Пра курсы
ГАРАДЫ :


04.04.2015
Зьвяры-суайчыньнікі

Інфармацыя ўзята з сайта knihi.com (Беларуская палічка)

 

 

 

АД АЎТАРА

Розныя істоты сталі сымбалямі розных народаў. Выявы арлоў ды львоў, кенгуру й драконаў, леапардаў і пэліканаў аздабляюць афіцыйныя рэгаліі многіх краінаў.
Сымбаль не абавязкова мусіць быць афіцыйным. Мадагаскар, напрыклад, пазнаюць па самых вялікіх у сьвеце матылях і лемурах, хоць іх няма на дзяржаўнай сымболіцы, затое яны патрапілі на паштоўкі ды маркі.
Для сымбалю бяруцца не абавязкова самыя распаўсюджаныя жывёлы, хутчэй наадварот, — унікальныя. Да прыкладу, у Новай Зэляндыі на манэты б’юць выяву гатэрыі (дзюбагаловай яшчаркі, «сваячкі» дыназаўраў), якая жыве на ланцужку маленькіх выспаў Чатэм, што ў Ціхім акіяне. Гатэрыя — цуд прыроды тых краёў, рэліктавы паўзун, якога няма больш нідзе ў сьвеце. І шануюць яе новазэляндцы як унікум, які выпала берагчы менавіта ім. Гэтак прыходзіць усьведамленьне месца свае нацыі ў сьвеце…
Знакам нацыі можа быць і свойская жывёла. Ахалтэкінскія скакуны й каракулевыя авечкі — красамоўныя сымбалі цярплівасьці й густу туркмэнаў. Які — жыцьцястойкасьці й суворасьці Тыбэту. Элеганцкія драмадэры — караблі пустэльняў — неадрыўныя ад краявіду Арабіі і Сахары. Ламы — ад Андаў, паўночныя алені — ад Ляпляндыі…
Калісьці ў Беларусі было безьліч зьвяроў. Падарожнікаў, якія ехалі нашым краем, гэта моцна дзівіла. У кнізе 1517 году «Трактат пра дзьве Сарматыі», якую напісаў Мацей зь Мяхова, гісторык і лекар, што жыў у Кракаве, можна прачытаць пра тую Беларусь вось што: «…Дзікіх зьвяроў там больш, чым ува ўсім хрысьціянскім сьвеце. Паколькі лясы там вялікія, дык і ловіцца шмат буйных зьвяроў: буйвалаў і лясных быкоў, якіх яны на сваёй мове называюць турамі і зубрамі, дзікіх аслоў і лясных коней, аленяў, ланяў, газэляў, козаў, дзікоў, мядзьведзяў, куніц, вавёрак і іншых зьвяроў…»
Другі падарожнік, Міхалон Ліцьвін, які каля 1550 году напісаў кнігу «Аб норавах татараў, ліцьвінаў і маскавіцян», быў моцна ўражаны колькасьцю рыбы ў Беларусі. «… Паўсюль, дзе ёсьць вада, ёсьць і рыба, — пісаў ён. — У рэках тут мноства асятроў і іншых вялікіх рыбаў, якія ўзьнімаюцца з мора ўверх па рэках, у прэсную ваду. З гэтай прычыны многія рэкі называюцца залатымі, асабліва Прыпяць, якая ў адным месцы, паблізу ад Мазыра, калі ў пачатку сакавіка штогод набіраецца з крыніцаў сьвежая вада, напаўняецца такой колькасьцю рыбы, што кінутае ў яе кап’ё затрымліваецца і стаіць тырчма, нібы ўторкнутае ў зямлю — гэтак густа зьбіваецца там рыба. Я ня верыў бы гэтаму, калі б сам часьцяком ня бачыў, як адтуль чэрпалі рыбу і за адзін дзень напаўнялі ёю да тысячы вазоў, што належаць купцам, якія штогод прыяжджаюць на гэты час…»
Беларусь за сваю гісторыю бачыла шмат відаў жывёлаў, большасьць зь якіх цяпер ужо адышлі назаўсёды. Але гады расейскае й бальшавіцкае акупацыі не прайшлі дарма і для зьвяроў — нашых суайчыньнікаў. Гэтак цалкам зьвяліся ў нашых лясах звычайныя яшчэ гадоў 300-200 таму сарны, туры, расамахі, некалі шматлікія лясныя каты, сабалі, пясцы. У рэках толькі за апошнія 50 гадоў зьніклі рыбы 15 відаў: выразубы, асятры, ласосі ды шмат якія іншыя. Падлічыць колькі прападае драбнейшых зьвяркоў амаль немагчыма. Некаторыя выміраюць і зараз. Магчыма, нават у гэтую самую хвіліну, калі вы чытаеце гэты тэкст…
Якая з нашых жывёлаў-суайчыньніц магла б стацца сымбалем Беларусі? Зубр? Але з роўным правам яго могуць уважаць за свайго й палякі, якім Сталін аддаў палову Белавескае пушчы. Зрэшты, таксама праўда й тое, што менавіта польскія навукоўцы выратавалі зубра перад апошняй рысаю, за якою яго не было б наогул. А сёньня найбольшая папуляцыя зуброў — ува Ўкраіне. Гадуюць іх цяпер і ў краінах Балтыі, у Славакіі, Расеі.
Буслы? Але ніяк ня менш буслоў у іншых краях Эўропы, дзе яны гняздуюць, як і нашыя, пасьля паўгадовага побыту ў Афрыцы. Хіба што чорныя буслы? Але нейкая змрачнаватая выявіцца сымболіка.
А што калі азірнуцца вакол больш уважліва? Заўважыць тых зьвяроў, якіх мы часам не заўважаем, хоць тысячы іх жывуць па суседзтву з намі, пад стрэхамі нашых дамоў, у нашых палях і лясах, у рэках і азёрах… Пра ўсіх, вядома, не распавядзеш. Адных толькі кажаноў у Беларусі пакуль яшчэ больш за 15 відаў! Але паспрабуем хаця б уявіць, якое бязьмежжа формаў нас атачае, колькі ў ім хараства і наколькі яно крохкае.

ХАХУЛЯ

Нідзе па-за межамі нашых краёў, у Эўропе, не існуе гэты зьвярок, якога Вы бачыце на малюнку. Хто гэта? Гэта хахуля. Або Dosmana moschata.
Гэтая істота не прынесла чалавеку аніякае шкоды: і сілкуецца тым, чаго чалавек не ўжывае, — інсэктамі, казюркамі ды сьлімакамі; і жыве там, дзе не жывуць людзі, — у падводных норках пад топкімі берагамі нетаропкіх рэк. Але ў яе адмысловая поўсьць. Зьверху цёмная шэра-бурая, а ўнізе, на трыбушку — срабрыста-белая. Ды яшчэ зьмяняецца ў залежнасьці ад асьвятленьня…
Чалавеку мала апранацца добра, яму трэба апранацца дорага. Выдаткам гэтага чалавечага жаданьня й сталася вынішчэньне безабароннага зьвярка — хахулі.
Вядома ж, прыгожае футра — ня ўсё, што ёсьць у хахулі. Яна мае доўгі й пляскаты хвост, які дапамагае ёй плаваць. Хвост пакрыты дробнымі лускавічкамі ды валаскамі. Для жыцьця ў вадзе прызначаныя і перапонкі, як у качак, на задніх лапах хахулі. Кшталтам качканоса, што з Аўстраліі, хахулю можна было б назваць качкалапам. А пярэднія лапкі ў яе зусім малыя, ледзьве дацягваюцца да даўгаватага й гнуткага носу.
Бліжэйшыя суродзічы хахулі — вожык і буразубка.
Да часу расейскае анэксіі Беларусі хахулі жылі ў Пасожжы. Але ўжо ў 1951 годзе яны вадзіліся толькі на рацэ Асьцёр на Магілеўшчыне. Праўда, у 1982 яе заўважылі на Пцічы. Для іх гэта было, бадай, адзінае месца ў Эўропе. З таго часу іх больш ня бачылі…

БУРАЗУБКА

Да 18 ст. у Новай Зэляндыі амаль не было сваіх сысуноў, а іхныя функцыі перанялі птушкі. Птушкі-драпежніцы й цяпер п’юць авечую кроў, птушкі-вэгетарыянкі ядуць гародніну. Між тым, у нас агульнапрынятая думка, што галоўная страва птушак — казюркі. І што казюрак ядуць менавіта птушкі!.. Але гэта ня так.
У нас, у Беларусі, ёсьць і бяскрылыя істоты, якія пасьпяхова спраўляюцца з «птушыным» рацыёнам. Апроч хахулі, жамярою жывіцца яе бліжэйшы суродзіч — буразубка, таксама з атраду насякомаядных, праўда, зь сямейства землярыйкавых. У Беларусі буразубак тры віды. Адзін зь іх — Sorex araneus.
Гэта буразубка звычайная. Але, ня гледзячы на назоў, мала хто можа сказаць, што бачыў яе. Па-першае, гэта начны зьвярок. А па-другое, гэтую істоту прымаюць за грызуна, хоць, у адрозьненьне ад мышэй, буразубка прыносіць карысьць, зьнішчаючы шкодную жамяру і… мышэй. Апроч гэтага, у яе рацыён уваходзіць насеньне дрэваў.
Буразубка мае выцягнутую ў хабаток пыску й чырванавата-бурыя зубкі. Даўжыня яе каля 7 сантымэтраў плюс 3-5 сантымэтраў хваста, а вага ўсяго 8-15 грамаў. Поўсьць цёмна-брунатная, трыбушок сьветла-шэры.
Сустракаецца буразубка ў тундры й лясох Эўразіі, а ў Беларусі селіцца ў мяшаных лясох, мохавых балатох. Плодзіцца некалькі разоў на год увесну і ўлетку. А ўвогуле лёс яе незайздросны. У акцыях змаганьня з грызунамі дастаецца й буразубцы, нястомнай памочніцы-санітарцы, якая жвава і ўпарта зьнішчае масу шкодных інсэктаў.

ДРАХВА

У Новай Зэляндыі ёсьць адзін сумны сымбаль. Гэта — моа, самая вялікая птушка сьвету (3 м ў вышыню), што была выбітая ў часы Асьветніцтва. Яе амаль сваячка — драхва (Otis tarda), самая высокая птушка Беларусі, напэўна, зьнікла ўжо на прыканцы 60-х гадоў нашага стагодзьдзя.
«Гэта той, хто ў Афрыку пешкам ходзіць», — кажуць пра драхву на Гомелынчыне. І маюць пэўную рацыю. Па-першае, апошнія віды яе сямейства сапраўды жывуць у Афрыцы ды Арабіі, а па-другое, драхва сапраўды нядрэнны хадок. Перад тым, як узьляцець, ёй трэба добра разьбегчыся. Ну, рыхтык стравус (які ўвогуле ня лётае)!
Беларуская драхва колісь была звычайнай жыхаркай паплавоў, палёў ды лесастэпаў ад Горадні да Гомеля, па ўсім поўдні Беларусі. Але такая маса птушынага мяса (пад 20 кг) надта прываблівала спажыўца-чалавека… Апошнюю птушку забілі ў 1926 годзе каля вёскі Вялікі Бокаў Мазырскага павету.
Сёньня ў сьвеце зробленыя сур’ёзныя захады дзеля ўратаваньня драхвы. У Беларусі, магчыма, ужо позна… А колісь гэтая пералётная птушка часам нават не адлятала ў чужыя краі з роднае зямлі. І над палямі лунаў яе ціхі роспачны крык. А пад вясну ў самцоў вырасталі доўгія «вусы» з валаскоў-пёркаў, расквечваўся іхны руда-жоўты ўбор. І зноў у непрыкметных лунках на палёх птушкі адкладалі 2-4 аліўкава-зялёныя яйкі, каб новае пакаленьне пярнатых аўтахтонаў пабачыла нашую зямлю.
Было…

СУСЬЛІК

На мяжы 19-20 стагодзьдзяў у Новую Зэляндыю для паляваньня былі інтрадукаваныя ледзь ня ўсе віды аленяў з розных кантынэнтаў Зямлі. Ня маючы натуральных ворагаў, алені хутка распаўсюдзіліся й наносілі непапраўную шкоду рэліктавай флёры краю. Але пры тым сёньня новазэляндцы маюць такое паляваньне, пра якое могуць толькі марыць паляўнічыя ў Беларусі.
Сусьлік — зусім не аб’ект для ловаў, ды й ніхто яго ў Беларусь не завозіў. Косткі сусьліка вялікага (Citellus major) былі выяўленыя пад час раскопаў верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж у Чачэрскім раёне.
Сёньня ж рабы сусьлік (Citellus suslicus) — звычайны тубылец у Верхнім Панямоньні, на Случчыне, Капыльшчыне, Наваградчыне… Вялікае шкоды ад яго няма, бо селіцца ён на непрыдатных і абложных землях, там, дзе ёсьць які пагорак ці насып. Сілкуецца травой, дзікімі злакамі, а часам і казюркамі. Каб пад’есьці, сусьлік вылазіць падвечар ці на сьвітаньні. Гэта вельмі палахлівы зьвярок. Калі-нікалі можна бачыць, як ён сьмешна стаіць пушыстым слупком, бы вартавы ля свае норкі. Пабачыўшы вас, першы дазорца сьвішча астатнім, і ўся калёнія вокамгненна зьнікае ў густым дзірване, хаваецца ў норкі.
Так яны й жывуць да верасьня, гойсаючы па сваім пагорку, назапашваюць тлушчу, каб пасьля спаць да вясны.
Нягледзячы на вялікі веснавы прыплод (ад трох да 10 сусьлянятаў), іх колькасьць ня надта й павялічваецца, — з-за атруты, якую лье на свае палі чалавек, з-за ласых драпежнікаў (каты, лісы, каршуны…).
Гэты невялікі грызун (да 26 см з хвастом і каля 300 грамаў вагі) мае жоўта-белую поўсьць на трыбушку і рудую, шэра-бурую ў белыя плямкі — на сьпіне, за што й быў празваны рабым.
Наяўнасьць іх у Беларусі — парадокс для зоагеографаў, бо сусьлік, як і драхва, — клясычны прадстаўнік стэпавае фаўны. У нас яны жывуць далёка па-за межамі асноўнага арэалу свайго віду, утварыўшы сваю, аўтаномную беларускую папуляцыю.
Вось так.

СОМІК АМЭРЫКАНСКІ

Паданьне, якое прыводзіць У.Сыракомля, сьведчыць, што сусьлікі трапілі ў Беларусь з прыхамаці Радзівілаў, якія завялі іх у Нясьвіжы. Але, ведама ж, гэта толькі паданьне.
Што да амэрыканскага соміка (Amiurus hebulosus), дык момант ягонага прывозу вядомы пэўна — 1935 год. Яму прыйшліся даспадобы азёры на захадзе Берасьцейшчыны і ён пасьпяхова распаўсюдзіўся там.
Іхтыяфаўна Новае Зэляндыі надта бедная, не параўнаць зь беларускай. І каб выправіць становішча, новазэляндцы накідалі ў свае рэкі й сажалкі самых розных рыбаў, не заўсёды бяз шкоды для мясцовай флёры й фаўны.
А вось амэрыканскі сомік зусім бясшкодны. Ён жыве ў самых неспрыяльных для іншых рыбаў умовах і актыўна санітарыць. Дзякуючы сваёй непатрабавальнасьці, сомік атрымаў рэкамэндацыю — зарыбляць ім непрыдатныя для іншых рыбаў вадасховішчы. У асобныя гады ўлоў амэрыканскіх сомікаў складаў 30 т. Ня цяжка сабе ўявіць, якую карысьць мела б беларуская гаспадарка пры кваліфікаваным разьвядзеньні гэтай сьціплай рыбіны.
Даўжыня соміка 15-30 см, вага ад 50 і 100 аж да 600 г. Цела голае, крыху сьціснутае з бакоў, ад жаўтаватага да чорнага колеру. Трыбух белаваты, часам плямісты. Сярод сомікаў трапляюцца й цалкам чорныя альбо зусім белыя (альбіносы). На шырокай пысе 4 пары вусоў. У дадатак неразгалінаваныя прамяні плаўнікоў утвараюць шыпы. Натуральна, што такая істота ня выклікала ў нашых тубыльцаў асаблівага даверу. Што й паспрыяла амэрыканскаму соміку прыжыцца ў гасьцёх.
Зараз у прыродзе ён жыве ў Паўночнай Амэрыцы, ад Вялікіх азёраў да Флёрыды, і на Берасьцейшчыне. Багатыя на тлушч, сомікі асабліва смачныя ў смажаным выглядзе з цыбуляю. На сьвежым паветры… на беразе возера…

ГРЫФ

Лётаць — прывілей птушак. Аж да Новае Зэляндыі лётаюць галубы, вераб’і, вароны. З новазэляндзкіх птушак да нас ніхто не далятаў. А вось з Афрыкі прылятаюць грыфы — чорныя або шэрыя, ці «мніхі» (Aegynius monachus).
Гэта дзіўная птушка. У будыстаў яна сьвятая. У Тыбэце яна дапамагае ў пахаваньні (ці як гэта лепей назваць?), бо мерцьвячына — яе галоўная ежа.
У Беларусі няма буйнейшай драпежнай птушкі. Размах яе крылаў сягае 2,5 м. У даўжыню грыф мае каля мэтра, а вага яго 7-12 кг. Пер’е цёмна-бурае, амаль чорнае. На галаве і верхняй частцы шыі — толькі пляшывы пух, затое вакол шыі — шыкоўнае «боа» з бледна-бурага пер’я.
Гадзінамі высока-высока ў небе лунае гэтая велізарная птушка, цікуючы сабе пачастунку. Цяжка параўнаць з кім грыфа-санітара, ні з чыім не параўнаеш ягоны палёт. А бачылі грыфа і на Цэнтральным Палесьсі, і ў Сеньненскім раёне, і нават у Менску, у 1928 годзе.
Калі-небудзь, пабачыўшы ў небе вялікі чорны цень грацыёзнага грыфа, памятайце — гэта самы вялікі беларускі крылаты драпежнік, родам з Афрыкі.

НЕСАПРАЎДНЫ КНІЖНЫ СКАРПІЁН

Павукападобныя кузюркі атраду несапраўдных скарпіёнаў жывуць па ўсім сьвеце. Толькі ў Новай Зэляндыі іх больш за 10 відаў. З тых, што сустракаюцца ў Беларусі, нас цікавіць адзін — несапраўдны кніжны скарпіён (Chelifer coneroides).
Жыве ён ціха й незаўважна для людзкога вока, але заўсёды побач зь людзьмі. Селіцца пад шпалерамі і ў кніжных шафах. Даўжыня ягонага пляскатага цела, пакрытага лускою з драбнюсенькімі шчацінкамі, — 3-4 мм. Нягледзячы на вялікія цяжкія клюшні, ён порстка рухаецца ўва ўсе бакі, уцякаючы ад сьвятла ў цень. І хоць выгляд у яго суворы, на самой справе Неспраўдны Кніжны Скарпіён вельмі карысны ў кнігазборах і архівах, бо зьнішчае кніжных сенаедаў, кляшчоў, лічынак розных інсэктаў. Гэтак, дзякуючы яму, ацалелі ад нашэсьця кніжнае блыхі камплекты рэдкіх беларускіх газэт 1918-1920 гадоў ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы ў Упсале (Швэцыя).
Пэўную небясьпеку ўяўляе сабою сапраўдны кніжны скарпіён, які вядзецца, праўда, толькі ў вялікіх зборах старадаўніх кніг, да прыкладу, у Вільні. У Новай Зэляндыі іх няма, бо кнігі зьявіліся там толькі ў 18 ст.
Беручы з паліцы кнігу, асабліва вялікую й старасьвецкую, будзьце ўважлівыя й асьцярожныя.

ГЛЕЙНІК НЯЗНАНЫ

Калі ў 1887 годзе тапограф Фрэд Мэйсан і маарыйскі правадыр Танэ Тынараў першымі зь людзей патрапілі ў пячоры, у якіх зьнікала рэчка Ваітома, перад іхнымі вачыма ўзьнікла прыгожае й вусьцішнаватае відовішча. Поўны змрок пячоры быў расквечаны мірыядамі блакітна-зялёных зорачак, чыё сьвятло дрыжэла й зьвівалася ў хуткаплыннай маўклівай рацэ. Пазьней высьвятлілася, што гэтыя сьветлякі насамрэч толькі лічынкі павуковае мухі, дагэтуль нязнанае ня толькі ў сьвеце, але й сярод абарыгенаў Новае Зэляндыі.
Калі ў 1927 годзе польскі энтамоляг Шольц прабіраўся лесам уздоўж ручаіны, што ўпадае ў рэчку Пад’яварку, што на Дзятлаўшчыне, ён, бадай, і думаць ня думаў, што адкрые тутака нікому ў сьвеце невядомага жука-плывунца. Між тым, цуд адбыўся. Як толькі Шольц нахінуўся бліжэй да вады, ён разгледзіў там россып забаўнае жамяры, якая сноўдала ўверх-уніз, то ледзь кранаючы вусікамі вадзяную паверхню, то імкліва зьнікаючы ў глеі. Пра гэтых жучкоў — глейнікаў нічога ня чулі й тубыльцы — беларускія сяляне.
Глейнік нязнаны (Rhatus incognitus) — самы малы прадстаўнік беларускіх плывунцоў, якіх у нас 6 відаў. Ягонае цельца ўсяго толькі блізу 10 мм. Аднак жа ён ці ня самы элеганцкі з выгляду: амаль дакладна авальны, бліскучы, адметнай чырванавата-жоўтай афарбоўкі. Вусы-нітачкі й лапкі памаранцавыя, а крапінкі-штрышкі наверсе чорныя, якія амаль зьліваюцца ў канцы надкрыльляў, якія маюць таксама пунсова-жоўтую аблямоўку.
Чым падабаецца гэтым глейнікам менавіта Дзятлаўшчына, сказаць цяжка, ці то краявідамі, ці то чыстаю вадою. Паводле аднае з вэрсіяў, яны сюды патрапілі разам з саксонскімі ткачамі, якіх у 1775 годзе прывез сюды Антоні Тызэнгаўз, апошні падскарбі Вялікага Княства. У Саксоніі яны даўно павывеліся, а на Дзятлаўшчыне ацалелі. Але з пэўнасьцю можна сказаць, што глейнік нязнаны — адзін з найлепшых санітараў у лясных рэчках, бо зьядае тое, да чаго астатнія не даўмеліся — парэшткі чарвякоў і водарасьцяў, якія патрапляюць у лёгкі глей.
Ігнат Двачанін узгадваў, што як быў малы, дык не было ў яго цікавейшае забавы, чым сачыць за падводным палётам порсткіх жучкоў, якіх ён лавіў у адмысловую шкляную старасьвецкую бутлю-кварту, мусіць таксама з часоў Тызэнгаўза. Цяпер гэтых глейнікаў нязнаных лавіць забаронена, бо гэты надзвычай рэдкі від — Rhatus incognitus — унесены ў Чырвоную Кнігу.
Ну а цяпер які ж ён нязнаны, калі мы пра яго дазналіся?..

ШЫРАКАВУШКА

Як вядома, сваіх сысуноў у Новай Зэляндыі не было. А першымі да гэтых выспаў дасягнулі два віды кажаноў, бо таму, хто ўмее лётаць, адлегласьць — невялікая перашкода. У Беларусі ж відавы склад скрыдларукіх нашмат багацейшы. 4 зь іх ужо нават патрапілі ў Чырвоную кнігу. Разам з шыракавушкай эўрапейскай.
Называецца гэтая шыракавушка (Barbastella Barbastella) эўрапейскай таму, што жыве выключна ў Эўропе. Натуральна, усходняя мяжа ейнага арэалу прыпадае на Беларусь. Гэта зусім маленькі кажанок сямейства гладканосых, усяго 9-14 гр. вагі, мае надта вялікія (з чвэрць тулава даўжынёю) вушы, якія зрасьліся каля галавы разам. Крылы мае досыць вузкія для кажаноў, але лётае порстка, зьнянацку рэзка паварочвае ў паветры. Жыве ў дуплах, часам за шалёўкаю будынкаў, а па начох нястомна сілкуецца кузюркамі ды інсэктамі.
Падобна, што шыракавушка хітрэйшая за іншых кажаноў, бо ня толькі палюе ў паветры, але й ахайна выцягвае сонных матылёў зь іхных схованак. А пасьля цэлы дзень сьпіць разам са сваёй калёніяй. У першай палове лета гэтыя калёніі яшчэ невялікія, а пад зіму ў іх зьбіраюцца сотні шыракавушак, і зімуюць, як тое належыць кажанам, у скляпеньнях, дзе «замінаюць» людзям.
Нягледзячы на тое, што шыракавушка — карысны санітар і зусім бескарысная як прамысловая жывёліна, сустракаецца яна ў нас надзвычай рэдка. Адзіная ў яе «ахова» ад чалавека — гэта штраф. Вушасты кажан ацэнены па вазе! (Як, зрэшты, і ўсе астатнія. Напрыклад, дзік каштуе браканьеру ў 30 разоў болей) Дзіўна, — а чаму не па вушах?..

ДАНІЭЛЬ

Як я ўжо сказаў, да прыезду эўрапейцаў у Новай Зэляндыі практычна не было сысуноў. Капітан Кук завёз у гэтыя краі сьвіней і козаў. Першых аленяў у Новую Зэляндыю прывезьлі ў 1851 г. Сёньня на выспах жыве больш за дзесяць відаў аленяў з розных краёў сьвету. Апроч высакароднага аленя (Cevrus elaphus), плямістага, белахвостага ды іншых, тут жывуць і ласі, і даніэлі. Найбольшая папуляцыя даніэляў склалася на Паўночнай высьпе, куды іх завезьлі з Гішпанскіх Пірэнэяў. Паводле зьвестак доктара К.Вазьдзіцкага, з 1932 да 1954 году ў Новай Зэляндыі было здабыта 2 млн. 400 тыс. розных аленяў(!), але гэта не паўплывала на іх колькасьць увогуле. Новазэляндзкія паляўнічыя забясьпечаныя здабычаю, пра якую толькі мараць іх калегі ў Беларусі.
А некалі даніэлі былі звычайнымі жыхарамі і беларускіх лясоў. Пасьля далучэньня да Расеі, на прыканцы 18 ст., яны былі цалкам вынішчаныя. Потым, дзеля царскага паляваньня, неаднаразова завозілі даніэляў у Белавескую пушчу. Тут перад пачаткам першай сусьветнай вайны іх налічвалася блізу 1,5 тыс. галоваў.
Але па вайне іх зноў ня стала. Пры Польшчы, у 1932 г., зь Нямеччыны ў Налібоцкую пушчу было завезена 8 асобін даніэляў. Тады нават стварылі адмыслова гэтак званы Вялаўскі запаведнік, дзе ў мясьцінах свайго спрадвечнага існаваньня даніэлі хутка разьвяліся.
Ізноў вайна. У Налібоцкіх лясох месьціўся Баранавіцкі падпольны абкам КП(б)Б і штаб Баранавіцкага партызанскага злучэньня. І даніэляў зноў ня стала.
Пры Саветах, у 1951 г. скасавалі й Вялаўскі запаведнік. Пра даніэляў у Налібоцкай пушчы цяпер не чуваць.
У 1963 г. у Белавескую пушчу завозілі гэтых жывёлаў з Польшчы. Але ўжо марна. Даніэляў не аднавілі. Між тым, ва ўсіх суседніх зь Беларусяй дзяржавах папуляцыі адноўленыя.
Чым жа адметная гэтая жывёла? Па-першае, у адрозьненьне ад, скажам, ласёў, альбо высакародных аленяў, рогі носяць ня толькі самцы даніэляў, але й самкі. Рогі ў іх круглыя, складаюцца зь дзьвюх галінаў, якія пашыраюцца ўгору і ўтвараюць лапаткі (кшталтам як у ласёў), па краёх якіх вострыя парасткі, што загнутыя і ўперад, і назад.
А па-другое, гэта найпрыгажэйшая жывёла з нашых парнакапытных. Яе грацыя й пекнасьць былі папулярныя ў любоўнай лірыцы розных народаў.
Даніэлі крыху меншыя за іншых аленяў: маюць даўжыню 1,5-1,6 м, а вышыню ў карку каля 1 м. Поўсьць па сьпіне й па бакох ружова-бурая з радамі бела-жоўтых плямаў, каля хваста й трыбуха — даўжэйшая й белая. Самкі з маладняком трымаюцца статкамі да 10 жывёлін. Натуральна, для такіх істотаў, апроч густога мяшанага лесу, патрэбныя й выганы, шырокія паляны, просекі. Даніэлі скачуць, бегаюць і плаваюць.
На жаль, што такое «… як даніэль…» сёньня беларусам даводзіцца тлумачыць хіба што па кнігах.

ПЭЛІКАН

У Новай Зэляндыі прадстаўнікі атраду Pelecaniformes — пэліканы й бакланы, — звычайныя тутэйшыя птушкі, якія жывуць на Поўначы па ўзьбярэжжах акіяну, рэчак і азёраў. А ў Беларусі ружовы пэлікан толькі гасьцяваў — залятаў і гнездаваўся пераважна на Поўдні, на Палесьсі і ў Падняпроўі, хоць бачылі яго й на Лепельшчыне ды Барысаўшчыне (1864). Адно з браслаўскіх азёраў так і завецца — Пэліканы.
У старажытнасьці першыя хрысьціяне шанавалі гэтую птушку як сымбаль сьвятога прычасьця, бо, паводле паданьняў, пэлікан карміў сваіх птушанятаў уласнай крывёю. У раньнехрысьціянскім жывапісе пэлікана можна бачыць сярод іншых сымбаляў на мурох катакомбаў. Адсюль, напэўна, паходзіць і традыцыйна лагоднае стаўленьне людзей да гэтае птушкі. Тым больш, што мяса пэлікана малаядомае. У мусульманаў есьці яго забаронена. Паводле ісламскага паданьня, пэліканы на загад Бога насілі ў сваіх гарлавых мяхох ваду для будаўніцтва Каабы.
Дзюбы ў пэліканаў, — як вялізны сак, ніжняя частка якога ўтвараецца неапераным гарлавым мяшком, а верхняя — доўгаю кілепадобнаю дзюбаю з моцным кручком на канцы. З дапамогаю такой дзюбы пэліканы ловяць рыбу — асноўны свой прадукт харчаваньня, — якую сьпярша закідаюць у паддзюб’е-мяшок, а ўжо потым глытаюць.
Пэлікан — найбуйнейшая вадаплаўная птушка (даўжыня цела 1,5 м, а вага каля 11 кг.). Ружовыя пэліканы маюць беларужовую з бурымі пераходамі пад крыламі афарбоўку пер’я. Наддзюб’е шэра-блакітнае з барвовымі плямкамі, а дзюба, як і перапончатыя лапы — жоўта-чырвоная. У ружовых пэліканаў (у адрозьненьне ад кучаравых і шэрых) маецца й плюмаж, які шчацініцца ззаду на галаве даўгаватым завостраным пер’ем.
Пэліканаў бачылі ў Беларусі толькі да вайны (у Бабруйску й на Прыпяці). Прычынаю іх зьнікненьня сталася бурная гаспадарчая дзейнасьць, празь якую ў Беларусі рэзка паменшала рыбы, а таксама — адсутнасьць ахоўнага статусу. Птушка, якая была сымбалем ахвярнага выкупленьня чалавечых грахоў, сама сталася ахвяраю чалавечае нядбайнасьці ў нашым краі.
Пэліканы вельмі музычныя й разумныя птушкі. Распавядаюць, як аднойчы ў Мазыры ружовы пэлікан прыходзіў на танцпляцоўку паблізу Прыпяці, нібыта ўслухоўваўся ў музыку і пагойдваўся ў такт рытму. Сьцьвярджаюць, што калі падлеткі памкнуліся яго злавіць, ён нібыта крыкнуў: «Жыве Беларусь!» і ўцёк.

ПАЛЯТУХА

Аснову лясоў Новае Зэляндыі складаюць так званыя кауры (ня блытаць з малюскамі). Кауры (Agathis) — адзін з галоўных відаў прамысловае драўніны ў Паўдзённым паўшар’і. Гэтае дрэва сягае ў вышыню больш за трыццаць мэтраў і мае больш за дзесяць мэтраў у абхопе. Ёсьць кауры, якія стаяць шмат стагодзьдзяў, а на высьпе Карамандэль ёсьць дрэва-волат, якому даюць аж дзьве тысячы гадоў. Простыя й трывалыя камлі кауры здавён выкарыстоўваліся для будовы марскіх суднаў.
У нетрах кауравых лясоў, пад самымі вершалінамі магутных дрэваў жыве зьвер — лятун (Petauroidis volans). Гэта адзіная сумчатая форма лятучых вавёрак. Калі лятун пераскоквае з дрэва на дрэва, ён расстаўляе свае лапы, утвараючы прастакутнік са складкаў скуры, і лёгка плянуе ў паветры. Свой палёт гэты немалы зьвер (да 50 см у даўжыню) карэктуе доўгім голым хвастом. Лятун мае доўгае мяккае футра рознай афарбоўкі, але звычайна яно чорна-бурае, лятальная перапонка пакрытая жаўтавата-белымі плямкамі, а трыбушок наагул белы. Хвост чорны.
Актыўны лятун уначы, а дзень ён праводзіць у дрымоце. Па начах гэтая спрытная й хуткая істота дэманструе сапраўдныя дзівосы акрабатыкі. Каму пашчасьціла падгледзець летуна ўначы, той можа завагацца ў сваіх уяўленьнях пра фізычныя законы, настолькі лёгкім і грацыёзным падаецца палёт бяскрылага зьвера.
Абарыгены-маоры ўжываюць мяса летуна: лічыцца, што яно вельмі смачнае. Але здабыць гэтую жывёліну на велізарнай вышыні яе жыхарства зусім няпроста. Вось чаму летуноў вельмі шмат у дрымучых лясох.
У адрозьненьне ад свайго новазэляндзкага брата, беларуская палятуха (Pteromis volans) — звычайны сысун з атраду грызуноў Rodentia. Але падабенства паміж імі надзвычайнае. Гэтаксама як і ў летуна, лапы палятухі злучаныя між сабою лятальнаю перапонкай, якая служыць ім як парашут. Але існуюць паміж імі й істотныя адрозьненьні (апроч таго, вядома, што яны ўсё ж з розных атрадаў). Па-першае, палятуха ў тры разы меншая за летуна (усяго 16 см). Па-другое, яе хвост пушысты, як у вавёркі. Як і лятун, палятуха жыве пераважна ў высокіх старых лясох. Але ў Беларусі яна жыве ў лясох бярозавых, альбо — з абавязковым дамешкам бярозы. Яна гэтаксама сілкуецца ўначы, удзень адпачывае, а ўсю зіму наагул сьпіць. Перад зімой буравата-жоўтая ядвабная поўстка палятухі робіцца срабрыста-сівою зь цёмнаю рабізною. У гэты час палятухі будуюць сабе шарападобныя гнёзды з сухога лісьця, кары, імху. Адразу з прыходам вясны тут нараджаюцца 2-4 дзіцяткі. Ужо на шосты тыдзень жыцьця яны зусім самастойныя, але ўсё ж праводзяць з маткай адну зіму.
Сілкуецца маленькая жывёліна амаль выключна па-вэгетарыянску, пералятаючы з дрэва на дрэва ўсю летнюю ноч.
Палятуха амаль ня мае ворагаў у прыродзе (летуны іх ня маюць наогул), ды й чалавек на яе не палюе: што возьмеш са зьвера, які ў два разы меншы за вавёрку і важыць усяго 100-120 грамаў? І тым ня менш, нягледзячы на свой шырачэзны арэал (ад Атлянтыкі да Ціхага акіяну ў паўночных краях), палятуха паўсюль стала рэдкасьцю. Прычына ў празьмернай высечцы старых лістоўных лясоў. Гэты зьвярок ужо даўно значыцца ў самых розных чырвоных кнігах.
У Беларусі да падзелаў Рэчы Паспалітай палятуха была самым звычайным паўсюдным відам. Але з 19 ст. яе колькасьць пачала рэзка зьмяншацца з той самай прычыны масавае высечкі лясоў на вываз. У 1920-я гады палятухі яшчэ вяліся ў закутках Віцебскай і Магілеўскай абласьцей, але за гады савецкае ўлады ім удалося выжыць толькі ў Лёзьненскім раёне.
На жаль, нашы дзеці ня могуць пабачыць гэтага зьвярка, як і шмат чаго іншага, што некалі было ў Беларусі.

БАКАПЛАЎ

Недалёка ад Новае Зэляндыі ляжыць выспа Лёрд-Хаў. Яна вядомая заолягам таму, што тут жыве рэдкі від рознаногіх ракападобных — бакаплаў. Бакаплаў зь Лёрд-Хаў — рэлікт антарктычнага паледзяненьня, калі Новая Зэляндыя й мора вакол былі скаваныя льдом. Калі лёд сыйшоў, бакаплавы апынуліся ў ледавіковых азёрах зь нішчымнай флёрай і фаўнай, дзе спажываю для іх сталі рэдкія арганічныя рэшткі.
Такі самы ўнікальны рэлікт ледавіковай марской фаўны чацьвярцічнага пэрыяду ў Беларусі — бакаплаў Паласа. Гэтая драбнюткая ракападобная істота належыць да сямейства гамарыдаў атраду бакаплаваў. Ягонае целка даўжынёю 3 см моцна сьціснутае з бакоў і складаецца з 18-ці сэгмэнтаў. Два пярэднія сэгмэнты маюць адмысловыя канечнасьці з хапальнымі кручочкамі, тры заднія — парныя скакальныя лапкі. На галаве — доўгія парасткі-антэны. Колер бакаплаваў — ад празрыстага да памаранцавага.
Як і належыць арктычнаму рэлікту, бакаплаў найлепей памнажаецца ў восеньска-зімовы пэрыяд. У гэты час у самак на грудзях утвараецца адмысловая каморка, дзе трымаюцца яйкі, зь якіх выводзяцца маленькія бакаплавы, што будоваю цела адразу ж не адрозьніваюцца ад дарослых бакаплаваў.
Жыве бакаплаў найчасьцей на вялікай глыбіні, зрэдку трапляючы да берагу. Сілкуецца, як і ягоны сваяк зь Лёрд-Хаў, арганікай, трупамі розных істотаў. Але бакаплавы карысныя ня толькі як санітары. Яны — найкаштоўнейшы корм для рэдкіх рыбаў, такіх высакародных, як стронга. На жаль, колькасьць бакаплаваў няўхільна скарачаецца праз забруджваньне азёраў і яны ўжо ўнесеныя ў Чырвоную кнігу. Але яшчэ сёньня бакаплаў сустракаецца ў Дрысьвятах, Струсьце, Волагах ды інш. Ці не таму смачная выходзіць юшка на вадзе з гэтых азёраў?

РАСАМАХА

Чамусьці людзі спрадвеку падзялялі ўсіх зьвяроў на карысных, гэта значыць, зь якіх можна больш узяць, і на шкодных, зь якіх можна ўзяць менш. Гэтак шкоднымі сёньня называюць у Новай Зэляндыі бурага палінэзійскага пацука (Rattus exulans). Хоць у тыя часы, калі мужныя мараходы маоры перасякалі Пацыфік, менавіта гэтыя пацукі, чыё мяса смакам бліжэй да трусінага, былі іх спажываю ў далёкіх падарожжах. Ядуць іх часам і сёньня. Але ўпарта называюць шкоднікамі, хоць шкоды ад гэтага грызуна амаль ніякай, бо ён сілкуецца кветкамі, неядомымі для чалавека пладамі дрэва панданус і… чалавечымі аб’едкамі. Няўдзячныя людзі нават не задумваюцца над тым, што драбнейшыя выспы пераўтварыліся б у сьмярдзючыя сьметнікі, каб не пушысты буры пацучок.
Гэтаксама несправядліва людзі ня любяць расамаху (Gulo gulo), якая зусім яшчэ нядаўна вадзілася па ўсёй Беларусі. Гэта даволі вялікі зьвер, больш за 80 см у даўжыню й вагою за трыццыць кіляграмаў, з магутнымі лапамі й ікластай пашчаю. Некалі расамаха была ў нас унікальнай жывёлай, пра якую нічога ня ведалі ў Эўропе, нават у блізкай Польшчы. А таму падарожнікі моцна ёй дзівіліся. Польскі падарожнік 16 стагодзьдзя Мацей зь Мяхова ў сваім трактаце апісвае яе гэтак: «… Тут ёсьць вельмі жорсткая і непатрэбная жывёліна, якая не сустракаецца ў іншых месцах… называюць яе расамахай. Велічынёй яна зь вялікага сабаку, з кацінай пысай, целам і хвастом падобная да лісіцы, чорнага колеру, сілкуецца трупамі…» Асабліва шмат расамахаў было на Ўсходзе Беларусі. Яны моцна разьвяліся там у 17 стагодзьдзі пасьля войнаў з Расеяй. Маскоўскія цары павынішчалі цэлыя гарады, пазабівалі безьліч беларускіх жыхароў да такое ступені, што й хаваць нябожчыкаў не было каму… Таму сюды прыйшла расамаха. Хоць зазвычай яна сілкуецца тым самым што й мядзьведзі: ягадамі, дробнай і хворай жывёлай. Там, дзе хадзіла расамаха, было менш ваўкоў, бо яна — адзіны ім канкурэнт і спаборнік. Каб ня тыя войны з Расеяй… бадай, ніхто й не пабачыў бы гэтага зьвера ў ролі магільшчыка.
Даўней людзі шанавалі і расамаху. За нязноснае футра, якім падбівалі зімовы абутак, ірты, полазы саняў, чапракі пад конскія сёдлы. За тое таксама, што яна адганяла ваўкоў і зьядала ўсялякую падліну. Навукоўцы называлі яе беларускай гіенай. Але няўдзячныя людзі пачалі грэбаваць ёю, як толькі прамысловасьць забясьпечыла іх лацьвейшымі за футра тканінамі, а ў лясах моцна паменела жывёлаў, якіх людзі паелі, не пакінуўшы нават кавалка падліны сваім былым памагатым. За грэблівасьцю прыходзіць нянавісьць — расамахаў забівалі проста для забавы. Гэтак урэшце забілі й апошнюю нашу беларускую расамаху, у 1898 годзе, каля вёскі Замосьце на Случчыне. Праўда пазьней слуцкія паўстанцы прыгадвалі, што калі яны кватаравалі ў лясах у 1921 годзе, некаторыя з байцоў знаходзілі малых расамаханятаў і лёгка іх прыручалі. Гэтыя зьвяркі ўсіх пацяшалі — спрытна лазілі па дрэвах, зарываліся ў пясок, і на людзкую дабрыню рабіліся зусім ласкавымі й дружалюбнымі, нават елі разам з парсючкамі. Адзінае — не маглі цярпець сабакаў…
Але разам з задушэньнем Слуцкага збройнага чыну маскоўскімі бальшавікамі й іх памагатымі больш пра расамахаў у Беларусі ніхто ня згадваў. Яны засталіся толькі ў далёкай Ляпляндыі, далёкай ад няўдзячных людзей.

ПУГАЧ

Атрад совападобных (Strigiformes) налічвае каля паўсотні відаў, што жывуць па ўсім сьвеце, за выключэньнем тэрыторыяў альбо надта малых (выспы ў акіянах) альбо надта халодных (дзе ніхто наогул не жыве). Натуральна, водзяцца совы і ў Новай Зэляндыі. Тут найперш вядомыя Ninox novaeseelandinae, вельмі арыгінальная іголканогая сава, чый начны ўскрык вядомы кожнаму тубыльцу, а таксама ўжо вельмі рэдкая Sceloglaux albifacies, сава-рагатуха.
Паколькі драпежных птушак, у т.л. і соваў, у Новай Зэляндыі наогул не стае, іхныя функцыі пераймаюць часам папугі, якія перанялі нават савінае аблічча. Ёсьць такая kea (Nestor n.), якая атрымала сумную славу забойцы авечак, хоць у дачыненьнях зь людзьмі — гэта забаўная й цікаўная істота. Яшчэ больш падобная да соваў начная папуга Strigops habroptilius альбо какапо. Удзень яна хаваецца ў лесе, дзе ў расколінах скалаў, каранях дрэваў прытулілася яе гняздо, а ўночы яна блукае па кронах дрэваў у пошуках ежы. Ну, рыхтык сава…
Назва папугаў гучыць падобна ў эўрапейскіх мовах (papageien, papegai, papagollo…). У Беларусі найбольш сугучны з гэтымі назоў мае пугач. Гэта ўжо сапраўды совападобная птушка. І самая вялікая з усіх прадстаўнікоў атраду Strigiformes, адна з найбуйнейшых птушак Беларусі. Пугач (Bubo Bubo) — велізарная птушка вагою больш за 3 кг, з магутнымі крыламі (у размаху каля 1,80 м).
Некалі гэтая птушка была даволі звычайнай жыхаркай паўночных краёў. Ёй прысьвечана багата фальклёрных ды літаратурных сюжэтаў. У тым ліку й адзін з найлепшых вершаў у беларускай анімалістыцы:

… Калі атуліць змрок гушчар,
Ён будзе цар і гаспадар,
А ўдзень узьбіўся ён на сук,
Дрыжыць і ловіць кожны гук…

Раней гэтая птушка наводзіла жах на нашых забабонных продкаў. Гэта ня цяжка зразумець, калі хоць раз пачуць сярод ночы ў нетрах старога лесу яе вусьцішны крык.
Удзень пабачыць пугача амаль немагчыма. Пры дзённым сьвятле гэтая птушка стаецца нягеглай, блізкарукай, а таму старанна хаваецца ў пушчах. Нібы ўсялякая істота імкнецца адпомсьціць пугачу за начны жах. Кожная дзённая птушка й нават некаторыя совы імкнуцца падражніць бездапаможнага волата.
Затое як толькі на паўночны лес апусьціцца цемрадзь, сэрцы разумных і неразумных істотаў сьціснуцца ў прадчуваньні яго імклівага цяжкога палёту й жахлівага поклічу. Грызуны, вожыкі й цецерукі, нават вароны стануць яго лёгкай здабычай. Бо суперніка ў вершалінах чорных ялінаў яму няма.
Недзе пад канец сакавіка пугач рыхтуецца займець нашчадкаў. Гнёзды яго ніякаватыя, у любым цяжкадаступным месцы. Пад іх ён часам прыстасоўвае чужыя гнёзды. Вылупляюцца звычайна 2-3 птушаняты, у траўні. Маці вельмі рупліва наглядае за кладкай, пакуль пугач-самец гойсае ў пошуках некалькіх кіляграмаў сьвежыны.
Адметнасьць пугачоў — гэта пух над вушнымі адтулінамі, што нагадвае сувора ссунутыя бровы, якія надаюць гэтай птушцы разумны й мужны выгляд. Сьпіна пугача брунатна-шэрая, а трыбух — жаўтавата-руды з буйнымі вэртыкальнымі й вельмі тонкімі папярэчнымі чорна-бурымі палоскамі на кожным пяры.
Тыя, хто меў у Беларусі зброю, адчуваў хутчэй сымпатыю да пугача, як да калегі. Гэтая вялікая птушка не была ніколі аб’ектам паляваньня. Але ня гледзячы на паўсюднае жыхарства ў халодных краёх, колькасьць пугачоў няўхільна зьмяншаецца, яны ўжо апынуліся ў Чырвонай Кнізе. Для высакародзтва не хапае прасторы. З-за зьнішчэньня старых пушчаў, з-за атручваньня палёў, дзе жывуць грызуны, зьнікае й пугач. Памятаеце,

… Упаў кавалачак кары…
Шкрабецца мышанё ў нары…
Завухкай з голаду, заплач,
Пануры, згорблены пугач!

Некалі інсургенты й партызаны перагукваліся, імітуючы ягоны крык. Ён азначае, што нехта выйшаў на начную сьцяжыну.

ЯШЧАР

Насуперак нашым уяўленьням пра фаўну паўднёвых краінаў, у Новай Зэляндыі толькі тры віды яшчарак: геккон, сцынк ды тая славутая гатэрыя — таўтара з выспаў Чатэм.
Гэтаксама і ў Беларусі толькі тры віды яшчарак з клясы паўзуноў (Reptiliaidae): жывародная, порсткая і адна бяз лапак — вераценіца. Але крыху раней, літаральна некалькі дзесяцігодзьдзяў таму, іх было больш…
Сёньня, як ведама, рэчышча ракі Нямігі амаль цалкам высахла ў Менску. На месцы, дзе колісь адбылася крывавая бітва рускіх князёў, цягнецца вуліца, званая Нямігаю, пад якою праведзены канал. А даўней увесну, калі вада зьбіралася з талых сьнягоў, яна прарывалася праз насыпаную грэблю і, плывучы даўнейшым рэчышчам, залівала ўсю вуліцу й рыбны рынак, а абыйшоўшы гару, на якой колісь стаяў замак, праз гэтак званае Татарскае балота ўпадала ў Сьвіслач.
На тым балоце, якое ляжала паміж замкам, татарскім кварталам, ракою Сьвіслачай і вуліцай Замкавай, стаяла даўней, як гаворыцца ў паданьні, вельмі старажытная царква, сёньня ж на тым месцы адноўлены падмурак, ужо прысыпаны друзам бітых бутэлек.
Тутака і сустракаліся, хоць і вельмі рэдка, велізарныя яшчары (Lacerta apythana), падобныя з выгляду на кракадзілаў. Напэўна, апошняга гэткага яшчара знайшлі татарскія дзеці больш за 100 гадоў таму — у красавіку 1885 году, але, даведаўшыся пра гэта, дарослыя яго забілі…
Гэты цікавы экспанат даўжынёю каля 1,5 стапы (блізу 0,5 м) быў прэпараваны й захаваны дырэктарам рэальнае вучэльні Я.Самойлам, аднак, на жаль, загінуў бязь сьледу ў канцы 1918 году пад час адыходу зь Менску нямецкіх войскаў і выезду на выгнаньне Ўраду БНР.

СЬВІНЬНЯ

Калісьці ў Беларусі звычайнымі спадарожнікамі чалавека былі віларогія валы, аслы й нават вярблюды, якія па рэглямэнту ўдзельнічалі ў магілеўскіх гарадзкіх парадах. Хто ж са свойскіх жывёлаў можа быць агульнапрынятым сымбалем Беларусі сёньня? Вядома, сьвіньня!
Сьвіньні (Suidae), якія разам з бэгемотамі належаць да групы няжвачных сямейства парнакапытных (Perissodactyla), — нязьменныя спадарожнікі чалавека на ўсіх кантынэнтах. Сёньняшнія пароды сьвіней, якія ўражваюць сваёй разнастайнасьцю, ад маленькіх зморшчаных японскіх да вялізных гладкіх ёркшырскіх, паходзяць ад міжземнаморскіх, эўрапейскіх і азіяцкіх відаў дзікоў. І хоць, як заўважыў Лец, «дзікая сьвіньня» гучыць нашмат больш высакародна, чым проста «сьвіньня», гібрыды дзікоў ад часоў нэаліту забясьпечваюць людзей смачным і далікатным мясам.
Ралян Барт, у сваю чаргу, заўважыў, што мы — па сутнасьці тое, што мы ямо. Ці ж выпадкова найбліжэйшы адпаведнік чалавечай крыві паводле хімічнага складу — кроў свойскіх сьвіней?
Зрэшты, і паводле сваіх мазгавых здольнасьцяў свойскія suidae пераўзыходзяць сваіх дзікіх суродзічаў. Гэтая жывёліна дэманструе дзівосныя здольнасьці. Навучаныя сьвіньні адчыняюць засаўкі, арыентуюцца па гадзіньніку, складаюць лічбы… Калі Людовік XI, кароль Францыі, занепадаў у мэлянхолію, нішто ня цешыла яго так, як скокі й гульні дрэсыраваных парасятаў, апранутых у «фантастычныя» ўборы народаў Рэчы Паспалітай, пад гукі нашае дуды. Парасятаў дастаўлялі з Смаргоні.
У Францыі й па сёньняшні дзень нашчадкі тых парасятаў выкарыстоўваюцца ў «ціхім паляваньні» на труфэлі. Знайшоўшы труфэль, сьвіньня робіць стойку ў чаканьні гаспадара. А ў Англіі жартаўнікі даўмеліся выкарыстоўваць сьвіней на сапраўдным паляваньні. Чуцьцё ў сьвіней не слабейшае за сабачае. Яны знаходзяць і падымаюць перапёлак, курапатак, глушцоў, трусоў. Праўда, не зважаюць на зайцаў.
Сьвіньня — звычайны жыхар і ў Палінэзіі. Калі першыя палінэзійцы каля 1350 году дасягнулі берагоў Новае Зэляндыі, у іхных каноэ, разам з тога, бататам і тара, былі ўсё тыя ж спрадвечныя спадарожнікі — сабакі й сьвіньні. Але зь невядомай прычыны сьвіньні ў Новай Зэляндыі зьвяліся. Мо таму, што дагэтуль іх тут не было ніколі. І толькі капітан Кук ці то з-за спачуваньня маоры, ці таму, што быў сапраўдным мараходам, завез сьвіней на Паўночную выспу. Паводле зьвестак, у 1840 г. сьвіньні ў Новай Зэляндыі былі ўжо паўсюль.
У Беларусь сьвіньні ніколі не завозіліся. Яны зьявіліся тут разам з чалавекам пасьля апошняга ледавіка. З усяе разнастайнасьці пародаў, што існавалі ў нас некалі, за апошнія 200 гадоў засталіся толькі чатыры мясцовыя: літоўская, чавуская, беларуская чорнарабая і белая буйная. Апошняя БББ-1 складае сёньня ўжо 92% сьвінога пагалоўя Беларусі, якое ў 1993 г. складала 5.000.000 галоў (па адной на двух беларусаў).
Пры тонкай і пекнай канстытуцыі арганізму сьвіньня носіць на сабе такія пласты тлушчу, што сала аднае-дзьвюх жывёлінаў стае на сям’ю на год. Кішок жа ў сьвіньні ў дзесяць разоў больш за даўжыню яе цела. З каго яшчэ можна нарабіць столькі кілбасаў? Невыпадкова самае вясёлае беларуская сьвята — Каляды, калі колюць сьвіней і пхаюць кілбасу.

Ішла сьвіньня пасярод Раства,
Каляда, Каляда.
Нясла кішок парцяны мяшок,
Каляда, Каляда.
Ішла сьвіньня па ляду…
Рассыпала каляду…
Ідзі мішка, пабірай…
Будзе табе каравай…

Беларусь, Каляды й сьвіньня — непадзельныя. Такі парадак.

ПАЛЁТ НАД ГНЯЗДОМ ХАХУЛІ

… У хахулі таксама няма гнязда…
Нягледзячы на неверагодную сьпёку ў 1994-м, вада ў рэках ня ўпала гэтак, як тое было ў 92-м. Выправа традыцыйнае штогадовае экспэдыцыі «Нашае Нівы» тым летам была ў поўным сэнсе мэтаваю. Мы дасьледавалі раку Асьцёр, прайшоўшы яе ад Смаленскае вобласьці да Сажа па Клімавіцкім і Крычаўскім раёнах у пошуках істоты, якая для нас стала сымбалем і пачаткам гэтае кнігі.
Апошні раз хахулю (Dosmana moschata) бачылі ў гэтых раёнах усходняе Магілеўшчыны ў 1955 годзе. Асьцёрская (сажанская) папуляцыя беларускага падвіду хахулі з 1951 году была апошняй натуральнай папуляцыяй у нашым краі. Чырвоная Кніга Беларусі, што выйшла ў 1993 годзе, ужо фіксуе хахулю, такім чынам выкрасьліўшы яе зь беларускае фаўны. Спраўдзіць гэта й была прызначаная дасьледніцкая група «Нашай Нівы», якая выправілася на Магілеўшчыну 12 чэрвеня 1994.
У 1849 годзе ў бухце Даскі (паўднёвая выспа Новай Зэляндыі) паляўнічыя злавілі невядомую раней птушку, якая порстка бегала па сьнезе й адважна супраціўлялася спробам яе злавіць. Гэтая вялікая грувасткая птушка зь зялёным пер’ем, сінімі грудзямі й галавою мае вялікую магутную дзюбу й моцныя ногі ярка-барвовага колеру — такахе (Notornis hochstetteri). Да 1898 году было выяўлена толькі чатыры гэтакія птушкі. Аднак, у 1948 годзе на зьдзіў усяму сьвету натуралістаў, такахе былі адкрытыя зноў у маленькай даліне Новазэляндзкіх Альпаў блізу маляўнічага возера Тэ-Анаў. Вывучэньне пацьвердзіла наяўнасьць звыш сотні асобінаў гэтае птушкі. Каб захаваць такахе ды яшчэ адну ўнікальную папугу — какапа (Strigops habroptilus), на гары Бруса быў створаны дзяржаўны рэзэрват. Адкрыцьцё такахе другі раз праз паўстагодзьдзя — нярэдкі прыклад для Новае Зэляндыі, дый для сусьветнае практыкі.
… Асьцёр — глыбокая, даволі хуткая рака з маляўнічымі пустыннымі берагамі. У Беларусі яна пачынае выкручвацца, берагі становяцца месцамі зусім стромкімі. Распараныя сонцам трысьнягі, мята, безьліч кветак б’юць гострым водарам, як вечаровыя флёксы на могілках.
Нашая пільнасьць, зь якою мы ўглядаліся ў кожны корч, у норы па берагох са спадзевам убачыць тое, дзеля чаго плылі, пачала прыгасаць ад сьпякоты. Ажно нарэшце на пляскатых берагох каля ўпадзеньня ў Асьцёр Сасноўкі (зьлева), мы пабачылі на ранішнім мокрым пяску даўгія пісягі ад хахуліных хвастоў і іхных лапаў, якія ні з чым іншым зблытаць ня можна. На наступную раніцу, яшчэ да сьвітанку, мы йшлі ўжо на тое месца, што было ўсыпана аскепкамі сьлімаковых ракавак — рэшткамі начнога баляваньня хахуляў.
Калі ж з супрацьлеглага стромкага берагу пачуўся гогат ці то качкі ці то парсючка — сумневаў не засталося. Яны яшчэ ёсьць. Ёсьць тыя істоты з качынымі лапкамі, якія, наеўшыся, дурэюць, засунуўшы сабе хобат у рот, — здаволена гагочуць.
За тыя тры дні, што мы пабывалі на поўначы Клімавіцкага раёну з 16.06 па 19.06 нам давялося пабачыць хахуляў двойчы. Бліжэйшае знаёмства зь імі немагчымае, а каб сфатаграфаваць іх, патрэбная адмысловая тэхніка. Спробы затрымаць хахуляў мы не рабілі, бо яны адчайна енчаць і скуголяць, выяўляючы сваю кранальную безабароннасьць, нягледзячы на ўсю порсткасьць зь якой яны сноўдаюць у падводных зарасьцях.
Тут, на сумежжы Магілеўшчыны й Смаленшчыны, балазе пасьля прыпыненьня мэліярацыі і зьніжэньня тэмпаў гаспадараньня наогул (усё ж, радыяцыя), хахулі здолеюць выжыць. Аднак без нацыянальнае аховы гэта немагчыма. На сёньня іх галоўнымі ворагамі сталіся норкі ды андатры, непрадумана інтрадукаваныя за савецкім часам.

* * *

Зь вераю ў родную прыроду

Выключную ролю ў лёсе С.Харэўскага адыграў той факт, што на пачатку 20 стагодзьдзя ягоны дзед быў адным зь сямі новазэляндзкіх падпішчыкаў газэты «Наша Ніва», падшыўку якой амаль празь семдзесят гадоў наш юны суайчыньнік знайшоў у фамільным архіве.
Самастойнае вывучэньне мовы далёкае шматпакутнае Бацькаўшчыны, сьвет вобразаў і ідэалаў песьняроў Маладой Беларусі, а таксама прапагандысцкія акцыі, ладжаныя ў Кінгстане мясцовым аддзяленьнем таварыства «СССР — Новая Зэляндыя» найістотнейшым чынам паўплывалі на сьветапогляд юнака, абумовіўшы цьвёрды намер вярнуцца на зямлю продкаў.
Будзе недаравальнай памылкаю лічыць, што разьвітаньне з краінаю маленства прайшло лёгка й бясхмарна. На 45-м градусе паўднёвае шыраты заставаліся ня толькі дзіцячыя крозы, але й першае каханьне — дзяўчынка-маоры, што надзіва рана адкрыла Сержу таямніцы космасу, што завецца жаночым целам, і шматлікія загадкі новазэляндзкае прыроды, на чыім улоньні расьцьвіло пачуцьцё каханкаў-малалетак. Фаўна выспаў зь ейнай безьліччу рэліктавых відаў назаўсёды станецца вялікай любоўю С.Харэўскага, аб чым красамоўна сьведчыць і яго новая кніга, дзе літаральна на кожнай балонцы гучыць водгульле незабыўных новазэляндзкіх уражаньняў і адкрыцьцяў.
Жыцьцё на берагох Сьвіслачы хутка сутыкнула мройлівага рэпатрыянта з рэальнасьцю разьвітага сацыялізму. Выключэньне зь піянэрскай арганізацыі за сувязь з важатай, і пагроза высылкі з Савецкага Саюзу, ад чаго ўратавала адно сьмерць Ю.Андропава. Здрада аднакурсьнікаў зь Менскай мастацкай вучэльні, над будынкам якое ў 1986 годзе былі вывешаныя два нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі, што памяталі цеплыню рук навучэнца С.Харэўскага. Вымушанае паступленьне ў Расейскую Акадэмію мастацтваў, бо радзіма-мачаха выпісала свайму сыну «воўчы білет». Гэта вельмі пункцірная лінія тых драматычных для С.Харэўскага гадоў, калі яго ўсё часьцей наведвалі думкі пра рээміграцыю.
Але ў дні чорнай скрухі і паняверкі на дапамогу прыходзіла мастацтва. У творчай майстэрні маладога мастака доўга ня гасьлі вокны. За імі нараджаліся партрэты волатаў беларускае мінуўшчыны, аднак на зьмену мужнаму абліччу гетмана К.Астрожскага на белай нерушы паперы зьнячэўку ўзьнікалі выявы інсэктаў, зьвяроў і птушак беларускіх лясоў, палёў і нябёсаў. Гэта пачынала ўладна прамаўляць бязьмежнае захапленьне роднай прыродаю. Адно яно разам з магутным і неўтаймоўным інстынктам дасьледчыка і магло адарваць таленавітага маладзёна ад алоўка й пэндзля. Зазначым, што яшчэ ў піянэрскім узросьце ў часе асочваньня беларускага яшчара — каркадрыла (Lacerta apythana), якога, паводле пастаўленых цяпер пад сумнеў афіцыйных зьвестак, апошні раз бачылі ў Сьвіслачы ў год правядзеньня ў Менску І-га зьезду РСДРП, Харэўскага тройчы затрымлівала міліцыя, але юнага натураліста нязьменна выручала бездакорная ангельская мова.
Аднак сапраўдным паратункам для С.Харэўскага сталася аднаўленьне выхаду «Нашае Нівы», газэты, у якой навазэляндзкі хлопчык некалі, робячы сьмешныя памылкі, упершыню прачытаў па складох «Пагоню» М.Багдановіча.
Жыцьцёвае кола замкнулася.
Менавіта на балонках «Нашае Нівы» сустрэліся з чытачом ягоныя арыгінальныя малюнкі й тэксты, амаль кожны зь якіх выклікае шаленства ідэалягічных цэнзараў ды філістэраў ад мастацтвазнаўства й біялёгіі.
З «Нашай Нівы» прыйшла да нас і гэтая кніга, да краёў напоўненая таемнымі водарамі беларускіх пушчаў, паплавоў і сьпіжарняў, дзе малады вучоны падпільноўвае сваіх улюбёных герояў-суайчыньнікаў.
Убачыўшы, як С.Харэўскі, зьнерухомеўшы, утаропліваецца ў невідочную кропку на сьцяне, супрацоўнікі рэдакцыі ўжо даўно не палохаюцца. Яны ведаюць, што ў гэты момант вострае вока калегі выцікоўвае непраўдзівага кніжнага скарпіёна (Chelifer coneroides), таго самага, швэдзкая папуляцыя якога выратавала ад кніжнае блыхі камплекты беларускіх газэтаў 1918-1920 гадоў ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы Упсалы.
Сотні кілямэтраў прайшоў па дарогах і праплыў па рэках роднага краю С.Харэўскі, каб зайсьціся ад шчасьця, нарэшце пабачыўшы на пустэльным беразе ракі Асьцёр сьляды баляваньня хахуляў (Dosmana moschata) або зьмеціць маланкавы палёт вавёркі-палятухі, што, дзякуючы клопатам савецкае ўлады, выжыла ў Лёзьненскім раёне. (Можа, у тое імгненьне ён успомніў смак печанага на вугольлі мяса новазэляндзкіх палятухаў ягонага дзяцінства, якім перад пешай ноччу ў адпаведнасьці са старажытным звычаем маоры яго частвала юная каханка?)
Пра якую б родную нам істоту ні апавядала таленавітае пяро С.Харэўскага — пра празьмерна пашыранага на абшарах Рэспублікі Беларусь рабога сусьліка (Citellus suslicus) ці пра заўважанага ў навакольлі Мазыра рэдкага на гэтай паралелі нацыянальна сьведамага пэлікана (Pelecaniformes), які прылятае на танцпляцоўку паблізу Прыпяці, пагойдваецца ў тахт мэлёдыі і ўцякае ад непрыяцеляў з выразным крыкам «Жыве Беларусь!» — перад чытачом нязьменна паўстаюць жывакроўныя, псыхалягічна дакладныя вобразы крылатых, хвастатых, альбо нават падводных суайчыньнікаў, якія, на вялікі жаль, пакуль пазбаўленыя права голасу.
Аўтар спакваля вядзе нас да канцэптуальнай высновы пра тое, што пэўныя віды прадстаўнікоў нашае фаўны ў розныя пэрыяды гісторыі выяўлялі ляяльнасьць і нават прыхільнасьць да ўласнай нацыянальнай ўлады (напрыклад, прыязныя дачыненьні расамахаў з кіраўніцтвам Рады Случчыны) і пакідалі абсягі Беларусі, не жадаючы мірыцца з акупацыйнай адміністрацыяй.
Варта дадаць, што ў навуцы апісаныя выпадкі ня толькі пасыўнага, але й актыўнага супраціву акупантам з боку айчынных зьвяроў і птушак. Гістарыёграфы Слуцкага збройнага чыну ведаюць, да прыкладу, пра вельмі пасьпяховы напад аддзелу з 10-12 ужо згаданых вышэй расамахаў (Gulo gulo) на бальшавіцкага камісара і двух ягоных ардынарцаў, зьдзейсьнены ў ваколіцах мястэчка Семежава, што ў цяперашнім Капыльскім раёне. (На месцы акцыі нядаўна ўсталяваная мэмарыяльная стэла.)
У гістарычных крыніцах знойдзеныя й зьвесткі аб супрацоўніцтве ўжо рэдкіх на той час дрохваў (Otis tarda) з фармаваньнямі генэрала Булак-Балаховіча ў справе дывэрсіяў на кантраляваных бальшавікамі палескіх чыгунках. Акурат пасьля аднаго з удалых выхадаў на «жалезку», калі ў раёне Петрыкава быў зьнішчаны вайсковы эшалён з тэхнікай, ГПУ й наладзіла карную экспэдыцыю, у ходзе якой чэкіст, былы піцерскі рабочы Біндзюжнікаў расстраляў апошнюю бачаную ў Беларусі драхву, вядомую балахоўцам пад любоўнай мянушкаю Маня.
Згаданыя факты лішні раз сьведчаць, што эўрапейская будучыня Бацькаўшчыны станецца магчымаю адно ў выніку яднаньня ўсіх дэмакратычных плыняў нашага грамадзтва са здаровымі, нацыянальна арыентаванымі сіламі беларускае прыроды. Лепшыя старонкі кнігі Сяргея Харэўскага прасякнутыя сьветлай вераю ў непазьбежнасьць гэтага пераможнага альянсу.

Уладзімір Арлоў

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат