Пра курсы
ГАРАДЫ :


19.12.2015
ГРАМАТЫКА Марфалагічныя нормы

Марфалагічныя нормы.

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD 

Марфалагічныя нормы ў беларускай літаратурнай мове дастаткова ўстойлівыя, хоць часам дэманструюць і пэўную варыянтнасць (тысячай і тысяччу, іх і іхні, салат і салата, песняй і песняю і г.д.). Пад уплывам шэрагу моўных і пазамоўных фактараў на марфалагічным узроўні могуць адбывацца парушэнні агульнапрынятай нормы.

Да такіх фактараў, што прыводзяць да скажэння нормы, адносяцца:

  • уплыў рускай мовы;
  • уплыў гутарковай мовы і дыялектаў;
  • унутрымоўная аналогія;
  • адсутнасць ясных і паслядоўных правілаў.

У большасці выпадкаў гэтыя фактары ўзаемазвязаныя і могуць праяўляцца ў комплексе. Разгледзім найбольш тыповыя адступленні ад літаратурнай нормы.

Назоўнік

1. Парушэнне ў родзе назоўнікаў адбываецца звычайна пад уплывам рускай мовы і тлумачыцца несупадзеннем пэўных назоўнікаў у родзе ў дзвюх мовах:

белы гусь замест белая гусь

спелае яблыка замест спелы яблык

залатая медаль замест залаты медаль

доўгая цень замест доўгі цень

Аднак трэба памятаць, што існуе шэраг назоўнікаў з варынтнымі формамі роду: салат і салата, бярлог і бярлога, каромысел і каромысла, замша і замш. Гэтыя назоўнкі ўжываюцца як у мужчынскім, так і ў жаночым родзе. Не блытаць з назоўнікамі, якія адносяцца да аднаго роду і ўяўляюць сабой літаратурныя дублеты: кішэнь і кішэня (жан. р.), парася і парасё (ніякі р.).

2. Парушэнні ва ўжыванні ліку назоўнікаў адбываюцца па той самай прычыне, што і ў выпадку з родам назоўнікаў:

шырокая дзвер замест шырокія дзверы

дробная крупа замест дробныя крупы

вялікія клопаты замест вялікі клопат

3. Пад уплывам гутарковай мовы нязменныя назоўнікі іншамоўнага паходжання скланяюцца:

у паліце замест у паліто

перад кіном замест перад кіно

у метры замест у метро

4. Памылковае ўтварэнне формаў множнага ліку ад зборных назоўнікаў, што адбываецца хутчэй за ўсё па аналогіі з формамі тыпу колас – каласы, камень – камяні:

спелыя калоссі замест спелае калоссе ці спелыя каласы

шэрыя каменні замест шэрае каменне ці шэрыя камяні

5. Блытаніна ва ўжыванні канчаткаў назоўнікаў адзіночнага і множнага ліку ў родным склоне можа мець гістарычную аснову, бо адлюстроўвае праблемы незакончанасці развіцця моўнай сістэмы. Аднак у многіх выпадках тлумачыцца непаслядоўнасцю і пэўнай штучнасцю правілаў, уплывам рускай мовы ці, наадварот, актыўнай тэндэнцыяй ужывання канчаткаў – у (адз. лік), -аў/-яў пад уплывам гутарковай мовы, а таксама “клясычнага правапісу”:

добрага стыля  замест добрага стылю

многа шума замест многа шуму

каля гораду Бабруйску замест каля горада Бабруйска

блізу гадзіннікавага заводу замест блізу гадзіннікавага завода (але заводу гадзінніка)

ногаў замест ног

рукаў замест рук

Насамрэч, для вызначэння адпаведнай формы назоўніка ў большасці выпадкаў можна выкарыстаць наступную падказку: калі назоўнік не спалучаецца з колькаснымі лічэбнікамі, ён мае канчатак –у/-ю, а калі спалучаецца — -а/-я.

6. Адыход ад прынятай нормы перадусім пад уплывам рускай мовы адбываецца і ў склонавых канчатках назоўнікаў у давальным і месным склонах, а таксама ў адсутнасці чаргавання заднеязычных г, к, х:

у кніге замест у кнізе

па лясам замест па лясах

у песне замест у песні

Прыметнік

1. Памылковым з пункту гледжання літаратурнай нормы з’яўляецца няправільнае ўтварэнне прыналежных прыметнікаў пад уплывам рускай мовы:

Мішын ровар замест Мішаў ровар

дзядуліны кнігі замест дзядулевы кнігі

2. Адхіленне ад нормы часта адбываецца пры ўтварэнні ступеняў параўнання, калі, напрыклад, вышэйшая форма параўнання ўжываецца замест найвышэйшай або калі замест вышэйшай формы параўнання прыметніка ўжываецца форма прыслоўя:

лепшы вучань замест найлепшы вучань

ён вышэй сястры замест ён вышэйшы за сястру

Лічэбнік

1. Найбольш часта сустракаюцца памылкі ва ўжыванні формы мужчынскага роду замест формы жаночага роду ў лічэбніках два, абодва:

две парты замест дзве парты

з абодвума дзяўчынкамі замест з абедзвюма дзяўчынкамі

2. Па аналогіі з парадкавымі лічэбнікамі ў састаўных і складаных лічэбніках памылкова скланяецца толькі апошняя частка:

у дваццаць сямі гарадах замест у дваццаці сямі гарадах

трыста пяцьдзясят пяццю замест трымастамі пяццюдзесяццю пяццю

3. Няправільнае спалучэнне зборных лічэбнікаў з назоўнікамі:

чацвёра студэнтак замест чатыры студэнткі

тры кацяняты замест трое кацянят

дзве суткі замест двое сутак

Займеннік

Пад уплывам рускай мовы сустракаецца няправільнае ўжыванне асабовага займенніка ты і зваротнага займенніка сябе, якія ва ўскосных склонах маюць розную аснову (суплетывізм):

даць цябе замест даць табе

адчуваць сабе дрэнна замест адчуваць сябе дрэнна

У гэтым выпадку можна скарыстацца падказкай, падставіўшы на месца займеннікай ты і сабе займеннік мяне/мне. На месцы формы мяне будуць ужывацца займеннікі цябе, сябе, а на месцы займенніка мнетабе, сабе.

Дзеяслоў і дзеяслоўныя формы

1. Памылкі часта робяцца ў канчатках дзеясловаў 3 асобы адзіночнага ліку пад уплывам дыялектаў або рускай мовы:

нясець, нясёць замест нясе

робя замест робіць

2. У 2 асобе множнага ліку пад уплывам рускай мовы ўжываецца няправільны націск:

нясе́це, нясёце замест несяце́ ці несяцё

ляжы́це замест лежыце́ ці лежыцё

3. Часам узнікае блытаніна з ўтварэннем і ўжываннем трывальных формаў дзеяслова:

слізнуў з горкі замест слізгануў з горкі

мне спадабаецца вучыцца (цяпер) замест мне падабаецца вучыцца

4. Няправільнае ўжыванне дзеяслова-звязкі ў форме даўномінулага часу пад уплывам дыялектаў, а таксама, магчыма, рускай мовы, дзе было – гэта часціца:

хадзіла было замест хадзіла была

было падумаў замест быў падумаў

5. Ужыванне дзеепрыметнікаў цяперашняга часу, а таксама ўтварэнне зваротных дзеепрыметнікаў,уласцівых рускай мове, але не тыповых для нашай:

існуючыя правілы замест існыя правілы; правілы, якія існуюць

смяючыйся хлопчык замест хлопчык, які смяецца; вясёлы хлопчык

6. Аслабленнем нормы з’яўляецца ўжыванне дзеепрыметнікаў прошлага часу на –ш/-ўш-, якія ў мове актыўна выцясняюцца формамі на –л:

прамокшы замест прамоклы

збялеўшы замест збялелы

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Выбраць правільны варыянт/ варыянты:

На мухе — на мусе – на мусі – *на мусе

На шчацэ – на шчаке — на шчацы – *на шчацэ

У стра́ху – у стра́се – у стра́хе – *у страху

На пні – на пне – *на пні

У снягу – у снеге – у снезе – *у снезе

На дварэ – на двары – *на дварэ (на адкрытым паветры) і на двары (на ўчастку зямлі пры хаце)

Россып’ю – россыпам – *россыпам

У гаі – у гаю – *у гаі

Бярлог – бярлога – *бярлог і бярлога

На рагу – на розе – на роге – *на рагу (вуліц) і на розе (лася)

Вугла — вуглу – *вугла

Вугаля — вугалю – *вугалю

На сцягу – на сцяге – на сцязе – *на сцягу

Клавіш – клавіша – *клавіш і клавіша

Кішэнь – кішэня – *кішэнь і кішэня

Бронх – бронха – *бронха

Пад’езда – пад’езду – *пад’езда (аб’ект) і пад’езду (працэс)

Туфель – туфля – *туфель

Кілаграмаў – кілаграм – *кілаграмаў і кілаграм

У каранях – у карэннях – у карэнні – *у каранях і ў карэнні

Крылы – крылле – крыллі – *крылы і крылле

Васін мяч – Васеў мяч  – *Васеў мяч

Цёткава хустка – цётчына хутстка – цёткіна хустка – *цётчына хустка

Сашыны кнігі – Сашавы кнігі – *Сашыны кнігі (Саша – дзяўчына) і Сашавы кнігі (Саша – хлопец)

Іван менш за брата – Іван меншы за брата – *Іван меншы за брата

Замінаць цябе – замінаць табе – *замінаць табе

Ушчуваць цябе – ушчуваць табе – *ушчуваць цябе

Папікаць сябе – папікаць сабе – *папікаць сябе

З пяцьсот рублямі – з пяццюстамі рублямі — з пяцістамі рублямі – *з пяццюстамі рублямі

Са ста трыццаццю шасцю – са сто трыццаццю шасцю – са ста трыццаць шасцю – *са ста трыццаццю шасцю

Кладзіце — кладзяце – *кладзіце (загадны лад) і кладзяце (цяперашні час абвесны лад)

Ідзеце – ідзіце – ідзяце – *ідзіце (загадны лад) і ідзяце (цяперашні час абвесны лад)

Адрачацца – адракацца – *адракацца

Калышуць – калыхаюць – *калышуць

Ён было пісаў – ён быў пісаў – *ён быў пісаў

Чакалі было – чакалі былі – *чакалі былі

Мяркуемыя вынікі – меркаваныя вынікі – *меркаваныя вынікі

Пасівеўшы ад гора – пасівелы з гора – *пасівелы з гора

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат