Пра курсы
ГАРАДЫ :


30.03.2015
СЛОЎНІК. Рыгор Барадулін

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся ў сям’і Івана Рыгоравіча і Акуліны Андрэеўны Барадуліных на хутары Верасоўка (афіцыйная назва на той час была «Гарадок ІІ Востраў-Сарочынскага сельсавета»), а ў 1937 г. хутар быў ліквідаваны і сям’ю паэта перасялілі ва Ушачы. Дзед паэта па мамінай лініі Андрэй Гальвіньш быў этнічным латышом. Бацька загінуў у 1944 г. падчас ВАВ у партызанскім атрадзе. Пасля вайны Рыгор Барадулінн вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе (скончыў у 1954 г.), затым на філалагічным факультэце БДУ (скончыў у 1959 г.).

Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969 г.), «Мастацкая літаратура» (з 1972 г.) Выдавецтву «Мастацкая літаратура» Рыгор Барадулін аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984 г.).

Рыгор Барадулін быў дзейным чальцом СБП, адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра (19891999 гг., прэзідэнт з 1990 г., віцэ-прэзідэнт з 1999 г.). З’яўляўся членамПартыі БНФ, членам Сойма БНФ (з 1989 г.). У 19951997 гг. быў у кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса.

Быў жанаты з Валянцінай Міхайлаўнай Барадулінай. Дачка Ілона — мастачка, ёсць унучка Дамініка. Калекцыяніраваў сланоў і чарапах. Рыгор Барадулін вызнаваў сябе як уніята.

Памёр 2 сакавіка 2014 г. у сваёй кватэры ў Мінску. Смерць была раптоўная і імгненная. Быў адпеты ў Чырвоным Касцёле 4 сакавіка2014 г. ў грэка-каталіцкім (уніяцкім) і рымска-каталіцкім абрадах. Пахавалі Рыгора Барадуліна ва Ушачах у беларускай народнай вышытай кашулі ў той жа дзень побач з магілай мамы, як таго і жадаў паэт пры жыцці. Запячатванне Магілы зрабіў апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусіархімандрыт Сяргей Гаек.

ТВОРЧАСЦЬ

Дэбютаваў вершамі ў 1953 г. у газеце «Чырвоная змена». Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асноўны змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959 г.). У ранняй творчасці — кнігі лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961 г.), «Нагбом» (1963 г.), «Неруш» (1966 г.), «Адам і Ева» (1968 г.) — паэт данёс да чытача трываласць асноў народнай маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці беларускага народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі ён асэнсоўвае асноўны змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваенных гадоў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця беларускага народа на акупіраванай тэрыторыі.

Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай народнай творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Рыгора Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Рыгора Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манументальныя вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны.

Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах: зборнікі «Маўчанне перуна» (1986 г.), «Самота паломніцтва» (1990 г.), «Міласэрнасць плахі» (1992 г.), «Евангелле ад Мамы» (1995 г.). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне беларускай нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты». Зборнік «Руны Перуновы» (2006 г.), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.

Аўтар зборнікаў сатырычных і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965 г.), «Станцыя кальцавання» (1971 г.), «Прынамсі…» (1977 г.), «Амплітуда смеласці» (1983 г.), «Мудрэц са ступаю» (1988 г.) і інш., эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва: альбом «Няўрокам кажучы» (1971 г.), шаржы М. Лісоўскага; «Абразы без абразы» (1985 г.), шаржы К. Куксо. Творы дзя дзяцей склалі зборнікі «Мех шэрых, мех белых» (1963 г.), «Красавік» (1965 г.), «Экзамен» (1969 г.), «Ай! Не буду! Не хачу!» (1971 г.), «Суровая вымова» (1976 г.), «Што было б тады, калі б?» (1977 г.), «Ці пазяхае бегемот?» (1981 г.), «Азбука не забаўка» (1985 г.), «Індыкала-кудыкала» (1986 г.), «Кобра ў торбе» (1990 г.). Напісаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987 г.).

Цалкам плён працы Рыгора Барадуліна складаецца больш чым з 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэперакладаў. Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984 г., 19962002 гг.). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшлі толькі чатыры.

Да 25-годдзя пантыфікату Папы Рымскага Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Яна Паўла II «Рымскі трыпціх» і меў магчымасць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 г.

Пераклаў на беларускую мову п’есу «Вей, вятрок!» Яна Райніса (1980 г.), зборнікі твораў «Блакітны звон Грэнады» Гарсія-Лоркі (1975 г.), «Мелодыя каліны» Івана Драча(1981 г.), «Ветраліст» Габрыелы Містраль (1984 г.), «Рубаі» Амара Хаяма (1989 г.); «Слова пра паход Ігараў» (1986 г.), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Уільяма ШэкспіраДжорджа БайранаПабла НерудыНікаласа ГільенаАдама МіцкевічаВінцэся Каратынскага, Уладзіслава Бранеўскага, Сяргея ЯсенінаРасула Гамзатава,Сэсара Вальеха і інш.

У 2013 г. выйшаў «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна», які ўклала Наталля Давыдзенка. Гэта не проста дыялектычны слоўнік з радзімы Рыгора Барадуліна — Ушаччыны — гэта па сутнасці поўнае апісанне жывых традыцый цэлага беларускага раёна з асобнай «вушацкай», як кажа Дзядзька Рыгор, культурай. У кнізе сабрана амаль усё: пачынаючы ад традыцыйных «вушацкіх» імёнаў, скончваючы падрабязным апісаннем страў мясцовай кухні, святкавання народных і рэлігійных свят. Адметнаю рысаю кнігі з’яўляецца таксама і поўная адсутнасць цэнзуры, што робіць мову яшчэ больш жывой. Сам паэт казаў, што гэта самая галоўная кніга ўсяго яго жыцця, пісаць якую ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве. «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» прызнаны лепшай кнігай 2013 г. па версіі газеты «Наша Ніва».

Песні на словы Рыгора Барадуліна напісалі Алесь Камоцкі, І. Барсукоў, Генрых Вагнер, З. Галубіцкая, Яўген Глебаў, У. Журовіч, М. Наско, Дзмітрый Смольскі, М. Хаўхлянцаў і інш.

КРЫТЫКА

Пазітыўныя водгукі

БІЯГРАФІЯ Элементы рацыянальнасці ў мастацкай сістэме Р. Барадуліна зведзены да мінімуму. Гэта, калі сказаць словамі А. Блока, лірык па светапогляду, па светаадчуванню, па вельмі асабіста-эмацыянальнаму ўспрыняццю рэчаіснасці. Паэтычны вобраз Р. Барадуліна — амаль адзіная форма існавання думкі і перажывання. […] Ён валодае проста-такі дзіўным уменнем „пісаць” гукам, рыфмайрытмікай.

БІЯГРАФІЯ
БІЯГРАФІЯ Гэта адзін з самых першых вершаў Барадуліна, напісаны ён зусім маладою, нават крыху няўпэўненай рукой. Аднак жа колькі ў гэтым вершы і сапраўднай паэтычнай грацыі, і добрага гумару, і жыццёвай свежасці, і вострага, ключавога разумення асаблівасцей нашага часу!..

Янка Брыль, пра верш Рыгора Барадуліна «Калаўроты» ў дакладзе на Пленуме СП БССР1963 г.
БІЯГРАФІЯ
БІЯГРАФІЯ У паэзіі Р. Барадуліна ярка выражаны нацыянальны каларыт. Мова яго вершаў сакавітая, часта каламбурная, багатая дасціпнымі метафарамі, параўнаннямі. Ён шукае і знаходзіць арыгінальныя рыфмы, алітэрацыі. І цалкам адчуць гэтыя прывабныя якасці яго паэзіі можна толькі ў арыгінале.

МОВА

Схільнасць да лінгвістыкі праявілася ў Рыгора Барадуліна яшчэ падчас навучання ў беларускамоўнай школе мястэчка Ушачы, якое сам паэт дыялектна называе Вуша́ча(жаночы род). Барадулін быў выдатнікам па нямецкай мове, меў высокія адзнакі па рускай мове і літаратурыБеларуская мова выклікала ў Барадуліна найбольшую цікаўнасць. У той час Барадулін пачынае цікавіцца творчасцю Максіма Багдановіча. Дакладныя навукі (фізікаматэматыка) даваліся Барадуліну цяжэй, што ў спалучэнні са здольнасцю да моў і абумовіла яго паступленне на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ва ўніверсітэце Рыгор Іванавіч знаёміцца з творчасцю Пімена ПанчанкіАнатоля ВялюгінаЯнкі КупалыЯкуба Коласа (яго паэму «Новая зямля» Барадулін ведаў у маладосці на памяць), Уладзіміра КараткевічаМіхася Стральцова (ён, як і Рыгор Барадулін, вучыўся на філалагічным факультэце БДУ з 1954 па 1959 гг.) і іншыхбеларускіх паэтаў, якія аказалі значны ўплыў на фарміраванне паэтычнага стылю Рыгора Барадуліна.

Сам паэт казаў, што галоўную ролю ў станаўленні яго як літаратара адыграла маці — Акуліна Андрэеўна Барадуліна. Вобраз маці часта сустракаецца ў творчасці Рыгора Барадуліна, асабліва ў наступных кнігах: «Трэба дома бываць часцей» (1993 г.), «Евангелле ад Мамы» (1995 г.), «Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю: Песні матчыны з Вушаччыны» (2005 г.), «Навошта» (2009 г.):

БІЯГРАФІЯ Усё ідзе ад маці. Мая мама, паўтаруся, была самым вялікім філолагам. Ва ўсялякім разе для мяне. Дзякуючы маме і беларускай мове я нешта напісаў і, можа, яшчэ нешта напішу. Канешне, можна пісаць і на вывучанай мове, але гэта будзе ўжо сурагат. На вывучанай мове можна пісаць дэтэктывы, эротыку, а глыбінную паэзію, глыбінную прозу трэба пісаць толькі на роднай мове, матчынай. […] Яшчэ ў Бібліі сказана: «Напачатку было слова». […] Я сябе адчуваў і адчуваю чаляднікам у беларускай паэзіі. Няма мовы — няма паэта. Я ўсё жыццё абапіраўся на беларускую мову, на яе вушацкі варыянт, таму што ён для мяне самы блізкі, ён нейкі некрануты, першародны па чысціні сваёй. Мова — гэта мая апора.

Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран — Мінск: Логвінаў, 2011. — с. 74-75
БІЯГРАФІЯ

На працягу ўсяго жыцця Рыгор Барадулін выступаў супраць русіфікацыі беларускага насельніцтва і беларускай мовы ў СССР, негатыўна ўспрымаў спантанны працяг гэтага працэсу ў незалежнай Беларусі, прытрымліваўся ідэі цалкам беларускамоўнай Беларусі:

БІЯГРАФІЯ Цяпер чую ў натоўпе беларускую мову дужа рэдка, ці ад старых людзей, ці ад тых, што з вёскі прыехалі. З аднаго боку, гэта сумна, а з іншага — радасна, калі ад моладзі чую, значыць, нейкая перспектыва яшчэ ёсць. […] Хаця паўсюль цяпер ідзе ўдушэнне беларускай мовы — такое ўражанне, што пятлю ўжо накінулі, але не да канца зацягнулі. Іншым часам нават здаецца, што было б лепш, каб мову забаранілі зусім, — можа, тады б пачалася зваротная рэакцыя. Улада зрабіла выгляд, быццам праблемы такой няма. Але няма праблемы — няма і мовы. Такія агрэсіўна-грэблівыя адносіны. […] Маёй звышзадачай, безумоўна, было, каб усе беларусы гаварылі па-беларуску, каб любілі сваю мову, беларускую паэзію, каб беларуская мова гучала шырока. Але гэта такая, як вам сказаць, ружовая мара. […] І мову нашу пакрываюць асфальтам.

Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран — Мінск: Логвінаў, 2011. — с. 47, 75, 78
БІЯГРАФІЯ

Творы Рыгора Барадуліна вылучаюцца вялікай колькасцю дыялектызмаў і неалагізмаў.

Творы Рыгора Іванавіча выходзяць на розных нормах беларускай мовы: акадэмічнай, класічнай і аўтарскай норме самога паэта (у залежнасці ад выдавецтва). Сучасную сітуацыю з адначасовым існаваннем у беларускай мове дзвюх літаратурных нормаў паэт ацэньваў негатыўна, сцвярджаючы, што гэта спрыяе дэкансалідацыі беларускамоўнай часткі насельніцтва Беларусі, якая і гэтак складае меншасць. «Тарашкевіцу» паэт крытыкаваў за наяўнасць граматычных рыс, якія характэрныя длязаходнеславянскай, а не ўсходнеславянскай моўнай падгрупы, за дамінаванне ў лексіцы заходнебеларускага дыялекту і за свядомую замену слоў, аднолькавых длярускай і беларускай моў, польскімі аналагамі. «Наркамаўку» — за лексічную русіфікаванасць, значную абмежаванасць у выкарыстанні прыстаўных гукаў, замену традыцыйных назваў беларускіх населеных пунктаў адпеведнікамі найноўшага часу. Рыгор Барадулін выступаў за распрацоўку і афіцыйнае зацверджанне новай версіібеларускага правапісу, пры стварэнні якога былі б улічаны:

  1. Граматыка 1918 г. Браніслава Тарашкевіча і іншыя творы ў галіне, так званага, «класічнага правапісу», або «тарашкевіцы»;
  2. Распрацоўкі ў галіне беларускага мовазнаўства савецкіх часоў (у тым ліку нормы, так званай, «наркамаўкі»);
  3. Усе захаваныя беларускія народныя гаворкі

ІНФАРМАЦЫЯ ўзятая з афіцыйнага сайта Рыгора Барадуліна http://www.baradulin.by/

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат