Пра курсы
ГАРАДЫ :


29.10.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Абодва – абедзве – абое

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Што нам кажа прыказка абое рабое? Што ўсе аднолькавыя, або адзін аднаго варты. Па-руску сказалі б два сапога – пара. А ў граматычным плане што такое абое? Перад намі зборны лічэбнік, які фактычна з’яўляецца сінонімам лічэбніка двое, як, уласна кажучы, і формы абодва і абедзве.  Дык як жа ведаць, якую з гэтых формаў і калі ўжываць?

Па-першае, вызначым, чым адрозніваюцца і ці ў прынцыпе адрозніваюцца паміж сабой лічэбнікі двое і абодва/ абедзве/ абое. Гэта зборныя лічэбнікі, якія называюць сукупнасць прадметаў як адно цэлае і з’яўляюцца сінонімамі, але сінонімамі няпоўнымі. Пры дапамозе слова двое мы вылучаем два прадметы з вялікай колькасці: Двое шчанятаў беленькія, а адно (шчанё) чорненькае. А вось пры дапамозе адобва /абедзве / абое называем канечную колькасць прадметаў – толькі два: У сабакі Ясі абодва шчаняты беленькія. Гэта значыць, што ў яе іх толькі два, трэцяга няма. Дарэчы, лічэбнікі абодва і абедзве ўзніклі ад спалучэння оба + два, оба + дзве.

Ужыванне гэтых лічэбнікаў абумоўлена родам назоўнікаў. З лічэбнікамі мужчынскага і ніякага роду ўжываецца слова абодва, якое мае цвёрдую аснову: абодва мужчыны, адобва дамы́. Але калі мы вымавім апошняе слова з іншым націскам – не дамы́, а да́мы, або паненкі – тады лічэбнік абодва заменім на абедзве, які ўжо мае мяккую аснову і спалучаецца толькі з назоўнікамі жаночага роду. Звярніце ўвагу на тое, што калі мы карыстаемся сучасным афіцыйным правапісам, а не тарашкевіцай, у сярэдзіне гэтага слова мяккі знак не пішам (абедзвюм, абедзвюх), бо гэта асіміляцыйная мяккасць, якая не перадаецца на пісьме з часоў правапіснай рэформы 1933 года.

Пры скланенні гэтых лічэбнікаў асаблівую ўвагу трэба звярнуць на формы творнага склону на -ма (вучоныя лічаць іх рудыментамі парнага ліку): абодвума, абедзвюма.

Н. абодва хлопцы абедзве дзяўчыны
Р. абодвух абедзвюх
Д. абодвум абедзвюм
В. абодвух / абодва абедзвюх
Тв. абодвума абедзвюма
М. у абодвух у  абедзвюх

Пры лічэбніках абодва, як і пры лічэбніку абедзве назоўнікі ўжываюцца ў форме назоўнага склону множнага ліку: абодва браты, абодва трамваі, абодва веснавыя дні як абедзве малодшыя сястры.

Лічэбнік абое ўжываецца, калі гутарка ідзе пра асобаў мужчынскага і жаночага полу разам: Хлопчык пачакаў каля школы сястру, і яны абое пабеглі дахаты. Складанасці ва ўжыванні лічэбніка абое тлумачацца найперш уплывам рускай мовы, дзе, па-першае, зусім няма формы, якая б адносілася да сукупнасці асобаў рознага полу, і па-другое, фармальным падабенствам да рускага лічэбніка оба, які адносіцца выключна да назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду.

Звярніце ўвагу на тое, што лічэбнік абое змяняецца, як лічэбнік двое, гэта значыць, ва ўскосных склонах націск у слове падае на і: абаі́х, абаі́м, абаі́мі, у абаі́х.

<>

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Устаўце формы абодва, абедзве ці абое:

Ганна і Віталь сядзелі пад дрэвам у тумане цёплай ночы і … маўчалі. – *абое

Ігнась стаў … нагамі на хісткі зэдлік – канструкцыя пад ім пахіснулася і развалілася. – *абедзвюма

Працам … мастакоў-авангардыстаў не знайшлося месца ў Цэнтральнай галерэі. – *абодвух

Насмяяўся гаршчок з катла: … чорныя. – *абодва

Бацька быў беларус, а маці — полька. … паводле адукацыі – настаўнікі. – *абое

Ваўкі бываюць аднавокія і нават сляпыя на … вокі. – *абодва

Ян і Кася засталіся ўлетку ў горадзе, і з імі … мы часта сустракаліся ў кавярні каля дома. – *абаімі

Нельга недаацэньваць ролю … бацькоў – мамы і таты – у жыцці кожнага дзіцяці. – *абаіх

У … бібліятэчных кнігах не хапала старонак. – *абедзвюх

… бацька́м я паабяцаў тэлефанаваць штовечар і расказваць пра свае ўражанні ад вандроўкі. – *абаім

З … дуплаў старога дрэва час ад часу вызіралі маленькія вяртлявыя птушачкі. – *абодвух

Я гатовая … рукамі падпісацца пад тваімі словамі. – *абедзвюма

Пасля … сустрэч Мікола зразумеў, што з гэтай жанчынай агульнай мовы ён не знойдзе. – *абедзвюх

Магілёвец заспеў жонку з палюбоўнікам і забіў … . – *абаіх

Супрацоўніцтва павінна быць прагматычным – на карысць … краінам, … эканомікам, … народам. – *абедзвюм,  абедзвюм, абодвум

 

Krok

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат