Пра курсы
ГАРАДЫ :


23.10.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Складанасці перакладу

 

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Вавёркі 3-х яек і паўшклянкі пакуты :)

Ідэальны пераклад – той, што максімальна набліжаны да арыгінала. Аднак стварыць такі пераклад амаль немагчыма. І праблема не ў ведах перакладчыка (хаця і ў гэтым,магчыма, таксама), а перадусім у тым, што моўныя сістэмы – гэта як матрыцы, што пры накладанні адна на адну не ва ўсім супадаюць. Прычым гэта тычыцца не толькі далёкіх па паходжанні, але і блізкароднасных моваў, такіх як беларуская і руская.

Такое несупадзенне абумоўлена не толькі структурнымі і граматычнымі адрозненнямі моваў, але і такімі пазамоўнымі фактарамі, як культура, гісторыя і нават менталітэт носьбітаў мовы.

Гэтыя адрозненні важна ўлічваць пры перакладзе.

Тут мы спынімся на некаторых з іх:

1. Адно і тое слова ў розных мовах можа адрознівацца сваёй канатацыяй (эмацыйнай ацэнкай і дадатковай семантычнай нагрузкай) і стылістычнай афарбоўкай. Так, слова прапаганда ў нашай мове з’яўляецца нейтральным і можна сказаць, напрыклад, прапаганда нацыянальных інтарэсаў або прапаганда здаровага ладу жыцця. Але захаваць яго пры перакладзе на ангельскую мова будзе немагчыма, паколькі там яно мае адмоўную канатацыю, таму лепш беларускую прапаганду перакласці на ангельскую праз promotion. Або, напрыклад, пераклад слова еврей на беларускую не праз яўрэй ці габрэй, а праз слова жыд можа выклікаць абурэнне і пратэст носьбітаў рускай мовы, бо яны могуць успрымаюць гэтае слова як абразу, не ведаючы пра тое, што ў беларускай, як і ў польскай, яно гістарычна не мае адмоўнай канатацыі. Цікавы прыклад сустрэла са словам балота ў беларускай і фінскай мовах. Як вядома, гаворачы пра балота, мы маем на ўвазе нешта адмоўнае, руціннае, нецікавае, тое, што не мае прагрэсу. А вось для фінаў балота, наадварот, станоўчы вобраз, бо гэта нешта такое, што дазваляе захаваць традыцыі.

2. Яшчэ адна складанасць перакладу звязаная з так званай безэквівалентнай лексікай. Калі ў адной мове ёсць аднаслоўнае найменне нейкага прадмета або паняцця, а ў іншай няма, тады ў якасці перакладу выкарыстоўваецца апісальная канструкцыя. З’яўленне так званых лексічных лакун можа быць звязана з адсутнасцю нейкага прадмета/паняцця і, адпаведна, слова ў мове, а можа тлумачыцца тым, што для носьбітаў мовы гэты прадмет/паняцце не маюць вялікага значэння або не звязаны з іх гісторыяй і культурай і таму не атрымліваюць аднаслоўнага наймення: валатоўка – рус. курган, в котором по народному поверью похоронены легендарные богатыри (волаты); укленчыць – рус. опуститься на колени; сніць – рус. видеть во сне. Але гэтае назіранне не заўсёды спраўджваецца – нельга сцярджаць, што для беларусаў чыгунка больш важная, чым для рускіх железная дорога. Часам слова, якое называе спецыфічныя з’явы мясцовай культуры, пазычаецца ў іншую мову, як гэта адбылося са словам дранік, якое патрапіла ў рускую, або са словам галушкі ці гапак, што прыйшлі да нас з украінскай. Больш падрабязна пра безэквівалентную лексіку можна пачытаць ва ўроку №45 на тэму “Эканоміка”.

3. Складанасці, безумоўна, можа выклікаць і пераклад такіх устойлівых вобразных адзінак, як фразеалагізмы, бо менавіта яны найбольш ярка адлюстроўваюць культурныя асаблівасці, а таксама гістарычны і бытавы досвед народа. І ў гэтым выпадку пераклад, максімальна блізкі да арыгінала, немагчымы, паколькі перакладаючы форму, мы, напэўна, згубім змест гэтага выразу. Таму адэкватным эквівалентам у гэтым выпадку будзе фразеалагізм з іншай мовы, які мае аналагічны сэнс і, па магчымасці, тое ж стылістычнае адценне. Так, рускі фразеалагізм без царя в голове на беларускую перакладзем сваім: клёку ў галаве не мае або алею ў галаве не мае; рус. два сапога параабое рабое, адзін аднаго варты, адзін аднаго не перацягне.

4. Яшчэ адну складанасць уяўляюць сабой міжмоўныя амонімы і паронімы. У блізкароднасных мовах яны могуць быць сапраўднай пасткай, паколькі моўца бывае перакананы, што паколькі такое самае слова ёсць у яго роднай мовы, дык і ў іншай яно мае тое самае значэнне. Напрыклад, благой у рускай мове і благі – у беларускай паходзяць ад аднаго кораня, аднак у дзвюх мовах з часам набылі процілеглае значэнне: рус. благая весть – добрая і благая вестка – дрэнная. Яшчэ адзін прыклад: бел. вяселле перакладаецца на рускую як свадьба, а рускае веселье па-беларуску будзе весялосць. Больш інфармацыі глядзі ва ўроках №5 “Кватэра/хата” і №25 “Лаянка”.

5. Адно і тое слова можа мець у блізкароднасных мовах неаднолькавы аб’ём лексічнага значэння і розную спалучальнасць, няведанне чаго таксама прыводзіць да ўзнікнення памылак пры перакладзе. Напрыклад, пераклад рус. закройте книжки на беларускую як зачыніце кніжкі з’яўляецца няправільным, паколькі зачыніць можна дзверы, вокны, словам, тое, што мае замок, а кнігу закрываюць. Або выраз любить родину часам перакладаюць як кахаць радзіму, што абсалютна няслушна, бо радзіму можна толькі любіць, а вось жанчыну ці мужчыну — кахаць. У гэтых выпадках мы маем справу з так званай гіперкарэктнасцю, калі пры не вельмі ўпэўненым валоданні мовай моўца асцерагаецца ўжываць тое самае слова, што ёсць у рускай мове, выбіраючы найбольш далёкі адпаведнік, які, у сваю чаргу, адрозніваецца аб’ёмам значэння ці спалучальнасцю з іншымі словамі: не бывае грамадства з абмежаванай адказнасцю, ёсць таварыства (хоць і тое, і тое па-руску – общество); пытанне не апынулася цяжкім, а аказалася цяжкім.

6. На марфалагічным узроўні вельмі часта пры перакладзе з рускай на беларускую і наадварот дапускаюцца памылкі ва ўжыванні назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду, множналікавых назоўнікаў, утварэнні ступеняў параўнання (найлепшы вучань, а не лепшы вучаньразумнейшая за яго, а не разумней яго). Больш падрабязна глядзіце ва ўроках №37 “Кампутары”, №56 “Здаровае харчаванне”. Цяжкасці ўзнікаюць і з перакладам дзеепрыметнікаў і дзеепрыметнікавых зваротаў, паколькі ў беларускай мове без абмежаванняў ужываюцца толькі дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага стану кшталту сказаны, напісаны, у адрозненне ад рускай мовы (гл. урок №61 “Кавярня”)

7. Шмат парушэнняў пры перакладзе адбываецца і на сінтаксічным узроўні, калі пераносіцца неўласцівы для мовы парадак словаў. Такі тэкст будзе гучаць для нас ненатуральна: Люблю я палі шырокія, лясы зялёныя, рэкі і азёры блакітныя (рус. Люблю я поля широкие, леса зелёные, реки и озера голубые). Паколькі для беларускай не характэрны адваротны парадак словаў, лепш было б перакласці: Я люблю шырокія палі, зялёныя лясы, блакітныя рэкі і азёры. Многія дзеясловы ў рускай і беларускай мовах ужываюцца з рознымі прыназоўнікамі або патрабуюць пры сабе назоўнікі ў розных склонах, пра што абавязкова варта памятаць: благодарю тебя – дзякую табе; грустить о родине – сумаваць па радзіме (гл. урокі №12, “Спорт”№38 “Чалавек і закон”).

Заданне:

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Знайдзіце памылкі ў беларускіх фразах і перакладзіце на рускую:

Яблыня была вышэй грушы – *Яблыня была вышэйшая за грушу. (рус.

Яблоня была выше груши.)

Гэта быў лепшы дзень у маім жыцці – *Гэта быў найлепшы дзень у маім

жыцці (рус. Это был лучший день в моей жизни.)

Цётка была сквапнай і карыснай – *Цётка была сквапнай і карыслівай. (рус.

Тётка была жадной и корыстной.)

Зачыні вочы! – *Закрый/ заплюшчы/ прымруж вочы! (рус. Закрой глаза!)

Нечакана апынулася, што ўсе грошы скончыліся – *Нечакана аказалася, што ўсе грошы скончыліся. (рус. Неожиданно оказалось, что все деньги закончились.)

У вашых трактарах шмат шлюбу – *У вашых трактарах шмат браку. (рус. В ваших тракторах много брака.)

У Сцяпана не вельмі добры смак – *У Сцяпана не вельмі добры густ. (рус. У Степана не очень хороший вкус.)

Я ўмею гуляць на розных інструментах – *Я ўмею граць на розных інструментах. (рус. Я умею играть на разных инструментах.)

На смак і колер няма таварышаў – *Дзеду міла, а ўнуку гніла; Каму падабаецца поп, каму пападдзя, а каму – папова дачка. (рус. На вкус и цвет товарищей нет.)

Сілком мілым не будзеш.– *Даганяючы не нацалуешся. (рус. Насильно мил не будешь.)

Не збівай мяне з толку – *Не збівай мяне з панталыку. (рус. Не сбивай меня с толка.)

Людзі, выказаўшыя жаданне – *Людзі, што выказалі жаданне/ пажадалі (рус. Люди, выразившие желание)

Не кратай мяне, пакінь у пакоі! – *Не чапай мяне, дай спакою! (рус. Не трогай меня, оставь в покое!)

Раніца мудрэй за вечар – *Пераначуем – болей пачуем. (рус. Утро вечера мудренее.)

Меры для ўсталявання гаспадара машыны – *Меры для ўстанаўлення гаспадара машыны (рус. Меры по установлению хозяина машины)

Кіраўнік выступіў са сказам – *Кіраўнік выступіў з прапановай. (рус. Руководитель выступил с предложением.)

Сапраўдны закон быў прынят у верасні – *Гэты/дадзены закон быў прыняты ў верасні. (рус. Настоящий закон был принят в сентябре.)

За рахунак уласных сродкаў – *За кошт уласных сродкаў (рус. За счет собственных средств)

Эканамічныя правапарушэнні, якія вабяць канфіскацыю маёмасці – *Эканамічныя правапарушэнні, якія цягнуць за сабой канфіскацыю маёмасці (рус. Экономические правонарушения, которые влекут за собой конфискацию имущества)

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат