Пра курсы
ГАРАДЫ :


08.04.2015
ГРАМАТЫКА Правапіс складаных словаў

ГРАМАТЫКА Правапіс складаных словаў

Для называння новых прадметаў і рэалій, якія ў вялікай колькасці з’яўляюцца ў сучасным жыцці, наша мова прадукуе новыя словы як з уласнага матэрыялу, так і запазычвае іх з іншых моваў ці папросту калькуе. Прычым вялікая частка з іх – складаныя словы.

Такім чынам, складаныя словы – гэта такія, што маюць у сваім складзе два, тры ці больш каранёў. Карані могуць злучацца паміж сабой галоснымі о, а, е, я, правапіс якіх падпарадкоўваецца агульным правілам. Пад націскам будзе пісацца злучальная галосная о (часопіс, ільнозавод), але гэта адзінкавыя словы ў беларускай мове, бо націск на злучальным о нам не ўласцівы. Не пад націскам  адбываецца аканне (чорнавалосы, высакародны). Пасля мяккіх зычных будзе пісацца злучальная е (конегадоўля, землекарыстанне). Калі ж націск падае на наступны склад, е пераходзіць у я, то бок адбываецца яканне (земляроб, сінявокі).

Аднак найбольшую складанасць звычайна выклікае напісанне галосных у першай частцы складанага слова, якое залежыць ад наяўнасці ці адсутнасці пабочнага націску (асноўны націск падае на другую частку, а ў першай можа ўзнікаць пабочны націск).

1.     Літары а і о

Пабочны націск звычайна не ўзнікае, калі ў другой частцы слова націск падае на першы склад, таму пішацца а: раўнава́га, санцапёк.

Аднак гэта не заўсёды так, бо, паводле правілаў, калі ў першай частцы выразна праяўляецца пабочны націск, у такім выпадку пішацца о нават тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі: мовазна́ўства, малочнакі́слы. Але вызначыць, выразна ён праяўляецца ці не, для звычайнага чалавека часта бывае надзвычай складана, таму спецыялісты раяць звяртацца да слоўнікаў, дзе, на жаль, напісанне аднаго і таго ж слова не заўсёды супадае… Самая ж вялікая праблема ўзнікае якраз з неалагізмамі, якія яшчэ не сустракаюцца ў слоўніках і немаведама калі туды патрапяць. А тут ужо, так бы мовіць, хто ў лес, а хто па дровы. Дарэчы, найбольш лагічна напісанне о можна патлумачыць у тых словах, дзе ўзнікае непатрэбная двухсэнсоўнасць ці аманімія, г.зн. супадзенне з іншымі, звычайна выпадковымі словамі (кормасклад, а не кармасклад, словаформа, а не славаформа, манголазнўства, а не мангалазнаўства).

Калі ў другой частцы націск падае не на першы склад, а таксама калі другая частка пачынаецца з ў, у першай частцы пішацца літара о: доўгачасо́вы, добразычлі́вы, водаўстойлівы, торфаўборачны.

Таксама з літарай о пішуцца наступныя часткі складаных словаў: фота- (фотаздымак, фотакартка, але выключэнне: фатаграфія і вытворныя ад яго); мота- (мотаспорт, мотакрос, але матацыкл і вытворныя); контр- (контрмеры, контрудар, але кантрабас, кантарамарка); што- (штогод, штодзённы); проці- (процілеглы, процітанкавы); свое- (своеасаблівы, своечасовы).

 

2.     Літары е і ё

Літара е ў першай частцы звычайна пішацца незалежна ад націску ў другой:  свежавы́мыты і свежамаро́жаны.

Этымалагічнае ё пішацца ў першай частцы складанага слова, калі пабочны націск падае не на першы склад другой часткі: лёгкадасту́пны, цёмнавало́сы. Аднак калі націск у другой частцы падае на першы склад, у першай частцы будзе пісацца е: легкаду́мны, цемнаво́кі.

Запомніце: святлафор, але светлавалосы, бо першае ўтворана ад слова святло, а другое – ад светлы.

Частка радыё- пішацца нязменна (радыёхвалі, радыёперадача).

3.     Літара э

Літара э ў першай частцы захоўваецца незалежна ад таго, на які склад падае націск у другой: шэраво́кі (а не шаравокі))), рэдказу́бы.

Складаныя словы, утвораныя ад лічэбнікаў

У складаных словах, утвораных ад лічэбнікаў, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбнікаў: трохдзверны, чатырохпавярховы,  пяцідзёнка, шасцісоты, сямігодка, стаметровы.

Заданне. Устаўце патрэбныя літары. Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце поле справа ад задання курсорам:

Музе…знаўца — музеязнаўца

Л…гкавер’е  — легкавер’е 

Л…гкапраходнасць — лёгкапраходнасць

Н…вапрыдбаны — новапрыдбаны

Ус…ночная — усяночная

Д…бранадзейны — добранадзейны

Мн…гаабяцальны — многаабяцальны

Мн…газначны — мнагазначны

Ба…здольны — баяздольны

П…ліглот — паліглот

Мал…чнакіслы — малочнакіслы

Камен…пад — каменяпад

Зах…днебеларускі — заходнебеларускі

Мар…заўстойлівы — марозаўстойлівы

Л…савызнача́льны — лёсавызнача́льны

Рады…хвалі — радыёхвалі

Ар…хападобны — арэхападобны

В…лікадзяржаўны - вялікадзяржаўны

Н…ваадкрыццё — новаадкрыццё

Ст…гадовы — стагадовы

Зерн…склад — зернясклад

Св…тлалюбны — святлалюбны

Шт…суботні — штосуботні

Св…ечасовы — своечасовы

С…рцаед — сэрцаед

Ш…сцібор’е — шасцібор’е

Вугл…вадарод — вуглевадарод

Вугл…род — вуглярод

З…л…навокі – зеленавокі

 

 

 

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат