Пра курсы
ГАРАДЫ :


11.04.2015
Апавяданні частка 1

Інфармацыя ўзята з сайта knihi.com (Беларуская палічка)

 

 

 

Адна ноч

«Юнкерсы» з’явіліся раптоўна.

Іх крыжастыя імклівыя цені нечакана выслізнулі з-за стромкіх, разбітых мінамі чарапічных дахаў і абрынулі на горад імпэтны грымотны рэў. Запаволіўшы бег, Валока ўстрывожана глянуў у задымленае пажарамі неба і, заўважыўшы, што ад бліжэйшага самалёта ўжо адваліліся першыя бомбы, скочыў пад чыгунную агароджу, збоч вуліцы. Некалькі доўгіх секунд гэты немалады ўжо, крутаплечы і рукаты баец у шапцы і цеснай старой гімнасцёрцы, сціснуўшыся нутром, чакаў. Бомбы рванулі ў скверыку за агароджай, зямля сударгава скаланулася, тугая гарачая хваля ўдарыла Валоку ў спіну, балюча аддалася ў вушах, нешта коратка і звонка бразнула побач, і затым вуліца, шэрыя дамы і сквер патанулі ў віхуры шызага пылу.

«Паўтонная, не меней», — падумаў Валока, выплёўваючы з рота пясок. Наўкола лапацела — ляскала аб дол каменне, цэгла, кавалкі асфальту; у паветры пыльнымі струменямі церушыла зямля; паволі асядаючы, доўга матляліся дробныя лісткі акацый, шматкі паперы, нейкае паленае рыззё. Недзе ўгары сярод дыму і рэву матораў прагрукацеў кулямёт — ад пашкрэбанага з балконамі дома насупраць сыпнула жарствой, і вялікая, з бабовы струк, жоўтая куля, цокнуўшы па камянях, шалёна закруцілася на тратуары. На чарговым заходзе зноў раўлі пікіроўшчыкі.

Трэба было бегчы далей.

У скверы між тоненькіх дрэўцаў ужо замільгалі прыгнутыя спіны, нехта выскачыў з-за агароджы і адразу кінуўся на другі бок вуліцы. Па цёмнаму лапіку на спіне Валока пазнаў сяржанта, аддзялённага з іхняга ўзвода. Узрадаваўшыся, што наперадзе чалавек, баец ускочыў і, прыгнуўшыся, падаўся следам.

Сяржант у некалькі скачкоў перабег вуліцу і пад новы скогат бомбаў шаснуў убок, у падваротню. Валока ж трошкі адстаў, ззаду рванула, і калі, задыханы, ён уляцеў пад скляпенне, дык ад збянтэжанасці аж спаткнуўся: з двара на яго выскачылі два немцы. Валока ажно прысеў, але і немцы тут, відаць, не чакалі яго, пярэдні нешта гергетаў задняму, на імгненне ў яго расшыраных вачах бліснуў спалох і здзіўленне. У той жа момант Валока, не цэлячыся, ціскануў на спуск — аўтамат тузануўся, немец выпусціў з рук карабін і ляпнуўся тварам на брук. Яго новенькая блішчастая каска, забразгаўшы, крыва пакацілася на тратуар.

Куды знік задні, Валока не згледзеў.

Будынкі зноў скалануліся, захісталіся ад блізкіх выбухаў, недзе з грымотным грукатам рухнула сцяна, ззаду ў пад’езд шуганулі клубы рудога цаглянага пылу. Валока ўгнуўся, скокнуў цераз адкінутую немцаву руку, на якой яшчэ торгаліся кашчавыя, з пярсцёнкам, пальцы, і кінуўся ў нейкія расчыненыя дзверы. У дзвярах паката хілілася столь, і некуды ад парога ўніз беглі прыступкі; спяшаючыся, Валока не патрапіў на іх, аўтамат загрукацеў па прыступках, наверсе яшчэ раз ірванула, і, баец, трываючы боль у назе, паляцеў у цемру.

Тут было ціха і цёмна. Засень і халодны бетон падлогі прыемна студзілі яго разгарачанае, потнае цела. Валока сцішыўся, услухаўся, ступіў раз, другі, мацаючы ў доле ўпушчаную зброю, шырэй загроб ля сябе рукамі і знячэўку жахнуўся: пальцы шкрэбнулі па нечых пыльных і яшчэ цёплых ад надворнае гарачыні ботах. Баец унутрана скалануўся, а боты тузануліся з-пад яго рук, і ў той жа момант нешта тупое і цяжкае гахнула яго ў спіну. Валока войкнуў, ухапіў ротам паветра і з усяе сілы рвануў у цемру тыя ногі. Свядомасць разанула здагадка — немец!

Вораг не ўтрымаўся, хіснуўся, але яго рукі паспелі ўхапіць Валоку за галаву і сашчапіліся на шыі. Баец напружыўся, ірвануўся, ды марна. Вораг, сагнуўшы яго, гнуў голаў уніз і, шкрэбаючы па падлозе падкутымі ботамі, намагаўся апынуцца наверсе. Валока, крыху супакоіўшыся, ухапіўся за вопратку немца, напяўся і са злосцю падумаў, што лёгка яму не паддасца. Сам намацаўшы падэшвамі апору, ён усім целам рынуў на ворага.

— Ы-ых!

Валока, задыхаючыся ад болю ў шыі, адчуў, як грукнулі аб бетон варожыя косці. Ён цяпер апынуўся наверсе і кідаў туды-сюды свае ногі — шукаў апору. Рукамі ж ён учапіўся ў варожыя рукі, што сціскалі яго шыю, і пачаў выдзіраць з іх галаву.

Праз хвіліну ці меней, натужваючыся, як толькі можна было, і ледзьве адольваючы варожую сілу, ён вызваліў галаву, дужа падаўся наперад плячом і з натугай распластаў немца ў доле. Няпэўна яшчэ, але Валока адчуў, што сам дужэйшы за яго, цяжэйшы; толькі, відаць, той быў больш спрытны, бо не паспеў баец саўладаць з пругкасцю яго ўчэпістых рук, як тыя зноў ухапілі яго за горла.

Немец гэта зрабіў нечакана і хвацка. Валока толькі крэкнуў ад неспадзеўкі і болю, на момант абвяў і разгубіўся, а немец крутнуўся пад ім, брыкнуў у бок нагамі і рвануўся наверх.

— А-а-а! Сволач! Ы-ых! — хрыпеў Валока.

Ён не ведаў ужо, як супраціўляцца, і інстынктыўна ўчапіўся ў тыя рукі, што сціскалі яго шыю. Ён ірваў іх ад сябе, стараючыся разняць мёртвую хватку і не даць кіпцюрастым пальцам ашчаперыць глотку. Урэшце, выкручваючыся з апошніх сіл на падлозе, Валока ўсё ж ададраў адну руку, але другая тады спаўзла ніжэй і ўчапілася ў каўнер яго зашпіленай гімнасцёркі.

Баец пачаў задыхацца. Грудзі распірала ад нястачы паветра, — здавалася, вось-вось хрусне горла, і Валоку апанаваў страх, што вось так недарэчна даў загубіць сябе. З роспачнай нечалавечай сілай ён ірвануўся, як мог упёрся ў падлогу каленямі, напружыўся і дзвюма рукамі моцна крутнуў убок адну, найбольш учэпістую руку ворага. Каўнер байца затрашчаў; зноў нешта глуха стукнулася аб падлогу, вораг засоп, размашыста шоргнулі па бетоннай падлозе ягоныя боты.

Ад некалькіх роспачных рыўкоў палепшала; Валока вызваліў шыю і, здаецца, пачаў асільваць немца. Тады ў пачуцці шыбанула злосць і недзе ў свядомасці мільгануў люты намер забіць адразу ж, — ён набавіў сілы. Баец цяпер зразумеў, што яму можа дапамагчы тут. Валтузячыся і сапучы, ён намацаў нагамі сцяну, зноў упёрся ў яе і пхнуўся ўсім целам на ворага. Той зноў апынуўся ўнізе — Валока нешта замычаў ад зларадства і, усе больш заходзячыся ад лютасці, урэшце дабраўся да варожае шыі.

— І-і-і, э-э! — мычаў немец, і Валока адчуваў, што перамагае. Вораг прыкметна збавіў імпэт і толькі абараняўся, хапаючыся за разлютаваныя Валокавы рукі і шалёна тузаючыся. Валоку, аднак, вельмі замінала сумка з дыскамі, якая перакруцілася на баку, трапіла пад немца і почапкай трымала яго, як на прьшязі. Пасля, змагаючыся, Валока зноў страціў апору, у валтузні недзе прапала сцяна; ногі шкрэблі па слізкай падлозе, але баец з усяе сілы трымаўся наверсе і не выпускаў варожае шыі.

Немец роспачна затрапятаў, заенчыў, захрыпеў, ірвануў аберуч ягоныя рукі, ляпнуўся аб бетон галавой, напружыўся, кінуўся ўбок выгнутым целам. Толькі Валока не выпускаў яго, ямчэй прыналёг плячом, ухапіў пяцярнёй горла і ціскануў.

Але ў той момант здарылася штосьці страшнае.

Грымотны пярун ударыў у вушы, здрыганулася і рухнула ў нейкае бяздонне падлога, чорнае падзямелле громам і грукатам абрушылася на чалавека. На галаву, спіну, плечы рынула цэгла, зямля, пясок, задушыла нейкім смуродам, балюча ўдарыла ў голаў, навалілася і прыціснула… Валока інстынктыўна хіснуўся ад немца, ускінуў над сабою рукі, затуліўся, бездапаможна падставіўшы абвалу потную, пабітую спіну.

Грымоцце, аднак, хутка спынілася, сціхнуў абвал, але ўсё Валокава цела скавалі цесната і цяжар. Нельга было ні выдыхнуць, ні варухнуцца, і толькі ў свядомасці бліскала кароценькая і радасная думка: «Жывы». Але не было паветра, і ён задыхаўся ад пяску і нейкага смярдзючага ўдушша. Адчуўшы, што гіне, Валока рвануўся з тае магілы; нешта туга, але падатліва рассунулася над ім, ён шпарка задыхаў і расплюшчыў запарушаныя пяском, балючыя вочы.

2

Дзіва, як ён уцалеў.

Навокал ужо не было ранейшай цемры, разам з ею знік недзе і халаднаваты прастор склепа. Было душна, і скрозь грувасціўся цагляны ды бетонны друз. Спачатку Валоку здалося, што выбухам ён адкінуты кудысьці з таго месца, дзе біўся з немцам, але, угледзеўшыся ў прыцемкі, пазнаў абсыпаныя шчэбнем уцалелыя крутыя прыступкі, з якіх ён зваліўся сюды. Іх было толькі шэсць; вышэй разламаная бетонная пліта, як крыга ў паводку, касабочыла са столі і, упершыся рабром у лесвіцу, загароджвала выхад. З другога боку, наўкось ад Валокі, урэзалася канцом у завалены цэглай дол шырокая двухтаўровая бэлька. Яна была сагнута, — пэўна, ад выбуху, і калі б упала на якіх паўметра бліжэй, дык наўрад ці давялося б цяпер Валоку бачыць яе.

Павярнуўшыся, баец вызваліў ад завалля рукі, прыўзняўся, але ногі былі яшчэ моцна нечым прыціснуты. Ці ён аглух, ці сапраўды было зусім ціха, толькі ў вушах нешта віскліва, працягла і балюча звінела. Пакрысе ён павярнуўся на бок і паспрабаваў устаць. Ногі, здаецца, уцалелі, рукі таксама, толькі адна вельмі балела ў плячы. Ссыпаючы з сябе пыл і абломкі, ён прыўзняўся на руках, выцягнуў з-пад друзу адну нагу, пасля другую і сеў. I тады з грудзей яго прарваўся сударгавы нястрымны кашаль. Валока аж захліпаўся ад ўдушша, грудзі разрываліся; пыл і пясок забілі, мусіць, усе лёгкія. Уздрыгваючы ўсім целам, некалькі пакутных хвілін чалавек кашляў і адплёўваўся і пасля, калі палегчала, зноў агледзеўся наўкола.

Так, яго добра заваліла тут. Заваліла лесвіцу і склеп, уцалеў толькі змрочны закутак за прыступкамі ды якіх метры са два ля выхаду. Той бок склепа, насупраць ад увахода, быў зусім забіты цэглай, бетоннымі глыбамі; столь над ім скасабочылася, разламаўшыся на кавалкі, і з чорных шчылін дзе-нідзе тырчала ржавая арматура. З адной такой шчыліны ў паўзмрок сутарэння цадзіўся знадворку тоненькі мільготкі праменьчык. У ім, роячыся, густа бліскалі пылінкі, і ён ледзьве прабіваўся да долу, дзе клаў на цагляны зломак прыцьмелую плямку святла. Ад гэтай яго кволай спробы прабіць змрок і было тут трошкі відна.

Паматаўшы галавой, Валока вытрас з вушэй пясок і ўчуў, як глухімі ўздыхамі з-пад зямлі данесліся сюды гукі вайны — выбухі, далёкі маторны гул і глухаватыя кулямётныя чэргі. Гэта насцярожыла і заклапаціла; падумалася, што трэба хутчэй вылазіць, бо рота, мусіць, ужо адышлася далека. Баец падняўся на ногі і, спатыкаючыся, пабрыў было да прыступак. Там ён агледзеўся, убачыў і выцягнуў з-пад шчэбня свой згублены аўтамат, рукавом выцер яго ад пылу. Тое, што знайшлася зброя, трохі супакоіла яго; чалавек аддыхаўся і адчуў, што болей за іншае баліць плячо. Упершыню ён успомніў тады пра немца. Вядома, таму ўжо капец; прыбіла, напэўна, у куце; так, дзякаваць Богу, не давялося і душыць, падумаў Валока. Да немца, мёртвага, у байца злосці ўжо не было.

Угары зноў прыглушана загрукацелі чэргі, то наш «дзягцяр»; Валока пазнаў бы яго дзе хочаш. Гэта ўзбадзёрыла байца. Прыгнуўшы голаў, ён абмацаў навіслую над прыступкамі глыбу, паднатужыўся, паштурхаў, аднак нічога нідзе не кранулася. Мусіць, зверху яго тут добра прываліла нечым. Але як жа тады выкараскацца? Пакутуючы ад болю, ён сышоў з прыступак, угледзеўся ў змрок пакарэжанага падстолля. Нідзе ніякае дзіркі, ніякай адтуліны, здатнай для таго, каб можна было пралезці. Зрушваючы абломкі цэглы, баец ускарабкаўся на кучу друзу пад промнем і ў другім месцы памацаў рукамі скасабочаную патрэсканую столь. Адзін кавалак бетону кратаўся, але толькі ледзь-ледзь — хоць і быў разламаны, ды ўсё ж трымаўся, пэўна, на арматуры. Валока зазірнуў у шчыліну, але там, апроч добра асветленых на зломе тоўстых яе краёў, нічога не было відаць.

Што ж рабіць, — як вылезці, няўжо няма ніякага ходу? А можа, трэба крыкнуць, паклікаць на дапамогу? А калі тут паблізу немцы? Хто ведае, ці ўтрымалі нашы той сквер? Такая бамбёжка, мусіць, дала немцам якую карысць. Ён злез з друзу, зазірнуў у цёмны куток збоч лесвіцы — скрозь пыльнае цаглянае завалле. Колькі трэба перакапаць яго, каб дабрацца да якой праломіны! Дык што ж рабіць!

Раптам на кучы цэглы і ламачча варухнуўся кавалак цагліны. Пасля, крануты аднекуль знутры, заварушыўся друз і яшчэ некалькі кавалкаў ссунулася ўніз. Валока здрыгануўся, сумеўся і ажно прыгнуўся, углядаючыся. «Вось табе і на!» — без страху, поўны аднаго толькі здзіўлення, сказаў ён сабе. I у той жа час згледзеў край чорнага,акаймаванага галуном пагона, засыпанае глінай плячо мундзіра, і раптам нечакана акрэсліўся дагэтуль не заўважаны ў паўзмроку твар немца. Яго немаладыя, вільготнага бляску вочы чамусьці вельмі напружана, быццам збянтэжана глядзелі на байца.

Валока ўнутрана сцяўся («Ах ты, пракляты, уцалеў!») і левай рукой падхапіў ствол аўтамата. Але былы страх знік, цяпер баец не дужа і баяўся гэтага недадушанага ворага. Немец, аднак, не варушыўся, яшчэ трохі паўзіраўся ў байца і затым тузануўся з ламачча. Твар яго пры гэтым скрывіўся ад болю, вораг прастагнаў і немачна заплюшчыў вочы.

«Забіць!» — бліснула думка. Валока прывычна скіраваў на ворага аўтамат, гатовы вось-вось націснуць на спуск; гэта было так лёгка зараз і так проста. Але, мабыць, гэтая лёгкасць і прытрымала яго рашучасць. Немец зноў аслабела заварушыўся, намагаючыся вызваліцца з-пад абломкаў. «Ну лезь, паспрабуй! Падыдзі! — казаў сабе баец, пільна назіраючы за кожным аслабелым рухам ворага. — Вылезеш, тут жа і ляжаш!»

Гэта быў чацвёрты вораг, які трапіў яму пад аўтамат. Першага ён падстрэліў у сорак трэцім пад Прохараўкай з акопа, у часе нямецкай атакі. Той упаў тады на траву, павярнуўся, неяк здзіўлена паглядзеў на Валоку і сціх. З другім давялося трохі пазмагацца. Баец даганяў яго ў акопе, той страляў з парабелума, параніў яго сябра Макіўчука, — то быў нейкі афіцэр у фуражцы з кукардай, і Валока, загнаўшы яго ў тупік, прыкалоў штыхом. Трэцяга расстраляў там, у пад’ездзе. Цяпер вось гэты.

Але страляць яго ў доле было неяк няёмка. Вакола чакаў, калі ён вылезе і што будзе потым.

Толькі вылезці яму было нялёгка. Немец патузаўся плячыма, разварушыўшы цагліны, выцягнуў з-пад завалля руку, пакрывіўся тварам ад болю. Затым застагнаў, умольна зірнуў на байца і зноў бяссільна абвяў.

«А, даняло, сабака!» — прабурчаў Валока, усе напружана сочачы за ім. Але аўтамат ён апусціў. Немец пакутна торгаўся, разварушваючы драбязу і ўсё не могучы выдраць ногі, прываленыя нейкай бетоннай глыбай. Валока яшчэ пастаяў насупраць, назіраючы за марнымі намаганнямі ворага. Мусіць, ад таго, што немец страціў ужо былую небяспеку для яго, паволі асядала ў байцу злосць і мякчэла, адступала кудысьці рашучасць забіць. Немец застагнаў, апусціў голаў, кусаючы вусны. «Пераломаны ногі, ці што?» — падумаў Валока. Бачачы, што немцу не выбрацца без дапамогі, ён неяк не ў лад са сваім пачуццём ступіў бліжэй і, упершыся абцасам, адваліў убок вялізны пляскаты кавалак сцяны.

Затым сам аж здзівіўся, навошта зрабіў тое, — немец вальней заварушыўся, абапёрся аб дол рукамі і, схіліўшы ўніз галаву з разматлянымі пыльнымі космамі, паволі выцягваў з-пад друзу ногі. Ага!.. Цэлы… Ён ужо апынуўся на волі, але чамусьці не спяшаўся скарыстаць яе, — мусіць, яго добра прыбіла ў часе абвалу. Тоячы ў душы супярэчлівую, перамешаную са спачуваннем зласлівасць, Валока стрымана назіраў за ім.

Абапіраючыся рукамі на загрувашчаны дол, немец нейкі час сядзеў, не могучы, відаць, саўладаць са слабасцю і болем. Побач, сцяўшы над пераноссем запарушаныя пылам бровы, з аўтаматам напагатове чакаў Валока. Немец усё мацаў сваю нагу ў калене, варушыў ботам. Затым, нібы чагосьці здзівіўшыся, зірнуў на байца і ўслухаўся. Знадворку глуха даносілася далёкая страляніна; грымнула некалькі выбухаў; праз шчыліны ў столі сям-там прасеялася крыху пяску. Немец паглядзеў угору і, нібы прыпамятаўшы штосьці, таропка ўстаў і, кульгаючы, падаўся да лесвіцы.

Валока не бачыў у яго ніякае зброі, ведаў, нікуды яму не вырвацца адсюль, і таму спакойна сеў на цагляны зломак, з перавагай пазіраючы на ворага. Аўтамат ён трымаў між калень. «Ага, паспрабуй», — з’едліва падумаў баец, гледзячы, як немец штурхае пліту над прыступкамі. Той рабіў гэта, відаць, з усяе сілы, ззаду ў кароткім разрэзе аж матляліся канцы мундзіра, але пліты зрушыць не здолеў. Тады немец павярнуўся; на яго збянтэжаным твары было пытанне, але безудзельна спакойны выгляд Валокі, мусіць, даў яму зразумець, што выйсця адсюль няма.

Ён вяла саступіў з прыступак і сеў, абхапіўшы рукамі нагу. Валока з прытоенай цікавасцю агледзеў яго пакамечаную, абсыпаную пылам постаць з яфрэйтарскім шаўронам на разадраным да локця рукаве і ўпершыню ўбачыў на яго баку кабуру. Гэта зацікавіла і насцярожыла, з’явіўся новы клопат: што рабіць, калі вораг ажыў ды яшчэ ў дадатак да ўсяго і ўзброены?

Немец тым часам, відаць, паволі спакайнеў, правай нагой спіхнуў з левай бот, закасаў штаніну і насоўкай пачаў перавязваць калена. Калена было скрываўлена, кроў паўзла і паўзла з нейкае невялічкай, але вельмі крывацёчнае раны, і хутка насоўка стала ўшчэнт мокрая. Па ўсім выглядзе немца нельга было заўважыць, каб ён збіраўся ратавацца ад байца або нападаць, і гэта супакойвала. Неяк міжвольна пранікшыся спачуваннем да яго болю, Валока адставіў убок нагу і намацаў у кішэні пацёрты, даўно ўжо ношаны там перавязачны пакет. Баец мог і не даваць яго: не так ужо і шкада яму было гэтага падбітага гітлераўца. Аднак нейкае чалавечае велікадушша штурхнула дапамагчы, бо была ў тым патрэба.

Немец не чакаў, пэўна, гэтага, і пачак упаў у друз ля яго ботаў. Спярша салдат сумеўся, але затым зразумеў — погляд яго адразу праясніўся. Ён нават буркнуў «данке» і, праз боль усміхнуўшыся, дастаў пакет. Твар у яго быў ужо немалады, загарэлы лоб перарэзалі маршчыны,і над скронямі блішчалі залысіны. На абсівераных няголеных шчоках шархацела русявае шчацінне.

Валока ўсё глядзеў на ворага, не ведаючы, што рабіць далей, і толькі інстынктыўна адчуваючы, што трэба асцерагацца. Немец вышэй закасаў штаніну і пачаў ашчадна абкручваць бінтом калена. У гэтым занятку ён мерна гойдаўся, раз-пораз падстаўляючы святлу са шчыліны зашчаціненую шчаку з шырокім косым рубцом каля вуха, — мусіць, колішнім следам асколка. Валока ўбачыў тое і сам сабе ўсміхнуўся: гэткі ж самы рубец насіў і ён на левым баку — то была памятка баёў пад Курскам. Немец відавочна ачуньваў і насцярожаным позіркам шэрых вачэй зрэдку пазіраў на байца.

Але доўга разглядваць адзін аднаго ім не давялося. Зямлю пад нагамі зноў затаўклі выбухі, — напэўна, то смалянула «кацюша» або шасціствольны нямецкі мінамёт. Зварухнуўшыся, абодва яны схілілі галовы і ўслухаліся. Немец застыў з нацягненым ля нагі бінтом і чакаў, утаропіўшы позірк у пакарэжаную столь склепа. Але выбухі паволі заціхлі, асыпаліся апошнія пасмы пяску са шчылін, і зноў стала ціха і глуха. Адзін толькі праменьчык косаю дымчатаю паскай скупа цадзіўся ў паўзмрок падзямелля.

Валока заварушыўся: трэба ж было нешта рабіць, як вылазіць. I прыпёрла ж яшчэ гэтага немца! Але ён быў пабіты і, здаецца, дбаў толькі пра свой боль. Мабыць, таму галоўны Валокаў клопат, як вылезці, на нейкі час прыцішыў у ім страх перад немцам. «Хай спрабуе», — падумаў баец, маючы на ўвазе нечаканы напад. Ён трымаў у руках аўтамат, адчуваў у сабе сілу і спадзяваўся на яе. Да таго ж Валока бачыў побач не якога там загадкава драпежнага фашыста, а пажылога ўжо, пабітага і ўезджанага вайной чалавека. Хоць немец і маўчаў, аднак няцяжка было меркаваць, што ён адчуваў цяпер, і толькі яго салдацкая форма не давала Валоку забыцца, што гэта вораг. Засцярожліва пазіраючы спадылба, баец уздзеў на плячо аўтамат і, спатыкаючыся, палез па друзу пад паўразбураную, паламаную столь.

Трэба было шукаць нейкае выйсце.

3

Шчыліны на зломах у бетоне былі дзе-нідзе шырокія, у іх можна прасунуць пальцы, але ўхапіцца не было як. Задраўшы ў падстолле твар, Валока як-колечы спрабаваў расхістаць абломак, ля якога цадзіўся промень, штурхнуў яго ўгору і пацягнуў на сябе. З шчыліны пасыпаўся пясок і жарства, баец адхінуў убок твар і яшчэ больш напяўся, каб як-небудзь разварушыць пліту.

Увесь час ён не забываўся пра немца ўнізе і, ледзьве скасіўшы вочы, адчуваў і бачыў кожны яго рух на прыступках. Немец спачатку цікаўна глядзеў на марныя байцовы спробы, затым не дужа ўпэўнена ўстаў. Валока адразу кінуў пліту і ўзяўся за аўтамат. Але вораг у другі раз амаль добразычліва ўсміхнуўся і трахнуў на рамяні кабуру.

— Найн, найн, — заспакоена прагаварыў ён, махнуўшы прытым рукой. Здаецца, кабура ў яго сапраўды была пустая. Валока з недаверам, аднак, апусціў аўтамат і вылаяўся ў душы. У яго зноў заварушылася непадуладная яму насцярожанасць да гэтага чалавека-ворага. А немец тым часам, узмахваючы рукамі і кульгаючы, узлез на кучу, задраў голаў, агледзеў шчыліны і ў адным месцы прасунуў у злом пальцы.

Дзве пары рук уперліся ў адзін кавалак бетону.

Дзіўна гэта было Валоку! Каб хто расказаў — не паверыў бы, але цяпер неяк усё выходзіла само сабой, і баец, здаецца, ні ў чым не мог папракнуць сябе. Толькі якую гадзіну назад, не бачачы і ніколі не ведаючы адзін аднаго, яны душыліся, біліся ў гэтым склепе, поўныя злосці і лютае прагі знішчэння, а зараз, нібы нічога між імі і не здарылася, суладна рвалі са столі кавалак бетону, каб выкараскацца з агульнай бяды.

Пліта краталася — трошкі ўгору, трошкі ўніз, жарства са шчылін усе сыпалася, і Валоку здавалася, што можна расхістаць і выдраць яе. Час ад часу крадком ён пазіраў на немца, які, выцягшы з шырокіх рукавоў валасатыя, загарэлыя рукі, стараўся трапляць у лад з яго намаганнямі. Загарэлы шчаціністы твар немца з добра развітай ніжняй сківіцай крывіўся ад пяску і натугі, а таксама, напэўна, ад слабасці; на пераноссі густа высыпалі дробныя кропелькі поту. Зрэдку ён выціраў іх рукавом, размазваючы па замурзаных шчоках. Бінт на галаве, зашмальцаваны ад поту каўнер і плячо з адарваным пагонам неўзабаве густа абсыпаў пыл. Валока чуў блізкае няроўнае немцава дыханне, тупанне яго ботаў побач са сваімі, і ад гэтае блізкасці ці ад суладнасці агульных намаганняў тое варожае, што ўвесь час жыло ў ім да гэтага немца, начало меншаць, раставаць і прападаць. Невыразна яшчэ адчуваючы ў сабе тую змену, Валока бянтэжыўся і чагосьці не мог зразумець у сабе.

Так яны варушылі тую зломіну хвілін дзесяць, але яна ўсё ж не паддавалася. Немец зморана дыхаў, ды і Валока прымлеў і нарэшце апусціў рукі. Запылены тонкі праменьчык струнка ўпёрся ў запарушаны пяском немцаў бот.

— Халера, — сказаў баец, з прыкрасцю паглядзеўшы ў столь. — Сілы мала.

— Я, я, — зараз жа ціха адгукнуўся немец. Ён таксама з клопатам агледзеў столь і зусім нечакана, з марудлівым няўмелым намаганнем, вымавіў: — Малё сілы.

Валока варухнуў запарушанымі пяском бровамі, здзіўлена паглядзеў на немца — разумее, чмур!

— Што, фарштэй па-руску?

— Малё, малё, — сказаў немец і ўсміхнуўся. — Вітэбск руска фрау… гражданка малё-малё ўчыль.

— Глядзі ты! Ось дык фокус!

Баец злез з цаглянае кучы, стомлена апусціўся на канец пагнутай бэлькі і палез у кішэню — як заўжды ў цяжкім клопатным стане захацелася закурыць, «праясніць мазгі». Аўтамат ён прыткнуў між калень. Немец, нібы чакаючы гэтай перадышкі, таксама з гатоўнасцю сеў, дзе стаяў, — пад самым промнем на цэгле. Параненую нагу беражна выцягнуў перад сабой.

— Фокус, фокус… Не знай, што то ест, — казаў ён, крывячы твар ад болю.

— Ге! — упершыню ўсміхнуўся і Валока. — Гэта, брат, не адразу і зразумееш…

Заскарузлымі пальцамі баец развязаў вышыты пеўнямі кісет, дастаў складзены кавалак газеты, насыпаў і разраўняў махорку. Пасля крутнуў разы два матузком-завязкаю, але спыніўся, спадылба зірнуў на немца, трохі разважыў і махнуў кісетам.

— Лаві!

Немец зноў, відаць, не зразумеў сэнсу слова, трошкі спазніўся лапнуць далонямі, але ўсё ж ля самых ботаў кісет злавіў.

— О, рус махорка! — сказаў ён і па чарзе адной і другой наздрою панюхаў кісет. Пасля няўмела разматаў тугую завязку і неяк вельмі няспрытна згарнуў цыгарку.

Так яны закурылі, прыпаліўшы кожны паасобку — Валока ад запалкі, якая знайшлася ў яго патрушчаным карабку, немец — ад запальніцы, адмыслова змайстраванай накшталт маленькага блішчастага пісталеціка. Насалодзіўшы грудзі першай зацяжкай, Валока неяк уважліва, упершыню з добразычлівай зацікаўленасцю, агледзеў немца.

— Дык што ж рабіць будзем? Як выбірацца?

— Я, я, — пагадзіўся немец. — Ідзі. Нада ідзі. Туды, навэрх, — паказаў ён пальцам у праламаную, але такую яшчэ моцную столь.

— Навэрх, — грубавата перадражніў Валока. — Вядома, наверх. Не ўніз жа. Але як вылезеш?

Невядома, што немец зразумеў з гэтае фразы, але ўраз заклапочана абвёў позіркам сцены, цёмны закутак за прыступкамі, задраўшы шырокія пашчэнкі, агледзеў столь.

— Арбайт нада, — кіўнуў ён галавой у самы змрочны куток, завалены цагляным друзам. — Арбайт… Мнёга арбайт.

— Арбайт, канечне… А ты хто? Рабочы ці гэта… хлебароб? — запытаў Валока.

Немец, наморшчыўшы лоб, угледзеўся ў яго.

— Я, я! — зразумеўшы пытанне, радасна адгукнуўся ён. — Арбайт! Как ета па-руску… тышлер.

Не прыпомніўшы патрэбнага рускага слова, ён дзвюма рукамі зрабіў такі рух, нібы габляваў дошку, і Валока здзівіўшыся, зразумеў:

— Столяр?

— Я, я, — пацвердзіў немец.

— От дык фокус! I я ж столяр. Я — столяр! — тыкаючы сябе пальцам у грудзі, гучней крыкнуў Валока, нібы гучнейшае немец мог лепш зразумець. I ўсё ж, відаць, ён зразумеў, коратка ўсміхнуўся праз дым і ашчадна дацмыгаў махорку.

— Іх хаўз, дом арбайт. Мнёга, мнёга хаўз, — казаў ён, рукамі робячы ў паветры такі рух, нібы абмацваў двухскатны дах.

— I я гэта… хаўзы будаваў, — сказаў Валока і, паказваючы, паклаў далонь на далонь. — Зрубы рубіў. Рускі вугал. I нямецкі рубілі. Ведаю гэта.

— Гут, гут, — задаволена ківаў галавой немец.

— Усё ведаю. Гэта яшчэ рыгель, рэйсмус, — вашыя ж назвы.

— Я, я. Рыгель! Рэйсмус, — як рэха, паўтарыў немец знаёмыя словы. Пасля ён пасур’ёзнеў і, счакаўшы, пакуль баец дакурыць цыгарку, устаў.

— Нада ідзі! — зноў падняўшы палец угору, сказаў немец. Валока таксама ўстаў, узяў у рукі аўтамат, недаўменна паглядзеў на яго, не ведаючы, куды прыбраць гэтую рэч, і пасля надзеў цераз галаву за спіну. Так ён заўсёды будзе пры ім і не дужа перашкодзіць у працы.

Немец узлез па цэгле ў самую гару, скурчыўся там у змроку і пачаў кідаць уніз цагляныя зломкі. Ва ўсёй яго цяперашняй паставе і абліччы баец не бачыў нічога варожага, нічога недаверліва хітраватага, немец быў просты, рухавы і нават, адчувалася па нечым, — чулы і шчыры чалавек. Валока падлез да яго ў змрок і, зусім зацяўшы ў сабе падазронасць, спытаў:

— Як цябе зваць?

Немец спыніў працу, праз пыл павярнуў да яго твар -ён не разумеў пытання.

— Завуць як? — гучней, бы глухога, запытаў Валока. — Мяне — Іван, а цябе? Ганс? Фрыц?

— Фрыц! Я, я! Фрыц Хагеман, — нібы ўзрадаваўшыся сваей здагадлівасці, ахвотна абвясціў немец і засмяяўся. — Іх — Фрыц, ду — Іван. Гут! — I ён зноў засмяяўся, у дробныя зморшчынкі сабраўшы свой немалады ўжо твар.

— Гут-то гут, — разважна, але паддаючыся яго лёгкасці, сказаў Валока. — Толькі не дужа. Вось вылезем, а тады што?

Але на немца гэты Валокаў клопат не зрабіў уражання. Ён па-ранейшаму рупна выдзіраў з груды наваленыя сюды кавалкі нейкае разбуранай сцяны і кідаў іх уніз. Баец прымасціўся побач і, нязручна сагнуўшыся ў цеснаце, пачаў рабіць тое ж.

4

Невядома, колькі мінула часу. Яны ўжо багата перакідалі ўніз друзу, пад столлю можна было стаць — там, у змроку і пыле, сапраўды была праломіна некуды ўгору і ўбок, толькі яе моцна заваліла. Праменьчык са шчыліны знік, цяпер адтуль нясмела клалася ў пыл толькі маленькая плямка знадворнага святла, і ў сутарэнні панаваў густы, ледзь-ледзь прышарэлы змрок. Як-колечы прызвычаеныя да яго, дзве пары вачэй трохі бачылі паблізу, і людзі працавалі. Абодва яны наскрозь прапыліліся, немец раз-пораз чыхаў, а Валока цяжка, дыхавічна кашляў. Тое, што яны ўсё ж намацалі выхад, крыху абнадзейвала байца, цяпер ён ужо не думаў, што прападзе па-дурному. Затое новы, куды большы і складанейшы клопат усе настойлівей пачаў агартаць яго.

Які нячысцік звёў яго з гэтым недарэчным немцам, думаў Валока. Праўда, пакуль яны былі тут і разам выкараскваліся з аднае бяды, баец сяк-так мог пагадзіцца на гэтае іх сяброўства. Але што рабіць, калі яны вылезуць? I хто там наверсе — свае ці немцы? Калі свае, то гэта яго клопат — яшчэ палова бяды: немца можа як-небудзь пашанцуе залучыць у палон. А калі немцы? Зноў біцца? Дык ці не лепш забіць яго тут?

Але Валока толькі думаў так, адчуваючы, што застрэліць цяпер гэтага чалавека ўжо не можа. Як было страляць яго, калі між імі рушылася галоўнае для таго — узаемная нянавісць, калі раптам у варожым мундзіры з’явіўся перад ім зважлівы, рупны, працавіты, самы звычайны чалавек, які і да Валокі ставіўся не як вораг-фашыст, а як супольнік і сябра. Здаецца, гэта быў зусім неблагі немец, і недзе ў сподзе пачуццяў баец адчуваў у сабе няёмкасць ад таго, што нядаўна ледзьве не задушыў яго. Але зноў жа вельмі нават магло стацца, што і ён забіў бы Валоку. Незвычайна гэта было і дзіўна — адчуваць яго тут, побач з сабой; хвілінамі нават забывалася, што яны ворагі. Задумаўшыся, байцу хацелася падрабязней распытаць яго пра нямецкае ўмельства ў сталярнае справе, хацелася сесці, пакурыць, мірна і па-добраму пагутарыць; здавалася, у тае іх разважнае добразычлівасці адкрыецца нешта значнае і цікавае.

Але пагадзя Валока пачынаў сумнявацца. З выгляду немец быў неблагі чалавек, працавіты, — пэўна, лёгкага, спагаднага характару (такога, як іхні санінструктар Корзан), але хто ведае, што ў яго сядзела ўнутры. Пэўна ж, усе яны добрыя ў палоне або забітыя, але хто тады нарабіў такога гора людзям, хто столькі пазабіваў, папаліў, абрабаваў, перавешаў, хто заліў крывёю ўвесь свет? Ды і што скажуць хлопцы і начальства, калі даведаюцца, як ён тут раскурваў маршанскую махорачку з гэтым фрыцам? А калі дазнаецца капітан Воранаў, маўклівы загадкавы чалавек са схаванымі пад бровы вачмі, як ён паставіцца да такой суполкі? Валока мог меркаваць — што-колечы наконт гэтага ён ужо чуў за паўгода службы ў палку.

Пакутна было і складана даўмецца, як яму быць тут, у гэтай недарэчнай і такой нечаканай бядзе.

Зноў добра ўмарыўшыся, яны паселі на цэглу ў куце і пачалі адплёўвацца. Валока дастаў кісет, насыпаў у паперку махоркі і, прытрымліваючы яе пальцамі, перадаў кісет немцу. Той ахвотна пераняў. Калі Валока саслюніў цыгарку, ён услужліва пстрыкнуў запальнічкай, даў прыкурыць яму, затым прыкурыў сам. Мільготкі, маленькі, як іскрынка, агеньчык запальнічкі трохі разагнаў змрок, асвяціў пакарэжаную столь, вывараціны цаглін у сцяне і два ўшчэнт запыленыя невясёлыя твары. Патрымаўшы ў кулаку запальнічку, Фрыц, пэўна, рашыў не тушыць яе і пачаў прыладжваць у вышчарбіне сцяны. Яна дрэнна ўсталёўвалася там, і Валока падняў з долу кавалак цагліны. .

— На вось прыпры.

Але немец раптам здрыгануўся, бялявыя бровы на яго твары саўгануліся на лоб, ён з жахам услухаўся ў нешта, што адбывалася знадворку. Валока ўзняў голаў — наверсе, над самымі іх галовамі, пачуліся крокі — туп… туп… туп… Праз бетон данёсся блізкі, аднак глухі, невыразны голас, недзе над прыступкамі штось грукнула і сціхла: чалавек, пэўна, спыніўся ці мо адышоўся далей. Баец ускочыў — першым яго жаданнем было крыкнуць, азвацца, але ў той жа момант ён злавіў на сабе напружана ўмольны позірк немца і сам схамянуўся.

Хто? Такое пытанне ўраз маланкай пранеслася ў свядомасці абодвух,і, вядома, абодва яны прагнулі рознага. Гэтая хвілінная іх раз’яднанасць зноў застарэлай варожасцю захліснула Валокава нутро, але толькі на кароткі час. Адразу, як сціхлі крокі, сціхла і нясцерпнае жаданне азвацца — цвярозая разважнасць падказвала яму, што трэба маўчаць і выбірацца з падзямелля самім.

Яны яшчэ паўслухоўваліся, мярцвеючы ад празмернае ўвагі, затым немец выдыхнуў, неяк абвяў з цела і пачаў паволі прыладжваць у сцяне запальнічку. Баец закашляўся, зацяў рот далонямі. Крокаў болей не было чуваць.

— От папалі, дык папалі, — не так немцу, як самому сабе сказаў Валока, выдыхаючы ў трапяткую цемру зацяжку. Немец звесіў з калень цяжкія натруджаныя рукі і ўздыхнуў. Яго нядаўні, трохі бесклапотна-бадзёры настрой відавочна прыхмурэў, — пэўна, ад працы ці мо ад гэтага трывожнага клопату.

— Вайна нікс гут! — раптам прыцішана, але з набалелай упэўненасцю азваўся ён, і баец ажно здзівіўся ад гэтае перамены ў настроі ворага. — Вайна — шайзэ!

Немец сказаў гэта з нейкім трудным, зацятым адчаем у вачах. Валока, трохі разявіўшы рот, недаўменна, з прыхаванай іроніяй паглядзеў на яго.

— Во як: не гут! Чаму ж ты гэта не скажаш свайму фюрэру?

— Фюрэр — шайзэ! — строга абвясціў немец, відаць, толькі адно гэтае слова і зразумеўшы з доўгай Валокавай фразы. — Фюрэр своляч! Фюрэр эйнфахерменш нікс нада, — сказаў ён і стукнуў сябе кулаком у грудзі. — Фрыц Хагеман нікс нада вайна. Хагеман нада фрыедэн, нада кіндэр аўфцыген, арбайт нада, хаўз нада! Шайзэ вайна.

Валока зразумеў не ўсё, але ўцяміў прычыну абурэння гэтага немца, толькі спачуваць яму ён не збіраўся. Немец жа, мусіць, выліў свой даўні гнеў і на хвіліну змоўчаў. Баец тым часам дакурыў цыгарку і ўрэшце, наважыўшыся на тое, што ўвесь час непакоіла яго, сказаў:

— Слухай, Фрыц. Вылезем туды, — ён паказаў пальцам угору, — давай палон. Рус плен — і вайна капут. Га?

Немец уважліва выслухаў, нешта зразумеў, але з раздумнаю цвёрдасцю пакруціў галавой.

— Нікс плен. Плёхо плен. Рус энкеведэ дойч — Сібір. Пуф-пуф дойч.

— Ніхто цябе не будзе пуф-пуф. Чаго ты баішся? — загарачыўся Валока. — Ты ведаеш, колькі у нас вашых камарадаў плен?

Фрыц зноў уздыхнуў, нявесела ўгледзеўся ў агеньчык запальнічкі ў сцяне. З ягоных вачэй выплыла і атуліла ўвесь твар туга чалавека, які колькі ні прыкідваецца сам сабе, як ні абнадзейвае сябе, а ўсё ж ніяк не можа пазбыцца вялікага і нязбыўнага, як смерць, клопату. Задумаўшыся, ён трошкі памаўчаў, пасля заварушыўся, расшпіліў кішэнь мундзіра і дастаў нейкія паперы. Перабраўшы іх, знайшоў там надарваны канверт з пацёртымі краямі і дастаў адтуль картку.

— Майн фрау ўнд кіндэр. Дрэздэн, — сказаў ён і падаў картку байцу. Той няўмела, з ашчаднаю зважлівасцю да чужога, але зразумелага і па-чалавечы дарагога наблізіў картку да слабенькага святла запальнічкі.

З фатаграфіі на яго пазіралі жанчына і трое малых. Старэйшы — галаногі хлапец у кароткіх штоніках стаяў каля крэсла, дзяўчынка сядзела на каленях у маці, сярэдні — хлопчык год дзесяці — стаяў ля старэйшага і трымаў пад пахай паласаты мячык. Ззаду віднеўся невялічкі, але ладна адбудаваны і дагледжаны домік з верандаю, высокі чарапічны дах, у прасценках густая лістота вінаградніку. На хвіліну баец ажно ўпіўся ў гэта вачмі.

— Ладная дамоўка, нічога не скажаш, — уздыхаючы, прагаварыў Валока, адчуўшы ў душы ціхенькі самотны боль не то ад разбуджанага суму па спрадвечнаму, мірнаму, гаспадарчаму жыццю, ці мо ад успамінаў аб сваіх там, дома… З прытоенай зайздрасцю і скрухаю ён аддаў картку назад.

— Драй кіндэр! — сказаў Фрыц, хаваючы у кішэню паперы. — Плёха плен. Гаўптман гестапа Крафт шрайбен, — фрау, кіндэр ком, ком унд канцлагер. Плёха!

Валока зразумеў. Пэўна ж, так, яны, гэтыя немцы, не дужа там няньчацца і са сваімі — ён ужо чуў, што за такія справы сем’і гэтых фрыцаў па галовах не гладзяць. Ну, але што ж тады ім рабіць?

А Фрыц тым часам ямчэй усеўся на цагляным зломку і, памагаючы сабе рукамі, пачаў нешта тлумачыць.

— Фрыц нікс буржуй, Фрыц арбайт! — Нібы ў доказ таго ён выцягнуў перад сабой шырокія, дужыя, працавітыя далоні. — Маркі мала-мала Фрыц. Айн хаўз Фрыц. Хагеман — бедны чалавек. Рус Іван — бедны чалавек. Цвай бедны чалавек, — паказаў Фрыц два пальцы. — Мі панімайт.

— Ну гэта… Які я бедны? — невядома чаму сумеўся Валока. — Чаго Іван бедны? Што я, беспрацоўны? Калгаснік я.

— Я, я, — пагадзіўся немец. — Плёха рускі кальхаснік. Кальхас бедна.

«Што ён мяне тут ахмурае, — падумаў Валока. — Куды гне?» I яму дужа захацелася быць не горшым, чым гэты немец, — не ўступіў жа ён яму ў нядаўняе бойцы, быў роўны ў працы, і цяпер вельмі ж нежадана было яму аказацца нейкім бедняком, вартым спачування. Унутры ў ім усё запратэставала супраць гэтага абразлівага варожага спачування.

— Наш калгас багаты. Вось! У нас не такія — у нас яшчэ лепшыя дамы. Мы шыферам крылі. I хлеба — во! -гаварыў ён, паказваючы далонню да шыі. Немец, здаецца, нічога не зразумеў і казаў свае:

— Плёха рус кальхас… Бедна…

Баец адчуў, што не дужа абхітрыш гэтага немца, які прайшоў палову Расіі і, пэўна, нагледзеўся рознага. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца.

— Мала што дзе там бедна. а ў нас багата. Во. Мы хлеба па сто пудоў палучалі. I бульбы. I гароху. I масла па пуду, і грошы — тысячу рублёў. Тысячу, разумееш? — з пафасам назваў ён суму, якая ў даваенным сялянскім разуменні была ўвасабленнем параўнаўча высокага дастатку. Ва ўсякім разе за гэтыя грошы можна было купіць добрую карову. А гэта было ўжо нямала. Немец нахмурыў лоб, імкнучыся штосьці зразумець у запальчывай гэтай гамонцы, і Валока пальцам вывеў на запыленай сцяне палачку і тры нулі.

— Тысяча! От!

— Таўсенд! Кілёграм масле? — здзівіўся немец і недаверліва паглядаў то на лічбу, то на байца. А той, адчуўшы, што немец памыляецца, але, бачачы яго захапленне, не стаў выкрываць непаразумення і нахабнавата пацвердзіў:

— Ну! А ты думаў…

Немец загасіў у вачах недаверлівы агеньчык і паскроб патыліцу.

— Усё было. Да вайны, — гаварыў далей Валока з такім адчуваннем, бы рашыўся на штосьці адчайна забароннае, адкуль назад ніякага ходу ўжо не было. I ён лез напралом. — Радыё было — раз, — пачаў ён загінаць на левай руцэ пальцы. — Лісапед. — Для нагляднасці ён падабраў ногі і пакруціў, бы педалямі, у паветры.

— Рад, — здагадаўся немец.

— Во, во, рад — два.

— Іх імель крафтрад, матацыкль, — аб’явіў немец.

— Матацыкл? Матацыкл што? Матацыкл ерунда. а ў мяне была… ведаеш што? Гэта што плавае — чых-чых-чых! Маторка звалася. Во! — паведаміў ён, знайшоўшы свой галоўны ў гэтай спрэчцы козыр.

— Лодка?

— Ага, лодка. От жылі. Каб не вы, фашысты… Фрыц падумаў, яшчэ паўзіраўся ў байца, наморшчыў лоб і ўздыхнуў, няпэўна супакойваючыся. «Паверыў», — коратка, з надзеяй, падумаў Валока.

— Фашызм нікс гут. Плёха фашызм, — сказаў Фрыц, і баец цяжка падняўся з месца. Немец таксама ўстаў, услухаўся, але скрозь было ціха.

Яны зноў пачалі разбіраць завалле, выцягваць каменныя вывараціны з праломіны ў сцяне, але канца гэтае справе не было відаць. За праломінай ішла суцэльная сцяна друзу, і хутка з яе ўжо нічога нельга было выдраць — так там усё было туга спрасавана. Абодва за той час дужа ўходаліся, запыліліся. Валока, не перастаючы, кашляў ад пылу. Урэшце ён вылаяўся і вылез на вальнейшае месца. Стала відаць, што калупацца там — справа дурная і марная.

Яны памаўчалі, змарыўшыся, пасля Валока пайшоў абмацваць усе закуткі гэтага падзямелля. Запальнічка свяціла слаба, і ён больш вобмацкам, чым бачачы, натрапіў на нейкую патарчаку, што высоўвалася ўгары са столі. Гэта было ў баку ад таго месца, дзе ўдзень прабіваўся праменьчык. Баец гукнуў, і Фрыц прынёс сюды свой мізэрны свяцільнік. Мільготкая іскрынка праплыла ў цемры і, толькі калі немец падняў яе ў кулаку пад самую столь, трошкі асвяціла цьмяны кавалак бетону.

Слабенькае святло хліпка блукала па столі, два твары напружана ўзіраліся ўгору. Валока напяўся — зломак кратаўся. Немец свяціў адной рукой, а другой таксама ўпёрся ў край гэтае вывараціны.

— Ахтунг! Памалё! Малё трэба, Іван, — засцярожліва сказаў ён, і баец пачуў яго цёплае дыханне ля вуха. Там, ззаду, за спіной, вісеў яго аўтамат, які лёгка можна было ўхапіць, але Валока ўжо не звяртаў на гэта ўвагі.

— Што там «ахтунг!». Ану, дужэй. Раз, два, узялі! Шырока расставіўшы ногі, яны ўперліся, Валока папіхаў

зломак у адзін бок, у другі, той яўна паддаваўся іхняе сіле. Тады баец напяўся яшчэ, і зломак зрабіў шырэйшы ход туды і назад. Здавалася, у гэты раз яны сапраўды знайшлі выйсце. Валока аж акрыяў духам і, змораны, сабраў у сабе рэшту сіл. Зломак паддаваўся, вось-вось павінен быў выпасці, як раптам немец засцярожліва ўскрыкнуў, запальнічка ўраз пагасла, і нейкі жахлівы цяжар, прарваўшыся, рухнуў на Валоку. Ён і не ўцяміў нават, што сталася, уваччу бліснула аранжавая зарніца, і страшны боль у галаве пагасіў адчуванне.

5

Не, ён не загінуў — ён жыў, але навакольны свет даходзіў да яго свядомасці праз пякельную нясцерпнасць пакут. Спачатку было такое ўражанне, нібы ён дзесьці сцяты, сціснуты, бы ў якой зубатай пашчы, і страшны боль пранізвае ўсё яго цела. Асабліва балела галава; нешта там, у самым нутры мозгу, торгала, калола, рэзала, варухнуцца не было сілы, і было вельмі пакутна. Яшчэ больш балела спіна. Ад гэтага болю ў адно з праясненняў свядомасці Валоку здалося, што ён раздзеты ляжыць на ржышчы, калючкі якога разам з калючкамі асоту ўпіваюцца ў яго цела. Ён хоча крыкнуць, пазваць суседа Трахіма, які жне побач на коннай жняярцы, але ніяк не можа выдавіць з сябе таго крыку. Праз хвіліну, аднак, ён бачыць жняяра; толькі гэта чамусьці не Трахім, а немец — той Фрыц, з якім ён спаткаўся куды пазней, на вайне, і ў яго аўтамат, — аднаруч ён тузае лейцы, а другой прытрымлівае на каленях зброю. Немец чамусьці гаворыць па-беларуску. Валока заходзіцца ад страху, бо ведае, што жняяр Фрыц зараз спыніць коней і застрэліць яго. Ён ездзіць па кругу навокал байца, кругі ўсё звужаюцца, і зубы жняяркі ўсё бліжэй і бліжэй прысоўваюцца да яго ног. А тут яшчэ дужа пячэ сонца, так смаліць, што ажно разломваецца галава, унутры ўсё ссохла, і нясцерпна хочацца піць. Валока шэпча: «Піць, піць…» — толькі слоў няма: вусны варушацца, а гук прапаў. Затым сонца пачынае зніжацца, падступаць да яго, але чамусьці робіцца маленькім, не большым за агеньчык запалкі. Страх патроху мінаецца, толькі спякота ўсё ранейшая і ўсё хочацца піць. I яшчэ робіцца цёмна, прападае кудысьці поле і Трахім, а ён апынаецца ўжо на вайне. За пагоркам стракоча кулямёт, а недзе паблізу над галавой чуецца спагадлівы голас іх ротнага санінструктара Корзана: «Гут, Іван, гут! Жывы Іван гут…» Санінструктар гаворыць па-нямецку, толькі байца гэта чамусьці не здзіўляе, той рады, што побач чалавек — ён дапаможа. I зноў загараецца ў цемры агеньчык і плыве некуды ўдалячынь. Валока жахаецца ад таго, што яго пакідаюць, ён ускрыквае ад жудасці, як некалі ўскрыкваў у маленстве, напалоханы жахамі сноў. I ўжо з большай рэчаіснасцю бачыць у змроку асветленую з таго боку постаць з адарваным пагонам, які целяпаецца па плячы. Постаць сунецца кудысьці ў цёмны кут, на момант слабенькаю плямай асвятляецца сцяна ў адным месцы, пасля ў другім. I вось у асветленай мясціне мільгае знаёмы абрыс аўтамата. Валока здзіўляецца — гэта ж яго ППШ нумар НЛ 0482. Баец не цяміць яшчэ, што і як сталася папярэдне, не ведае, хто там, толькі здагадваецца, што гэта не санінструктар. I ўсведамленне таго, што яго абяззброілі, зноў жахам працінае байца. Пераадольваючы страшны боль у галаве, ён прыўзнімаецца з долу, пакутна сядае, падпёршы сябе дрыготкімі рукамі, намацвае нейкі цагляны абломак і чакае. Забіць, забіць, забіць у што б там ні стала, інакш заб’е той!.. Валока спрабуе ўстаць, сэрца яго надрыўна калоціцца ў грудзях, толькі ён дужа слабы, цяжкія рукі не слухаюцца, і страшны боль у галаве мацнее. А вораг усё поўзае ў цемрывай далечы, высветлівае глухі мур сцяны — што ён шукае? Затым плямка святла спыняецца, дрыжыць на адным месцы, коратка клацае затвор аўтамата. Валока, душачыся ад болю і знямогі, сціскаецца, у вачах мутнее, і тады ў куце грукае стрэл. Шырокі чырвоны бляск зусім асляпляе байца, рукі не вытрымліваюць, ён падае, але боль не павялічваецца — чалавек жыве. Ён збірае ў сабе сілы крыкнуць, нясцерпна паміраць у гэтай нямой маўклівасці, але ў той час да яго слыху даносіцца мернае, вельмі лагоднае цвіркатанне вады. Ну вядома ж, так можа цвірчэць толькі вада! Валока ўжо бачыць у цемры яе зіхаваты струмень і, адчуваючы, як пакідаюць яго рэшткі свядомасці, выдаўлівае з сябе стогн.

Наступным яго адчуваннем было далікатнае, лагоднае казытанне на барадзе, на шыі; здавалася, нейкая жывая істота паўзла за каўнер, на грудзі, толькі на вуснах і ў роце стала лепш і нешта жалезна-цвёрдае дробненька стукала аб зубы. Валока расплюшчыў вочы — у зрок ударыла рассыпчатая яркасць іскраў; яны гойдаліся, скакалі на адным месцы ля самага яго твару, але не пяклі. Пасля ён сцяміў, што ўсё гэта адбівалася ў вадзе. Аднекуль здалёк да слыху даходзілі словы:

— Трынкен, Іван! Трынкен!

Ён глытаў доўга, многа, зубы ўсё ляскалі аб край нейкай пасудзіны, а ў свядомасці коратка і выразна бліснула ява — ён згадаў, дзе ён і хто з ім. «Немец! Фрыц!» На момант адарваўшыся ад вады, ён зірнуў угору, — над ім мільгала ў кулаку запальнічка і расплываўся ў нейкай недарэчнай ухмылцы страшны, тупы ад таго, што быў незвычайна падсветлены знізу, твар з вялікімі і валасатымі ноздрамі, брывастым ілбом, пад якім лыпалі выпуклыя жаўтлявыя бялкі вачэй. Вочы, аднак, таілі ў сабе лагоду і спагадлівасць, і гэта супакоіла байца.

— Трынкен, Іван. Трынкен…

Ён зноў апусціў голаў да пасудзіны; у глыбіні яе, у вадзе, гойдаўся агеньчык ад запальнічкі. Чамусьці Валоку зрабілася блага — ён хіснуўся ад вады, Фрыц штосьці сказаў, пабурчаў і прыбраў ваду ўбок.

Баец сцішыўся ў доле, так яму стала лягчэй — спякотны жар уняўся, толькі галава, плечы і нешта ўсярэдзіне тупа балелі. Ён зноў заплюшчыў вочы, аддаючыся спакою, і раптам прахапіўся ад думкі — дзе аўтамат? Чалавек ірвануўся з долу — немцавы рукі адразу прытрымалі яго, настойліва паклалі назад, і Валока ў нейкім раптоўным прасвятленні здзівіўся з самога сябе: было ад чаго палохацца, калі цяпер ён у поўнай уладзе гэтага немца. I ён адчуў нейкую сталую прыязнасць да яго, быццам яны знаёмы былі ўвесь век і цяпер сталі самыя найбліжэйшыя адзін аднаму і самыя патрэбныя. I таму — прэч усе падазрэнні, засцярожлівасць, недавер! Усё, што стала над іх чалавечаю сутнасцю, — усё, наслоенае іх нацыянальнаю рознасцю, палітычнай варожасцю, вайной, — усе гэта, аддзеленае ад іх магільнаю тоўшчай руін, засталося там, наверсе, у беззваротным мінулым. Два гэтыя пажылыя, труднага лёсу працаўнікі былі тут людзі і толькі дбалі пра тое, як абодвум застацца жывымі дзеля іх сем’яў, мірнае справы, дзеля самых звычайных і незаменных чалавечых радасцей.

Валока памацаў рукой немцава калена побач іслаба паціснуў яго. Фрыц жыва адгукнуўся, падняў яго руку, таксама далікатна паціснуў яе ля локця і асцярожна паклаў на дол. Тлумачыць адзін аднаму нічога не трэба.

Пасля баец сціх і забыўся. Клопат яго знік, боль крыху прыціх, але нейкія ўнутраныя пакуты працягваліся. Невядома, ці гэта быў сон, ці трызненне хворага, толькі пакутныя здані і прывіды доўгі час не пакідалі яго.

Неяк ён убачыў сябе ў Брэслау, на гарадской ускраіне ў садку, дзе з тыдзень да наступлення перафарміроўваўся іх полк. I быццам яшчэ не было гэтага наступлення, але ўжо ўсё, што здарылася цяпер з ім, стала мінулым, і Валока не стараўся зразумець, чаму гэта так. I быццам быў жывы камбат Папрэнка, забіты яшчэ пад Оршай; ён выклікаў Валоку ў штаб, і баец з цяжкім сэрцам прыйшоў у бліндаж, хоць ведаў, што ў Брэслау штаб батальёна змяшчаўся ў ладным катэджы з балконамі, а не ў бліндажы. Але ў бліндажы чамусьці аказаўся не камбат Папрэнка, а капітан Воранаў. «Ну што, нямецкі шпіён?» Такім папрокам сустрэў ён Валоку, хапіў яго за плечы, здзёр пагоны, потым пачаў настаўляць пісталет у кружочкі медаляў на ягоных грудзях. «Немца хаваў? Ворага тытунём частаваў? Чаму не забіў?»

Валока вельмі хацеў вытлумачыць, што і як сталася з ім у гэтым склепе, але мову ў яго адняло, і ён адчуваў, што зараз будзе пагібель. I сапраўды, Воранаў стрэліў, але болю Валока не адчуў і тады здагадаўся: медалі. Медалі яго ўратавалі ад кулі. Але ў той жа час у Воранава замест пісталета апынулася супрацьтанкавае ружжо — гэта ўжо была пэўная смерць.

«Здраднік! Пракурыў Радзіму? Вышэйшую меру табе!» — гучалі страшныя словы, і Валока азірнуўся ў пошуках выйсця. Але раптам аказалася, што ззаду роўнае поле, Воранаў некуды знік, і ён, Валока, як у даўнія, даваенныя часы,сядзіць у вясновы дзень на краі баразны, паставіўшы босыя ногі на мяккі вільготны глей. Побач шнурком сядзяць калгаснікі, яго аднавяскоўцы, у барознах адпачываюць коні, а ззаду, па раллі, клюючы вялікіх белых чарвякоў, скачуць гракі. Усе кураць, жартуюць, снедаюць тым, што папрыносілі ім дзеці і жонкі, п’юць квас. Валоку таксама вельмі хочацца піць, але сняданка яму ніхто не нясе, бо яго дом чамусьці далека адсюль. Ён адзін тут вайсковец, на ім салдацкія галіфэ і гімнасцёрка, толькі яна без дзягі, якая разам з аўтаматам і скаткай ляжыць воддаль на раллі, і на скатцы сядзіць вялікі, нейкі нерухомы чорны грак. Усе смяюцца і кураць, а Валока ведае, што яму ўжо сняданка не будзе, бо ён асуджаны да смяротнае кары, і што ўсё тое, што ляжыць пад граком, ужо здадзена старшыні, які зняў яго і са сталавання.

Пасля таго коні, людзі і гракі знікаюць, толькі той, нерухавы, усё сядзіць на скатцы і крумкае. Аказваецца, гэта воран. Валока палохаецца настойлівай загадкавай птушкі, прабуе ўскочыць, тузаецца і ачынаецца.

6

За пакутную ноч памутнела яго свядомасць, і Валока не адразу ўцяміў, дзе ён і што з ім сталася.

Перш-наперш яго здзівіла блізкая, устрывожаная страляніна. Недзе таропка патрэсквалі аўтаматныя чэргі, бахалі вінтоўкі. Аднойчы нават данёсся крык, але Валока не зразумеў, у якім баку ён раздаўся. Перамагаючы санлівую аслабеласць, баец расплюшчыў вочы.

У склепе было светлавата. Па-над сцяной, дзе яны выдзіралі зломак, ляжала новая куча друзу, — відаць, тая, што абрынулася на яго, — і над ею яркім дзённым святлом блішчала дзірка. Валоку адразу скаланула радаснае імкненне, ён тузануўся ў доле, сеў, але боль у галаве прымусіў яго пакутна схіліцца набок.

Як-колечы ён, аднак, утрымаўся, перамог слабасць, трошкі аддыхаўся і паварушыў у ботах адубелыя ад сцюжы ногі. Пасля ён усе ж сеў і паволі падняў галаву, абкручаную нейкай анучай, шкумат якой звісаў каля вуха. Валока асцярожна памацаў гэты скрываўлены турбан і тады, ураз прыпамятаўшы, што з ім сталася, з удзячнасцю падумаў пра немца.

Фрыц Хагеман сядзеў побач, прысланіўшыся спіной да пагнутае бэлькі, і спаў. Галава яго звесілася на плячо, валасы растрапаліся, ніжняя губа адтапырылася. Шчацінне на яго шчоках за ноч пабольшала, і ўвесь ён выглядаў вельмі стомленым, пажылым чалавекам. Ля яго ног стаяла каска з рэштаю вады. Валока адразу памкнуўся за ёю, але, узяўшы ў рукі, зноў апусціў на зямлю. Вада дужа смярдзела потам, і байца ледзь не зблажыла. Гэта была нямецкая салдацкая каска, сотні якіх валяліся на месцах баёў; хлопцы іх заўжды адкідвалі з-пад ног ботамі, — тым больш што трапляліся акрываўленыя, прастрэленыя, усякія. Каска адразу напомніла байцу пра варожае і агіднае.

Валока паморшчыўся, зноў прыслухаўся і агледзеўся. У куце за прыступкамі, на закіданай друзам падлозе, цямнела вільготная пляма, і чуваць было, як мерна капае недзе вада: кап-кап-кап. З трубы, пэўна, падумаў Валока і зноў паглядзеў на немца. Відаць, прытаміўшыся за ноч, той моцна спаў, і баец стаў напружана думаць у цішы, што яму рабіць далей.

Трэба вылазіць. Здаецца, ён здолеў бы сам як-небудзь выкараскацца адсюль — дзірка ёсць, — што яму цяпер немец! Хай спіць, а прачнецца — хай сам дбае; без яго Валоку спакайней, ды і бяды менш будзе. Толькі… Толькі хто там, наверсе? Страляніна, здавалася, яшчэ болей пашырылася — чутна стала і ў адным баку, і ў другім, раз за разам непадалёк гахнулі тры выбухі. Хто гэта? Нашы? А калі немцы? Калі немцы — яму будзе кепска з яго праламанаю галавой, а калі нашы — пападзе немцу. Нарвецца на якога аўтаматчыка, не паспее і рук падняць, як той прашые яго чаргой. Хлопцы ёсць бязлітасныя, у многіх свежыя раны ў сэрцы — усё можа стацца.

Не, прыйдзецца, відаць, разам — здаць Фрыца ў палон, і на душы будзе спакайней.

Так разважаючы, Валока сядзеў каля немца і азіраў таго, соннага, без асаблівай варожасці да яго і без вялікай прыязнасці. Уначы было інакш — ён бачыў толькі яго асветлены запальнічкаю, звычайны, як і ва ўсіх, чалавечы твар, — а цяпер перад ім сядзеў немец у прапыленым, з адарваным пагонам мундзіры, у нізкіх скураных ботах, побач валялася ягоная каска з арлом на баку, не хапала толькі нямецкага аўтамата. Валокаў ППШ ляжаў зводдаль, і баец па салдацкай звычцы пацягнуўся да яго рукой, зачапіў за почапку і павалок да сябе. Магазін заскрыгаў па жарсцвянаму долу, і немец, раптам абарваўшы мернае роўнае дыханне, прачнуўся.

Спачатку ён таксама, відаць, звянтэжыўся, залыпаў вачмі, а затым, пазнаўшы байца усміхнуўся і трохі здзіўлена азваўся:

— О, Іван, лебенд? Гут, гут.

Заўважыўшы, што Валока прыбраў сабе аўтамат, ён заклапочана варухнуў бровамі. У вачах адбіўся кароценькі неспакой, але ён зараз жа падавіў яго і зноў бадзёра, стараючыся як мага выразна вымаўляць кожнае слова, сказаў:

— Можна ідзі. Туда ідзі. Дзверы туда іх махен…

— Дзверы?

Валока хацеў усміхнуцца, але ў. галаве ўраз балюча кальнула, і твар яго зморшчыўся ў пакутнай грымасе.

— Болна?

— Ладна, — паморшчыўся баец. — Жывы будзем — не памром.

Ён не хацеў паказваць немцу свае слабасці — крый Божа, не застагнаць — і, дапамагаючы сабе рукамі, устаў на ногі. У галаве адразу закалола, перад вачмі расплыліся рудыя кругі. Ён асцярожна і з вялікай натугай выпрастаўся, але не прастагнаў, стрымаўся. Трошкі пастаяўшы так, аслабела ступіў па друзе да дзіркі ў куце. Фрыц хацеў падтрымаць яго, але Валока ўпарта адняў руку.

Кульгаючы, немец падаўся туды таксама, першы далез да дзіркі і зазірнуў угору; за ім узабраўся на друз і Валока. Яму балюча было закідваць голаў, і баец не змог паглядзець угору. У той час недзе паблізу пратрашчала чарга, другая, пачуліся галасы — нехта крыкнуў, пасля там, наверсе, загаварылі не ціха і не гучна, але так, што слоў разабраць было нельга. Валока сцяў сківіцы; немец, паўразявіўшы рот, з абвостраным неспакоем у шэрых вачах паглядзеў на байца. Яны нічога не сказалі адзін аднаму і на нейкі час замерлі пад тою праломінай. Зноў трывожнае, як подых пагібелі, пытанне «хто?» секанула па іх свядомасці.

Але гамонка наверсе спынілася — можа, людзі адбеглі-ся, а можа, замоўклі, — яшчэ праз хвіліну аднекуль здалёк данесліся доўгія кулямётныя чэргі. Нешта там адбывалася. З пачаткам новага дня ўсчыналіся новыя схваткі, і Валоку ахапіў неспакой.

— Трэба лезці, туды, наверх, — паказаў ён немцу. Фрыц зразумеў, коратка пацвердзіў:

— Я-я, — і, пакульгваючы, замітусіўся, шукаючы, што б падкласці, каб зручней было дабрацца да дзіркі. З некалькіх кавалкаў бетону ён склаў невысокі падмостак, прымерыўся — трохі было нізка, тады ён скульгікаў уніз, прынёс каску і паклаў яе наверх. Так можна было ўхапіцца за край праломіны.

Ён і сапраўды ўхапіўся і нават, прыўзняўшыся на руках, выглянуў, але ў нерашучасці апусціўся зноў. Зноў на імгненне сустрэліся іх вельмі сур’ёзныя позіркі, але ніводзін нічога не сказаў другому — абодва толькі слухалі, як прастор наверсе калацілі стрэлы, і стараліся як-небудзь угадаць, хто там. Толькі ўгадаць не было як.

Тады немец нахмурыўся, рашуча напяўся, скочыў, высіліўшыся на руках, упёрся здаровым каленам у край і апынуўся наверсе.

Некалькі секунд ён стаяў там, азіраючыся, а знізу на яго напружана глядзеў Валока. Баец з натугай трымаўся на нагах, у вачах хісталася наваколле, але цяпер — адчуваў ён — рашалася найбольшае, і ён з першай жа секунды не хацеў прапусціць яго. У Валокавай душы раптам узнялося нешта крыўдліва-пакутнае, нейкае адчуванне сваей аслабеласці, падумалася нават, — немец падасца адсюль, і ён застанецца адзін у гэтай яме. Валока адчуваў у сабе ўжо выразны зачатак прыхільнасці да гэтага незвычайнага ворага — цяпер ён быў яму гэтак патрэбны, як бывае патрэбны ў бядзе таварыш.

Толькі немец нікуды не бег. Ён пераступіў ботамі ля самае дзіркі, агледзеўся, з-пад абцасаў шархотка пасыпаўся ў склеп пясок, і затым з дзіркі ледзь не па локаць высунулася яго рука.

— Іван, шнэль! Быстра!..

Валока ўзлез на падмостак, падняў насустрач руку, але немец незадаволена пераступіў, махнуў кісцю — спярша ён збіраўся пераняць аўтамат. Баец зняў ППШ з пляча, бяздумна сунуў яму і раптам спалохаўся. Аутамат апынуўся ў немца, і Валоку — кароценька, на імгненне — здалося: абхітрыў! Аднак немец не збіраўся ў яго страляць, а з салдацкай беражлівасцю да зброі паклаў ППШ на дол і працягнуў у дзірку абедзве рукі.

Напяўшыся, Валока даў свае, немец моцна ашчаперыў іх, пацягнуў, баец упёрся ботам у сцяну, да болю сцяў сківіцы, каб не застагнаць, і бокам пераваліўся цераз край праломіны.

Так абодва яны апынуліся наверсе ў руінах вялізнага дома, канец якога, задраўшы ў неба ўцалелую тарцовую сцяну, стаяў, нібы агромністы помнік разбурэнням вайны. На сцяне другога ці трэцяга паверха коса вісела карціна ў пазалочанай раме, неяк трымаўся яшчэ пасечаны асколкамі габеленчык з ласямі; зачапіўшыся за нешта, тырчаў дагары нагамі ложак з металічнаю сеткай. У выбітым, недарэчным цяпер на выгляд, акне варушылася на ветры фіранка. Ад вуліцы гэтае месца адгароджвала другая сцяна, якая рухнула ўнутр дома і вялізнаю плахай касабочылася ўгору з-пад самых іх ног. Там, недзе за вуліцай, у праяснелым ужо ранішнім небе ціха краталіся верхавіны ліп, у скверы ля якога ўчора хаваўся ад бомбаў Валока.

Яны трошкі аддыхаліся, услухаліся: зноў стала выразна чуваць, як блізка на вуліцы, страляючы, беглі людзі. Данесліся і крыкі, толькі Валока не разабраў слоў, а немец, раптам устрапянуўшыся і размахваючы рукамі, кінуўся па друзе ўгору. Аднак бегчы ў ламаччы было не дужа зручна, ды ён яшчэ і кульгаў, але ўсё ж далёка адарваўся ад байца, які, ледзьве перастаўляючы ногі ў грудах цэглы, брыў следам. Фрыц першы дабраўся да таго месца, адкуль можна было саскочыць на вуліцу, выпрастаўся ўсёй сваёю паджарай постаццю на фоне нябеснае яснасці, і тады Валока вельмі выразна і непапраўна, як смерць, пачуў узрадаваныя галасы ворагаў:

— Хагеман! Хагеман! Ком! Ком! Хагеман!

Валока чакаў іх, увесь ранак быў гатовы на горшае, і ўсё ж у гэтую хвіліну яны абрынуліся на байца неспадзявана. Ён асеў у дол, а Фрыц, крутнуўшыся да яго на цагляным абрыве, з радасцю на раптоўна ажыўленым твары крыкнуў:

— Іван! Іван! Ком!

I памкнуўся скочыць, каб бегчы туды, куды звалі яго таварышы.

— Стой! — не так гучна, але з няскоранай рашучасцю прамовіў Валока. — Стой!

На момант на немцавым твары мільганула разгубленасць, нават боль, а можа, спалох, затым ён узмахнуў у паветры рукамі і знік па той бок руін.

Валока таксама на момант быццам самлеў, разгубіўшыся ад такой нечаканасці, а затым, не зважаючы на сваю знямогу, прыпадаючы на рукі, бягом кінуўся наверх, туды, дзе знік Фрыц.

Хагеман далека не адбег, вуліца таксама скрозь была завалена рэшткамі дамоў, і ён пералазіў цераз цагляныя глыбы якраз пад тым месцам, дзе з’явіўся Валока. Насупраць, па-над чыгуннай агароджай скверыка, адстрэльваючыся і прыгінаючыся, беглі немцы.

— Стой! — крыкнуў Валока, убачыўшы яго. — Фрыц! Стой!

Немец аж скалануўся ад яго голасу, прыўзняў галаву — твар яго, здалося Валоку, зморшчыўся, нібы ад болю. I немец на момант спыніўся, зірнуў на байца, затым — на скверык, дзе немцы — усе, колькі іх было, — прымарудзілі хаду, некаторыя выпрасталіся, здзіўлена ўгледзеліся ў іх двух. Але гэта толькі на імгненне. Зараз жа там загаварылі, і зычны камандзірскі голас, як бізуном, ляснуў па руінах:

— Хагеман, ком! Шыссен!

Фрыц кульнуўся цераз глыбу, што перагароджвала яго шлях да сваіх, а Валока, адчуўшы, што зараз усе скончыцца, але ўжо не думаючы пра сябе, а толькі з усяе свае ўпартасці не жадаючы аддаць ворагам гэтага чалавека, стрыкнуў па-над ім чаргою. Кулі з пералётам і недалётам у розных месцах абсыпалі навокал яго руіны.

Тады немец яшчэ раз ускочыў, крутнуўся, зірнуў угору на Валоку — у яго вачах адбіўся ўжо страх і азвярэлая лютасць чалавека, у якога не было выйсця. Баец, сцяўшыся, упаў між ламачча, не зводзячы з немца позірку, і ўбачыў, як той ліхаманкавым рухам выхапіў нешта з кішэні, ірвануў другою рукой і, коратка размахнуўшыся, шпурнуў у яго. Яно, гэтае невялікае і імклівае, чорнаю птушкай мільганула ў ранішнім небе і, не даляцеўшы да Валокі, гулка-коратка шчоўкнула.

«Граната!» — чамусьці са спазненнем бліснула здагадка, і Валока, адчуўшы канец і не маючы ні сілы, ні якое магчымасці ўратавацца, ірвануў да пляча аўтамат.

Чаргі ён, невядома чаму, не пачуў, у нейкую долю секунды згледзеў толькі, як апруцянела хіснуўся Фрыц Хагеман, і ў той жа час вышэй ад Валокі, ударыўшыся ў прасценак, аглушальна рванула граната. Гарачы імпэтны ўдар сцебануў яго па плячы, і зараз жа ўсё патанула ў пыле, які ўдушлівым воблакам накрыў байца.

Пыл яго і выратаваў.

Валока адчуў, як немцы ўдарылі з аўтаматаў, некалькі куль раскрышыла цагліны побач, але ён, прыгнуўшыся, з раптоўным спрытам ірвануўся назад, упаў, ускочыў зноў, перакаціўся цераз вялікі зломак, аббег глыбокую варонку, з якой яны толькі што вылезлі, і, запаволіўшы хаду, выбраўся з руін на закіданы друзам падворак. Па дарожцы, вымашчанай бетоннымі пліткамі, дабег да шнурка нейкай калючай загарадзі, прадраўся праз яе гушчар і, падлезшы пад прадраную драцяную сетку, апынуўся ў нейкім вузенькім незнаемым правулку.

Яго адразу ледзьве не збілі з ног хлопцы-аўтаматчыкі. Гучна ляскаючы падэшвамі, яны шалёна беглі некуды, — мабыць, напярэймы тым немцам, што адступалі ля сквера. Задні страхавіта зірнуў на яго скрываўленую галаву, але змоўчаў, не сказаў нічога. Ён быў знаёмы, гэты хлапец з рабацінкамі на пераноссі і яснымі насцярожанымі вачмі, але Валока не здолеў прыпамятаць, дзе ён бачыў яго, і адчуў, як забалела параненае плячо.

Правулак быў вузенькі і зусім пусты. Валока паглядзеў у адзін канец яго, у другі і, сцяўшы пад пагонам рассечанае асколкам плячо, хістаючыся, пайшоў туды, адкуль беглі аўтаматчыкі. Угары, у ясным вясновым небе, бахала, сіпела, калацілася гулкае рэха бойкі.

«Што ж гэта? Як жа гэта?» — толькі цяпер акрэслілася ў яго галаве яшчэ няўцямная думка-здзіўленне. Узрушаны і змардаваны, ён нечага ніяк не мог сцяміць ці, можа, не мог чагосьці ўспомніць — разгарачаным нутром ён толькі адчуваў, што сталася вялікая, яшчэ не ўсвядомленая да канца несправядлівасць, перад магутнаю сілай якой і ён, і Фрыц Хагеман былі бездапаможнымі. I яму было вельмі пакутна ад таго і хацелася завыць ад крыўды, якая ашчаперыла і душыла яго.

1961 г.

 

 

Байкі жыцьця
Трыпціх
1. СТРАХ
2. СЬМЕХ
3. ЖАХ

1. СТРАХ

Самай шаноўнай сьвятыняй у гэтай краіне з часоў векапомнай даўніны быў невялічкі, упрыгожаны маляўнічым росьпісам ды інкрустацыяй керамічны гаршчэчак, у якім захоўваўся Страх.

Страху таго з простых сьмяротных ня бачыў ніхто. Дзень і ноч яго ахоўвалі пяць чалавек сьвятароў і пяць ваяроў, і ўсе ведалі пра яго незвычайную страхавітую сілу. Менавіта з тае прычыны людзі тамтэйшага краю і зваліся страхавітамі. Некалі за керамічны гаршчэчак біліся ў двубоі галоўны сьвятар племя і ягоны супернік — ваяр. Ведама ж, перамог сьвятар, бо ён ужо валодаў Страхам, а ягоны супернік — толькі мячом. Але меч — слабы сродак перад магутным Страхам.

Імя галоўнага сьвятара, які ўзяў на сябе ўсю ўладу ў краіне, было Галабурдахам. Пасьля сваёй перамогі ён яшчэ больш, чым раней, усталяваў культ Страху. Зь ягонага загаду ў самым цэнтры сталічнага паселішча збудавалі мармуровы палац — для яго самога і для Страху. Была створана адмысловая сотня з ваяроў, сьвятароў і таемнікаў, якія дбалі пра бясьпеку Страху і Валадара заадно. Сярод улады і падуладных на той час запанавалі мір і згода, ніхто не адважваўся выступіць супраць Галабурдахама. Ніхто ня мог пра тое нават падумаць — такая вялікая была пераканаўчая сіла Страху. Калі здараліся якія непарадкі ў правінцыях, напрыклад, недабіралі падаткі, туды скіроўвалі ўзброеную каманду, вядома ж, у суправаджэньні магутнага Страху, і падаткаў зьбіралі нават больш, чым было патрэбна. Аднойчы ўзьнік памежны канфлікт з суседняй дзяржавай і пачаліся перамовы, якія трывалі чатырнаццаць тыдняў запар. І ўсё бяз выніку. Тады Валадар Галабурдахам скіраваў туды свайго сілавога міністра са Страхам у вазку. Перамовы хутка скончыліся з посьпехам для страхавітаў.

Правіцелі краіны на чале з мудрым Галабурдахамам вырашылі збудаваць для Страху яшчэ лепшы, надзвычайны архітэктурны ансамбаль побач з ранейшым, які цалкам заняў Валадар. У дзень пераносу Страху ў новую шыкоўную будыніну далі салют з 101 гарматы. Той дзень быў названы Днём Дзяржаўнага Страху — галоўным сьвятам дзяржавы.

Зь цягам часу сама сабою склалася адмысловая нацыянальная ідэалёгія, заснаваная на дактрыне Страху. Усе зьявы і ўчынкі ўспрымаліся і расцэньваліся цяпер паводле старажытных законаў Страху. У філязофіі запанаваў накірунак страхалёгіі, які неўзабаве саступіў месца страхафіліі. Ідэальным грамадзянінам стаў страхавіты грамадзянін, які ўсяго баяўся. Менавіта такі вобраз запанаваў у тэалягічнай літаратуры і мастацтве графіці. Рэлігія страхалюдзтва стала надзвычай папулярнай сярод вернікаў і займалася адкармленьнем іх у духу бязьмежнага, богададзенага Страху. Пабудавалі безьліч храмаў, малельняў і нават даволі добраўпарадкаваных на маляўнічай прыродзе летнішчаў-скітаў з саўнамі. Гэтыя апошнія былі вельмі папулярныя сярод вернікаў усіх саслоўяў ды асабліва — іерархаў. Казалі, з тае прычыны, што ў найбольшай меры адпавядалі патрабаваньням ідэі Страху.

Між тым, дзяржаўнае бытаваньне доўжылася; адзін за адным мільгалі гады ўладараньня дынастыі Галабурдахама. Прамільгнулі таксама дынастыі Парастурфуджына 1, 2 і 3. Парастурфуджын 4 перайменаваў сябе ў Страхалюда Першага, так было болей звыкла, а краіну — у Страхалюдыю. І слушна зрабіў, бо за шмат гадоў уладараньня пад эгідай страху людзі амаль страцілі ўсе ранейшыя антрапалягічныя рысы і набылі зусім новыя. Найперш у краіне даўно ўжо ніхто не сьмяяўся, нават перасталі ўсьміхацца; весялосьць успрымалася як блюзьнерства. Самым мілым выразам дзявочага твару стаў выраз спалоху. Старыя ж людзі за сваё доўгае жыцьцё выхавалі на тварах такі жахлівы выраз, які выклікаў дрыжыкі. Менавіта тое і патрабавалася. Самых лепшых у гэтым сэнсе ўзнагароджвалі і шанавалі. Узьнікла і пасьпяхова разьвівалася музычнае і пясьнярскае мастацтва ў стылі страх-мадэрн, — калі ад музыкі са сьпевамі ў слухачоў валасы на галаве станавіліся дыбарам. Гэта вельмі падабалася ўладам і вэтэранам-доўгажыхарам.

Навука таксама не стаяла на месцы, плённа разьвівалася пад узьдзеяньнем жыватворных страхавітых ідэяў. Пісаліся манаграфіі пра сакральную структуру Страху, ягоную мэтафізычную сутнасьць. Вучоныя ўпарта дасьледавалі таямнічы ўплыў славутага гаршчэчка на стан атмасфэры і стратасфэры, сувязь яго нябачных выпраменьваньняў з пэрыядычнасьцю плямаў на сонцы. Аграрыі вельмі дакладна ўстанавілі, як дабратворна ўзьдзейнічае Страх на вэгетацыю расьлінаў, асабліва такіх як кукуруза і бульба. Палітолягі вывелі залежнасьць палітыкі Валадара ад сакральнага ўплыву Страху. Было пераканаўча даказана, што ўсе пераможныя акцыі ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы цесна ўвязваліся ім зь інфэрнальным выпраменьваньнем Страху. Аднак жа сакрэт палягаў у тым, што сэнс тае інфэрнальнасьці быў даступны толькі Валадару, у якога меўся на тое маленькі чорны сакваяжык. У краіне знайшлі шырокае разьвіцьцё рознага кшталту навукі — парапсыхалёгія, кабалістыка і асабліва — астралёгія. Гэтая апошняя першай вывучыла астральную прыроду Страху і пачала рабіць самыя падрабязныя прагнозы ва ўсіх галінах жыцьця. Прагнозы былі заўжды спрыяльныя для краіны і асабліва для яе Валадара, якому наканавана было валадарыць сорак саракоў гадоў. Валадар быў задаволены і прызначыў Астроляга прэзыдэнтам Акадэміі паранавук, якая ў той год была адчынена. Першым актам Акадэміі стала распрацоўка новай канстытуцыі — Канстытуцыі Вялікага Страху, якую прынялі ў 996 годзе.

Але каб пачуцьцё страху перамагло ў масах канчаткова, трэба было выкараніць антыномнае пачуцьцё. І ў краіне быў прыняты новы крымінальны кодэкс аб адказнасьці грамадзянаў за ненарматыўныя паводзіны — сьмех, усьмешку, беспадстаўныя жарты. А таксама за ганебныя праявы адвагі. За адвагу ў абароне таварыша ад зьвяроў давалі тры гады турмы, ад жонкі — пяць гадоў. Але асаблівая кара прызначалася тым, хто адважваўся бараніць каго б там ні было ад замаху ўлады. Такія падлягалі пажыцьцёваму зьняволеньню. За абразу Яго Вялікасьці Страху, вядома ж, належала сьмяротная кара.

Натуральна, ня ўсё ішло гладка, часам у вялікай краіне ўзьнікалі непаслушэнствы і нават ерасі. У сярэдзіне стагодзьдзя ледзьве ня стаўся раскол. Гэта калі пэўная частка сьвятароў запрапанавала пашырыць ідэю страху і на адносіны да свойскай жывёлы. Каб шчанюкоў, ягнят, жарабят выхоўваць, жорстка караючы, у атмасфэры жывёльнага страху. Але тады аказалася, што ў гэткай атмасфэры козы, аслы ды сабакі або здыхаюць, або ўцякаюць у цёмны лес, дзе іх цяжка знайсьці. Мусіць, і праўда, жывёла — не чалавек, яе не перавыхаваеш страхам. Гаспадары і цэлыя гаспадаркі трывалі страты, некаторыя правінцыі нават спазналі голад. Гэта патрабавала ад вярхоўнай улады радыкальных мераў. У правінцыю Страх-Пут выехаў валадар Страхалюд XII зь вялікім аддзелам войска. Ён жа павёз з сабою і Страх. Страх везьлі на багата ўбранай калясьніцы, у якую было запрэжана 12 чорных коней пад залатымі накідкамі. І пасьля таго як бунтаўнікі былі абкружаныя войскам і перад імі вынесьлі Страх, тыя капітулявалі. Страхалюд XII вярнуўся ў сталіцу пераможцам і быў урачыста сустрэты ўдзячным народам. Канечне, грамадзяне шанавалі Валадара, яго розум і сілу, але ж разумелі, што сваёй перамогай ён найперш абавязаны Страху.

Яшчэ адну вялікую перамогу здабыла дзяржава ў яе застарэлым канфлікце з суседзямі — дурнымі сьмехавітамі, рэлігіяй якіх была весялосьць. Страхавіты хутка заваявалі гэтую невялікую, кепска арганізаваную краіну. Але неўзабаве было заўважана, што пераможаныя ня надта з таго турбуюцца, бо жывуць нашмат лепш за пераможцаў. І грошай у іх больш, і хлеба, і жывёлы. Яны нават п’юць віно, што было зусім незразумела. І ніхто ў іх нікога не прымушае набываць зь дзяцінства спалоханы выраз твару, кожны сьмяецца, колькі захоча. Нават мае права голасна рагатаць.

Не заўсёды ў жыцьці ўсё адбываецца, як хочацца, нават Валадару. Каб Страхалюд XII ведаў гэта, ён бы не заваёўваў тую бязладную краіну. Сталася так, што амаральныя ідэі пераможаных сьмехавітаў сталі пранікаць у краіну страхавітаў — сьпярша праз войска, а затым — праз гандлёвыя сувязі. Іх падхапіла найперш няўстойлівая частка грамадзтва, — недастаткова выхаваная ў страху моладзь. Раптам некаторыя зь яе ўпадабалі вясёлыя песьні суседзяў і нават пачалі іх сьпяваць. А тады ва ўжытак пайшло віно і тытунь, што ўвогуле было жахліва. І хоць на барацьбу з заганамі змабілізавалі ўсе сілы дзяржавы — ад войска да грамадзкіх памагатых — сексотаў, стукачоў, таптуноў — карысьці было мала. Нягледзячы на суды, затрыманьні, арышты і суровыя выракі, жахлівыя парушэньні прававернай маралі і этыкі не спыняліся. Патрабавалася яшчэ вышэй падняць ролю Страху, ягоных жыватворных ідэяў. Наблізіць іх да народу.

Тады Валадар краіны за кароткі тэрмін пабудаваў у сталіцы вялізны 50-сажневы ансамбаль, які завяршаўся ўгары мармуровым порцікам са зьмешчаным у ім пазалочаным гаршчэчкам Страху. У сонечны пагодны дзень ягоныя выпраменьваньні можна было бачыць далёка за межамі Страхалюдыі. Былі ўстаноўленыя сто прэміяў музыкам, мастакам і пісьменьнікам, якія з найбольшай сілаю ўвасобяць у творах залаты воблік Страху. Ужо праз паўгоду роўна сто творцаў былі ганараваныя прэміямі, іх мармуровыя бюсты выставілі ўздоўж алеі гарадзкога парку культуры і страхалюдзтва. Мяжу зь сьмехавітамі абсталявалі дванаццацімэтровай жалезнай заслонай. Перасякаць яе мелі права толькі асабліва ўстойлівыя да сьмеху людзі, якім перад паездкай рабілі ін’екцыю сыроваткі суму. І тым ня менш, падрыўная ідэалёгія і яе матэрыяльная культура шырока пранікалі ў краіну суму і страху. Празь недагляд цэнзараў у друку зьявілася публікацыя аднаго эканаміста, нібыта вясёлы працаўнік болей прадукцыйны за сумнага, — гэткай ерасі ў краіне не было ўжо амаль два стагодзьдзі. Аўтара публікацыі, натуральна, выслалі за мяжу, дзе яго хутка забілі ягоныя ж аднадумцы. Некаторыя, праўда, казалі, што забойства было справай рук страхавітых спэцслужбаў. Але то быў варожы паклёп.

Валадар краіны Страхалюдыі вельмі ўстрывожыўся і ўсе страхавіцкія сілы кінуў на барацьбу з падрыўной ідэалёгіяй. Каб ідэя страху дзейнічала больш эфэктыўна, ён увёў сьмяротную кару нават за самы дробны амаральны ўчынак, калі той выклікаў сьмех. Злачынцаў стала звыш усялякай меры. Асабліва калі ў краіне пачаўся эканамічны спад, а затым крыза, і ня стала чаго есьці. Дайшло да таго, што аднойчы ў сьвяточны дзень на галоўнай плошчы сталіцы сабралася дэманстрацыя за права есьці. (Гэтыя нечуваныя раней прэтэнзіі на нейкія там правы таксама былі кантрабандай увезеныя з краіны сьмехавітаў). Валадар абкружыў войскам плошчу і перад сьвятыняй Страху наладзіў дэманстрантам крывавую лазьню. Былі сотні забітых і яшчэ болей параненых. Улады той лік перабольшылі ў дзясяткі разоў — у адпаведнасьці зь сьвятой і непарушнай ідэяй Страху. І падзейнічала. Усе ўбачылі, што Страх па-ранейшаму мае сілу і не абы-якую. Пачаліся размовы, што ня варта супраць яго выступаць, што перамогі ўсё роўна ня будзе, што трэба шукаць кансэнсус з Валадаром. Страх непераможны, бо ў ім ёсьць нейкая неспазнаная сатанінская сіла. Гэта ўвогуле было падобна на праўду. І ўсё адно людзі хацелі есьці, а есьці не было чаго. Даведзеныя да адчаю, яны ўжо нікога ў краіне не баяліся — ні спэцфармаваньняў, ні тайнай паліцыі, ні Валадара, — яны толькі не маглі перамагчы ў сабе прыроджанае, геннае пачуцьцё Страху. Гэта, між іншым, выдатна разумеў і Валадар, які старанна ўдасканальваў сьвятыню. Група ляўрэатаў-інжынэраў спраектавала на плошчы цэлы інжынэрна-тэхнічны комплекс вакол п’едэсталу Страху. Порцік наверсе пакрылі бранявым каўпаком, наладзілі лазэрнае забесьпячэньне зь нябачным, але дужа эфэктыўным выпраменьваньнем — у інтарэсах бясьпекі. У космас запусьцілі адмысловы спадарожнік Страху, які дзень і ноч круціўся над плошчай, адганяючы ад яе нават вераб’ёў; тыя зь іх, што перасякалі па-дурному мяжу, адразу ж мёртвымі падалі на брук. У сутарэньнях на глыбіні ста і больш мэтраў сядзелі дзяжурныя апэратары, — утыкнуўшыся ў свае экраны, яны пільнавалі комплекс ад магчымай дывэрсіі.

І тады ў горадзе паявіўся Мірон.

Гэта быў малады хлапец родам з самай галоднай правінцыі, ён валодаў неверагоднымі здольнасьцямі. Вырасшы ў лесе, мог узьлезьці на самае высокае дрэва, нават на голы ствол пальмы. Як ён тое рабіў, ніхто ніколі ня бачыў. Звычайна яго заўважалі, калі ён ужо быў наверсе і шпурляў адтуль какосавыя гарэхі, якія вясёла падбірала дзятва. Характарам ён быў свавольнік.

І вось аднойчы па горадзе панесьліся чуткі, што на плошчы ў паўдзён адбудзецца штось неверагоднае. Людзі зранку пачалі зьбірацца да плошчы; блізка да ансамблю Страху не пушчала ахова. Здаля людзі назіралі, любаваліся зіхаценьнем залатога порціку, у якім зьзяў непераможны, сьвятарны Страх. Улады, вядома ж, не гублялі пільнасьці, узмацнілі ахову. Сотня закамуфляваных у жабскі колер «гарылаў» сачыла за публікай. Перад экранамі ў сутарэньнях гарбаціліся дзяжурныя. У дывэрсію ці сабатаж мала хто верыў — гісторыя краіны яшчэ ня мела выпадку, каб нехта пераадолеў вялікі татальны Страх або самохаць наблізіўся да яго.

Але во ў паўдзён, як гадзіньнік на крэпасьці адзваніў 12 разоў, усе зь перавулкаў, вуліц, дахаў і вокнаў згледзелі, што ля залатога порціку паявіўся чалавек. У сьветлай сарочцы, бяз шапкі, стаіць і штосьці махае ўсім унізе. І нават крычыць штось — зусім, аднак, ня сумнае.

Людзі не разумелі, што адбываецца. Не разумела ахова, якая замітусілася ў паніцы. З завулкаў, ад сквэру і палацу Валадара на злыдня нацэлілі рулі дывізіёны «Градаў», «Тунгузак», сотні руляў АК. Але ніхто не адважваўся пульнуць, бо там жа была сьвятыня — Страх. А хлопец тым часам штосьці там пакалупаўся, нахіліўся, і ўсе ўбачылі, як зьверху, куляючыся, бы какосавы арэх, ляціць уніз знаёмы кожнаму са школьных падручнікаў гаршчэчак Страху. Дапяўшы бруку, той з грамавым ляскатам разьбіўся на дробныя аскялёпкі.

Пасьля сэкундавага палярушу ўсе, хто быў блізка, кінуліся да тых аскялёпкаў — ці ацалеў хоць Страх? Ды дзе там — не аказалася ніякага Страху. Сярод груды аскепкаў ляжала на камянях жменька нейкай рудой зямлі — і ўсё. Калі, можа, гэта і быў некалі Страх, дык яго даўно стачылі мурашкі. А можа, ніколі й не было ніякага страху. Першы, умомант звар’яцеўшы, гучна зарагатаў, бы стары мул, начальнік валадарскай аховы, гарылападобны палкоўнік. За ім зьдзічэла, па-вар’яцку заіржалі яго падначаленыя — падпалкоўнікі, маёры, капітаны, лейтэнанты і прапаршчыкі, тайныя і яўныя сексоты, стукачы і таптуны, ахоўнікі. У дзікім істэрычным рогаце зайшоўся ўвесь зблытаны, перамяшаны, шматслоўны галодны люд. Людзі сьмяяліся, абдымаліся, рагаталі, сьцяміўшы, што доўгае валадарства страху скончылася.

Да пачатку новага валадарства — Сьмеху — заставалася небагата часу. Ды людзі ня ведалі пра тое.

2. СЬМЕХ

На трэці дзень, калі грамадзяне больш-менш угаманіліся ад радасьці вялікай перамогі, было абвешчана, што кіраўніком дзяржавы робіцца той самы тоўсты палкоўнік, які першым засьмяяўся над паразай страху. Газэты пісалі пра «подзьвіг самага адважнага вайскоўца, грамадзяніна краіны». Першым дэкрэтам новага кіраўніка стала асуджэньне страху і запачаткаваньне барацьбы зь ягонымі наступствамі. У гарадах і вёсках выяўлялі плаксівых і напалоханых і бязьлітасна асуджалі іх. Упартых саджалі ў турмы — асабліва тых, хто не хацеў сьмяяцца, а тым болей, плакаў ад жалю па звыклым і любым страху. Мірона таксама пасадзілі, бо выявілася, што ён ня ўмеў сьмяяцца і нават адмовіўся вучыцца тое рабіць. Патомныя страхавіты ў масавым парадку пераходзілі ў стан сьмехавітаў. Самыя спрытныя зь іх сьцьвярджалі, што нават і ў змрочныя часы страху часьцяком сьмяяліся. Хто — зачыніўшыся ў прыбіральні, хто — на ўласнай кухні, хто — у сьне. І тое была праўда.

Сьмех паступова, але няўхільна рабіўся нацыянальнай ідэалёгіяй, урэшце абвешчанай у адмысловым дэкрэце кіраўніка дзяржавы. З нагоды абвяшчэньня на цэнтральнай плошчы адбыўся грандыёзны мітынг. Там жа на былым п’едэстале страху была ўстаноўленая постаць Сьмеху — мармуровая скульптура прывабнай дзяўчыны, якая аж кладзецца ад неспатольнага сьмеху-рогату. У горадзе адчыніўся ўнівэрсытэт сьмеху, дзе вывучаліся ягоныя аспэкты — псыхалягічны, фальклёрны, паліталягічны. У школах былі ўведзеныя ўрокі сьмеху (замест літаратуры і матэматыкі), якія вельмі падабаліся вучням. Зьявіліся першыя вучоныя — важныя профі ў галіне новай стваральнай навукі — сьмеху. Спакваля ў краіне распладзілася мноства ансамбляў сьмеху і весялосьці, якія, добра зарабляючы, езьдзілі па гарадах і электрамузыкай сьмяшылі публіку, асабліва моладзь. У іншых мясьцінах выступалі вучоныя-лектары, што распавядалі, як хутка добра будуць жыць людзі, што выклікала няспынны рогат у залі, і вучонаму добра плацілі. Усё тое надта падабалася, асабліва моладзі: канцэрты і лекцыі сьмеху часам доўжыліся да ранку. Вядомы пісьменьнік, патрыярх айчыннай літаратуры, нядаўні апалягет страху, стаў ня меншым апалягетам сьмеху і і напісаў новы раман, трохі гульліва названы «Хі-хі». Праўда, жаданы аптымізм аўтара ня спраўдзіўся: адмысловыя літаратуразнаўцы (вядома ж, у штацкім) знайшлі між радкоў замаскаваныя прыкметы страху, і аўтар быў падвергнуты грамадзкаму астракізму. Ён перастаў змушана ўсьміхацца і неўзабаве памёр. Па-людзку пахаваць яго не было за што.

Увогуле ж справа сьмеху ў дзяржаве разьвівалася добра. Арганізацыямі ды гурткамі была ахопленая ўся краіна — уся краіна заўзята сьмяялася.

Усё было б добра, калі б не адна неспадзяванка — стала не хапаць ежы. Сьпярша паасобныя грамадзяне, а затым гаспадаркі і цэлыя калектывы, захапіўшыся сьмехам і весялосьцю як асноўным спосабам існаваньня, амаль перасталі працаваць і адно — сьмяяліся. Але праваахоўныя органы супраць іх не маглі ўжыць аніякіх мераў, бо ўсё было законна. Незаконным быў страх і сум, супраць якіх міліцыянты, судзьдзі і пракуроры прымалі самыя жорсткія меры. Аднак парушэньняў закону ня менела, ад нялёгкага жыцьця нават стала большаць. З падачы органаў правапарадку кіраўнік дзяржавы ўгледзеў у гэтым небясьпеку для існаваньня дзяржавы і вырашыў узмацніць барацьбу зь перажыткамі страху. Але якім чынам? Было вызначана, што ў гэтай справе больш прыдатныя мэтады страху. Філёзафы пачалі казаць пра дыялектычнае разьвіцьцё папулярнай ідэі — дзеля аб’яднаньня нацыі, натхненьня яе на барацьбу за лепшае жыцьцё, калі нікога ня трэба будзе прымушаць сьмяяцца, а ўсе стануць сьмяяцца самахоць, ад душы. А пакуль што, сьцьвярджалася ў законе, трэба прымушаць сьмяяцца, не зважаючы ні на што, адно — у інтарэсах дзяржавы.

Тым ня менш, сьмяяцца людзям хацелася ўсё меней, часьцяком хацелася плакаць.

Уся рэч у тым, што жыцьцё сьмехавітаў катастрафічна пагаршалася — да недахопу харчу прыбавіўся недахоп адзеньня, абутку, паліва і гарэлкі. Зімой у кватэрах было надта халодна, купіць паліва ня мелі за што. З-за недахопу лекаў дактары пачалі шырока лячыць мэтадамі сьмехатэрапіі, але той мэтад чамусьці мала памагаў хворым, якія паміралі плачучы, што было недапушчальна. Ды й дактары перасталі сьмяяцца. Тады ўрад пайшоў на паслабку рэжыму сьмеху. Для некаторых катэгорыяў насельніцтва ўводзіліся прывілеі. Было дазволена плакаць тым з намэнклятуры, каго зьнімалі з пасады (адзін плач у месяц); жанчыны-вэтэраны органаў мелі права на 2-3 плачы ў квартал. Плач і нават публічны сум катэгарычна забараняўся працаўнікам праваахоўных органаў, міліцыі і вайскоўцам. Выключэньне рабілася толькі для бацькоў вайскоўцаў, якія атрымлівалі «груз-2000», і то на працягу аднаго дня з часу атрыманьня грузу.

Але харчу ўсё ня большала. Абставіны ўскладніліся яшчэ й тым, што заходнія высокаразьвітыя краіны перасталі даваць крэдыты. Замест крэдытаў яны разгарнулі ў сваіх СМІ паклёпніцкую кампанію, галоўным накірункам якой стала сьцьверджаньне, што ў краіне сьмехавітаў усе зьехалі з глузду. Гэта, вядома, было нечуванай абразай нацыі, кіраўніцтва, дыскрэдытацыяй вялікай сьмехатворнай ідэі. Урад угледзеў у тым непрыкрытую варожую вылазку і прыняў рашэньне ўзмацніць узброеныя сілы. Першай і галоўнай мерай стала прысваеньне вялікай групе афіцэраў званьня палкоўніка, а палкоўнікам — генэрал-палкоўніка. Усе іншыя, прамежкавыя званьні, былі зьліквідаваныя як непатрэбныя. Тое дужа спадабалася вайскоўцам. Па колькасьці генэрал-палкоўнікаў войска краіны пераўзышло арміі самых разьвітых краінаў Захаду. Гэта быў несумнеўны і вялікі посьпех!

Есьці яшчэ ўбавілася; ня стала хапаць жыльля — нават для генэрал-палкоўнікаў. А калі ў каго й было жытло, дык не ставала добраўпарадкаваных летнішчаў, што выклікала вялікае напружаньне ў грамадзтве, якое часам аж пераставала сьмяяцца. Не хапала таксама грошай, бэнзыну, транспарту. Ды сьмехавіты ня скардзіліся, адно сьмяяліся, разумеючы, што калі не задаволіць вайскоўцаў, дык тыя не абароняць ад ворагаў, якія ўсіх сьцяруць у парашок і панішчаць іхную самую жыватворную ідэю сьмеху.

Але так думалі, мабыць, ня ўсе. У сталічным горадзе пачалі ўтварацца падпольныя групы, названыя дысыдэнцкімі, якія выпрацоўвалі альтэрнатыўныя ідэі — таго ж сьмехатворнага кшталту, але не з вар’яцкім — з чалавечым тварам. Твар у некаторых падпольных выявах ужо не нагадваў ні чалавека спалоханага, ні чалавека-вар’ята, а меў нешта сярэдняе і па-навуковаму называўся гома-сапіенс. Гэта быў ідэал. А ідэал належала ўвасобіць, для чаго дысыдэнты сабраліся аднойчы ў сьвяточны адвячорак на прыватнай кухні і стварылі падпольны (ценевы) урад. Як кожную важную справу, тое належала абмыць, што і было неадкладна зроблена. У добрым настроі ўрадоўцы вярталіся дадому, але адзін зь іх (старшыня ценевага ўраду), што вёз сьпіс у кейсе, задрамаў у тралейбусе і згубіў кейс. На другі дзень урад у поўным складзе быў арыштаваны.

Падзеі ў краіне сьмехавітаў не на жарт затрывожылі суседзяў, якія ўсялякімі сродкамі пачалі падахвочваць сьмехавітаў да барацьбы за свае грамадзянскія правы. Сьпярша сьмехавіты надта зьдзівіліся, але паступова ўсьвядомілі сваё першае права — на сум. Натуральна, дамаганьне такога права ў краіне законнага канстытуцыйнага сьмеху было расцэненае ўрадоўцамі як крамола і прыроўнівалася да дзяржаўнага злачынства — замаху на галоўнага кіраўніка краіны ці да абрабаваньня банку. Шмат маласьвядомых грамадзянаў з праваабарончых арганізацыяў, творчых саюзаў і моладзі пацярпела за сваю крымінальную схільнасьць да суму. (Дарэчы, той сум яны здабылі ў часе галадоўкі ў карцары, дзе сум не прысякаўся — сумуй, колькі хочаш. Карцар быў адзіным дазволеным месцам суму ў дзяржаве, чым арыштаваныя ахвотна карысталіся.) Дзіўна, што нават сьмяшлівая моладзь часам стамлялася ад казённай весялосьці і час ад часу адчувала патрэбу пасумаваць. Але такіх хутка выключалі з унівэрсытэтаў, датэрмінова заганялі ў войска, дзе славуты «інстытут дзядоўства» хутка мяняў сьмех на сьлёзы. Пры адсутнасьці паліторганаў «дзяды» вельмі дапамагалі камандзірам выхоўваць падначаленых у атмасфэры аптымістычнага патрыятызму.

А тым часам есьці ў краіне зусім ня стала чаго. Было зразумела, што галоўная нацыянальная ідэя не працуе, што прыйдзецца шукаць новую. І тады вынайшлі ідэю часовую, якая мела выдатную пэрспэктыву стаць фундамэнтальнай. Яна ня толькі не адмяняла ранейшую, але ўзьнімала яе на новую вышыню — што было надта важна. І ўрад кінуў увесь дзяржаўны бюджэт на вытворчасьць гарэлкі.

Гэта сапраўды выклікала небывалы народны ўздым. Народ усё зразумеў і прыняў бяз словаў — што значыць навуковая беззаганнасьць ідэі. На мітынгах у гарадах і вёсках прамоўцы гаварылі пра новую культурна-псыхалягічную рэвалюцыю ў краіне, пра яе лёсавызначальны сэнс. Гарэлкай бясплатна забясьпечвалася кіраўніцтва, пасьля вэтэраны-пэнсіянэры (пры норме 1 бутэлька на 1 дзень), пасьля ўсе астатнія, уключаючы немаўлят. Сем’і, у якіх было шмат дзетак, раскашавалі як мае быць — і дарослыя, і дзеці ўвесь дзень пілі і рагаталі, астатні час спалі і пахмяляліся. І дзякавалі ўладзе, галоўнаму кіраўніку і мясцовым вэртыкальшчыкам, якія займелі адзіны пільны клопат — забясьпечыць самыя глухія куткі краіны сьвежай гарэлкай. Гэта належала рабіць без пасярэднікаў-злыдняў, якія нахабна заніжалі градус. Сацыялягічны інстытут, які правёў апытаньне (было ахоплена 100% насельніцтва) выявіў небывалы паказчык тых, хто ўхваляў новую палітыку ўраду, — 100%. Папулярнасьць кіраўніка-палкоўніка стала такая, што ўрад надаў яму чын Вялікага Каудыльё.

Але заставалася нявырашанай адна застарэлая праблема, якая вынікала з тае аксіёмы, што, выпіваючы, трэба закусваць. Закусваць не было чым; праўда, вучоныя пачалі прапагандаваць новы спосаб ужываньня алькаголю. Спасылаючыся на перадавыя заходнія краіны, яны даказвалі магчымасьць выпіваючы не закусваць; некаторыя даводзілі, што есьці наогул шкодна для здароўя. Але тыя рэкамэндацыі кепска ўспрымаліся насельніцтвам. Дайшло да таго, што некаторыя зь несьвядомых грамадзян (пераважна жанчыны) пакрысе пачалі адмаўляцца піць. Пачуліся нават размовы, нібыта малако было болей карыснае, асабліва для дзетак. Але калі б малако было болей карыснае, дык бы яно было і даражэй. А так з усіх харчовых тавараў гарэлка мела самы вялікі кошт. Вядома, то былі правакацыйныя размовы з мэтай дэстабілізацыі грамадзтва, і праваахоўныя органы, якія даўно і справядліва зрабіліся карнымі, сурова каралі адступнікаў ідэі. Як і тых вучоных, якія ўзяліся (вядома, беспадстаўна) прапагандаваць цьвярозасьць. Наперакор ім у прыклад ставілася сьвятое жыцьцё Вялікага Каудыльё, які піў з дня нараджэньня і давёў дзённую норму да аднаго літра чыстага алькаголю. Менавіта дзякуючы гэтаму, пісалі прыдворныя акадэмікі мэдыцыны, палітолягі, сацыёлягі ды іншыя, любы народам Каудыльё падарыў ім такую дасканалую ідэю. І калі яна ня ўсюды і не ва ўсім дае плён, дык у тым не ягоная віна — віна тых, хто недасканала авалодаў ёю. Значыць, трэба больш піць і лепш працаваць.

Супраць таго, каб больш працаваць, не пярэчыў ніхто — ні адна ўрадавая ці апазыцыйная партыя — з тым сапраўды былі згодныя ўсе. Але ніхто ў гэтай краіне ўжо даўно не працаваў, нашмат больш прыемна было піць. Паколькі гарэлкі на кожны дзень не хапала, пілі ўсё, што лілося: самагон, сусла, піва, воцат, клапамор, тармазную і мазольную вадкасьці, тасол, бэнзын, газу. Ніхто ў краіне не баяўся нікога, нікога ня слухаў — ні дактароў, ні міліцыянтаў, якія таксама пілі ня менш за астатніх.

Калі жыць зусім стала неяк, зрабіўся вялікі пераварот, які назвалі па-заходняму — дэмакратычны. Да ўлады прыйшлі тыя самыя людзі, што валадарылі раней. Толькі цяпер яны апранулі двухбартовыя гарнітуры і пачалі салодка ўсьміхацца перад народам. Калі ж ніхто ня бачыў, зубамі ірвалі адзін аднаму горла, дамагаючыся поўнай улады. Для таго патрэбныя былі асаблівыя здольнасьці, якімі з ранейшых ніхто не валодаў. Тады немаведама адкуль зьявіўся незвычайны чалавек, што перагрыз усіх і авалодаў уладай.

Пачалася новая эра — эра Вялікага Жаху.

Але тое — асобная гісторыя, пра якую летапісец раскажа наступным разам.

3. ЖАХ

Пачалося ўсё нават прыстойна — здатна, па-людзку й дэмакратычна.

Сабраны ў залі бязладны, гаманкі, дужа амбітны парлямэнт тры дні біўся над велізарнай праблемай будучага кіраўніка дзяржавы. Сам парлямэнт кіраваць ня ўмеў, а галоўнае — не хацеў, бо хацеў толькі выступаць у тэлевізары ды езьдзіць па замежжы — прэзэнтаваць краіну, якую апроч мытнікаў ніхто болей ня ведаў. Вельмі складана было вызначыць назву кіраўніка, які б пад наглядам парлямэнту кіраваў краінай, — хто гэта будзе: цар, сакратар, загадчык, гаўляйтар? Дэпутаты зьнемагліся ў спрэчках. Дайшло да таго, што пачуліся прапановы: ня трэба ніякага кіраўніка, хай будзе анархія. Тое, вядома, было небясьпечна, і небясьпека недзе была ўчутая й перададзеная куды належыць. І вось позна ўвечары, калі парлямэнтары дарэшты стаміліся і ўжо кепска разумелі, у авальнай залі паседжаньняў згасла сьвятло, загрымеў нечуваны гром, будынак затросься, аднекуль з-пад купалу шуганула шэрым сьмярдзючым дымам, зь якога выскачыў ЁН. Ад яго сыпаліся іскры (такая зыходзіла энэргія), праменіла фіялетавае зьзяньне; постаць яго цьмяна нагадвала чалавечую і вібравала так, што нельга было сфакусаваць зрок і зразумець, што ж гэта — здань, цмок ці няўжо — чалавек? Сьпікер парлямэнту дрыготкім голасам запытаўся: «Хто вы?», ды, замест таго, каб атрымаць адказ, кулём паляцеў з застольля аж у славуты «задні праход». Грымотным голасам здань абвесьціла:

— Я — Жах!

Парлямэнтароў бы памялом вымела з залі, засталася адно жменька тых, каго жах спаралізаваў. Але й тыя да канца жыцьця не маглі вымавіць нічога, апроч «так-так», «не-не». Зрэшты, іншага ад іх і не патрабавалася. Да канца жыцьця.

Першым указам Жах аб’явіў, што нічога ранейшага не застанецца, усё ад сёньня ліквідоўваецца, бо нічога й не было ніколі: ні сьмехавітаў, ні дзяржавы, ні мовы. Ёсьць толькі — Жах, ягоныя людзі — жахліўцы. З тым і трэба лічыцца.

Народу было ўсё роўна, ёсьць ён, народ, ці няма й як ён называецца. Да рэгулярнага перайменаваньня людзі прывыклі даўно — заўжды пераймяноўвалі гарады, паселішчы, вуліцы, імёны. Шмат хто ўжо заблытаўся, як яго называць — Уладлен, Вілен, Матарызацыя, Эмансыпацыя. Іншыя маці ня ведалі, як клікаць каторага дзіцёнка, бо ўсе рэсурсы іхнай памяці са школьнай пары выдаткоўваліся на тое, каб запомніць імя чарговага сакратара — першага, другога, трэцяга — ЦК, абкаму, гаркаму, райкаму, сельсавету, саўгасу, калгасу… А было, што шэфа й гаўляйтара. Усё тое было добра знаёма народу. Сьпярша, праўда, цяжкавата было прывыкнуць да думкі, што яго, народу, няма й наагул не было ніколі. Тут трэ было мець асаблівую навуку, каб сьцяміць тое. Але й гэта ня надта важна, і да таго можна з часам прывыкнуць, калі сыстэматычна й па-навуковаму трэніраваць памяць. Вось толькі паўставала праблема: як трэніраваць яе, калі, як аб’явіў таварыш Жах, у людзей няма (і не было) мовы? Тая, на якой людзі восем стагодзьдзяў мовілі, была аб’яўлена трасянкай, нявартай чалавечага роту, і ліквідоўвалася, бы крамола. Усю літаратуру на ёй перапрацавалі на макулатуру, за тутэйшае слова, вымаўленае на вуліцы, паліцыянты білі даўжэзнымі гумавымі палкамі (дэмакратызатарамі) і цягнулі ў пастарунак. Людзі зьненавідзелі тыя «дэмакратызатары», а заадно — і дэмакратыю з дэмакратамі, якіх на загад Жаха перайменавалі ў «дзермакратаў». Таварыша Жаха, аднак, падабалі, бо ён, хоць і быў строгі, але справядлівы — саджаў у турму шмат, але ж ня ўсіх. Толькі тых, хто высоўваўся, засьвечваўся, не згаджаўся. А што забраў гісторыю — такой бяды! З гісторыі штаноў не пашыеш. Мову? Можна пражыць і бяз мовы. Вунь зьвяры ў лесе зусім не размаўляюць, а жывуць лепш за людзей. А тое, што людзей няма (не было й ня будзе), дык тое, можа, і лепей — будзе болей парадку.

Горш было тое, што не было чаго есьці, на краіну насоўваўся голад.

Сьпярша ня стала яек, пасьля малака, масла, сьмятаны. На тое Жах аб’явіў, што вінаватая пражэрлівая апазыцыя, якая ўсё зжарае сама, ні каліва не пакідаючы народу. Каб не зжарала, трэба яе зьліквідаваць, для чаго наёмнымі профі былі распрацаваныя адпаведныя праекты. Плянавалася гэта зрабіць у часе мітынгу, быццам бы рукамі сваіх жа абдзеленых на ежу функцыянэраў. Але дасканалы плян дачасу раскрылі, і галоўныя таўстапузыя аб’ядалы ўцяклі за мяжу. І тым ня менш, прадукты прападалі: зьнікла каўбаса, мяса, сыр і твораг. Мудры таварыш Жах і тут даў геніяльны адказ: прадукты вывозяць з краіны на паветраных балёнах, адзін зь іх ужо зьбіты, герояў-зьнішчальнікаў вітала краіна. Каб яна канчаткова адчула сябе ў бясьпецы, выкінулі з пасольстваў заходніх паслоў, — хай ня сочаць за інтымнымі сакрэтамі любага Жаха. Усё тое дужа падабалася жахліўцам і, мабыць, падабалася б яшчэ болей, калі б з продажу пакрысе ня зьнік і хлеб. Тады любы народам Жах абвясьціў новую стратэгічную дактрыну: ня трэба есьці. Бо гэтая старасьвецкая завядзёнка вельмі абыходзіцца дзяржаве, зьнясільвае бюджэт і скарачае асыгнаваньні на зброю, безь якой дзяржава абысьціся ня можа. На жаль, у адрозьненьне ад ранейшых кіраўнічых заклікаў, гэты ўспрымаўся слаба. Нягледзячы на вялікія растлумачальна-агітацыйна-прапагандовыя высілкі, жахліўцы працягвалі хацець есьці й дзе толькі можна шукалі ежу.

Выйсьця не было інакшага, як толькі ажаніцца з прынцэсай суседняй дзяржавы, якая (дзяржава) звалася Дзяржавай-Раем і ў якой паводле дакладаў сакрэтных агентаў было ўсё: і народ, і электарат, і культура, і мова. Паводле ня надта правераных зьвестак быў нават хлеб. Тая вестка надта абнадзеіла Жаха, які тут жа ўспомніў пра дзедаўскую практыку дынастычных шлюбаў, што зрабілі магутнымі валадарамі не аднаго захудалага князька дохлага княства. Жаніцца, жаніцца! Жах не любіў вагацца й на другі ж дзень паслаў сватоў.

У краіне Раю жахавітых сватоў спаткалі дужа прыветна, прынцэса адразу пагадзілася на шлюб, а яе бацька Валадар Гмах паслаў жаніху багатыя падарункі. У дзяржаве жахліўцаў усё закружылася ў радасным карагодзе шлюбных падрыхтаваньняў: тры тыдні мылі, шкрэблі й чысьцілі — фасады й падлогу, мараль і ідэалёгію. Жах, бы шалёны, насіўся па краіне, кантраляваў, спаганяў і снаваў пляны, як стане дужым і багатым, валадаром дзьвюх краінаў, галоўнакамандуючым дзьвюх арміяў (не, лепш іх аб’яднаць у адну, а ён стане й начальнікам генэральнага штабу — цяжкія пасады ён не любіў перадавяраць іншым). Ён стане генэрал-палкоўнікам (не, можа, лепш маршалам? Ці нават генэралісымусам?), прымусіць калаціцца «дзермакратычныя» краіны й першы абмые салдацкія кірзачы ў цёплай вадзе Паўднёвага мора. А якую магутную і ўсепраніклівую асабістую сэкурытату створыць ён — толькі пад уласным кантролем, не давяраючы нікому. Ён меў дасканалы аналітычны розум і ведаў, як той шлюб адаб’ецца на эканамічным стане краіны. Ужо гэты пражэрлівы электарат наесца.

Па краіне жахліўцаў пайшоў шырокі рух у падтрымку выдатнага пляну таварыша Жаха. На ўсіх гарадзкіх і вясковых скрыжаваньнях былі разьвешаныя партрэты Жаха й ягонай мілай нявесты — цудоўнай, вельмі сэксапільнай маладзіцы ў анфас і профіль, у строгіх вечаровых строях і ў гульлівым бікіні. Людзі з зацікаўленьнем абмяркоўвалі вартасьці таго ды другога, але да згоды не маглі прыйсьці. Звычайна мужчынам падабалася прынцэса, жанчыны ж гарой стаялі за звыклага Жаха, чый жахавіты арліны позірк быў увасабленьнем сапраўднага мужчыны, якія даўно ужо вывеліся ў краіне, і жанчыны дужа сумавалі па ім.

У мастацтве, якое яшчэ трошкі ліпела, запанавалі два стылёвыя напрамкі — стыль згаладнелай фантасмагорыі — гэта калі бясконца апісваліся ці маляваліся шыкоўныя стравы, якія мала хто памятаў у краіне жахліўцаў і якія быццам бы не пераводзіліся ў суседняй дзяржаве, і стыль бясхлебнага рэалізму, па сутнасьці, беспадстаўнага выяўленьня «чарнухі» жыцьця, ягонай бядоты. Першы стыль лічыўся афіцыйным і карыстаўся бязьмернай падтрымкай таварыша Жаха, няблага аплочваўся й даваў магчымасьць творцам кожны дзень есьці з хлебам. За другі ж часам саджалі ў пастарункі, дзе творцы падпісвалі пратаколы й каяліся. Але, выйшаўшы на волю, браліся за ранейшае, бо казалі, што хочуць заставацца вернымі праўдзе жыцьця. Толькі дзе тая праўда й дзе жыцьцё, ніхто зь іх ня ведаў. Прынамсі ў краіне Жаху іх не было. Казалі, шмат было ў краіне-Раі, і таму пісьменьнікі з мастакамі таксама з прагнасьцю чакалі доўгачаканага дзяржаўнага шлюбу.

Між тым, у паўсядзённым жыцьці справа дайшла да апошняй мяжы галечы. Жахліўцы зьелі ўсю жывёлу, нават кароваў. Узімку тых не было чым карміць, бо вынішчылі на корм увесь хвойнік, засталося адно голае альховае суччо, якога жывёла чамусьці не хацела есьці. Лепш здыхала, — мабыць, з неспазнанага каровінага прынцыпу. Людзі былі меней упартыя, елі траву, шчаўе і крапіву й надта суцяшаліся хуткім вясельлем, калі будзе хлеб і да хлеба. Ужо жаніх патурбуецца. Народ цяпер спрэс называўся электаратам, што дужа падабалася старым бабкам у вёсцы. Ведама ж, народ быў нікому не патрэбны, а да электарату калі-нікалі прыяжджалі начальнікі на чорных «Волгах», прывозілі невялікія скрыначкі й ласкава прасілі кінуць туды невялікія аркушыкі з прозьвішчам чарговага начальніка. Бабкі часам дзівіліся, чаму такую справу нельга зрабіць у райцэнтры, але ахвотна кідалі тыя аркушыкі, бо толькі тады начальнікі гаварылі зь імі ласкава й нават казалі дзякуй. Ну й само сабою распавядалі, як добра зажывецца пасьля доўгачаканага шлюбу. Праўда, тыя расповеды часам выклікалі сьлёзы — гэта калі бабкі думалі, што могуць не дажыць да шчасьлівага дня.

І вось, нарэшце, жаданы, шмат разоў адкладзены дзень настаў. На дванаццаці зьнішчальніках-усепагодніках шлюбны картэж узьвіўся ў неба. Праз пэўны час апусьціўся на нейкім ня надта сучасным, амаль захалусным лётнішчы, што стала першым, але ня самым вялікім засмучэньнем жаніха. Наступнымі былі: абдрапаныя фасады сталіцы Дзяржавы-Раю, калдобістыя вуліцы, спрэс злосныя твары людзей у даўжэзных чэргах, — рыхтык, як у ягонай краіне жахліўцаў. Але найбольшы гром-пярун грымнуў у палацы, калі жаніх сам-насам спаткаўся з прынцэсай. Аказалася, што то была зусім не прынцэса, а брыдкога выгляду прынц, яўна вычварнай сэксуальнай арыентаванасьці. З наступнай размовы высьветлілася, што на шлюб ён пагадзіўся з прычыны вялікай крызы, у якой апынулася краіна-Рай, і тым шлюбам меркавалася паправіць становішча ў эканоміцы, геапалітыцы, фінансах, войску, ідэалёгіі, культуры, мэдыцыне, адукацыі, міжнацыянальных і міжканфэсійных дачыненьнях і г.д. Даць жахліўцам ён нічога ня мог, мог толькі ўзяць і цынічна іржаў у напарфумлены твар Жаха, аскаляючы вялікія, пракураныя наркотай зубы.

Нешта сьцяміўшы, Жах тузануўся ўсім целам, ляпнуў аб паркет недапіты келіх з шампанскім і на тым жа усепагодніку-зьнішчальніку паімчаў дадому. Такога расчараваньня стрываць ён ня мог і над аблокамі прыняў рашэньне: вайна! Толькі пераможная вайна магла змыць ганьбу й пакараць краіну-зманшчыцу. Жах аддаў загад аб усеагульнай мабілізацыі.

Хутка, аднак, выявілася некаторая ў тым недарэчнасьць: мабілізоўваць не было каго. Зьнікла насельніцтва. Частка — з голаду й хваробаў, частка таму, што наіўна паверыла, быццам яго няма й не было ніколі. Тыя ж, што засталіся, лічылі сябе электаратам для галасаваньняў і плебысцытаў, але не для вайны й не разумелі Жаха, бо даўно адвучыліся ад якой-небудзь мовы. Урадоўцы ж і адміністратары, учуўшы пра мабілізацыю, адразу паўцякалі на ўсход, бо даўно таемна служылі ня Жаху, а валадару Райскай дзяржавы — таварышу Гмаху.

Тое было нечувана й нясьцерпна. Зараджаны велізарнай касьмічнай энэргіяй (1000 кілавольт), Жах стрываць такога ня мог і задрыжэў, закалаціўся, загуў, закруціўся (звыш 1000 абаротаў у хвіліну), — падобна, як і тады, калі першы раз аб’явіўся у парлямэнце. Сьледам раздаўся выбух, накшталт чарнобыльскага, якога яшчэ ня чула плянэта. У неба ўзьняўся віхор чорнага дыму, пылу й смуроду, у якім зьнікла ўсё разам з Жахам.

Калі праз стагодзьдзе той пыл-дым патроху разьвеяўся, дык людзі з Усходу й Захаду ўбачылі гіганцкае правальле ў сярэдзіне кантынэнту. Глыбіня правальля была такая, што да дна не дасягаў зрок, шырыня таксама хавалася за краявідам. Між берагоў заўжды курэў шызы сьмярдзючы дым, зь якога часам выскокваў бязногі хвастаты Цмок. Ён куляўся, крыўляўся й рабіў нейкія знакі цікаўным вандроўнікам, што заўсёды тоўпіліся на краёх правальля, затым на тыдні й месяцы зьнікаў у прадоньні.

Людзі казалі, што гэта — урок чалавецтву за ягоную зьнявагу чалавечых і боскіх законаў быцьця…

 

Бутэльчына, альбо Прэзідэнт на дрэве

 

Яхім Памазок − ветэран BAB i калгасны качагар па сумяшчальніцтве. Ягоная жонка Кацярына доўга рабіла ў калгасе даяркай, зарабіла паўкілё металёвых узнагародаў на грудзі i звалася майстрам машыннага даеньня. Яхім, што прынёс з вайны ўсяго адзін ордэн, вядома ж, зайздросьціў жонцы i хацеў, каб яго звалі майстрам цэнтральнага ацяпленьня. Званьне тое, аднак, не прышчапілася да Памазка, можа, з тае прычыны, што быў ён сьпец іншае справы, пра якую не любіў казаць. Але ён стараўся. У партыі браў удзел амаль пяцьдзесят год, часам актыўнічаў, аднойчы нават абіраўся ў раённы савет, ды няўдала. Сябры суцяшалі: яшчэ ня вечар. З тваімі заслугамі напэўна можна дачакацца лепшага − вунь колькі старых бздуноў сядзяць дэпутатамі, чым ты за іх горшы?

Той дзень яны трохі прыклаліся да чарговай бутэльчыны − там жа, у качагарцы на сконе дня. Замурзаную бутэльчыну прынёс маладзейшы Яхімаў напарнік Юрка Дзядзенка, нядаўні механізатар, якому трактар вясной пераехаў нагу, i ён рабіў у качагарцы. Зрэшты, як заўжды, галоўны Юркаў клопат палягаў наконт выпіўкі. Гэтую бутэльчыну ён пepaxaпiў у знаёмага хлапца з «Сельгастэхнікі», які ў сваю чаргу прывёз яе ад адной бабкі з хутару, дзе тая гнала адмысловае па тым часе пітво. Усе, каму давялося паспытаць яго, казалі: бярэ, бы зьвер. У качагарцы тае прадукцыі яшчэ не каштавалі.

Не пасьпелі дружбакі выцягнуць з бутэльчыны куртаты, нібы абгрызены, папяровы корак, як у кацельнае сутарэньне ўвапхнуўся трэці сабутэльнік − былы аграном Ладуцька.

Гэты меў даўно адпрацаваны ў такіх выпадках нюх i не пудлаваў ніколі. Часам сябры былі ня супраць ягонага ўдзелу (калі выпівону хапала), часам наракалі − калі таго было мала, але заўсёды дзяліліся пасправядлівасьці. Той раз бутэльчына выдалася нішто сабе − большая за паўлітра, а што да яе зьмесьціва, дык спрактыкаваныя пітакі вызначылі адразу. Ладуцька аж скалануўся ад задавальненьня: ай, халера, бярэ! Бярэ, пацьвердзіў i Памазок, глыкнуўшы з заскарузлай ад бруду шклянкі. Па чарзе выпілі ўтрох, закусілі цыбулінай з салам ды абкрышаным кавалкам хлеба. Большага ім i ня трэба было − галоўнае выпіць ды закурыць. Натуральна, не марудзячы, выпілі i яшчэ, а затым дадалі. Менавіта тады ў зачыненыя на крук дзьверы качагаркі пастукалі − моцна, патрабавальна, як гэта звычайна рабіла хіба Памазкова жонка або хто з начальства. Кампанія сьпярша прыціхла, а пасьля Памазок падняўся. Паводле нейкіх толькі яму вядомых прыкметаў ён сьцяміў, што то ня жонка i ўжо не старшыня − хтось іншы.

I праўда, то была паштарка Рыбакова Анюта, якая з парогу сунула Яхіму пакамечаны, са сьнежнай крупкай блакнот − тэлеграма вам, расьпішыцеся.

Дрыготкай рукой Памазок крамзануў сваё прозьвішча i разгарнуў аркушык тэлеграмы. Міжнародная, аднак, значылася буйна ўгары, а ўнізе быў нейкі тэкст, які Яхім ня мог прачытаць без акуляраў i аддаў маладзейшаму Юрку. Той моўчкі прачытаў i, дзіўна якочучы, бокам паваліўся з табурэткі на падлогу. Памазок няўцямна пaзipaў на яго. Паперыну ўзяў Ладуцька. Маё віншаваньне, маё віншаваньнe, замармытаў ён i аж крыкнуў: «Юрка, кроў з носу бутэльку!» − «Але што?» − няўцямна ўтаропіўся ў яго Яхім. «Што? А во што, чытаю: «Містэру Памазку Яхіму Найвышэйшы дзяржаўны савет дэмакратычнай рэспублікі Памазоніі віншуе вашую вялікасьць з абраньнем на высокую пасаду прэзідэнта рэспублікі Памазоніі якую належыць заняць 22 лістапада білет авіякампаніі Люфтганза да шчасьлівага спатканьня подпіс найвышэйшы савет».

Памазок зьняможана апусьціўся на абабітую цыратай табурэтку, ён не разумеў нічога: «Каго? Мяне? Якім прэзідэнтам? Якой Памазоніі?» «Цябе, цябе, ось жа напісана», − тыцкаў яму тэлеграмай у твар Ладуцька. Юрка Дзядзенка, ад’енчыўшы сваё, сеў роўна на лаўцы i высалапіў ад зьдзіўленьня вочы, бы ўпершыню ўбачыў напарніка, які ўсё паўтараў няўцямна: «Я − прэзідэнт?» − «Ты, ты, ось жа напісана. Юрка, бягом за бутэльчынай», − камандаваў былы аграном.

I праўда, Дзядзенка паслухмяна падыбаў на сваёй кульбе да дзьвярэй, а Памазок усё ня мог чагосьці зразумець. Найперш ці не правакацыя тое, арганізаваная міжнародным імперыялізмам або сусьветным сіянізмам? I дзе тая Памазонія, якой ён ніколі ня чуў нават, што за краіна? Добра, калі сацыялістычная, а калі… I чаму яго ў прэзідэнты, ці ён прасіўся? Найперш карцела паслаць ycix на тры літары ды вярнуцца да таго, што было. А было няблага, яны спакойна выпівалі… Але ж Юрка пайшоў па гарэлку, мабыць, нягожа падводзіць сяброў, гарачыцца, лепей узважыць усё як мае быць. «Во i добра, што тады цябе ў райсавет пракацілі», − сказаў Ладуцька. «Чаму гэта − добра? − зьдзівіўся Памазок. − Няварты ці што?» − «Варты, варты, але тады б прэзідэнтам ня стаў. А так − прэзідэнт, віншую», − амаль лісьліва мовіў Ладуцька. А й напраўду, падумаў Яхім, нашто адмаўляцца? Калі што, качагарка ад яго не ўцячэ. А там, можа, хоць дзяшовую іншамарку прыдбаць, а то зяць ужо воўкам глядзіць, яшчэ дачку кіне. Але ж − жонка, раптам задумаўся Яхім, як яна да таго паставіцца? Прэзідэнтша ж…

Яго клопатны роздум перапыніў Дзядзенка, які, канешне ж, прынёс і бутэльчыну. А з ім у качагарку напхнулася i яшчэ выпівохаў розных узростаў − ужо ўсе ведалі Памазкову навіну i прагнулі яе абмыць. У кацельні стала цесна ад людзей, якія абступілі Яхіма. Кожны стараўся павіншаваць ці хоць пахваліць, а то i даць параду: «Ну, пашэньціла чалавеку! Памазок там навядзе парадак! Слухай, ты там адразу − дэмакрацію к ногцю! Калі што − мы на падмогу. Але ўжо там пап’еш гарэлачкі…»

Памазок усьмешыста маўчаў, яму ўжо не цікава стала размаўляць з гэтымі людзьмі i адказваць на іхнія досьціпы. Галоўнае − ён паверыў у сваю ўдачу i амаль пераканаў сябе, што ўсё правільна. Іначай i не магло быць. Ён − прэзідэнт рэспублікі Памазоніі, пэўна ж, высакаразьвітай, не якой-небудзь адсталай краіны. Адсталая краіна яго прэзідэнтам не выбірала б. Канешне, ён там ня быў, але не сказаць, што зусім незнаёмы з «капстранамі» − колісь у вайну браў Берлін i нават адзін раз пераспаў у мокрым шынялі на іхняй пярыне. Нічога асаблівага. Праўда, тады ён быў радавы, не сяржант нават, а тут − адразу ў прэзідэнты. Граматы меў няшмат − сем класаў, але павінна хапіць. Расьпісацца ўмеў прыстойна, асабліва калі пакласьці локці на стол, а для прэзідэнта тое, мабыць, галоўнае.

I тут ён здагадаўся, чаму ў прэзідэнты Памазоніі абралі менавіта яго. Уся справа ў прозьвішчы. Ці не паходзяць ягоныя продкі Памазкі з тае Памазоніі? Добра ж вядома, што заўсёды i ўсюды цягнуць сваіх людзей − хоць з калгаса ў раён ці з раёну ў сталіцу. Гэтак i ў іншую краіну. Калі так, дык ўсё зразумела i, мабыць, законна. Няма пра што турбавацца. У той дзень надвячоркам ён ужо не пайшоў у качагарку, на ягонай зьмене яго падмяніў напарнік. Рана ўстаўшы назаўтра, пачаў рыхтавацца ў дарогу. Найперш аднёс у майстэрню боты. Боты, канешне, ня новыя, але калі падбіць падмёткі, дык яшчэ паслужаць i ў той Памазоніі. Па дарозе зайшоў у цырульню. Увогуле падстрыгаць не было чаго − даўно ўжо ад ілба да патыліцы пралягала шырокая лысіна, ды ўсё ж… Калі стаў прэзідэнтам, дык хацеў выглядаць адпаведна. Мабыць, у дарогу трэба было б мець які чамаданчык, ды ў местачковых «Таварах паўсядзённага попыту» чамаданаў не было. Давялося пазычыць невялічкі куфэрак у Сьцяпаніхі, які застаўся ад зяця, што колісь зьбег ад дачкі на БАМ. Спрытны куртаценькі гальштук пазычыў у агранома − казалі, бяз гальштука там будзе нягожа. Можа, i праўда. З жонкай сталася горш − два дні сварыўся. Сьпярша ягоная Кацярына была катэгарычна супраць, каб ён куды ехаў, а пасьля, заплакаўшы, заявіла: i я з табой. Яхім стаяў на сваім: паеду адзін. А як абжывуся, тады паклічу цябе. «Чорта ты паклічаш, там сабе маладзейшую знойдзеш…» Ледзьве адчапіўся ад жонкі.

Праводзілі прэзідэнта Памазоніі сьціпла i непрыкметна. Купка дружбакоў прыйшла на засьнежаны аўтобусны прыпынак, куды ён прыпёрся за паўгадзіны раней часу. Ззаду ішла сплаканая жонка, усё бубніла сваё: «Ну паглядзіце, здурнеў стары. Ну куды ён прэцца?» − «Ладна, ня плач, прэзідэнтшай будзеш», − суцяшаў яе Ладуцька, які трымаўся ля сябра неяк дужа блізка i сардэчна, быццам што хацеў сказаць асаблівае. Ён i сказаў, як Кацярына адвярнулася: «Можа, там, гэта, i мяне куды… Каб па аграрнай часьці. А то тут, ведаеш… Памазгуй, Яхімка». Яго перапыніў Юрка Дзядзенка, які прыстыргікаў на прыпынак, канешне, не з пустымі рукамі. «Трэба аглаблёвую!» − прапанаваў ён, адкаркоўваючы бутэльку, якую спаважна перадаў напарнікупрэзідэнту. Той трохі выпіў, затым выпілі Дзядзенка, Ладуцька, абодва браты Целяпенчыкі i напасьледак да бутэлькі прыклалася заплаканая Кацярына. Тады і перастала плакаць. Тут якраз падкаціў аўтобус. «Ну − пакеда, чакайце на госьці», − махнуў з аўтобусных дзьвярэй Памазок. Невялічкая грамадка засмучаных землякоў засталася на аўтобусным прыпынку.

Як ён ехаў аўтобусам да станцыі, пасьля цягніком да Масквы i там праходзіў доўгую шаталомную працэдуру ў міжнародным аэрапорце − мала што запомніў, усё нібы плыў у разрэжаным алкагольным тумане, хаця i быў цьвярозы, бы шкельца. Ды так сталася, што ўсё было ня ў знак, − ішоў не туды, рабіў ня так i ня тое. Яго раз за разам асаджалі i тузалі, нават лаяліся − усе гэтыя міліцыянеры, жанчыны з пагонамі i нават дзяўчаткі, зусім лагодныя з выгляду, але што да яго, дык з яўна металічнымі позіркамі. Яму так i карцела абурыцца, сказаць ім, хто ён i куды едзе. Ды ўсё ж чалавек ён быў сьціплы, асабліва сярод незнаёмых людзей, i трываў. Трохі ачомаўся толькі ў самалёце, як мілае дзяўчо ласкава папыталася, што ён будзе піць? Ён зірнуў на стос бутэлек у калясцы i ткнуў заскарузлым ад торфабрыкету пальцам у самую знаёмую − во гэта. Дзяўчо наліла з напарстак «Сталічнай», i тады Памазок, можа, упершыню схамянуўся − а ці туды ён едзе. Калі выпіць даюць − курам на сьмех!

У самалёце ён хутка заснуў лёгкім сном праўдзіўца, ня грэшніка, ведама ж нямала натузаўшыся ў дарозе. Прачнуўся, як падкацілі каляску з харчам, ды столькі, што ледзьве зьмясьцілася ўсё на маленькім адкідным століку. Тады зноў далі выпіць − паўшклянкі кіслага віна, якое ён не ўзлюбіў з часоў дружбы з братушкамі. А во ягонаму суседу − выгалястаму буржую ў стракатым пінжаку, налілі чагось, пэўна, мацнейшага, а пасьля і яшчэ дабавілі. Памазку таксама захацелася такога, але ён ня ведаў, як папытацца, i трываў. Хай, думаў, дацягну да Памазоніі, а ўжо там…

Самалёт ішоў над аблокамі, унізе, мяркуючы па ўсім, быў акіян, глядзець там не было на што, i ён зноў заснуў. А як прачнуўся, дык аж спалохаўся, што спозьніцца − усе паўскоквалі з месцаў, пачалі цягнуць свае валізкі, апратку, − мабыць, прыехалі. Па гучнай сувязі ў самалёце пра штось аб’яўлялі, але хіба зразумееш, пра што? I тады Памазок падумаў: ці знойдзецца хто ў Памазоніі, каб разумеў па-нашаму? Але наўрад. Калі ўжо ў Менску мала хто разумее, дык чаго чакаць у заморскай краіне. Гэта яго пачало турбаваць.

Дарма, аднак, тое яго турбавала − ужо на першай паліцэйскай загародцы, нават не запытаўшыся, яго пазналі, i два маладыя, дбайна апранутыя чалавекі кудысь павялі праз агромністы гаманкі аэрапорт. Як толькі выйшлі на сьпякотную вуліцу пад шэрагам высачэнных пальмаў, падкаціў даўгі аўтамабіль, і тыя паслужліва расчынілі дзьверы − сядай, пан прэзідэнт. Ён i сеў. Пасьля селі яны − адзін наперадзе, другі, што нёс ягоны перавязаны дзяжкай куфэрак, побач. Як яны ехалі, Памазок ва ўсе бакі круціў галавой, дужа яму тут было цікава. Людзей на вуліцах сноўдала процьма − белых, чорных i нейкіх невялічкіх жаўтлявых, міма праносіліся статкі аўтамабіляў, i тут, i там стаялі купкі плячыстых «гарылаў» у камуфляжнай форме жабінага колеру. Што шмат паліцэйскіх, Памазку спадабалася: значыць, будзе парадак у ягонай Памазоніі, такі ж, як i ў Беларусі. Хіба палкі ў гэтых былі надта кароценькія, ня тое, што ў беларускіх − трэ будзе падоўжыць, пачаў уваходзіць у дзяржаўны клопат новы прэзідэнт. Ён спрабаваў загаварыць з канваірамі, але абодва маўчалі, бы нямкі. Тады i ён змоўк, падумаўшы: можа, яны саромеюцца яго, бо ўсё ж маладзейшыя, а ён стары, ды не абы-хто − прэзідэнт!

Яны доўга ехалі па зіхоткіх ад шыльдаў вуліцах невядомага гораду, затым праз нейкі дзівосны лес з велізарнымі, проста гіганцкімі дрэвамі. Гэткіх сукаватых дрэваў не расло на Памазковай радзіме, у густое сучча ўгары не прабівала нават яркае сьвятло фараў. А як аўтамабіль спыніўся, зьдзіўленьню Памазка не было мяжы. Сярод лесу ярка асьветлены электрычнасьцю раскашаваў палац. Чырвоная жвіровая дарожка, шырокія прыступкі i над імі калоны. Бог ты мой, якія гэта калоны − белыя i таўшчэзныя, з пакручастымі загагулінамі на вяршках, якія нібы ўкручваліся ў прыць-мелае неба. Задраўшы ад захапленьня голаў, Памазок аж спыніўся, але да яго штось гукнуў той, што ішоў ззаду, i ён подбегам дагнаў пярэдняга, які ўжо расчыняў высачэзныя дзьверы ў палац.

Усё тут наскрозь было заліта электрычнасьцю, чырванела дыванамі ў доле. На ягоным шляху маўклівымі слупамі стаялі нейкія людзі, у чорным i камуфляжы, па безьлічы новых прыступак яго павялі ўгору. Сьпярша ён пачаў лічыць тыя прыступкі, налічыў пяцьдзесят i кінуў. Затым яны кудысь шпарка ішлі праз пакоі i па калідорах, цемнаватых i сьвятлейшых, i ўрэшце, як ён зразумеў, прыйшлі. То быў вялізны, бы вакзальны, пакой з блішчастым i сьлізкім паркетам, на сярэдзіне якога блішчэў бакамі нейкі агромністы шкляны каўпак. У прыцемках прыгледзеўшыся да яго, Памазок зразумеў, што пад каўпаком ложак. Вялізны шырокі ложак з бялізнай, на якім ці не яму сёньня спаць? Абодва ягоныя канваіры дзесь зьніклі, замест іх зьявілася чорненькая жанчынка з дужа белымі зубкамі i ў белым фартушку. Яна паставіла на столік пры каўпаку блішчасты падносік і, усьміхнуўшыся, выйшла. Памазок адразу пацікавіўся, што на падносе, − але нічога здатнага ня ўбачыў. Пара нейкіх зялёных фруктаў, шклянка жоўтага соку, малако ў кубку i ўсё. Hi чарчыны, ні бутэльчыны. Скупыя, аднак, людзі ў гэтай Памазоніі, падумаў прэзідэнт. Хаця не сказаць, каб бедныя.

Трохі патупаў з кутка ў куток гэтай стадолы, паслухаў цішыню. Абышоў вакол каўпака, пастукаў пальцам па ягоным шкле − тоўстае халера. I навошта? Hixтo болей да яго не заходзіў, i прэзідэнт, памарудзіўшы, сьцягнуў з ног боты. Спаць − ведаў з часоў даўняй салдатчыны − было заўсёды найлепшым выйсьцем. Як у вайну, так i ў міры.

Прачнуўся, мусіць, зарана, вылез з-пад каўпака, сеў у крэсла i сядзеў. Чакаў. Скрозь было ціха, чуваць толькі, як за акном у гольлі дрэваў шугалі птушкі, акурат як у садку за качагаркай − сініцы. Тады ён пайшоў шукаць месца, дзе можна б справіць сваю патрэбу. Тыцнуўся ў адны дзьверы − зачыненыя, у другія − таксама. Тады знайшоў трэція, адразу, як адчыніў ix, навакол пыхнула сьвятлом, ярка высьвеціла ўсё, i Бог ты мой, што ён згледзеў! Думаў − туалет, а тут аказалася адмысловая туалетная зала, усе сьцены i столь − бялюткія i люстраныя, як i ванны ды розныя ракавіны i ўнітазы. Шмат што навакол аздоблена золатам, невядомага начыньня − бы ў кабінеце зубнога доктара. Ён дакрануўся да аднае кнопкі, ды аднізу як плясьне ў твар − аж вылаяўся, падумаўшы, аднак, што, мабыць, гэтак нягожа. Напалохаўшыся, адразу падаўся да выхаду. Падумаў, можа, дзе знойдзецца болей звыклае месца, тут пэцкаць што ў яго не хапіла адвагі.

Як ён вярнуўся да свайго каўпака, зноў расчыніліся нейкія дзьверы i ў пакой увайшла мажная белая жанчына − зноў з маленькім падносікам у руках. Штось буркнуўшы, яна паставіла падносік на месца ўчарашняга, які ўзяла з сабой. Наважыўшыся, Памазок пастукаў па баку каўпака −навошта гэта? Думаў, не зразумее, аж зразумела i сказала: пук-пук ноу. I ўсьміхнулася. Надзіва i Памазок зразумеў: то ад куляў, а ён думаў… Але што з таго вынікае?

Трохі азадачаны, падышоў да свайго сняданку − зноў высокая шклянка соку, нешта цёплае ў малюпасенькім чайнічку, скрылёчкі сыру i маленькая булачка. Выпіць жа зноў не было ні кроплі.

Не пасьпеў ён падумаць, што зьесьці, як расчыніліся дзьверы i ў пакой шпарка ўвайшлі яго ўчарашнія маладыя канваіры. Адзін з ix моўчкі, але выразна кіўнуў на дзьверы.

«З куфрам?» − папытаўся Памазок, паказваючы на свой пакінуты пры ложку багаж. Той крутнуў галавой − значыць, без багажу, зразумеў Памазок i падняўся.

На гэты раз яны нікуды не паехалі, толькі ішлі доўгімі калідорамі − быццам у другі канец палацу, дзе зноў апынуліся нібыта ў больніцы − усё тут было гэткае белае і сьветлае. Наўкола зьзялі нейкія прыборы, крэслы, люстэркі. Людзі, пераважна жанчыны, былі апранутыя ў белыя зграбныя халацікі. Заўважыўшы ягоны зьбянтэжаны выгляд, адна, дужа белазубая, мовіла: імідж, імідж, ды ён не зразумеў − які імідж? Але яго прымусілі распрануцца ў дужа шыкоўным і вялікім прылазьніку, і як толькі ён, голы, пераступіў парожак, яго тут жа абдало сьцюдзёным струменем зьверху. Скалануўшыся ад нечаканасьці, ён не адразу знайшоў што пакруціць, каб пацепліць ваду. Неяк абмыўся збольшага, праклінаючы, аднак, гэты залішні шык. Але разумеў, канешне, што, мабыць, так трэба, што гэта − ня дома. Ды і ён не качагар. Усё ж − прэзідэнт.

Як памыўся, распараны, надзеў на сябе белы тоўсты халат, што вісеў на залачонай вешалцы побач, і выйшаў. Тут яго зноў абступілі жанчыны, усе ў чысьценькім белым, нібы даяркі. I, адвёўшы ў надзвычай сьветлы кабінет, пасадзілі ў крэсла. З ycix бакоў зьзялі люстэркі, і з іх ашаломлена пазірала ягоная аздаба. Жанчыны пачалі штось абмяркоўваць, як ён здагадаўся, − ягоны выгляд. Ён і сам з цікавасьцю паглядзеў на сябе. Канешне, не маладзён, зашмат зморшчын на цёмным, нібы апечаным твары дый выгляд надта заклапочаны, бы вінаваты. Але што зробіш? Найперш узяліся за яго парэпаныя ў качагарцы рукі, паклалі іх на бялюткія сурвэткі, дзе мазалі, мачылі i церлі. Мабыць, кепска, аднак, адціраліся ўедлівыя сьляды торфабрыкету з яго замазалелых рук. Ды майстрыцы стараліся. Асабліва наконт вялікага пальца з крывым заскарузлым кіпцем, які яны i пілавалі, i шліфавалі, − усё роўна той заставаўся крывы i непрыгожы. Далей, ужо ў другім крэсьле яго далікатна стрыглі, галілі шчокі, парфумілі i макіяжылі − наводзілі незвычайны шык на яго прэзідэнцкі твар. Пасьля ўсяго наклеілі на лысіну ладны кучаравы хамлак i пад нос − зухавата-бухматую паску вусоў. Усё тое было відаць у люстэрках, i Памазок толькі зьдзіўляўся, як з нядаўняга качагара выходзіць зухаваты фарсісты замежнік. «Імідж, імідж», − усё шчабяталі майстрыхі, i ён спакваля зьмірыўся з сваёй нялёгкаю доляй. Але што ж, мусіць, доля таго вымагала.

I праўда, з аграмаднага крэсла ён устаў зусім іншым, чым нядаўна садзіўся туды, i пачувацца стаў адпаведна. Найперш − прыбыло сілы i нават гонару. А як у наступным пакоі пачалі мераць яму гарнітуры, дык ён аж спадабаўся сабе − такіх файных апратак ён ня толькі ніколі ня меў, але i ня бачыў. Хіба ў тэлевізары. Чорны, бы смоль, пінжак з бялюткаю хустачкай у кішэньцы, такая ж белая сарочка i гальштук. Чаравікі замянялі двойчы, пакуль не прынесьлі дужа блішчастыя на высачэзных абцасах, ад чаго ён куды як падвысіўся ростам. З насалодай пратупаў па люстраным паркеце − лясь, лясь… Добра стаць прэзідэнтам!

Настрой яго трошкі пагоршаў, калі ў іншым пакоі, куды яго затым прывялі, вялізны паліцай ці вайсковец падаў яму штось няўклюднае i цежаленнае. «Што гэта?» − зьдзівіўся Памазок, і здаравяк адказаў: «Панцірблёк!» Бесцырымонна зьняўшы з яго пінжак, той навесіў на ягоныя плечы дзьве засланкі − сьпераду і ззаду. Памазок аж прысеў. «Але ж цяжкі», − мовіў ён, ды здаравяк толькі выскаліў свае конскія зубы. Як надзеў зьверху пінжак, дык стаў сам ня свой − нейкі камлюкаваты, здаравенны i таўсты. Ад нядаўняе Памазковай шчуплыні не засталося і сьледу.

Затым далі трошкі спачыць у прахалодзе з пальмай над высокай зашклёнай стольлю. На нізенькі, таксама шкляны столік прынесьлі дзьве шклянкі − з сокам i лёдам, да якіх Памазок i не дакрануўся нават. Што яму сок, калі карцела чагось зьесьці і, канешне, глыкнуць з такой ператомы. Дома гэткай парой ужо быў пасьнедаўшы, а то i паправіўшы галоўку, − калі было трэба. Але тут у яго не пыталіся, i ён ня ведаў, што i як сказаць. Ды во прыйшлі ажно тры вайскоўцы, сапраўды, быццам гарылы − усе ў камуфляжы i малінавых бярэтах, з вялізнымі рэвальверамі на баку. Зноў яго павялі. Адзін iшoў наперадзе, два ззаду − зноў нібы канваіры. Але Памазок ужо не баяўся, яго нядаўняя няёмкасьць збольшага мінулася, у новай аздабе ён пачуваўся амаль упэўнена, нават зьявіўся гонар. Ішоў, шырока сігаючы на высокіх абцасах i няўзнак пaзipaў на сябе ў люстэркі, якіх багата траплялася па баках, зусім не пазнаючы ў гэтым вусатым таўстуну сябе − колішняга калгаснага качагара. Доўгі стракаты гальштук целяпаўся каля матні.

Урэшце невялічкі канвой спыніўся каля нейкіх зачыненых дзьвярэй, трошкі счакаў, i дзьверы шырока, на абедзьве палавіны расчыніліся. Тут яго прапусьцілі наперад, Памазок увайшоў у вялізную залу, ад парогу якой адзін супраць другога стаялі два шчыльныя шэрагі вайскоўцаў. Усе былі ў аднолькавым камуфляжы, толькі адзін шэраг быў у бярэтах малінавага колеру, а другі − маркоўнага. Шэрагі штось гаркнулі, падобна − вітаньне, на што Памазок паціху кінуў сваё − дабрыдзень, іншага ён ня ведаў. Наводдаль у канцы залы месьціўся аздоблены золатам стол з адным крэслам, у якое, як зразумеў Памазок, яму належала сесьці. Што ён i зрабіў без замінкі. Тады з шэрагу малінавых бярэтаў выйшаў самы тоўсты вайсковец i пачаў прамаўляць. Прамаўляў гучна i доўга, аж гуло ў высокім падстольлі, малінавыя прытым зьзялі вачыма, а твары маркоўных наадварот − корчыліся ад злосных грымасаў. Але ўсе стрымана маўчалі. Пасьля таўстуна малінавых таксама грымотным голасам пачаў мовіць яшчэ болей тоўсты i аграмадны маркоўны. Памазок зьніякавела сядзеў на краі крэсла. Ягоная душа ўпершыню адчула, што гэтае прэзідэнцтва можа дабром ня скончыцца.

Як тыя два бугаі адкрычэлі свае прамовы, аднекуль збоку вынік непрыкметны малады чалавек з папкай i паклаў перад прэзідэнтам дзьве старонкі нейкага кароценькага тэксту. Тут жа зьявілася прыгожая асадка з залатым шлячком. Памазок сьцяміў, што трэба падпісаць. Што там надрукавана, было невядома, тэксты былі аднолькавага памеру, а вяршкі − з прыгожа намаляванымі пеўнямі. Але пеўні былі неаднолькавыя. Памазок ад нараджэньня быў хлопец прыкметлівы, i цяпер згледзеў, што адзін певень быў нібы ў пер’і, а другі − нібы абскубаны. Які з іх належала падпісаць першым, было невядома.

Між тым, абодва шэрагі зацята чакалі, скіраваўшы на яго нейкія дужа непрыемныя ваўкаватыя позіркі.

Памазок пасунуў да сябе тую паперчыну, дзе быў певень з пер’ем, i адразу адчуў, што памыляецца − левы шэраг малінавых заварушыўся, зласьліва загуў. Тады ён адсунуў паперчыну i пацягнуў руку да іншае − з абскубаным пеўнем, i тут жа настырчыўся шэраг маркоўных. Д’ябал іх ведае, як было зрабіць, каб дагадзіць абодвум? Трохі счакаўшы, бы ў роздуме, Памазок зноў падсунуў ранейшы аркуш i нават пасьпеў вывесьці першую літару П…

Падпісваючы, ён адным вокам працягваў сачыць за шэрагамі i адразу згледзеў, як аднекуль ад дзьвярэй паявіўся падобны на д’ябалёнка, невялічкі прыгнуты чалавечак з даўжэзным кулямётам у руках. Кінуўшы асадку, Памазок, бы на фронце, кульнуўся пад стол, як залу аглушыла грымотная кулямётная чарга. Ад стала паляцела ўгару ашмоцьце папераў, трэскі; Памазка, бы кувалдай, выцяла ў грудзі, i ён дагары нагамі сьлізгануў ад стала па паркеце. Адчуваў, што жывы, але ўскочыць ня мог, да яго падбеглі нейкія людзі, паднялі i хуценька павялі праз бакавыя дзьверы з праклятай залы. Дзіўна, але людзі навокал былі нават спакойныя, нібы нічога асаблівага i ня здарылася. Дый ніхто болей не пацярпеў, можа, не спалохаўся нават. Дрыжучы ад страху, Памазок даў садраць з сябе ператвораны ў ашмоцьце шыкоўны пінжак i з удзячнасьцю падумаў пра свой выратоўчы панцыр.

У гэтых пакоях, куды прывялі Памазка, вайскоўцаў не было ніводнага, вакол тоўпіліся цывільныя − добра апранутыя, усе скрозь вусатыя мужчыны розных узростаў. Памазок пакратаў свой вус − той аказаўся на месцы. А во хамлак з лысіны дарэшты зьмяло чаргой, i прэзідэнт падзівіўся, як блізка яго мінула пагібель. Ён усё яшчэ ня мог акрыяць ад прыкрага здарэньня, каб усьміхнуцца, тады як усе навокал аж расплываліся ў лагодзе добразычлівасьці. У Памазковай душы другі раз мільганула сумненьне наконт слушнасьці сваёй паездкі. Як тут з ім абышліся! Але, падобна, тое нікога, апроч яго, не клапаціла.

Неўзабаве яму прынесьлі новы, яшчэ болей шыкоўны гарнітур − чорны, з малюсенькімі бліскаўкамі па тканіне i новы даўжэзны гальштук − малпы сярод пальмаў. Гальштук асабліва спадабаўся Памазку, i ён пaпpaciў служку, каб той завязаў яго яшчэ даўжэй, чым ранейшы. Такія даўгія гальштукі тут былі ва ўcix. Як яго апранулі, тады зноў кудысь павялі разам з грамадою гаваркіх мужчынаў. Памазок паныла i моўчкі ішоў. Ажыў толькі апынуўшыся ў прасторнай асьветленай зале з багата накрытым сталом, на якім выразна тырчэлі рыльцы бутэлек. I тады ён падумаў, што ўсё ж гэта краіна, мабыць, не такая i кепская, як ён сьпярша меркаваў.

Як пачалі рассаджвацца за сталом, нейкі сівавусы мажны мужчына, можа, туташні тамада, пацягнуў яго ў канец стала да крэсла, адметнага сярод іншых дужа выкрутасьлівым падплечнікам. Памазок, можа б, i сеў на яго, калі б насупраць на стале было штось болей прывабнае, чым жоўтае пітво ў графіне. Крэсла выразна не здалося Памазку выгодным, ён ужо нагледзеў для сябе лепшае − каля невялічкай, але прывабнай купкі бутэлек. Там ён i сеў. На адмысловае ж крэсла змушаны быў сесьці той белавусы; лакей зважліва памяняў іхнія карткі, што былі расстаўленыя перад кожным месцам.

Упершыню за ранак Памазок перавёў дух i ўжо стаў забывацца на прыкрае здарэньне. Пакуль побач гаманілі, ён засяродзіў увагу на дзьвюх бутэльках, адна з якіх здалася яму знаёмай. Як лакеі з-за плячэй пачалі наліваць бакалы, Памазок паказаў свайму − во гэту, i той зважліва наліў яму, − праўда, ня ў самы вялікі фужэр. Памазок на тое паморшчыўся, але змоўчаў − хай! Можа, не апошняя, мабыць жа прэзідэнцкі тэрмін не на адзін год. А калі што, дык можна i падоўжыць…

З таго адмысловага крэсла з фужэрам жоўтага соку ў руцэ ўстаў сівавусы − мабыць, каб мовіць тост. Памазок з гатоўнасьцю працягнуў руку да свае чаркі, як перуновы выбух абрушыў усё − i стол, i гасьцей, i ўсю гэтую залу. Засыпаны друзам Памазок апынуўся далёка ў куце, побач цяжка пляцнулася долу ўзьнятае выбухам грузнае цела сівавусага тамады. Адусюль сыпалася тынкоўка, трэскі ды кавалкі мэблі, бітае шкло бутэлек, енчылі людзі. Памазок на кукішках падаўся між акрываўленых целаў у той бок, дзе, памятаў, былі дзьверы.

Зрэшты, ён мог бы i не турбавацца пра дзьверы, − як трохі асеў пыл, дык убачыў, што канца палацу як не было − скрозь грувасьціліся кавалкі сьценаў, каменьня, знадворку тырчэў абломак калоны. Уцалелі хіба нейкія прыступкі з парэнчынамі, да якіх i падаўся Памазок. Абы прэч з гэтага жахлівага палацу…

Ён мкнуў прэч, а прыступкі вялі, куды самі хацелі − унутр i ўгару. I ён бег па іх, пасьля задыхана плёўся, бо блізка ўнізе ўсчалася страляніна i чуліся крыкі. У нейкім сьцішаным закутку скінуў з сябе свой цяжкі панцыр, які ўжо не было сілы трываць на плячах. Ён прагнуў выбавіцца з гэтага муру, кідаўся па ягоных заблытаных пераходах, пакуль незнарок не апынуўся на даху. Але, можа, i добра, што на даху, тут нікога не было i можна было аддыхацца. Дах быў вялізны i плоскі, з рознымі папярэчынамі i надбудоўкамі ў доле. Зьнізу Памазок ня быў бачны, i тое абнадзейвала. Можа, яму пашэньціць перахавацца да ночы, а ноччу ён бы як-небудзь уцёк. Памазок ужо набыўся ў гэтай краіне, болей яму не хацелася. Ён ужо амаль пераканаўся, што зрабіў памылку, калі паквапіўся на тое прэзідэнцтва.

Унізе між тым усчалося штось неверагоднае − падобна, ішоў бой, як на вайне. Чуліся выбухі, стрэлы i гучныя каманды вайскоўцаў. Але хто − на каго, хто − за каго, зразумець было немагчыма. Трохі ачомаўшыся, Памазок памкнуўся зірнуць з даху, падкраўся да карнізу, ды зараз жа кулямётная чарга ледзьве ня зьнесла яму галаву. Памазок порстка пляснуўся долу − значыць, за ім сачылі. Ляжаў, думаў, што, пэўна, гэта маркоўныя, якім ён не дагадзіў. Тады ён на кукішках падаўся да іншага боку даху, дзе, можа, былі малінавыя, − ужо гэтым ён паспрыяў, падпісаўшы іхняга пеўня. Можа, яны яго ўратуюць? Але толькі ён глянуў зза нейкага коміну ўніз, як адтуль зноў грымнула пара чэргаў, якія дашчэнту зьнесьлі цагляны верх коміну. Здаецца, ягоны шлях уніз быў адрэзаны з абодвух бакоў. Што было рабіць прэзідэнту гэтай дурной краіны?

Унізе тым часам доўжылася гамана, крыкі, час ад часу гахалі выбухі гранатаў. Па карнізах паддашша лапаталі кулі − яго намагаліся выбіць адсюль. Але ён не такі дурны, каб пакідаць сваё месца, сваю Брэсцкую крэпасьць. Ён будзе сядзець тут да апошняга i загіне героем. Хай ведаюць, якія прэзідэнты растуць у партызанскай рэспубліцы.

Але пакуль ён быў жывы, і, нямала стаміўшыся, прысеў каля нейкае бетоннай папярэчыны. Горш за ўсё, што на гэтым даху не было засені, а з паўдзённага неба неверагодна горача паліла сонца. Памазок даўно быў мокры ад поту i незнарок прыгадаў, колькі на тым стале было настаўлена рознага пітва. Ды нікому нічога не дасталося, − во чортава краіна! Каб жа хоць не было, як на ягонай радзіме, а то… То не даюць, то страляюць, а ты бегай з раніцы галодны i дашчэнту цьвярозы. У такі момант тужлівай скрухі побач штось шлёпнулася долу − ён азірнуўся: то была гронка бананаў. Але адкуль? Памазок паўзіраўся ў недалёкае гольле дрэваў, што месцамі былі вышэй даху, i ўбачыў там малпу. Тая сядзела на тоўстым суку i сьмешна крывіла свой рухавы зморшчаны тварык, − бы насьміхалася над чалавекам. «Во, дзіва, − падумаў Памазок, − тут яшчэ i малпы. Трэ будзе не забыцца расказаць пра тое дома…»

Але да дому, мабыць, было далёка, − нешта дужа застралялі ў дальнім, разбураным канцы палацу. З бананам у руцэ Памазок падаўся туды i хутка сьцяміў − з таго боку лезьлі. Пераскокваючы папярэчыны, ён кінуўся ў другі канец даху, ды й там не было спакою. Там таксама спрабавалі ўскараскацца да яго − да сьцяны падагналі вялізны аўтамабільны кран. Адзіны бясьпечны бок быў пад дрэвамі, дзе разьлягаў парк. Не марудзячы, Памазок разьбегся, як колісь у маладосьці, i скокнуў на бліжні сук. Ён удала ўчапіўся, напружыўся i апынуўся на суку зьверху. Тут была прыемная засень, зводдаль на суках расьсеўся з паўтузін малпаў, якія адразу ж усчалі абураны вэрхал. «Ну, чаго злуецеся? − падумаў Памазок. − Самі ўладкаваліся, а мне не да-юць…»

Не зважаючы на іхняе якатаньне, ён падаўся па суку далей ад даху, захінуўся за тоўсты шурпаты ствол. Але што рабіць далей, як ратавацца? Во ўлез, дык улез, паквапіўся на прэзідэнцтва, дурань… I яму нясьцерпна захацелася тады ў сваю дымную, сьмярдзючую ад торфу качагарку…

Аднак доўга сумаваць па качагарцы не давялося, − падобна, яго заўважылі, i першая чарга зьнізу прашыла кулямі лістоту дрэва. Малпы спуджана загаласілі, заверашчэлі на ўсе свае дзікунскія галасы i сыпанулі па гольлі на суседняе дрэва. Намагаючыся з ycix сваіх ня надта багатых сіл, Памазок таксама падаўся за малпамі. З сука на сук, з дрэва на дрэва. Аднаго разу ледзь не зваліўся, няспрытна ўхапіўшыся за крывы сук, але ўтрымаўся. Абы прэч ад тае прэзідэнцкае згубы, дзе яго хацелі забіць.

Але на яго няшчасьце, дрэвы гэтага парку скончыліся, далей разьлеглася пустая лугавіна, дзе звычайна гулялі ў гольф. Зьнізу ўсё стралялі, у лістоце шчоўкалі разрыўныя − гэткія, як у тую вайну пад Познаньню, дзе яго параніла дробным асколкам у зад. Цяпер пакуль што Бог сьцярог, куля не зачапіла. Але ж як ратавацца? Хіба што вышэй? I Памазок палез па суках угару, прадраўся амаль да вяршыні. Далей ужо не было куды. Мабыць, з долу яго ўжо было нялёгка згледзець, хоць адтуль усё стралялі − ці не па ўcix дрэвах. Дзесь прарэзьліва верашчэлі малпы, а ён прытуліўся да таўставатай крывулякі дрэва i ня дыхаў. Думаў: можа, пабягуць за малпамі, а яго ня ўбачаць?

Ды дзе там − згледзелі. Праз гольле бачна было, як два вайскоўцы, утаропіўшыся ў яго, ужо паднімалі ўгару свае аўтаматы. Адчуваючы, як яны вось-вось джагнуць чаргой, Памазок роспачна закрычаў, бы малпа на дрэве…

− Ну, якога д’ябла ўзьлез i крычыш? − пачуў ён на роднай мове. − Катлы халодныя, ці хочаш сістэму размарозіць? Чаго сядзіш там? Зусім здурнеў ці што?

Памазок недаўменна зацепаў вачыма − унізе ля топкі стаяў раззлаваны старшыня i мацюкаўся на качагара, які немаведама чаго сядзеў пад стольлю, учапіўшыся за трубы. У доле ляніва варушыліся-уставалі Юрка Дзядзенка i Ладуцька − церлі заспаныя вочы. Але як яны трапілі ў Памазонію, − таго Памазок ня ведаў.

Усё яшчэ нічога не разумеючы з таго, што адбывалася, Памазок асьцярожна зьлез з трубаў.

− Ці што засталося ў бутэльцы? − прамармытаў ён, ні да кога не зьвяртаючыся. I зразумеў, што марна: парожняя бутэлька валялася ў доле акурат каля старшынёвых ботаў.

 

Вуціны статак

 

Нeвялічкі вуціны статак рыхтаваўся ў вырай.

На азёрах ужо ўсталявалася восень, стала сьцюдзёным паветра, дзьмулі напорыстыя паўночныя вятры. Колькі дзён запар зь няласкавага хмарнага неба чуліся разьвітальныя крыкі журавоў — тыя ўжо ляцелі туды, дзе грэла сонца, была цеплыня і шмат корму. Вуціны статак яшчэ там ня быў; вутачкі вывеліся апошняй вясной у тутэйшым возеры, за лета падрасьлі сярод трысьнягу ды асакі і дбалі толькі пра адно — як наесьціся. Сёлета з кормам стала кепска, ад няспынных дажджоў вада ў азёрах стаяла высокая, падтапіла берагі сенажацяў; буза, якую заўжды падабалі вуткі, апынулася глыбока пад вадой, даставаць зь яе корм было нязручна і цяжка. Ды й корму там чамусь усё менела, бо здатныя мясьціны пазамывала пяском з раскапаных экскаватарамі берагоў. Вуткі да восені пачуваліся слабымі, кепска расьлі і заўсёды былі галодныя.

Стары вуцяк ужо колькі дзён адчуваў пэўны трывожлівы неспакой — трэ было ляцець. Вадзяное птаства падпарадкоўвалася інстынкту, спрадвечнай птушынай волі, якая пэўнаю восеньскаю парой гнала птушак на поўдзень, дзе быў паратунак ад голаду й сьцюжы. Але гэты малады статак ня ведаў таго і, мусіць, мала што адчуваў. Змучаныя летнім недаяданьнем вуткі не пераставалі куляцца ў вадзе куцымі задкамі і шныпарыць па дне нястомнымі дзюбамі.

Неяк ураньні, як трохі пасьвятлела неба, нізка над хмарамі, лапочучы крыльлем, праляцеў вуціны шнурок, — гэта выправіўся ў вырай суседні статак з бліжняй затокі. Адчуўшы чарговы прыступ неспакою, вуцяк трохі прыўзьняўся ў вадзе і трывожліва заляскатаў крыльлем, даючы тым знак увагі свайму невялічкаму статку. Але ніводнай зь ягоных вуцятаў не было побач. Тады ён хуценька паплыў уздоўж трысьнягу гэтага даўжэзнага, на колькі вёрстаў возера і хутка ўбачыў усіх. Ягоныя вуткі зь нейкай неранейшай жвавасьцю куляліся ў мутнай вадзе, і вуцяк зразумеў: яны патрапілі на спажыву.

Тутэйшы бераг быў голы, без травы і кустоў. Наводдаль за гарбатым пагоркам высіліся два закапцелыя коміны, у неба зь якіх няспынна плыў дым. Увогуле тут было зацішна, пагорак затуляў невялічкую затоку ад сьцюдзёнага паўночнага ветру. Але неверагодна, каб тут выдалася кормнае месца, ды, мусіць, так. Інакш бы вуткі не мітусіліся з такой жвавасьцю, нібы ў апошні раз прагнучы наесьціся. Вуцяк таксама нырнуў паблізу, звыкла працерабіў дзюбкай па мяккім дне і адразу адчуў і сьцяміў, адкуль корм. У вадзе, схаваны пад крутым берагам, тырчэў канец бэтоннай трубы, зь якой штось плыло ў возера — мутнае, але прыемнае на смак.

У той дзень вуткі добра напіхалі свае тугія вальлі, пад вечар ледзьве варушыліся на вадзе і заначавалі купкай у недалёкім рэдзенькім трысьнягу. Вуцяк, які таксама з поўным вальлём прыплыў туды апошні, стомлена задрамаў, закалыханы на дробных хвалях, маючы пэўны намер заўтра ляцець.

Але назаўтра, як толькі ў небе над возерам стала віднець, вуціны статак навыперадкі памкнуў з трысьнягу ў затоку. Вутачкі адразу пачалі апантана куляцца, ныраць — сілкавацца. Мусіць, перад адлётам нягожа было надта набіваць свае вальлі, але вуцяк ня мог перапыніць іхную прагнасьць. Ды і сам ахвотна падсілкоўваўся разам, думаючы: хай наядуцца, а ўжо затым ён іх падыме ў палёт. Мусіць, такой жа думкі была і старая вуціха-маці, якая напачатку падплыла да вуцяка, коратка крэкнула і адразу падалася да статку. Яна і падрослых вутачак не пакідала без нагляду, хоць порсткія дочкі ўжо ня надта і слухалі яе. Ня тое што некалі малыя…

Гэтаксама ва ўвішняй мітусьні прамінуў і другі дзень. Вуткі ўволю наеліся, і ледзьве прыплылі ўвечары ў зацішны трысьнёг. За імі прыплыў вуцяк, і ўвесь невялічкі статак супакоена зазыбаўся на ціхай вадзе.

Назаўтра ранкам вуцяк выплыў з трысьнягу першым і гучным ляскатам крылаў падаў знак сабрацца да яго бліжэй. Вуціны статак адразу ажывеў, абудзіўся, але да вуцяка падплылі толькі тры вутачкі, астатнія порстка пашыбавалі пад кормны абрыў. То ўжо было непаслушэнства, вуцяк гатовы быў моцна абурыцца. Але ня ўмеў як — вуціная мова была памяркоўная і скупая. Свой новы сыгнал крыламі ён адрасаваў да вуціхі, якая была таксама скіравала за вуткамі. Тая змушаная была вярнуцца, нешта пракрэкала, што на вуцінай мове магло значыць: дай вуткам паесьці! Вуцяк даў папасьвіцца, але да паўдня, ня болей. У паўдзён ён там жа, пад абрывам, крыламі і гукам даў зразумець статку, што трэба канчаць сілкавацца, пара ў вырай. Яны на возеры апынуліся ці не апошнія. Як бы не спазьніліся.

Яго, аднак, кепска слухаліся, некаторыя ўсё спрабавалі ныраць, нібы баючыся страціць апошнія, здатныя да таго хвіліны. І вуцяк сьцяміў, што марныя яго захады, тым болей што і вуціха неўзабаве далучылася да неслухаў. Адна толькі меншанькая вутачка Шарэчка гайдалася каля вуцяка-бацькі, здаецца, маўкліва падзяляючы ягоны клопат.

Вуткі яўна ня мелі ахвоты нікуды ляцець, ім няблага стала і тут.

Вуцяк ня ведаў, што зь імі рабіць, як растлумачыць, што то — небясьпечна. Калі яны спозьняцца, у паднябесьсі іх можа захапіць непагадзь, а то й сьнег, яны загінуць, не даляцеўшы да цёплага выраю. А то яшчэ ўдараць маразы, і возера замерзьне. Тады яны застануцца бяз корму і прападуць таксама. Свой клопат ён з абурэньнем, гучна крэкаючы і хлопаючы па вадзе крыльлем, давёў статку, як той урэшце наеўся, і вуткі перасталі ныраць. Ды яму ня надта паверылі. Сапраўды, дагэтуль жа было не сьцюдзёна, даволі зацішна ў гэтай прыхаванай за пагоркам затоцы. А галоўнае — нагрэтая за лета вазёрная вада здавалася цяплейшаю за паветра, зь яе не хацелася вылазіць. Ды вуцяк ведаў, што так будзе нядоўга, што возера ўрэшце замерзьне. А лёд — пагібель для вуцінага племя. Ды на ўсе ягоныя захады вуткі не адгукаліся, ня верачы яму. Вуціха-маці коратка і выразна павяла крылом — у адзін бок, затым у другі, што значыла: можа, замерзьне, а можа, і не. Затое тут корм.

Так, тут быў корм, які ўжо праклінаў вуцяк, бо той корм зьявіўся дужа не ўпару, — ня там і не тады, калі быў патрэбны. Цяпер тая нечаканая сытасьць пагражала згубіць вутак. Як і іхная згаладнелая сквапнасьць. Вуткі за некалькі дзён прыкметна пацяжэлі і з заўжды туга набітым вальлём выглядалі няўклюдамі. З такім вальлём вельмі проста было нават не ўзьляцець у паветра, а ня толькі адолець даўгі і турботны шлях у цёплыя краі. Але што мог вуцяк?

Ён мог бы ляцець адзін або з Шарэчкай, якая пакуль што слухалася яго. Але ён не хацеў кінуць астатніх, гэтых пражэрлівых, сквапных дурніц, якія не хацелі разумець, што іх чакае. Вуцяк так затрывожыўся, што сам перастаў ныраць у мутную ваду, адно кружыў у затоцы ды ляскаў па вадзе крыльлем, тым выказваючы свой клопат і гнеў. Ды, здаецца, на вуцяка ўжо перасталі зьвяртаць увагу.

Аднойчы ўранку ён згледзеў, як стравянелы пагорак зводдаль нібыта пакрыўся плесьняю — то браўся першы перадзімовы іней; у паветры надта марозіла. Але вада ў затоцы па-ранейшаму была цёплая, спрэс над ёю курэла лёгкая, празрыстая пара, у якой асабліва жвава пачуваліся вуткі. Вуцяк тады зрабіў ці не апошнюю спробу вывесьці іх на возера і ўзьняць на паветра. Але неўзабаве сьцяміў, што ніводная зь іх ужо не паднімецца — так усе ацяжэлі ад празьмернай сытасьці. І ўсё ня кідаюць ныраць — наядацца. Кожнага дня пад вечар туга набівалі абвіслыя вальлі. Корму ля трубы ня менела.

Вуцяк быў ужо не малады векам, аж тры восені запар лётаў у вырай і кожную вясну вяртаўся на сваё возера. І ён ня мог не разумець, чым скончыцца вуцінае непаслушэнства. Ён толькі ня ведаў, як сам павінны паставіцца да таго. Але і ратавацца самому таксама ўжо рабілася позна. Тады ён меў апошнюю размову з вуціхай-маці, якая адна магла яму паспрыяць. Ды не схацела. Мабыць, як заўжды, не хапіла яе вуцінага розуму.

Між тым на берагі лёг першы лёгкі зазімак. Пагорак забялеўся пад сьнегам, нават стаў прыгажэйшы, чым быў дагэтуль. А затока ўсё дымелася пад цёплай духмянай парай. У ёй надзвычай порстка і ўвішна пачуваліся вуткі. Аднойчы ўранку вуціха-маці так і сказала вуцяку: дарма турбуесься: тут будзе ня горш, чым у выраі. Тут — цывілізацыя, труба пракорміць. А мароз? — запярэчыў вуцяк. А марозу, можа, і ня будзе, адказала вутка. Не было ж яго ўлетку…

Вуцяк разумеў, што яна памыляецца, але ня ўмеў як пераканаць яе ў тым. Асабліва, калі яе падтрымалі астатнія вуткі. Нават яго ўлюбёная Шарэчка і тая апошнім часам надта ацяжэла і болей трымалася на вадзе каля маці. Вуцяк усё болей заставаўся ў адзіноце і парой пачынаў сумнявацца ў сваёй праўдзе. А можа і насамрэч марозу ня будзе? Не бывае ж яго на поўдні, куды лятуць птушкі ў вырай.

Але то — на поўдні. Тут жа была калі й ня поўнач, дык нешта блізкае да яе. Чакаць чагось ладнага, мабыць, тут было марна. Ды вуткі, як і людзі, мелі патрэбу заўжды спадзявацца на лепшае. А што лепшае — падманная рэч, вуткі таго не разумелі.

Неяк уначы стала дужа сьцюдзёна, азяблыя вуткі ледзьве дачакаліся раньня. І тады ўбачылі, што бераг у трысьнягу ўзяўся прыгожым тонкім лядком. Некаторыя нават паспрабавалі яго дзюбкамі, на смак ён падабаўся і хутка таяў. Каб выплыць у затоку, яго лёгка праламвалі вальлямі і лапкамі і так дапяліся да кормнай трубы. Але назад статак ужо не пасьпеў — трысьнёг за дзень спрэс паўмярзаў у лёд. Вуціха-маці тады ўскараскалася на ледзяны закраек і валюхаста пашкандыбала пешшу. За ёй гэтаксама няўклюдна пабрылі вуткі, — ім карцела начаваць там, дзе прывыклі. Вуцяк туды не пайшоў і застаўся на вольнай вадзе ў затоцы.

Але і затока вузела. Мароз паволі і настойліва пашыраў на возеры свае ледзяныя абшары. Праз колькі дзён у затоцы застаўся невялічкі лапічак чыстай вады ўздоўж берагу. Там увесь дзень і сноўдалі вуткі. Праўда, ня ўсе. Іншыя вылязалі на лёд і паныла сядзелі, нібы чагось чакаючы. Сярод іх быў вуцяк. Ён ужо нікуды іх ня клікаў — не было куды клікаць. Ён толькі маўкліва дакараў сябе, што не намогся ў свой час змусіць іх падняцца ў вырай. Але як было адарваць згаладнелы статак ад багатага корму? Цяпер навошта корм?

Начавалі цяпер у цеснай палонцы, і неяк уранку згледзелі, што коміны, якія вытыркаліся ўдалечы з-за засьнежанага пагорку, перасталі дыміць. Тое вутак ня надта спалохала. Спалохаліся яны, калі адчулі ў вадзе, што з бэтоннай трубы не цячэ нічога. Вуткі ня ведалі, што гэта збанкрутаваў завод, і труба перастала дзеяць. Як і ўсё астатняе на заводзе. А вузкая палонка тым часам усё вузела. Пакуль лёд аканчальна не самкнуўся зь берагамі.

…Як зноў настала вясна і стомленыя статкі гусей, журавоў ды вутак пачалі вяртацца з далёкга выраю, яны ў азёрнай затоцы не знайшлі нікога.

Толькі рэшта мокрых стракатых пёрак дзе-нідзе гайдалася ў трысьнягу і ля берагу. То было усё, што засталося ад сытага бясьпечнага вуцінага статку.

 

Жалезны камандзір

 

Атака сарвалася.

«Як жа так? Як жа так? От, праклятая шпокаўка! Адкуль яна ўзялася?» — праз горыч, боль і адчай стукала ў яго галаве неадчэпная думка ўвесь гэты час неспадзяваных ганебных уцёкаў ад вышыні ўніз, туды, у выратоўчыя рытвіны аўражыны, з якой гадзіну назад ён павёў людзей у атаку.

Ён ужо не спрабаваў падганяць байцоў, перастаў падаваць каманды — яго сарваны прастуджаны голас толькі сіпеў, без следу патанаючы ў грымотнай ліхаманцы бою. І Клімаў бег перад усімі, ведаючы, што толькі так можна не даць роце легчы, і раз за разам пазіраючы то ў адзін, то ў другі бок, дзе лупцавалі мерзлую, голую ад снегу зямлю злыя чорныя чэргі гэтай праклятай аўтаматычнай тарахцелкі.

Распырскаўшы абцасамі лёд у вымерзлай да дна лужыне, ён пераскочыў дарогу, пераскочыў канаву з пыльнай ссохлай травой.

Траншэя была ўжо зусім блізка, праз якіх дваццаць крокаў, калі агністыя калючыя клубкі разрываў падкаціліся амаль пад самыя ногі камандзіра роты. Асколкі ірванулі перапэцканыя полы паўшубка, бы дубцом сцебанулі па кірзавых халявах ягоных ботаў. Клімаў упаў ужо каторы раз за гэты сакавіцкі ранак — з усяго маху, як бег, і збітыя да крыві калені адразу апёк боль. Але ён адразу зразумеў[:] гэта не рана, гэта аб зямлю. Лейтэнант ускінуў галаву — у траншэі, прыгнуўшыся, беглі кудысьці зялёныя каскі, на брустверы, калюча бліскаючы агеньчыкам, сек аўтамат, яго кулі пырскалі ў вочы лейтэнанта пяском[;] ротны ўскінуў пісталет і торапка стрэліў туды тры разы. Побач торапка ўдарыў з аўтамата Косця. Заскарузлым рукавом лейтэнант выцер потны, запырсканы зямлёй твар. Чарга тым часам з гулкім трэскатам па ўмерзлым у зямлю леташнім іржэўніку кацілася далей, можна было ўскочыць. Яшчэ дваццаць шалёных імпэтных крокаў-скачкоў па адхоне — і ён узляцеў на бруствер, стрэліў перад сабой у чорную шчыліну траншэі і кульнуўся туды. Адразу перад ім, здаецца, іншыя, хто мог, ужо ўсе паўбягалі ў гэтае глыбока і шырока разварочанае прыродай сховішча і туліліся да яго голага, падзёўбанага напярэдадні мінамі берага, хаваючы ад куль і асколкаў галовы. Тарахцелка збавіла імпэт і, нібы задумваючыся, з перапынкамі біла па самым краі, часам з пералётамі, і тады траскотныя яе дваццацімілімятровыя снарады ірваліся ззаду, на другім баку аўражыны, між глеістых прамоін і гразкіх шэрых плям апошняга снегу.

«Адкуль жа яна ўзялася за ноч? Няўжо свежыя сілы?» — думаў ротны, стуліўшы за абрывам галаву. Сэрца яго шалёна гоцала ў грудзях, гарката стомы распірала лёгкія, у скронях з натужным звонам таўклася кроў. Ён выцягся на цвёрдым гліністым касагоры, з хвіліну аддыхваўся, затым, павярнуўшыся на бок, запіхаў у кірзавы кабур свой з драўлянай рукаяткай «ТТ». Пасля выглянуў на схіл пад вышыню, якая трохі ўжо суняла свой кулямётны вэрхал. Мацней за іншыя тачыла трывога за ардынарца Віцю Прахарэнку: ад самай дарогі ён згубіў яго. Але на схіле нікога жывога ўжо не відаць было, толькі там-сям бугрыліся шэрыя суконныя камякі забітых аўтаматчыкаў ды ля дарогі, наўскасяк перарэзаўшай схіл, з абвіслымі парванымі правадамі стаялі пасечаныя асколкамі слупы тэлефоннай лініі.

«І Смірнова не відно. І Пашы. Колькі ж засталося?»

Ён павярнуўся на другі бок — амаль побач на аўражным схіле, уткнуўшы твар у рукавы, ніцма ляжаў баец. З яго ўшчэнт пасечанага кулямі рэчмяшка выцягнуўся брудны вафельны рушнік, канец якога матляўся ад ветру на нерухомай спіне. Клімаў падцягнуўся і разы два штурхнуў ботам у чорную заскарузлую падэшву валёнка.

— Эй ты! Жывы?

Баец сапраўды варухнуўся, падняў на камандзіра змораны, зашчацінены, ужо зусім не малады твар.

— Паранены?

— А хто яго… ведае. Не, здаецца. Замарыўся… От жа нарабіў гад… Каб на яго халера…

Баец заварушыўся, стомлена сеў, палез у кішэнь па курыва. Клімаў яго не ведаў (мабыць, ён быў з апошняга папаўнення, якое рота атрымала тры дні назад) і падумаў, што чалавеку для пачатку пашанціла нямала: куль з дзесяць, не меней, прайшло, не зачапіўшы, над самай яго патыліцай.

— Што ж гэта будзе цяпер, га, лейтэнант? Столькі пабіла! На фарміроўку адвядуць ці як?

— Ага, чакай.

— Няўжо ж пакінуць яшчэ?

Чуйна прыслухоўваючыся да таго, што рабілася наверсе, і раскручваючы чырвоную нямецкую маслёнку-партабак, ён з непрыкрытай трывогай глядзеў на камандзіра роты. Занепакоены сваім, Клімаў адной уцалелай рукавіцай збіў пыл з рассечанага асколкам бота.

— Тваё як прозвішча? — запытаў ён.

— Маё? Ды прозвішча такое… Дзеўкін.

— Доўга жыць будзеш, Дзеўкін. Азірніся.

— Хто, я?

Намацаўшы ззаду шкоду, баец пачаў бурчэць і лаяцца, а лейтэнант споўз ніжай, падняўся і пайшоў уздоўж ручая па аўражыне.

Аўражына была даволі глыбокая, але хадзілі ў ёй толькі па адным баку: другі быў пад агнём. Цяпер, аднак, тут папрыціхла, напэўна, ужо ўсе пахаваліся і страляць не стала па кім. У гэтай цішыні стала чуваць, як грахаталі выбухі пад вёскай, дзе вялі бой іншыя роты палка… Па аўражнаму схілу ўніз да ручая спусціўся баец у кароценькім пакамячаным шынялі, тупнуўшы разы два пяткай валёнка, праламаў тонкі лядок і пачаў кацялком зачэрпваць ваду. Ён таксама быў незнаёмы Клімаву. Незнаёмыя цяпер наогул трапляліся ў роце часта — полк шмат дзён у баях, і старых байцоў у ім засталося мала. Ды і сам ён у гэтай роце з’явіўся нядаўна, з тыдзень назад, да гэтага быў у іншым батальёне камандзірам узвода. Боты падварочваліся на касагорыне, ісці было нязручна. Клімаў спусціўся ніжай да ручая. У аўражным беразе дзе густа, а дзе радзей, накапаным жвірам жаўцелі выдзеўбаныя за мінулую ноч ямкі-акопчыкі. Цяпер некаторыя з іх туліліся ў зямлі пустыя. Над берагам сям-там тузаўся на ветры быльнёг, і ў небе плылі-кудлычыліся шэрыя хмары. Было сцюдзёна, дзень абяцаў непагоду. Клімаў пераскочыў ручай, следам зазвінелі тонкія ільдзінкі. Тут, ля завароткі, была самая адкрытая мясціна, лейтэнант, увагнуўшы галаву, кінуўся бягом, але ў канцы не ўтрымаўся і азірнуўся на вышыню — у якім кіламетры над шэрымі рытвінамі бруствераў сноўдалі, знікалі і зноў з’яўляліся галовы ў пляскатых касках.

«Сволачы! Не баяцца», — са злосцю падумаў ён, забегшы за паваротак. Хаця, чаго ім было баяцца: боепрыпасаў у роце не хапала, ашчаджалі кожную абойму з тых, што, атрымаўшы па норме, старшына прывозіў уначы ў роту. Лацно немцам. Але хай, да пары, суцешыў сябе лейтэнант, зноў пераскочыў ручаіну. Па нейкай палеглай і вельмі гразкай траве ён перайшоў крывуліну чарговага паваротка і ў задуменні аж схамянуўся ад нечаканай сустрэчы: перад ім стаяў конь. Конь, відаць, быў прыблудны, чужы, не падобны ні на аднаго з чатырох ротных вараных абознікаў, якія, дарэчы, цяпер былі са старшыной у тылах. Спачатку Клімаў махнуў рукой, спрабуючы сагнаць яго з свайго шляху, але конь нават не адрэагаваў на гэтую спробу, толькі трошачкі прыўзняў голаў і з такім анямелым дакорам зірнуў на чалавека сваімі бліскучымі бяздоннымі вачмі, што Клімаву стала няёмка. Ён дакрануўся да яго маршчыністай шыі, натапыраная поўсць з дробнымі белымі плямкамі — слядамі даўніх памулак — зябка здрыганулася на яго хрыбце, конь зрабіў спробу пераступіць, кульгануў і зараз жа падабраў пад сябе заднюю нагу. Пасля ён працяжна, трудна ўздыхнуў. Стараючыся болей не патрывожыць жывёліну, Клімаў праціснуўся па сцяжыне ля яе боку і, прайшоўшы яшчэ крыху, палез угору, дзе перад гэтай няўдалай атакай пакінуў свой КП з тэлефонам да камандзіра палка.

За ўвесь час адсутнасці камандзіра роты на яго імправізаваным КП у глыбачэзнай старой варонцы на краі рова гаспадарыў тэлефаніст Тарасікаў. Ні наступленне, ні абарона, ні паспяховыя ці няўдалыя атакі — нішто, здавалася, не датычыла гэтага хлопца, які ведаў адзіны свой на вайне клопат, — сувязь. Што б там ні адбывалася навакол, ён, кавалкам бінта прывязаўшы да вуха трубку, карпеў над старэнькім УНФ, слухаючы і баючыся толькі за свой даўжэзны, безліч разоў ірваны і вязаны-перавязаны провад. Крыху вышэй за яго на апарожненай жалезнай шпульцы сядзеў ягоны напарнік — маўклівы з рабым тварам сувязіст, перад наступленнем прысланы да аўтаматчыкаў з роты сувязі.

Абрушваючы з берагоў варонкі падмерзлую зямлю, Клімаў ссунуўся ў яе дно на тоўстую заследжаную льдзіну. Тарасікаў як рупны падначалены пры з’яўленні начальства неяк няўлоўна падабраўся нутром, прыўзняўся, прыўстаў на каленях і крануў ручку апарата.

— Як сувязь? — прывычна кінуў Клімаў, і Тарасікаў з бадзёрай гатоўнасцю, тонам, у якім чулася трошкі выхвальнае «а як жа іначай», падхапіў:

— Ёсць, таварыш лейтэнант, — і, стрэльнуўшы на камандзіра прыгожымі выразнымі вачмі выхаванага, чуйнага хлопца, дадаў: — Тут вас дваццаць першы пытаўся.

— Даўно?

— Хвілін дзесяць.

Клімаў даўлянуў на шчоках жаўлакі і, укленчыўшы на адно калена, пад адтапыранае вуха шапкі сунуў канец трубкі. Пакуль у трубцы шчоўкалі кантакты пераключэнняў, Клімава абдало духмяным араматам махоркі, ён ускінуў голаў і моўчкі працягнуў руку да сувязіста. Той паспешліва адкусіў канец недакурка, выплюнуў яго. Клімаў зручней сеў ля апарата: са дзве зацяжкі калі не зусім супакоілі яго, дык усё ж пасобілі сабрацца перад непрыемнай размовай.

— Пашы не было тут? — усё яшчэ чакаючы з трубкай ля вуха, запытаў ён Тарасікава, які глыбей забіваў у зямлю стары паіржавелы штых, што служыў зазямленнем.

— Не, не было.

Нарэшце ў трубцы шчоўкнула, буркнула, Клімаў засяродзіўся ўсім сваім вельмі брывастым, вельмі абсівераным і ўсё ж, не зважаючы на гэта, маладым тварам.

— Слухаю, таварыш дваццаць першы.

— Што? Клімаў, ты? Што гэта ў вас сціхла там? Чаму не дакладваеш? Вышыня ўзята?

Клімаў зноў выдавіў на шархоткіх шчоках жаўлакі, рука яго намацала ў пале паўшубка дзірку, і пальцы з сілай ірванулі павіслы з белай паўсцёй мэтлах скуры.

— Алё! Далажы, як вышыня.

— Вышыня на месцы.

— Га? Алё! Што цябе дрэнна чуваць? Як вышыня, я пытаюся?

— Возьмем вышыню.

— Што? Возьмем? Ага, возьмем! — голас у трубцы адразу зрабіўся пагрозліва-з’едлівы. — Да вас што, толькі цяпер загад да розуму дайшоў…

Угары раптам грымотна трэснула, Клімаў інстынктыўна хіснуўся ніжэй да апарата, зірнуўшы з-пад локця ў неба, — над ровам плыло невялічкае рудае воблачка брызантнага разрыву. Камандзір палка яшчэ нешта казаў, але Клімаў зноў не пачуў, аглушаны новым, яшчэ больш блізкім разрывам. У доле наўкола бы хто сыпануў жменяю дробных каменьчыкаў — пыхнулі і прапалі пад ветрам сотні пыльных дымкоў.

— Малакасосы! Спалохаліся дзясятка вшывых фрыцаў! Аўтаматчык[і] мне называецца! Куча дрэні вы пасля гэтага. Вы… — далёкім злым голасам шархацела трубка.

Клімаў апусціў на калені трубку і, безуважны да яе шорхату, пацягнуў бычок.

Але ў гэты раз над ровам зноў аглушальна трэснула, і вецер хутка пагнаў прэч новае воблачка. «Прыстрэльваюць, — падумаў Клімаў. — Цяпер будзе». Прыўзняўшы ў паветра трубку, ён спачатку не зразумеў, чаго гэта маўклівы тэлефаніст бокам ссунуўся на яго, прываліўся да пляча, галава яго ўпала на руку з трубкай, і лейтэнант схамянуўся толькі, калі струмені крыві пабеглі па яго штанах. Аднае рукой Клімаў згроб сувязіста, адхінуў назад і тут жа адхіснуўся сам — уся скроня байца была разварочана асколкам, з страшнае раны на твар, плечы зашмальцаванай ватоўкі і на лейтэнантаў паўшубак лілася кроў. Клімаў вылаяўся і з усяе сілы ляпнуў на лёд недакурак.

— Дабяруся!.. — крычала трубка, калі Клімаў зноў прыклаў яе да вуха пад ссунутай набок шапкай. Гнеўныя, злыя, несправядлівыя словы, якія за хвіліну да гэтага выклікалі ў ім толькі прыкрасць, цяпер узарвалі яго.

— А што вы крычыце! Я не палахлівы! І не для вас ваюю! Вось! А вышыню — не горш за вас ведаю, што трэба ўзяць. Але вунь шпокаўка не дае.

— Во-во, так і ведаў! Дрэннаму танцору, ведаеш, што заўжды перашкаджае? Якая гэта яшчэ ў цябе шпокаўка?

— У немцаў, не ў мяне. Дваццацімілімятровая аўтаматычная гармата, вось! З фланга, ад Сахно. Ды кулямётаў няма ўжо, адзін ручнік застаўся. А ў іх шэсць на вышыні. Ды яшчэ шрапнеллю лупяць, — скарыстаўшы нечаканую паўзу ў камандзіравай лаянцы, скардзіўся Клімаў. — А ў маіх па тры абоймы на вінтоўку ды па дыску на аўтамат. Чым браць, скажыце?

— Расплакаўся! Чым браць? Чым вунь Сахно бярэ? Чым Кузняцоў наступае? Храбрасцю! Гераізмам! Адвагай! Чуеш, які бой ідзе? Пад самай вёскай ужо. А ў іх па адной абойме на ствол. Сам правяраў. Затое ўмеюць. І не пушчаюць у штаны, як вы!

— Няма каму пушчаць, — гэткім жа сварлівым тонам адказваў лейтэнант. — Трыццаць чалавек засталося. Ад усёй роты.

— От здзівіў: трыццаць чалавек! Вунь у Сахно па дваццаць у роце, і то не скардзіцца.

— Ну, у мяне яшчэ да гэтага не дайшло!

— Мяккацеласць праяўляеш, таварыш камандзір роты. У жаласць іграеш. Вайна ідзе, лейтэнант! Нечага шкадаваць для перамогі! Дывізіі гінуць! — перайшоў ужо на крык маёр і раптам закашляўся. Адкашляўшыся ж пасля паўзы, ужо мякчэй аб’явіў:

— Ладна, Клімаў. Карандашоў падкіну. Сёння зноў атрымаем. Прама з марша. Семак не прасі. Няма. А карандашы будуць. Ну, але і я з цябе скуру здзяру, калі ты мне да дванаццаці нуль-нуль не возмеш вышыню.

— Немцы скарэй здзяруць. Яны бліжай, — сказаў лейтэнант, але трубка ўжо змоўкла, і ён паклаў яе ў апарат.

Нейкі час ён сядзеў, утаропіўшы вочы і не бачачы нічога, апроч дробных пыльных струменьчыкаў крыві, якія з-пад цела забітага хутка паўзлі-каціліся на затаптаную плаху лёду ў дне варонкі. Хутка астываючы, кроў слаба парыла рэшткамі апошняга цяпла, побач сінім дымком струменіў у паветры недакураны «бычок». Лейтэнант дзеўбануў яго наском бота і выскачыў з варонкі ў роў.

Назад да свайго ланцуга Клімаў ішоў, не разбіраючы ўжо, дзе сцежка, дзе ручай, а дзе адкрыта і прастрэльваюць немцы. Адносіны да сябе з нейкага часу зноў сталі абыякавыя. Паўгадзіны назад ён бег з вышыні ў гэты роў, падаў, выкручваўся між разрываў, з усяе мочы стараючыся, як і ўсе, уберагчы сябе ад кулі або асколка, бо ў гэтым была найбліжэйшая небяспека і найбольшы клопат. Цяпер жа, раззлаваны і расстроены сваркай з начальствам, ён ураз згубіў усю ашчаднасць да сябе. Гэта было незразумела і дзіўна, каб задумацца аб тым, але думаць не было калі.

Агнявы бой на ўчастку суседняга батальёна Сахно ішоў без асаблівай сілы: тузалі паветра мінныя выбухі, гудзела зямля, кулямётная траскатня перамежвалася таропкім нязладным буханнем вінтовак. «Не падобна, каб Сахно дужа прасунуўся, — услухаўшыся, падумаў Клімаў. — Топчацца перад самай вёскай». Вядома, у такім становішчы яму нямала пасобіла, каб рота аўтаматчыкаў узяла гэтую праклятую вышыню. Але зноў жа, калі Сахно возьме вёску, тады лягчэй будзе ўзяць і вышыню. Вось табе і зачараванае кола, і разарваць яго якой хітрасцю наўрад ці магчыма.

Насустрач яму ўздоўж ручаіны бег нізенькі, як здалося Клімаву, дужа шустры баец. Каска сядзела на яго галаве неяк бокам, каўнер шынялка быў пастаўлены, і зашмальцаваныя палявыя ромбікі пятліц, бы рожкі, тырчэлі ад падбародка. У абодвух руках падмышкамі баец трымаў распоратыя цынкі ад патронаў.

— З якога ўзвода? — запытаў Клімаў. Баец паслухмяна спыніўся.

— З першага, таварыш лейтэнант.

— Дзе Смірноў?

Баец прастадушна паціснуў плячмі.

— Хто яго ведае. Мусіць, там, — кіўнуў ён на вышыню. — Не прыбег.

Клімаў прамаўчаў, пасля кіўнуў на цынкі.

— Многа далі?

— Дзе там! Мала, — ахвотна, як пра балючае, загаварыў баец. — Паўсотню на ўсіх. Ды во яшчэ пяць фенек, — ён трасянуў цынку — і ў ёй важка грукнулі жалезам гранаты.

— Запалы не забыўся?

— Не. Во, — нязручна штурхнуў ён нагой абвіслую кішэню.

— Адразу ж зарадзіць. Магазіны таксама. Рыхтуйцеся да атакі.

Баец насцярожана ўскінуў голаў, з твару яго адразу знікла кароценькая бадзёрасць ад гэтай сустрэчы і камандзіравай увагі да яго спраў, дзве дробненькія зморшчыны скранулі яго абсіверанае пераноссе.

— Ёсць, — вяла прагаварыў ён і, чагосьці яшчэ чакаючы ад лейтэнанта, не ішоў, а глядзеў яму ўслед. Клімаў адчуваў гэтае замяшанне і гэты позірк, але не азірнуўся, каб не размякчаць свае халоднай суровасці, і на хаду кінуў:

— Сам павяду ўзвод.

Баец нявесела падабраў цынкі і пабрыў далей, а Клімаў, прыпыніўшыся, выцягнуў за цэпку з-пад палы гадзіннік: было без чвэрці дзесяць.

Ён пайшоў далей у трэці ўзвод, якім камандаваў малодшы лейтэнант Грэчка. Гэта быў цяпер адзіны камандзір узвода ва ўсёй роце. Што ён жывы, Клімаў ведаў пэўна, бо, бегучы з вышыні, бачыў, як трэці ўзвод раней за іншых паспеў схавацца ў рове і такім чынам найменш пацярпеў у той няўдалай атацы. Грэчка тады на беразе рова ўсё размахваў сваім ППД, аж покуль апошні баец яго не ўкрыўся ад агню.

Гэта было крыху на водшыбе ў тым канцы рова, які сама бліжай падступаў пад вёску з тае ўедлівай, такой ашалела-бязлітаснай гарматай. Роў тут рабіўся вузейшы і, мабыць, глыбейшы — голыя гліністыя абрывы зусім сціснулі замерзлую ручаіну, якая брала адсюль свой пачатак. Грэчкаўцы, відаць, акапваліся — з берага ўніз сыпалася зямля, і відаць было, як раз-пораз выляталі адтуль рассыпістыя лапаткі глею. «Ужо акапваюцца! Якія спрытныя», — злосна падумаў Клімаў. Ён ускарабкаўся па жорсткай калючай, бы наждак, кручы, крыху прайшоў і запытаўся ў байца ў ямцы, што назіраў за вышынёй, дзе камандзір. Баец паказаў у акоп за вымаінай, адкуль у паветра часта выляталі камякі зямлі.

Клімаў добра ўгрэўся, пакуль пералез тую вымаіну і дабраўся да ўзводнага. Грэчка так улёг у сваю працу, што не заўважыў ротнага і ўжо на самым брустверы ўссыпаў яму на шапку поўную лапату зямлі. Бокам прысеўшы на глей, Клімаў страхнуў яе ў акоп.

— А ну, вылазь сюды.

З акопчыка паказаўся разагрэты працай, белабрысы, з крутаватым падбародкам твар, на якім адзначыліся незадаволенасць і запытанне. Убачыўшы, аднак, Клімава, узводны адкінуў лапатку і лёгка выскачыў наверх. Гэта быў камлюкаваты, тугаплечы крапак, распрануты да гімнасцёркі з расшпіленым адкладным каўняром, на чырвонаармейскіх пятліцах якой нечая няўмелая рука белаю ніткай насцягала па кубіку. На грудзях хлопца бліскаў ордэн Чырвонага Сцяга.

— Во вырыў, ніякая шрапнель не возьме, — аддыхваючыся і папраўляючы на рамяні чорны кабур трафейнага парабелума, сказаў ён. Затым накінуў ватоўку і апусціўся побач з лейтэнантам. Клімаў без цікавасці зазірнуў у акопчык.

— Возьме. Рыхтуй узвод да атакі.

Грэчкавы рукі замерлі на захінутых краях ватоўкі.

— Які ўзвод?

— Свой.

— Зноў?

— Зноў.

Грэчка змоўк, не спускаючы позірка з Клімава, затым ляпнуў нагой у ком глею, які, падскокваючы і трушчачыся ў драбязу, пакаціўся ў роў.

— Не павяду. Хай вунь Сахно тую балаболку ўбярэ. Тады пайду.

Клімаў зламаў высахлую сцябліну быльнёгу і раструшчыў яе ў пальцах.

— Пойдзеш на левым фланзе. Ад ляска. Так паспрабуем.

— Пайшлі яны да д’ябла. Усе на роце аўтаматчыкаў выязджаюць. У мяне галава не затычка. Як-ніяк жыць хочацца.

Ён ускочыў, адышоўся вышай і сеў на накапаную зямлю тварам да вёскі. Пэўна, з вышыні заўважылі нейкі рух тут, і кароткая кулямётная чарга пранізала паветра над самымі іх галовамі; на тым баку рова з кручы пасыпалася жарства. Грэчка, спахапіўшыся, упаў на бок, Клімаў сеў ніжай. Чарга змоўкла. Настала няёмкая для абодвух паўза. Клімаў пазіраў кудысь на пагоркі па той бок рова. Яршыстая ўпартасць Грэчкі яго не здзівіла. Гэты малодшы лейтэнант быў самы трудны з усіх узводных у роце, Клімаў ведаў яго яшчэ з фарміроўкі, пазнаёміўшыся, калі яшчэ сам быў камандзірам узвода. Стаўшы ротным і не раз сутыкнуўшыся з ім, лейтэнант адчуў, што найлепшае, што можна супрацьпаставіць яго ўпартасці, гэта неаслабная суровая цвёрдасць. Вядома, ён мог бы і проста загадваць, не дапускаючы абмеркавання, але таго не хацеў, бо ўсё ж як-ніяк яны былі знаёмыя, свае хлопцы, і думалася, што можна абысціся без гэтага, па-сяброўску.

— Паспрабуем ад лесу, — сказаў ён, коратка зірнуўшы на ўзвод­нага. — Там шпокаўка не дастане. Ад вёскі ёй не відно. Праўда, так будзе далей. За адзін брасок не адолееш. Але паспрабуем.

Грэчка стаў на калені і рэзкімі нярвовымі рухамі ўздзеў у рукавы ватоўку. Твар яго гарэў ад абурэння і нязгоды, светлыя вочы пад белымі брывамі зыркалі халодным агнём.

— Так даспрабуешся, што ў роце нікога не застанецца. Лю­дзей па-дурному нішчыць. Брухамі глыжы церці. Да дурыкаў надакучыла гэта. Ісці дык ісці. А то туды, як чарвякі, а адтуль, як зайцы, — бурчэў ён, не пазіраючы на камандзіра. І раптам загаварыў гучна і рэзка:

— Зноў жа патронаў няма. З чым ісці? Па тры абоймы на вінтоўку. Аўтаматных па жмені.

— У Сахно вунь па адной засталося.

— Мне Сахно не ўказ. Хай аб тым у самога галава баліць. І што ты не растлумачыш капэ? — так ён зваў камандзіра палка.

— Ты кулямёт зберажы, — казаў Клімаў сваё. — Апошні застаўся. Дыскі з чатыры збяры для яго.

— Што ты яму не ўтлумачыш, кажу? Дрэйфіш? Ты яшчэ яго не ведаеш: паддасіся, дык ён цябе заганяе. Дай я з ім пагавару. Я ў яго артпадрыхтоўкі патрабую…

Грэчка раптам ускочыў з гліны і [падаўся] да бруствера за аўтаматам. Клімаў крыва ўсміхнуўся аднымі вуснамі.

— Што тлумачыць? Усё растлумачыў.

Грэчка спыніўся на схіле.

— Ну?

— Ну і ну. Загадаў атакаваць.

Малодшы лейтэнант плюнуў і вяла апусціўся на зямлю. Памаўчалі. Пасля ўзводны насцярожана зірнуў убок цераз голаў Клімава.

— Сібірачка чэша, — зусім другім тонам — сцішана і без следу злосці сказаў ён. Клімаў таксама азірнуўся і паспешліва захінуў падраныя полы паўшубка. Унізе ўздоўж ручая торапка ішла сюды Паша.

Абодва камандзіры некалькі часу глядзелі ўніз на кароценькую дзявочую постаць у падрэзаным і туга падпярэзаным дзягай шынялі, касцы, непамерна вялікай на яе галаве. Паша была тоўсценькая, з празмерна поўнымі сцёгнамі; пераскокваючы рытвіны і камяні, яна няспрытна закідвала ў бакі ногі і размахвала аднае рукой, прытрымліваючы другой на баку сваю таўшчэзную санінструктарскую сумку. Лейтэнанты змоўклі, назіраючы, як дзяўчына ўскарабкваецца па крутым адхоне, як, узлезшы, папраўляе споўзлую на лоб каску і расслабленым змораным крокам падыходзіць да іх. Яе шырокі, быццам расплюснуты твар, як заўжды ззяў здаровай маладой чырванню, адзінай адзнакай дзявочага хараства, якім так скупа надзяліла прырода гэту дзяўчыну.

Яна падышла да Клімава.

— Вы мяне шукалі?

Клімаў, зірнуўшы на яе, апатычна адвёў позірк.

— Я не шукаў.

Паша ссунула наперад сумку і стомлена апусцілася побач.

— А я з раненымі завазілася. Пакуль пасцягвала… Ой, і вы паранены! — спахапілася яна, убачыўшы яго парваныя полы.

— Не паранены, — няласкава адказаў Клімаў.

— Кроў жа…

— Кроў чужая. Тэлефаніста з роты сувязі…

Паша адкінулася на каленях і нахмурыла рэдкія броўкі.

— Што, памочнік смерці, многа мілёнкаў забінтавала? — грубавата запытаў у яе Грэчка. Паша ўздыхнула.

— Дванаццаць чалавек. Трое ляжаць: цяжкія. Ноччу трэба эвакуіраваць. Хайрудзінаў памёр. Толькі перавязала, гляджу, ужо ўсё. А Сокалаў на дарозе застаўся. Спачатку поўз яшчэ. Я — да яго, а яны з кулямёта. Дапаўзла — ужо гатовы.

— Сволачы, такую іх!.. — не зважаючы на прысутнасць жанчыны, салёна вылаяўся Грэчка. Паша заламала бровы і пачала скубсці з долу сухую леташнюю траву. Вецер падхопліваў яе з апэцканых ёдам пальцаў і кружыў над ровам. На Клімавым твары пульсавалі жаўлакі.

— Значыць перавядзеш узвод на той фланг, — закалянеўшы нахмураным тварам, сказаў ён. — Праз гадзіну пачнем.

Грэчка падняўся на калені і, асабліва злы ў свае зацятай маўклівасці, пачаў зашпільваць рамень на ватоўцы, пасля моўчкі падабраў з бруствера ППД і палез у акопчык па гранаты і сумку. Калі ён схаваўся ў зямлі, Клімаў таксама ўстаў, паправіў на плячах свае кавалерыйскія партупеі і пачаў торапка збягаць уніз. За ім з асцярогай, рызыкуючы ўпасці, пайшла Паша.

За некалькі хвілін да атакі ён ляжаў на краі абрыву і пазіраў у канец рова пад лес, дзе Грэчка павінен быў падаць умоўны сігнал аб гатоўнасці яго ўзвода. Ззаду ў двух кроках ад яго, саставіўшы з кручы ногі, сядзела Паша і па свайму звычаю калупала шчэпкай зямлю.

Ішлі апошнія хвіліны цішыні, хутка, ведаў ён, яна знікне, на тысячы асколкаў расколецца громамі бою, небяспекі, і тысячы смерцяў пачнуць слепа сцябаць зямлю ў пошуках гэтых трыццаці шасці жыццяў, якія замерлі, стаіліся і нацэліліся цяпер на вышыню.

— Віця! Ну што, табе абавязкова весці ўзвод? Табе ж ротай камандаваць трэба. Можна б і не лезці на самы ражон — кулямёты ж, яны па ланцугу б’юць.

За ровам да пары свайго часу бруяў наліты вясновымі сокамі лес, вытаяўшы з-пад снегу, ажывала гатовая да сваёй адвечнае справы зямля. З кожным днём увачавідкі меншалі снегавыя лапікі — рэшткі па аўражынах, на падлесках, марнеў-падтайваў гразкі змутнелы лёд на забалацях. Ішла вясна, першая вясна вайны. Праўда, пакуль было холадна, абцяжарвалася неба ад хмар, дзьмуў, не сціхаючы, рэзкі вецер, на мёрзлым доле прабірала да дрыжыкаў. Сцюжа і смерць. Сцюжа і смерць — вось што найбольш запомнілася з гэтай цяжкай, пакутна бясконцай зімы. І разам слабенькім балючым светлячком ліпела надзея — неспатольная, пастаянная, вялікая і меншая, слабая і мацнейшая — на круты паварот да перамогі ў гэтай несціханай калатнечы людзей са злом.

— Віць, а Віць… Ты чуеш?

— Чую, ну што? — з прыкрасцю павярнуў ён галаву да дзяўчыны. Скасіўшы вочы, тая злавіла яго кароткі позірк і ўсміхнулася з затоеным сумам.

— Нічога ты не чуеш. Пра другое думаеш.

— Ладна. Чакай. Каб сігнал не праглядзець.

— Давай трошачкі адстанем. Га? Як да дарогі дабяруцца, тады пойдзем, — з болем і сумам, не верачы ў тое, што яе паслухаюць, гаварыла Паша. Клімаў прыўзняў галаву.

— А ну паглядзі туды. Не махае?

Яны абодва ўгледзеліся ў канец рова, над якім залеглі, ужо не акапваючыся, аўтаматчыкі трэцяга ўзвода. Відаць было, як там нехта перабягаў ад аднаго байца да другога, пасля нехта з абрыву спускаўся ўніз. Не, сігналаў адтуль пакуль не давалі.

І будзе сонца на зямлі, і згіне сцюжа, і заззяе шчасце перамогі, і знікне з зямлі крывавая чума — фашызм. Толькі той час ужо не для іх. Вельмі мудрона выжыць у такой вайне, у такой пякельнай віхуры смерцяў — так мудра, што і не варта дбаць аб тым — дарма і недарэчна. Гэтую ісціну Клімаў усвоіў даўно — іншай у яго не было. А была толькі справа кожнага дня і задачы, якія трэба было выконваць, было начальства і немцы — яны дыктавалі, вызначалі, усё ў ягоным жыцці залежала ад іх.

— Вунь я некалі служыла ў другім батальёне. Там ротны быў Сіязаў. Дык ён усю восень з акопа пракамандаваў. Залягуць дзе байцы — адразу яму акоп. Два ардынарцы былі. Здаровыя такія дзецюкі, усё капалі, капалі, — лілася ў напружанай цішы ціхенькая, добразычлівая гаворка дзяўчыны. Клімаў, не адрываючы позірка ад Грэчкавага ўзвода, намацаў і расшпіліў на баку кабур.

— Ну і што ж гэты Сіязаў? Дзе ён?

— Цяпер няма ўжо. Пад Кашырыным забіла.

— Ну вось. А гаворыш: капалі.

— Дзівак! Дык то выпадак. Ноччу на маршы былі. За дзесяць кіламетраў ад перадавой. Самалёты бамбілі і — асколкам.

— Вось іменна.

Шэсць кулямётаў, зараджаных і нацэленых у іх, стаяць на вышыні, варушыцца дзясятак аўтаматчыкаў. Вінтоўкі. Дзесьці стаілася да часу батарэя, гатовая абрынуць на іх шрапнель. Чакаюць. Боепрыпасаў ім не шкада. У немцаў іх многа. Віхура агню і жалеза запануе на гэтым касагорыстым лапіку зямлі, наўскасяк перарэзанай вузенькім, стаптаным жывёлай прасёлкам. Летась тут было збожжа, была сяўба і жніво, быў хлеб. Цяпер будзе іншае жніво без сяўбы. Трыццаць шэсць страхаў чакаюць таго — за сваё слабае, такое падаткае пад жалезам цела, такое хліпкае сваё жыццё. І для кагосьці гэта ўжо апошні ранак, апошняя пядзя жыцця, апошні рубеж яго жыццёвага шляху. Толькі для каго? — вось якім праклятым і нікім ніколі не разгаданым пытаннем мучыць ад веку людзей вайна.

Але — трэба.

Трэба. Інакш нельга. Грукочыць, вурчыць, ірвецца ў вёсцы, джгаюць агністымі струменямі кулі, ірве цела метал. А трэба. Трэба ісці зноў туды, дзе ўжо ганялася смерць і за імі і дзе ляжаць вунь на іржышчы нерухомыя бугаркі таварышаў. Трэба.

— Ты вось што, Паша, — не паварочваючыся да дзяўчыны, сцішаным голасам сказаў Клімаў. — Ты прыйдзеш пасля. На вышыню. Цяпер пабудзь тут, з раненымі.

Паша грэбліва фыркнула, наморшчыла загнуты піпачкай носік, твар яе ад таго стаў яшчэ больш непрыгожы — дурнаваты і плакслівы.

— Во яшчэ. І не падумаю. Я ад цябе сёння не адстану.

Ён павярнуў галаву.

— Надумалася. А як жа другія? Раненыя ж будуць.

— Во я іх і дагледжу. Як вышыню возьмем. Так жа ты хацеў?

Клімаў махнуў рукой і зноў распластаўся ніц.

— З табой дагаворышся! Толькі вунь байцы глядзяць. Думаюць, да ротнага як прыліпла.

— Я не прыліпла.

Усё нішто. Усё можна стрываць. Трэба стрываць. Калі б толькі болей сілы. Болей магчымасці і болей справядлівасці. Рускі чалавек усё можа, усё ўмее, усё здолее, толькі трэба яму болей чалавечнасці ці што. Людскасці. Каб без крыку, без гарлапанства. Душэўней бы. І патронаў. І зброі болей. Тэхнікі. Дужа цяжка так: штыком і прыкладам. Перад вайной гаварылі: усё ёсць. Усіх пераможам. Любога агрэсара разаб’ём на яго ж зямлі. Варашылаў падлічваў шчыльнасць куль на кіламетр фронту, параўноўваў. У нас атрымлівалася за ўсе арміі больш. Яму апладзіравалі. Тым ганарыліся. У вучылішчах вывучалі тактыку наступлення, менш абароны. Адступаць ніхто не вучыў: у Чырвонай арміі адступленне не прадугледжвалася. Вінтоўка СВТ выдавалася за лепшую ў свеце. Аўтаматы забракавалі. На вайне за ўсё гэта расплаціліся. Тыя, хто быў не віноўны ні ў чым. Заплацілі крывёю.

— Я не прыліпла.

— Што?

— Я не прыліпла. Калі так — то і не трэба. Я не ліпучка…

На абрыве зашуршэў глей, Клімаў азірнуўся. Паша, узмахваючы ўскінутымі рукамі, хутка, не разбіраючы шляху, збягала ўніз. Ззаду, шырока разышоўшыся ў разрэзе, хуценька матляліся полы кароценькай яе шынелкі.

— Ну і бяжы! Падумаеш!

— Устаць! Наперад!

Усё, што было дасюль — усе перажыванні, сумненні, клопаты — усё адляцела, знікла, быццам адсечанае назаўжды, засталося ў беззваротным былым. Наступіла новая часіна, пара новага быцця на страшным і няпэўным рубяжы жыцця і смерці.

Клімаў ускочыў, зірнуў у адзін бок, у другі, улавіў позіркам, як здрыгануўся нерухомы да гэтага рэдкі ланцужок яго аўтаматчыкаў і ірвануўся ў ветраную прастору поля.

Некалькі крокаў ён бег, але потым адчуў, што апярэдзіў іншых, і прытрымаў крок. Бліжэйшыя ад яго байцы ўжо ўсталі і беглі, уставалі дальнія. Густаватай купкай высыпаў зводдаль узвод Грэчкі.

Вецер шкуматаў полы паўшубка, сцябаў па твары матузамі ад шапкі, але Клімаў не прыкмячаў таго — бег. Адна толькі думка кіравала цяпер усім — хутчэй! Хутчэй, пакуль не ўдарылі немцы, пакуль ціха, прабегчы б лішні хоць дзясятак метраў да гэтай вышыні, куды — ведаў ён — шлях вось-вось абарвецца мукай і потам. Кожная частачка ягонага цела сціскалася, напружылася і чакала гэтага гатовага вось-вось грымнуць удару.

— Шась, шась… шась, шась, — мялі струхлелы іржэўнік боты, валёнкі, гамашы з абмоткамі, каляныя англійскія бацінкі, тупацелі трыццаць шэсць пар ног. Клімаў ужо ўвесь да самых пят выбег на адкрытае, убачыў перакапаную траншэяй вышыню — усю, ад лесу да пакатага схілу ў вёску, згле­дзеў, як матлянуліся там у бакі пляскатыя каскі, і ў той час вецер данёс слабы далёкі крык:

— Фойе…

Канец яго пакрыўся трэскатам дзясяткаў ствалоў.

— Нічога, нічога, — казаў лейтэнант, не ведаючы каму — ні то сабе, ні то каму іншаму, хоць у громе і стукатні стрэлаў і сам не пачуў сваіх слоў. Кулі густа нізалі паветра, зыўкалі, віраш­чэлі, на ўсе галасы скуголілі над зямлёй. Здавалася, нейкія нябачныя рукі тузалі за нябачныя даўжэзныя струны, туга напятыя ў паднябессі.

Шквал агню з вышыні адразу прыгнуў людзей да зямлі, нехта ўжо ўпаў. Клімаў адчуў, што патрэбен рывок, інакш рота заляжа. Падхоплены ўласнай рашучасцю, ён выскачыў наперад, ускінуў угору рукі — адну з пісталетам на вузенькім раменьчыку, а другой проста кулак і, азірнуўшыся назад да сваіх, закрычаў:

— Бягом! Бягом!!!

І, не аглядваючыся больш, што было сілы пабег.

 

Кошка і мышка

Мышка ў той день увогуле была сытая, але яна была маладая, цікаўная і доўга не магла сядзець на адным месцы. Тым болей у яе цёмнай норцы, дзе нічога не было відаць, нічога не чуваць. А поруч, на падворку — яна ўжо ведала — была процьма цікавага, асабліва пад лапухамі, дзе бегалі порсткія кузуркі, сядзелі, варушачы вусамі, чорныя жукі, а на травяных галінках круцілі рожкамі дзівосныя сьлімакі ў цьвярдых, скурчаных ракавінах. Увогуле мышка была далікатная, добразычлівая да малых насельнікаў падворку. Яе таксама ніхто асабліва ня крыўдзіў, і яна думала, што дужа баяцца там не было чаго. Яна імкнулася быць аптымісткай.

Праўда, яна ўжо чула, што недзе там час ад часу паяўляецца страшны мышыны вораг — кот. Але мышцы яшчэ не даводзілася спатыкаць яго, і яна думала, што і не давядзецца. Навошта кату цікаваць малую палахлівую мышку — мабыць, яму лепей мець справу зь вялікімі пацукамі. З мышкі які наедак?

Той раз яна магла б і не вылазіць з норкі, але ўзяла ды вылезла.

На падворку пад лапухамі было цёпла, аж горача, і ціха, — мабыць, жывёлу яшчэ не прыгналі з поля. Побач шорхалася ў пяску квактуха — старая, рабая курыца, якая квохнула разы два, заўважыўшы мышку. Мышка шмыргнула ля яе далей да прызбы і раптам толькі роспачна піскнула. Аднекуль зьверху на яе пляцнуліся дзьве кіпцюрыстыя лапы — бегчы ўжо не было як. Канечне, то была кошка — маладая, юрлівая, зь белымі прыгожым лапкамі. Мышка сьпярша спалохалася, але тыя лапкі абыходзіліся зь ёй далікатна, і тое супакойвала. І мышка падумала, што ўвогуле ёй пашэнціла — было б куды горш апынуцца ў страшных кіпцюрох ката. А там, можа, і нічога яшчэ ня здарыцца, — мышка хацела быць аптымісткай.

І праўда, не ўчыніўшы ёй вялікага болю, кошка падхапіла мышку зубамі і вынесла на чысты, падмецены падворак. Мышка напружана думала, і ўсё так выходзіла, што кошка палуднаваць ёй не зьбіраецца. Інакш бы яна пад’ела ў зацішку, ля лапухоў. На падворку нікога не было, кошка паклала мышку ў доле. Мабыць, можна было б паспрабаваць уцячы, але мышка не хацела выказваць непаслушэнства і тым злаваць кошку. Яна ўсё спадзявалася на лепшае. Тады кошка далікатна штурхнула яе лапкай пад бок, нібы патураючы бегчы. І праўда — мышка пабегла.

Зусім ужо блізка было да норкі, як кошка ўсё ж дагнала яе і дужа ўпілася кіпцюрамі ў хрыбціну. Мышцы стала дужа балюча, і яна аж перастала дыхаць. Але неўзабаве і супакоілася, бо кошка ўсё не сьпяшалася яе хрумстаць. Пэўна, то была добрая кошачка, яна толькі хацела пагуляць з мышкай. Тады мышка зьнерухомела і, бы нежывая, перавярнулася лапкамі ўгору. Тое, відаць па ўсім, спадабалася кошцы, якая абедзьвюма лапкамі пачала кідаць з боку на бок маленькую сымулянтку, бы запрашаючы яе да гульні. Гуляць мышка ўвогуле любіла, і, хоць цяпер і баялася трохі, але ўсё не магла паверыць у кепскае. Ужо надта лагодна, бяз злосьці ставілася да яе ладная кошачка, няўжо гэткая можа зьесьці рахманую мышку?

Мусіць, мышка магла б яшчэ ўцячы, асабліва калі ў гэтай гульні апыналася бліз лапухоў, ды ў яе ўсё не ставала рашучасьці. Зноў жа, яна была аптымістка, дагэтуль жа нічога кепскага зь ёй не здарылася. Але во кошка ці, можа, таму што нагулялася, ці зь якой іншай прычыны, дужа цяўкнула мышку ля шыі — ад болю ў той аж памутнела ўваччу. Кошка тым часам паклала мышку ля ног, азірнулася па бакох, — падобна, яна адпачывала. Ці можа, разважала, каб пусьціць мышку? Павінна была б пусьціць, бо мышцы было блага, наўрад ці яна цяпер магла б уцячы. Але яна спадзявалася.

Яна верыла ў дабрыню, тым болей ад такой ладнай маладой кошкі, якой яна не зрабіла нічога кепскага. Нават не раззлавалася на яе. Мышка разумела, што ўвогуле кошкі — ворагі мышак, але ж, мусіць, і кошкі бываюць розныя: злыя і добрыя. Таксама, як і мышы. Яна во, напрыклад, зусім добрая мышка, нікому ніякага зла не ўчыніла. Не пакрыўдзіла ніводнае кошкі. Навошта ж кошцы забіваць яе? Каб папалуднаваць? Але ж тое можна зрабіць зь якой іншай мышкай, не абавязкова зь ёю.

Кошка ўсё азіралася па бакох, нібы чакаючы чаго, а мышка нерухома ляжала ў доле і разважала. Разважала пра справядлівасьць. Усё ж несправядліва ўладкаваны сьвет, калі адныя істоты дужыя і нахабныя, а іншыя слабыя і палахлівыя. Слабым і палахлівым жывецца кепска, і мусіць, таму яны дбаюць пра справядлівасьць, дабрыню і спагаду. Ды дужыя не зважаюць на тое. А і праўда, нашто дужым спагада? Дужым патрэбна яшчэ болей сілы, бо сілу сіла дае. А што во рабіць беднай мышцы, у якой ці не зусім перакушаны карак?

Але ж кошка зусім ня страшная, нават прыгожая — і пыска, і вусікі, хаця навошта яна аблізваецца? Што тое значыць?

І раптам кошка страпянулася, зыркнула касымі вочкамі ў бок недалёкага ганку. Мышка сьцялася ўсім сваім маленькім цельцам — на ганку, пагрозьліва выгнуўшы хвост, стаяў страшны мардаты кот; мабыць, ён ужо згледзеў наводдаль кошку зь небаракай-мышкай. Кошка, пэўна ж, спалохаўшыся, дужа хапнула зубамі мышку і кінулася пад лапухі.

Там яна разам прыкончыла бедную мышку, апошняй думкай якой было: добра, што яны ўратаваліся ад ката.

Мышка да канца заставалася аптымісткай.

 

 

Круты бераг ракі

Звычайна ён прыходзіў сюды на заходзе сонца, калі міналася спёка і ля ракі на яе крутых, зарослых хмызняком берагах пачынала цягнуць прахалодай. Надвячоркам амаль сціхаў вецер, знікала дакучлівая рабізна на вадзе, наставаў час начное рыбалкі. Прыезджыя з горада рыбакі таропка растыкалі па камяністых водмелях кароценькія вудзільні донак і тут жа, кінуўшы на траву якую адзежыну, рыхтаваліся скаратаць на ёй нядоўгую ліпнёвую ноч.

Пятровіч выходзіў з травяністага ляснога раўка ад недалёкай прырэчнай вёскі і адзінока садзіўся на краі камяністага, амаль навіслага над вадой абрыву. Яго тут многія ведалі і зводдаль жартоўна гукалі, задаючы пустыя, неабавязковыя для адказу пытанні. Заняты сабой, ён болей маўчаў, не дужа ахвотна ішоў да людзей, відавочна, шануючы адзіноту на сваім улюбёным, нязручным для рыбалкі, заваленым камянямі абрыве. З гэтага абрыву адкрываўся, аднак, шырокі пагляд на ўвесь, ужо ахінуты вечаровым прыцемкам, бераг, плаўную паваротку ракі з парожыстым перакатам пасярэдзіне і высокай аркай чыгуначнага моста воддаль, на пакаты схіл таго берага, які нанач густа цямнеўся хвойнікам.

Яшчэ праз нядоўгі час з-за бетонных апор моста на прыціхлы рачны прастор імкліва вылятала «казанка». Расцягваючы ва ўсю шырыню ракі даўжэзны шлейф кармавой хвалі, яна спрытна мінала перакат і, памалу збаўляючы газ, кіравала да берага. Яшчэ здалёку было відаць, што ў лодцы сядзела двое — Юра Бартош, хлопец з суседняй вёскі, які працаваў у горадзе і наязджаў у тутэйшыя мясціны палавіць рыбу, і яго гарадскі прыяцель Каламіец, з якім яны ўдвух купілі гэтую срабрыстую «казанку» з новым дваццаціпяцісільным маторам.

Як і заўжды, у той вечар за рулём сядзеў Каламіец, крутаплечы чалавек з шырокімі даланямі рук і цяжкаватым позіркам з-пад доўгага цэлулоіднага казырка насунутай на лоб фуражкі. Паволі збаўляючы абароты вінта, ён упэўнена набліжаўся да берага, на якім ужо згледзеў адзінокую постаць Пятровіча.

— Ану падхапі! — крыкнуў ён, спыніўшы матор, і яго басавіты голас над ціхай ракой прагучаў дабрадушнай камандай.

— Навошта! — нязгодна прыўстаў за ветравым шклом Юра. — Я сам.

Ён спрытна перакінуў цераз верх шкла сваё загарэлае, доўгае, надта худое цела, легка саскочыў на водмель, і яны разам з Пятровічам усцягнулі між камянёў на бераг дзюралевы нос лодкі. Затым, пакуль Каламіец адкідваў і зачахляў матор, Юра ў закасаным да каленяў сінім трыко выгружаў з лодкі рукзакі, донкі, падкормку, а стары, як незнаёмы, стаяў убаку і пільна глядзеў цераз раку на той яе бераг, быццам убачыў там штось дужа важнае. Ён засяроджана, амаль маркотна маўчаў, і яны, занятыя сваей справай, не звярталі на яго ўвагі.

Калі несамавітыя рыбацкія прылады былі выгружаны на бераг, Каламіец адразу ж, пакуль не зусім змерклася, заняўся сваімі донкамі, а Юра, скалануўшыся ад рачной свежасці, пачаў таропка нацягваць на плечы сіні спартыўны світэр.

— А як у нас з палівам сёння, Пятровіч?

Стары не адразу адарваў ад таго берага засяроджаны позірк сваіх выцвілых, слязлівых вачэй і вузлаватымі пальцамі вялікіх спрацаваных рук перабраў роўны рад гузікаў на зашмальцаваным вайсковым кіцелі. — Трошкі назбіраў. Але мала.

Юра па камянях узбег на абрыў, дзе ляжаў невялікі, перавязаны старой вяроўчынай абярэмак ламачча.

— Э, малавата.

— Я так думаю, што звечара можна і не паліць, — марудна, са старэчым намаганнем ускараскаўшыся на абрыў, ціха загаварыў Пятровіч. — Пад ранак лепей. На золку. Звечара людзі ўсюды, калі што — памогуць. А як пад ранак паснуць, хто паможа?..

Цяжка валюхаючы ў кірзавых ботах, ён адышоўся на тры крокі ад абрыву і сеў. З расстаўленых каленяў звесіў свае пакручастыя, быццам карані, рукі. Пакутлівы позірк яго хутка абмінуў раку і звыкла спыніўся на тым яе беразе з лодкамі.

— Яно можна і пад ранак, — згадзіўся Юра. — Але і ноччу не шкодзіла б. Можа, я падскачу, таксама чаго пашукаю ў рове?

— Ноччу б, ведама, лепш… А то як пазнаюць? Раней дык вунь хутар быў. А цяпер няма. І гэты мост новы… Незнаёмы.

— Вось іменна.

— Маленькае хаця б вогнішча. Абы тлела — будзе відаць.

— Павінна відаць. Дык я збегаю, пакуль не сцямнела! — крыкнуў Юра з абрыву, і Каламіец унізе, які начапляў прынаду, незадаволена павярнуў галаву.

— Ды кінь ты з гэтымі вогнішчамі! Пакуль не сцямнела, давай лепш пазакідаем! А то агонь — патрэба такая! Вунь кухвайка ёсць.

— Ладна, я зараз! — кінуў Юра і спрытна палез па камянях да прыцьмелага ў раўку алешніку.

Стары моўчкі прыціх на абрыве, і яго аброслы шызаю шчэццю твар набыў выраз даўняй звыклай задумлівасці. Ён доўга напружана маўчаў, машынальна перабіраў пальцамі зашмальцаваныя краі кіцеля з чырвоным кантом па краі; слязлівыя вочы яго праз пагусцелыя прыцемкі ўпарта глядзелі ў зарэчча. Каламіец унізе размахаў канцом вуды і спрытна закінуў яе ў масляністую гладзь вады. Бліснула капронавая нітка, і грузіла з ціхім пляскам нырнула ў раку, лёска струнка напялася.

— Ты во што, дзед, — рэзкім голасам сказаў ён пад абрывам. — Гэта самае… Кінь дурня строіць, камедзію іграць. Ніхто ўжо адтуль не прыйдзе. Паняў?

Пятровіч на абрыве лёгенька схамянуўся, нібы ад сцюжы, пальцы яго на грудзях знерухомелі, і ўся яго худая, кастлявая пад кіцелем постаць жаласна сцялася. Але позірк яго па-ранейшаму быў скіраваны да зарэчнага берага, на гэтым, здавалася, ён не заўважаў нічога і быццам бы нават і не ўчуў няласкавых слоў Каламійца.

— Яны ўсе цябе, дурня, за нос водзяць, паддакваюць. А ты і верыш. Прыйдуць! Хто прыйдзе, калі ўжо вайна вунь калі скончылася? Падумай сваей башкой!

На рацэ прыкметна цямнела, шэрая постаць Каламійца невыразна варушылася ля самай вады. Болей ён нічога не сказаў старому і ўсё корпаўся з прынадай і вудамі, а Пятровіч, нейкі час пасядзеўшы моўчкі, загаварыў з застарэлым болем у голасе:

— Дык гэта малодшы, Толік… Вачамі захварэў. Як змеркнецца, нічога не бачыць. Старшы, той бачыў добра. А калі са старшым што?

— Што са старшым, тое ж і з младшым! — груба абарваў яго Каламіец. — Вайна, яна ні з кім не лічылася. Ды яшчэ ў блакаду.

— Ну, — проста пагадзіўся стары, — акурат блакада была. Толік з вачамі тыдзень дома пабыў, аж прыбягае Цімка. Кажа: абклалі з усіх бакоў, сілы мала. Ну і пайшлі. Малодшаму шаснаццаць было. Астацца прасіў — ні ў якую. Як немцы ўбяруцца, сказалі, каб агонь расклаў…

— Ось галава! — здзівіўся Каламіец і нават прыўстаў ад сваіх донак. — Сказалі раскласці! Калі гэта было? — Ды на пятроўку. Акурат на пятроўку, ага…

— На пятроўку! А колькі таму гадоў мінулася, ты кумекаеш?

— Гадоў?

Стары, падобна было, з нейкай натугай здзівіўся і, здаецца, упершыню за вечар адарваў свой пакутлівы позірк ад ледзьве прыкметнай у прыцемках лясной лініі берага.

— Ага, гадоў? Гэта ж дваццаць пяць год мінула, галава яловая.

Грымаса глыбокага болю зморшчыла старэчы твар чалавека, вусны яго зусім па-дзіцячы крыўдліва скрывіліся, вочы хуценька зацепалі, і погляд разам патух. Відаць, толькі цяпер да азмрочанай яго свядомасці пачаў марудна даходзіць увесь страшны сэнс яго шматгадовай памылкі.

— Дык гэта… Дык гэта як жа?..

Напяўшыся ўвесь у якімсь намаганні, ён, мабыць, хацеў і не мог выказаць нейкую важную сваю думку, і ад гэтага непасільнага напружання позірк яго стаў нерухомы, страціў усякі сэнс і зышоў з таго берага.

— Я табе кажу: кінь гэтыя забаўкі, — корпаючыся ля вудаў, пераконваў унізе Каламіец. — Рабят не дажджэшся. Амба абодвум. Ужо дзе-небудзь і костачкі згнілі. Ось так!

Стары маўчаў, як глухі. Заняты сваей справай, змоўк і Каламіец. Змрок блізкае ночы хутка паглынаў бераг, хмызняк; з прырэчных равоў папаўзлі шэрыя космы туману, лёгкія дымчастыя струмені яго пацягнуліся над ціхім плёсам. Хутка цямнеючы, рака губляла свой дзённы бляск, змрочны той бераг шырока перакуліўся ў яе глыбіню і заліў рачную паверхню гладкай блішчастай цемрай. Землечарпалка перастала грукатаць, зрабілася зусім глуха і ціха, і ў гэтай цішыні тоненька і нясмела, як з невядомае далёкай далечы, дзынкнуў маленькі званочак донкі. Захлябаўшы па камянях падэшвамі гумовых ботаў, Каламіец кінуўся да крайняй на беразе вуды і таропка заматляў рукамі — пачаў даставаць з вады лёску. Ён не бачыў, як Пятровіч на абрыве трудна падняўся, хіснуўся і згорблена, моўчкі падаўся кудысь — прэч з гэтага берага.

Напэўна, у цемры стары недзе размінуўся з Юркам, каторы неўзабаве паявіўся на абрыве, кінуў пад ногі траскотнае бярэма галля — вялікае бярэма побач з маленькай вязанкай Пятровіча.

— А дзе дзед?

— Глядзі, якога ўзяў! — пачуўшы сябра, бадзёра загаварыў пад абрывам Каламіец. — Колбік што трэба! Паўкіла пацягне.

— А дзе Пятровіч? — адчуўшы нядобрае, паўтарыў сваё пытанне Юра.

— Пятровіч? А хто яго… Пайшоў, мабыць. Я сказаў яму…

— Як? — аслупянеў на абрыве Юра. — Што ты сказаў?

— Усё сказаў. А то водзяць за нос. Падтакваюць…

— Што ты нарабіў? Ты ж прыкончыў яго!

— Ды ўжо ж — прыкончыў. Жывы будзе!

— От жа калун! От жа тумак! Я ж табе казаў! Яго ж тут бераглі ўсе! Ашчаджалі. А ты?..

— Што там ашчаджаць! Хай праўду ведае.

— Такая праўда яго даканае. Яго ж сыноў абодвух забілі ў блакаду. А перад тым ён іх сам вунь туды на лодцы адвёз. І чакае.

— Чаго ўжо чакаць?

— А што ж, лепш не чакаць? Як жа тады жыць? Эх ты!

— Ну ладна, ладна…

— Ды не ладна! Пайшоў ты, ведаеш куды! Дзе мой рукзак?

Пад завалочаным цемрай абрывам пачуўся ціхі стук камянёў пад нагамі, рэзкі лязг ланцуга па гулкай абшыўцы лодкі і неўзабаве некалькі крокаў, якія хутка заціхлі ўначы. Над берагам запанавала цішыня. Ледзьве пабляскваючы аспіднай паверхняй, цякла ў вечнасць рака, і паступова ў розных мясцінах на нябачных у змроку яе берагах, блізка і далека загараліся кастры рыбакоў. Сярод іх у той вечар не загарэўся толькі адзін — на абрыве насупраць ляснога перавозу, дзе да ранку было незвычайна пустынна і глуха.

Не загарэўся ён і ў наступную ноч.

І, мабыць, не загарыцца ніколі.

1972 г.

 

Маленькая чырвоная кветачка 

 

Ён вельмі любіў народ, і народ вельмі любіў яго.

Асабліва з таго часу, як успыхнула народнае паўстаньне, якое ён песьціў, рыхтаваў, камандаваў паўстанцамі, здабыў першыя перамогі. Паўстаньне было нялёгкае, перамогі чаргаваліся з паразамі, але народ верыў яму і ішоў за ім. Ён і праўда не шкадаваў ні часу, ні сілы, ні працы свайго глыбокага розуму дзеля сьвятое справы — перамогі народнага паўстаньня.

Сьпярша, як іх было мала, а сілаў злыдняў было ў дзесяць разоў болей, толькі ягоная воля і фанатычная ўпэўненасьць далі моцы паўстанцам не загінуць дарэшты. Паўстанцы вытрымалі ўсё: паразу пад сьценамі крэпасьці, перасьлед, катаваньні ў вязьніцах, кару сьмерцю, палон, эміграцыю. Ён не скарыўся, ён заўсёды казаў: будзе воля, будзе пермога! Загляне сонца і ў наша ваконца. І заклікаў змагацца, не шкадуючы нічога — ні людзей, ні жыцьця, ні жанок, ні саміх сябе. Ён не шкадаваў сябе і нават жонку зь дзецьмі, якіх закатавалі ў палоне.

Як была здабыта вялікая перамога і захоплена непрыступная крэпасьць, народнай любові да яго ня стала межаў. У крэпасьць, якую ён штурмаваў дваццаць дзён, яго ўнесьлі на скрыжаваных дзідах, ахінутых двухкалёрам патрыётаў. Там жа, на падворку крапаснога муру, яму прысягнула новаствораная гвардыя — сотня адборных маладых паўстанцаў. Старшыны гораду паднесьлі яму талерку, поўную залатых манэтаў. Дзесяць гарадзкіх прыгажунь зьнялі з ног ягоныя батфорты і абмылі яго стамлёныя ногі. Яны прысягнулі яму на вечнае жаночае слугаваньне — у вайну і ў міры. У народных вачох ён стаўся самым разумным і сумленным; у жаночых вачох, апроч таго, — самым прыгожым і высакародным. І яшчэ ён быў бескарысьлівы — нічога свайго ня меў, абыходзіўся тым, што давалі. Як ён прамаўляў зь цьвінтару гарадзкой катэдры, тысячны натоўп, ня дыхаючы, слухаў яго. Заўжды ён гаварыў, як Бог, не даючы ні малюсенькае нагоды ўсумніцца хоць бы ў адным прамоўленым слове.

Ён заслужона апынуўся на вяршыні ўсеагульнае народнае славы і прызнаньня, якіх, здавалася, у яго ня мог адабраць ніхто — ні д’ябал, ні Бог. У вачох народу ён быў ня меней шанаваны за абодвух.

Кепска, аднак, што на крэпасьці барацьба ня скончылася. Прыгнятальнікі не ўціхамірыліся. Тыя, што ацалелі пры штурме, уцяклі за мяжу, дзе знайшлі падтрымку. Невялікая перадышка ў змаганьні доўжылася колькі месяцаў. Той час ён марна ня траціў. Ён мацаваў гаспадарку і абарону. Дзень і ноч людзі ладзілі крэпасьць, адбудоўвалі пашкоджаныя вежы, вароты і сьцены. Апроч таго, ён дасканаліў войска, прызначаў камандзіраў, стаўляў на пасады самых здольных і храбрых. Але і тыя, за мяжой, ня спалі — стваралі альянсы, вэрбавалі наймітаў, узбройвалі і распалялі нянавісьць да паўстанцаў. Грошай у іх было шмат, войска набралі вялікае. У адзін пагодны дзень тое войска апынулася перад сьценамі крэпасьці.

Ён заклікаў народ да абароны, і народ дружна выступіў. Пачалася аблога, якая доўжылася да позьняй восені. Сьпярша неяк адбіваліся, а затым адбівацца стала цяжэй. Зьнікалі запасы, не ставала вады. Зь недахопам харчу людзі неяк мірыліся, а без вады было зусім нельга. Пачаліся нараканьні, быццам некаторыя зашмат ужываюць вады. Што ваду ў крыніцах труцяць шпіёны. Што наагул зашмат разьвялося шпіёнаў, а ён іх не выкрывае. А тут усчаліся штурмы — дзень пры дні. Асаджаныя біліся гераічна, адбіваліся зь вежаў, са сьценаў — білі ядрамі з гакаўніц і мартыраў, лілі кіпень на галовы ворагаў, распаленую смалу, ужывалі «грэцкі агонь». Ды ворагі не адступаліся, да таго ж іх было безьліч. На чацьверты месяц асады яны абвесьцілі ўльтыматум — здача без усялякіх умоваў. Ён склікаў вялікі сынкліт, які аднагалосна прыняў ухвалу змагацца да перамогі. Ён запэўніў народ у перамозе, і народ, як заўжды, паверыў яму.

Змаганьне доўжылася, але сілы былі няроўныя. Перавага ўсё болей схілялася на бок ворагаў. У крэпасьці скончыўся харч, а пасьля і порах. Палова абаронцаў была параненая. На крапасных сьценах біліся жанчыны, старыя і нават дзеці-падлеткі. Усе верылі, што перамогуць. Ніхто не хацеў здавацца.

Аднак сталася так, што сілаў не хапіла, і аднойчы ворагі ўварваліся ў крэпасьць. Ён асабіста ўзначаліў контрудар, і прарыў быў зьліквідаваны. У тым жа баі ён быў дужа паранены куляю ў абедзьве нагі, але прадаўжаў камандаваць супрацівам. І ён усё цьвердзіў, што перамога будзе. Людзі крычалі «гура». Але ўжо ня ўсе…

Ды во каб адбіць чацьвертае ўварваньне, сілаў ужо не было. Ворагі захапілі кутнюю вежу, і там каля паўстанцкага двукалёру забілі яго. Аддзелу верных яму жанчынаў удалося вынесьці яго цела і ўначы пахаваць пры катэдры. Адна з жанчынаў спрабавала забіць сябе на ягонай магіле, ды ёй не далі. Неўзбаве крэпасьць занялі ворагі.

Народ спазнаў жахлівую паразу. Бальшыню паўстанцаў перабілі, рэшту ўзялі ў палон. Палонных закавалі ў кайданы і адправілі ў каменяломню. Жанчынаў-прыгажунь, што мылі яму ногі, прадалі ў турэцкія гарэмы. Простыя люді мёрлі з голаду і ад хваробаў. Вясной у краіне ўсчалася эпідэмія чумы.

Пераможцы казалі людзям, што ўсё тое — вынік злачынства іхнага куміра. Што ён авантурыст і антыхрыст. Інакш бы ён не паклаў столькі народу за тое, чаго нельга здабыць. Пераможцаў перамагчы немагчыма. Цяпер за ягоныя авантуры павінен заплаціць народ, і кошт тае платы будзе аграмадны. Народ баяўся і верыў — пераможцам нельга ня верыць. Зь цягам часу людзі ўзьненавідзелі свайго нядаўняга правадыра і дзівіліся, як маглі слухацца яго.

Казалі, што некаторыя з тых, што калісь прысягалі яму, раскапалі ўначы ягоную магілу і выкінулі зь яе ягонае цела. Тое цела, разадраўшы на часткі, валачылі па бруку згаладнелыя сабакі…

Толькі праз шмат гадоў па вясьне, як зазелянела трава, хтось паклаў на месца колішняй яго магілы маленькую чырвоную кветачку. Яна там доўга ляжала, ня вянучы…

Мурашкі

Памяці Уладзіміра Караткевіча

 

Ніколі і нікому зь зямных істотаў ня бачны Пан Бог сядзеў на камяністым пагорку ля здаўна прывабнага для яго Тывэрыядзкага возера і стомленым позіркам азіраў бязьлюднае навакольле.

Ён апусьціўся на зямлю ў апошнюю суботу ліпеня. Пералёт ад плянэты Сырыюс-7z быў нялёгкі нават і для Пана Бога — магнітныя буры каля Юпітэру, д’ябальская гравітацыя ў раёне Вялікай Чорнай дзіркі, метэарытны дождж з нуклеарным градам па ўсёй паласе Млечнага шляху. Думаў, што ўжо на Зямлі так ня будзе, на Зямлі павінна панаваць ціша ды лагода і стомлены Пан Бог нарэшце адпачне.

На Зямлі ён даўно ўжо ня быў, заняты тытанічнымі справамі ў іншых сусьветах, меркаваў, што зямляне няблага абжыліся безь яго і Пан Бог ім непатрэбны. Паводле свае натуры ён быў талерантны і дапушчаў часам такое, што і ня трэба было б дапушчаць. Але ж ён пакінуў тут не якіх кузурак — стварыў адмысловых істотаў Гома сапіенс — у асобах дзяўчыны Евы і хлопца Адама, надзяліў іх прыгажосьцю і лагодай. Ужо яны павінны былі палагодзіць зямное жыцьцё ў райскім куточку Сусьвету. Ды, відаць, памыліўся. Не наладзілі нічога ягоныя сапіенсы, а тое прыўкраснае, што ён ім пакінуў, збаёдалі бяз рэшты. Як Пан Бог прачытаў у Нябесных сфэрах, шмат прыкрага адбылося на Зямлі за якіх пару мільёнаў гадоў ягонай адсутнасьці, і тое напаўняла Боскую істоту нязбыўнай скрухай і самотай.

Найперш гэтая пакінутая ім на зямной гаспадарцы парачка адцуралася Боскага запавету, спакусілася на грэх, і людзтва пачало бурна пладзіцца. Што пладзіцца, тое хай сабе, калі б разумна і па добрасьці. Дык жа не! Адамавы дзеці ўдаліся зусім не ў памяркоўнага Адама, а хто ведае ў каго. Яшчэ змалку пачалі дурэць і сварыцца, а падросшы, зусім перасталі слухаць бацькоў, навучыліся лайдачыць і піць — не ваду нават, а нейкае д’ябальскае пітво, названае віном. Пан Бог ніякага віна на зямлі не рабіў, хіба пасеяў дзе-нідзе салодкі вінаград — для малых і жанчынаў; мужчыны ж павінны былі паляваць на дзічыну і харчавацца мясам. Дык не, найперш мужчынам захацелася віна, якое рабіла іх дурнямі і натхняла на бойкі. А дзе бойкі — там кроў і рабаўніцтва, якое стала дужа прыбытковым, хоць і зусім ня Боскім промыслам. Хто болей забіваў, той рабіўся багацейшым, болей падграбаў пад сябе іншых і прагнуў улады. Стварылася няроўнасьць, зайздрасьць да больш удачлівых, зьявілася варажнеча. Зайздрасьці і варажнечы спрыялі жанчыны, якія мудра ўхіляліся ад забойства, але ўмела натхнялі на яго мужчынаў, маючы з таго сваю карысьць.

Жыхарства на Зямлі расло, і разам зь ім распаўзаліся па абшарах варажнеча і забойства, якія назвалі войнамі.

Сьпярша ваяваў род з родам. Адзін род дашчэнту выбіваў іншы род, мяркуючы, што, перамогшы, адпачне ў міры. Дзе там! На зьмену пераможанаму роду паўставаў іншы, пакрыўджаны, якому даўно не хапала выпасу для козаў, і ён імкнуўся захапіць суседні. Як усе выпасы, пагоркі і даліны аказаліся захопленыя, варажнеча і войны не спыніліся.

Аказалася, што некаторыя з плямёнаў маюць ня чорныя, а сьветлыя валасы, і зараз жа ўсчалася новая барацьба паміж чорна- і сьветлавалосымі. На той раз перамаглі сьветлавалосыя. Кінулі дзікім зьвярам трупы чорнавалосых і пачалі сьвяткаваць перамогу. Сьвяткавалі доўга і ўрачыста: здавалася, ворагаў паблізу не засталося. Але яшчэ ў час сьвяткаваньня самыя пільныя заўважылі, што хрысьцяцца сьветлавалосыя неаднолькава — адны двумя пальцамі, а іншыя нават трыма. Быў скліканы вялікі Сынкліт, які вырашыў, што хрысьціцца двума пальцамі няправільна, што за тое трэба караць. Двухпалыя пачалі ўпарціцца ва ўласным звычаі, і іх пачалі прасьледаваць: лавіць, саджаць у цямніцы, некаторых нават тапілі ў рэчках — на корм рыбам і ракам. Такім чынам амаль панішчылі ўсіх двухпалых, а тыя, каго ўтапіць не пасьпелі, перакваліфікаваліся ў трохпалых. Але тады за двухпалых заступіліся нейкія заморцы — ня так за людзей, як за нейкую выдуманую справядлівасьць. Пачалася вайна з чужынцамі. Сьветлавалосыя біліся ўпарта, некалькі гадоў, перасталі нават араць і сеяць, усчаўся вялікі мор, але спыніць вайну было нельга, бо вайну назвалі Сьвяшчэннай. Тая вайна выдалася самай доўгай, ёй было аддадзена некалькі пакаленьняў. Апошнія зь іх ужо і ня памяталі, з чаго ўсё пачалося, і, калі старыя казалі, што — праз пальцы, не маглі паверыць: такое глупства! Хай бы хрысьціліся як хацелі. Але ўсё роўна ішлі ў бой і гінулі, забіваючы ворагаў: спыніць вайну было нельга. Ведама, што пачаць вайну можа і дурань, а спыніць яе ня дадзена і Пану Богу.

Тая вайна сама скончылася, бо скончыліся сілы з абодвух бакоў. Сьветлавалосыя палічылі, што перамога на іхнім баку. Заморцы былі іншае думкі. Запанавала няпэўнае перамір’е. Бакі трохі спачылі і тады агледзеліся, што ваявалі ня ўсе аднолькава. Шмат загінула, іншыя зьнемагліся. Але знайшліся і такія, што нават забагацелі з вайны: занялі пасады, збудавалі шыкоўныя халупы пад шырачэзным пальмавым лісьцем, захапілі мяккія гамакі з сынтэтыкі, ад ворагаў навучыліся есьці ня палачкамі, як раней, а глыбокімі лыжкамі. Праз год пасьля той перамогі ў вялікай вайне пачалася ўнутраная вайна, ды такая лютая, што Пан Бог цяпер думаў, лепш бы ўжо гэтыя сьветлавалосыя стрывалі паразу. Кожны ненавідзеў іншага, брат рэзаў брата, дзеці цураліся бацькоў — пачуцьцямі кіравала варажнеча і зайздрасьць. Усе крычалі аб нейкай справядлівасьці, пра якую нічога ня чуў і ня мог зразумець таго слова нават сам Пан Бог. І ён дужа сумняваўся, што тое разумелі людзі, якія пралілі за яе столькі крыві.

Але во і грамадзянская вайна была скончаная. Справядлівасьці не дамагліся, затое парэзалі ці ня большую палову насельнікаў. Жывыя не спраўляліся хаваць мёртвых. А то і не хавалі — такая нянавісьць нават да мёртвых панавала ў народзе. І не хавалі б ніколі, калі б дух ад нежывых целаў ня быў гэткі нясьцерпны. А пахаваўшы, тут жа магілы раўнялі зь зямлёй, каб не засталося і знаку. (Пан Бог, аднак, усё бачыў, для яго ня трэба было адмысловага знаку.)

Былі і яшчэ вялікія, сьвятыя і татальныя войны — за землі, ідэі, нацыянальныя інтарэсы. Былі чатыры вайны за справядлівасьць, тры — за зьняважаную праўду і нават вайна супраць войнаў — можа, самая жорсткая сярод іншых.

У часе кароткага перадыху было выяўлена, што ўвогуле ваявалі дарма: войны ня вырашылі ніводнай праблемы, а толькі спарадзілі нямала новых. Але хто вінаваты? Ну вядома ж, вінаватыя мужчыны. Гэта зь іх ліку былі генэралы і палкоўнікі, якіх узнагароджвалі, шанавалі, якім сьпявалі пранікнёныя гімны. А яны падвялі. Ужо жанчыны, напэўна б, ваявалі б лепш і хутчэй здабылі б перамогу. Усчаўся новы глябальны рух фэмінізму. Жанчыны падняліся на мужчынаў.

То ўжо, напэўна, была самая жахлівая і даўгая вайна на Зямлі. Змагаліся ня толькі зь людзьмі, але і зь людзкімі пачуцьцямі. Найгоршым лічылася праклятае абодвума бакамі пачуцьцё каханьня, празь якое і пачалася глябальная варажнеча. Закаханых пачалі караць самаю страшнай карай, для чаго давялося выдумаць электрычнасьць і расшчапіць атам. Кахаць было дазволена толькі аднаго чалавека — галоўнага Ката — і ягонае начыньне — шырокую сякеру. Сякеру, заўжды вострую і блішчастую, дык дужа кахалі жанчыны. Казалі, яе дотык да далікатных шыяў быў непараўнальна пяшчотны. Але як Кат пастарэў ад нялёгкае працы, каханьне да яго стала мала папулярным нават сярод жанчынаў. Ды й тое — каму патрэбны нямоглы кат? Быў кінуты лёзунг: каханьне замяніць на нянавісьць! Нянавісьць разумелася шырока і з абодвух бакоў была прызнаная за агульначалавечую маральную каштоўнасьць. Тое ні ў мужчынскім, ні ў жаночым лягеры не выклікала пярэчаньня і нават на пэўны час кансалідавала нацыю ў яе сьвятой барацьбе за вынішчэньне.

І во — вынішчыліся.

Учора Пан Бог паціху абляцеў на аблачыне ўсю зямлю і нідзе ня згледзеў нікога. Толькі сярод джунгляў ля Амазонкі варушыліся ў лістоце нейкія стварэньні, а так усе палі, пагоркі і выпасы былі пустэльныя — ні гарадоў, ні паселішчаў, ні якіх халупаў. Асабліва ўразіў Пана Бога кавалак сушы на поўнач ад рэчкі Прыпяці — такі быў слаўны куточак, не гарачы і не сьцюдзёны, некалі поўны зьверыны, рыбы і птушак, аддадзены неблагому працавітаму племю дрыгавічоў. І што сталася? Засыпаліся нуклеарамі, здурнелі і вымерлі. Во і рабі людзям дабро!

Стала зразумела Пану Богу, што ўсё трэба пачынаць спачатку.

Але каму пачынаць? Ясна, што людзям ня варта давяраць тое. Ужо аднойчы было даверана, і што атрымалася? Сорам адзін.

Порсткая чародка чорных мурашоў сноўдала каля босых, натружаных за даўгое жыцьцё Боскіх ног. Адзін муравейка, мабыць, самы зь іх сьмелы, борзьдзенька ўскараскаўся на Боскі вялікі палец і раздумна зьнерухомеў. Пан Бог сьпярша памкнуўся яго струхнуць прэч, ды падумаў: а можа, гэтым? Будуць сабе мітусіцца, рупіцца, бяз сваркі і варажнечы, грахоў ды эмоцыяў.

Сапраўды, варта было падумаць.

2002

 

 

 

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат