Пра курсы
ГАРАДЫ :


23.10.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Н ці НН?

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Вядома, што ў беларускай мове праблема правапісу н і нн перадусім звязаная з такімі з’явамі, як падаўжэнне (фанетычная) і падваенне (марфалагічная), а таксама з паходжаннем слова: уласнабеларускім або іншамоўным. Аднак памылкі ў напісанні колькасці н часта залежаць нават не ад вышэй пералічаных рэчаў, а ад уплыву рускай мовы, у якой правіла правапісу н і нн значна больш складанае і разгалінаванае.

Пішуцца з НН:

1. Уласнабеларускія словы з падаўжэннем (адбываецца паміж галоснымі гукамі): насенне, убранне, растанне, трымценне, адценне.

2. Прыметнікі з суфіксамі -энн- (-енн-), якія маюць павелічальнае ці якасна-адноснае значэнне: страшэнны, здаравенны, высачэнны, свяшчэнны, клятвенны.

3. У прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -мя: іме́нны (ад імя), семянны (ад семя), цемянны (ад цемя). Выключэнне: палымяны (ад полымя).

4. Словы, у якіх утваральная аснова заканчваецца на н, а суфікс пачынаецца з н: вінны (віно + -н-), маліннік (маліна + -нік), каменны (камень + -н-), бяссонны (сон + -н-). Выключэнні: ле́ны (ад лень + -н-, дзе адбылося сцягненне каранёвага і суфіксальнага н), свіны. У апошнім слове назіраецца такая цікавая з’ява, як гаплалогія, то бок, выпадзенне аднолькавых ці падобных складоў: не свініны, якое павінна даваць свіння + -ін- (параўнай, напрыклад, каза + -ін- = казіны, воўк + -ін- = ваўчыны), а свіны!

5. Прыметнікі слынны, старанны, гасцінны (ад гасціна ‘прыём гасцей, частаванне’). Не блытаць з гасціны (ад госць), гасціная – ‘пакой для гасцей’.

6. Запазычаныя прыметнікі экстранны, спантанны, якія трэба запомніць.

 

Пішуцца з Н:

1. Словы іншамоўнага паходжання, уключна з уласнымі імёнамі і геаграфічнымі назвамі: анатацыя, анексія, ануляваць, тэніс, фін, Аніка, Ганібал, Каны. Выключэнні: панна, мадонна, донна, манна, ванна, саванна, Ганна, Сюзанна і інш.

2. Усе дзеепрыметнікі (звярніце ўвагу, што ў нашай мове ў дзеепрыметніках ніколі не пішацца нн): выкуплены, падрыхтаваны, прыменены, пачышчаны, заклеены, прыбраны.

3. Словы, што не маюць на стыку ўтваральнай марфемы і суфікса збегу двух н: улюбёны (любіць + -ён-), пудраніца (пудра + -аніц-), шкляны (шкло + -ян-), званіца (звон + -іц-).

 

Ажыннік (ад назоўніка ажына + -нік-), але тарфянік (ад прыметніка тарфяны + -ік)

 

Штохвілінны кантроль (які? прыметнік) Кантроль штохвіліны (як? прыслоўе)

 

Гасцінны (чалавек), але гасціны (пакой)

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Устаўце Н або НН:

Аўся…ы – *аўсяны (авёс + -н-)

Будзё…ы – *будзённы (будзень + -н-)

Ва…ы – *ванны (ванна + -н-)

Абра…іца – *абранніца (абраннік + -ніц-)

Антэ…а – *антэна (іншамоўнае слова)

Палымя…ы – *палымяны (выключэнне)

Ляшчы…ік – *ляшчыннік (ляшчына + -нік-)

Упэўне…ы – *упэўнены (дзеепрыметнік)

Тарфя…ік – *тарфянік (тарфяны + -ік-)

І…а – *Іна (імя іншамоўнага паходжання)

Брытве…ы – *брытвенны (прыметнік ад брытва + -енн-)

Гасці…ая гаспадыня – *гасцінная (‘якая любіць прымаць гасцей’)

Сабалі…ы – *сабаліны (собаль + -ін-)

Сыраві…ы – *сыравінны (сыравіна + -н-)

Лаза…а – *Лазана (геаграфічная назва іншамоўнага паходжання)

Разгубле…асць – *разгубленасць (дзеепрыметнік разгублены + -асць)

Кало…а – *калона (іншамоўнае слова)

Пайме…ы – *пайменны (ад імя)

То…а – *тона (слова іншамоўнага паходжання)

Двухто..ы – *двухтонны (тона + -н-)

Худзе…ы – *худзенны (павелічальны суфікс -енн-)

Заклее…ы – *заклеены (дзеепрыметнік)

Прыгожая гасці…ая – *гасціная (‘пакой для гасцей’)

Вогне…ы – *вогненны (прыметнік з суфіксам -енн-)

Ветра…ы – *ветраны (суфікс -ан-)

Алавя…ы – *алавяны (волава + суфікс -ян-)

Экстра…ы – *экстранны (запазычаны прыметнік, напісанне трэба запомніць)

Выгна…ік – *выгнаннік (выгнаны + суфікс -нік-)

Абедзе…ы – *абедзенны (прыметнік + суфікс -енн-)

Імгне…е – *імгненне (падаўжэнне)

Вокамгне…а – *вокамгненна (імгненне + -н-)

Таўшчэ…ы – *таўшчэнны (павелічальны суфікс -энн-)

Но…а – *Нона (імя іншамоўнага паходжання)

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат