Пра курсы
ГАРАДЫ :


26.04.2017
Выпуск 92. Васіль Быкаў

Чаму на радзіме сусветна вядомага пісьменніка публічна называлі «літаратурным паліцаем»? Якія праўкі савецкія цэнзары зрабілі ў творах Быкава? Колькі праляжалі на паліцы аповесці «Мёртвым не баліць», «Праклятая вышыня» і «Круглянскі мост»? Пра гэта і пра шмат што іншае вядоўцам праграмы «Мова нанова» Алесі Літвіноўскай і Глебу Лабадзенку распавядзе літаратуразнаўца, даследчык творчасці Быкава Сяргей Шапран.

Кароткая біяграфія Васіля Быкава

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну. Пасля заканчэння васьмі класаў сярэдняй школы Васіль Быкаў паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню, дзе спачатку вучыўся на жывапісным аддзяленні, потым на скульптурным, аднак з прычыны адмены стыпендыяў і адсутнасці грошай вымушаны быў сысці з вучэльні і паступіць у школу прафесійнага навучання. На пачатку чэрвеня 1941 года быў накіраваны на працу ва Украіну, у горад Шостку, дзе яго і заспела вайна.

На фронт Васіль Быкаў патрапіў у званні малодшага лейтэнанта ўвосень 1943-га пасля заканчэння Саратаўскай мастацкай вучэльні. У самым пачатку 1944-га быў цяжка паранены і ледзь не загінуў пад коламі фашысцкага танка. Увогуле, падчас вайны будучы пісьменнік быў тройчы паранены. Аскепак у правай руцэ застаўся на ўсё жыццё.

З арміі быў дэмабілізаваны толькі ў 1947-м. На працу ўладкаваўся ў Горадні: спачатку мастаком, потым стыль-рэдактарам у газеце «Гродзенская праўда», дзе ўжо на наступны год з’явіліся журналісцкія карэспандэнцыі Быкава, а яшчэ праз год – і першыя апавяданні. Аднак у 1949 годзе яго зноў прызвалі ў армію і накіравалі на Далёкі Усход. У Горадню ён здолеў вярнуцца толькі пасля чарговай дэмабілізацыі напрыканцы 1955 г. Апантана займаючыся ў гэты час самаадукацыяй, ён экстэрнам спасцігаў тое, на што раней не хапіла часу.

У 1957 годзе распачаў працу над першай ваеннай аповесцю «Апошні баец», якую праз год з вялікімі скарачэннямі надрукавала газета «Чырвоная змена». Сам Быкаў лічыў потым гэты твор няўдалым і адлік сваіх аповесцяў пачынаў з «Жураўлінага крыку», які быў напісаны ў 1959-м і прынёс яму першую шырокую вядомасць. Потым былі «Альпійская балада» (1963), «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1967), «Круглянскі мост» (1968), «Сотнікаў» (1969), «Абеліск» (1971), «Дажыць да світання» (1972), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Кар’ер» (1985), «У тумане» (1986), «Аблава» (1988) і іншыя аповесці, прычым большая іх частка напісана ў Горадні, дзе Быкаў пражыў больш за чвэрць стагоддзя (напрыканцы 1977-га пераехаў у Менск).

Аднак практычна ўсе буйныя яго творы, якія з’явіліся ў 1960–1970-я гады (у тым ліку «Знак бяды», за які Быкаў быў уганараваны найвышэйшай у СССР Ленінскай прэміяй), у той ці іншай ступені былі знявечаныя цэнзурай. А тры яго аповесці – «Мёртвым не баліць», «Праклятая вышыня», «Круглянскі мост» – забаранілі ды на доўгія гады выкінулі з афіцыйнай літаратуры.

Зрэшты, праз тры дзесяцігоддзі гісторыя паўтарылася, аднак цяпер пісьменніка, якога суайчыннікі называлі не іначай, як «сумленнем нацыі», шальмавалі ў афіцыйным друку і на тэлебачанні ўжо не за кнігі, а выключна за ягоныя погляды, што стварыла невыносныя ўмовы жыцця і прымусіла Быкава пакінуць Радзіму амаль на пяць гадоў: прыстанак 74-гадоваму літаратару дала спачатку Фінляндыя, потым – Германія і Чэхія.

У траўні 2003 года Васіль Быкаў, перанёсшы аперацыю ў Празе, вярнуўся ў Беларусь, каб неўзабаве назаўсёды развітацца з Радзімай. Пайшоў з жыцця вялікі пісьменнік 22 чэрвеня 2003 года.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат