Пра курсы
ГАРАДЫ :


15.03.2015
ГРАМАТЫКА Хто-ніхто там-сям

Няпэўныя займеннікі і прыслоўі

Утвараюцца ад пытальна-адносных займеннікаў і прыслоўяў хто, што, дзе, калі, які і г.д.

не- (звычайна стаіць пад націскам, выкл. некаторыя): нехта, нешта, недзе, некалі, нейкі;

абы- (пішацца праз злучок, пры ўжыванні з прыназоўнікам звычайна прыстаўка абы- пішацца асобна, а прыназоўнік укліньваецца паміж прыстаўкай і займеннікам/прыслоўем): абы-хто, абы-што, абы-дзе, абы-калі, абы-які, але абы з якім.

-сьці (звярніце ўвагу, што пішацца з мяккім знакам!): хтосьці, штосьці, дзесьці, калісьці, якісьці;

-сь (размоўны варыянт постфікса -сьці): хтось, штось, дзесь, калісь, якісь;

-небудзь (пішацца праз злучок): хто-небудзь, што-небудзь, дзе-небудзь, калі-небудзь, які-небудзь;

-колечы/-кольвечы/-кольвек (пішацца праз злучок): хто-кольвек, што- колечы, дзе-кольвечы, калі-кольвечы, які-колечы.

дзе-нідзе, што-нішто, сяк-так, сям-там, сёе-тое

 

Ужыванне няпэўных займеннікаў і прыслоўяў

Словы з постфіксамі -небудзь, -кольвек, -кольвечы, -колечы ўжываюцца ў выпадку, калі ёсць магчымы выбар, але яшчэ не вырашана дакладна, што выбраць, ці гэта не мае вялікага значэння. Напрыклад:

Давай сходзім куды-небудзь сёння ўвечары.

Словы з прыстаўкай не- і постфіксамі -сьці (-сь) ужываюцца ў выпадку, калі гаворка ідзе пра прадмет, які існуе ў рэальнасці, але невядомы моўцы, або калі моўца пра яго дакладна не памятае. Напрыклад:

Мне пра яго калісьці нешта расказвалі.

Прыстаўка абы- надае займеннікам і прыслоўям адценне негатыўнасці. Напрыклад:

Не кажы абы-чаго!

Складаныя словы кшталту там-сям, тое-сёе ўжываюцца ў выпадку, калі моўца па нейкіх прычынах не хоча называць дакладна рэчы ці асобаў, пра якія гаворыць. Напрыклад:

Сёе-тое мы сёння ўжо паспелі зрабіць.

 

Заданні

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Перакласці на беларускую мову:

Что-то – штосьці (штось), нешта < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.

Чей-то – чыйсьці (чыйсь), нечы

Кое-какой – сякі-такі, такі-сякі

Лишь бы чей – абы-чый

Чему-небудь – чаму-небудзь, чаму-кольвек (-кольвечы, -колечы)

Как-то – неяк, яксьці

Лишь бы с кем – абы з кім

Какой-либо – які-кольвечы (-колечы, -кольвек), які-небудзь

Какой-то – якісьці (якісь), нейкі

Когда-то – калісьці (калісь), некалі

Откуда-то – адкульсьці, аднекуль

Кое-что – тое-сёе, сёе-тое

Лишь бы куда – абы-куды

С чьим-нибудь – з чыім-небудзь, з чыім-кольвек (-кольвечы, -колечы)

Кое-кому – каму-нікаму, сяму-таму, таму-сяму

На какой-то (остановке) – на якімсьці (якімсь), нейкім (прыпынку)

Чего-то – чагосьці (чагось), нечага

Кое-где – дзе-нідзе, сям-там, там-сям

Лишь бы к кому – абы да каго

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат