Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Уладзімір Караткевіч

19.12.2015
ГРАМАТЫКА Назоўнікі агульнага роду

Назоўнікі агульнага роду

powerpoint70  СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70  СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70  СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Назоўнікі агульнага роду носяць такую назву, бо ў роўнай ступені могуць адносіцца да асобаў як жаночага, так і мужчынскага полу. Яны спалучаюцца з усімі адпаведнымі формамі жаночага і мужчынскага роду: Яна стала такая ціхоня і Ён стаў такі ціхоня. У большасці выпадкаў яны маюць канчатак -а (-я), аднак існуе невялікая колькасць назоўнікаў з націскным канчаткам -о: хвалько, нямко, гняўко.

Часцей за ўсё назоўнікі агульнага роду экспрэсіўна афарбаваныя і з’яўляюцца размоўнымі або прастамоўнымі словамі. Звычайна яны маюць негатыўную канатацыю: валацуга, няўдаліна, злюка, манюка. Аднак у рэдкіх выпадках яны могуць мець і станоўчую канатацыю: малайчына, разумніца, чысцюля. Ёсць таксама назоўнікі агульнага роду, што не маюць экспрэсіўнай афарбоўкі і з’яўляюцца стылістычна нейтральнымі: сірата, ляўша, калега, выканаўца, пераможца. Некаторыя назоўнікі агульнага роду з суфіксам –ц- могуць канкураваць з назоўнікамі мужчынскага (і жаночага) роду: творца – тварэц,  вынаходца – вынаходнік (вынаходніца), дарадца – дарадчык (дарадчыца), або ў перыяд русіфікацыі выцясняюцца гэтымі назоўнікамі: замест зборца – зборшчык, замест наступцаспадчынны ўладальнік (спадчынная ўладальніца).

Назоўнікі агульнага роду звычайна называюць асобаў па іх знешніх характарыстыках (здыхля, мурза, насупа); па манеры паводзінаў (праныра, папрашайка, балаболка, непаседа); па маральных якасцях (выскачка, курва, шэльма, святоша); па інтэлектуальных здольнасцях і якасцях (недавучка, усёзнайка, тупіца) і па родзе дзейнасці ці сацыяльным становішчы (пісака, механоша, сірата).

Назоўнікі з канчаткам -а/-я, калі адносяцца да асобаў жаночага полу, скланяюцца як назоўнікі жаночага роду кшталту мама: малая мурза, няма малой мурзы, сказаць малой мурзе, бачыць малую мурзу, сябраваць з малой мурзай і пры малой мурзе. Калі ж аснова назоўніка заканчваецца на г, к, х, то ў давальным і месным склонах адбываецца чаргаванне: недарэка – недарэцы, бядзяга – бядзязе, няўмёха – няўмёсе, небарака – небарацы.

Назоўнікі з націскным канчаткам -а/-я, якія адносяцца да асобаў мужчынскага полу, скланяюцца на ўзор назоўнікаў жаночага роду: з сіратой Міколам (параўн. з сіратой Аленай); пры сіраце Міколу (параўн. пры сіраце Алене). А вось назоўнікі агульнага роду з націскам на аснове скланяюцца на ўзор асабовых назоўнікаў мужчынскага роду кшталту настаўнік: з малым ціхонем Янкам (параўн. з малой ціхоней Галяй) і пры малым ціхоню Янку (параўн. пры малой ціхоні Галі).

Калі ж назоўнік агульнага роду заканчваецца на націскны -о, тады пры абазначэнні асобаў мужчынскага полу ён скланяецца па мужчынскім тыпе: з хвальком Адасем, пры хвальку Адасю. А ў выпадку, калі гэтыя назоўнікі адносяцца да асобаў жаночага полу, яны зусім не скланяюцца: з такой хвалько, пры такой хвалько.

Да назоўнікаў агульнага роду часта адносяць таксама памяншальна-ласкальныя формы ўласных імёнаў кшталту Саша, Валя, Жэня, а таксама прозвішчы на -а/-я кшталту Зарэмба, Лапата і прозвішчы на -о – Лапато (дарэчы, прозвішча ўтворана не ад слова лапата ў значэнні ‘рыдлёўка’, а ад слова лапатаць у значэнні ‘невыразна, хутка гаварыць’ па тыпу хвалько).

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Назавіце адным словам, выкарыстоўваючы назоўнік агульнага роду:

Сквапны чалавек – *скупянда, скнара, жмінда

Той, хто часта плача – *плакса, румза

Той, хто швэндаецца, гуляе – *бадзяга, валацуга, брыда, туляга, туляка, гуляка

Надакучлівы чалавек – *надаеда, назола

Той, хто шмат есць – *абжора, аб’ядала, аб’ядайла

Няўклюдны чалавек – *недалуга, недарэка, недалэнга, няўклюда, неўдалота, няўдаліна, нязгрэба, няўмека, няздара

Несканцэнтраваны чалавек – *разява, разявака, расцяпа, салапяка

Неразумны чалавек – *дурыла, дурніца, дурніла, дурнішча, дурында, боўдзіла, тупіца, доўбня

Той, хто любіць выхваляцца – *выхваляка, хвалько

Чалавек з мухамі ў носе – *зазнайка, задавака, крыўляка

Высачэзны чалавек – *дылда, бамбіза

Той, хто не выносіць вольнасці ў адносінах да сябе – *недатыка, недачэпа, незачэпа, нечапайка, нядократка

Пітушчы чалавек — *п’яніца, выпівоха, прапойца

Ужывіце назоўнікі ў патрэбнай форме:

1. Андрусь быў сапраўдным (хвалько). – *хвальком

2. Гануля, нельга быць такой (разявака)! – *разявакай

3. Перадайце гэтаму (скнара), што мне нічога ад яго не трэба. – *скнару

4. На (чысцёха) Святланцы быў беленькі фартушок. – *чысцёсе

5. Вольга, чаго ты маўыш, (нямко) прыкідаешся? – *нямко

6. З (суддзя) мы сустрэліся каля ўваходу ў Суд Цэнтральнага раёна. – *суддзёй

7. Не хачу сябраваць з гэтым (тупіца)! – *тупіцам

8. Нельга быць (манюка), сынок! – *манюкам

9. Так ёй і трэба, гэтай (задавака)! – *задавацы

10. Глядзі, які пінжак на гэтым (задавака). – *задаваку

11. Ігнась быў перавучаным (ляўша), і праз тое ўвесь час пакутаваў. – *ляўшой

12. Не тэлефануй ёй, гэтай (крыўляка)! – *крыўляцы

13. Цяжка было жыць (сірата) Лявону пры чужых людзях. — *сіраце

14. Алену Сцяпанаўну прызначылі (выканаўца) абавязкаў намесніка кафедры. – *выканаўцай

15. Усе пазбягалі (хвалько) Ганну, якая пры сустрэчы ўсім расказвала пра свае неверагодныя поспехі. – *хвалько

16. Нешта гэтай вашай (валацуга) Наталцы ізноў на месцы не сядзіцца! — *валацузе

17. Хлопчыкі, хто з вас сёння будзе (малайчынка), увечары атрымае дзве порцыі салодкага! – *малайчынкам

18. (Забойца) суседа нечакана аказалася ягоная жонка. – *забойцай

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат