Пра курсы
ГАРАДЫ :


01.04.2015
Збіральнік страху

Інфармацыя ўзята з сайта knihi.com (Беларуская палічка)

 

 

 

 

1

Раніца апошнім часам усё часцей прыгнятала яго сваёй беспрасветнасцю. І цяпер у небе беглі хмары ды імжыла. У гэты сумны малюнак звыкла ўпісваліся шэрыя, уціснутыя ў асфальт дрэвы, што ліхаманкава скідвалі з сябе напаўгнілое лісце, ды брудныя галубы ля сметніцаў. Ішло на познюю восень.
З пустым рукзаком за спінай Марка Валынец, былы навуковец, а цяпер беспрацоўны, рухаўся ў чалавечым патоку прывакзальнага пляца. Чыста механічна ён выхопліваў позіркам і вызначаў постаці і твары сустрэчных: вось едуць на лецішча, каб прыбрацца да зімы, пенсіянеры; спяшаюцца рабочыя ў ватоўках і танных вязаных шапках; асобна збіліся ў гурт чаўночнікі на Расею; паліць першую ранішнюю цыгарэту вакзальная прастытутка, віруе натоўп цыганак, гарэзуюць студэнты, зліваецца з шэрай плынню непрыкметны і такі ж шэры злодзей, пакутуе ад смагі п’янчуга, адбывае дзяжурства малады міліцыянт, гергечуць па-свойму гандляры-каўказцы, з жывёльнай цярплівасцю сядзіць на прыступках жабрак, шэпчуцца некалькі яўных гомасексуалістаў, кідаецца з боку ў бок вар’ят і — бамжы. Паўсюль. Ніколі раней ён не бачыў столькі бадзяг, жабракоў і ўсялякай набрыдзі на дарогах, у цягніках, у крамах, метро, падземных пераходах, у парках, скверах і на вакзалах.
Хаця былы навуковец Марка Валынец яшчэ не дасягнуў пяцідзесяці, у мінулым меў абароненую навуковую ступень, не запіваў і не апускаўся, — знешне ён сам нагадваў бадзягу. Аброслы сівой шчэццю падбародак, шырокі, у зморшчынах, лоб ды нізка насунутая пакамечаная бейсбольная кепка надавалі яму змрочны выгляд. Выцвілыя джынсы, зношаныя красоўкі на нагах ды брызентавая штармоўка толькі ўзмацнялі такое ўражанне.
Ён прамінуў аўтобусны прыпынак за прывакзальным скверам і мусіў ужо спусціцца ўніз праз пераход да касаў, як яго вочы раптам выскубнулі з натоўпу твар маладой жанчыны. Жанчына была светлавалосая, з кароткай стрыжкай, апранутая ў шэрую куртку з непрамакальнай тканіны, у высокіх карычневых чаравіках. Круглыя акуляры надавалі яе маладому твару безабаронны выгляд. Жанчына была знаёмая па мінулым — тут пачуццё ніколі не падманвала яго, дый увогуле ён меў абвостраную зрокавую памяць.
Марка Валынец пазбягаў сустрэч з былымі знаёмымі. Не любіў роспытаў, спачуванняў, няшчырасці — ён быў заняты іншым, лічыў, што выпаў з той абоймы назаўсёды, і таму хацеў аднаго: каб яго пакінулі ў спакоі. Але калі-нікалі яго пазнавалі ў твар, і тады яму ніяк не выпадала выкруціцца. Так і цяпер.
— Я вас памятаю, — сказала, павітаўшыся, жанчына. — Вы — Марка Валынец. Калі я прыйшла ў інстытут, то праз паўгода вас… вы раптам зніклі. Усе пра гэта толькі і гаварылі. Вы мяне пазналі?
— Не, — зманіў Марка Валынец.
Ён памкнуўся ісці далей, але ў жанчыны была прыемная і даверлівая ўсмешка. Яна нібы выпраменьвала дабрыню, і ён спыніўся. Што ж, няхай зірне на яго зблізу — пэўна, хутка страціць цікавасць. У яго было яшчэ крыху часу ў запасе.
— Мяне завуць Ірына Абуховіч, — сказала жанчына.
Марка Валынец моўчкі глядзеў ёй у твар, вывучаючы.
— Тую сываратку мы так і не атрымалі. Распрацоўка была тупіковая. Вы мелі рацыю, калі папярэджвалі.
— Я даўно адышоў ад афіцыйнай навукі. Яна мяне больш не хвалюе.
— Я чула, быццам вы сталі экстрасенсам, нават практыкуеце.
— Лухта. Я не выступаю ў клубах і не прымушаю людзей матляць галовамі.
— Дык гэта няпраўда?
— Я ўдасканальваю сябе, скажам так. Ну, і калі-небудзь мяне цікавяць «бастардныя», як кажуць навукоўцы, праблемы.
— Выбачайце, я пайду, калі вы спяшаецеся, — сказала жанчына.
— Вырашылі, што я звіхнуўся? Прызнайцеся, што падумалі.
— Так, — раптам згадзілася Ірына Абуховіч. — Падумала.
Марка Валынец паморшчыўся, але жанчына зняла акуляры, і зноў яе рахманая ўсмешка стрымала яго.
— Я не магу вам растлумачыць, вы самі павінны зразумець, — пачаў міжволі Марка Валынец. — Гэта чуткі, не больш. Я, скажам так, чалавек, які толькі і ўмее, што ўзнімацца на пажарную вышку. Вось і ўсё.
— Не разумею, — сказала Ірына Абуховіч. — Патлумачце, калі гэта не сакрэт.
— Ну, прыкладам, вы стаіце на вуліцы і бачыце, як побач праязджае веласіпедыст. Ён едзе паўз вас, знікае з поля зроку, і вы не ведаеце, што з ім адбываецца потым. Але ўявіце, што вы ўзнімаецеся на гарадскую пажарную вышку і адтуль глядзіце на дарогу, якая вядзе далёка за горад, і зноў, з вышыні, бачыце таго ж веласіпедыста, а таксама ўсе перашкоды, якія яму сустрэнуцца. Вы цяпер ведаеце пра непрыемнасці, калі яны ёсць, задоўга да таго, як даведаецца той веласіпедыст.
— Забаўна. Але ж гэта алегорыя, я так разумею.
— Так, не больш. Іншым разам я дапамагаю людзям, калі яны просяць.
— Мне здаецца, — сказала Ірына Абуховіч, — што вы дасягнулі б нечага істотнага, зрушылі б якую гару… Вы дарэмна кінулі інстытут.
— У нас нельга што-небудзь зрушыць, каб потым яно не звалілася на тваю ж галаву. Такі народ, дый навука ў заняпадзе. Мы так адсталі, што нават няёмка. Вы чулі, напрыклад, пра ідэі і вопыты француза Жака Бенвеніста? Не? Вам, як біяхіміку і практыку, трэба хаця б пазнаёміцца. Ідуць вельмі цікавыя распрацоўкі. Па дэгрануляцыі, прыкладам. Калі можна атрымліваць з малекул немалекулярную субстанцыю, то магчымы і зваротны працэс. А гэта значыць, што можна імгненна пераносіць сваё электронна-магнітнае пераўтварэнне нават на іншыя планеты. Чым не «бастардная» ідэя? Вам не здаецца дзіўным, чаму просты шаман раптам пачынае сцвярджаць, што ён тройчы бываў на Месяцы? Мне — не. А тое, што біяінфармацыя можа перадавацца вадой? Вы хутчэй за ўсё свядомы практык, нармальная жанчына і чалавек, — вы можаце мне растлумачыць, як у вадкасці захоўваецца нейкі «адбітак»? Тым больш пры разбаўленні аднаго да дзесяці ў стодваццатай ступені? Дзеля параўнання — колькасць часціц у Сусвеце — дзесяць у шасцідзесятай ступені…
— Я не мадам Кюры. Тут патрэбны неардынарны інтэлект, які не баіцца рызыкі. Вось вы калісьці не баяліся.
— Вы памыляецеся, — не згадзіўся Марка Валынец. — Якраз тады я баяўся.
— А цяпер — не?
— Цяпер — не.
— І вы не вернецеся назад? У інстытут?
— Навошта? Жыццё кароткае. Каб дарэмна марнаваць час?
— Так, мы хіба што корпаемся над рознымі дробязямі.
— Што ж, — усміхнуўся Марка Валынец, — тады займіцеся ўсур’ёз сям’ёй, дзецьмі.
— У мяне няма сям’і, — сказала Ірына Абуховіч.
— Ну, гэта можна паправіць. Як кажуць, мужчына да пары, а жанчына да пары.
Людская плынь цякла вакол іх, абмінаючы з бакоў, як маленькую выспу.
— Мы зараз разбяжымся, — сказала жанчына, — дык вы можаце хуценька ўзняцца на вашу пажарную вышку і паглядзець адтуль, што мяне чакае?
Марка Валынец усміхнуўся і паціснуў плячыма.
— Вы выйдзеце замуж за высокага брунета, і ён павязе вас у вясельнае падарожжа. У Еўпаторыю.
— А калі без жартаў?
— Тады зірніце навокал. Будзьце больш абачлівая. Эпоха Рыб адыходзіць, пачынаецца эпоха Вадалея. Пераходны перыяд заўсёды небяспечны. Плутон выйшаў са знака Скарпіёна і ўваходзіць у знак Стральца. Наперадзе — трынаццаць гадоў катастроф. Дастаткова жахаў?
— Мне цікава з вамі, але, па-першае, вы са мной жартуеце, як з дзіцём, а па-другое — трэба ісці, — сказала Ірына Абуховіч і зірнула на гадзіннік. — Бывайце.
Марка Валынец яшчэ некалькі секунд назіраў, як вакзальная плынь паглынае яе, а потым спусціўся па прыступках у пераход. Затхлае паветра павеяла на яго пахамі тытуню, цвілі і нямытай чалавечай плоці. Ён зноў падняўся наверх, праціснуўся да касы і стаў у чаргу.
Вагон электрычкі быў перапоўнены людзьмі, але ён ведаў, што праз некалькі прыпынкаў многія выйдуць. У праходзе звыкла пацягнуліся жабракі, адзін з іх нават моўчкі крануў яго за плячо, настойліва патрабуючы грошай, потым прайшлі гандляры газетамі, брашурамі па садаводству, таннымі кніжкамі на расейскай мове ў крыкліва-стракатых вокладках, насупраць рабочыя выцягнулі калоду карт і пачалі гульню.
Марка Валынец ехаў у лес. Кіламетраў за сорак-пяцьдзесят ад горада, лічыў ён, усё адно — выйдзе. У лесе ён іншым разам збіраў травы, карэнні, асобныя віды грыбоў, а потым проста адпачываў: знаходзіў якую ціхую паляну і, калі не надта надакучалі камары, ляжаў да поўнай цемнаты, паклаўшы голаў на рукзак, драмаў ці слухаў, як шумяць пад ветрам дрэвы.
Галоўнае пачыналася пасля, калі цемра шчыльным дываном ахоплівала ўсё навокал і калі абвостраны слых пачынаў лавіць і аналізаваць начныя гукі. Марка Валынец эксперыментаваў са страхам.

2

Пацук нечакана выслізнуў на дарожку, і маладая жанчына, якая назвала сябе раней Ірынай Абуховіч, не паспела зрэагаваць. Яна спынілася і стаяла так, прыціснуўшы да грудзей пусты пластыкавы пакет. Пацук імкліва перабег заасфальтаваную дарожку і прапаў у шэрым, як і сам, смецці. Жанчына агледзелася: яна прыкідвала, як ёй лепш прайсці. Тут, на тэрыторыі клінікі, яна была не першы раз, але амаль заўсёды нейкі час блукала сярод шматлікіх двухпавярховых карпусоў і дарожак паміж імі, якія перакрыжоўваліся і зноў разбягаліся ў розныя бакі. Узбоч густа раслі кустоўе шыпшыны, акацыі ды клёны.
Трава на даўно не стрыжаных газонах парудзела, ноччу ўжо крыху падмарожвала, з клёнаў ападала лісце і ўсцілала зямлю жоўта-чырвоным покрывам.
Жанчына так і пайшла — не па дарожцы, а па траве газона, падслепавата гледзячы пад ногі праз фотахромныя лінзы акуляраў. Таму яна запознена ўбачыла двух мужчын, нерашуча сцішыла крокі, павярнулася, каб скіраваць назад, і міжволі пачула іх размову. Мужчыны былі маладыя, гадоў па трыццаць-трыццаць пяць. Адзін светлы, каротка стрыжаны, з масіўным падбародкам і кірпатым носам баксёра, другі — цёмны шатэн, амаль брунет, доўгавалосы, з завушніцай і роўным, амаль класічным малюнкам носа. Жанчыну яны не ўбачылі.
— Ты б замест мяне схадзіў, — сказаў шатэн з завушніцай, — на, бяры кантэйнер.
— Не хачу, гэта твая работа, — аспрэчыў баксёр.
— Там энергетыка хрэновая, а я ж табе гаварыў, што са мной. Учора паўтарылася, а я думаў — прайшло.
— Зноў заклініла? — здзівіўся баксёр. — А дома?
— Дома норма.
— Ну ты і псіх. Давай кантэйнер. Калі што — ірві да дзвярэй, да мяне. А ўвогуле -«пушку» трэба з сабой браць, ёлуп. Пакуль не ўліплі.
— Ты ж ведаеш, я «мокрых» спраў не люблю. Кожнаму — сваё.
— Тады сядзі дома, галадай, як усе. А тут — чужая тэрыторыя, нас, пэўна, узялі на пеленг, дый Фелікс многа ведае.
— Не скажа, пакуль больш даём, — заўважыў шатэн.
— Ну, куй, пакуль гарачо, — падсумаваў кірпаносы.
— Пакуль — дурачок, — скаламбурыў шатэн з завушніцай.
Абодва засмяяліся.
Жанчына ціха павярнула ўбок і адразу выйшла на знаёмы арыенцір — адзінокую сасну з засохлай вершалінай. Там, за ёй, стаяў флігель празектуры. Але яе апярэдзілі: кірпаносы з металічным кантэйнерам у руках, накшталт таго, што носяць зімой рыбакі, скіраваў да дзвярэй раней за яе і спусціўся ўніз па прыступках.
Жанчына нерашуча спынілася. Яна пашукала і знайшла побач рэшткі драўлянай лаўкі, села і агледзелася. Людзей на дарожках між карпусамі ў гэты час амаль не было. Там-сям мільгаў брудна-белы халат медсястры, ды правезлі на калясцы нябожчыцу: старую з жоўта-васковым тварам. Жанчына дастала з сумачкі цыгарэту і запаліла. Яна выкурыла яе амаль усю, калі з’явіўся кірпаносы з кантэйнерам у руках. Кантэйнер відавочна пацяжэў, бо ён не размахваў ім, як раней. Доўгавалосы з завушніцай перахапіў у яго скрыню, і абодва таропка нырнулі ў цёмна-карычневую іншамарку. Запрацаваў матор, машына развярнулася і знікла.
Жанчына кінула недапалак і спусцілася па прыступках. Яна адчыніла дзверы і нерашуча зайшла ўнутр. Санітар празектуры, якога звалі Феліксам, — высокі, худы, з рэзкімі рысамі твару, не заўважыў яе, бо якраз рабіў доўгі разрэз скальпелем па тым, што ляжала перад ім на стале, засланым пластмасавай цыратай. Гэты рух скальпеля і зафіксавала жанчына. Унутрана сцяўшыся, яна сачыла за тым, як рукі ў гумавых пальчатках выцягнулі і кінулі на латок каляровыя вантробы, што нечакана набылі ў электрычным святле ўсе колеры вясёлкі.
— Прывет, Фелікс, — сказала жанчына. Голас яе гучаў глуха. Яна раскрыла сваю сумачку, выцягнула адтуль апроч таго, вялікага, што трымала ў руках, яшчэ некалькі цэлафанавых пакетаў і двухсотграмовую бутэльку са спіртам.
— А, Ірына. І «падагрэў» прынесла?
Санітар азірнуўся, кіўнуў, не здымаючы пальчатак, падышоў да яе і забраў з рук два пакеты. Затым вярнуўся да латка з вантробамі, саўгануў туды скальпелем, выняў сэрца, потым адчыніў халадзільную камеру, выцягнуў яшчэ адно, кінуў у пакеты і паклаў жанчыне ў працягнуты ёй вялікі пакет.

— Толькі два, — сказаў ён, усміхаючыся, і забраў у яе бутэлечку са спіртам. — За «падагрэў» дзякуй.
Жанчына нерашуча запярэчыла:
— Але ж два — мала. Трэба хаця б чатыры.
— Ну, за грошы не купіш, — далікатна рагатнуў Фелікс, -пазвані заўтра, пазаўтра — прыйдзеш і забярэш. А пакуль — няма.
— Мне так далёка дабірацца.
— Ты ў нас маладая, прыгожая, — фамільярнічаў Фелікс, — па дарозе з кім-небудзь пазнаёмішся. Замуж выйшла?
— Не бяруць.
Фелікс падміргнуў ёй, і жанчына з пакетам у руках таропка выйшла наверх.
Шэры, хмарны дзень нагадваў прыцемкі. У твар ёй дыхнула прахалодай восеньская імжа. Яна набрала ў грудзі паветра і разам, нібы пасля хуткага бегу, выдыхнула яго, накінула на галаву капюшон курткі і рушыла ў напрамку да брамы.
Аўтобусы ў апошні час амаль не хадзілі, і яна пайшла пешшу, міжволі пераварваючы інфармацыю. Двое на іншамарцы забралі і павезлі ў кантэйнеры, напэўна, тое ж, што і яна. Магчыма, ныркі, лёгкія, печань, вочы, якія іншыя часткі цела, косткі. Фелікс даў ёй толькі два сэрцы, а дамова была на пяць, ну хаця б на чатыры. Ірына Абуховіч адчула, як яе ахоплівае туга. Гэтае пачуццё заўсёды з’яўлялася ў ёй, калі яна сустракалася з няшчырасцю, маной ці іншымі чалавечымі заганамі.
Ірына Абуховіч працавала навуковым супрацоўнікам у інстытуце біяарганічнай хіміі, дзе па дамове з замежнай фірмай цяпер імкнуліся стварыць дыягнастычную сістэму для вызначэння ранняй стадыі лейкозу. Дзеля гэтай мэты ў лабараторыі бялковай хіміі выдзялялі ферытын. Менавіта ў чалавечых сэрцах утрымлівалася яго больш за ўсё. Сэрцы спачатку рэзалі на дробныя кавалкі, потым праганялі праз звычайную мясарубку, перамолвалі на міксеры і ставілі на экстракцыю. Калі бялок пераходзіў у раствор, адтуль выдзялялі ферытын. Іх лабараторыі патрэбны былі пяць-шэсць добрых сэрцаў штомесяц. Не бралі толькі тых, што пасля інфаркту, а таксама з трупаў старых і жанчын (у клетках апошніх ферытыну ўтрымлівалася зусім мала).
Яна ўжо даўно здагадвалася, што ідзе буйны крадзеж людскіх касцей, вантробаў, нырак і іншых частак цела. Усё гэта каштуе за мяжой вельмі дорага. Фірмам за пастаўкі ўсяго гэтага ў шпіталі плацяць велізарныя грошы. Яна ведала, што без згоды сваякоў забаронена аддзяляць з трупаў часткі, але гэта ігнаруецца, і «свежыя» трупы адразу рабуюцца. Вантробы выкрадаюцца, а целы набіваюць рознымі лахманамі і зашываюць. Ніхто з радні, сваякоў не будзе потым правяраць. Дзеля гэтага трэба зноў разразаць труп, але на такое ніхто, вядома, не йдзе. Ды ніхто толкам нічога й не ведае. Не анатаміруюць старых, якія памерлі дома, астатніх — усіх. Нельга рэзаць толькі чэрап і мазгі — гэта робіць са спецыяльнага дазволу патолагаанатам, а не санітар.
Жанчына ішла далей, раздумваючы. Яна ўжо выбралася на вуліцу, клініка і флігелёк празектуры засталіся далёка ззаду, але гнятлівае пачуццё не пакідала Ірыну Абуховіч. Да таго ж ёй усё яшчэ мроіўся пах таго месца, адкуль яна выйшла, — пах тлену і гніення.
Большасць крамаў, паблізу якіх яна ішла, былі зачыненыя. Бадзягі, па звычцы, туляліся каля іх, спадзеючыся атрымаць што-небудзь ад прахожых. Ірына Абуховіч спынілася каля бруднай люстраной вітрыны. На яе глядзела яна сама — маладая звычайная жанчына, русявая, з простым тварам, сціпла апранутая, вось толькі акуляры сведчылі пра далучанасць да сярэдняга класу белых каўнерыкаў.
Старая жабрачка, што стаяла непадалёку, спакваля наблізілася да яе, не гледзячы ў твар, працягнула руку, схіліўшы голаў, і Ірына Абуховіч раскрыла сумачку, таропка сунула ёй нейкую папяровую драбнату.
Яна пайшла далей, каб да канца працоўнага дня яшчэ паспець у сваю лабараторыю, пакласці ў халадзільнік пакет і зрабіць тое-сёе з аналізаў.
Калі папраўдзе, то ў глыбіні душы яна ўжо не верыла ў тое, што іх намаганні дадуць нешта істотнае. Няма сродкаў. Дарэчы, раптам нагадалася ёй, раней яны таксама вялі некалькі праектаў, якія нічога не далі. Хаця б тую ж справу з дэльфінамі, якая праходзіла ў іх праз першы аддзел, была засакрэчана і да якой спачатку далучылі Марку Валынца.
У той час Масква цікавілася перспектывай скарыстання дэльфінаў у якасці дастаўшчыкаў мін, каб узрываць баявыя караблі ці субмарыны патэнцыяльнага праціўніка. Але дэльфіны — разумныя істоты і не хацелі ўзрывацца. Тады ім рабілі лабатамію, але пасля яе рэзка зніжаліся разумовыя здольнасці істот. З’явілася і яшчэ адна перашкода: цяжарныя самкі дэльфінаў таксама ўпарта не паддаваліся дрэсіроўцы, а ў замкнёнай і абмежаванай прасторы выкідвалі дзіцянятаў і гінулі самі. Вызначыць жа ў дэльфінаў цяжарнасць было надзвычай цяжка і складана: патрэбна была спецыяльная сываратка, якую і мусіў вырабляць іх інстытут. Кроў дэльфінаў прывозілі ў кантэйнерах аж з Севастопаля.
Адзіным чалавекам, які не захацеў займацца тады гэтай справай, быў старшы навуковы супрацоўнік, кандыдат навук Марка Валынец. Ён не толькі адмовіўся, але і здолеў неяк прапіхнуць у сталічным навуковым часопісе адпаведны рызыкоўны артыкул, дзе паўнамёкамі аб’явіў усю гэту справу бязглуздзіцай. Валынцу, вядома, не даравалі. Яго працы забаранілі, самога неўзабаве панізілі ў пасадзе, а потым ён увогуле знік, і ніхто не ведаў куды. Нейкі час гаварылі пра яго быццам бы неардынарныя здольнасці ў галіне парапсіхалогіі, якія ў яго праявіліся, пра яго сяброўства з вядомым менскім псіхолагам і філосафам Зайцавым, а потым забыліся, як звычайна забываюцца на большасць тых, хто знікае са штодзённых спраў і не трапляецца на вочы.

3

Марка Валынец ішоў па лясной дарозе з рукзаком за спінай. Рукзак быў лёгкі: у ім былі сухія карэнні, чага, некалькі відаў зёлак — усё, што ён сабраў.
Сутонела. Неба было хмарнае, часам імжэла. Лес шумеў у вершалінах дрэў. На вузкай і пакручастай лясной дарозе было пуста. Цемра імкліва запаўняла ўсё навокал. Урэшце стала зусім цёмна.
Як ён вызначыў — трапляючы ў сітуацыю, якую сенсорна нельга спрагназаваць, звычайны сучасны чалавек пачынае адчуваць беспадстаўны страх. Ён, па сутнасці, не ўмее баяцца. Ідэальнай эксперыментальнай сітуацыяй, якая б мадэлявала глыбокі страх, быў якраз адзінокі шпацыр у глухім лесе ноччу, пажадана восенню, калі на небе няма ні месяца, ні зорак і дзьме вецер. Такая сітуацыя, лічыў Марка Валынец, дазваляе дасягнуць сапраўднага беспадстаўнага страху, паколькі ў прыгарадным лесе амаль няма буйных драпежнікаў, якія могуць на цябе напасці, — мядзведзяў ці ваўкоў, а злачынцы ў гэты час ціснуцца якраз бліжэй да сваіх ахвяраў — да людзей — і аддаюць перавагу больш камфортнаму наваколлю.
Марка Валынец вучыўся карыстацца энергіяй страху. Задача заключалася ў тым, каб лакалізаваць яго ў межах энергетыкі і пераўтварыць у рэакцыю, якой можна кіраваць.
Ліхтарыка ў Марка Валынца не было, але вочы паступова адаптаваліся да змроку, і гэта дазваляла яму няспешна ісці па дарозе, прыслухоўваючыся да падсвядомых рэакцый арганізма. Нібы збоку, ён назіраў за тым, як яго ўспрыняцце і паводзіны здымаюцца з «аўтапілота» і перадаюцца на «ручное кіраванне» і з’яўляецца звыклая неабходнасць быць гатовым адразу да ўсяго. Стан цела, думаў ён, якое рыхтуецца да любога ўздзеяння, да любой сітуацыі, — і ёсць страх, які ён зараз адчувае. Па меры таго як на вандроўніка ўсё больш ціснулі цемра і адзінота, яны «ўзворвалі» самыя глыбінныя пласты яго псіхікі. Розум рыхтаваў цела да горшага, і неабходна было дамагчыся станоўчых вынікаў у гэтым накірунку ад самога інтэлекту, яго згоды на тое, што адбудзецца. Калі ж розум даваў такую згоду і перапыняў «бой з ценем», то гэта форма супольнасці цела і розуму нечакана давала рэзкія эмацыянальныя ды гарманальныя выкіды. Ён адчуваў вялікі прыліў энергіі і амаль такі ж спад напругі — быццам з плеч звальвалася гара, адсюль, пэўна, і адпаведны выраз, думаў Марка Валынец.
Ён планаваў ісці па дарозе доўга, пакуль не выйдзе да якой станцыі, ці да той пары, калі развіднее, а потым ехаць у Менск.
Так ён ішоў, згубіўшы адчуванні часу і прасторы, інстынктыўна адхіляючы голаў ад галінак і цалкам зліваючыся з цемрай, што акружала яго шчыльнай і вязкай масай.
Раптам гук працуючага матора і далёкае святло фар за спінай прымусілі яго саступіць з дарогі. І хаця розум замітусіўся, забунтаваў і звыкла параіў схавацца ў цемнаце за дрэвамі, прапусціць машыну, якая набліжалася, ён спыніўся і стаў чакаць.
Магутны «БМВ», распырскаўшы лужыну, параўняўся з ім і спыніўся. Таніраванае шкло кабіны пасунулася ўніз, і Марка Валынец убачыў у святле прыбораў маладога чалавека гадоў трыццаці, цёмнавалосага, з тонкімі рысамі твару, з завушніцай.
— Бацька, нам на асфальт трэба, і хутчэй, — сказаў той, — хацелі з аэрапорта шлях скараціць, а ўляпаліся ды блукаем.
— Гэта даволі проста, — патлумачыў Марка Валынец. — Павернеце неўзабаве ўправа, хвілін праз дзесяць язды павінен быць пераезд праз чыгунку. А там і шаша блізка.
Побач з тым, хто пытаў пра дарогу, узнікла галава вадзіцеля — светлавалосага, з кароткай стрыжкай і пераламаным носам баксёра.
— Сядай, ты нам шлях пакажаш. Калі не баішся, вядома. А то ноч, лес…
— Я не баюся.
Марка Валынец сеў на задняе сядзенне.
— Самы кароткі шлях той, што правераны, — сказаў ён з ветлівасці.
— Не вумнічай, стары, — перабіў яго бландзін, што вёў машыну. — Ноч, а ты адзін на дарозе, ды яшчэ ў лесе. Чаму дома не сядзіцца?
— У мяне хобі такое, — сказаў Марка Валынец.
— Ну і куды ты ідзеш? — фыркнуў бландзін за рулём.
— У напрамку дасканаласці, скажу так.
Абодва на пярэдніх сядзеннях пераглянуліся.
— А хобі якое, калі не сакрэт? — спытаў брунет з завушніцай.
— Збіраю страх.
Двое зноў зірнулі адзін на аднаго.
— Страх? Навошта? — пацікавіўся вадзіцель.
— Каб не баяцца.
— Так, — шматзначна падсумаваў бландзін за рулём, — выгляд у цябе, як у бамжа. Мо ў дадатак да запалення мазгоў і блохамі абзавёўся? Падкінеш нам яшчэ.
— У мяне няма ні блох, ні драмаманічных схільнасцяў, ні сіндрому адзікуньвання, -звыкла патлумачыў Марка Валынец.
Бландзін за рулём таргануў галавой у яго бок, хацеў нешта сказаць, але замест гэтага выцягнуў з пачка цыгарэту.
— Не палі, — раптам папрасіў яго доўгавалосы з завушніцай, — ты лепш панюхай. Чуеш?
— Што?
— Пах. Травы духмяныя.
У кабіне ад рукзака вандроўніка хвалямі выпраменьваўся густы пах раслін.
— Вы хто — траўнік? Знахарыце? — спытаў малады чалавек з завушніцай, але ўжо на «вы» і з большай пачцівасцю. — Вы яму, дурненькаму, даруйце, — ён кіўнуў на сябра, -мы прынізілі, так бы мовіць, ваш статус, прабачце.
Машына з цяжкасцю прасоўвалася па вузкай лясной дарозе. Па лабавым шкле і кабіне час ад часу шоргалі галінкі дрэў.
— Ды ён, можа, трусоў у псіхушцы гадуе, — сказаў бландзін за рулём. — Вось і нясе ім траўкі. На падсобную гаспадарку.
— На развілках бярыце ўвесь час управа, — не пакрыўдзіўся Марка Валынец.
— Слухаюсь, таварыш Напалеон.
— А нас вы не баіцеся? — спытаў брунет з завушніцай.
— Я нікога не баюся.
— Гэта немагчыма. Усе баяцца.
— Таму і вынік адпаведны. Калі б які-небудзь народ, прыкладам, кінуў баяцца, ён бы без аніякіх вялікіх высілкаў авалодаў светам. Манголы былі блізкія да гэтага. Ім не хапіла дасканаласці і разумення.
— Тады, можа, чэчэнцы заваююць свет? — з іроніяй пакпіў бландзін, не адрываючыся ад руля і ад дарогі, за якой пільна сачыў. — У іх жа быццам поўная бязбоязнасць.
— Не сумняваюся, што яны, у адрозненне ад нас, свайго даб’юцца, — сказаў Марка Валынец. — Успомніце гішпанскіх канкістадораў. Франсіска Пісара быў свінапасам і не мог напісаць нават сваё імя, але ён не ведаў страху, вось у чым галоўнае.
— Ну і што?
— А тое, што сто восемдзесят жаўнераў на чале з ім знішчылі інкскую імперыю, якая налічвала трыццаць мільёнаў жыхароў.
— Гэ-эх ты! — не стрымаў здзіўлення бландзін.
— Не магу ўрубіцца, — перабіў брунет з завушніцай, — скажыце ўрэшце: знахарыце ці не?
— У прынцыпе — гэта адно з самых дробных складаных таго, чым я займаюся. Аматарства, не больш.
— Не ганіце туфту, — азірнуўся на яго брунет з завушніцай. — Мы давязём вас да горада, але за гэтую паслугу адкажыце мне на адно пытанне, згода?
Марка Валынец кіўнуў.
— Дык вось, патлумачце мне, чаму я апошнім часам не магу «чужую» бабу трахнуць? З жонкай усё нармальна, а калі якая іншая трапляецца — гамон. Заўчора ў матэль адну завёз, ну, выпілі па сотцы, яна распранулася дагала, а я — не магу. Яна ўжо і рукамі і, прабачце, па-іншаму спрабавала — нуль.
— Ты яшчэ пра ўсё па радыё раскажы, — засмяяўся бландзін. — Ну, адкуль гэты трусазнаўца можа ведаць, чаму ты імпатэнт?
— Я не імпатэнт. З жонкай — поўная норма.
— Вы ахвяра часовага псіхічнага ўздзеяння, — супакоіў Марка Валынец, — над вамі проста пажартавалі, і вы сталі баяцца.
— Хто пажартаваў?
— Я не магу вызначыць так вось, на хаду, хаця гэты жарт, па-мойму, проста дробны напад якой-небудзь вядзьмачкі, акультыста, мага, яшчэ якой моцнай асобы.
— І вы можаце мне тую асобу вылічыць? — аж загарэўся брунет з завушніцай. — Гэ-э-х, я б з ёй разабраўся!
— На гэта мне трэба час і інфармацыя пра вас саміх. Я павінен ведаць хаця б ваша імя.
— Мяне завуць Ігар, — сказаў брунет. — А майго сябра — Стас.
Бландзін за рулём незадаволена хмыкнуў. Ён напружана сачыў за дарогай, не губляючы тым не менш ніці размовы.
— А мяне — Марка, — сказаў Валынец. — Я вас вылечу, гэта нескладана, бо ваш выпадак вельмі просты.
— Што мне рабіць? Гаварыце, я заплачу вам.
— Калі ахвяра, гэта значыць, у нашым выпадку, вы, сканцэнтруецеся на, скажам так, зямных інтарэсах, а потым выканаеце тое, што я вам параю, то вы — здаровы чалавек ужо праз гадзіну.
— Ды глупства ўсё гэта, прымі «калёс» якіх, паеш скумбрыі, — хіхікнуў Стас, — усё і пройдзе.
— Глохні. Я яму даю веры.
— Ты псіх.
— Займайся сваім, ёлуп.
— Можа, ты і порткі здымеш? Трэба ж паказаць, што ў цябе там і чаму не працуе.
— Не трэба, — усміхнуўся Марка Валынец. — Вось, няхай з’есць перад усім хаця б гэта, — ён выцягнуў з кішэні звычайны стручок перцу і працягнуў Ігару.
— І ўсё? — спытаў той з недаверам, але перац узяў.
— Не зусім, — сказаў Марка Валынец. — Вам трэба не толькі сродак медытатыўнай абароны, але і канцэнтратыўнай. Гэта тое, што я вам раней раіў. Жывіце, не задумваючыся над прычынай, не паглыбляйце працэс. Памятайце, што тады аніякі вядзьмак нічога вам не зробіць, не праб’е ваша біяполе, а значыць, і вас. Ну, прыкладам, ён варожыць, каб вас сурочыць, а вы рагочаце на капусніку ці ў мясцовым кінатэатры… Не бойцеся.
— А калі не падзейнічае? — спытаў Ігар.
— Вось мой тэлефон, — Марка Валынец напісаў на паперцы лічбы. — Пазваніце. Але, я ўпэўнены, у гэтым не будзе патрэбы.
Малады чалавек, які назваў сябе Ігарам, уключыў святло ў кабіне, павярнуўся ўсім тулавам, узяў паперку і зірнуў зблізу ў твар вандроўніку. Вочы іх сустрэліся.
Марка Валынец убачыў амаль жаноцкіх рысаў твар, на якім тым не менш чыталася істэрычная жорсткасць, шырокі рот і слабы, зрэзаны падбародак, неспакойныя карыя вочы, вострыя вушы драпежніка.
Раптам твар нібы адслаіўся, паплыў, і замест яго з’явілася жоўта-сіняя азызлая маска, зблытаныя валасы, вочы ашклянела глядзелі ў неба…
— Мне трэба выйсці, — сказаў Марка Валынец, — спыніце машыну!
Ён раптам адчуў небяспеку. Гэта неспадзявана даў сябе знаць рэдкі дар прадбачання, якім валодаў яго дзед, магчыма, прапрадзед, яшчэ хто з далёкіх продкаў. Небяспека была не для яго, а для гэтых маладых людзей — ён быў упэўнены.
— Хіба вам не ў Менск? — спытаў Ігар.
— Не. Я выйду тут. Так трэба. Вунь пераезд, за ім шаша. Вы знойдзеце дарогу самі, без мяне. Але я вам параю быць вельмі асцярожнымі.
— Ну, нагані яшчэ і жуды, — сказаў Стас і спыніў машыну. — Вылазь, трусазнаўца.
— Дайце адрас усё-такі, — папрасіў Ігар. — Я запішу. Вы кажаце, што я стану здаровым. А калі не?
— Баюся, што ён вам не спатрэбіцца, — сказаў, вылазячы, Марка Валынец. — Вы рызыкуеце хутка памерці. Магчыма, абодва. Змяніце абставіны, шлях. Вы ў небяспецы, і гэта вельмі сур’ёзна.
— Жадаю і табе шчасліва дабрацца да сваёй роднай псіхушкі, — злосна буркнуў Стас. — Раскаркаўся, убогі…
— Хвіліну, — расчыніў дзверцы кабіны Ігар. — А што, уласна кажучы, з намі здарыцца, таварыш шаман?
Марка Валынец падумаў некалькі секунд, матор працаваў, і ўрэшце сказаў тое, што прамільгнула ў падсвядомасці:
— Вас з’ядуць канібалы.
Маладыя хлопцы ў машыне зарагаталі.
— Бывай, блажэнны! Пакуль, юрод!
Матор рыкнуў на поўную моц, і машына сарвалася з месца.

* * *

— Вас з’ядуць канібалы… — перадражніў Стас і зноў фыркнуў ад смеху. — Ха-ха-ха! Мужычок «закручаны» да ўпору. А гаварыў складна, я б сказаў, язык добра падмазаны. Я і слоў падобных ніколі не чуў. Яшчэ накаркаў чаго.
— Час такі, — сказаў Ігар. Ён быццам павесялеў. — Цьмяны і смутны. У такі час з’яўляюцца юроды, празорцы, ведзьмакі і экстрасенсы. А таксама шмат танных прыгожанькіх дзевачак. Галоўнае — ты чуў? Не баяцца! Едзем у матэль! Я праверу яго метад. І вып’ем чаго-небудзь.
— Псіх. Ён. І ты таксама. Усе ненармальныя. Добра, едзем. Я хачу выпіць.
Абодва запалілі. Машына ўжо вырвалася на шашу і імчала ў бок горада.
— Наш кантэйнер, пэўна, ужо ляціць высока ў небе, — сказаў Ігар. — Трэба і чарговы збіраць.
— Так. Няблага крутануліся. Але варта быць больш абачлівымі: ганарлівы на кані выязджае, а вяртаецца пешкам. Чуў такую прымаўку? Гэта клініка — не наша паляна.
— Ты хоць ведаеш, хто на ёй пасвіцца?
— Каўказцы. Гэтыя «залётныя» на ўсё гатовыя. Яны ж сюды едуць, каб там у сябе ў акопы не ісці. Ваяваць хоча не кожны. За тое ім адсюль трэба грошы на сваю радзіму гнаць, зброю, інакш іхняя радня там у распыл пойдзе. Яны ж там як закладнікі, вось чаму тут гэтыя і лютуюць.
— А Фелікс можа стукнуць?
— Каму? Ім? Няма аніякай выгады. Якая яму розніца, хто плоціць? Дый з патолагаанатамам трэба дзяліцца. Усё па ланцугу павязана.
— Я б не застаўся там, дзе ён працуе, і на хвіліну нават за пяцьсот баксаў, — сказаў Ігар. — У мяне б нервовая сістэма не вытрымала сярод жмуроў.
— Пэўна, тады і з жонкай заклініла б, — хіхікнуў Стас. — Ніякі вядзьмак не даў бы рады. Г-эх, інвалідзік ты наш…
— Там яшчэ, як ты ведаеш, жанчына ходзіць раз-два на месяц, — сказаў Ігар. — На халяву. Фелікс аддае ёй толькі сэрцы. Мужчынскія.
— Ты высветліў, адкуль яна?
— З інстытута біяхіміі пры акадэміі. У іх дамова з клінікай, нейкія вопыты робяць. Можа, варта пужнуць?
— Ні ў якім разе. Яна — фон. Разумееш? Калі ў Фелікса будзе якая праверка, мала яшчэ што, хіпеж які адбудзецца — усё на яе спішацца. Няхай ходзіць.
— Добра. Пакруцімся так з год, і куплю сабе домік ля мора. У Крыме. А можа, і за мяжу зліняю. Там за зялёныя ўсё купіць можна.
— І прапіску? — рагатнуў Стас.
— З грамадзянствам, вядома, нявыкрутка. Маеш рацыю.
— Нічога, так уладкуешся. У прымы пойдзеш. Ты ж у нас прыгожанькі. Вось толькі імпатэнт. Прабач, напаўімпатэнт.
— Не. Там нашых асабліва не любяць, — не пакрыўдзіўся Ігар. — Казалі — вітаюцца скрозь зубы, дзяцей у адну школу з іх дзецьмі не аддасі — супраць.
— Звыкнуцца, маць іх…
Горад імкліва насоўваўся на іх начнымі агнямі. Працавалі «дворнікі», бо шкло пакрывалася кроплямі вільгаці. Рэдкія сустрэчныя машыны амаль бязгучна праносіліся міма, асляпляючы вандроўнікаў фарамі.
— Едзем у матэль, — сказаў Ігар. — Да дзевак.
Ён выцягнуў з кішэні перац і пачаў жаваць.

4

Ішла сёмая гадзіна раніцы. Марка Валынец, які дабраўся дадому, рыхтаваўся паспаць. Апошнімі днямі ён мала спаў. Ён распакаваў рукзак і прыняў душ, калі зазваніў тэлефон. Марка Валынец зняў слухаўку.
— Ало! Ало, лекар! — крычаў голас у слухаўцы. — Гэта я, Ігар!
— Я хачу спаць, — сказаў Марка Валынец, — у мяне мала часу, каб размаўляць пра жыццё. Дарэчы, вы яшчэ жывыя? Гэта дзіўна. Я вас сур’ёзна папярэджваю. Сцеражыцеся.
— Ды кіньце вы свае жарты, лекар! — крычаў голас. — У мяне ўсё клас! Я ваш метад скарыстаў, і я здаровы! Мы якраз у дзевак, хочаце — і вам прывязём? Давайце толькі свой пеленг!
Марка Валынец паклаў слухаўку.
Ён праспаў некалькі гадзін, потым знайшоў у халадзільніку ежу і паеў. Еў і слухаў навіны. Транзістар выплёўваў іх на дрэннай зрусіфікаванай мове: стабілізацыя, далейшая інтэграцыя, паляпшэнне ўзроўню…
Ён ведаў, што гэта хлусня.
Яшчэ года паўтара назад, калі кандыдат навук Марка Валынец, нармальны сем’янін і грамадзянін, імкнуўся ўтрымацца на паверхні навуковай плыні, ён самастойна, нешта накшталт пабочнага захаплення, пачаў распрацоўваць праблему грамадскага выжывання. Тэма была новая, праца яго зацікавіла і рухалася хутка. Але чым хутчэй яна падыходзіла да завяршэння, тым больш акрэслена ён бачыў наступствы сваіх разлікаў. Урэшце, сэнс вынікаў можна было звесці да некалькіх найбольш важных лічбаў і разлікаў. Марка Валынец вылічыў галоўнае — індэкс выжывальнасці. Калі яго ўмоўна класіфікаваць па пяцібальнай сістэме, то крытычная рыса складала дзесьці паўтара бала. У эўрапейскіх краінах яна хісталася ад трох да чатырох і дзевяці дзесятых бала. У Бельгіі, прыкладам, лічба складала роўна чатыры балы. У Расеі — якраз паўтара. У нас, як выявіў Марка Валынец, індэкс споўз да адзінкі. Затое падскочыў узровень псіхапаталогіі і злачыннасці.
Навуковец Марка Валынец звярнуўся са сваімі вынікамі да ўрадавых колаў, частку надрукаваў, але не дачакаўся нават адказу. Больш працаваць не мела ніякага сэнсу, і ён кінуў усё. Гэты народ, які дазволіў калісьці вынішчыць цэлае пакаленне, меркаваў Марка Валынец, дасюль не можа пазбавіцца страху. А людзі, якія не ўмеюць не баяцца, не здольныя ні на што вартае. Ён зразумеў простую паслядоўнасць распаду і тое, што яму не дадуць ніякім асабістым навуковым каменем хваляваць балота, дзе драпежнікі звыкла цікавалі за сваімі ахвярамі. Ён лічыў, што зрабіў свой экзістэнцыяльны выбар.
Марка Валынец апрануўся і выйшаў з кватэры. Ён быў усё ў той жа штармоўцы, бейсбольнай кепцы і старых красоўках. Але знешні выгляд і тое ўражанне, якое рабіў гэты выгляд на людзей, мала яго непакоілі.
Цяпер ён ішоў, каб правесці чарговы сеанс псіхатэрапіі. Перадусім да яго звярнуўся за дапамогай вядомы ў рэспубліцы кікбаксёр-прафесіянал. Валынца выпадкова параіў яму нехта з сяброў. Ужо ў гадах, немалады «профі» прызнаўся яму, што не можа пазбавіцца страху. Гэты страх прыйшоў раптоўна, як бывае раптоўным дождж ці снежны абвал. Праз месяц яму трэба было правесці важны бой чэмпіянату Эўропы. Праціўнік быў сур’ёзны, відэакасеты з запісамі яго паядынкаў ляжалі на стале ў прафесіянала. Кожны прагляд чарговай касеты толькі пагаршаў яго стан. Ён баяўся не грашовых страт і не паніжэння свайго рэйтынгу ў выніку паразы. Ён баяўся калецтва.
Марка Валынец звычайна рэдка браўся за такія справы, але «профі» чымсьці яму падабаўся. Магчыма, тым, што не шукаў лёгкіх заробкаў убаку, не пайшоў, як кажуць, па рынку, чым цяпер канчаюць сваю кар’еру многія вядомыя спартсмены, не хаваў, што пагарджае гэтым. Ён імкнуўся насуперак усяму да нейкай сваёй, неасэнсаванай яшчэ ім самім, дасканаласці. Марка Валынец правёў з ім некалькі гутарак і паступова растлумачыў яму тое, што збольшага ведаў сам. Сутнасць была ў тым, каб ён, як спартсмен, перад кожным боем быў унутрана згодзен быць пабітым, калі гэтага варты, і свядома адмовіўся б ад прагназавання сітуацыі і тым самым вызваліўся ад «мадэлі паводзін». Удзельнік паядынку, тлумачыў прафесіяналу Марка Валынец, павінен не нападаць і абараняцца, а нібы прымаць удзел у схватцы, дасягаючы ўнутранай згоды.
Марка Валынец уявіў сабе гару мышцаў і ўзбуджаныя нервы — усё тое, што было цяпер прафесіяналам і што яму давядзецца пераконваць і ў чарговы раз заспакойваць, пазбаўляючы дэпрэсіі. Здавалася, той пачаў нешта разумець. Ён няблага плаціў, а грошы Марка Валынец аддаваў дачцэ-студэнтцы. Асабіста яму, лічыў ён, многа не трэба.
Непрыкметны, увесь засяроджаны ў сабе, ён крочыў па вуліцы горада, акідваючы цупкім позіркам прахожых і звыкла класіфікуючы іх: вось ідзе насустрач чалавек, схільны да німфаманіі, а вось жанчына з цэлым наборам хвароб: тут і дыябет, і істэрыя, і будучы інсульт; вось спяшаецца, размаўляючы з сабой, мужчына з азызлым тварам хворага на посталкагольны псіхоз, а вось пенсіянер з кіёчкам, які не ведае, што дажывае апошні год, а вось шукае недапалак звычайны бадзяга, які мусіць неўзабаве сканаць дзе-небудзь у падвале, а вось бацькі з хворай спадчыннасцю прагульваюць хлопчыка-даўнёнка…

5

Праз суткі Ірына Абуховіч зноў прайшла ў адчыненую браму клінікі і рушыла па дарожцы да празектуры. Некалькі хвілін яна блукала сярод карпусоў, звыкла страціўшы напрамак, і пачала азірацца, пакуль урэшце не знайшла свой стары арыенцір — паўзасохлую сасну. Яна скіравала ў яе бок.
Шолах лісцяў прымусіў яе ўздрыгнуць. На гэты раз пацукоў было двое. Адзін за адным яны слізганулі ў шэрай, напаўгнілой лістоце і прапалі з вачэй так імгненна, быццам іх і не было. Ірына Абуховіч сцепанула плячыма. Яна спусцілася па прыступках, адчыніла дзверы і ўвайшла ўнутр.
Фелікс сядзеў у крэсле ля сцяны і паліў цыгарэту. На каталках перад ім ляжалі трупы з накінутымі на іх бруднымі прасцірадламі. Гудзеў кампрэсар халадзільнай камеры. Як і раней, яе ахапіла пачуццё гідлівасці, змешанае са страхам.
— Я сёння спяшаюся, — сказала яна санітару. — Ёсць што-небудзь для мяне? Ты ж, пэўна, недарэмна выклікаў.
— А-а, прывет, — усміхнуўся ёй Фелікс. — Што, дыскамфортна, мадам? Даніну прынесла?
Ірына Абуховіч выцягнула з сумачкі двухсотграмовую бутэлечку са спіртам.
— Мо вып’еш за кампанію? — спытаў Фелікс.
— Не. Адпусці мяне хутчэй, — яна падышла бліжэй і працягнула санітару пусты пакет і спірт.
— Яшчэ не пачынаў, — сказаў Фелікс, — ды не мандражыруй ты так, я хутка.
Ён наліў сабе спірту, дадаў вады, выпіў, зацягнуўся цыгарэтай, кінуў убок недапалак і надзеў на рукі пальчаткі. Потым выхапіў з грудка бліскучых інструментаў скальпель. Фелікс падышоў да бліжняй каталкі і адкінуў прасцірадла, потым наблізіўся да другой, якая стаяла побач, і зрабіў тое ж.
— Маленькі ўступ, — звярнуўшыся да трупаў, працягваў піжоніцца Фелікс, — ён тычыцца жыцця. Так, так, мае бедныя ёрыкі, ха-ха. Зусім нядаўна я ведаў вас іншымі: увішнымі і ўдачлівымі. Але пра гэта забудзем, бо яно зараз неістотнае. Я хачу спытаць наступнае: ці задумваліся вы, мае маўклівыя слухачы, што такое жыццё? Наўрад. А жыццё, як казалі ў даўніну індзейцы, — гэта «лятучы цень, што плыве над травой, раствараючыся ў захадзе сонца». Так, цень, не больш. Яшчэ парася ў чэраве, а доўбня ўжо гатова, ха-ха.
І Фелікс паклікаў яе, каб падышла бліжэй.
— Зірні, якраз што табе трэба. Абодва маладыя, здаровыя. У мінулым, вядома. Толькі прывезлі. Зараз я іх крыху паказычу.
Ірына Абуховіч здранцвела глядзела перад сабой. Яна адразу пазнала абодвух: прыгожага цёмнавалосага хлопца з завушніцай у правым вуху і яго напарніка — з пераламаным баксёрскім носам. Гэта яны прыходзілі сюды зусім нядаўна, яна не магла памыліцца.
— Што з імі здарылася? — спытала яна чамусьці шэптам. — Яны трапілі ў аварыю?
— Звычайная разборка, я так думаю. — Фелікс узяўся за скальпель. — Падыдзі бліжэй, не бойся. Убачыш, колькі ў іх дзірак. Застрэлілі ўчора ў матэлі, калі яны выходзілі ад прастытутак. «Сэляві». Каўказцы быццам. Але сэрцы не пашкоджаны, тое, што табе і трэба, вышэйшы гатунак. Не якія там інфарктнікі. Шкада аддаваць, ха-ха…
Фелікс занёс скальпель над трупам цёмнавалосага з завушніцай і спрактыкавана зрабіў доўгі разрэз.
— Гэ-х, і казытну яго зараз!
— Я выйду пакуль, — сказала Ірына Абуховіч. — Пачакаю там, на двары. — Яна ўжо таропка ішла да выхаду.
— Ты толькі зірні, які мужчына! — рагатнуў ёй услед Фелікс. — Ну, не хочаш, не трэба. Пакет пакінь, слабачка!
Яна знайшла рэшткі лаўкі, села і запаліла. Вецер з шоргатам гнаў па дарожцы апалае лісце. З’явілася раптам сонца, кінула на яе рахманы, цёплы прамень і адразу ж знікла ў хмарах.
Неўзабаве пачаў паднімацца па прыступках Фелікс. Спачатку ўзнікла яго вузкая, яйкападобная галава, потым доўгае тулава, якое рабіў яшчэ больш доўгім брудны, шэры халат, потым ногі ў вузкіх нагавіцах і чорных чаравіках. У руках ён трымаў пакет.
— Забірайце, мадам. Што вы там, дарэчы, з імі робіце?
— Выдзяляем бялок.
— А замуж за мяне пайшла б? — задаў нечаканае пытанне Фелікс.
— Чаму ж не, — сказала Ірына Абуховіч. — Кінеш піць, дык жанчыны ўвогуле цябе на часткі пачнуць ірваць.
— Э, не. Памыляешся. Як толькі якой скажу, дзе працую, — адразу задні ход.
З пакетам у руцэ яна выйшла праз расхістаную браму клінікі і пайшла да аўтобуснага прыпынку. На ім гусцеў натоўп. З урыўкаў размоў, якія яна пачула, Ірына Абуховіч даведалася, што транспарт раптоўна спынілі, а цэнтральныя вуліцы горада заблакаваныя пастамі міліцыянтаў: чакалі прыезду нейкай важнай асобы з Расеі.
Яна падумала і пайшла дварамі, мінуючы развярэджаныя, даўно не прыбіраныя кантэйнеры са смеццем, скасавураныя альтанкі для аматараў даміно, дзіцячыя пляцоўкі з разламанымі драўлянымі лаўкамі і муляжамі ракет ды самалётаў, кволыя дрэўцы, якія ўвесь час ламалі, так і не даючы вырасці, зноў заходзіла ў падваротні і вузкія праходы паміж дамамі, стараючыся не губляць накірунку.
Усё часцей і часцей ёй сталі трапляцца дрэнна апранутыя, непаголеныя людзі з азызлымі мангалоіднымі тварамі, з нечакана вострымі, ацэньваючымі нядобрымі позіркамі. П’яны мужчына ў ватніку і зношаных салдацкіх ботах ляжаў ля аднаго з пад’ездаў. Побач, быццам не заўважаючы, стаялі купкамі некалькі чалавек, сярод іх жанчына з крывападцёкамі пад вачыма (так званы «сімптом акуляраў» — машынальна вызначыла Ірына Абуховіч), і палілі танныя цыгарэты.
— Пазыч грошай, прыгажуня, — нахабна звярнулася да яе жанчына з «сімптомам акуляраў», — а то на «шанэль нумар пяць» не хапае.
Не адказваючы, Ірына Абуховіч пайшла далей. Услед ёй прагучалі пагрозы і лаянка. Яна прайшла праз цёмную, засмечаную экскрэментамі арку і зноў выйшла на чарговы падворак. Тут гарэла невялічкае вогнішча, побач распальвалі такое ж. Над імі віселі ўжо металічныя, чорныя ад сажы, кацялкі. Бегалі брудныя, мурзатыя дзеці з нахабным бляскам у вачах. Ля сцяны, якая па ідэі архітэктара павінна была калісьці служыць летнім экранам для дэманстрацыі фільмаў, ля пакарэжаных лавак, на брудных матрацах ці то проста ляжалі, ці то спалі людзі.
Адразу некалькі жанчын акружылі Ірыну Абуховіч.
— Паваражу, шэравокая, — схапіла яе за рукаў старая з чорным зморшчаным тварам.
— Усю праўду скажу, — прапанавала другая.
— Пазалаці ручку, не шкадуй.
Раптам адзін з падлеткаў, прабягаючы побач, вырваў у яе з рук пакет і кінуўся прэч.
— Мяса! — закрычаў ён. — Тут — мяса!
У здранцвенні яна моўчкі пазірала, як бліснуў нож і кавалкі паляцелі ў кацялкі. Некаторыя мужчыны, якія падхапіліся з матрацаў, бралі кавалкі рукамі, рэзалі і прагна елі сырымі, мачаючы ў соль і скоса пазіраючы ў яе бок, нібы чакалі, што яна выцягне яшчэ што-небудзь і дасць ім.
Прыцямлівыя, касавурыя гэтыя позіркі напужалі яе больш за ўсё. Здранцвеўшы, прыціскаючы да сябе сумачку, яна адступала ад іх, не рызыкуючы павярнуцца спінай, пакуль урэшце не апынулася ў адлеглы. Тады заспяшалася і амаль подбегам пайшла на гук машын, трымаючыся падалей ад трупехлых задворкаў.
Некалькі разоў яна мусіла павярнуць, праходзіць праз двары, усе дамы былі на здзіўленне аднолькавыя, з пашарпанымі сценамі і выбітымі дзвярыма пад’ездаў, што зеўралі пустатой, з засыпанай смеццем зямлёй пад вокнамі з тэлефонамі-аўтаматамі без слухавак, і Ірына Абуховіч урэшце зразумела, што заблудзілася, нібы ў лесе. Тады яна пайшла проста наўздагад і неўзабаве выйшла на быццам знаёмую вуліцу, прайшла яшчэ крыху, павярнула, раптам апынуўшыся перад расчыненай брамай, і — знерухомела. Гэта была клініка.
Фелікс стаяў на дарожцы ўжо ў плашчы, шыракаполым стэтсанаўскім капелюшы і ўсміхаўся.
Зноў пачынаўся дождж.

1996

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат