Пра курсы
ГАРАДЫ :


01.04.2015
Расказы

Інфармацыя ўзята з сайта knihi.com (Беларуская палічка)

 

 

 

Ізумрудна-зялёныя мухі

Яны з’явіліся раптоўна: некалькі дзесяткаў, не менш, ён пачаў лічыць, але збіўся, бо мухі бегалі па ім бязладна і неяк бы з падскокам, у вачах у яго замільгацела, і ён перастаў лічыць. Мухі былі ізумрудна-зялёныя, таго неверагодна зялёнага колеру, які ўласцівы хіба толькі штучным стварэнням. Куртка яго была ў крыві: мухі трымцелі, адчуваючы гэта. І толькі тады ён зразумеў, што прыгожыя зялёныя насякомыя — звычайныя падлавыя мухі і яму, значыць, хутка гамон. Мужчына скасавурыўся на свае ногі, грудзі і жывот — нагам у красоўках было холадна, хаця сонца ўжо сляпіла яму вочы, і далонь, што ляжала на рукаятцы рэвальвера, таксама была халодная і мокрая ад поту. Ён сціснуў пальцы.

…Ён сціснуў кулакі, і тады, пэўна, нешта спрацавала ў яго галаве, быццам адбыўся шчаўчок і нібы пераключылася на больш высокае напружанне мазгавое рэле, бо яму раптам стала горача, а рука аўтаматычна нырнула за пазуху, дзе ў самаробнай кабуры грэўся яго «Радом», адзін з варыянтаў бельгійскага «Нагана». Гэта быў сямізарадны рэвальвер калібру 7,62 мм з барабанам, які насоўваўся наперад, — мадэль вытворчасці 1895 года. Паўгода таму малады мужчына набыў яго за пяцьсот даляраў у чалавека, які прыехаў з Польшчы.

Ён ускінуў руку са зброяй, і тры стрэлы адзін за другім, без паўзы, узарвалі вагон. Першая куля трапіла ў шыю аднаго з нападаўшых — укормленага, з чорнымі пукатымі вачыма і ў чорным доўгім плашчы. На ягоны белы шалік адразу пырснула крывёю, яго адкінула назад, у праход, дзе ён упаў і захрыпеў, драпаючы пазногцямі брудную падлогу. Другая куля трапіла ў лоб таму, хто ўставаў з сядзення, і мазгі яго абпырскалі спінку гэтага сядзення і дзяўчыну насупраць, якая адразу закрычала і крычала не перастаючы, калі ён стрэліў у трэці раз, услед таму, хто нападаў на яго, трымаючыся за спінай лупатага ў белым шаліку і плашчы. Гэты трэці, у жоўтай скураной куртцы і каўбойскіх вастраносых чаравіках, пэўна, хутка кумекаў, бо крутнуўся, спрабуючы ўцячы. Ён быў гонкі і спрытны, але ж куля была яшчэ больш спрытная, яна ўвайшла яму якраз між лапатак, і — усё было скончана.
Цягнік імчаў у прыцемках далей, вагон быў пусты, толькі ён і гэтыя трое ды шлюха, якая набрала ў грудзі паветра і закрычала яшчэ больш гучна.

Малады мужчына саўгануў наган за пазуху, падхапіў з сядзення сумку з газетамі і перакінуў цераз плячо. Ён быў светлавалосы, высокага росту, лічы, зусім хлопец. Толькі на твары ад носа да куткоў вуснаў рэзка выдзяляліся дзве зморшчыны, якія рабілі яго старэйшым. Пластмасавая бейсбольная кепка з брылём з матэрыі была нізка насунута на лоб. Мужчына памкнуўся да дзвярэй, але раптам павярнуўся і крыкнуў:
— Маўчы, жывёла!
Дзяўчына адхіснулася ад яго да акна і раптам змоўкла. Яна была скуластая, з кірпатым носам і пафарбаваная пад брунетку, з ярка-чырвоным ад памады ротам. Мужчына мімаволі адзначыў усё, хаця навошта гэта было яму, — крутануўся і кінуўся да выхаду — цягнік ужо замаруджваў хаду на чарговым прыпынку.

Ён выскачыў адразу ж, як дзверы расчыніліся, і пабег праз асветленую ліхтаром пляцоўку за будынак станцыі, у ноч — гэта быў адзін з бязлюдных прыпынкаў ля невялікага пасёлка ці нават вёскі. Прыглушаныя крыкі за яго спінай пачаліся зноў, але электрацягнік крануўся, набраў хуткасць і рушыў. Што ж, пакуль яны там паведамяць машыністам, а тыя па рацыі на бліжэйшую станцыю, а там падключыцца міліцыя, у яго будзе хвілін трыццаць — сорак, а мо, калі пашанцуе, і болей, каб адарвацца ад пагоні. А пошук пачнецца, магчыма, у гэтую ж ноч, хіба не так? Урэшце, ён не сумняваўся.

Прабягаючы ўздоўж пракапанай канавы (непадалёку грувасцілася і цёмная гара экскаватара), ён кінуў туды сумку з газетамі, крыху аддыхаўся і нагамі закідаў яе жвірам. Хаця, мільганула ў яго галаве, усё гэта дарэмна, бо тая дзяўчына, пэўна, ужо расказвае пра ўсё, і пра газеты таксама, а прыстрэліў бы і яе, дык усё было б інакш, можа б, і ўратаваўся, але ж вось сумленне, ці што там яшчэ, нейкая сіла ў ім не дазволіла лішняй крыві. Хаця — што яму да той дзяўчыны? Чаго вартае яе нікчэмнае жыццё і каму ўвогуле патрэбна гэткае смецце? Хіба што тым цыганам, каб прадаваць ёй наркату і карыстацца яе целам, пакуль яно здаровае?
Пазбавіўшыся ад сумкі, ён зноў пабег у цемру.

…Урэшце, усё з таго і пачалося, што ў іх с…м райцэнтры, звычайным правінцыйным гарадку, было мала дзевак. Іх проста не хапала на ўсіх, бо побач было два, ды не, нават тры гарадкі-спадарожнікі з вайскоўцамі — там дыслацыравалася цэлая армія. Штогод, штомесяц, штодня мангалоідныя лейтэнанты і капітаны бралі з гарадка даніну — дзевак у жонкі, звозілі іх за свет ці заставаліся з імі ў сваіх гарадках-спадарожніках, каб пладзіць такіх жа мангалоідаў і будучых вайскоўцаў, як і самі.
А то яшчэ дзевак з мясцовага педвучылішча — адзінай у іх горадзе навучальнай установы — размяркоўвалі пасля вучобы… у аддаленыя кішлакі азіяцкіх рэспублік. Нашыя мудрыя кіраўнікі ў сталіцы так вырашалі, гладкія і салодкамоўныя ёлупні — уся гэта шушамець, якая ў чарговы раз аб…сь са сваёй гісторыяй і сваімі перамогамі. Увогуле, гэта быў горад недачалавекаў. Такое можа быць, бо ён пабачыў за сваё жыццё шмат гарадоў — вялікіх і малых, калі служыў у чыгуначных войсках. Суцэльная гніль. А калі вакол цябе завялася гніль і яе не выпаліш у свой час з дапамогай агнямёта, напалму, трацілу ці яшчэ якім чынам, то яна размножыцца і ўсё стане гніллю. Дарогі пакрыюцца напоўненымі смярдзючай тванню ямамі, рэкі і азёры запаскудзяць мазутам, крышкі люкаў каналізацыі знікнуць, і ў іх правалы пачнуць скідваць смецце, пад’езды і лесвіцы ў дамах запаскудзяць п’яныя пралетары, а дахадзягі-старцы з устаўнымі сківіцамі пачнуць заклікаць да ўсялякіх узбуйненняў, быццам мала сваёй гнілі, дык каб прыйшла яшчэ і ўсялякая набрыдзь. Усе пачнуць слухаць розных ёлупняў, запабягаць перад імі, надзяляць пасадамі і кватэрамі. І калі гэта і хто тут вынішчаў тых ёлупняў, нават памкнуўся іх утаймаваць? Наадварот, яны нішчылі і нішчаць тых, хто з імі не згодны. Калі ж хто і браўся за дурноту, каб змагацца з ёй ейнай жа зброяй, то адразу ўсчынаўся сусветны гвалт. Вось дзе першапрычына, хаця дзевак было мала, нічога не запярэчыш і — гэта дакладна. І потым, калі ў яго з’явілася нявеста, а ён толькі адслужыў іх с…ю армію, то не тое што на якую-небудзь аднапакаёўку, а і на вяселле грошай у яго не было. З таго ўсё і пачалося, ён жа не быў сынком якога функцыянера, аднаго з тых, хто на іх с…я святы заўсёды стаяў на збітай мясцовымі цеслярамі трыбуне пад іх любімым правадыром і зекрыў вочы на шэсце тых, з транспарантамі, сцягамі, надзьмутымі шарыкамі-прэзерватывамі ў руках і п’янымі пысамі. Пэўна, і ён павінен быў штогод ісці пад тымі транспарантамі і сцягамі ў святы, пляскаць у далоні, працаваць на тых ёлупняў у будні і чакаць усё жыццё, пакуль яму, старому і нядошламу ад хвароб, выдзеляць урэшце якую с…ю кватэру, але нашто яму тое, у чым ужо не будзе патрэбы? Хіба тыя, у чырвоных мантыях на трыбунах, ці іх дзеці мелі ў тым патрэбу? Ім даставалася ўсё дарма, а яму нават на гэта варта было змарнаваць паўтара года катаржных работ. Хто прыгаварыў яго да тых работ? Пяць тысяч даляраў — вось была цана яго лаяльнасці, законапаслухмянасці і шчасця. Усяго толькі пяць тысяч. А ў тых цыганоў, па якіх ён адкрыў страляніну, былі кватэры? Ці цыганы ўсё яшчэ жывуць у сваіх шатрах дзе-небудзь на ўзлессі? Адкажы мне, лес? Цяжка дыхаючы, ён прадзіраўся праз начны гушчар.

…Лес шумеў у яго над галавой. Ён аблізаў вусны сухім языком і зірнуў на мух. Яны поўзалі ўжо і па твары, яны былі нахабна-смелыя і мэтаскіраваныя, як усе насякомыя. Лес. Адкуль яны ў лесе, паблізу ж няма, здаецца, ні падлы, ні звалкі? Адкуль яны з’явіліся так хутка, нібы іх навялі якім лакатарам? Лес жа такі чысты, жывы і вечны. Пошум лесу — самае цудоўнае, што ёсць на свеце. Хто гэта сказаў? Нейкі пісьменнік. Але ці ведаў пісьменнік, што ў лесе хаваюцца мірыяды такіх вось ізумрудна-зялёных мух і чакаюць свайго часу? Так, ён тады шмат чытаў і нават рыхтаваўся паступаць у інстытут замежных моў. Урэшце, куды заўгодна, толькі б вырвацца з таго гарадка, але тут з’явілася дзяўчына.

…Дзяўчына гнутка і зграбна падабрала пад сябе ногі, а потым лёгкім рухам паднялася з посцілкі, на якой яны ляжалі, і пайшла да ракі. Яна паволі ўваходзіла ў ваду, і ён назіраў, як рака ўбірае ў сябе спачатку яе доўгія ногі, потым голыя акруглыя клубы, спіну і спыняецца на ўзроўні шыі. Тады дзяўчына павярнулася і паклікала:
— Ідзі да мяне. Дно чыстае, пясок. Цёпла. І камары не ўкусяць.
Ён падняўся з зямлі і пайшоў да яе, і вада прыняла і яго, мякка заказытала цела прахалодай, і дзяўчына сказала:
— Хутка мы не зможам сустракацца. Прыйдзе восень, а потым зіма. Я жыву з бацькам, з сястрой і братам, а ў цябе таксама нельга. Чаму ты такі бедны? Навошта я кахаю менавіта цябе?
Ён падумаў, ён думаў пра гэта і раней, і праз паўзу адказаў:
— Калі ты пачакаеш з год, то я зараблю, колькі трэба. Усяго толькі год. Больш я нічога не магу і нічога не прашу.
Дзяўчына замест адказу заплюшчыла вочы і пацягнулася вуснамі да яго, каб ён пацалаваў. Валасы яе, колеру саломы, былі мокрыя. Яна абняла яго пад вадой і ашчаперыла нагамі.
— Які ты худы, — сказала дзяўчына. — Зусім хлопчык. І чаму менавіта ты? Магла ж я выбраць каго іншага і не сустракацца з ім вось так, як з табой: за горадам, у полі, у лесе, ля ракі, у пад’ездах?
Замест адказу ён з прыхаванай злосцю прыпаў да яе вуснаў у доўгім пацалунку. Пацалунак гэты станавіўся ўсё больш пажадлівым, і тады дзяўчына адарвалася ад яго і сказала:
— Занясі мяне цяпер назад. Ну, хутчэй…
Яна, вядома, згадзілася. Магчыма, такія абяцанні ў жанчын увогуле нічога не вартыя, але ён успрымаў усё сур’ёзна, два гады ўстрымання ў іх с…й арміі зрабілі яго такім, сентыментальным і ўлюблівым. Урэшце, ён увогуле быў такім. Тут якраз ішла ўжо поўным ходам іх с…я перабудова, і можна было зарабляць грошы, як здолееш.
Так, хто як здолее. Але ж не мог ён гарбаціць на якім з іх с…х заводаў, бо там цяпер і на хлеб часам не заробіш. Не мог і «шалясцець» валютай ці гандляваць пракладкамі, бо гэта — не для яго. Ён доўга прыкідваў тады так і гэтак, і, як ні круці, атрымлівалася яму ўсё роўна далёкая дарога. Так ён і завербаваўся ў адну прыватную будаўнічую фірму ў іхнюю дарагую і залатую сталіцу, як пелася раней у адной з іх с…х песень. Вось тут і пачаліся катаржныя работы, бо ён наняўся працаваць мулярам. Па дзесяць — дванаццаць гадзін у дзень, з раніцы да цямна, і ўсяго, як было сказана ў дамове, за пяцьсот «зялёных», больш яны не абяцалі, дый і так на яго месца было зашмат жадаючых з вёсак, пасёлкаў ды такіх с…х гарадкоў, як той, дзе ён нарадзіўся: толькі выйдзі на плошчу і свісні — адразу набягуць. У яго ўсё было разлічана: не піць, не курыць, нават не праядаць лішняга. Чатырыста пяцьдзесят кожны месяц ён павінен быў адкладаць. Але тут тыя сукі пачалі круціць і махляваць — што-што, а на гэта яны былі майстры ў іх с…й сталіцы. Замест абяцаных пяцісот выходзіла па чатырыста, а то і менш. Жыў ён у інтэрнаце, спаў у пракураным пакойчыку, дзе ложкі стаялі ў два ярусы, як калісьці ў казарме. Але горшае было не гэта і не рабская праца. Там нельга было давяраць нікому і ніколі, нават ноччу, калі спіш, нават у сне. Чыста выпадкова ён падслухаў размову каменданта інтэрната з адным памагатым-шасцёркай. Грошы адтуль не давалі вывозіць нікому. Калі не маглі скрасці па п’янцы, то рабавалі пасля палучкі; калі не ўдавалася абшукаць рэчы і сумкі ў час іх адсутнасці, калі яны гарбацілі на будоўлі, то падсылалі шлюх з клафелінам. Яму давялося прыдумаць версію пра брата, які, маўляў, жыве тут недалёка і да якога ён і адносіць на захоўванне грошы, і так ад яго на нейкі час адчапіліся, хаця ён ведаў, што пасля апошняга разліку хутчэй за ўсё будуць чакаць яго ў інтэрнаце, і тады ў ход пойдзе ўсё: гарэлка, шлюхі, а потым, калі не спрацуе, і сіла. Грошы ён зашываў у цяльняшку, якую амаль не здымаў, — вакол пояса і па баках, дзе прыстасаваў знутры спецыяльныя кішэні. З палучкі мяняў іх рублі на валюту і хаваў. І ўсё роўна ўвесь час трэба было сцерагчыся нечаканага нападу ці яшчэ якой падлянкі. Па хітрасці, зласлівасці і каварству яны былі горш за пацукоў: у іх там склалася нешта накшталт групоўкі, хеўра, якая тлусцела на рабочай скаціне, накшталт яго і падобных, і з механічнай абыякавасцю выплёўвала іх голымі і босымі назад, у іх пасёлкі і вёскі. І тым не менш яму ўдалося перахітрыць тых пацукоў з іхнімі «шчаміламі», «рэксамі» і шлюхамі са снатворным. Яшчэ раней, за некалькі дзён да апошняй палучкі, ён набыў білет і пасля канчатковага разліку ў інтэрнат не вярнуўся, пакінуўшы там ім на ўспамін тое-сёе з вопраткі, электрабрытву, ручнік, зубную шчотку і чамадан. А пэўна, яны доўга чакалі яго тым днём і той ноччу, анягож, і шлюху туды даставілі, усё як належыць, пакуль ён, як і быў, у рабочай робе і кедах, не занырнуў у вагон. Цягнік урэшце крануўся, ён заваліўся на верхнюю паліцу (надыходзіла ўжо ноч) і назіраў, як сплывае і меншае гэты жудасны мегаполіс, што адабраў у яго больш года жыцця, як агнёў горада ўсё меншае і меншае, і ўрэшце пачаліся дробныя пасёлкі, раўніны, а потым лес, і тады ён заснуў.

…Лес, па якім ён плёўся ў напрамку ад чыгункі, на яго думку, не мог цягнуцца на вялікую адлегласць. Ён прыкінуў прыблізна — кіламетраў дзесяць, пятнаццаць. Урэшце, тут не тайга, надта не схаваешся. Дый што толку хавацца, калі няма ні жытла, ні ежы, ні грошай, акрамя якой дробязі, толькі «Радом» пад пахай з чатырма патронамі ў барабане. Патроны ж есці не будзеш. Ён прыслухаўся да начных гукаў і вызначыў па іх, дзе чыгунка. Там у іх ужо, напэўна, усё спрацавала і міліцыянты з «калашнікавымі» пайшлі па следзе. А можа, і не — хіба даведаешся? Не азірайся, бо ззаду магчымая пагоня — хто гэта сказаў? Хутчэй за ўсё яны з сабой захопяць і сабаку. А калі ў цемнаце ён дрэнна прыхаваў сумку, то сабаку падсунуць яе пад нос і той лёгка возьме след. А пасля гэтага ўжо справа часу, каб дастаць яго. Ён будзе страляць? Скажы, лес, мне страляць? Трэба выбрацца на якую лясную дарогу, няхай цемра, ноч, але трэба — дарога ўрэшце прывядзе да якога балотца, ручая ці канавы і ён саб’е са следу сабаку. Не шукай мяне, сабака, бо я ні ў чым перад табой не вінаваты, падумаў ён. Хіба мне трэба ўвогуле тваё сабачае ці яшчэ якое іншае жыццё? Тым больш — чалавечае? Але ён адабраў ужо не адно. Тыя цыганы — чалавекі? Скажы мне, лес?

…Лес ціха шумеў над ім. Ён ляжаў на невялікай палянцы, галавой на спарахнелым сасновым ствале, рэдкія сонечныя промні прабіваліся да яго, станавілася горача. «Віць-віць-віць», — звінела ўгары птушка. Піць. У грудзях, правым баку і ў жываце тлела маленькае вогнішча, якое патрабавала вады.Ён хацеў піць. Пэўна, падумаў ён, зачапіла жыццёва важныя органы. Недарэмна на ім ужо некалькі гадзін кішаць гэтыя зялёныя стварэнні. А ўжо яны ніколі не памыляюцца, бо іх інстынкты адпрацаваны тысячагоддзямі, сотнямі тысячагоддзяў. Ён паварушыў галавой, каб сагнаць іх з твару, і адразу боль уварваўся ў яго, як урываецца на маленькую сонную станцыю ранішні аранжава-сіні экспрэс, каб, не спыняючыся, памчаць далей. Далей — куды? Куды і я неўзабаве памчу — ты ведаеш, птушка? Не крычы так, птушка, зрабі ласку, бо я хачу піць і хачу цішыні.

…Ля маленькай соннай станцыі ўсё і здарылася. Ён тады ўжо змяніў хуткі цягнік на звычайную электрычку, якая везла яго дадому, у той с…ны гарадок, дзе ён нарадзіўся. Ён паспеў купіць сабе спартыўны касцюм, красоўкі, куртку ды пару сумак, якія запоўніў такімі-сякімі падарункамі.
Мужчына быў амаль што дома, ціхая радасць пасялілася ў ім, ён расслабіўся, а гэтага рабіць цяпер ніколі няварта. Грошы, якія выпараў з цельніка, ён паклаў на дно сумкі, частку, некалькі соцень, пакінуў у кішэні курткі, а брудны цельнік выкінуў. Ён ехаў дамоў у звычайнай прыгараднай электрычцы, і ў душы ў яго панавалі ціхае замілаванне і спакой.

Электрычка была адна з апошніх, вагон паступова апусцеў, за акном панавала амаль што ноч, і толькі рэдкія агні наплывалі і зноў адыходзілі ў цемру: то заставаліся ззаду ўсе тыя бяздарна і безгустоўна пабудаваныя хаты і домікі, дзе жылі рахманыя, пакорлівыя і безадказныя дурні — такія ж, як і ў тым гарадку, дзе жыў і куды ехаў ён.

Таму ён і не надаў спачатку аніякай увагі тым траім, што зайшлі ў вагон на адным з прыпынкаў і, пэўна, збіраліся хутка выходзіць. Зайшлі неяк моўчкі, ціха, быццам заслізгнулі. У слабым святле, а працавала толькі частка асвятляльных плафонаў, ён глядзеў, як яны ішлі па праходзе між сядзенняў, адзін за адным — усе ў танных спартыўных касцюмах і з насунутымі на вочы брылямі плоскіх расейскіх кепак, і пачуццё неўсвядомленай небяспекі ахапіла яго.
У іх, пэўна, усё было разлічана, бо спачатку яны агледзеліся, агледзелі яго і, слізгануўшы вачыма па сумках, селі збоку і насупраць. Так, моўчкі, яны ехалі нейкі час, і мужчына пачаў супакойвацца. Цягнік замаруджваў хаду перад чарговай станцыяй, і тут адзін з іх — скуласты, цемнатвары, з праціснутым пасярэдзіне, нібы ў хворага на пранцы, носам, пасунуўся да яго і, быццам абыякава, спытаў:
— Здалёк едзеш?
І мужчына, падсвядома ўжо разумеючы, што трапіў у пастку, інтуітыўна прыхіліў бліжэй да сябе сумкі і адказаў:
— З Парыжа, мужычкі.
Гэта азначала, каб той не задаваў недарэчных пытанняў, і ў той жа час гаварыла незнаёмцам, што ён чалавек самастойны, не баязлівец і ведае правілы абыходжання. Але яны заспяшаліся, быццам прарвала гаць, і вадаспад пачаў змываць усё на сваім шляху.
— Ну, а нам якраз туды. Вось сумачкі твае там і спатрэбяцца. Дык ты б іх аддаў.
Гэта сказаў другі — у яго ўся левая рука з тыльнага боку была сіняя ад татуіроўкі. Ён выхапіў з кішэні нож. Утраіх яны накінуліся на яго. Адзін схапіў яго за рукі, другі падсунуў нож да шыі, а трэці пацягнуў да сябе сумкі. Мужчына супраціўляўся як мог, мёртва зашчаміўшы ручкі сумак, і тады адчуў удар па галаве, у вачах ярка бліснула святло, а потым ноч уварвалася ў яго і захапіла з сабой.
Ён хутка апрытомнеў. Цягнік, пастукваючы коламі, ішоў далей, кроў сцякала яму па твары на брудную падлогу, на якой ён ляжаў, — на ёй утварылася лужына. Але самае горшае было тое, што сумак, якія так утульна падпіралі яго бок, больш не было.

…Дадому ён не вярнуўся. Навошта? Вярнуцца, каб расказваць тым дурням, што яго абрабавалі, як апошняга лоха? Ці, можа, паплакацца дзяўчыне? І той дзяўчыны ён больш не бачыў. Хто ведае, дзе яна цяпер у гэты час, ноччу, калі ён бяжыць праз лес? Пэўна, яна даўно замужам і спіць зараз у ложку з мужчынам ці займаецца любоўю. Можа, яе звезлі за свет, а можа, з’ехала сама, а можа, проста стала шлюхай…

Урэшце, гэта даўно перастала яго цікавіць. Амаль з той пары, калі ён уладкаваўся ў рэдакцыю занядбанай другараднай газеты і стаў у іх распаўсюджвальнікам і адначасова начным вартаўніком — трэба ж было яму недзе жыць і спаць, вось ён і спаў у іх на складзіку, сярод мяшкоў і пачак з газетамі. А днём ён шукаў тых трох — паўгода з дня ў дзень па тым маршруце, прадаючы газеты ў цягніках і ўглядаючыся ў твары пасажыраў. Пад пахай у яго быў наган, яго «Радом», набыты на тыя даляры, што засталіся ў кішэні курткі і якія яны не паспелі ці не здагадаліся вытрасці.
Зрэдку на яго маршруце сустракаліся знаёмыя з таго гарадка, дзе ён нарадзіўся і адкуль знік, але ён навучыўся іх пазбягаць, дый часу прайшло шмат. Гаварыць яму з імі не было патрэбы, яны даўно існавалі ў розных вымярэннях. Дый пра што гаварыць? Пра тое, як ім жывецца ў іх с…м горадзе, адкуль усе, хто хоць чаго-небудзь варты, уцякае, а застаюцца толькі зусім бездапаможныя ды тыя самыя хітрыя ёлупні, якія групуюцца там па адных ім вядомых прыкметах?
Той-сёй з іх марыць пра заробкі на заходнім напрамку, пра тое, каб нават уладкавацца там і яшчэ болей — застацца назаўсёды. Але гэта марныя спадзяванні, як марна спадзявацца на тое, прыкладам, што цябе мінуюць хваробы, ці старасць, ці здрадніцтва, ці яшчэ што. Хіба не ездзілі яны да тых жа «паноў» за Буг і не ўпэўніліся на асабістай скуры, што большасць з іх зусім не добразычлівыя анёлы, а тыя ж самыя хітрыя дурні са зласлівымі тварыкамі гаспадаркоў і жывёльнай пагардай да тых, хто хоць часова, а трапіў пад іх уладу.

Ён часта ўяўляў сабе, як сустрэне тых трох — тых, хто, па сутнасці, адабраў у яго не грошы, а лепшы ў жыцці час, надзею, спадзяванні, пачуццё годнасці. Неяк ён нават вырашыў, што спаткаў іх, але калі падсеў бліжэй, зразумеў, што памыліўся. Ён працягваў шукаць, але аднойчы, седзячы ў напаўпустым вагоне з рэштай газет у сумцы, ён, па звычцы, пачаў аднаўляць у памяці абліччы ўсіх трох і …сумеўся. Ну, што тыя скуластыя твары — зараз такіх поўна; што, урэшце, татуіроўка на далоні — і такіх цяпер хапае, кожны другі «распісаны». І ён раптам з жахам адчуў — ён стаў забываць іх. І тады ён спужаўся.
…Ён спужаўся ўва сне. У вагоне было шумна ад крыкаў, мужчына якраз задрамаў, і калі ачуняў ад кароткага і неглыбокага сну, убачыў, што крычаць і лаюцца цыганы, і яшчэ дзяўчына, па выгляду шлюха, а дзе яны ўвайшлі ў вагон, ён не бачыў. Ён міжволі прыслухаўся і зразумеў, што дзяўчына — наркаманка і просіць даць ёй «дозу», а грошы яна, вядома, аддасць ім пасля, што «машына», гэта значыць асабісты шпрыц, у яе заўсёды пры сабе, што ёй вельмі блага і трэба хутчэй, нават зараз, «шырануцца».
Цыганы былі маладыя, нахабныя, добра, але без густу «прыкінутыя», іх таксама было трое: ён даўно заўважыў, што яны амаль ніколі не ходзяць і не ездзяць па адным. Нават пакапаўся ў памяці, каб прыпомніць такі выпадак, і не знайшоў. Не было для яго адкрыццём і тое, што дзяўчына просіць у іх наркату, бо спытайце нават у іх с…м горадзе, там, дзе ён раней жыў, любога таксіста: куды той возіць вечарам маладых дзевак, і той адкажа — у мікрараён, туды, дзе жывуць панаехаўшыя з Расеі цыганы, якія і гандлююць цяпер наркотыкамі, папярэдне прывучыўшы да іх такіх вось с…х шлюх. І яму іх, тых шлюх, не шкада, няхай прападуць усе пропадам, усіх не выратуеш, бо дурнота даўно правіць тут баль і яе не пераможаш.

Між тым цыганы разваліліся на сядзеннях, адзін закінуў ногі на супрацьлеглае, і пачалі гаварыць між сабой па-свойму, выкрыкваючы асобныя словы, і яшчэ енчыла тая шлюха — усё гэта раптам пачало нерваваць яго. Іх крыкі станавіліся ўсё больш гучнымі, у яго закалола ў скронях. Хацеў устаць і перайсці ў іншы вагон, але яны раптам змоўклі, і ён застаўся.
Мужчына задрамаў, але шум пачаўся нанава. Дзяўчына зноў пачала прасіць, і адзін з цыганоў — лупаты, у доўгім, да пятак, плашчы і белым шаліку, нахіліўся да яе твару і раптам прапанаваў:
— А ты адпрацуй. Адразу і разлічымся, — ён ужо расшпільваў шырынку.
— Ды ты што, звар’яцеў? — заенчыла дзяўчына. — Я так не магу, не — ты вар’ят.
— Хіба ты так не рабіла? Якая табе розніца, дзе і як? Адзін француз сказаў: цяпер жанчыны кахаюць не сэрцам, а галавой. Вось і ты палюбі мяне галавой…
Абодва яго хаўруснікі зарагаталі.
— Што, так вось сорамна? — ціснуў на дзяўчыну лупаты. -А ты газетай засланіся. Зараз мы яе купім. Унь і разносчык сядзіць.
І крыкнуў праз праход, звяртаючыся ўжо да мужчыны:
— Гэй ты, прынясі газету! Усё роўна якую!
Мужчына не варухнуўся. У скроні яму грукала кроў, твар яго скамянеў.
Лупаты падняўся са свайго месца, выцягнуў з кішэні плашча банкноту і пайшоў да яго.
Цягнік імчаў, бразгала ад вібрацыі верхняя паліца, за вокнамі гусцела цемра.
— Рэшты не трэба. Давай газету.
— Не прадаецца, — мужчына змахнуў грошы на падлогу.
Лупаты зірнуў яму ў вочы і марудна, задам, адышоў да хаўруснікаў. Яны перакінуліся некалькімі словамі па-свойму, раптам падхапіліся і ўсе ўтрох пайшлі на яго. І тады мужчына саўгануў рукой пад куртку, і выцягнуты на волю наган цьмяна бліснуў у святле плафонаў.
Яны адразу спыніліся, але самы малады з іх, у жоўтай скураной куртцы, які ішоў ззаду, закрычаў:
— Ды не бойсь, гэта ў яго не сапраўдны!
І тут мужчына ўстаў ім насустрач, ускінуў руку са зброяй, і тры стрэлы, без паўзы, адзін за другім узарвалі вагон.

…Хутка развіднела. Лес ажыў і напоўніўся галасамі птушак і мяккім шолахам маладога лісця ў вершалінах дрэў.
Мужчына ішоў па вузкай дарозе ў выбраным ім напрамку. Ён стаміўся, бо не спаў ноч, але не гэта непакоіла яго. Мапа — вось што яму трэба, думаў ён, а яшчэ другая вопратка і потым — спадарожная машына ў бок мяжы. Лепш да ўкраінскай. Ён згубіцца там, сярод іншых, ідзе ўжо лета, на дарогах поўна бадзяг, уладкуецца куды на сельгасработы ці, наадварот, застанецца ў якім вялікім горадзе, не ўсё яшчэ так дрэнна. Мужчына абшукаў кішэні курткі і нагавіцаў. Грошай, у асноўным ад продажу газет у той дзень, было няшмат, але на хлеб і спадарожную хопіць.
Цяпер трэба зайсці ў якую вясковую краму і купіць хлеба. Усё роўна ён мусіць вылезці калі-небудзь з гэтага лесу — тут ужо нічога не зробіш. Лес станавіўся ўсё больш рэдкі, дарога ўсё шырэйшая, і мужчына разумеў, што хутка выйдзе да якога жытла. Ён зірнуў на гадзіннік і вырашыў адпачыць, бо крамы адчыняцца яшчэ не хутка. Мужчына збочыў на ўзгорак і прысеў пад сасной, спінай да дрэва. «Дай мне частку сваіх сіл, дрэва, — папрасіў ён у думках, — бо наперадзе ў мяне зноў дальняя дарога, і за мной ужо ідуць, каб адабраць апошняе, што ў мяне засталося: мой наган і маё жыццё».
Раптам ён задрамаў, нават не задрамаў, а быццам праваліўся ў забыццё. Сон быў кароткі і цяжкі. Мужчыну снілася будоўля: вецер працінаў яго на вьшыні, рыштаванні пахістваліся пад нагамі, а ён адну за адной клаў цагліны. Раствор — цэгла, цэгла — раствор. Ён прачнуўся і застагнаў, бо цела здранцвела, было золка і холадна, выпала раса, і ногі яго ў красоўках прамоклі. Мужчына зірнуў на гадзіннік і падняўся.
Праз нейкае паўгадзіны ён ужо выйшаў ці то да пасёлка, ці то да вёскі. Мужчына не рызыкаваў спытаць у рэдкіх сустрэчных, дзе знаходзіцца крама, меркаваў, што ўсе крамы звычайна ў цэнтры, і ён пайшоў па вуліцы да цэнтра, які вызначыў па двух, больш высокіх за іншыя, у два ці тры паверхі будынках.
Крама якраз займала першы паверх аднаго з гэтых будынкаў, яна адчынілася а восьмай гадзіне раніцы, ён прачытаў пра гэта на шыльдзе, а было ўжо каля дзесяці. Мужчына зайшоў у дзверы і спыніўся ля прылаўка. Людзей было зусім мала. Мужчына ўбачыў бляшанкі кансерваў, хлеб і стаў у чаргу. Ён папрасіў у прадаўшчыцы — мажной жанчыны гадоў сарака з ружовага колеру бародаўкай ля носа — хлеба, некалькі бляшанак кансерваў і мінеральнай вады.

Прадаўшчыца прынесла хлеб, кансервы, і мужчына дадаў:
— І торбачку якую.
— Хіба вы ішлі ў магазін без торбы? — раптам спытала прадаўшчыца і ўважліва зірнула на яго. — А вада? Вы не тутэйшы? У нас ніхто гэтую ваду не п’е, у мяне ўсяго адна скрыня, бярыце што больш моцнае.
— Угаварылі. Бутэльку віна.
— Зараз. Я толькі на хвіліну на склад.
Жанчына зайшла ў бакоўку і прычыніла за сабой дзверы, але ён не звярнуў на тое ўвагі. Неўзабаве прадаўшчыца выйшла. У руцэ ў яе была бутэлька віна. Яна палічыла грошы, збілася, пачала нанава, рукі ў яе нервова соўгаліся, і тут ён нібы ачуняў, заспяшаўся і сказаў ёй, што рэшту можна пакінуць сабе, і таропка выйшаў з крамы.
Мужчына ў думках аблаяў сябе за страту пільнасці, хаця, можа, яму і падалося, і шпарка пакрочыў па вуліцы назад, да лесу. Пласцікавы пакет у руцэ быў поўны. Ён хацеў збочыць у які завулак, а не ісці па гэтай бясконцай вуліцы — да лесу яшчэ было парадкам, але прымусіў сябе рухацца нармальна і не пераходзіць на бег. Да рэдкіх соснаў, што раслі на ўскрайку, было ўжо метраў трыста, калі за спінай ён пачуў гук матора, а потым віск тармазных калодак, азірнуўся і — пабег, бо з міліцэйскага «уазіка» ўжо выскоквалі міліцыянты ў камуфляжнай форме. Адзін з іх закрычаў: «Стой!»
Мужчына кінуў ужо непатрэбны пакет і паскорыў бег. Ззаду ён пачуў стрэл, потым другі, а потым загрукаў «калашнікаў», у правы бок ля грудзей яму ўдарыла, стала раптам горача, і ён упаў. Мужчына праляжаў так некалькі секунд, але ўскочыў на ногі і кінуўся да бліжэйшых дрэў, і лес схаваў яго. Ён адразу ўзяў убок, там былі кусты, раслі трава і мох, потым зноў памяняў напрамак, ззаду спачатку чуліся галасы і трэск сухіх галінак пад нагамі тых, хто яго праследаваў, а потым яны згубілі яго, не чулі, а сабакі ў іх не было.

…Сабака павінен вывесці іх да яго. Ну, няўжо ў іх няма сабакі? Чакаць не мае сэнсу, бо цяпер для яго ўжо нічога не мае сэнсу. Толькі адно, апошняе. Дык няхай яны прыйдуць хутчэй — тыя с…я міліцыянты, ён жа кінуў сумку і пакет, няўжо так цяжка ўзяць яго след і прыйсці сюды, на гэтую палянку, і забіць яго? Прыйдзіце і забіце — ён і адышоў у лес усяго якіх кіламетраў пяць — восем, не больш. Хіба так цяжка знайсці яго? Забіце, бо ён ляжыць ужо другія суткі, і мухі адкладаюць яму на твар яйкі лічынак.
Мужчына скасіў вачыма і ўбачыў, як ізумрудна-зялёныя насякомыя рухаюцца па яго шчоках, руках і грудзях. Мухі лезлі яму ў вочы, нахабна абляпілі твар, і ён нават не мог сагнаць іх. Навошта вы так мучыце мяне, мухі?
Мужчына застагнаў і паспрабаваў паварушыць пальцамі рук. Боль адразу працяў яго. Левая рука ўжо не слухалася, затое пальцы правай звыкла намацалі рукаятку рэвальвера. Хутчэй бы яны прыйшлі. Ён націсне на курок, яны пачнуць страляць у адказ і заб’юць яго. Цікава, кім яны яго лічаць: пэўна, небяспечным злачынцам, маньякам, які проста так забівае людзей? А кім яго лічыць тая шлюха-наркаманка? А яго былая нявеста, якая, пэўна, вырашыла, што ён з’ехаў назаўсёды і падмануў яе? А яго бацькі, якім ён не паказваўся на вочы ўжо два гады? А тая прадаўшчыца, якая пазваніла з падсобкі ў міліцыю ці ў сельсавет?
Пэўна, яе і многіх іншых ужо папярэдзілі, што ён можа зайсці ў краму ці неяк інакш звярнуцца да людзей. А яны — людзі? Скажы мне, лес, яны ўсе — людзі?
Сонца сляпіла яму вочы, але цела было халоднае, ён адчуваў гэты холад. То зямля цягнула яго да сябе. Што ж, ён стане зямлёй, і тое здарыцца, пэўна, ужо хутка. Але я не хачу, падумаў ён, ляжаць так яшчэ ноч і яшчэ дзень — мухі ператвораць чаканне ў суцэльнае пекла. А ноччу вы спіце, мухі?
Мужчына намацаў рукаятку рэвальвера і марудна, амаль пяшчотна сціснуў на ёй пальцы. Указальны лёг на курок. Ён прыўзняў рулю і двойчы націснуў. Стрэлы амаль аглушылі яго, цела ўздрыгнула, і ён адразу страціў прытомнасць, але хутка ачуняў. Больш страляць ён не будзе, бо ў барабане засталіся толькі два патроны.Чаму ж яны не ідуць, чаму ніхто не ідзе, каб скончыць усё гэта?
У грудзях у яго зноў запалала вогнішча. Чаму не ідзе дождж? Ён бы хоць і не напаіў яго, але напэўна прагнаў бы мух. А ноччу яны паляцяць у свае сховішчы ці застануцца поўзаць па ім і адкладваць яйкі?
Сонца паступова скочвалася да небакраю, і цень упаў яму на твар. Па-ранейшаму навокал было пуста, і лес ціха шумеў пра сваё. Пра што вы размаўляеце, дрэвы? Кажуць, што ўсе расліны разумныя і трымаюць сувязь між сабой і што яны прадстаўнікі высокаразвітой фітацывілізацыі. Кім вы лічыце мяне, расліны?
Урэшце, усе мы становімся раслінамі, хаця не — гноем для іх, гэта больш дакладна. Вы прымеце мяне як гной, дрэвы?
Мужчына пачаў павольна падцягваць рэвальвер: спачатку да грудзей, потым да галавы. Урэшце руля ўперлася яму ў скроню. І тады ён удыхнуў як мага больш паветра і націснуў на курок.
…Праз суткі на целе ўжо кішэлі чэрві, а яшчэ праз нейкі час на пах прыйшла пацучыха. Яна была брухатая і зрабіла гняздо проста ў трупе, разлічыўшы, што ежы ёй і патомству хопіць надоўга.

Паленпак

Дзень пачаўся пагана, а потым, вядома, усё так і пайшло. На досвітку ў халодную пракураную казарму грукатам ботаў уварваўся быкаваты апуцак-старшына і зароў:
— Трывога!
Мацюкаючыся, радавы Сяргей Каляда хутка сабраўся. Хутка таму, што пра трывогу і вучэнні ўсе даўно ведалі і, адпаведна, спалі апранутыя. Ён таропка накруціў непрасохлыя анучы, напяў на ногі мокрыя ж кірзовікі і разам з усімі кінуўся да складоў — атрымліваць зброю, сухі паёк і амуніцыю. Уся рота неўзабаве ўжо была там: у паветры чуліся лаянка і крыкі каманд. Дзьмуў халодны паўночна-ўсходні вецер, пра які на радзіме Сяргея гаварылі адным словам «маскаль».
— Каляда! Радавы Каляда!
Ротны — маёр Уразаў, крываногі нават у галіфэ, худы, невысокага росту, са зморшчаным, скуластым тварам качэўніка — усё-ткі адшукаў яго ў гэтым гармідары. «Каб ты спрах», — паспеў толькі падумаць радавы Сяргей Каляда і звыкла стаў на «зважай», казырнуў.
— Панесяце «паленпак», — суха загадаў яму маёр Уразаў. — Адказваеце за яго. Зразумелі?
— Слухаю, тавмаёр.
Радавы Кадяда, тонкі, як пруток, светлавалосы, няўцямна глядзеў маёру ў твар шэрымі вачыма. Ротны быццам хацеў дадаць яшчэ і нешта злоснае, але мусіў адвярнуцца, бо яго тармасілі з усіх бакоў. Трэба было выводзіць асабовы састаў.
У роце лічылі за шчасце насіць важкі ротны кулямёт і два падсумкі з патронамі ў дадатак, толькі б не «паленпак». Насіў жа яго па загадзе маёра Ўразава звычайна той, каго маёр асабліва не любіў, хто гнуўся, але ў душы не ламаўся, а ротны такіх вызначаў амаль што з жывёльнай дакладнасцю. Насіць «паленпак» было як пакаранне, як прытоены здзек, хаця маёр Уразаў клапаціўся за яго нават больш, чым палітрук. Усе ў роце ведалі, што ротны прагне стаць падпалкоўнікам і прыняць батальён, бо цяперашні камбат ужо спакваля рыхтаваўся на пенсію. Маёр Уразаў дамагаўся ажыццявіць сваю мару з упартасцю насякомага. «Паленпак» у яго быў самы вялікі ў батальёне, і насіць яго мог хіба толькі асілак, але ротны не зважаў на такія дробязі. Вядома, маёру Ўразаву ўсё гэта было трэба не дзеля нейкай агульнай карысці ці ідэі, каб проста прыкрывацца ад усюдыісных правяральшчыкаў. Тым больш у час аглядаў, марш-кідкоў ды вучэнняў. Тады заўсёды маглі праверыць і, дарэчы, іншым разам правяралі з імпэтам ды дробязнай прыдзірлівасцю палітработнікі з дывізіі і нават з арміі. Вынік такой праверкі мог паўплываць і на тое, атрымае ротны чарговае званне і зорачку ў пагоны ці выйдзе ў адстаўку маёрам.
У агульным тлуме і вэрхале радавы Сяргей Каляда ўсё-ткі адзначыў шэраг розных, хаця быццам і другарадных рэчаў: што ўзводныя яшчэ не зусім цвярозыя з учарашняга, што сухі паёк выдаюць на тры дні — значыць, столькі яны і будуць страляць халастымі патронамі ў неба, бегаць за танкамі, акопвацца ды пакутаваць на голай зямлі халоднымі начамі. Ён ведаў, што ўвішны высавень-ротны за гэты час свайго не ўпусціць — зробіць усё, што здолее, каб рота вылучылася на манеўрах. Адзначыў ён таксама, што паштар і ротны стукач сяржант Сідоркін зноў на вучэнні не едзе, будзе ашывацца ля штабных. Дарэчы, ён рабіў Сяргею нейкія знакі.
— Пісьмо?
Сяргей Каляда адчуў, як яго аж кінула ў жар ад такой неспадзяванай навіны, і схапіў паштара за рукаў:
— Давай!
Сідоркін кіўнуў і выцягнуў з сумкі канверт. Радавы Каляда выхапіў яго і таропка схаваў у кішэню: прачытае пасля. Ён напэўна ведаў, што пісьмо ад Паліны — тая не ліставала яму ўжо амаль месяц. І хаця радавы Каляда здагадваўся, што лісты калі-нікалі затрымліваюцца і таму, што імі цікавяцца людзі пры штабе, на якіх працуе той жа Сідоркін, на душы ў яго ўсё роўна зрабілася цяплей.
З Палінай здарылася так. Дзевятнаццацігадовы Сяргей толькі-толькі адвучыўся курс, як атрымаў позву. Ішоў якраз чарговы склік. З гэтай нагоды яго аднакурснік па тэатральна-мастацкім інстытуце і зямляк са Случчыны Яўген Гадун выказаўся ў тым сэнсе, што ваенкамат — гэта змяя, якая кусае балюча і заўсёды нечакана. Пэўна, ён меў рацыю.
Сяргей зрабіў развітальнае застолле. Запрасілі, вядома, і дзяўчат. Прыйшла сярод іх і Паліна — высокая, прыгожая брунетка з сінімі вачыма і нагамі, як у фотамадэлі. Яна вучылася на акцёрскім аддзяленні і жыла ў інтэрнаце паверхам вышэй. Адыходзіны былі ў самым разгары, калі раптам аднапакаёўца Гадун п’яна ўзняўся з крэсла і спытаў:
— А вы ведаеце, каго мы ў армію адпускаем?
— Каго? — зацікавіліся за сталом.
— Нявінніка, — ляпнуў Гадун і дадаў: — Вялікі непарадак. Ганьба на нас, случакоў. Чуеце, дзеўкі?
Дзяўчаты захіхікалі. Сяргей, будучы на добрым падпітку, пацвердзіў:
— Так. Не было часу, а што?
— Ну дык вось, — несла Гадуна. — Гэта справа паправімая. Сядайце, дзяўчаты, у кола.
Гадун намацаў пустую бутэльку і са словамі: «На каго Бог пашле» крутануў яе на стале.
Бог паслаў на Паліну.
Праз якую гадзіну ўсе з жартамі разбрыліся па сваіх пакоях. Паліну прымусілі застацца.
…Пад раніцу, ужо зусім цвярозы, ён усё цалаваў яе, з жахам разумеючы, што гэта назаўсёды: яна ці ніхто.
— Ты толькі чакай! Будзеш? Усяго год які, я хутка вярнуся.
У слабым святле наступаючага дня Паліна выслізнула з-пад коўдры і пацягнулася за цыгарэтай.
— Не хачу нікуды ісці, — сказаў Сяргей.
— І я не хачу, — зноў схавалася пад коўдру Паліна.
Яны закурылі.
— Несмач на стале. Так і не прыбралі ўчора, — сказала Паліна другараднае.
На плошчы, за акном інтэрната, грымнуў духавы аркестр — там пачыналі ўжо рыхтавацца да кастрычніцкіх свят.
— Ты мне слова дай, калі можаш. Будзеш чакаць?
— Не ведаю пакуль. Ну ты й дзівак.
— Інакш я вярнуся і заб’ю цябе.
— Ха!
— Дай жа слова, мне вельмі важна.
— Ну буду, буду, — паабяцала Паліна і раптам заплакала.
І больш за ўсё, здаецца, на свеце Сяргей хацеў тады, каб ноч доўжылася і доўжылася, каб не трэба было куды збірацца і ісці і каб змоўк урэшце той духавы аркестр, які ўсё іграў адзін і той жа абрыдлы марш.
…Радавы Сяргей Каляда з аўтаматам у руках і з «паленпакам» на спіне ўскараскаўся ў запоўнены салдатамі бэтээр. З тугой ён падумаў пра тое, што наперадзе тры дні пакут, і нават кінутая казарма цяпер здавалася яму цёплай і абжытай. Тая казарма, дзе, пэўна, ужо ваўсю ішоў шмон. Ён ведаў пра звычкі асабоўцаў: толькі якая трывога — тыя, як мухі на падлу, адразу кідаліся да тумбачак ды ложкаў. Усё нешта шукалі ды вынюхвалі, надта і не хаваючыся, быццам так і трэба.
Радавы Каляда страсянуў галавой, праганяючы трывожныя думкі, і скінуў пад ногі «паленпак». Адразу нібы выпала вата — у вушы ўварваліся ўзбуджаны смех, мацяршчына, кпіны. Кпілі і з яго. З тых, хто насіў «паленпак», заўсёды пасміхаліся, нібы з убогіх. Але ўрэшце зараўлі рухавікі, і машыны рушылі.
На акруговы палігон у раён вучэнняў прыбылі толькі пад вечар, пасля таго, як пераправіліся па пантонах цераз раку. Ротны злаваўся, нерваваўся і заразіў гэтым усіх. Ён сыпаў праклёнамі і аддаваў загады, каб праз нейкі час адмяняць іх і аддаваць новыя. Да таго ж згубілася палявая кухня, і ўсе знемагалі ад смагі — не было вады. Урэшце маёр разам з узводнымі распрацаваў картачкі агню і ўмоўнага бою і загадаў капаць акопы. Праз нейкі час, калі яны былі ўжо напалавіну гатовыя, аказалася, што іх капалі не там, дзе трэба, бо з’явіўся батальённы і аблажыў усіх мацюкамі.
— Дзе «паленпак»? — раптам успомніў і зароў ротны. — Чаму не разгорнуты?
І, унутрана сціскаючыся ад цяжкай, каламутнай непрыязнасці да маёра, да бязглуздзіцы вучэнняў, да брызентавага меха за спінай, радавы Сяргей Каляда пацягнуўся распакоўваць «паленпак».
Многія любілі армію ці, інакш кажучы, мірыліся з ёй. Афіцэры, прапаршчыкі, нават некаторыя сяржанты тэрміновай спужбы. Знаходзіліся і такія. Толькі не ён. Гэтая гульня дарослых была яму незразумелая. Што ж, ён не ваяр. Ён будучы мастак, дызайнер, а не салдат. Кожнаму сваё. Хутчэй бы назад! Ён лічыў дні, што заставаліся да загада. Паліна. Гарачая хваля ўспамінаў накацілася на яго, і ён знерухомеў, прагна зацягваючыся цыгарэтай.
Па-ранейшаму не сціхаў халодны, куслівы вецер. Тут, на залесным палігоне, ён працінаў шынель, халадзіў твар. На даляглядзе над лесам ужо збіралася цемра.
— Не курыць, маць вашу! — закрычаў паблізу ўзводны. — За кіламетр бачна!
Сяргей Каляда прыхінуў да ног аўтамат і выцягнуў з кішэні канверт. Не ад Паліны — размашысты почырк адразу кінуўся яму ў вочы. Пісьмо было ад Гадуна.
У слабым святле імкліва адыходзячага дня радавы Сяргей Каляда разгарнуў ліст і прачытаў наступнае:
«Стары! Пішу табе ад імя ўсіх хлопцаў з нашага пакоя. Служы, салага, бо мы сваё ўжо адслужылі і з гэтай нагоды вельмі спачуваем табе, але нічым дапамагчы не можам. У нас усё нармалёва. Рыхтуемся да сесіі, але на днях добра пабалдзелі — аж да гэтага часу рукі калоцяцца…»
Далей ішоў пералік выкладчыкаў, якіх Гадун лічыў небяспечнымі на час экзаменаў, якіх увогуле дурнаватымі, а якіх так сабе. Пасля гэтага пасажу ён зноў перайшоў да інтэрнацкіх спраў і на паўстаронкі распавядаў пра тое, як ім шанцуе апошнім часам з дзеўкамі, і жартаваў, што дзеўкі гарохам пасыпаліся замуж. «Дарэчы, — паведамляў ён, — твая акцёрка, ну Паліна, з якой ты, змей, апошнім разам, спадзяюся, не дарма займаў усю ноч цэлы пакой, — таксама туды ж. Выходзіць не за каго-небудзь, а за нашага выкладчыка Некрашэвіча, а ў яго, сам ведаеш, усяго хапае — ёсць і машына, і кватэра, і лецішча. Быццам ён ужо ёй і кінапробу дапамог зрабіць… Вяселле ў пятніцу, 18 кастрычніка…»
Радавы Сяргей Каляда дачытаў лісткі і прыпаліў цыгарэту ад цыгарэты.
Першыя зоркі слаба блішчэлі і пераліваліся ў небе. Поўня напалавіну выткнулася з-за лесу і павісла над далёкім цёмным даляглядам. Сяргей зірнуў на гадзіннік. Да прызначанай у пісьме даты было роўна два дні і яшчэ чатырнаццаць гадзін — усяго выходзіла шэсцьдзесят дзве.
Маёр Уразаў узнік за плячыма нячутна, як прывід.
— Чаму не выкананы загад? — зашыпеў ён. — Два нарады пасля вучэнняў! Паўтарыце!
— Ёсць два нарады.
— Каб праз пяць хвілін усё было гатова!
Радавы Сяргей Каляда моўчкі пачаў распакоўваць пухкі мех. Урэшце «паленпак», ці паходны ленінскі пакой, які ўвасабляў сабой усю ротную наглядную агітацыю, быў замацаваны. Ён нагадваў брызентавы прамакутнік пад такой жа павеццю два з паловай метры на паўтара, на якім месціліся партрэты сябраў Палітбюро, а таксама вышэйшага каманднага саставу арміі, дзеячаў марксізму-ленінізму. Глядзелі са сваіх месцаў армейскі статут, матэрыялы апошняга пленума, падшыўкі вайсковай акруговай газеты. Асобна размясцілася сям’я Ўльянавых у рэпрадукцыях з чорна-белых фотаздымкаў. Ніжэй вісела скрыня для пісем і заўваг. Над усім месціўся невялікі бронзавы бюста Ільіча.
Сяргей Каляда завяршыў справу ўжо ў цемры. Ён сеў на зямлю спінай да сасны і доўга сядзеў так, а потым заціснуў аўтамат між каленяў і пачаў шукаць па кішэнях. Ён знайшоў і пералічыў некалькі баявых патронаў — рэштку таго, што засталося пасля стрэльбішчаў. Запаслівы, як кажуць, лепш за багатага. Сяргей выцягнуў ражок і высыпаў адтуль на зямлю халастыя — іх выдалі ім раней. Замест іх ён уставіў баявыя патроны і схаваў ражок у кішэню галіфэ. Кароткі дэсантны варыянт свайго «калашнікава» ён закруціў у плашч-накідку. Потым сцягнуў з сябе і кінуў пад ногі шынель, падсумкі, процівагаз, сапёрную рыдлёўку.
Забраўшы толькі скрутак са зброяй, ён рушыў прэч. Цемра ўжо ахінала ўсё навокал. У свежавыкапаных акопах там-сям курылі, хто ўжо спаў, скурчыўшыся, хто яшчэ толькі рыхтаваўся і назапашваў з гэтай нагоды пад бакі сасновы лапнік ды пажухлы быльнік, хто размаўляў напаўголасу.
Ён ужо дасягнуў лесу, але спыніўся, нейкі час пастаяў, прыслухоўваючыся, і раптам павярнуў назад.
Радавы Сяргей Каляда зноў мінуў распалажэнне роты, прайшоў каля напалову прыхаваных у зямлі бэтээраў і знайшоў знаёмую палянку, дзе, прымацаваны да соснаў, месціўся паходны ленінскі пакой. Ён выцягнуў з кішэні і чыркнуў запалку. Агеньчык лізнуў лісты з падшыўкай, перакінуўся на партрэты правадыроў і начальнікаў, набраў моцы. Агазлівыя твары на партрэтах курчыліся ў пачварных усмешках. Полымя ахапіла ўвесь брызентавы домік. «Паленпак» гарэў. Радавы Сяргей Каляда адступіў у цемру і заспяшаўся да прыкмечанай ім раней вузкай лясной дарогі. Лес адразу прыняў яго ў сябе, мякка і пяшчотна ахутаўшы цішынёй і спакоем…
Праз некалькі гадзін, пад раніцу, ён ужо ляжаў у пустым вагоне таварнага цягніка, які вёз яго на захад, да Менска. Паклаўшы скрутак са зброяй пад галаву, радавы Сяргей Каляда прыпальваў цыгарэту ад цыгарэты. Потым пачак скончыўся, і ён нібы праваліўся ў небыццё, на кароткі час заснуў неспакойным цяжкім сном.
У гэтым напаўсне-напаўтрызненні Сяргей ішоў разам з Палінай па пустой дарозе пад гару. Ён быў чамусьці ў вайсковай форме і з «паленпакам» на спіне. Ісці яму было вельмі цяжка, ён задыхаўся і ўсё больш адставаў ад дзяўчыны. Тая, не азіраючыся, лёгкай хадою ішла наперад. Урэшце ён увогуле застаўся на дарозе адзін. Нягледзячы на тое, што ён так спяшаўся і нават высільваўся, каб ісці хутчэй, яму было холадна, а ў твар дзьмуў усё той жа паўночна-ўсходні вецер.

Рыфма

1

Амаль бязгучна вуркочучы маторам, брудны, запэцканы граззю «мерседэс» спыніўся ўсутыч з тратуарам, так што колы яго чыркнулі па броўцы.
Было горача. Жнівень, пэўна, дараваў чарговы са сваіх апошніх пагодлівых дзён. Сонца пакрысе спаўзала на захад, каб неўзабаве схавацца за шэрымі прамакутнікамі дамоў.
Малады бізнесовец Рыгор Вайтовіч — светлавалосы, мажны, з ружовасцю на шчоках, выключыў рухавік і зірнуў на гадзіннік. Потым ён апусціў шкло, і адразу яго ахутала гарачае і нездаровае паветра вялікага горада, насычанае выкідамі фабрык, бензінавымі выпарэннямі, пылам і смогам.
На кароткае імгненне яго ахапіла туга, як гэта здараецца з многімі ўражлівымі людзьмі на той час, калі заходзіць сонца: яму нагадалася раптам, што ў асмужаным паветры і на людных вуліцах патыхала яшчэ такім няўлоўна прыкрым і сумным, як здрадніцтва, няшчырасць і хлусня, і ўвогуле пахам паразы, а гэты пах ён адчуваў ужо даўно. Хоць, падумаў ён, можа, у яго занадта лабільная нервовая сістэма.
Бізнесовец Рыгор Вайтовіч зноў кінуў вокам на гадзіннік. Шэсць. На асфальтавай дарожцы ад пад’езда будынка інстытута замежных моў ён убачыў ужо дзяўчыну, якая ішла да яго, і здагадаўся, што гэта тая самая, якую ён чакаў. Дзяўчына-студэнтка была рэпетытарам яго жонкі. Жонка ў апошні месяц апантана вучылася ангельскай мове і з гэтай нагоды наняла рэпетытара па аб’яве з газеты. Але тыдзень таму студэнтка чамусьці не захацела працягваць заняткі, і жонка папрасіла яго пагаварыць з той.
Па меры таго як дзяўчына набліжалася, бізнесовец Вайтовіч уважліва разглядаў яе. Студэнтка была высокая, коратка, амаль як ён, стрыжаная, чорнавалосая, у цёмных акулярах ад сонца, сціпла апранутая: у чорную спадніцу ніжэй каленяў і простую белую кашулю. Яна стала побач. Слабы ветрык мякка абляпіў тонкую спадніцу вакол яе доўгіх ног, так, што цела яе здавалася акораным дрэвам, калі б такое дрэва магло набыць прыцягальную сексуальнасць прыгожага і жаночага. Дзяўчына сказала:
— Па нумары машыны бачу — гэта вы. Як і дамовіліся. Давайце разбярэмся, але ведайце, што ў мяне абмежаваны час.
Бізнесовец Рыгор Вайтовіч адчыніў дзверцы кабіны і запрасіў:
— Падайце. А то стаіце, як сасватаная.
Дзяўчына ўсміхнулася, села побач і зняла акуляры. У яе былі жоўта-цёмныя, як бурштын, вочы.
— Вы далі жонцы адбой па нашай справе, — пахмурна пачаў малады Вайтовіч. — Дарэчы, пазнаёмімся, я ж вас раней так і не бачыў. Мяне завуць Рыгор.
— Паліна.
— Вы студэнтка, якая падрабляе рэпетытарствам. Так?
— Быццам так.
— Вы адпрацавалі толькі месяц. Дамаўляліся — на тры. Без уліку летніх. Я заплаціў вам за месяц сто баксаў, як вы пажадалі. Калі ўлічыць, што лета ў вас было вольнае…
— Не ў грашах справа, — перабіла яго студэнтка Паліна. — Дый што, я на ваш «стольнік» на Канарах адпачну? Я не хачу.
— Я падвышаю ваш заробак у два разы, — раптам нечакана для сябе сказаў Вайтовіч.
— Не, я стамілася, зразумейце.
Малады бізнесовец Вайтовіч скоса зірнуў на студэнтку. Не зусім звычайны, мо крыху залішне рэзкіх рысаў, вузкі твар, цёмная скура, востры падбародак, тонкая шыя. Падобная на індыянку, — падумаў ён. І яшчэ — яшчэ вонкава падобная на яго жонку.
— Слова, — сказаў ён. — Яго трэба трымаць. Такі парадак, і калі яго парушаюць…
— Мне пляваць на ўсе вашы парадкі, — перабіла дзяўчына. — Не пужайце.
— Вы без хамскіх сцэнаў растлумачце, што здарылася, — стрымана прапанаваў Вайтовіч.
— Добра, — адказала студэнтка па імені Паліна. — Я і сама хамскіх сцэнаў не выношу. Справа ў тым, што я вучуся яшчэ і на філфаку. За адну, скажам так, багатую герл. Такое зараз практыкуецца. Я стамілася. Мне трэба былі грошы, і я нанялася і да вашай жонкі. Але я іх адрабіла. Больш не хачу. Гэта не па правілах, але і вы зразумейце мяне. Прыдумайце што-небудзь. Вы ж багаты, мяркую.
— Жонка хоча працягваць вучыцца з вамі, яна жадае прыстойна авалодаць мовай, і вы ёй падыходзіце.
— А я не хачу. Я хачу аднаго: з’ехаць куды-небудзь у лес ці да ракі і пажыць там хоць месяц. Мне абрыдлі людзі, заняткі, справы, уся валтузня навокал. Хоць у лівійскія пяскі, як сказана недзе ў Салжаніцына.
— У вас любоўная драма?
— Як бы не так, шаман.
— Чаму вы назвалі мяне шаманам? — здзівіўся бізнесовец Вайтовіч.
— Не кеміце? Хоць адкуль вам… Гэта з Хлебнікава: «… тут, закурив, сказал шаман: устали вы иль не удачен был с кем-нибудь роман?» Памятаеце?
— Не, — адказаў бізнесовец Вайтовіч. — Я дрэнна разбіраюся ў паэзіі. Ведаеце, не да яе ў нашым балоце.
— Дык вось, аніякай драмы ці няўдалага рамана няма. Я стамілася. Не хачу бачыць тупыя пысы, «каланіяльныя тавары» ў сабачых будках, усю гэтую туфту, халопства, хлусню, хцівасць, сапраўды, балота…
— Такое жыццё, ад яго не ўцячэш. Трэба крыху ўдачы, грошы, ну і ўладкуецеся.
— У мяне, у адрозненне ад вас, грошай няма. Дарэчы, пульхныя ад ікры, румяныя твары нуварышоў ад бізнесу мне таксама не падабаюцца.
— У мой агарод камень?
— У ваш, шаман.
— Я не ем ікры, — незадаволена сказаў Вайтовіч.
— Няхай. Я б ела. А грошы зараз сумленна не зарабляюць. Хоць вы, канечне, выключэнне…
— Вы таксама камусьці дыплом рыхтуеце. А гэта сумленна?
— Пляваць.
— Я трапіў, як кажуць, у абойму, — неахвотна растлумачыў Рыгор Вайтовіч. — Усё і закруцілася. Тым не менш я пачынаю працу а восьмай раніцы і вяртаюся позна вечарам, а дзевятай. Я працую, як цягавіты конь увосень.
— Навошта вам гэта?
— У кожнага свая мэта.
— Упэўнена, што і ваша — звычайнае дзярмо.
— Я вас папярэдзіў, — незалюбіў Вайтовіч.
— Больш не буду. А зараз пайду. Вашы грошы, паўтараю, я адпрацавала, далей выкручвайцеся самі. Я стамілася размаўляць.
— Гэта нахабства з вашага боку, — спахмурнеў Вайтовіч. — Я што — такі дэбіл? Са мной і паразмаўляць не варта?
— Прабачце, але вы мне пакуль проста нецікавы. Хоць я вам і ўдзячна, што не піхнулі ў твар далоняй, не «тыкаеце».
— Знешне вы падобны на маю жонку, — зноў нечакана для сябе сказаў Вайтовіч. — Толькі яна носіць акуляры, а вы вышэй ростам і страйней.
— Дзякую за камплімент. Я заўважыла, што падобна.
— Але ў вас ёсць быццам нешта стэпавае, вольнае, ад качэўнікаў. Хто вы?
— А вы як думаеце?
— Індыянка, — падсаладзіў ён.
— Жартуеце, — усміхнулася студэнтка Паліна. — Ды не — «хороших русских кровей», як сказана дзесьці ў Аляксея Талстога, — «с цыганщинкой…».
— У нас амаль што любяць цыган, — сказаў бізнесовец Вайтовіч. — Гэта дзіўна. А мая жонка — паляшучка. У іх там сустракаюцца такія — смуглявыя, з чорнымі валасамі. У яе ёсць старая бабуля — у Нью-Ёрку. Яна піша, што зусім не памятае ўнучку. Запрашае прыехаць. Таму жонка і падганяе ангельскую мову. Ёсць і яшчэ прычына. Дарэчы, жонка вас хваліла.
— Не. Я стамілася, сур’ёзна. У мяне, пэўна, нервовае знясіленне.
Вайтовіч крыху падумаў.
— А што вы скажаце наконт акадэмічнага адпачынку? — спытаў ён.
Студэнтка Паліна выцягнула з сумачкі пачак, а з пачка цыгарэту і запаліла.
— Спытаюць медыцынскія даведкі, — пасля паўзы ўрэшце сказала яна. — Але каб іх набыць, трэба відавочная хвароба ці… ці грошы. Мне абодва варыянты не падыходяць. Бывайце.
— Чакайце. Грошы ў мяне ёсць. Не думайце, што я працую за «драўляныя». Я не скнара, паверце. Давайце зробім так: вы аформіце акадэмічны на год і ў сваім інстытуце, і на тым філфаку, калі вам сапраўды трэба. Даведкі па хваробе я вам забяспечу. А вы працягнеце заняткі з жонкай.
— Я б не хацела вас турбаваць, тым больш калі тут дамешваюцца грошы. Вы ж, пэўна, не такі і багаты: у вас так сціпла ў кватэры.
— Памыляецеся, — буркнуў бізнесовец Вайтовіч.
Ён падумаў: што вымушае яго важдацца з гэтай студэнткай? Урэшце, можна наняць і іншую. І раптам зразумеў — ад яе ішоў ледзь улоўны, неасэнсаваны паток незразумелай яму энергіі — не то сексуальнай, не то нейкай іншай. Яна цікавіла яго.
— Прапаную наступнае, — сказаў ён. — Сустрэнемся праз дзень у гэты ж час, што і сёння. На гэтым жа месцы. Даведкі будуць пры мне. Згода?
Бізнесовец Вайтовіч павярнуў голаў і ўбачыў непранікальны, сапраўды нібы ў індыянкі, твар. Яна абдумвала нечаканую прапанову.
— Няхай так, — урэшце сказала студэнтка Паліна. — А зараз, калі не цяжка вырушыцца, то падкіньце мяне да кафэ «Паўночнае». У мяне там спатканне.

2

Адчуваючы раздражненне і незадаволенасць, бізнесовец Рыгор Вайтовіч адагнаў у гараж свой забруджаны «мерседэс» і агледзеўся навокал. Але, акрамя цагляных каробак гаражоў, некалькіх запыленых дрэваў ды чырвонай плямы неба на захадзе, дзе хавалася за далягляд сонца, ён нічога не ўбачыў. Прайшло крыху больш гадзіны пасля яго размовы са студэнткай-рэпетытаркай — вечар быў, лічыў ён, амаль што згублены, — і Вайтовіч вырашыў не ісці адразу дадому, а наведаць свой «клуб», дзе часта збіраліся такія, як ён, маладыя «людзі справы».
Увогуле гэта было нешта накшталт аднаўленчага цэнтра: невялічкая спартыўная зала, дзе віселі два баксёрскія мяхі, стаялі станок і штанга, а другі пакойчык займала маленькая фінская парылка з душавой. Залу наймалі ў складчыну. Раз у тыдзень, па суботах, прыходзіў і інструктар па рукапашным баі: яго таксама наймалі талакой, плацілі дзесьці каля ста даляраў у месяц, грошы невялікія, але і займаўся той з імі, вядома, як з аматарамі, збольшага паказваў тое-сёе, а калі адыходзіла зіма — ганяў разам з усімі на пустыры мяч.
У зале завіхаліся ўжо двое: каржакаваты, з паламанымі вушамі, Лявон Ліцвінка — былы спартсмен, майстар спорту па вольнай барацьбе, які кіраваў цяпер невялічкай швейнай майстэрняй, і Іван Душко з камерцыйнай фірмы па продажы садавіны — рослы, лабаты, з загарэлай лысінай і накачанымі біцэпсамі — вялікі аматар штангі.
Бізнесовец Вайтовіч павітаўся і распрануўся ля сваёй шафкі: высокі, шыракаплечы, з пачынаючым вызначацца ўжо жывоцікам, але атлетычнага складу. Ён апрануў трыко, майку, абуў красоўкі, адначасова прыслухоўваючыся — тут дзяліліся навінамі, давалі адзін аднаму шчырыя і няшчырыя парады, спрачаліся: сапраўды, нешта падобнае на мужчынскі клуб.
— Ты мне вось што скажы, — звярнуўся адразу да Вайтовіча Ліцвінка, — ты на абшчак кідаеш ці не? А то каго ні спытаеш, усе робяць выгляд, быццам я ў грамадскім месцы паветра сапсаваў…
Ён бінтаваў эластычным бінтам фалангі пальцаў, потым перабінтаваў і каленкі паўзверх трыко, рэзка ўскочыў з месца і пачаў размінацца: спачатку наклоны, потым плечы, рукі і ў завяршэнне самае галоўнае — расцяжкі на ногі.
— Я ж не кіроўца, — усміхнуўся Вайтовіч. — Я ў калектыве, у фірме. А за таго, хто кіруе, не скажу — не ведаю. Хоць, мяркую, зараз усе кідаюць, усе круцяць, падманваюць. Выжыванне ідзе.
— Мала, што мяне падаткамі душаць, — злосна працягваў Ліцвінка, — дык я яшчэ блатным павінен адшпільваць. Я, бачыце, не сядзеў у кума, дык павінен іх карміць. Вось калі б зрабіў бы хоць адну ходку, дык мяне б непакоіць не сталі.
— Дык ты зрабі, — параіў Душко.
Твар Лявона Ліцвінкі пайшоў плямамі ад хвалявання:
— Я ўжо сваім швачкам мізэр плаціць не магу, кручуся, а толку няма. Абанкрочуся — бабы на панель разбягуцца. Хіба гэта парадак у дзяржаве? Цьфу! А міліцыянтаў — натоўпамі ходзяць.
— А ты перапрафіліруйся, — зноў пакпіў Душко. — Адкрый бардэль замест сваёй майстэрні. Адразу і «падымешся».
Ён рабіў жым лежачы. На штанзе было дзевяноста кілаграмаў — ён мог бы і больш. Шэсць падыходаў па пяць-дзесяць раз, потым, як ужо ведаў Вайтовіч, пачне прысяданні — таксама пяць-шэсць падыходаў — штанга вагой у сто пяцьдзесят — дзвесце кілаграмаў на плячах (вага мянялася ў залежнасці ад яго фізічнага стану на гэты дзень), ну і ў канцы — самыя лёгкія і любімыя яго практыкаванні: на рэльеф і сілу біцэпсаў і трыцэпсаў. Душко сачыў за сваёй постаццю і адразу камплексаваў, як многія «качкі», калі ў яго «падаў» біцэпс ці станавіўся меншым аб’ём бядра.
— Ты думаеш, мне тыя грошы розум засцяць? — спытаў Ліцвінка. — Памыляешся. Яны ж як марская вада: чым больш п’еш — тым больш піць хочацца. Мне сам працэс цікавы. Людзьмі пакіраваць, даць ім зарабіць, павагу іх заслужыць… Зразумець урэшце, варты я сам чаго ці не. Вунь і Вайтовіч, пэўна ж, мяне падтрымае. Так?
— Нашай фірме хутка гамон, — сказаў бізнесовец Вайтовіч. — Якія там грошы… Мяне ў апошні час іншае непакоіць: у нас прырост насельніцтва — мінус тры на тысячу. Штогод мы на цэлы райцэнтр меншаем. А старых усё больш становіцца. А каму іх карміць давядзецца? Нам, бізнесоўцам, высільвацца. Увогуле, нашаму пакаленню. Дык мы ж не выцягнем.
— Бяда ідзе, нутром адчуваю, — падтрымаў Лявон Ліцвінка. — Калі пачуеце, што я застрэліўся, — не давайце веры.
— Што вы баіцеся, дзівакі, — ляніва выдыхнуў Душко. Ён сядзеў на лаўцы і цяжка дыхаў пасля цяжкага практыкавання — пот сцякаў яму на вочы, Душко выціраў твар брудным ручніком. — Звычайны працэс. У метро які-небудзь шчыпач прагне залезці табе ў кішэню, а на працы — дык і хакеры* ўжо з’явіліся. Да мяне днямі ў офіс нават паэт прасачыўся. Таксама па грошы. «Дайце, — кажа, — колькі не шкада, хачу зборнік вершаў выдаць».
* Хакеры — камп’ютэрныя злодзеі.
— І ты даў? — спытаў Рыгор Вайтовіч.
— Я яму кажу — пакажы рукапіс. Ну, ён выцягнуў нейкія паперы. Я пачытаў — і ў сметнік. Дзярмо. Блажэнны нейкі.
— Чаму? Як ты вызначыў? Можа, ён геній, новы Хлебнікаў.
— Ха!
— Лайдакоў развялося — процьма, — паспачуваў ужо Душко Ліцвінка. — Заводы кладуцца адзін за другім. Пралетар разбэшчваецца: няма чаго рабіць. П’юць. Да швачак маіх падлабуньваюцца, ганяю іх… Лезуць усё роўна пад вокны.
Вайтовіч ведаў, што такія спрэчкі былі і будуць і заканчваюцца яны мірна, хоць у душы пасля ў кожнага застаецца, пэўна, нейкі непрыемны асадак. Ведаў і тое, што сюды прыйдуць яшчэ тры-пяць чалавек і што, як заўсёды, яны гуртам насядуць на Ліцвінку і затуркаюць яго дробязнымі кпінамі, а потым размова пойдзе пра гандаль, рэкет, урэшце, пра баб. А затым хто-небудзь раптам прапануе, ці не тэлефанаваць якім «надзейным» дзявахам, і праўда — тэлефануюць, прыедуць дзяўчаты, пачнуць піць шампанскае, палезуць у лазню, разбяруцца па парах, хто потым і памяняецца, назаўтра будуць успамінаць падрабязнасці, агаворваць вартасці дзяўчат, каб праз які тыдзень-два ўсё зноў паўтарылася.
Але бізнесовец Вайтовіч далей ужо амаль не прыслухоўваўся і не ўнікаў у гутарку. Напамін пра «вершыкі» нагадаў яму сённяшнюю размову са студэнткай-рэпетытаркай. Ён падумаў пра тое, што сёння вечарам альбо заўтра раніцай трэба выпрасіць, вышукаць — за грошы, вядома, два экземпляры даведак па хваробе, каб праз дзень было з чым ехаць на сустрэчу з «індыянкай». Рыгор Вайтовіч неспадзявана ўявіў сабе, як ён зноў апынецца з ёй побач у машыне, спачатку дакранецца да яе, а потым, потым…
— Ну, досыць думаць, а то захварэеш, — перабіў яго Ліцвінка. — Давай папрацуем крыху ў спарынгу, а то зараз народу набяжыць…
Вайтовіч згодна кіўнуў; яны надзелі шлемы, бандажы і апошнімі — трэніровачныя баксёрскія пальчаткі. Абодва любілі рукапашку.
— Сэмі-кантакт*? — спытаў Лявон Ліцвінка.
* Сэмі-кантакт — дазіраваныя ўдары напаўсілы.
Вайтовіч згодна кіўнуў, і яны закружылі адзін ля другога, абменьваючыся спачатку лёгкімі ўдарамі рук, імітуючы падманныя рухі і блакіроўку, а потым усё часцей сталі «падключаць» і ногі, а ўжо тут Вайтовіч яўна прайграваў, бо спарынг-партнёр, хоць і быў лягчэйшы, але больш спрытны, і яго «лаў-кікі» і «мавашы» станавіліся ўсё больш адчувальныя, так што ногі і бакі ў Вайтовіча пайшлі ў чырвоныя плямы ад прапушчаных удараў, але і ён іншым разам даставаў праціўніка, хоць, калі па-сур’ёзнаму, то быў для Ліцвінкі, як кажуць на іх жаргоне, — «дровамі». Урэшце абодва стаміліся.
Вайтовіч крыху пагрукаў у мех, зрабіў некалькі практыкаванняў на станку і рушыў у душавую. У зале між тым пабольшала «качкоў», і гутарка, якая згасала сама сабой, зноў пачынала разгарацца. Але Вайтовіч энергічна расцёрся ручніком, зноў апрануўся і выйшаў на свежае паветра.
Сутонела. На вуліцы было яшчэ шмат прахожых, сярод якіх ён заўважыў некалькі п’яных мужчын, а потым і такую ж, на падпітку, жанчыну з запаленай цыгарэтай у руцэ. Бізнесовец Вайтовіч пачакаў на прыпынку і паехаў у трамваі дадому.

3

Студэнтка Паліна не стала заходзіць у кафэ, а села за столік пад тэнтам на вуліцы. За гэтым столікам ужо сядзеў, чакаючы яе, малады, няўзорысты мужчына на выгляд трыццаці гадоў, цёмнавалосы, з кароткай стрыжкай, амаль брунет, моцнага целаскладу, але хударлявы. Твар вузкі, з выступаючымі скуламі і падбародкам. Чорныя вочы глядзелі неяк занадта прыліпчыва, не адпускаючы позірку субяседніка. На стале стаялі дзве шклянкі і пачатая бутэлька шампанскага.
— Прывет, Чорны, — сказала дзяўчына. — Навошта ты мяне сюды запрасіў?
Мужчына ўсміхнуўся, не расціскаючы тонкіх вуснаў.
— Хацеў пачаставаць шампанскім.
— Я ж цябе папярэдзіла: не ездзі за мной, не хадзі. Я стамілася і хачу адпачыць.
— Бачу, як ты адпачываеш. Хто гэта цябе сюды падвозіў? Ён што, форс мае*?
* Мець форс — мець грошы (блатн.).
— Так, адзін шчырак. Ён заможны. Мне з такімі весялей.
— Хочаш «падаіць» яго?
— Не. Я сумленна зарабляю.
— Дарэмна. Зараз залаты час: можна хутка «падняцца».
— А ты «падняўся»?
— Я п’ю шампанскае — значыць, рызыкую. Выпі і ты.
Студэнтка Паліна ўзяла шклянку, прыгубіла.
— Я хачу жыць спакойна, — сказала яна. — Выйсці замуж за чалавека, які не будзе нанач накачвацца півам і есці цыбулю з салам, які будзе забяспечаны сам і забяспечыць мяне.
— І што, ты зараз на ўтрыманні? Прабач, канечне.
— Я і сама магу ўладкавацца, ты ж ведаеш. Адна багатая дзяўчына добра мне заплаціла: я за яе на першы курс філфака паступіла. Па яе дакументах. Жыву пакуль у інтэрнаце. Ты ж даведаўся.
— Ну, гэта не для цябе. Так?
— Але. На будучыню я хачу жыць сярод… элояў, скажам так.
— Каго? — здзівіўся мужчына, якога звалі Чорны. — Як ты сказала?
— Элояў. Памятаеш «Машыну часу» Уэлса? Хоць адкуль табе. Ты ж кілер, штурмавік, не больш. Дык вось, грамадства ў той будучыні, што ў кнізе апісана, дзялілася на дзве часткі: морлакаў і элояў. Морлакі жылі пад зямлёй і былі патомкамі рабацяг, харчаваліся сырым мясам, усякай падлай.
— Пэўна, і тымі элоямі частаваліся калі-нікалі? — усміхнуўся Чорны. — Ці яны пад зямлёй свіней вырошчвалі?
— Няхай. Але ж элоі жылі наверсе, пад сонцам. Эліта.
— Дык ты хочаш стаць элітнай? Здабудзеш бабкі — і можаш лічыць сябе хоць прынцэсай Дыянай.
— Бабкі хутка знікаюць. А потым што? Ды і гэта яшчэ як пашанцуе. А я хачу піць шампанскае з багемай. Размаўляць пра жывапіс, літаратуру. Мець за спінай заможнага мужа. Элоя. А не з табой тут па «фене ботаць».
— Ну, ты понт умееш раскінуць, — сказаў мужчына па мянушцы Чорны. — У цябе і клікуха адпаведная.
— Я табе сур’ёзна даводжу, — сказала дзяўчына. — Я стамілася. А тут спакойна. Мне гэты горад падыходзіць. Я ў яго ўрастаю.
— Так, — зноў усміхнуўся мужчына. — Мне таксама. Нішцяк у бульбашоў, тут жыць можна, не тое што ў прыбалтаў апынуцца. Там па-расейску спытаеш — дык яны пысы пачынаюць крывіць. «Зачынена, не разумею…»
Студэнтка Паліна прыпаліла цыгарэту. Мужчына па мянушцы Чорны наліў сабе з бутэлькі ў шклянку і выпіў залпам.
— Без цябе я амаль што нуль, — сказаў ён. — Давай разік рызыкнём. А потым ідзі да сваіх элояў. Калі прымуць. А я застануся гэтым… як ты сказала?
— Морлакам.
— Ага. А наконт таго, каб адпачыць, то ў мяне тут ёсць добрая лёжка. Кіламетраў дваццаць адсюль. На возеры. Я там на турбазе прыдуркам прышчэліўся. Часова, вядома. Цяпер там амаль пуста, ціха. З’ездзім, пакажу.
— Ну, а тут, у горадзе, што робіш? У касцюмчыку для гольфа, у красоўках? Ты што, у гольф гуляеш?
— Не абучаны. Ты пакажаш. Пэўна ж, навучылася. Ну хоць у таго, што сюды падвозіў.
— А калі не згаджуся?
Мужчына раптам пакінуў усміхацца, і твар яго набыў звыклы жорсткі выгляд.
— Тады — сама ведаеш. А пакуль — вось мой тэлефончык. Звані. Але гэта на потым. А зараз бяром тачку і едзем на тое возера. Пагаворым.
— Не хачу.
— Не капрызь. Я — гэта нешта рэальнае. Астатняга ў цябе пакуль няма. Хіба ты забылася, як аднойчы вырашыла, што каханне — гэта ўсё і ты лёгка пераскочыш з дачкі алкаша і шлюхі, прабач, канечне, у сям’ю прафесара і доктаркі? Станеш любімай жонкай іх любімага сынка? Ты не помніш, як цябе проста выштурхнулі за дзверы, нібы ты была не чалавек, а напаўжывёліна?
— Змоўкні!
— Што, не падабаецца?
Дзяўчына наліла сабе ў шклянку і выпіла, потым прыпаліла цыгарэту ад цыгарэты.
— Гэта проста быў не мой шанц, — сказала яна.
— Што ж, чакай свайго. А зараз едзем. Ты мне пургу не гані*, ты нешта задумала, я адчуваю.
* Гнаць пургу — прытварацца (блатн.).
Чорны выйшаў на асфальт і падняў руку.

4

Жонку бізнесоўца Вайтовіча звалі Нінай.
Пра амерыканскую эміграцыйную латарэю яна выпадкова пачула па радыё некалькі месяцаў раней. Сутнасць яе была даволі простай. Трэба было закупіць па пошце лісты, запоўніць анкеты і даслаць іх зноў жа поштай у штат Нью-Хэмпшыр, дзе лёс удзельніка ананімна вызначаў камп’ютэр. Разыгрывалася пяцьдзесят пяць тысяч месц. Пераможцам той латарэі без усялякай чаргі і абмежаванняў выдавалі візу на грамадзянства.
Ніне Вайтовіч было дваццаць чатыры гады. Яна толькі скончыла архітэктурны факультэт Політэхнічнай акадэміі. Дзяцей яны пакуль не заводзілі.
Яна вырашыла рызыкнуць.
Рыгор Вайтовіч так бы ніколі і не даведаўся, на што пайшлі яго семсот даляраў, якія ён даў неяк жонцы і нават не спытаў навошта. Не даведаўся б, каб праз пэўны час Ніна не атрымала з-за акіяна ліст, у якім прачытала фантастычныя, неверагодныя радкі: яна — адна з пераможцаў.
Вайтовіч спачатку не даў жонцы веры, але калі навёў праз амерыканскую амбасаду даведкі — зразумеў: вось, урэшце, той шанц, які бывае раз у жыцці і не выкарыстаць які — проста глупства. Заставалася паціху збірацца і «падцягнуць» жонку па ангельскай мове, забяспечыць яе грашыма і — няхай едзе. Тым больш што ў яе там бабуля ў Нью-Ёрку. (І гэта таксама ўлічыў ньюхэмпшырскі камп’ютэр.) Лепей і не прыдумаеш. А потым ужо, усё распрадаўшы, туды паедзе і ён з усім заробленым тут капіталам. Бо латарэя сама па сабе, а галоўнае ўсё-ткі, ці ёсць у эмігранта грошы. Што ж, Амерыка такая, якая яна і ёсць. Ён прымае ўсе правілы такой гульні — гэта якраз для яго: мову ён вучыў яшчэ ў школе, яму ўсяго трыццаць гадоў — усё яшчэ наперадзе.
Ён здагадваўся і пра тое прыхаванае, што было на самай справе за такімі латарэямі. Ішло звычайнае паляванне на свежыя мазгі, лепшых, магчыма, больш таленавітых, здаровых людзей, «перакачка» іх за акіян. У душы Вайтовіч быў супраць. Але што ён мог зрабіць, калі ТУТ УТВАРЫЛАСЯ БАЛОТА З ПАЎЗУНАМІ? Што? Хіба самому стаць паўзуном?
Бізнесовец Вайтовіч адамкнуў падвойныя дзверы сваёй двухпакаёвай кватэры. Ніна, у акулярах, глядзела тэлевізар. На ёй быў чорны світэр і джынсы. Вайтовіч сказаў:
— Я ж столькі раз прасіў: зачыняй яшчэ дзверы і на завалу.
— Я забываюся, даруй, — тэлевізар перашкаджаў ёй, яна змоўкла.
— Выключы гэты дурдызель! — прыкрыкнуў раптам Вайтовіч.
Экран тэлевізара патух. Вайтовіч сцягнуў з ног чаравікі, кінуў іх пошвыркам у кут, скінуў таксама пінжак і заваліўся на канапу.
— Пагаворым, — сказаў ён. — Здаецца, я ўлагодзіў тваю рэпетытарку. Толькі трэба дастаць ёй медыцынскія даведкі — няхай ідзе ў акадэмічны адпачынак. Кажа — вельмі стамілася. Зараз пайду патэлефаную знаёмаму эскулапу. Гэта мне абыдзецца прыкладна ў сто баксаў. Да таго ж я падвоіў ёй зарплату. Мяркую, яна істэрычка.
— У яе быццам было цяжкае дзяцінства. Яна так бедна апранутая. Заўсёды ў адно і тое ж.
— Ты Хлебнікава чытала? — перабіў жонку Вайтовіч. — У нас ёсць яго што-небудзь?
— Не ведаю. Навошта табе? — здзівілася Ніна.
— Так, журбы набраўся за дзень. Хачу трохі адхіліцца, вершы пачытаць.
— Пайду зірну. Дзіўны ты сёння.
— Благое прадчуваю, вось і дзіўны. Уцякаць нам трэба. Нічога вартага тут не будзе. Гамон. Гены гнілыя, пысы адна другой вартыя. Іду па вуліцы — суцэльная п’янь. Хутчэй у вырай, як птушкі. Ад радзімы падалей — дажыліся.
— Я ж стараюся, — быццам пакрыўдзілася Ніна. — Але і мне неяк вусцішна.
— Ну, добра, — раптам палагоднеў бізнесовец Вайтовіч. Ён успомніў, што яго жонка ўсё-ткі чагосьці вартая — і не абы-чаго: выйграла эміграцыйную латарэю.
— Яшчэ колькі часу, і мы абдымем тваю адзінокую бабулю, — сказаў ён. — Хутчэй бы. Усё роўна мая фірма склейвае ласты. Я праз паўгода больш не здабытчык. Але нам хопіць і таго, што ёсць. Ты толькі — нікому. Менш гавары. Асцярожнасць — не загана. Маўчы, як рыба. Так?
— Так. Я рыбіна.
— Ты мая залатая рыбка, — пахваліў ён.
Рыгор Вайтовіч яшчэ паляжаў нейкі час на канапе, а потым пасунуў да сябе тэлефон, зняў слухаўку і знайшоў у нататніку нумар знаёмага доктара. Доктар зразумеў яго адразу і абяцаў заўтра ж раніцой усё зрабіць як трэба. На тым яны і развіталіся.
Жонка пайшла ў ванную. Вайтовіч раптам адчуў, што стомлены. «Таксама нервы», — падумаў ён, скінуў з сябе вопратку, знайшоў коўдру і выключыў святло. Але не заснуў чамусьці адразу — не то балелі пабітыя ў спарынгу з апантаным Ліцвінкам рэбры, не то ўвогуле забегаўся, — занадта ўзрушвацца і перабольшваць у працы — небяспечна, хоць яго гады яшчэ дазваляюць. Так. Але ёсць і яшчэ адна прычына. Як ні круці, а самога сябе не падманеш.
Апошнім часам Рыгор Вайтовіч усё часцей і часцей адчуваў адно і тое, у чым ён нікому, нават жонцы, не прызнаваўся. Гэта быў страх. Бізнесовец Вайтовіч баяўся будучыні, у якую не верыў, баяўся, што яго з часам «вылічаць», бо, у рэшце рэшт, вылічвалі амаль усіх. Дакладней, вылічвалі іх грошы і тады ўжо, як акулы на пах крыві, ішлі па іх. Забіралі ж тыя грошы часам разам з жыццём. Ён ведаў, што тут, у гэтай краіне, хіба што на паперах, а так даўно не існуе ўжо аніякіх законаў, і рана ці позна — яму гамон. Прыйдуць і проста адбяруць тое, што зарабіў, а пачынаць зноў спачатку не варта — другі раз ён не падымецца. Вайтовіч спецыяльна ніколі не мыў свой новы «мерседэс», каб той выглядаў як старая напаўзношаная мадэль, зрэдку наўмысна пазычаў грошы, не абмяркоўваў свае справы пры чужых і незнаёмых яму людзях і амаль ніколі не запрашаў да сябе. Вайтовіч не завёў у сваёй кватэры нічога такога, што выдавала б у ім заможнага гаспадара: ні італьянскай мэблі, ні турэцкіх дываноў, ні шпалераў з Нямеччыны, ні каміна, ні модных люстраў. Ён прагнуў аднаго: «зліняць» адсюль зусім. Абы-куды, толькі не заставацца. Хоць у лівійскія пяскі, як гаварыла сёння тая студэнтка. І не ў Расею, вядома. Там яго «вылічаць» яшчэ хутчэй і не пашкадуюць ні за якія адкупныя. Чым больш ён дасць, каб адкупіцца, тым больш будуць з яго патрабаваць. Гэх, жыццё… Дык вось, грошай яму больш не сабраць — абставіны мяняліся на вачах. Але ў яго, магчыма, хопіць на першы час: купіць свой дом (ён заўсёды марыў пра свой невялікі двухпавярховы дом, сучасны, пажадана нават драўляны дом, з садзікам, дрэвамі, лужком і невялічкім басейнам), абсталявацца, атрымаць якую працу, гадаваць дзяцей. А можа, усё не так ужо і дрэнна, — думаў бізнесовец Вайтовіч, — мо ён проста паддаўся настрою, панікуе, можа, і ў яго апошнім часам «падгуляла» нервовая сістэма? Ёсць жа, урэшце, зямля ў цэнтры Эўропы, яго краіна, якую ён шчыра любіць, бо ён усё-такі беларус і ніколі не быў супраць свайго, ёсць жа неба, лес, рэкі, горад, у якім нарадзіўся і вырас, людзі, якім сімпатызуе. Быў ён, праўда, кароткім часам, і за мяжой: у Ангельшчыне, у Бельгіі. Ну, няхай там лепш, больш культурна, але ж усё чужое, нязвыклае. Праўда, там не ганяць сваё, не душаць цябе са зласлівасцю насякомых, не сцягваюць, як кажуць, з сядла, а потым не даюць падняцца на ногі. Хіба там убачыш у ліфце дзярмо ці п’яных ублюдкаў у пад’ездзе, якія мочацца на сцены і могуць спакойна ўваткнуць табе ў спіну нож, калі зробіш ім заўвагу? Хіба гэта жыццё, калі павінен баяцца не толькі за сябе, а і за сваю сям’ю, таму што «трапіў у абойму» і стаў зарабляць? Ён не скажа за ўсіх, вядома, вялікія грошы тут сумленна не заробіш, але ж ён нікога не рабаваў, не падманваў. Яму нічога не трэба звышнатуральнага, бо ён, урэшце, — меркаваў Вайтовіч, — просты, можа, не вельмі ўжо і разумны чалавек, які нават не кеміць у паэзіі ці мастацтве і з якім нават брыдка размаўляць адукаванай дзяўчыне. Заўтра ён абавязкова сустрэнецца з ёй. Урэшце, такіх дзяўчат, з абвостранымі пачуццямі, начытаных, дасціпных, ды яшчэ і прыгожых, што ўжо само па сабе бывае не надта часта, ён пакуль не сустракаў. Заўтра ён пабачыць яе, і яна ўпэўніцца, што ён шырокі, высакародны чалавек, а не які-небудзь скнара, што турбуецца з-за ста зялёных. Магчыма, ён угаворыць яе, угаворыць…
Бізнесовец Рыгор Вайтовіч заснуў.

5

Праз дзень ён зноў падагнаў свой «мерседэс» да таго ж самага месца ля будынка інстытута замежных моў. У партманеце яго ляжалі два чыстыя бланкі — даведкі па хваробе з пячаткамі — усяго за сто зялёных. Па дарозе Вайтовіч нават хацеў заехаць на аўтасервіс і адмыць ад гразі машыну, але ўсё-такі стрымаўся. Тым не менш томік Хлебнікава сакратарка прынесла яму прама ў офіс, і цяпер гэты томік быў у яго руках. Ён апусціў шкло.
— Прывітанне!..
Паліна ўзнікла нечакана, і бізнесовец Вайтовіч таропка расчыніў дзверцы. Яна села побач, і ён зноў убачыў той жа самы, знаёмы ўжо і быццам зусім незнаёмы, жарсткаваты, смуглявы твар, простую прычоску: аніякіх аздобаў і бранзалетак. Бурштынавыя вочы зірнулі яму ў твар.
Вайтовіч дастаў партманет і выцягнуў даведкі:
— Запоўніце і аднясіце ў дэканат.
— Дзякую. Потым.
— Дык наша дамова дзейнічае зноў?
— Мая і вашай жонкі, — сказала яна па-ангельску.
— Можа, вы і мне дасцё некалькі ўрокаў? — спытаў ён. — Ну, хоць бы адзін!
— Можа, і дам. Адзін, — загадкава ўсміхнулася Паліна.
— Куды вас адвезці? — пацікавіўся між тым Вайтовіч. — Дзе вы жывяце?
Ён уключыў запальванне і краем вока ўбачыў, як яна ўзяла томік Хлебнікава, прачытала назву.
— У інтэрнаце, я ж студэнтка. Але зараз туды я не паеду.
— Я пакуль і не прапаную. Увогуле, — пачаў наступ Вайтовіч, — у мяне з’явілася адна простая ідэя. Вы есці хочаце? Я хачу. Тут паблізу ёсць адна гасцініца, дзе прыстойны рэстаранчык. Там добра кормяць. Пасядзім, пагаворым. Я прачытаў кніжку. Цікава.
— Не заходзьце, як кажуць, з поўначы, спадар Рыгор. Як толькі мы паабедаем, вы прапануеце мне яшчэ адну больш простую ідэю: зайсці з вамі ў адзін з нумароў. Адпачнуць. У вас жа там знаёмы дырэктар, адміністратар ці яшчэ хто. Так?
— Так, — раптам сказаў праўду бізнесовец Вайтовіч. — Вы мне падабаецеся. Вельмі.
— Настолькі, што вы гатовы заплаціць? Так?
— Не, — сказаў Вайтовіч. — Вось гэтага я б не хацеў. Не ў сэнсе таго, што мне грошай шкада. У мяне іх зашмат, вы нават не паверыце. — Ён упершыню ўбачыў, як яна зацікаўлена павярнулася да яго і зірнула прама ў твар сваімі бурштынавымі вачыма. — Справа не ў гэтым. Я б хацеў, каб вы паставіліся да мяне, як да…
— Як да палюбоўніка?
— Няхай сабе і так.
Вайтовіч вёў сваю заляпаную граззю іншамарку як мага марудней. Ззаду ўжо двойчы незадаволена сігналілі і абганялі яго аўтамашыны.
— У вас на твары румянец, як у парасяці, — раптам сказала студэнтка Паліна.
— Я добра загараю, але ў мяне не было часу, я зарабляў грошы, — сказаў бізнесовец Вайтовіч.
— Думаеце, калі ў вас у банку ляжаць штук дваццаць баксаў, дык вы і ўсё і ўсіх можаце купіць?
Вайтовіч фыркнуў.
— Вы памыліліся лічбай, — заўважыў ён. — І хто зараз трымае грошы ў банку? Яны павінны ці ляжаць дома, ці круціцца: накручваць новыя грошы.
— Я вам раней казала, што ў мяне дрэнна з нервовай сістэмай, — сказала студэнтка Паліна. — Я хачу ў вёску. У мяне ёсць на прыкмеце адно такое мястэчка, дзе можна схавацца. Спакой, лес, рака, адзінота. Магчыма, на нейкі час патрэбна «жизнь без смысла, сны, мечты, печали». Гэта з Рыльке. А вы пра грошы.
— Дык паехалі ў ваша мястэчка, — прапанаваў бізнесовец Вайтовіч.
— Не. Яно далекавата адсюль. Спыніцеся. Я выйду.
— Вы мяне дрэнна зразумелі, — сказаў Вайтовіч. — Не хочаце ў рэстаран? Не трэба. Давайце паедзем за горад. Зробім невялічкі ўік-энд. Я толькі забягу і куплю паесці. Чаго-небудзь вартага. Што вы ніколі яшчэ не елі?
— Ананасы.
— Зробім. І шампанскага.
Яна задумалася на некалькі секунд, а потым сказала:
— Няхай так. Спачатку я выйду і патэлефаную. Мне трэба. А вы пойдзеце па ананасы. Ну, а потым мы паедзем, але туды, куды я захачу. Згода?
— Куды?
— Я ведаю тут адно месца. Невялічкае возера. Кіламетраў дваццаць за горадам. Мы ездзілі туды неяк на выхадныя. Там ціха і вада чыстая.
— Хто гэта — мы? — машынальна спытаў Вайтовіч, шукаючы вачыма бліжэйшы гастраном ці рэстаран і месца, каб прыпаркавацца.
— Студэнты.
Вайтовіч перавёў свой «мерс» у крайні правы рад і затармазіў.
— Рэстаран, — сказаў ён. — Я атаваруся, а вы можаце тэлефанаваць. У фае ёсць тэлефон. Вось, дайце даляр швейцару.
Хвілін праз пятнаццаць Вайтовіч вярнуўся з пакетам у руках. Паліна сядзела ўжо ў машыне і моўчкі паліла цыгарэту. Вайтовіч паклаў пакет на задняе сядзенне. З самага яго верху выторкваліся дзве срэбныя галоўкі бутэлек шампанскага.
— У мяне толькі адна ўмова, — сказала студэнтка Паліна.
— Якая?
— Я сама вырашу — плаціць вам натурай ці не.
Паўза.
Бізнесовец Вайтовіч уключыў запальванне, і яго «мерседэс» імкліва рвануў з месца. Потым Вайтовіч дастаў складзеную ў некалькі разоў мапу і аддаў Паліне.
— Хоць вы, можа, і так ведаеце дарогу, — сказаў ён.
— Ведаю.
— Па-другое, — працягваў Вайтовіч, — давайце без умоўнасцей. Я ж, мусіць, і старэйшы за вас усяго гадоў на пяць-восем, так?
— Бывае — гэта цэлае пакаленне, — сказала яна. І дадала ўжо іншым тонам: — А зараз направа, потым будзе вежа, а за ёй шаша. Нам па той шашы.

6

Дзень, які ўжо хіліўся да скону, быў і не сонечны, і не хмарны, але даволі цёплы. Сонца то выглядала, то зноў хавалася, усё ніжэй і ніжэй спускаючыся за далягляд. Само возера было невялікае, займала некалькі квадратных кіламетраў — не больш — і цягнулася, як падкова, уздоўж лесу. На ім, як ні дзіўна, нікога ў гэты час не было, толькі далёка-далёка, у самым канцы яго, кропкай сядзеў у лодцы самотны рыбак.
Бізнесовец Вайтовіч распаліў невялікае вогнішча, расклаў на зямлі плед, адкаркаваў шампанскае. Студэнтка Паліна моўчкі пачала дапамагаць яму. Рукі іх сутыкнуліся раз, другі…
Усё адбылося не так, як уяўляў ці ў думках хацеў кожны з іх, бо праз якую хвіліну Вайтовіч таропка, з жывёльнай нецярплівасцю зрываў ужо з яе спадніцу, дапамагаючы і сабе нагамі, каб хутчэй скінуць джынсы, захлынаючыся ад жадання і перапаўняўшай яго прагі да гэтага гнуткага, тонкага цела, непакорных вуснаў.
Паліна не супраціўлялася. Неўзабаве пасля бурнага фінішу абое замерлі, прыхінуўшыся адно да аднаго, нібы два мокрыя лісты.
Пасля яны паляжалі некалькі хвілін, Вайтовіч дацягнуўся да бутэлькі з шампанскім і выпіў прама з рыльца, — піць так было амаль немагчыма, віно пенілася, але ён зрабіў усё-такі некалькі глыткоў. Паліна ўзяла бутэльку ў яго з рук і таксама глынула.
Потым яны сядзелі ля патухлага вогнішча, ад прыску ўсё яшчэ струменілася цяпло, і прагна выпілі, цяпер ужо са шклянак.
Студэнтка Паліна ела мала, больш паліла і ўрэшце зірнула на гадзіннік.
— Адкуль ты так добра ведаеш замежную мову? — спытаў Вайтовіч, каб не маўчаць.
— Усё празаічна. Мае бацькі співаліся. Я ратавалася ў бібліятэках. Мне проста пашанцавала, што школа, куды я пайшла вучыцца, была побач, і не простая, а спецыялізаваная, з ангельскай мовай. Там вучыліся дзеці, якія зімой, у перапынак, елі апельсіны, былі так прыкінутыя, я маю на ўвазе іх вопратку, што мне было сорамна сядзець з імі побач. За сябе, вядома. Я магла вызначыцца нечым іншым. Гэтым іншым была мова. Пасля школы я ішла ў чытальную залу. У выхадны — чытальная зала з раніцы. Да закрыцця. Дома былі «залётныя» госці, п’янь, тлум і бруд. Я сама вывучала мову. Перачытала шмат кніг. Я магу цытаваць з Хопкінса, Хаўсмана, Батлера, Эліота, Рыльке.
— Я, магчыма, не вельмі ўражлівы чалавек і не вельмі адукаваны ў літаратуры, — сказаў Вайтовіч. — Але я, пэўна, закахаўся ў цябе, і цяпер ты будзеш маім настаўнікам.
— Позна, — сказала яна. — Ты жанаты і мяне зусім не цікавіш. Так, эпізод. Прабач. Па-мойму, такія, як ты, — заўсёды ахвяры.
— Чаму? — пакрыўджана здзівіўся Вайтовіч.
— Не задавай жаночых пытанняў.
— Ну кахала ж ты каго-небудзь? Ці, можа, кахаеш зараз?
— Аднойчы, гэта было даўно, — сказала яна. — Я вельмі закахалася ў аднаго хлопчыка. Я вучылася ў школе. Мы цалаваліся праз бэзавыя кветкі, а калі я прыходзіла позна дамоў, маці біла мяне мокрымі калготкамі па твары. Той хлопчык з’ехаў аж у Маскву. Яго звезлі ад мяне падалей. Неяк я вырашыла наведаць яго і прыехала ў сталіцу. Але гэта так, да слова. Я хацела забіць яго і саму сябе. Дык вось там, у метро, побач раптам прайшоў малады мужчына, і я адчула яго пах — пахла, як ад таго майго каханка. Я хацела кінуцца на рэйкі, мяне ўтрымалі. І тады ўсё прайшло. Раптам і назаўсёды.
— Я не вельмі петру ў літаратуры, але тое-сёе я чытаў, і мяне ўразіла адна рэч, — сказаў Вайтовіч. — Я вычытаў неяк, што калі чалавек вельмі кахае іншага чалавека, то падсвядома заўсёды прагне забіць яго.
— Здаецца, гэта дзесьці ў Пруста, — сказала Паліна і раптам дадала: — А ты не баішся, што я, скажам, прычыню табе шкоду? Там, дзе я нарадзілася, казалі так: калі не хочаш мець непрыемнасцей — маўчы, калі хочаш страт — падзяліся сваімі клопатамі з сябрамі, а калі хочаш сабе пагібелі — даверся жанчыне.
Паліна сядзела насупраць яго, па другі бок іх кволага вогнішча, куды зрэдку падкідвала галінку ці які сухі пруток. Жорсткі смуглявы твар яе быў надзіва спакойны, толькі на тонкай шыі ледзь улоўна пульсавала жылка — білася сэрца.
Бізнесовец Рыгор Вайтовіч выпіў яшчэ шклянку шампанскага. Ён цяпер прагнуў споведзі.
— Я таксама стаміўся, — сказаў ён. — Але хутка, мяркую, усё будзе інакш. А пакуль я, сапраўды, баюся, скажу табе праўду. За сябе, за жонку. Яна добрая, рахманая, і, можа, не дасі веры — яна выйграла днямі эміграцыйную латарэю.
І Вайтовіч расказаў усё падрабязна: як жонка папрасіла грошы, як ён даў, як яна запаўняла анкеты і дасылала іх у Нью-Хэмпшыр, як камп’ютэр выбраў яе і разам з ёй яшчэ пяцьдзесят чатыры тысячы дзевяцьсот дзевяноста дзевяць чалавек. Цяпер з Амерыкі прыслалі паперы, і жонка павінна будзе туды ехаць. Яна толькі хоча «падагнаць» ангельскую мову і ўжо напісала бабулі ў Нью-Ёрк. Потым выкліча туды яго.
— Дык чаго табе баяцца? — спытала Паліна. — Усё складваецца проста цудоўна. З’едзеш адсюль. Будзеце жыць у Амерыцы, атрымаеце грамадзянства. Пра гэта мараць мільёны людзей.
— Грошы, — сказаў Вайтовіч. — Думаеш, у мяне іх дваццаць штук? Памыляешся. Іх больш. І ўсе ляжаць дома. Раней «круціліся», а зараз я іх збіраю ў адно месца. А на іх пах могуць прыйсці. Нават простага валютчыка, які зарабляе сабе радыкуліт і запаленне нырак, стоячы на вуліцы ў любое надвор’е, і то хоць раз ды сустрэнуць у пад’ездзе і пачастуюць нунчакай па галаве. А я ж не валютчык. Хоць і маскіруюся пад шарачковага. Як гэта называецца ў жывёл, калі яны мяняюць афарбоўку, знешні выгляд, каб не выклікаць да сябе залішнюю цікавасць?
— Мімікрыя.
— Так. Як шмат ты ведаеш. Дык вось, ты была ў мяне ў кватэры і што ты бачыла? Проста, гола, амаль пуста. Але я ўсё роўна баюся, хоць я не слабы быццам мужчына і дома трымаю зброю…
— А ты ведаеш, што калі чалавек чагосьці баіцца, то яму давядзецца прайсці менавіта сцежкай гэтага жаху?
— Я б не хацеў.
— Так. «Всевластна смерть, она на страже и в счастья час. В миг высшей жизни она в нас страждет, ждет нас, и жаждет, и плачет в нас…» Гэта зноў Рыльке.
— У мяне было багата жанчын, але такія, як ты, мне яшчэ не трапляліся, — сказаў Рыгор Вайтовіч.
— Якія — такія?
— З разынкай.
Дыхнула слабым ветрам. У небе над імі захісталіся, рыпнулі сосны. Паліна ўздрыгнула і зірнула на гадзіннік на руцэ.
— Ты спяшаешся? — спытаў Вайтовіч. Ён нечакана для сябе пазяхнуў.
— Не.
— А я хачу спаць. Вельмі. Хоць хвілін на пятнаццаць. Дзіўна.
— Нічога дзіўнага. Свежае паветра, віно, лес, секс. Не варта нурыцца. Я не пакрыўджуся. Паспі.
Бізнесовец Вайтовіч схіліў галаву на пакладзеную ёй куртку. Заснуў ён амаль адразу.

7

Паміраў Рыгор Вайтовіч крыху больш за хвіліну. Секунд дваццаць пяць з гэтых амаль паўтары хвілін ён не страчваў прытомнасці: з таго самага імгнення, калі на шыю яму накінулі зашмаргу са стальной струны і ён раптоўна ачуняў, вырваны са сну, і адчуў, што яго душаць і як грукоча яго сэрца, якое ўсё яшчэ дасылала ў галаву кроў, што туды ўжо не трапляла, бо зашмаргу на яго шыі ўсё мацней зацягваў дужы мужчына — ён паспеў адчуць гэта таксама. І апошняе слова, якое пачуў у сваім жыцці Рыгор Вайтовіч — а жыць яму заставалася лічаныя секунды, — было дзіўнае слова «рыфма», якое выкрыкнуў незнаёмец, які яго забіваў.
— Рыфма!
Больш ён нічога ўжо не чуў і не бачыў, бо на гэты крык дзяўчына, якую ён крыху раней зваў Палінай, навалілася ўсім целам яму на ногі. У яго пачыналася агонія, і ў апошнія імгненні Рыгор Вайтовіч — здаровы і моцны чалавек — спрабаваў неяк выратавацца, нагамі захапіць галаву таго мужчыны ці проста выкруціцца і дапамагчы сабе яшчэ якім чынам, але так і не здолеў. «Рыфма. Чаму «рыфма»?» — мільганула яшчэ ў яго ў галаве, і з гэтай думкай ён памёр.
Бізнесовец Рыгор Вайтовіч ляжаў мёртвы.
Мужчына па мянушцы Чорны адпусціў зашмаргу і зняў яе з шыі трупа. Дзяўчына адскочыла ўбок і павярнулася спінай, запальваючы цыгарэту.
— Зараз, Рыфма, — сказаў мужчына. — Яма тут паблізу, метраў дваццаць. Здаровы бык. Цягнуць дапаможаш?
— Гэта не мая работа, — выдыхнула з дымам дзяўчына.
— Што ты яму падсыпала? — спытаў мужчына.
— Белатумінал.
Мужчына па мянушцы Чорны агледзеўся навокал. Цямнела. Возера было спакойнае і чыстае, і адзінокі рыбак, што ледзь бачыўся ў далёкім яго канцы, таксама знік, нібы растварыўся ў прасторы.
Мужчына дастаў са сваёй спартыўнай сумкі вяроўку, зрабіў пятлю на адным канцы, накінуў яе на кісць рукі забітага і зацягнуў.
— Так, — сказаў ён. — Ты гаварыла пра дваццаць штук. Дзе яны?
— Дастань у яго з кішэняў ключы і дакументы. Усё дастань. Дай мне.
— А бабкі дзе?
— Бабкі ў яго дома. Зараз мы па іх паедзем.
— Назад? У горад? А гаішнікі спыняць?
— Не рызыкуй тады. Ідзі ў дворнікі.
Мужчына выцягнуў з кішэняў мёртвага ключы, партманет, які адразу раскрыў, і дастаў адтуль некалькі соцень даляраў (іх ён паклаў сабе), іншую дробязь і поцягам за вяроўку пацягнуў цела ў ельнік.
Дзяўчына па мянушцы Рыфма кінула недакурак і нагнулася над ключамі і дакументамі, што ляжалі ў траве. Усе ключы, акрамя тых, што былі ад запальвання, яна паклала сабе ў сумачку і зноў запаліла цыгарэту.
Неўзабаве мужчына вярнуўся.
— Парадак, — сказаў ён. — Няблага ты іх бярэш у рыфму*. Гэты грак** так нічога і не зразумеў.
* Узяць у рыфму — абрабаваць адным і тым жа спосабам (блатн.).
** Грак — ахвяра, якая не ведае, што мае справу са злачынцам.
— Ён мне падабаўся, — сказала Рыфма. — Мне яго шкада. Я ж яго амаль адкрытым тэкстам папярэджвала.
— Падабаўся! — фыркнуў мужчына. — Упэўнены, што з’явіся я хвілін на дваццаць раней, дык і «сеанс яшчэ б злавіў». Трахалася з ім?
— А ты што, раўнуеш?
— Глохні. Трэба ліняць.
— Вось правы на ваджэнне, дакументы. Нават асабістая пячатка. Ключы ад тачкі. Едзем. На гэтай дарозе спакойна. Цяпер ты будзеш Рыгор Вайтовіч.
— Яны ж спыняць і на фотаздымак могуць зірнуць. Ты ж казала, зялёныя ў яго з сабой. Г-эх, баба…
— Ціха. Ты хацеў рызыкнуць? Дык рабі так, як я кажу. Тачку возьмеш сабе. Ахвярую.
— Куды яе, коцаную*, дзяваць? — спытаў Чорны, але ўжо больш лагодна.
* Коцаную — мечаную (блатн.).
— Азерам* спіхнеш. Яшчэ штук пяць атрымаеш.
* Азеры — азербайджанцы, якія займаюцца крадзяжом аўто ў Менску.
Праз некалькі хвілін «мерседэс» з мужчынам за рулём і дзяўчынай побач імчаў па лясной гравійцы ў напрамку шашы.
Горад сустрэў іх агнямі вулічных ліхтароў. Сутонела. Чорны спыніў машыну метраў за трыста ад таго дома, дзе жыў Вайтовіч, выключыў запальванне і агледзеўся па баках.
— Цяпер слухай. — Рыфма выкінула за акно чарговы недакурак. — Вось яго ключы ад кватэры. Там падвойныя дзверы. Знешнія аббіты стальным лістом. Пойдзеш і адчыніш. Яна не запірае дзверы на завалу. Калі запёрта, то ціха назад і да мяне. Мне яна адчыніць.
— Хто — яна? Там нехта яшчэ?
— Так. Жанчына, яго жонка. Яе — трэба таксама. Ідзі. Я — праз дзесяць хвілін.
— Гэта ўжо занадта, — сказаў Чорны. — А калі там яшчэ хто ёсць?
— Няма. Яна сядзіць адна і глядзіць тэлевізар і не пачуе, як ты будзеш адпіраць. Пяты паверх, дзвесце дзесятая.
— Чаму б табе не пайсці разам са мной?
— Не. Не магу на гэта глядзець.
— Тады так: з дваццаці штук — дванаццаць мае. І «мерс» таксама. Мачыць дваіх у адзін дзень — гэта небяспечна, прыкмета дрэнная. Інакш — ідзі сама.
— Згода. Толькі хутчэй. І прычыні другія дзверы за сабой. Толькі другія: каб хто іншы раптам не зайшоў. Я пастукаю пяць разоў. Вось так, — яна пастукала па шкле кабіны.
Чорны брыдка вылаяўся і пайшоў.
Яна зірнула на гадзіннік і выцягнула з пачка чарговую цыгарэту. «Калі цыгарэта скончыцца, я рушу таксама», — падумала дзяўчына па мянушцы Рыфма.
У пад’ездзе было цёмна і пуста. У ліфце яна ўздымалася адна і на пятым паверсе выйшла. Слабае святло лямпачкі асвятляла пляцоўку. Рыфма падышла да дзвярэй дзвесце дзесятай і пацягнула іх на сябе. Дзверы былі адчынены. Яна адразу пастукала, як было абумоўлена: тук-тук, тук-тук-тук.
Дзверы адчыніў Чорны. Яна ўвайшла і прычыніла іх на завалу. У кватэры гарэла святло, працаваў тэлевізар, але крэсла і столік былі перакулены.
— Дзе? — спытала яна.
— У ваннай. Можаш зірнуць. Зроблена начыста, — сказаў Чорны і злосна дадаў: — Бабкі дзе, рыж’ё*? Паказвай!
* Рыж’ё — золата (блатн.).
Рыфма прыпаліла цыгарэту. Рукі яе ўздрыгвалі. Потым, не спяшаючыся, выцягнула з сумачкі ключы. Гэта былі ключы Вайтовіча ад секрэтэра. Яна была тут раней некалькі разоў, калі давала ўрокі гаспадыні, і добра тады ўсё агледзела. Тры дні таму яна вырашыла ўжо, што бізнесовец Вайтовіч «пусты» і яе задума бессэнсоўная, але ён так нечакана прагаварыўся — шчырак — ён і ёсць шчырак. Яна адчувала, што ён не мог ёй хлусіць, і потым, потым цяпер ёй патрэбны былі не толькі грошы.
Рыфма ўставіла ключ, павярнула яго і адчыніла секрэтэр. Чорны адпіхнуў яе. У секрэтэры пачкамі ляжалі грошы. Ён надарваў адзін, пачаў ліхаманкава лічыць.
— Сто штук «зялёных»! — ахнуў ён. — Ну і куш! Ніколі б не падумаў…
Ён таропка згроб грошы ў спартыўную сумку.
— Ліняем!
— Чакай.
Рыфма шукала сваё. Урэшце знайшла. Усе паперы забітай гаспадыні, дакументы ляжалі разам у яе пісьмовым століку. Рыфма перагарнула паперы: так, тут было ўсё — яна спешна прабегла вачыма тэксты па-ангельску. У любы час у бліжэйшыя тры месяцы трэба было толькі звярнуцца ў консульства і заказаць білет на самалёт.
— Давай хутчэй, што ты корпаешся?! — прыкрыкнуў Чорны. — Няма тут больш нічога!
— Не. Павінны быць упрыгожанні, аздобы, золата, ствол, урэшце. Ён казаў, што ў яго тут ёсць зброя.
Чорны задумаўся на імгненне.
— Няма часу шукаць. Ідзём. Я тут збольшага ўсё агледзеў.
— Шукай.
— Ты што, пугачоўкі* хочаш? — зашыпеў раптам Чорны. — Хутчэй адсюль! Ты бачыла той ствол? Можа, газавы, дзярмо?
* Пугачоўка — пагоня за злачынцам, які ўцякае ад пераследнікаў (блатн.).
— Маўчы. Хвіліну.
Рыфма падняла з падлогі акуляры гаспадыні, надзела, падышла да люстэрка, зірнула на сябе. Потым знайшла бар, выцягнула адтуль бутэльку гарэлкі, узяла дзве шклянкі і разліла: у адну амаль даверху, у другую — палавіну.
— Шукай ствол, — напомніла яна. — Дзе мужчына можа яго схаваць? Падумай.
Чорны мацюкнуўся і пасунуўся ў другі пакой. Як толькі ён адвярнуўся, Рыфма выцягнула з сумачкі папяровы пакецік і высыпала з яго ў шклянку з гарэлкай — тую, дзе было наліта больш.
Чорны неўзабаве вярнуўся назад. Ён не выпускаў з рук сумку.
— Тут хопіць на ўсё, — сказаў ён. — Ды што, у мяне дзіракола* няма?
* Дзіракол — пісталет (блатн.).
— Золата шукай.
— Тут пуста. Ліняем.
— На, расслабся, — яна працягнула яму шклянку з гарэлкай, узяла сваю. — Знімі стрэс…
— Можа, яшчэ і пасцель прапануеш?
— А ты што, слабак? Сюды ніхто не зойдзе.
— Я не змагу. Ліняем. Ты — вар’ятка.
— Прысядзем перад дарогай, — сказала яна, — выпі.
Чорны выхапіў у яе шклянку і двума глыткамі выпіў гарэлку. Рыфма выпіла сваю.
— Ты слабак, — сказала яна. — Морлак паганы. Адлічы маю долю і — расход.
Паўза.
Мужчына па мянушцы Чорны хацеў нешта сказаць, раптам прыўзняўся з крэсла, і яго хістанула ўбок. Твар яго стаў бялець. Ногі падагнуліся, і ён упаў на калені. Ён раптам зразумеў.
— Ты і мне падсыпала, крыса*? — прахрыпеў ён. — Я заб’ю цябе, я…
* Крыса — жанчына, якая не заслугоўвае даверу (блатн.).
Ён раптам перакуліўся на спіну, губляючы прытомнасць.
— Гэта клофа*, Чорны. Цяпер ты ўжо нікога не заб’еш!
* Клофа — клафелін (блатн.).
Яна выцягнула са сваёй сумачкі звычайнае лязо, якім голяцца мужчыны, і пераламала яго папалам. Потым сцягнула з пляча падзельніка яго спартыўную сумку і хуткім рухам паласнула таму лязом па соннай артэрыі. З раны тугім струменем лінула кроў. Чорны заторгаў нагамі, вочы яго адкрыліся, ён паміраў, усё, на якую секунду, у агоніі зразумеў і — нічога не мог зрабіць. Урэшце ён заціх.
Рыфма пераклала грошы з яго сумкі ў сваю, дзе ў яе ўжо ляжалі паперы і дакументы, выцягнула з кішэні трупа ключы ад запальвання і ад кватэры.
— Бывай, морлак.
Яна спынілася. «Не спяшайся, — сказаў быццам нехта ўнутры яе, — падумай як след».
Рыфма падумала, і вочы яе адшукалі рэч, якая і была ёй зараз патрэбна: пішучую машынку. Яна дастала з сумачкі і надзела белыя гумовыя медыцынскія пальчаткі. Потым уклала ў машынку аркуш і адстукала на ім: «Я адпомсціў і з’язджаю. Зямля вялікая. Рыгор Вайтовіч».
— Даруй мне, шчырак, — сказала яна. Алкаголь крыху расслабіў яе. — Элоямі не могуць быць усе. Ідзе адбор.
«Цяпер быццам усё, — падумала яна. — Ага, сцерці свае пальцы са шклянак і з дзвярных ручак. І няхай шукаюць, а як яны будуць шукаць — можна прадбачыць. Ну, дашлюць факс хіба ў Расею, урэшце, калі нават апазнаюць Чорнага, ну і што? Дык гэта яшчэ калі будзе? Праз тыдзень яна, Ніна Вайтовіч, ужо будзе ў сваёй бабулі ў Нью-Ёрку. Гэта яна выйграла латарэю. Вось так».
Не здымаючы акуляраў, яна выйшла з кватэры і акуратна зачыніла дзверы — спачатку адны, потым — другія — на ключ. Па лесвіцы спусцілася ўніз.
Было ўжо цёмна. Рыфма выслізнула на вуліцу, знайшла машыну і агледзелася. Рэдкія прахожыя крочылі па тратуары. У вокнах запаліліся агні. Яна села ў машыну, уключыла запальванне і паехала да цэнтра. Ля цырка яна спыніла «мерседэс» і выйшла, пакінуўшы ключы ад запальвання ў замку. Яна напэўна ведала, што да раніцы машыне «зробяць ногі» тыя ж «азеры» ці яшчэ хто. «Вось вам, шаноўныя мясцовыя пінкертоны, у дадатак нітачка, — падумала яна. — Знойдуць крадзеную машыну- дык возьмуцца за тых, хто ўкраў».
Праходзячы па мосце праз Свіслач, Рыфма сцягнула пальчаткі і разам з ключамі ад кватэры нумар дзвесце дзесяць кінула іх у цёмную, мёртвую, стаячую ваду. Цяпер усё. Рыфма ішла ў ноч, і ў галаве яе круціліся радкі з лагернай песні, якую яна асабліва любіла: «И вы вглядитесь в глаза мои суровые, и вы вглядитесь — в последний раз…»
Яна не спяшалася.

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

…Консул Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Гэс Брэйтан, высокі, з сівымі скронямі і пахмурнымі вачыма, ускрыў чарговы пакет з дыпламатычнай поштай і бегла азнаёміўся з паперамі. Потым раскідаў іх — частку памочнікам, яшчэ якія — у сакратарыят. Адзін з лістоў выклікаў у яго лёгкае здзіўленне.

«…Гэсу Брэйтану
консулу ЗША ў Беларусі
Менск

Служба Федэральнага бюро расследаванняў тэрмінова і ў прыватным парадку просіць наступнае: у сувязі з заручынамі днямі абранага сенатара Роберта Кертыса з жанчынай беларускага паходжання, народжанай Нінай Вайтовіч, былой жыхаркай г. Менска, удакладніць дадзеныя на вышэйзгаданую Вайтовіч, а таксама наяўнасць на яе ці на яе сваякоў вестак кампраметуючага характару».

Далей быў подпіс незнаёмага яму Джэймса Боўэла, начальніка аддзела знешніх адносін.
Консул падумаў над лістом, ён нешта ўспамінаў пра нейкую маладую жанчыну, якая год таму, так, быццам год назад, спешна афармляла дакументы на выезд. У яе былі нейкія прывілеі, урэшце, ён не здолеў успомніць.
Консул адклаў ліст памочніку і даручыў разабрацца. Праз тыдзень ён сам сеў за камп’ютэр і надрукаваў наступнае:

«…Джэймсу Боўэлу

Паведамляем на ваша запытанне, што, як нам удалося даведацца, народжаная Ніна Меляшкевіч, па мужу Вайтовіч, была знойдзена забітай у сябе дома пры нявысветленых абставінах у кастрычніку 1995 года. Кім з’яўляецца жанчына, якая выдае сябе за Ніну Вайтовіч, вам давядзецца высветліць. Шчыра спачуваем сенатару Кертысу. Дадзеныя ідэнтыфікацыі прыкладаюцца…»
Ён падпісаўся, уклаў ліст у канверт і заклеіў.

Рыфму, яе ж Ніну Вайтовіч, яе ж Паліну Бурцаву, дэпартавалі ў Беларусь праз тры месяцы службай Інтэрпола. Пад цяжарам доказаў яна прызналася ўва ўсім. Суд прысудзіў яе да дванаццаці год пазбаўлення волі. Гэта было ўжо другое яе зняволенне.
Свой другі тэрмін Рыфма адбывала ў жаночым лагеры пад Гомелем. На зоне яе не любілі. Праз год яна засілілася ноччу ў сваім бараку.

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат