны студэнт мусіць пачувацца камфортна, не адчуваць касых позіркаў, кпінаў ці навязвання нейкіх ідэяў.

! 16. Рэкамендаваная працягласць заняткаў — 2 гадзіны. Як паказвае практыка, нават на самых цікавых занятках людзі прытамляюцца і больш за 2 гадзіны вытрымліваюць цяжка. Зацягнутыя заняткі могуць адбіць ахвоту ў некаторых людзей хадзіць на курсы далей. У анкетах, атрыманых ад студэнтаў з розных гарадоў, самая частая заўвага — недакладны час заняткаў. Вызначыцеся, што калі пачатак 19.00 — то гэта значыцца, што максімум можна пачакаць яшчэ 5 хвілін. Калі канец заняткаў 21.00 — тое самае. Слухачы павінны мець магчымасць дакладна планаваць свой час.

Andrea_Mantegna_081

17. Запрашайце музыкаў. Музыка не павінна стаць замяняльнікам заняткаў, але мусіць быць дадаткам! Паколькі заняткі адбываюцца пераважна ў вечаровы час, то людзі могуць прыходзіць прытомленыя. Пасля напружанай працы дайце ім мажлівасць расслабіцца і паслухаць музыку!

18. Не бойцеся смела мадэраваць заняткі. Не ўсе могуць выказваць свае думкі коратка і лаканічна. Роля выкладніка — дапамагчы такім слухачам, змясціўшы іх выказванні ў пэўныя межы :)

Магчымыя рубрыкі на занятках

1. Што? Дзе? Калі? - выкладчыкі і слухачы коратка дзеляцца навінамі, робяць абвесткі і анонсы. Пачынаць заняткі з такой рубрыкі добра тым, што людзі могуць “размяцца”, кожны мае мажлівасць хоць бы троху папрактыкавацца ў мове.

2. Граматычная частка (культура мовы, правапіс, лексіка, сінтаксіс, марфалогія і г.д.) — апісанне моўнай з’явы і практычныя заданні. Бадай, гэта самая “сур’ёзная” частка заняткаў, таму не варта адсоўваць яе далёка ад пачатку. Найлепей даваць, пакуль увага і канцэнтрацыя слухачоў максімальныя.

3. Скайп-госць. Унікальная тэхнічная магчымасць для студэнтаў паразмаўляць з цікавым чалавекам з іншага горада ці нават краіны. Адзін з варыянтаў — запрасіць да размовы замежніка, які валодае беларускай мовай.

4. “Жывая мова” Юрася Бушлякова. Аўдыёфайл, прысвечаны аднаму з пытанняў культуры мовы. Слухаць і спампаваць аўдыёкнігу можна ТУТ.

5. Цікавосткі з архіва. Сканы са Статута, Метрык ВКЛ, Нашай Нівы пачатку ХХ ст., кніг Купалы, Коласа, Багдановіча, Багушэвіча, Гарэцкага… Пазней выкладзем сюды спасылкі на такія выданні.

6. Госць заняткаў. Вельмі важна запрашаць на заняткі госця. Крытэр адзін — каб чалавек быў беларускамоўны. Істотна, каб гэта былі не толькі, і нават не столькі філолагі ды літаратары. Варта запрашаць людзей самых розных прафесій — каб паказаць, што беларуская мова прымяняльная паўсюдна.

7. Слоўнік па тэме з замацаваннем. Набор лексікі па тэме заняткаў: як асобныя словы, гэтак словазлучэнні і гатовыя выразы. Крытэр — максімальная прымяняльнасць у паўсядзённай жывой мове.

8. Групавое творчае заданне або моўная гульня. Прыклады выкладзем крыху пазней.

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат