Пра курсы
ГАРАДЫ :


02.02.2017
Выпуск 79. Міхал Клеафас Агінскі

Што дае нам права лічыць Міхала Клеафаса Агінскага таксама беларускім кампазітарам? Наколькі багатую музычную спадчыну ён пакінуў па сабе? Якія творы Агінскага, на той момант удзельніка паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, выконваліся ў імператарскіх палатах у Пецярбургу? Назва якога музычнага інструмента паходзіць ад італьянскага слова са значэннем «звязка»? Пра гэта і шмат пра што іншае вядоўцам перадачы Алесі Літвіноўскай і Глебу Лабадзенку распавядзе музыка, лаўрэат міжнародных конкурсаў, дырыжор Аляксей Фралоў.

Міхал Клеафас Агінскі (1765-1833), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, дыпламат, кампазітар, нарадзіўся ў маёнтку Гузаў каля Варшавы. Яго сямʼя належала да вышэйшых арыстакратычных колаў, таму з першых гадоў жыцця хлопчык далучыўся да інтэлектуальных і мастацкіх каштоўнасцяў, у тым ліку музыкі. Міхал Клеафас атрымаў рознабаковую адукацыю і зрабіў бліскучую карʼеру. Агінскаму не было і 20 гадоў, калі ён стаў дэпутатам сейма.

Ужо ў 1794 годзе ён увайшоў у Нацыянальны савет у якасці віленскага дэлегата і ў складзе аднаго з вайсковых фармаванняў, створаных на яго ўласныя сродкі, змагаўся на баку паўстанцаў пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання на сем год з’ехаў у эміграцыю. У 1801-м вяртаецца на радзіму і ў Горадні прысягае на вернасць расейскаму імператару. У лютым 1802-га прыязджае ў Пецярбург.

У красавіку 1802 года Міхал Клеафас Агінскі едзе ў в. Залессе, у падараваны яму маладзечанскім графам Францішкам Ксаверыем Агінскім родавы маёнтак, дзе стварае новую сямʼю і аднаўляе занядбаную гаспадарку. Залессе ператвараецца ў сапраўдны культурны цэнтр, жыццё якога поўніцца музычнымі падзеямі. Агінскі працуе над камерна-вакальнымі ды інструментальнымі мініяцюрамі, пачынае пісаць свае літаратурныя творы – чатырохтомныя «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 года», у якіх ён неаднаразова падкрэсліваў сваё ліцвінскае паходжанне (выдадзены ў Парыжы ў 1827-1828 гады) і трактат «Лісты пра музыку» (закончаны ў 1828-м). Менавіта тут, у Залессі, Агінскі напісаў свой славуты паланэз «Развітанне з Радзімай». У 1817 г. у Вільні выходзяць два зборнікі паланэзаў і рамансаў.

У 1810 годзе Агінскі атрымаў ад Аляксандра I пасаду сенатара Расейскай імперыі і чын тайнага саветніка, ордэны св. Уладзіміра і Аляксандра Неўскага. У траўні 1811-га ён падаў цару праект пра заснаванне Вялікага герцагства Літоўскага, якое павінна было абʼяднаць восем губерняў. Аднак Аляксандр I праект адхіліў. У чэрвені 1812 года Агінскі адступае разам з расейскімі войскамі ў Пецярбург. Пасля вайны з Напалеонам ён вяртаецца ў Залессе, дзе застаецца да 1822 года, паціху адыходзячы ад палітычных справаў.

У 1822-м Агінскі з сямʼёй пакінуў Беларусь назаўсёды і выехаў у Італію. Там яго галоўнай справай становіцца літаратурная і музычна-рэдактарская дзейнасць. Памёр кампазітар 15 кастрычніка 1833 года, пахаваны на кляштарных могілках пры храме Санта Марыя Навэла, пазней перапахаваны ў пантэон Санта Крочэ. У красавіку 1996 года ў Фларэнцыі, на доме, дзе жыў Агінскі, адкрылася мемарыяльная дошка (скульптар В. Янушкевіч). Былая сядзіба Агінскіх перайшла ў падпарадкаванне Міністэрства культуры, у ёй дзейнічае музей кампазітара.

На сённяшні дзень спадчына Міхала Клеафаса Агінскага налічвае 20 паланэзаў, 4 маршы, 4 вальсы, 3 мазуркі, галоп, менуэт, шматлікія рамансы, оперу «Зеліда і Валькур, або Банапарт у Каіры», напісаную на ўласнае лібрэта.

Ілюстрацыя: Юзэф Аляшкевіч, Міхал Клеафас Агінскі (фргамент), крыніца: wikipedia.org

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат