Пра курсы
ГАРАДЫ :


04.04.2015
Сын вады

Інфармацыя ўзята з сайта knihi.com (Беларуская палічка)

 

І

Марскія людзі.— Дзіўны горад. — Раздураныя кіцяняты. — Лодка ў паветры.

Трэці дзень злуе бура. Халодны асенні дождж пырскае бесперапынку, хоць стаіць лета — снежань месяц. Дажджавая заслона схавала ўсе горы, толькі бліжэйшыя скалы невыразна чарнеюцца. Наверсе свішча вецер, недзе далёка чуецца, як раве мора, але тут, у гэтым калідоры між стромкіх скал, яшчэ больш-менш ціха. Часам уварвецца і сюды вецер, загудзе, завые, як злоўлены звер, але вузкую стужку вады расхваляваць не можа. А потым зноў спакойна, толькі дождж булькае па вадзе ды наверсе вецер шуміць.
І трэці дзень, зашыўшыся ў шчыліну між скал, стаіць лодка Тайдо. Палова яе добра схавана пад зробленай над ёй паветкай, сюды дождж амаль не дасягае. Тут і размясцілася ўся сям’я Тайдо: жонка, дзевятнаццаці гадовы сын Манг ды двое малодшых дзяцей — дзяўчынка дзесяці год і шасцігадовы хлопчык.
Але з другога краю дождж у лодку льецца. — Вылівайце ваду! — час ад часу загадвае бацька.
І тады дзеці чарпакамі і рукамі пачынаюць выплёхваць ваду з чоўна.
І так трымаюцца трэці дзень.
Можа, вы падумаеце, што гэта якія-небудзь няўдалыя падарожнікі чакаюць у дарозе, пакуль скончыцца непагода?
Не, гэта звычайная сям’я ў звычайных умовах. Нікуды яны не спяшаюцца: яны ў сваім доме — на лодцы. Зразумела, і яны жадаюць, каб дождж хутчэй скончыўся, але гэта не надта ім рупіць, бо дождж гэты таксама звычайнае з’явішча. І ўлетку і ўзімку — заўсёды ён восеньскі, халодны, і цягнецца, бывае, цэлымі тыднямі.
Розніца паміж летам і зімой толькі тая, што ўлетку ўсё ж такі крыху цяплей, часам бывае пятнаццаць градусаў цяпла, часцей выпадаюць сонечныя дзянькі і нават раз у год здараецца навальніца з громам і маланкаю, а ўзімку разам з дажджом часта ідзе і снег, але марозу, як гэта мы разумеем, усё роўна няма.
Там, наверсе, у гарах, мароз бывае, снег застаецца і ўлетку і ледавікі спускаюцца ўніз, але тут, на вадзе, можна сказаць, заўсёды восень.
Вось чаму нашы жыхары былі спакойныя і не лічылі сябе няшчаснымі.
Народ гэты, так званыя фуіджы, здаўна ўжо жыве такім чынам у заходняй частцы Вогненнай Зямлі і на бліжэйшых астравах ля Паўднёвай Амерыкі, або, лепш сказаць, каля Магеланавай пратокі.
Калі бываюць людзі горныя, стэпавыя, людзі лясоў і гэтак далей, дык тут мы маем людзей мора, якія нараджаюцца, гадуюцца, жывуць і паміраюць на вадзе, на моры.
Жыццё, як мы бачым, несалодкае. Чаму яны абралі сабе гэты спосаб жыцця?
Таму, што на зямлі яшчэ горш, бо сядзець на голым каменні сярод вады зусім немагчыма. І яны дапасавалі сваё жыццё да вады.
І ўвесь іх выгляд дапасаваўся да іхняга жыцця.
З прычыны таго, што ўвесь свой век яны праводзяць, скурчыўшыся на лодцы, што яны не маюць магчымасці размяць сваё цела, яно зрабілася нейкае мяккае, пухкае, круглае, нібы раздутае, а рукі і ногі тонкія і кволыя. Асабліва кідаліся ў вочы маленькія дзеці: гэта былі нібы пузыры, у якія ўторкнуты тонкія дубцы.
Колер скуры брудна-жоўты, твар шырокі, вочы вузкія, а нос роўны, прамы, нават прыгожы. Валасы чорныя, доўгія, спускаюцца ўніз, як кара, і каб іх не вырывалі спераду, то чалавек і свету не бачыў бы.
Нягледзячы на халодны клімат, яны былі голыя, але ў кожнага з шыі спускалася скура якога-небудзь марскога звера — маржа, марскога коціка. Гэтыя скуры трэба лічыць не адзеннем, а заслонай ад ветру. Імі прыкрывалі той бок, адкуль дзьмуў вецер, а другі бок заставаўся голым.
Тут жа, на лодцы, была і ўся гаспадарка сям’і: гліняныя гаршкі, плеценыя торбачкі, нажы, зброя. Прылады былі разнастайныя: і каменныя, і касцяныя, і з марскіх чарапашак, і нават заржавелая жалезная сякера. Асабліва каштоўным быў нейкі даўгі кавалак жалеза з крукам на канцы і з дзіркамі пасярэдзіне, відаць, ад нейкай будоўлі, але як сюды трапіў — невядома.
Багаццем былі і два жалезныя цвікі.
Найважнейшае ж месца займала вогнішча. Пасярэдзіне лодкі, досыць шырокай, была насыпана зямля, і на ёй быў раскладзены агонь. Але ён ледзь тлеўся і не даваў ні святла, ні цеплыні.
Дзяўчынка падкінула была кавалачак дрэва, але маці зараз жа засварылася на яе:
— Што ты робіш? Чаму адразу такі вялікі кавалак паклала?
І яна ўзяла гэты «вялікі кавалак», велічынёй з лыжку, адламала ад яго кавалачак з палец і старанненька паклала ў агонь.
Каб ахаваць агонь ад дажджу, на трох коліках была падвешана сплеценая з марской травы тканіна. Ды і паліва складалася галоўным чынам з гэтай самай марской травы; нават і высушаная, яна слаба гарэла, бо была насычана марской соллю.
— Калі дождж працягнецца, нам не хопіць паліва, — заўважыў Тайдо.
Ніхто нічога не адказаў, бо і самі гэта добра ведалі.
Вось сярод туману нешта заварушылася, і праз хвіліну з’явілася другая лодка.
— Хто гэта? — запытаўся ціха Тайдо.
— Здаецца, Кос, — адказаў сын.
Гэта і быў іх бліжэйшы сусед Кос, такі самы гаспадар, як і Тайдо.
— Гэй, Кос! — крыкнуў Тайдо. — Чаму і куды ў такое надвор’е?
— Есці няма чаго, — пачуўся голас з туману, і лодка прайшла міма.
Тайдо зірнуў на спод сваёй лодкі і заўважыў, што і там засталося толькі некалькі маленькіх рыбак ды чарапашак. Дзеці ўзялі іх і паклалі ў гарачы попел. І сам Тайдо хацеў есці, але прыходзілася пацярпець.
Ен усё пазіраў на неба, ці не відаць канца дажджу.
— Зараз дождж скончыцца, — нарэшце сказаў ён, — хмары паразрываліся на кавалкі.
І сапраўды, дождж патроху сціхаў. Вось ужо раз-другі і сонца бліснула. Вось ужо і апошнія шматкі хмар праляцелі на ўсход, — і перад вачыма паўстаў дзіўны куток зямлі.
Гэта быў нібы горад, горад, не горшы за які-небудзь Нью-Йорк, толькі… мёртвы. Ва ўсе бакі разыходзіліся, перапляталіся вуліцы-каналы, а па баках уздымаліся чорныя будынкі-скалы. Ніводзін з іх не быў падобны да другога, але ўсе разам стваралі ўражанне казачнага горада. Усе яны ўздымаліся сцяной, ад некаторых выступалі ў ваду нібы ганкі, а над вадой — балконы. Уздымаліся цэрквы, вежы, вышынёй у два кіламетры; верхавіны іх ззялі на сонцы сваім адвечным снегам, а па баках спаўзалі сінія ледавікі.
На рагу дзвюх вуліц з вышыні дзесяціпавярховага дома падаў вадаспад. Па дарозе вада рассыпалася ў пыл, гуляла на сонцы ўсімі колерамі. А на процілеглай чорнай сцяне вызначалася вясёлка.
Чароўны, казачны горад, толькі жыхароў не відаць. Апрача лодкі Тайдо, нідзе аніводнага чалавека. Але вось высока на выступе-балконе аднаго гмаху паказаліся дзве бела-шэрыя постаці, а побач з чорных дзірак вокнаў выглядаюць яшчэ шмат белых дзяцей. Ці не жыхары выйшлі пацешыцца добрым надвор’ем?
Але пачуўся прарэзлівы крык, пяць ці шэсць дзяцей вываліліся з акна і… паляцелі ўздоўж вуліцы. Цяпер ужо відаць, што гэта чайкі, а тыя дзве вялікія постаці — альбатросы. Рэдка іх можна бачыць на зямлі. Часцей іх бачаць у моры, за некалькі тысяч кіламетраў ад берага. Нездарма распасцёртыя крылы іх маюць два з палавінай метры ўшыркі.
Тут яны могуць лічыць сябе паўнапраўнымі жыхарамі горада. Ніхто ім не думае пагражаць: еўрапейцаў тут не бывае, а фуіджынцы, якія капошацца там, унізе, не могуць быць небяспечнымі для іх.
Ну, а чайкі, дык тыя ўсюды адчуваюць сябе, як дома, усюды падымаюць шум і гам.
Але што гэта там такое? Нібы заварушыўся снег на скале. Потым узляцела хмара птушак, але скала засталася такою ж белаю, варушылася і крычала, як і дагэтуль.
Вось яно, самае галоўнае насельніцтва гэтага горада! Відаць, ён не такі ўжо мёртвы, як здавалася.
Праз некаторы час заварушылася нешта і ў канцы вуліцы. З-за павароту выплылі два чорныя звяры і, гуляючы ды куляючыся, пачалі набліжацца да лодкі Тайдо.
Вада, якая заставалася спакойнаю нават у буру, цяпер захвалявалася, заплюхалася аб сцены. Рэха панеслася па цясніне.
Па фантанах вады, якая ўзлятала над галовамі гэтых жывёлін, адразу можна было пазнаць, што гэта былі кіты, або дакладней, два маленькія кіткі.
Трэба было толькі дзіву давацца, як спрытна рухаліся гэтыя нязграбныя жывёлы. То галовы, то хвасты мільгалі ў паветры, то ўсё цела цалкам выскаквала з вады, а потым плюхалася так, што ўсё навокал дрыжала; то станавіліся рубам, то куляліся яны адзін праз аднаго. Адным словам, дурэлі, як належыць усім малым дзецям.
І дзеці Тайдо цешыліся, гледзячы на іх, крычалі, смяяліся; толькі самому Тайдо было не да смеху.
— Гэтыя блазны могуць нарабіць вялікай бяды, — сказаў ён і накіраваў лодку прэч ад раздураных кіцянят.
Але тыя, угледзеўшы новую забаву, пачалі гнацца за лодкай, каб пагуляць з ёю. Справа рабілася ўжо небяспечнай. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі, некалькі разоў ледзь не стукнулі аб сцяну. Вось адзін кіток апынуўся побач з лодкай і, нібы жадаючы паказаць сябе, кульнуўся так, што хвост ледзь не зачапіў лодкі. Яна хіснулася, зачарпнула вады, дзеці спалохана запішчалі.
— Налягай! — крыкнуў бацька сыну. Нават матка прыняла ўдзел. Лёгкі човен ляцеў, як страла, але кіткі не адставалі ні на крок і дурэлі так, нібы гэты човен быў іхняй цацкай. На шчасце, між двух дамоў знайшлася расчыненая брама — праход між скал.
— Паварочвай! — закамандаваў Тайдо.
Манг мігам упёрся жардзінай у сцяну, а бацька тым часам хутка прасунуў човен у праход. Праз момант яны былі ўжо на «дзядзінцы».
Кіты, відаць, здзівіліся такому хуткаму знікненню цацкі і нават спыніліся на вуліцы, ля брамы, але праціснуцца праз яе ім было немагчыма. Ды яны і не думалі гэтага рабіць: пырснулі з сваіх насоў і паплылі сабе далей.
На поўдзень ад Вогненнай Зямлі заўсёды было шмат кітоў. Вядома, не было недахопу і ў кіталовах. Але ўсё ж такі іх было менш, як у паўночных морах. Па-першае, далёка было ехаць, а па-другое, гэтая частка акіяна лічыцца самай неспакойнай, самай бурнай ва ўсім свеце. Нямнога можна налічыць людзей, якія праехалі тут без буры.
Але ўсе буры — нішто перад гэтымі скаламі, якія пільнуюць маракоў не толькі над вадой, але і пад вадой.
Б’ецца карабель у моры, насмерць змагаецца з бурай, кожны момант знаходзіцца ён на валасінку ад смерці, але надзея ўсё ж трымаецца ў сэрцы людзей. Але вось раздаецца крык: «Зямля!» — і ад гэтага, здавалася б, жаданага слова кроў стыне ў жылах, сэрца сціскаецца, надзея гасне і смерць заглядае ў вочы.
І цяпер ужо на караблі толькі адна думка: уцячы як мага далей ад благаславёнай зямлі, уцячы туды, у гэты страшны, цёмны акіян. Ен, гэты жудасны, бурны акіян, цяпер ужо здаецца ласкавым, мілым і жаданым.
Добрых вартаўнікоў мае зачараваны горад! Карыстаюцца гэтым і кіты: хоць самі яны і не могуць змясціцца ў вузкіх вуліцах, але затое ахвотна пускаюць туды сваіх дзяцей.
Двор, у якім апынуўся човен Тайдо, мы б назвалі маленькім возерам або сажалкай сярод скал. Апрача галоўных сцен выступалі, нібы надворныя будынкі, меншыя скалы, але ўсе разам шчыльна зачынялі выхад, акрамя брамы.
Праз паўгадзіны заўважылі, што вада пачала змяншацца, — пачынаўся адліў.
Людзі заварушыліся, зацікавіліся, але зусім не гэтым звычайным для іх з’явішчам, а тым, што робіцца ўнізе, пад чоўнам. Ці шмат спажывы пакіне адліў?
— Станем ля выхада, — прапанаваў Манг, — і не пусцім рыб уцякаць.
Так і зрабілі, ды яшчэ ўсе пачалі шумець і плюхацца ў вадзе. А вада ўсё апускалася, сажалка рабілася ўсё меншай і меншай. Праз гадзіны дзве човен стаяў ужо на голай зямлі, а ад возера засталася маленькая лужына.
Нельга сказаць, каб спажывы засталося надта многа. Дно гэтага кутка нельга было лічыць дном мора. Яно знаходзілася досыць высока і залівалася вадой толькі ў час прыліву. Значыцца, яно не магло мець свайго сталага насельніцтва. Траплялі сюды толькі выпадковыя рыбкі. Але ўсё ж такі і іх набралася столькі, што павінна было хапіць для ўсёй сям’і дні на два.
Адліў жа цягнуўся далей. Вада на вуліцы апусцілася яшчэ метраў на пяць, канец лодкі вытыркаўся ўжо над ёй у паветры, як балкон на трэцім паверсе дома. Новыя каменні з’явіліся пасярэдзіне вуліцы, некаторыя завулкі зачыніліся.
Але наша сям’я зусім не звяртала ўвагі на гэтыя змены. Ці першы раз здаралася з імі такое? Дзеці, у тым ліку і Манг, першыя скарысталі выпадак, каб пабыць на цвёрдай зямлі. З якой прыемнасцю яны распрасталі ногі, пачалі поўзаць па скалах! З няменшай ахвотай павылазілі і бацькі.
— Го-о! — пачуўся голас знізу. Зірнулі — Кос варочаецца.
— Як у вас? — запытаўся Кос, задраўшы ўгору галаву.
— На два дні рыбы знайшлі,— адказаў Тайдо. — А вы?
— Таксама, ды яшчэ во, — і Кос паказаў забітую чайку.
У лодцы Коса было толькі тры чалавекі: ён сам, жонка ды чатырнаццацігадовая дачка Мгу. Але недахоп мужчынскае сілы замяняўся уменнем жанчын добра плесці з травы і лубу розныя рэчы: торбы, цыноўкі, асабліва ж лодкі — «кану». Манг ведаў, што і цяпер у іх ёсць пачатая «кану».
— Паліва маеш? — запытаўся Тайдо.
— Не. Вось я і хацеў прапанаваць табе ехаць разам.
— Добра. Тады пачакай тутака, пакуль вада падымецца.
Пасля доўгай непагадзі сонца здавалася такім цёплым, пяшчотным, што людзі размяклі і паступова паснулі.
А вада тым часам зноў пачала падымацца. Пад вечар лодка Коса дакранулася да лодкі Тайдо.
А яшчэ праз гадзіну абедзве лодкі плылі па вуліцы, нібы ніякага здарэння з імі не было.

II

Па паліва. — Сустрэча з караблём. — Шыццё лодкі.— Чалавек у птушынай вопратцы. — Паляванне на маржоў.— Сварка з-за скуры.

Яшчэ з таго часу, калі Манг быў зусім маленькім хлопчыкам, ён заўсёды востра адчуваў адну невыгоду іхняга жыцця, — гэта тое, што яны заўсёды былі звязаны адзін з адным. Ен хацеў бы пайсці туды або туды, пабыць тут, пахадзіць там, але нельга было: ён моцна прыкаваны да сваёй лодкі, да сваёй сям’і.
І з таго часу ён усё марыў толькі аб адным: каб быць вольным, каб мець магчымасць плысці куды хочаш і заставацца там, дзе табе падабаецца. А для гэтага трэба было мець сваю асобную, уласную «кану». Але яе маглі мець толькі самастойныя, дарослыя людзі. Нічога не заставалася, як толькі чакаць, пакуль ён вырасце.
Нарэшце пайшоў яму васемнаццаты год. Ужо сам бацька пачаў пагаворваць аб тым, каб падзяліцца, бо вельмі ўжо цесна рабілася ў лодцы.
— Вось падрасце Мгу, — казаў ён, — возьмеш сабе яе за жонку. Добрая дзяўчына, майстроўка. І добрую кану табе пашые.
Сэрца Манга забілася мацней пры думцы аб… лодцы, а не аб дзяўчыне. Не пра тое, каб жаніцца, думаў ён, а пра волю. Эх, каб можна было атрымаць толькі кану, без жонкі!
Ен выказаў гэтую думку бацьку, але стары Тайдо нават не зразумеў, чаго ён хоча.
— Навошта табе адзін човен, калі можна разам атрымаць і човен і жонку? Я ўжо дагаварыўся аб гэтым з Косам.
Мангу нічога не заставалася, як толькі чакаць.
Для таго каб пабудаваць кану, трэба было зрабіць з жэрдак шкілет яе, а потым абшыць карой. Такім чынам, трэба было знайсці дрэва, што з’яўляецца вельмі нялёгкай задачай, потым — знайсці досыць кары, што таксама вельмі цяжка, ды сшыць яе, што з’яўляецца ўжо вялікім майстэрствам. Трэба дапасаваць лубяныя ніці-стужкі да дзірак такім чынам, каб ніводная кропля вады не пранікла. Гэта сапраўды вялікае майстэрства.
Манг надумаўся скарыстаць гэтае падарожжа па паліва, каб здабыць сабе жэрдак і кары, а там ужо відаць будзе, што рабіць.
Усю ноч ішлі лодкі на поўнач па вуліцах і завулках. На другі дзень апаўдні выйшлі ў шырокую пратоку. Гэта і была Магеланава пратока.
Спераду ўздымаліся высокія снегавыя горы: то пачынаўся кантынент Амерыкі. Але і ён быў гэтак жа зрэзаны рознымі маленькімі затокамі і пратокамі, як і тыя астравы, адкуль нашы падарожнікі прыехалі. Гэтак жа нельга было даступіцца да стромкіх, голых скал. Толькі далей, у цяснінах, касмацілася расліннасць.
Налева пачынаўся Ціхі акіян, а направа пратока гублялася сярод скал.
— Гляньце, гляньце, кану белых плыве, — закрычалі дзеці.
І сапраўды, — з-за скалы паказаўся карабель, вялікі, магутны.
Узварушыліся дзеці, засмяяліся.
Усе замахалі рукамі. Нават паважныя бацькі задурэлі не менш ад дзяцей.
Гэта было адзнакай таго, што яны ўжо бачылі караблі, ведалі, што гэта такое, і не толькі не баяліся, але, наадварот, радаваліся, бо ведалі, што ім нешта перападзе. Яны паплылі насустрач караблю.
Там ужо заўважылі іх і згуртаваліся ля борта, каб падзівіцца на такіх рэдкіх, незвычайных марскіх жыхароў. Паляцелі зверху кавалкі хлеба. Фуіджынцы кідаліся за імі нават у мора і тут жа з’ядалі прамоклы ў горка-салёнай вадзе хлеб. І якім смачным ён ім здаваўся!
Нехта пастараўся кінуць дзецям апельсін, які тыя адразу ж пачалі есці разам з лушпайкамі. Нейкі міласэрны пан не пашкадаваў кінуць добры ножык-складанчык, які падхапіў Манг.
Нездарма радаваліся фуіджынцы сустрэчы з караблём, але ж затое ледзь і не пацярпелі: ад карабля ўзняліся такія хвалі, што толькі гэтыя марскія людзі маглі неяк утрымацца, каб не перакуліцца.
Карабель прайшоў. Доўга глядзелі ўслед яму фуіджынцы, пакуль ён не завярнуўся направа і не знік за скаламі. Рэдка ім здаралася бачыць карабель, — раз або два ў год, а то і менш, бо не маглі ж яны ўвесь час пільнаваць тут на дарозе. Ды і наогул караблі па Магеланавай пратоцы ходзяць рэдка, асабліва з таго часу, калі пракапалі Панамскі канал.
Карабель прайшоў, зноў засталося тое самае, што было: вада, скалы і два чоўны. Нідзе ніякіх адзнак жылля чалавека. І каб не было ў руках некаторых рэчаў, можна было б падумаць, што ўсё гэта прыснілася.
«Адкуль яны плывуць і куды? — думаў Манг. — Якім чынам і дзе пабудавалі такую вялізную кану? Адкуль яны бяруць такія дзіўныя рэчы? Чаму яны так рэдка сустракаюцца? Шкада, што нельга ўбачыць іх зусім блізка. Якія гэта людзі, ды і наогул ці людзі?..»
Манг быў упэўнены, што гэтыя людзі, як і ўсе іншыя на свеце, жывуць таксама на вадзе, толькі ў велізарнай кану. Але ў якім месцы яны знаходзяцца, чаму тут яны заўсёды толькі праязджаюць міма, а не спыняюцца?
І ён запытаў аб гэтым у бацькі.
— Не, — адказаў стары Тайдо. — Яны жывуць заўсёды на зямлі, на беразе, і вельмі далёка. Кажуць, што ў іх на зямлі пабудаваны такія самыя вялізныя кану. А на гэтых яны толькі часам пераязджаюць з месца на месца.
— Значыцца, яны заўсёды жывуць на адным месцы, на беразе? — здзівіўся Манг.
— Так.
— Чаго ж ім сядзець на беразе, калі яны на такіх кану могуць жыць усюды, дзе захочуць? Хто ж можа жыць заўсёды на адным месцы? Адкуль жа ежы ўзяць?
Але на такія пытанні стары Тайдо не мог адказаць. І Манг пастанавіў сабе абавязкова паглядзець на іх, калі ён будзе мець сваю ўласную кану.
Тым часам яны перасеклі Магеланаву пратоку, прайшлі некалькі закавулкаў між скал і апынуліся ў досыць вялікай прыгожай бухце. Акружаная з усіх бакоў гарамі, заўсёды ціхая, бухта з’яўлялася найлепшым прытулкам не толькі для чоўнаў фуіджынцаў, але і для кожнага судна. Кавалак паперы ля берага сведчыў, што нейкае судна яшчэ нядаўна карысталася гэтым прытулкам.
На паўночным і заходнім баку відаць была расліннасць, але шмат часу прайшло, пакуль знайшлі зручнае месца, каб прыстаць і вылезці. З паўкіламетра трэба было яшчэ прапаўзці па голых каменнях, пакуль падышлі да хмызняку. Але і хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза, і рос ён не ўверх, як усе добрыя расліны, а слаўся каля зямлі і пераплёўся так, што стварыў нейкі зыбучы насціл, праз які людзі правальваліся на кожным кроку. А ўнізе было цёмна, вільготна. Спрабавалі былі яго ламаць і сячы, але хутка пераканаліся, што нічога з гэтага не выйдзе. Не з іхнімі прыладамі трэба было брацца за такую працу.
Толькі ўсцешылі іх нейкія чырвоныя ягады, нібы парэчкі, якія раслі сярод гэтага паўзучага хмызняку. Гэтыя ягады былі ім знаёмыя: з іх яны нават умелі рабіць хмельнае пітво.
Жанчыны і дзеці засталіся збіраць іх, а мужчыны пайшлі далей, туды, дзе відаць быў лес.
Наперадзе ішоў Манг, які толькі і думаў аб тым, як здабыць сабе матэрыял для кану.
Лес быў таксама нейкі асаблівы, нібы скурчаны ад холаду, але складаўся ён з букавых і міртавых парод, што растуць толькі ў цёплых краях. Такая ўжо тут прырода, што не разбярэш, ці халодны клімат ці цёплы.
Тут ужо галля лягчэй было набраць, але ж затое Манг набегаўся, пакуль знайшоў сабе больш-менш роўных жэрдак. А потым панадзіраў і кары. Асабліва дапамог яму складанчык, якім ён ужо навучыўся ўладаць.
— А ты ўсё ж такі за сваё бярэшся? — нездаволена бурчаў бацька.
— Ды яно ўсё роўна будзе патрэбна, — апраўдваўся Манг.
Асабліва цяжка было перацягнуць усё гэтае дабро да лодак праз хмызняковы насціл, а потым па скалах. Да вечара яны паспелі прынесці толькі па адной вязцы.
— А ну яго! — сказаў змораны Тайдо. — Лепш ужо паліць марскую траву.
— Калі прыехалі сюды, дык трэба набраць дрэва, — настойваў Кос.
Затое пераначавалі на беразе ля вогнішча, больш шчодрага, як заўсёды. Ды і прыемна было вольна расцягнуцца на зямлі пасля шматдзённага сядзення ў лодцы.
Назаўтра прынеслі яшчэ па некалькі вязак, а Манг перацягнуў усе свае матэрыялы.
— Ну, а што цяпер будзеш рабіць з імі? — усміхнуўся Тайдо.
— Човен, — адказаў Манг і пачаў наладжваць жэрдкі.
Старыя зірнулі адзін на аднаго і паківалі галовамі.
— Вось упарты які! — нібы сурова сказаў Тайдо, але відаць было, што ён не злуе.
— Справа добрая, — падтрымаў Кос, — усё роўна, не цяпер, дык у наступным годзе рабіць прыйдзецца.
А назаўтра ўжо абедзве сям’і разам працавалі над лодкай. Мужчыны звязвалі з жэрдак рэбры лодкі, жанчыны сшывалі кару. Кос ахвяраваў і тое, што ў іх было раней пашыта. А Манг насіўся, нібы на крылах.
І ўсе прысутныя, нават дзеці, лічылі, што гэта шыецца дом для Манга і Мгу. Толькі адзін Манг пра гэта не хацеў думаць.
Праз некалькі дзён побач з двума чоўнамі з’явіўся трэці. І ніводнага жалезнага цвіка не было ў гэтым чоўне.
— Хай пацешыцца пакуль што, — казалі між сабой бацькі,— усё роўна Мгу яшчэ малая.
Ці ведала сама Мгу, што лёс яе звязваўся з гэтым чоўнам? Вядома, яна пра гэта не раз чула і лічыла справу вельмі простай і звычайнай: калі старэйшыя так кажуць, значыцца, так і трэба. Ды, уласна кажучы, яна нічога і не магла мець супраць. Іхнія сем’і даўно ўжо жывуць дружна, разам і адчуваюць сябе адной сям’ёй. Іншыя суседзі сустракаліся рэдка, бо ўмовы не дазвалялі многім жыць разам. Нават і два чоўны разам бывалі рэдкасцю. Толькі Тайдо ды Кос часцей сустракаліся і ўжо даўно парашылі пажаніць сваіх дзяцей.
Чоўны выехалі з бухты. Манг насіўся ў сваім кану навакол, як тыя кіткі: то перагоніць, то адстане, то ад’едзе ўбок. Ен быў вольны, ён мог адлучацца, калі захоча, ехаць, куды пажадае! Гэта быў самы шчаслівы момант у яго жыцці.
Праз некаторы час яны ўбачылі яшчэ адзін човен, які, як відаць, накіроўваўся да іх.
— Здаецца, гэта Нгара, — прамовіў Кос.
— І, відаць, мае справу да нас, — сказаў Тайдо.
— Гэй, стойце! — крыкнуў новы чалавек.
Чоўны спыніліся. Пад’ехаў Нгара. Гэта быў чалавек гадоў дваццаці пяці, апрануты ў вельмі дзіўную вопратку: яна была пашыта з птушыных скурак. Такое адзенне было не горш за звярыную скуру, але ўсё ж такі кожны мужчына марыў набыць сапраўднае, скураное. Бяда толькі ў тым, што ў іх становішчы — гэта вельмі цяжкая справа. Забіць, напрыклад, маржа цяжка нават добра ўзброеным людзям, а пра гэтых і казаць няма чаго.
— Ля Белай Гары з’явіліся маржы, — сказаў Нгара. — Хадзем на іх.
Мужчыны з радасцю згадзіліся.
— Ці хопіць людзей? — запытаўся Тайдо. — Колькі іх там?
— Я бачыў трох. Чатыры чалавекі хопіць.
І чоўны зноў накіраваліся ў завулкі. Праз дзве гадзіны пад’ехалі да апошніх скал, якія высоўваліся ў акіян.
— Ціха! — даў знак Нгара. — Вунь там. Чоўны спыніліся. Мужчыны вылезлі на бераг і асцярожна зірнулі з-за скалы.
Ля падножжа скалы была роўная пляцоўка. З двух бакоў уздымаліся сцены, а з трэцяга — пляскалася мора. На пляцоўцы грэліся на сонцы два маржы; трэці, відаць, маленькі, плюхаўся ў вадзе.
— Калі раптам з-за сцяны выскачыць, — шаптаў Нгара, — ды загарадзіць дарогу ў мора, то можна абаіх захапіць.
— Але па зямлі падступіцца да іх нельга: прыйдзецца на чоўнах.
— Усё роўна, можна і на чоўнах.
Пачалі рыхтавацца. Жанчын і дзяцей высадзілі на бераг. Выгрузілі і сваю гаспадарку. У кожным з чатырох чоўнаў было па адным мужчыну. Выстраіліся ў шэраг і па камандзе з гікам вылецелі з-за скалы. Мігам чатыры лодкі загарадзілі бераг пляцоўкі.
Маржы былі так здзіўлены і спуджаны, што спачатку кінуліся на сцяну, а людзі тым часам пачалі вылазіць на бераг. Але праз момант маржы зарохкалі, заварушыліся і павярнулі да людзей, нязграбна рухаючы сваімі ластамі-лапамі, пляскаючы хвастамі, абапіраючыся аб зямлю ікламі.
Тут ля Косава чоўна паказаўся малы маржок. Убачыўшы яго, маржыха яшчэ больш напружылася, неяк падскочыла і пакацілася да берага. Не паспеўшы вылезці з чоўна, Кос павінен быў сам адхіснуцца ад яе. Тайдо кінуўся з сякерай, але паспеў толькі лёгка крануць маржыху па спіне. Маржыха плюхнулася ў ваду, зачапіла човен Коса, перавярнула яго і знікла са сваім дзіцем. Тайдо кінуўся на дапамогу Косу, і яны абодва забыліся на другога маржа.
А той тым часам спяшаўся ў бок Нгары. Бераг у гэтым месцы быў пакаты, і Нгара не мог шчыльна да яго прыстаць. Паміж чоўнам і пляцоўкай заставалася на тры-чатыры крокі вады, куды і накіроўваўся морж. Нгара ўжо вылез на гэты падводны бераг і, каб утрымаць звера, кінуў у яго кап’ё, стоячы па калені ў вадзе.
Кап’ё ўвайшло маржу ў бок, але сам Нгара паслізнуўся і паляцеў у ваду, а раз’юшаны звер кінуўся за ім. У гэты момант Манг ужо быў на беразе і адразу кінуўся на дапамогу. У руках яго быў той цяжкі крывы кавалак жалеза, які мы бачылі ў чоўне Тайдо. Храснула галава, закруціўся звер і нават хвастом збіў Манга з ног. Тут падаспелі ўжо Тайдо з Косам, а хутка і сам Нгара, — і праз хвіліну справа была скончана.
Тады перавезлі сюды сем’і і весела прыняліся разбіраць здабычу.
Але хутка радасць была сапсавана непаразуменнем. Паўстала пытанне, каму аддаць скуру? З боку гледзячы, здавалася б, што яе павінен быў атрымаць Манг, але Нгара ніяк не згаджаўся на гэта.
— Я ж першы ўбачыў маржоў, я ж вас прывёў сюды, — даводзіў ён.
— Адным паказам звера не зловіш, — адказвалі яму.
— Я першы ўсадзіў у яго кап’ё; ён ужо быў паранены, а вы толькі дабілі яго, — не здаваўся Нгара.
— Ну, браце, з тваім кап’ём ён ледзь цябе самога не з’еў.
— Але каб не я, дык вы нічога гэтага не мелі б.
— Ну, а каб не я, дык цябе самога ў жывых не было б, — раззлаваўся Манг.
— Скажы дзякуй, што тваё жыццё выратавалі,— дадаў Тайдо.
— Вы карыстаецеся тым, што вас трое супраць аднаго! — з запалам крычаў Нгара.
— Ніхто тут не супраць каго, — лагодна сказаў Кос, — усе разам палявалі. Але трэба па справядлівасці: хто забіў — таму і скура.
— Значыцца, па-вашаму, хто апошні ўдарыў напалову забітага звера, той і забіў? — насмешліва сказаў Нгара.
Зноў пачалося ўсё спачатку.
Урэшце Нгара адмовіўся ад сваёй часткі мяса, ускочыў у човен і, ад’язджаючы, сказаў:
— Паглядзім, якая будзе справядлівасць, калі мы сустрэнемся з роўнымі сіламі.
Хоць пагроза і не спалохала мужчын, але ўражанне засталося дрэннае.
— А можа, і лепш было аддаць гэтаму вар’яту скуру, каб не звязвацца з ім? — сказаў міралюбны Кос.
Але бацька і сын запярэчылі:
— З якой рацыі? Запытайся каго хочаш, кожны скажа, што яго дамаганні несправядлівыя. А пагрозы можна чуць на кожным кроку. Асабліва ад яго.

III

Вандраванні Манга. — Незвычайнае войска. — Бойня. — Напіліся крыві.— Непрыемная ноч.

З таго часу як Манг набыў свой уласны човен, ён зрабіўся нібы разведчыкам для сваіх бацькоў, а разам і для Коса. Ніколі Манг дома не быў, усё ён недзе бадзяўся. Але хутка выявілася, што гэтае бадзянне вельмі карысна для абедзвюх сем’яў: Манг хутчэй знаходзіў які-небудзь багаты куток і прыводзіў туды сваіх бацькоў.
Часам Манг браў з сабой і свайго шасцігадовага браціка. Яны ездзілі па калідорах між незлічонымі астраўкамі і на кожным кроку бачылі новы малюнак, не падобны да папярэдняга. То траплялі ў такую цясніну або шчыліну, што толькі высока наверсе відаць была стужка неба, паабапал жа ўздымаліся роўныя стромкія сцены. То выязджалі на светлы вясёлы прастор, дзе сярод бліскучага мора чарнеліся маленькія кропкі-астраўкі, а воддаль ззялі белыя снегавыя вяршыні. То выязджалі за межы горада, і тады перад імі цяжка дыхаў Вялікі акіян. Цёмна-сінія хвалі бясшумна каціліся на іх, а дакаціўшыся да скал, раптам раўлі, кідаліся на скалы, распыляліся ў пырскі, з нездаволеным гулам адыходзілі назад, каб потым кінуцца зноў.
Стагоддзі, тысячагоддзі кідаецца акіян на скалы. Цвёрда стаяць яны на варце, стараюцца не пусціць хвалі ў сярэдзіну, але з цягам часу то адна, то другая падмываюцца і рушацца ў ваду. Адна такая скала трапляецца па дарозе хлопцам; падножжа яе нібы выгрызена, глыбока ўваходзіць у сярэдзіну, а вяршыня вісіць над бяздоннем і вось-вось упадзе.
У такіх месцах небяспечна плаваць. Падхопіць хваля човен, шыбане яго аб скалу, — і тады канец.
— Я баюся, — пішчыць маленькі хлопчык, — едзем назад!
Манг вымушаны вяртацца, але дае сабе слова ў другі раз, калі будзе адзін, абавязкова праехаць далей, выбрацца туды, на прастору. Можа, там і ляжыць тая зямля, дзе жывуць цудоўныя белыя істоты?
Людзі сустракаюцца вельмі рэдка. Сям-там убачыш адну ці дзве кану, якія капошацца ў ціхім кутку ля берага, вышукваючы спажыву, а потым на працягу некалькіх дзён не ўбачыш ніводнага чалавека. Колькі ўсяго гэтага народу налічваецца — ніхто не ведае. Думаюць, што засталося не болей як чатырыста — пяцьсот чалавек.
Самі яны ніколі разам не збіраюцца, не маюць аніякай арганізацыі, нават не маюць сваіх старшынь ці правадыроў. Так і жывуць паасобку, неарганізаваныя і самастойныя. На паперы належаць да Чылійскай рэспублікі, але яны столькі сама ведаюць сваю рэспубліку, колькі і яна іх.
Толькі птушак усюды было многа. Часам яны так крычалі навакол, што заглушалі гутарку. Усе гэтыя птушкі, як і людзі, жылі выключна за кошт мора.
Хлопцы ехалі сярод невялічкіх астраўкоў. Направа яны былі параскіданы сям і там, нібы плямы на шкле, злева ж зліліся ў адзін ланцуг.
Ужо на працягу некаторага часу да хлопцаў даносіўся незразумелы шум: нібы гоман і шолах шматлікага натоўпу. Спачатку хлопцы не звярталі на гэта ўвагі, тым болей, што наогул птушынага крыку было досыць. Але нарэшце зацікавіліся.
— Здаецца, там, на тым баку, — сказаў хлопчык.
Манг прыпыніўся, прыслухаўся. Сапраўды, з левага боку, па-за скаламі, нешта рабілася. Найбольш цікава было тое, што ніякага крыку не было чуваць, а між тым выразна чуўся нейкі гул, варушэнне.
Падплылі да берага, вылезлі і асцярожна папаўзлі ўверх. Зірнулі з-за скалы і ўбачылі дзіўнае з’явішча.
На нізкім, роўным беразе тварам да мора выстраілася шматлікае… войска. Роўнымі шарэнгамі, нерухомыя і маўклівыя, стаялі атрады «салдат». Перад імі хадзілі нібы камандзіры, якія час ад часу кідаліся ў мора, давалі нырца і потым зноў падыходзілі і, размахваючы рукамі, нешта казалі сваім салдатам.
Падабенства да салдат было яшчэ большым ад таго, што ўсе былі, як адзін: чорныя спіны і бакі і белы перад. Толькі адзін атрад быў нейкі абшарпаны: адзенне парванае, мясцінамі відаць голае цела. Ростам яны былі прыблізна каля аднаго метра, некаторыя і болей.
Асобны атрад складалі маладыя. А далей ужо сядзела на зямлі шмат народу, відаць, жанчыны. Парадак быў суровы: калі хто-небудзь падыходзіў да чужога атрада, дык зараз жа яго адтуль праганялі.
Хоць нашым хлопцам і знаёмы былі гэтыя «салдаты», але і яны доўга дзівіліся, гледзячы на іх. І ўсе, каму здаралася бачыць іх, не маглі надзівіцца на гэтых птушак, пінгвінаў.
Звычайна пінгвіны праводзяць час у вадзе, дзе адчуваюць сябе, як рыбы. На беразе яны збіраюцца, каб вывесці дзяцей. Па зямлі ходзяць выключна на дзвюх нагах. Замест крылаў у іх ласты, прыблізна такія, як у маржоў. Вось чаму яны і лётаць не могуць, вось чаму гэтыя ласты-крылы вельмі нагадваюць рукі, асабліва, калі яны рухаюцца пры хадзе.
Спіна пінгвінаў пакрыта пер’ем, падобным да рыбінай лускі і дапасаваным на манер гонтаў на даху. Толькі перад пакрыты белым пухам, які можна лічыць і поўсцю, ды на галаве, нібы шчэць, тырчаць некалькі пер’яў.
Манг захацеў налавіць гэтых птушак. Хоць мяса іх і нясмачнае, але фуіджынцы не могуць адмовіцца і ад яго. Апрача таго, і скуры спатрэбяцца на адзенне.
Бяда толькі, што даступіцца да іх было цяжка. Тыя скалы, дзе былі хлопцы, аддзяляліся ад стойбішча пінгвінаў вадой. Града скал ішла далёка наперад, паступова павышалася і пераходзіла ў высокія горы, так што з гэтага боку абысці нельга было. Заставаўся другі шлях — морам, але там між каменняў былі такія буруны, што аб’язджаць іх было б вельмі рызыкоўна. Нездарма пінгвіны абралі такое месца.
Тады Манг парашыў ехаць да сваіх і потым ужо меркаваць усім разам. Пакуль яны прыехалі дадому, надышоў вечар. Прыйшлося адкласці падарожжа на заўтра.
Калі назаўтра прыехалі ўсе, ніякіх змен не было. Войска стаяла па-ранейшаму, нібы яно і не краталася за ўвесь гэты час. Па-ранейшаму частка пінгвінаў плавала ў вадзе, нібы тыя самыя, што і ўчора. Сапраўды ж, вядома, кожны раз гэта былі іншыя.
Пачалі раіцца, што рабіць.
— Я адзін аб’еду навакол, ад мора, — прапанаваў Манг.
Але стары Кос не згадзіўся.
— Лепш будзе, — сказаў ён, — перацягнуць кану на той бок.
З гэтай простай прапановай нельга было не згадзіцца, асабліва, калі прыняць пад увагу лёгкасць шытых чоўнаў. Павінен быў згадзіцца і Манг, хоць яму вельмі хацелася паказаць сваё геройства.
Праз некалькі хвілін чоўны былі ўжо на другім баку грады.
Але не абышлося без няшчасця: у чоўне Тайдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары, каб залатаць, не было. Пастаялі, паскрэблі галовы і рашылі пакуль што так пакінуць, а цяпер узяцца за паляванне.
Пінгвіны, між тым, здзіўлена глядзелі на нечаканых гасцей і не рухаліся з месца. Толькі калі два чоўны пад’ехалі да іх і людзі высадзіліся на бераг, пінгвіны пачалі паважна і нязграбна адсоўвацца.
Пачалася бойка. «Салдаты», здалёку такія грозныя з выгляду, аказаліся зусім бездапаможнымі ў бойцы. Яны кінуліся ўцякаць у ваду, але якое гэта было ўцяканне! Яны ледзь рухаліся на сваіх дзвюх нагах, валіліся на зямлю, бездапаможна білі ластамі-рукамі, куляліся. Жудасна было глядзець, як гінулі гэтыя бязвінныя, бездапаможныя стварэнні. Вельмі лёгка было набіць іх колькі ўлезе.
Паляўнічы запал ахапіў людзей, і яны сапраўды забілі іх значна болей, як ім патрэбна было. Першы схамянуўся Кос.
— Стойце! Досыць! — крыкнуў ён. — Хопіць ужо. Яшчэ паспеем, калі трэба будзе!
Яго падтрымаў Тайдо, і бойка была спынена. Навокал ляжала каля сотні забітых птушак. Калі прыняць пад увагу, што кожная з іх была з авечку, дык выходзіў запас, якога хапіла б на полк салдат.
Але гэта было нішто перад усёй колькасцю пінгвінавай арміі, якая складала тысяч трыццаць — сорак. Усё мора пакрылася пінгвінамі, але ўсё яшчэ прынамсі палова заставалася на беразе. Па-першае, засталіся ўсе самкі, якія воддаль сядзелі на яйках. А там, далёка, як і раней, грозна стаялі роўныя шарэнгі незлічонага войска, якое яшчэ не разумела, што такое адбываецца, і толькі неўразуменна пазірала на сумяціцу.
Цяпер трэба было ўпарадкаваць здабычу. Гэтая праца была куды цяжэй і марудней, як самае паляванне. Праўда, мясам марскія людзі не прывыклі запасацца надоўга, напрыклад, сушыць, бо ўвесь год мора давала ім якую-небудзь свежаніну. Але ж затое са скурамі было шмат клопату: трэба было зняць іх, крыху апрацаваць, падсушыць.
Праз некаторы час увесь бераг пакрыўся скурамі, але яны не былі прыбіты да зямлі, сохлі ды круціліся, як луб. Доўга яшчэ прыйдзецца іх церці ды мяць, пакуль можна будзе ўжыць. Прынеслі з чоўнаў агонь, расклалі вогнішча, засмажылі мяса. Але трэба адзначыць, што нават і гэтым людзям не вельмі падабалася такое мяса. Лішнія тушы кідалі ў мора.
А ўводдалі ўсё стаяла грознае незлічонае войска і пазірала, як ворагі распраўляюцца з іхнімі таварышамі.
Раптам пачуўся плач дзяўчынкі. Азірнуліся, — бяжыць яна ад пінгвінавых гнёздаў і плача.
— Што такое? — запыталіся ў яе.
— Укусіла тая птушка, — паказала дзяўчынка на бліжэйшую самку.
— Ну, дык я ёй дам! — сказаў маленькі хлопчык і пабег туды. Але і ён нічога не мог зрабіць. Самка баранілася, кусалася і не сыходзіла з месца. Зацікавілася Мгу і таксама падышла; пабегла за ёю і маленькая дзяўчынка.
Убачыўшы столькі народу, самка ўстала, каб адысці, але разам з сабой захацела ўзяць і сваё яйка. Яна выкаціла яго з зямлі, потым заціснула паміж ног і зрабіла крок.
Вядома, яйка вывалілася. Самка зноў заціснула яго паміж ног, зноў ступіла, потым паспрабавала скокнуць з яйкам і адышла толькі тады, калі яйка зусім пабілася. Дзеці былі вельмі зацікаўлены і не ганялі птушкі, пакуль яна сама не пайшла.
Наогул трэба адзначыць, што пінгвіны вельмі шануюць і берагуць свае яйкі. Мала гэтага, яны гатовы скарыстаць кожны выпадак, каб украсці чужое яйка. Здараецца нават, што дужэйшыя нападаюць на слабейшых, каб адабраць ад іх яйкі гвалтоўна.
Надыходзіў вечар, а здабыча яшчэ не была ўпарадкавана. Прыйшлося рэшту пакінуць. Хацелі былі ўжо ехаць, але прыпомнілі, што човен Тайдо не папраўлены. А кары няма. Што тут рабіць?
— Можна залатаць скурамі,— запрапанавала Мгу.
— Мгу добрая, разумная дзяўчына, — сказаў абрадавана Тайдо, дакрануўшыся да яе.
Але пачынаць такую марудную работу было позна, і яны вымушаны былі застацца тут начаваць. Тады адчулася яшчэ адна бяда: не хапіла вады для піцця. Спяшаючыся на паляванне, забыліся яе назапасіць, і яна ўся выйшла яшчэ перад поўднем. Да гэтага часу цярпелі і цешылі сябе тым, што зараз паедуць назад. А цяпер, асабліва пасля мяса, зусім зрабілася дрэнна. Дзеці пачалі плакаць.
А за некалькі крокаў плюскатала і вабіла да сябе вада, такая чыстая і добрая… Што можа быць горш, як глядзець на ваду і паміраць ад смагі? Лепш ужо тады цярпець тую самую смагу без вады. Дзеці не вытрымалі і пабеглі да яе.
— Куды? Нельга! Нельга! — закрычалі дарослыя, кінуліся за імі і затрымалі. Маці пачала суцяшаць, угаворваць, а ў самой аж сэрца разрывалася ад жалю.
Старыя хадзілі хмурыя і раіліся, як здабыць вады.
— Вунь да той гары, здаецца, недалёка, — сказаў Кос. — Можна з’ездзіць туды і прывезці вады ці лёду.
— Немагчыма, — уздыхнуў Тайдо. — Пакуль даедзем, будзе ўжо цёмна, можна наляцець на камень у незнаёмым месцы. А па-другое, мы не ведаем месца, дзе ледавік спускаецца ці вада цячэ, а сярод ночы немажліва поўзаць ды шукаць.
Сонца апускалася ў акіян. Пасмы хмар збіраліся на небасхіле. Праменні прабіваліся праз іх, афарбаваныя ў чырвоныя і ружовыя колеры. Вада і скалы паступова зліваліся ў цемры. А над імі чырванелі снегавыя вяршыні гор.
Пачалі рыхтавацца да начлегу. Але смага не давала паснуць.
Раптам яны пачулі, што нехта ідзе да іх. Усхапіліся, прыгледзеліся: гэта быў Манг, адсутнасці якога яны не заўважылі. Ен валок пінгвіна; падышоў, адрэзаў яму галаву і сказаў:
— Наце, піце!
— Як? Што?
— Ды кроў. Я напіўся. Раю і ўсім.
Нельга сказаць, каб пітво было добрае, але ўсё ж такі лепш, як нічога. Мужчыны пайшлі і прынеслі яшчэ двух пінгвінаў…
Пасля гэтага паснулі — мужчыны на зямлі, а жанчыны з дзецьмі на чоўнах.
Акіян глуха гудзеў. Хвалі безупынна наляталі і разбіваліся аб каменні. Вецер мацнеў. Пачаў пырскаць дожджык. Агонь пагас.
Людзі прачнуліся, закапаліся ў скуры. Але дождж усё павялічваўся.
Спаць ужо нельга. Трэба было зусім уставаць. А халодны вецер з мора без ніякіх перашкод так і сячэ з дажджом.
Хоць бы які-небудзь прытулак знайсці!
Але месца адкрытае, няма ніякай высокай скалы.
— Давайце перавернем чоўны, — запрапанаваў нехта.
Так і зрабілі. Пад чоўнамі было значна лепей. Толькі вада падцякала па зямлі. Такім чынам правялі ноч. Адна толькі ўцеха была ў гэтым становішчы: дажджавой вады напіліся, колькі хацелі.
Дзень настаў хмарны, дождж то спыняўся, то зноў пачынаўся. Але і гэта радавала людзей.
— Добра яшчэ, што вялікага дажджу і буры няма, — казалі старыя. — Хутчэй бы паправіць лодку ды выехаць з гэтага адкрытага месца.
Праз дзве гадзіны лодка была залатана, і ўсе паехалі назад.

IV

Новая стаянка. — Падводны лес. — Выгоды на ўсе сто працэнтаў.— Непажаданы сусед.

Большасць фуіджынцаў трымаецца ў паўднёвай частцы архіпелага, куды ніхто з чужых не заглядае. Нельга сказаць, каб яны так ужо баяліся выпадковага падарожніка. Тут іншая справа: дзе не бывае белых людзей з іх стрэльбамі, там звычайна збіраюцца розныя жывёлы, асабліва птушкі. А сярод іх знойдуцца і смачнейшыя за пінгвінаў.
Але Манг усё імкнуўся на поўнач, бліжэй да белых. Хоць нідзе іх там і не было відаць, але ўсё ж Манг ведаў, што яны жывуць у гэтым кірунку. Прынамсі, іхнія караблі праязджаюць толькі там. Пасля той сустрэчы яму аднаму яшчэ раз трапілася бачыць карабель, але здалёк, — бліжэй ён не паспеў пад’ехаць.
У гэтым жа кірунку, за Магеланавай пратокай, ён натрапіў на адзін куток, які доўгі час мог служыць «домам» для яго бацькоў. Гэта была маленькая затока, нібы азярцо, так агароджаная скаламі, што ні вецер, ні хвалі не дасягалі сюды. Куток быў падобны да таго возера, куды яны ездзілі па дровы, толькі гэты быў значна меншым і больш прытульным, цёплым.
— Асабліва тут павінна быць добра ўзімку, — казаў ён бацькам.
Гэты куток яны і абралі сваім домам. Знайшлася там нават пляцоўка, куды яны паклалі лішнія рэчы і дзе маглі спаць. Толькі для гэтага трэба было прагнаць птушак, якім таксама спадабаўся гэты прытулак. І тут жа побач зверху сцякаў струмень прэснай вады. Адным словам, хата была з усімі выгодамі.
Апрача ўсяго гэтага, выявілася, што пад імі ў вадзе расце нібы лес, а ў гэтым лесе незлічонае мноства «дзічыны».
Першы раз заўважылі гэта ў часе адліву. Калі вада знізілася, у ёй паказалася галлё, распасцёртае ў шырыню. Гэта была не марская трава, а сапраўднае дрэва, з галінамі, таўшчынёю з руку, і з доўгім вузкім лісцем. Гэтае лісце, даўжынёю ў метр, варушылася, выгіналася, нібы змеі. Галлё так разраслося, што стварыла падводны гушчар ва ўсёй затоцы.
А між тым, гэта было ўсяго толькі адно дрэва, са ствалом у паўметра таўшчыні*.
* Завецца яно фукус, або альга. Яно досыць распаўсюджана, але такой велічыні дасягае толькі ў гэтых месцах. Адно дрэва часам разрастаецца на дзвесце метраў ушыркі.
Калі зачапілі і прыпаднялі адну такую галіну, то на ёй знайшлі столькі рознага дабра, што ў нашых людзей аж сліна пацякла. Чаго толькі тут не было! Чарапашкі, малюскі, маленькія ракі, медузы, анемоны, розныя чарвячкі,— адным словам, усё тое, чым любілі ласавацца фуіджынцы.
— Глядзіце! Глядзіце! І крабы! — весела закрычалі дзеці.
Сапраўды, у разгалінаванні гэтага дрэва размясцілася цэлая сям’я крабаў. Стары краб злосна пазіраў і пагрозліва варушыў сваімі страшэннымі клюшнямі, але зараз жа яго ўхапілі і разбілі аб човен.
— Яшчэ адзін! — крыкнуў Кос і зняў другога. Потым знайшоўся і трэці.
Гэтыя велізарныя ракі з’яўляюцца такой смачнай стравай, што Манг пачаў есці іх сырымі.
— Зірніце толькі, што робіцца ў вадзе! — сказала Мгу.
А ў вадзе была нібы каша ад мноства рыб, асабліва маленькіх. Старыя рыбы выбралі гэты куток, каб адкладваць тут сваю ікру. Лепшага месца для гэтай справы нельга было і прыдумаць. Сюды не дасягала ніводная хваля, і рыбы спакойна пладзіліся «ў лесе». Нездарма і птушкі аблюбавалі гэтае месца.
Гэта быў нібы зусім асобны свет. Усе тут знаходзілі сабе спажыву. Дужэйшы паядаў слабейшага, але насельніцтва ад гэтага не змяншалася. Усе знаходзілі прытулак сярод гасціннага дрэва. Каб яны не паядалі адзін аднаго, тады ім і паварушыцца не было б дзе. А нарэшце над усімі імі з’явіўся чалавек.
Галіну абабралі, як плады ў садзе, і зноў апусцілі Ў ваду.
— Хай зноў абрастае! — смяяліся бацькі.
Але і на гэтым баль не скончыўся. Знайшлася нават «гародніна»: маладое лісце альгі, якое з’яўляецца досыць добрай стравай. Набралі яго, палажылі ў гаршчок, згатавалі і наеліся так, як даўно ўжо не елі. Трэба памятаць, што зеляніна для чалавека наогул вельмі неабходна, а нашы навасёлы на працягу месяца і ў вочы яе не бачылі.
А навокал яшчэ плавалі іншыя «запасы» — качкі, мяса якіх куды смачнейшае за пінгвінавае, хоць гэтыя качкі некалькі і нагадвалі пінгвінаў сваімі крыламі. Яны таксама не могуць лётаць, а толькі плаваюць і пры гэтым хутка і гучна б’юць крыламі па вадзе.
Як мы ўжо казалі, у адным месцы на беразе была досыць роўная пляцоўка. Спачатку адзін-другі вылез, выгрузілі некаторыя рэчы, расклалі вогнішча*, а потым ужо зрабілі павець. Такім спосабам паступова і зусім перайшлі на зямлю.
* Агонь яны высякаюць з крэмня, як і ў нас у даўнейшыя часы.
Нельга думаць, што яны так ужо ніколі і не жылі на зямлі. Здаралася гэта, і не раз, калі трапляліся адпаведныя ўмовы. Але такія выпадкі былі вельмі і вельмі рэдкімі. У кожным разе, лепш, як цяпер, ім ніколі не было. І страха над галавой, і сцяна збоку, і месца досыць, каб вольна размясціцца, нарэшце, скуры пад бокам — усё гэта было так прытульна, што можна было адпачыць целам і духам за ўсе папярэднія месяцы.
Мы ўжо бачылі, што хоць гэтыя дзеці вады і жылі морам, але рыбакамі назваць іх нельга, бо нават і прыладаў для лоўлі рыбы яны не мелі, а калупаліся ў шчылінах скал, ловячы маленькіх рыбак ці проста рукамі, ці торбачкай, ці кавалкам тканіны. Толькі зрэдку ім здаралася забіваць кап’ём больш буйную рыбіну.
Цяпер, гледзячы на рыбу ў вадзе пад нагамі, яны больш выразна адчувалі, што ім не хапае якой-небудзь прылады, каб дастаць гэтай рыбы. Праўда, яны і тут лавілі яе ля самага берага, як заўсёды, у шчыліне, але гэта іх не задавальняла. Хацелася дастаць больш, непасрэдна адтуль, з глыбіні.
Манг доўга над гэтым ламаў галаву і нарэшце дадумаўся. Узяў сваю плеценую торбу, прыладзіў да яе абруч і прывязаў да кія. Апусціўшы ў ваду свой коўш, ён адразу выцягнуў шмат рыбы. Усе ўзрадаваліся і доўга цешыліся такой лоўляй, нават без патрэбы.
Некалькі дзён ніхто нікуды і носа не высоўваў. Спакойна прасядзелі і два бурныя дні. За скаламі, у акіяне, гулі хвалі, недзе высока над галавой роў вецер, а тут у іх было ціха і спакойна. Адно толькі было нядобра, — паліва ўсё выйшла.
Калі надвор’е праяснілася, парашылі шукаць паліва. На захад, з боку мора, былі голыя скалы, на ўсход — сцяна; але ў гэтым кірунку павінна была ісці зямля: ці вялікі востраў, ці нават і самы кантынент Паўднёвай Амерыкі. Туды і накіраваліся трое мужчын.
Але як выбрацца з гэтай студні? Доўга шукалі месца, дзе можна было б як-небудзь зачапіцца. Урэшце знайшлі некалькі выступаў і палезлі ўверх, рызыкуючы кожны момант паляцець уніз і разбіцца насмерць.
Падняўшыся метраў на дваццаць, апынуліся на новай пляцоўцы. Пасярэдзіне яе было невялічкае возера або сажалка, з якой і выцякала тая самая крыніца, што падала ўніз і давала ваду для піцця. А з другога боку таксама ішла сцяна, і таксама зверху сцякаў струмень, — ён даваў ваду гэтаму возеру. Яшчэ падняліся і зноў знайшлі такую самую пляцоўку, возера і крыніцу.
— Чаго добрага, гэтак да самага неба дойдзем, — пажартаваў Манг.
— На неба нам не трэба, — сказаў Тайдо, — а вось там, у лагчыне, нешта расце.
Сапраўды, у маленькай лагчыне, схаваўшыся ад паўночнага і заходняга ветру, рос хмызняк і некалькі крывых дрэў.
Мужчыны зараз жа ўзяліся за працу, але нават яны час ад часу спыняліся, каб палюбавацца дзівоснай карцінай прыроды.
Далёка на захад распасцёрся акіян і так блішчаў на сонцы, што аж у вочы калола. Бліжэй да берага было параскідана безліч астраўкоў і скал. Голыя і чорныя, яны вызначаліся на бліскучай вадзе, нібы спіны жывёл-волатаў. Часам зусім здавалася, нібы яны плаваюць.
— А дзе ж наша стаянка? — пачалі яны шукаць свой прытулак. Але адсюль яго нельга было ўбачыць, бо ён быў схаваны скаламі.
На ўсход горы ўздымаліся прыступкамі, нібы велічэзныя сходні, і канчаліся белымі снегавымі вяршынямі. І нідзе ніякага следу чалавека!..
Таму ўсе яны надзвычай зацікавіліся, калі заўважылі недалёка ад берага човен, у якім стаяў адзін чалавек. У нашых сяброў вочы былі вельмі вострыя, і яны адразу пазналі Нгару па яго птушынай вопратцы.
— Чаго ён тут швэндаецца? — трывожна сказаў Манг.
— Непажаданы сусед, — сказаў і Кос. — А што мы будзем рабіць, калі ён знойдзе наш добры куток і прычэпіцца да нас? Гвалтам гнаць, ці што?
— А чаго на яго глядзець? — сурова адказаў Тайдо. — Калі трэба будзе, дык і прагонім.
Тым часам насеклі і наламалі галля. Заставалася толькі даставіць яго на месца.
— Вось гэтая работа дык куды цікавей! — весела заскакаў Манг і, набраўшы бярэмя, падбег да краю і кінуў уніз. І так пачалі кідаць з тэрасы на тэрасу.
А праз некалькі хвілін радасна закрычалі і жанчыны з дзецьмі, калі на іх галовы пасыпалася галлё.
Такім чынам, і апошняя праблема — апал — таксама была вырашана.

V

Мангава падарожжа. — Зялёны востраў.— Подласць Нгары. — Бура. — Гудок. — Чалавек у моры. — Манг і Белая Птушка.

Цяпер ужо Мангу зручней было рабіць свае экскурсіі. Ен мог сабе спакойна вандраваць, ведаючы, што сваіх ён заўсёды знойдзе на месцы. Апрача таго, ён спакайней адчуваў сябе і таму, што яму не рупіла, — што і як з яго раднёй. Часта ён адлучаўся на некалькі дзён, і бацькі прызвычаіліся да гэтага і не пярэчылі.
У галаве Манга ўсё была думка — як бы паглядзець бліжэй на таемных белых людзей, пабываць там, дзе яны жывуць, убачыць іхнія розныя цуды. Але праязджалі яны вельмі рэдка, а яшчэ радзей можна было да іх наблізіцца. Пакуль пад’едзеш, — карабель ужо далёка. Трэба было чакаць такога выпадку, каб акурат трапіць на яго, але калі гэта здараецца?
Ды і наогул, такая сустрэча нічога асаблівага не давала. Паглядзіш на карабель, часам адтуль кінуць табе што-небудзь — і больш нічога. Нават не паспееш добра разгледзець людзей. Не! Трэба пашукаць, дзе яны жывуць. А дзеля гэтага трэба ад’ехаць далёка, туды, на поўнач, куды ідуць і адкуль прыходзяць караблі.
І ён сказаў бацькам, што хоча праехацца далей, каб паглядзець, як жывуць белыя людзі.
— Навошта табе? Ці варта? — пачалі адгаворваць бацькі, асабліва маці.— Гэта ж далёка, на другім канцы свету. Ты не даедзеш, загінеш. Ды і яны могуць загубіць цябе.
— Вы ж бачылі самі, што яны нічога дрэннага нам не робяць, — настойваў Манг, — а што далёка, дык я паеду столькі, колькі можна будзе. Калі ўбачу, што нельга даехаць, тады магу і вярнуцца.
Супраць такой пастаноўкі пытання і пярэчыць не было чаго. Чаму хлопцу не праехацца? Усё роўна яны валэндаюцца па моры ўзад і ўперад.
— Толькі ты сцеражыся, каб яны цябе не зачаравалі,— параіла на развітанне маці.
Падарожжа для іх было такой звычайнай справай, што ніякай падрыхтоўкі не рабілася. Манг выехаў гэтак жа проста, як і заўсёды. Трэба яшчэ памятаць, што калі гутарка ідзе пра падарожжа, дык заўсёды маецца на ўвазе дарога між скал-астравоў, па каналах-калідорах, куды хвалі не дасягаюць. Пра паездку на такіх чоўнах па адкрытаму акіяну ніхто з іх нават і не падумаў бы. А тут акурат такіх каналаў і было досыць. Вось чаму падарожжа Манга нікому не здавалася незвычайным.
Зразумела, Манг не меў ніякага ўяўлення аб адлегласці, якую яму трэба было б праехаць, каб убачыць, «як жывуць белыя». Да бліжэйшага значнага горада, Вальпарайзо, было дзве тысячы кіламетраў, а каб даехаць да якога-небудзь пасёлка, таксама трэба было праехаць кіламетраў з пяцьсот. У сваім маленькім чоўне, кіруючы першабытным вяслом, ён патраціў бы прынамсі месяц, каб праехаць гэтыя пяцьсот кіламетраў, не кажучы ўжо аб тым, што па дарозе можна было чакаць розных перашкод: ці не знойдзецца ціхіх каналаў, ці бура затрымае, ці ежы, вады не хопіць і гэтак далей.
Усяго гэтага Манг не ведаў. Ен думаў, што прыедзе праз некалькі дзён, паглядзіць, падзівіцца і вернецца сабе спакойна дадому.
Першы дзень прайшоў, як звычайна. Тыя самыя скалы, вуліцы, тыя самыя птушкі. Спыняцца яму ў гэты дзень не трэба было, бо ён меў з сабой запас ежы і вады. Пераначаваў у лодцы, пад аховай скалы.
На другі дзень ужо часцей прыходзілася спыняцца. Асабліва цяжка было з вадой. Многа назапасіць не было ў што. Нават тая вада, якую ён наліваў у свой невялікі і нязграбны гаршчок, увесь час выплёхвалася ад калыхання чоўна. А на скалах і маленькіх астраўках вады не было. Трэба было пад’язджаць да галоўнага берага і шукаць, дзе цячэ зверху вада. А каб знайсці такое месца, часам трэба было значна ўхіляцца ўбок. Вось чаму ён пасунуўся наперад за ўвесь дзень, можа, кіламетраў на дзесяць, хоць наогул праехаў значна болей.
Заставалася яшчэ гадзіны са тры да захаду сонца, калі ён выбраўся з-за скал і апынуўся на шырокай адкрытай прасторы. Замест высокіх скал тут было некалькі нізенькіх, роўных астравоў, пакрытых нават травою. А траву Манг і не памятае, калі бачыў.
На адным з такіх астравоў ён рашыў спыніцца на ноч.
Аднак жа гэтае прыгожае месца мела і свае невыгоды: яно ўсё было ўсеяна рыфамі (падводнымі каменнямі), якія то вытыркаліся з вады, то хаваліся ў ёй ля самай паверхні. Нават лёгкаму Мангаваму чоўну цяжка было прабрацца між гэтых рыфаў.
Нарэшце ён высадзіўся на бераг, падцягнуў лодку і пайшоў аглядаць востраў. Усе свае прылады і маржовую скуру ён пакінуў у чоўне. Толькі на плячах была штодзённая вопратка — кароткая накідка з коцікавай скуры. Прыемна было прайсціся па мяккай траве, цікавыя былі і кветкі; птушкі таксама былі незнаёмыя, маленькія, і спявалі яны неяк прыгожа, зусім не так, як усе гэтыя чайкі, качкі, альбатросы ды іншыя марскія рыбаедныя птушкі, ад чыіх крыкаў толькі галава трашчала.
Далей, ля ўзвышша, відаць быў нават гай. Манг накіраваўся туды. На наш погляд гэта быў бы вельмі мізэрны гай, але Манг і такому быў рады. У іхняй старонцы былі толькі рэдкія скурчаныя дрэвы, якія з апошняй моцы чапляліся за голы камень, а тут яны былі прыгожыя, ветлівыя.
Ен прайшоў гай, узлез на горку і сеў. Вечар выдаўся такі добры, які рэдка бывае ў гэтым краі. Мора бадай не варушылася; на небе ані хмаркі; сонца паволі апускалася ў ваду. А ззаду, як заўсёды, высіліся снегавыя горы, і ў адным месцы ледавік спускаўся да самай вады. Ен, здаецца, быў зусім блізка, вось за той скалой, а сапраўды да яго было кіламетраў пяцьдзесят.
Манг сядзеў, адпачываў і задуменна любаваўся прыгожасцю прыроды.
Але што гэта там такое? Здаецца, чалавек у чоўне капошыцца ля берага! І акурат ля Мангавага чоўна. Вось ён ад’язджае і цягне за сабой другі човен, Мангаў!
Гэта ж Нгара, будзь ён пракляты! Па гэтай паганай птушынай вопратцы відаць.
Зароў Манг не сваім голасам, сціснуў кулакі і зубы і пабег што моцы да берага.
— Стой! Нгара! Стой! — крычаў ён засопшыся. Але кану няўхільна адсоўваліся. Пакуль Манг падбег да вады, Нгара ўжо быў на такой адлегласці, што яму не было чаго баяцца.
Нават прыпыніўся, каб паздзекавацца.
— Нгара! Стой! — усё крычаў Манг. — Гэта табе дарма не пройдзе. Калі не я, дык мой бацька і Кос цябе заб’юць. Бяры, калі хочаш, маржовую скуру, але кану пакінь.
— Ты мне аддаеш скуру тады, калі я яе ўжо ўзяў,— насмешліва адказаў Нгара, — а кану я лепш пакіну ў моры. Тады, прынамсі, ты не будзеш мне больш сустракацца на дарозе і пагражаць, як цяпер. Бацька ж будзе думаць, што ты ўтапіўся ў моры.
І ён паплыў далей.
— Пачакай! Нгара! — зноў пачаў Манг. — Вазьмі сабе і ўсе іншыя мае рэчы. Толькі адну кану пакінь.
— Ха-ха-ха! — зарагатаў той. — Дурань ты! Дык я ж ужо і так узяў усё гэта. Ну, жадаю табе ўсяго лепшага на новым месцы. Жыві сабе тут шчасліва.
І ён хутка паехаў далей. Дарэмна Манг крычаў, трос кулакамі, пагражаў, нават прасіўся. Чоўны адплывалі ўсё далей і далей і праз некалькі часу зніклі ў змроку. Схавалася і сонца.
Манг застаўся адзін на бязлюдным беразе, без ніякай прылады ў руцэ. З роспачы паваліўся на зямлю, пачаў біцца галавой і раўці, рваць на сабе валасы. Потым прыпадак прайшоў. Манг сеў, супакоіўся і так прасядзеў на месцы ўсю ноч… Паветра было цёплае, вада пяшчотна плюскатала ля ног, з-за гор паказаўся маладзік; так ціха і мірна было навокал, што нават ніхто не мог бы сабе ўявіць усю тую трагедыю, якая адбывалася тут у гэты момант.
Першыя праменні сонца вярнулі Мангу бадзёрасць, ён выпрастаўся, страсянуўся, азірнуўся навокал. Усё было нават лепей, чымся там, на бацькаўшчыне. Толькі кану не было. Але ад гэтага да смерці яшчэ далёка. Ен яшчэ паспее сам сабе пашыць кану, тым болей, што і дрэвы тут ёсць. Але ж затое і памсціцца ён тады гэтаму Нгару!
Пры гэтай думцы ён і зусім забыўся на небяспеку. Хутчэй узяцца за работу, колькі б часу гэта ні патрабавала! Але ў руках ён не меў нічога; нават складанчык застаўся ў чоўне. Ну, што ж, прыйдзецца як-небудзь іначай. Яго бацькі і ён сам раней абыходзіліся і без нажа.
Ен зараз жа назбіраў на беразе шмат розных сухіх чарапашак і пайшоў да гаю. Выбраў там тонкае высокае дрэва і пачаў калупаць яго ля кораня. Каб чарапашкі былі вастрэйшымі, ён разбіваў іх на часткі. Дрэва было таўшчынёю толькі ў руку, і ён досыць хутка падрэзаў яго, а потым зламаў. Праз некалькі гадзін ён такім чынам «насек» сем жардзін: адну пад спод лодкі, а шэсць для бакоў.
Тут толькі ён прыпомніў, што да гэтага часу нічога не еў і не піў. Падышоў да берага, налавіў маленькіх ракаў і з’еў іх сырымі. Але не было вады напіцца. Каб не траціць часу на шуканне, ён згадзіўся пацярпець і зноў узяўся за працу.
Але апрацаваць жардзіны было куды цяжэй, як ссячы іх. Ламаныя канцы нельга было так пакінуць; трэба было завастрыць іх, каб можна было ўсе сем канцоў звязаць у адзін жмут. Тут ужо, апрача чарапашак, ён пусціў у ход вострыя каменьчыкі, якія таксама трэба было разбіваць на кавалачкі. Значна ён дапамог сабе яшчэ тым, што здагадаўся ўсадзіць канцы ў шчыліны між скал і круціць іх там.
Ен так захапіўся сваёй працай, ад якой залежала яго жыццё, што нават не заўважыў, як надышоў вечар. Тады толькі ён адчуў, як хоча есці, асабліва ж — піць. Але шукаць вады ўжо было позна, і ён стомлена прытуліўся да дрэва. Цяжкая праца і папярэдняя бяссонная ноч дапамаглі яму заснуць і не адчуваць голаду і смагі.
Назаўтра ён зноў праглынуў некалькі марскіх жывёлін і зноў пачаў працаваць, але пад поўдзень адчуў, што больш не можа вытрымаць без вады. Трэба было ісці шукаць яе. Але ці знойдзеш на гэтым нізенькім востраве?
Тут ён заўважыў, што на захадзе збіраюцца хмары і вецер узмацніўся.
— Пачакаю лепш дажджу, — сказаў ён сам сабе і зноў узяўся за работу.
Дождж прыйшоў неўзабаве, але такі, што Манг лепш згадзіўся б перацярпець смагу, як гэтую буру. Пачынаючы з паўдня, настала шэрая ноч, так што за некалькі крокаў нічога не было відаць. Велічэзныя хвалі, не маючы ў гэтым месцы перашкоды, вольна каціліся сюды з акіяна, нібы праз браму. Яны пагражалі заліць і той востраў, дзе быў Манг, але наперадзе стаялі на варце рыфы, якія прымалі на сябе першы ўдар і грудзьмі разбівалі хвалі. Затое ж і злаваліся яны! Такое пекла ўтварылася там, паміж рыфаў, што жудасна было слухаць.
Манг сядзеў пад дрэвам, накінуўшы на галаву сваю скуру, і тросся ад холаду. Мінута здавалася гадзінай, а такія мінуты ішлі і ішлі бясконца. Так прайшло, мусіць, гадзіны за тры.
І вось там, за рыфамі, пачуўся гудок парахода. Трывожны, жалобны…
Манг зараз жа ўскочыў і пабег да берага. Вецер валіў яго з ног, салёныя хвалі пырскалі ў твар, але ён нічога не адчуваў. З цікавасцю і жудасцю ўглядаўся ён у шэрую імглу, чакаючы, што вось-вось з’явіцца «кану белых». Ен ведаў, што ёй цяпер павінна пагражаць небяспека, але, з другога боку, сумняваўся, ці могуць наогул загінуць такія магутныя кану-волаты. У кожным разе, справа была вельмі важная.
Так ён прастаяў паўгадзіны, гадзіну, — нічога больш не чуваць і не відаць, толькі хвалі равуць і дождж лье як з вядра.
Але вось на белым грабяні паказалася нешта чорнае. Узнялося, зноў апусцілася. Праз хвіліну зноў паказалася, ужо бліжэй, і рушылася на бераг. Але сустрэчная хваля падхапіла і аднесла назад. Надышла новая хваля, зноў узняла і кінула на бераг, але і на гэты раз сустрэчная хваля адкінула назад.
Манг ужо бачыў, што гэта быў чалавек, які трымаўся за кавалак лодкі. Яго магло такім спосабам кідаць узад і ўперад бясконца або кінуць так, што ён разаб’ецца ўшчэнт. Тады Манг падпільнаваў момант, калі хваля шуганула чалавека на бераг, кінуўся насустрач і ўхапіўся за дошку, каб не даць ёй адысці назад. Зваротная хваля наляцела на яго, пагражаючы і яго таксама аднесці ў мора, але ён нырнуў пад яе і такім чынам аслабіў напор, а потым адным мігам ухапіў чалавека і пабег да берага.
Але чалавек чамусьці не выпускаў з рук дошкі, чым значна перашкаджаў Мангу. У гэты момант новая хваля штурханула яго ў спіну. Ен кінуўся разам з ёю наперад і паваліўся на бераг, а на яго і чалавек з дошкай. Моцна ўдарыўся Манг, але нельга было на гэта звяртаць увагі. Трэба было спяшацца прапаўзці яшчэ крокі са два, каб не захапіла новая хваля і не аднесла назад. Ен паспрабаваў быў вырваць дошку з рук чалавека, але той так учапіўся, што адразу немагчыма было гэтага зрабіць. Манг вымушаны быў цягнуць яго далей разам з дошкай. І толькі на беразе з вялікім клопатам, ледзь не паламаўшы пальцы пацярпеўшага, удалося вырваць дошку з закасцянелых рук.
Тут толькі Манг убачыў, што гэта была маладая дзяўчына. Але яна была ў непрытомнасці, можа, нават нежывая, а Манг не ведаў, што з ёю рабіць. Тады ён узяў яе на рукі, аднёс пад дрэва і захінуў у скуру. Нельга сказаць, каб ёй было вельмі добра: дождж ішоў без перапынку, скура ахоўвала толькі частку цела, вада залівала ўсю дзяўчыну. Але больш Манг нічога не мог зрабіць.
Ен прысеў побач на карачкі і з цікавасцю разглядаў таямнічага, незвычайнага белага чалавека. Трэба сказаць праўду, што больш за ўсё яго зацікавілі ногі. Ен вельмі здзівіўся, што яны блакітнага колеру. Мокрыя тонкія панчохі так шчыльна абхіналі іх, што не відаць было аніводнай зморшчкі. Таму Манг і падумаў, што гэта цела мае такі колер. Маленькія чорныя бліскучыя туфлі з вострымі насамі таксама былі цікавымі. Манг нават дакрануўся да іх, каб пераканацца, што гэта такое.
Цёплая мяккая скура тым часам рабіла сваю справу: дзяўчына ўздрыганулася і нібы прастагнала. Манг абрадаваўся: значыцца, жывая! Потым з горла яе вырваўся ўздых, затым вада; дзяўчына заварушылася, яшчэ мацней застагнала і пачала дрыжаць, як у трасцы.
Манг і сам тросся ад холаду і вельмі шкадаваў, што няма сухога, цёплага прытулку.
Тады ён захацеў пашукаць, ці не знойдзецца які-небудзь больш утульны куток. Бура і дождж не спыняліся, але шэрань рабілася цямней: відаць, надыходзіў вечар. Манг хутка пабег да ўзвышшаў. Там, далей, відаць былі нават скалы. Ен бегаў узад і ўперад, заглядаў ва ўсе куткі, але нічога добрага не знаходзіў. І толькі варочаючыся назад, недалёка ад таго месца, дзе ён раней сядзеў, заўважыў больш-менш добры куток.
Гэта быў абрыў з невялікім паглыбленнем у сярэдзіне, але ж затое добра абаронены з мора ад ветру і дажджу. Дзякуючы таму, што дождж ішоў ад мора наўскос, сухая мясцінка яшчэ болей павялічвалася. Але ўсё ж там не магло змясціцца больш за аднаго чалавека.
Манг пабег, узяў дзяўчыну і перанёс яе ў гэты куток. Яна ўся дрыжала і часам казала нешта незразумелае. Між тым цямнелася ўсё болей і болей. Паўстала пытанне аб агні. Але як яго здабыць?
Калі Манг быў адзін і захапіўся майстраваннем лодкі, ён згодзен быў лепш пацярпець, чымся ахвяраваць час на здабыванне агню. А цяпер і самому холадна, і непагадзь, і выратаваная дзяўчына на руках.
Ен пільна агледзеўся навокал. Абрыў не быў голай скалой. Наверсе раслі дрэвы, хмызняк; вытыркаліся сухія карэнні, унізе было сухое лісце, трава, сухія галінкі,— адным словам, матэрыял больш-менш добры. Трэба толькі высечы агонь.
І Манг пачаў рыхтавацца. На карэннях і галлі ён знайшоў сухія нарасты-грыбы; яны маглі служыць трутам. Падрыхтаваў сушэйшага і танчэйшага галля, травы, лісця. Потым назбіраў адпаведных каменьчыкаў і пачаў выбіваць іскры.
Але лягчэй усё гэта сказаць, як зрабіць. Колькі каменьчыкаў давялося перапрабаваць і пашукаць, пакуль натрапіў на добры крамняк! А колькі часу трэба было стукаць!
Так цягнуўся доўгі, нудны час. Дзяўчына стагнала, варушылася, енчыла. Нават бура пачала ўжо сціхаць. А Манг усё біўся над сваім агнём. Колькі разоў ён ужо хацеў кінуць гэтую справу, але ранейшая практыка прывучыла яго да цярплівасці.
Была позняя ноч, калі, урэшце, запаліўся агонь. Затое ж і радасці колькі было! Адразу ўсё змянілася, ажыло. А дзяўчына дык зусім ачуняла, калі агонь пачаў грэць і сушыць яе.
Некаторы час яна пазірала навакол, нічога не разумеючы. Потым прыпаднялася, прыгледзелася да Манга і, уразумеўшы сваё становішча, дзіка ўскрыкнула, заплюшчыла вочы і зараз жа зноў павалілася ў непрытомнасці.
А Манг сядзеў сабе на карачках ля вогнішча і весела ўсміхаўся, задаволены тым, што яна ачуняла. Ен не ведаў, чаму яна зноў павалілася; ён думаў, што яна яшчэ канчаткова не ачулілася, і цярпліва чакаў, пакуль яна апрытомнее.
Праз некалькі мінут яна зноў расплюшчыла вочы, зноў убачыла яго, ускочыла і з жудасным крыкам забілася ў самы куток, працягнуўшы наперад рукі, нібы абараняючыся ад яго.
Манг усміхнуўся ўсім тварам, заматаў галавой і залапатаў:
— Добра, добра! Ты ўжо здаровая. Агонь добра.
А бедная дзяўчына тым часам думала, што прыйшоў яе канец. Што ў лепшым выпадку яе зараз жа зарэжуць і з’ядуць.
— О, лепш было б утапіцца ў моры! — прастагнала яна па-англійску.
Пачуўшы, што яна нешта гаворыць, Манг зноў заматаў галавой:
— Добра, добра! Ты не загінула. Манг выратаваў цябе.
Дзяўчына скурчылася ў кутку, утуліла ў плечы галаву, засланіла рукамі свой твар і пачала чакаць смерці.
Але Манг не рухаўся. Ен толькі паправіў вогнішча, а потым зноў утаропіў вочы на дзяўчыну.
«Дык вось якія яны!» — думаў ён, аглядаючы ўсю яе постаць, адзенне.
Яна нагадвала яму прыгожую бездапаможную птушку і выклікала ў ім спачуванне. Яму прыемна было адчуваць, што ён з’яўляецца збаўцам гэтай белай дзяўчынкі. Ен лічыў за гонар сядзець побач з прадстаўніком тых людзей, якіх блізка яны не бачылі.
А белая дзяўчына тым часам сядзела скамянелая ад жудасці і чакала смерці.
— Хоць бы хутчэй усё гэта скончылася! — прастагнала яна.
Яна ўсё чакала, калі прыйдуць яшчэ дзікія людзі. Яна ўяўляла сабе, як збярэцца шмат дзікуноў, страшэнных, узброеных, як пачнуць яны скакаць вакол яе, вакол агню, а потым… потым…
Тут яна не вытрымала і заплакала горкімі слязьмі. Плечы яе трэсліся ад рыдання, жаласны енк вырываўся з грудзей.
Манг здзівіўся і занепакоіўся. Такія слёзы, такі адчай узварушылі яго. Яму было так шкада яе, што ён ад шчырасці пасунуўся да яе бліжэй і пачаў супакойваць, як умеў:
— Не бойся! Манг усё зробіць: і спажывы табе знойдзе, і сам кану пашые, каб выехаць адсюль.
Убачыўшы, што ён пасоўваецца да яе, дзяўчына падумала, што канец прыйшоў ужо. Яна ўскрыкнула нечалавечым голасам, ускочыла і выбегла з-пад скалы ў цемру.
Манг застаўся сядзець з разяўленым ротам. Што з ёю? Куды яна? Чаму? Здаецца, нібы яна яго баіцца, але ж ён нічога дрэннага ёй не зрабіў і не думае рабіць. І што цяпер з ёю рабіць? Лавіць, ці што?
А яна тым часам адбеглася на некалькі крокаў і, убачыўшы, што ён сядзіць сабе спакойна і не гоніцца, — спынілася. Тады ёй прыйшлі ў галаву цвярозыя думкі. Куды яна дзенецца? Калі ён захоча, дык адразу яе зловіць. Але ж да гэтага часу з яго боку не відаць было ніякіх нядобрых намераў. Ён выратаваў яе, перанёс сюды, абагрэў і абсушыў, нават у сваю скуру апрануў, а сам сядзіць на холадзе толькі ў сваім поясе або фартуху.
Не! Відаць, ён не думае крыўдзіць яе. Можа, на яе шчасце, трапіўся дзікун з чалавечай душой. Кажуць, што і сярод дзікуноў часам сустракаюцца добрыя людзі. Можа, нават ён яшчэ і абароніць яе ад сваіх сяброў, што прыйдуць. Хай будзе што будзе, — усё роўна ёй няма куды дзецца.
І яна вярнулася на сваё месца.
Манг ветліва ўсміхнуўся і зноў загаварыў:
— Манг не скрыўдзіць Белую Птушку. Манг помсціць толькі сваім ворагам, такім, як Нгара.
Дзяўчына зусім супакоілася, нервовая ўзрушанасць прайшла, а разам з тым вярнуліся фізічнае недамаганне і вялікая зморанасць. Некаторы час яна трымалася, каб не заснуць (хто яго ведае, што тады можа быць), але хутка галава апусцілася, вочы заплюшчыліся, і яна сама не заўважыла, як ужо спала моцным сном.
Было каля поўначы. Бура скончылася, але акіян шумеў, як і раней. Як і раней, разбіваліся і гулі хвалі між рыфаў, як і раней, наляталі яны на бераг.
Манг падкінуў у агонь корч і прымасціўся спаць. Толькі галаву і плечы ён мог змясціць пад абрывам, рэшта цела засталася пад адкрытым небам.
Некалькі разоў холад прымушаў яго ўставаць і падпраўляць агонь, але не было чаго і падкладваць. Агонь ледзь тлеўся і зусім не абаграваў Манга.
Так правялі першую ноч Манг і белая дзяўчына.

VI

На другі дзень. — Мярцвяк. — Манг у капітанскім убранні.— Пабудова лодкі.— Ад’езд. — Параход прайшоў міма. — Катастрофа. — Перад тварам смерці.— Пакінутая стаянка.

Манг прачнуўся рана і спачатку нават здзівіўся, убачыўшы новага чалавека. Хоць ён зараз жа і ўспомніў тое, што адбылося ўчора, але ўсё ж такі неяк дзіўна было і не верылася, што гэта праўда. Надта ўжо незвычайнае здарэнне.
Але довад быў перад вачыма. Дзяўчына спала моцным сном на яго скуры, падагнуўшы пад сябе свае «блакітныя» ногі. Светлае адзенне, светлыя валасы, бялюткі тонкі твар — усё гэта пераконвала, што перад ім знаходзіцца сапраўды незвычайная істота. Праўда, даўно ўжо мінулі тыя часы, калі тубыльцы лічылі белых за багоў. Але нашы фуіджынцы жывуць у такіх умовах, што не мелі шчасця, — або няшчасця, — сустракацца з белымі, і хоць не лічылі іх за багоў, але павагу адчувалі вялікую. Прынамсі тыя, каму не траплялася мець з белымі больш блізкіх зносін.
І Мангу прыемна было даглядаць і ахоўваць пекную Белую Птушку. Ен зараз жа пабег шукаць ёй (зразумела, і сабе таксама) спажывы. Ен хутка налавіў сваіх звычайных чарапашак ды слімакоў і пайшоў быў назад. Але праз некалькі крокаў спыніўся як укапаны: на вострым камені ляжаў чалавек у форме марскога афіцэра ці капітана. Мангу няцяжка было здагадацца, што гэта з загінуўшага карабля. На гэты раз у яго нават мільганула думка, што яму занадта ўжо будзе выхаванцаў.
Але падышоўшы бліжэй, ён адразу заўважыў, што чалавек мёртвы. Відаць, хвалі забілі яго аб скалы, бо чэрап быў прабіты і чарнеўся жудаснай крывавай дзіркай.
Манг агледзеў яго, пакратаў, памацаў чорны мундзір з залатымі гузікамі і рознымі іншымі цацкамі і тут жа заўважыў на поясе дасканалы кінжал («корцік»). Гэтая знаходка выклікала ў ім такую радасць, што ў яго вырваўся крык задавальнення.
Мігам выхапіў кінжал з ножан, пакруціў яго, пацмокаў, а потым захацеў узяць і ножны. А таму, што яны былі прычэплены да пояса, то пачаў здымаць і пояс. Пасля гэтага яму прыйшла ў галаву вельмі разумная думка — зняць і мундзір, бо голаму чалавеку ён будзе вельмі дарэчы.
Нарэшце наш Манг апынуўся ў капітанскім мундзіры, хоць і без портак.
Які ён меў выгляд — уяўляйце сабе самі.
Падабраўшы сваё снеданне, ён весела пайшоў «дадому».
Дзяўчына тым часам прачнулася. Азірнуўшыся навакол і прыпомніўшы ўчарашняе, яна сядзела з такім выглядам, нібы пыталася: што гэта — ці сон, ці сапраўднасць? Што карабель загінуў, што човен, у якім яны ратаваліся, разбіўся, — яна гэта добра памятала. Але потым яна, здаецца, трапіла ў рукі дзікуноў, а цяпер нікога няма, яна адна. Што гэта значыць?
Тут яна ўбачыла, што да яе ідзе нейкае дзіўнае стварэнне ў мундзіры. Спачатку мільганула надзея, што гэта хто-небудзь са сваіх, які выратаваўся ад смерці, пацярпеўшы і абшарпаны; але хутка пераканалася, што гэта ўчарашні дзікун.
Адкуль ён узяў убранне? Значыцца, забіў і абабраў каго-небудзь з каманды! А цяпер ідзе яе чарга…
І зноў яна закрычала ад жаху і зашылася ў куток.
А Манг падышоў, весела смеючыся, вылажыў сваю здабычу і лагодна сказаў:
— Вось, еш! — Потым здагадаўся, што яна дзівіцца з яго адзення, і дадаў:— Там ваш чалавек, мёртвы.
Пры гэтым ён адной рукой паказаў на мундзір, а другую працягнуў у той бок, дзе быў мярцвяк.
Дзяўчына не ведала, што і думаць. Усё казала за тое, што гэты дзікун, прынамсі цяпер, не думае рабіць ёй нічога дрэннага. Што ж адбылося там, куды ён паказвае?
Нарэшце яна набралася адвагі, рашуча падышла да яго і пачала паказваць на мігі, каб ён павёў яе туды. Манг зразумеў і пайшоў.
Калі яны падышлі да берага, яна ўсё зразумела. Жаль ахапіў яе сэрца, слёзы паліліся з вачэй. Некалькі хвілін прастаяла яна, уяўляючы сабе ўвесь жудасны малюнак.
«Хто ведае? Можа, іх лёс лепшы за мой. Для іх, прынамсі, ужо ўсё скончана, а я…» — думала яна праз слёзы.
Непрыемна ёй яшчэ было, што чалавек ляжыць, як падла. Трэба было б пахаваць яго. Але як гэта зрабіць? Тады яна пачала паказваць Мангу, каб спусціць мерцвяка ў мора. Манг адцягнуў яго ў ваду, і той ціха закалыхаўся на хвалях.
Дзяўчына адвярнулася і хутка пайшла назад, нібы ўцякаючы ад гэтага месца. Уражанне было вельмі цяжкае, але разам з тым яна адчувала, што зусім перастала баяцца гэтага дзікуна. Яна пераканалася, што з усіх бакоў паводзіны яго былі такія ж, як і кожнага добрага чалавека. Гэта быў не звер які-небудзь, а самы звычайны чалавек.
Дзівіла толькі яе, чаго ён тут адзін? Няўжо ён трапіў сюды гэтак жа, як і яна? Значыцца, на гэтым востраве ім абаім прыйдзецца жыць, можа, шмат гадоў. А можа, і да самай смерці…
Але пакуль што аб гэтым лепш не думаць. І тады дзяўчына адчула, што страшэнна хоча есці.
Аднак, калі Манг прапанаваў ёй сваіх слімакоў, дык яна прыйшла ў жах, бадай такі самы, як учора ад выгляду дзікуна. Манг і падсмажыў іх у попеле і сам пачаў есці, выразна паказваючы, што вельмі смачна, але яна нават адвярнулася, каб не бачыць.
Тады яна паказала, што хоча піць. Манг зараз жа ўскочыў, пабег да мора, знайшоў вялікую чарапашыну і пабег з ёй шукаць вады. Добра яшчэ, што нядаўна быў дождж і знайсці ваду было лёгка.
Нельга сказаць, каб прыемна было ёй піць ваду з брудных рук дзікуна, з нейкай чарапашыны, з нейкай лужыны, але нічога не зробіш, — трэба было прывыкаць.
Манг здагадаўся, што Белая Птушка стравы яго не любіць. Тады ён захацеў пачаставаць яе рыбай. Але гэтая справа была больш складаная. Не маючы ніякіх прыладаў, трэба было знайсці такое месца, дзе можна загнаць рыбу ў куток, каб злавіць рукамі. А гэта не заўсёды ўдаецца. Ен зноў пабег да берага.
Знайшоў больш-менш зручнае месца, але не такое вузкае, каб можна было спадзявацца злавіць рыбу рукамі. Тады ён зняў свой… свае… як бы тут сказаць, ну, штаны, якія лепш было б назваць поясам, альбо пояс, які замяняў яму штаны. З гэтай прыладай яму ўдалося налавіць маленькіх рыбак. О, каб толькі ведала Белая Птушка, якім спосабам Манг ловіць ёй рыбу!
Гэтую страву дзяўчына прыняла больш прыхільна і нават сама пачала пячы ў попеле.
Толькі крывілася, што рыба была нячышчаная, у попеле, без солі ды без хлеба.
А Манг сядзеў перад ёй на карачках у сваім капітанскім мундзіры і цешыўся, што яна есць.
— О, рыба, добра, смачна! — паддаваў ён духу.
Як ні сумна было няшчаснай дзяўчыне, але кожны раз, зірнуўшы на гэтую постаць, яна не магла ўтрымаць усмешкі, а цяпер дык і зусім рассмяялася. А задаволены Манг зарагатаў на ўсю сілу.
Пасля снедання Манг узяўся за сваю працу. Ен паказаў дзяўчыне жэрдкі і пачаў тлумачыць, што робіць кану, на якой яны абое паплывуць. Ен падышоў да вады, паказаў, як соваецца па вадзе човен, паказаў на дзяўчыну і махнуў рукой на мора, гаворачы на сваёй мове: «Далёка, далёка!»
Прамова была вельмі выразная і зразумелая, толькі дзяўчына ніяк не магла ўявіць, які човен выйдзе з такіх жэрдак. Заставалася чакаць, што будзе далей.
Цяпер работа пайшла куды лепш: Манг меў добры кінжал, які мог служыць і сякерай, і нажом, і гэблем, і шылам. Была прыцягнута і дошка ад разбітай лодкі. Манг зноў захапіўся працай і забыўся на голад.
Але паненка была галодная. Некалькі рыбак ды дажджавая вада не маглі ёй замяніць кавы, булкі, масла і іншых страў, да якіх яна прызвычаілася. Урэшце яна не вытрымала, падышла да Манга і, дакрануўшыся пальцамі да свайго рота, паказала, што хоча есці.
Манг зараз жа пакінуў работу і пайшоў клапаціцца аб абедзе. На гэты раз яму болей пашанцавала, бо акурат быў час адліву. Вада адышла ад берага і пакінула на пяску шмат жывёлак. Нават у адным месцы засталася лужына, дзе была знойдзена досыць добрая рыба. Сама паненка захацела прыняць удзел у зборы ўраджаю, але спалохалася ракаў, хоць і лічыла іх за самую лепшую страву з усяго таго, што тут было.
На гэты раз яна прыняла ўдзел у гатаванні абеда. Для сябе самой яна і пачысціла рыбу і памыла. А Манг пхаў, як яна ёсць, выплёўваючы непатрэбнае.
Дзяўчыне вельмі брыдка было глядзець на свайго суседа, як ён еў усялякую погань, пэцкаў свой капітанскі мундзір. Яна адварочвалася ад яго, старалася не глядзець і чакала, каб ён хутчэй пайшоў на працу і пакінуў яе адну. Часам ёй прыходзіла ў галаву думка: што сказалі б яе знаёмыя, каб убачылі яе за таварыскім абедам з гэтым дзікуном?
Манг пайшоў працаваць, а паненка адлежвалася на сонцы, набіраючыся сілы.
Такім чынам ішлі дні за днямі. Манг біўся над сваім чоўнам, а паненка з нецярплівасцю чакала, пакуль ён скончыць, ды нудзілася. Яна ніяк не магла прызвычаіцца да такой ежы, адчувала сябе дрэнна, пахудзела. Разам з гэтым прайшла і бадзёрасць. Ёй пачало здавацца, што сядзіць яна тут цэлыя гады і што, мусіць, ніколі не выберацца адсюль.
Манг жа, наадварот, быў вясёлы, энергічны. Ен стараўся дагаджаць ёй, як умеў, абнадзейваў яе, што яны хутка паедуць.
Але куды паедуць? Гэтага яны не маглі растлумачыць адзін аднаму і нават самім сабе. Дзяўчыне здавалася, што калі толькі яны ад’едуць ад гэтага праклятага вострава, дык сустрэнуць які-небудзь карабель. А Манг і сам сабе не ўяўляў, што ён будзе рабіць з ёй. Ведаў толькі, што трэба вярнуцца дадому, адпомсціць Нгару ды адабраць кану, бо тая, якую ён робіць, будзе значна горшая. А потым ужо зноў можна будзе думаць, як даехаць да белых, асабліва, калі ён павязе да іх гэтую дзяўчыну.
Але справа была вельмі марудная. Сяк-так звязаць жэрдкі ён паспеў праз тры дні, але засталося самае галоўнае: абшыць іх. А гэта была зусім іншая праца. Тоўстых дрэў не было, трэба было сшываць толькі маленькія кавалачкі кары, а яны былі тонкія, нямоцныя, разрываліся. Прыходзілася складваць у некалькі столак, латаць дзіркі, а потым латаць латы і гэтак далей.
Дзяўчына ўжо ўразумела, якім чынам Манг хоча зрабіць човен, але, прыгледзеўшыся да яго працы, яна зусім страціла надзею, што з гэтага што-небудзь выйдзе.
Манг жа не сумаваў, а ўсё ляпіў ды ляпіў кавалачкі. Тады і паненка пажадала дапамагчы. Манг быў вельмі задаволены.
— Добра, добра! Цяпер будзе хутка. Белая Птушка — добрая дзяўчына, — казаў ён.
Але зарана Манг парадаваўся: у Белай Птушкі справа не ладзілася.
Аднак яна добра ведала, што ад гэтага таксама залежала і яе жыццё, і, сцяўшы зубы, працавала далей. Праз некаторы час выявілася, што ў такой справе нават паненчыны рукі могуць прынесці карысць.
Некалькі разоў ёй здавалася, што ўся гэтая праца дарэмная, што нічога не выйдзе, але кожны раз упэўнены выгляд Манга надаваў надзею.
Так цягнулася цэлых тры тыдні. Некалькі разоў змянялася надвор’е. Зноў давялося перажыць і вецер, і дождж, і буру. Светлая дзяўчыніна сукенка прыняла дзікунскі выгляд. Блакітныя панчошкі парваліся (пасля чаго Манг убачыў, што гэта быў не колер скуры). Але здароўе яе захавалася, хоць яна і перайшла з панскага на дзікунскае жыццё.
Вызначыліся і адносіны іх між сабой. Паненка даўно ўжо забылася, што яна знаходзіцца «ў лапах людаеда». Для яе гэта быў звычайны жаўтаскуры слуга, якіх нямала ёсць і ў іх, у Лондане. Яе ўжо ніколькі не дзівіла, што ён прыслугоўвае ёй, даглядае, ахоўвае. Як жа іначай можа быць? І яна распараджалася ім як слугой. Нават некалькі разоў ужо злавала на яго, крычала, сварылася за тое, што ён ці нязграбны, ці дурны.
Манг нічога гэтага не разумеў, нават знаходзіў цікавым. Ен так яе паважаў, што яму ніколі і ў думку не прыходзіла раўняцца з ёй. Ён быў задаволены ўжо адным тым, што вядзе блізкае знаёмства з такой асобай, якіх яго аднапляменнікі, дый і то не ўсе, маглі бачыць толькі здалёк.
Нарэшце прыйшоў час, калі лодка была спушчана на ваду. Праўда, яна была ненадзейная, нязграбная, але Манг ззяў ад шчасця, гледзячы на сваю працу.
Недаверліва ўвайшла ў човен паненка. Быў момант, калі яна гатова была лепш застацца тут і чакаць ратунку, чымся рызыкаваць ехаць на гэтай няшчаснай прыладзе. Але ніякага іншага выхаду не было.
Нацярпелася яна страху, пакуль выехалі з рыфаў. Кожны момант ёй здавалася, што вось-вось човен перакуліцца або распаўзецца. Супакоілася толькі тады, калі выехалі ў спакойныя каналы між высокіх скал.
Першую ноч пераначавалі ў чоўне пад высокай скалой. Для дзяўчыны гэта было вялікай пакутай.
Назаўтра паехалі далей. Апаўдні неспадзявана пачуўся… звон! Сапраўдны звон, якім адзначаецца час («склянкі») на караблях. Пачуўся ён па-за скалою направа. Значыцца, там ішоў карабель!..
Замітусілася паненка, захвалявалася.
— Туды! Туды! — пачала яна крычаць і паказваць рукою.
Манг і сам гэта ведаў і накіраваў лодку ў абход. Але адразу было відаць, што нічога з гэтага не выйдзе. Лодка паўзла надта павольна, а скала, як на злосць, была даўгая.
Дзяўчына ўскаквала, рызыкуючы перавярнуць човен, ламала рукі, плакала, крычала па-свойму: «Хутчэй! Хутчэй!»
Калі аб’ехалі скалу, дык убачылі далёка-далёка чорную кропку і дымок…
Тады дзяўчына з жаласным стогнам павалілася на спод чоўна…
Але няма ліха без дабра. Паваліўшыся на спод, яна трапіла ў халодную ваду і адразу апамяталася.
На жаль, на гэтым дабро і скончылася. Прыйшла новая бяда, нават большая за тую, што параход прайшоў міма.
Аказваецца, калі Манг спяшаўся да карабля, ён так напружваўся, так упінаўся ў лодку, што яна не вытрымала і распаўзлася. Манг кінуўся затыкаць дзірку, але ад гэтага шчыліна яшчэ болей пачала разыходзіцца.
Настаў крытычны момант. Але Манг не збянтэжыўся.
Зірнуўшы на сцяну, ён убачыў у ёй невялікую прыступку і зараз жа накіраваўся туды. Пад’ехаў ужо з поўным чоўнам вады. Манг выскачыў на скалу і выцягнуў дзяўчыну, якая была па пояс ужо ў вадзе. Ен нават не забыўся затрымаць човен, які хоць і быў поўны да берагоў, але трымаўся на вадзе.
Такім чынам нашы падарожнікі апынуліся яшчэ на горшым востраве, як раней. Яны стаялі на вузкім выступе скалы, дзе нават сесці было цяжка, а за спіной уздымалася сцяна.
Навокал жа было так прыгожа і спакойна. Мора яскравілася пад паўднёвым сонцам, ніводная хваля не трывожыла яго. Чорныя скалы, нібы нейкі натоўп, стаялі сур’ёзна і спакойна. Толькі птушкі мітусіліся і спрачаліся там, наверсе.
Дзяўчына стаяла нерухомая і глядзела наперад так, нібы ёй было ўсё роўна, чым бы гэта ні скончылася.
Затое Манг напружана думаў. Спачатку ен агледзеў скалы, каб знайсці пакуль што лепшае месца.
Але нічога лепшага не заўважыў. Потым ён уважліва пачаў углядацца наперад.
Там, кіламетраў за восем, быў іхні дом. Ен нават бачыў уваход у затоку. Там яго радня, там кану. Так мала заставалася ехаць, і вось гэтае няшчасце! Няўжо ж прыйдзецца загінуць пад бокам у сваіх? Нават выцягнуць кану няма куды, каб хоць абы-як паправіць яе.
Застаецца толькі адно — плысці туды самому.
І ён пачаў тлумачыць дзяўчыне, што хоча плысці ў той бок. Ён паказаў рукой на човен, працягнуўшы руку к далёкаму берагу, стараўся растлумачыць, што там ёсць лодка. Потым паказаў, нібы ён сам плыве туды, і, урэшце, вельмі шчыра і выразна стаў паказваць, што ён вернецца і возьме яе.
Дзяўчына ўразумела, але выдумка гэтая ніколечкі не парадавала яе. Адкуль і якую лодку ён знойдзе? А калі ёсць, ці даплыве туды ён? Лепш ужо загінуць разам. Усё ж такі побач, хоць і дзікун, але жывы чалавек.
Манг тым часам зняў свой мундзір і падперазаўся поясам з кінжалам. Потым бадзёра засмяяўся ёй, кінуўся ў ваду і хутка паплыў.
Крок за крокам, павольна, але безупынна ён пасоўваўся ўсё далей і далей. Вось толькі ледзь чарнеецца галава, вось і яна знікла ў бліскучай прасторы. А дзяўчына стаяла, сачыла і ўсё яшчэ не магла ўразумець, ці гэта к лепшаму, ці к горшаму…
Пацягнуліся для яе смяротныя гадзіны, бясконцыя, безнадзейныя. І сапраўды, якую надзею яна магла мець? Яна не ведала, куды ён паплыў, што ён мае на ўвазе. Не ведала, колькі часу можа прайсці, пакуль ён вернецца, калі наогул вернецца. А надзеі на гэта вельмі мала: па-першае — ён сам можа загінуць, па-другое — можа не знайсці ніякага чоўна, па-трэцяе — можа знайсці праз некалькі дзён, па-чацвёртае — можа і зусім не вярнуцца. Ці можна спадзявацца на дзікуна?
Значыцца, трэба рыхтавацца да смерці. Як часта бывае ў такіх выпадках, перад ёй прайшло ўсё яе жыццё. Бацька яе быў багаты англійскі капіталіст. Паміж іншым, ён меў у Чылі вялікае прадпрыемства па здабыванню медзі. Жылі яны ў Лондане, але апошні год бацька быў прымушаны жыць у Чылі па справах прадпрыемства. К гэтаму часу міс Грэт, — так звалася дзяўчына, — скончыла сваю адукацыю і захацела праехацца да бацькі, каб паглядзець свету.
І вось замест гэтага яна стаіць адна на голай скале і чакае смерці…
Так прайшоў дзень, надышоў вечар. Ужо некалькі разоў казала яна сама сабе, што трэба скончыць пакуту і самой кінуцца ў ваду, але ўсё адцягвала. Хоць у думцы яна не спадзявалася ні на што, але недзе глыбока ў сэрцы ўсё ж такі трымалася надзея.
«А можа?.. Пачакаю яшчэ крыху, пакуль яшчэ можна».
Вось ужо і ноч. Аніводнага гуку навокал. Напружанае вуха прыслухоўвалася, лавіла нібы плёскат. Можа, ён едзе? Не, нічога не было…
Доўга плыў Манг. Зморыцца, адпачне на спіне і зноў плыве. Добра яшчэ, што мора ціхае. Вось ужо і ўваход. Адзін заварот, другі — і перад ім жаданы куток, іх часовы дом.
Крыкнуў ён, каб даць знаць сваім. Рэха пакацілася між ціхіх стромкіх скал, але іншага адказу не было. Зноў крыкнуў — таксама нічога. Манг адразу адчуў, што ён пахаладзеў і не можа рухацца.
Напружыў апошнія сілы, увайшоў у сярэдзіну, азірнуўся — нікога няма! Нават «гаспадаркі» на беразе няма: значыцца, выехалі не часова, а назаўсёды.
Ледзь жывы выбраўся ён на знаёмую пляцоўку і паваліўся на зямлю…

VII

Дома. — «Чорт!» — Па ахвяру. — Альпага. — Барацьба з птушыным царом. — Спуск на «парашуце». — Урачыстае ахвяраванне. — Чорт ашукаў!..

Жыццё абедзвюх сем’яў пасля ад’езду Манга не змянілася. Жылі яны спакойна і шчасліва, мелі ўсё, чаго толькі маглі жадаць такія людзі. З цікавасцю чакалі звароту Манга.
— Можа, ён прывязе ад іх што-небудзь карыснае для нас? — казаў Тайдо.
— Хоць бы сам вярнуўся, і гэтага досыць было б, — адказвала маці.
Дабрадушны Кос супакойваў.
— А што з ім можа здарыцца? Манг — хлопец спрытны. Кану добра зроблена.
Аднойчы Мгу з дачкой Тайдо «збіралі плады з дрэва». Як заўсёды, седзячы ў чоўне, прыпаднялі галіну. Дзяўчынка падтрымлівала яе, а Мгу здымала ўраджай. Унізе адкрылася чыстае свабоднае месца, дзе відаць было дно ды гулялі рыбкі.
Дзяўчынка наглядала за імі, цешылася. Раптам яна адхіснулася і з жахам закрычала:
— О! Чорт!
Зірнула Мгу і закрычала з няменшым жахам. Галіна вывалілася з рук, і яны пачалі ўцякаць да берага.
— Што? Што такое? — занепакоіліся дарослыя.
— Чорт, страшэнны! З вачыма, — сказала Мгу, трасучыся ад страху.
Бацькі здзівіліся, пачалі пытацца падрабязней, але ніякага толку не дабіліся, акрамя слоў: «Чорт! Страшэнны! Баюся!» Мужчыны селі ў лодку, пад’ехалі да таго месца, паднялі галіну, але нічога не ўбачылі. Так і падумалі, што дзяўчатам нешта здалося.
Прайшло некалькі дзён. Пра гэтае здарэнне нават забыліся, толькі дзяўчаты памяталі і больш не ішлі збіраць спажыву з галля.
Але хутка і Кос з жонкай натрапілі на нешта незразумелае. Яны падрыхтаваліся лавіць рыбу торбай, што выдумаў Манг. Паднялі галіну, убачылі, як звычайна, рыбу і толькі нацэліліся апусціць прыладу, як унізе заварушылася нешта вялікае і нязграбнае, нібы камяк змеяў, і разам з гэтым вада пачарнела, нібы хто напусціў туды чарніла. Рыба знікла, нічога больш нельга было разгледзець.
— Што за дзіва такое? — паціскаў плячыма Кос. — Тайдо! Хутчэй сюды!
Пад’ехаў на другім чоўне Тайдо, зірнуў і ўбачыў толькі чорную ваду.
— Нічога не разумею, — сказаў ён, недаўменна зірнуўшы на Коса.
— Гэта — чорт! Гэта, мусіць, чорт! — закрычалі з берага дзяўчаты.
— Які там чорт, калі нічога не відаць! — адказаў Тайдо.
— Страшэнны. З вачыма, — паўтаралі дзяўчаты.
— Ды нічога тут страшэннага не відаць, — сказаў Кос. — Мусіць, струмень чорнай бруднай вады надышоў.
На гэтым справа і скончылася, тым болей што праз некалькі мінут яны налавілі рыбы без ніякіх перашкод.
Яшчэ прайшоў дзень-другі. Аб здарэнні не думалі. Але нарэшце і самім мужчынам прыйшлося пераканацца, што дзяўчаты не памыліліся.
Аднаго разу Тайдо і Кос паднялі галіну і ўбачылі ў вадзе нешта такое, ад чаго нават яны скамянелі.
На іх глядзела страшэнная галава, такая агідная і жудасная, што той чорт, якога ўяўляе сабе цёмны народ, у параўнанні з гэтым павінен быў бы здавацца анёлам. Страшней за ўсё былі вочы, велічэзныя, пукатыя, нібы шкляныя. Яны свяціліся ў вадзе зеленаватым колерам і глядзелі ўпарта, не міргаючы, з нейкім жудасным выразам. Невядома, ці знайшоўся б у свеце чалавек, які не здрыгануўся б ад гэтага погляду. А вакол галавы замест валасоў варушыліся ціхенька змеі.
Усё гэта мільганула перад мужчынамі на адзін толькі момант, бо яны адразу ж выпусцілі з рук галіну. Але ўражанне было такое моцнае, што яны нават нічога не сказалі, а толькі пачалі хутка грабці да берага.
— Што з вамі здарылася? — запыталіся зацікаўленыя жонкі.
— Чорт! Дзяўчаты праўду казалі,— прашапталі яны.
Прыйшлося падумаць, як далей жыць з такім суседам.
— Пакуль што ён не шкодзіў,— выказаў сваю думку Кос. — Можа, і надалей не будзе чапаць?
— Гэтага мы не можам ведаць, — сказаў Тайдо. — Але жыць побач з ім… з такім… Бррр!..
Задрыжаў і Кос. А дзяўчаты, дык тыя зусім гатовы былі самлець, калі пачалася аб гэтым гутарка. Матак таксама ахапіў жах, хоць яны пакуль што і не бачылі нічога.
— У такім разе трэба ўласкавіць яго, — сказаў Кос, — прынесці яму ахвяру.
Гэтая думка ўсім спадабалася, асабліва жанчынам. Пачалі радзіцца, што паднесці. Па-першае, трэба было патрапіць, што ён любіць, а па-другое, каб гэта было сапраўды нешта значнае, каштоўнае. Рыбу не запрапануеш, пінгвіна або качку — таксама, бо ён, як вадзяны, сам можа мець гэтае дабро. Значыцца, трэба нешта надзвычайнае, напрыклад, якую-небудзь зямную жывёліну.
Назаўтра Тайдо з Косам адправіліся на паляванне. Яны пайшлі або, лепш сказаць, палезлі тою самаю дарогаю, што і раней, калі ішлі па паліва. Узлезлі на першую тэрасу, на другую; агледзелі той самы хмызняк. З-пад ног выбегла жывёліна з пекнай сівой поўсцю, падобная на вялікага пацука.
Мужчыны не звярнулі на яе ўвагі, лічачы яе нікчэмнай ахвярай. Але гэтая «шыншыла» мае каштоўную шкуру, якая ў Еўропе цэніцца вельмі дорага. За адно шыншылавае футра пані плацяць па дваццаць пяць тысяч рублёў золатам.
Падняліся яшчэ на адну тэрасу, там ужо было вялікае плоскае ўзвышша, пакрытае нібы мохам, нібы травою.
— Глянь, ці не жывёлы якія там? — сказаў Тайдо, паказаўшы рукою далёка на ўсход.
Сапраўды, там, ля скал, рухаліся чорныя кропкі. Калі падышлі бліжэй, убачылі некалькі жывёлін, нібы авечак. Толькі шыя ў іх была тонкая і даўгая ды морда вастрэйшая. Завецца гэтая жывёліна альпагай, і каштоўная яна сваёй воўнай.
Відаць, іх тут ніхто ніколі не трывожыў, бо яны не палохаліся, не ўцякалі, а толькі здзіўлена пазіралі на людзей. Нашы паляўнічыя мелі пры сабе сякеры ды кароткія пікі. Аднак падысці блізка да альпагаў не ўдалося: заўважыўшы, што незнаёмыя дзвюх-ногія жывёлы ідуць прама на іх, яны пабеглі далей. А схавацца на гэтым голым месцы, каб падкрасціся да іх зусім блізка, нельга было.
— Ці нельга будзе загнаць іх у якую-небудзь вузкую шчыліну? — прапанаваў Кос.
— Нічога іншага не застаецца, — згадзіўся Тайдо. — Пагонім вунь у тую цясніну.
Абышлі з двух бакоў і асцярожна пагналі. Праз некаторы час альпагі былі загнаны ў вузкі даўгі калідор, адкуль ужо ніякага выхада не было.
Але, калі падышлі да канца цясніны, альпагаў там не было: яны зніклі, нібы скрозь зямлю праваліліся.
— Куды б яны маглі дзецца? Здаецца, ніякага выхада няма? — дзівіліся мужчыны.
Але выхад быў: для горных жывёл досыць самых маленькіх прыступачак, каб прабрацца там, дзе каму іншаму і падумаць нельга. Раззлаваныя паляўнічыя парашылі шукаць іх далей. Разгледзеўшы больш-менш зручнае месца, яны палезлі ўверх: паперадзе — Тайдо, ззаду — Кос.
З адной пляцоўкі яны сапраўды ўбачылі альпагаў, але чамусьці з другога боку цясніны. Значыцца, яны або абышлі вакол, або выбраліся з другога боку.
— Не, мусіць, нічога не будзе, — сказалі збянтэжаныя паляўнічыя.
Затое вышэй, над сваёй галавой, яны заўважылі нешта другое. У прытульнай выемцы скалы віднеўся нібы край гнязда, дзе, відаць было, варушыліся птушаняты. Тайдо і Кос зірнулі адзін на аднаго.
— Можа, гэта будзе не горш за альпагу?
Яны ведалі, што гэта гняздо птушынага цара — кондара, найвялікшага арла ў свеце. Такая ахвяра для вадзянога духа магла быць яшчэ болей пачэсная, як якая іншая жывёла.
І Тайдо зараз жа палез угару. Даступіцца да гнязда было вельмі цяжка. Кос з жахам сачыў, як Тайдо чапляўся, разыкуючы абарвацца кожны момант. Урэшце ён дабраўся, але з-пад нізу, пад гняздом. Каб заглянуць у яго, трэба было перахіліцца назад і вісець над бяздоннем.
У гэты момант уверсе пачуўся нібы свіст, і разам з гэтым вялізны цень зацямніў святло. Над галавой Тайдо кружыўся птах, крылы якога дасягалі трох метраў у размаху.
— Злазь хутчэй! — крыкнуў Кос, але было позна. З нейкім хрыпатым крыкам кондар накінуўся на Тайдо і дзюбнуў яго ў галаву. На шчасце, дзюба слізганула збоку і параніла толькі вуха.
Бараніцца Тайдо мог толькі адной рукой, але супраць гэткай птушкі такая абарона не мела ніякага значэння. Горш за ўсё было тое, што ў такім стане Тайдо не мог злазіць. Адной рукой ён трымаўся за сук, а другой павінен быў несупынна адбівацца.
Кос мог дапамагчы толькі крыкам, а гэтым не спудзіш такой птушкі. Вось яшчэ адзін удар у плячо: пацякла кроў… Адразу відаць было, што бяззбройнай рукой нельга адбіцца ад страшэннай дзюбы, кіпцюроў і крылаў. Другая рука тым часам пачала дранцвець, а перамяніцца не было магчымасці.
Тайдо ўжо добра разумеў, што набліжаецца канец, што праз хвіліну ён паляціць уніз — ці сам, ці ад таго, што кондар разаб’е яму галаву…
А драпежнік ўсё кружыўся над галавой, усё вузей і шчыльней рабіліся кругі. Вось ён наляцеў апошні раз, ударыў Тайдо крылом і нарыхтаваўся канчаткова прадзяўбці галаву.
Сілы Тайдо ўжо скончыліся, надзея прапала.
Апошні раз узмахнуў ён рукой і… учапіўся за голую кондараву шыю; зараз жа і другая рука сашчапілася вакол яе, — і абодва ворагі паляцелі ў бяздонне…
А Кос толькі рукі падняў угору ды так і застаўся стаяць увесь скамянелы.
Кондар цяпер ужо думаў толькі аб самім сабе. Ен адчуваў, што рукі чалавека душаць яго, і стараўся вырвацца і паляцець. Ен махаў сваімі магутнымі крыламі, але цяжар чалавека няўхільна цягнуў яго галавой уніз. Вось ужо і драпежнік пачаў траціць прытомнасць, але з апошняй моцы ўсё махаў і махаў крыламі…
Калі Кос спусціўся ўніз, ён убачыў абодвух мёртвымі. Рукі Тайдо ўсё яшчэ сціскалі шыю кондара.
Але вось Тайдо заварушыўся, выпусціў шыю і расплюшчыў вочы.
З радасным крыкам кінуўся да яго Кос, прыпадняў яго і пачаў пытацца, як ён сябе адчувае.
Тайдо зусім ачуняў, пачаў мацаць сябе, але апрача крыві ля вуха, раны на спіне ды тупога болю ў баку, нічога дрэннага не адчуваў і нават сам устаў.
Дзякуючы таму, што кондар задушыўся не адразу, а ўвесь час біўся, махаў крыламі і такім чынам затрымліваў падзенне, ён апусціўся павольна. Тайдо спусціўся на ім, нібы на парашуце. Такі выпадак мог здарыцца толькі з кондарам, які настолькі вялікі і дужы, што сам нападае на альпагаў, гуанакаў, ламаў і іншых кардыльерскіх жывёл, спіхваючы іх у бяздонне*.
* Гуанака — падобны да альпагі, толькі поўсць кароткая (апрача жывата). Лама крыху нагадвае вярблюда, толькі значна меншая; ламы служаць замест коней.
Кондар ляжаў, распасцёршы свае чорныя з белымі канцамі крылы. Моцная кручкаватая дзюба, сціснутая з бакоў, была адкрыта, а адтуль высоўваўся востры язык. Асабліва непрыемны выгляд мела шыя — голая, мяснога колеру, з чырвонымі зморшчыкамі скуры па баках, а ля галавы нейкія жмуты не то пер’я, не то поўсці.
Абмыўшы раны лёдавай вадой, Тайдо зрабіўся зусім бадзёрым, і яны ўрачыста павалаклі сваю здабычу дадому.
У гэты ж самы вечар, пры святле вогнішча, адбылося ахвяраванне. Прывязалі каменні да ног кондара, каб ён пайшоў на дно, паднялі ахвяру на рукі, і Кос, нібы жрэц, сказаў прамову:
— Дух вадзяны! Уладар мора! Не скрыўдзі бедных людзей, дазволь нам пакарыстацца з тваёй гаспадаркі. А ў знак нашай пашаны да цябе прымі ад нас гэтага цара птушак, якога мы здабылі, рызыкуючы сваім жыццём.
Цікава і жаласна было глядзець, як гэтыя дзеці прыроды рабілі сваё першабытнае набажэнства. Твары выглядалі сур’ёзна, урачыста, кожны адчуваў, што адбываецца вялікі момант, ад якога залежала іх далейшае спакойнае жыццё. Вакол сурова стаялі чорныя скалы, вада была таксама чорная, таемная; агонь адбіваўся ў ёй, асвятляў ля берага, але праз некалькі крокаў было яшчэ больш таемна і жудасна. Вось заварушылася падводнае лісце: некалькі крабаў падпаўзлі, каб падзівіцца на агонь. А там, глыбей, сядзіць «ён», слухае і чакае ахвяры. Вунь там, здаецца, блішчаць яго зялёныя вочы.
Плюхнула вада, бліснулі пырскі — і ахвяра павольна пайшла на дно. Праз хвіліну ўсё сціхла, знікла, толькі ўстрывожаныя хвалькі плюскаталі ля падножжа скал.
З палёгкай уздыхнулі людзі. Кожны быў упэўнены, што пасля такога ўрачыстага ахвяравання дух не будзе рабіць ім крыўды.
І сапраўды, пасля гэтага яны шмат дзён не бачылі страшыдла і амаль што забыліся на яго.
— Я ж казаў, што ахвяра дапаможа! — задаволена казаў Кос.
…Спакойна спалі людзі на беразе, закапаўшыся ў свае скуры. Агонь пагас. Пачало світаць. Наверсе ўжо стрэльнулі праменні сонца, але тут быў яшчэ змрок.
Вось ля берага ў вадзе нешта заварушылася. Праз хвіліну з-пад вады высунулася нібы змяя, але без галавы. Мусіць, таму яна папаўзла на бераг асцярожна, няўпэўнена, вобмацкам. Усё цела яе было пакрыта нарастамі, якімі яна мацала тое, да чаго дакраналася.
Вось яна абмацала голую нагу хлопчыка і зараз жа абкруцілася вакол яе. Хлопчык праз сон уздрыгануўся некалькі разоў, але не прачнуўся. Тады з-пад вады выпаўзла, на гэты раз ужо хутка і ўпэўнена, другая змяя і абвіла другую нагу.
Хлопчык прачнуўся і закрычаў. Усхапіліся дарослыя і ўбачылі, што дзве змяі цягнуць хлопчыка ў ваду. Не доўга думаючы, Тайдо ўхапіў сякеру і перасек адну змяю.
Але ў гэты момант у вадзе нешта моцна плюхнулася, у паветры са свістам мільганула нібы пуга — і трэцяя змяя абкруцілася вакол шыі Тайдо. Спачатку ён адчуў, нібы яго апякло гарачае жалеза, а потым пачало сціскаць яго шыю.
— Кос! Сячы! — прахрыпеў Тайдо. Але Кос і без таго не драмаў. Мігам разрубіў ён гэтую змяю і думаў быў ужо ратаваць хлопчыка, як у паветры ўзвілася чацвёртая змяя. Але ад яе паспелі адскочыць. Пакруціўшыся ў паветры, яна апусцілася на хлопчыка. Абодва мужчыны кінуліся дапамагаць, але…
— Чорт! Чорт! — закрычалі жанчыны, з жахам гледзячы ў ваду. Паглядзелі туды мужчыны, і сякеры вываліліся з іх рук…
З-пад вады, вылупіўшы свае агромністыя вочы, глядзела на іх тая самая страшэнная галава, вакол якой у запасе яшчэ былі змеі.
— О дух! Пашкадуй нас! — прастагнаў Тайдо і паваліўся ніц на зямлю. Кос і жанчыны зрабілі тое самае.
А тым часам хлопчыка пацягнула ў ваду…
Праз некалькі часу два чоўны спешна выязджалі ў мора. Няшчасныя людзі павінны былі ўцякаць з найлепшага прытулку, які толькі маглі мець. Уцякаць затым, што іх ашукаў «чорт»: прыняў ахвяру, як добры, а потым вось што нарабіў*.
* «Чорт» — гэта быў так званы спрут, або васьміног (дзеля таго, што ён мае восем такіх «ног», правільней, шчупальцаў), які адносіцца да разраду малюскаў (мяккацелых). Ен часам дасягае двухсот кілаграмаў вагі, а шчупальцы бываюць да дзесяці метраў даўжыні. Васьміногі сустракаюцца ўсюды, але такія вялізныя бываюць рэдка. Яны настолькі страшэнныя і агідныя, што, здаецца, ні аб кім няма столькі апавяданняў, колькі аб гэтых васьміногах.

VIII

Чаканне. — Нгара! — Барацьба ў вадзе. — І «чорт» умяшаўся! — Смерць пад рогат. — Вандраванне з паненкай. — Спатканне са сваімі.

Манг ляжаў на беразе, але не адчуваў адпачынку. Думкі віхурай круціліся ў галаве. Ен усё хацеў адгадаць, што тут здарылася. Можа, яны выехалі часова? Але чаму тады няма будана і ніякіх рэчаў? А калі назаўсёды, дык з якой прычыны? Можа, яны загінулі ўсе? Але няўжо ўсе адразу?..
Тут ён заўважыў, што зусім у другім месцы, воддаль, ляжаць нейкія рэчы. Падышоў, паглядзеў. Вось гаршчок, але не іх, мабыць, Косаў. Вось — сякера, але яна ўжо зусім незнаёмая, нават не Косава. Вось нейкі пас, якога не меў ні яго бацька, ні Кос.
І некалькі скурак, таксама незнаёмых.
Выходзіць, што тут ужо жыве іншы гаспадар! Як гэта магло здарыцца? І хто ён ці яны? Няўжо ж яны пагубілі ўсю яго радню і самі пасяліліся? Але рэчы сведчаць, што народу тут нямнога, мусіць, не болей як два чалавекі.
Значыцца, нічога не застаецца, як чакаць і пільнаваць. І Манг прытуліўся за выступ скалы.
Чакаць прыйшлося нядоўга, бо дзень ужо канчаўся. Праз некаторы час па-за скалою пачуўся плюскат, нібы хто грабе вяслом, а яшчэ праз хвіліну паказалася і лодка. Мангу адразу зрабілася лягчэй на сэрцы, калі ён убачыў, што там сядзіць толькі адзін чалавек.
Але праз момант ён ледзь не закрычаў і не выскачыў, калі пазнаў, што гэта Нгара. Дык вось хто тут абсталяваўся! Манг пачаў нават трэсціся ад злосці. Яму здавалася, што Нгара наўмысля марудзіць, што ён ніколі не даедзе да берага.
Той тым часам павольна і спакойна пад’ехаў, выкінуў з лодкі нейкую птушку, галлё, потым, не спяшаючыся, вылез сам. Па ўсіх яго рухах відаць было, што ён адчувае сябе дома. Нават ні разу не зірнуў па баках.
Манг сцяў зубы, напружыўся і чакаў найбольш зручнага моманту, каб кінуцца на ворага. Нгара падышоў да вогнішча, схіліўся, памацаў попел. Відаць, ён быў яшчэ гарачы, бо Нгара падкінуў сухой травы і пачаў дзьмуць.
Гэта і быў самы зручны момант для Манга. Але ў апошнюю хвіліну ён змяніў план. Замест непасрэднай барацьбы ён надумаў зрабіць так, як тады Нгара зрабіў з ім, гэта значыць, захапіць кану.
Як тыгр, папоўз Манг да чоўна. Быў ужо змрок, ды і без гэтага Нгара быў так заняты сваёй справай, што яму не магло прыйсці ў галаву азірацца назад. Азірнуўся ён толькі тады, калі пачуў шум ля чоўна. Убачыўшы ў чоўне Манга, ён вачам сваім не мог даць веры. Адкуль? Якім чынам? Ці не з таго свету з’явіўся?
— Ну, Нгара, — злосна сказаў Манг, адапхнуўшыся ад берага, — цяпер мая чарга пажадаць табе ўсяго лепшага. Падзякуй толькі, што я не забіў цябе, як пінгвіна.
Голас Манга паказаў Нгару, што ўсё гэта сапраўднасць. Злосць і роспач сціснулі яму горла, і, нядоўга думаючы, ён кінуўся за Мангам у ваду. Манг гэтага зусім не чакаў. Ен паспеў ад’ехаць толькі некалькі крокаў, і Нгара адным махам дасягнуў яго, учапіўся за край чоўна і перакуліў яго разам з Мангам. Хоць ні аб чым іншым цяпер нельга было думаць, але Манг уздрыгануўся ад непрыемнага адчування, калі ногі яго заблыталіся ў слізкім галлі падводнага дрэва.
Завязалася барацьба не на жыццё, а на смерць.
Нгара быў дужэйшы за Манга. Яму адразу ўдалося ўхапіць Манга ззаду і занурыць яго ў ваду. Становішча Манга зрабілася зусім дрэнным. Калі ён не вызваліцца ў той жа момант, то загіне. Але ж затое ён меў і перавагу — капітанскі кінжал. Ен выхапіў яго, але не мог як след размахнуцца, бо Нгара трымаў яго ззаду за плечы. А вада тым часам пачала душыць, набірацца ў нос.
Раптам Манг пачуў, што Нгара дзіка закрычаў і выпусціў яго. Манг высунуў галаву і ўбачыў, што вакол Нгара абкруцілася змяя. Не паспеў Манг апамятацца, як адчуў, што і яго нагу апякло і сціснула. Манг схіліўся і адным махам адрэзаў змяю сваім вострым кінжалам, потым вынырнуў і ўчапіўся за човен.
Нгара тым часам круціўся, каб вызваліцца ад сваёй пятлі. Ен таксама трымаўся за човен і ўжо не звяртаў увагі на свайго ворага. Трэба сказаць, што і Манг забыўся на ўсё і думаў толькі аб гэтай новай бядзе, хоць цяпер і мог ужо забіць свайго ворага. Замест гэтага ён пусціўся ўцякаць да берага.
Не паспеў ён адплысці, як адчуў, што тая самая змяя зноў абхапіла яму нагу. І на гэты раз ён вызваліўся ад яе з дапамогай свайго корціка, а вакол Нгары тым часам абвілася другая змяя.
Нгара бачыў у руках Манга нож, бачыў, як лёгка Манг вызваляе сябе, і пачаў прасіцца:
— Братка, вызвалі мяне, я табе ўсё аддам!
— Дурны! — злосна ўсміхнуўся Манг. — Што ж ты мне аддасі, калі я і без цябе магу ўсё забраць.
І хутка паплыў да берага. Там сеў спакойна і пачаў здзекавацца з небаракі:
— Ты ж бачыш, што я мог цябе забіць, але не хачу пэцкаць свайго прыгожага нажа. Хай лепш цябе задушаць гэтыя змеі. Вось так, вось так! Го-го-го! Дарэмна ты радаваўся, што мяне няма на свеце.
А змеяў гэтых абкруцілася ўжо тры. Цяпер справа пайшла хутчэй. Пад смех Манга Нгара апускаўся ўсё глыбей і глыбей і нарэшце з жудасным крыкам знік пад вадой. Толькі бурбалкі сведчылі, што там адбываецца трагедыя.
Калі ўсё скончылася, Манг выбраў доўгую галіну, зачапіў човен, падцягнуў да берага, выцягнуў яго, упарадкаваў і выехаў у мора.
Было ўжо зусім цёмна. Пасля ўсяго таго, што ён перажыў, было неяк дзіўна думаць, што там яго чакае нейкая Белая Птушка. Здавалася, што гэта было даўно-даўно, а мо і зусім не было. Мо ніякай Птушкі і няма?..
А дзяўчына ўсё стаяла на скале. Даўно ўжо скамянела сэрца; даўно ўжо здранцвела цела, а разам з ім і думкі; даўно ўжо яна шаптала сама сабе, што ўсё скончана, што надзеі няма, — а між тым не адводзіла вачэй ад таго боку, куды паплыў Манг, увесь час прыслухоўвалася, ці не чуваць яго, увесь час інстынкт суцяшаў: а можа, прыедзе?
І вось аднекуль з мора даляцеў крык, доўгі, бадзёры. Затрапяталася паненка ўсёй сваёй істотай, — ці не Манг дае знаць, што едзе? А можа, не?..
О каб гэта быў ён, мілы, родны Манг! За ўсё сваё жыццё яна нікога так не чакала, нікога так не жадала бачыць, як цяпер гэтага дзікуна «людаеда». У гэты момант ён здаваўся ёй лепшым ад усіх яе знаёмых лордаў, сэраў, містэраў і іншых франтаў.
Данёсся новы вясёлы крык, потым плюскат, зачарнеўся човен, і пад’ехаў Манг. Напружаныя нервы не вытрымалі, слёзы радасці паліліся з дзявочых вачэй, і яна павалілася Мангу на рукі.
Праз гадзіны дзве яны былі «дома», у пакінутай бухце.
На другі дзень надвор’е сапсавалася, і нельга было ехаць далей. Трэба было чакаць. І чаканне гэтае цягнулася цэлы тыдзень.
Хоць тут было лепш, цішэй, як там, на востраве, ды і некаторыя хатнія рэчы былі, але дзяўчыне здавалася, што гэты непрыемны, нудны тыдзень быў горшым за ўсё папярэдняе. Нарэшце скончыліся і гэтыя дні. Паехалі далей на поўдзень.
Вось і Магеланава пратока. Дзяўчына пазнала месцы, дзе яна нядаўна праязджала. Яна думала, што яны тут будуць чакаць парахода, але Манг накіраваўся далей на поўдзень. Паненка пачала паказваць, каб ён спыніўся. Манг паслухаў яе, прыпыніў човен, пастаяў, а далей што?
Дзяўчына рознымі спосабамі пачала тлумачыць, што тут павінен ісці параход і што трэба пачакаць. Манг прыслухаўся, прыгледзеўся, заматаў галавой, што ніякага парахода няма, і накіраваўся далей. Дзяўчына заспрачалася, раззлавалася, расплакалася, адным словам, адбылася «сямейная сварка».
Манг не ведаў, што рабіць. Зноў спыніліся, пастаялі. Дзяўчына напружана глядзела ва ўсе бакі і, здавалася, чакала, што вось-вось з’явіцца карабель.
Манг сядзеў і чакаў, што будзе далей.
— Ну, як жа тут стаяць? — пачаў тлумачыць ён па-свойму. — Можа, кану белых з’явіцца праз месяц.
Але гэтых слоў яна не магла зразумець. Яна ведала толькі, што гэта ёсць апошняя надзея сустрэць карабель. Калі яны ад’едуць ад гэтага гасцінца, дык, можа, ніколі ўжо не сустрэнуць.
Пачакаў крыху Манг і зноў пасунуўся. Зноў дзяўчына запратэставала.
Манг як толькі мог пачаў тлумачыць і паказваць, што стаяць тут нельга і што яны будуць прыязджаць сюды, каб чакаць параход.
Яна і сама добра ведала, што стаяць тут увесь час немагчыма, але чаплялася за надзею, як тапелец за саломіну. А можа, праз хвіліну з’явіцца параход? А што калі ён пакажацца адразу, як толькі яны ад’едуць адсюль?
Правалаводзіўшыся такім чынам з гадзіну, паехалі ўсё ж такі далей. Яна хацела прыпыніцца дзе-небудзь тут недалёка, але Манг не паслухаўся. Зноў пачаліся крыкі, папрокі, слёзы. Мангу ўсё гэта ўжо абрыдла, і ён спакойна ехаў сабе далей.
Пайшлі знаёмыя вуліцы, дамы, вось і вадаспад пыліцца, вось і «дзядзінец», куды яны калісьці схаваліся ад кіцянят; як і раней, ззяюць снегавыя вяршыні,— усё знаёмыя, мілыя сэрцу вобразы, усё прыгожае, прыемнае, прытульнае, як гэта здаецца кожнаму, хто пасля доўгага расставання прыязджае на радзіму.
А для яго спадарожніцы ўсё гэта здавалася мёртвым, дзікім, непрытульным.
«Куды ён мяне вязе? — з трывогай думала яна. — Вось калі дзікун паказаў свой сапраўдны твар! Вось дзе прыйдзецца мне загінуць!»
А тут акурат натрапілі на цэлую сям’ю такіх самых людзей у чоўне. Убачыўшы Манга ў капітанскім адзенні і з ім белую жанчыну, яны ад здзіўлення так пачалі крычаць ды махаць рукамі, што дзяўчына канчаткова пераканалася, што ёй прыйшоў канец.
Але пасля перагавораў з імі Манг павярнуў налева і паехаў на ўсход, пакінуўшы землякоў з разяўленымі ратамі.
Чым далей ад’язджалі ад акіяна, тым большыя і ніжэйшыя былі астравы. Пачала з’яўляцца трава, дрэвы. Там, далей, на ўсходзе, ёсць і лясы, і лугі, але жыве там моцнае ваяўнічае племя «oна». Гэтыя «oна» — дужы, злы народ; яны здаўна ўжо выпхнулі мірных фуіджы на бясплодныя заходнія скалы і не пускаюць іх назад.
Два дні ехалі на ўсход і на трэці дзень апаўдні ўбачылі два чоўны. Гэта былі Тайдо і Кос. І тут яны размясціліся нядрэнна. Бераг быў невысокі, даступны і лясісты. Пад дрэвамі была пабудавана з галля будка, праўда, нязграбная, але ўсё ж такі будынак.
Уся калонія замітусілася і занепакоілася, калі ўбачыла човен з нейкімі дзіўнымі людзьмі. Нават калі Манг пад’ехаў блізка і гукнуў, яны ўсё яшчэ не маглі даць веры, што гэты чалавек у дзіўным убранні ёсць Манг. Ды яшчэ з ім і незвычайная дзяўчына.
Як бы там ні было, аднак, калі ён зусім пад’ехаў і вылез на бераг, яны пераканаліся, што гэта іхні Манг. З неўразуменнем і нейкай бояззю падышла радня да Манга, увесь час пазіраючы на лодку, дзе сядзела дзяўчына, якая баялася вылезці на бераг.
Пачаліся роспыты, што і як адбылося за гэты час. Манг расказаў пра свае прыгоды, з жалем пачуў пра смерць свайго браціка.
— А навошта табе гэта? — сказаў, нарэшце, бацька, паказваючы на дзяўчыну ў чоўне. — Што ты з ёй будзеш рабіць?
— Не ведаю, — адказаў сын. — Трэба будзе як-небудзь перадаць яе белым.
Стары паківаў галавой.
— Нам самім няма чаго есці, а тут яшчэ з ёю важдайся, — нездаволена сказаў ён.
— А што ж было рабіць? — апраўдваўся сын. — Няўжо ж трэ было даць ёй загінуць або кінуць яе ў мора?
— А хоць бы і так! — адказаў Тайдо. — Што нам да іх?
Кос стаяў побач, скоса пазіраў на прыезджую і, відаць, згаджаўся з Тайдо.
А міс Грэт сядзела ў чоўне і чакала вырашэння свайго лёсу. Яна бачыла, што гутарка ідзе аб ёй, і была ўпэўнена, што нарада ідзе аб тым, якім спосабам яе забіць і з’есці.
«Дык вось дзеля чаго гэты дзікун стараўся выратаваць мяне…» — з прыкрасцю думала яна, пільна сочачы за Мангам. А разам з тым мімаволі з’яўлялася і надзея: а можа, ён не дасць?
Нарэшце Манг звярнуўся да яе, запрашаючы вылезці на бераг. Са сціснутым сэрцам вылезла яна і села воддаль на траве. Людзі абступілі яе і пачалі дзівіцца, нават краталі яе адзенне, якое, сказаць дарэчы, не мела нічога агульнага з ранейшым — было бруднае, парванае.
Больш за ўсё цікавіліся ёю жанчыны, і гэты ўважлівы агляд быў больш непрыемны для дзяўчыны, як агляд мужчын. Яна адразу адчула сябе яшчэ больш няшчаснай і бездапаможнай. Нават Манга цяпер яна пачала баяцца. Ен здаваўся ёй ужо чужым, далёкім, зусім не слугой, як раней.
Нанач адвялі ёй куток у будцы побач з жанчынамі, і гэтая ноч пад страхой сярод людзей была для яе горшай, як раней пад адкрытым небам.
Няёмка адчувалі сябе і добрыя гаспадары ў прысутнасці гэтай госці, якая нібы з неба звалілася да іх. Здавалася, што ў іх жыццё ўціснулася нешта чужое, непатрэбнае, з якім немаведама што рабіць.
Асабліва цяжка было з харчаваннем. І без гэтага ад дзяўчыны засталіся толькі скура ды косці. Больш як месяц не бачыла яна ані кавалка хлеба, нават плада якога. Праўда, яна некалькі прызвычаілася да чарапашак, ракаў, рыбы, але апрача таго, раней яна яшчэ загадвала Мангу зрабіць тое ці гэтае.
Цяпер неяк выйшла, што распараджацца і загадваць яна ўжо не магла, а сам Манг чамусьці адчуваў, што тут, у сям’і, ён не можа так клапаціцца і дагаджаць выключна ёй адной, як гэта было раней.
Ужо на другі дзень пачалася нарада між Косам і Тайдо па гэтай справе. У Коса была яшчэ і свая думка, якая не давала яму спакою.
— Вось што, Тайдо, — сказаў ён сур’ёзна, — ці не думае Манг пакінуць гэтую рыбіну сабе за жонку? Тады парушыцца наша ўмова. Мы ж пашылі яму кану.
— Я і сам гэтага баюся, — пахмура адказаў Тайдо, — але ж Манг сказаў, што ён перадасць яе белым.
— Калі яшчэ гэта будзе, а пакуль што яна тут зусім лішняя. І навошта нам клапаціцца аб ёй? Хай сабе ідзе на ўсе чатыры бакі.
— Манг не згодзіцца яе выгнаць, — сказаў Тайдо. — Ен яе шкадуе; апрача таго, ён думае праз яе пазнаёміцца з белымі.
— Ды гэта зусім і не патрэбна! — адказаў Кос.
— І я так лічу, але што ж ты зробіш, калі ён моцна ўбіў гэта сабе ў галаву?
— Тады можам аслабаніць яго ад клопату, — прапанаваў Кос, — возьмем яе ды і адвязём на які-небудзь востраў. Хай сама сабе шукае дарогі. А Манг тады ажэніцца з Мгу і зажыве, як усе добрыя людзі.
Тайдо прызнаў, што думка досыць разумная. З гэтымі белымі Манг можа зусім адбіцца ад дому. Сам Тайдо старэе. Малодшы сын загінуў, і можа здарыцца, што ў сям’і зусім не застанецца апоры.
А Манг тым часам думаў пра далейшае падарожжа. Міс Грэт нерашуча звярнулася да яго, паказваючы, каб ехаць, і была вельмі ўзрадавана, калі ён ахвотна заківаў галавой у знак згоды.
У той жа дзень Тайдо і Кос загадалі, каб Манг і ўсе жанчыны, апрача белай, пайшлі ў лес па ягады.

ІХ

У лесе. — Oна! — Гуанака падвёў.— Адступленне. — Знікненне Белай Птушкі.— Зноў Манг выратаваў.— Карабель. — Урачыстая сустрэча «капітана Манга».

Гэты бераг можна было лічыць мяжой, за якой пачыналіся лясныя абшары. Чым далей на ўсход, тым багацей рабіліся лясы. А сярод іх уздымаліся снегавыя горы.
Хоць гэты край знаходзіцца і досыць далёка ад экватара (пяцьдзесят пяць градусаў), але большасць дрэў і кустоў зелянеюць увесь год. Часцей за ўсё сустракаецца бук — невялікае дрэва з дробным жорсткім, але пахучым лісцем. Звычайна ўсё лісце змяшчаецца па канцах галін, і здалёк такі бук нагадвае італьянскую хвою.
Асабліва ж радуе вока магнолія з бліскучым, нібы тлустым, лісцем. Прыгожа выглядаюць сярод зеляніны белыя кветкі, нібы нашы балотныя лілеі. Кара гэтага дрэва ўжываецца тут як лякарства супраць розных хвароб.
Сям-там упоперак дарогі ляжалі вялізныя дрэвы, што паваліліся ад старасці. На іх зараз жа накінуліся і абляпілі з усіх бакоў чужаедныя расліны — мох, лішайнік, розныя нарасты і, паміж іншым, грыбы. Гаспадыні не абмінулі гэтых грыбоў і набралі ў свае торбы.
Але ж затое ўсю справу псуе калючы хмызняк — «калафата». Колькі пацярпелі нашыя падарожнікі ад яго калючых шыпоў! Нават праз гэта хацелі вяртацца назад, але Манг хутка вывеў усіх на шырокую светлую паляну, дзе ўжо натрапілі на ягады, падобныя да нашай маліны.
Пакуль жанчыны збіралі ягады, Манг, як адказны начальнік атрада, адышоў далей, каб паглядзець, ці няма дзе якой небяспекі. Прайшоўся глыбей у лес, завярнуўся направа — і раптам заўважыў, што над лесам уздымаецца дымок.
Манг спыніўся і задумаўся. Што рабіць? Ці бегчы назад, папярэдзіць жанчын і ўцякаць разам з імі, ці спачатку даведацца, што там такое? Нарэшце ён выбраў апошняе, бо сорамна было ўцякаць немаведама ад чаго. І ён пачаў красціся наперад.
Доўга ён пасоўваўся, як цень, пакуль убачыў прасвет, праз які ўжо было відаць вогнішча і постаці людзей. Потым лёг на зямлю і пачаў паўзці. Праз некалькі мінут ён ужо мог разгледзець чатырох мужчын, якія сядзелі ля вогнішча на беразе ручая. Гэта былі oна.
Хоць Манг раней і не сустракаўся з імі, але пазнаў іх з бацькавых расказаў, якія ён чуў з маленства. Такімі ён сабе і ўяўляў іх: высокімі, дужымі, суровымі. На бронзавае цела была накінута шырокая накідка, пашытая са шкур гуанака, лісіцы і пацукоў, а побач ляжалі лукі, стрэлы, пікі.
Хоць стаяў дзень, цішыня была незвычайная, бо ў гэтых лясах амаль зусім няма лясных птушак, а таксама жукоў, мух і іншых казюлек, якія так гудуць у нас. Гэта дало Мангу мажлівасць пачуць некалькі слоў з гутаркі людзей. Але зразумець усяго ён не мог, бо ў oна свая, асобная мова. У кожным разе, досыць было таго, што Манг пачуў слова «фуіджы» і ўбачыў некалькі злосных рухаў у бок берага. Значыцца, гаворка ішла аб іх і не абяцала нічога добрага.
Раптам ззаду ад Манга пачуўся шолах, трэск, тупат. Манг азірнуўся і ўбачыў гуанака. Ен належыць да той самай пароды, што і альпага, але адрозніваецца кароткай поўсцю, даўгой тонкай шыяй, даўгой рассечанай верхняй губой і вялікімі вушамі.
Гэты шум таксама пачулі і oна. Яны схапілі сваю зброю і ціхенька папаўзлі… прама на Манга.
Манг абамлеў. Уцякаць было дарэмна: яны ўсё роўна дагоняць яго. Хавацца было позна: самы нязначны рух выкрые яго. Адным словам, гэты пракляты гуанака загубіў яго.
А oна тым часам набліжаліся. Ляжаць на месцы і чакаць, пакуль на яго натрапяць, было немагчыма, і Манг як мага цішэй пасунуўся ўбок. Гуанака між тым быў зусім блізка ад яго. Убачыўшы чалавека, жывёла спалохалася і кінулася ў другі бок. Гэта і выратавала Манга.
Уся ўвага oна накіравалася на жывёлу. Яны кінуліся за ёй, а праз некаторы час, убачыўшы, што гнацца дарэмна, вярнуліся назад. А Манг тым часам пастараўся борздзенька знікнуць.
Далучыўшыся да сваіх, ён зараз жа павёў іх дадому.
Але там нікога не было: ні бацькоў, ні белай дзяўчыны. Не хапала і аднаго чоўна. Значыцца, яны на ім паехалі. Але куды? Чаму?
— Можа, тут ужо былі гэтыя oна? — з жахам сказала маці.
— Не, — супакоіў Манг, — тады ўсё было б забрана і разбурана, а цяпер, бачыш, нават кану засталіся. Бяда толькі ў тым, што часу нельга марнаваць. Ці хутка яны вернуцца?
Кожную мінуту можна было чакаць ворагаў. Жанчыны пачалі ўжо зносіць рэчы ў пакінутыя два чоўны.
Нарэшце з-за заварота паказаўся човен, але ў ім сядзелі толькі Тайдо і Кос.
Манг пачаў трывожыцца. Што магло здарыцца з дзяўчынай? Дзе яна?
— Хутчэй! Хутчэй! — крычалі з берага жанчыны. — oна! oна!
Гэтыя словы ўстрывожылі мужчын. Пад’ехаўшы, яны зараз жа пачалі пытаць, у чым справа, але Манг замест адказу запытаў, дзе дзяўчына.
— Не ведаем, — адказалі яны. — А дзе і колькі oна вы бачылі?
— Чатыры чалавекі, на адлегласці дзвюх гадзін, — казаў Манг. — А дзе была Белая Птушка, калі вы паехалі?
— Мы яе тут пакінулі,— сказалі мужчыны. — Ці не заўважыў ты, якія намеры яны маюць?
— Відаць, варожыя, бо грозна казалі слова «фуіджы», — адказаў Манг. — Можа, бачылі вы, у які бок яна пайшла?
— А на якое ліха яна нам здалася! — крыкнуў раззлаваны Тайдо. — Тут для нас больш сур’ёзная справа: тут усім нам пагражае небяспека. Гэтыя паганыя oна спрадвеку занялі найлепшыя месцы і сцерагуць іх, як каршуны, нават і тады, калі і самім ім не патрэбны. Каб мы былі разумнейшыя ды сабраліся ўсе разам…
— Ну, не храбрыся, Тайдо, — перабіў Кос. — Калі яшчэ гэта будзе, а пакуль што нам самім трэба хутчэй ехаць.
— А я не паеду, — абвясціў Манг.
— Што! — вылупіў вочы бацька. — Чаму? Што ты тут будзеш рабіць?
— Шукаць Белую Птушку, — спакойна адказаў Манг.
— Дурны! Што ты адзін зробіш? Цябе oна заб’юць!
— Аднаму яшчэ лепш. Я схаваю кану ў гушчары, а сам буду чакаць, пакуль яна прыйдзе, а калі не прыйдзе, знайду яе.
Тайдо і Кос зірнулі адзін на другога і паціснулі плячыма.
— Ды навошта яна табе? — зноў сказаў Тайдо.
— Я яе выратаваў ад смерці і абяцаў адвезці да белых. Шкада будзе, калі яна загіне ў апошнюю хвіліну. Нядобра будзе так пакінуць яе, нават не паспрабаваўшы выратаваць.
— А можа, яна наўмысля ўцякла ад нас? — сказаў Кос.
— Гэтага не можа быць, — упэўнена адказаў Манг. — Белая Птушка занадта слабая і далікатная для такой справы.
Трэба дадаць, што Манг шкадаваў сваю «птушку», як дзіцяня шкадуе сваю ляльку ці іншую прыгожую цацку. Рэч была такая рэдкая, прыгожая і цікавая ў іх жыцці, што задарма губляць яе было шкада. А калі прыняць пад увагу, што праз яе ён спадзяваўся ўвайсці ў зносіны з белымі, дык тады ўжо зусім варта было рызыкнуць.
Тым часам зборы ў дарогу былі скончаны. А Манг пачаў цягнуць сваю кану на бераг.
Тайдо і Кос убачылі, што Манг не жартуе, што ён сапраўды застаецца. Сваёй «птушкі» ён тут не знойдзе, а толькі сам напэўна загіне. Значыцца, уся іхняя справа дасць зусім не тыя вынікі, на якія яны спадзяваліся. Крыху параіўшыся, яны прыйшлі да пераканання, што прыйдзецца сказаць Мангу, дзе знаходзіцца яго «птушка».
— Вось што, Манг, — сказаў тады Тайдо, — белай дзяўчыны ты тут не знойдзеш. Па яе жаданню мы адвезлі яе бліжэй да шляху белых і пакінулі там на адным востраве.
— Дык яна ж загіне там! — ускрыкнуў Манг.
— Можа, хто-небудзь падбярэ, — сказаў Кос, гледзячы ўбок.
— Я тады сам адвязу яе! — горача сказаў Манг. — Дзе яна?
— Сядай у кану, мы табе пакажам.
І тры чоўны паехалі ў той бок, адкуль толькі што вярнуліся Тайдо з Косам. Не даязджаючы да вострава, дзе была пакінута дзяўчына, Тайдо спыніўся і сказаў Мангу:
— Вунь тамака яна, за той скалой. Едзь сабе далей адзін, забірай сваю «птушку» і вязі яе на шлях белых. Вяртайся хутчэй назад. Мы будзем ля Вострава Пінгвінаў.
Манг паехаў далей адзін.
…Калі Манг з жанчынамі пайшлі ў лес, да міс Грэт падышлі Тайдо і Кос і на мігі пачалі казаць, што ёй трэба ехаць туды, да белых. Яны нават паказалі, як ідзе і гудзе параход. Сэнс іх размовы яна ўразумела, але толькі вельмі здзівілася, чаму гэта робяць яны, а не Манг, ды яшчэ ў адсутнасць Манга.
Яна інстынктам адчула, што справа тут нячыстая, і пачала адмаўляцца. Тады мужчыны гвалтам пасадзілі яе ў лодку. Цяпер ужо зусім было ясна, што яе вязуць на смерць. Яна пачала вырывацца, плакаць, крычаць, але ёй запхнулі рот. Нарэшце яна выбілася з сіл, самлела, і ў такім стане яе давезлі да невялічкага астраўка і высадзілі на бераг.
Калі яна крыху ачуняла, то ўбачыла, што ляжыць адна на беразе пад скалой. Зараз жа прыпомнілася ёй, як яна стаяла тады на скале. Таксама надыходзіў вечар, таксама гола было навокал, таксама спакойна плюхалася мора, таксама наперадзе была смерць. Толькі на гэты раз не было ўжо надзеі, што прыедзе Манг…
І вось, нібы праз сон, убачыла яна човен, а ў ім капітанскі мундзір.
— Манг?! — крыкнула дзяўчына шчаслівым голасам, працягнула рукі і засмяялася.
Усміхнуўся і Манг, але потым з дакорам вымавіў:
— Чаму Белая Птушка ўцякла ад Манга? Ен сам павёз бы яе да белых. А так ты загінула б тут!
Як здзівілася б дзяўчына, каб магла зразумець, што ён кажа! Але досыць было таго, што яна зноў выратаваная і на гэты раз напэўна паедзе насустрач караблю. Манг выразна паказаў, што яны не паедуць назад да бацькоў, а накіруюцца туды, на шлях белых.
Пацягнуліся дні бадзяння па Магеланавай пратоцы. Дні больш цяжкія і галодныя, як раней, бо нельга было адлучацца ад дарогі, каб пашукаць лепшага месца і спажывы. А навакол голыя і непрытульныя скалы. Пяць дзён прыйшлося правесці ў чоўне.
Але ж затое кожны дзень быў поўны надзеі. Тут ужо сапраўды можна сказаць, што дзяўчына ўсе вочы праглядзела, чакаючы карабля. Не адставаў ад яе і Манг. Вось, здаецца, за скалой забялеўся парус або дым. Сэрца дзяўчыны гатова выскачыць з грудзей. Але гэта ўзляцелі птушкі… Вось далёка нешта зачарнелася, плыве. Але гэта, — і не вельмі далёка, — плыве такая самая кану нейкага фуіджынца… І гэтак з рання да вечара дзень за днём. Нават уначы прыходзілася пільнаваць, хоць караблі звычайна і ўхіляюцца плысці ўначы праз Магеланаву пратоку.
На шосты дзень на гарызонце сапраўды задыміўся параход. Ці можна апісаць, што адчула міс Грэт? Пагражала нават небяспека, што яна сканае ад разрыву сэрца. Нельга было сказаць, што больш хвалявала яе: ці радасць сустрэчы, ці жах, што яны не патрапяць, што карабель абміне іх, як мінулы раз. Але цяпер яны ўжо мелі досыць часу, каб стаць акурат на дарозе.
Карабель набліжаўся. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Для большай упэўненасці яна адарвала рукаў сваёй і без таго парванай сукенкі і пачала ім махаць.
Але там раней праз біноклі заўважылі незвычайных пасажыраў: нібы еўрапейскую жанчыну, падобную да дзікай, і дзікуна, апранутага ў еўрапейскае адзенне.
Вось карабель прыпыніўся. Спусцілі сходні. Каля борта згрудзілася зацікаўленая публіка. Ля волата-карабля бездапаможна гайдалася муха-лодка. З вялікай цяжкасцю Манг накіраваў яе да сходняў. Белая Птушка ўчапілася за вяроўкі і палезла ўгару.
У Манга аж дух заняло, калі ён падняў галаву і зірнуў на гэтую будыніну. Што ж павінна быць там, у сярэдзіне? Ці дазволяць і яму ўзлезці і паглядзець?
Агульная ўвага, спачуванне і цікавасць сустрэлі дзяўчыну на караблі, але не меншай увагай карыстаўся і фацэтны дзікун у капітанскім мундзіры.
— Гляньце, які капітан! Ха-ха-ха!
— Хоць і без майткаў!
— Ах, які ён цікавы! — пляскалі рукамі пані і паненкі.
А Манг не ведаў, ці лезці яму адразу, ці не. Ды і боязна неяк. Тут ён убачыў, што Белая Птушка схілілася зверху, ласкава смяецца і ківае яму галавой.
— Мой добры Манг! — казала яна. — Дзякую табе! Бывай здаровы і шчаслівы! Выбачай, што нічога не маю, каб цябе ўзнагародзіць.
Пачуўшы гэтыя словы, публіка з парахода пачала кідаць яму розныя рэчы. Але, на дзіва, Манг не кінуўся за імі: ён падумаў, што Белая Птушка ласкава запрашае яго, асмялеў і ўхапіўся за сходні.
— І ты хочаш ехаць? — сказала дзяўчына. — Ну, добра. Я буду вельмі рада, мой верны Манг.
І, звярнуўшыся да капітана, яна сказала:
— Дазвольце і яму сесці. Мы заплоцім за праезд. Гэты чалавек выратаваў мяне ад смерці.
Зразумела, капітан згадзіўся, — і праз мінуту на палубе сярод шырокага кола пасажыраў з’явіўся Манг у сваім убранні…
Не кожны артыст мог бы пахваліцца такім поспехам, які спаткаў Манга. Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал і цяснін.
А Манг стаяў пасярэдзіне, апусціўшы рукі, неяк крыва ўсміхаўся і не ведаў, на што дзівіцца: ці на фацэтных людзей у незвычайным адзенні, ці на дзіўнае абсталяванне, ці на страшную трубу з дымам, ці на ўздрыгі і грукат кану-звера, які пачаў ужо рухацца наперад.
— Ахвярую капітану Мангу нехапаючую частку адзення! — крыкнуў адзін вясёлы паніч і праз хвіліну прынёс яму… нагавіцы. Уздзелі іх і зноў пакаціліся ад смеху. Сярод аднастайнай, нуднай дарогі гэтае здарэнне прынесла людзям некалькі мінут забавы. А потым забыліся на гэта і зноў пачалі нудзіцца.
Пратока апусцела. Як і раней, плюхалася вада, як і раней, моўчкі стаялі суровыя чорныя скалы, як і раней, ніякіх слядоў чалавека.
Толькі сярод вады сіратліва хісталася кану. На сподзе яе курылася галавешка, побач валяліся скуры і вытыркаліся вясло і піка.
У паветры прарэзліва крыкнула чайка, пакружылася над чоўнам, некалькі разоў праляцела над ім так нізка, што нават дакранулася крылом, а потым спакойна ўселася на краі…

X

Праз чатыры гады (Пасляслоўе)

На адной з лепшых вуліц Лондана стаіць вялікі рэстаран «Касмапаліт».
Шмат прахожых спыняецца ля акон, каб падзівіцца на пышнае, багатае абсталяванне, асабліва ж на тых людзей, што абслугоўваюць у рэстаране. Сярод сотні афіцыянтаў нельга ўбачыць і двух, якія належалі б да адной нацыі. Здаецца, увесь свет сабраўся, каб служыць англійскім капіталістам. Не толькі беднаму, але і сярэдняга дастатку чалавеку нельга было і думаць наведаць гэты палац, дзе адна жабіная лапка каштавала два рублі золатам. Але нягледзячы на гэта народу заўсёды было поўна.
Кожную хвіліну бясшумна пад’язджалі аўтамабілі, і адтуль выходзілі вясёлыя, шчаслівыя людзі. Вось пад’ехала кампанія з двух маладых мужчын і адной жанчыны. Адзін з мужчын быў цывільны, у цыліндры, з маноклем, другі — у форме флоцкага ваеннага афіцэра. Жанчына была прыгожая, гадоў дваццаці двух, з тонкім далікатным тварам і блакітнымі вачыма. Людзі ўвайшлі ў сярэдзіну і спыніліся ў вялікай зале, дзе на эстрадзе выступалі афрыканскія танцоркі, а музыка даносілася аднекуль зверху. Навакол гула гаворка, час ад часу раздаваліся стрэлы коркаў з бутэлек.
Зараз жа падскочыў негр і схіліўся, чакаючы загаду.
— Шампанскага і амараў*, — загадаў афіцэр.
* Марскія ракі.
— Не, пачакайце, — спыніла жанчына, — паклічце лепш Манга. Хай ён падае.
— Слухаю! — сказаў негр і пабег назад.
— Я, сястрыца, баюся, што вы пачастуеце нас вашымі ўлюбёнымі стравамі: слімакамі, чарвякамі і іншымі ласункамі. Можа, ты ўжо занудзілася па іх? — сказаў цывільны.
Грэт засмяялася і паківала яму пальцам:
— Пачакай, можа, і табе калі-небудзь прыйдзецца жывіцца такімі стравамі!
— Не, — адказаў брат, — калі ўжо не будзе чаго есці, дык я тады хоць хлеба з маслам з’ем.
Тым часам падыходзіў Манг. Хоць зусім інакшы выгляд ён меў, хоць на ім быў дасканалы сурдутны гарнітур, але ўсё ж такі кідалася ў вочы, што гэтае ўбранне не пасавала да яго. Нізкі рост, даўгія рукі, тонкія ногі, агульны выгляд і рухі — уся гэтая спадчына яго папярэдняга жыцця давала сябе адчуваць.
Калі ён убачыў сваю Белую Птушку, такую прыгожую, чыстую, у пекным шэрым адзенні, і разам з тым такую чужую, далёкую — ён не мог даць веры, што калісьці яны былі так блізка адзін ля аднаго. Але вобразы самі паплылі перад яго вачыма: вось ён яе выратоўвае з мора, вось яны на скале, потым у бацькоў, потым пяць дзён у чоўне…
— Гэй ты, малпа! Падай рому! — пачуў ён ля сябе п’яны голас.
Манг азірнуўся і ўбачыў п’янага пана, які ўтаропіўся на яго бычынымі вачыма.
— Выбачайце! — сказаў Манг. — Я заняты.
— Што?! — гыркнуў пан і стукнуў кулаком па стале. — Хіба я не бачу, што ты ідзеш з пустымі рукамі?— І ён зноў стукнуў кулаком так, што шклянкі зазвінелі.
Падскочыў старшы служачы:
— Выбачайце, пан! Чым пан нездаволены?
— Што ж гэта ў вас тут робіцца, га? — зароў той. — Паназбіралі малпаў з усяго свету, а служыць не навучылі: ідзе з пустымі рукамі і адмаўляецца, калі яму загадваюць. Гэта ж…
Ледзь уціхамірылі яго. Але да службовай характарыстыкі Манга далучылася новая пляма…
Манг падышоў да стала Грэт і пакланіўся. Абодва мужчыны пачалі пільна прыглядацца да яго.
— Дык вось які ён! — прамармытаў ваенны.
— Ну, як жывеш, Манг? — пачала Грэт. — Як ідзе служба?
— Дзякую, міс. Служу, як магу.
— А я цяпер ужо не міс, а містрыс*. А гэта мой муж, капітан ваеннага карабля.
* Міс — паненка, містрыс — пані.
— Відаць, такі ўжо лёс твой, сястрыца, што галоўныя моманты твайго жыцця звязаны з капітанамі.
— Дзякую за параўнанне! — нездаволена буркнуў муж.
— Не абражайся, Джэк, — казаў далей брат, — ён жа ж быў не ваенны, а цывільны капітан.
Манг стаяў і сарамліва ўсміхаўся. Ен добра памятаў «урачыстую» сустрэчу на караблі.
— А што, Манг, ці не хацеў бы ты вярнуцца дахаты? — пыталася далей Грэт.
— Не ведаю, — адказаў Манг, падумаўшы. — Наведацца, у кожным разе, хацелася б.
— А мы з табой, мусіць, ужо не скора ўбачымся. Я сёння ўначы выязджаю з мужам у Індыю.
Хоць і без гэтага Манг бачыў яе за чатыры гады разы са тры, але ўсё ж яму зрабілася сумна. Адзінокі ў гэтым чужым шматмільённым горадзе, ён усё ж такі адчуваў, што тут недзе ёсць чалавек, які ведае яго, які звязан з ім агульнымі перажываннямі, успамінамі, да якога нават можна было б звярнуцца ў часе бяды. Гэта ж яна рэкамендавала яго ў гэты рэстаран і нават за першы год заплаціла гаспадарам значную суму за ўтрыманне і навучанне. І ў далейшым гаспадары лічыліся з ёй і, здаецца, яшчэ раз атрымалі грошы. Без яе ён не ўтрымаўся б тут ніводнага дня. А цяпер невядома, што будзе…
— Ну, дык прынясі нам вячэру, — сказаў ваенны і заказаў стравы.
Калі Манг адышоў, афіцэр звярнуўся да жонкі:
— Грэт, ты забываеш, што знаходзішся на людзях. Ты размаўляеш з ім, нібы з роўным. Гэта ж непрыстойна. Што могуць падумаць людзі, гледзячы на такое панібрацтва?
— Гэта ж апошні раз, на развітанне, — апраўдвалася Грэт. — Усё ж такі яму я абавязана сваім жыццём, а ты — сваёй жонкай, — дадала яна, хітра ўсміхаючыся.
— Дык жа ты зрабіла для яго ў сто разоў больш. Не кожны так адплаціў бы. Але з гэтага не вынікае, што ты павінна сябраваць з гэтай малпай.
— Ну, якое тут сяброўства! — махнула рукой Грэт.
— Капітан капітану зайздросціць, — уставіў сваё слова брат.
— А ты гатоў на ўсялякія недарэчнасці, абы толькі пажартаваць, — нездаволена адказаў афіцэр.
Калі пасля вячэры ваенны расплачваўся, ён даў Мангу «на чай» цэлыя тры фунты стэрлінгаў, за што жонка ўзнагародзіла яго ўдзячным позіркам.
Манг доўга стаяў на месцы і сачыў, як выходзіла Белая Птушка. А тая ўжо шчабятала аб ад’ездзе, аб падарожжы, аб знаёмых і зусім забылася, што на свеце існуе нейкі Манг…
Праз тры дні Манга звольнілі…
Апошняй прычэпкай было яго «непаразуменне» з п’яным панам. Яшчэ важней было тое, што яго заступніца выехала. А галоўнай прычынай было, што Манг не меў той вяртлявасці, спрытнасці, хітрасці, якія патрабуюцца ад лакеяў у такіх панскіх установах.
І Манг апынуўся на вуліцы, сярод тысяч беспрацоўнага люду — белых, чорных, жоўтых, бурых.
І, бадзяючыся на імглістых вуліцах Лондана, ён часта ўяўляў сабе іншы горад сярод скал, вуліцы-каналы, марскіх птушак, кану, сям’ю і Мгу.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат