Пра курсы
ГАРАДЫ :


23.10.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Загадкі

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Загадкі – адзін з найстаражытнейшых жанраў фальклору. На старажытнае паходжанне гэтага малога жанру народнай творчасці паказвае змест многіх загадак, у якім прасочваецца, як мяркуюць навукоўцы, успрыманне навакольнага свету як загадкавага, незразумелага, надзеленага магічнай сілай, а часам нават і варожага. У гэтым свеце дзейнічаюць таямнічыя сілы, якія трэба падмануць, перахітрыць, схаваць ад іх важную інфармацыю. У гэтым свеце расліны і жывёлы ўсё разумеюць і могуць уплываць на чалавека. У гэтым плане загадкі надзвычай блізкія па сваёй ідэі да так званых эўфемізмаў – словаў і выразаў, якія даюць прадметам і з’явам іншую назву. Загадкі звычайна базуюцца на іншасказаннях, якія трэба разгадаць. Дарэчы, сама іх назва паходзіць ад дзеяслова гадаці ‘думаць, меркаваць’.

У даўнія часы старэйшыя загадвалі загадкі моладзі падчас абраду выпрабавання пры прыняцці ў род. Правільны адказ паказваў разумовую падрыхтаванасць маладзёна, яго гатоўнасць увайсці ў сталае жыццё. Таксама яны маглі быць часткай вясельнага абраду, калі жаніх мусіў правільна адгадаць загадкі, прапанаваныя яму сваякамі нявесты, або загадкі таксама маглі быць часткай рытуалу хрэсьбінаў. Часам такія загадкі мелі правакацыйную форму пры надзвычай нявінным, простым адказе: Жывы жывога есць і ў вочы глядзіць; Свой сваю есць і ў вочы пазірае (маці корміць дзіця).

Аднак з цягам часу загадкі паступова ператвараліся ў забаву, у моўную гульню, асабліва калі моладзь і старэйшыя збіраліся разам доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі.

Да найбольш пашыраных у загадках моўных сродкаў адносяцца:

Метафара – словы, ужытыя ў пераносным значэнні на падставе знешняга ці ўнутранага падабенства: Поле незмярона, быдла незлічона, адзін пастух пасе (неба, зоркі, месяц). У загадках неба таксама называюць дзяружка, радзюжка, кажух, радно, пасцілка; зоркі – авечкі, гарошак, бульба, пясочак, дзірачкі, зярно, свечкі; а месяцпастух, клубок, конь сівы, бычок крутарогі, акраец хлеба і інш. Лічыцца, што загадкі, пабудаваныя на метафарычным пераносе, найбольш старажытныя.

Проціпастаўленне ці адмоўнае параўнанне: Ляціць, а не птушка, вые, а не звер (вецер); Зялёная, а не луг, белая, а не снег, кучаравая, а без валасоў (бяроза).

Эпітэты – вобразныя азначэнні нейкага прадмета ці з’явы. Вельмі часта прыметнікі, якія выступаюць у ролі эпітэтаў, а таксам назоўнікі ўжываюцца ў сваёй памяншальна-ласкальнай форме, вельмі характэрнай і для іншых жанраў народнай творчасці: Чарнюсенькае, малюсенькае караля падымае (блыха); У маленькім хлявочку ўсе жоўценькія авечкі (жар у ямцы, дзе ямка – гэта месца збоку печы, куды заграбалі жар, дзе агонь захоўвалі да наступнага дня).

Таўталогія – паўтор аднолькавых або блізкіх па сэнсе словаў: Стаяць стаючкі, а на іх калючкі (хваёвыя дрэвы); Чатыры чатырнічкі, на кожным чатырнічку па пяць пяцярнічкаў (рукі, ногі, пальцы).

“Зашыфраваныя” словы няяснай этымалогіі, магчыма, словы з нейкіх тайных моваў ці прафесійных жаргонаў:  Выйду я на ганачкі, стану я на заступкі: “Мілы мой дахар, дай мне на вахар! Мір плача, есці хоча” (гаршчок); Старая ты вуштабурка (уштабырка), ляжыш ты на бахтары, я, малада, была ў тараторні, прыляцеў паляцітар, ухапіў пабудзітара, сеў на бялітар над харытарам, ды й даўбе (Нявестка гаворыць свекрыві: “Я была на вуліцы, прыляцеў каршун, схапіў пеўня, сеў на бярэзіне над дарогаю і есць” (з запісаў Еўдакіма Раманава, “Белорусский сборник», 1886). Такія загадкі таксама лічацца надзвычай старажытнымі.

Так званыя “падстаўныя” назвы, якія часам могуць быць і эўфемізмамі, з мэтай зашыфравання тэксту: Рында рые, скочка скача, павядае рындзе, што фурман едзе (свіння, сарока, воўк) або варыянты: рыўка рые, рыцька рые, рыечка рые, рэнда рэндзіць… Так, пеўня маглі называць пабудзітар (як у загадцы вышэй), кукарэйчык, спявак, салдат, пан, дзед, князь, прарок і інш.

Гіпербалізацыя – перабольшанне з мэтай павышэння выразнасці і экспрэсіўнасці загадкі: Ляцеў птах, хто яго заб’е, той сваю кроў пралье; Стаіць Ціт у траве па калена ў крыві; Ляціць конь заморскі, іржэ па-польскі, а хто яго заб’е – сваю кроў пралье (камар).

Паводле структуры загадкі падзяляюцца на сказы: Сярод лесу агонь свеціць (каліна); загадкі-дыялогі: Куды бяжыш ад хваста, крывая, не праста? – А чорт табе, падстрыжана аўца (рака і сенажаць); загадкі-пытанні: Што за ўсё хутчэйшае? (думка); загадкі-задачы: Дзве дачкі, дзве мацеры і бабулька з унучкай. Колькі ўсіх? (трое: бабка, маці, дачка). Часам народныя загадкі мелі рыфмаваную форму: У лесе вырас, а ў хату прыйшоў – у куце месца знайшоў (венік).

Па сваёй тэматыцы традыцыйныя загадкі можна падзяліць на некалькі груп, дзе першыя дзве найбольш шматколькасныя, паколькі прысвечаны самым актуальным прадметам і з’явам побыту простага чалавека:

1. Прырода і чалавек (неба і нябесныя свяцілы, зямля і вада, з’явы прыроды, раслінны і жывёльны свет, чалавек і інш): Чорная карова траснік ламала, белая карова траснік падымала (ноч і дзень; запісаў Дабравольскі); Нетуці радасці, а гагочыць (рэха; запісана Нікіфароўскім на Віцебшчыне).

2. Гаспадарка і матэрыяльны быт (хата, рамёствы, харчаванне, сельскагаспадарчыя прылады, адзенне, абутак і інш.): Ляцела пава, на балота ўпала. Распусціла крылле пад усяляка зелле (каса; запісана Міхалам Федароўскім у Заходняй Беларусі); У пятцы дзірачка, грыбком галава, не плаціць аброку і служыць без сроку (гузік; запісана Іванам Насовічам).

3. Грамадскі і сямейны быт, якасці, звычаі, абрады: Жыве без цела, гаворыць без языка, ніхто яго не бачыць, а кожны чуе (сумленне; запісаў Уладзіслаў Дуброўскі); Яе просяць, яе ждуць, а як прыйдзе, то хавацца пачнуць (смерць; запісаў Д. Булгакоўскі).

4. Культура: школа, асвета, музыка, рэлігія і інш: У лесе сцята, на рукі ўзята, плача, а не дзіця (скрыпка; запісана на Наваградчыне); Тры браты на адным кані па белым полі едуць (пальцы, ручка, папера).

У савецкі час таксама былі створаныя шматлікія загадкі, так бы мовіць, на злобу дня: Хто гэта геній дваццатага века замест раба стварыў чалавека? (Ленін); Масць – рыжа-цёмная, вочы – бессаромныя, крыважэрны і люты. Адгадайце цяпер, што гэта за звер? (Гітлер)

Сёння загадкі ствараюцца перадусім аўтарамі для дзяцей і часцей за ўсё маюць рыфму:

І гарыць і не згарыць,

Можа пець і гаварыць,

Мае пільны

Позірк-вызар,

Ён завецца…   тэлевізар

(Рыгор Барадулін)

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Адгадайце загадкі:

1. Што век плыве і ніколі да берага не прыстае? *аблокі

2. Круглае, гарбатае, вакол махнатае, як прыйдзе бяда, пацячэ і вада. *вока

3. Закіну палку, заб’ю – не галку, здыму – не пер’е, з’ем не мяса. *рыба

4. У адной бочачцы два розныя півы: боўтаюцца, боўтаюцца, а змешвацца не хочуць. *яйка

5. Хто ходзіць зранку на чатырох, днём – на дзвюх, а вечарам – на трох нагах? *чалавек

6. Кожнаму трэба, а ніхто сам сабе не робіць. *труна

7. На вадзе родзіцца, на агні вырастае, а як у ваду пападае – зноў прападае. *соль

8. Ні мора, ні зямля, караблі не плаваюць, бо нельга. *балота

9. У полі без кораня расце. *камень

10. Чаго за хвост не падымеш? *клубок нітак

11. Ляжыць калода сярод балота: не гніе, не сохне. *язык

12. Пералічыце пяць дзён па парадку, не называючы чыслаў і назваў дзён. *Пазаўчора, учора, сёння, заўтра, паслязаўтра

13. Не прадзе, не тчэ, а людзей апранае. *авечка

14. Які год цягнецца адзін дзень? *Новы год

15. У агні мокне, у вадзе сохне. *свечка

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат