Пра курсы
ГАРАДЫ :


17.06.2015
Зорная паэма

Інфармацыя ўзята з сайта knihi.com (Беларуская палічка).

 

Мой родны кут, як ты мне мілы…

Якуб Колас

 

1

Сьветла. Птушынай радні адгалоскі.

Травы ў празорай расе.

Як скарачаецца шлях мой у вёску! –

Нібыта вецер на крылах нясе.

Што там сягоньня ў сусьвеце і ў сьвеце:

Войны? Радзіны? Салют?

Сэрцу збалеламу ёсьць на прыкмеце

Белабярозавы кут.

Шчодра ў барозны засыпаны зёрны.

Вечнасьць пульсуе быстрой.

Я разьвінаю дасьвецьце1.

А зоры –
Кожная! – ветлай сястрой.

Вокнаў ліштва2 і варотцаў узоры,–

Край на умельцаў багат.

Сьвецяць на хатах фанэрныя зоры –

Душы айчынных салдат.

Ў гэтай зямной і зялёнай купелі,

Дзе і казюрка да сонейка мкне,

Татачка,
нагаварыцца не ўсьпелі!

З помніка ты усьміхаешся мне.

Полем сівых перапёлак і бою

Ходзіць балюча – ахоўны твой цень,

Толькі душа скаланецца ад болю:

Жыта на мінах дагэтуль расьце!

Дзятлік-урач і вавёрачка рыжая,

Вецер гаркавы, як пах буякоў3.

Можа,
хоць тут ані згадкі пра хіжасьць4

I дэмагогію спрытных дзялкоў…

Зоры лясныя і зоры азёрныя!

Цягнецца ў неба любові вярста.

Сына вязу, каб спрадвечнае, чорнае

Працы, як дзед яго, мужна спытаў.

Сьцежка ў маленстве віруе, вяртаецца

Між курганоў і шчымлівых бяроз.

Ўсё, што забылася – успамінаецца

I адгукаецца ў сэрцы да сьлёз.

 

Цёплымі промнямі дзень запарушаны.

Чуйнай зязюляй аклікнецца бор.

…Сад мой дзіцячы – калючая груша,

Бабка Луцэя ды сіні прастор.

Пахне аерам на Сёмуху5 ў хаце,

Ранак стрыжэ растрывожаны стрыж.

Будзіць на зорцы, шкадуючы, маці:

“Ягады, дзетка, няўзгадкі прасьпіш”.

Першым сярпочкам парэзаны пальцы

(Доўга той боль заглушыць не магу!),

Жартачкі горкія: шустрыя мальцы

У інваліда сьцягнулі “нагу”.

Думаю: як жа ён будзе, збалелы?

Стане як потым ступаць на зямлю?

Толькі сьмяецца баец асівелы:

“Лепшую заўтра, паганцы, зраблю!”

Нібы снапкі на падлозе паснулі

Дзеці,
хоць стол іхні – гол як сакол.

Пяцера сірат у цёткі Настулі,

Цётка Настуля – жняярка і вол.

Ды не сумуюць панікла вяскоўцы:

Ў кожнага, нібы жар-птушка ў душы,

Чуеце? – сыплецца рэхам па вёсцы

Грайка-гармонік, хоць іскры тушы:

Хлопцы ўсе гуляць ідуць,

А мне нечага абуць:

Лапці новыя згарэлі,

І страхоўкі недаюць.

 

…Што ж там сягоньня ў сусьвеце
і ў сьвеце?

Кожная болька – радня.

Новыя зрухі пайшлі ў “сельсавеце”,

Хоць і Загразкіна ў ім старшыня.

Час расхінае мярэжы6 і межы,

Мае празорцаў сваіх, дактароў.

Вырасьлі новыя ў вёсцы катэджы

Заміж былых агароджаў-двароў.

Шыферам новая вёска накрыта,

Мудрым нашчадкам сьпяваць ды расьці!..

 

З гускамі век дажывае Харыта,

Ў дом састарэлых не хоча ісьці.

Скажа паштарка мне ў ціхім дакоры,

Нібы прад’явіць віну:

“Дзеці рассыпаны, нібыта зоры,

Згоркне – на неба зірну”.

Дзеці цярплівае маці-прыроды –

Лёгкія мроі7, нязбытныя сны,–

Хто нам пасьведчаньні жывёлаводаў

Выдаў за клас выпускны?

Ах, як разьбегліся ўсе адмыслова

Як найхутчэй з-пад бацькоўскіх апек!

Любім на словах. Бунтуем на словах.

I славасловім праграмны наш век.

Цывілізацыі зорная з’ява

Зь векам раскошным ідзе неўпапад.

Грукнула ў сэрцы глухая аб’ява

На замяшчэньне вакантных “пасад”:

1. Старшыні (убытачнага калгаса)

2. Вартаўніка жывёлагадоўчай фермы –
(хоць бы на час ацёлу кароў)

3. Клубнага работніка (які б разьбіраўся
не толькі ў замежным рэпертуары)

4. Прадаўца сельмага (які б падманваў
пакупнікоў не больш хаця б чым на 1–2 кап.)

5. Конюха (які шануе жывёлу не менш,
чым уласны аўтамабіль)

6. Механізатараў (6 чал.)

7. Даярак (8 чал.)

8. Даглядчыкаў цялят (4 чал.)

9. ………………………………………..

 

Прагне зямелька пляча абароннага,

Просіць за бульбу, за лён і траву.

Грэшна вініць мне кагосьці староньняга,

Бо і сама без выгод не жыву!

Сэрца ў бянтэжным адчаі зайшлося

(Мушу радкі прыгадаць!),

Толькі Анэткам маім і Антосям

Часу нямашка чытаць.

Маміна доля з вайны калядуе,

Але ні разу не ўчула я ўсхліп.

Думная, чыстасардэчна бядуе:

“Высах калодзеж, хоць жыта насып”.

Губы апёкшы на малацэ,

Мовіць сівы засмучоны дарайца:

“Бусел – ці чулі? – палюе на зайца!

Скончыўся жабін канцэрт.

А то дажджы як зь вядра. Недарод.

Засуха б’е па прагнозах зачаста,

Мала цяпер хадакоў у народ,

Болей цяпер хадуноў у начальства”.

Сьвеце мой гостры, адчужаны, блізкі –

Бура з зацішкам і з полымем лёд.

А у канторы –
прыпіскі, адпіскі, –

Трэці бухгалтар зьмяніўся за год.

Вучаць сардэчнасьці кнігі, экраны,

Ды не зьнікаюць паклёп і падман.

Горка: канаюць вайны ветэраны

Часта зусім не ад вогненных ран.

Льецца ялей, як вадзіца праз рэшата,

Век папяровы: “прадаць – купіць”.

А ці пазбыта сумленьне дарэшты,

А ці дзяржава скрозь пальцы глядзіць?

Іншыя, звышвыкшталцоныя цацы

Ўежна ядуць, але долю клянуць:

(Не пасьпяваюць за модай угнацца!)

Не пасьпяваюць даяркі заснуць.

Сіла зямлі – мнагадзетныя маці

Не пасьпяваюць прыбраць-згатаваць;

Не пасьпявае спартыўная брацьця

На чамаданах наклейкі мяняць.

Брата адзежына мокне ў салярцы,

Слушна дапёк мяне, негаваркі:

“Дайце належную ўвагу даярцы! –

Хай пачакае там пэцкаль8 які!”

Блізенька сядзем, сялянкі і дамы,–

Зблізіцца, ох, як пара,

Можа, таму, што гадамі-радамі

Людзі счакаліся Гаспадара!

Рукі да рук – як нястомныя кросны.

Здолеем выткаць наш лёс.

Час высакосны і боль высакосны

Ў сьвеце ваенных пагроз.

Маці-краіна! Краю мой мілы:

Брату паможаш, сам не з’ясі.

…Бачыш, сыночак, дзьве сьвежых магілы?

Дык папасі ты і за Гаўрылу,

За Міканора кароў папасі!

Жэўжык мой лёгкі, як вецер у жыце,

Сьветлай прыроды забава – хлапчук,

Дроў насячы сьсірацелай Харыце,

Каб гартаваўся надзейны плячук.

Мо па-жаночы прашу цябе сьлёзна,

Але хачу, каб запомніў урок:

Заўтра любіць – памагаць будзе позна,

Людзі, як зоркі, згасаюць, сынок.

Зь веку іконнага аж да нэйтроннага

Нашага смутку не гасьне імша9.

Сыне, ў халёнага, хамэлеоннага10,

Прыстасаванага і не ўлюбёнага

Ў нашу зямлю – не уздрыгне душа.

 

Круціцца, нібыта жорны, планэта.

Сьмерці зьмяючай зацята пятля.

Плуг аратая і ліру паэта

Ты уздымі над сабою, зямля!

Крышыцца, нібыта жорны, планэта,

Людства гудзе, нібы пчолы з вульля.

Покуль не чорныя воблакі – сьветла!

Сьветла, пакуль зелянее зямля.

Сьветла ад лотаці ў завадзі збросьнелай.

Коні шукаюць ракі.

Крылы ў адных разьвінулі нябёсах

Ястрабы і жаўрукі.

Край нездарма сінявокім завецца –

Сіне і сьветла душы.

Выпаўзьлі з нораў на сонцы пагрэцца

Яшчары і мурашы.

Сонечна. Сьветлараскрылена. Весьне.

Ранак. I раньне жыцьця.

Чую! Ня змоўкла радзімая песьня –

Сьпеўна жанчына люляе дзіця.

Бусьлікаў сьветлых крыляе дружына.

Вецер гульлівы сядлае каня.

Да вадапою знаёмай сьцяжынай

Ціха ласіха вядзе ласяня.

Мілы мой сын, залатая малеча, –

Почыркам ясным пішы!

Сілай адной зьнітаваны навечна

Прашчуры і мурашы.

 

2

Зорка Вэнэра ўзышла над зямлёю…

Максім Багдановіч

 

Вось і з дарогі. А скруха – з парогу

(Бы не ішла, неадчэпная, ўсьлед!):

“Выклічце хуткую, – мне, – дапамогу”, –

Просіць мяне захварэлы сусед.

“Выклічу, як жа! А вы паляжыце”.

(Цяжка і стомлена дыхае ён.)

Выкліча хто “дапамогу” Харыце? –

Там жа, на вёску, адзін тэлефон!

Вось і урач найвышэйшага класу.

Сорак хвілін у змаганьні за лёс.

(Выкліча хто “дапамогу” “калгасу”:

Жыта палегла і вымак авёс!)

Думна і гэтак трывожна на сьвеце,

Нібы лістку на спусьцелым гальлі.

 

Бомбы падпёрлі дыханьне планэце:

Выкліча хто “дапамогу” Зямлі?!

Зорная поўнач сьвятлюткай сястрою,

Зорны трапеча за шыбкаю ліст.

Я на пяшчоту гадзіньнік настрою,

Але спружыніць у ім мэханізм.

Змоўклым гадзіньнікам век нас лякае,

Збоем апошніх сьвітальных мінут.

Кроўю планэта ужо набракае,

Але паўзе тэрмаядзерны спрут11.

Дзесьці не сьпяць зьнепакоена маці,

Стогне зямля у гарачай крыві.

 

Стрэлкі шукаюць на цыферблаце

Міру, лагоды, братэрства, любві.

Людзі. Анёлы і д’яблы. Міране.

Плыць альбо не дабрыні караблю…

Што табе, сэрца, сыграць на кургане,

Як не малітву за маці-зямлю!

Ах, шматутульныя шматпавярхоўкі…

Добра мне жыць. Але сэрца шчыміць:

Солі ў суседа пазычыць нялоўка,

Боязна сэрца ў адчаі раскрыць.

Ўсё пераблытана: хмары, хімеры12,

Прорва і мост, справядлівасьць і суд.

Сьмешна прызнацца ў каханьні… паперы:

Чыстая, колькі сьцярпела пакут!

 

Ах, пераможцы уласных мішэняў,

Саладкалюбцы прыгод і карон…

Сьвет, ты гукаеш, нібы мнагажэнец,

Праз міліёны адкрытых акон.

Сьветла-вішнёвы і цьвет ясянёвы

Ціха плыве над зямлёй, як кілім13.

Сэрца вясновае просіць любові,–

Атамны воран цікуе за ім?

Людзі, жывыя мы ў думках і плоці.

Бусел расьпятым крыжом на страсе.

Кроіцца час блаславёных эмоцый, –

Робат жалезны пачуцьці пасе?

Людзі, мы тыя ж – аўто і трамваі

Спрэс – у палоне мінут

Самі сябе на падножках трымаем,

Покуль ня скончыцца сьпешны маршрут.

Бачылі вы варону ў кароне

Або як лекцыі шпарыць павук?

Час памяшаўся на абаронах,

На эпідэміі фікс-навук.

Дык вось: такія, браце, “вучоныя”,

Якім бы ў кішэню паболей узяць,

Глядзяць праз акулярыкі пазлачоныя,

Дакладней, – праз пальцы на сьвет глядзяць!

 

Прагне душа разуменьня і ладу.

Жылка на скроні пульсуе-снуе.

Позна. За поўнач. Пара зарападу.

Але не гаснуць лятункі мае.

Зорна. Балюча. Лагодна. Вяснова.

Голас травы вывучае шаша.

Мы навучыліся жыць адмыслова,

А за убраньнем – канае душа.

Збораў замнога. I тлуму замнога.

Гэй, намалюй сабе шлях. Выбірай!

Ўласнапалоньнікі раю зямнога,

Дзе ён, інакшы і праведны рай?

Толькі калі прашуміць непагода –

Гнезьдзяцца думкі (аклятая рэч!):

Як ты зьмянілася, постаць народа,–

Хоць над магілаю брацкай укленч!

Мілы мой. Ты. I на коніку – верхі.

Мысьлі раяцца (наіўная рэч!).

Нас разьядналі аўто і паверхі,

Хоць перад цэрквай спусьцелай укленч!

Фортку адкрыю. Горача, душна.

Густа начніцы абселі плафон.

Скруха спынілася на раўнадушшы

Там, дзе ад болю аглух тэлефон.

Век правадоў, але жаль наш – пячорны,

Сьлед замятае спакою мятла.

Дзіўна, яшчэ, як начніца, заўчора

Я акрылёна шукала сьвятла.

 

Вусны да вуснаў – ці так не хацела?

Вось найвышэйшай пяшчоты вянец.

Час, ты гукаеш, нібы звар’яцелы,

Праз міліёны разьбітых сардэц.

Космасу век. Але жах наш – пячорны.

Неандэртальца рагоча шкілет.

Гнеўнае воблака, дымнае, чорнае,

Страшнае! – зорны лякае сусьвет,

Бачу балючыя вочы Эўропы.

На валасінцы надзея трымціць.

Падаюць зоры. Не сьпяць тэлескопы.

Зорка-Зямля, ты павінна сьвяціць!

Век гераічны, гранічны, крынічны.

Выхад да зор. I бязвыхадны штрэк?

Дэмаграфічны, лірычны, трагічны,

Дыпламатычны і каставы век!

Кожны жывы – і без войнаў сьмяротны,

А на зямлі – катастрофы, разбой…

Суд наш рашаючы і незваротны, –

Суд наш апошні – саміх над сабой.

Бога няма. Чалавека пытай.

Толькі і ёсьць чалавек усясільны.

Досыць Хатыняў і Хірасімаў! –

Плоцьцю людскою накормлены рай.

 

Зорным дасьвецьцем праз ліхалецьці

I праз анафему14 “зорнай вайне” –

Гамлета прывід васкрэс на планэце

З тым жа пытаньнем: “Быць альбо не?”

Покуль да сонца расчынены дзьверы

Зь вераю ў сонечны розум людзей,

– Быць! – Я гукаю праз гром і хімеры,

Тулячы сына свайго да грудзей.

I не ў міфічную цягнецца Мекку

Шлях, пазбаўлёны літаньняў і лек.

…Чуе ў бядзе чалавек чалавека.

Да Чалавека ідзе Чалавек!

 

1 Дасвецце – час перад світаннем.

2 Ліштва – тут: накладная, звычайна фігурная планка вакол дзвярнога праёма.

3 Буяк – кустовая нізкарослая ягадная расліна сямейства бруснічных, якая расце ў нізкіх лясных месцах.

4 Хіжасць – тут: прагнасць.

5 Сёмуха – адно са свят праваслаўнай царквы, якое святкуецца ў пяцідзесяты дзень (праз сем тыдняў) пасля Вялікадня.

6 Мярэжа – тут: тое, што сваім выглядам нагадвае сетку.

7 Мроі – тое, што створана фантазіяй; мары, летуценні.

8 Пэцкаль – тут: той, хто няўмела, неахайна робіць што-небудзь.

9 Імша – набажэнства ў хрысціян, якое адбываецца раніцай або днём, а ў каталікоў, акрамя гэтага, суправаджаецца музыкай.

10 Хамелеоннага – тут: пра чалавека, які лёгка мяняе свае погляды, перакананні.

11 Спрут – тут: драпежнік.

12 Хімера – тут: пачвара.

13 Кілім – дыван.

14 Анафема – тут: праклён.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат