Пра курсы
ГАРАДЫ :


25.02.2016
Граматыка. Ступені параўнання прыметнікаў.

word70 СПАМПАВАЦЬ ФАЙЛ WORDРаздатка. Ступені параўнання прыметнікаў

 

 

powerpoint70 СПАМПАВАЦЬ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINTПрэзентацыя. Ступені параўнання прыметнікаў

 

 

Форма Вышэйшая ступень Найвышэйшая ступень
простая утвараецца ад прыметніка пры дапамозе:

·     суфіксаў –эйш-, -ейш-: цвёрды – цвярдзейшы, дарагі – даражэйшы, кіслы – кіслейшы;

·     суплетывацыі асноў (суплетывацыя – утварэнне форм аднаго і таго ж слова ад розных кораняў; замена кораня):

вялікі – большы

малы – меншы

дрэнны – горшы

добры –  лепшы (добрай якасці)

добры – дабрэйшы (суадносіцца з назоўнікам дабрыня)

утвараецца ад вышэйшай ступені параўнання прыметніка пры дапамозе прыстаўкі най-:

вышэйшы – найвышэйшы

(НЕЛЬГА – найвысокі!!!), кіслейшы – найкіслейшы.

Зрэдку:

новы – найноўшы,

багаты – найбагатшы,

дарагі – найдарожшы

 

***Прыметнік вялікі мае дзве формы:

вялікінайбольшы (колькасная прымета);

вялікінайвялікшы (якасная прымета – ‘таленавіты, выдатны, выбітны’).

складаная утвараецца пры дапамозе слоў больш / болей, менш / меней + зыходная форма прыметніка(!): кіслы – менш кіслы, высокі – больш высокі

(НЕЛЬГАбольш вышэйшы!!!)

 

утвараецца пры дапамозе:

·             словаў самы, найбольш, найменш + зыходная форма прыметніка(!):    кіслы – самы кіслы, найбольш кіслы, найменш кіслы (НЕЛЬГА – самы кіслейшы, найбольш кіслейшы, найменш кіслейшы!!!)

·             простай формы вышэйшай ступені параўнання прыметніка са словамі за ўсіх, за ўсё, сярод усіх:

вышэйшы за ўсіх            (НЕЛЬГА – вышэй за ўсіх!!!).

НЕАБХОДНА ПАМЯТАЦЬ!

ВЫШЭЙШАЯ СТУПЕНЬ ПАРАЎНАННЯ абавязкова ўжываецца з аб’ектам параўнання ў форме:

1) В. скл. з прыназоўнікам за: Ён быў старэйшы за сябра на два гады;

2) Н. скл. з параўнальным злучнікам чым або як: Ён быў старэйшы, чым сябар (або: як сябар), на два гады. Сѐлетні ўраджай лепшы, як леташні (або: чым леташні).

Формы Р. скл. без прыназоўніка тыпу ‖смялей яго‖, ‖святлей расы‖ — гэта рускія канструкцыі, гэта адхіленне ад нормаў беларускай мовы.

НЯЗМЕННЫЯ ФОРМЫ вышэйшай ступені параўнання з суфіксамі -ей, -эй, -ай тыпу лепей, вышэй, горай лічацца адхіленнем ад літаратурнай нормы, бо яны аманімічныя з адпаведнымі формамі прыслоўяў і безасабова-прэдыкатыўных слоў у вышэйшай ступені параўнання: дзяўчынка вышэйшая за брата – дзяўчынка скача вышэй за брата.

Формы Р. скл. з прыназоўнікам ад у беларускай мове дапушчальныя ў мастацкім стылі (але не ў навуковым і не ў дзелавым): Мацнейшым ад голасу быў посвіст бурану.

 

Простая форма вышэйшай ступені параўнання ад прыметнікаў:   малады – маладзейшы, стары – старэйшы. Прыметнікі малодшы, старшы ўжываюцца пры абазначэнні афіцыйных пасадаў і званняў і не маюць вышэйшай ступені параўнання: малодшы сяржант, старшы выкладчык.  Прыметнік малодшы таксама ўжываецца ў значэнні ‘больш позні паводле часу свайго з’яўлення’:  малодшы брат, малодшая сястра, але старэйшы брат (не старшы!)

НАЙВЫШЭЙШАЯ СТУПЕНЬ ПАРАЎНАННЯ звычайна ўжываецца з аб’ектам параўнання ў форме:

1) Р. скл. з прыназоўнікамі з або сярод: Ляжыць на зямлі найвышэйшая з сосен (або сярод сосен);

2) В. скл. з прыназоўнікам за і займеннікам усё або ўсіх : найдаражэйшы за ўсіх (або: найдаражэйшы за ўсё ).

Увага! Формы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў могуць абазначаць самую высокую (ці самую нізкую) ступень якасці прадмета без параўнання з іншымі: найшчаслівейшы дзень, найбагацейшы чалавек (нельга – багацейшы чалавек!!!)

НЕ БЛЫТАЦЬ: У рускай мове прыметнікі з суфіксам -ейш- тыпу добрейший в мире человек, полезнейшие вещи, древнейшие орудия труда – гэта найвышэйшая ступень (”превосходная степень”), а ў беларускай мове – вышэйшая. Таму ў беларускай мове такім канструкцыям адпавядаюць простыя або складаныя формы найвышэйшай ступені параўнання: найлепшы (найдабрэйшы) ў свеце; самыя карысныя рэчы, самыя старажытныя прылады працы.

 

Ступені параўнання не ўтвараюць:

1) адносныя і прыналежныя прыметнікі: студэнцкі, Віцеў;

2) складаныя прыметнікі: белавокі, лапавухі, чаргабровы, цёмна-сіні;

3) прыметнікі з суфіксамі непаўнаты якасці -ават-, -яват- : белаваты, караткаваты, велікаваты.

4) прыметнікі, якія абазначаюць колькасна нязменную якасць, якая не можа праяўляцца ў большай ці меншай ступені: сляпы, глухі, жывы, халасты,замужняя, жанаты, босы, голы, мёртвы, вусаты, рагаты, крывы і інш.;

5) прыметнікі, якія абазначаюць масці жывёл: буланы, руды, рыжы, буры, гняды, вараны, рабы, кары, русы, пярэсты;

6) прыметнікі, якія абазначаюць колер прадметаў праз іх адносіны да іншых прадметаў: карычневы, блакітны, бронзавы, васільковы, ружовы, вішнёвы, крэмавы і інш.

НЕ ЎТВАРАЮЦЦА простыя формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання ад якасных прыметнікаў з суфіксамі -авіт, -ав, -яв, -ляв, -лів, -іст, — юч, -аўн, -ат, -н, -к, -л, -ічн, -ніч, -еньк, -эзн: цягавіты, перадавы, бялявы, агністы, балючы, коўкі, гераічны, маляўнічы, маленькі, велічэзны.

Заданне 1. Утварыць магчымыя формы параўнання прыметнікаў:

 

Салодкі1. саладзейшы, 2. больш/менш салодкі, 3. найсаладзейшы,

  1. найбольш/найменш салодкі, самы салодкі, саладзейшы за

       ўсё

Звонкі –   1. званчэйшы, 2. больш/менш звонкі, 3. найзванчэйшы,

  1. найбольш/найменш звонкі, самы звонкі, званчэйшы за ўсіх 

 

Стараваты –  не ўтварае (непаўната якасці)

 

 

Шпаркі —  1. шпарчэйшы, 2. больш/менш шпаркі, 3. найшпарчэйшы,

  1. найбольш/найменш шпаркі, самы шпаркі, шпарчэйшы за

                ўсіх

Гарадскіне ўтварае (адносны прыметнік)

 

Даўганогіне ўтварае (складаны прыметнік)

 

Дрэнны 1. горшы, 2. больш/менш дрэнны, 3. найгоршы,

  1. найбольш/найменш дрэнны, самы дрэнны, горшы за ўсё

 

Босы не ўтварае (нязменная якасць)

 

Бурачковы не ўтварае (колер праз адносіны да прадмета)

 

Мяккі –   1. мякчэйшы, 2. больш/менш мяккі, 3. наймякчэйшы,

  1. найбольш/найменш мяккі, самы мяккі, мякчэйшы за ўсё

 

Заданне 2. Перакласці сказы:

 

Мед слаще сахара. – Мёд саладзейшы за цукар (Мёд саладзейшы, чым

цукар.)

Железо легче золота. – Жалеза лягчэйшае за золата.

Летние дни длиннее зимних. – Летнія вакацыі даўжэйшыя за зімовыя.

Эта книга интереснее той. – Гэта кніга цікавейшая за тую.

Озеро Нарочь больше и глубже Свитязи. – Возера Нарач большае і

глыбейшае за Свіцязь.

Бритва острее ножа. – Брытва вастрэйшая за нож.

Имя Якуба Колоса носит одна из красивейших площадей столицы. – Імя Якуб Коласа носіць адна з найпрыгажэйшых плошчаў сталіцы.

 

Софийский собор в Полоцке – одна из древнейших каменных построек в нашей стране. – Сафійскі сабор у Полацку – адна з найстаражытнейшых мураваных пабудоваў у нашай краіне.

Последняя задача была проще предыдущей. – Апошняя задача была прасцейшая за папярэднюю.

Брат был старше меня на 3 года. – Брат быў старэйшы за мяне на 3 гады.

Добрая слава дороже богатства. – Добра слава даражэйшая за багацце.

 

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат