Пра курсы
ГАРАДЫ :


04.04.2015
Апавяданні і паэмы

Інфармацыя ўзята з сайта knihi.com (Беларуская палічка)

 

Дзіўная заява

I

Здарылася гэта ў Пятроўку. Была нядзеля. Сонца пачало пячы з самага рання. Уся вёска пацягнулася ў цэркаў.
Стары Апанас Гарбуз хаця і лічыў сябе набожным, але ў цэркаў хадзіў рэдка. Ён больш маліўся дома дзеля таго, што недалюбліваў папоў. «Гавораць у цэркаўцы адно, а робяць зусім другое», — адказваў ён, калі яго пыталі, чаму не любіць папоў.
Сёння, як заўсёды ў святую нядзельку, пад’еўшы добра бліноў з верашчакаю і вычысціўшы міску беленай заціркі, Гарбуз выйшаў у садок, сеў на лаўцы пад кустом агрэсту і стаў пазіраць на агарод. Ён вельмі дзівіўся, што, нягледзячы на сухую вясну, варыва на градах «шалела».
— Вось толькі агуркі трохі заняпалі, мусіць апошняя спёка пашкодзіла, — прагаварыў ён сам сабе і пагладзіў рукою па жываце, які ўжо зверху стаў награвацца ад сонца.
У гэты час сусед Мікола Шклянка, ідучы з поля, убачыў, што ў яго агародзе рыецца Гарбузова свіння.
Шклянка быў чалавек сярдзіты. Гэта можна было ўгадаць па тым, што ён заўсёды кусаў свае «каціныя» вусы і жаваў канец барады. Ён мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі, пасля прасіць прабачэння і ў канцы зноў пачынаць лаяць.
Убачыўшы чужую свінню, Шклянка ўхапіў здаравенны кол каля загарадкі і стаў ганяцца за ёю. Свіння кінулася на Лыску, якога жонка Шклянкі ўспела выпусціць з хаты, пачуўшы голас гаспадара.
— Лыска, кусі! Каб яе ваўкі задушылі! — крычаў нечалавечым голасам Шклянка.
Свіння, не бачачы ратунку, рынулася ў плот, каб выскачыць у свой агарод, але плот быў моцны, і яна, прасадзіўшы галаву, ніяк не магла выцягнуць другой палавіны сваёй асобы.
Шклянка гэтым часам падбег да яе і так аперазаў калом па спіне, што яна з болю заглушыла піскам усю вёску.
У гэту хвіліну Гарбуз якраз ганяў з лысіны мух. Ён хацеў нешта на іх казаць, але, пачуўшы такі піск, так і астаўся з расчыненым ротам.
— Божухна! — закрычаў, апамятаўшыся, Гарбуз. — Ці не маю Перапалосую хто пачаставаў.
З апошнімі словамі ён пабег на месца крыку.
Свіння так і асталася ляжаць у плоце, а Шклянка стаяў з калом у руках і з пераляку не ведаў, што рабіць.
Пабачыўшы Гарбуза, ён хацеў кінуць кол у крапіву, але Гарбуз закрычаў:
— Стой! Стой, каб цябе пярун забіў! Што гэта ты зрабіў? Апошнюю свінку…
— А навошта пускаеш у чужыя грады? Для тваёй свінні сеяў, ці што? Лысая падла! — адказаў Шклянка і пайшоў на свой двор.
— Дык ты думаеш, гэтым усё і скончыцца? — крычаў услед яму Гарбуз. — Я гэтага не дарую! Яшчэ ёсць воласць, суд!..
Пачуўшы гэты крык, Гарбузіха кінула паліць у печы і выскачыла з чапялою ў руках, забыўшыся, што на гаршках дапякаўся апошні блін.
Яна, даведаўшыся ў чым справа і пабачыўшы, што Шклянка з жонкаю на сваім дварэ, выбегла на вуліцу і пачала крычаць і клясці іх на чым божы свет стаіць:
— Недавярак! Арыштант! Злодзей! Гэта табе не каноплі Васілёвы цягаць з падсвіронка!.. Каб ты да святога Пятра не дажыў! Каб ты гэтак поўзаў жыватом, як мая свінка поўзае!..
— Годзе! годзе ўжо! — сутрымліваў яе Гарбуз. — Пашануй святой нядзелькі.
На гэты крык выскачыла на вуліцу Домна, кума Гарбузіхі. Яна не разбірала, хто і ў чым вінаваты, а зразу навалілася на жонку Шклянкі і пачала яе лаяць.
— Добра, добра ведаю, што ты за штучка! — крычала Домна.
— А ты не сунь носа, куды не трэба! Ты нічога не бачыла! — агрызнулася жонка Шклянкі.
— Што? — мацней закрычала Домна. — Ты яшчэ агрызацца ўздумала? Не бач ты свету, калі я не бачыла, як твой «ваўкалака» (Шклянку за яго сярдзіты від у вёсцы звалі «ваўкалакам»)… як твой «ваўкалака»… — прагаварыла яна яшчэ раз, але далей не ведала, што казаць, бо не ведала, за што сварацца. Сваю гутарку Домна кончыла тым, што павярнулася задам… і пабегла да Гарбузоў, каб распытаць, што такое здарылася.
Хутка Гарбузы пакаціліся на свой двор; толькі людзі, якія збегліся на гэты лямант, гутарылі паміж сабою, хто больш вінен. Як трэ было і чакаць, большасць вінаваціла Шклянку.
Кончыўся ўвесь гэты кірмаш тым, што стары Сцяпан, выкурыўшы тры люлькі чужога тытуню, сказаў:
— Што нам да іх? Няхай самі разбяруць, хто больш вінен, і пагодзяцца, а нам час разысціся. Толькі дай, Сымон, яшчэ на люльку тытуню.
— Закурвайце, мужчыны! — адазваўся Сымон, выняўшы з-за пазухі вялікі капшук з тытунём.
Усе закурылі і разышліся.

II

Прайшло некалькі дзён. У воласці адбываліся суды. Сходавая была перапоўнена сялянамі. Адны з іх былі закліканы павесткамі, а другія прыйшлі проста так, каб пачуць навіны. Хаця яны паміж сабою гутарылі і «ціхенька», але часам падымаўся такі гвалт, што прымушаў высоўваць галаву аднаго з суддзяў з пакоя, дзе разбіраліся справы, і крычаць на ўсё горла:
— Мужчыны, не крычыце! Бо старшыня вон павыганяе!.. І што за народ! — і галава гэта зноў знікала.
Ад дыму ў сходавай нікога не было відаць, калі ўкаціўся ў яе Гарбуз, трымаючы ў руках нейкую паперу.
— А браточкі мае! Вось накурылі, і бацькі роднага не распазнаў бы, — забурчаў пад нос Гарбуз і стаў праціскацца да тых дзвярэй, якія вялі да пана старшыні.
Дзверы гэтыя ён ведаў добра, бо не раз прыходзілася іх адчыняць. Толькі ён даціснуўся да іх, пацягнуў за клямку, як зараз нехта закрычаў:
— Куды не ў чаргу прэшся! Паклічуць, як будзе пара!..
Але Гарбуз на гэта не звярнуў увагі: ён ведаў, што яго не паклічуць, бо заявы аб яго справе там не было, — ён трымаў яе ў руках.
Пастаяўшы трошкі ля дзвярэй, Гарбуз першым увайшоў у канцылярыю, як толькі адтуль выйшла якаясь баба — уся чырвоная, як рак печаны.
Нічога не кажучы, ён падышоў да стала і палажыў сваю паперу пад самы нос старшыні.
— А ты чаго не ў чаргу? — пачаў быў старшыня, але, спазнаўшы Гарбуза, таго самага Гарбуза, з якім пару дзён назад выпіваў у Залмана, ён дабавіў: — Хіба такая пільная справа?
— Вельмі пільная, паночку! Калі ласка, каб зараз і разабраць… Буду вельмі дзякаваць, і як кончыцца суд…
Але старшыня не даў яму дагаварыць, а сказаў, каб выйшаў у сходавую і пачакаў, пакуль будуць разглядаць гэту паперу. Гарбуз выйшаў.
Дзеля таго, што старшыня быў няграматны, то ён адразу гэту паперу падсунуў да пісара і запытаў:
— Аб чым там?
Пісар глянуў на паперу, раскінуў яе і здзіўлена стаў ківаць плячыма. На паперы нічога не было напісана, але нешта было намалёвана.
— Нічога я тут не разбяру! — сказаў пісар, — разбірайце яе самі. Гэты чалавек, мусіць, звар’яцеў: падаў не заяву, а чорт ведае што! І чаго толькі не пачуеш і не пабачыш ад гэтых паганых мужыкоў! Ох, ох, — і стаў пісаць далей, перадаўшы яе старшыні. Старшыня доўга круціў яе ў руках, нават пад святло паглядзеў, але каб зразумець што, дык нічога. Усе суддзі папарадку разглядзелі, і ніхто нічога не мог паняць.
— Я восьмы год суддзёю, але яшчэ такой заявы не бачыў, — загаварыў адзін суддзя, які да таго быў п’яны, што сеў у куточку паміж дзвюх сцен, каб толькі, пахіснуўшыся, не паляцець на падлогу.
Вы не дзівіцеся, што суддзя быў п’яны. Тут усе суддзі былі п’янымі, а таксама і старшыня і пісар. Бо суды цягнуліся ўжо трэці дзень, а пасля кожнай разабранай справы, як бы яна ні канчалася, на чыім бы баку ні была праўда, ім усім прыходзілася ўставаць з крэслаў, ісці ў пакой, які адзначаўся для судоў, калі прыязджаў земскі начальнік, і там выпіваць некалькі бутэлек гарэлкі. Але, нягледзячы на тое, што былі ўсе п’яныя, яны рабілі сваё і судзілі так, як на гэта паказвае «стацця», якая ўжо даўно стаяла ў вышэйсказаным пакоі. Яны думалі, што з такою самаю «стаццёю» прыйшоў і Гарбуз, дзеля чаго «дзела» яго «без паследства» астаўляць няможна было.
— Пазваць яго сюды! — закрычаў старшыня. — За каго ён нас лічыць, каб падаваць заместа заявы чорт ведае што!..
Зараз з’явіўся Гарбуз.
— Ты гэта што? Смяяцца ўздумаў над начальствам? — закрычаў зноў старшыня і націснуў слова «начальствам».
— Барані божа, паночку! — нясмела загаварыў Гарбуз. — Ды што гэта? — запытаў пісар, паказваючы на яго паперу.
— Гэта… гэта заява, каб вы разабралі маю справу з суседам Шклянкам.
— Ці ж тут што-небудзь напісана? — загаварыў пісар мацней, коса паглядаючы на Гарбуза.
— А ці ж вы, паночкі, няграматныя, што пытаеце мяне?
— Дурань! З канцылярыі паганю! — закрычаў старшыня і высмаркаўся ў кулак. — Хто табе напісаў?
— Там не напісана, пане старшыня, а намалёвана, — паправіў пісар, які быў цверазейшы за ўсіх.
— Гэта мне Юрка Арцёмаў напісаў, бо сам я, як ведама, няграматны…
— А ён граматны… Юрка той? — запытаў адзін суддзя…
— Таксама не, але за залатоўку ўзяўся напісаць… Ён казаў, што ў судзе разбяруць, хоць трохі галовы і паломяць.
— Каб ён сабе ногі паламаў, — прамармытаў п’яны суддзя, седзячы ў кутку.
— Бачыце, мае паночкі, — казаў далей Гарбуз, — усё сяло абышоў, нікога граматнага не знайшоў. Андрэй Базылёў умее пісаць, але ён нейкі пляменнік Шклянкі, дык ні за якія грошы не ўзяўся напісаць заявы на свайго дзядзьку… Думаў не судзіцца, але, дзякуй яму, Юрка зрабіў ласку, напісаў…
— Вось каб яго палажыў на лаўку ды дубцамі спісаў, каб дзве нядзелі сядзець не мог. Ведаў бы, як пісаць! — сярдзіта прабасіў суддзя, які ўжо даўно меціў у старшыні і заўсёды стараўся актаваю ніжэй гаварыць за другіх суддзяў.
— Дык ты растлумач, што ўсё гэты малюнак азначае… Людзі… свіння, і ўсё такое… — запытаў зноў старшыня, — што гэта такое?
— Гэта і ёсць тая самая заява, што Юрка пісаў…
— Цьфу! Свінячая морда! — гукнуў старшыня і плюнуў якраз на пісараў камаш, але той як бы ненарокам выцер яго аб крысо світы суддзі, які сядзеў радам з ім. — Растлумач нам, у чым справа? Чуеш?! А то…
— Гэта ўсё аб свінні, што сусед Шклянка забіў, — пачаў гаварыць Гарбуз, а пра сябе думаў, што і тут усе няграматныя…
— Ну, дык як далей? Кажы, кажы!..
— Вось я і кажу, — тлумачыў ім Гарбуз, — тут аб усім напісана. Вось гэты чалавек, што з калом у руках, гэта мой сусед Мікола, а шклянка намалёвана — гэта яго прозвішча. А гэта плот… і вось тая самая дзірка, кудэю свіння лезла. Вось гэта самая свіння, што тут намалёвана, і ёсць мая Перапалосая, якую сусед і забіў у гэтай дзірцы, што вы бачыце, і вось гэтым калом, што ў руках трымае… А ўнізе, бачыце, намалёваны чалавек — гэта я сам — Апанас, а каля мяне гарбуз намазаны — гэта маё прозвішча Гарбуз…
— Значыцца, і тут непісьменныя, — падумаў услых Гарбуз і цяжка ўздыхнуў.
Усе ўвесь час сядзелі з расчыненымі губамі, а як Гарбуз кончыў тлумачыць, разам сказалі:
— Разумеем. Вось яно што!!
— Як жа будзе? Апошнюю свінку…
— Добра, добра! — пачаў старшыня. — Мы пасля разбярэм гэту справу і адповедзь дамо… Павестку пашлем…
— Але дзіўная твая заява! — у адзін голас загаварылі. — Відаць, што няграматны пісаў, — дабавіў пісар і сунуў гэту паперу пад сукно…
«Або няграматныя чыталі», — падумаў Гарбуз і, пакланіўшыся да пояса, выйшаў з канцылярыі.
Ідучы дамоў, ён увесь час думаў: «Хто граматнейшы: Юрка, што гэту заяву пісаў, ці суддзі, што не маглі яе прачытаць».
Ужо пачынала змяркацца, калі Гарбуз узышоў на двор. Першая яго спаткала жонка, якой ён і стаў расказваць, як было ў судзе.

1921

Сон Габруся

Сонца ўжо даўно схавалася за бор, і ноч, нібы чорная коўдра, пакрывала ўсход.
Пастухі папрыганялі з палёў.
Касцы і жнеі вярталіся дахаты, і адгалос іх песень ліўся далёка-далёка па лесе…
Прайшло з паўгадзіны, і зусім сцямнела. Вёска патрошку стала засыпаць… Толькі па дварэ сельскага савета чулася моцная гутарка…
— Браточкі, — гукаў Нічыпар, — гэта ж людзі ноч расхапаюць, а мы ўсё спрачаемся…
Але яго словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ.
— Ну, ціха! Дайце мне сказаць колькі слоў, — абазваўся стары Тамаш і стаў пасоўвацца на сярэдзіну грамады, якая чуць тоўпілася на досыць такі шырокім двары. — Я ўжо раней казаў і цяпер кажу, што не трэба зварочваць увагі на двух ці трох чалавек, якія не хочуць дапамагчы ў гэткім няшчасці…
Ці ж не сорам вось табе, Габрусь: ты, можа, яшчэ маеш леташні хлеб, але скажу папраўдзе, яшчэ два-тры, а то і болей пудзікаў захована пад саломай, і сёлета, дзякуй богу, ураджаі добрыя, і вось ты, шляхецкая твая натура, каб табе загінуць, не хочаш даць колькі фунтаў тым няшчасным галодным людзям, якія цяпер зямліцу ды кару з дрэва ядуць?! Ці ж не грэх і не сорам гэта, мужчыны?
— Мне дай слова, старшыня! — закрычаў Кузьма, чуць не самы бедны селянін вёскі. — Я сам галадаю, мне самому прыходзіцца ісці ў людзей прасіць кавалак хлеба, а я бажуся перад усімі, што, як толькі сажну свой загон, першы прывязу сваю частку, каб паслаць туды, дзе ўсё спёка папаліла і дзе тысячы людзей паміраюць ад голаду… Мне здаецца, што ўжо даволі нагукаліся, я раджу гэтак запісаць і ў пратакол, што сход пастанаўляе: як толькі збяром з палёў хлеб, памалоцім, чым хутчэй выпаўнім харчовы налог і тады абяцаем, хто колькі можа, прынясём збожжа, бульбы і іншых харчоў вось сюды, да старшыні на двор, для адпраўкі ўсяго туды, у галодныя губерні, адкуль даносіцца плач галодных дзетак і льюцца аж сюды рэчкаю слёзы іх бацькоў… Згодны, мужчыны?..
— Згодны! — закрычалі ўсе ў адзін голас.
— Мы апошняе пашлём тым гаротнікам, каб выратаваць ад бяды, — казаў барадаты Ахрэм, — бо ўсе жывём пад богам і не ведаем, што нас чакае, — мо на другое лета самі апынімся ў гэткім становішчы?..
— А хто не згаджаецца з гэткаю пастановаю? — запытаў старшыня.
— Я!.. — адгукнуўся адзін толькі Габрусь.
— Ну і бог табе суддзя… Ты зусім не нашай вёскі селянін, ты нейкі вырадак нашай прыгожай працоўнай сям’і…
Пачалі гаварыць мужчыны і, закурыўшы люлькі і папяросы, разышліся па хатах…
Габрусь таксама, нібы той воўк, моўчкі пасунуўся дамоў. Яму нават зрабілася і сорамна, што ён адзін не згадзіўся даць сваёй долі на дапамогу галадаючым людзям…
Ноч зусім ужо ахінула сваімі чорнымі крыллямі вёску, і Габрусь быў вельмі рад, што яго ніхто не прымячае…
Гэтак, з нейкаю пакутаю ў сэрцы, ён дацягнуўся дахаты і сеў за вячэру…
— Ну, што? На чым жа скончылася? — запытала яго жонка Адэля.
— На тым скончылася, — адказаў Габрусь, — што ўсе згадзіліся даць сваю частку дабра, каб паслаць туды, у галодны край, а я не згадзіўся…
— І добра зрабіў! — залепятала яна. — Яшчэ што? Харчовы падатак бяруць, усё трэба купіць за збажынку і яшчэ ахвяру нейкую рабі… Разумна зрабіў, што адмовіўся. Еш, Габруська, зацірачку, — сказала яна да мужа і лепятала далей: — Гэта ж сорам і так, што мы да гэтага дажылі, каб ты, Габрусь, што быў самым багатым шляхціцам на ўсю аколіцу, і сёлета чуць-чуць сваім старым хлебам пракідаўся да новага ўраджаю… А памятаеш, як даўней у нас было, як яшчэ хлопцаў ды дзяўчат наймалі? Заўсёды паўзасека жыта заставалася на другі год… А колькі мы прадавалі?.. Эх! Эх! — І, цяжка ўздыхнуўшы, яна пачала ўкладвацца спаць.
Габрусь таксама, выментаўшы дзве місы заціркі, улёгся спаць, але думка аб тым, ці добра ён зрабіў, што адмовіўся даць хлеба галодным, не пакідала яго, і ён доўгі час не мог заснуць…
Урэшце сон летняй кароткай ночы яго змарыў, і ён пачаў храпці, ды гэтак моцна, нібы хто яго душыў і не даваў спакойна дыхаць…
І вось сніцца Габрусю страшны, страшны сон… Нібы ён блукае па нейкаму выпаленаму сонцам полю і шукае сваёй палосы… Пасля знаходзіць — і што ж?! Там, дзе ўвосень зелянела густая шаўковая рунь, дзе вясною сэрца яго было поўна радасці, гледзячы на сваю шырокую і доўгую палоску, якая хвалявалася, як мора, і шаптала яму аб вялікім ураджаі, цяпер ён там не можа знайсці ніводнага каласка, ніводнай зялёнай травінкі… Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду… Габрусь падае на калені на гэтай выпаленай палосе, на якую праз усю вясну і лета капелька дажджу не ўпала, і горкімі слязьмі мочыць пагарэлыя саломкі каласоў, лісты пажоўклай травіны….
Ідзе ён далей і бачыць, што аўсы і ячмені таксама зваліліся на зямлю, а націнне бульбы завяла, пахілілася ў барозны, якія глыбокімі шрамамі выглядаюць на гладкім паленым полі… Габрусь ад слёз і ад жалю бяжыць, сам не ведаючы куды. Ён забягае ў гай і бачыць, як без пары пажоўклі лісточкі на дрэвах, і чуе, як жаласна цыркаюць і пішчаць птушачкі, шукаючы лужынкі вады, каб прагнаць смагу… Але, бедныя, не знаходзяць і на вачах Габруся кідаюцца і паміраюць ад страшэннай спёкі…
Вось раптам чуе ён нейкае страшнае жалобнае рыканне… Ён выходзіць на балота і бачыць, як худыя, зусім змучаныя кароўкі грызуць сухі, выпалены сонцам мох і кусты багуну… Яны рыкаюць нейкім скрабучым за сэрца голасам, равуць, шукаючы сырую травінку, шукаючы выгар, дзе можна было б глынуць хоць адну капельку гразкай вады… І, не знаходзячы, тут жа са страшным рыканнем туляцца да дрэва і, грызучы бяросту, ліжучы яе языком, застаюцца ляжаць назаўсёды…
Габруся пачынае разбіраць нейкі страх… Ён не можа знайсці сабе месца… Але раптам якаясь невядомая сіла пераносіць яго ў сваю хату… Ён пераступіў парог і зжахнуўся…
Бачыць на ложку хворую і высахшую, белую як палатно жонку… Яна працягвае да яго свае худыя кастлявыя рукі і канаючым голасам шэпча: «Ратуй, Габруська!.. Расінка праз два тыдні не было ў роце… хлеба кавалачка два тыдні не бачыла… з голаду і смагі паміраю… Ратуй мяне… Ратуй сваіх дарагіх маленькіх дзетак…»
Габрусь ад перапалоху адхіляе сваю галаву на кут… І вось… бачыць, у куточку сядзяць яго трое маленькіх дзетак… Яны апухлі і азызлі з голаду, зусім не падобны да тых вяртлявых скакуноў, якімі ён бачыў іх раней…
Усе трое, прытуліўшыся адно да другога, яны ціхенька плачуць. Яны грызуць нейкі гнілы кавалачак дрэва… і слязьмі праганяюць яго, каб не засядала ў горле… Убачыўшы свайго татку, яны, як маладыя ластавачкі, разявілі свае роцікі, працягнулі ўсе да яго ручкі, худыя і пасохшыя, як каласкі ў полі, і пачалі плакаць і прасіць:
«Татачка дарагі… есці… есці хочам… дай кавалачак хлеба… ратуй нас… ратуй маму… яна таксама памірае… ідзі папрасі ў людзей хоць крошачку хлеба, а як у нас будзе — мы больш ім дадзім. Татачка, хочацца есці… ратуй нас… ратуй…»
І шэсць худых ручак працягвалася да Габруся, а ён упаў на стол, закрыўся рукамі і пачаў сам плакаць, не ведаючы сам, што рабіць, куды ісці, хто паможа яму ратаваць жонку, дзетак і жывёлу…
Вось раптам на печы замяўкаў сумную песню галодны кот, а ў сенцах, нібы перад вялікім няшчасцем, завыў сабака. У Габруся сэрца пачало разрывацца ад жалю… Ён хацеў накласці на сябе рукі, але шкадаваў кідаць жонку і дзетак, хацеў бегчы, але не ведаў, куды і чаго?..
У хаце не было ні пылінкі, ні крупінкі.
І вось чуе Габрусь, што ўжо доўгая рука галоднай смерці сваімі чорнымі пальцамі адчыняе дзверы… Ён бачыць, як яна паволі бярэ за шыю яго жонку… як ласкава гладзіць па галоўцы яго дзетак і блізіцца да яго… Габрусь мацней пачынае плакаць, захіляецца шчыльней вопраткаю… Але чуе, што ўжо халодныя пальцы рукі смерці бяруць яго за шыю і пачынаюць ціснуць… Ён пачынае вырывацца і з усіх сіл крычыць: «Прэч, паганая! я не дамся!..» І раптам прачынаецца…
— Айца і сына і святога духа!.. — жагнаецца Габрусь і спужана пазірае на ложкі і на печ, дзе і што ён? Ці жыва жонка і дзеткі…
— А… Ды гэта ж сон!.. Божа ласкавы!.. Няўжо кара мне твая за тое, што я адмовіўся даць хлеба галодным людцам, якія не ў сне, а сапраўды паміраюць з голаду?!
З гэтымі словамі Габрусь саскочыў з ложка, хутка апрануўся і пачаў будзіць жонку.
— Ты жывеш, Адэлька?.. Ах, каб ты толькі ведала, які я сёння бачыў сон!.. Гэта ўсё грэх мучыць мяне за маю бязлітасць і бяздушнасць…
— Што ты плявузгаеш? — адазвалася Адэля, высунуўшы галаву з-пад коўдры. — Што гэта? Яшчэ чуць золак, а ты ўжо ўскруціўся? Звар’яцеў, стары, ці што?
— Эх, баба, баба! Каб ты толькі ведала, колькі я набраўся страху!.. Але гэта нічога… Дзякую табе, божа, што ўсё гэта ў сне бачыў я, а не сапраўды. Гэтак жа можа быць і ў жыцці сапраўды!.. Гэтак жа, мусіць, цяпер жывуць і паміраюць там, адкуль даносяцца аж сюды енк і плач гаротнага народу. Праўду стары Ахрэм казаў, што ўсе мы пад богам і з усімі гэтак можа стацца. А я больш не буду такім, якім быў дагэтуль…
Я першым унясу ахвяру на дапамогу і аддам усё, толькі пакіну столькі, колькі патрэбна для пражыцця сямейкі… А можа, мой фунцік хлеба выратуе там паміраючага… Я пабягу, Адэлька, скажу старшыні, што першым унясу, колькі змагу…
— Ды што ты, Габрусь, звар’яцеў?
— О, не!.. Гэтак няможна, кабеціна, жыць, як мы жылі… Я хутка вярнуся…
Адэля ад здзіўлення разявіла рот і не ведала, што казаць, калі Габрусь зачыняў за сабою дзверы.
Яшчэ не пачынала ўсходзіць сонейка, як Габрусь бягом прабег вуліцу і пачаў моцна стукацца ў дзверы да старшыні вёскі.

1921 г.

Босыя на вогнішчы

1

Вайна і пажар…
На вогнішчы людзі
Жывуць босымі.
— Няўжо ж гэтак і будзе?
Свой уласны дар
У чужых просім мы?
Працуй — на пана,
Працуй — на падпанка.
Жыць стала пагана.
А тут яшчэ з самага ранку
Усякі чорт лезе ў балота.
Ну і ёсць жа людзям ахвота?
Крыжам бы іх — каля плота,
Ды — трах!
Які тут страх?!
А ты маўчыш,
Цягнучы сам цяжкі крыж.
Крыжамі ўставілі поле,
Пад крыжамі — магілы.
Шлях класці да Волі
У людзей няма сілы.
— Эх, жыві як папала…
А для жыцця мала
Аднаго толькі хлеба.
Пагуляць бы, душу адвясці!..
Эх!.. пусці!!!
На ўсходзе зардзелася неба:
Нібы золата, падаюць косы…
На зямлі… агнявыя палосы, —
Дзень новы, новыя ночы,
Век новы: агню, дыму, попелу…
Будзе шмат каму горача,
Нам толькі цёпла,
Дармо што мы босыя!

2

— Пажар на Усходзе!
Таварышы, ур-р-ра!
— Што вы, шалёныя, годзе!
Што вам не шкода дабра?
Усё, што збіралі вякамі,
Сёння марнее ў агні…
— Маўчы! Мы цябе кулакамі,
Чуеш?! Ні-ні!
Цэрквы, палацы, харомы —
Памяць мінулага — з дымам!
Што не запалім мы — зломім!
Знізу наверх ўсё падымем!
Страшна вам? страшна?
Пажару агонь ломіць вочы?
Затое нам відна уночы…
Не ліце крыві — не пагасне.
Маліцеся, грэшныя, небу,
Рукі ўгору узняўшы,
Вас не паслухаюць хмары.
Таварышы!
Што нам трэба?
— Пажа-ары!

3

І пылае мур струхнелы,
Іскры скачуць па страсе.
Раптам вецер, вецер смелы,
Крыж чырвоны нам нясе.

— Адным крыжам будзе болей, —
Шэпча змучаны народ…
На крыжы чытаюць «Воля».
— Братцы! Гляньце на Усход!

То ж агонь, агонь збавення
Нам нясе Чырвоны Крыж.
— Братцы, песню вызвалення!
Люд гаротны, што маўчыш?

Паняслася песня волі
Між лясоў густых, балот…
І аб лепшай вольнай долі
Стаў ля рэчкі пець чарот.

4

Крыжы… курганы на балоце…
Заросшыя дзёрнам магілы —
Ўсё ў вогненнай зноў пазалоце:
Бушуюць дзве страшныя сілы —

Змагаюцца праца з багаццем:
Свет новы жыццё утварае.
Зышліся дзве моцныя раці,
І праўда няпраўду змагае.

Глядзяць, пацяшаюцца людзі,
Зюзюкаюць бабы паціху:
— Цяпер мо і нам добра будзе?
Забудзем бяду ўсю і ліха!

Баіцца наш пан-непаседа,
Нябось яго кончыцца песня!
— Не будзем больш мець дармаеда,
Да працы сам пойдзе, аж трэсне!

5

— Стойце, хлопцы! будзь на месцы!
Не кідайце на бяду…
— А казаў паганы ў Брэсце,
Што вайною не пайду…

А цяпер — глядзі!.. Ну, дзіва?!
Пачакайце… як жа нас?
— К вам мы прыйдзем, прыйдзем жыва,
А цяпер мы: раз! — два!! — раз!!!

Пры запаленых будынках
Чуем плач мы беднаты…
— Дзе ж цяпер шукаць прыпынку?
Ці даваць мо ла-та-ты?

Пан з падпанкамі рагоча,
Гладзіць тоўсты свой жывот
І пад нос сабе бармоча:
— Йдзе Хвядот, але не тот!..

6

Над палямі Белай Русі
Стогне віхар-бура…
— Зноў прыйшлі дзянькі прымусу, —
Шэпча люд пануры.

Арол чорны ўецца ў высі,
Крыллямі махае.
Над пахілымі крыжамі
Песню напявае;

Чуе пах сваёй ахвяры,
Когці распраўляе,
Ўніз спусціцца — там пажары,
Дымам павявае.

І змагацца стаў угоры
З бураю мяцежнай…
Рэжа крыллямі узоры
Ў небе чорна-снежным.

7

А на зямлі — даждаліся раю:
Старыя лады і манеры,
Ў пагонах ідуць афіцэры…
— Упакой раба Мікалая…
— Аляксея на многія лета…
Босыя кажуць:
— Што гэта?
З кукардай, акуляры на нос,
Чыноўнік па скверы гуляе…
У кішэні няма папярос, —
Мусіць, шмат зарабляе?
На Захараўскай вуліцы
Дзень як уздзене чорны халат,
Толькі песня чуваць блудніцы:
— Палюбі ты хоць трошкі, камрад!
А босыя ходзяць па попелу,
На Ўсход пазіраюць з надзеяй:
— Покуль што нам яшчэ цёпла,
Але мы вам ўспомнім,
Зладзеі!..

8

Бура страшная вырвала пер’я
Арлу чорнаму ў высі…
— Зямля! ах, зямля, цяпер я
Ўніз паляту — сцеражыся!..
І рэха адклікнулася: «Ах!..»
Буржуі крычаць: «Які страх!
Вось цяпер нам будзе скок…»
Дружна, роўна, крок у крок:
Ідуць чырвоныя палкі,
І чуваць напеў стары:
— Эх, сякі-такі,
Чорт вас пабяры!..
Босыя спаткалі іх:
Гоман, жарты, крык…
— Туды бег, назад прыехаў,
Бач ты, бальшавік!

9

Босым дарогу!
Поп, памаліўшыся богу,
З цэрквы ідзе па завулку:
— «О времена ныне…»
А ў разбітай вітрыне
Спекулянт шукае булку.
Чыноўнік казённай палаты
Скінуў парадны сурдут…
Бурчыць пад нос: «Праклятыя!
Зноў яны тут!»
Паны за граніцу
Давай бог ногі…
Гром… навальніца…
Б-о-с-ы-м д-а-р-о-г-у!..
Паўцякалі? Ну, так што ж!
На вогнішчы, басанож,
Пагуляем… Эх, глядзі!
Бедната ўся, выхадзі!
Ўчора там — а сёння тут…
Буржуазіі капут!
Зноў гуляем на балоце!
Ў войска, братцы, — па ахвоце…
Ухапіўшы сваю частку,
Расчынілі людзі пастку:
— Вой, вой, вой!
Будзе бой!..

10

Чырвоным завешаны вуліцы,
Вокны, балконы і плот,
Белы дом толькі журыцца:
Не йдуць туды на сход…
Чытаюць адны пацеры, —
У бога пытаюць, як быць?..
А босыя на сабранні
Пасылаюць к… мацеры…
Пану даволі служыць —
Вось наша заданне!
— А як жа?
Кім будзем звацца?
Як жа будзе вось гэта ды тое?
— Давайце ўсе разам змагацца,
Пакуль не знішчым старое!..
Замоўклі яны — ні слова.
Чакаюць другога адказу…
Толькі шэпчуць, стуліўшы галовы:
— Паслаў бог бальшавіцкую заразу.
Зноў мы безгалосыя,
І цярпі, як сабака шалёны:
Ўласць усю забралі босыя,
А іх тут — мільёны!

11

Не ціхне бура. Стогне лес…
На ўсе лады віхура свішча!..
Лясун стары к русалкам злез
Спраўляць над возерам ігрышча.

Чырвоны колер ціхіх хваль…
У іх відаць адбітак неба,
І з тых краёў, дзе смерць і баль,
Руччы крывавыя шле глеба.

Русалкі скачуць з лесуном.
Музыка грае — «бух ды бразь!».
І вось, хто спаў адвечным сном, —
Усплыў над возерам — «сам князь!».

Не далі спаць. Вайна, агонь
Руйнуе ўсю яго краіну.
Пад ім стаяць не хоча конь.
І кліча князь сваю дружыну…

Русалак рогат… Ночы ціш…
Пужаюць князя над вадою…
Адказ чуваць: «Чаго крычыш?
Твая дружына там, з табою».

— А дзе паслухны мой народ?
Ён за мяне у бойцы ляжа!..
І чуе шум крывавых вод:
— Цяпер ён сам сабою княжыць!

І злосна князь рвануў каня,
Падняў уверх пярэдні ногі, —
На ўсход зірнуў, дзе золак дня,
Дзе кроўю змочаны дарогі…

Вось чуе раптам — «бух ды бразь!»
У саму поўнач ціхай ночы…
І зноў паплыў на дно наш князь,
Закрыўшы шлемам твар і вочы.

Блакітна-белы князя цень
Заслаў ўсё возера туманам,
І ходзяць хвалі ноч і дзень,
Шумяць і вечарам і рана.

Лясун, русалкі там рагочуць,
К сабе ўсіх маняць, кажуць: «Глянь!»
Ў вадзе чырвонай шмат хто хоча
Уночы бачыць князя здань.

12

На вогнішчы стала пячы.
На вуліцы вецер… бура…
— Трэба ўцячы,
Каб была цэлая скура.
— А мы, босыя, адступаем…
Не дадзім ахвотаю
Новай зямлі!
Таварышы, страляем!
Ротаю!..
Плі!..
Разлягаецца грук.
Чорны жук
І павук
Сядзяць у падвале, слухаюць,
Баяцца выткнуць жывот,
Дзеці сабачыя!
Босыя патыліцы чухаюць,
Пазіраюць праз плот,
У кулак плачуць:
— Бач, нашы паўцякалі,
Куды дзявацца нам?
Зноў служыць панам
Мы прычакалі?..
Людзей мала на вуліцы.
Ноч прыйшла, горад — пустка,
Толькі новы крык чуецца:
«Пшэ-пу-устка!!!»

13

Застагналі вёскі і сёлы…
Брычка стаіць ля святлічкі.
А народ схаваўся ў касцёлы:
Моліцца, чытае кантычкі…
«Бэндзь, люд спанялы…»
На шапку «ожал бялы», —
Блішчаць гузікі, —
Чыноўнік зноў на скверы
Лушчыць гарбузікі,
Думае, якой ён веры?
— Ах, халеры!
Каб дастаць работу,
Пытаюць, хто ты?
А босым — холадна…
Абутым — голадна…
Жыць не ахвота.

14

Над балотамі дыміцца —
Згас агонь.
А па вогнішчы імчыцца
Белы конь.
Скача ўлева, скача ўправа —
Не стрымаць.
Захацеў улан на славу
Пагуляць.
Расступіся, свет, дарога —
Аднаму!
«За айчызну і за бога».
Што яму?!
Яго сіла, яго права,
Ёсць бізун…
Скача ўлева, скача ўправа
Конь-скакун.
Гэй, ляці, але дзяржыся,
Злы яздок,
Без пары не праваліся
У масток.
На вадзе ляжыць мост новы,
На агні.
Не праедзеш ты дубровы —
Пагані?!
Усхадзіўся лес шумлівы, —
Вые воўк.
Конь спаткнуўся палахлівы.
Стой, яздок!
На балоце і на полі
Зноў агні.
Не гуляць табе тут болей —
Павярні!

15

Вёскі і гарады
Дымам спавіты
Днём.
Ўночы глянеш куды —
Неба абліта
Агнём.
Слёзы… кроў на траве…
Як у магіле
Спіш.
— Бач, чырвоны плыве
Па небасхілу
Крыж.
Цёпла, і груганы
Ўсе на чужыне…
Эх!
Чуеш гоман? Яны!
Леташні гіне
Снег.
Нам не шкода: бяры
Стужы зімовай
Цень.
Крыж! Ты стань на гары:
Радзі нам новы
Дзень!

16

На вогнішчы басанож,
У руках вінтоўка, нож…

Здабываць галодным славу:
«Даёш Варшаву?!»

— Нам не трэба гарады:
Волі сцяг нясём туды,

Іскры гонім мы пажару.
Смялей ударым!

«Нам дарогу — уцякай!»
Чуваць крыкі: а-я-яй!..

Бач, улан астатні едзе:
«Ах, цо то бэндзе?..»

А чырвоныя ідуць,
Песні волі зноў пяюць,

Адусюль бягуць к ім людзі:
— Нам цёпла будзе!

17

Замоўклі песні грознай сілы…
Адкуль прыйшлі? хто яны?
Што рвуць няволі кайданы
І сыплюць свежыя магілы?..

Яны — байцы вялікай раці.
Іх хата там, дзе ёсць прастор.
Няволя, крыўда — вось іх маці!
Ідуць яны да сонца й зор.

За імі йдзе, хто голы, босы,
Ў пакуце жыў хто цэлы век…
Дарогу чорны снег заносіць —
Загінуць можа чалавек.

— Загінуць? Што ж! На той магіле,
Якая зможа прыгарнуць,
Вясною ранняй урадлівай
Прыгожа кветкі зацвітуць.

Прывабіць колер іх чырвоны
Схіліць калені над пяском
Таго, хто шле цяпер праклёны
І вострыць меч на нас тайком.

— Браты, за намі! Кінь маленне,
Хто праўдай жыць не даў зарок…
Смялей!.. Нас будуць біць каменнем.
Мы — нашых вольных дней Прарок.

18

Босыя ходзяць па вуліцы.
Тыдзень не елі стравы…
— Жыць будзем — нічога!
Буржуй за вугал туліцца,
Шэпча: «Дрэнныя іх справы…
Дзякуй богу!»
Хмары, дзе заход,
Падняліся…
— Што? зноў непагода?
— Вецер! — крычыць народ.
— Вецер, уздыміся!..
Вецер адказвае: «Згода!»
Хто слабы — дзяржыся.
…Хто рэжа,
Таму не балюча.
Балюча — каго рэжуць.
— Цяжка жыць ваюючы.
Зрабілі межы…
А вецер свішча, гудзе…
Сціхнуць не хоча.
— Гэй, хто там ідзе?
Сцягам белым махае?
Рагоча?!
Вецер, плюнь яму ў вочы!
— Пачакаю!..

19

Мы — дзеці краіны,
Дзе бура бушуе…
Мы на прадвечных руінах
Працы палац пабудуем,
Не любяць нас — босых,
Хто век быў абуты…
На нас узіраецца скоса,
Хто, як і мы, быў закуты…
І вы, хто гімны пеў гаротным,
Хто ў цемру слаў жыцця праменні, —
Ў руках трымаеце каменні
І нас пабілі бы ахвотна.
А можа, Чырвань Сонца Волі
Вам асляпіла раптам вочы…
А помніце, як вы кляліся
Братам, сялянам і рабочым,
Што вы не здрадзіце — ніколі?!
Пявун не прапяяў тры краты,
Вы — адракліся…
С у п а с т а т ы!!!
Без вас раць наша узрастае,
Рады шчыльнеюць, крэпне дух!
Вы чуйце! Песня не сціхае:
«Паўстань, хто з голаду век пух!..»

20

Бягуць яны… Іх рукі, ногі
Ў крыві… пякуцца на агні…
Куды бягуць яны дарогай,
Дзе страшна ехаць на кані?
Яны баяцца спатыкнуцца, —
Не ўсякі будзе верны конь…
Хутчэй каня яны нясуцца
З агню ў агонь і праз агонь…
Пакуты крыж чырвоным крыжам
Яны наважылі змагчы…
Што шаг — пабеда бліжай, бліжай,
Іграйце песню, трубачы!
Тру-ру-ру, тра-та-та!
Гэй, за намі, бедната!
На дарозе макрата…
Тру-ру-ру, тра-та-та!
Тухне вогнішча ў крыві, —
Песню іграйце: «дзін-дзі-ві!»
Каго зловіш — разарві,
Хто не наш — таго даві…
Босы хто — за намі ўслед,
Хто убогі, хто раздзет…
Гэй, за намі — ў новы свет!..
Цёпла там, і там прастор,
Небасхіл там повен зор…
Сонца тчэ жыцця узор!..
Там спачынеш, бедната…
Тру-ру-ру, тра-та-та!
Бягуць яны… Іх ловяць вочы
Золатасонечны прамень,
Які і родзіць з цемры ночы
Вялікай будучыні дзень…
Што шаг — пабеда бліжай, бліжай…
Штандар чырвоны на плячы…
Чым крыж цягнуць — лепш спаць пад
крыжам…
Іграйце песню, трубачы!!!

1921

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат