Пра курсы
ГАРАДЫ :


04.04.2015
Ішоў коця па канапе

Інфармацыя ўзята з сайта www.baradulin.by

 

 

ЛІЧЫЛКА-ЦАПАЛКА
Ішоў коця па канапе,
Кіпці нёс
У кожнай лапе.
У канапы
Колькі лап?
Раз, два, тры, чатыры —
Цап!
АД СНЯДАННЯ ДА ВЯЧЭРЫ
Цётка шчотка,
Дзядзька венік
З’елі ўранні
Пень апенек
I, галодныя, ў паўдзён
Высербалі ўвесь булён.
Павячэралі заціркай
I ў надлозе
Свежай дзіркай.
Гналіся за пацукамі —
Тыя ў дзіркі
Паўцякалі.
ЖАРТ
Проста жах —
Гарыць калодзеж,
Аж пад неба
Полымя.
Чым астудзіш,
Ахалодзіш?
Не рукамі голымі!
Што рабіць?
Бяда
Адна —
Выгарыць
Вада
Да дна.
Што рабіць
I што рашыць?
Як ваду
Вадой тушыць?!
ЕДЗЕ ДЗЕДЗЯ
Едзе дзедзя,
Дзедзя едзе,
Едзе дзедзя
На мядзведзі.
Мае дзедзя за плячыма
Мех
З бяссоннымі вачыма.
Вочы сочаць,
Каб дадому
Ехаў дзедзя,
Каб нікому
Не паказваў
Мех вялікі,
Бо ў мяху,
Мяху, мяху
Для маленькай Дамінікі
Падарункаў па страху,
Па страху высокай хаты.
Дужа-дужа
Мех багаты.
А пакуль там
Дзедзя едзе,
Едзе дзедзя
На мядзведзі,
Сон,
Разуўшы чаравікі,
Ў ложак скок
Да Дамінікі.
Дзе ж
Любімы дзедзя?
Едзе
На мядзведзі
Едзе недзе.
А мару дна едзе,
Эх,
Не згубіў бы
Дзедзя мех!
КАЛЫХАНКА М ІРОНУ
Спі, засні,
Мой кот Мірон,
Хай табе прысніцца сон.
Як заснеш,
Тады прысніш,
Што цябе
Пільнуе мыш.
Пацукі наперабой
Хочуць бегчы
За табой.
Як, Мірон,
Прачнешся ты,
Звяжаш
Пацукам хвасты.
Спі, Мірон,
Ды ў кіпцюрах
Утрымай
Мышыны страх.
Кот
Павінен быць катом —
Сам гуляць
З сваім хвастом!
СНЕГАНОША, СМ ЕХАНОША
Снеганоша,
Смеханоша
Дзед Мароз —
Чырвоны нос
Мех ca снегам,
Мех ca смехам
Нёс
Ды снег i смех
Растрос.
Атуліўся снегам
Дол,
Смех пабег
Гуляць вакол.
I смяшынкі-дрыгацінкі
Паразгойдвалі ялінкі.
Каб не сумным быць,
Смяшынку
Дагані
I праглыні.
А сняжынку
Тату ў хату
Прынясі
На далані.
НАПЕРАГОНКІ
Тоўсты дым
I вецер тонкі
Бегаюць наперагонкі.
Вецер
Даганяе дым,
Зірк,
А дым
Растаў зусім.
Дым за ветрам
Гнацца хоча.
Вецер плача —
Дым у вочы.
I за першай павароткай
Юрк,
I дым
Трасе бародкай.
Так i бегаюць
Дарма.
Замятае след
Зіма.
ДЛЯ КАГО? НА КАГО?
Для каго
Зварыўся суп?
На каго
Сварыўся суп?
Суп зварыўся
Пстрыкі-брыкі
Для маленькай Дамінікі.
Суп сварыўся
На насуп,
Што не елі
Смачны суп.
А насупраць міскі селі
I насуплена глядзелі.
Як набраўшы ў лыжку
Круп,
Дамініка ела суп.
Гэта ў Дамінічкі
Дбала
Лыжка ў супе
Працавала.
СЫР З СЫКТЫЎКАРА
Несла
Скорагаворка-скнара
Сыр з Сыктыўкара,
A ўслед стракатлівая
Сарока стракатала:
— Каля гаю
Кульгаю.
НЕ РУШ НЕРУШ
Не руш раптоўна
Неруш
У ранішнім бары.
Дзе неруш вырас,
Верас
Яшчэ раз
Ты праверыш,
Тады
Аберуч
Неруш
Свой
Радасна бяры.
Баравікамі ў кошыку
Парадуешся пошуку.
ПАСТУХ ПЯСТУХ
Як тыя гyci,
Літары
Па лузе папяровым
Пабеглі,
След заблыталі.
Цяпер сачы
За словам,
Ca снегам шэпча
Лыжа,
Смятанку кошка
Ліжа.
Сцюдзёная
Расінка,
Салодкая
Разынка,
А ты не будзь
Разінькай,
Паласуйся
Разынкай!
Дажджом усмак
Палітыя
Хвалююцца
Палітыя,
Дзе спеюць абаранкі.
Капрызы-абуранкі
Надзьмулі губы,
A ў снежаньскія ранкі
У ямкі,
Нібы ў ранкі,
Мароз насыпаў
Гурбы.
Плот
Стаіць,
Плыт
Плыве,
Рот
Крычыць,
Род
Жыве.
Вецер па свеце
У светлай свіце
Сягае да зор
У дазор.
Скінь
Ляноты світары,
Сон
За дзверы вытуры,
Як гусей,
Пастух
Праныр-пястух,
Пасві літары!
ЦВЯЛІЛКІ
Дражніліся,
Цвяліліся
Крыўлякі,
Выхвалякі,
Аж выхвалякам сніліся
Да раніцы сабакі.
Чыя перамога?
Хто каго?
А як ніхто нікога?
Ну, i што з таго!
— Што?
— Сто!
— Дзвесце!
Шукай сябе ў змесце.
— Дзе ў змесце?
— У кнізе!
— У Брэсце-Бярэсці?
— У Мінску на Нямізе.
— Лічу да трох,
Каму пірог?
— Мне!
— Хіцер Зміцер,
Ты нос ці выцер?
— Не.
— Вытры —
Дам тры!
— Бач, выцер
Свой нос,
Хоць я не Зміцер —
Хвядос.
— Было не выціраць,
Даў бы пяць!
— Пакажы!
— У казы
Пад капытом
Паглядзі.
Каза пад мастом,
У вір ідзі!
— Калі?
— Не калі,
А жывых пускай.
А пчол у вуллі
Ажно праз край.
I шуміць вулей
Весялей
За гай.
— Дзе?
— У цябе на барадзе
Сядзіць пчала,
Следам
Шэршань ідзе.
Як пчала ўбачыла,
Уцякаць пачала.
— Ад каго?
— Ад цябе.
— Хто дзяўбе
Кару?
— Дзяцел насаты.
— Па дабру
Гавару,
Ідзі дахаты.
Там крыж на крыжы,
Калi ведаеш,
Не кажы.
— Клубок.
— Колька табе ў бок.
— А год колькі
Жывуць колькі?
— Ніколечкі,
Не колячы.
— У колькі саколкі,
Як у вясёлкі,
Такія ж вясёлыя?
— Скажы хутка:
Асёл i я,
Гледзячы на вясёлку,
Пасяліліся ў пасёлку.
Канца няма,
Не відаць краю.
Пачынаць дарма
Наноў.
Не раю!
Спаць пайшлі цвялілкі,
А ты шукай памылкі
У тэксце,
Як разынкі ў цесце!
УПАРТЫЯ ДЗВЕРЫ
Уначы,
Крэкчучы,
Да дзвярэй ключы
Падбіраў мароз,
А пад ранне,
Хоць крычы,
Палец ледзь не прырос
Да настылай клямкі.
Ды мароз
Быў цямкі,
Сам сабе не дараваў,
Палец як не адарваў,
I пабег,
Скуголячы,
Палец ветрам гоячы.
Хоць замкі цэлыя,
A ў замках шчыліны
Белыя-белыя,
Інеем запылены.
БЯЗГЛУЗДЗІЦЫ
Жылі-былі
Бязглуздзіцы,
Любілі цёмным вечарам,
Не раячыся з лечарам,
Які ix лечыў лечывам
Нажным,
Ручным
I плечавым,
З дамовак паўцячы
I да глухой начы
Вясёлыя бязглуздзіцы
Любілі павалуздзіцца,
Любілі павалэндацца,
Пашлындацца,
Пашвэндацца.
Бязглуздачку,
Бязглуздачцы
Давалі на вячэру
Не качку,
Не цяцеру,
А па маленькай лустачцы
Паветранага хлеба,
Пасыпанага зорамі,
Аздобленага ўзорамі.
Ажно глядзела неба
На ласуноў
У сораме.
I так было
Вясёла ўсім —
Аж рагаталі
Далi.
Бязглуздзіцы
Сабе самім
Загадкі задавалі,
Загадкі
Без аглядкі
Спяшалі ў рукавы
Бязглуздзіц,
Бы ў равы
Чубаткі-курапаткі.
Лепей каму,
Бульбе
Ці каму,
Кульбе
Ці кавяле,
Вожыку
Пад сталом,
Ці ножыку
На стале,
Ці мусе
У місе,
Ці місе
У мусе,
Ці мус
Для мух,
Ці мухі
Для мусу?
Бязглуздзіцы
Балбатухі
Адгадвалі
Без прымусу.
У абед
У сваю чаргу
На суп
Насуплівалася
Насупа.
A ўвечары зноў,
Наглядзеўшыся сноў,
Бабу Ягу
Шукала ступа.
НЕ ПАЧУЎ БЫ ШЭРШАНЬ
Захацелася
Асе
Запытаць
У Асі:
Ёй у Aci
На касе
Ехаць
A ці ў касе
Той білет купляць,
Які
Прадаюць на цягнікі,
Што вязуць
У той горад,
Дзе
Расце
На лехах мёд,
З мёдам
Рэпа,
Буракі
Чырванеюць смачна?
A салодкі мёд
Такі,
Аж расказваць
Страшна,
Бо пачуе
Шэршань
I прыедзе першы!
АДКУЛЬ ПРЫХОДЗІЦЬ АПЕТЫТ?
Апетыт прыходзіць сам,
Ды адкуль,
Не кажа нам.
Толькі ты за лыжку,
Ён глядзіць з зацішку,
Ты бярэш відэлец,
Ён нагой шавеліць.
Ты бярэш у рукі нож —
Скача-плача
Басанож.
Вось i сёння зноў
Рахманы
Апетыт прыйшоў
Да Ланы —
За сталом
Сядзела смела,
З апетытам разам
Ела.
З’ела цэлага быка,
Большага
За павука,
З зерне макавае
Бохан.
Апетыт ад смаку
Вохкаў.
Прыкладалі ўсе
Старанне.
Есці памагалі Лане:
Пліска,
Лыска,
Кот вусаты,
Голуб,
Верабей чубаты.
Ела Лана
Не адна,
Як гуляць
Пайшла яна,
Разам з Ланай
Выйшлі з хаты
Пліска,
Лыска,
Кот вусаты,
Голуб,
Верабей чубаты.
Апетыт
Крычаў услед:
— Я чакаю
Свой абед!
ЯК У ПЕЧЫ ГРЭЎСЯ ГЛЯК
Доўга-доўга
Галяком
Гляк ганяўся
За гляком.
На крутым
Ганчарным крузе —
Гэта не ў цяньку
На лузе!
Безгаловы,
Галаплечы
Гляк ад спёкі
Смяг у печы.
Ад адчаю,
Як з абрыву,
Гляк ускочыў
У паліву.
Ён стагнаў,
Крактаў,
Вішчэў
I нарэшце
Заблішчэў.
Пакруціўся ўсмак
Цярпліва,
A паліва
Робіць дзіва.
Робіць так,
Каб не пабляк
Галапузы
Гляк-галяк.
САМ АЯ ПРЫГОЖАЯ
Выпаў пухнацік з гнязда,
Маму ў адчаі гукае.
Птушкам падлётка шкада.
Хто ні ляціць:
— Не такая! —
Гоніць, пуляты, ўсіх,
Соек,
Сарок,
Шпачых,—
Вам не раўняцца з мамаю.
Мама прыгожая самая.
Тут i жар-птушка сама
Брыдкай была б таксама.
Ды прыляцела сава —
Найпрыгажэйшая мама.
КАРКАТ I ГЫРКАТ
— Патрэбна правяраць шторання
У варанят-пражор старанне,—
Гаворыць бацька.
Як назваць яго нам?
Не воранам.
А можа быць, варонам?
Яна — варона,
Ён — варон.
I вось варон
На сук усеўся,
Як на трон,
Сам правярае,
Каб па правіле
Сынкі i дочкі ўсе картавілі.
Ці ў лівень,
Ці спякотным летам
Сачыць павінен ён за гэтым.
A маці ім нясе з падворку
Рыпучую скорагаворку:
Пры рэчцы бруістай
Раслі ясакары,
Па дрогкім бруку
Трэсліся кары.
Раптам з кар
Грымнуў скарб.
Фурман быў дрэнны штукар.
Карррррррррррр.
Хто ўсіх перакаркае,
Атрымае пірог
З прыгаркамі.
Хто не дакаркае,
Пакрыляе да парку
Шпарка.
A ўнізе ў будцы
У сабакі-таты
Прымяраюць буцы
Сабачаняты.
Кудлацька-бацька
З усіх лапатак
Стараецца,
Вучыць сабачанятак
Па костцы дарма не ўздыхаць,
А гыркаць,
Гаўкаць,
Брахаць:
Па гарбатай гары
Бегаў гаў,
Ганак гаварлівы стары
Гэблем стругаў.
Гаррррррррррррр,
Гыррррррррррррр.
Гыррррррррррррр,
Гаррррррррррррр.
Бароне сыр
Браў гаспадар.
На дрэве школа
I долу школа.
I каркат,
I гыркат,
I ўсім — вясёла!
КОБРА Ў ТОРБЕ
Просьбай
Я турбую торбу:
— Патрымай хоць трохі
Кобру.
I гаворыць торба:
— Добра.
Хай пакорпаецца
Кобра!
КАЧАР
На базары,
На таргу
Купіў кучар
Качаргу,
Каб чырвоныя яечкі
Заграбаць
З гарбатай печкі.
А не качка
Несла тыя
Ўсе яечкі залатыя,
А з чырвоным грабянём
Певень,
Што завуць агнём.
I сарокі,
I авечкі
Цвеляць качара
Ля рэчкі:
— Качар, качар,
Качар-га,
Зледзянелая нага,
Сам цяпер
Знясі яечкі,
Надышла
Твая чарга!
ХУРМ А
Курнякаў кот:
— Хур-ма, хур-ма,
Хачу хур-мы,
Хур-мы няма.
Нарэшце
На базары мы
Купілі рыжаму
Хурмы.
Нясем ласунак
Для ката,
Вось гэта будзе
Смаката!
Ды мяўкнуў кот,
Чаму яму
Даем не мышку,
А хурму?
СНЕГАЎ СМ ЕХ
Снег вясёлы,
Малады
Засмяяўся смела,
Аж прыціхлі
Халады,
Неба пацяплела.
Шчыра так
Смяяўся снег,
Што згубіў
Свой белы смех.
Снег
Даганяць яго
Пабег.
Даганяць свой смех
Яму
Давядзецца ўсю зіму.
Будзе бегчы,
Не прыстане,
Аж пакуль
Вясной растане.
I паўторыць
Для вясны
Снегаў смех
Ручай лясны.
ШТО ВАЛОК М АТЫЛЁК?
Матылёк малы
Валок,
Вал — вал — лёк,
Сіні-сіні хатулёк,
Туль — туль — лёк,
А ляжала ў хатульку,
Туль — туль — ку,
Дробным дзеткам па кульку,
Куль — куль — ку.
Смактункоў цукерак,
Коў — цук — ерак,
Без кашуль паперак,
Шуль — па — перак.
Як угледзеў матылёк,
Тыль — тыль — ёк,
Дзюбу доўгую здалёк,
Даль — даль — ёк,
Крылкамі замалаціў,
Мал — мал — ціў,
Хатулёк свой упусціў,
Ціў — ціў — ціў.
Доўга чулася ў гайку,
Гай — гай — ку,
На суку ку-ку, ку-ку
Бе — да — ку.
ДОМ А — НІКА — ДАМ ІНІКА
Дома,
Ніка,
Дамініка
Неўпрыкметку
З дому
Знікла.
Нават дзеду невядома,
Дзе цяпер
Унучка Дома?
Цёмна ў хаце.
Цёмны двор.
Уздыхае дзед Рыгор.
Ані плачу,
Ані крыку.
Дружна ўсе
Шукаюць Ніку.
— Дзе дачушка? — ўсхвалявана
Ціха шэпча
Мама Лана.
Дзед Васіль
I дзве бабулі
Зрэшты ў ложак
Зазірнулі.
Дома Ніка, Дамініка,
Не знікала
Ніка-зніка,
A ўцякла
Малая ў сон.
Хай салодкі
Будзе ён!
ЗАПОМ НІ!
Кажу табе, Няўлежа,
Жыву я ля манежа —
Мінеш манеж,
Манеж мінеш
I напаткаеш там мяне ж.
Там,
Дзе каля манежа
Стаіць старая вежа,
А гэткая старая,
Што я табе не раю
Ісці ля вежы блізка,
Бо можа злы вятрыска
Шпурнуць цяжкія камяні.
Ты лепей вежу абміні!
Кажу табе, Няўседа,
Ты запытай суседа,
Дзе я жыву,
Ён скажа
I вуліцу пакажа.
Мінеш манеж,
Манеж мінеш
I напаткаеш там мяне ж.
Там,
Дзе старая брама,
Ды толькі ў браму
Прама
Ісці не ўздумай —
Збоч убок.
Там знойдзеш ключ,
Ключом замок
Заіржавелы адамкнеш,
Якраз
За брамаю — манеж.
А як не адамкнеш
Ключом,
Дык браму адапхнеш
Плячом.
Мінеш манеж,
Манеж мінеш
I напаткаеш там мяне ж.
Кажу табе, Няўчута,
Налева
Звернеш крута,
Направа,
Зноў налева,
А там
Убачыш дрэва.
На дрэве тым
Расце арэх,
A ў тым арэху
Смешны смех.
Арэх страсі
I надкусі
I мне
Шкарлупку прынясі.
Сам пакаштуй,
A ўвесь не еш,
З’ясі, калі
Мінеш манеж,
I напаткаеш там мяне ж.
Скажу табе,
Дакладна дзе,
Дзе з долу ў неба
Дождж ідзе,
Дзе сіта ў рэшаце
Плыве,
Шчупак
Куляецца ў траве,
Дзе лёгка маніцца
Мане ж,
Ды ёй не вер,
А вер ты мне ж.
Запомні,
Як мінеш манеж,
Вер толькі мне,
Не вер мане ж!
А што такое
Той манеж?
Я раскажу,
Спытай мяне ж!
ВЫРАЙ
Хапае восеньскай лагоды,
Яшчэ далёка халады,
У дужакрылыя чароды
Сабраўся
Вырай малады.
Бурштыннай ніткай,
Сцежкай,
Клінам
Лятуць падлёткі ў цёплы край,
Нібы пытаючы:
Калі нам
Прынесці май
I весні грай.
Ад развітальнай песні шчырай
Тужлівей робіцца ў палях.
Ляціць у вырай
Новы вырай,
Каб паўтарыць
Адвечны шлях.
НЕ ПА КАНЮ ДУГА
Закарцела сонейку
На зялёным коніку
Пакатацца па лугу.
Толькі
Дзе здабыць дугу?
Можна выгнуць
З быльнягу
Ды такую
У-гу-гу.
Можна гнуць
Сухія зёлкі.
Ды найлепей
Ад вясёлкі
I не можа быць
Дугі.
Бач,
Злучае берагі
Рэчкі,
Што сама плыве.
Сонца
Глянула з тугой,
Дзе той конік
Пад дугой.
Не відаць
Яго ў траве!
ЧАКАЛІ!
Чакала чайка чаянят,
Ручай чакаў ручаянят,
Чакалі чаяняты,
Пакуль ручаяняты
Памыюць ручаняты.
I кожны быў заняты
К лопатам,
Хлюпатам,
Тупатам,
Лопатам.
ЯК СОН НЕ РАЗБУДЗІЦЬ?
У Індыі, у Індыі
Па вуліцах Калькуты
Слон даўганосы
Шлындае —
Разуты,
Непадкуты.
Нашто,
Пасведчыць неба,
Слану
Падковы трэба,
Бо год увесь тут
Напралёт
Ніхто
I чуць не чуў
Пра лёд.
I ў снежні
Спёкі трыццаць тры
Пакажа
Градуснік стары.
Бо тут расце
Папая —
Салодкая такая,
Як пакаштуеш —
Аніяк
Забыць не зможаш
Пах i смак.
Чаму пачаў я
Пра слана?
Яму вядома ўсё
Здаўна,
Дзе малпы радуюцца,
Дзе
Пан кракадзіл
Дзяцей вядзе,
Каб кракадзіляняты,
Падобныя да таты,
Былі ў сваіх ашчэрах.
I помніць слон
Той бераг
Магутнейшага Ганга,
Дзе мама,
Як ca шланга,
Малогa абдавала,
Каб спёка не даймала.
Калі ідзе паважна
Слон,
Магутны i высокі,
Здаецца,
Велізарны ўслон
Рашыў
Пусціцца ў скокі.
Калі хаду
Спыняе слон,
Калі асіліць стома,
Здаецца,
Некалькі калон
Застыглі нерухома.
Чаму я гэта
Пра слана?
Была
Гісторыя адна.
Я папрасіў:
— Шаноўны слон,
Паслухай,
Калі ласка.
Ці можаш ты
Дамоў
Мой сон
Завезці?
Там не гразка,
Там не такая ежа.
Затое Белавежа
Цябе сустрэне.
I ў сябры
Табе
Папросяцца зубры.
Асілак-зубр
На кожны рог
Надзене смела
Сена стог.
I задрыжыць асінай
Страх
На спіне ласінай.
А сон,
Вядома,
Лёгкі ён.
I пагадзіўся
Добры слон:
— Хоць там не горача,
Але ж
Сон
Завязу я ў Белавеж.
I я падзякаваў слану
За гэтакую ласку.
Дамоў вярнуўся —
Не да сну.
Ці сон мой
Збег у казку?
Кладуся спаць,
А сну няма.
Паўсюль.
Шукаю сон дарма.
Ва ўсіх пытаю:
— Дзе мой сон?
Мне казка
Адказала:
— Вязе твой сон
Рахманы слон,
А ён ідзе
Памалу.
Ён ціха
Змушаны хадзіць,
Каб раптам
Сон не разбудзіць.
KAЛІ ЎСЕ МЫ
Калі ўсе мы,
К ал i ўсе мы
Спытаць захочам
У зімы,
Чаму няшумны
Снегаў лёт,
Чаму нясумны
Гулкі лёд,
Што сніць мядзведзь
У берлагу,
Што бачыць заяц
На бягу,
Дзе голіць бараду
Мароз,
Калі зачуе
Крокі рос,
Дзе ўсю зіму
Да мая
Кватэру гром
Здымае,
Нам не адкажа,
Бо сама
Taro не ведае
Зіма.
КАЖУХ I КАЖУШКІ
Мароз — сцюдзёны дух
I зух
Узяўся
Шыць зіме кажух.
Паразаслаў аўчыны
На ўзгоркі,
На лагчыны,
I ледзяныя ножны
Дастаў кушнер заможны,
Каб выкраіць дарэчы
Кажух зіме на плечы.
Кушнер пашыў кажух
I рад.
Ды засталося
Надта шмат
Ад кажуха акраўкаў.
Кушнер
Раздаў акраўкі сам
На кажушкі
Зайцам, трусам,
I цюцьку —
Каб не гаўкаў!
Зірні:
На ўзлесках,
На лужках
Усе ў бялюткіх кажушках!
ХЛОПЧЫК-УСХОПЧЫК
Хлопчык-усхопчык
Рана ўсхапіўся,
Хлопчык-усхопчык
За працу ўхапіўся.
Ён дапамог
У гародзе бабулі
Вызваліць лехі
Ад лютай цыбулі,
Ад буракоў,
Ад гуркоў,
Памідораў —
Ён паказаў ім
I спрыт свой,
I нораў.
Лехі бабуліны
Аж палыселі,
I забуяла
Адно пустазелле.
Хлопчык-усхопчык
Уночы ўсхапіўся,
Сон яму з вечара
Сніўся i сніўся,
Як дапамог
У гародзе бабулі
Вызваліць лехі
Ад лютай цыбулі,
Як паспрыяў ён
Гуркам,
Памідорам.
I на гародзе аголеным
Хорам
— Дзякуй! —
Крычалі
Асот
I макрыца,—
Будзе табой
Наш гарод
Ганарыцца!
ХТО ШТО
Малое малюе
Малуску малую,
A конік пілікае
Пра нешта вялікае,
Што ў лузе зялёнае
I толькі ягонае.
МЯДЗВЕДЖАЯ ПАСЛУГА
Сыйшліся на рагу дарог
I качканос,
I насарог.
Мядзведзь
Пытанне прыбярог,
Задаў
I лёг
У свой бярлог.
Пытанне ўсім
Было адно,
Аднак вясёлае яно:
Ці качка носіць нос
Ці нос
Глюгаты носіць качку?
I качканос
На ўвесь сур’ёз
Пытанне,
Як задачку,
Пачаў рашаць.
I насарог
Адразу адказаць
Не змог,
Ці ног ягоны
Носіць рог,
Ці рог
Нос носма носіць.
Хоць есці i не просіць,
Не жмурыцца пытанне,
Ды кеміць хто не стане,
Каб не застацца з носам,
Каб справіцца з адказам.
Аж стала смешна
Восам,
Што прыляцелі з лугу.
I насарог,
I качканос
Хавацца пачалі
Ад вос
I ганіць дзень,
Што ім прынёс
Мядзведжую паслугу.
КУФАР. КУХАН.
КУФАЛЬ. КУФАР
Захацеў
Кухар кухан у куфаль
Схаваць,
Каб вочы мышыныя
I кашыныя
Ашукаць.
Ды не месціўся
Кухан у куфаль
I схаваў
Кухар кухан у куфар.
ЯК ДОЖДЖ ЗМОК
Выбег, як стаяў,
Без світкі
Дождж
Дагнаць свой цень
Хацеў.
Шпарыў так,
Аж змок да ніткі.
Потым
Папрасіўся ў дрэў,
Каб ад ветру
Захінулі,
Каб у засень
Узялі.
Дождж застаўся
Без кашулі —
Доўга
Сохне на галлі.
ПЕРАЗОВЫ
Зазелянеў вясною
Рагаты куст
Лазовы,
I словы з гаманою
Хадзілі ў перазовы,
Хаваліся,
Гукалі,
Казалі:
Хвалі хвалі,
Якія ў чараты
Загналі ўсе плыты.
А на плытах,
Як на платах,
Гарлачыкі віселі
I туманы вуселі,
A ў вусах туманоў
Гулялі словы зноў
У хованкі,
Каб ix
Шукалі
Кожны міг.
Ражкі
Тырчэлі ў ражкі,
Раты
Чакалі раты,
Шашкі
Гулялі ў шашкі,
Краты
Краналі краты.
Хто кемны —
Помніў словы,
Як знаўца адмысловы,
Не бег
Ад перазоваў,
A націск
Перасоўваў.
ЖОРАЎ ЖОРАЎ
Жора добры быў мастак,
Маляваў не абы як,
А занадта здорава,
Асабліва жорава.
I калі
Збіраўся вырай
Паляцець
Дарогай шчырай,
Узляцеў i ён,
З паперы
Жораў жораў,
Жораў шэры.
Мастака вітаў
З-пад зораў
Жораў чый?
Вядома,
Жораў!
СТАНЦЫЯ БЕРАЗАЙ
— Станцыя Беразай,
Каму трэба,
Вылязай! —
Аб’яўляе шафёр
Жыхарам
Гнёзд i нор.
Першы
З Ай
Вылез
Зай,
Следам
З Ух,
Певень-зух.
I потым
З арэхам
Ганяўся
За рэхам,
Каб рэха з-пад стрэшак
Схаваць у арэшак.
Ды рэха ўцякала
I рэха гукала,
Цвялілася рэха
То смехам,
То брэхам:
— З арэхам за рэхам,
За рэхам з арэхам.
ДАЎГАНОСЫ СОН
Быў сёння асаблівы дзень
I ўсе былі заняты.
Падлогу чыста мёў
Галень,
I смецце бегла
З хаты.
Воз вёз,
Нос нёс,
Газ гас,
Трос трос,—
Воз вёз
Прэч пень,
Нос нёс
Свой цень,
Газ гас
Ад слёз,
Трос трос
Сон рос.
Сон пудкіх рос
На голлі рос.
Твой сон даўганосы
Пільнуюць каты.
Заснулі росы,
Засні i ты.
КАБ ТЫ НЕ ЗМ ОГ
Вужыха з вужанятамі,
Важыха з важанятамі,
Зубрыха з зубранятамі,
Вепручыха з вепручанятамі,
Крумкачыха з крумкачанятамі,
Пугачыха з пугачанятамі
Паўзлі па гніллі,
Тупацелі па кудзелі,
Беглі па цэгле,
Ляцелі па круцелі,
Ляжалі на кружале,
Спалі на палі,
Снедалі на седале,
Вячэралі з цяцераю,
Уцякалі з пацукамі
У вала па гарбе,
Уцякалі ад цябе,
Каб запомніць ты не змог
Ix саміх
I тых дарог,
Па якіх з усіх ног
Вужыха з вужанятамі,
Важыха з важанятамі,
Зубрыха з зубранятамі,
Вепручыха з вепручанятамі,
Крумкачыха з крумкачанятамі,
Пугачыха з пугачанятамі
Уцякалі з пацукамі,
А за імі наўпрасткі —
Вожыкі i вепрукі,
I вужы,
I зубры,
Крумкачы i пугачы.
Хто свой, хто чужы,
Разбяры,
Колькі ўсіх,
Палічы!
Як палічыш,
Улічы,
Капыты,
Хвасты,
Лычы.
ЧАМ У ГРОМ ЗЛУЕЦЦА
А лугам, кругам
Ішла вясёлка,
Букет збірала —
Да зёлкі зёлка.
Ішла памалу,
Знайшла тасёмку,
З промняў звязала
Вязёнку-ясёнку.
Яшчэ па рэчцы
Плыла вясёлка,
На дно ўпусціла
Адно вясёлка.
Цяпер вяслуе
Другім вяслом.
I на малую
Злуецца гром.
САМ І
За высокімі горамі,
За глыбокімі морамі,
За густымі лясамі
Жылі сабе
Самі.
Жыў бот-самаход,
Не баяўся балот,
Ні вады,
Ні снегу,
Hi хады,
Hi начлегу.
Жыў пас-самапас,
Ён дзяцей дуроных пас —
Хто рабіў шкоду,
Выганяў з гароду.
I сад-самасад
Сам садзіў
Жаўжанят
Каля дрэваў навакол,
Сыпаў яблыкі ў прыпол.
Самі яблыкі ляцелі,
Бо папасці ў рот хацелі.
А павук-самавук,
Без ног, без рук,
Учапіўшыся за сук,
Сам вучыўся нерат
Ткаць i ўзад i ўперад.
I таўстухі, i пястухі
Самі ў нерат
Лезлі мухі.
Ну, а дуды-самагуды
Выраблялі самі цуды,
Самі гралі i гулі,
Самі ў скоках
Рэй вялі.
I хадзілі ў перагуды
Самагуды каля буды,
Каб сабака-самабрэх
Гаўкат свой
Дагнаць пабег.
I званцы-самазванцы
Голасна ва ўсе канцы
Пасылалі звон i пера-
Звон,
Аж сонная цяцера,
Задрамаўшы на таку,
Узляцела,
Захацела
У ляску
Дагнаць «ку-ку».
Што ўцякала ад зязюлі
Без хусцінкі,
Без кашулі.
Самі i не самахвалы
З несваімі галасамі,
Самі i не самазвалы —
Зваць у госці любяць
Самі.
Кормяць самі,
Пояць самі
Як сыцей
Сваіх гасцей.
Паясамі з кутасамі
Апяразваюцца
Самі,
Любяць казкі для дзяцей.
Толькі ix гукні —
I самі
Прыбягуць на помач маме.
Каб ляноту ты згубіў,
Сам
Усё сабе рабіў!
АКУЛА Ў АКУЛІСТА
Прыплыла
Акула ў клініку,
Патрабуе ганарыета:
— Акуліста мне!
I ў выніку —
Павялі да акуліста.
Акуліст
Глядзіць на хворую
I спакойна прыгаворвае:
— Вы, няйначай,
Шмат рыбачыце
I таму вось
Кепска бачыце.
Тут акулу скаланула,
Ледзь яна
Не заглынула
Акуліста з алфавітам,
Алфавітам самавітым,
Дзе хітрушча літары,
Літары-выпытары
Хочуць выпытаць
Знарок,
Што здалёк
Угледзіць зрок.
Забірае злосць
Акулу:
— Бачу ўсё ў вадзе,
На дне.
Глухнуць стала я
Ад гулу.
Слых, прашу,
Праверце мне.
Я ж лічыла,
Акуліст —
Для акул
Спецыяліст.
Акуліст
Адкінуў полаг,
Адчыніў рухава
Сенцы
I параіў пацыентцы:
— Трэба
Аталарынголаг.
Вуха, горла,
Нават нос
Ён праверыць
Усур’ёз.
Гул вады,
Што ў галаве,
Сам з вадою
Не сплыве.
Найзубастая акула
Акуліста недачула,
Перапытвае:
— Каго мне
Трэба з’есці
Голага?
Кажа ўрач:
— Адно запомні,
Аталарынголага
Трэба, глухнучы,
Наведаць,
А пасля
На дне абедаць!
ШТО ТРЭБА
Каб мяккую мець падушку,
Трэба абскубсці птушку,
Потым наскубсці пер’я
Ля Жывалакі ці ля Зазер’я.
Трэба ўсё папарадку
Рабіць:
Спачатку
Насыпку пер’ем набіць,
Насыпку ў навалачку апрануць,
I тады без бяды
Галаву прыхінуць
Да падушкі
З пер’я скубленага,
Да рахманае служкі
Настрою някупленага,
Непазычанага,
А мамай
У свеце найлепшай самай
З ласкаю пажаданага,—
I сніць, i сніць
Салодкія, дрымотныя сны,
Аж пакуль не зморацца
Сніцца яны.
ЁН БУЁН
Яго лавілі спрэс
I не спаймалі ледзь,
А ён раз-раз
Праз прэс,
Праз прас
То ў клець,
То ў ток —
I ўцёк, пацёк
Буён,
Бо ён
Электра-
ток.
МУРЛЫКА МУЛЯР
Рыжай спінкай
Дагары
Кот ляжаў
На каптуры.
Спаць i грэцца —
Любата.
I ў шчаслівага ката
Дамініка запытала:
— Што ты любіш,
Коця?
—Сала.
А яшчэ
Лаўлю мышэй,
Каб табе было
Цішэй
Сны лічыць,
Як аблачыны,
Ў хаце
Бабы Акуліны.
— Кім ты хочаш быць
Скажы? —
Зноў спытала
Дамініка.
Кот саскочыў
Ля дзяжы
I пачаў мурчэць
Мурлыка:
— Мне абрыдла
Быць катом,
Пільнаваць мышэй
I дом.
Мне не страшны
Град i гром,
Буду
Мудрым муляром.
Я змурую
Моцны мур,
Мур-мур.
Сам сабе
Складу каптур,
Мур-мур.
Выскачыць з падпечка
Шчур,
Мур-мур.
Прамурчу з-за каптура:
Дамінічцы
Спаць пара!
ЁН I Я
Ён траву
Ірве ў ірве.
Не ў ірве,
A ў рове
Ён ірве карове
Сакавітую траву.
Ён рагоча,
Я раву.
Бо ці ў рове,
Ці ў раву
Я напаў на крапіву.
ЗА БУГРОМ З БАГРОМ
Дождж з багром
Знік за бугром,
Дождж з багром
Пайшоў па гром.
I пайшоў суздром
Пагром.
Хмары просяць:
— Дождж, до ж!
Дождж i ўпоперак
I ўздоўж
Бліскавіцаю сячэ
Па лугах
Ямчэй яшчэ.
Стог не
Стогне,
A ўздыхае.
Намаўчыцца —
Ноч даўгая.
Лёгкі й
Коткі
Лёг кій,
Коткі
Не спалохаў.
Толькі з лёхаў
Ды з-пад логу
Ад ікоткі
На падлогу
Смех упаў
У нагах
У паў.
ГУКІ БЕЗ ПРЫНУКІ
Сабака за аратым
Вясёла бег,
Ды раптам
Закульгаў —
гаў.
Паслухала карова,
Пра што шуміць дуброва,
Падумала, чаму —
му.
Бляяла ўсё авечка:
— Няўжо я недарэчка,
Жыву, як у турме —
ме.
Гусак пакінуў стаў
I сумна за адрынай
Загагатаў,
Як стаць яму пярынай
Прыйшла чарга —
га.
А певень, як хвалько,
Абы не быць без спраў,
На плоце горла драў,
Што сам ён знёс яйко —
ко.
Іржаў конь ад тугі,
Што цяў бізун тугі,
Што цягне век даўгі
Хамута й дугі
Іга —
га.
I выбрыкі i грукі
Гайдаліся ў галлі
I гукі
Без прынукі
Па зямлі лілі.
БОСЫ ДОЖДЖ
Спакойна спіць у хмары
Дождж-маўчун,
Пральецца на абшары
Шапатун,
Накінецца на лехі
Лапатун,
Ударыцца аб стрэхі
Балбатун.
Пасыплецца на гоні
Яравы,
Імшарам у далоні
Баравы.
I пабяжыць праз поплаў
Зашыцца ў хвошч,
Вядома Ж,
Мокры, цёплы,
Босы дождж.
НАРАВІСТЫ М АТАЦЫКЛ
Дзік імчыцца па паляне,
Так што ліст зялёны вяне,
Бо дзіку няма мяжы,
З ім да трох i не кажы.
Як пачнеш казаць да трох,
Злоснае пачуеш: рох.
Быць ён мог бы
Матацыклам
I на ім наўскапыта
Мчацца проста любата,
Толькі можа волю іклам
Даць
З калючым хібам дзік.
I паспей зрабіць кулік,
Ад рашучага ўцячы
I зашыцца дзе ў карчы.
З матацыклам наравістым
Цяжка стаць
Матацыклістам.
АЗБУКА — ВЯСЁЛЫ ВУЛЕЙ
Вулей ёсць такі вясёлы,
Пчолы
З гэтага вулля
Прывядуць цябе да школы.
Зразумееш, немаўля,
Толькі вулей загудзе,
Што, чаго, адкуль i дзе,
Як знайсці каго i дзе,
Хто ляціць, а хто ідзе.
Літары
Ад А да Я —
Пчолак дружная сям’я
Носіць
Мёд у соты ведаў,
Просіць,
Каб усё ты ведаў.
Паступова,
Пакрысе
Ix запомніць
Трэба ўсе!
Гукі мовы роднай, наскай
Перапоўняць сэрца ласкай,
Дык шануй святыя словы
Беларускай звонкай мовы!
Радуе нябёсы й долы
Вулей азбукі вясёлы.
— Агу! — А голас падае,
А — асаблівая павага,
А пачынаецца з яе
Айчына,
Азбука,
Адвага,
Аловак, аксаміт,
Адрына,
Арэлі, абажур,
Ажына,
Анёл, абабак,
Аратай.
Ты азбуку
Далей гартай!
Бульба,
Бусел,
Белавежа,
Бацька Нёман з берагамі,—
Беларусі ўсёй бязмежжа
Белабог аберагае.
Адвядзе чужынцаў стрэлы
Сцяг наш
Бел-Чырвона-Белы!
Валун параіў валуну:
— Падстаў спіну,
А я зірну.
Так i вякуюць валуны,
Зрасліся спінамі яны.
В вызначае ўсё вакол:
Вялікдзень, волат,
Вожык, вол.
Вітаў вясёлку васілёк.
Вялізны воз ваўка валок.
Глянь,
Сагнула даланю
Г, каб змераць глыбіню.
Дзе яно,
Глухое дно?
З галавой Г не відно.
Хай тваё звыкае вуха —
Г гучыць заўсёды глуха:
Гаць, гарбуз, гарлач, галіна,
Гол, гара, гагара, гліна.
Не забудзься ж i наконт
Словаў тых,
Дзе Г званчэе:
Ганак, гузік, розгі, гонт.
Гэта клопат грамацея.
Д зрабілася, што кадка.
Трэба, трэба фіззарадка!
Падагнуўшы смешна ногі,
Прысядае да падлогі.
Дрэсіруюць доўга дога.
Дабяжыць дамоў дарога.
Дзяцел дзюбай дуб дзяўбе,
Будзе ДЖ i ДЗ табе.
Вецер джгае па дажджы,
Просіць бляху: не бразджы!
Да жніва серп загадзя куй!
Добрай нашай мове дзякуй!
Прачытай i раскумекай:
З дзядзькам дзекай,
З цёткай цекай!
Ехалі вясёла сані,
Елі далеч рысакі.
Е чарнела за лясамі,
Быццам елка ў тры сукі.
Літары ўсе трэба знаць,
Каб Евангелле чытаць!
А над елкай
Дзве сарокі
Пільнавалі шлях далёкі
Ці яшчэ гняздо чыё.
Непаседныя чысцюлі
Елку ледзьве-ледзь кранулі —
З Е адразу стала Ё.
Ёрш сагрэць спрабуе лёд.
Апякае палец ёд.
Жытні сноп перавязалі
Перавяслам, як малое.
Жнеі дружна жыта зжалі —
Колецца іржышча злое.
Жыцень, Жыжаль, жарало,
Жменя, жораў, жур, жытло
Не абыдуцца без Ж.
Слухай жа, як конь іржэ!
Злой зімою зайку зябка,
Мерзне вуха, мерзне лапка.
Вымаўляе З завея
Так, што неба ружавее.
Зубр у пушчы зарыкае —
I завея замаўкае.
Гаспадар руплівы зможа
У засек засыпаць збожжа.
Зося ў Зюзі запытала,
Дзе зязюля зімавала?
I — зоркі зыркія Купалля
Над свечкай светлай не апалі.
Зірні — з высакавольтных ліній
Спадае палахлівы іней.
Будзь беларусам, беларус,
I помні,
Што казаў Ісус.
Хай беларуская ікона
Твой асвячае шлях штодзённа!
Й просяць:
— Слова пачынай.
Аднекваецца:
— Ай, няхай.
Ніхто мяне не абміне,
Хоць стану ў самы край,
Бо як жа будуць без мяне
Гай, каравай, грай, рай?
Крадком ступае пакрысе.
Што за спіною К нясе?
Куды ідзе, нясе каго?
Сам папытайся ты ў яго!
Напішаш К — i тут як тут
Кот, крот, канапа,
Качка, кут.
У кузні працаваў заядла —
Каваль кувалдай біў
Кавадла.
Лапа льва
Ці ножка лавы
Злева так стаіць
Ці справа?
Лапа ў кошкі,
Лапа ў рысі.
Лепш за лапы не бярыся!
З Л сышліся вельмі блізка
Лотаць, ложак, лыжка, ліска.
Цень ад лямпы лёг у лёх.
Лашчыла ляшчына лог.
Моўчкі я i ты прыйшлі,
Ўзяўшыся за рукі,
Гэта — Мы,
I ажылі
Родных песняў гукі.
З М малітва, мама, мара.
Быць без М не можа хмара.
Міла мела мяты пачак.
Мяў мядзведзь, як мякіш, мячык.
Нерат, ношка, Новы год,
Новы снег i новы лёд
З Н бяруць пачатак свой.
Нельга жыць —
Адно засвой.
I ляноце i мане
Ты скажы рашуча — не!
Не ў сваё не сунь свой нос.
Нехта ўночы ночвы нёс.
Окае ўкраінскі брат.
Ты заокаеш наўрад.
Пракрычаў арол з-пад неба:
— Беларусу акаць трэба!
Дах не баіцца малатка.
Дай кацянятку малака.
Пабач,
Як праз вякі ў сягоння
Прымчала гордая Пагоня —
Герб незалежнай Беларусі.
У цішыні складзі далоні
I цвёрда прысягні Пагоні.
Скяжы!
— Чужынцам не скаруся!
Паперам у пяра палёгка.
Пабегла пад павець палёўка.
Пчаляр у пчол найпершы лекар.
Пячэ пахучы пернік пекар.
Руку пад паху Р бярэ.
Уранні роена на дварэ.
Смех ухапіўшы за руку,
Пабег Раман дагнаць раку.
З Р пачынаецца расклад.
Рахманы рак раскладу рад.
Як рухнуў бык раптоўна ў роў,
Ад роспачы рагаты роў.
Стынуць капытоў сляды,
I невыпадкова
Грэе неба ў халады
Месяца падкова,
Дык задумайся ўсур’ёз,
Хто падкову ў неба ўзнёс?
Хай смялейшы самы скажа,
Хто хітрэйшы,
Снег ці сажа?
Тэлеантэны не ад страху
Уздрыгваюць на кожным даху,
Яны павінны
Штохвіліны
З усёй зямлі лавіць навіны.
Запамінаецца імгненна:
Т — тонкая тэлеантэна.
Таропка паўтары ля тыну:
Ткачыха порстка тчэ тканіну.
У торбе не схаваеш шыла.
Тачыла нож тупы тачыла.
У бок, угору ад ствала
Галінка ціха ў рост пайшла.
У-у — вые воўк зімою
З ашчэранаю пашчай злою.
Узлессе ўзгорак вёў уброд.
Уцекача
Уцяў удод.
Над У маладзічок ляцеў
Ды затрымацца захацеў,
Вісець так i застаўся стала.
У з доўгага кароткім стала.
Стаў зледзянеў,
Рачулка стала.
Ф забылася на ўрокі,
Фыркае, надзьмуўшы шчокі.
Як сур’ёзнай быць такой —
Смех за кожнаю шчакой.
Словаў з Ф ледзь цягне фура:
Фрэска, фарба, фэст, фігура.
Бачыла ў зімовы ранак
Футра фару з-за фіранак.
X — нажніцы ад знямогі
Выпрасталі рукі, ногі —
Хай іголка-даўгашыя
Хвартухі даўгія шые.
Хутка ў горне жар патух,
Хведар прапаліў хвартух.
Дратвай бліскавіцы хром
Хітра прашывае гром.
Праганяй благія словы,
Як ідзеш у Храм Хрыстовы!
Цяпер далей ісці пара нам.
Ц — цяжкая цыстэрна з кранам.
Крыху павернеш кран яшчэ —
Цурок з цыстэрны пацячэ.
Цыстэрна — цэбру не радня.
З цяцерай спіць цецераня.
Цялятка спудзіла трашчотка.
Цыбулю ў цёрле церла цётка.
Ч горбіць казырок таму,
Што ўсе з яго чаго, чаму?
Чаму гудзе сярдзіта чмель?
Чаму чапляе човен мель?
Чаго,
Калі спадзе вада,
Чакае чапляў чарада?
Чаму чабор i чуб на Ч?
Чамучак-мучак шмат яшчэ.
Шэпча штосьці шасцярня,
Быццам Ш — яе радня.
I зусім не для забавы
Шасцярня скрыпіць зубамі.
Далічыўшы да шасці,
Можна ўжо шукаць ісці!
Шум чуваць з усіх бакоў —
Ля шыпшыны шмат шпакоў.
Знік Шчупак у глыбіні.
Шчаўя ў шчопаць адшчыкні.
Ы поплеч з I ідуць па зямлі
Амаль аднымі шляхамі.
Калi калЫ дрэвамі бЫлі,
Не білі ix абухамі.
Ілона з Вірай чакалі вЫрай,
Дамініка з Дзінай дзяліліся дЫняй.
Ь — загнуў свой палец мяккі знак,
Не могуць без яго ніяк
Прамень, сухмень, струмень, Арсень.
Дзень, цень, пень, рагавень, галень,
Агонь, скронь, абалонь, далонь.
Кон з мяккім знакам
Будзе конь.
У словах снег, цвет, звер, асвер
На мяккасць гукаў слых правер.
Як разложысты бераг i востраў
Нецярплівы праліў раздзяляе,
Гукі так раздзяляе апостраф —
Кропля ўгору з хвастом дажджавая.
Прачытай словы гэтыя жвава:
Зуб’е, зрэб’е, адгор’е, аб’ява.
Эх! — Э праходу не дае,
Язык паказвае сярдзіта,
Таму ў канцы шукай яе,
А не ў пачатку алфавіта.
Яны да нас прыйшлі здалёк —
Экзамен i электраток.
Цяпер i ў лузе коніка
Цікавіць электроніка.
Юны стане чэмпіёнам.
Бач, як гоніць мяч ca звонам,
Вучыць кемлівасць сваю.
Даланя з мячом,
Як Ю.
Ю высвіствае знарок:
Ютрань, ювелір, юрок.
Юшка
— Пазнаю,
Як у юн уз’юшыў Ю.
— Я ў канцы быць не магу! —
Выстаўляе Я нагу.
Той, хто якае зашмат,
Ставіць сам сябе назад.
Яўна Я ўсё паўтарыла:
Яблык, ярына, Ярыла.
Паспытаў травінку язь,
Ядлаўцовых ягад Ясь.
Ведай,
Да навук ахвочы,
Азбука —
Вучэння вочы.
Азбука —
Ад А да Я —
Спадарожніца твая,
У краіну ведаў шлях
Пачынае па складах.
Ca складоў
Складзецца слова.
Слова —
Добрых спраў аснова.
ІНДЫКАЛА-КУДЫКАЛА
Ішоў я ўслед
За гаманой,
A ўслед за мной,
A ўслед за мной
Ішло i цяжка дыхала
Індыкала-кудыкала:
— Ты куды?
Ты куды?
— Да вады
Па жалуды.
На вярбе
Натрасу
I табе
Прынясу!
Ды,
Не сцішаючы хады,
Кудыкала:
— Куды-куды?
Ажно скакаў
Яго кадык,
Нібы кульгаў,
Кудык-кудык…
ДЗЕ РЭ?
Сабачых не шкадуе слёз,
Скуголіць жаласна
Барбос.
Ён без відэльца
Еў пюрэ
I праглынуў раптоўна
Рэ.
I сапраўды
Сабачы лес:
Барбосам быў,
A стаў
Бабос.
Ён хоча забрахаць,
Ды брэх
Гучыць, як дражніць:
— Бэх, эх, эх!
I азбуку
Барбос дзярэ.
Без рэ
Як запытаць,
Дзе рэ?!
КАЛЫХАНКА-БАІНКА
Раз —
у гэты час
Два —
пулятая сава
Тры
у цёмным гушчары
Чатыры —
вышуквае, праныра,
Пяць —
дзе зайчыкі не спяць.
Яшчэ раз лічым да пяці,
Ты галавою не круці!
Раз —
Бай абяцаў якраз,
Два —
што з рукава
Тры —
ён выпусціць шары.
Чатыры —
раю шчыра
Пяць —
ix не чапаць.
Цяпер лічу да трох,
Каб сну
Ты спаць памог.
Раз —
прамень апошні згас,
Два —
спіць на двары трава,
Тры —
вочы кулачком не тры!
Заўтра лічым да васьмі.
Cпi i ў сне
Шары вазьмі!
ПЕЎНІК-ВЕСЯЛУН
Ку-ка-рэ-ку!
Хвост дугой.
Не сябрую я з тугой.
Я знайшоў
Для малышоў
Зерне дзіўных спарышоў.
Вырастае з зерня смех,
Аж яго не ўмесціць мех.
А яшчэ
Растуць загадкі,
Жарты,
Казкі-самаскладкі.
Прыбабунькі
I шаптушкі
Хітрыя тапыраць вушкі.
I казычуць,
Як іглінкі,
Весялінкі
Штохвілінкі.
Тых,
Хто сумным стаць паспеў,
Будзіць
Мой вясёлы спеў.
ЕДЗЕ ВЯЧЭРА
Пераходзіць
Бусел брод.
Дзюба ўгору ўзведзена —
Гэта едзе бутэрброд
З жабкамі ўсярэдзіне
На вячэру буслянятам.
Добра быць
З цыбатым татам!
РЫЖАЕ ПОЛЫМ Я
Полымя кіпцюрастае
З дрэва на дрэва шастае.
Фыркае,
Цокае,
Лётае.
Зловіш — апаліць
Пяшчотаю.
Лёгкае,
Пухкае,
Вёрткае
Полымя клічуць
Ва-
вёр-
ка-
ю!
РЭДЗЬКА I РЭЧКА
Хацелася рэдзьцы
Купацца ў рэчцы.
A ластаўчаняты ў застрэшку
Гулялі ў арол i рэшку.
Але не ведала
Рэдзька,
Дзе арол,
Дзе рэшка,
Дзе дол,
Дзе рэчка.
Пакуль зразумела
Нарэшце,
Растуць
Не на рэчцы —
На лешцы!
ПЫТАННЕ ЎСІМ
Нёс
З нябёс
Усім па тайне
Вецер-цецер,
Хмарачос,
I капрызнае пытанне:
У каго
Даўжэйшы нос?
I адразу ўся дзятва
Кажа хорам:
— У дзятла.
Не кароткі
У дзятла
Нос,
Ды ён найгрозны
Для
Лютых ворагаў ствала,
I яго баіцца
Тля.
Дзяцел лечыць
Дрэвы ўсе,
Ён здароўе
Iм нясе.
Тут падумаць
Дзеці мусяць.
Ды ў запасе
Буська,
Бусел!
У яго
Даўжэйшы нос.
A падумаўшы ўсур’ёз,
Нос у буські доўгі,
Каб
Даставаць
З балота жаб.
Заціхае гамана
Толькі на хвіліну.
Нос даўжэйшы
У слана!
Так i быць павінна!
Працаўнік адменны
Слон,
Як галінку,
Возьме ён
Бервяно любое.
Доўгі нос на тое,
Каб дапамагаць усім.
Добра
З носам быць такім!
A даўжэйшы самы
Нос,
Што на ўвесь пасёлак
Рос,
A дастаўся аднаму
Непаседнаму таму,
Хто паўсюль
Яго сye
У свае
I не ў свае
Справы
I забавы —
Лапатун рухавы!
Да сястры ў партфель,
Да бабулі ў кісель,
Да бацькі ў паперы.
Без дазволу
Лезе нос,
А не любіць
Нос да слёз
Недаверы-дзверы,
Бо яны яго
Не раз
Выстаўлялі напаказ.
Доўгі нос
Без жалю
Дзверы прышчамлялі.
Паглядзіце, дзеці,
Самі,
Хто панёс
Дасужы нос,
Доўгі, доўгі
Самы?!
НЕДАВЕР
Каток,
Зашыўся ў куток,
Лізнуўшы
З малаком збанок,
Пытаўся ў кошкі-мамы:
— Няўжо
З усіх вусатых,
Хвастатых i касматых
Я непрыгожы самы?
Чаму,
З падстрэшша гультаі,
Мяне баяцца
Вераб’і?
Ледзь хвост угледзяць мой
Уміг
I дух i пух
Прастыне ix?
А мама
Неслуху ў адказ:
— Ты ў нас
Прыгожы,
Ну, якраз
Як цётка родная твая,
Што летась
З’ела вераб’я.
Да нашае радні
Цяпер
У вераб’ёў прапаў
Давер!
СНЕГ З РУДЫМ ЗАГАРАМ
Хоць з загарам снег рудым,
Ды баіцца цеплыні,
Языком яго лізні —
Апячэ
Салодкі дым.
Зразумела ўсё само:
Снег
Завецца
Эскімо!
ЯК ВЯСЁЛКУ ТКАЛІ
Калі
Па веснавой зямлі
Прайшоўся дожджык босы,
Вясёлку ткаць
Распачалі
Вясёлыя нябёсы.
— Чакайце!
Гром не мог маўчаць —
Аж задрыжала неба.—
З якога колеру
Пачаць
Нам ткаць
Вясёлку трэба?
Чырвоны колер —
Ад зары,
З яго мы i пачнем,
Сябры!
— Аранжавы
За ім ідзе,—
Аблокі нагадалі,—
З гарачым колерам
Нідзе
Не замярзалі далі.
— Аранжавы, аранжавы,—
Скрыпеў вятрак
Абражана.
— Жадаю спеласці такой,
Як жытні поўны колас,—
Сказала сонца.
За ракой
Падтакнуў нейчы голас.
Жаўна,
Падтакнула яна:
— Жаўцее гожа збажына!
Заладзілі сваё
Вятры,
Бягуць,
Як коні з пуні:
— Найлепшы,
Як там ні хітры,
Зялёны колер
Руні.
Зямля зялёная вясной,
Як вецер
Стараны лясной.
— Без вобліку майго
Зусім
Я неба не ўяўляю,—
Блакіт сказаў,—
Любіць усім
Блакітны вам параю.
Бо рэчка пад ракітамі
Блакітная-блакітная.
Сінічка,
Лёгка летучы,
Прысела на галіне,
Спытала:
— Бачылі ўначы
Туман пяшчотна-сіні?
Вядома, ўсё без сіняга.
Як бераг той
Без сітняга!
— Фіць-фіць,—
Спяшае ластаўка,
Што пад страхою
Летуе,—
Калі ўжо ткаць
Палас такі,
Дык колер фіялетавы
Патрэбен тут выключна,
Ён з сінім неразлучны.
I цецярук
Хвале дае
Той колер фіялетавы.
I выткалі вясёлку,
Вясёлку-весялуху,
I, ззяючы пасёлку,
Яна ўзышла з-за лугу.
Сем колераў
Гарыць у ёй,
Пералічы
I ўсе засвой!
Чырвоны,
Аранжавы,
Жоўты,
Зялёны,
Блакітны,
Сіні,
Фіялетавы.
Ix помняць
Лясы i адхоны,
Вясёлыя колеры
Гэтыя!
Сем колераў,
Як сем прыгод.
Вясёлка
Тчэцца з ix
Штогод!
ІШОЎ С АБАКА ЦЕРAЗ М ОСТ
Ішоў сабака цераз мост,
Чатыры лапы,
Пяты — хвост.
Ледзь ступіў ён
Лапай першай —
У гняздзе
Прачнуўся шэршань;
Лапай варухнуў
Другой —
Поплаў
Выгнуўся дугой;
Лапай трэцяю
Ступіў —
Месяц
Крэсіва ступіў;
Трасянуў
Чацвёртай лапай —
Вецер
Форткаю заляпаў,
Хвост сагнуў
У абаранак,
Шугануў
Віхор на ганак.
Ад сабакі не адстаў,
Следам
Брэх сабакаў
Грукатаў
I якатаў,
Галасіў
I плакаў.
А сабака
То дваром,
То бугром,
Хітрушчы,
Праставаў.
А гэта гром
Выбраўся з-за пушчы!
РЭГУЛІРОЎШЧЫК
Зай-рэгуліроўшчык
Атрымаў жазло.
Ані ў кога
Лепшага
Пэўна не было.
Морквінка чырвоная,
А зялёны хвост,
Морквін хвост
Паказвае —
Рухайся наўпрост.
Морквінку чырвоную
Раптам узнясе —
Рух увесь
Спыняецца
I стаяць
Усе.
У рэгуліроўшчыка
Усё ішло
Як след.
Толькі непрыкметна
Падышоў
Абед.
З’еў
Святло зялёнае
Зайчык пакрысе.
I на шумнай вуліцы
Згрудзіліся ўсе.
A калі чырвонае
Згрыз
Святло
Паціху —
Выпусціў на вуліцу
Зай
Неразбярыху.
ФАРФОР
Кот вясёлы
Ca стала
Скінуў вазу
На падлогу.
На стале адна была,
На падлозе
Стала многа.
Ды аб тым,
Што скінуў вазу,
Кот
Прызнаўся не адразу
Зараз,
Гледзячы на двор,
Муркае:
«Фар-фор, фар-фор…
ШУКАЛІ КАЧАНЯ
I каля качана
Шукалі
Качаня,
I каля
Таўкача
Гукалі
Ўцекача,
Пакуль пра качаня
Сказала кацяня:
— Ягоныя сляды
Пабеглі да вады!
ДАПАМ ОГА
Дома маме
Памагаць —
Не рукамі
Памахаць.
Уцякае з рук
Мятла.
Грук
Злятае
Ca стала.
Кухлі ў кухні
Ля пліты
Раздзімаюць
Жываты.
Я не ўмею мыць
Пасуду.
Можа, біць
Патроху буду?
Буду біць я —
Так i быць! —
Брудную пасуду.
Меней будзе
Маме мыць,
I не будзе
Бруду!
ХТО ЯНЫ?
З раніцы да хрыпаты
У бары
Раўлі браты,
Два мядзведзькі хмурыя,
Бо не зналі
Бурыя,
Што яны завуцца
Грызлі.
I таму навуку
Грызлі
У зялёным буквары.
Хто ж
Яны ў сваім бары?!
ТАМТАМ
— Там, там! —
Падказвае тамтам,
Але не кажа дзе.
— Там-сям, там-сям,
Глухі тамтам
Адно сабе гудзе.
— Сам, сам
Шукай,—
Гручыць тамтам
I ўсё далей вядзе.
— Дам, дам!—
Лагоднее тамтам.
А што,
А што,
А што,
Не ведае ніхто.
Я крыўды не таю,
Пытанне задаю
Лістам,
Лясам,
Грудам:
Што там?
Хто сам?
Што дам?
Пытанне
Ці тамтанне?
— Я не люблю
Таптання! —
Дае адказ тамтам.—
Ідзі
Рашучым кронам,
Глядзі
Нядрэмным вокам —
I ўсё спазнаеш сам!
ВЯСНОВАЯ РАЗМОВА
Верабей
Казаў шпаку:
— Я табе
Блінец спяку.
Мне зімой
Зусім спакойна
Жыць было
Ў тваёй шпакоўні.
Вераб’ю
Адказваў шпак:
— Кожны
Абяцаць мастак!
Ты за так
Пражыў зіму,
Я цяпер
Свой дом
Займу!
Летам
Блізка вераб’ю ўсё:
— Без кватэры
Пераб’юся!
НЕ СТОЛЬКІ М ЛІВА, КОЛЬКІ ДЗІВА
Вёз
Дзед Хвядос
Малоць авёс,
Прывёз,
А злосны вецер
Знёс
Вятрак.
Пакуль за крылы
Лавіў
З апошняй сілы
Дзед за аблокамі
Вятрак,
Зайцы ў аўсе
Пачулі смак…
Хацелі ўнукі
Кісялю,
Скрыпеў вятрак:
— За так
Змялю,
Але калі
Няма аўса,
Мукой
Не зробіцца раса…
Дамоў
Вяртаўся дзед,
А воз
Адно пытаўся
— Дзе авёс?
Рой вое
У дзеда ў барадзе
Пытаўся ўсё:
— Авёс
Твой
Дзе?
А дзед Хвядос
Бубнеў пад нос:
— Адкуль жа вецер
Чорт нанёс?
ЧЫМ СКЛЕІЦЬ?
Мама ўчора гаварыла,
Што яна ката пабіла.
Дужа рыжага шкада,
Чым жа склеіць
Нам ката?
САЛОДКІ СОН
Да бярлогу
Ціхім ходам
Падышла
Калода з мёдам:
— Гэй, даволі спаць,
Мядзведзь!
Гэтак можна прахрапець
I маліну з мёдазборам,
Свой бярлог
З шумлівым борам…
I сапун
Разявіў ляпу,
Выпусціўшы
З ляпы лапу.
Як дагоніш
Асалоду?
Сон забраў
З сабой
Калоду…
КАМУ НАСІЦЬ?
Выпадак быў
Дужа рэдкі —
Воўк зайцу
Звязаў шкарпэткі,
Не з халоднай поўсці
Нейчай,
А з ягонай жа,
Заечай.
У шкарпэтках
Зручна будзе
Бегаць
Восенню па хлудзе
I зімою
Снег мясіць.
Ды няма
Каму насіць!
ПЫТАЛАВА
Дарога ўся падталая
Была ўзіму
Таму,
Што ехала Чаму
На станцыю Пыталава.
Чаму сабе
Чамукала,
Чаму ў далоні
Хукала,
Чаму ў бакі
Хісталася,
Пыталася
Ўвесь час,
Ці будзе
У Пыталаве
Яе чакаць
Адказ.
А за Чаму
Чагокала
Разгублена
Чагокала,
Недачувала
Штокала
I ўсю дарогу
Штокала.
I далячынь навокала
Галёкала
I вохкала.
Пыталава не ўсіх
Знаёміла
З Адказам.
А шум i гам
Не ціх,
Бо ўсе крычалі разам.
Пра гэта
Мне сказалі
Чыгункі ўздрыгі
На гарадскім вакзале
Вясёлай Рыгі.
КОЛЬКІ ВАЖЫЦЬ ЗАЙЦАЎ ЦЕНЬ?
Думаў заяц
Ноч i дзень,
Як уласны
Зважыць цень.
Раз, два,
Тры, чатыры,
Дзе знайсці
Такія гіры,
Дзе знайсці
Такія вагі?
Стаў бялюткі
Ад развагі
Заяц
З таго, шэрага,
Што скакаў
Л я берага.
Цень
Кароткі дужа ўранні,
A ў паўдзён
Даўжэе ён.
I не вырашыць пытання
Заяц
Аж да гэтых дзён.
Аж пакрыўся мохам
Пень,
I ў яго пытанне:
Колькі важыць
Зайцаў цень
На лясной паляне?
ВЯСНОВЫЯ ГУКІ
Прыйшла вясна:
— Сівер,
Больш не сноўдайся!
На табе, граб,— на,
На табе, вяз,— на
Лісце новае!
Колькі крылаў
Чорных,
Шэрых,
Колькі дзюбак
Сонцу рады.
Зачакаліся кватэры
Гаспадарчага дагляду.
— Шпок-шпак,
Шпок-шпак! —
Шпакляваў шпакоўню
Шпак.
— Шпак-шпок,
Шпак-шпок! —
Шпакляваў,
Пакуль не змок.
— Грук-грак,
Грук-грак! —
З тапаром стараўся
Грак.
— Грак-грук,
Грак-грук!
Затлуміў старога
Грук.
— Крум-крум,
Крум-крум!
Паляцеў крумкач
На рум,—
Трэба мне
Бярвенне,
Бёрнаў сто —
Не меней!
Пакладу я
Руб на руб
I зрублю на крушні
Зруб.
Будзе госцем
Кум каршун —
Шух-шум,
Шух-шум,
I кума варона,
Чорная карона.
— Чак-чак,
Чак-чак! —
Часаў каменьчыкі
Раўчак.
Над вадою нізка
Пралятала пліска,
Будавала, ўмеючы,
Гняздо
Каля каменьчыкаў.
— Дук-дак,
Дук-дак! —
Дзяцел працаваць
Мастак.
— Дак-дук,
Дак-дук! —
Ён абслухаў
Кожны сук.
A круцігалоўка,
Дзятлава залоўка,
Заняла дупло —
Дужа ўтульнае
Жытло.
— Віць-віць! —
Хваць-кідзь,
Ля стаўка
Ластаўка
Мясіла гліну,
Без адной цагліны
Ды без кельмы
Змуравала хатку
Зграбную вельмі.
— Ку-ку,
Ку-ку!
Добра на любым суку
Мне, зязюлі,
Адной
Цёплым летам
I вясной.
Мне гнязда
Не будаваць,
Мне дзяцей
Не гадаваць.
Дык навошта бедаваць!
А варона:
— Кар-кар! —
Да каня гнядога:—
Поўсці дай мне,
Гаспадар,
Высцелю гняздо я.
Адна сарока
Лётае:
— Ой, долечка нялёгкая.
Мне не хочуць
Памагчы,
чы,
Хоць сучок
Адсячы,
чы.
I сабрала талаку.
Птушкі
Шчыра носяць
Па галінцы,
Па суку.
Дзень насілі —
Досыць!
Выйшла гняздо
Рагатае,
Выйшла гняздо
Неахайнае.
Гэтак гультайцы i варта —
Робіць сама
Няхай яна!
Ну, вядома, лайдакі —
Чубяцца цецерукі.
На таку
Каля ракі
Iм валтузіцца
З рукі:
Мох зязюльчын
Мяккі —
Колькі хочаш
Чмякай!
— Чу-шы,
Чу-шы,
Уцякай чужы
I свой
Не стой,
Калі
Пер’е дорага…
— Ты мяне не руш,
Не руш! —
Прахрыпеў
Сярдзіты хрушч,
Ды ў бярэзіну ілбом
Бом —
I няма,—
Харахорыўся дарма!..
Да зары
Чуўся плач —
У бары
Стагнаў пугач:
— Не магу
Прагнаць тугу,
Угу, угу-у!..
АБ’ЯВА ДАПАМ АГЛА!
Сон мне сніўся
Добры самы,
Ды ўсхапіўся я
На золку:
Мама,
Цацкі запрашаць
На ёлку?
Мама хваліць:
— Малайчына!
Жвава
Возьмемся за справу.
Каб было ўсё
Чын па чыну,
Вывесім давай
Аб’яву:
«Рады песням
I прыгодам!
Каб вясёлы смех
Не ціх,
Новы год
Вітаць з прыходам
Просім
Дужа шчыра ўсіх!»
Быць аб’яве
На паляне.
Хто ні пройдзе,
Кожны гляне,
Паразважыць пакрысе
Ясная аб’ява тая.
Хто на свята завітае,
Падарунак прынясе.
Як сказалі,
Так зрабілі!
I аб’яву
На сасне
Мы іглінкамі прыбілі.
Ці заўважаць,
A ці не?
Дзень мінуў,
Яшчэ паўдня,
Ані гуку —
Цішыня!
Раптам з лесу —
Што за рух?
Цёмна,
Як ад завірух…
Рана грукае мядзведзь,
Задрыжала брама.
— Як вас трэба
Разумець? —
Запытала мама.
Футра
Ад сняжку абтрос:
— Вам ялінку
Я прынёс.
Папрасілася сама.
Проста
Зладу з ёй няма!
Зубр
Наставіў грозна рогі:
Сум i слёзы —
Прэч з дарогі!
— Падбрыкнуў бы ў
карагодзе,
Ды ў мяне
Такая маса.
Без мяне
Танцораў годзе.
Вам даю
Эмблему МАЗа.
Гэта —
Як бы
Мой партрэт.
Ён адліты ў срэбры.
Збычыў шыю…
Мой прывет! —
Захадзілі рэбры.
Тут як тут —
Прыйшла лісіца,
Вогнехвостая хітрыца:
— Бегла я
З усіх лапатак,
Запрашала курапатак,
Ад мяне ўцяклі
Суседкі,
Палахліўкі,
Дамаседкі!
За лісіцаю —
Янот:
— Можа, вам патрэбен
Кнот,
Каб газоўка
Не пагасла?
Цемната!
Каму не ясна.
Не сказаць бы,
Што стары,
Толькі
Сцежку мацае.
Яўна, цёмна
У нары,
Кепска з інфармацыяй:
Электрычнае святло
У жытло
Да ўсіх прыйшло!
З Афрыкі
Прыехаў слон —
Зацікавіў біятлон:
— Хоць не раз яго
Па ТЭЛЕ
Ca сланіхаю глядзелі,
Цікавей убачыць
Зблізку.
Як турыст
Дзіўлюся Мінску!
Не злічыць,
Як ні лічы —
Хобаты,
Хвасты,
Лычы,
Крылы,
Панты,
Рогі,
Дзюбы,—
Госцям
Шлях да ёлкі
Любы!
Дзе тут сон?
А дзе тут
Ява?
А дапамагла
Аб’ява!
НА ЗЯЛЁНУЮ АЛІМ ПІЯДУ!
Спяшаў цягнік
Пад песню шпал
I не лічыў перонаў.
— На кар-
навал? —
— На кар-
навал? —
Пыталіся вароны.
Бугай зароў:
— Куды плывеш,
Імчышся без аглядкі?
.— У Бе-ла-веж!
У Бе-ла-веж! —
Забэкалі ягняткі.
Ну памяркуйце самі,
Цягнік быў незвычайны:
Вясёлы — галасамі,
Дапытлівы — вачамі.
I незвычайныя былі
Ягоныя вагоны.
Здзіўляла ўсіх:
Адкуль,
Калі
Збіраўся люд ягоны.
У ледніку драмаў пінгвін
Яму каб што спякота!
У твань,
Пад шаты да ялін
Цягнула бегемота.
Ну, a магістр,
Пан насарог,
Ён тугадум вядомы,
Транзістар
Пачапіў на рог —
Навіны слухаць з дому,
Бо нечым насарожыха
Старога насцярожыла.
Дождж
Паказаў характар свой:
Абдаў усіх як з цэбра,
Бо зачапіла галавой
Знянацку хмары
Зебра.
У інтурыстаў інтарэс
Нос вытыркаў хітрушчы:
— А гэта што так!
За лес,
Які
Завецца пушчай?
Паважныя бульдогі
Свяцілі медалямі.
Цягнік быў
Доўгі-доўгі,
Цягнік
Імчаў палямі.
У Белавеж
Імчаў цягнік,
Дзе зелянее ляда,
Дзе ўсім галам
Адкрые лік
Свая алімпіяда —
Зялёная,
Лсная,
Дзе спрыт свой
Кожны мае.
Бо як зірнуць —
Наўкола
Раздолле для футбола!
Гасцей сустрэць
Ідуць зубры,
Рахманыя мядзведзі:
— У добры час
Да нас
Сябры,
Алімпіяда едзе!
КАЗА I ВІНАГРАДНІК
(з грузінскіх забавак)
Я на вінаграднік гляну,
Хто аб’еў лазу старанна?
Пааб’едзена лаза,
З’ела ўсю лазу каза.
Лепей гляну на казу,
Хто там з’еў казу, скажу.
Тую воўк задраў казу,
Што аб’ела ўсю лазу.
Значыць, воўк задраў казу,
Што аб’ела ўсю лазу.
На ваўка цяпер ахвота
Глянуць мне, хто з’еў яго там?
Не застаў ваўка, бо ўжо
З’ела шэрага ружжо.
Больш ваўка не ўбачу ўжо,
З’ела шэрага ружжо,
Шэры воўк задраў казу,
Што аб’ела ўсю лазу.
Гляну на ружжо, што смела
Шэрага зладзюгу з’ела.
Глянуў, а няма ружжа,
З’ела ўжо ружжо іржа.
З’едзена ружжо ужо,
З’ела шэрага ружжо,
Шэры воўк задраў казу,
Што аб’ела ўсю лазу.
Лепей гляну на іржу,
Хто там з’еў іржу, скажу.
Паглядзеў я на іржу,
З’ела ўжо зямля іржу.
З’ела ужо зямля іржу,
Ад іржы канец ружжу,
Больш ваўка не ўбачу ўжо,
З’ела шэрага ружжо,
Шэры воўк задраў казу,
Што аб’ела ўсю лазу.
Бачыць сам я ўсё люблю,
Гляну, хто там з’еў зямлю?
I зямлі няма, кажу,
Мышка з’ела ўсю мяжу.
Мышка з’ела ўсю мяжу,
З’ела ўжо зямля іржу,
Ад іржы канец ружжу,
Больш ваўка не ўбачу ўжо,
З’ела шэрага ружжо,
Шэры воўк задраў казу,
Што аб’ела ўсю лазу.
Затаіўшыся ў зацішку
Гляну я, а хто з’еў мышку?
Глянуў, пачакаўшы крышку,
Гэта кошка з’ела мышку.
Кошка — мышку, вам кажу,
Мышка з’ела ўсю мяжу,
З’ела ўжо зямля іржу,
Ад іржы канец ружжу,
Больш ваўка не ўбачу ўжо,
З’ела шэрага ружжо,
Шэры воўк задраў казу,
Што аб’ела ўсю лазу.
ПАДУМ АЙ
Баран лабан
Біў у браму,
Разбіў збан.
Бараноў ці твой
Пусты
Лоб
Ці збан,
Падумай ты.
КАРАБЛЕБУДАЎНІК
Верабей-вярбель
Збудаваў карабель,
I на дзіўным караблі
Вераб’і туды плылі,
Дзе хапае
Хлебных крошак,
Многа мошак,
Мала кошак.
Плыў вясёла карабель,
Покуль
Не ўзляцеў на мель.
Верабей-вярбель
Зноў
Будуе карабель.
I тады
Цябе ён можа
Запрасіць у падарожжа,
Дзе хапае
Хлебных крошак,
Многа мошак,
Мала кошак.
ПІЛЬНАВАЛІ
Занурыўшыся ў зацішак,
Пільнавала
Кошка мышак.
Затаіўшыся ў пад вале,
Мышкі
Кошку пільнавалі.
Ноч усю
Сядзелі так.
Камары
Таўклі ім мак.
Маку
Раніцай пад’елі
I пайшлі
Шукаць пасцелі.
Кошка спіць
I мышкі спяць.
Раз,
Два,
Тры,
Чатыры,
Пяць!
СЛОН I ЎСЛОН
Слон
Наведаўся ў салон,
Каб сабе купіць
Услон.
Знадакучыла слану
Падпіраць спіной
Сцяну.
Бо пад вечар
Ад знямогі
Як чужыя ходзяць ногі.
Ціха ж пасядзець
На ўслоне
Добра заўтра,
Зручна сёння.
Слон жа
Знайсці не можа ўслон,
Каб трымаў ён
Тону тон.
Хай не тону тон,
А меней.
Слон
Не іголка ў сене.
Можа, вырасце сасна
Велічэзная адна,
Каб пасля яе зрубілі
I слановы ўслон зрабілі.
I параілі ў салоне
Задуменнаму слану
Болей грэцца на прыслоне
I прасіць расці сасну.
НАВОШТА
Навошта лапцы
Лапці,
Навошта будцы
Бутцы,
Навошта лейцы
Лейцы,
Навошта лаўцы
Лаўцы,
Навошта сойцы
Сайка,
Навошта соўцы
Зайка,
Навошта
Во што й тое,
Што ў пеўня
Пад пятою,
Што ў пене
Над краямі,
Што ў пня
Пад каранямі.
Раз сам таго
Не ведаю
Вас кемлівых
Наведаю
З патайнымі назолямі —
З пытаннямі вясёлымі.
ГОД-КАРАГОД
Год ахвочы да прыгод
Круціць, кружыць карагод.
Пачынае пералік:
Студзень,
Люты,
Сакавік.
Студзень студзіць
Рунь густую,
Люты злосны,
Ён лютуе.
Сок пускае сакавік —
Да салодкага прывык.
Следам з краскай
Красавік —
Ён лясун i палявік.
Травень-май
Траву лагодзіць,
Чэрвень
З чырванню прыходзіць.
Ліпень
Ліпам цвет прыносіць,
Жнівень жне
Атаву косіць.
Раіць верасень вясёлы:
Хай лятуць
На ўзлесак пчолы,
Там не зябнуць ад расы,
Зацвітаюць верасы.
I кастрычнік не гуляе —
Клопату з ільном
Хапае.
Разлятаюцца кастрынкі,
Як халодныя іскрынкі.
Лістапад
Надвор’ем мглістым
Высцілае сцежку
Лістам.
Снежань-лежань
Снег нясе.
Вось вам месяцы
I ўсе!
I нанова
Кожны год
Пачынае карагод.
Карагоду ў новым годзе
Аніхто не скажа:
Годзе!
КОТ М ІРОН — ЦАР ВАРОН
У ката Мірона
Чорная карона,
Ён у чорнай цемры цар,
Над мышамі гаспадар.
A з сука варона
Каркае,
Як з трона:
— Чорны — значыць
Наш цар,
Кар-кар,
Кар-кар.
Мышку-ўвішку
Ён дагоніць,
А варону правароніць.
Вось які
Наш кот Мірон —
Страх мышэй
I цар варон!
НА ПРЭМ ‘ЕРЫ
Акторы ўсе на сцэне
Хадзілі,
Быццам цені.
I на балконе гледачы
Дрыжалі,
Моўчкі гледзячы,
Як важна
У партэры
Сядзелі
Дзве пантзры.
ДЗЕ НАБЫЦЬ?
Прыскакаў у краму конік:
— Дзе набыць мне парасонік,
Не вялікі,
Не маленькі,
Каб я мог схаваць каленькі
I, вядома,
Галаву,
Як паваліць дождж траву.
Ці такі,
Як у стракоз,
Плашч,
Каб не баяцца рос.
Скача ў краму
Ён штодзённа,
Ды стараецца дарма —
Ні плашча,
Hi парасона
У зялёнага няма.
ПІЛЬНАЯ ПРОСЬБА
На тэлестудыю цяля
Прыбегла з просьбай пільнай,
Каб выпусцілі ўрэшце для
Цялятак
ЦЯЛЯфільмы!
БУДЗЕ РЫЖЫК БЕЗ ПАРТРЭТА!
Я збіралася раз пяць
Рыжыка намаляваць.
Толькі многа з ім турбот —
Непаседа
Рыжы кот.
То прыляжа,
Жмурыць вочы,
Быццам мець партрэт свой
Хоча.
Паслухмяны на хвіліну…
Ды раптоўна выгне спіну,
Толькі блісне
Рыжым вокам —
Уцякае прэч з падскокам!
Пэўна, накіды пакіну.
Што ты зробіш з абібокам?
Шмат клапот,
А толку мала.
Так i не намалявала!
ВАРГОЛЫ
Плача суп —
Слёзы з круп,
Крыўдзіцца смятана:
Анічога,
Ані ў зуб,—
Наравіцца Лана.
Вераб’ям
Не да сваіх
Крошак на балконе.
Не глядзіць на ix
Капрызуля сёння.
Бабка кажа:
— Не бяда.—
Жмурыцца вясёла.—
Трэба даць,
Відаць,
На абед
Вар голы.
Злосць зняло
Як рукой,
Позірк стаў ласкавы,
Бо малая такой
Не спытала стравы.
Ледзь настаў абед,
Дык хутчэй за лыжку.
А спяшацца
Не след
За сталом залішне.
Клёцку ўходай,
З’еш булён
Да запі кампотам.
Прычашы
Свой русы лён.
А варголы — потым…
Лана з’ела
Клёцку смела,
Села
I павесялела.
— Вось i добрая ты,—
Цешыцца бабуля.
I бярэ з пліты
Сінюю каструлю.
Трэба Лане
Паглядзець,
Што такое ў сіняй?
Нос уторкнула —
Ды ледзь
Не загаласіла.
Парай дзьмуханула ў твар.
А з каструлі гол ас:
— Варвар!
Вар, вар,
Я —
Вар голы.
Да мяне без просу
Не суй носу.
З пары бараду нашу,
Не чапай —
Укушу-у-у!..
Не шкадуй мне круп —
Будзе каша,
Будзе суп.
Больш чабору засыпай —
Будзе пахнуць
Чай-гушчай.
А для капрызулі,
А для назолы
Гатаваць пачне бабуля
Толькі варголы!
ЯК СТАЎ ЗАЯЦ ДАЎГАВУХІ?
Абганяе ўласны цень,
Скача зайчык праз асіннік.
Сёння
Незвычайны дзень,
Сёння зайка —
Імяніннік!
На стале ўсялякіх страў
Густа,
Кожнаму па густу.
Піражкі з грыбоў
Ды з траў,
I вядома што —
Капуста!
Госці ў зборы ўсе даўно.
Тут сябры,
Радня,
Суседзі.
Ды мядзведзя
Не відно.
Госць галоўны ўрэшце едзе!
Ледзь аддыхаўся мядзведзь:
— Цяжка мне
Паўсюль паспець…
Першы
Пацягнуць я мушу
Імянінніка за вушы!
Лапай ухапіў як след —
Зайку стаў
Нямілы свет.
Жартаваць мядзведзь ахвочы,
Зычыць,
Каб вялікі рос.
На ілбе
У зайкі вочы:
Ні да смеху,
Hi да слёз…
Заяц,
Знаеце вы самі,
Зараз з доўгімі вушамі.
З той пары
Ўвесь род зайчыны
Не святкуе імяніны.
БУДУ ЎРАЧОМ
— Вырасце з мяне ўрачыха,
Бо сягоння пакрысе
Грабянцу
Я ціха-ціха
Зубы вырвала
Усе!
ЗІМ А
Гай маўчыць —
Лістоў няма,
Даль азябла сіняя.
Зноў да нас прыйшла зіма
Рупнай гаспадыняю.
Вымела
Без памяла
Поле з першапуткамі.
Хусту з галавы зняла —
Рунь малую ўхутала.
Суняла
Дачок-завей,
Каб дарма не бегалі,
A вязалі,
Ды хутчэй,
Рукавічкі белыя
Для ялінак-немаўлят,
Для хваінак тоненькіх.
У зімы работы шмат:
Ходзіць зрання
Гонямі,
Рассцілае абрусы,
Дорыць шапкі цёплыя…
Спяць азёры,
Спяць лясы,
Спяць стагі на поплаве.
ДЗЕ ГУЗАК, А ДЗЕ ГУСАК?
Гнаўся я за гусаком,
Перабег мне сцежку
Роў.
Я прачнуўся з гузаком,
Цэлы дзень старанна
Роў.
I не ўцямлю
Аніяк:
Ёсць гузак,
А дзе гусак?
I з якога дрэва злога
Дужа мулкая падлога?
СКАКАЛКА
А на золку
За бугром
Праз вясёлку
Скача гром.
Скача,
Скача
Без аглядкі,
Толькі над палянкамі
Бліскаюць вясёла пяткі
Зыркімі маланкамі.
Раз-два,
Раз-два —
Долу хіліцца трава.
Раз-два-тры,
Раз-два-тры?
Усміхаюцца бары.
Раз-два,
Тры-чатыры —
Светла ўсёй нябеснай шыры…
Раз-два,
Тры-чатыры,
Пяць —
Гром пайшоў
За мора спаць.
M APA KAM APA
Прымарылася камару
Хоць раз зірнуць
На кенгуру!
Пераляцеў камар
Гару,
A ўсё не бачыць
Кенгуру.
Зваліўся ў нечую нару,
A ўсё не бачыць
Кенгуру.
I паказаў язык
Кастру,
A ўсё не бачыць
Кенгуру!
З-пад хмар
У багну ўпаў
Камар,
Сказаў:
— Я слову гаспадар!
Хоць ад цікаўнасці
Памру,
Але пабачу
Кенгуру!
ДОБРЫ М АЙСТАР
Забялелі гай,
Прыгаек,
Бела-бела навакол,—
Лыжы дзед-мароз стругае,
Стружкі сыплюцца на дол.
Не адыдзеш ад варштата,
Ён рассохся —
Склыг ды склыг.
Спраў занадта —
Забагата
Трэба лыжаў для малых.
Пара першая,
Другая,
Сорак,
Дзвесце,
Трыста пар.
Дзед стругае i стругае —
Забялеўся ўвесь абшар.
БОСЫЯ ЦУКЕРКІ
Здалёк
Прыехала бабуля,
Па Мінску пахадзіла.
Яна
Для ўнучкі-капрызулі
«Падушачак» купіла.
A ўнучка пазірае скоса:
— Я не хачу
Цукерак босых!
ЭЛЕКТРАКОБРА
Хто такое?
Што такое?
Чыстым стала ўсё ў пакоі.
На падлозе,
Стэлажах
Хто
на пыл
наводзіць жах?
Гэта ў нас
Працуе добра
Шустрая электракобра.
У разетку хвост уткні —
I любуйся з чысціні!
Прачынаецца на золку,
Чыста чысціць,
Як мяце.
Цацкі,
Што ляжаць без толку,
Апынуцца ў жываце.
Буду бруднай —
I мяне,
Абяцала,
Заглыне!
БАСАЛАПКІ
У адным жывуць двары
Тры Рыжулі,
Тры сястры.
Неяк раз
Абулі кошкі
Басалапкі —
Басаножкі,
Бо за ножкі,
Бо за лапкі
Можа ўцяць
Барбос з-за лаўкі.
Тут жа муркнулі
Рыжулі,
Тэпці мулкія
Разулі —
Басанож
Яно ж
Цішэй
Падкрадацца да мышэй!
НА ШАШЫ I ЛЯ ШАШЫ
Штохвіліны на шашы
Шумна, як на кірмашы.
Шоргат,
Шорах,
Шум птушыны.
За машынаю машына.
Нешта шэпча
Шына шыне.
Шпак шыкуе
На шыпшыне.
А пад шатамі ў цішы
На ляшчыне спарышы.
У капелюшы спарыш,
Пашукай спарыш, малыш!
Шпарка па шашы ў кашы
Пашыбуюць спарышы.
Шэпча шустрая шаша:
— Не спяшайцеся, ша-ша…
СМ АЧНЫ М АК
Дожджык увайшоў у смак
I дзяўбе драбнюткі мак
Ён з дасвецця
На страсе.
Папрашу я добры дожджык,
Можа, маку мне страсе.
ПЕРАСТАРАЎСЯ
Надрыжалася асіна:
Чулы бацька
Дні ca тры
Слова «Зайка»
Ў гонар сына
Шчыра выгрызаў з кары.
Па кустах
Узяў ён крос,
Клопат меў вялікі,
Трохі літары патрос —
«Зайка»
Стаў
«Заіка».
ЛІCKA I ЛЫСКА
Каля лесу бегла
Ліска.
А насустрач Лісцы
Лыска.
Папрасіла Ліска
Лыску:
— Палюляй, сусед, калыску..
Але Лыска
Ані блізка:
— Не люляў я лысянятак,
Што ж люляць мне лісянятак
СЛЯПЕНЬ
Сляпень-целяпень
Сослепу ўзляцеў на пень.
Не скрануўся з месца пень,
А сляпень
Цэлы дзень,
Цэлы дзень,
Яшчэ паўдня
Енчыў,
Лежачы ля пня.
Ты сляпня цяпер сустрэнь,
Толькі чуеш:
— Пень — дрэнь!..
МОДА ГОДА
Накупаўся ў асалоду —
Гусь хавае ласты
Пад
Перамоклую калоду.
Аб’яўляе лістапад
Шумны конкурс
«МОДА ГОДА».
I звяры сказалі:
Згода!
I пачаўся тарапат.
Апраналіся, пацелі,
Бо прачулі,
Што па тэле-
бачанні трансляцыя
Будзе.
Хвост свой мацае
Вогне-бурая лісіца.
З памялом-хвастом насіцца
Модніцы не ў навіну.
Толькі ў спешцы на спіну
Свой каўнер чапляе нехаць.
Чапля
Ехаць
Ці не ехаць
Вырашала, ды ў таксі
Селі шустрыя ласі.
Вожыкі
Сабе ўзяліся
Пакачацца там,
Дзе лісце.
Гусь
Сіпіць на важанятак:
«Моднічаць
Не ваш занятак!»
Ад старога ўпотай,
Ціха
Прыбіралася
Зайчыха.
Хустачку пад бараду
Завязала на хаду,
Просіць:
— Глянь, мой дарагі.
Смех зайчыну душыць:
— Як хусцінку,
На рaгi,
Завязала б вушы!
Зразумела,
Што цяцеры
Надакучыў колер шэры.
Фарбавалася яна
Ад відна i дацямна,
Толькі шэрая адна
Нават вечарам відна.
Нецярплівыя казулі
Пераблыталі кашулі —
Так i выбеглі ў начных.
Выручыў бядачак слых —
Толькі смех здалёк пачулі
Шмыганулі,
Зніклі ў гуле.
Зубр
На выпасах зубрыных
Капытом сваім як грымнуў,
Так ад радасці зароў —
Ліст увесь
Апаў з дуброў.
Лістапад
Сабраўся рана.
Толькі дождж з тэлеэкрана
Можна бачыць.
З той пары
Ходзяць сумныя звяры.
Лось з каронай
Не ў гуморы,
Дзе таршэры-мухаморы?
Гэтак здоўжыліся зборы,
Што ўстарэлі ўсе
Уборы.
Можа,
У наступным годзе,
Што ўстарэла,
Будзе ў модзе?
ЦІ АСА, ЦІ КУСА?
— Я анучку прынясу,
Ўнучка,
Выгані асу.
Папраўляе капрызуля:
— Ты не так завеш,
Бабуля.
Ты асу шукаеш дзе?
Не аса —
Куса
Гудзе!
Не асаецца аса,
А кусаецца —
куса!
ЛЮБІМ АЯ ЯДА
Маме трэба завіхацца
Ля пліты,
Паспець на працу.
А дачка
Заводзіць зрання,
Слёзы пырскаюць з вачэй:
— Ты згатуй мне
На сняданне,
Што гатуецца
Даў-жэ-э-эй!
КРАСАВІК
Красавік ішоў сялом,
Грэў прасторы ласкаю,
Як махнуў ён рукавом —
Вылятаюць ластаўкі.
Беражком ступаў сухім,
Па ярах караскаўся.
Рукавом махнуў другім —
Луг смяецца краскамі.
Закасаўшы рукавы,
Неба ўзняў вясёлкамі.
Рады пушчы,
Паплавы
Месяцу вясёламу.
КАМ ЕНЬ ВІНАВАТЫ
I чаго злуецца мама?
I завошта гэты гнеў?
Меціўся я
Прама-прама —
Камень крыва паляцеў.
Шыбіны няма ў акне.
Дык за што ж
Вініць мяне?
СКОРАГАВОРКА CA СКОРАГАВАРЧАНЯТКАМ
З ясакаравага ўзгорка
Тупала скорагаворка:
Не было
Акварэлі ў Валеры
Намаляваць,
Як гарэлі галеры…
Следам скорагаварчанятка
Падскоквала, як зайчанятка:
Сяргей,
Рукі сагрэй…
ВЯСЁЛЫ ЦЯГНІК
Спявалі дружна колы,
Імчаў цягнік вясёлы.
Імчаў цягнік,
A праваднік —
Казёл белабароды —
За дысцыплінаю сачыў,
На кожнай станцыі лічыў
З капу стаю гароды.
I цягніку з пашанаю
Салютавалі шчыра
Шлагбаўмы,
Бо спяшаліся
Занадта пасажыры.
На ферму парасяткі
Без перасадкі
Прама —
да мамы.
А ласыя,
Падласыя,
Цяляткі-немаўляткі
Усе мычалі —
мчалі
Таксама
На луг
да добрай мамы.
I ціхіх качанятак
Чакаў адзін занятак:
Нырца даваць
У ямы
ля мамы.
Мінулі станцый шмат,
Бо вёз дзіцячы сад
З экскурсіі цягнік —
Нястомны працаўнік,
Ахутаны дымамі.
Імчалі ўсе
да мамы,
I толькі мышкі-крошкі —
Да грознай цёткі-кошкі,
Бо мама ў крошак мышак,
Пакінуўшы зацішак,
Яшчэ учора зрання
Пайшла на паляванне.
Прымчалі ў поўдзень самы,
Узрадваліся мамы,
А цётка ў мышак грозна
Спытала:
— Што так позна?
I так ix забаўляла,
Гуляла ў кошкі-мышкі,
Што мама запытала:
— А дзе ж мае малышкі?..
ДЭПЕША
Здагадлівы лівень
Адгрукаў дэпешу:
«Прыехаць
Сябе я надзеяй не цешу…»
I кроплі нашэптваюць
Рыфму падстрэшшу:
«Дэпешу — ды пешшу…
Дэпешу — ды пешшу…»
ВЯРБЛЮД ЗБІРАЎСЯ Ў БЕЛАВЕЖ
Зубр
Вярблюда тэлеграмай
Запрасіў у Белавеж:
«У мяне ў дрымучай самай
Пушчы
Добра пажывеш.
Тут з вадой
Усе равы.
Хопіць маладой
Травы.
Прыязджай,
Пакуль пагода!»
I вярблюд разважыў:
«Згода.
Вандраваць яшчэ
Каму ж?»
Прымярае капялюш.
Ды задумаўся маруда:
Два ажно
Гарбы ў вярблюда.
Паспрабуй адзін рашы —
Браць на ix капелюшы
Ці як ёсць
З двума гарбамі
Красавацца пад дубамі?
Думаў,
Як з адзежай,
З ежай,
Клапаціўся пра начлег,
Аж пакуль
Над Белавежай
Закружыўся белы снег.
Думаў дзень
I два
Няўклюда.
Снег сышоў.
Прайшла зіма.
Госця зубр
Чакаў дарма.
I цяпер няма
Вярблюда!
У ДОЖДЖ
Зазвінелі, загулi
Пругкія струмені.
Затрымцелі на галлі
Лісці ў нецярпенні.
Сітнягі i чараты
Навастрылі пікі.
Чарацянкі,
Раты
Параскрыўшы, пінькаюць.
Папярхнуліся дажджом
Жоўтыя гарлачыкі,
Прыкрываюцца лістом,
Скачуць, быццам мячыкі.
Ix не згоніць скразняком,
Будуць вадалазамі,
Бо сцяблінаю-шнурком
Аж да дна прывязаны.
НЕ ТАМ У
— Дзе настрой твой знік?
На вачах слёзы.
— Паказала язык
Злоснаму марозу!
НЯБЕСНЫ КАВАЛЬ
Яму ты лепей не пярэч,
У каваля дакладны ўдар.
Гром
Выкуе з вясёлкі
Меч
I сонца вызваліць
З-за хмар!
КАТУ ПА ПЯТУ
Хлопчык жыў малюсенькі
I непаслухмяны,
Пусці — павалюся,
Падымі — устану.
Аж пакуль не ўзмокне лоб
Гэтак спаў старанна.
Падымаць яго было б
Лепш
Пад’ёмным кранам.
Накарміць — адна бяда,
Хата ўся ў турбоце.
Гэтак есць —
Расце яда
У лянько
У роце.
Выхваляўся:
— Падрасту,
Стане цеснай хата.
Ды кату
Па пяту
Вырас ленаваты.
Загергечуць гyci —
Страшна «велікану»,
Пусці — павалюся,
Падымі — устану!
ШТО БЫЛО Б ТАДЫ Б, КАЛІ Б?
Што было б
Тады б,
Калі б
З’еў бы воўк
Ваўчыны грыб,
Далічыў мядзведзь
Да двух,
Паляваў арол
На мух?
Што было б
Тады б,
Калі б
Рос у хаце
Эўкаліпт,
Выйшаў бы
Слімак на крос,
Пасвіў слон
Бадлівых коз?
Хто хутчэй з вас
Дасць адказ,
Першы
Той засне якраз.
Гэта ў сне
I ў небыліцы
Можа збыцца
I адбыцца!
ТЫ НЕ ВЕРЫШ?
Ты, дзівак,
Ніяк
Не верыш,
Што цвіце пад восень верас,
Не вясной,
Калі сады,—
Ну, тады
Хадзі сюды!
Можа,
Ты не верыш,
Што
Як не дзвесце,
Значыць, сто
Сёння з Сенем
На ляшчыне
Мы арэхаў налічылі.
Смешна нам
Да дзіваты.
Мы выходзім,
Водзіш — ты!
КАЛАБОК I КАРАБОК
Калабок
Каціўся шустра,
Карабок
Яму насустрач.
«Ад ваўкоў,
Ад перапуду
Тут да рання перабуду»,—
Вырашыў
Ды бокам скок
Калабок
У карабок.
ПАМ АГЛА
Працай рупнаю заняты
Аж да ночы жабяняты.
Жвіру мокрага нагрэблі,
Захацелі ўзвесці грэблю.
Папрасілі цётку-качку
Праз балота топкае
Перавезці
Гліны тачку —
I яна затопала.
Плачуць каччыны сваячкі
Ані тачкі,
Ані качкі…
КАГО БОЛЬШ?
Запыталі аднаго
Хлопчыка малога:
— Любіш больш за ўсіх
Каго?
Не сказаў нічога.
А сястрычка
У адказ,
Пачакаўшы трошку:
— Маму,
Тату,
Кашу,
Квас,
I сябе,
I кошку…
РАНІШНЯЯ РАЗМ ОВА
Сенакос:
Бусел клепіць касу —
Клёк ды клёк…
Я дачушку буджу:
— Уставай, старанніца!
Сёння ў нас на акне
Начаваў матылёк…
— Дык чаму ж не сказала яму
«Добрай раніцы!»?
РАСКІДАЧ
А да Ланы —
Хоць ты плач! —
Часта ходзіць
Раскідач.
Нежаданы
Гэты госць
Раскідае ўсё
Як ёсць.
На падлозе
Мішкі,
Кніжкі,
На падлозе
Міскі,
Лыжкі.
Небарачка-качка
Крача.
Пад канапу
Скача мячык.
I злятае са стала
Бедны певень
Без крыла.
Давядзецца
Выгнаць з хаты
Шкоднага
Раскідача.
Каб на радасць
Мамы, таты
Мчаўся ён наўцекача!
ДОБРЫ СОН ДЗЯЎЧЫНКІ ЛАНЫ
Сёння Лана ўстала
Рана —
Сон уцёк ад нашай Ланы,
Сон жа быў такі цікавы:
Лана з дому уцякала,
Уцякала з дому Лана
Ад нялюбай кашы маннай.
Бегла, бегла па яры,
Апынулася ў бары.
Камары — дудары
Гралі Лане ў гушчары.
Сам мядзведзь
З малодшым сынам
Для малой збіраў маліны,
Сын старэйшы на паляне
Плёў з карэння кошык Лане,
A сарокі i сініцы
Ёй паказвалі суніцы.
Звонка цокала вавёрка,
Па суках скакала вёртка,
Лане лушчыла арэхі,
Аж ляцела борам рэха.
Усяго
У Ланы многа.
Лана выйшла на дарогу.
Агарнула Лану стома,
Час малой
Ісці дадому.
Тата з горада прыехаў,
Лана дасць яму арэхаў.
А бабулю Акуліну
Будзе частаваць малінай.
Маме дасць…
Ды нечакана
Сон уцёк ад нашай Ланы.
Збег ад Ланы
Добры сон.
Ну, куды ж падзеўся ён?
Абшукала ўсё дарма.
Пад падушкаю — няма
I пад ложкам, пад канапай.
Хітры, збег на мяккіх лапах.
Мама кажа,
Што пад вечар
Прыйдзе ў госці сон-старэча.
Сну малая не шукае,
Лана вечара чакае
I цяпер ужо, вядома,
Прынясе суніц дадому…
РОБЯЦЬ ГОРАДУ НУТРО
Робяць гораду нутро —
Робяць
МІНСКАЕ МЕТРО.
Хуткія,
Як скразнякі,
Паімчацца цягнікі!
Кіламетры гулкіх сцен
Мае
МЕТРАПАЛІТЭН.
Янка, Генка i Змітро,
Мы хаваемся ў метро.
У метро ўсіх літар пяць.
Пачынаем мы шукаць.
Раз,
Два,
Тры,
Разбяры,
Мы наверсе
Ці ўнутры?
Пад зямлёй бяжыць пячора
Уцякае ў заўтра ўчора.
ХТО ТАМ , ШТО ТАМ ?
Сонцаў сын — сланечнік
Спіць.
Зоркі ледзь адсвечваюць.
Толькі што гэта рыпіць
На балоце звечара?
Вечар Ветру даў наказ:
— Ты не разгультайвайся,—
Выведай усё мне ўраз
Ды хутчэй вяртайся.
Вецер шпарка мчаў назад,
Узмакрэў, задыхаўся.
— Шум увесь ад жабянят,—
Усміхнуўся ціха ён.
Бацька быў купіў сынам
Новыя галёшыкі.
Цэлы дзень не ціхнуў гам,
Бегалі, галёкалі.
Брудных-брудных ix зусім
Бацька ўбачыў прыцемкам
I сказаў, што дома ім
Начаваць не прыйдзецца.
Ну, а што малым рабіць,
Справа ў ix нялёгкая.
Гума новая рыпіць —
Мыюцца галёшыкі.
ХТО КАГО ПЕРАРАГОЧА?
Бор мяне гукнуў у госці,
Бор быў поўны весялосці,
Бор ласкава прабасіў:
— Я таксама запрасіў
Баравое рэха ў госці…
Бачу,
Бор хітруе штосьці,
Яўна бор дазнацца хоча,
Хто
каго
перарагоча?
Аж забыліся, калі
Рагатаць мы пачалі.
Замаўчаў я,
Ды пацеха:
Я маўчу —
Рагоча рэха.
I на ўзлеску, i ў бары,
Дзе рагоча,
Разбяры?
I мяне —
Мне ясна стала —
Рэха перарагатала!
НАТА М АМ У ЛЮБІЦЬ НАДТА!
Мама мые раму,
Ходзіць мама ў краму.
I ў дачушкі Наты
Цэлы дзень заняты:
То шукае
маму,
То гукае
маму:
— Мама,
дзе піжама?
— Мама,
дзе панама?
— Мама,
дзе праграма?..
Мама.
Мама.
Мама.
Ледзь прачнецца Ната,
Шуму поўна хата,
Поўна шуму, гаму,
Бо дачушка Ната
Надта
Любіць маму!
ХТО ДАГАРЫ НАГAM I?
— Кох-ках,
Кох-ках! —
Лёд смяецца звонкі.
Мчацца дзеці на каньках
З ветрам наабгонкі.
Хто каго,
Хто хутчэй?!.
Сцішыліся хай бы!
Пачынаецца хакей —
Лес нялёгкі ў шайбы!
А што цяпер
На дне ракі?
На дне ракі
Плакат такі:
— «Падлешчыкі i акунькі,
Усе адразу на канькі!»
Ды хіба могуць быць канькі
Вастрэйшыя за плаўнікі?
Усё як трэба,
Ды адно —
Для поля
Непрыгодна дно.
На рызыку
Экзамены —
Карчагі скрозь
Ды яміны.
Ды ёсць затое —
Гладкі лёд!
Б’е шайба сетку
На-вы-лёт!
А варатар —
Шчупак стары,
I з ім
Да трох не гавары!
I тут хакей,
I там хакей.
Хто
Шайбу выхапіць хутчэй?
I тут i там
У парты бой.
А вы рашайце самі,
Хто
Дагары
Нагамі?
Ці над вадой,
Ці пад вадой?
ДЗЕ Ў ШЭРШНЯ ДЖАЛА?
Ад гнязда зямля гудзе,
Як ад страху, ные.
I жывуць у тым гняздзе
Шэршні —
Чэрці злыя.
Шэршні ўсе ў сваім гняздзе.
Ведаць гэта — мала!
Глянуць бы,
Хавае дзе
Шэршань шыла-джала?
Добра б
Мёду паспытаць.
Нешта ціха стала.
Можа,
Ў шэршня запытаць,
Дзе хавае джала?
Шэршань шылам
Як утне —
Так i засталося
Джала ў пальцы
У мяне.
Добра,
Што не ў носе!
КОЦІКІ
Сонца гне вясёлы сук,
Спее,
Быццам яблык.
Я за пазухай нясу
Коцікаў азяблых.
Кожны коцік во тачкі,
Мяккі i не драпкі.
Коцікі-вербавічкі,
Пакажыце
Лапкі.
Снег яшчэ ляжыць вакол.
Цёпла — у пакоі!
Я пастаўлю вас на стол,
Напаю вадою.
Малюпасенькіх
Не дам
Аніякай крыўдзе.
Усміхнецца мама вам,
Як з работы прыйдзе.
ТЫ ЧУЎ? ТЫ ЧУЛА?
Ты чуў?
Вырас у кошкі чуб.
Ніяк не зачэша яго да канца
I просіць у пеўня яна
Грабянца.
Ты чула?
Кіта
Праглынула акула.
Акула
На дно нырнула.
A кіт
Хоча пабачыць блакіт.
Вы чулі?
Ваўкі надзелі кашулі,
Кожны
Стракатую ў клетку каўбойку,
I з вераб’ямі
Палезлі ў бойку.
Нікому аб тым
Не кажыце i ў сне.
Прачнецеся, дзеці,
Раскажаце мне.
КАТОК
Закончыліся ў рэчкі
З марозам лютым спрэчкі.
Шумлівай чарадой на лёд
Малыя пачалі налёт.
Смялей,
Падкуты капыток!
Імчыце, сані,
Самі!
Твой гучны смех
Чуваць, каток,
За ціхімі лясамі.
ЦІ ПАЗЯХАЕ БЕГЕМ ОТ?
Сяджу спакойна,
Без турбот.
Ды нехта шкроб у дзверы.
— Ці пазяхае бегемот? —
Пытае зайка шэры.
Маўчу,
Вады набраўшы ў рот,
Прыкінуўся
Нязнайкай.
— Ці пазяхае бегемот? —
Зноў пакасіўся зайка.
Разгладзіў вусы рыжы кот,
Яго ніхто не клікаў.
— Ці пазяхае бегемот? —
Прыжмурыўся мурлыка
I крот,
Вядомы абармот,
Знайшоў нарэшце вочы.
— Ці пазяхае бегемот? —
Дазнацца дужа хоча.
Бугай,
Аглухлы ад грымот,
Хацеў басці маланку.
— Ці пазяхае бегемот? —
Як зараве ля ганку.
Настырны надта вы народ,
Дакучылі да смерці.
— Ці пазяхае бегемот?
Ідзіце ды праверце!
— А дзе жыве
Той бегемот? —
Усе спыталі хорам.
— А там,
Дзе жыў ён дзвесце год.
Быць невукамі сорам!
Пакажа вам жыраф
Раку,
Дзе твань i цягамота.
Ідзіце проста ў Афрыку
Пабачыць бегемота.
— Цяпер,
Вам дзякуй,
Знаем дзе.
У Афрыцы, вядома.
Ды хто
Туды нас павядзе,
Бо ў Афрыцы ж — не дома?!
Мы можам згінуць без пары,
Нас можа з’есці заедзь.
— Вы ўсе разумныя,
Сябры,
А самы хуткі заяц…
Ідзіце.
Года не міне —
Здаволіце ахвоту.
Ды перадайце ад мяне
Вітанне бегемоту.
Вам сам
Шаноўны бегемот
Адкажа на пытанне.
I дружна рушылі ў паход
Сябры
Назаўтра ўранні.
Нялёгка пакідаць жытло,
Ды знаць усё —
Цікава.
То сонца ўперадзе ішло,
То некуды ўцякала.
Сябе б саміх
Не ашукаць,
Ішлі,
Ва ўсіх пыталі,
Як бегемота адшукаць,
Альбо гіпапатама?
Яго знайшлі нарэшце
Там,
Дзе нізка
Звісла неба.
Разбуджаны гіпапатам
Скрывіўся:
— Што вам трэба?..
Якраз
Не ў час
Прыйшлі яны.
Не ў госці ж да суседа.
Таўшчэзны
Бегемот ляны
Драмаў пасля абеду.
I гэткая дрымота
Найшла на бегемота,
Ён гэтак смачна
Пазяхнуў —
I ўсіх цікаўных
Праглынуў.
Цяпер
Не маю я клапот.
А знаць каму ахвота,
Ці пазяхае бегемот?..
Спытайце ў бегемота!..
ХТО ЯК
Кенгуранят —
Далей ад ліха! —
У сумцы носіць кенгурыха.
А кошка нават кашанят,
Ледзь шолах злы
Уловіць слых —
За шкірку валачэ малых!
KOT M IPOH
— Дзе, Міронька, начаваў
Мокры хвост твой,
Лапы.
Ты шпакоў не пільнаваў,
Часам ты не плакаў?
Пад дзвярыма не крычаў,
Не было сцюдзёна? —
Лана морквіны крышан
Падае Мірону.
Кот вачмі заморгаў:
— Я галодны,
Мокры.
Не хачу я морквы,
Морквы мне не торкай,
А хачу я мяса,
На каўбасы
Ласы.
Мяў-мяў,
Мяў-мяў,
Я вала б,
Здаецца, ўмяў!
Мірон на печ ускочыў —
Заплаканыя вочы…
АЙ! НЕ БУДУ! НЕ ХАЧУ!
Ёсць у Ланы тры сястрычкі:
Ай!
Не буду!
Не хачу!
За сястрычкамі благімі
Кожнай раніцы сачу.
Будзяць Лану:
— Уставай!
А сястрычка цягне:
— Ай!
— Ланачка, памый пасуду.
А сястрычка зноў:
— Не буду!
Узяла сястрычак Лана
У дзіцячы сад з сабой.
На нацешных хочуць глянуць
Дзеці ўсе наперабой.
Цацкі лепшыя свае
Кожны нагуляць дае.
Просяць:
— Ляльку палюляй,
Ды бурчыць сястрычка:
— Ай!
— Прынясі вады вярблюду.
А сястрычка ім:
— Не буду!
— Мішкам дай па калачу.
А сястрычка:
— Не хачу!
I сказалі дзеці Лане:
— Хто дружыць
З такімі стане?
Хай капрызныя сястрычкі
Кепскія забудуць звычкі
I тады ідуць у сад,
А пакуль —
вядзі назад!
КРЫЎДА
Слёзы льюцца ў пяць руччоў.
Нават кот
Не есць смятаны.
Як не плакаць?
Мама зноў
Не паслухалася Ланы!
КОЗЫТКА
Бегла белая
Козачка,
Бегла берагам
Козытка.
Рожкі — казытунчыкі,
Ножкі — тупатунчыкі,
Хвосцік — недаросцік —
Замятунчык.
Ля ракі
Наўпрасткі
З берага скокнула,—
Паглушэлі капыткі,
Мокрыя.
Выбіла дарожкі
Па ляску,
Вынесла на рожках
Па лістку.
У расе
Па верасе
Пыску вымыла,
Туманы
З даліны
Хвосцікам вымела.
Нюх-чмых,
Нюх-чмых,
Козытка
Блукае,
Неслухмяных малых
Дзетак шукае.
Хто за стол не ідзе,
Спаць у час не хоча —
Заказыча,
Забадае,
Заласкоча.
A ў нас няма
Дзе казе падзецца —
Лана
Добра есць сама,
Рана
Спаць кладзецца.
Лана добрая зусім,
Проста люба глянуць!
Козытцы не аддадзім
Лану-паслухмяну!
СЫНОК-ПЕСТУНОК
Сынку-пестунку
Толькі й думаць пра гулі
У бацькі Лабацькі,
Мамулі Рагулі.
Як гляне
Матуля пагрозлівым вокам,
Імчыць па паляне
Дуронік з падскокам.
А бацька
У наступ
Пасунецца з рыкам,
Ласунчык лабасты
Ўцякае з падбрыкам.
А вырастуць рогі
I лоб стане ўпарты,
Бязрогі —
З дарогі!
З упартым
Не жарты!
НОВЫ М ОСТ
Везла хмара цёплы дождж
У вялізным возе.
Зачапіўся воз за корч
Над глыбокім возерам.
Нахіліўся поўны воз —
Долу дождж закрапаў,
Быццам рой
Сярдзітых вос
Расцвяліў хто раптам.
Спахапіўся дзядзька Гром,
Вось бяда якая!
Стопудовым тапаром
Палі забівае.
Ну стараўся — бух ды бух,
Так, што збіў у пух абух.
Ды паклаў адменны мост,
Новы i прыгожы.
Цераз возера наўпрост
Хмара ехаць можа!
Гром сваёй рабоце рад,
Толькі вось пацеха —
Воз пусты…
Па дождж назад
Хмара зноў паехала.
КАЛАМ БУР ДЛЯ ГРЫБАСЕЯ
Дожджык,
Рунь спаўна палі.
Гусі селі-палі.
Змрок кладзецца на палі.
Перастылі палі.
Журыцца ў акне малыш:
Хутка снег,
А няма лыж…
КУНДАЛЬ, ВУРДАЛЬ, ЖУДЗЕЛЬ
Як i ўчора,
Так i сёння
Вурдаль
Дрэмле на прыслоне.
Цягне песню
«Вур» ды «вур».
Пазнаеш
Вачэй прыжмур?
Вурдаль Кундаля
Угледзіць —
Знікне ў падваротні
Недзе.
Кундаль
Яхкае званчэй —
З цёплай ванны ў перапудзе
У хляўчук хутчэй
З вачэй
З лужыны ўцякае Жудзель.
Дзе яны,
Няма спакою.
Ці сябры,
Ці не сябры?
Хто з ix хто
I што такое,
Пастарайся
Разбяры?!
ЯК ВОСЕНЬ ДРЭВЫ АШУКАЛА
Вяслуюць крыламі буслы,
Плывуць,
плывуць
над светам.
Атаваю,
Іржышчам злым
Пайшло упрочкі лета.
Свае ўладанні
На зары
Абходзіць восень важна,
Заходзіць у лясы,
Бары
Ды ціха дрэвам кажа:
— Паабшарпаліся зусім,
Апратка ў вас старая,
На сонцы выцвіла.
Усім
Я вам зычліва раю:
Хутчэй скідайце лахманы,
Азябнеце ў тумане!
Я ж прынясу вам без маны
Навюткае убранне.
Усю зіму
Сястра вясна
За морам кроены ткала,
I з раннім выраем яна
Тканіну пераслала.
Спяшаў, ляцеў
Да гнёзд сваіх
Гарласты гурт грачыны,
Аднак не мог забраць усіх
Сувояў зеляніны.
Я запрагу вятроў
I ўраз,
Ледзь толькі сонца ўстане,
З-за мора прывязу для вас
Навюткае убранне…
Гарыць агонь
Па ўсёй зямлі
На возеры,
Ў канаўцы —
Кляны
Сям’ёю пачалі
Маўкліва распранацца.
I ясень
Прыклад даў вярбе.
Рабіны сумавалі,
Адно пакінулі сабе
Гарачыя каралі.
Дрыжыць:
— Не трапіць у бяду б! —
Асіна ўся са страху.
I расшпіліў
Плячысты дуб
Цяжкую апранаху.
Адкуль узяўся той вятрэц,
Як ухапіў за полы.
Дуб-тугадум,
Стары мудрэц,
Стаяць застаўся голы.
У восені
Зашмат турбот
I ніякой падмогі.
Пакуль праверыла ўмалот,
Паразмяла дарогі…
Пакуль яна
Знайшла вятроў —
Пасліся ў лузе недзе,—
Пакуль запрэгла,—
З-за лясоў
Мароз са снегам едзе.
У КАГО ЯКІ, ЯКАЯ?
Спрэчку мелі хлапчукі,
У каго з ix кот які?
Кот ваш —
Непрабудна-шэры,
Значыць, шэра i ў кватэры.
Чорны кот
Зеленавокі,
З ім забудзешся на ўрокі.
Чорны хвост
Тырчыць, што кнот,
Ім калы вяшчуе кот.
З белым іншыя пакуты —
Двойкай хвост яго загнуты.
Маеш рыжага ката,
Светла ў хаце —
Любата!
З ім пакоі ўсе ў агні,
Хоць пажарнікам звані.
Рыжаму сваяк
Руды.
Мець яго,
Не знаць бяды.
Кот руды
Надзвычай зоркі —
Бачыць загадзя пяцёркі.
I вучыць не трэба многа,
Трэба мець ката рудога!
Не дакажуць хлапчукі,
Самы лепшы
Кот які.
На наступны перапынак
Спрэчка збегла да дзяўчынак.
Тут пытанне ўзнікае,
Кошка
У каго
Якая?
Так дыскусія ў класе
Доўгая распачалася.
НАВОШТА ХВАЛЯВАЦЦА!
— Куплю табе, ўнук, шакаладку,
Ды нешта не бачу малюсенькіх…
— Вялікую з’ем для пачатку,
Дарэмна, дзядуля, хвалюешся!
СВЕТЛЯЧОК
Гарыць чырвоны язычок,
Маўчыць шкляная ляпачка,
Не любіць цемры светлячок,
Які завецца —
лямпачка.
ЯК ЗРАБІЎСЯ РАК ЧЫРВОНЫ
У рацэ
Стаяў наўсторч
Ззелянелы
Востры корч.
Пад карчом
Рагачом
Жыў-быў рак
Панічом.
Стаяла лазня над ракой,
Над самай глыбінёй,
I да палка
Падаць рукой,
Сказаў бы рак —
Клюшнёй.
Пара цёплая дыміцца
Кожны раз прынадна…
Захацелася памыцца
Раку неадкладна.
Авадні
Два дні
Награвалі камяні.
Камары ў тры пары
Паддавалі пары.
Малайцы
Плывунцы
Дужа шчыра
Без супынку
Спінку
Шаравалі жвірам.
Шчупакі-бадзягі
Венікам з бадзягі
Рака так хвасталі,
Покуль не прысталі.
Над ракою вечар —
Рак цярпліва крэкча…
Над ракою ходзіць ноч —
Рак знайсці не можа воч.
«Як жа быць зараз мне:
Вочы недзе на спіне?..»
Над ракою днее —
Рак чырванее…
I сыны, i дочкі
Выносілі моўчкі
Чырвонага рака,
Кожны шчыра плакаў.
Над ракою раніца.
Качкі-крачкі дражняцца:-
— Крак-крак, крак-крак,
З лёгкай парай,
Рак.
I крычаць вароны:
— Які ррак чырр-воны!
ЗАПЫТАННЕ I АДКАЗ
Спытаўся ў Дожджыка
Мураш:
— Мне можаш нарасіць
Міраж?
Прарумзаў Дожджык
Мурашу:
— Каму хачу,
Таму рашу!
ЯК ДРАЖНІЦЬ БУБНІЛУ?
Бубніла-нудзіла
Бубне ла,
Хадзіла,
Пакуль кракадзіла
З далёкага Шла
Не разбудзіла.
Прачнулася ўранні
Бубніла
У жываце кракадзіла.
КАЛЫХАНКА
Ціха ноч ступае
З зорнаю сявенькай.
Па сінім Дунаі
Дзед плыве сівенькі.
А вязе ён кадку,
Мёд салодкі ў кадцы.
Кожнаму дзіцятку —
Па цікавай казцы.
Мёдам вочкі мажа,
Доўга казку кажа.
А гэтага дзеда
Дзеткам трэба ведаць.
Не рыпнуць завесы,
Калі зойдзе ў хату.
Добрым сном завецца
Дзядок барадаты.
Ты, дзядок, у лодку
Забяры Ілонку —
Няхай засынае
На сінім Дунаі.
Як засне — да мамы
Прывязі малую.
Хвал i б’юць памалу,
Месячык вяслуе.
Плыві, плыві, лодка,
Засынай, Ілонка!
Лю-лі, лю-лі, лю-лі!
Зоранькі паснулі.
КОЛЬКІ РАНІЦ М ЕСЦІЦЬ РАНЕЦ?
Як памножыць на гады
Дні i месяцы,
Тады
Падлічыць набудзеш шанец,
Колькі раніц
Месціць ранец.
Раніц многа
Ранец месціць.
Кожны дзень
I кожны месяц
Ix кіруе ў школу рана,
Каб вучыліся старанна.
Ты расцеш —
Растуць гады.
Не сцішаючы хады,
Раніцы ідуць з табой
З першай радасцю,
Журбой.
Першая
Ступае тая,
Жоўтым лісцем залатая,
Следам —
Раніца другая,
Першай партай дарагая.
Раніцай вясёлай трэцяй
Промень хітра ў вокны свеціць.
Добрых раніц
Шмат у школе —
Не забудзеш ix ніколі.
У вяснушках лісця,
Рыжы
Раніцу прывеціць рад
Задуменны лістапад.
Снежань
Раіць дбаць пра лыжы.
Нават грозны месяц люты
Запытаецца,
Чаму ты
Не прыходзіш на каток
Правяраць на звон лядок.
Сакавік качае снежкі,
Красавік казыча ўзмежкі.
Вострыць май
На нудных ікал,
Запрашае да канікул.
Кожнай раніцы
Усмешка
Непаўторная такая.
Да Краіны Ведаў
Сцежка
У дарогу вырастае.
Раніцы з табою ўсе —
У лістах,
Снягах,
Расе.
З ix,
Турбот i шчасця поўны,
Твой
Пачаўся
Дзень працоўны.
КАЗКА ПРА ПАДКАЗКУ
У нашым класе быў гультай
З мянушкаю Шалтай-Балтай.
Праспаць урокі быў мастак
I меў адну уцеху —
Ганяў па вуліцах сабак,
Лічыў варон на стрэхах.
Быў ворагам у гусакоў —
Дражніў ён ix чырвоным.
Шмат сінякоў i гузакоў
Меў на ілбе штодзённа.
Ды стаў шукаць —
Аж збіўся з ног —
Таварыша такога,
Каб з ім
Усё ён ведаць мог,
Не робячы нічога.
Ішоў ён неяк раніцой.
Сустрэў дзяўчынку Працу —
Здалёк
Звярнуў убок
I з ёй
Не захацеў вітацца.
Назаўтра зноў партфель схаваў
I ў шлях падаўся зрання.
Убачыў хлапчанё, спытаў:
— Як зваць цябе?
— Старанне.
Далей!
Насустрач хлопец. Рад:
«Паможа мне, няйначай…»
Спытаў:
— Як зваць цябе?
— Расклад!
Гультай ледзь-ледзь не плача.
I раптам
З доўгім языком
Вяртуха.
— Калі ласка,
Спыніся! —
К ёй імчыць бягом.
— Як зваць цябе?
— Падказка.
Падказка кажа:
— Аб тваіх
Клапотах чула многа.
Ca мной знаць будзеш
Больш за ўсіх,
Не робячы нічога!
Назаўтра,
Як пачаўся ўрок,
Гультай трымаўся смела:
Падказка тут непадалёк —
За першай партай села.
Настаўнік гультая якраз
Паклікаў.
Стала ціха,
А ён ні «а», ні «бэ» ў адказ,
Што сталася са слыхам?!
Крычыць Падказка — ўсё адно
Не чуе ён, дый годзе.
I вось настаўнік двойку зноў
У дзённіку выводзіць.
Яшчэ быў выкліканы ён.
А за падказ Падказку
Географ выгнаў з класа вон —
Час i закончыць казку.
Вуглы прастукаў Дзед Мароз,
Пахрумствалі ільдзінкі.
Гультай дамоў пяцёрку нёс —
Дзве двойкі плёс адзінку.
М АМА ДАЧУШКУ БУДЗІЦЬ
— Даволі песціцца
У ложку.
Цябе чакае ў школе
«Пяць».
— Ну, пачакай
Яшчэ хоць трошку.
Дай мне
«Дзюймовачку» даспаць!..
КЕД ЦІ КЕДАЎ?
Дзед Самсон
Меў пяць унукаў,
Не крычаў на іх,
Не нукаў,
Дужа іх любіў усіх:
Пецярых a ці пяціх?
Дзеда слухалі,
Ды гора,
Як сказаць:
Пяць ці пяцёра?
Ты падумай,
Адным словам,
Дзед быў дзедам
Адмысловым!
Ані крыўды, ні прынукі
Знаць не зналі ў дзеда ўнукі.
Грукаецца паштальён:
— Пяць лістоў Вам,
Дзед Самсон!
Просяць дзеда
Непаседы,
Каб купіў на лета кеды.
Дзед купіў
Пяць новых пар —
Хоць у іх
На полюс шпар!
Напісаць як
Дзед не ведаў,
Хопіць ix: —
Ці кед, ці кедаў!
Тэлеграмы
Па тры словы
Даў ён:
«Кеды ўсім гатовы!»
НЕ СПАЗНІЦЦА Б
Сябраваў з лянотаю не раз.
A пайшоў у школу —
Не пазналі:
Як хутчэй
Спяшаецца ў свой клас,
Каб пяцёркі не паразбіралі!
СЁННЯ М АМЫ — ІМ ЯНІННІЦЫ!
У красе
Пакрысе
Неба сініцца.
Сёння нашы мамы ўсе —
Імянінніцы!
Восьмае сакавіка —
Свята светлае.
Сёння словы ў алоўка
Запаветныя:
«У вясновы самы
Час
Мы віншуем, мамы,
Вас!»
Добры месяц сакавік
Ленавацца не прывык.
Абхадзіў
Узлескі,
Разбудзіў
Пралескі.
У яго,
Сакавіка,
Дужа лёгкая рука —
Смех i ўсмешкі ў клас нясе,
Запрашае сонейка.
Просяцца
Пяцёркі ўсе
Самі ў нашы дзённікі…
ДЗЕ ЯКАЯ?
Знае Лана літары,
Ды чаму ўзнікае
Зноў пытанне хітрае:
Дзе
Рука
Якая?
Літар хай пільнуецца,
Можа, замацуе:
Левая —
лянуецца,
Правая —
працуе!
ЭКЗАМ ЕНЫ
Страус змораны зусім
Ну i ну!
Ён паведаміў усім
Навіну.
Лятуць,
Імчацца ў высі,
Плывуць,
Прастуюць,
Тупаюць,—
У ЦЫРКУ ПАЧАЛІСЯ ЭКЗАМ ЕНЫ УСТУПНЫЯ!
У дзверы не ламіся,
Сябе паводзь як след.
Па выкліку камісіі
Заходзь, цягні білет.
КАМІСІЯ ГЛЮГАТАЯ,
ІКЛАТАЯ,
ПУЛЯТАЯ.
Ім, пэўна, свет не любы,
Аж трое села ў рад.
Насіць такія дзюбы
Згадзіўся б хто наўрад:
ТУКАН, МАРАБУ,
ЧАЎНАДЗЮБЕЦ
З ix жартаваць ніхто не любіць.
Ад усіх старшынь не горш
Важны i спакойны МОРЖ.
Бач, пяро тырчыць за вухам.
Каб сачыць за кожным рухам,
Нельга ёй без акул яр.
Гэта ж —
ПТУШКА-САКРАТАР!
Плавае, а без лускі.
Хто такі ён?
ЛЕЎ МАРСКІ.
Смешна пляскае ў далоні,
Выступаць гатоў хоць сёння.
Гэта што за велікан,
Хобат, як пад’ёмны кран?
Ну, вядома, дужы СЛОН.
Ці не праўда,
Смешны ён?
Паказаць задумаў стойку,
Атрымаў за стойку двойку.
У вачах спакой, пагарда —
ТЫГРА, ЛЬВА i ЛЕАПАРДА
Падганяе РЫЖЫ КОТ
Ды пагладжвае жывот.
Хоць ад злосці аж трасе,
Скачуць праз агонь усе.
Кажа АНТЫЛОПА ГНУ:
— Я рагамі дугі гну.
Засмяяліся МЯДЗВЕДЗІ:
— Ты ў бярлогу спала недзе.
Мы ад дуг даўно адвыклі —
Кожны мчыць на матацыкле.
Так i не злічыў БУЛЬДОГ,
Колькі ў СКАЛАПЕНДРЫ ног.
Пяцьдзесят ног —
Ведаў ДОГ,
Сябру ж памагчы не мог.
Прыйшоў i жмурыць вочы.
Не думайце, што хворы, —
Прывык хадзіць уночы,
Днём спіць маленькі ЛОРЫ.
Запыталіся ў МІНОГІ:
— Дзе твае, мінога, ногі.
Доўга думала МІНОГА —
Не змагла сказаць нічога.
Прыскакаў МАРСКІ КАНЁК,
Паглядзеў на ўсё — i ўцёк.
Ледзь не збіў ён з перапуду
КАРАКАЦІЦУ-маруду.
РЫБА-ПОЎНЯ не ў гуморы:
— Суха ў цырку,
Лепш у моры!
Пастагналі цягачы,
Цяжка давялося
НАСАРОГА ВАЛАЧЫ
На сталёвым тросе.
А ягоная радня
Паспяшалася да дня.
Радуецца НАСАРОГ:
— Будзем выступаць утрох!
Ну, а потым з БЕГЕМОТАМ
Селі на арэлі.
Абліваючыся потам,
Так i прасядзелі —
Ніхто нікога ўзняць не змог:
Ні БЕГЕМОТ, ні НАСАРОГ.
КРАКАДЗІЛ сядзіць i плача:
Не рашылася задача.
Кажа сябру АЛІГATAP:
— Выступаць я не аматар.
Плакаць ты знайшоў прычыну —
Лепей выпі аспірыну.
Бачыць ВОЖЫК ДЗІКАБРАЗА:
— Гэта што мне за абраза?
Здзіўлены i ДЗІКАБРАЗ.
У абоіх ix ураз
Голкі вострыя, зірніце,
Сталі, быццам на магніце.
Важныя прыйшлі БАБРЫ:
— Мы па дрэву разьбяры.
— Паспрабуй вас разбяры —
Потым прыйдзеце, сябры!
Віртуозамі павінны
Стаць старанныя ПІНГВІНЫ.
Шлях прайшлі даўгі i цяжкі —
Пінжакі ў ix наапашкі.
Ну хіба не цыркачы —
Спрытна круцяць абручы.
Даўгашыіх толькі так
Змог намаляваць мастак.
Падвяла САРОКА ГАЛКУ,
ГАЛЦЫ кінула шпаргалку.
На экзаменах закон:
За шпаргалку —
З класа вон!
Малыя сёстры Ламіны
Прыбеглі на экзамены.
Чакаюць ля дзвярэй яе,
А ЛАМА ўсё на «пяць» здае.
Запыталі ЛАМУ:
— Як завуць маму?
Адказала ЛАМА:
— Гэта знае мама…
A ў ПАВІЯНА i ГАМАДРЫЛА
Зайсці адвагі не хапіла.
Яны, старыя плеткары,
Шушукаюцца на двары.
МАЛПАЧЦЫ маленькай хвост
Выдалі, як навырост.
Падрасла, i хвост падрос,
Гэтак смешна ёй —
да слёз.
Стогнуць СОВЫ, ПУГАЧЫ —
Ведаў хоць бы крышку.
Лепей спалі б уначы,
Днём чыталі кніжку!
Як ФЛАМІНГА танцавалі,
Стала ў момант ціха ў зале.
Для танцораў грала шчыра
Чарадзейка ПТУШКА-ЛІРА.
Загнулі ПАПУГАЯМ дзюбы,
Цяпер хоць будзе ціха-люба.
Ды па-ранейшаму яны —
Няўседы i балбатуны.
Прыйшоў рагач
— Завуць вас як?
Адказвае спакойна:
— ЯК.
Як гэта як?
А так вось — ЯК!
Не можа зразумець ніяк,
Ну як ён гэтак ЯК не ЯК.
I ставяць забі-
яку
Дрэнную адзнаку.
Дрэсіруе змей МАНГУСТА.
Гэта праца ёй па густу.
Паслухмянай стала КОБРА —
Паганяла злую добра.
Лятаюць КАЛІБРЫ
Уперад хвастамі,
З сукенак сваіх не нацешацца самі.
Заспявалі ЖАБЫ хорам:
— Безгалосым сорам, сорам!
Кіраўнік адменны ЖОРАЎ,
Самы лепшы з дырыжораў.
Сказаў МУРАШКАЕД-няўклюда:
— Чапаць мурашнікаў не буду.
Хаваецца МУРАШКА:
— Яму паверыць цяжка!
Дужа вушы не тапыр —
Ты яшчэ малы, ТАПІР.
Мыйся з мылам i таксама
Станеш без палос, як мама.
Ну хто касцюм пашые
АКАПІ без трывогі —
Як у жырафы шыя
I як у зебры ногі.
Нібыта з маскарада,
Прыйшла — i дужа рада.
Ці ў шлях падаўся нашча,
Ці ў джунглях заблудзіўся,
Ды АФРЫКАНСКІ ЯШЧАР
Пазней за ўсіх з’явіўся.
Ну, вядома, ЦІХАХОД —
Пройдзе кіламетр за год.
Не спяшайся лепш дарма —
Больш экзаменаў няма.
Раз так! цельпукаваты,
Усміхайся вінавата.
ХТО ЗДАЎ ЭКЗАМЕНЫ НЯДРЭННА,
ЧАКАЕ ШУМНАЯ АРЭНА.
Прыходзьце ў цырк —
Здалёк відаць
Агнёў вясёлых водбліскі.
З САБОЮ, ДЗЕЦІ, ТРЭБА ЎЗЯЦЬ
I ШЧЫРЫ СМЕХ, I ВОПЛЕСКІ
СЕМ ЯНОТАЎ
У суботу
Сем янотаў
З раніцы
Вучылі ноты.
Ледзь адзін адолеў
до,
Уздыхнуў:
— На гэтым до!
Вельмі ж сумная навука,
Не навука, а дакука.
A другі дайшоў да
рэ:
— Нешта ў горле мне дзярэ.
Не навука, а сухоты,
Без яе жылі яноты!
Трэці — ўзяць не можа
мі:
— Што тут галаву тлуміць!
Часу у мяне багата,
Лепей слухаць казкі таты.
А чацвёрты:
— Што мне
фа,
З двойкай можа быць графа,
Не!
Навука не па мне —
Хай яна мяне міне!
Пяты кажа:
— Чую
соль —
Працінае вушы боль.
Невясёлая навука.
Буду маме пець на вуха.
Шосты моршчыцца на
ля:
— Неяк вывучу пасля!
Лепей бегаць ля галля,
Чым выводзіць ля ды ля.
Сёмы ўзненавідзеў
ci:
— Хоць мяне ты укусі,
Хоць прасі, хоць не прасі,
Мне цягнуць абрыдла ci!
Ахапіла ўсіх лянота —
I не вывучылі ноты.
ВОСЬМЫ ДЗЕНЬ САКАВІКА
Дружа,
Ты адно засвой —
У вясны
Гадзіннік свой.
Вось паслухай,
Як
У такт
Цік-так, цік-так —
Звонка звоняць
Капяжы.
Зайчык сонечны,
Бяжы!
Светлы месяц
Сакавік
Светлым дням
Вядзе падлік.
Свята сонца —
Першы дзень.
Не студзі віры,
Лядзень!
Рады сонцу
Дзень другі,
Ён для сонца —
Дарагі.
Трэці дзень
Падоўжыць цень,
Шапку снегу
Скіне пень.
Крочыць полем
Дзень чацвёрты.
Прымяраюць зайцы
Шорты.
След у след
Ступае пяты —
Прыпякае сонца
Пяты.
Ён такі забаўны,
Шосты —
Дзень падрос,
I сам падрос ты.
Сёмы дзень —
Вясёлы дзень,
Скача ў радасці
Прамень.
Як два сонцы,
Лічба восем —
Кветкі ўдзячнасці
Прыносім.
Мамін дзень —
Жаданы самы.
Сонца,
Мыйся да ясна!
Ад усмешкі
Любай мамы
Пачынае шлях
Вясна!
АБ’ЯВА
Тэрмінова
Тэрмінова
Патрабуецца
Карова,
Не з салодкім
Малаком,
А з шырокім
Языком,
І даўжэзным,
І шурпатым
І вялізным,—
Каб памог ён
Маме з татам
Форму школьную
Вылізваць!
ВЁЗ ВОЗ
Воз вязак
Вёз вазак,
Па казцы ў кожнай вязцы
A ў кожнай — па завязцы
Развяжацца завязка —
I слухай,
Калі ласка,
Пра цуды i дзівосы,
Пакуль твой нос курносы
Не зробіцца ад смеху
На ўцеху
I пацеху!
ЯК СУРОК ЛІЧЫЎ САРОК?
Летам
Добра хоць каму.
Ды сурок быў ласы.
I таму
Ён на зіму
Рыхтаваў запасы.
Ад расы i да расы
Абмалочваў каласы.
А сарока:
— Што харчы! —
Села на ўзровак.
Кінь старацца,
Палічы
Лепш маіх сябровак!
I пачаў лічыць сурок
Іх перад абедам.
Шчыра лічыць.
Крок у крок
Цень ступае следам.
Сонца смаліць,
Стэп іскрыцца.
Колюць промні-вусачы.
Восем,
Дзевяць…
Дваццаць…
Трыццаць,—
Паспрабуй
Ус іх злічы!
Карагач,—
Як насарог,
Пазірае на сарок.
Раптам
З-пад крыса
Рака
Выпусціла слонку.
Далічыў да сарака —
Млосна на прыслонку!
Доўга спіцца ў духаце.
Вечар недалёка.
Цень апошні
На хвасце
Панясла сарока.
Пацяжэлі ад расы,
Долу гнуцца каласы.
Дзе вячэра,
Дзе харчы?
Хоць цяпер
Варон лічы!..
Даў сабе сурок
Зарок —
Болей не лічыць сарок.
ХТО ПЕРАГАВОРЫЦЬ БАЯ?
Бай
Сягоння не ў гуморы.
Бай не баіць казак —
Хворы.
Вылечыць той Бая,
Знаю,
Хто яго перагаворыць.
Прыйшла да Бая Лана —
Бялюсенькая хустка.
А ён ёй нечакана:
— Скажы мне хутка-хутка:
Ваду браў рана
Скнара
З крана.
Заікнулася, вядома,
Сумная пайшла дадому.
Услед за Ланаю Тамара —
Шчочкі-журавінкі.
Буркнуў Бай
З пахмурым тварам:
— Скажы мне
Без запінкі:
Укусіў камар Макара,
Камара Макар — за карак.
Спатыкнулася дзяўчынка —
Перашкодзіла запінка.
А за Тамараю Тадорка —
Фартушок пярэсты.
— Тут кароткая гаворка —
Вымавіць бярэшся:
Пад вываратнямі вёртка
Віла вяроўку вавёрка.
Разгубілася Тадорка —
Стала крыўдна,
Стала горка.
Адважыўся прыйсці Макар.
Бай i не бачыць быццам.
— Ну што ж,
Кал i такі штукар,
Дык паспрабуй не збіцца:
Схаваўшыся за самавар,
З савою сыч засумаваў…
Ані вымавіць хлапчына —
Толькі ціскае плячыма.
Прыйшоў Пятрок,
Надзьмуты,
З пыхай.
А Бай глядзіць з усмешкай.
— Не харахорся
I не пыхкай,
Скажы без лішняй спешкі:
Цягнуцца к гняздзечку ціха
Дзеці ручанятамі.
Уцякай, цецеручыха,
З цецеручанятамі…
Духу мала ў Петрака —
Як задасць ён драпака!
Бай
Не баіць казак —
Хворы.
Хто ж
Я
г
о
Пе-
ра-
га-
во-
рыць?
ДОБРЫЯ СУСЕДЗІ
Жыў-быў добры дзядзька
Дзякуй,
Ненавідзеў пусталыг,
Выпускаў ён з хаты
Дзягу,
Калі крыўдзіў хто малых.
У дрымучым,
Цёмным лесе
Пад замком
Трымаў ваўкоў,
Каб яны
У сны
Не лезлі,
Каб не вылі
Ля акон.
Забіяку,
Задзіраку
Ён прагоніць ад дзяцей.
Толькі чутна:
— Дзякуй, дзякуй,
Хочам бачыць вас часцей!
I суседка
У старога
Несварлівая была —
Калі ласка
Праз дарогу
Многа-многа год жыла.
Збаіць казку,
З лугу краску,
З лесу ягад прынясе,
Шчыра просяць:
— Каліласка! —
Запрашаюць цётку ўсе.
Ці то ўзімку,
Ці то ўлетку
I хадзілі след у след.
— Добры дзень табе,
Суседка!
— Добры дзень табе,
Сусед!
Трэба ж здарыцца нагодзе!
Паспрачаліся ўзялі —
Хто павінен з іх выходзіць
Першы з дому
I калі.
Грукнуў Дзякуй
Кульбай-ляскай:
— Першая павінна ты!
Ды пярэчыць
Калі ласка:
— Ты,
Суседзе залаты!
Кожны з іх сядзіць,
Чакае.
Дзякуй не стрываў да дня.
Выйшаў з хаты.
— Гэй! — гукае,
А навокал —
Цішыня…
Не сцярпеў абразы гэткай
Зноў
Дамоў.
Праз нейкі час
Абазвалася суседка —
Ані гуку
У адказ.
Мала дзён прайшло
Ці многа,
Ды суседзі ўсё ж з таго
Зразумелі,
Што не могуць
Жыць адзін без аднаго.
Не даюць нікога крыўдзе,
Ні грызні ў іх,
Ні пакут.
Толькі Дзякуй
З хаты выйдзе —
Калі ласка
Тут як тут.
Каліласка ў шлях выходзіць,
Дзядзька Дзякуй —
Наўздагон.
У лагодзе,
Ў добрай згодзе
I жывуць да гэтых дзён.
НЕЗВЫЧАЙНЫ ГОРАД
Сценамі атулены,
Шкоднікам на злосць,
Пад акном бабуліным
Дзіўны горад ёсць.
На зіму руйнуецца
Ён, нібы ў вайну,
Нанава будуецца
Кожную вясну.
Не адзін выростае
Знакаміты род.
З вуліцамі простым!
Горад той —
гарод.
Ёсць яшчэ такая дзе,
Адкажыце,
Птушка?
Яйкі ўсе ў зямлю кладзе,
Хітрая нясушка.
Вочы ўзрадуе твае,
Ні прыйшоў адкуль бы.
Шмат у горадзе яе,
Беларускай
бульбы.
От бабуля важна села
I глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць.
Як зачэпіш —
Будзеш плакаць.
Гэта злосная бабуля
Называецца
цыбуля.
У бабулі родны брат
Ласкавейшы быццам,
А да слёз давесці рад,
Так, як i сястрыца.
Сам сабе наўме панок,
А прасцей сказаць —
часнок.
А Пятрок малады
Вып’е
Возера вады.
Так i цягнецца ў цянёк
Шалапутны блазан.
Каб далёка ён не ўцёк,
За нагу прывязан.
Гэта я заву Пятрок,
А наогул ён —
гурок.
I не Маша,
I не Галя,
А дзяўчына ў крыўдзе —
За касу яе цягае
Кожны,
Хто ні прыйдзе.
Жыве ў спакоі вельмі рэдка,
I яна завецца —
рэпка.
З вусамі,
А не стары.
Зайздросныя вочы.
За што-небудзь у двары
Учапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох,
Ну, на тое ж ён —
гарох.
Не сыдзе з месца
Ні на крок,
Зарыўшыся ў пярыну.
Цярэбіць ветрык незнарок
Ягоную чупрыну.
А возьмуць за чупрыну
Ды выцягнуць з пярыны —
Пачырванее, небарак.
Вядома, хто гэта —
бурак.
Гэта што за важны туз,
Хвост зялёны,
Чэпкі вус?
Усім вядомы
Карапуз
Пузан, Пузанаў сын
гарбуз.
І цётка ёсць яшчэ такая,
Якую ў горад не пускаюць.
Яна на ўскраіне жыве,
Ёй — толькі шкода ў галаве.
З закрытым! вачыма
Яе пазнаць магчыма.
Гэта злосная трава,
I завецца
крапіва.
У піжаме паласатай
Вылезла на санцапёк,
Пазірае хітравата,
Грэе гаспадыня бок.
Гэта гаспадыня —
дыня.
I жывуць у цёплым леце
Дружна ўсе, нібы сябры.
— Калі ласка, ў горад,
Дзеці! —
Запрашаюць жыхары.
ЕДЗЕ ВОЖЫК
Едзе, едзе
Вожык
Без каня,
Без вожак,
Без ваза,
Без аглабель —
Аж за
Трыдзевяць зямель;
Без дугі,
Без хамута —
Па даўгі
Да крата,
Бо калісьці
За барамі
Разам лісце
Сабіралі.
Вожык браў
Не што напала,
А падсохлы
Ліст апалы.
Не рукамі ж
Голымі —
Вострымі іголкамі.
Хоп-хоп,
Коп-коп —
Назбіраў
Сем коп.
Ну а крот —
Наадварот.
Поўзаў землякоп
Між траў
I дзвюх коп
Не набраў.
Выцер крот
Свой лыч,
Просіць вожыка:
— Пазыч
Мне
Ну хоць бы
Тры капы,
Ты ж,
Я знаю,
Не скупы.
Для маёй
Падземнай спальні
Вельмі трэба
Ліст апалы.
Я аддам налета
З гакам!..
Добры вожык
Небараку
Лісця тры капы
Пазычыў,
Зімаваць шчасліва
Зычыў…
Год
Прайшоў,
Мінуў другі —
Крот
Забыўся на даўгі.
І жыве наводшыбе.
Каб не ўбачыць
Вожыка.
Фыркат крот
Пачуе ледзьве —
У нару
Адразу лезе.
І браты
Краты
Задаюць лататы.
Едзе вожык
Па даўгі —
Дужа шлях яго
Даўгі.
ХТО ДАГОНІЦЬ
Едзе машына
А дождж ідзе.
Хто дагоніць каго i дзе?
ХУТКАМОЎКА
Чорт еў торт,
А чорцікі
Елі торцікі.
I, падторкнуўшыся
Пад торт,
Пёрся ў порт
Порсткі чорт:
ЗАДЗІРАКА I НЕЎСТУПАКА
Неўступака задзірака
Захацеў прадаць сабаку.
Ды пярэчыць задзірака:
— Ціха брэша
Твой сабака.
Неўступака кажа так:
— Ты не ведаеш сабак.
Проста ён,
Намёрзся ўночы
I з табой
Брахаць не хоча.
Прадавака з пакупакам
Таргаваліся са смакам,
Стала крыўдна неўступаку
I дамоў павёў сабаку.
ГРУЗІНСКІЯ ПАЦЕШКІ
Радня
Сонейка — матуля,
Месячык — татуля,
Зоркі-невялічкі —
Брацікі, сястрычкі.
Бацькаў залаты лямех
Нані, нані, малышок —
Хлеба бе лага скрылёк,
Бацькаў залаты лямех,
Матчын шаль ты,
Жаль i смех,
Дзядзькаў пояс i кінжал,
Цётчын яблык,
Братаў шал!
Па стале б цябе каціць,
Свет табою залаціць!
Тры ваўкі ідуць пагоркам
Тры ваўкі ідуць пагоркам,
Кожны косткай прысягае,
Што чакае ix вячэра —
Рабы конь стаіць ля гаю.
3 галавы адзін з нас зойдзе,
Двое з двух бакоў, а потым
Мы суцешым чалавека:
«Гаспадар, канец турботам!
Больш каня карміць не трэба,
Хоць падковы забяры ты
На тапор,
3 хваста ды з грывы
Ты спляцеш густое сіта».
М АЛДАЎСКІЯ ПАЦЕШКІ
Драздочак-дрозд
Драздочак-дрозд,
У крапінку хвост,
Насок — вайстраваты,
Бачок — стракаты,
Пёркі — таненькія,
Песенькі — ценькія:
Улетку спяваюцца,
Узімку забываюцца.
Дожджык
Дожджык-хвошчык,
Доўгі дождж,
Досыць бегаць басанож!
Сонца ходзіць па лугах,
Дожджык хвошча па нагах
Крапівою маладой,
Чарацінкай,
Лебядой,
І арэхавым дубцом,
І срэбраным бізунцом.
Зайчык
Паскакайчык-зайчык сам
Пра сябе напомніў нам:
Сеў, няпрошаны, за стол,
Гам! — i з’еў усё наўкол.
Сонца, сонейка
Сонца, сонейка, выходзь —
Глянь на падарункі хоць!
Боты дам — ты ix абуй,
Толькі як свае шануй!
Дам арэхаў па пуду,
На пацеху, на яду.
Я арэхаў поўны воз
3 лесу толькі што прывёз.
Сонца, сонейка, зірні:
Тут пустых няма ані!
Смоўж
Смоўж, скажы, чаго ты
Зачыніў вароты?
Адчыні хоць трошкі,
Пакажы нам рожкі!
Схадзі на ручай,
Вады паспытай.
Чыстай — у канаве,
Мутнай — у Дунаі,
Салёнай — у морах,
Сцюдзёнай — у горах.
A калі нап’ешся,
На бочку ўздзярэшся,
Закусіш парэем,
Заясі сельдэрэем,
Пад елкай капустаю
Ca смакам пахрумстаеш.
З’ясі часнаку ля дарогі,
Сам нам пакажаш рогі.
Птушкі на млыне
Працаўніца-сініца
Носіць пшаніцу.
Крумкач чорны
Круціць жорны.
Зязюля — ку-ку! –
Падсявае муку.
Удод
Падмятае под.
Цецярук вогнебровы
Злётаў па дровы.
Журавы
Спяклі хлеб падавы.
Касцы
Раз — касілі, два — касілі,
Сена ў копы ўсе насілі:
Заяц шустры
3 касой вострай,
Зайчык клубочкам
3 маленькім сярпочкам,
Журавы з чаплямі
3 даўжэзнымі граблямі.
Ішла перапёлка,
A ў ногі колка.
Кашу несла,
Па дарозе растрэсла.
Ластаўка
— Ластаўка, віць-віць!
Ты куды?
— Дзяцей карміць.
— Дзе яны?
— На галінцы адны.
— А дзе галінка?
— Агонь спаліў.
— А дзе агонь?
— Дождж заліў.
— А дзе дождж?
— Выпіў бык.
— А дзе бык?
— Воўк схапіў i знік.
— А дзе воўк-ліхадзей?
— Прагнаў Мацей
Ліповай дубінай.
Калыханка
Баю, баю, трэба спаць,
Прыйдуць сына ўсе люляць.
Прыйдзі, конь,
Супакой.
Прыйдзі, бай,
Залюляй.
Дай нам, сом,
Салодкі сон.
Дай, квактушка,
Нам падушку.
Прыйдуць да сыночка ўсе,
Кожны нешта прынясе.
А як сын пачне драмаць,
Будзем дзверы зачыняць.
ЭСТОНСКІЯ ПАЦЕШКІ
Дзіцячыя вочы
Жоўтыя вочы ў сабакі —
Бачаць здалёку прысмакі,
Зялёныя ў пацука —
Бліскае імі з кутка,
Чорныя вочы ў крата —
У цемрачы любата.
Вочы рудыя ў качара,
Каб i ў вадзе ўсё бачылі.
Шэрыя вочы ў крыніцы —
Добра ў ix хмарам адбіцца.
Сінія вочы — ясныя вочы,
Імі смяецца сыночак ахвоча!
Хто дома чакае
Дома ўсе мяне чакаюць,
За вароты пазіраюць.
Хто ж мяне чакае дома,
Гэта добра ўсім вядома.
Сустракае брэх калматы.
Выбягае муркат з хаты.
Што ж я.
Што ж я дам сабаку,
Што ж дам
Кошачцы ў аддзяку?
Я сабаку дам скарынку,
Кошцы
Праснака з прыскрынку.
Дзякую, сабака дружа,
Кошка дарагая дужа,
Што мяне дамоў чакалі,
За вароты пазіралі.
Кошачка
Выгінасценькая спінка,
Кошка, цёзка, кошка,
Быццам шустрая дзяўчынка
На чатырох ножках.
Як цыбулькі, тыя вочкі,
Вушкі — чуйныя лісточкі,
Лапкі — колцамі. нажніцаў,
Хвост шаўковы —
Мышкам сніцца.
ЗАГАДКІ I АДГАДКІ
ГРЫШКА, МІШКА I ШЧЫПАЙ
ЕХАЛІ НА ЧОЎНЕ
Грышка, Мішка i Шчыпай
Ехалі на чоўне.
Грышка моркву грыз,
Як зай.
Толькі вока поўні
Бачыла,
Як Мішку
Цеслі неслі
Міску,
Вычасаную з кары,
Быў у місцы,
Сыр сыры.
А Шчыпай,
А Шчыпай
Думаў, як бы
Збегчы ў гай,
Каб абшчыпваць там
Лісты.
Ды на цёмны
Вір круты
Човен раптам
Наляцеў.
Грышка
З чоўна паляцеў,
Мішка ўслед
У вір — чабох.
Хто застацца ў чоўне
Змог?
Ехалі,
На ўвазе май,
Грышка, Мішка
I Шчыпай.
З Грышкам
Мішка ў вір —
Чабох.
Хто застаўся ў чоўне
З трох?
ЁН, ЯНА, ЯНО, ЯНЫ
Дом свой
Кожны хоча мець —
Кот, сабака i мядзведзь.
I малому i старому
Хочацца хутчэй дадому,
Бо жывуць там з даўніны
Ён,
Яна,
Яно,
Яны.
Вісіць яна,
На ёй вісяць,
Ніхто не прапануе: сядзь.
Для вопраткі пацешалка,
Яна завецца
(вешалка).
І гарыць і не згарыць,
Можа пець і гаварыць,
Мае пільны
Позірк-вызар,
Ён завецца
(тэлевізар).
Глядзіць яно
І праз яго
Глядзяць,
Ад куль чакаць каго.
Бяздоннае,
Ды мае дно.
Завецца, як яно?
(Вакно).
Па іх ступаеш ты штодня,
Яны —
Густым лугам радня.
Па іх
Ідуць нячутна сны,
Яны завуцца
(дываны).
Калі маўчыць,
Калі бурчыць,
Калі, як той ручай,
Цурчыць.
І дроў не есць,
А хату грэе.
Яна завецца
(батарэя).
Невідзімец на пліце
Сіняй кветкаю цвіце.
Корміць нас
I поіць нас,
Ды не любіць жартаў
(газ).
Звон двухвухі на шнуры,
Падымай — гавары.
Будзіць звон
I кліча звон,
Ён завецца
(тэлефон).
А яно i цёмнай ночы
Пазірае зырка ў вочы.
Асвятляе ўсё жытло
(электрычнае святло).
Ёй адкінь паціху спінку
I адкінься на хвілінку.
У памост чатырохлапа
Упіраецца
(канапа).
На кухні да сцяны прырос
Астрог,
Дзе томіцца мароз.
Уключаны, як кіпяцільнік,
Астрог завецца
(халадзільнік).
Любіць пыкаць, мыкаць
Песта,
I ўзаб’е смятанку, цеста.
Ды не пыксер
I не мыксер,
Ён, крутун,
Завецца
(міксер).
На падлозе, не ў лазе
На адной стаіць назе.
I не бусел,
I не звер,
I завецца ён
(таршэр).
ЗАГАДКА
Кожны дзень
Па зайчанятку
Заганяў
Да ліскі ў хатку
Шэры воўк,
Вядомы злы дзень,
Заганяў тры дні
І тыдзень.
Потым тыдзень
Па парадку
Выпускаў
Па зайчанятку.
Шустрым самым
Для пачатку
Задаваў
Ад ну загадку:
Колькі ў трэці дзень
Было
Тых,
Што згрызлі памяло?
Вам жа трэба
Здагадацца,
Колькі
Засталося ў хатцы?
КОЛЬКІ КОШАК У КАШЫ?
Берагам ішоў Цімошак,
Нёс цяжкі лазовы кошык.
Варушыўся дужа кошык —
Там сядзела многа кошак.
Адпачыць схацеў Цімошак,
Задрамаў —
Раскрыўся кошык.
Кошкі хітрыя паволі
Разбрыліся ўсе па волі.
Кошка першая пайшла
Частавацца да бусла.
Пачастунак надта слабы —
Не да смаку кошцы жабы.
А другая кошка Мурка
З вераб’ём гуляла ў жмуркі.
Дзве схаваліся за горкай,
Дзве сачылі
За вавёркай,
Дзве збаяліся ваўкоў,
Хвост на плечы —
І дамоў!
Спаў Цімошак дацямна,
Засталася з ім ад на.
Ты падумай i скажы,
Колькі кошак у кашы?
КОЛЬКІ МАЕ НОГ?
У цыбулі браток —
Белазубы часнок.
Больш, напэўна,
Як шэсць ног
Мае жэўжык шустры,
Што паспець усюды мог:
Адной нагой у гарох,
Другой — у капусту!
ПАДКАЗКІ-ЗГАДКІ
Жывуць і ў лесе,
І ў бары
Звяры,
Яны гаспадары
Імшарынаў, сцяжынаў,
Нораў,
I ў кожнага
Свой спрыт i нораў.
Пра некаторых,
Як загадкі,
І гэтыя
Падказкі-згадкі.
Жыве не ў будцы на двары
Сваяк сабачы,
А ў нары.
Яму ў бары
Свой кожны сук,
Але таіцца звык
(барсук).
Не спачне ні на хвілінку,
І з галінкі на галінку
Пышнахвоста
Скача зорка.
Зорка гэтая
(вавёрка).
Ані лап,
Ані ляп
Не баіцца голых,
Бо насіць не аслаб
Кажушок з іголак.
Высцілае лісцем ложак
На зіму калючы
(вожык).
І не сляпы, і не глухі
Наняўся шэры ў пастухі.
Так пасвіў статак,
Што ад статку
Не засталося i астатку.
Сачыць за ім
Не хопіць вок,
Бо звалачэ што хоча
(воўк).
Дрыжыць пад кустом
З кароткім хвастом.
I калі бяжыць,
I тады дрыжыць.
Гэты дрыжаец
Завецца
(заяц).
Хітрыцу ведаюць усе,
Што на хвасце
Пажар нясе.
Яна хвастом
Сюды-туды —
І замяце свае сляды.
І калі спіць,
Ёй курка сніцца.
Майстрыца ашукаць
(лісіца).
Спіць і спіць
Усю зіму.
Смокча лапу,
Быццам соску.
Сніцца пасека яму
І дарога з лесу ў вёску,
Па якой са шкоды ледзь
Ад сабак уцёк
(мядзведзь).
ПАЛІЧЫ!
Па вуліцы ішлі ўтраіх,
На сцежку завярнулі,
I ў дом зайшло шасцёра ўсіх:
Дзве мамы,
Дзве дачкі,
Пры іх —
З унучкаю бабуля.
ПРОСТАЯ ЗДАГАДКА
Простая гэта здагадка,
Паверце,
Хлопчык жыве
На дзевятым паверсе.
Едзе на ліфце без мамы,
Бывае —
Толькі да пятага
Ён даязджае.
Потым —
Вы толькі стаіце
Усмешкі! —
Чатыры паверхі
Пратупае пешкі.
У зморы ідзе
Да кватэры свае,
Бо ў ліфце
Да кнопкі адной
Дастае.
ЯК БЫЦЬ?
Колькі будзе
Пяць на пяць?
Слон не можа ўцяміць.
Значыць,
Трэба завязаць
Вузялок на памяць.
I не доўга думаў слон,
Завязаў хобат.
Раніцой прачнуўся ён —
Мае новы клопат.
П’юць ваду
Вярблюд,
Індык.
Слон у перапудзе:
Як развяжа хобат,
Дык
Множанне забудзе.
Хто параду можа даць?
Млосна ад развагі:
Лепей ведаць
Пяць на пяць
Ці канаць
Ад смагі?!
ЯК ЗАВУЦЬ МЯНЕ?
Працую языком,
Але маўчу,
Калі крычу я,
Дык крычу
Ключу.
Я зачыняю дзверы
Языком.
Хто скажа,
Як завуць мяне?
(Замком)
КАЗКІ-ПЕРАКАЗКІ
БАБУЛІНА КАЗКА
У цёмным,
У цёмным лесе
Старэла
Як грыб, хаціна.
Вясна
Па вяршалінах ледзьве
Кацёлку сонца каціла.
Стаяла сабе хаціна.
Жыла ў ёй
Каза ўдавою,
Адна на здобыч хадзіла —
Клопатаў мела даволі.
Бедненькія сіроткі,
Беленькія казляняткі, —
Летняю ночкай кароткай
Не стала
Іхняга таткі.
Ca злымі-злымі вачыма,
З ікластаю
Пашчай-пасткай,
З’еў яго люты ваўчыла
І костачкі перахраскаў.
Чакаюць мамку сіроткі,
Не адчыняюць дзверы.
Казалі пляткаркі-сарокі,
Зноў ходзіць
Воўк-ненажэра.
Абыдзе мама
Свет з прысветкам —
Нясе дамоў вячэру дзеткам.
Пагрукаецца прыцемкам:
— Казлянятачкі,
Белянятачкі,
Адамкніцеся,
Адапрыцеея,
Адчыніце сенцы,
Прынясла вам мамачка
Поўна вымца малачка,
Поўны рожкі сенца.
Баялася мама за дзетак,
Наказвала дробным гэтак:
— Не прыцеся наабгонкі,
Усё разбярыце толкам.
Пачуеце
Голас тонкі,
Тады
Адчыняйце толькі.
* * *
Адкуль яно прыйдзе, ліха,
Не знала каза-шчыруха.
І раніцай ціхай-ціхай
Наказ яе
Воўк падслухаў.
За ўзгоркам яшчэ не зніклі
Бакі
Казы крутарогай,
Як воўк,
Ашчэрыўшы іклы,
Падсунуўся да парога.
Голасам грубым
Выводзіць з прыціскам:
— Казлянятачкі,
Белянятачкі,
Адамкніцеся,
Адапрыцеся,
Адчыніце сенцы.
Прынясла вам мамачка
Поўна вымца малачка,
Поўны рожкі сенца.
Шэпчуцца казляняткі:
— Не наша гэта матуля.
А воўк заводзіць спачатку —
Няўжо яны там заснулі?
Злуе,
Што малыя такія капрызныя.
— Казлянятачкі,
Белянятачкі,
Адамкніцеся, адапрыцеся,
Адчыніце сенцы.
Прынясла вам мамачка
Поўна вымца малачка,
Поўны рожкі сенца.
Старэйшы
Тады i кажа:
— Прыблуда ты, пэўна, нейкі.
Не адапромся —
У нашай
Матулькі голас таненькі.
З хаціны больш — ані гуку.
І як ні стараўся шэры,
І скробся,
І стукаў,
І грукаў —
Не адчыніліся дзверы.
* * *
Воўк сунецца,
Шчэрыць ляпу.
Прыпыніцца,
Бок пачэша.
Язык свой адцягне лапай —
Павінен зрабіцца танчэйшы.
Вярнуўся.
Ад злосці вые.
Хадзіў да хаціны яшчэ раз,
Зноў голас падвёў —
Малыя
Не адчынілі дзверы.
Хамыль-хамыль —
Падаўся ў хмыз.
З ялін раскалашмачаных
Глядзяць вароны зверху ўніз:
— Кар-рр!
Казляняткі смачныя?
Убок як ірвануўся ён,
А ўсё ля вуха — блізка чуў
Насмешны каркат
Злых варон,
Пакуль на ўскраек выскачыў.
На ўскрайку лесу старога
Стаяла кузня старая.
Стаяў там
І грукат, і скрогат,
Старэча-каваль стараўся.
Воўк глянуў —
Агонь шалее.
Каваль на кавадле звонкім
Напаленае жалеза
Расплясквае
Тонка-тонка.
Воўк глухне
Ад грукатні,
Крычыць кавалю гасціннаму:
— Ты мне язык адцягні
На тоненькую лісціначку.
Ды пастарайся
Як след.
Каваль і не кеміць быццам.
— Навошта гэта,
Сусед?
Анёлам
Хочаш зрабіцца?
— Жартаваць я не прывык.
Маю востры кожны клык!
Можа, сумняваешся?
Каваль-дурань,
Куй язык!
Каваль-дурань,
Куй язык!
Бо пасля пакаешся.
— Што ты зробіш з надаядлым
Ну кладзі ўжо на кавадла!
Як ударыць, як уперыць,
Сам сабе
Каваль не верыць.
— Вось дык я — чараўнік,
Адцягнуў ваўку язык
На тоненькую лісціначку,
На дрыготкую шапаціначку…
Воўк вясёлы:
— Добра,
Дзякуй!
Ты стараўся,
Моцна гакаў.
Мне ў дарогу час
Якраз!
* * *
«Хто мне ў цёмным лесе роўны?
Абдурыць сябе, старога,
Не дазволю казлянятам!»
Прэцца з усіх ног да хаты.
Грукаецца ў дзверы
Злодзей шэры.
Ну як не пойдзе
Ад радасці ўпрысядкі.
— Казлянятачкі,
Белянятачкі,
Адамкніцеся, адапрыцеся,
Адчыніце сенцы.
Прынясла вам мамачка
Поўна вымца малачка,
Поўны рожкі сенца.
Як учулі голас тонкі,
Паскакалі наабгонкі,
Без аглядкі.
Адчыніліся —
Памыліліся
Казляняткі.
Воўк бегаў ад раніцы
Нашча
I толькі ў хаціну ўскочыў,
Раскрыў, як вароты,
Пашчу
Ды страшна вылупіў вочы.
Ледзве пераводзіць дух:
— Маю востры кожны клык!
На адзін мне мала глык
Шалапутаў двух,
Ух!
Казляняткам смерць прыйшла
З-пад прыпечка,
З-пад стала,
З-пад лаў шырокіх
Паглытаў,
Пахапаў
Бедных сіротак.
Адзін уцалеў белы хвосцік —
Ускочыў маленькі ў падмосце.
Праз шчылінку
Сочыць крадком,
Увесь ад страху трасецца.
Ані сястрычак,
Ані браткоў,
Hi мамкі,
Hi малачка,
Hi сенца.
Як мамка малых ні вучыла,
Ліхая прыйшла гадзіна.
Як павярнуўся ваўчыла —
Ледзь не абярнуў хаціну.
Да возера за гарою
Пашыбаваў па ігліцы,
Каб паляжаць у спакоі,
Аддыхацца
Ды напіцца.
А сон каго хочаш зваліць,
Ваўка размарыла знячэўку.
Сапе,
Як той мех кавальскі,—
Аж гнецца к вадзе мячэўнік.
Хадзіла каза лугамі,
Варочала сена рагамі.
Уночы лівень прыспорыў —
I сена сохла не скора.
За лесам сонейка села,
Пакуль пасушыла сена,
Пакуль сучкоў наламала,
Дня белага стала мала.
Спяшалася беражком
Да дзетак трушком-бяжком.
Прыбегла —
Вачам не верыць,
Што сталася гэта з хатай?!
Расчынены насцеж дзверы.
Няма яе казлянятак!
Як грымне
Вобземлю дровы.
Як кіне
Сена на ганак.
— Нашто мне стагі, дубровы —
Няма белюськоў, бялянак.
Як ударыцца каза
Капыткамі.
— А за што ж мяне бяда
Напаткала?..
Несуцешная,
Як грукнецца рожкамі:
— А я ж бегла карацейшымі
Дарожкамі.
Знаёмы пачуўся голас,
Да мамы —
Малы з падмосця.
Расказаў ёй пра горкае гора
І пра нязванага госця.
— Праз яго,
Пракляты воўк,
Нам бяда ўся.
У які, скажы мне, бок
Ён падаўся.
А сцяжыначкаю ды імшанаю
Сын маленькі за мамкай спяшаецца.
Цераз віры,
Цераз яры
Дабеглі да адной тары.
Гару другую бачаць.
Ну воўк за той, няйначай.
Скакалі,
Часцілі,
Тупалі,
Нарэшце i да другой
Дабеглі.
Ну што б вы думалі?
Ляжыць гэта воўк гарой.
У жываце казляняткі шавеляцца,
Стукаюць, бедненькія, ў бакі,
Ды спіць воўк спакойна вельмі,
Язык свой сушыць
Паклаў на клыкі.
Ну, паспі, паспі.
Чакай!
Толькі вось у козачкі
Ні сцізорка,
Ні сучка,
Ні сярпа,
Ні косачкі.
Нападаць цяпер рука,
Раз —
I справа скончана.
Рогі мае.
I ў сынка
Толькі што адскочылі.
Як разгоніцца — ў жывот
Вострымі рагамі
Бух!
— От табе, пракляты,
От! —
Следам сын,
Адзін за двух.
Пакажацца з дзіркі
Пыска,
Пакажуцца з дзіркі
Рожкі.
Ратунак
Так блізка-блізка,
Чакаць засталося
Трошкі.
Каза тады рог заклала,
Жывот ваўку распарола.
Высыпалі кагалам
Дзеткі,
Нібы з-за парога.
Taгo ўссадзіла на плечы,
Той завязала хусцінку.
Азяблых,
Мокрых
Пад вечар
Нясла і вяла ў хацінку.
Аб камень рог
Натачыла,
Шкуру садрала хутка.
Так не прачнуўся ваўчыла
Ні казлянятак,
Ні футра.
На сэрцы ў казы вясёла.
На печку ўсіх падсадзіла:
Каторага —
На пяколак,
Каго —
На чарэнь неастылы.
Запела ім пра палянку,
Кожнага прыгарнуўшы.
Дала мурагу вязанку
I сырадою гарнушак.
Ходзіць мама —
Туп-туп,
A масніцы
Рып-рып.
Сенца дзеткі
Хруп-хруп,
Сырадойчык
Хліб-хліб.
На пухавых падушачках
I грэюцца i сушацца.
БО Б ДА НЕБА ВЫРАС БОБ…
Жыў дзед рахманы з бабай рухаваю.
Дзед моцны быў на руку
І на лоб.
Яны пасеялі боб пад лаваю,
І вырас
Пад самую лаву боб.
І кажа баба:
— Дзедзьку, а дзедзьку,
Скінь ты палок,
Бабок не няволь,
Няхай расце
Таўсцейшы за рэдзьку.
І вырас боб
Пад самую столь.
І ўжо ў страху
Пачаў упірацца.
І просіць баба
Прадраць страху.
У дзеда
Не дужа ахвотная праца,
Ды ў хаце боб,
Як казёл у мяху.
Страху прадзёрлі —
Вырас да неба.
А баба дзеду й кажа тады:
— Боб урадзіў,
Нам зжаць яго трэба,
Зімой не будзем ведаць бяды.
Ніколі клопат не мае жалю.
І лезлі яны па стручках.
Пакрыху
Ламалі стручкі
Ды ў пучкі вязалі
І ў хату кідалі праз страху.
Прайшлі праз хмарку,
Нібы праз сітца.
Дайшлі да неба.
Тут ноч найшла.
Пайшлі да Бога
Нанач прасіцца.
У хаце ў Бога
Многа святла.
Бог кажа:
— Мне не шкада пасцелі.
I кожны мне чалавек
Не чужы.
Баюся,
Рашчыну каб не паелі,
Яна падыходзіць
Вунь там, у дзяжы,
Дзед лямантуе:
— Божа ласкавы!
Каб лезлі ў рашчыну
Боскую.
Не!
Бог паказаў ім хатку.
На лавы
Палеглі.
Дзед боб малоціць у сне.
А баба дзеда бадзе,
Штурхае,
Вядома,
Цікаўная не засне:
— Лізну я рашчыну,
A ці такая
Рашчына нябесная,
Як у мяне?
— Пабойся Бога!
Сціхні, старая,—
I дзед заснуў.
А баба ўстае,
Ды лізь рашчыну,
Рашчына тая
Вазьмі дый вылійся
На яе.
Дзед прахапіўся
Ды кіем частуе
Упартую бабу.
Знайшоў галень,
Ды ім збірае
Рашчыну густую.
Пакуль збіраў,
Нахапіўся дзень.
Хоць не даспаўшы,
Боб жалі ўмела.
Дзень, як апуджаны заяц,
Прабег.
Прачнуліся зоркі.
I зноў сцямнела.
Пайшлі да Бога
Прасіць начлег.
Бог кажа:
— Мне ўчора зрабілі шкоду,
Ну як жа пускаць вас
Куды на палок.
Дзед божыцца.
Бог не стрымаў лагоду:
— Ну, сёння ідзіце спаць
У садок.
Ды толькі
З яблынькі за пералазам
Не рушце яблычкаў,
Гэта мае.
— Не будзем! —
Дзед з бабай
Клянуцца разам.
Дзед дрэмле,
А баба спаць не дае:
— Дзедзька,
Мне яблычкаў хочацца.
Вельмі
Салодка ды блізка
Пахнуць яны.
Дзед прыгразіўся дзягаю
Шэльме,
Заснуў.
I сняцца дзеду бліны.
Дзед спіць.
Ды не спяць толькі
Баба і ліха.
Да яблынькі ліха
Бабу нясе.
Ледзь адарвала яблычак ціха.
Пац-пац! — і паасыпаліся ўсе.
А дзед ужо сніў,
Што возіць вазамі
Боб
I не можа
Злічыць стручкоў.
Ды бабінымі валасамі
Прывязвае яблычкі да сучкоў.
Пакуль папрывязваў,
Віднецца стала.
Дзед бабу лае:
— Ну, што цяпер
Мы скажам Богу?
Табе ўсё мала.
Так Богу аддзячылі
Мы за давер.
Але сама
Не робіцца праца.
Боб дажынаць пайшлі
Бурчуны.
Зноў ноч найшла.
Зноў да Бога падацца
Прасіць начлегу
Мусяць яны.
Бог кажа:
— У стайню
Пусціць вас можа.
Стаяць там саначкі,
Вы на іх
Вазіцца не ўздумайце.
— Злітуйся, Божа!
Не будзем,—
Адказвае дзед за дваіх.
І дзед заснуў
Як прадаўшы пшаніцу.
А баба будзіць яго:
— Дазволь
На гэтых саначках павазіцца.
— Засні, дурніца,
Хай цябе моль!
І сам заснуў ён,
А баба смела,
Напяўшы на дзедаў сон
Капялюш,
На непадкутыя саначкі села,
І нукае гонкім:
— Ляціце! Ну ж!
І саначкі як паляцяць
Па прасторах,
Лясах, верасах,
Камянях, каранях,
Растрэслі бабіны косці
На порах.
Дзед трошкі сабраў іх,
Адолеўшы страх.
Ды без рыдлёўкі
На небе яму
Дзед выкапаў.
Костачкі туманом
Прысыпаў.
I ціха без шуму,
Без гаму
Палез дахаты
Удвух са сном.
Паціху лез,
Ды сучок надламіўся,
І дзед зваліўся
На свой палок.
І сон зваліўся
І не запыліўся.
Каб зноў спачатку сніцца,
Уцёк.
ЗАЛАТАЯ ПРАСНІЦА
Жылі-былі дзед з бабаю,
Мелі яны кароўку востраскабую,
Таму й не купаліся ў малацэ.
I ў кожнага з іх
Было па сваёй дачцэ.
З дзедавай
Здзеквалася бабіна дачка.
Дзедава просіць i лямантуе:
— Дай мне вераценца,
Татачка,
Зрабі праснічку залатую.
Завядзі мяне на мяжу,
Пасадзі, дзе пакажу.
Зрабіў дзед
Прасніцу й верацяно
Дый завёў на мяжу.
А мяжы й канца не відно.
Прасці дзедава дачка села,
А вераценца фур дый паляцела.
Пабегла пралля
За вераценцам услед
Далёка-далёка,
Аж на той свет.
Бяжыць, бяжыць —
Яблынька стаіць,
Хіліць галіну,
Просіць дзяўчыну:
— Дзеўка-мілавіца,
Русая касіца,
Абтрасі мяне, перапалавінь,
Яблыкаў сабе вазьмі
І мне пакінь.
Так і зрабіла.
Абтрэсла яблыньку
Наколькі сіла.
Сквапнаю не была ў дзяльбе;
Пакінула яблыкаў яблыньцы
І ўзяла сабе.
Бяжыць, бяжыць —
Ігрушына стаіць,
Хіліць галіну,
Просіць дзяўчыну:
— Дзеўка-мілавіца,
Русая касіца,
Абтрасі мяне, перапалавінь,
Ігруш вазьмі сабе
I мне пакінь.
Так i зрабіла.
Абтрэсла йгрушыну
Наколькі сіла.
Сквапнаю не была ў дзяльбе:
Пакінула йгрушыне йгруш
I ўзяла сабе.
Бяжыць, бяжыць —
Кароўка стаіць.
Хоча спачыну,
Просіць дзяўчыну:
— Дзеўка-мілавіца,
Русая касіца,
Падаі мяне,
Бо лёгкая ў цябе рука,
Сабе вазьмі
І мне пакінь малака.
Так і зрабіла.
Карову падаіла.
Сквапнаю не была ў дзяльбе:
Карове малака пакінула
І ўзяла сабе.
Бяжыць, бяжыць —
Вяпрук стаіць.
Шэжыць шарсціну,
Просіць дзяўчыну:
— Дзеўка-мілавіца,
Русая касіца.
Закалі мяне,
Абсмалі мяне,
Перапалавінь.
Салца сабе вазьмі
I мне пакінь.
Так i зрабіла.
Вепрука закалола,
Вепрука абсмаліла.
Сквапнаю не была ў дзяльбе:
Вепруку пакінула салца
I ўзяла сабе.
Бяжыць, бяжыць —
Дзежка стаіць,
Трымае рашчыну,
Рашчына й просіць дзяўчыну:
— Дзеўка-мілавіца,
Русая касіца,
Замясі мяне,
Пасадзі мяне ў печ
У самую гарачынь,
Хлеба сабе вазьмі
I мне пакінь.
Так i зрабіла.
Рашчыну замясіла
Ды ў печ пасадзіла.
Сквапнаю не была ў дзяльбе:
Хлеба пакінула дзежцы
І ўзяла сабе.
Бяжыць, бяжыць —
Хатка на курынай ножцы стаіць.
Выйшла ведзьма,
Пытае ў дзяўчыны:
— Чаго ты тут ходзіш,
З якое прычыны?
— Хаджу я, службу шукаю,
Бабуся.
— Служба ёсць у мяне
Не цяжкая.
Ці згодзішся паслужыць?
— Згаджуся.
— У хату лезь,
Тчы кроены старанна.
Усюды хадзі,
Толькі туды не хадзі,
Глядзі,
Дзе лычкам завязана.
Наказала дый паляцела.
A дзяўчыне
Глянуць туды карцела,
Дзе завязана лычкам было.
I развязала лычка —
I асляпіла яе святло.
Гэта золата ззяла,
Як жар у печы.
Дзяўчына набрала
Повен мех — i бегчы.
Прыляцела ведзьма сама —
Дзеўкі няма.
Ухапіла таўкач
Ды наўскач
Пабегла даганяць,
Таўкачом суняць.
Стаіць дзежка з рашчынаю.
Ведзьма й пытаецца,
Гонячыся за дзяўчынаю:
— Дзежка-замешка, бачыла
Магчыма,
Дзеўку з грашыма?
— Не дагоніш, нягегла,
Даўно прабегла.
Стаіць вяпрук.
А на хібе ў вепрука
Сядзіць крук.
— Вяпрук-сябрук,
Ты бачыў, магчыма,
Дзеўку з грашыма?
— Не дагоніш, нягегла,
Даўно прабегла.
Стаіць кароўка.
Ад кароўкі ўцякла вяроўка.
— Кароўка-сяброўка,
Бачыла ты, магчыма,
Дзеўку з грашыма?
— Не дагоніш, нягегла,
Даўно прабегла.
Стаіць ігрушына.
Ігрушамі трава зацярушана.
— Ігрушына-ненадкушана,
Бачыла ты, магчыма,
Дзеўку з грашыма?
— Не дагоніш, нягегла,
Даўно прабегла.
Стаіць яблынька,
Трымае яблыкі зграбненька.
— Яблынька-неазяблінька,
Бачыла ты, магчыма,
Дзеўку з грашыма?
— Не дагоніш, нягегла,
Даўно прабегла.
Вярнулася ведзьма
Назад з таўкачамі
З заплаканымі вачамі.
А дзедава дачка
Прыбегла дахаты,
Прынесла пасаг багаты.
Пазайздросціла бабіна дачка
Дый кажа:
— Мамачка,
Зрабі мне залатую прасніцу
І верацяно залатое,
Кудзельку шаўковую.
І завядзі мяне на мейсца тое,
Дзе дзедава дачка
Мех золатам напакоўвала.
Зрабілі ёй прасніцу й верацяно,
Далі кудзель шаўковую
Заадно.
Прасці бабіна дачка села,
А верацяно фур дый паляцела.
Пабегла за верацяном услед
Далёка-далёка,
Аж на той свет.
Бяжыць, бяжыць —
Яблынька стаіць.
Хіліць галіну,
Просіць дзяўчыну:
— Дзеўка-мілавіца,
Русая касіца,
Абтрасі мяне, перапалавінь,
Яблыкаў сабе вазьмі
I мне пакінь.
— Абтрасайся сама —
Часу няма.
Бяжыць, бяжыць —
Ігрушына стаіць.
Хіліць галіну,
Просіць дзяўчыну:
— Дзеўка-мілавіца,
Русая касіца,
Абтрасі мяне, перапалавінь.
Ігруш сабе вазьмі
I мне пакінь.
— Абтрасайся сама —
Мне часу няма.
Бяжыць, бяжыць —
Карова стаіць.
Хоча спачыну,
Просіць дзяўчыну:
— Дзеўка-мілавіца,
Русая касіца,
Падаі мяне,
Бо лёгкая ў цябе рука.
Сабе вазьмі
І мне пакінь малака.
— Даіся сама —
Мне часу няма.
Бяжыць, бяжыць —
Вяпрук стаіць.
Шэжыць шарсціну,
Просіць дзяўчыну:
— Дзеўка-мілавіца,
Русая касіца,
Закалі мяне,
Абсмалі мяне,
Перапалавінь.
Салца сабе вазьмі
I мне пакінь.
— Сам каліся,
Сам смаліся,
Няма мне часу,
Адчапіся!
Бяжыць, бяжыць —
Дзежка стаіць.
Трымае рашчыну,
Рашчына просіць дзяўчыну:
— Дзеўка-мілавіца,
Русая касіца,
Замясі мяне,
Пасадзі мяне ў печ
У самую гарачынь,
Хлеба сабе вазьмі
I мне пакінь.
— Сама мясіся,
Сама пячыся,
Няма мне часу,
Адчапіся!
Бяжыць, бяжыць —
Хатка на курынай ножцы
Стаіць.
Выйшла ведзьма
Дый запытала:
— Ты ці не тая дзеўка,
Што грошы ў мяне ўкрала?
— Не чула, не ведаю,
Мая пані,
Толькі й адкажу на пытанне.
— У хату лезь,
Тчы кроены старанна.
Усюды хадзі,
Толькі туды не хадзі,
Глядзі,
Дзе лычкам завязана.
Наказала дый паляцела,
А дзеўцы глянуць туды
Карцела,
Дзе завязана лычком было.
І развязала лычка —
І асляпіла яе святло.
Гэта золата ззяла,
Як жар у печы.
Дзяўчына набрала
Повен мех — i бегчы.
Прыляцела ведзьма сама —
Дзеўкі няма.
Ухапіла таўкач
Ды наўскач
Пабегла даганяць,
Таўкачом суняць.
Стаіць дзежка з рашчынаю.
Ведзьма пытаецца,
Гонячыся за дзяўчынаю:
— Дзежка-замешка,
Бачыла ты, магчыма,
Дзеўку з грашыма?
— Ды вунь, на мяжы,
Дагоніш — бяжы!
Стаіць вяпрук,
А на хібе ў вепрука
Сядзіць крук.
— Вяпрук-сябрук,
Ты бачыў, магчыма,
Дзеўку з грашыма?
— Ды вунь, на мяжы,
Дагоніш — бяжы!
Стаіць кароўка.
Ад кароўкі ўцякла вяроўка.
— Кароўка-сяброўка,
Бачыла ты, магчыма,
Дзеўку з грашыма?
— Ды вунь, на мяжы,
Дагоніш — бяжы!
Стаіць ігрушына,
Ігрушамі трава зацярушана.
— Ігрушына-ненадкушана,
Бачыла ты, магчыма,
Дзеўку з грашыма?
— Ды вунь, на мяжы,
Дагоніш — бяжы!
Стаіць яблынька,
Трымае яблыкі зграбненька.
— Яблынька-неазяблінька,
Бачыла ты, магчыма,
Дзеўку з грашыма?
— Ды вунь, на мяжы,
Дагоніш — бяжы!
Дагнала,
Грошы адабрала,
Пералічыла дбала.
Таўкачамі забіла ў злосці.
Ад дзяўчыны адно
Засталіся косці.
Баба дзеда пароць пачала,
Нідзе старому няма
Ні ўстою, ні ўседу:
— Паглядзі, дзе дачка мая,
Дзеду.
Твая дык хутка прыйшла.
Пайшоў уранку,
Костачкі ў мех пазбіраў.
А сучка з-пад ганку:
— Дзяў, дзяў,
Дзедава дачка ў карэце
Едзе,
А бабіна дачка ў мяху
Недзе.
А сучка гырчыць,
А сучка брэша.
А баба крычыць:
— Змоўкні, дуркеша!
Баба ў сучку шпурляе
То палена,
То кій,
То дубец.
Прадзе сама
Прасніца залатая,
Вераценца пражу матае.
Тут і казцы канец.
МЕХ ШЭРЫХ, МЕХ БЕЛЫХ
Кабылка —
Пстрычкаю заб’еш.
Палоска —
Барана ледзь-ледзь памесціцца.
Зямля ўтравела —
Не бярэ лямеш,
Па ёй вясну i восень
Ліўні месяцца.
Сваю палоску вузкую
Араць
Мужык падаўся з сошкай
З самай раніцы.
Арэ, арэ —
Не можа рады даць.
З апошніх сіл
Мышастая стараецца.
Пыхцеў, пацеў,
Ды больш не змог цярпець,
Над сошкаю-крывуляй
Гнуцца пол азам.
— Пайшла ты,
Каб цябе задраў мядзведзь!
Ён на кабылку
Вылаяўся голасна.
Тут як на ліха тое
З-за кустоў
Мядзведзь бахматым возам
Грозна сунецца.
— Тваю я просьбу
Выканаць гатоў,—
Глядзіць вачмі
Галоднымі і сумнымі.
— Чакай,
Дай баразну дагнаць,
Кумок,—
Мужык прытупвае
Нагамі босымі,—
Каб не напёк
Паўдзён твой буры бок,
Тым часам ляж
У засень пад калёсамі.
А сонца паліла, смаліла.
Як слёзы,
Сцякала жывіца.
Паблізу па лесе хадзіла
Палохала стрэльбай лісіца.
— Ніколі я не махлюю!—
Крычала хітруха старая.—
Па лесе блукаю,
Палюю,
Ваўкоў, медзвядзёў страляю.
Мужык схмурнеў,
Ён сам сабе не рад.
I баразне канец.
Каб з кім параіцца.
Лісіца тут
Насустрач акурат,
Хвастом віхляе,
Весела ўсміхаецца:
— Тваю бяду
Я лапай развяду,
Распраўлюся
Я ў момант з ненажэраю.
А заўтра раніцай
Сюды прыйду —
Ты мусіш мне аддзячыць
Шчодрай мераю.
Мех шэрых,
Мех белых курэй
Ты мне прынясеш за паслугу.
А зараз за справу хутчэй!
Мядзведзь насцярожана слухаў…
— Ніколі я не махлюю! —
Крычала хітруха старая.—
Па лесе блукаю,
Палюю,
Ваўкоў, медзвядзёў страляю.
Мядзведзь стаў маліць старога:
— Не выдай, прашу ў дадатак.
Не сіраці бярлога,
Маленькіх медзведзянятак!
Ты ўжо не кажы лісіцы,
Што я тут кабылку чакаю.
Хітруха мядзведзя баіцца,
Ды страху яму наганяе:
— Палюю,
Па лесе блукаю,
Ваўкоў, медзвядзёў страляю!..
Наўцёкі — мядзведзю позна.
Лісіцы спрыяе нагода,
Пытае ў старога пагрозна:
— А што ў цябе гэта?
— Калода.
Вачыма хітрушчымі водзіць:
— Ты што з мяне строіш кпіны.
Калода б ляжала на возе.
Чаму ж яе так пакінуў?
І зноўку пайшла па лесе.
Палоска не ўся ўзарана.
— Я лепей на воз палезу,—
Зрабіўся мядзведзь ціхмяны.
Лісіца ж крычыць, не змаўкае,
Так проста мядзведзя не возьмеш,
Старога яшчэ раз пытае:
— А што ў цябе гэта на возе?
А думкі ў лісіцы пра заўтра.
— Калода,—
Мужык паўтарае.
— Кал оду чаму не ўвязаў ты,
Бо можа зваліцца сырая.
— Зрабі мне такую паслугу,—
Мядзведзю няма спакою.
Мужык увязаў яго туга
Вяроўкай пяньковай тугою.
Ані павярнуцца мядзведзю —
Падціснула так вяроўка.
Ад страху ён дыхае ледзьве,
Ад злосці —
На ўвесь лес зароў бы!
Ды ўжо не паможа нічога,
Бярлога i дзетак шкода.
Лісіца ж пытае старога:
— А што ў цябе гэта?
— Калода…
Ды зноў не дае праходу,
Пярэчыць лісіца:
— Не веру!
Каб гэта была калода,
Тырчала б у ёй
Сякера…
Каціліся колы хутка,
А ехаў стары не хмуры —
Дадому ён вёз на футра
Мядзведжую цёплую шкуру.
* * *
У ранку,
З-за суседняга ляска
Ледзь толькі сонца
Паказала вуха,
Лісіца ўжо чакала мужыка
Аблізвалася загадзя ласуха
Вось і стары.
Ён нёс аж два мяшкі.
Хвастом ад нецярпення
Біла ліска.
Мужык скуліў з плячэй
Свой груз цяжкі.
— Не бойся, кумка,
Падступайся блізка.
Мужык не спяшае аднак,
Мяхі нетаропка развязвае.
Як выпусціў раптам сабак
I Шэрку,
I Белку разам.
Лісіца ўцякаць з усіх ног,
Хутчэй ратавацца трэба.
Так гнаў яе перапалох —
Пакінула нават стрэльбу.
То корч,
То ручай,
То пянёк.
Прабегла бярэзнік гонкі,
Убачыла норку —
Скок,
Ды хвост вытыркаўся вонкі.
Так бегла —
Вятрэц заціх.
За рыжай не змог угнацца.
I, радасная,
У сваіх
Яна пачала пытацца:
— Вочкі, вочкі,
А што глядзелі вы?
Адказалі ёй пільныя вочкі:
— Мы глядзелі,
Знайсці б дзе норачку
І дарожку з сухім пясочкам.
— Ножкі, ножкі,
А што рабілі вы?
Адказалі ёй шустрыя ножкі:
— Мы да норкі
Дабегчы спяшаліся,
Мы былі
Самай лёгкай ношкай.
— Вушкі, вушкі,
А што вы слухалі?
Адказалі ёй чуткія вушкі:
— Ці далёка сабакі,
Мы слухалі,
У цябе мы —
Найверныя служкі.
— Ты, хвасцішча-дурнішча,
Што боўтаў?
Злосці хвост утрымаць не ў сіле:
— То за пень,
За калоду чапляўся,
Каб сабакі цябе злавілі!
Ах ты, гэтакі прахвост.
Шэры,
Белы,
Рвіце хвост!
І зараз у футры мядзведжым
Са стрэльбаю
Ходзіць дзед.
А бабка гатуе ежу,
Хвастом лісіным
Змятае загнет.
ЯК ВОЎК КАЛЯДАВАЎ
Мыецца котка лапкаю.
Сякера знайшлася пад лаўкаю.
Слухай жа, калі ласка,
Як пачынаецца казка.
Жыў сабе дзедка,
А ў дзедкі таго
Было ўсяго:
Было сем авечак,
Восьмы бычэчак,
Курка-рабушка,
Сучка-брахушка,
Бабка-сварушка.
І пачаліся Каляды.
А на Каляды ўсе маразы,
Загнуўшы саням палазы,
Былі разгуляцца рады.
Два тыдні цягнулася свята.
За свята й выстудзілася хата,
Вядомая рэч.
Дзед усіх і пабраў на печ.
Натое й печ, каб трымаць цяпло.
Усім i цёпла й добра было.
Дзед з бабаю сядзелі з краю,
Быццам тыя Адам з Еваю,
Якіх выгналi з раю.
Калядоўшчык пагрукаўся ў дзверы,
Аж валасы ў дзеда
Сталі стоць.
Дзед i кажа:
— Хто там грукаецца, заходзь!
Заходзіць воўк шэры:
— Дзед, го, дзед,
Я табе каляду праспяваю.
— Спявай, мой лясны сусед,
Аддзячу чым маю.
A пяе калядоўшчык рэдкі,
I зазірае ў падпечак:
— Ёсць, ёсць у дзедкі
Сем авечак,
Восьмы бычэчак,
Курка-рабушка,
Сучка-брахушка,
Бабка-сварушка.
Падай, дзед, каляду,
А то з хаты не найду!
З ваўком не палезеш у спрэчку —
І даў яму дзед авечку.
Авечку закінуў за спіну
І каля платоў,
Каля дошчак,
Патоўкшы снег на мякіну,
Паціснуў у лес калядоўшчык.
Еў цэлы суткі.
Ад вячэры спаў да вячэры.
А назаўтра к абеду
Пачулася дзеду:
Пагрукаўся нехта ў дзверы.
Воўк на парозе.
Дзед у трывозе.
— Дзед, го, дзед,
Я табе каляду праспяваю.
— Спявай жа, лясны сусед,
Аддзячу чым маю.
І пяе калядоўшчык рэдкі,
І зазірае ў падпечак:
— Ёсць, ёсць у дзедкі
Шэсць авечак,
Сёмы бычэчак,
Курка-рабушка,
Сучка-брахушка,
Бабка-свару шка.
Падай, дзед, каляду,
А то з жонкаю прыйду!
З ваўком не палезеш у спрэчку
I даў яму дзед авечку.
I ў лес авечку воўк навалок.
Пакуль валок,
Аж кажух яго змок.
Праз дзень у дзверы
Пагрукаўся шэры:
Дзед, го, дзед,
Я табе каляду праспяваю.
— Спявай жа, лясны сусед,
Аддзячу чым маю.
I пяе калядоўшчык рэдкі
I зазірае ў падпечак:
— Ёсць, ёсць у дзедкі
Пяць авечак,
Шосты бычэчак,
Сучка-брахушка,
Бабка-сварушка.
Падай, дзед, каляду,
А то зграю прывяду!
З ваўком не палезеш у спрэчку
І даў яму дзед авечку.
І павалок авечку ваўчыла,
Аж сцежка пад ім завыла.
Авечку з’еў i ў дзверы
Пагрукаўся шэры:
— Дзед, го, дзед,
Я табе каляду праспяваю.
— Спявай жа, лясны сусед,
Аддзячу чым маю.
I пяе калядоўшчык рэдкі,
I зазірае ў падпечак:
— Ёсць, ёсць у дзедкі
Чатыры авечкі,
Пяты бычэчак,
Курка-рабушка,
Сучка-брахушка,
Бабка-сварушка.
Падай, дзед, каляду,
А то вып’ю ўсю ваду!
З ваўком не палезеш у спрэчку
I даў яму дзед авечку.
З авечкай воўк
I падаўся ў хмыз
I суткі цэлыя мяса грыз.
Дагрыз авечку i ў дзверы
Пагрукаўся шэры:
— Дзед, го, дзед,
Я табе каляду праспяваю.
— Спявай жа, лясны сусед,
Аддзячу чым маю.
I пяе калядоўшчык рэдкі,
I зазірае ў падпечак:
— Ёсць, ёсць у дзедкі
Тры авечкі,
Чацвёрты бычэчак,
Курка-рабушка,
Сучка-брахушка,
Бабка-сварушка.
Падай, дзед, каляду,
А то наганю нуду!
З ваўком не палезеш у спрэчку
I даў яму воўк авечку.
Авечку ваўчыдла панёс —
Аж з ім не сагнаўся мароз.
Даеў авечку i ў дзверы
Пагрукаўся шэры:
— Дзед, го, дзед,
Я табе каляду праспяваю.
— Спявай жа, лясны сусед,
Аддзячу чым маю.
I пяе калядоўшчык рэдкі,
I зазірае ў падпечак:
— Ёсць, ёсць у дзедкі
Дзве авечкі,
Трэці бычэчак,
Курка-рабушка,
Сучка-брахушка,
Бабка-сварушка.
Падай, дзед, каляду.
А то навяду бяду!
З ваўком не палезеш у спрэчку
І даў яму дзед авечку.
І воўк паляцеў са здабычаю
Хутчэй за стрэл паляўнічага.
Паснедаў авечкай і ў дзверы
Пагрукаўся шэры:
— Дзед, го, дзед,
Я табе каляду праспяваю.
— Спявай жа, лясны сусед,
Аддзячу чым маю.
I пяе калядоўшчык рэдкі
I зазірае ў падпечак:
— Ёсць, ёсць у дзедкі
Мэчка-авечка,
Гладкі бычэчак,
Курка-рабушка,
Сучка-брахушка,
Бабка-сварушка.
Падай, дзед, каляду,
А то вырву бараду!
З ваўком не палезеш у спрэчку
І даў яму дзед авечку.
З авечкай апошняй
Пасунуўся воўк.
I лес затаіўся.
I вецер замоўк.
Насыціўся ўволю i ў дзверы
Пагрукаўся шэры:
— Дзед, го, дзед,
Я табе каляду праспяваю.
— Спявай жа, лясны сусед,
Аддзячу чым маю.
I пяе калядоўшчык рэдкі,
I пазірае ў падпечак:
— Ёсць, ёсць у дзедкі
Гладкі бычэчак,
Курка-рабушка,
Сучка-брахушка,
Бабка-сварушка.
Падай, дзед, каляду,
А то з дому ўсіх звяду!
Як скрыні няма,
Дык навошта вечка?
Аддаў дзед ваўку бычэчка.
Воўк бычэчка
Павёў на вяроўцы
У падарунак шэрай сяброўцы.
Бычэчка даелі i ў дзверы
Пагрукаўся шэры:
— Дзед, го, дзед,
Я табе каляду праспяваю.
— Спявай жа, лясны сусед,
Аддзячу чым маю.
І пяе калядоўшчык рэдкі,
І глядзіць,
Дзе ў дзеда вісіць папружка:
— Ёсць, ёсць у дзедкі
Курка-рабушка,
Сучка-брахушка,
Бабка-сварушка.
Падай, дзед, каляду,
А то з голаду ўпаду!
Хоць дзеду шкада нясушку —
Аддаў ваўку курку-рабушку.
Ненажэра з куркаю знік —
Курка ваўку на адзін глык.
Паласаваўся куркай i ў дзверы
Пагрукаўся шэры:
— Дзед, го, дзед,
Я табе каляду праспяваю.
— Спявай жа, лясны сусед,
Ды чым я аддзячыць маю?
I пяе калядоўшчык рэдкі,
I глядзіць,
Дзе ў дзеда вісіць папружка:
— Ёсць, ёсць у дзедкі
Сучка-брахушка,
Бабка-сварушка.
Падай, дзед, каляду,
А то бабу ўкраду!
Ваўку пад галаву
Не пакладзеш падушку —
Аддаў дзед сучку-брахушку.
Бег з ношкаю воўк нямала,
А сучка-брахушка брахала.
Назаўтра на досвітку шэры
Пагрукаўся ў дзверы.
— Дакуль ты будзеш хадзіць,
Пракляты? —
Спытаўся дзед у ваўка.
— Пакуль святкуюць Каляды,
Бо ў лесе ж ні хлеба, ні малака.
Воўк бабу сцягвае з печы,
Закідвае за плечы.
Воўк бабку ў лес прывалок,
Пасадзіў яе на пеньчучок,
А сам па лесе пайшоў,
Каб у вялікую грамаду
Сабраць ваўкоў
На апошнюю каляду.
А бабка ад страху
Ледзьве жывая
Сядзіць і спявае:
— Вышэй, вышэй, пеньчучок,
Бо схаваўся ваўчучок!
Вышэў пеньчучок, вышэў,
I бабку да нябёсаў узнёс.
Прыбеглі ваўкі,
Ахапіў ix гнеў.
Давай пеньчучок грызці да слёз
А бабка сядзіць.
Пеньчучок трывае.
Грызлі-грызлі,
Папаламалі зубы.
А бабка сядзіць.
Ваўкі паўцякалі ў лес —
Далей ад згу бы.
А бабка ад страху
Ледзьве жывая
— Ніжэй, ніжэй, пеньчучок,
Бо схаваўся ваўчучок.
Ніжэў, ніжэў пеньчучок,
Зрабіўся маленькі.
Бабка скок —
I наўцёк.
Аж збіла каленькі.
Бяжыць, бабка, бяжыць,
А сэрца ад страху,
Як лісцінка, дрыжыць.
Пабегла налева —
Дарогу перагарадзіла дрэва.
Пабегла направа,
А там — праява.
Стаіць хатка ў лазе
На курынай назе.
З сыру печ,
З масла лава.
Адламала яна трошкі печы,
Ды ў торбу на плечы,
Адламала яна трошкі лавы
Ды ў хвартушок паклала.
Нарэшце, бабка
Дадому дапала.
Бачыць:
Ідзе праз комін пара.
Падумала крыху
Ды ўзлезла на страху.
Зірк у комін,
Як у чорную дзірку:
Дзед мяшае зацірку.
Сыру кавалачак адламала
Ды ў кацёл укінула смела.
Дзед памяшаў, памяшаў памалу,
Паспытаў — пасмачнела.
Дзед аж аблізвае лыжку:
— Жонка-варонка,
Укінь яшчэ крышку!
Яна яшчэ масла ўкінула смела.
Дзед паспытаў — яшчэ пасмачнела.
Дзед аж аблізвае лыжку:
— Жонка-варонка,
Укінь яшчэ крышку!
Як ляпнула яна
Кавалак сыру з вала —
Гаршчок раскалоўся да дна,
Зацірка пацякла.
Дзед за чапялу ды вонкі —
Бараніцца ад злой варонкі.
Зірнуў, а гэта — бабка.
Ca страхі яе зняў, абняў,
Радасць старому!
Каб было ёй не зябка —
Завёў да дому.
I новы гаршчок узялі яны,
Другую зацірку зварылі.
Зацірку елі,
А пра бліны
Да раніцы гаварылі.
Бабка яшчэ
Усяго напячэ
I таму дасць блінца,
Хто казку выслухаў
Да канца!

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат