Пра курсы
ГАРАДЫ :


12.04.2015
Сівая легенда

Інфармацыя ўзята з сайта knihi.com (Беларуская палічка)

 

 

 

 

I

Светлейший отец, подавай нам деньгу,

Иль скарб твой достанется в руки врагу.

К.Меер

На пачатку мая ў Быхаў прымчаў на ўзмыленым кані ганец.

Конь зваліўся ля самай брамы замкавай вежы, а коннік пераляцеў цераз яго галаву і, як мёртвы, расцягнуўся ў пыле.

Гэты ледзь жывы чалавек прывёз мне загад майго гаспадара, пана Аляхно Кізгайлы. Я, Канрад Цхакен, павінен быў не марудзячы пакінуць Быхаў і на чале сваіх трох соцень швейцарцаў спяшацца ў замак Кізгайлы. Разам з граматай прыбылі грошы на куплю новых коней і вусны загад аб тым, што жывёлы не трэба шкадаваць.

На пытанне, што прымусіла пана быць такім паспешлівым і марнатраўным, ганец ледзь здолеў прахрыпець:

— Воўк вырваўся з логава…

Яму ўжо сядлалі другога каня, і праз хвіліну ён памчаў у трэці замак Кізгайлы, у Збароў.

Я не ведаў, хто быў гэты воўк. Але швейцарац, калі яму добра плацяць, не патрабуе паўторнага загаду.

Кізгайлу было пажадана, каб мы загналі коней, — мы загналі іх і роўна праз суткі прыскакалі ў Кісцяні, дзе нас гэтак нецярпліва чакалі і дзе чагосьці так моцна баяліся. Баяліся, аднак мост, на наша здзіўленне, быў апушчаны.

Коней мы загналі бязлітасна, да дыхавіцы. Кізгайла страціў на гэтым не менш як сотню залатых. Але гэта была не мая справа. Я, Канрад Цхакен, ураджэнец кантона Швіц, вядома, не так раскідаўся б, але я ўжо дзевяць год бачыў гэтых людзей і ведаў, што ад іх заўсёды можна чакаць самых вар’яцкіх учынкаў, за іх ніколі нельга паручыцца, таму што ў іх вецер свішча ў галаве.

Я жыў сярод іх дзевяць год, часам пачынаў нават думаць па-беларусінску, а ўсё ж ведаў іх ненашмат лепей, чым у першы дзень.

Яны будуць крычаць: «Воўк вырваўся з логава» і ніколі не зробяць ласкі толкам растлумачыць, што здарылася, каб добры хрысціянін зразумеў іх. Як быццам гэта наш абавязак — разумець іхнія тропы і іншасказы? Крый Божа, калі сярод іх з’явіцца першы паэт — яны затопяць вершамі ўвесь свет і нікому не дадуць спакою.

Яны трацяць шалёныя грошы на цэлы табун загадзя асуджаных коней — і пакідаюць пад’ёмны мост апушчаным.

Іхнія старыя крэпасці, як Смаляны, Ворша, Магілеў, — страшныя. Я не згадзіўся б абараняць іх нават пад пагрозай пазбаўлення раю (я ўсё адно, бадай што, туды не траплю), нават калі б мне плацілі не пяцьдзесят талераў, а сто. Сапраўды, каб выстаяць за такім плотам, патрэбна вялікая мужнасць і вялікая легкадумнасць. А яны не толькі выстойваюць, але і наносяць страты ворагу.

Яны ўмудрыліся, седзячы ў гэтых быдлячых загонах, адбіцца ад татар і сто год, абяскроўленыя, супраціўляліся Літве — гэтага досыць.

Я кажу вам, ніхто не назваў бы такія загарадкі крэпасцямі.

Аднак гэта не датычыцца замка Кізгайлы. Хто панюхае паветра каталіцкага храма, той ніколі не будзе такі, як раней. А новая знаць нюхнула яго ў ахвоту. Яна будуе такія замкі, быццам у кожны з іх вось-вось могуць прынесці крыж Пана Бога, які давядзецца абараняць ад усіх язычнікаў зямлі.

Ёсць славуты горад Кёльн. І ў гэтым славутым горадзе ёсць помнік дурасці і непасільнаму пачынанню — недабудаваны сабор. І ёсць паэт Газельберг, які хоць і размаўляе са мною на адной мове, а даволі-такі немалы дурань.

Дык вось ён напісаў, гэты дурань, аб тым саборы:

Dem wunder deth ich duch nachlduffen.

Sach nie kein grössern stein hauffen!*

* Гэтаму дзіву дзівіўся і я: ніколі не бачыў такой вялікай кучы каменняў! (ням.)

Паглядзеў бы ён на замак майго гаспадара ў наваколлі Кісцянёў!

Над шырокім лянівым Дняпром узвышаецца ўзгорак. Пяць тысяч тутэйшых мужыкоў нацягалі на яго зямлі, узвысілі і ўмацавалі. Цяпер рэчка ўпадае ў Дняпро двума рукавамі. Пасярэдзіне іх — груз-капец. Ён абведзены падвойным валам. А на яго верхавіне шэры каменны гмах.

Часам мне здаецца, што сатана менавіта тут абараняўся ад Усявышняга і што менавіта гэты пагорак бамбардзіравалі каменнямі яго анёлы. Чалавеку цяжка ўзвесці такое.

Пад’ёмны мост, брама з падвойнымі кратамі, муры вышынёю сорак пяць локцяў. А над імі, яшчэ вышэй, тры вежы.

Імя ім: Саляная, Стралецкая і Жабіна.

Унутры хапае месца для жылля, стайняў, палаца, дзвюх цэркваў і іншага, чаго і не злічыць.

І гэта звычайны замак двараніна, нават не першага па багацці і знатнасці. Бог няроўна дзеліць: ён дае порткі менавіта таму, у каго яны будуць спадаць з мізэрнага азадка.

У гэты вечар над вежамі свяціў месяц — такі пяшчотны, аліўкавы, ружовы, — так бы і з’еў яго. А ў байніцах таксама сям-там гарэлі агеньчыкі. І на сэрцы было лёгка, таму што ў нас, ваякаў, ад нараджэння заўсёды лёгка на сэрцы, калі мы жывыя.

У адказ на трохкратны гук нашага рога з вежы над брамай тройчы праспявала дуда, і гукі яе ў майскім вячэрнім паветры таксама былі асабліва сумнымі і празрыстымі. Гэта было такое паветра, што яго хацелася піць.

Хрушч ударыўся аб маю кірасу і ўпаў на грыву каня, бездапаможна перабіраючы лапкамі.

Хрушчы на гэтай вар’яцкай зямлі зусім такія, як на маёй радзіме, — гэта трохі прымірае.

На майго каня ўпаў прамень святла са спадзорнага акна.

— Хто ідзе?

— Святы Юры і Русь, — сказаў я звычайны кліч воінаў гэтай зямлі.

— Дзякуй Богу, — стаў жагнацца вартаўнік брамы. — Чакалі вас.

Пачалі круціць калаўрот, разышліся акаваныя жалезам дубовыя форткі, павольна папаўзла ўгору рашотка.

Нас сустрэў сам гаспадар — рэч небывалая. Я недарэмна намякаў на людзей, у якіх спадаюць порткі. Кізгайла якраз такі. Яму трыццаць чатыры гады, і ён худы, як бядняцкая каза. Але моцны і жылісты.

Ён паспрабаваў узяць майго каня за повад — здорава яму прыперла, калі ён аказвае наёмніку такую павагу, — але я спешыўся і сам павёў каня.

Кізгайлу мне давялося бачыць не больш як тры разы, я быў толькі яго кулаком у Быхаўскай акрузе. Нядаўна ён ажаніўся, я яшчэ не бачыў яго жонкі.

Але нават я здзівіўся той змене, што адбылася з ім. Спіна сагнулася, твар жоўты не па-чалавечы, вочы як у вар’ята. А быў жа ладны і станісты. І пастава высакародная.

— Ты добра зрабіў, што паспяшаўся, Канрад, — сказаў ён, — у мяне вялікая бяда.

І змоўк. І маўчаў, пакуль хлопцам не адвялі жыллё, пакуль не выкацілі ім бочку віна і не накармілі тлуста і смачна.

Я глядзеў на яго высокі вузкі лоб, на валасы, ледзь падвітыя на канцах, але без бляску, бы ў сухотніка якога-небудзь, на вузкія карыя вочы і думаў: «Вось і зразумей цябе, чорта, што ў цябе ў галаве».

Гэтых людзей нельга зразумець. То яны маўчаць, загадваюць без дай прычыны загнаць добрых коней.

Калі ўсіх напаілі і накармілі, ён падаў мне знак ісці за ім. Мы ішлі бясконцымі пераходамі і вісячымі галерэямі, ён ціха, як кот, я грукочучы, як вядро на цыганскім возе.

На вісячай пляцоўцы, вельмі прыдатнай для агляду, ён раптам спыніўся.

— Як ты думаеш, Цхакен, ці доўга можна абараняць такі замак?

Я паглядзеў на гмах, заліты месячным святлом, на кучы каменняў, што абцяжарвалі забрала, на вежы, што лёгка і трывала стаялі на зямлі.

Я ведаў, што на гэтых мурах устаноўлены два дзесяткі гармат і пры іх, як сцвярджае роспіс, ёсць дзесяць custodes arcis et bombardarum magistros*.

* Замкавых вартаўнікоў і бамбардных майстраў (лац.).

А каб жэрці і піць, дык гэтага ў склепах хопіць на ўсіх — хоць год сядзі.

І ўсё ж я спытаў, якія сілы ёсць у замку акрамя маіх малайцоў. Ён адказаў, што на другім замкавым двары стаіць сотня конных кірасіраў.

— Нядрэнна, — сказаў я, — але ж гэта для вылазак, гаспадар. А нашто нам іхнія коні? Хіба што жэрці, калі будзем галадаваць? Вядома, гэта ежа для басурмана, але голад не цётка.

— Ёсць яшчэ каля дзвюх соцень дваран.

— Адчайныя і кончаныя душы, — сказаў я, — але зноў-ткі для бою ў шырокім полі.

Словам, я зразумеў, што муры павінны абараняць мае хлопцы.

— Не нам жа каменне цягаць, пан Кізгайла? Дайце нам на гэтую работу з паўсотні мужыкоў.

— Нельга мужыкоў, — амаль ускіпеў ён. — Іх зусім не будзе.

Я паціснуў плячыма:

— У чым усё ж справа, гаспадар?

— Пытаць будзеш потым. Кажы, колькі тут можна пратрымацца?

— Год, — суха сказаў я, — год я пратрымаюся тут нават супраць Сатанііла. Два гады я пратрымаўся б тут з гаспадаром, які мне давярае. І я не паручуся нават за тыдзень абароны, калі гаспадар не давярае сам сабе.

— Цхакен, прыяцель, — сказаў ён трохі мякчэй, — я проста не хацеў пасяляць у тваёй галаве скажоных меркаванняў наконт лёгкасці і цяжкасці гэтай аблогі.

— Дык хто ўсё ж ткі ідзе?

— Хамы ідуць.

Мне не спадабаліся гэтыя словы. Швейцарцы ўсе былі мужыкамі яшчэ сто год назад. Але ён пакрыўдзіў не маіх землякоў. Акрамя таго, ён плаціў грошы. Таму я змоўчаў.

— Хамы ідуць, — паўтарыў ён.

— Гэта не вельмі страшна, — сказаў я, злёгку пакрывіўшы душою.

— Ты не бачыў іх у Віцебску, — сказаў ён, — калі там была смута. А я дагэтуль памятаю набат.

— Але ж трыццаць год у гэтым краі быў спакой.

— А цяпер яны ўзялі замак. У Рагачыку.

— Сорак міль па рацэ адсюль, — усміхнуўся я. — Хто паручыцца, што яны пойдуць у гэты бок?

— Яны пойдуць. Я гэта ведаю. Ім няма іншага шляху, акрамя таго, што вядзе праз Кісцяні. Праз мяне.

— І ўсё адно мы адседзімся. Вашы мужыкі, вядома, не зусім прыемная рэч. Але гэта не рэгулярная армія.

— Гэта горш, — ён пачынаў злаваць.

— Чаму?

— Таму што сёння ў іх ёсць галава.

Па маіх вантробах прабег мароз: гэта сапраўды горш. Але я ведаў, што гэтага чалавека яшчэ ў раннім юнацтве да смерці напужалі зверскія морды, сякеры, паходні, труп епіскапа, які валачылі за ногі па вуліцах, вынішчэнне яго гвардыі. Неразумна было б палохаць яго. Таму я адмахнуўся ад яго слоў.

— Глупства, — сказаў я, — галава ў час вайны рызыкуе не менш, чым ногі. Нашто ўжо быў хітры шведскі кароль, а і той не мінуў кулі.

— О, Канрад, вы ж біліся з ім, — раптам загарэўся ён. — Што гэта быў за чалавек?

Я ўсміхнуўся сам сабе. Клянуся касой Маці Божай, на гэтай зямлі кожны марыць аб славе. Нідзе не чытаюць і не распытваюць так прагна пра Аляксандра, Цэзара і іншых разбойнікаў. Нават гэты, якому сядзець бы дома і пладзіць дзяцей, чалавек хутчэй люты, чым мужны, загарэўся, ледзь патыхнула дымам вайны.

Я паціснуў плячыма з прытворнай абыякавасцю:

— Гэты галандскі мазіла Ван-Дэйк напісаў партрэт шведа, але ён не падобны. Ён на ім чысценькі, як хлопчык, якога мама вядзе ў царкву. А гэта быў здаровы мужалап, які лаяўся мужыцкімі словамі, як залатар з Вюрцбурга.

Яго зноў перасмыкнула пры слове «мужыцкі», але я супакоіў яго:

— Нават такая галава нічога не магла зрабіць з мужнасцю праціўніка. Будзем біцца.

Мы спусціліся ў другі ўнутраны двор. Тут, пад павеццю, віселі на сцяне кірасы, пырхалі коні і ля агнёў сядзелі кірасіры. На каменных плітах двара сям-там дыміўся гной. Худы мужычок у світцы падмятаў ляніва і непаваротліва.

Гаспадар, відаць, знайшоў на кім спагнаць гнеў.

— Дамінік, — сказаў ён, — калі двор будзе запаскуджаны раніцай, я пастаўлю цябе вышэй за сябе.

Я ведаў гэты брыдкі выраз. І мімаволі паглядзеў на верхні двор, дзе вялізным «пакоем» вымалёўвалася на сінявата-зялёным месячным небе шыбеніца.

— Зробім, паночак, — сказаў Дамінік, і я ўбачыў у цемры яго светлыя, трохі прытушаныя вейкамі вочы. Яны былі незвычайныя, гэтыя вочы.

У Еўропе я толькі аднойчы бачыў такія вочы, у мужыка пад Вольмірштэтам, калі нямецкія сабраты ў кірасах забіралі ў яго сена. Праз хвіліну ён торкнуў віламі ў бок сяржанту. Калі я ўпершыню з’явіўся тут, то штохвіліны асцерагаўся такога ўдару: у іх ва ўсіх былі такія вочы. Але потым супакоіўся. Гэта ціхманы і вельмі цярплівы народ.

І толькі цяпер зноў штосьці непрыемнае варухнулася ў мяне ўнутры.

— Я б адправіў гэтага мужыка ў роднае сяло, — сказаў я.

— Зусім застацца без іх нельга, — раздражнёна сказаў Кізгайла, — а гэты яшчэ і католік. Я павінен яму верыць.

Я ўсміхнуўся сам сабе і падумаў, што чалавек, які аднойчы здрадзіў веры, можа здрадзіць і другі раз. Але я спахапіўся і не сказаў гэтага ўголас, з боязі абразіць гаспадара.

Сам гаспадар таксама быў свежы католік, а жонка яго, Любка, заставалася праваслаўнай. Жонак няма чаго прымушаць. Ды і сам Кізгайла — я ўпэўнены ў гэтым — адчувае сябе ў новым храме, як п’яны ландскнехт сярод святош.

І ўсё ж у замку ёсць невялічкі касцёл, патрон якога святы Антоній, і царква Пакрова Маці Божай. Іх падзяляе палац, і з яго вядуць у храмы дзве галерэі, кожная ў свой бок. Калі палац спаляць — храмы ўбачаць адзін аднаго і вельмі здзівяцца. Зрэшты, гэта не перашкаджае абедзвюм рэлігіям спаць на адной падушцы.

Ад гэтых гуллівых і, прызнаюся, не вельмі пачцівых думак мне стала весела. Ну які з гэтага чалавека католік?! Ён не ведае па-латыні ні inibus, ні atibus. І добра, бо я таксама ведаю ненашмат больш.

Ды і адкуль мне ведаць? Я не поп, я салдат. Я Канрад Цхакен, і я трыццаць год крывёю плачу за свой хлеб.

Шырокімі драўлянымі сходамі мы прайшлі ў малую залу замка. У гэтай малой зале маглі б учыніць папойку ўсе мае малайцы, ды яшчэ з дзеўкамі. І нікому не было б цесна.

Шэсць вялікіх, бы ў царкве, акон. У іх, акрамя звычайных зашклёных пераплётаў, уштукаваны яшчэ і вітражы. Зрэшты, іх пачалі ўжо вымаць, відаць, для таго, каб перанесці ў бяспечнае месца. Таму палова залы ў чырвоных, сініх і карычневых плямах, а другая заліта месячным святлом.

Каменная гладкая падлога, сцены, абабітыя цяжкай тканінай, фіялетавай з золатам. Каля сценак цяжкія і доўгія, як труны, разьблёныя скрыні, яны ж услоны. Паміж імі шафы, знарок адчыненыя, каб быў відаць залаты і срэбны посуд.

Як хутка яны пераймаюць ад фальшывых нямецкіх і італьянскіх купцоў, ад хлуслівых тамтэйшых дваран! Навучыліся і іншаму, зусім недарэчнаму: у пярэдняй сцяне — камін. Гэта пры тутэйшых страшных маразах! Ды я ні на што ў свеце не змяняю мясцовай печы!

У часе італьянскага паходу — а зіма была надта суровая для Ламбардыі — мне аднойчы давялося ўсю ноч праляскаць зубамі ля такога каміна. Я напалову засмажыўся і напалову змёрз, як пекар.

Затое я з асаблівай прыемнасцю ўбачыў ужо накрыты стол, крэслы без спінак каля яго, полымя свечак у шасцёх пяцісвечніках.

І яшчэ жанчыну ў крэсле, у баку ад стала.

Яны былі зусім не падобныя адно на аднаго, муж і жонка. У яго сухі жоўты твар, які пачынаў друзнуць, вочы фанатыка, шалёныя і вартыя жалю, валасы да плячэй. А яна — з яе анёла можна было б маляваць. Толькі, ведаеце, не дужа добрага анёла. Каса доўгая, залацістая, вочы цёмна-блакітныя і таксама трошкі шалёныя, як ва ўсіх тутэйшых. Рот ружовы і вельмі прыемны для пацалункаў, вясёлы і прынадны.

А сама як літая: усё на месцы, што павінна быць у жанчыны, па думцы ўсякага добрага швейцарца. Я, праўда, не ведаў, якая ў яе хада. У мясцовых жанчын вельмі зграбная хада. І яшчэ рукі, такія, як у гэтай: белыя, не худыя, з тонкімі пальцамі, якія звужаюцца пад канец.

Але што іх асабліва рабіла непадобнымі, дык гэта вопратка. Да вопраткі трэба прывучваць не адно пакаленне. І, можа, толькі ўнукі пана прызвычаяцца да адзення, якое насіў ён сам. Шырокая і вельмі кароткая аксамітная безрукаўка на куніцах. Ярка-чырвоная сарочка, якая гладка прыставала да цела. Карункавы каўнер і з-пад яго, на жывот, залаты ланцужок. На поясе цацачны кінжальчык. (Божа, ды гэтым людзям толькі доўбня і з рукі.) І куды яму, да д’ябла, з яго худымі нагамі і таўставатымі каленнымі суставамі, насіць гладкія, у абцяжку, залацістыя панчохі і мяккія боцікі з доўгімі наскамі?

Дражняць нас бусланогімі, а самі вучацца.

А на пані Любцы ўсё дарэчы. Шырокая ў падоле блакітная з золатам сукня. Пояс, што завязваецца па клубах і падае спераду двума канцамі, быццам падзяляючы ногі. Тонкая ў поясе казнатка*, таксама блакітная.

* Шнураваная жаночая вопратка.

І што лепей за ўсё — на галаве іхні «караблік», быццам ляжачы маладзік, быццам рожкі над вушамі. Рожкі тыя залацяцца, а на іх зверху накінуты рантух, зусім празрыстае блакітнае пакрывала паміж каленяў.

Сядзіць, бы ў воблаку.

І на каленях скруціўся свойскі белы гарнастай.

Яна ўстала мне насустрач, усміхнулася злёгку жарсткаватай і прыемнай усмешкай. Гарнастай паспрабаваў быў учапіцца за сукню, але не ўтрымаўся і скаціўся ўніз.

У мяне сівізна ў галаве, і тут я ўпершыню пашкадаваў аб гэтым. А сам сабе падумаў, што мужа як мужа, а гэту буду бараніць да самага скону. У мяне ж, каб я не валачыўся па свеце, а жаніўся, як усе добрыя людзі, магла б быць вось такая дачка. І я абавязкова назваў бы яе Гертрудай.

Я падышоў да яе і схіліўся, каб пацалаваць руку. Не дала рукі:

— Гэта ўжо, бацька, па нашых звычаях зусім без патрэбы.

— У іх свой звычай, — сказаў пан Кізгайла, але я пабачыў, што ён узрадаваўся.

А потым я пераканаўся, што ён яе і наогул неяк безнадзейна раўнуе. Я злавіў сябе на думцы, што стаў думаць на іхняй варварскай гаворцы, і крыху раззлаваўся. Я ўсё ж з кантона Швіц, чорт мяне забірай!

Праўда, тут усе, акрамя палякаў, вельмі памяркоўныя да любога народа і любой веры, так што мне тут добра.

— А вы сядайце за стол, пан Кандрат, — сказала яна, і я не раззлаваўся за перакручанае імя, — зараз усе прыйдуць.

— Ваенную раду ўчынім, — сказаў муж.

Я падзівіўся толькі, якія дзіўныя тут норавы. Я не перастаю здзіўляцца дзевяць год. За ежаю — і ваенная рада.

Я, грукочучы, падышоў да стала і сеў з імі. Першым прыйшоў пан Фелікс, капуцын — і надзіва чысты для свайго ордэна. Зрэшты, я ўсё адно лепей сядзеў бы з дзесяццю смярдзючымі капуцынамі, чым з адным езуітам. Душэўны смурод горшы.

Гэты, выяўляецца, мыўся, і нават дужа старанна, бо прыстаўлены быў акрамя выканання службы яшчэ да варкі мёду. Капуцыны разумеюць у выпіўцы.

Потым з’явіўся попік, айцец Іякінф (язык зломіш на гэтых імёнах!), ускудлачаны, сухі і хітранькі.

Кожны сеў з боку «свайго» гаспадара, у канцы стала і, на маё здзіўленне, надта мірна прывітаўся з законным ворагам.

— Прыгразілі, што іначай выганім, — шапнула пані Любка.

— А зараз іх наогул вадою не разальеш, — буркнуў Кізгайла, — п’юць разам і зневажаюць Бога. Такія блюзнеры. Нядаўна пан Фелікс, напіўшыся, крычаў, што з беларускай зямлі трэба павыганяць і папоў, і ксяндзоў, а Богам прасіць на цараванне Бахуса. А разумны ж і бывалы чалавек: у Венецыйскай зямлі быў і яшчэ недзе.

— Нічога, Бог за легкадумнасць даруе, — сказала гаспадыня.

— Яшчэ манахі ёсць? — спытаў я.

— Цяпер ужо другі тыдзень служаць запрошаныя. Уратаванне каралевы на вадзе. Тры тыдні будуць выць, — скрывіла яна губку.

— Якія?

— У шэрых расах.

Я ўвесь пахаладзеў. З гэтай кампаніяй я зусім не хачу мець спраў. І я вырашыў паспрабаваць заўтра справадзіць «сыноў Ісуса», указаўшы ім на небяспеку.

З-за мяркуемай рады запрошаных да стала было мала. Прыйшлі яшчэ толькі два: капітан конных кірасіраў, сапраўдны разбойнік з закручанымі вусамі і ў ботах, падобных на вёдры, а сам — ні даць ні ўзяць картачны ніжнік.

І яшчэ выбраны камандзір шляхты ў чузе з буркацелі — таннай парчы, і ў шэрай футры паўзверх яе, нягледзячы на вясновы час. У гэтага былі маленькія вочкі і маленькія крывыя далонькі. Хай мяне Бог шасне, калі я не ўспомніў крата.

Калі мы сунялі першы голад — а на гэта пайшоў немалы час, — я спытаў, калі чакаецца прыход ворага да муроў і ці не абяцаў канцлер Сапега ўзброенай дапамогі.

— Яны ўзялі Рагачык з налёту, — хрыпла сказаў капітан. — А цяпер кудысьці зніклі.

— Рыхтуюцца, — з прыкметным хваляваннем сказаў Кізгайла, — разумеюць, што тут нечаканасцю нічога не зробіш, і нешта рыхтуюць. Сядзяць недзе ў пушчы… як павукі.

— Сапега ж абяцаў падмогу, — з адценнем пагарды сказала гаспадыня.

— Кату ён пад хвост вырас, твой Сапега, — ускіпеў пан, — ці можна яму верыць? Сама памятаеш, як ён за народ беларускі распінаўся. А цяпер надта ўжо скора па-польску пачаў балбатаць. Пярэварацень.

— Дый ты ж, — усё з той самай лёгкай і жорсткай усмешкай сказала яна.

Твар Кізгайлы так па-пакутніцку скрывіўся, што я пашкадаваў яго.

— Ён першы перабег, — скрыпнуў пан зубамі, — а за ім іншыя разышліся на ўсе застаўкі. Як пацукі з карабля. А астатнім чыняць уціск.

— Нобілі* не бягуць, — сказала яна.

* Найбольш радавітая частка магнацтва.

— Таму і галеюць. Ды і гэтых, першых, тры чалавекі засталіся. І тых бы для спакою — на плаху.

— Сапега прышле дапамогу. Сапега вораг яму.

— Не веру, — сказаў пан, — я і на сябе не спадзяюся пасля «схілення». І хто ведае, ці не пакарае мяне за гэта Пан Бог.

— Што такое, — не зразумеў я, — каму вораг Сапега?

— Галаве мужыкоў, — ваўкавата гледзячы ў падлогу, сказаў Кізгайла.

— А ён хто?

— Нобіль. Раман Грынка з Ракутовічаў, — адказаў пан.

Прызнаюся, што я даволі непачціва свіснуў.

Справа паварочвалася зусім дрэнна. Нобілі — самыя знатныя і самыя паважаныя народам людзі на гэтай зямлі. Яны не проста маюць дрэва продкаў, яны вядуць яго ад якога-небудзь слаўнага чалавека.

Іхні закон гонару: кожнае пакаленне павінна прымножыць славу гэтага продка сваімі дзеяннямі. Таму большасць з іх вызначаецца справядлівасцю, шчырым норавам і неўтаймаванай адвагай у баі.

Гэтыя тры добрыя якасці — я заўсёды казаў гэта — зусім не садзейнічаюць працвітанню. Таму гэта парода належыць да ліку выміраючых. Зніклі нашчадкі князя Вячка, няма прамых нашчадкаў Андрэя Полацкага, нястомнага ворага Крэўскай уніі. Іх забылі. І па заслузе — няма чаго дарэмна геройстваваць. Чалавек створаны на тое, каб пладзіцца, а не на тое, каб знішчаць сябе. Які толк у тым, што іх імёны занесены ў які-небудзь гарадзельскі прывілей або першы статут, калі носьбітаў гэтых імён не засталося на зямлі.

Але я заўсёды казаў, што ў гэтага народа галава змайстравана не так. Я не ведаю, мякіна ў іхняй галаве ці інакшыя мазгі (калі здарыцца выпадак, трэба будзе паглядзець), але яны абкружаюць гэтую пароду ўвагай і пяшчотай. Мужыкі асабліва любяць іх, бо тыя амаль заўсёды небагатыя і лічаць празмернае багацце за ганьбу.

Аднойчы, пасля разгрому татар пад Крутагор’ем, трэцюю частку здабычы прапанавалі аднаму з Ракутовічаў (не памятаю ўжо, што ён зрабіў, здаецца, закалоў ці ўзяў у палон хана Койдана), і ён аддаў яе мужыкам, якія прыйшлі пад яго сцяг. Тыя потым маліліся на яго, як на Бога, і калі іхні бажок паклікаў іх з сабою ў паход на яцвягаў — кінулі ўзбагацелыя гаспадаркі і пайшлі за ім. Вядома, гэта ўсё скончылася дрэнна — з правадыра-завадатая знялі скуру, узяўшы яго ў палон.

І даніну з гэтых яцвягаў можна было ўзяць толькі венікамі для лазні і лыкам. Неразумная рызыка!

Я ведаў усё гэта ад аднаго быхаўскага манаха. Ён пратрубіў нам усе вушы гэтай мінулай славай.

І ўсё ж я ўстрывожыўся. Кіраўнікі яны нядрэнныя, і, калі чуткі спраўдзяцца, значыць, у мужыцкага цела вырасла някепская галава.

Гаспадар з гаспадыняй між тым сварыліся. Ён крычаў на жонку:

— А ўсё ты! Патрэбна мне была тая халопка. Вось зараз і расхлёбвайце кашу, пані Любка.

Тая ласкава гладзіла гарнастая, які ляжаў у яе на плячы, ляніва выгнуўшыся, і лашчыўся галоўкай. Потым сказала холадна:

— Не бойся, ён цябе адсюль не дастане. Ён не мацнейшы за цябе.

І спытала ў капітана:

— Тую дзеўку адправілі ў Магілеў?

Капітан ледзь не ўдавіўся кавалкам і пачырванеў:

— Праз гадзіну адправяць. Разам з астатнімі.

— Загадайце берагчы яе. Калі з ёй што-небудзь здарыцца ў дарозе і той даведаецца — ён не пакіне ад Кісцянёў каменя на камені.

— Слухаю вас, — буркнуў капітан.

Я не пытаў ні аб чым. Занадта многа таямніц на адзін вечар.

Потым мы спехам вырашылі, каму які мур абараняць, а Кізгайла даў загад трымаць напагатове смалу і дровы і змазаць пад’ёмнік другой рашоткі.

Загадзя ведаючы, што гэта бескарысна, вырашылі ўзняць на супраціўленне мужыкоў з замкавых вёсак Кізгайлы.

Потым Кізгайла прачытаў загад збароўскім мяшчанам, на якіх таксама маглі напасці. Ім належала: «Стрэльбу ўсякую, то-бок гакаўніцы, ручніцы і сагадайкі, і іншую абарону, то-бок шыбні і што іного да той абароны належыць, у дамех сваіх маці; а хто не можа больш, іно хаця адну ручніцу і рацішча няхай маець, а без абароны ў даму няхай не мешкае».

— Не атрымаецца і гэта, — усміхнуўся Крот.

— Гэта чаму? — узвіўся Кізгайла.

Крот выцер ільсняныя губы:

— Яны ў нас пра падатак прасілі?

— Ну, прасілі.

— А ты не зняў?

— Не зняў…

— Таму і не атрымаецца. Скажуць, як п’юць ды ядуць, дык нас не завуць, а як с… і д…, дык нас ішчуць.

— Не лайся, Іван, — скрывіўся гаспадар, — баба за сталом.

— Калі яна баба, — нахабна адказаў той, — няма чаго ёй за нашым сталом сядзець. А калі села, няхай слухае. Воінам без лаянкі нельга. Прыцерпіцца.

І тут пані Любка мяне здзівіла. Глянула на Крата цёмна-блакітнымі вачыма і сказала цвёрда:

— Калі пан хоча лаяцца, няхай пакіне замак і за мурамі лаецца з тым, хто ідзе.

Крот наліўся крывёй:

— А ці не хоча пані, каб дваране і яе адправілі за муры сустракаць гэтага чалавека?

— Добра, — усміхнулася яна, — пагроза за пагрозу.

І раптам устала.

— Пан Цхакен, клікніце сваіх людзей. Я загадваю вам выкінуць гэты зброд за браму. Няхай абараняюцца ў чыстым полі.

— Любка, — уступіўся муж, — гэта ж кожны трэці абаронца.

Спалоханы сваркай гарнастай шмыгнуў пад рантух і хутка ўжо высоўваў сваю трохкутную мордачку з рукава гаспадыні.

— Нам не патрэбен такі трэці, — сказала яна, — здрада крочыць цераз самыя высокія вежы. Пан Цхакен…

Я ўстаў і бразнуў шпорамі. Гарнастай зашыпеў на мяне з рукава, як васіліск.

Але Крот ужо звяў. Ён раптам усміхнуўся гаспадыні:

— Добра, пані. Даруйце мне. Добрыя мы будзем, распачаўшы бойку, калі справа зайшла аб скуры. Паасобку будзе дрэнна і вам і нам.

Воблака рассеялася. Вячэра цягнулася далей. Вырашылі паспрабаваць заўтра выслаць Дамініка лазутчыкам, каб даведацца, дзе вораг.

Усё астатняе для абароны было падрыхтавана. Мы толькі не ведалі колькасці ворага. Мяцеж, выяўляецца, узгарэўся ў наваколлі Зверына. Адтуль не ўцёк ніводзін дваранін. Было гэта за тры тыдні, а першая чутка аб бунце прыйшла тыдзень назад, калі паўстанцы ўзялі Рагачык. І тады ўжо на чале іх быў гэты Раман.

Дрэнна, вельмі дрэнна. Я ніколі не верыў людзям, якія занадта доўга церпяць. Калі іх нянавісць загарыцца, яна гарыць, пакуль не спапяліць праціўніка або самога сябе.

І толькі цяпер я даведаўся нарэшце, у чым рэч, і сам сабе падзівіўся неразумнасці Кізгайлы.

А расказаў мне гэта попік з цяжкавымоўным імем.

Аказваецца, паўтара года таму назад Раман прапанаваў пану Аляхну пяцьдзесят бітых талераў за тое, каб ён адпусціў на волю сваю халопку Ірыну.

Яны сядзелі і пілі разам, і Аляхно спытаў Рамана, нашто яму гэта. Той адказаў, што паспрабуе пасля гэтага завалодаць яе сэрцам і ажаніцца з ёю.

— Сэрца, як я мяркую, табе без патрэбы, ласкавы пане, — легкадумна адказаў нежанаты тады пан Аляхно.

— Аднак ты ж прынёс сваё да ног панны Любкі.

— Гэта зусім іншая рэч. Яна высокага роду. А нобілю сорамна браць за сябе халопку.

— Ажаніўся ж з дачкой смерда мурамскі Пётр, — сказаў Ракутовіч.

— Рабы татар могуць рабіць, што ім хочацца.

— Не папікай, сусед. Падобна на тое, што прыйшла чарга нам трапіць у рабства. Варшава задушыць нас, мы згубілі памяць. І невядома, чыё рабства будзе даўжэйшае.

— І ўсё ж гэта ганьба для нобіля — мяшаць сваю кроў з халопскай.

— Ты дазволь мне самому меркаваць пра гэта.

— Слухай, Раман, — усміхнуўся Аляхно, — можна пакінуць сытымі ваўкоў і цэлымі авечак. Бяры яе, на колькі спатрэбіцца. Ты ведаеш, я прыяцель твой і сусед і ніколі не запатрабую яе назад. Мне вельмі не хочацца, каб ты ажаніўся з ёю.

— Не, — сказаў Раман.

— Сур’ёзна, вазьмі яе, калі ўжо так захацеў. Зрабі ёй дзіця і супакоішся.

— А калі яна мяне ненавідзіць?

— А хто пытае пра гэта ў быдла?

— Не да ладу кажаш, сусед, — сказаў Раман, — дзяўчат гэтага «быдла» таксама нядобра псаваць, як і ўсякіх другіх. Гэтае быдла адкінула і збіла татарскую конніцу, седзячы на конях, узятых ад сахі. Ды і Ірына паважаная дзеўка.

— Ну і вазьмі яе сабе, — засмяяўся Кізгайла.

— Браць сілком, браць у ланцугах — гэта трэба не паважаць сябе.

— Ды хто ж табе кажа сілком? Ты ўлашчы яе падарункамі.

— І ўсё адно яна зняволеная. Не хачу. Брыдка. Трэба, каб па любові, іначай якая ж тут радасць?

— Гм… Дык ты ж яе ў другую няволю цягнеш. Бо калі дазнаюцца, што ты адкупіў, дык зноў звязанай будзе. І сабака хвастом віляе, калі кінеш яму кавалак.

— Вось я і хачу цябе прасіць, каб ты адпусціў і маўчаў. Быццам сам адпусціў.

Кізгайла падумаў крыху.

— Не, не адпушчу, — сказаў ён. — Хочаш — бяры. Не хочаш — не бяры. Нобілю нельга быць жанатым з халопкай.

Ён занатурыўся, і Раман паехаў пакрыўджаны. Яшчэ раз ён паспрабаваў завесці размову аб гэтым і ледзь не маліў Кізгайлу, але той стаяў на сваім.

Пасля гэтага Раман пакінуў ездзіць да Кізгайлы. Той перапалохаўся — суседзі сталі коса глядзець на яго. Яму зусім не хацелася варагаваць з Ракутовічамі, і ён вырашыў адпусціць Ірыну на волю. Але вяселле яго з паннай Любкай, што неяк раптоўна згадзілася пайсці за яго, вось-вось павінна было загрымець на ўсё ваяводства званамі і шамкамі коней. І ён, як варты павагі жаніх, спытаў, ці трэба даваць Ірыне вольную. Любка ж была ўжо амаль гаспадыняй. А тая раптам уся страпянулася і холадна сказала:

— Не.

Ён паглядзеў на яе халодны твар, на прыжмураныя вочы, што глядзелі ўбок.

— Не, — паўтарыла яна. — Нобіль і халопка? Калі ты гэта зробіш, пра мяне можаш не думаць.

І Аляхно не паехаў да Ракутовіча. А неўзабаве пасля вяселля Кізгайлы з Любкай да яго прымчаў на кані стрыечны брат Рамана, Якуб.

— Аляхно, — маліў ён Кізгайлу, — зрабі гэта, дзеля пакут Хрыстовых, калі не хочаш, каб Раман памёр. Ён зусім звар’яцеў, мы вынеслі з яго пакояў усю зброю. Ён раве, як грэшная душа ў пекле, і лае караля, Літву і палякаў. Ён пагражае разнесці ўсё. Ты ведаеш, ён і раней ненавідзеў уціск, на які нас прыракаюць. Цяпер ён ненавідзіць яго стакратна. І гэта твая дзеўка штурхнула яго на гэта. Адпусці яе. Разумееш, я яшчэ не бачыў, каб чалавек так кахаў і шкадаваў.

— Не, — сказаў Аляхно, і сказаў гэта не сваімі вуснамі, а вуснамі жонкі.

— Ты ведаеш, — сказаў Якуб, — ён крычыць, што гэта цяперашнія выскачкі зрабілі такімі цяжкімі ланцугі халопства, што хутка стануць халопамі і паны, увесь народ… Аляхно, ён не есць, і не п’е, і не спіць па начах. Адпусці!

— Не, — сказаў Аляхно.

— Добра, — ускіпеў Якуб, — ты будзеш вінен у пагібелі дзвюх душ. Яго і гэтай дзеўкі, таму што яна таксама шкадуе яго, я ведаю. Сорам табе, Аляхно! Дзяды часта жаніліся так, як хоча Раман. І гэтыя новыя парадкі нам не даспадобы.

— Не, — сказаў Аляхно.

— Добра ж, — і Якуб кінуў на стол корд*, — тады слухай, Аляхно. Ракутовічы табе абвяшчаюць варожасць. Беражыся.

* Кароткі меч.

Кізгайла пагаварыў яшчэ раз з жонкай, але тая ўпарта і тупа стаяла на сваім. А праз месяц Якуб, спасцерагаючы згасанне брата, выклікаў Аляхно на бой і быў забіты.

Смерць брата крыху працверазіла Ракутовіча. Ён стаў на ногі. І ніхто не ведаў, што ён думае. Перапалоханы гэтым нядобрым маўчаннем, Кізгайла вырашыў напасці на адну з вёсак суседа, каб паскорыць вырашальную сустрэчу.

Па дарозе туды ён быў паранены стралою з сялянскага самастрэла. Страляў адзін хлопец з аховы Якуба. Помсціў за нябожчыка.

Загонавыя дваране адступілі, забраўшы з сабой Кізгайлу. Той не дазволіў ім дакранацца да сябе і адлежваўся ў Кісцянях, нікога не пускаючы ў свой пакой.

І вось цяпер мужыцкія орды ўзначаліў гэты чалавек, смяротны вораг майго гаспадара.

Я плюнуў, выслухаўшы гэтую гісторыю. Калі ў справу ўмешваецца баба — дабра не чакай. І ахвота яму было пытацца парады ў свае жонкі!

Але ўсё адно яна была гожая, а гэтага Ракутовіча я не разумеў.

Толькі вар’ят мог, калі яму дакляруюць такую раскошу, — патрабаваць сабе ланцугоў на шыю.

«Не мая справа. Мая справа біцца», — вось што вырашыў я.

Між тым мяне выклікаў капітан.

— Слухай, калега, — сказаў ён, — я зараз адлучуся на малы час, а потым мы з табою пагаворым, як падтрымліваць адзін аднаго ў час вылазак, калі прыйдзе хам.

— А ці патрэбныя тыя вылазкі? Нас мала.

— Затое мы ў жалезе. Адзін латнік варты трыццацёх мужыкоў.

Я ведаў, што гэта так, але параіў вылазак не рабіць.

— А нашто ж тады конніца ў чатырох сценах? — засмяяўся ён. — Ды і хлеб я атрымоўваю не за сядню. Плацяць — скачы і сячы.

— А калі гэта неразумна?

— Пла-ацяць, — працягнуў ён, быццам давёў, і выйшаў.

Я пачакаў крыху і пайшоў за ім. Мне цікава было, якіх людзей ён адпраўляе з крэпасці напярэдадні аблогі.

Я прайшоў пераходамі і выйшаў на галерэю, што выходзіла ва ўнутраны двор. Я думаў, што я адзін, але потым заўважыў, што ў адным канцы галерэі стаіць гаспадар з жонкай. І тады я адышоў у другі канец, дзе было цямней, і там успёрся на парэнчы.

Унізе ярка палалі паходні, асвятляючы дзесятак вазоў. Будучая варта — чалавек трыццаць верхавых дваран, закаваных у латы, і пяць кірасіраў — трымалася трохі правей, ля брамы. З нізкіх дзвярэй, што вялі, відаць, у нейкае сутарэнне, даносілася бразганне молата — разбівалі ланцугі.

А потым з гэтых дзвярэй пачалі выводзіць людзей — абадраных, зарослых. Яны ледзь ішлі.

Вывелі дзесяць чалавек.

Дзесятую я не адразу і заўважыў, такая яна была худзенькая. Выйшла яна сама і сама села ў дзесятыя, апошнія, драбіны. За ёй выйшаў закураны замкавы каваль з зубілам і молатам у руцэ.

Паходня, якую трымаў шляхціц, кідала дрыготкія водсветы на гэтае дзяўчо ў белым. Я зверху бачыў толькі валасы, якія здаваліся мядзянымі, але на самай справе былі, напэўна, попельна-залацістыя. І твар цяпер адліваў бронзай, а ў натуры быў, вядома, бледны, як ва ўсіх пасаджаных пад замок.

Мне стала неяк не па сабе. Мала душы ў людзях, вось што я вам скажу. І дзіўна толькі, як гэта Бог яшчэ церпіць нашы грахі і нашу бессардэчнасць. Напэўна, за нямногіх праведнікаў. Ды вось толькі дзе яны?

— Рыхтуйся, — скамандаваў капітан.

Коннікі пачалі збірацца вакол вазоў, бразгаючы зброяй і пераклікаючыся.

А я ўсё глядзеў на гэтае хударлявае дзяўчо. Найбольш крыўдна, што і ногі ў яе былі пекныя, і ўсё астатняе, і рухі гожыя, — а гэта самая галоўная прыгажосць, калі не лічыць вачэй. Нельга такіх пад замок.

— Пан, — крыкнуў каваль, — усе ўжо раскутыя. Да вазоў куць не трэба?

— Не, — сказаў Кізгайла.

І тут дзяўчына прыўзняла на яго вочы, і я ўпершыню ўбачыў яе твар. Бровы зламаныя, вочы вялікія, шэрыя, глядзяць, як алень на паляўнічага, безабаронна і стрымана. А рот велікаваты, і нос не зусім роўны.

Няправільнае аблічча, і ўсё адно — такіх не забываюць.

І, як здагадка, мяне кальнула іголкай у сэрца — Ірына.

Дык вось каго яны вывозяць! Рызыкаваць не жадаюць. Думаюць, што выручаць паляціць і зніме аблогу. Нядобра, паны.

А ў яе вейкі задрыжалі і рот прыадкрыўся:

— Радуйся, пан, радуйся, пані Любка, загубілі вы жыццё маё. Ды, відаць, ляціць сокал, калі вароны ўзграялі з перапуду.

— Рушай! — махнуў рукой пан.

І загрукаталі па плітах вазы, заскакала полымя паходняў. І стала ўсё гэта падобна на д’ябальскі шабас. А твар пані Любкі стаў зусім страшны, нават зубы выскаліліся не як у чалавека. І ўжо калі драбіны пачалі ўязджаць у браму — даляцеў адтуль добра чутны голас:

— Запраданец. Юда. Веру прадаў, братоў прадаў. Хай згіне твой род.

Астатнія ўзвылі на калёсах — шмат хто, напэўна, і гаварыць развучыўся. Але начальнік варты стрэліў некалькі разоў, і стала цішыня.

А Кізгайла стаў пры апошніх словах такі страшны, якім я ніколі не бачыў чалавека: скулы абцягнутыя, вочы ўтрапёныя, губу закусіў.

Любка паклала яму руку на плячо — скінуў. І адразу сагнуўся ў хрыбце.

А ад брамы, з-пад самай аркі, той самы голас, усё яшчэ ціхі і на музыку падобны:

— Здохні, Кізгайла.

А потым упала за імі рашотка. Быццам адрэзала.

І я пайшоў да сябе ў пакой, не вытрымаў.

Лёг на пасцель у ботах — назнарок — і назнарок стаў глядзець на свечку і думаць на сваёй мове. Я пачаў занадта шкадаваць гэтых чужых людзей і, калі шкадую, думаю па-іхняму. А гэта не на дабро.

А я ж толькі ўраджэнец кантона Швіц. І наёмнік. Я служу за грошы, і не мая справа судзіць таго, хто мне плаціць. Вось калі ён пакіне мне плаціць — я яго самога прадам, каб заплаціць хлопцам, ды яшчэ і праламлю яму чэрап — за бессаромнасць.

І трэба, трэба думаць на сваёй мове не толькі ў баі. Божа, як даўно я адрэзаны ад радзімы, і няма мне звароту туды.

Ужо дзевяць год. Нават пятнаццаць.

Дзевяць год назад я зразумеў, што ў Германіі мне і маім хлопцам няма чаго рабіць, што там стаў прастор для баязлівасці, вераломства і скнарлівасці. А мы халодныя на полі бітвы і ўскіпаем, калі нам не плацяць.

Акрамя таго, гэтыя немцы называлі нас валляватымі чарцямі і белымі неграмі, хаця ні валляватых, ні альбіносаў сярод нас не было, а былі ўсе такія хлопцы, што адзін мог аддубасіць трох ураджэнцаў кілбаснага раю.

Калі нам усё гэта абрыдла, мы падаліся сюды. Калі грошы ў руках — ці не ўсё адно, якое неба над галавою?

І вось я тут і нават крыху стаў разумець гэтых людзей (да канца іх, відаць, і сам Пан Бог не зразумее).

У іх халодныя зімы, пякучыя леты і ў крыві то мароз, то агонь. Яны верныя, як немцы, але больш за іх неразважлівыя і ярасныя ў бойцы.

Але самае надзвычайнае — іхняя смерць.

Калі памірае іспанец — гэта жудасна. Я не бачыў больш вартага жалю відовішча. Ён мужны і жорсткі, але тут ён дрыжыць і цалуе каўчэжац з мошчамі. У іх ды яшчэ ў тых, што на поўдзень ад ракі По, бязлітасны і няўмольны Бог, чысцец і полымя. Калі памірае швейцарац, немец або француз-гугенот — ён памірае цярпліва, бо спадзяецца на літасць пасля раскаяння.

А гэтыя паміраюць спакойна — за іх заступаецца Божая Маці, — так спакойна, быццам у іх шчырыя сяброўскія адносіны і з Богам і з чортам. І мне здаецца, што яны не вераць у тое і ў другое. Уголас я гэтага не скажу — надта смярдзіць на зямлі смаленым.

Я не бачыў больш незласлівага, лагоднага і кампанейскага народа. І я не бачыў горшых паноў, чым тыя, што стаяць над ім. Яны ўзялі горшае ў Літвы і шляхты, не паквапіўшыся на іх дабрачыннасці і згубіўшы свае.

Каб я быў тутэйшым каралём, маё царства было б даўжэйшым за евангельскае. Тутэйшым людзям мала трэба: толькі штодзённая луста хлеба з салам, гарэлка на свята. І яшчэ дабрата. Калі з імі добры — яны зробяць усё. Нават калі не будзе сала і гарэлкі, толькі павага.

А тыя, хто пастаўлены над імі, — бедная дзяўчынка, бедныя шэрыя вочы! — тыя, хто пастаўлены над імі воляю Сатанііла, па неразумнасці і карысталюбстве сваім даўно пазбавілі іх павагі, а цяпер адбіраюць хлеб і дрыжаць у замках, выдаткуюць у сто разоў больш на нямецкіх, шведскіх і венгерскіх наёмнікаў, бо свае не хочуць іх абараняць.

Я, вядома, не кажу пра швейцарцаў. Паноў на тое і стварылі, каб даць нам хлеб надзённы, калі ўжо яго не могуць нам даць нашы ледавікі.

Ах, зямля ты, зямля, чужая і ўсё ж як быццам ужо трошкі і свая! Не да ладу, не да ладу нешта на табе. І, верыцца, хутка тут усё затрашчыць.

Я перавярнуўся на спіну і зноў непрыкметна стаў думаць па-іхняму. Спахапіўся і пакінуў: ленаваўся. Ды пра такое па-нашаму і нельга падумаць.

Цяжкія ішлі часы. Развялося шмат жабракоў, юродзівых, разбойнікаў. Агнявыя слупы гулялі ў небе, чаго зроду не было.

І ўціск рос, і голад дзяцей, і ганьба дарослых. І ў гэтыя цяжкія гады сталі людзі верыць у такое, ад чаго раней адхрысціліся б і забылі.

Беларусы чакалі прыходу мужыцкага Хрыста. Яўрэі — Месію з Турцыі. Першыя ведалі, што мужыцкі Хрыстос ужо тут, ды пакуль не аб’явіўся. Ведалі, што ўжо і конь яму расце ў мужыцкай хаце — пакуль яшчэ жарабя, белы, а вочы, грыва і хвост залатыя. І хтосьці яго ўжо бачыў і балбатаў аб гэтым у карчме.

— Хутка паедзе, чака-айце. Калі толькі антыхрыст раней не прыйдзе.

Антыхрыста таксама можна было чакаць. Надта ўжо вялікім стала няшчасце, надта злымі сталі людзі.

Нездарма слупы гулялі.

А яшчэ тады ж адбываліся незразумелыя падзеі. У Магілеве, як і на ўсёй прасторы Белай Русі і Літвы, невядома хто і як ставіў нечытальныя пісьмёны чырвонага колеру па цэрквах і касцёлах і другіх будынінах на вышыні некалькі сажняў, куды існаму не дастаць, і ў замкнёных скрынях; таксама незразумелым чынам былі астрыжаны авечкі, у мужчын бароды, а ў жанчын — косы і іншае.

Ішла цемра.

Непрасвяцімая.

II

Ох і жорсткі быў наш татачка, мужыцкі цар.

Ён баяр ды князёў павыважываў.

Песня

Мне не ўдалося праспаць да раніцы.

Была яшчэ ноч, калі мяне разбудзіў сам Кізгайла. Я запаліў свечку і, нацягваючы вопратку, кінуў на яго позірк. Твар быў бледны, спатнелы, перакрыўлены. І ў вачніцах ад свечкі цені.

«Баіцца? — падумаў я. — Не. Ненавідзіць? Не. Баіцца і ненавідзіць больш баязлівасці, вось што. Але чаму?»

Урэшце, думаць пра гэта не было калі. Я спяшаўся.

— На муры, — сказаў гаспадар.

Праз некалькі імгненняў мы беглі ўжо да Жабінай вежы, што выходзіла на Княгініна поле.

Трывогі пакуль што яшчэ не было чуваць ні сярод прыслугі, ні сярод салдат. На забрале ля вежы стаяў вартаўнік брамы і з ім яшчэ чалавек, жанчына, як я пазней даведаўся, яго дачка, удава Дар’я. Абое маўчалі і глядзелі кудысьці ў ноч. Мы сталі поруч з імі.

Месяц, ужо нізкі і барвовы, хіліўся да далёкага лесу. Ад усіх, нават ад самых маленькіх, узгорачкаў леглі вялізныя трывожныя цені. І толькі лапікі, малюсенькія кавалачкі поля, былі азораны няпэўным аранжавым святлом.

— Што там? — чамусьці ціхім голасам спытаў я.

Дар’я моўчкі ўзняла руку, паказваючы ёю ўдалячынь.

Але ноч была спакойнай, толькі дзесьці чулася песня драча.

— Яна і ўчула, — сказаў вартаўнік, — я сам глухаваты стаў.

— Ды што такое? — зноў спытаў я.

— Вішчыць, — сказала Дар’я.

— Драч? — як бы пытаючы, сказаў гаспадар.

— Не. Вішчыць, — сказала яна.

— Хочаш сказаць «рыпіць»? — спытаў Кізгайла.

— Вішчыць.

Я ведаў, што мясцовыя людзі часам не знаходзяць слоў, што не перашкаджае ім быць някепскімі людзьмі. Адна дзеўка, тлумачачы мне колер сукна, сказала: «Кармазынавы, зеляненькі, як васілёчак». Але цяпер не час быў чапляцца да слоў, і я стаў слухаць, што ж такое «вішчыць».

Песня драчоў стала як быццам галаснейшай. У полі ставала ўсё больш ценю: пранізліва-чырвоны месяц ужо напалову схаваўся за пушчу. Спяваў ужо не адзін драч, а некалькі. А цемра ўсё агортвала поле, і ў гэтай цемры ўсё нарастала птушыная песня.

І раптам я зразумеў: гэта не драч, гэта рыпяць… вазы. Так, гэта рыпелі вазы. Многа, магчыма, сотні вазоў. І гэтая песня нарастала і ўжо рабілася пранізлівай, заглушаючы ўсё.

Я не ведаў, хто гэта едзе ў такой нямой цішыні, калі нічога не чуваць, акрамя песні колаў, але я адчуў, што ў мяне мурашкі пабеглі па спіне.

— Ён, — сказаў Кізгайла, і я зразумеў, хто гэта «ён».

А вазы рыпелі і рыпелі ўначы, і ўжо не заставалася нічога, акрамя гэтага рыпення.

— З’явіўся, варажына, — сказаў гаспадар праз зубы, — што ж, рыхтуйся, Цхакен, заўтра будзем біцца. Насмерць.

Я баяўся за гаспадара, але цяпер мой страх мінуўся. Ён проста быў з той пароды, для якой чакаць небяспекі горш за самую небяспеку.

Я цяпер ведаў, што ён будзе і баяцца, і ненавідзець, але будзе трымацца і не дасць зразумець гэтага. Гэта дрэнна, але ўсё ж гэта лепей, чым відовішча дрыготкай жывёліны.

— Што ж, — сказаў я, — біцца дык біцца. Я доўгі час атрымліваў вашу плату дарма. Праўда, лепей было б мне, як таму ўрачу, усё жыццё атрымліваць яе дарэмна. Але калі так ужо сталася — не трэба непакоіцца, пане.

Я вырашыў не турбаваць людзей і даць ім выспацца. Толькі падвоіў каравул і паставіў каля спячых аднаго хлопца, каб па першым трывожным сігнале падняў усіх. А сам я, захінуўшыся ў плашч, сеў на забрале каля вартаўніка і яго дачкі і стаў драмаць, штохвілінна прачынаючыся. Гэтыя ночы, калі спіна прыхілена да дрэва ці каменя, былі мне вельмі знаёмыя. Засынаеш і раптам падаеш кудысь. Такія сны, напэўна, бачаць малпы на сваіх дрэвах. Але чым лепшы за малпу салдат-наёмнік? Дурное, агіднае рамяство — вайна.

Такія думкі прыходзілі да мяне за апошні час усё часцей: відаць, я пачаў старэць. Я засынаў і прачынаўся, глядзеў на гэтую жанчыну, якую ніхто не прымушаў сядзець на муры, і бачыў яе закураны белы твар пад хусткаю, вачніцы ў ценях.

Нічога няма прыгажэй за жаночы твар у прыцемку. Таму, напэўна, і кахаюць у гэты час.

У адно з такіх абуджэнняў я ўбачыў, што ўжо не толькі светла, але вось-вось узыдзе сонца. За намі быў блакітны туманны Дняпро. Перад намі — роў, невялікае, ледзь узгорыстае поле, а далей — лясістыя ўзгоркі, ружавеючая роўнядзь Святога возера.

Сонца ўжо выкінула з-за лесу тысячы чырвоных дзід, заліло расплаўленым золатам маленькія воблачкі ля далягляду. Але я пазіраў не на яго.

Поле за гэтую ноч, здавалася, абрасло маладым лесам. Па абодвух баках вялікай лагчыны сядзелі, хадзілі, ляжалі тысячы людзей. Дзіды, уторкнутыя ў зямлю, рацішчы*, адагнутыя ў шыйцы косы. Далей, каля лесу, сотні вазоў выставілі да неба свае аглоблі.

* Рагаціны.

Падымаўся ў бязвоблачную вышыню дым вогнішчаў. Мы бачылі як на далоні ўсё поле, акрамя шырокай лагчыны. Але, напэўна, і там былі людзі.

На адным з недалёкіх узгоркаў стаяла кучка людзей. І гэтыя людзі былі не ў белай вопратцы, значыць, не мужыкі.

У мяне добрая падзорная труба са шкельцамі галандскай ручной шліфоўкі. Я навёў яе на ўзгорак і ўбачыў трох чалавек.

Сярэдні быў высокі і тонкі ў касці. На ім — барвяны плашч, што падаў амаль да зямлі. Доўгія, да плячэй, валасы, ладная пастава, вельмі вузкія клубы. Гэты чалавек нешта казаў двум другім, паказваючы рукою на муры. Поруч з ім стаяў юнак ці малады мужчына, крыху падобны да сярэдняга. На ім былі светлыя латы і таксама плашч, толькі блакітны. А з другога боку стаяў каржакаваты чалавек, ніжэйшы за іх ростам і моцна сутулы. Ён быў без барады і вусоў, хоць па гадах мог быць бацькам маладому. На бязвусым латы былі цёмныя, а плашч зялёны з чорным.

— Дай, — сказаў мне Кізгайла, які зноў выйшаў на мур.

Ён прынік да трубы, аж падаўся наперад.

— Яны, — сказаў ён пасля нядоўгага маўчання. — Той, што ў барвяным, — сам Раман, ваўчына драпежная. Ну, пападзіся ты мне — я табе пакажу, як гэта быдла ўзнімаць.

— А астатнія?

— У светлых латах — Лаўр, з Раманавай варты. Байструк.

— Яны чамусьці падобныя.

— Баюць, што там не абышлося без Якуба, якога я на той свет адправіў. А чорны — Пятро, таксама брат Раманаў. Родны… Адроддзе дэйноўскае! Здохлага зубра запалявалі…

Лаянка Кізгайлы мне здалася непрыстойнай. Усякае нараджэнне законнае, калі ад яго нараджаецца добры воін ці дзеўка, створаная для радасці і кахання.

А лаяцца тым, што людзі родам з былога Дэйноўскага княства, краіны лясоў і балот, і зусім бязглузда.

Яны не пасылалі да нас вяшчальніка, не марнавалі часу. Кожны разумеў, што адзін не адмовіцца ад аблогі, а другі не здасца.

— Ану, майстра, — сказаў я пушкару, — даўбані па гэтых, на пагорку.

Гармата вырыгнула полымя і рэзка адкацілася назад.

Я ў падзорную трубу бачыў, як дасланы намі чыгунны мяч ударыў у схіл узгорка, ніжэй военачальнікаў. Там узнялося лёгкае таючае воблачка. Заржаў і стаў на дыбкі гожы белы конь, якога трымаў за повад хлопец у белай кашулі.

Раман стаяў усё так жа спакойна, не зрабіўшы і кроку ўбок. Потым ён махнуў рукою і стаў спускацца з узгорка. За ім — два астатнія. Мы так на іх заглядзеліся, што не заўважылі, як з лагчыны, зусім блізка ад нас, пачалі, быццам самі сабою, выпаўзаць вазы. Адзін, другі, дзесяты, дваццаты.

На іх было навалена нейкае дзіўнае рыжае сена, і яны паўзлі лугам, а людзі, якія штурхалі іх, хаваліся за гэтым сенам.

Я доўга не разумеў, у чым справа, аж датуль, пакуль яны не падзяліліся на два патокі. І гэтыя дзве змяі павольна паўзлі да драўляных брам у нашым вале.

— Бі па вазах! — крыкнуў я.

Мур расцвіў клубамі парахавога дыму. Але было позна ўжо. Вазы паспелі ўпрытык падваліць да абедзвюх брам, і раптам, амаль адначасова, да неба ўзняліся вялізныя, рудыя, як хвост лісіцы, палаючыя языкі агню. Палала сена, аблітае нечым гаручым, палала сама зямля вакол. Пад прыкрыццём агню беглі да пагорка мужыкі.

Цяпер мне стала ясна, чаму Ракутовіч спусціўся з узгорка, чаму адзін з мужыцкіх атрадаў пайшоў за ім: яны рыхтаваліся бараніць вазы, калі б нам уздумалася зрабіць вылазку.

У нас не было сілы на абарону вала: занадта нечакана ўстала пагроза. Мы свядома абмежавалі сябе мурамі замка. Але ўсё адно гэты пажар быў непрыемны. Вал перастаў існаваць як перашкода. Цяпер ужо нішто не перашкаджала паднесці да муроў лесвіцы або падкаціць таран, каб ён у іх быў.

Мы зрабілі першую памылку.

Затое тыя, што рыхтаваліся абараняць вазы, і сам Раман былі цяпер амаль у нашых руках. Я паставіў на мур сотню сваіх хлопцаў з мушкетамі і стаў падаваць каманду:

— Ступі! Стой! Мушкет да бока! Фіціль — з курка! Фіціль — на месца! Мушкет да рота! З брамкі здзьмухай! Набой бяры! Мушкет уніз! Порах на брамку — сып! Утрасі! Брамку зачыні! Страсі! Здзьмухай! Мушкет да левага бока! Порах і кульку — у мушкет! Клак — на брамку. Забойнік бяры! Кульку і клак дабі! Забойнік на месца ўсунь! Правай рукой мушкет падымі! Левай падсошак рыхтуй! Мушкет на вілкі! Гатоўся!

Я ведаў гэтыя каманды на памяць ужо дваццаць восем год. А мае хлопцы былі лепшыя стралкі з усіх, якіх я ведаў. Не мінула і дзесятай часткі гадзіны, як мур ашчацініўся гатовымі да стральбы ручніцамі.

— Палі! — крыкнуў я.

Зубцы завалакло едкім парахавым дымам. Я праз яго бачыў, як падалі, круціліся ў віхуры, мітусіліся людзі ў белай вопратцы.

І яшчэ бачыў я чалавека ў барвяным плашчы. Ён крычаў нешта жахлівым голасам, узнімаючы адной рукою старадаўні двухручны меч.

Сашчэраны рот і грыва валасоў, што ўстала дыбарам, — ад іх нельга было адарваць вачэй. Калі дым разышоўся, на траве засталося дзесяткі тры нерухомых белых цел.

І яшчэ я пабачыў, што на лініі ўзгоркаў стаіць надзіва роўны строй мужыкоў. Я не ведаў, нашто ім спатрэбілася стаяць там. За іхнімі спінамі былі толькі вазы. Другі атрад — іначай не назавеш, бо гэта было войска, а не бязладны мужыцкі натоўп — набліжаўся здалёк строем у тры плутонгі. Ён стаў значна лявей Жабінай вежы. І пад маўклівай аховай гэтых людзей натоўп мужыкоў, узброеных чым папала, цягнуў ад пагоркаў дзесятак доўгіх асадных лесвіц. Чорт бы пабраў гэтага мужыцкага караля! Ён ваяваў зусім не па правілах. Праўдзівей, не па тых правілах, па якіх ваююць ва ўсім свеце. І незразумела, па якіх. Я глядзеў на яго вялізную постаць, што махала мячом. Мы далі другі залп па натоўпе з лесвіцамі і па ім. Але ён быў цэлы і здаровы, быццам і агонь яго літаваў.

Я ўбачыў перакошаны твар Кізгайлы. Ён кідаўся па забралу, лаяў пушкароў самымі чорнымі словамі. Схапіў ядро, паляпаў, быццам кавун, па крутых баках і заштурхнуў у жарало «Маркабруна», гарматы французскага ліцця, самай вялікай з тых, што стаялі на мурах. Потым затрос кулакамі ў паветры:

— Палі!!!

«Маркабрун» раўнуў. І зноў, як заварожаны, стаяў на месцы чалавек у плашчы. Ядро вырвала з рух хлапчыны, што стаяў поруч з ім, прапар і ў трэскі разбіла адну з лесвіц.

Астатнія лесвіцы паўзлі далей у атачэнні кос, сякер і віл. Кізгайла і я адначасова зразумелі, што, калі лесвіцы ўкрыюць за валам, паблізу ад спаленай брамы (ад яе засталіся ўжо толькі вуголле і палаючыя бэлькі), наша справа пагоршыцца. Тады атрад маўклівых вартаўнікоў кінецца да іх, і ніхто не ўратуе муроў ад штурму.

Унізе, ля брамы, стаяла напагатове кірасірская сотня.

— Капітан, — крыкнуў Кізгайла, — падрыхтуйся! Зламі іх, знішчы лесвіцы, пастарайся ўзяць Рамана.

— Добра, — глухім голасам адказаў капітан.

Форткі брамы разышліся з цяжкім рыпам, упаў пад’ёмны мост, і адразу ўсё запаланіў трывожны нарастаючы грукат капытоў па жалезе моста.

Кірасіры рынуліся ў атаку.

Усе на вараных конях, усе ў чорных латах і шаломах, увянчаных чорнымі пер’ямі, яны імчалі выцягнутым клінам, і я не ведаю, што здолела б устаяць перад іхнім імклівым ударам. Сам Аляксандр не адмовіўся б камандаваць такой сотняй.

Абаронцы на мурах праводзілі іх лямантам захаплення, і нават мая халодная кроў ускіпела, як у першым баі, калі мне было пятнаццаць год.

— Сячы іх! Хапай!

Мужыччо каля лесвіц замітусілася, але не стала ўцякаць. Яны, праўда, кінулі лесвіцы, але не ўцякалі, а адступалі. І апошнімі падаваліся задам людзі з косамі ў руках.

Капітан, які скакаў наперадзе, падаў знак рукою ў жалезнай пальчатцы. І адразу, як зладжаны хітравумны механізм, жалезны клін пачаў мяняць строй: дваццаць ці трыццаць латнікаў аддзяліліся ад лятучага атрада і паскакалі да тых маўклівых, што стаялі на схіле строем у тры плутонгі.

Астатнія на хаду ператварылі кінутыя лесвіцы ў кучу ашчэпкаў. Яны падазрона лёгка ламаліся, і я ўжо ў той момант западозрыў няладнае. Але думаць не было калі. Я наогул не ведаў, на каго глядзець, на тых, што ляцелі да маўклівай аховы, ці на тых, што спасцігалі атрад уцекачоў.

Я паспеў толькі заўважыць, што першая плутонга мужыцкага атрада раптоўна апусцілася на калені, выставіўшы наперад доўгія дзіды, а другая, стоячы, пачала весці беглы агонь паўзверх яе галоў. Адзін коннік пакаціўся цераз галаву каня, другі, трэці. Гэта было жахліва! Трапнасць стральбы можна было растлумачыць толькі так: Ракутовіч паставіў у гэты атрад паляўнічых. Але як ён мог за тыдзень навучыць людзей так спрытна арудаваць дзідамі?

Поўны трыумфу лямант перарваў мае думкі. Я ўбачыў, што кірасіры дагналі ўцекачоў і ўрэзаліся ў іх усім цяжарам сямідзесяці закутых у жалеза коннікаў, усім цяжарам сямідзесяці конскіх цел. Мужыкі яшчэ спрабавалі супраціўляцца, яны з размахам секлі косамі ля самай зямлі, спадзеючыся падрэзаць коням сухажыллі. Але гэта была безнадзейная справа.

Ракутовічу — я краем вока заўважыў гэта — падвялі каня, і ён памчаў да тых, каго забівалі: толькі барвяніца запаласкалася на ветры. Ён, напэўна, хацеў біцца разам з гэтымі асуджанымі на смерць.

Цяпер яго аддзяляла ад чорнага коннага атрада толькі вузкая палоса людзей у белым адзенні. І тая палоса радзела на вачах.

Калі кірасіры адкінулі вісклівы натоўп сажняў на сорак, на вызваленай прасторы калаціліся ў сутаргах шэсцьдзесят коней і бялела не менш трыццаці мужыцкіх цел. Ракутовіч, размахваючы мячом, крычаў нешта, але ўсё ўжо было скончана: мяцежнікі рассеяліся ў розныя бакі, кінуліся ўрассыпную.

Ён быў храбрым, але дурным военачальнікам, гэты чалавек у барвяніцы. Ён рушыў лесвіцы да муроў без прыкрыцця, без гарматнай пальбы, нават без конніцы, пад аховай дрэнна ўзброенага зброду.

Між тым меншаму атраду, значна парадзеламу, удалося ўсё ж пацясніць мужыцкі атрад з узгорка. На гэтым яны супакоіліся і кінуліся даганяць астатніх. Але тым і самім не было чаго рабіць: не гнацца ж за мужыкамі, што разбягаліся па адным.

Чалавек у барвяніцы ўсё яшчэ гойсаў ля перадавых кірасіраў. Скінуў з каня аднаго, выбіў цяжкі палаш з рук у другога. Смерці мо хацеў ці шукаў выпадку, каб вызначыцца? Крычаў нешта — відаць, здзеклівае.

Чырвонае так і развявалася на ветры. І толькі калі кінулася за ім уся сотня, раптам крыкнуў страшным голасам і прыпусціў каня да сваіх.

Чорны атрад ляцеў за ім, і адлегласць паміж чорнай плямай і чырвонай іскрай павольна скарачалася.

Коннік ляцеў да таго строю, што прыкрываў вазы. І гэта было дарэмна. Капітан казаў праўду: адзін латнік варты трыццацёх, нават храбрых, нават тых, што не ўцякаюць. Раскіданы па ўсім полі мужыцкі натоўп, што адчайна ўцякаў, быў прыкладам гэтаму. Зараз і ад тых, што наперадзе, не застанецца мокрага месца.

Чалавек у барвяніцы прышпорыў каня і стаў лёгка адрывацца ад спасцігачоў. Звярнуў направа, нябачным скачком паслаў каня цераз шырокую канаву і праваліўся за ўзгоркам, толькі яго і бачылі.

А маўклівы чорны касяк з ходу ўрэзаўся ў мужыкоў, што абаранялі вазы.

…Не, не ўрэзаўся. У апошняе імгненне тыя кінуліся бегчы хто куды. Большасць знікла пад коламі вазоў. Нейкіх дзіўных высокіх вазоў…

Сляза набегла на вочы. Я змахнуў яе далонню, зноў прынік да трубы і…

— Назад! — закрычаў я такім голасам, што сам спалохаўся.

Гэта былі не простыя вазы. Гэта былі вазы, акутыя меддзю па градках і на сажань вышэй градкі. І нават уніз, прыкрываючы колы, спускалася медная «спадніца» з выразамі, і раптам гэтыя вазы ўсе ашчацініліся: зверху дзідамі і нечым незразумелым, а знізу, з-пад «спадніцы», бусакамі.

— Назад! — роў я.

Куды там! Хто б мог пачуць? Ды яны і не маглі стрымацца, з ходу наляцеўшы на вазы.

І раптам бусакі знізу сталі прагна шнарыць у паветры, хапаць прыцёртых упрытык коннікаў за што папала, сцягваць іх з коней ці прыгінаць да меднай абшыўкі. А зверху пачалі рытмічна ўзлятаць і апускацца на галовы людзей — я цяпер зразумеў, што гэта, — мужыцкія, акутыя на такі выпадак жалезам, цапы.

Так, гэтыя людзі ўмелі арудаваць бусакамі і малаціць — гэта ж была іх штодзённая праца. І яны малацілі, малацілі адчайна. У іх было мала мушкетаў, і яны ведалі, што страла, ці каса, ці меч не возьмуць міланскіх і нюрнбергскіх латаў, што чалавека, закутага ў іх, можна толькі аглушыць.

Яны малацілі. Нават да нашых муроў даляцелі немыя крыкі тых, каго забівалі, і дзікае гігатанне спалоханых коней.

Божа! Цяпер я зразумеў усё. Гэтыя падазрона слабыя лесвіцы, гэты натоўп, што загадзя асудзіў сябе на смерць, гэты коннік, якога наганяе сотня, — усё гэта было падсадкай, усё гэта было прыманкай. І капітан, як пячкур, папаўся на гэтую вуду, на хітрыкі гэтага азіята і варвара. Варвар мог цяпер быць спакойны наконт конных вылазак.

— Дык прападай жа, дурань, — плюнуў я са злосці.

Парадзелая больш чым напалову сотня адхлынула нарэшце ад дзівоснай спаруды і пачала адступаць да муроў, спадзеючыся, як сказаў нейкі пісака, «больш на шпоры, чым на мячы».

Іх падбадзёрваў роў з муроў, але я ўжо ведаў, з кім мы маем справу, ведаў, што гэты не выпусціць іх так проста са сваіх рук.

Я здзівіўся толькі аднаму: што магло прымусіць гэтых, з лесвіцамі, пайсці на справу, якая не абяцала жыцця, а толькі смерць? Напэўна, нясцерпным стала жыццё.

Рэшткі атрадаў кірасіраў скакалі на ўсю моц, а я ўсё паўтараў сам сабе:

— Не спадзявайцеся, гэты не выпусціць, гэты не з тых.

І я не здзівіўся, калі з лагчыны, напярэймы адступаючым вылецела конніца. На чале яе імчаў чалавек у барвяным плашчы са сваімі двума спадарожнікамі. І было гэтых конных людзей не больш за дзве сотні, але я пазнаў па шэрых ваўчыных шапках з заломам на левае вуха, што гэта за людзі.

Так носяць шапкі толькі конныя пастухі, што вандруюць з панскімі чародамі па ўсіх пясчаных і вапняковых пустэчах гэтай зямлі.

Божа, умяшаліся ў бойку нават гэтыя людзі, што ўдарам канца карбача* па носе забіваюць ваўка! Каго ж ты не пакрыўдзіла, панства гэтай зямлі?!.

* Кароткі бізун.

Я ўжо амаль не глядзеў, як яны дагналі кірасіраў, урэзаліся ім у фланг, змялі і адрэзалі ад замка. Я толькі глядзеў, як гэты барвяны д’ябал арудаваў двухручным мячом — па-даўнейшаму.

І яшчэ бачыў я, як чорна-зялёны, быццам тванню запэцканы, галаморды Пятро — у яго, як у многіх дэйноўцаў, кепска расла барада — збіў сваім канём цяжкага каня капітана, на хаду выхапіў кірасіра са страмёнаў, перакінуў яго цераз сядло і загікаў, засвістаў разбойніцкім посвістам, памчаў прэч ад месца сутычкі — каб не адбілі.

Не ўцёк ні адзін кірасір, яны расправіліся з імі хутка, як галодны швейцарац з засмажаным трусом. Частка засталася ляжаць на зямлі, і з іх на месцы здзіралі латы, частку пагналі на вяроўках у бок лясістых узгоркаў.

А гэтыя прыскакалі амаль да самых муроў і пачалі нахабна гарцаваць пад імі. Пасля я ўжо і сам не мог разабрацца, хто каго лае — такія праклёны сыпаліся з муроў і з поля:

— Зямлянікі, рыдлёўшчыкі!

— Воўчая сыць! Недаедкі.

— Студні салілі!

— Шклоўскія іспанцы!

— Недасекі! Сабаку з’елі!

— Хамаўшчына чарнаногая!

— Гудзі, дуброва, едзе князь па дровы! Матку на суку-харта змянялі! Польская косць, ды сабачым мясам абрасла!

Я загадаў страляць, але тыя так і пырснулі на ўсе бакі. Чалавекі тры зваліліся, ды і тых яны падхапілі на ляту, забралі.

Цяпер мы маглі страляць без апаскі. І мы стралялі з гадзіну па асобных кучках людзей. Трымаліся яны нахабна. Два праехалі пад самымі мурамі на кірасірскіх конях і ў латах. Адзін — на кані, пакрытым замест падкладкі ксяндзоўскай рызай (з Рагачыка, відаць, узялі).

Я супакоіўся, нават пераміргнуўся з Дар’яй, што блукала па двары. Усміхнулася і яна мне.

Тыя таксама, відаць, адпачывалі.

А потым стала не да адпачынку. Таму што вазы, тыя самыя, акутыя, пачалі паўзці з-пад лесу да цытадэльных муроў. Іх кацілі надзейна прыкрытыя мужыкі.

Зноў з’явілася конніца і замаячыла па ўзгорках. Так, з вазамі яны прыдумалі хітра, амаль як чэшскія ерэтыкі калісьці. Праўда, «Вагенбург» Ракутовіча быў лягчэйшы і, відаць, больш рухомы. Калі ён прапоўз палову адлегласці да крапасных муроў — мы пачалі паліць па ім з гармат. Пару разоў трапілі. Але праз імгненне адтуль таксама грукнулі гарматы, шэсць штук, роўна столькі, колькі было на мурах у Рагачыку.

Пырснулі каменныя асколкі ля самага майго твару, паваліўся і застагнаў адзін з маіх хлопцаў.

А яны палілі, пасоўваючыся бліжэй і бліжэй. Абваліліся два-тры зубцы на сцяне.

Пятро, які нешта гарланіў пушкарам, раптам шалёным намётам памчаў да Жабінай вежы. Асадзіў каня і, прымушаючы яго гарачыцца, закрычаў дурным матам:

— Здавайцеся, штурмаваць будзем!

Кізгайла вырваў у пушкара, што наводзіў гармату, фіціль, вылаяўся, сунуў яго ў запальнік. Пашча гарматы вырыгнула агонь.

Мы пачулі глухі ўдар. Потым на тым самым месцы, дзе куражыўся Пятро, устаў косы, завіты, як гляйсар, слуп дыму. Конь узняўся на дыбкі і перакуліўся на спіну, прыціснуўшы сабою седака.

Муры завылі трыумфуючы.

Я не бачыў, як яго падхапілі, — агонь стаў жахлівым. «Вагенбург» усё набліжаўся, і поле за ім варушылася: ішоў народ. Зноў неслі лесвіцы.

…Прыйшла наша чарга. Я загадаў Аўгусту Тухеру, адзінаму сярод нас немцу, стаць на маё месца, сачыць за боем і падаваць мне сігналы гукамі ражка, а сам спусціўся да брамы. Вылазка стала неабходнай, бо мая абарона — гэта напад. «Вагенбург» трэба было знішчыць. Трэба было пазбавіць іх гармат.

Мы выйшлі з крэпасці і рушылі на іх трыма плутонгамі, па чарзе страляючы цераз галовы пярэдніх.

Яны кінуліся на нас утрапёна, але швейцарца цяжка збянтэжыць. Мы вялі свой беглы агонь і ішлі.

Нядобра выхваляцца сваімі дзеяннямі, і я скажу толькі, што мы прымусілі да ўцёкаў пярэднія гурты, праніклі да «Вагенбурга» і закляпалі тры гарматы з шасці.

А потым прыйшла расплата.

З дыму, што, як коўдра, укрываў поле, паказаліся раптоўна конныя і пешыя гурты ў белым. Іх было многа. І наперадзе ішоў чалавек, які трос двухручным мячом. І яны ішлі не спяшаючыся, а над іхнімі галовамі лунаў дзікі і суровы харал:

Пан Бог цвярдыня,

Цвярдыня мая,

Узняў ён длань маю.

Як Давід на Галіяфа —

Узняў.

Вось мой народ,

Як ільвіца, устае.

Пан Бог над вамі,

З намі ў гневе,

З намі ў гневе

Наш народ.

І раптам яны кінуліся наперад. Гэта была нібы лавіна.

— Святы Юры! Русь! — крыкнуў Ракутовіч, і конь Лаўра шарахнуўся ў бок ад гэтага страшнага голасу.

Яны сутыкнуліся з намі, і нас не выручылі нашы дзіды, абцяжараныя целамі, абсечаныя кароткімі кордамі мужыкоў.

Ракутовіч сек двухручным мячом. І яго атрад не адступаў ад яго. А мы падаваліся задам, захлынаючыся сваёй і чужой крывёю. Падаваліся занадта паспешліва, каб гэта можна было назваць адступленнем.

Хутка за намі, патрапанымі і зраненымі, з трэскам зачыніліся форткі брамы. Я ўцякаў другі раз: першы раз пры Брэйтэнфельдзе* — я быў тады ў імператарскай арміі, намі камандаваў Цілі, а супраць нас быў шалёны швед — і тут, ад мужыкоў.

* Месца бітвы ў германа-шведскай вайне.

І я не стыдаюся гэтага. Калі б гэтаму варвару даць тых самых утрапёных мужыкоў, але закутых у латы і ўзброеных сталлю, ад яго ўцякаў бы і сам Густаў*. На наша шчасце, у іх былі мяккія шапкі з вяровачным шаломам паўзверх. Гэта ратавала іх ад удару шаблі, але не ад дзіды і свінцу.

* Густаў-Адальф — шведскі кароль.

А потым пачалося пекла аблогі: лесвіцы, што паўзуць уверх, агнявыя патокі смалы, каменне.

Мы кідалі таксама гліняныя збаны з чалавечым калам. Гэта прыдумаў Кізгайла, і гэта была добрая выдумка, бо я не бачыў людзей больш ахайных, чым русіны. Яны тройчы ў тыдзень мыюцца ў сваёй лазні, змываючы з сябе выпарэнні. А па суботах яны ператвараюць гэта ў свяшчэннадзейства, хвошчуць адзін аднаго венікамі, п’юць ягадныя воды і качаюцца ў снезе. Таму яны заўжды моцныя і здаровыя, і, кажуць, гэта вельмі спрыяе добрым паводзінам у ложку. Аднойчы я паспрабаваў залезці на гэты іхні «палок» і скажу вам, што свінец і агонь, якімі асыпалі нас пры Бургштале паблізу Вольмірштэта, дзе нас упершыню адлупцаваў швед, — дзіцячыя забаўкі ў параўнанні з той лазняй. Я адчуваў сябе, як у пекле.

Але не было выдумкі горш за гэту, бо, скажу я вам, гэтыя людзі надта адчувальныя да абразы. Іх не так абражала вунія і зняслаўленыя цэрквы, як тое, што іхніх праваслаўных нябожчыкаў не дазвалялі вывозіць з горада іначай, як праз тую браму, праз якую вывозілі нечыстоты і іншы бруд.

Гэты штурм! Я радаваўся толькі таму, што, як заўсёды падчас бойкі, думаў на мове маёй радзімы. Гэта добра.

Але ўсё адно жахлівей не было нічога. Падалі лесвіцы, а яны лезлі і лезлі, як чэрці, і хутка сеча закіпела на мурах.

Кізгайла, я і мае людзі секліся адчайна, але яны цяснілі нас, а наперадзе іх выў і крыўляўся сівы і маленькі, як кобальд*, чалавечак у рыззі — іхні святы.

* Дух лясоў у германскай міфалогіі.

І яшчэ бачыў я, як сек двухручным мячом дэман у барвяніцы. Яго скінулі ўніз разам з лесвіцай, але яна зачапілася за рог вежы і спаўзла ўніз, і ніхто, здаецца, не загінуў.

Мужыкі з навакольных вёсак сцякаліся на ўзгоркі і глядзелі на пабоішча, як на бойку ля шынка.

— Зляцелася груганнё, — хрыпеў Кізгайла, гледзячы на іх і з нянавісцю адбіваючыся ад тых, што нападалі.

Потым ён кудысьці знік.

А нас адцяснілі да сцяны глухой Саляной вежы, і тут мы, сорак швейцарцаў, стаялі, ашчацініўшыся зброяй, і рыкалі на абкружаўшых нас ворагаў.

Гэта было ўжо толькі справай гонару, таму што абараняць не было чаго.

Замак быў узяты.

Дзіды абкружалі нас з усіх бакоў, нават зверху, з забрала сцяны. Варта было нам вякнуць — і з нас зрабілі б вожыкаў. Нас засталося сорак. Астатніх забілі альбо ўзялі ў палон. Вачыма, затуманенымі стомай, я ўбачыў, як перад намі з’явіўся Лаўр у светлых латах, у блакітным плашчы, у блакітных саф’янавых чаравіках, усмешлівы, млява-зняможаны, быццам не з сечы, а са спаткання. Ён крыху нагадваў архангела Гаўрыіла, і гэты архангел кінуў нам словы, поўныя лянівай паблажлівасці:

— Кідайце зброю, ці што.

— Не, сынок, — адказаў я, — не ты нам гэтую зброю даў, не табе і загадваць.

— Не строй дурня, бацька, пашкадуй хлопцаў.

І раптам аднекуль з вышыні, з балюстрады, пачуўся безжыццёвы голас:

— Складзі зброю, Канрад, я дазваляю. Ты зрабіў усё, што мог.

Гэта быў голас Кізгайлы. І я ўбачыў пана на балюстрадзе. А за ім стаяў Дамінік з дзідай. І Дамінік кінуў зверху да ног Лаўра ключ і крыкнуў:

— Трымайце. Я замкнуў дзверы ў кутні пакой.

— Які пакой? — узняў бровы Лаўр.

— У той, адкуль падземны лаз.

Я апусціў галаву. Дзіўнае чынілася тут. Гаспадар хацеў уцячы, пакінуўшы нас на ярасць мужыкоў. А схілены ім да каталіцтва мужык, яго апора, не даў яму гэтага зрабіць. І тады я наступіў нагою на свой клінок і зламаў яго, а кавалкі кінуў да Лаўравых ног. Нас абяззброілі. А Кізгайлу, напэўна, разарвалі б на месцы, каб не зарыпелі форткі брамы і не заляскалі ланцугі моста, які апусціўся. Я ўбачыў проста перад сабою дарогу, гурмы людзей па абодва бакі і конніка на белым кані, што ехаў да брамы. Твар яго быў запэцканы сажай, барвяны плашч раздзёрты, але вочы палалі агнём, што ўсяляў жах.

Народ выў. Я бачыў змардаваныя твары, па якіх цяклі слёзы, і іншыя твары, ярасныя. Але і на тыя і на другія было страшна глядзець.

— Раман! Народ Божы! — Роў рабіўся нязносны. — Ратуй! Дай зброю! Рай будуюць на нашым пекле! Ратуй нас! Ратуй!

Я ўбачыў, як некалькі чалавек кінуліся цалаваць сляды капытоў яго каня, і, слова гонару, гэта не было смешна.

А ён крычаў у адказ сваім страшным трубным голасам:

— Праваслаўныя, усё бярыце! Зямля — ваша, хлеб — ваш, вера — ваша! І доўбні — вашы! А гэтым нечасціўцам — меч!

Але нават яго голас заглушыў роў і крыкі «ратуй!». Калі ён мінуў арку брамы і ўехаў у двор — да ног яго каня сталі шпурляць скручаных шляхціцаў, усіх, хто ўцалеў пасля бітвы на мурах.

А народ усё роў, і тут я ўпершыню пачуў, як выгукнулі тое яго імя, якое праз месяц стала крылатым:

— Барвяны ўладар! Барвяны ваяўнік!

Конь мерна ступаў паміж целамі, і капыты звонка білі аб камень. Белы конь з залацістымі вачыма. А гэты сядзеў на ім як уліты. Бачыў я грыву непаслухмяных і бліскучых попельных валасоў, што адлівалі золатам, ёмісты чэрап з вялікім ілбом, цвёрда сціснуты вялікі рот, жорсткія жаўлакі на шчоках, прамы і крыху кірпаты нос.

Аблічча, што наганяе жах. Але жахлівей за ўсё былі вочы, незразумелыя па колеру, то шэрыя, то сталёвыя. То залацістае ў ім прамільгне, то нават трохі зялёнае, раз’юшанае. Доўгія, светлыя, незразумелыя вочы.

І гэта галава была закінутая назад, бы ў нязмернай гардыні, а жылістая рука ўладна сціскала павады. І конь адчуваў гэтую руку і ішоў паслухмяна, дрыжучы кожнай жылкай, касавурачы шалёным вокам і стрыгучы вушамі.

Потым я даведаўся, што такая пасадка галавы ад нараджэння, а позірк ад неастылага яшчэ ап’янення бітвай, але тады ён здаўся мне такім жахлівым, што я жахнуўся за кожнага, кінутага да яго ног.

Конь стаў пасярод распластаных цел. А ён сядзеў і глядзеў на мяне.

— Найміт, — усміхнуўся ён. — Але ты добра біўся. Развяжыце іх.

Народ кінуўся выконваць яго загад.

— Хочаш служыць мне?

— Не, пане.

— Называй па імені.

— Не, Раман.

— Правільна, сорам ад аднаго гаспадара адразу пераходзіць да пераможцы. Ты яшчэ не да канца запрадаў душу. Вось табе загад: вартуй пакоі…

І ўзвысіў голас:

— Рабунку не будзе, людзі. Лаўр, падлічы хлеб, срэбра, худобу. Падзялі на дзве паловы. Адну няхай бяруць мужыкі і раздзеляць па беднасці. Ад другой паловы трэцюю частку — на зброю і харч, а дзве трэці — падзяліць паміж сем’ямі тых, хто браў замак. Па храбрасці. І не забудзь тых, што загінулі ля фальшывых лесвіц.

Змоўк на імгненне.

— А замак не ўзрывай. Ён нам яшчэ можа спатрэбіцца.

Народ адказаў радасным ровам. Паляцелі ўгору магеркі і ваўчыныя шапкі.

— А з гэтымі што рабіць, Раман? — спытаў мужык з рацішчам.

— Шляхта, — быццам упершыню заўважыўшы, сказаў ваяўнік. — Паглядзіце, што ў іх на шыі. З праваслаўным крыжам — пакіньце заложнікамі. У каго рымскі агнусек*…

* Агнец Божы; каталіцкі нашыйны знак.

Ён замяўся:

— Хай мужыкі і сярод праваслаўных, і сярод католікаў адшукаюць злых. Аддаю іх у вашы рукі. Добрых — пусціце на ўсе чатыры вятры і адбярыце слова не чыніць шкоды. Няхай крыж цалуюць. Астатніх — у заложнікі.

Пачалася сумятня. Хутка меншую частку палонных павялі за браму — далей ад граху. Засталося чалавек сорак, і сярод іх Крот.

— Пастаўце на калені, — сказаў Ракутовіч, — няхай і яны на мужыкоў знізу паглядзяць.

Крот супраціўляўся як мог. Твар яго быў наліты крывёй і, калі выбарнага ўсё ж паставілі на калені, стаў жахлівым.

— Сволач, прадажнік, блакітнай крыві здрадзіў! Ну, трымайся, Раман! Забыў, хто ў краіне станавы хрыбет? Нобілі, баярства, дваране! Яны табе даруюць, думаеш?

— Ваша дараванне — сабаку пад хвост, — загрымеў Ракутовіч. — Мужык — станавы хрыбет усяму. А вы яго ў пекла ўвергнулі.

Крот выгінаўся ў дужых руках, спрабуючы ўстаць. Ён ужо не крычаў, а хрыпеў:

— Юда! Ці не мужыцкая зязюля пабывала ў тваім гняздзе? Юда!

На лбе Ракутовіча набракла жыла. І такога голасу я таксама яшчэ ніколі не чуў. Ціхі, ён узняўся на канец да трубнага:

— Аспід. Васіліск. Выпоўзіна змяіная. Ты ці многа разумееш у гонары? Ваш гонар у Варшаве Жыгімонту пяткі лізаў. Ваш гонар адзінаверцаў маскоўскіх пад Воршай разграміў і пакуты ім чыніў смяротныя. Ваш гонар сваіх беларусцаў на прэнг вешае. Да чаго вы народ русінскі, Божы народ, давялі ў подласці сваёй? Дзеў на чужацкі ложак шпурнулі. Краіну ўсю! Слёзы яе вам сэрца не абцяжарваюць?! Веру змянілі, хрыстапрадаўцы! Народ прадалі, гандляры! Сваімі рукамі пятлю на яго звілі ды самі і надзелі. Ва ўніжэнні, ва ўціску ён небу вапіе, а вы лікуеце!

І захрыпеў горлам:

— Я дваран здрадзіў, а ты здрадзіў край. Мне гарэць, а табе пакі. Ды мне, можа, яшчэ і даруе Пан Бог, бачачы, што скроні ў мяне ад мучэнняў сівеюць. А табе — няма літасці.

— Ды не бядуй ты так, — жаласна сказаў мужык. — Кажы, што рабіць з імі, ды і канцы.

— Твая праўда, — сказаў Раман, — вядзіце іх за муры. Пад корань!

Натоўп закіпеў, цягнучы пад арку палонных. Цішу прарэзаў чыйсьці немы лямант. Потым усё сціхла.

Сціхла таму, што пад арку з-за муроў ішло павольнае і маўклівае шэсце. На плячах мужыкоў плылі насілы з вялізным каржакаватым целам Пятра.

Распасцёрты на іх, велічэзны, з закінутым падбароддзем і раскіданымі валасамі, ён павольна плыў нагамі ўперад. Латаў на ім не было. Чорна-зялёны плашч прыкрываў калені, што тырчалі ўгару.

Знялі шапкі. Раман прыдушаным голасам спытаў:

— Панцыр дзе?

— Знялі, бацька.

— Правільна. Жывому жывое. У нас мала.

Пад’ехаў да насіл, схіліўся.

— Прабач, брат. Не ўбярог я цябе. А ты — спі. Усім спаць… Многім — скора.

І, падняўшы галаву, абвёў шляхту вачыма, пасвятлелымі і жорсткімі. Потым слізгануў позіркам па шасцёх чалавеках у шэрых расах, што смірна стаялі каля сцяны, узняўшы вочы ўгору. Поруч з імі стаяў служка з біклагай ля пояса.

— І вы тут? Прыпаўзлі, гады. Доўга ж вам дазваляе Бог сваім імем празывацца.

Калі ён цалаваў нябожчыка ў лоб, я ўбачыў, як дрыжалі яго вусны.

— Падлу цалуе, — выразна даляцеў голас з натоўпу дваран. — Сам скора падлай будзеш.

Ракутовіч узняў галаву, агледзеў стракаты ад парчы натоўп.

— Плахі сюды, — свісцячым шэптам сказаў ён і раптам выбухнуў: — Плахі!!! Спявай памінальную, поп! І вы, шэрыя расы, спявайце. На сваёй д’ябальскай гаворцы.

Іякінф заспяваў. Да неба панесліся гукі памінальнай абедні. А ад сцяны ціхмана і здаўлена загучалі іншыя гукі, нязладжаныя басы:

— Dies irae, dies illa, dies magna et amara valde*.

* Дзень гневу, дзень слёз, дзень велічы і горычы (лац.).

Мужыкі прыцягнулі ўжо тры сасновыя калоды і кінулі іх перад капытамі белага каня. Але Ракутовіч раптам апусціў галаву.

— Добра, — сказаў ён, — не трэба плах. Не нам пэцкаць сякераю рукі. Гэтая сволач не храбрэйшая за жанчын… Вазьміце іх, мужыкі.

Дваран пацягнулі далей пад арку. Большасць маўчала, разумеючы, што пажынае свой пасеў.

— А гэтага куды? — спытаў пастух у ваўчынай шапцы, паказваючы на Кізгайлу, якога ўжо звялі з балюстрады.

— Гэтага не чапай.

— Дай мне яго забіць, — сказаў пастух, — з-за яго ў мяне брата павесілі.

— Ведай сваё месца, Іван, — суха сказаў Ракутовіч, — гэта мой вораг, не твой.

Два ворагі глядзелі адзін на аднаго. І ў аднаго не было ў вачах боязі, а ў другога — злосці. Кізгайла стаяў, прыняўшы самавітую паставу, разумеючы, што яго ўжо нішто не ўратуе.

— Ну вось, — сказаў Раман, — ты думаў, я не дабяруся да цябе, Кізгайла? А я тут, і я разграміў тваё гняздо.

Адзін вецер бязважна гуляў каштанавымі валасамі Кізгайлы і грывай Ракутовіча. Кізгайла дыхаў гэтым ветрам і адказаў не адразу:

— Чаму ты не выклікаў і не забіў мяне тады?

— Вас усіх трэба пад корань — вось што я падумаў тады… Дзе Ірына?

— Ты не знойдзеш яе, Раман. Яна цябе ніколі, ніколі не пабачыць. Родам панскім на зямлі клянуся. Я адправіў яе далёка, куды ты не дастанеш.

— Я дастану… Як да цябе дастаў.

— Ты і без гэтага пакараў мяне, — на твары Кізгайлы я ўбачыў тую самую маску, што ўначы, калі Ірына кідала яму праклёны. — Дык забівай ужо да канца. — Усміхнуўся: — Толькі для мяне трох плах зашмат, Рамане. Усіх трох крывёю аднаго не напоіш.

— Я не буду сячы табе галавы. Я проста зраблю тое, чаго не зрабіў тады. Прымай выклік. Лаўр, дай яму каня.

Вочы Кізгайлы загарэліся:

— А калі я цябе звалю?

— Тады ты будзеш вольны. З жонкаю. Чуеце, мужыкі? Я слова даю.

Кізгайла кінуўся да гнядога каня, якога падвёў яму Лаўр, коршакам узляцеў у сядло.

— Ну, тады трымайся, Ракутовіч! Я табе за дваранскую ганьбу адплачу. Шаблю мне!

— І мне шаблю. Горшую. Каб не выхваляўся потым.

— Мужыкі, — загарланіў Лаўр, трасучы хваляй валасоў, — ану, лезь куды вышай. Ачышчай месца.

Народ з гаманой і смехам палез на балюстраду, на лесвіцы, на забрала. Адусюль глядзелі зверавата-лагодныя вусатыя морды.

Коней развялі па кутах двара. Кізгайла, прыгнуўшы галаву, шнарыў вачыма па постаці ворага. Ракутовіч спакойна чакаў.

— Давай, — махнуў рукою Лаўр.

Цішу раздзёр звонкі пошчак капытоў. Ворагі рынуліся адзін на аднаго, сутыкнуліся, скрыжавалі сталь.

Дзве блакітныя палосы затрапяталі ў паветры.

Секлі, выварочваліся з-пад удараў, з запалам хакалі пры кожным удары.

— Трымайся, Рамане, — з экстазам выў Кізгайла, выскаляючы зубы.

— І ты трымайся, — з прытоенай нянавісцю адказаў Раман.

— Блакітную кроў спахабіў.

— Людажэр. Напіўся дзявочых слёз. Вось табе…

Звон зброі аддаваўся ў мурах і запаўняў увесь двор, як на бяседзе ў таго грэцкага прахвоста, калі даводзілася ганяць птушак.

Раман ужо два разы зачапіў Кізгайлу. Абодва разы мы выразна пачулі трэск лат. Нарэшце Кізгайла злаўчыўся і рассек на Ракутовічу шалом. Рана была, напэўна, неглыбокая, але струменьчык крыві прасачыўся праз падшаломнік і павольна папоўз цераз правае брыво Рамана, закапаў на жалеза нагрудніка.

— Вось табе першая метка, — зарагатаў Кізгайла, — выкласці б цябе, сукінага сына.

І тут Раман, сціснуўшы зубы, кароткім і моцным ударам адбіў правую руку Кізгайлы ўбок.

Яго шабля занеслася і бліскавічна слізганула ўніз.

Мы пачулі Раманаў крык:

— За Ірыну табе, ваўкарэз.

Раздаўся глухі ўдар. Цела Кізгайлы хіснулася ўбок, потым павольна перавярнулася ў паветры і ўдарылася спіной аб пліты.

Шабля вылецела з непаслухмянай рукі і, звонячы, заскакала па каменні.

Чырвоны, разгарачаны, з валасамі, якія зліпліся на лбе, высіўся над забітым Раман. І я не заўважыў на яго твары радасці, звычайнай для пераможцы. Ён працягнуў руку і здзічэлым хрыплым голасам кінуў адно слова:

— Піць.

Служка, што стаяў побач з шэрымі манахамі, спешна сарваў з пояса біклагу і, усміхаючыся ліслівай і жалкай усмешкай, стаў наліваць з яе віно ў вялікую срэбную чару, якую дастаў з-за пазухі. Потым трушком падбег да Ракутовіча.

Рука Рамана імпэтна схапіла чару.

І тут Лаўр зноў здзівіў мяне. Яго скуласты прыгожы твар стаў раптам грубаваты і халодны. Ён паклаў руку на локаць Ракутовіча:

— Не пі, гаспадар.

— Гэта чаму? — Раман здзіўлена глядзеў у шэрыя доўгія вочы хлопца.

А ён ужо перавёў упарты позірк на аднаго з манахаў. У таго былі таксама шэрыя халодныя вочы, толькі пад вялікімі верхнімі павекамі, і ён спакойна вытрымаў позірк Лаўра.

— Хлопчык непакоіцца, — з халоднай кплівай усмешкай сказаў езуіт. — Ну што, дайце віно мне. Вып’ю я. Яно такое ж чыстае, як кроў Хрыстова.

— Дурная галава, — з грубаватай пяшчотай працягнуў Раман, — хто ж гэта скурай рызыкаваць будзе? Кеміць трэба.

— Дайце. Дайце мне, — спакойна сказаў езуіт.

— Ну не. Ты не працаваў, табе потым, — і Раман пацягнуўся да віна.

— І ўсё ж не пі, — упарта сказаў Лаўр.

Вочы яго з-пад доўгіх, як стрэлы, вей глядзелі падазрона і пільна.

— Глупства.

— А я кажу — не пі!

І ўзмахам рукі выбіў чару з рук Ракутовіча. Пунсовы, як кроў, цурок слізгануў па беласнежнай скуры каня. Бразнула чара. Расплылася па каменні чырвоная лужынка.

— Ну і дам я табе зараз лупцоўку, — сказаў Раман.

— І дай. А іхняе віно ўсё адно няможна піць. Ніколі.

— Хлапчыска дурны.

У гэты час вялікая белая хортая Кізгайлы, цемнавокая і дрыжачая, як спружына, пацягнулася падціснутым жыватом, падышла, стукаючы кіпцямі, да конніка і, соладка прыжмурыўшыся, лізнула лужынку языком. Потым лягла, паклала доўгі шчыпец на складзеныя крыжыкам лапы і зажмурылася, уздрыгваючы бровамі.

— Бачыў, — хітнуў галавою Раман, — у пса разумення болей.

Лаўр усё глядзеў на езуіта. Потым падышоў да хортай і штурхнуў яе нагою. Яна бязвольна, як ватная, асунулася набок.

— Бачыў, — перадражніў Лаўр. — У пса разумення болей. Столькі, колькі ў цябе, бацька.

Ракутовіч не звярнуў увагі на дзёрзкасць. Ён глядзеў на жывёліну, вокамгненна забітую ядам. Потым перавёў позірк на езуітаў:

— Што ж вы, панотцы, маруднага яду не ўзялі? Каб праз тыдзень забіў. Не знайшлося? Каб ведалі — прыгатавалі б?

Веі-стрэлы Лаўра сярдзіта дрыжалі. Ён, надзьмуўшыся, глядзеў на манахаў. А езуіт усміхнуўся і па-ранейшаму спакойна адказаў:

— Так, трошкі сарвалася. Не пашанцавала збавіць гэты няшчасны край ад лішняй смуты. Але цябе нішто не зберажэ, Раман. Пры жаданні і ў яйка можна пакласці адплату.

І ўсмешка яго была разумнай, з’едліва-хітрай і чымсьці нават прыгожай.

І Раман паглядзеў на яго таксама з усмешкай, якая, аднак, адразу знікла.

— Маладзец.

Я не разумеў, чым можа скончыцца гэтая сцэна, але ў гэты час Дамінік падвёў да ног Раманавага каня пані Любку і капуцына Фелікса.

— Канчай і гэтых адразу, бацька, — змрочна сказаў ён.

— З бабамі не ваюю, — кінуў Раман.

Любка глядзела на яго нейкім незнаёмым мне, шырока адкрытым позіркам.

— А гэты? — сказаў Дамінік, падштурхоўваючы Фелікса.

— А што гэты? — іранічна спытаў Ракутовіч.

— Ты што ж, гаспадар, не бачыш, хто гэта?

— Бачу. Ціхі п’яніца.

Іякінф кінуўся да сабутэльніка і замітусіўся вакол яго. З рук Фелікса ўпалі вяроўкі, і капуцын шырока ўсміхнуўся.

— Ну вось, ну вось, — задыхаючыся, сказаў Іякінф, — літуй мя, Божа, ты і на алтар твой цяльцы.

А Раман, ужо не звяртаючы на іх увагі, павярнуўся да Лаўра.

— Ты даруй мне мой грэх.

І паказаў рукою на езуітаў:

— Бяры іх, Лаўр. Ваўка не заўсёды забіваюць, але змяі раструшчваюць галаву заўсёды.

Цвёрда і сурова кінуў:

— На зубцы.

III

І калі жонка засталася ўдавой без

дзяцей, што мацуюць дом, — дай ёй

па сэрцы ладу на час кароткі, дабы

не паклаў Бог канца і мяжы дому і

роду мёртвага… Але не для ворага

дай, бо пракляне цябе зямля, і дом,

і народ твой.

Старажытны закон

Познім вечарам гэтага дня я стаяў на вахце ля дзвярэй замкнёнай бібліятэкі. Гэты загад даў мне сам Раман. Пані Любка дабілася праз Лаўра размовы з гаспадаром і хутка павінна была прыйсці. А вартаваць іх павінен быў я, і я сцяміў, што яны не хочуць, каб пра гэта ведаў нехта са сваіх.

Дзверы былі прычынены няшчыльна, і мне можна было бачыць цёмны дуб сцен, кнігі ў нішах за драўлянымі кратамі, цяжкі васьміногі стол, вялізны глобус і зорную сферу, абхвачаныя меднымі бліскучымі абручамі. Тут быў спакой, і мір, і кніжны пыл.

А перавёўшы позірк правей, я праз вузкае акно бачыў замкавы двор, вогнішчы, раскладзеныя на плітах, узброеных мужыкоў, залітых чырвоным вадкім святлом. Адтуль ляцела ціхая і страшнаватая песня аб наплываючай хмары і наступаючым турэцкім цару. І твары тых, хто спяваў, былі задумлівыя і, як заўсёды ў тых, хто спявае, прыгожыя. Але ж я ведаў, якія яны бываюць жахлівыя. Песня. Агонь. Косы.

І гэта было жыццё.

А ў бібліятэцы Раман казаў Лаўру:

— Ну, забіў. А ўсё ж так шкада дурня, быццам не загубіў ён майго жыцця… Разам галубоў з дурнем ганялі. Собіла ж яму пярэваратнем стаць, людзей мучыць. І мучыў, можа, таму, што сумленне было неспакойнае.

— Не таму ты турбуешся, — холадна сказаў Лаўр. — Надта ўжо ты, дзядзька, сэрцам да аксамітнікаў прырос.

Ракутовіч доўга маўчаў. Потым уздыхнуў:

— І тут твая праўда. Душа разрываецца. Крычаў сёння, што мужык — хрыбет усяму. І ведаю, што гэта так. І ведаю, што ягоная праўда, таму што ніхто так не пакутуе. А сэрца ліпне і ліпне да гэтых. З імі ездзіць вучыўся, сокалаў пушчаў, з імі скакаў, з імі ўпершыню напіўся.

— Дурыш, — непачціва сказаў Лаўр, — а яны табе на кожным кроку бязлітасна здраджвалі. Яны спяць і ў сне бачаць выспацца на тваёй скуры.

— Ведаю. І ўсё ж, каб не былі яны павей-ветрамі, каб не перакінулася ўся гэтая зграя да Варшавы і Рыма, — не пайшоў бы я з вамі. Дабром бы іх упрошваў добрымі быць з людзьмі.

— Іх упро-сіш, — працягнуў Лаўр. — Хіба сякерай толькі…

— Ведаю, — сказаў Раман. — Ды з гэтым скончана. І хопіць балакаць.

— А Ірына? — не сунімаўся Лаўр. — З ёю яны што зрабілі? Ці, можа, і яе забудзеш? Закруціш з багатай?

— Не магу забыць. Верны ёй. І няма мне забыцця. Ідзі, Лаўр. Ідзі…

Лаўр моўчкі прайшоў паўз мяне ў пакой насупраць.

Некаторы час я чуў у бібліятэцы толькі гулкія крокі. Потым убачыў праз шчыліну гаспадара, які падышоў да стала і адкрыў кнігу не кнігу — аркушы былі занадта розныя, — а хутчэй нейкія пасланні ды граматы, пераплеценыя ў агульную цялячую вокладку.

Ён чытаў, варушачы вуснамі, і раптам я пачуў знаёмыя мне словы, словы васьмігадовай даўнасці, словы з прашэння беларускага народа на сейм. Усе ведалі, хто яго склаў.

І гэтыя словы шмат у каго былі на вуснах. Ведаў іх і я.

— «Усяму свету вядома, — чытаў гаспадар, — у якім быў стане слаўны старажытны народ за некалькі перад сім год, аныня оный, падобна ўлюбёнаму Богам народу ізраільскаму, з плачам аб стане сваім вапіе: се мы унічыжэнны, пачэ ўсіх жывучых на зямлі, не імамы князя, ні правадыра, ні прарока…»

Гаспадар скалануў грывай валасоў. Заплюшчыў вочы і чытаў, можа, па памяці:

«Не даволі, што славуты народ рускі даведзены да такой вялікай бяды і толь цяжкага ўцяснення, будучы Бог весць за што ганімы… пазбавілі нас яшчэ і бясцэннага скарбу — златой волі, нахабным чынам прысвоіўшы оную».

Голас Рамана сарваўся. Ён бясшумна закрыў кодэкс і ціха сказаў:

— Такія словы сказаўшы, адрачыся ад іх. Эх, людзі…

І яшчэ цішэй, з нейкім жаласным дзіцячым непаразуменнем спытаў:

— Як жа гэта ты, Леў?..

Паглынуты гэтай споведдзю, я здрыгануўся ад нечаканасці, калі вузкая жаночая рука апусцілася на маё плячо. Перада мною стаяла пані Любка, накінуўшы на плечы белую — на знак жалобы — хустку.

— Можна да яго?

— Ідзіце, пані.

Яна ўвайшла і зачыніла за сабою дзверы. Нейкі час я нічога не чуў, але гэтыя дзверы былі з норавам: спачатку з’явілася вузкая шчыліна, пасля шырэйшая, потым такая, як раней. Я не стаў іх зачыняць — няхай сабе стаяць, як ім падабаецца.

І я пачуў мяккі, зусім не такі, як раней, голас жанчыны:

— …і бяздзетных выганяюць з маёнтка другія сваякі. Хто абароніць, калі абаронцы забітыя?

— Чаму ж раней не было?

Дзверы адчыніліся яшчэ крыху шырэй. Праз рэдкую штору я ўбачыў гаспадара, які сядзеў на шырокай ложы, накрытай ручным русінскім кілімам, і жанчыну, што сядзела насупроць, праўдзівей, яе галаву, залацістую, злёгку нахіленую ўперад.

І гэтая галава ціха сказала:

— Ты нічога не ведаеш. Праз паўтара месяца пасля вяселля яны ішлі граміць цябе, і страла пазбавіла яго мужнасці.

Я сам сабе свіснуў. Так, нявесела было Кізгайлу. Вось чаму ён быў такі кіслы, калі Ірына праклінала яго.

— Ну што ж, — сказаў Ракутовіч, і я ўбачыў яго вялізныя шалёныя вочы, — вы ж і мяне пазбавілі кахання, пазбавілі роду… Ён гадзюка. Няхай згасне яго род!

— Ты сам разумееш, як гэта страшна, гаспадар, — ціха сказала яна.

— А што ты зрабіла для мяне добрага? — нахіліўся ён. — Забойства Якуба? Упартасць? Стрэл у брата? Яд? Другі вас бы з зямлі сцёр.

Жанчына, здавалася, вось-вось заплача. І я не чуў больш кранаючага голасу, чым той, якім яна загаварыла:

— А ты памятаеш, як мы збіралі пярэсны і лотаць? Мне было трынаццаць, ты — трохі старэйшы. Ты прывёз мяне ў лес на сваім кані. І я адчувала спіной руку, якой ты мяне трымаў, такую цвёрдую руку… Або калі ты прынёс мне крылы сіваваронкі, каб я магла ўбрацца мятлушкай*.

* Лясное стварэнне ў старажытнай беларускай народнай паэзіі.

Дзяўчына з крыльцамі матыля або птушкі — тое самае, што віла ў сербаў і фея ў старажытных брэтонцаў.

— Ты была мне як сястра… Але я не дарую вам, што вы пад замком Ірыну трымалі.

— Тады забі мяне. Не трымала я. Гэта ён.

— Я не ваюю з жонкамі, — сказаў ён, — я нобіль, і нас тры, чый род застаўся.

І раптам я пачуў яго крокі.

— Цхакен, — сказаў ён, з’явіўшыся на парозе (я стаяў, — павярнуўшыся спіною да дзвярэй), — пакліч Лаўра.

Насуплены Лаўр прайшоў у бібліятэку, і хутка там загучаў голас Ракутовіча:

— Бачыш гэтага хлопца? Падабаецца ён табе?

— Так, ён вельмі падобны да цябе, Раман.

— А яна табе падабаецца?

— Так, гаспадыня вельмі прыгожая.

— Дык вырашай, калі хочаш, я зараз, тут, зраблю яго дваранінам. Гэта будзе апошні дваранін.

— Не хочаш выслухаць мяне, Раман, — з дакорам сказала яна.

— А ты бяры яе ў жонкі. Будзеш трымаць гэты замак маёю рукой на выпадак, калі трэба будзе адседзецца.

Я бачыў упартую спіну Лаўра. Потым блазнюк падкінуў падбародак і з папрокам, відаць, жадаючы ўкалоць, сказаў:

— Не, гаспадар. Куды ўжо вароне… Ды і не хачу я дваранінам быць.

І Раман зразумеў укол.

— Тады ідзі, — сказаў ён сурова, — і чакай майго загаду.

Яны засталіся адны. І дзверы зноў былі прачынены. Не надта тыя клапаціліся аб таемнасці.

Цяпер гаварыла пані Любка:

— Ты так і не зразумеў мяне. Ты нічога, нічога не зразумеў. Гэта ж я вінаватая. Гэта я не дазволіла Аляхну аддаць табе Ірыну. Я не магла. — І я з жахам прадбачыў словы, якія зляцелі з яе вуснаў. — Цябе я кахаю, ты адзін мой жаданы… А ты не глядзеў на мяне: сястра і сястра. А Кізгайла спытаў на маю згоду… Як я магла… сваімі рукамі аддаць. — Голас яе перарваўся. — Раман, даруй мне мой грэх. Гэта ўсё я. Але ж я не магла іначай…

Раман маўчаў, сурова гледзячы ўбок. Я бачыў яго круты лоб, насупленыя бровы. Потым ён сказаў:

— Другая ніколі ў такім не сазналася б. Адна ты… Таму і не магу я цябе ненавідзець. І калі што перашкодзіла б мне цябе кахаць, дык не гэта тваё прызнанне.

— Раман… — сказала яна.

Ён маўчаў, і яна сказала яшчэ цішэй:

— Ды вазьмі ж ты мяне. Няўжо не разумееш, няўжо сляпы?

— А табе не брыдка, што я без любасці буду ляжаць з табой?

— Я кахаю цябе, — сказала яна. — Ці не ўсё адно.

— А Ірына? — глуха спытаў ён.

— Ты яе не пабачыш, гаспадар. Іх, напэўна, ужо затачылі. Яны адвезены ў Магілеў.

Ён устаў і павярнуўся да жанчыны спіною. Яна не бачыла, але ж я-то бачыў яго твар. Гэта было, як… як алень, што кліча вясной каханне, якое загубіў стралок. А ён не ведае, а ён кліча, і ў вачах неўразуменне, крыўда і няўтоленая пяшчота.

— Што ж ты, гаспадар?

— Не, — сказаў ён. — Я з табою не магу быць. Са мною ніводная не была з той пары.

Голас яго крыху ўзмацнеў:

— Але першае, аб чым ты прасіла, я не перашкоджу табе выканаць. Бяры хоць Лаўра. Калі дзіця з’явіцца ўчасна — ніхто не асмеліцца думаць, што яно не Аляхнова. Толькі не ведаю, нашто я раблю гэта. За тваю праўду? Ці шкада цябе? Ці я дурны?

— Дзякуй і на гэтым, — сказала яна горка. — Не даеш любові, але даеш хлеб.

Ракутовіч зрабіў крок да мяне, спыніўся:

— Швейцарац, прапусціць сюды гэтага хлопца. Помсты не будзе. Род не памрэ. — І дадаў: — І нават, можа, будзе праследаваць маіх нашчадкаў.

— Якіх, гаспадар?

Ён скалануў галавой.

— Я прыйду ў яе турму, — са страшнай упартасцю сказаў ён. — Выпалю ўсе замкі. Конскім хвастом попел размяту. Але з мячом ці ў ланцугах — прыйду. Жывы ці мёртвы — вазьму. Я яе вазьму з Магілевам, з усёй нашай зямлёй, з воляй або смерцю.

— Са смерцю? — узняла яна бровы. — Не верыш, значыцца?

— Не, але біцца буду нават без веры. Справа не толькі ў Ірыне.

— Але чаму не верыш?

— Ужо другая старая варожыць, што Ірына ніколі не ўбачыць мяне. А сёння тое самае крычаў Кізгайла.

— Ён панствам кляўся, — сумна ўсміхнулася яна, — а ты ж яго збіраешся звесці, панства.

— Не, — сказаў ён, — цуда не будзе. Няпраўду так скора не вынішчыш. Патрушу хіба вас трошкі?

— Нашто ж ты ішоў тады?

— Думаеш, не ведаю, што на смерць асуджаны? Ведаю. Людзей шкада. Зямлі дзядоў шкада.

— Тады здайся… Здайся, любы.

Ён засмяяўся, як дарослы над неразумным дзіцёнкам, крыху насмешліва і з паблажлівасцю:

— Не-е, такое я і праўнукам забараню. Калі няма шчасця для сябе, для суседа — чаго галаву берагчы? Тады яе назнарок ламаць трэба. — І дадаў: — Біцца трэба да канца, да іклоў, да апошняга хрыпу. Вы гэтага не зразумееце, вы спешчаныя. У вас і душы сталі не тыя.

— Раман, — сказала яна, — мне шкада цябе, мне страшна за цябе. Навошта ты нада мною злітаваўся?!

— Зла і так — мора. Не мне яго множыць. Жыві. Можа, сумленне заварушыцца?

— Ворагу даў літасць, — сказала яна.

— Праўда, ты ж самы страшны мой вораг.

— Гэты вораг кахае цябе, — ледзь чутна сказала яна.

Але ён ужо ўстаў, падняў яе і паставіў перад сабою.

— Бывай, варагіня. Бог з табою.

І пацалаваў яе ў галаву.

Я чуў яго крокі па калідоры, чуў яго кароткую размову з Лаўрам, чуў, як Лаўр паспрабаваў быў за нешта дакараць яго і як Раман на яго прыкрыкнуў. І я чуў потым ціхую размову юнака, падобнага на архангела, з пані Любкай. І чуў, як іхнія галасы рабіліся больш мяккія.

Я не разумеў толькі, чаму яна называла яго Раманам. Хіба што падобны? Але потым я адышоў ад дзвярэй. Мы цікаўныя таксама толькі да пэўнай мяжы…

…А раніцай мужыцкі цар выступіў з замка ў паход. Войска яго, што ўзрасло на трэць, аброслае нашай зброяй, закутае на чвэрць у нашы даспехі, стала сапраўды страшным. Валіла конніца, везлі пятнаццаць гармат, знятых з муроў, рыпелі вазы.

Косы. Вілы. Доўбні.

І я ведаў, што гэты чалавек за два тыдні ператворыць паляўнічых — у стралкоў, сялян — у баявых малацьбітоў, вуглепалаў, што звыклі да пешні, — у пікінёраў.

І ўсіх ператворыць у воінаў.

Перад тым як выехаць за браму, ён пад’ехаў да мяне, па-ранейшаму ў барвяніцы, па-ранейшаму на белым кані, падняў руку ў жалезнай пальчатцы і паказаў на замак:

— З табою людзі застаюцца. І баба. І муры. Беражы і брамы перада мною не зачыняй. Зімаваць прыйду.

Вочы яго гарэлі.

— Зберагу, гаспадар, — сказаў я. — І не зачыню. І другому не дам.

Ён кіўнуў мне галавою і паскакаў за сваім войскам.

Мільгануў удалечыні барвяны плашч. А потым усё закрыла бясконцая хмара пылу.

Нізавошта на свеце я не згадзіўся б другі раз стаяць на мурах супраць гэтага чалавека!

IV

Скардзіся, звон!

Без надзеі на цуда,

Кату аддадзены,

Ў змроку стаю,

Адрынуты Богам,

Адрынуты людам,

Адрынуты сонцам

У гэтым краю.

Скардзіся, звон!

Адное каханне,

Песню маю,

Сляпую ад мук,

Пакуль у грудзях

Не згасне дыханне,

Цемра не вырве з бяспалых рук.

Балада пра барвянага ваеўніка

Зніклі. Рассеяўся пыл.

І над Кісцянямі пацягнуліся лянівыя і пагодныя дні. У замку амаль не было мужчын, акрамя мяне і невялічкай варты. Ды і ў вёсках засталіся амаль толькі адны бабы.

Адшумеў май, адзвінела конікамі лета, адшапацеў лістапад. А потым пачаліся снягі, сінія, ваўчыныя, бясконцыя.

За гэтыя месяцы адбылася толькі адна нечаканая гісторыя. Я ажаніўся. Абкруціла мяне тая самая вартаўнікова дачка, Дар’я. Хлопцы мае не хацелі сядзець і пайшлі. Засталося чалавек дзесяць з тых, што былі ў гадах, не хацелі цягаць сваю скуру па брудных палёх пад свінцовым дожджыкам і запрагнулі спакою. Большасць таксама перажанілася. І пачалося ціхае жыццё з ежаю, ды пітвом, ды цішынёй.

Жонка трапілася харошая, памяркоўная, несварлівая. Ды я і сам такі. Так што жылі добра, па-божаму. І я пачаў уставаць уначы, каб паесці, і звыкнуў да іхняга палявання, і гаварыў з імі, як яны. І пачаў нават звыкаць да іхняй лазні, хоць і не падымаўся высока на гэты жахлівы палок.

А вакол вылі снягі, ды заяц пляміў шарон сваімі скачкамі. Зрэдку даходзілі чуткі пра мужыцкую вайну, але лёзныя* так іх перакручвалі, што і верыць не хацелася.

* Вандроўныя.

Ракутовіч не прыйшоў зімаваць, як абяцаў.

Ніхто не прыйшоў да цёплых нашых печак. Ніхто не прыйшоў і потым, калі зіма пачала чахнуць і сплываць адлігамі.

Мы даведваліся, што замкі падаюць далей, што ўсіх дваран апанаваў люты жах, што нястрымныя і перамаганосныя, як раней, мужыцкія палкі. Ды і як ім не быць храбрымі? Самая ж смерць была лепшай за такое жыццё.

А потым была ракавая бітва на Ўрэчаскім полі, калі панскае войска раздавіла сваім жалезам мужычыя палкі. Яны ўцякалі, і завея космамі снегу залізвала іх сляды.

Прайшла чутка, што барвяны ўладар забіты ў гэтай сечы. Але гэта была няпраўда.

І акурат у лютаўскія дні, крыху раней прызначанага, — і гэта было добра, таму што забівала сумненні, — у нас у замку заплакаў новы жыхар, сын пані Любкі, Якуб Кізгайла. Гаспадыня занадта перапалохалася, калі прыйшла звестка з Урэчаскага поля. І я не бачыў твару больш радаснага, чым у яе, калі мы даведаліся, што частка войска, на чале з правадыром, адступіла, разграміўшы нашчэнт галаўны полк шляхецкага апалчэння, і шнырыць паміж панскімі атрадамі, прарываючыся на ўсход, да маскоўскага рубяжа.

А яшчэ праз месяц прыйшла вестка, што Рамана разбілі і вязуць у ланцугах у Магілеў.

Пані Любка разбудзіла мяне ўначы. Твар бледны, вусны сінія. Толькі і здолела сказаць:

— За ім!

І памчаўся наш вазок па сакавіцкім расталым снезе да славутага горада. У вазку пані з немаўляткам, — харошы, здаровы хлопчык! — а вакол дзесяць чалавек коннай варты з паходнямі ды я. Давялося-ткі нацягнуць даспехі на разгультаенае цела.

Скакалі ўдзень і ўначы, змоклыя, галодныя, заляпаныя праснакамі расталага снегу. На дарозе здзічэлыя сабакі ды зрэдку панскія раз’езды, ды па начах глухія і безнадзейныя пажары вёсак.

А ў гаспадыні твар як маска, як крэйдай набелены, і непаслухмяныя вусны толькі і могуць вымавіць:

— Хутчэй! Хутчэй!

І я ўжо не называў гэтых людзей вар’ятамі. Прывык. Гэта добра — загнаць каня, калі душа патрабуе.

Пад Дарамі Лыкаўскімі сталі трапляцца слупы з павешанымі людзьмі. А потым, яшчэ здалёк, заўважылі мы натоўп народу наўсцяж дарогі. Вялі палонных, і кожны з натоўпу хацеў даведацца, ці няма сярод іх свайго чалавека. Тыя ішлі моўчкі, суровыя, з непакрытымі льнянымі галовамі. І зусім іх было мала. Амаль ніхто не здаваўся, а астатнюю, большую, частку Раман выкупіў сваім целам: паставіў умову, што здасца, калі іх адпусцяць.

І здаўся. Пасля гэтага кінуліся лавіць адпушчаных уцекачоў, ды куды там. Ад людзей мы і даведаліся, што Рамана правезлі яшчэ ўчора. У гнойных драбінах. Прыкутага за нагу да градкі. Сядзеў быццам маўклівы і зусім не хмурны, з светлым абліччам, быццам усё зрабіў на зямлі і замкнуў свой круг.

Вельмі шляхта з яго здзекавалася. Самога яго баяліся зачапіць, нават скутага, дык яны меч ягоны двухручны ззаду на вяроўцы прывязалі, і валачыўся ён усю дарогу за возам па снезе ў разбоўтанай гразі. Народ плакаў, гледзячы на ганьбу.

Шляхта плявала на меч.

А ён быццам сказаў толькі:

— Нічога, вашы пляўкі зямля сатрэ.

І яшчэ мы даведаліся, што Лаўр, хлопчык-архангел, прабаваў адбіць Ракутовіча і паў падчас стычкі, забіты ўдарам чакана ў залатую галаву.

Пані занурылася крыху — і толькі.

А народ валіў за палоннымі, і над натоўпам стаяў ціхі, амаль нячутны стогн.

Лепей бы ўжо крычалі.

Пані яшчэ мацней загадала гнаць коней. І мы прыскакалі ў горад і спыніліся на Лупалаўскім прадмесці, у парафіі Святой Тройцы.

І адразу, не адпачыўшы, ілба не перахрысціўшы, удваіх з паняй памчаліся ў крэпасць — яна ў вазку, я — вярхом.

Здзівіла нас мноства п’яных у прадмесці, а потым і ў самым горадзе. Выявілася, што пакуль звестка пра злоў яшчэ не прыйшла — з ганцом прыбыло дазваленне лішнія дні чатыры супраць Магдэбургскага права, і не ў тэрмін, варыць піва, і гарэлку, і мёд.

Горад увесь праваслаўны, багаты і ганарлівы, муры каменныя, купалы залатыя, валы, равы, вежы. А людзі — хоць у сані запрагай, такія біцюгі. І ўсе п’яныя.

Пачалі шукаць спосаб, як трапіць у горад. Праехалі праз каменную Быхаўскую браму ў вале, а потым памучыліся. Торкнуліся да Каралеўскай брамы — нельга, паехалі да другой — нельга. Праз Малую Пешаходную, да ракі Дубровенкі, — нельга. Баяліся, што ўварвецца мужыччо ў горад і будуць разня і смута.

Нарэшце трапілі праз Алейную, ля якой яўрэйская школа. Пад брамаю парахавыя склады, а на браме ікона Божай Маці. Няправільна магілеўцаў дражняць, што яны яе прадалі, а грошы прапілі разам з войтам. Непарушна сцеражэцца ікона!

І толькі тут пані загадала спыніць вазок, выйшла з яго і па костачкі ў расталай жыжцы, змешанай з гноем, пайшла да брамы. Я таксама злез з каня і глядзеў.

А яна падышла бліжэй і проста ў футры, у вішнёвай фалендышавай* сукні павалілася на калені ў снег, прынікла галавой да зямлі.

* Галандскае сукно.

— Маці Божая, заступніца, святыя вочы, чыстыя. Ты хоць даруй грахі нашы. Прайдзі стапою лёгкай, пачуй нашы мукі.

А зверху глядзіць на яе цёмны валавокі лік. І па ім цені: мітусіцца знічка. І здалося мне, быццам з болем, са спагадай глядзіць лік на зрынутага чалавека, а нічога не можа зрабіць. І рука, тонкая, вузкая, блакітная, толькі запясцем сына лёгка трымае: «Вазьміце, людзі, калі лягчэй вам будзе. А я нічога зрабіць не магу. Цяжкі ён, крыжовы шлях».

А ў пані ўжо голас здзічэў:

— Маці Божая, кахання не дала, шчасця не дала — яго ж хаця пашкадуй. Сама бачыш, крыж з народа твайго здзіраюць, каб ярмо нацягнуць. За яго, за люд твой пакутаваць чалавек будзе… Не давай выгаляцца. Не папусці агнявой пакуты, не папусці сякеры. Уратуй, злітуйся міласэрным сэрцам сваім.

Ледзь я яе падняў, адчайную, з голаю галавой. Каб яе ў гэты час нажом рэзаў — не адчула б. І пайшлі мы па горадзе, таму што хутка з вазком праехаць нельга было: столькі народу набілася ў галоўныя вуліцы.

Каля драўлянай Спаса-Праабражэнскай царквы, распісной, лядаштай, цэлы натоўп мяшчан, больш цвярозых, раіўся, як быць. Крычалі, хапалі адзін аднаго загрудкі; адразу было відаць — нічога талковага не атрымаецца.

Ландвойта*, што прыехаў сунімаць крык і агіднасць, закідалі расталым конскім гноем і наўздагон свісталі ў два пальцы і ўлюлюкалі. А на Замкавай вуліцы і таго горай. Цяжкае гарадское пахмелле.

* Намеснік войта, адзін з упраўляючых горадам.

Ды толькі позна ўжо: за два дні паспелі сцягнуць у Магілеў такое войска, што кожны трэці чалавек на вуліцы — латнік або ўзброены дваранін.

Даведаліся мы толькі, што Ірына жывая. Сядзіць у склепе, у клетцы, на Ветранай вуліцы, каля драўлянай брамы. І нават на пробу вогненную яе яшчэ не ставілі і наўрад ці паставяць — усім ясна, невінаватая.

Гамарня, носяць на каромыслах цэбры з яблыкамі, мяшчане журавіны марожаныя з рук ірвуць — на пахмелку, штурхаюцца разносчыкі, непатрэбныя дзеўкі.

І раптам зараўлі дуды, расступіўся народ, і — як паміж сцен — прайшла гарадская варта, а за ёю шэсць чалавек у дарагім сукне, з пальцамі, унізанымі золатам і камянямі.

— Магістрат ідзе. Войт, — зашапталіся ў натоўпе.

Ішлі яны, апусціўшы вочы. Толькі што самі аддалі Ракутовіча ў рукі замкаваму правасуддзю. Ды і нічога нельга было зрабіць — дваране замкавай юрысдыкцыі падпадаюць. Вытаргавалі толькі, каб судзілі ў ратушы і каб у складзе судзілішча быць войту і двум радцам, і на тым дзякуй.

Некалькі дзён кідалася пані Любка па горадзе. Усе яе прынялі, і ласкава аднесліся, і шкадавалі за ўдовіна гора і сіроцтва сына. Сказалі, што быць ёй галоўнай сведкай і пры вынясенні выраку дадзены ёй «цяжкі голас» права выказаць сваю думку. Яна ўздыхнула. Ясна было, куды вядзе справу каптуровы* суддзя.

* Суддзя, якога выбіраюць з дваран на час смутны або міжцарства.

А на Аляксея, божага чалавека, на Замкавай столькі народу збеглася — не прапхнуцца праз натоўп. Ледзь нам удалося ўзабрацца на ганак у доме былога войта Славенскага. Сам ён ужо год трыццаць як у зямлі спачываў, а ў доме жыла яго звар’яцелая жонка-дваранка ды дачка-пярэстарак.

Стаім, ціскаемся. Сырасць такая золкая.

І раптам зашумеў, неахвотна даў дарогу магілеўскі люд. Убачыў я перш за ўсё коннага чалавека ў чорным, насатага, са шчокамі, якія быццам да зубоў прыліпалі. Галава непакрытая — яшчэ б, скруха: нобіля, што зганьбіў саслоўе, судзіць давядзецца.

А за насатым яшчэ і яшчэ коннікі, у парчы, сабалях, утэрфіне*. Шаблі рознакаляровымі агеньчыкамі ззяюць.

* Тонкае, вельмі дарагое сукно.

Прыехалі Дэспат-Зяновіч, Загорскі, Сапега, князь Друцкі — судзіць у ратушу. І павезлі з сабою ўніверсал караля, згоду рэляцыйнага суда на любое рашэнне дваран аб нобілю Ракутовічу.

І не паспелі праехаць — завыў, загаласіў юродзівы, прабег за імі, закрываючы пальцамі — у засохлай крыві — вочы.

— Дэманаў бачу, чорныя ўсе… лятуць! Светленькага агнца хочуць зарэзаць, кішкі ягоныя зубамі валачыць.

Народ шарахнуўся ўбок. А тыя праехалі да ратушы, і дзверы зачынілі.

Да вечара яны там прэлі. І наступнага дня. А мы абодва дні стаялі ля дзвярэй ратушы і на ганку. Пані Любку выклікалі сведкай, але яна сказала, што Раман мужа ў баі забіў і езуітаў павесіў за атруту, усяму ж астатняму даў літасць. І пад канец самлела.

Суд застаўся ёю вельмі незадаволены.

А народ усё больш шумеў ля дзвярэй ратушы і на плошчах. Я сам чуў, як багаты хлопец з мяшчан, абуты ў саф’янавыя кабці, у лісіным кітліку наапашкі, крычаў нема:

— Не даць ім Рамана на разарванне. Ён веру правую ўратаваць хацеў, як продак ягоны ратаваў ад татар. Усім вядома, што не Міндоўг іх біў ля Крутагор’я. Ён і граматы дагары нагамі трымаў, кажух смярдзючы. Хто конніцу татарскую апракінуў? Ракута, Раманаў продак!.. Таму мы і белыя, што татар не нюхалі!

Людзі рваліся і да дзвярэй ратушы, крычалі:

— Няправедная гэта справа, нобіля судзіць.

І ім паказалі ўдаву Кізгайлы, жывое абвінавачанне, і немаўлятка Якуба паказвалі з гульбішча, лаялі Ракутовіча:

— Немаўля нявіннае яшчэ ў чэраве асіраціў. Ірад! Вораг усіх беларусаў з існымі!

А спрэчкі ў ратушы ўсё цягнуліся. Сапега з Друцкім стаялі за смерць. Але магістрат быў супраць. І на яго бок схіліліся Дэспат-Зяновіч і Загорскі. Апасаліся, не было б спакусы для малых.

Крычалі да хрыпаты, лаялі адзін аднаго псамі і па-іншаму. І, можа, нічога б не вырашылі, каб не прыйшлі людзі з Лупалава і Падуспення. У натоўпе адразу засмярдзела скурамі і рогам, і крычаць пачаў натоўп зусім іначай:

— Заб’яце яго — смута будзе! Забылі, як пры магілеўскім бунце ў порткі клалі, будзеце і цяпер. Стаха Мітковіча ды Гаўрылкі Іванова* на вас няма. Памяць каціная! Забылі, як дзверы судовай залы адбілі? Набату не чулі даўно?! Будзе і вам тое ж!

* Стахор Мітковіч і Гаўрыла Іваноў — верхаводы горада Магілева супраць караля (1606-1610).

І тады Загорскі сказаў апошняе слова:

— Добра. Нобіляў на пласе не забіваюць. Няхай быдла верыць.

Мы з ганка, а пасля з акна вазка бачылі, як рухаліся на гару, пад аховай крылатай варты, драбіны. І ў драбінах той, хто загадаў мне трымаць замак. Пасівелы на скронях, бледны, але спакойны.

Толькі на імгненне кароткае ён спакой свой згубіў. Падвезлі яго ўжо да самых дзвярэй ратушы і спынілі воз. А тут з акна дома Славенскага ашалелая войтава жонка закрычала і стала яму пальцамі вілы рабіць:

— Антыхрыст! Дваран пабіў, прымучыў. Судзіце яго, людзі добрыя, ды не патурайце. Калі ягоная дзеўка гэтага ірада яшчэ хоць раз пабачыць — канец панству на зямлі, а славуты горад у смутах зняможацца.

Я заўважыў — шмат хто сумеўся ад гэтых слоў. Нават сам Друцкі, што стаяў на высокім ганку з граматай у руцэ, апусціў вочы.

А Раман справіўся і нават з усмешкай і са светлымі вачыма слухаў прысуд. Мы далёка стаялі і толькі-толькі да сэнсу дайшлі па асобных словах:

— Маетнасці пазбавіць… адсячы рукі, дабы падступнага мяча не ўздымалі… шчыт ганьбаванню падвергнуць і адусюль, акрамя Гарадзельскага прывілею і статута, самае імя вытравіць на застрашэнне другім іншым.

І яшчэ зразумелі: баніцыя* за межы Мсціслаўскага ваяводства: вечная ссылка ў малую весь.

* Выгнанне.

Ударыў бізун па конскіх спінах. І давялося Раману праехаць увесь шлях. Правезлі яго ад вазніцы да замка, да насыпной гары, міма храма Сарака Пакутнікаў да Спаскай царквы. Па ўсім горадзе, дабы бачылі, як караецца ліхадзейства.

Прывезлі на плошчу ўжо ўвечары, змяркацца пачало. Там паклалі на насілы, прыкруцілі і, накрыўшы саванам, панеслі ў храм — жывога адпяваць.

На ўсё жыццё я гэта запомню. Снягі лілавеюць, з акон на снег — цёплыя жоўтыя агеньчыкі. І спевы — ох, якія страшныя спевы!

Юрод на паперці заскакаў:

— За гарэлку Бога прадалі! Возьмуць вас за гэта чорт Савул і чорт Калдун! Брамы вашы паваляцца, магілы мышакоўскія ўвесь Мікалеўскі спуск зоймуць. Косткамі ён заваліцца. Быць крумкаччу сытым! Костку быдлячую знойдзеце ў зямлі — і ад той пойдзе паморак і пошасць.

Стала нельга слухаць — так страшна завыў народ.

А Рамана ўжо вывелі — ён і сапраўды быў бялейшы за труп, хоць ішоў цвёрда, — узвялі на памост, на якім стаяў містр, а па-простаму кат у чырвонай доўгай сарочцы. Так яны і стаялі, чырвоны і белы на Рамане быў саван.

І сталі падаць на натоўп цяжкія словы:

— Меч яго зламай, кат… Вось нарог ад ніў яго — аддай яго другому, кат.

І пад канец узяў містр шчыт і ўцяў сякераю яго востры канец, а верхняе поле замазаў дзёгцем і сажаю.

Жонкі дваранскія так загаласілі — хоць затыкай вушы: няма кары страшнейшай за гэту для двараніна.

А Ракутовіч паглядзеў на іх вялікімі незразумелымі вачыма і толькі ўсміхнуўся:

— Нічога, затое шчыт цяпер на вашы непадобны, на чысценькія.

А сам сеў, абняў плаху нагамі, каб на калені не станавіцца.

Твар ката, барадаты да самых вачэй, пацямнеў, і рукі дрыжаць.

— А ты смялей, — кажа яму Раман, і голас такі просты.

Кат узяў сякеру.

— Пачакай, — кажа Раман, — дай апошні раз на пальцы паглядзець.

Сагнуў іх некалькі разоў. І раптам шырока перахрысціў народ. Крыкнуў:

— Ударыць за цябе яшчэ раз не магу, дык прымі хоць апошняе маё благаслаўленне.

Плач узняўся, стогн. А Раман паклаў ужо рукі на цурбан:

— Сячы.

Занеслася сякера. І мы толькі ўчулі глухі ўдар.

Ж-жак!

Задрыжаў лядашчы памост.

А Раман устаў, стаіць і рукі ўздымае. Правая рука вышэй кісці адсечана, левая — наўскос, засталіся на вузкім абрэзку мезены і безыменны пальцы. Ці то пашкадаваў кат, ці не разлічыў.

І тут лекар з яўрэйскага кагалу замітусіўся: толькі жоўтая галаўная павязка мільгае. Памазаў чымсьці абрэзкі, і кроў свістаць перастала. Ледзь капае.

А Раман быў такі моцны, што нават прытомнасці не страціў і застаўся стаяць на нагах.

Так і скончылася ўсё гэта. Не атрымалася ўстрашэння.

Цяпер трэба было толькі лёс «дзеўкі» вырашыць. І прымеркавалі гэтае рашэнне да таго дня, калі везці належала Рамана ў выгнанне.

Напярэдадні гэтага пані Любка дабілася спаткання з Ірынай.

Суправаджаў яе і я. Спусціліся мы ў сутарэнне ля драўлянай брамы, і зноў я ўбачыў аленевыя вочы ды надламаныя бровы. Праз краты.

Любка расказала ёй аб усім. А тая ўсміхалася:

— З-за мяне… А я праз горшае прайшла б, толькі б ён маё каханне ўбачыў.

Ох, якія гэта вочы былі! Шэрыя, прамяністыя, такія зіхатлівыя!

У пані Любкі нават ярасць на твары выступіла.

— Загубіла нобіля сваім чараўніцтвам. У ссылцы цяпер будзе. Аддай яго другім. Здымі чары.

— Не, пані, гэтых чараў не знімеш. А калі нават магла б — не зняла б. Ён — сонца маё. Хіба што з сэрцам толькі гэтае святло ў мяне ўзяць можна.

Любка ўстала, пайшла да дзвярэй.

— Дык не аддасі?

— Не, гаспадыня. Загубіла ты нам жыццё, а шкада мне цябе. Дзеля дзіцяці свайго — не цкуй, не ўціскай да канца Рамана. А мяне хоць і забі. Усё адно я цябе шкадую, я ж мацнейшая.

Наступнага дня мы зноў прыехалі ў вазку да Замкавай плошчы. Вырашаўся лёс Ірыны, а лёс халопкі без гаспадыні не вырашаецца.

І ледзь паспелі мы праехаць праз гурты народныя — узняўся на вуліцах плач:

— Дзяўчынанька, бедная!

— Не быць вам разам!

— Не ўбачаць яго твае вачаняткі.

Ад Сарака Пакутнікаў ехаў просты воз, і ў яго толькі ледзь саломкі падкінута. А на возе скутая Ірына ў белай сукенцы і казнатцы* з каразеі — белага сукна. Прыбралі. Учора ж у рыззі была.

* Жаночая верхняя вопратка.

Едзе, глядзіць на людзей ззяючымі вачыма, велікаваты рот усміхаецца. Рада, даўно ж не бачыла нікога. Такое яшчэ дзяўчо, таненькая — двума пальцамі зламаць можна.

А плач коціцца хвалямі:

— Ясачка ты наша, заступніца. Даруй табе Бог. А і ты нам даруй.

І яна кланяецца і радасным голасам — усё адно канцу нейкаму быць — кажа:

— Даруй, люд праваслаўны, даруй.

Спынілі воз ля вузкага высокага дома: замкавага суда. А Ірыну знялі з воза, павялі пераходамі ўгору.

У зале доўгі стол, крэслы без спінак, смярдзіць атрамантам са скураных чарніліц. І з акон так мала святла, што запалены тры свечкі. Ад адной струмень куродыму на нізкую скляпенчатую столь.

Больш нічога. Хіба што цяжкія дзверы ў правай сцяне. У катавальню. За сталом Друцкі, Дэспат-Зяновіч ды два пісцы. І яшчэ радца з магістрата.

Гаспадыня села і сядзіць, бледная, нерухомая, як ідал. І павекі самкнёныя. А на высокай прычосцы футраная шапачка з заморскімі пер’ямі.

Разбор быў кароткі. Іспісалі правіны, якіх не аказалася, акрамя цягі да мужыцкага цара. Ніякіх пошчакаў — падстаў для падазрэння, ніякіх рахаванняў — нарад з мяцежнікамі. І ніякіх падстаў меркаваць аб зламысным, хіба што толькі паспрабуе пабачыцца з Раманам.

Што рабіць?

У Друцкага яшчэ больш сухая скура да зубоў прыліпла.

— На прэнг* павесіць — няма чаго. Катаваць дарэмна не трэба. Але і пусціць небяспечна… У замкавае сутарэнне, на вечнае зняволенне. Або — лепей — на агнявую страту. Прываражыла былога нобіля.

* Дыба.

— Чаму? — пытае Дэспат-Зяновіч.

— Не абышлося тут без чараўніцтва, — з’едліва кажа Друцкі. — Не такое каханне Ўсявышні ў Кане галілейскай бласлаўляў.

А Дэспат усміхаецца:

— Каханне… А што ты ў ім разумееш? Яно ўсякае, каханне. Ці Богам, ці чортам дадзенае, а ўсё адно лепшага за яго нічога няма. — І звяртаецца да радцы: — А твая думка якая?

— Пусціць, — уздыхнуў той, — аддаць гэтаму іраду. На Рамане Ракутовічу роду канец. Нядобра.

— Ясна, — кажа Дэспат.

І тут ускочыў князь Друцкі — замітусіўся цень па столі.

— Пусціць? Аддаць? А Кізгайла-пакутнік у чым перад смерцю кляўся? А апантаная надоечы што прарочыла? Хочаш смуты вечнай, хочаш канца панству? Страціць вядзьмарку!

А Ірына стаіць перад ім, глядзіць прамяністымі вачыма:

— Не кахаў ты, відаць, князь. Свечачны агарак у цябе замест сэрца. Якое ж тут чараўніцтва? — І да Дэспата: — Не чаравала я. Калі і чаравала, дык вачыма, голасам, словам.

Пані Любка глянула на яе і апусціла вочы. А Дэспат-Зяновіч глядзіць на падсудную. Твар у яго здаровы, нязграбны. А вочы разумныя, як у сабакі.

— Ну скажы, пан, чым я яго чаравала? Крыж на мне.

Той усміхаецца сумна:

— Бачу, чым ты яго чаравала. Бачу, дачушка.

І вочы прыкрыў. Я амаль ведаў, аб чым ён думае. Ведаў, як ён у Варшаве жыў маладым, у каго па дурасці закахаўся. І чым гэта скончылася.

Але ён нядоўга думаў. Заміргаў раптам вачыма і, жорстка так, кажа Друцкаму:

— Яно не пытае, калі прыходзіць і куды. Можа і сатыр закахацца ў Геру. Ды і яна яго можа пажадаць. Бліскавіц не баючыся.

— Табе лепей ведаць, — з’едліва кажа той.

Але Дэспат ужо ўзняў павекі:

— Тваё слова якое, пані Любка?

— У Кісцяні Ракутовіча нельга саслаць?

Дэспат прыжмурыў вочы. Глянуў на паню спадылба. І быццам адрэзаў:

— Не.

Любка ўзняла вочы, уважліва паглядзела на Ірыну. І выдыхнула:

— Аддайце тады яму… Чаго ўжо…

— А прарочыцы словы? — узвіўся Друцкі.

— Усё адно аддайце.

Друцкі фаліянт на падлогу змахнуў. Потым устаў. Галава пад самаю столлю.

— Што ж, аддайце, калі ўсе на аднаго. Але вось вам і мой голас: чарадзейству ў Магілеве не бываць, мяжы панству нашаму — не быць. І таму няхай кат раней аслепіць яе.

— Ах, Друцкі, Друцкі, — паківаў галавою Дэспат-Зяновіч.

І паглядзеў на Ірыну:

— Бачыш, дзяўчынка, у што ўперліся. А ты як мысліш?

Тая ўся так і падалася да яго:

— Пане літасцівы, абы з ім.

— Падумай, — ціха кажа той, — можам проста адпусціць. Ідзі ў свет. Мужыкоў многа.

А ў той вочы раптам светлымі сталі больш ранейшага. Такія вочы, шэрыя, мяккія, невыказныя.

— Няхай сляпая. Няма свету без яго.

— Ну глядзі, — адвярнуўся Дэспат. — Няхай будзе па-твойму… Ідзі.

Кат у дзвярах з’явіўся. І яна пайшла да яго, пайшла спяшаючыся, лёгкай ступою. Быццам у паветры плыла. І ўсё паскарала, паскарала крок.

А на парозе павярнулася, паглядзела на нас:

— Дзякуй усім. Зараз-то я ўжо з ім. З ім.

Ах, вочы, вочы! Шэрыя, пушыстыя ад веек. З блакітнымі іскрачкамі.

І я чамусьці старую нямецкую песню ўспомніў. Адвыкнуў зусім, а тут успомніў:

Жыццё сказала:

«Свет гэты — мой.

З праха вырасце кветка вясной.

Каласамі ўзыдзе пад дажджом перагной».

Жыццё сказала:

«Свет гэты — мой».

А потым цяжка бухнулі за ёю дзверы. І зараўло там, за дзвярыма, полымя.

Я не мог гэтага вытрымаць. Я выйшаў на крыты ганак і стаў за калону. А народ ужо даведаўся аднекуль. Стогн каціўся над усімі, хто быў на двары і па-за ім.

І ўсе глядзелі на высокі ганак, на дзверы суда.

І яшчэ адны вочы глядзелі, доўгія, светлыя, незразумелыя.

Ля самага ганка, абкружаны вартай, стаяў воз, усланы саломай. Вялізны воз, падобны на труну, запрэжаную шасцю шкапамі.

На дне каша быў умацаваны слуп, а ля яго стаяў чалавек, прыкуты да слупа доўгім ланцугом за пояс. Грыва валасоў, круты лоб, жорсткі і горкі рот. Нават на Рамана не глядзеў зараз натоўп.

Я спусціўся з ганка і стаў каля варот. З заснежаных стрэх капала, віселі ледзяшы, раз’езджаны, зярністы, жоўты ад гною шоргаў пад нагамі снег. І на ўсё гэта з неба лілося такое шэрае і такое ўсё ж па-вясенняму яркае святло, што балелі вочы.

Заснежаныя дахі, заснежаныя, падталыя з поўдня купалы, шэрыя драніцы, што адлівалі зялёным.

І над усім такая ціша, што страшна. Змоўклі раптам усе. Ніхто нават з нагі на нагу не пераступіў. Чакалі.

І вось зарыпелі дзверы. Павольна адчыніліся. І ў дзвярах паказаўся Дэспат-Зяновіч. А за ім — Ірына. Адной рукой трымаецца за Дэспатаву руку, а другая ў паветры працягнута. За імі кат вываліўся. Стаіць.

Кат пашкадаваў яе. Толькі зроку пазбавіў, а вочы не вырваў. Ідзе яна і проста быццам спіць на хаду, закрыты вочы, пушыстыя веі апушчаны.

І Дэспат — першы яе павадыр.

Яны зусім былі падышлі да сходаў, калі кат раптам зрабіў следам некалькі крокаў і стаў на калені.

— Даруй мне, даруй, — варушыць тоўстымі губамі.

І яна папрасіла, каб стаў ён ёй пад руку. І паклала далонь на шорсткую, як поўсць, грыву.

— Даруй табе неба. Ты нас зноўку звёў.

Выйшаў з дзвярэй на балюстраду Друцкі-князь.

Стаіць, глядзіць на гэта, усміхаецца. Гурма, пабачыўшы ўсмешку гэтую, натапырылася ўся. Такія ўжо мы людзі: лепей галаву сячы, чым плюнь з усмешачкай. Будзь катам, толькі ў душы катаўство не трымай. А гэтыя два ўсё яшчэ спускаліся з ганка.

Ах, доўгі, доўгі гэта быў шлях! Не карацей усяго жыцця, што яшчэ заставалася.

А ў спіну тым, што спускаліся, Друцкі крыкнуў:

— Бяры яе, Раман. Вядзі па дарогах няпраўды, па якіх пайшоў. Радзі дзяцей, напалову халопаў, напалову ізгояў.

А Раман у адказ усміхнуўся. І была гэта такая ўсмешка, што Друцкі зразумеў: не абразіў, не зняважыў ён скутага, а пасяліў у ім цвёрдасць. І ён не вытрымаў, пайшоў, грукнуў дзвярыма.

Прыступка. Прыступка. Яшчэ прыступка.

Спускаюцца белыя, футрай аблямаваныя кабцікі. Дзеўка з нагамі лебедзя. Што? У лебедзя чорныя ногі? Я сам ведаю. А ногі ўсё ж былі лебядзіныя.

Ударыў недзе першы далёкі ўдар звана. Упаў у цішыню, як камень у ваду. І адразу закружляла, закаркала вараннё, быццам камякі сажы ўзляталі і асядалі на стрэхі. Яна магла толькі чуць іхні крык. Але затое яна адчувала: пругкі і цяжкі мокры вецер быццам далонню штурхаў у твар. І яна ішла насустрач гэтаму ветру.

Дэспат падвёў яе да воза:

— Бяры. Не табе б, ворагу роду чалавечага, такую дзеўку.

— Добра, — сказаў Раман, — час нас з табою рассудзіць. І шмат грахоў табе даруецца, Зяновіч, за тое, што ты яе вёў. Дай табе Бог на тым свеце жаданай сустрэчы, калі на гэтым не атрымалася.

— А за гэта табе дзякуй, — сказаў Дэспат і змоўк.

Зноў упаў чорны ўдар звана. А ў Рамана валасы амаль што сталі дыбам, і ён цягнуўся да яе, а твар плакаў без слёз такой тугою, такой пяшчотай, якую і адшукаць цяжка на зямлі.

Звон ударыў.

І яна працягнула да чалавека на возе рукі, быццам да святла нябачнага.

— Раман, вазьмі мяне.

Чыясьці рука падхапіла яе, дапамагла падняцца. І там, наверсе, яе з трапяткой прагнасцю, пяшчотна і асцярожна схапілі яго абрубкі, прыцягнулі да грудзей.

Ён стаяў, абапіраючыся спіною на слуп, стаяў з перакошанымі бровамі. Стаяў, прыпаўшы вялікім ротам да яе валасоў. І ў вялізных вачах было такое, чаго лепей не бачыць на гэтай Богам праклятай, лютай, грэшнай зямлі.

А яна прынікла попельна-залацістай ускалмачанай галоўкай да яго грудзей, там, дзе білася сэрца.

Бледны твар, пушыстыя веі апушчаны. І ўсмешка — быццам бачыць шчаслівы сон.

І твар ваеўніка плакаў без слёз.

Я здзівіўся, такая яна была таненькая ў яго руках…

І ўсе людзі маўчалі.

…Таненькая, таненькая.

І поруч са мною нейкі шляхцюк, пакрыты шрамамі, чалавек з тых, што смяецца на хаўтурах, груба сказаў:

— Куды яму яе. Пад гэтай сволаччу коні падаюць. Сам бачыў.

Я маўчаў усе апошнія дні, таму што ведаў: разяў я рот, і я пачну крычаць, і гэты крык ніколі не скончыцца. Але больш я ўжо не мог.

Я павярнуўся да яго і прашыпеў горлам:

— Паважай ланцугі, сволач. Пакінь, іначай…

— Іначай? — нахабна спытаў ён.

— Іначай дрэнна будзе. Ты што, не бачыш, што поруч таксама дваранін? Я табе заткну горла.

Ён змоўк. І гэта было добра. Іначай скончылася б забойствам.

Марудны ўдар звона заглушыў лясканне бізуна.

Шкапы, напружваючыся, зрабілі першыя крокі. Паплыў над галовамі слуп з двума людзьмі. Ракутовіч падняў галаву, і раптам у велічэзных яго вачах загарэлася нейкая цяжкая іскра.

Я зразумеў: гэта была іскра крыўды. На каго? Не гневаўся ж ён нават на ката.

Я паглядзеў туды, куды глядзеў ён. Над галерэяй, у акне на рагу палаца, я ўбачыў змяты страшны твар чалавека, які ўчапіўся пальцамі ва ўзорныя краты акна. У вузкіх вачах гэтага чалавека нават дурань заўважыў бы розум, іскру Божую, жвавасць. Але я заўважыў у іх яшчэ нешта. Гэта была зайздрасць, страшная чалавечая зайздрасць да таго, хто ехаў на ганебным, падобным на труну возе.

Гэта быў Сапега.

І раптоўна па ўсім замкавым двары, па ўсіх пераходах раскаціўся дзікі, страшны па сіле голас, якога палохаліся ў бітвах ворагі.

— Леў! Леў! — роў голас.

І ў таго, хто роў, грыва, якую развейваў вецер, падала на лоб. А на падзёртых голых грудзях ляжала прыгожая сляпая галава.

— Леў, ты стаў лісіцай! Калі будзеш ваўком — памрэш, як сабака.

Кінуўся твар у акне. Яму засталося толькі кідацца і зайздросціць. Ён жа не мог так.

Заляскатаў воз. Моўчкі павалілі па абодва яго бакі людскія гурты.

І на непакрытыя галовы падалі нясцерпна рэдкія ўдары звана. Расхлябаныя колы воза па самыя восі гразнулі ў вязкім, набрынялым вадою сакавіцкім снезе.

Юрод, што стаяў амаль на дарозе, працягнуў рукі і дрыжачымі пальцамі гладзіў, лашчыў паветра, кранаў яго, як сляпы.

— Сынок… Сынок…

Страшны твар і сляпая галава плылі над натоўпам, усё аддаляючыся і аддаляючыся.

Шалёныя, незразумелага колеру вочы затрымаліся на маім твары.

Зноў упаў удар звана.

І аддаляўся, аддаляўся воз. І вецер гуляў грывай валасоў, гладзіў твар чалавека і сляпыя вочы той, што прыпала да яго.

Я плакаў. Я не саромлюся прызнацца ў гэтым і не саромлюся сваіх слёз.

— Божа, злітуйся над зямлёю, што нараджае такіх дзяцей.

1960

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат