Пра курсы
ГАРАДЫ :


01.04.2015
Афганец

Інфармацыя ўзята з сайта knihi.com (Беларуская палічка)

 

 

 

 

Апошнія тры ці чатыры начы, ушчэнт пасварыўшыся з жонкай, Ступак начаваў у гаражы. Зрэшты, і дняваў таксама, бо цьвёрда вырашыў не вяртацца на свой пяты паверх сілікатнай хрушчоўкі. Калі так ужо сталася, што ён там нялюбы і ненавісны, што паявіўся лепшы, дык хай жонка падавіцца той кватэрай ды нацешыцца новым жаніхом; для законнага мужыка шляху туды няма. Усё ж ён чалавек з гонарам і прасіцца ня будзе. Тым болей, што ўсё ягонае жыцьцё, падобна, пайшло на скрут, чаго ўжо бедаваць па кватэры?
Ягоная нявыкрутка абрынулася на яго нечакана, напрыканцы зімы, як пачала яўна здыхаць ягоная фірма, што нядаўна яшчэ квітнела пад назвай “паштовая скрынка”. Заказы міністэрства абароны скончыліся, рабочым перасталі плаціць, і Ступак, плюнуўшы на новыя парадкі, звольніўся “па ўласным”. Думаў, трохі адпачне і прыгледзіць што-небудзь болей для сябе здатнае. Праўда, тады была немалая надзея на жонку Людмілу Пятроўну, якая рабіла бухгалтаркай у банку. Але, мусіць, так ужо заведзена ў жыцьці, што дзе тонка, там і рвецца, парвалася і з Людкай. Нечакана для сябе ён уведаў, што ў той паявіўся староньні ўхажор і не абы хто, а генеральны дырэктар таго ж банка. Вядома ж, не абышлося бяз лаянкі, жонка сьпярша апраўдвалася, клялася і бажылася, але як ён даў ёй добрага кухталя, са злосьцю пры¬зналася, што так: ёсьць чалавек, мужык, ня тое, што ты – тля. Ня можаш пракарміць сябе, ня толькі жонку з дзіцём. Тады Ступак усё зразумеў і, правільна аца¬ніўшы становішча, узяў пінжак і з трэскам грукнуў дзьвярыма. Усё ж ён — ня тля, ён чалавек з характарам, да таго ж — афганец. А калі часам лішняе вып’е, дык цяпер хто ня п’е? Хворы, або каму не даюць. Хто ня мае за што.
Адно праўда, апошнім часам ён ня меў за што выпіць.
Гэты яго металічны, некалі звараны з жалезных лістоў гараж прытуліўся на ўскрайку гарадскога падворку ля радка маладых ліпак, поруч з шасьцю іншымі гэткімі ж часовымі збудоўкамі для аўтамабіляў. Гаражы тыя прастаялі тут гадоў мо па дзесяць, але нядаўна аказалася, што незаконна — прыйшла пастанова іх зьнесьці. Куды? — папыталіся іхнія ўласьнікі і, не атрымаўшы здатнага адказу, вырашылі: во вам, выкусіце! Нікуды зносіць ня будзем. Надзіва, ад іх пакуль што адсталі, перасталі наклейваць грозныя абвесткі на іржавых дзьвярах. Гаражнікі было падумалі, што перамаглі, як у пачатку лета ўсіх выклікалі ў падатковую інсьпекцыю, дзе выпісалі падатак і штраф. Штраф быў немалы, ды гаражнікі-пенсіянеры, дачакаўшыся пенсіяў, змусілі ўсё заплаціць. Ступак жа другі раз сказаў: “Выкусіце!” — у яго ўжо даўно не было грошай ня толькі на штраф, а на які куфаль піва, каб захмялець зранку.
Трошкі ўбаку ад гаражоў за ліпкамі мясьцілася дзіцячая пясочніца і альтанка з паламанай падлогаю, увогуле пустыя ўвесь дзень, бо дзеці ў навакольных дамах, здаецца, павырасталі ўжо, а новых не нараджалася. I толькі пад вечар ці на пачатку начы там паяўлялася якая-небудзь хэўра падлеткаў з недалёкага ПТВ ці суседняй школы, гэтыя і выпівалі, і курылі, а можа, і калоліся, часьцяком з дзяўчатамі, што нароўні з хлопцамі рагаталі і мацюкаліся, ніколькі не зважаючы на рэдкіх дарослых ля гаражоў. Неяк, не стрываўшы іхняга гвалту, Ступак паспрабаваў іх уціхамірыць, паабяцаў паклікаць міліцыю. У альтанцы трошкі аціхлі, і з цемрадзі даляцеў малады басок: “Думаеш, жалеза, дык не гарыць?” У Ступака адняло язык: намёк быў дужа выразны, ён ужо ведаў, як гарыць жалеза. Сам пад Кандагарам ледзьве пасьпеў вынесьці ногі з БТРа, які заняўся такім жахлівым полымем, што расплавіўся асфальт на дарозе. Тады ён добра шурануў са злосьці маладую хэўру, хоць і падумаў, што тое суседства можа для яго кепска скончыцца. Не згарэў у Афгане, дык не хапала згарэць на падворку.
Зрэшты, можа, тое была адна балбатня, можа, ніхто б яго і не падпаліў у гаражы, і ўсё абышлося б. Неяк сьцярпелася б і ў гаражы — небаксаў, што выручыў вясной за свой 412-ы “Масквіч” — з гэтага ж гаража. Тады здавалася, васьмісот баксаў хопіць надоўга, усё ж гэта былі немалыя грошы; гэтак жа лічылі і сябры-суседзі, што вечарком прысаджваліся ў ягоным ацусьцелым гаражы да засланай газеткай прамазучанай табурэткі. Суседзі ўвогуле былі неблагія людзі, яны і падбілі яго расстацца з надаедам-“Масквічом”, і ўсё падказвалі агораць іншамарку, якіх на той час стала паяўляцца ў двары. Канешне, ён быў не супроць перасесьці на “Опель” ці “Мерседэс” і ўжо прыглядваўся да іх на вуліцы, ды сталася так, што ягоныя баксы скончыліся раней, чым ён выбраў патрэбную мадэль.
Да таго, што засталося, трэба было добра дакласьці, але дакласьці не было адкуль, а да жонкі ён не хацеў патыкацца. Тады ён плюнуў на ўсе іншамаркі разам і на апошнія дзесяць баксаў купіў два паўлітры, нейкую закусь і справіў хаўтуры па сваім наіўным намеры. Урэшце, можна было пражыць і без машыны — меней клопату і вальней было павярнуцца ў гаражы.
Тое, аднак, толькі здавалася — бяз грошай пражыць было немагчыма, у тым ён неўзабаве ўпэўніўся.
Калі-нікалі надвячоркам ці ў сьвяты ля гаражоў зьбіраліся іх уладальнікі, расчынялі дзьверы і пачыналі поркацца ў рухавіках ці перабі¬ралі майно у багажніках. А то перакурваючы на падворку, пачыналі нясьпешныя размовы пра прыкрыя няспраўнасьці сваіх “Запарожцаў” ці пра бензін. Пасьля даволі працяглага перыяду бензінавага дэфіцыту, той нарэшце паявіўся на заправачных, але цэны на яго так заскакалі ўгору, што аж замільгацела ўваччу. Праўда, Ступака тое ўжо мала цікавіла, бензін яму быў непатрэбны, той клопат яго не кранаў. Яго кранала іншае: калі скончыцца гэтае бязладдзе, беспрацоўе і безграшоўе, калі ён, здаровы малады мужык, прыдбае працу і стане зарабляць на жыцьцё? Маладжавы дацэнт Мінкевіч, што езьдзіў на ніштаватай “сямёрцы”, глыбакадумна даводзіў, што прычына ўсяго — у энергетычным крызісе, што трэба шукаць альтэрнатыўныя крыніцы забесьпячэньня нафтай, але ўсё ўпіраецца ў рэакцыйнае кіраўніцтва, якое арыентуецца адзіна на ўсход. Сазон Іванавіч, сівы ветэран з другога канца гаражоў, на тое імпэтна пярэчыў, што ўсё — у развале вялікай магутнай дзяржавы пад назвай Савецкі Саюз. Ягоны сусед, таксама пенсіянер, якога яны клікалі трошкі зьняважліва Плешка — за ягоную лысіну на патыліцы, звычайна гаварыў мала, але заўжды, нібы забіваў цьвік: за каго галасавалі, таго і напаткалі. Лепшага не заслужылі. Камлюкаваты Плешка ведаў, за каго галасавалі суседзі, аб тым даўно ўжо папрызнаваліся адзін аднаму ў Ступака за табурэткай, ведаў тое і Ступак, бо сам галасаваў за таго ж. Цяпер на каго было наракаць? Сьпярша ён сумняваўся ва ўласным выбары, усё думаў: справы ў дзяржаве як-небудзь паправяцца, але ішоў час, а справы катастрафічна горшалі. Тыя, што кралі, сталі красьці болей, а галоўнае — на законнай падставе. за горадам, бы на дражджах, расьлі дачы-палацы, рабочых звальнялі, бо заводы “паштовыя скрынкі” спыняліся адзін за адным, а ў тых, што яшчэ працавалі, амаль перасталі плаціць – не было грошай. Затое грошай хапала для вялізнае зграі міліцыі, АМАПу, усіх гэтых сьпецслужбаў, якія кішма-кішэлі на вуліцах сталіцы. Даведзены з галадухі да адчаю, Ступак пайшоў па дапамогу да кіраўніка таварыства афганцаў, ды той толькі разьвёў рукамі — што я магу? Грошай у мяне няма. Але ж ён па тэлевізары ўсё гаворыць, што воінам-афганцам трэба памагаць. Во хай ён і паможа, калі так гаворыць, адказаў кіраўнік. Ступак прыкруціў да пінжака свой ордэн і пайшоў у рэзідэнцыю-палац, але там яго на парозе спыніла ахова. Як ён ні даказваў ёй, што і ардэнаносец, і паранены, прайсьці ўнутр не далі. Ён аблаяў іх, а заадно і іхняга уладара і паплёўся дадому. У свой апусьцелы гараж. Усё неяк стрываў бы, каб кожнага дня не хацелася есьці.
На сваім падворку сярод знаёмых і незнаёмых ён, аднак жа, маўчаў. За жыцьцё ён не прывык выказвацца, асабліва наконт улады, ведаў, лепей язык трымаць за зубамі. Так некалі вучыў яго бацька, вучылі ў камсамоле, затым у войску і ў партыі, з якой ён лічы што выбыў у памятную восень дзевяноста першага. Партбілет, праўда, тады не спаліў — сунуў пад бялізну ў жончынай шафе, хай ляжыць. Мабыць, ляжыць і цяпер.
Аднойчы ён добра набраўся з хлопцамі на саракавінах інваліда, таксама афганца, што да пары згарэў ад гарэлкі, і ўначы ледзьве дабрыў да свайго жытла. Уранку прачнуўся, пачуваў сябе надта паскудна, балелі галава і сэрца, зусім не хацелася жыць. Неяк дачакаўшыся, пакуль разьвіднее, устаў, прыладзіў пад стольлю пятлю з капронавага буксіру, на сярэдзіну гаража пасунуў табурэтку. Толькі хацеў стаць на яе, як у дзьверы ціха пастукалі, і ён зразумеў: то быў хтосьці з сваіх. Адпіхнуўшы ўбок табурэтку, расчыніў дзьверы — насуптроць стаяў сусед, малады хлопец Аляксей, пытаўся струбцыну, заціснуць шарнір. Ступак мусіў падацца ў свае цёмныя закуткі, шукаць струбцыну. Стоячы пасярод гаражу, Аляксей пытаўся: “А што гэта — вяроўка ў вас?” — “Ды так, прывязваў нешта”, — схлусіў гаспадар замагільным голасам, бы вяртаючыся з таго сьвету. Пасьля, як хлопец пайшоў, ранейшая рашучасьць яго і зусім зьнікла, засталася толькі ўсеадольная прыкрасьць. 3 расплюшчанымі вачыма ён праваляўся паўдня на раскладусе, а затым пабрыў да піўнога ларка, дзе доўга чакаў першага знаёмага. Ледзьве дажыў той дзень да вечару.
Сам Ступак быў чалавек маўклівы, але слухаць размовы іншых любіў, асабліва, калі размова ішла пра палітыку, ад якой цяпер залежала ўсё. Ды яшчэ ад такой палітыкі, у якой палягала ня столькі розуму і развагі, колькі цынічнага гвалту. Гвалтавала ўлада, гвалтаваў крыміналітэт, які множыўся, шчырэў, ад якога простаму чалавеку не было прадыху. Днямі ў суседнім падворку з-пад самага вакна ўкралі, праўда, няновы ўжо БМВ, толькі што прыгнаны з Нямеччыны. Не зважаючы на надта ж шыкоўны “алярм”, які гаспадар дэманстраваў цэлы вечар, тым даючы зразумець, што ня варта красьці — загудзе-загалосіць. Аж не загаласіў, і ніхто не пачуў, як машыну выгналі з падворку, і яна назаўжды зьнікла. Людзі казалі — міліцыя, хто ж яшчэ так умее? Можа, і міліцыя, думаў Ступак. У пенсіянера з суседняга дому менавіта міліцыя знайшла скрадзены ўзімку “Жыгуль”, але нумары аказаліся перабітыя, кузаў перафарбаваны, і машыну гаспадару не аддалі: у міліцыі, ці бачыце, зьявіўся сумнеў. Пасьля таго, як машына паўгоду прастаяла ў міліцэйскім двары, той сумнеў зьнік, але мала што засталося і ад машыны — раскулачылі дашчэнту. Стаяўголы кузаў. Можа, і добра, што Ступак збыў да чортавай матары свой “Масквіч”, менш будзе клопату і менш небясьпекі.
3 прычыны безграшоўя ён амаль не чытаў газетаў, хіба калі-нікалі выпадкова, але тады кожны раз нерваваўся і расстройваўся, ажно карцела лаяцца. Газеты хлусілі гэтак нахабна, як не хлусілі ніколі раней пры саветах. Апроч таго, у кожным нумары — указы, дакрэты, законы і безьліч паправак да ранейшых законаў і да папярэдніх паправак, бясконцыя выступы самога, ад якіх хацелася ванітаваць. Усё ўказваў, патрабаваў, гразіўся і падманваў, — як калісьці палітрукі ў войску, як у тым Афгане. Што значыць пачатковец-міліцыянт, які дарваўся да ўлады не накамандаваўшыся ў паліцэйскай службе і зараз імпэтна спаганяў свой камандзірскі сьверб. I, як ні дзіўна, тое шмат каму падабалася, пенсіянеры, былыя вайскоўцы-адстаўнікі, бы зачараваныя, чыталі ўсе ягоныя выступы ў газетах, усе ягоныя дакрэты, і наўрад ці што разумеючы ў іх пус¬тазвонным шматслоўі, адабралі. “Можа, парадак навядзе” — было іх нязьменным аргументам. Хоць які ім патрэбны парадак у бяспраўнай краіне, было невядома. Наўрад ці яны тое разумелі самі.
Колькі разоў Ступак спрабаваў яго слухаць па тэлевізары, але не мог стрываць і пяці хвілінаў, сподам душы адчуваючы фальш яго пыхлівых словаў, і толькі дзівіўся, як таго не адчувалі іншыя. Хоць бы і ягоная жонка. Варта было Ступаку пасярод яго выступленьня ткнуць пальцам у які іншы сенсар, пераключаючы на іншы канал, як яна кідалася да тэлевізару і вяртала ўсё на ранейшае месца. I жонка, і яе малодшая сястра гатовыя былі з замілаваньнем глядзець і слухаць яго хоць да ранку. А на Ступаковы папрокі звычайна адказвалі: як можна грэбаваць такім выступленьнем гэткага інтэлігентнага, віднага сексуальнага мужчыны? Яны проста млелі ад аднаго толькі выгляду яго заўжды старанна паголенага, напамажанага твару з загадкавым, амаль сакаліным, позіркам, тугімі пашчэнкамі і сківіцай капылом, што лезла наперад з экрану. У такія хвіліны Ступак гатовы быў узьненавідзець увесь жаночы род, ня толькі ўласную жонку. Яго ж ён ужо даўно ненавідзеў, нутром адчуваю¬чы яго фальшывую сутнасьць, таннае акцёрства, разьлічанае на дурняў або нягоднікаў. А як ён езьдзіў па горадзе? Рух на вуліцах заміраў, даішнікі пераключалі сьветлафоры і з палкамі выскоквалі на перакрыжаваньні зганяць тых, што замарудзілі зьнікнуць з дарогі. Усё пруцянела на вулі¬цы, бы ў чаканьні канца сьвету, як здаля шалёна выскоквалі тры-чатыры чорныя аўтамабілі ўступам управа ці ўступам улева і сьледам за міліцэйскай “мігалкай” на вялікай хуткасьці імчалі далей. Скрозь на іхняй дарозе кідаліся да тратуараў машыны прыватнікаў, ці, як іх звыкла называлі “аўтааматараў”. Аднойчы Ступак замарудзіў у такі момант спыніцца са сваім “масквічом” бо не было як прыткнуцца да тратуару, дзе стаялі аўтобусы, як даішнік каршуном накінуўся на яго, аблаяў, адабраў дакументы, за якімі пасьля давялося пахадзіць у іхнюю кантору.
Агледзеўшыся і зразумеўшы нарэшце, каго абралі, мужыкі пачалі папракаць адзін аднаго за свой неразумны выбар. З такім жа правам мог папракнуць сябе і Ступак. Ён таксама галасаваў за яго. Але як было не галасаваць ці галасаваць за ягонага суперніка, як некаторыя казалі — нацыяналіста? Той можа, быў і неблагі хлопец, вучоны, але што б ён зрабіў з гэтым задушаным народам які ўмеў толькі піць, лайдачыць і красьці? Які напалову складаўся з камуністаў ды камсамольцаў, а другой паловай абслугоўваў КДБ? А яшчэ той абвясьціў, што ўзаконіць прыватную ўласнасьць ды ўвядзе абавязковай нацыянальную мову, на якую амаль усе забыліся — і ў горадзе, і ў вёсцы. Ступак пачаў ад яе адвыкаць яшчэ ў войску, хоць для яго, вясковага хлопца, авалодаць як сьлед расейскай было нялёгка. Ён доўга ня мог правільна вымавіць шмат якія расейскія словы (тряпка, напрыклад, за што яго так і дражнілі ў роце — “трапка”). Толькі адвучыўся ад вясковага, збольшага загаварыў, як і ўсе ў горадзе, на расейскай, як гэты вучоны-нацыяналіст зьбіраецца ўсіх перавучыць назад, па-вясковаму. Не, на тое Ступак быў нязгодны. Хай ужо вясковыя бацькі дагаворваюць свой век, як умеюць, ён жа застанецца пры гарадской мове. Як начальства. Як усе навакол. Зноў жа мітынговыя пагрозы камуністам, наменклатуршчыкам ды кадэбістам. Якраз перад тым Ступака прынялі ў партыю, зьявіліся нейкія магчымасьці, і ён сьвядома прагаласаваў за міліцыянта, таксама камуніста. Праўда, тады слабенька паспадзяваўшыся, што, можа, таго яшчэ і не выберуць. Ды во выбралі — на сваю галаву.
Недзе на сярэдзіне лета, як яго асабліва дапякла нэндза, удумаў зьезьдзіць на вёску да бацькі. Якраз у той бок ехаў на сваім “Запарожцы” сусед Плешка, узяўся падвезьці. Выехалі раненька, па халадку, на вуліцах яшчэ было вольна ад аўтамабіляў, Плешкаў “Запарожац” ня¬звыкла стракатаў рухавіком, здавалася, вось-вось пойдзе ў разнос і разваліцца. Але не разваліўся, порстка каціў па шашы. За гарадской рысай на раздарожжы ўперліся ў шлагбаум ДАІ — праверка дакументаў, усё роўна, як калісьці ў Афгане. Але там ішла вайна, а тут… Пахмурыя з бессані хлопцы ў камуфляжы з аўтаматамі на грудзях прыдзірліва агле¬дзелі Плешкавы правы, зазірнулі ў салон і ў багажнік наперадзе. Плешка нечакана для свайго ўзросту і, пэўна, насуперак характару пачаў лісьліва лепятаць штось, бы падлізвацца, нібы быў вінаваты. Ступак жа адчуваў толькі злосьць, калі гэтыя малакасосы прыдзірліва, з-пад ілба азі¬ралі яго, запасьніка-афганца, узнагароджанага баявым ордэнам. Хто яны такія? Ці стрэльнулі яны хоць раз з тых аўтаматаў па жывым чалавеку, раздражнёна думаў ён.
Пасьля, ужо на дарозе, мабыць разьмякшы на КПП, Плешка пачаў скардзіцца, як цяжка жыць. На сваю працоўную пенсію трэба яшчэ ўтрымліваць і дачку з унукамі, якая два гады нідзе не працуе. На старасьці год замест таго, каб забіваць у даміно ці сядзець з вудай над рэчкай, ён змушаны рамантаваць чужыя машыны, адбіваць пальцы на кузаўным рамоньце. Але ўсё нейкі рубель на прыварак для дачкі і ўнукаў. Зрэшты, у гэтым сэньсе Плешка ня быў выключэньнем, цяпер шмат маладых жыло на жабрацкія пенсіі бацькоў. Ступак, едучы ў вёску, таксама меў спадзеў чым-небудзь пажывіцца ад бацькі. Ён расслаблена ся¬дзеў побач з засяроджаным на дарозе Плешкам і, як той змоўк, пачаўгаварыць сам. Карцела пагаварыць, расказаць пра сваё набалелае. Там ля гаражоў, гэтаму Плешку не было калі слухаць, тут жа нідзе ня дзенецца, будзе слухаць, — думаў Ступак.
— Кажу ім там, у ваенкамаце, што я ня сам туды напрасіўся, мяне паслалі выконваць інтэрнацыянальны доўг, а што мне за гэтае выкананьне?
— Лепш бы ты яго не выконваў, — ня надта ласкава зазначыў Плешка.
— Як гэта — не выконваў?
— А так. Болей карысьці было б.
— Каму карысьці? — чагось ня мог зразумець Ступак. — Каб ня мы, душманы захапілі б Афган.
— А чаго ім захопліваць? Ён і так іх.
— А амерыканцы? Яны б жыва селі на нашыя межы.
— I хай бы сядзелі. Нам што да таго?
— Ну, знаеш! — пачаў гарачыцца Ступак. Яму было не зразумела пярэчаньне суседа, з такім ён яшчэ не спатыкаўся.
— Во цяпер гэта Чачня,— спакойна працягваў Плешка. — У Афгане інтэрнацыяналісты, у Чачні — федэралы. А ўсё нашая моладзь гіне. Навошта яе гробіць? — разважаў Плешка, разьехаўшыся з трактарам, які валок за сабой віхлясты прычэп.
— У Чачню нашых не пасылаюць. А то б я, мусіць, зьехаў,— сказаў Ступак. — Ад жызьні такой.
— Ну і дурань! — проста адгукнуўся Плешка. — У Афгане не навучыўся?
Называецца, пагаварылі, — падумаў Ступак. Гэты пенсіянер Плешка меркаваў дужа па-свойску, маладзейшыя ўсё ж былі інакшай думкі — што значыць розныя пакаленьні. Хаця Плешку што — ён атрымлівае пенсію, а што і дзе атрымае Ступак?
Ён добра выпіў тады ў бацькі, які жыў бабылём у крайняй ад лесу хаціне. Ды і ўсяго ў вёсцы засталіся чатыры хаты, у якіх ліпелі адзінокія старыя. Каровы ў бацькі даўно не было, не было нават курыцы. Ды і навошта? У двары за плотам расло некалькі баразён бульбы, хлеб прывозілі ў суседнюю вёску, давалі па дзьве буханкі на тыдзень, старому хапала. I ён ня скардзіўся. Як прыехаў сын, схадзіў да суседа Петрака, прынёс бутэльку самагонкі, затым прыклыпаў і сам сьсівелы сагнуты Пятрок. Старыя, нямоглыя, аднак, няблага выпілі з маладым, не спыняю¬чы сваёй ня дужа разумнай старэчай балбатні, калі кожны цягнуў сваё, ня слухаючы іншага. Бацька захацеў, мусіць, пахваліцца перад суседам і папытаўся ў сына, за што яму далі ордэн, такі ж самы, які і ён атрымаў у партызанку — “Чырвонай зоркі”. Ступак без асаблівага ажыўленьня пачаў распавядаць.
— Ды пад Кандагарам было. Ехалі на маршы з батальёнам Краўцова, толькі калона ўцягнулася ў “зялёнку”, ну духі і пачалі лупіць. Пярэдні БТР адразу палыхнуў, загарэўся, хлопцы, бы гарох, — у канавы. А я, ведаеце, сьпярша прамарудзіў, не пасьпеў выскачыць, у трэцім ехаў, а як ачомаўся, зразумеў: позна. Духі смаляць, а ў нас устаноўка “град” стаіць пакінутая, пасьля аказалася, першага нумара забіла, а другі зьбег. Ну, я за ўстаноўку, Аньціпенка таксама падскочыў, стаў памагаць, як урэзалі мы па “зялёнцы”, дык тыя духі — хто куды. Ураз выкурылі з зарасьнікаў, яны — у кішлак, канешне, а мы і туды перанесьлі агонь, ды з кулямётаў яшчэ, з зенітак — толькі ад дувалаў пыл хмарай да неба. Пасьля тыдзень немагчыма было праз кішлак праскочыць, так сьмяр¬дзела, хоць процігаз надзявай. Трупы людзей ды скаціны…
— Во, дык і мы ж, гэта самае, — у працяг сынавай размовы загаварыў зап’янелы бацька. — У партызанку. Ляжым у Гразкім балоце ў засадзе, ляжым і ляжым, нікога на дарозе няма, толькі камары гудуць. Аж глядзім: едуць нямецка-фашысцкія захопнікі на фурманках. На пярэдняй немец гармонік у руках трымае, грае ці што? Але, мусіць, ня граў, так ехаў. Ну тут мы і ўрэзалі. Я ці ведаеш, з ручным кулямётам быў, дык як лупану! Тыя — у канавы, а ў канаве таксама кулямёт нарыхтавалі ды — па нас! А мы — па іх! А тым часам ззаду яшчэ калона падышла іхняя, ну на падмогу. Нашыя і драпанулі. А я ж ня ведаў, што драпанулі, ды сяку па іх канаве са свайго “дзегцяра”, ну і выбіў. I тады нашыя вярнуліся па адным, камандзір Дзенісенка вярнуў. Ну і за тое мне праз паўгода — ордэн “Чырвонай зоркі”, як палагаецца.
— Во героі! У аднэй сям’і бацька і сын! — п’янавата дзівіўся Пятрок.
— А што ж, яе матары! Будзе вайна — зноў пойдзем. Проціў нямецка-фашысцкіх, чачэнскіх, мерыканскіх захопнікаў. НАТА гэтае прэ на ўсход…
Бацька зусім ап’янеў, сын паклаў яго на скамячаны без прасьцінаў ложак, сам выйшаў на падворак падыхаць сьвежым вясковым паветрам. Блытаная гэта справа, вайна, думаў ён, карысьці з яе — гулькін нос. За пралітую кроў — дурацкія льготы. Як у гэтых старых — бясплатны праезд у межах раёна. Куды ўжо ім ехаць, апроч як на могілкі.
З вёскі Ступак прывёз дзясятак пазычаных у суседкі яек, кавалак ёлкага леташняга сала і думаў, у каго раздабыць грошай на хлеб? Зноў давядзецца прасіць у Плешкі, хоць таму ён і так вінаваты тысячаў сто. Але, можа, дасьць і яшчэ. Сядзець увесь час у расчыненых дзьвярах гаражу было сьпякотна і нудна, асабліва ў паўдзён, калі над падворкам навісала пякучае сонца. Ступак тады спрабаваў зачыняцца, але рабілася і яшчэ горш, і ён мусіў замыкаць гараж і куды-небудзь сыходзіць.
Неяк у нядзелю, дабрыўшы да прасьпекту ў цэнтры гораду, згледзеў там штось незвычайнае, небывалае ў выходны дзень відовішча.
Найперш здалёк яшчэ ўчуліся шум, гамана, рух мноства людзей, што суцэльнай плыньню рушылі кудысь у напрамку да цэнтральнай плошчы, несучы нейкія лозунгі. Вецер угары матляў бел-чырвона-белыя сьцягі — мноства сьцягоў, аж да канца калоны, якая хавалася за перагінам вуліцы. Пачатак гэтага шэсьця ўжо мінуў завулак, дзе паявіўся Ступак, і хто там усіх вёў, не было відаць. Поруч жа шэсьце з абодвух бакоў атачалі міліцыянты. Адны з іх стаялі ў няроўных шэрагах, іншыя (мабыць, начальства) бегалі-мітусіліся ў сваім міліцэйскім клопаце. Ступак сьпярша зьдзіўленапрыпыніўся, уражаны відовішчам, а затым нечаканая хваля ўзрушэньня падхапіла яго з тратуара і вынесла да людзей. Малады міліцыянт на краі тратуару спрабаваў заступіць дарогу, ды Ступак плячом рашуча адпіхнуў яго і выйшаў на асфальт — да ўсіх. Поруч на ўсю шырыню вуліцы ішлі і маладыя, і старыя, і сярэдняга веку мужчыны з жанкамі і дзяўчатамі; твары ва ўсіх былі прыемна-сьвяточныя, бяз звыклай паўсядзённай змрочнасьці ці нават нярэдкай па часе жорсткасьці. Уражвала вялікае мноства нацыянальных сьцягоў, якія над людскімі галовамі паласкаў сьвежаваты ранішні вятрыска. Трохі меней было плакатаў з рознымі надпісамі, зробленымі часам прафесійна, а болей — ня дужа ўмелымі рукамі. Ступак, паазіраўшыся, прачытаў тыя, што былі бліжэй: “Беларусь — у Эўропу!”, “Не — бальшавікам!”, “Міліцэйскае пудзіла — у Менскае мора!” Якраз над яго галавой хістка калыхаўся лозунг-плакат, што нёс малады хлопец у джынсовай камізэльцы з мноствам кішанькоў: “Мы хочам есьці!” То было якраз пад настрой Ступаку — ён таксама быў галаднаваты зранку, хацеў есьці і ня меў у кішэні ніводнага “зайца”. I ён пайшоў разам з усімі,— ня надта борзда ступаючы ў бязладным натоўпе, стараючыся не наткнуцца на каго наперадзе, не ступіць на чыесьці запяткі. Грандыёзная суладнасьць людскога натоўпу надавала адчуваньне ладу і ўпэўненасьці, здавалася, гэткаю сілай яны дамогуцца чаго хочаш. А чаго дамагаліся, відно было з мноства плакатаў над галовамі. Хто мог адмовіць у законнасьці тых патрабаваньняў? Хто мог спыніць гэты шматтысячны паток гараджанаў?
Але неўзабаве паток чамусьці замарудзіў хаду, чым далей, тым болей людзі пачалі спыняцца. Некаторыя наперадзе сыходзіліся шчыльней, рух пачаў заміраць, і было невядома: чаму? Пачуліся выкрыкі нязгоды ці, можа, пратэсту, і тады Ступак здагадаўся ў чым справа. Стараючыся не штурхаць іншых, ён памкнуўся наперад, мінаючы найболей шчыльныя групы. У адным месцы прабег па тратуары пад носам у заклапочаных, спатнелых міліцыянтаў, якія таксама напружана ўзіраліся наперад. I тады яму стала відаць перашкода. Шэсьце ўперлася ў шчыльныя, бы спрасаваныя, тры шэрагі АМАПу, што ад сьцяны да сьцяны будынінаў выцягнуліся ўпоперак прасьпекту.
Ён і яшчэ праціснуўся наперад, каб лепей бачыць, што там робіцца. Аднак бачна было ўсё ж няшмат, чулася гамана, мабыць кіраўнікі гэтага шэсьця спрачаліся з таўстым міліцэйскім палкоўнікам, што незразумела хрыпеў у трубу мегафону. За ім замерла сьцяна амапаўцаў — блішчастыя шчыты ля ног, шлемы-скафандры на галавах, грудзі ва ўсіх расьпіралі бронекамізэлькі, у кожнага чорная палка ў правай руцэ. Але што былі гэтыя шчанюкі перад аб’яднанаю сілай тысячаў, акрыленых адзінаю мэтай свае праўды? Іх можна было сапхнуць за адну хвіліну. Нехта нават і крыкнуў з натоўпу штосьці накшталт “наперад”. I тады раптам людзі збоч вуліцы неяк незразумела хіснуліся, воддаль страхавіта закрычала кабета. Ступак азірнуўся — з завулка ад пошты, клінам расьсякаючы натоўп, урэзаўся атрад амапаўцаў у касках і са шчытамі. Гэтыя адразу ўзяліся працаваць даўжэзнымі чорнымі палкамі — малаціць усіх без разбору, хто трапляў ім пад рукі.
Натоўп калыхнуўся ў адзін бок, у другі, некоторыя кінуліся назад — пад сьцяну будынку пачтамту, але і там невядома адкуль узяліся амапаўцы — ці не з дзьвярэй пачтамта. Неўзабаве іх стала, здалося, ня меней, чым дэманстрантаў, яны расьсякалі натоўп на часткі і білі, калашмацілі, валілі на асфальт людзей — мужчынаў і жанок, хапалі, камячылі сьцягі і плакаты, якімі некаторыя спрабавалі ад іх бараніцца. Над вуліцай узьвіўся бязладны, зьдзічэлы крык і лямант; жаночы плач перамяшаўся з роспачнай мужчынскай лаянкай, і невядома было, хто лаяўся. Падобна, і тыя, і гэтыя.
Пасьля хвіліны зьбянтэжанасьці Ступак зразумеў, што трэба адсюль “ірваць кіпці”. Ды, мабыць, зразумеў тое спазьнела. Першы ўдар гумовай палкай па сьпіне змусіў яго хіснуцца, ён спатыкнуўся аб кагось, хто ужо ляжаў на асфальце, але ўтрымаўся, ня ўпаў і пасьпеў азірнуцца на таго, хто яго выцяў. З-за выгнутага плаксіглазавага казырка ў яго ўтаропіўся счырванелы ад поту твар маладога амапаўца.
У той момант новы ўдар па плячы змусіў яго аж прысесьці ад болю. Ратуючыся, ён галавой наперад кінуўся праз парадзелы натоўп — прэч ад гэтых забойцаў. Але, мусіць, ён прамарудзіў, упусьціў момант, і на яго накінуліся трое ці болей у касках. Каб уратавацца, ён з усяе сілы штурхануў бліжэйшага са шчытом, які з металічным бразгатам паляцеў долу. Ступак што было сілы ірвануў па вуліцы далей — праз паблытаны ў бойцы амапаўскі шэраг на суседнюю вуліцу.
Сьпярша ён бег, чуючы, як там, ззаду, лемантуе, вые і лаецца нядаўна яшчэ такое мілагучнае шэсьце, і недзе за скверам равуць рухавікі міліцэйскіх “Камазаў”, што, мабыць, падвозяць падмацаваньне АМАПу. Ці адвозяць схопленых і пабітых. Побач абмінуў яго малады даўгалыгі хлопец у белай скрываўленай кашулі, што, азіраючыся, узрушана прамаўляў: “Шакалы!.. Шакалы!..”. “Шакалы!”, — сказаў сабе ў думках і Ступак, кіруючы сьледам па тратуары. За імі, аднак, чамусьці ня гналіся, і ён пайшоў цішэй. Поруч беглі і яшчэ людзі, што вырваліся з тае пасткі, хтось з рэдкіх сустрэчных спалохана пытаўся, стоячы пад абдзертай сьцяной: “Што там? Што?”. — “Ідзі, паглядзі!”, — са злосьцю кінуў Ступак пенсіянеру з радамі каляровых планак на борце пацертага пінжака. Надта балела плячо, ён ледзьве варушыў рукой, думалася, ці не паламалі яны яму косьці? Трохі, аднак, спакайнеючы, завулкамі і пусткамі нарэшце дабрыў да свайго падворку.
На шчасьце, ля гаражоў не было нікога, мусіць, гаражнікі з раніцы разьехаліся па сваіх дачах-гародах. Ступак аднаруч ледзьве адамкнуў нутраны замок і, зашчапіўшыся, аблёг на сваю раскладуху. Самы час было расслаблена ўздыхнуць і застагнаць — так балела плячо. Але ён стрымаўся пры думцы, што яго могуць пачуць і толькі ў думках вылаяўся. Усё ж, мабыць, яго там згледзелі, можа, хто са знаёмых, і хоць ён уцёк, знайсьці было няцяжка. Ён ведаў, што ў іх усё на ўліку: усе адрасы і прыкметы, сьведкі, стукачы, сексоты. Хіба ад іх схаваешся?
Ціха варочаючыся ад болю на рыпучай раскладусе пры зачыненых дзьвярах, ён услухоўваўся ў кожны гук-шолах знадворку. Чуў, як прыехаў на старой “Волзе” і адчыняў свой гараж Сазон. Лепей Ступак ханы гук рухавіка “Запарожца” Плешкі, ды таго не было, можа, заначуе на агародзе. Што рабіць далей — было невядома, мабыць, у гаражы доўга ня ўседзіш, паныла думаў Ступак. Зьехаць на вёску ці што? Але каб зьехаць, патрэбны грошы, хаця б на білет. Зноў жа, калі будуць шукаць, дык знойдуць і ў вёсцы – гэтыя ўсё могуць. Наконт зыску яны майстры, якіх ня ведае сьвет. Ступак прыгадаў, як некалі ў войску на дзьвярах іхняй прыбіральні нехта цьвіком надрапаў “Брэжнеў — мудак”. Зьявіліся сьледчыя па асабліва важных справах, паўгода вялі сьледства, ператрэсьлі казарму, перацягалі ўсіх у хітры дамок контрразьведкі, а знайшлі. Прыперлі, дык сам прызнаўся — першагодак з Мардовіі пакрыўдзіўся на старшыну і надрапаў тыя два словы — на сваю галаву.
Усё ж неяк Ступак перабыў тую ноч, спаў трывожным сном падбітага птаха — то засынаў, то прачынаўся, спрабуючы як зручней уладкаваць балючую руку. Душу апякала крыўда і злосьць: што ж гэта робіцца? За што? Што ён парушыў, каму ён прычыніў шкоду? Завошта яго хацелі скалечыць? Выцялі па тым самым плячы, дзе яшчэ віднеўся сьлед-шнар ад душманскае кулі. Але ж гэтыя — не душманы, гэта ж свае. Хто ж іх так нацкаваў на мірны народ, чаму яны сталі карнікамі?
Але хто нацкаваў, было вядома. У гэтай краіне ўсё добрае і благое рабілася па камандзе аднаго чалавека. Усё залежала ад яго. Прачнуўшыся неяк пад ранак, згаладнелы і спакутваны ад болю ў плячы, Ступак раптам сьцяміў, што яго трэба забіць.
Як зрабіць тое, ён яшчэ ня ведаў, нават ня мог сабе ўявіць. Мусіць, для таго найперш трэба была зброя ці якая ўзрыўчатка. Але дзе яе ўзяць? Ад зброі залежаў і спосаб тэракту, значыць, найперш трэба зброя. Хаця б пісталет. Ці найлепш аўтамат, аўтамат Калашнікава, з якім ён ваяваў у Афгане. Ступак упершыню пашкадаваў, што сем гадоў назад прыехаў з Афгану з пустымі рукамі. Хаця з гэтай справай там было строга: патрабавалі падпіску, што не вязеш нічога. Ды хлопцы везьлі пісталет ці гранату. Ён не адважыўся, думаў — навошта? Ён не зьбіраўся стаць кілерам, ён вяртаўся на сваю родную “паштовую скрынку”, дзе рабіў нейкія штуковіны для ракетаў. Ці для космасу. Але “паштовая скрынка” накрылася адным месцам, і ён стаў беспрацоўным афганцам. Во лёс сабачы…
“Ну і хай! — лежачы на сваёй раскладусе, няпэўна думаў Ступак. — Кілер, па крайняй меры, гучыць. А то — тля! Я табе ня тля, ты яшчэ пазнаеш, хто я. Ня тое, што гэтыя дэмакраты. Наладзілі фэст, выйшлі, бы да касьцёлу. Не хапала музыкі. А ён на іх — гэтых двухногіх шакалаў у брані. Далі, аж пыл закурэў. Адлупілі, разагналі, пахапалі… Цяпер будуць хадзіць да пракурора, апраўдвацца. Быццам пракурор не заадно з імі. Пракурор, можа, сам лупіў са шчытом, у камізэльцы. А што? Пад каўпаком не відно, не пазнаеш, хто цябе нявечыць. Усе яны — адно кодла. Не, так не даб’ешся нічога. Трэба яго стрэльнуць. А там будзь, што будзе. Чым так тухнуць у сьмярдзючым гаражы… Здохнеш і ня хутка здага¬даюцца, што памёр. Як тая бабуся з першага пад’езду, што тры тыдні праляжала ў зачыненай кватэры. Пакуль суседзі ня ўнюхалі”…
Так, яму вельмі патрэбная зброя.
Але найперш, мусіць, трэба было прыдбаць грошы. Бяз грошай ні чарта ты ня зробіш, самадзейны кілер-адзіночка, нявесела думаў Ступак у ранішнім гаражным паўзмроку. Рашэньне, аднак, было прынятае, і ён не любіў мяняць сваіх нават і самых рызыковых рашэньняў. Такі ўжо быў характар. З тае ранішняй хвіліны ў яго паявілася мэта, што стала яго неадчэпным клопатам.
Ён яшчэ ляжаў у дрымоце, як знадворку пачуўся нягучны металічны бразгат паблізу, і Ступак, счакаўшы, прыадчыніў дзьверы. Крышку ўбаку стаяла “сямёрка” дацэнта Мінкевіча, якую той меўся загнаць у гараж. З гэтым інтэлігентам у Ступака не было ніякае дружбы, бо той трымаўся на адлегласьці ад астатніх, асабліва ні з кім не таварышаваў, рэдка калі ішоў на размовы. I заўсёды кудысь сьпяшаўся. “Сямёрка” яго заўж¬ды была чысьценькая, бы сьвежа памытая, хаця ўжо і ня новая, ды і сам Мінкевіч заўжды выглядаў па сучаснай модзе — з каротка падстрыжанай бародкай, у акулярах з тонкай аправай, ён зірнуў на Ступака і павітаўся. Ступак, каб пачаць размову, папрасіў закурыць, і той мусіў затрымацца ля расчыненых дзьвярэй гаража.
— Вы не маглі б мне пазычыць?
— Колькі? — спытаў Мінкевіч, з гатоўнасьцю дастаючы кашалёк. — На паўлітру?
— Трэба больш. Баксаў пяцьсот, — адважна вымавіў Ступак, аж зьдзівіўшыся сваёй адвазе.
— Ого! — шчыра зьдзівіўся дацэнт. — У мяне зарплата трыццаць баксаў у месяц.
— Дрэнна жывяцё, — паныла зазначыў Ступак. — А можа, ведаеце, каму гараж можна б загнаць?
Мінкевіч паціснуў плячыма.
— Дайце аб’яву ў газету. Цяпер жа там вунь колькі аб’яваў. Ці папытайце ў Валынца. Ён жа займаецца аўтабізнэсам…
Валынца Ступак збольшага ведаў, той жыў у суседнім доме, нядаўна скончыў еўрарамонт кватэры, пад якую адкупіў ледзьве ня ўвесь паверх замызганай хрушчоўкі. Цяпер любавацца на яго люстраныя, з мядовым адлівам вокны ў дзюралевых рамах зьбіраўся ўвесь падворак. Унізе ля пад’езду часьцяком стаялі “Вольвы”, “БМВ” ды “Мерседэсы” нярэдка з замежнымі нумарамі. Гэта быў тыповы “новы беларус”, і Мінкевіч меў рацыю. Гараж варта было прапанаваць Валынцу.
Але злавіць гэтага бізнэсмэна было няпроста. Ягонага “БМВ” ля пад’езду не было відаць, у кватэру ж Ступак не пайшоў, казалі, там заўсёды ахова. Тады ён прысеў на лаўку насупроць дзюралевых вакон багацея, трохі счакаў. Рука ўсё балела, хоць і ня так як учора. Рухаць ёй Ступак усё асьцерагаўся і, сагнуўшы, далікатна трымаў пад крысом накінутага на плечы пінжака. Як на падворку зачасьцілі ранішнія прахожыя, неахвотна падняўся і падыбаў да сваіх гаражоў. Тут, як заўжды ўраньні, ужо паявіўся Плешка, узяўся ладзіць капрызьлівы “Запарожац”.
— Што гэта ў цябе, — кіўнуў ён на руку, павітаўшыся.
— Ды так. Упаў.
— Выпіўшы?
На тое Ступак не адказаў, ён не хацеў нікому расказваць пра учарашняе, асьцерагаўся, як бы сёньня ня здарыўся працяг таго ўчора. Раз запазіраў на падворак, каб адразу заўважыць, калі там зьявіцца міліцэйскі “Уаз”. Але міліцыі пакуль не было, а Плешка, сагнуўшыся над задам “запарожца” калупаўся ў рухавіку.
— Што — помпа? — паспачуваў Ступак.
— Помпа, хай яна згарыць. Каторы раз ужо, — сказаў Плешка і, азір¬нуўшыся, цішай заўважыў: — Чуў, што ўчора на прасьпекце было?
— А што? — прастадушна папытаўся Ступак.
— Кажуць, лядовае пабоішча. Менчукоў з псамі-рыцарамі.
— Вось як?
— Што ж думаеш: паўтары тысячы АМАПу. Ды міліцыя. Ды ўнутраныя войскі. Сіла!
— Сіла! — пагадзіўся Ступак.
Гэты Плешка заўжды пачынаў так — быццам быў на баку ўлады, мог нават мацюкнуць дэмакратаў, але свае сапраўдныя адносіны запасіў на канец. Прыхінуўшыся да крыла аўтамабіля, азірнуўся і нягучна паведаміў:
— Кажуць, сам лупіў. Палкай. Пад каскай амапаўца. Во драпежнік!
— Драпежнік, — міжволі пагадзіўся Ступак. Уласных адносінаў да таго ён раскрываць не хацеў.
Усё ж паведамленьне Плешкі ўзрушыла Ступака, сьпярша ён нават не паверыў у тое. Але затым, разважыўшы, падумаў: а можа, і праўда. Ад гэтага можна было чакаць усяго, і вельмі нават магчыма, што найбольшаю асалодай для яго было самому паўдзельнічаць у эфектыўнай палі¬цэйскай акцыі. Адчуць азарт расправы — як драпежнік над сваёй ахвярай. Ступаку нават здалося, што той, хто лупіў яго па параненым плячы, мог быць менавіта сам. Краем вока ён нават згледзеў падобнага — з азьвярэлымі вачыма, вусатага. Хаця вусатых там было шмат.
Пакінуўшы Плешку ля ягонага “Запарожца”, Ступак пайшоў па падворку да суседняга дома і яшчэ здалёк убачыў там чорную “БМВ” ля другога пад’езду. Ён прысьпешыў крок, сапраўды, то была машына Валынца, а ля яе і сам гаспадар, які толькі што выйшаў з дзьвярэй. То быў маладжавы яшчэ чалавек у дарагім двухбортным гарнітуры, пры даўжэзным гальштуку; ён паклаў на задняе сядзеньне кейс і расчыніў пярэднюю дзьверцу. За рулём чакаў малады шафёр з бычынай шыяй і выстрыжанай патыліцай.
— Можна вас на хвілінку, — гукнуў Ступак.
Валынец з незадаволеным выразам твару прытрымаў дзьверцу, Ступак падышоў бліжай і стрымана павітаўся.
— Прадаю гараж. Ну той, металічны. Купіце?
Напружаньне на холеным твары Валынца разам зьмякчэла, здаецца, той зразумеў і дзелавіта кінуў:
— Колькі?
— Ну гэта… Тысячу.
— Даю пяцьсот. З вывазам.
Пяцьсот, канешне, ня тысяча, але тут ня гандаль, тут продаж, падумаў Ступак, адчуваючы, што ягоны пакупнік дужа сьпяшаецца і вось-вось сядзе ў машыну. Другі раз наўрад ці яго засьпееш.
— Ладна, што ж…
Валынец з унутранай кішэні пінжака дастаў кашалёк і спрытна вылузнуў з яго тры стодаляравыя купюры.
— У якасьці задатку.
— Толькі авызвалю ў канцы месяца,— вінавата зазначыў Ступак.
— Тады атрымаеш астатнія. Усяго добрага.
Валынец схаваўся ў сваю чорную “БМВ”, якая імкліва рванула з месца, а Ступак пастаяў яшчэ, ня ведаючы, радавацца ці ня надта. У руцэ ён трымаў трыста баксаў, тое было для яго багацьце. Але ж ён траціў апошні прытулак. Дзе прыткнуцца, калі ягоны куратнік пяройдзе гэтаму бізнэсоўцу?
А зрэшты, можа, тады ў прытулку і ня будзе патрэбы. Пра прытулак паклапоцяцца іншыя.
Тым жа ранкам ён разьмяняў у вулічным абменным пункце першыя сто даляраў, накупіў у гастраноме харчу: два белых батоны, кавалак каўбасы і нават гронку жоўтых бананаў, якія прадаваліся на кожным рагу. Сьпярша добра пад’еў у гаражы на адзіноце, — Плешка ўжо некуды зьехаў, і ля гаражоў не было нікога. Пасьля сухога сьняданку зьяві¬лася смага, але ён падумаў, што вып’е піва пасьля, як будзе ісьці на базар. Напружана думаючы пра зброю, ён усё ж вырашыў наведаць базар, дзе ня быў з самай вясны. Не было патрэбы ды й грошай. Цяпер жа зьяві¬лася тое і гэта, і ён ня стаў губляць час.
Ашчаджаючы балючую руку, можа, з гадзіну ён швэндаўся між тлумных гандлёвых радоў, заваленых розным таварам — харчам, гароднінай, а таксама адзеньнем, рознай драбязой і начыньнем. Усё,што прадавалася, было раскладзена на прылаўках, століках, а таксама ля ног на асфальце, на газецінах ці проста выглядвала з расхінутых гаспадарчых сумак. Тавару было безьліч, здавалася, тут можна знайсьці ўсё. Але тавары яго цікавілі мала, ягоны інтарэс палягаў у іншым,і ён разумеў, што тое іншае на прылаўках ня згледзіш. Ён болей прыглядваўся да твараў — прадаўцоў і пакупнікоў, што ў цеснаце і штурханіне мітусіліся побач, выбіраў сярод іх пэўны тып — маладога, засяроджанага ў сабе чалавека, можа “афганца” або “чачэнца”.
У гэтых якраз і можна было нешта здабыць. Зброю ці наркоту. Неяк яшчэ зімой ён прыходзіў сюды з жонкай па бульбу і ў аднаго чарнявага, з выгляду каўказца, прыцаніўся да яго жоўтых гранатаў. Калі той назваў цану, пажартаваў: “Ого, бы лімонкі”. “То фрукты, а не лімонкі — крыўд¬ліва паправіў гаспадар. — Лімонкі таньней будуць”. — “А што, ёсьць і лімонкі?” — жартам пацікавіўся Ступак. “Знойдзем, калі трэба”, — хітравата падміргнуў каўказец. Тады Ступаку лімонкі не былі патрэбныя, але во цяпер…
Аднак жа, чаго трэба, менавіта таго і не бывае ў гандлі. Нават і на базары.
Дарма і доўга ён швэндаўся ў гаманкім базарным натоўпе, так і ня ўбачыўшы нічога здатнага. Пытацца ж у каго не наважыўся, адчуваў, нямала тут шылася і таптуноў, пераапранутых міліцыянтаў, кадэбэшні¬каў, людзей са службыбясьпекі, якімі цяпер кішэлі вуліцы, вакзалы ды і базары таксама. Мабыць, тыя парадаваліся б, калі б спазналі, што побач шляецца кілер, шукае зброю. Хаця і без таго можна было проста і здорава ўліпнуць, калі б яго апазналі як удзельніка нядаўняй стычкі. Але во пакуль не пазналі, мабыць, там, на прасьпекце, не было знаёмых. Ля піўнога ларка ён нядоўга пастаяў у чарзе, выпіў цеплаватага піва, ледзьве ўтрымаўшы цяжкі куфаль у хваравітай руцэ, якая ўсё балела, асаб¬ліва ў плячы. Выпівох тут было нямала, але ўсе звычайныя півасёрбы, якія прагнулі адно — захмялець. Такіх жа, у каго можна было нешта здабыць, здаецца, не траплялася. I ён думаў, што, мусіць, ня так гэта проста прыдбаць зброю. Пісталет ці лепей славуты АК. Увесь сьвет завалены гэтымі Калашнікавымі, з ім ваююць цэлыя арміі, робяцца ўрадавыя перавароты, скідваюць і ўсаджваюць дыктатараў. А тут во, на ягонай радзіме, калі спатрэбілася, нават за баксы ня знойдзеш. Да чаго адсталая краіна, зласьліва думаў самадзейны кілер.
Краіна, можа, і была адсталая, але не былі адсталыя яе сьпецслужбы, і Ступак ведаў гэта. Ва ўсякім разе на рынку ён так і не наважыўся нават запытаць у каго-небудзь пра сваю патрэбу і надвячоркам прыбрыў дадому. Дзьверы аж трох гаражоў былі расчыненыя, але машынаў перад імі не было відаць, значыць, аўтамабілісты нікуды не сьпяшаліся. Два з іх — Сазон Іванавіч і малады хлопец Аляксей — стаялі каля Плешкавага гаража. Ступак насьцярожана падышоў да іх, здаецца, тым перапыніўшы размову, і ён падумаў: ужо ці не пра яго ішла гаворка? Але, мабыць, не пра яго.
— Ну, Мінкевіч у бэнээфе, мужыкі казалі, — гучаў з гаража Плешкаў голас. Іншыя два маўчалі. Памаўчаў і Ступак.
— То-то, гляжу, по-белорусски разговаривает, — не зразумець, з захапленьнем ці асуджаючы, сказаў сівагаловы Сазон Іванавіч. — Нацдем!
— Размаўляе, як хоча, — азваўся Плешка.
— Э нет, не как хочет. Это у них установка такая, в бэнээфе, чтобы другие не поняли.
— Ты ж во панімаеш, — выглянуў з-за “Запарожца” Плешка.
— Не понимаю и понимать не хочу! — выказаўся Сазон.— Я русский человек и русским умру.
— Ну, а ён, можа, беларусам хоча памерці, — упарта пярэчыў Плешка.
Той Мінкевіч ня быў тут нікому сябрам, быў проста суседам ня болей, і Ступак ставіўся да яго спакойна. Але і Сазон ня выклікаў у яго вялікай сімпатыі, бо амаль заўжды быў злы і зацяты. Хаця па цяперашнім часе тое было не навіна, шмат хто злаваўся і раздражняўся, але ўсё ж неяк стрымліваўся. Сазон жа адкрыта і голасна наракаў на жыцьцё, развал СССР, апошнімі словамі пляжыў “агента ЦРУ” Гарбачова і часьцяком бегаў у адноўлены райкам партыі, дзе ва ўсю ішла палітычная мітусьня камуністаў. Галоўнай прапагандовай сілай там былі ветэраны вайны, пенсіянеры ды адстаўныя чэкісты.
— Придумали еще нацию — белорусы! — крыху цішэй бурчэў сам сабе Сазон. — Чтоб русским кислород перекрыть.
— Але ж Мінкевіч дэмакрат, ён не супроць іншых, — ціха азваўся Аляксей, які да таго зважліва маўчаў побач.
— Демократы! Дерьмократы проклятые, — сказаў і смачна вылаяўся Сазон. — Все за доллары работают. Под американский заказ!
— Ня ўсе, — стаяў на сваім ціхманы Аляксей.
Ступак павярнуўся і пайшоў на падворак. Ён знарок не прыняў удзел у гэтай размове. Раней, можа б, што і сказаў, але не цяпер. Цяпер у яго былі справы болей важныя, чым драць горла ў спрэчцы з гэтым замшэлым бальшавіком, і ён не хацеў раскрывацца да часу. А можа, наадварот, трэба было маскавацца, сказаць што-небудзь у падтрымку Сазона. Але тое крывадушша было Ступаку агіднае, зноў жа ён не хацеў крыўдзіць і Аляксея, які ўвогуле яму падабаўся сваёй не характэрнай для цяперашняй моладзі сьціпласьцю. Сьціплы надзвычай быў і ягоны дзед, пасьля сьмерці якога перайшоў да ўнука гэты праіржавелы гараж. То быў слаўны стары, былы партызан-падрыўнік, меў шмат узнагародаў, якіх ніколі, аднак, ня бачылі на ягоных грудзях.
Аднойчы ў дзень перамогі запыталіся, чаму ён ня носіць ардэноў, на што стары адказаў: “На падушках панясуць перад труной”. Сталася ж трохі інакш. Пакуль дзед хварэў, тыя яго ўзнагароды пасьпеў прадаць скупшчыку старэйшы унук-наркаман. Так і пахавалі партызана без ані¬воднай узнагароды.
Ступак ведаў, што ў такіх далікатных выпадках лепей маўчаць, хоць бы дзеля перастрахоўкі. У шматмільённых шэрагах сексотаў нямала і гаваркіх, і маўклівых, нахабных і сьціплых, дурнаватых і надта ж разумных, — самы шырокі выбар. Навербавалі за семдзесят гадоў. У іхнім палку перад адпраўкай у Афган ці ня ўсіх па чарзе перацягалі ў хітры дамок, што мясьціўся паміж казармай і прыбіральняй — крышку, праўда, у баку, дзеля камфорту, каб ня дужа сьмярдзела. Хаця там стаяў смурод іншага кшталту. На каго было спадзявацца?
Удзень у гаражы было дужа сьпякотна, затое ўначы і ўранку самы раз. Лежачы ў зацішны час на скрыпучай раскладусе, Ступак часам шкадаваў, што зрабіў гэтую авантуру — прадаў гараж, які стаў ягоным адзіным прытулкам. Але штось перайначыць, мабыць, было ўжо позна. Першую сотню баксаў ён хутка патраціў, збольшага на ежу, і ўвесь час на адзіноце думаў пра сваю патрэбу: дзе раздабыць зброю?
На гарадской ускраіне за чыгункай некалі быў немалы гарнізон — вайсковая вучэльня, казармы і палігон; там некалі навабранец Ступак пачынаў вайсковую службу. Паблізу каля прахадной і на шашы заўжды таўкліся вайскоўцы, афіцэры ды прапаршчыкі, сярод якіх калісьці было нямала знаёмых. Асабліва сярод прапаршчыкаў. Але гэта калісь. Цяпер жа, пасьля скарачэньня арміі, развалу СССР ды ці мала чаго яшчэ наў¬рад ці хто знаёмы застаўся. I ўсё ж, не надумаўшы нічога больш здатнага, Ступак вырашыў наведацца на тую гарадскую ўскраіну. Ня дужа пагодным ранкам, пасьля начнога дожджыку, калі яшчэ не абсох асфальт, ён сеў у тралейбус, даехаў да кальцавой дарогі. Пасьля перасеў у аўтобус, які і давёз яго да знаёмага прыпынку. Дзіўна, але і праз дзесяць гадоў тут мала што зьмянілася — гэтак жа на кіламетр цягнулася ўздоўж шашы бетонная сьцяна, з-за якой нясьмела пазіралі на сьвет верхнія паверхі казармаў, чырванелі пяціканцовыя зоркі на шырокіх варотах прахадной, ля якой стаяў вартавы з аўтаматам Калашнікава на грудзях. (Вось бы яму такі аўтамат, хаця б з адным магазінам). Часам да прахадной і адтуль таропка сноўдалі афіцэры, салдатаў не было відаць. Як не было відаць ніводнага прапаршчыка — вывеліся яны ў беларускім войску ці што? Пытацца пра што-небудзь у афіцэраў ён не наважыўся, а ў прапара, мабыць, ужо папытаўся б. З гэтымі, мабыць, можна было б паладзіць. А так з гадзіну патупаў уздоўж агароджы, каб згледзець якую дзірку ці якога самавольшчыка каля яе, ды марна. Затым пастаяў на прыпынку, пакуль не падышоў аўтобус, абышоў рад шапікаў з рознай драбязой. Нідзе нічога патрэбнага яму ня трапілася, і ён вярнуўся ў горад.
Зброі ў яго не было і пакуль невядома было, дзе яе ўзяць, а ў галаве ўжо мроіўся той самы рашучы і важны момант, да якога ён рыхтаваўся. Ведаў, аднак, тое будзе ня проста, нават складана і дужа небясьпечна. Але калі зрабіць усё, добра абдумаўшы, рашуча і хутка, дык вельмі нават магчыма. Галоўнае — падлавіць момант, — на дарозе, на вуліцы ці лепш, калі выйдзе з машыны. Выходзіць жа ён каля свайго палацу ці дзе на прадпрыемствах, на будоўлі, куды ён сноўдае час ад часу. Або яшчэ — на спартовых комплексах, дзе ён звыклы і часты госьць і ўдзельнік, бо дужа паважае спорт і клапоціцца пра сваё здароўе. Каб там падлавіць…
Рука стала балець меней, праўда, яшчэ аддавала ў плячы асабліва пры рэзкім руху локцем угору. Кепска, што ішоў час, і з ім раставалі яго грошы, набытку ж ад іх не было ніякага, усё ішло на харч. Ноччу яму часьцяком сьнілася нешта з яго дзённых мрояў, толькі той яго супраціўнік з выгляду быў нібы мядзьведзь — таўсты і касматы. Ступак цаляў у яго з пісталету, але пальцы нібы зьмярцьвелі, ён ня мог ціскануць на спуск, а страшыдла набліжалася. Тады ён кідаўся ўцякаць, ды ногі рабіліся, нібы з ваты, ён ня мог бегчы, а страшыдла было ўжо побач. На мяжы магчымай пагібелі нешта ўсё ж перайначвалася, пачынаўся іншы сюжэт, таксама мала прыемны, але без ранейшага жаху. Ноччу ён часта прачынаўся ў сваёй металічнай схованцы, асабліва як у двор уязджала машына і фарамі высьвечвала гаражныя шчыліны каля дзьвярэй, тады ўспыхвала трывожная думка: ці не па яго? Ці не разьнюхалі што? Можа, з таго памятнага шэсьця, калі яго пабілі, штосьці дазналіся і прыехалі браць. Тады нахлынала шкадаваньне і прыкрасьць на сябе — што не пасьпеў, прамарудзіў, прашляпіў. Аднак ішоў час, а да яго ніхто не завітаў, і тое абнадзейвала. Мабыць, усё ж яго праваронілі.
Затое не праваронілі іншых, мабыць, працавалі, як мае быць, не дарма елі свой міліцэйскі хлеб. Неяк уранку, калі ён яшчэ ляжаў пад брызенцінай на раскладусе, у дзьверы ціхенька пастукалі — раз і другі. Ён падхапіўся, падумалася: ці не дачка, якая ні разу яшчэ не прыйшла да яго ў гараж. Але то была не дачка — на ўваходзе, як ён адчыніў дзьверы, стаяў Аляксей, які зважліва папытаўся:
— Ну, чулі навіну?
— Якую?
— Мінкевіч гараж прадае. Разам з машынай.
— Чаго ж гэтак?
Аляксей азірнуўся, але не пераступіў парог гаражу.
— Аштрафавалі. За дэманстрацыю. На шэсьцьдзесят мільёнаў.
— За тую?
— Ну. Быў арганізатарам ад БНФ. Дык затрымалі, суд і во — штраф.
— Нічога сабе! Шэсьцьдзесят мільёнаў…
Ступак, канешне, падзівіўся і ціха пры сабе парадаваўся, што тады пашчасьціла неўпрыкмет вывернуцца ад амапаўцаў, высьлізнуць з іхніх рук. Усё ж нездарма афганец, мае сякі-такі вопыт, ня тое, што гэтыя шпацыроўшчыкі па асфальце. Добра, што ён ня быў зьвязаны з БНФ, тое давала яму засьцярогу. А гэты Аляксей, мабыць, штось меў, інакш бы так не ўстрывожыўся навіной пра Мінкевіча. Што яму гэты Мінкевіч — брат ці сват? І ўсё ж Аляксей сімпатычны хлопец, не балабон, можа б варта параіцца з ім пра галоўны Ступакоў клопат? Але не, разважыў Ступак. Толькі тое ў сакрэце, што ведае адзін чалавек. Калі два, лічы, ніякага сакрэту няма. Гэта ўжо ведаў ён добра.
А можа, варта было скантактаваць з Мінкевічам? Усё ж калі бэнээфавец, дык, мабыць, не сексот, не пабяжыць вечарам на даклад да “кума”. А можа, і пабяжыць? Што, у бэнээфе няма сексотаў? Паленаваліся, не навербавалі? Не, гэтыя не лянуюцца…
Той дзень з раніцы ішоў дождж, было халаднавата, і Ступак, прычыніўшы жалезныя дзьверы, бавіў час у ляноце. Самы раз было б выпіць, хоць для сугрэву, але не было гарэлкі, а ісьці пад дажджом у гастраном ён без парасону не наважваўся. I злосна думаў пра жонку-паскуду, якая, выганяючы з дому, ня кінула яму якой апранахі. Усё ж ён пакінуў ёй кватэру, здабытую па льготах як воін-інтэрнацыяналіст, а яна чым ад¬дзячыла? Хоць бы прыслала калі дачку ў адведзіны, дык не — трымала ў кіпцюрах пакорлівае дзяўчо, запалохала зьверам-бацькам, які во каторы месяц жыве сапраўды нібы зьвер у гэтай жалезнай бярлозе. Ды і добра, калі б ён быў зьвер. Ён хацеў быць зьверам, калі б атрымалася. Зьверу цяпер, мабыць, лепш, чым чалавеку. Такі настаў час.
Ён адразу пачуў, як побач забразгалі замкі ў гаражы Мінкевіча. Ступак падхапіўся з раскладухі і паволі выйшаў з дзьвярэй.
— Кажуць, і вы прадаеце? — запытаў, павітаўшыся. Апрануты ў спрытную джынсовую куртку Мінкевіч з-за тонкіх акуляраў зірнуў на суседа.
— Прыходзіцца.
— Чаго ж гэта?
— Каб заплаціць штраф.
— I вялікі штраф?
— Па максімуму. Дзьвесьце мінімальных зарплат.
— Ё-маё! I будзеце плаціць?
— А што ж рабіць? Апішуць маёмасьць…
Мінкевіч казаў тое амаль спакойна і разважліва, як пра што звычайнае і паўсядзённае, бы і не перажываючы. Можа, перажыўшы ўжо. Расчыніў насьцеж абедзьве палавіны дзьвярэй, зашчапіў на кручкі ў доле.
— І думаеце адкупіцца штрафам?
Мінкевіч выпрастаўся, павярнуўся да яго і ўздыхнуў.
— Штрафам, канешне, не адкупішся. Ад гэтага рэжыму наогул нічым адкупіцца немагчыма. Трэба ўзьнімаць народ, падвышаць ягоную сама¬сьвядомасьць.
— Самасьвядомасьць! Вы — самасьвядомасьць, а ён — сто тысяч АМАПу. Чыя возьме? — запытаўся Ступак і змоўчаў, чакаючы, што скажа на тое адукаваны дацэнт.
— Што рабіць! — азваўся той пасьля паўзы. — Наогул дэмакратыя ў барацьбе з таталітарызмам ня мае адэкватных сродкаў.
— Гаўно тады вы, а не дэмакраты, — ціха, бяз злосьці сказаў Ступак і пайшоў да свайго гаражу.
Як узьнімаць народ, ён ужо бачыў, сам ледзьве не апынуўся ў ролі ўзьнятага, сьпярша было нават прыемна, неяк нават сьвяточна. Але як іх лупанулі гумовымі “дэмакратызатарамі”, дык гэты народ, бы чарада вераб’ёў, пырхнуў з вуліцы. Аж пыл закурэў. На тым баку — сіла, войска, міліцыя, КДБ, сотні тысячаў сексотаў, жалезныя кіпцюры “вертыкалі” Апроч таго, суд, пракуратура і нават адвакатура, новы дэкрэт пра якую толькі што надрукавалі, — усё ў ягоных руках.
Тая кароткая гаворка з Мінкевічам яшчэ болей умацавала Ступака ў ягоным намеры — толькі такім чынам, які ён задумаў, і можна нешта зьмяніць у іхнім бядотным становішчы. На сілу патрэбна — сілай. На гвалт — яшчэ большым гвалтам. Інакш кранты ўсім — і бэнээфаўцам, і афганцам, і камуністам. Каб дамагчыся царскай улады, гэты ня спыніцца ні перад чым. Пасьля царскай захоча імператарскай і так далей аж да сусьветнага панаваньня. Нахабства ў яго хопіць. Асабліва яшчэ, калі яго падтрымаюць. А гэткіх заўсёды падтрымліваюць, бо яны — сіла. Не, трэба ад яго ратавацца. I ён, афганец Ступак, — паратоўца, якім ён сам прызначыў сябе. Ну і што, што сам? Паратоўца-кілер, такога, можа, і не было. Ён будзе першы.
Але зброі ў яго ўсё ня мелася, а баксы ў кішэні раставалі — праз дзень давялося разьмяняць і другую сотню. Як ён ні эканоміў, стараючыся есьці радзей, болей хлеб з салам, але цэны ў гастраноме кожны дзень скакалі ўгару. Людзі ажно стагналі ўранку, убачыўшы новую цану на хлеб, кефір, малако, якіх, мяркуючы па ўсім, пачалі прывозіць у магазін менш, чым раней; пад вечар ужо нельга было купіць нават хлеба. Затое надвячоркам праз расчыненыя вокны і форткі разносіўся па падворку знаёмы, з хрыпатой голас, поўны пахвальбы, абяцанак, пагрозаў да апазіцыі, праклятых бэнээфаўцаў, якія пляжылі ўсе ягоныя планы ашчасьлівіць народ. Народ жа ў яго заўжды быў слаўны, шаноўны і гераічны, які заўжды рабіў правільны выбар і не памыляўся, — не памыляўся і цяпер, адзінадушна абраўшы самага мудрага кіраўніка. Аднак тое пераставала ўжо дзейнічаць на большасьць слухачоў, і калі яшчэ нешта натхняла іх, дык хіба паведамленьні пра чарговыя выкрыцьці ў органах улады, зьняцьці і нават пасадкі высокіх чыноў. Але не надоўга, бо жыцьцё ад таго не рабілася лягчэй, і тады зноў патрабавалася выкрываць ворагаў, шпіёнаў, вядомых эмігрантаў і некаторых дыпламатаў — агентаў ЦРУ. Суседзі ля гаражоў ужо не абмяркоўвалі палітыку самога, а толькі лаяліся. І нават цьвёрдакаменны камуніст Сазон Іванавіч і той пачаў бэсьціць самога, хаця гэта, мусіць, таму, што кампартыя раскалолася на дзьве, кожная з якіх усчала барацьбу з суперніцай. Цягавіты Плешка проста прымоўк, толькі паныла курыў, і калі аднойчы Ступак паспрабаваў пагутарыць з ім, махнуў рукой — то ваш клопат. Мне ўжо таго — ня шмат засталося…
Увесь час думаючы пра зброю і прыглядаючыся да людзей, знаёмых і выпадковых сустрэчных, Ступак цэлымі днямі швэндаўся па горадзе і калі-нікалі забрыдаў у цэнтр да рэзідэнцыі самога. Доўга стаяць там ці шпацыраваць навідавоку ў цывільных таптуноў ды міліцыянтаў было немагчыма, і ён дзелавым крокам, з заклапочаным выглядам тэпаў па адной ву¬ліцы, пасьля па другой, скоса пазіраючы за тым што рабілася каля палацу. Пад’ездаў там было некалькі і ўсюды тырчэла ахова — у міліцэйскай форме і ў камуфляжы; унутры таксама, мабыць, былі вартавыя, туды было не паткнуцца. Але ісьці непадалёк па вуліцы пакуль што не забаранялася, і Ступак усё меркаваў-думаў: як бы падлавіць пэўны момант…
Аднойчы ён, здаецца, натрапіў менавіта на такі момант. Хоць і быў з голымі рукамі, але што-нішто згледзеў, ідучы ад метро па вуліцы ўніз. Толькі мінуў сьветлафорны пераход, як пачуў рэзкі рух ззаду — то немаведама адкуль выскачылі адзін за адным аж тры аднолькава чорныя аўтамабілі замежных марак, порстка падкацілі да прыступкаў галоўнага пад’езду — адна бліжэй да дзьвярэй, іншыя — далей, мусіць, каб пры¬крыць першую ад вуліцы. З першых высыпаліся чалавек дзесяць у камуфляжы, з аўтаматамі і адразу разьбегліся абапал прыступкаў. Адначасна з апошняй машыны таропка выскачыў рослы чалавек у шэрым гарнітуры і між ахоўнікамі порсткім крокам шыбануў да дзьвярэй. Тыя нібы самі сабой расчыніліся і тут жа ляснулі ззаду за ім. Усё тое заняло некалькі секунд, за якія пешаход Ступак зрабіў усяго дзесяць крокаў.
Ён згледзеў ня шмат, аднак, то было досыць карыснае назіраньне, мабыць, кожны кілер нямала зразумеў бы з яго. Найперш тое, што ўсё трэба рабіць дужа хутка і нахабна, ня здрэйфіць у самы апошні момант, нават калі самому будзе не ўратавацца. Як ён ня здрэйфіў пад Кандагарам, калі іншыя здрэйфілі пад душманскімі кулямі. Затое ён атрымаў ордэн. Шкада, не ўдалося тады збочыць з дарогі, каб зірнуць на вынікі свае працы — хутчэй пагналі наперад. Па трафеі, як заўжды, завіталі тылавікі, якія, казалі, нямала там пажывіліся.
Адышоўшы на пару кварталаў ад рэзідэнцыі, ён зайшоў у магазін гародніны. Той быў завалены экзатычнай гароднінай — ад бананаў да авакадаў. Ён жа хацеў купіць агуркоў, ды агуркоў тут не прадавалі, і ён павярнуў назад. Толькі вышчаміўся з цесных дзьвярэй магазіна, як сутыкнуўся з мажным маладым мужчынам у моднай цяпер уніформе колеру травянога сьмецьця, з камандзірскай папругай на круглявым жываце. Ступак зірнуў у ягоны твар і аж схамянуўся: то быў Шпак, колішні яго афганскі знаёмец, з якім ён не спатыкаўся, можа, год восем.
— Ступак, прывітаньне!
— Прывет…
Яны саступілі трошкі ўбок, каб не замінаць прахожым, і Шпак пры¬трымаў у сваёй ягоную руку, тым даючы зразумець, што рады гэтай суст¬ўласным клопатам Ступак увогуле быў да яе абыяка¬вы — што яму колішні ягоны службовец, ці мала іх прайшло ля яго і забылася, не сустрэтых болей у жыцьці. Але, відаць, Шпак быў іншае думкі і не сьпяшаўся разьвітвацца.
— Гляджу, адразу і не пазнаў нават. Пахудзеў неяк…
— А ты, гляджу, паспраўнеў, — сказаў Ступак, пазіраючы ў цьвярды, сьвежа паголены твар Шпака. Свой твар ён не галіў, мабыць, з тыдзень.
— Дык як жывеш? Што робіш? Можа, прадпрымальнікам задзелаўся, бабкі зшыбаеш?
— Не, не задзелаўся. А ты? Ужо, мабыць, ня служыш? — пацікавіўся Ступак, павёўшы позіркам па яго новай ладнай уніформе, грубых чаравіках на тоўстай падэшве.
— Ведаеш, служу, — раптам сказаў Шпак.
— Во як! — шчыра зьдзівіўся Ступак. — У кагэбэ?
— Не, не ў кагэбэ. Бяры вышэй.
— Куды ўжо вышэй?
— А ёсьць куды. Слухай, а ты гэта… Які твой тэлефон? Трэба б сустрэцца, пагаварыць.
— Тэлефон? — прамовіў Ступак, адчуўшы пэўную няёмкасьць пры думцы пра тэлефон, да якога ён даўно не падступаўся. Але Шпак ужо расчыніў свой кейс і нарыхтаваўся запісваць у блакноце, і Ступак назваў свой ранейшы тэлефон, якім цяпер карысталася жонка.
— Я табе пазваню.
— Звані, калі хочаш.
Яны разьвіталіся, і Ступак пайшоў сабе далей, разважаючы, што ўсё ж д’ябал ці лёс сапраўды дзеляць няроўна. Нават іх, афганцаў, што выжылі ў той дзесяцігадовай вайне, быццам бы штось заслужылі, ды апынуліся ў надта розным становішчы. Ён, ардэнаносец Ступак, вярнуўся на сваю “паштовую скрынку”, як і раней, укалваць станочнікам, а гэты прапаршчык Шпак, што праседзеў два гады ў Кабульскай камендатуры, глядзі куды сігануў! Вышэй чым у КДБ. У ступаковым разуменьні вышэй, чым усемагутны КДБ, не магло быць нічога, ні ў войску, ні ў мірным жыцьці, дзе непадзельна і таемна верхаводзіў КДБ. Усё вайсковае і цывільнае начальства прызначалася толькі ім ці з ягонай згоды, абмінуць у жыцьці “органы” не было дадзена нікому. Значыць, прапаршчык каменданцкае роты Шпак быў ім болей прыдатны, чым прапаршчык дэсантнага батальёну Ступак, і кожны атрымаў паводле заслугаў. Такі вось іхні афганскі лёс. Ну але хай! Хутка стане вядома, хто чаго сапраўды варты, нявесела суцешыў сябе Ступак.
Ягоны клопат, аднак, упарта не адпускаў яго ад пэўных думак пра зброю. Ён яшчэ два разы хадзіў на базар, аднойчы прашвэндаўся там да закрыцьця і пасьля яшчэ пахадзіў па задворках, сярод прыезджых грузавікоў і легкавых машынаў; доўга стаяў ля піўнога ларка, для выгляду смакуючы піва. А сам слухаў, прыглядаўся. У аднаго каўказца нават папытаўся, нібы жартам, ці няма пушкі? Але той адразу ж спалохана шаснуў ад яго — бокам, бокам і далей. Можа, гэты гандляваў наркотай і, магчыма, прыняў яго за пераапранутага міліцыянта. Таксама было небясьпечна, каўказцы маглі і прышыць.
Вяртаўся з базару позна, як летняе сонца спаўзло за невысокія дахі хрушчовак і ўвесь падворак тануў у глухой засені. Ён ціха брыў да свайго гаражу, пазіраючы на колішнія свае вокны на пятым паверсе, дзе цяпер раскашавала ягоная жонка-банкірка. Злосьці на яе ў яго не было, хоць і не зьнікала застарэлая крыўда — яна там з генеральным дырэктарам, на мяккай тахце, з ваннай і халадзільнікам, а ён туліцца ў цесным гаражы, харчуецца абы як, за ўсё лета не памыўся нават пад душам. Ён уласнай крывёй заслужыў тую кватэру, а яна дарма карыстаецца ёю. Дзе справядлівасьць?
Яшчэ здаля згледзеў ля дзьвярэй свайго гаража дзяўчынку, дачку Ленку, якая раз-пораз стукала маленькім кулачком ў жалезныя дзьверы, нібы там хто зачыніўся. Калі ён падышоў, яна нават ня ўзрадавалася ад тае сустрэчы і, мабыць, каб хутчэй разьвітацца, сунула ў ягоныя рукі пакамечаную паперку.
— Дзядзя сказаў, каб пазваніў.
У паперцы былі шэсьць лічбаў тэлефону і ўсё. Ленка пабегла да маці, а ён стаяў, думаў: хто б гэта мог быць? Але тады прыпамятаў нядаўнюю сустрэчу са Шпаком — няйначай то ён. Значыць, штосьці прысьпічыла каменданцкаму прапаршчыку.
Каб пазваніць з аўтамату, патрэбна была магнітная картка, якой Ступак ня меў — не купляў прынцыпова, бо нікому званіць не зьбіраўся. А дадому ў сваю кватэру дачка не запрасіла, мусіць, так распарадзілася жонка. Што ж, пасьля ўсяго, што здарылася, ён туды і ня пойдзе. Ужо на зьмярканьні ля гаражу зьявіўся на сваім “Запарожцы” Аляксей, у якога Ступак пазычыў на дзесяць хвілінаў ягоную картку і выйшаў да аўтаматаў на вуліцу.
Ён прадчуваў правільна, то быў Шпак, які тут жа з уласьцівым для гэткіх людзей напорам абрынуў на яго цэлы паток словаў.
— Слухай, дзе ты прападаеш, ёсьць дзела, нада сустрэцца, я да цябе падскочу, скажы толькі, дзе ты жывеш, у якім раёне?
— А што такое?
— Не тэлефонны разгавор, трэба асабіста, куды пад’ехаць? Я зараз, праз дзесяць хвілінаў на машыне.
Ступак бяз жаднае ахвоты да тае сустрэчы назваў адрас, сказаў што будзе чакаць у двары.
I праўда, хвілінаў праз дваццаць з вуліцы на падворак жвава, нават ліха ўляцела вішнёвага колеру “Пежо-605”. З пярэдняга сядзеньня шафёра праз апушчанае шкло выглядвала ўсьмешыстая фізіяномія Шпака.
— Прывет! Ідзі, сядзем.
Ступак абышоў машыну і, лёгка расчыніўшы дзьверцу, апусьціўся на мяккае пярэдняе сядзеньне побач з шафёрам. На заднім хтось моўчкі сядзеў, не прамовіўшы да яго ніводнага слова. Мабыць, слухаў. Шпак быў усё ў тым жа камуфляжы, толькі з пагонамі — кароткімі міліцэйскімі пагончыкамі на апушчаных плячах, дзе слаба азначаліся па чатыры зоркі — тры разам і адна вышэй, як бы асобна. Тое падзівіла Ступака — калі пасьпеў? Дэмабілізаваліся разам прапаршчыкамі, а гэты, глядзі, ужо капітан. Капітан міліцыі. Чаму ж тады ён вышэй за КДБ?
Мусіць заўважыўшы недаўменьне на твары Ступака, Шпак тым частаў нічога тлумачыць, толькі павярнуўся ад руля і дабразычліва заўсьміхаўся.
— Ну, як жывеш, сябрук? Кажуць, бяз працы, ага?
— Хто кажа?
— Людзі кажуць.
Значыць, ужо ведае, падумаў Ступак, які таксама пачаў пра што-кольвечы здагадвацца. Найперш — з кім мае справу.
Пачалася доўгая напорыстая размова — і што, і дзе, і чым займаўся дагэтуль, пра заробкі і грошы, і як справы ў сям’і. Шпак пытаўся пра ўсё, а той, з задняга сядзеньня, усё маўчаў ды пільна, неяк нават адчужана слухаў. Ступак адказваў скупа, зусім не хацелася яму ва ўсім раскрывацца перад колішнім сябрам ды гэтым незнаёмым, і ён усё думаў: куды Шпак гне? Ужо ці не пранюхалі яны пра ягоны намер? Мабыць жа, не адна толькі цікаўнасьць была ў галаве сябра, нешта ж ён меў болей важнае.
Так яно і сталася. Скурыўшы па тры ці чатыры “Мальбара”, якімі гасьцінна частаваў, Шпак нарэшце прыступіў да галоўнага.
— Слухай, ёсьць прапанова паслужыць. Ты таго варты. А што — афганец, ветэран і так далей. Узнагароджаны баявым ордэнам за выкананьне інтэрнацыянальнага доўгу…
Далей Ступак слухаў кепска, з першых жа словаў ён быў агаломшаны — паслужыць? Каму? Але каму — можна было здагадацца. I тут у ягоную галаву шыбанула рызыковая думка: а што? Можа, і добра. Можа, гэта менавіта тое, што яму трэба.
— Дык гэта… Ладна.
— Во і добра! Лічы, папярэдне дамовіліся. А цяпер чакай, мы паклічам.
Давайце, клічце, зласьліва думаў Ступак, ідучы да свайго гаражу. Мабыць жа, дасьцё зброю, што мне і трэба. Залічайце ў АМАП.
Шэраг наступных дзён мінуў у напружаным, доўгім чаканьні. Звычайна Ступак сядзеў ці ляжаў у гаражы за прычыненымі дзьвярыма, праз шчыліну ўвесь час пазіраючы на падворак — ці не паявіцца там зноў Шпак. Мусіць жа, павінны быў паявіцца, паклікаць ці што сказаць. Пра які адмысловы спосаб зносінаў яны не дамаўляліся, і Ступак думаў, што будзе скарыстаны ранейшы. Аднак ішоў час, беглі дні і ночы, а Шпак не паяўляўся, і ніхто ад яго не паяўляўся таксама. Можа, яны там перадумалі, пачаў сумнявацца Ступак.
Ён ужо не хацеў, каб перадумвалі, ён пагадзіўся, наважыўся, бо зразумеў, што тое — найлепшы для яго варыянт. Можна сказаць, яму здорава пашэнціла, абы толькі ўдалося. Каб толькі не разьнюхалі пра ягоны ўдзел у шэсьці, у той летняй дэмакратычнай акцыі, ці як яна там у іх называецца. Але пакуль што пра тое не было ніякага знаку, і ён думаў: можа, і абыдзецца. Горш, што зусім канчаліся грошы, якія Ступак неяк міжволі перастаў эканоміць і пачаў выдаткоўваць тым болей, чым менш іх заставалася. Ён купіў ладную качалку каўбасы, памідораў, нават плас¬тыкавую пляшку алею і еў спадцішка з табурэткі ў гаражы. Думаў, купляць аўтамат, можа, не спатрэбіцца — дадуць казённы, і то будзе для яго эканомія, можна на харчы не скупіцца. Пад’есьці сёньня і заўтра. А далей будзе відаць.
Неяк у дажджлівы выхадны дзень ягоныя гаражнікі не паехалі на дачы, сышліся да сваіх “коней”, як казаў Плешка. Сазон Іванавіч меў маленькі аўтамабільны тэлевізар, які падключыў да акумулятара, і той зранку трашчэў і рыпеў розныя рокі і рэпы. Сазон лаяў іх, але слухаў, можа таму, што іншага не перадавалі. Але вось загучаў дужа знаёмы голас, і Ступак выйшаў са свайго гаражу.
На багажніку Сазонавай “Волгі” мільгаў бляклы экранчык, на якім тапырыліся знаёмыя вусы самога, які то працінаў ястрабіным позіркам, калі казаў пра “вшывых блох” прадпрымальнікаў, то адорваў усіх усьмешыстай лагодай, як упамінаў самаадданых “тружаніц-жэншчын” або патрыятычную моладзь, што нібыта ішла гужом у свой нядаўна створаны лукамол. Пасьля ягоны голас і зусім перайшоў на выбачальны тон. Ступак прыслухаўся: то ўжо было цікава. Аказваецца, два журналісты з Расеі перайшлі мяжу — туды і назад, і цяпер сядзяць у турме. Сам разводзіў рукамі: ён бы і хацеў іх выпусьціць, ды ня мае права, усё павінны вырашыць суд; ён жа ня можа ўмешвацца ў справы правасуддзя. Такі бяспраўны начальнік…
— Берии, Ежова на них нет! — абураўся Сазон, што на нізкім услончыку перабіраў падшыпнік. Плешка таксама падышоў ад свайго гаражу і дабрадушна зазначыў:
— А й на Берыю з Яжовым знайшлася ўправа.
То быў пэўны намёк, Сазон рэзка азірнуўся на суседа — ён быў абураны.
— Управа! А порядок был. Через границу как зайцы не бегали. Граница была на замке. А этим дали волю…
Тут усе ведалі, што Сазон быў з чэкістаў, гадоў з трыццаць праслужыў на мяжы, і гаражнікі, асабліва нябожчык Аляксееў дзед, клікалі яго Карацупам. Пасьля перасталі, як дазналіся, што ён разам з іншымі быў прыроўнены да ўдзельнікаў ВАВ (Вялікай айчыннай вайны). Раней і Ступак яму штось адказаў бы, але не цяпер: ён ня мог раскрывацца да часу. Тым болей, калі ў яго пачалася гэтая гульня.
— Але ж то рускія журналісты, — вёў сваё Плешка. — Дык як жа ты супроць рускіх?
— Я против националистов!
— Беларускіх? Ці і рускіх таксама?
Сазон на тое не адказаў нічога, толькі прабурчэў нешта. Мабыць, тое пытаньне было надта складанае для просталінейнага і катэгарычнага памежніка, ушчэнт рускага па нацыянальнасьці.
Нарэшце грошы ў Ступака і зусім скончыліся, ён даеў у гаражы засохлы акраец хлеба і галадаў зранку. Пазычыць ужо не было ў каго, Плешку ён і без таго быў вінаваты дваццаць пяць тысячаў, Сазону, праўда, менш, але цяпер да Сазона ён не хацеў зьвяртацца. Заставалася па¬прасіць у маладога Аляксея, і Ступак зранку чакаў яго ў гаражы. Ды Аляксей штось не паяўляўся, можа куды зьехаў, думаў Ступак. Адлучыцца куды ў горад ён не адважваўся, чакаў, што павінен жа прыехацьшто павінен жа прыехаць да яго Шпак. Так і сядзеў да вечару галодны і дужа злосны — на сябе, на жыцьцё, на ўвесь белы сьвет.
На другі дзень, аднак, замест Аляксея ля гаражу паявілася Аляксеева жонка, худзенькая маленькая чарнушка, з малым сынком. Яна выглядала заплаканай і скупа паведаміла скрушную навіну:
— Алёшу зарыштавалі.
— Завошта?
— Ну, прыслалі павестку з пракуратуры, што выклікаюць як сьведку. Наконт таго мітынгу. Ён пайшоў і прапаў. Аказваецца, у пракуратуры і арыштавалі. Што цяпер рабіць? — сумна пыталася жонка.
Малы задуменна церабіў падол яе кароценькай, па модзе, сукенкі.
— Пусть не путается с бэнээфовцами, — сурово зазначыў Сазон.
— Нічога, ня плач, — суцяшаў Плешка. — У Хельсінскі камітэт трэба. Там добрая адвакатка ёсьць.
Ступак не сказаў нічога і, каб не цьвяліць душу, адышоўся ў цёмны кут свайго гаражу. Ён адчуваў, што ніхто ёй не паможа — ні Хельсінскі камітэт, ні адвакатка, ні нават сто адвакатаў: і суд, і закон былі ў ягоных руках, і ён сваю палітыку вёў, як хацеў, — напралом праз закон і права, па лёсах людзей, таптаў канстытуцыю і ўсе міжнародныя пагадненьні. Мабыць, зважыць ён толькі на сілу. Але дзе яна была, тая сіла? Дзе і адкуль было яе ўзяць? Цёмны забіты народ толькі і ведае глядзець у яго хітра-блатняцкія вочы і падтрымліваць, што ён ні скажа. Варта каму з замежжа заступіцца за бязьвінныя ахвяры, памагчы грашыма, як тут жа — разьюшаны вэрхал у газетах і на тэлебачаньні — змова, прошукі ЦРУ, прасоўваньне НАТА на ўсход. Недзе варушыцца жменька апазіцыі, самыя адважныя з якой ідуць на злом галавы, нявечаць жыцьцё сабе і сямейнікам. На што спадзявацца?
Можа, аднак, праз месяц пасьля шпаковага прыезду ўсё вакол Ступака раптам зьмянілася, — забурліла, замітусілася, бы на пажары. Уранку, толькі ён пагаліўся перад кавалкам люстэрка, дужа забразгала гаражнай засаўкай жонка, якую паднялі з ложку. Ступак адчыніў дзьверы, і ўбачыў яе ў файным хатнім халаце, побач стаялі два ў камуфляжы, а ззаду чарнелася ўрадавая “волга”. Яго пасадзілі на задняе сядзеньне і моўчкі павезьлі кудысь па горадзе, затым — у загараддзе. Пасьля паволі між нейкіх дачных забудовак па лесе ці цераз парк, пад’ехалі да нейкага асабняку з калонамі. У Ступака ажно непрыемна заныла пад грудзямі – куды гэта яго? Ужо ці не пранюхалі што? Але, мабыць, яшчэ не пранюхалі, хоць па хмурых тварах яго спадарожнікаў і тых нямногіх, што траплялі насустрач, нічога нельга было заўважыць — так умелі хаваць усё ў сабе. Ці, можа, у іх не было нічога, — падумаў Ступак. Затое сыты, як і ў Шпака, твар нестарога яшчэ палкоўніка, да якога нарэшце яго прывялі, сьвяціўся лагодай і прыязнасьцю.
— Сядайце, таварыш прапаршчык, Ступак, здаецца? — папытаўся палкоўнік і для пэўнасьці зірнуў у паперку на стале. — Дык як жывяцё? Як здароўе?
— Нічога, — стрымана адказаў Ступак. Ён ужо ведаў, што гэтыя заўж¬ды так пачынаюць гаворку — пра жыцьцё і здароўе, быццам тое іх дужа хвалюе.
Гаворка, аднак, выдалася доўгая — пра жыцьцё і пра палітыку, унутраную і зьнешнюю, камуністаў і дэмакратаў. Відаць па ўсім, палкоўнік быў чалавек гаваркі і меў процьму часу. Ступак болей слухаў, і калі палкоўнік пытаўся, сьціпла адказваў: так або не. Мусіць, яго суразмоўніка тое задавальняла. Як можна было зразумець, яго найбольш клапаціла стаўленьне Ступака да апазіцыі, якая “шалёна ірвецца да ўлады”. А таксама той факт, што “НАТА апантана прасоўваецца на ўсход”. Ступак нешта мармытаў у адказ, што мала разумеў сам, але думаў: “У труне я хацеў бачыць тое НАТА разам з табой”. Аднак услых не сказаў нічога, нават трохі пабойваўся, каб палкоўнік не адгадаў яго крамольнае думкі. Мабыць, аднак, не адгадаў, бо ў той час натхнёна апавядаў, як важна супрацьстаяць агрэсіі заходняга капіталу і ратаваць бацькаўшчыну. Што ён разумеў пад тым словам — Беларусь, СНД ці ранейшы СССР, засталося невядома.
Далей Ступак паўдня праседзеў у асобным кабінеце — запаўняў анкеты. Гэтых было тры ці чатыры адразу, на некалькіх старонках, і ён аж спацеў, падрабязна адказваючы на дзясяткі пытаньняў — ад першага, пра імя, прозьвішча і імя па бацьку да імёнаў бацькоў, месца іх нара¬джэньня і сьмерці (дзе і калі памерлі, месцы пахаваньня і нумары магілаў). Жывога бацьку Ступак падрабязна атэставаў як партызана і ўзнагароджанага, а маці… Яна памерла, калі ён быў у Афгане. Сястра Алена жыла пад Масквой, ды ён ня ведаў дзе, у якім горадзе (ні то ў Жукоўску, ні то ў Чарняхоўску) і думаў, як лепш напісаць? Ці калі ня ведаеш, дык не пісаць нічога? Але тады могуць прыдрацца, што ўтаіў. I ён напісаў першае, што прыйшло ў галаву: горад Зеленагорск, вуліца Касманаўтаў, 10, кв. 20.
Пасьля ў іншым кабінеце афармляў падпіску аб строгай сакрэтнасьці — гэта ўжо было, як ён здагадаўся, па лініі бясьпекі. Хоць і прымаў яе лысаваты чалавек у модным двухбортным пінжаку з дужа акуратна завязаным гальштукам, важнасьці было нават больш, чым у кабінеце палкоўніка. Неяк вельмі стрымана, нібы выпрабоўваючы ягоную рэакцыю, чалавек вымавіў яму ў твар адно толькі слова “Музыкант”, і Ступак зразумеў усё. Некалі гэтую мянушку прыляпілі да яго таксама ў дужа сакрэтным аддзеле перад адпраўкай у Афган. З тае пары, праўда, ніхто яму пра яе не напамінаў, і ён ужо думаў: забыліся. Аж не, не забыліся. Зрэшты, цяпер ад яго нічога не патрабавалася, а гуляць з імі ў тыя сакрэтныя гулі ўвогуле было няцяжка, хай пацешацца. I ён усё падпісаў.
Мусіць, да паўдня, аднак, усе паперы былі аформленыя, якія забрала ў яго прыгожая, у міліцэйскай форме дзяўчына з дужа суровым позіркам і дзьвюма зоркамі на пагонах. У апошні момант ён нават падміргнуў ёй, ды тая не павяла і брывом, склала ягоныя паперы ў шыкоўную зялёную папку і замкнула ў шэры сейф у кутку. Значыць, будзе захоўвацца вечна і сакрэтна, падумаў Ступак. Пасьля ўжо іншы, белабрысы міліцэйскі сяржант павёз яго кудысьці ў горад. Спакваля Ступак пачаў пазнавацьМУС. “Гэта навошта?” — спытаў Ступак. “А медкамісія! — проста і дабразычліва адказаў белабрысы шафёр і хіхікнуў: — Праверка на СНІД”.
Тое ўжо мала Ступаку падабалася, хутчэй — не падабалася зусім. На якога д’ябла! — думаў ён, губляючы трываньне ад гэтага падрабязнага дасьледваньня ягонай асобы. Што ён ім будзе служыць? У яго іншая мэта, яму б толькі дапяцца да зброі. Мабыць жа, дадуць якога “Сьцечкіна” ці “Калашнікава”, і ён падловіць момант. Ягонае здароўе яго мала цікавіла, хай не цікавіць яно і гэтых.
Але гэтых якраз дужа цікавіла. Да цямна яго вадзілі з кабінету ў кабінет, з паверху на паверх, — слухалі, мацалі, вымервалі на апаратуры, высьвечвалі ягоныя вантробы на мільготкіх маніторах. Але ўсё было ў норме, ціск жа, сказалі, бы ў юнака, і яго пахвалілі. “Алкаголь ужываеце? — папытаўся строгі доктар, на плячах пад халатам якога мулялі цьвярдыя пагоны. Ступак з наіўным выглядам пакруціў галавой: “Ну што вы!” Трохі затрымаў на ім свой пранізьлівы позірк хірург, як убачыў сіняватую адмеціну на плячы. “Што — агнястрэльная?” — “Афган”, — коратка адказаў Ступак. “А то — ушыб?” – даволі груба памацаў ён сьлед ад нядаўняй амапаўскай палкі. “Упаў…” — “Па п’янцы?” — ухмыльнуўся доктар, штось разумеючы. Ступак тое пакінуў без адказу — здаецца, яны і так паразумеліся. Далей была кардыяграма з правадамі, якія аблыталі ягоныя рукі і ногі, акуліст са сваёй табліцай на сьцяне і ў канцы дзіўнаватая гаворка з псіхіятарам. Адзінае, што з яе запомніў Ступак, былі прыдзірлівыя пытаньні пра выпіўку і наркоту. I тое, і іншае Ступак рашуча адмаўляў, сказаў, што ніколі ні-ні, успамінаючы пры тым, як у тым жа Афгане, і неаднойчы, яны добра-такі кайфавалі анашой. Шкада, пасьля кінуў. Каб ня кінуў, можа б, лепей было, нечакана падумаў ён, седзячы перад хітраванам-псіхіятарам. Здаецца, стан ягонага здароўя іх задаволіў. Яго тым болей.
Да свайго гаражу ён прыплёўся, калі ўжо сьцямнела, побач на падворку ўгары сьвяціўся ліхтар, сьвяціліся вокны ў хрушчоўках. Ведаў, цяпер там усе ўтаропіліся ў свае зіхоткія скрынкі — хто на музычныя шоу, крывуляк-танцуляк са шнурамі ў руках, а болей, мусіць, на чарговы нумар самога. Амаль кожны вечар той выступаў са сваім гіпнозам — то пагрозьліва-строга, калі гаварыў пра апазіцыю, якая мае ад ЦРУ заданьне яго зьнішчыць, то шчодра адорваючы ўсіх белазубай усьмешкай з-пад шыкоўных вусоў, калі зьвяртаўся да гледачоў. Асабліва глядачак, якіх ён часьцяком на прамілы Бог прасіў падтрымаць яго ў сьвятой барацьбе за дабрабыт народу. Слухаючы яго лісьлівыя звароты, жанчыны былі гатовыя на што хочаш, — з такімі просьбамі да іх ніхто раней не зьвяртаўся. Тым болей з вялікіх начальнікаў, не памінаючы ўжо ўласных мужоў, якія даўно не прызнавалі нічога ў жыцьці, апроч бутэлькі. Мужчыны не любілі палітыку, якая цікавіла іх усё меней, чым горш жылося. Затое яна ўсё болей захапляла жанчын, асабліва з тае прычыны, што ў ёй верхаводзіў ён — такі выбітны, прывабны, амаль нежанаты, які ўвасабляў недасяжныя жаночыя мары аб мужчыне-кавалеру, мужчыне-лідэру. I тым вабіў.
Ну, але засталося нядоўга.
Так думаў Ступак, зласьліва чакаючы, калі яго паклічуць зноў. Павін¬ны ж урэшце паклікаць, ён ужо прагнуў таго. Хоць бы таму, што ежы не было зусім, два дні таму пазычыў пару тысячаў у былога суседа па кватэры, якога падпільнаваў у двары. Перш чым выняць яму паперку, сусед добра паплакаўся, наракаючы на жыцьцё, малую пенсію, лайдачку дачку, якая ня хоча працаваць і звыкла жыць на ягоную пенсію. Ступак суцешыў яго, што хутка атрымае зарплату і разьлічыцца. І апусьціў долу вочы, бо глядзець на старога было няёмка.
На гэты раз да яго завітаў сам Шпак, на тым самым вішнёвага колеру “Пежо”, у камуфляжы, але ўжо з пагонамі маёра на шырокіх плячах. “Хутка, аднак, у іх растуць кадры!” — з нечаканай зайздрасьцю падумаў Ступак, сядаючы поруч з колішнім калегам-прапаршчыкам. Гэты маёр пачаў распавядаць яму, як шмат даводзіцца працаваць (работа ж не нармаваная), як тлумна і небясьпечна, хоць ганарова і адказна. “А зарплата як?” — стрымана папытаўся Ступак пра тое, што яго цяпер найболей цікавіла. “Зарплата нішто. Табе такой і ня сьнілася, — сказаў Шпак. — Напачатку тры мільёны, ну пад’ёмныя і так далей. Не пашкадуеш”.
Ступак унутрана парадаваўся, хоць і не падаў знаку, ды папраўдзе і слаба паверыў, прыпамятаўшы дацэнта Мінкевіча з яго шасьцюдзесяцьцю мільёнамі. Можа, маёр Шпак і атрымлівае тры мільёны, а ён жа прапаршчык…
— Пакуль будзеш жыць у афіцэрскай гасьцініцы. А там пабачым, — сказаў Шпак, як яны пад’ехалі да чарговай бетоннай сьцяны з прахадной і шлагбаўмам.
Тут, аднак, аказалася амапаўская база ці што. Некалькі гадзінаў Ступак з такімі, як сам, навічкамі, маладымі хлопцамі са сьвежымі ружовымі тварамі, абмундзіроўваўся на забітым скрынкамі ды цюкамі рэчавым складзе. Яму выдалі цэлую кучу абмундзіроўкі — зялёную і стракатую, колеру сьмецьця, сьвяточную і паўсядзённую, моцныя грубыя чаравікі, пілотку і берэт, цёплую куртку і цяльняшкі — аж тры штукі. I нават добры шкумат бязі — на каўнерыкі. Як у войску. Толькі ў войску так шмат ніколі не давалі, эканомілі. Хлопцам, што пераапраналіся з ім разам, дужа спадабаліся дзягі. “Афіцэрскія”, — з захапленьнем сказаў адзін, трохі старэйшы за астатніх. Дзягі сапраўды былі адмысловыя, з таўстой, прашытай скуры пры ладных спражках, ня тое што з металічнымі бляхамі ў войску. Ступак пераапрануўся ў новае, са сьвежым прыемным пахам; свае сьмярдзючыя трусы, азірнуўшыся, піхнуў у бляшаную урну, і яго павялі цераз падворак у афіцэрскую гасьцініцу.
Першы раз за лета ён з асалодай распрастаўся на чыстай новай прасьціне, уладкаваў схуднелыя плечы на ладнай падушцы. Заўтра сказалі падстрыгчыся, — хай, ён падстрыжэцца. I яшчэ, сказалі, вусы можна не збрываць, тут паважаюць вусатых. Другі ложак у пакоі быў акуратна засланы, мабыць, кагосьці чакаў. Можа, таксама новенькага.
Служба пашыралася, камплектавалася, дасканалілася, — як і мае быць пры моцнай уладзе. Цікава было Ступаку другі раз перажываць тое, што ўжо было перажыта ў яго вайсковым юнацтве, у Афгане і пасьля.
Дэмабілізаваўшыся сем гадоў таму, думаў, што перажытое ніколі ўжо не паўторыцца. Аж во, абяцала паўтарыцца, хоць і на іншым вітку жыцьця.
Але дужа падобным. Як да таго трэба паставіцца, часам ён пераставаў разумець. Адно адчуваў, што будзе сыты, дагледжаны, а там… А там пабачым, як яно будзе, думаў Ступак.
Збылося амаль так, як ён меркаваў. Назаўтра ён добра пасьнедаў на першым паверсе ў амапаўскай сталоўцы, зьеў пару катлетаў з гарнірам макаронную запяканку, выпіў шклянку ражанкі і яшчэ — салодкай гарбаты. Бы на курорце ці ў доме адпачынку. Навакол з куды меншым, чым у яго, апетытам сьнедалі за сталамі іншыя амапаўцы, маладыя хлопцы з сяржанцкімі пагонамі на плячах. У яго пагонаў яшчэ не было, і ён трохі турбаваўся з тае прычыны. Усё ж у войску ці ў міліцыі ўсе павінны былі мець пагоны, якія і вырашалі статус кожнага. Без пагонаў ты ніхто. Проста цывільны чалавек — ня болей.
Той і наступныя два дні былі заняткі — у класах і на плацы, як некалі ў войску. Хіба што, апроч тэорыі, іх вучылі нейкай дзівоснай практыцы — як адбіваць напады дэманстрантаў, нападаць самім, строіцца і перастройвацца ў шчыльныя шэрагі. Вывучалі таксама ўласьцівасьці розных сьлезацечных і баявых газаў — у балончыках, дымавых шашках, гранатах. У праграме таксама значыліся найноўшыя сакрэтныя сродкі барацьбы з тэрарыстамі, экстрэмістамі і радыкаламі. Ступак слухаў усё ня надта ўважна, бы ў сьне; будова і ўласьцівасьці хімічных сродкаў яго ня дужа цікавілі, яго цікавіла зброя. Але пра зброю чамусьці гаворкі пакуль не было.
Пасьля ён зразумеў, чаму не было.
Мабыць, усе гэтыя хлопцы-амапаўцы, хто раней, хто пазьней, служылі ў войску і вайсковую зброю ведалі, стралялі ня раз з АК і кулямётаў — то не было для іх навіной. Ім жа тут рыхтавалі нейкую навіну, і яны чакалі яе.
Але аднойчы, яшчэ бяззбройных, іх паднялі па трывозе на золку, загадалі разабраць баявое снаражэньне — белыя шчыты, шлемы, надзець цяжкія бронекамізэлькі, пабраць палкі і — хутчэй на пасадку ў “Камазы”. Яшчэ цалкам не разьвіднела, яны кудысь ехалі, спыняліся, паварочвалі назад, бы стараючыся заблытаць ворага, і толькі гадзінаў у дзесяць выгрузіліся каля рэзідэнцыі самога. Тут ужо быў маёр Шпак, куча іншых маёраў ды палкоўнікаў; амапаўцаў выстраілі ў тры шэрагі ўпоперак вуліцы — якраз, як тады, улетку, калі ён трапіў у перадзелку. Як бы ня трапіць зноў, засьцярожліва падумаў Ступак, апынуўшыся ў пярэднім шэрагу. Як і ўсе, ён стаяў плячо да пляча з суседзямі, маладымі хлопцамі, трымаючы ля ног лёгкі дзюралевы шчыт, з гумовым “дэмакратызатарам” у правай руцэ. Рука і плячо амаль перасталі балець, і ён, каб упэўніцца ў тым, трохі памахаў над сабой палкай і сьцішыўся. Нейкі час на вуліцы было амаль пуста, рух транспарту спыніўся, прасьпект перакрылі з абодвух бакоў. Увогуле навакол было спакойна і ціха, калі б не трывожная ўзьвінчанасьць начальства, якое, бы ўгарэлае, насілася перад амапаўцамі; некаторыя бегалі да чорнай “волгі”, што прытулілася да будынку ззаду. Усе чакалі.
Гадзіны пасьля дзясятай здаля на вуліцы паявіліся дэманстранты. Сьпярша сталі відаць над іх галовамі бел-чырвона-белыя сьцягі на высокіх лёгкіх шастках, плакаты; пасьля — і пярэднія шэрагі з маладых мужчынаў і дзяўчатаў, што з песьнямі нетаропка ішлі па прасьпекце. Некаторыя вялі за рукі дзяцей. Ступак спрабаваў зразумець, колькі іх там было, вызначыць хоць прыблізна, ды ня здолеў. Было надта шмат. Тысячы. Згледзеўшы перашкоду ўпоперак прасьпекту, дэманстранты жвавей замахалі сьцягамі, данесьліся крыкі “Ганьба!”, “Здраднікі!”, “Гестапа!” Хтосьці з начальства вёртка крутануўся перад шэрагамі. “Яны нас абражаюць!” — прарэзьлівым голасам крыкнуў да амапаўцаў. Ступак унутрана хмыкнуў, пераборваючы, аднак, лёгкі страхаві¬ты подых з прасьпекту. Усё ж рабілася ніякавата. Мусіць, стычкі ім не пазьбегнуць, як бы ня сталася горш, чым улетку. У той час ззаду прагучала каманда, усе ў шэрагу апусьцілі на твары празрыстыя ахоўныя казыркі — падрыхтаваліся. Дэманстранты тым часам падышлі бліжэй, добра сталі відаць пярэднія — маладыя мужчыны, хлопцы і дзяўчаты, што, пабраўшыся за рукі, як і раней, нясьпешна падыходзілі ўсё бліжэй. На самай сярэдзіне калоны пад вялізным крыжастым штандарам крочыў высокі хударлявы чалавек з лысаватай галавой і туга сьцятымі пашчэнкамі. То быў знакаміты Зянон, яго Ступак неяк бачыў вясной на мітынгу. Калі яны падышлі яшчэ бліжэй, ззаду за АМАПАм зноў гыркнула каманда, і ўсе тры амапаўскія шэрагі ўзарваліся жалезным грукатам, які заглушыў усю вуліцу. Ступак разам з усімі шалёна лупіў па шчыце гумоваю палкай і ўнутрана пасьміхаўся з дэманстрантаў. Спалохаліся ці не, было невядома, але, падышоўшы яшчэ бліжэй, шэсьце спынілася. Наперад з мегафонам у руках выйшаў Зянон.
— Спадары паліцыянты! — магутна прагучала з мегафону і тут жа заглохла ў яшчэ болей шалёным грукаце АМАПу.
Так лідэр БНФ некалькі разоў спрабаваў зьвярнуцца да АМАПу, ды той не хацеў яго слухаць. Тады з нястройных пярэдніх шэрагаў дэманстрантаў, на якія напіралі заднія, пачалі выскокваць асобныя людзі, маладыя хлопцы, махаючы рукамі, спрабавалі нешта даводзіць амапаўцам. Зянон кінуўся да іх, каб спыніць і вярнуць назад у шэрагі, якія ўжо зьмяшаліся ў стракаты крыклівы натоўп, што пераставаў каму-небудзь падпарадкоўвацца. Заднія напіралі на пярэдніх, некаторыя на правым фланзе ўжо сутыкнуліся з амапаўцамі. Пачуліся крыкі, праз момант шэрагі дэманстрантаў зусім разбурыліся, іхні фланг перамяшаўся з амапаўскім. Грукат палкамі па шчытах неяк паволі спыніўся — усчынаўся стыхійны гвалт. Туды, налева, кінуліся начальнікі з мегафонамі, загучалі іхнія пагрозьлівыя каманды і лаянка. Там жа Ступак неўзабаве згледзеў крутаплечую постаць Шпака, які таксама шчыраваў — крычаў, камандаваў, пагражаў. Некалькі хлопцаў з плакатамі і сьцягамі амапаўцы захапілі ў свой ланцуг, але тады дэманстранты пачалі іх лупіць тым, што трымалі ў руках. Амапаўцы не саступалі, хоць і стараліся трымаць сваё месца, каб ня зрушыць строй. Але тое кепска ім удавалася — у некалькіх месцах шэрагі скрывіліся, група амапаўцаў сама апынулася ў атачэньні дэманстрантаў. Некалькі дэманстрантаў, адлучаных ад асноўнай масы, амапаўцы ціснулі да сьцяны будынку, а тыя не здаваліся. На сярэ¬дзіну шэрагугам шаснуў над ім, мусіць цаляючы ў задняга за ім амапаўца. Выпусьціўшы палку, Ступак ухапіў рукой за лёгкую палатніну сьцяга і рвануў уніз, тканіна адарвалася на палову ад дрэўка. Другім рыўком ён адарваў яе ўсю і ўхапіў сваю палку.
Стычка далей, аднак, не пайшла, мусіць Зянон дакрычаўся ўрэшце да сваіх хлопцаў, і тыя спакваля адхлынулі. Некалькіх усё ж ухапілі мілі¬цыянты і амапаўцы. Астатнія адышліся, пачалі паварочваць па прасьпекце назад, — здаецца, яны мянялі маршрут руху на іншы. Амапаўцы, пастаяўшы трохі, сышліся па камандзе ў гурт і, перакурыўшы, пасядалі ў свае “камазы”. Ступак патроху стаў спакайнець, яўная небясьпека мінулася, але на душы было амаль што паскудна. Было такое адчуваньне, што ён улез не туды. Хаця што ён зрабіў — толькі пастаяў у страі. Нават нікога ня выцяў ні разу.
Праз дзень, аднак, тое пачуцьцё мінулася. Ён атрымаў пад’ёмныя — аж дзевяць мільёнаў “зайцоў” і перад строем — пагоны з дзьвюма зоркамі — стаў лейтэнантам. Палкоўнік, начальнік штаба, аб’явіў яму па¬дзяку за “ўзорныя дзеяньні па адбіцьці нападу экстрэмістаў” і сказаў, што лейтэнант Ступак будзе камандваць узводам. Што ж, узвод — справа няхітрая, ён у Афгане ўжо камандаваў узводам, хоць тады быў яшчэ старшы сяржант. Пачуваючы, як ва ўнутраных кішэнях муляла па дзьве тугія пачкі купюраў, зласьліва падумаў пра жонку, якая наўрад ці дачакалася такога набытку ад свайго гендырэктара. А ён во, займеў! Тады ж падумаў, што, мабыць, дарма прадаў гараж, які вельмі нават можа спа¬т¬рэбіцца. Хоць зусім не прадаў, а задатак як-небудзь верне. Калі да таго часу Валынец ня сядзе ў турму. Ці яго не падстрэляць у пад’езьдзе. Шкада, але што ж, значыцца, такі яго лёс. У кожнага свой лёс. Пра свой прывязьлівы страхавіты намер ён успамінаў усё радзей, таго вымагалі што¬дзённыя клопаты. Зноў жа зброі ім усё не давалі, выпрабоўвалі ці што?
Ну і чорт з імі, думаў Ступак, што яму зброя? Ці ён не настраляўся ў Афгане? Ён ужо пачаў думаць, каб яе не давалі як мага даўжэй, хоць бы месяцы два, каб ён параскашаваў на міліцэйскіх харчах, адляжаўся на белых прасьцінах. А то яшчэ і прыдбаў кватэру. На вечаровай бяседзе з асабовым складам палкоўнік сказаў, што афіцэрам дадуць кватэры ці палепшаць старыя — будуецца дом у прэстыжным раёне, блізка ад станцыі метро. Нехта спытаў: дык то ж для творчай інтэлігенцыі, як пісалі ў газетах. На тое палкоўнік адказаў: так, для творчай інтэлігенцыі. Дзесяць кватэр пісьменьнікам, а трыццаць пяць нам. Мы ў большай павазе, чым п’янтосы-пісьменьнікі, якія наскрозь бэнээфаўцы. Што ж, займець сваю кватэру бяз гэтай свалаты Людкі было дужа зманліва, думаў Ступак. Каб яшчэ і прыдбаць іншамарку, такую, як у Шпака. А што, ці ён не заслужыў? Хоць у Афгане.
Па вечарах у чырвоным кутку, як у іх называлася вялікая вуглавая зала, працаваў тэлевізар, перад якім, звычайна, сядзелі амапаўцы. Збольшага цікавіліся маскоўскімі шоу, сьпевакамі, сьпявачкамі, менш навінамі спорту. Але ў пэўны час тэлевізар пераключалі на мясцовы канал, і тады ўсе сьціхалі, глядзелі і слухалі самога. Ступак слухаў таксама, і надзіва цяпер і выступ, і жэсты, і аблічча самога не выклікала ў яго ранейшага зласьлівага пачуцьця, хіба адно — абыякавасьць. Пра свой ранейшы намер ён стараўся ня думаць, няпэўна казаў сабе ў думках: пабачым. Пажывем, пабачым, як яно будзе.
Неяк у выходны ён рашыў завітаць на сваю хрушчоўку. Трэба было забраць партбілет (сказалі, што будзе добра, калі ён адновіцца ў кампартыі. У якой з дзьвюх — то яго асабістая справа). А галоўнае, яму трэба быў ордэн, які валяўся дзесь у жончынай шафе. Добра, жонкі не было дома, была толькі дачка, яна паказала шафу, што цяпер стаяла ў прыхожай, а ўся гасьцёўня была цесна застаўленая новымі столікамі і крэсламі ад шыкоўнага нямецкага гарнітуру. Дачка без вялікай радасьці ад спатканьня з бацькам пахвалілася, што маці — ужо дырэктар банку. Ступак ціха пазайздросьціў жонцы, — значыць, ня ўсім кепска, ёсьць людзі, якім і цяпер шанцуе. Доўга не затрымліваючыся ў кватэры, ён знайшоў усё, што трэба было, і, выйшаўшы з пад’езду, павярнуў да гаражоў пад ліпамі. Тут яго першым згледзеў сівагаловы Сазон, дужа зьдзівіўся ягонай уні¬форме. Пазяхаючы бяззубым ротам, усё аглядаў яго з галавы да ног і захапляўся:
— Вот и я когда-то… Такой молодой, подтянутый…
Вылез з-пад свайго “запарожца” Плешка, стрымана павітаўся.
— Глядзі ты — лейтэнант міліцыі! А нам і не сказаў нічога, усё ў сакрэце. I колькі плоцяць?
Ступак яму не адказаў, сапраўды, хай будзе ў сакрэце. Зноў жа, пра тое ён нядаўна даваў падпіску, — ня мог прыпамятаць, каторую за нядоўгі час. Значыць, трэба было маўчаць.
— А дзе Аляксей? — папытаўся ён, згледзеўшы два замкі на жалезных дзьвярах былога суседа.
— Гэ, Аляксей! Аляксей зьехаў, — сказаў Плешка.
— Куды зьехаў?
— Нам не сказаў. У Нямеччыну ці далей. Можа, у Ізраіль.
— Як у Ізраіль? — зьдзівіўся Ступак, — Ён жа беларус.
— Он-то белорус. А вот жена — довольно сомнительных кровей, — туманна растлумачыў Сазон.
Ступак прамаўчаў. Яму было шкада Аляксея, які колісь яго ўратаваў. Каб на паўхвіліны пазьней — яго б ужо не было тут. Ні тут, ні ў АМАПе, падумаў Ступак. I гэтыя дзядкі не дзівіліся б з яго камуфляжу. Зрэшты, можа і добра Аляксею. Каб у яго, Ступака, жонка была не беларуска, ён бы таксама зьехаў. У Ізраіль ці хоць да д’ябла. А так во трапіў на службу, прадаў д’яблу душу.
Але, можа, так яшчэ і лепей.
Таго ж дня ўвечары, толькі ён вярнуўся з гораду, як дзяжурны сказаў, што яго выклікае падпалкоўнік Шпак. Ступак трохі падзівіўся: чаму падпалкоўнік? Нядаўна яшчэ быў маёр, а цяпер падпалкоўнік, ці не наблытаў дзяжурны? Але не наблытаў. У штабе яго сапраўды чакаў колішні калега, у якога цяпер на пагонах блішчэлі дзьве вялікія зоркі, — Лейтэнант Ступак, загадана забраць рэчы і да штаба. Праз паўга¬дзіны ад’езд.
— Куды? — вырвалася ў Ступака.
— Да іншага месца службы.
Вось табе і на — ужо і да іншага. Трэба было зьдзівіцца, але Ступак перастаў ужо тут зьдзіўляцца. Афіцэры абступілі Шпака, а ён пайшоў у гасьцініцу, сабраў сваё небагатае майно. Праз паўгадзіны яго ўжо везьлі ў закрытым “Урале” кудысь за горад. У кузаве побач сядзелі яшчэ тры чалавекі — усе з іхняга АМАПу. Але яны былі мала знаёмыя Ступаку, і ён маўчаў. Неўзабаве, аднак, машына спынілася, яны вылезьлі. Вакол у вечаровым прыцемку стаялі высачэзныя хвоі, і пад імі мясьціліся шырокія нізкія будыніны — дачы. То была, як ён здагадаўся, старая ўрадавая рэзідэнцыя, куды іх прывезьлі, каб папоўніць асабістую ахову самога. “Во папаў!” — зноў падзівіўся Ступак, яшчэ ня ведаючы, радавацца з тае нагоды ці засмучацца. Аднак зьнешне ён не выказваў нічога, толькі слухаў і выконваў усё, што загадвалі, ішоў, куды вялі. Зноў былі анкеты, падпіскі, нават подпіс строгай таемнай прысягі. Усё тое ён рабіў, бы машынальна, бы які бязвольны зомбі; свой даўні намер засунуў углыб памяці і нават трохі трывожыўся, каб яго не заўважылі.
Праз дзён колькі, аднак, давялося парадавацца, як іх тут узбройвалі, чаго ён не дачакаўся ў АМАПе. I не якімі хвалёнымі качэргамі АК, што адбівалі плячо пры стральбе і нямала заміналі на маршы, а новенькімі карацелькамі “Узі”. Дужа спрытныя выдаліся аўтамацікі, бы самі пра¬сіліся ў рукі і зусім не заміналі — хоць на плячы, хоць на грудзях. Б’юць, казалі, за дваццаць крокаў у вераб’я пры нулявым расьсейваньні. Ступак старанна выцер з варанёнага металу лішак негустой змазкі, рукамі паважыў у сабраным стане. Ён быў задаволены. Можа, спатрэбіцца.
Клопату ў гэтым бары было, аднак, няшмат, некаторыя групамі кудысь езьдзілі, вярталіся і маўчалі.
Палітапрацоўка, як заўважыў Ступак, вялася ў інтэнсіўным тэмпе, рэгулярна, калектыўна і індывідуальна. Удзень і асабліва ўвечары заўжды па адным кудысь выклікалі, штось высьвятлялі, з іншымі доўга гутарылі. Так старанна не апрацоўвалі нават нампаліты ў войску. Ну, але тут было ня войска і нават не АМАП. Бяры вышэй. Яны — эліта бясьпекі, як сказаў новы палкоўнік, самыя з самых. Асабістая ахова. Хаця таго, каго ім належала ахоўваць і абараняць “вплоть до пожертвования собственной жизнью”, яны нават ня бачылі. Ні зблізку, ні здаля. Адчувалі, што ён недзе тут побач, у гэтых дамоўках-дачах між хвояў, але дзе канкрэтна — ня ведаў ніхто. I ніхто пра тое ні ў каго не пытаўся, — было забаронена. Наогул гэта было падразьдзяленьне маўчуноў. Яны маўчалі з начальствам, маўчалі ў страі, маўчалі ў сталоўцы і на адпачынку. Тое маўчаньне часам пачынала прыгнятаць, але Ступак думаў: хай! Ужо ён чагось дачакаецца. Кепска, што не было як выпіць. Пры тым, што грошай ужо набралася поўныя кішэні, некалькі пачак “зайцоў” ён пакінуў у тумбачцы, захінуў газетай. I ніхто іх ня ўкраў. Мусіць, грошай у іх хапала. Затое не хапала часу, каб іх рэалізаваць, ізаляцыя была адмысловай. Бы ў турме. Мабыць, то была іхняя плата за сыты дабрабыт і няпыльную працу. Плата воляй. Але што зробіш — на гэтым сьвеце за ўсё трэба плаціць. Заплоціць і ён.
Аднойчы ўранку іх пастроілі ў спортзале, усіх чалавек трыццаць, што складалі цяпер ядро групы “Альфа”, як іх ужо назвалі. Казалі, што пакуль трыццаць, але будзе трыста, бо трэба мацаваць шчыт і меч кіраўніка дзяржавы. На тым пастраеньні з самага пачатку былі ці ня ўсе іхнія начальнікі разам з галоўным палкоўнікам — мажным бугаём, што зьверху форменнага кіцеля насіў скураное паліто — дзеля маскіроўкі. Зрэшты, так тут хадзіў не адзін ён, а і яшчэ некаторыя, таксама маскіраваліся ці што? Яны можа, з гадзіну прастаялі ў страі, начальнікі ўсё аглядалі выпраўку і падкаўнерыкі, і чысьціню абутку, і ці ўсе добра паголеныя. Ніхто не казаў нічога, але яны пачалі здагадвацца, ці не зьявіцца да іх сам?
I сапраўды — тоўсты грымнуў каманду, і з галоўнага ўваходу зьявіўся ён. На той раз ён таксама быў у камуфляжы, новенькім, акуратным, які добра дапасаваўся да яго рослай спартыўнай постаці. Нягучным, нейкім цеплаватым, амаль хатнім голасам ён дазволіў “вольна” і падышоў да правага флангу, дзе стаялі самыя даўгалыгія, фізічна найболей накачаныя хлопцы, пачаў з усімі вітацца за руку. То было штосьці новае, — каб вялікі начальнік вітаўся з кожным у страі паасобку. Яны ўсе, бы зачараваныя, утрапёна ўзіраліся ў ягоны хітравата-ўсьмешысты твар, у якім цяпер не было і сьледу ад яго нядаўняй тэлевізійнай суровасьці — была толькі цеплыня і спагада. Калі чарга дайшла да Ступака, здалося: ён з нейкім асаблівым пачуцьцём зірнуў у ступаковы вочы, быццам пранікаючы ў самую глыб душы. Поціск рукі быў дужы, Ступак адказаў такім жа, і адчуў, што ён задаволены. Парукаліся, як мае быць, — па-мужчынс¬ку. Па-вайсковаму. Бо цяпер абодва былі вайскоўцы, хоць той і паходзіў з міліцыянтаў. Ды цяпер ужо і Ступак таксама.
Абышоўшы строй, ён выйшаў на сярэдзіну залы і пачаў гаварыць. Казаў нягучна, ціхім хрыплаватым голасам і, стоячы за пяць крокаў ад Ступака, здаўся яму зусім не маладым, хутчэй пажылым і стамлёным. А гаварыў пра тое, што дужа спадзяецца на сваю службу бясьпекі, да якой яны маюць гонар належаць, што яна — галоўная яго апора, для іх ён не пашкадуе нічога і будзе клапаціцца пра кожнага як родны бацька. Калі ў каго ёсьць якая патрэба, хай ідзе проста да яго і расказвае, — ён зробіць усё. Бо ён іх усіх любіць, як бацька любіць сыноў, што ў яго болей нікога няма, апроч іх, хлопцаў бясьпекі, ды яшчэ народу, які яго абраў на самы высокі пост. Што народ — галоўны ягоны клопат і галоўная любоў, асабліва такі народ, як наш, які вечна гаруе ў нэндзе, пакутуе праз усю гісторыю, што тое ён ведае як прафесіянал-гісторык. Што гэты народ заслугоўвае лепшае долі, чым тая, якую яму нарыхтавалі здраднікі-нацыяналісты, усе гэтыя пазьнякі, шарэцкія ды карпенкі, якія даўно за¬прадаліся ЦРУ ды іншым замежным сьпецслужбам і цяпер распрацоў¬ваюць самыя хітравумныя планы, каб фізічна зьнішчыць яго і пакінуць сіратой любы беларускі народ. Таму вялікія спадзяванкі на іх — гонар ягонай бясьпекі, у руках якой ягонае жыцьцё і будучыня народу.
Ступак за жыцьцё нямала ўжо пераслухаў розных агітатараў-прапагандыстаў, у тым ліку і ў войску, і ніколі не ўспрымаў іх усур’ёз, заўж¬ды слухаў хіба адным вухам. Не хацелася верыць і гэтаму. Але нейкая ўпартая сіла па-малу па-малу, усё ж дзейнічала на ягоную сьвядомасьць; напор і шчырасьць разважаньняў пачалі даходзіць да яго разуменьня. Найперш неяк бы міжволі само сабой хацелася ў тое паверыць. Так шчыра было ўсё сказана, што зьявілася спагадлівая думка: сапраўды, як нялёгка быць кіраўніком такога маштабу, як небясьпечна і адказна.
З гэткаю думкай-пачуцьцём Ступак і стаяў у страі, трошкі нібы задумаўшыся, як пачуў, што прамова перайшла на афганскую тэму, і аж скалануўся, як той, пазіраючы ў ягоны бок, прамовіў:
— Вон пусть скажет Саша Ступак, он участник, отмеченный наградами. Он на своих плечах вынес груз дружбы с братским афганским народом…
Пачуцьцё зьдзіўленьня кальнула Ступака — глядзі ты, ён ведае! Ведае пра Афган, нават называе яго па імені, чаго ў Ступака не здаралася нават у войску, нават у Афгане. Незвычайны, дзівосны чалавек, сумеўшыся, думаў Ступак. Не сказаць, аднак, каб тыя цёплыя словы ўзрадавалі яго, — зьбянтэжылі, гэта дакладна. I ён, задуменны, пайшоў у курылку, калі ўсё скончылася і строй распусьцілі. Ён нічога ня мог нікому сказаць пра сваё ўражаньне ад той сустрэчы, ды тут і ніхто не гаварыў пра яе нічога, усе зацята маўчалі, толькі пільней пры¬глядваліся адзін да аднаго, нібы выпрабоўваючы: ну што? Ну як? То былі толькі маўклівыя пытаньні без адказаў.
Нечакана надышоў момант, пра які Ступак столькі перадумаў калісьці, да якога ўвесь час міжволі рыхтаваўся. Здарылася, як і шмат што ў ягоным жыцьці, нечакана, зьнянацку, самым брутальным чынам.
Уранку, яшчэ да сьняданку, пад іхнюю лясную дамоўку падкацілі адразу тры чорныя “Ландроверы”, у якія порстка, бы мышы ў норы, шаснулі іх стракатыя постаці з новенькімі, яшчэ пахучымі ад змазкі “Узі”. Пад камандай незнаёмага падпалкоўніка ў скураным паліто хутка пад’е¬халі да прахадной нумарнога заводу на гарадской ускраіне, які нядаўна яшчэ быў “паштоваю скрынкай”; адразу заехалі ў двор і выгрузіліся ля будынку заводакіраўніцтва. Тут жыва разьбегліся двума шэрагамі ўпоперак прыступак, утварыўшы нешырокі, але і ня вузкі калідор да дзьвярэй, і застылі. Іншыя, што прыехалі раней, былі ўжо ўнутры. Усе маўчалі, аднак Ступаку стала зразумела, што яны забясьпечвалі прыезд самога. Ступак вольна стаяў на другой аднізу прыступцы і думаў, што тое самае, што валодала ім гэтулькі часу, здаецца, урэшце наблізілася ўшчыльную. Урэшце ён дачакаўся магчымасьці, пра якую столькі перадумаў, да якой імкнуўся. Ражок аўтамата быў поўны патронаў, аўтамат на грудзях у поўнай гатоўнасьці. Не хапала хіба апошняй кропкі рашучасьці. Але чаму? Хіба што-небудзь было ім няўцямлена, ці што зьявілася новае?
Нешта ўсё ж ён не пасьпеў дадумаць, каб канчаткова наважыцца, як да прыступкаў нечакана падляцеў адзін міліцэйскі “Мерседэс” з мігалкай, за ім другі такі ж самы. З іх борздка павыскоквалі людзі ў масках, разьбегліся непадалёк па завадскім навакольлі. Тады падкаціў і трэці аўтамабіль, грузны, мабыць, браніраваны “Кадзілак”, з якога праз паслужліва расчыненыя дзьверы лёгка выскачыў ён. На гэты раз ён быў у цёмным, добра адпрасаваным гарнітуры, пры даўгім, да пупа, гальштуку; хуткім, амаль драпежным позіркам кінуў у адзін бок, у другі, мусіць, каб упэўніцца, што варта на месцы і ягоная ахова забясьпечаная. Ягоны цьвёрды, уладарны твар цяпер нёс няскрушную злую суровасьць. Тым самым прыдзірлівым позіркам ён акінуў абмерлую варту і, здалося, нібы спатыкнуўся на гэткай жа, як і ў яго, вусатай фізіяноміі Ступака. Ступак незнарок варухнуў кароценькай руляю аўтамату, міжволі скіроўваючы яе ўбок. Тады ж трывожна тузануліся ля пераносься русявыя бровы, але болей — нічога. Ступак абмёр, а той спружыніста скочыў цераз дзьве прыступкі вышэй і ўмомант апынуўся ля высокіх дзьвярэй, дзе яго чакала невялікая група ў цывільным і ў масках. Яны ўсе разам схаваліся ў памяшканьні. Ступак расслабіў свае напятыя мускулы і выдыхнуў.
Два шэрагі яшчэ працягвалі стаяць на прыступках, але ранейшае напружаньне мінулася, можна было разьняволіцца. Штосьці было не зразумела Ступаку, — чагось нават крыўдна, ды ён ня мог разабрацца, чаму? Можа, за сваё ранейшае, перажытое, а можа — за сёньняшняе — таго ён зразумець ня мог. Адно было пэўна — кілер з яго пакуль што не атрымаўся, і дзіўна, што тое цяпер пачало ім адчувацца, нібы палёгка. Нібы ён уратаваў жыцьцё. Найперш, можа, сваё ўласнае. Магазін ягонага “Узі” застаўся цэлы, яго належала берагчы і прымяняць толькі ў крайнім выпадку. Але — дзе той крайні выпадак, і хто будзе вызначаць яго? Ужо, мабыць, ня ён. 3 прыкрасьцю Ступак адчуваў, што неўпрыцям і назаўж¬ды страчвае сваё асабістае права, якім ужо распараджаліся іншыя.
А ён што ж — ён мусіў чакаць і падпарадкоўвацца. I ён чакаў можа, з гадзіну ці болей, стоячы ўсё на той жа прыступцы, хіба мяняючы ўпор нагі. Хлопцы побач таксама чакалі. Іншай каманды ім не давалі, і Ступак пачаў думаць, што на іх забыліся. Аж не! Палкоўнік у скуранцы штось гаркнуў з дзьвярэй, і яны замерлі. Ступак чакаў зноў убачыць самога, ды замест яго ў расчыненых дзьвярах паявіліся двое ў шэрых пінжаках — высокі і ніжэйшы, якіх цесьненька абступілі хлопцы ў масках. Тыя два ішлі, патупіўшы долу сівыя галовы, неяк ненатуральна аднолькава трымаючы за сьпіной рукі. I толькі як спускаліся па прыступках, Ступак убачыў на іхніх руках бліскучыя кайданкі. Тады яму шмат што стала зразумела. Але нешта і яшчэ болей заблытвалася.
Арыштаваных павезьлі ў міліцэйскай машыне, а яны ўсё стаялі на прыступках, мусіць, чакалі самога. I Ступак думаў, што ягонае жыцьцё кудысь павярнулася. Хаця хто ведае, якім яшчэ бокам можа яно павярнуцца зноў. Усё ж жыцьцё кожнага сваю сілу мае — часам злую, нядобрую сілу…

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат