Пра курсы
ГАРАДЫ :


19.12.2015
ГРАМАТЫКА Дзеепрыслоўе

powerpoint70 СПАМПАВАЦЬ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70 СПАМПАВАЦЬ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПАВАЦЬ РАЗДАТКУ Ў WORD

Дзеепрыслоўе – нязменная форма дзеяслова, што называе дадатковае дзеянне для паяснення асноўнага дзеяння, выражанага дзеясловам-выказнікам.

Дзеепрыслоўе – дастаткова маладая часціна мовы, якая аб’ядноўвае як рысы дзеяслова, так і прыслоўя. Адсюль і сама назва.  Ад дзеяслова, ад якога яно, уласна кажучы, і ўтвараецца,  дзеепрыслоўе атрымала такая катэгорыі, як трыванне, спалучанае з часам, пераходнасць/непераходнасць, зваротнасць/незваротнасць. Дзепрыслоўе не змяняецца і прымыкае да дзеяслова, паясняючы яго, як прыслоўе.

Дзеепрыслоўе незакончанага трывання (што робячы?) заўсёды ўтвараецца ад дзеясловаў незакончанага трывання (што рабіць?) пры дапамозе суфіксаў -учы/-ючы (для 1 спражэння) і –ачы/-ячы (для 2 спражэння):

Несці (што рабіць? 1 спр.) → несучы (што робячы?)

Браць (што рабіць? 1 спр.) → беручы (што робячы?)

Хадзіць (што рабіць? 2 спр.) → ходзячы (што робячы?)

Насіць (што рабіць? 2 спр.) → носячы (што робячы?)

Не блытаць з формамі дзеепрыслоўя у рускай мове, якія заканчваюцца на суфікс –а/-я (читая – чытаючы, неся – несучы, беря – беручы, делая – робячы, глядя – гледзячы).

Варта памятаць, што ў дзеепрыслоўях на –учы/-ючы, -ачы/-ячы месца націску залежыць ад таго, на які склад падае націск у дзеяслове, ад якога гэтае дзеепрыслоўе ўтворана: чыта́ю – чыта́ючы, але нясу́ – несучы́, бяру́ – беручы́.

Дзеепрыслоўе закончанага трывання (што зрабіўшы?) утвараецца ад дзеяслова закончанага трывання (што зрабіць?) пры дапамозе суфіксаў –ўшы (пасля галосных) і –шы (пасля зычных):

Напіцца (што зрабіць?) → напіўшыся (што зрабіўшы?)

Схавацца (што зрабіць?) → схаваўшыся (што зрабіўшы?)

Прынесці (што зрабіць?) → прынёсшы (што зрабіўшы?)

Збегчы (што зрабіць?) → збегшы (што зрабіўшы?)

Увага: Ад аднаго дзяслова можа быць утворана не больш за адно дзеепрыслоўе адпаведнага трывання!

Калі ў інфінітыве дзеяслоў закончанага трывання мае суфікс –ну-, то ў дзеепрыслоўі ён выпадае, як у прошлым часе дзеяслова, ад якога ён утвораны: высахнуць → высахшы.

Пры ўжыванні дзеепрыслоўяў трэба памятаць, што асноўнае дзеянне (выражанае дзеясловам-выказнікам) і дадатковае дзеянне (выражанае дзеепрыслоўем) заўсёды павінна адносіцца да адной і той жа асобы/прадмета (суб’екта дзеяння):

Большасць асудзіла аўтара, нават не прачытаўшы ягоны раман.

Парушэннем з’яўляецца ўжыванне дзеепрыслоўя, якое адносіцца да іншага, чем дзеяслоў, суб’екта:

Пад’язджаючы да станцыі, з мяне зляцеў капялюш.

У такім выпадку, каб выправіць памылку, трэба, напрыклад, трансфармаваць дзеепрыслоўны зварот у даданы сказ або ў канструкцыю з аддзеяслоўным назоўнікам:

Калі я пад’язджаў да станцыі, з мяне зляцеў капялюш.

На пад’ездзе да станцыі з мяне зляцеў капялюш.

Памылковым таксама з’яўляецца ўжыванне дзеепрыслоўя ў безасабовых сказах:

Вярнуўшыся дахаты, на дварэ задажджыла.

У такім выпадку трэба выкарыстоўваць даданую канструкцыю:

Пасля таго як я вярнуўся дахаты, на дварэ задажджыла.

Аднак дзеепрыслоўе можа ўжывацца, калі ў безасабовым сказе ўжываюцца мадальныя словы кшталту можна, нельга, трэба, варта, добра і г.д. у спалучэнні з інфінітывам:

Можна доўга хадзіць па базары, так нічога не выбраўшы.

У абагульнена-асабовых сказах, дзе фізічна дзейнік адсутнічае, але маецца на ўвазе (у такім выпадку можна падставіць ты), ужыванне дзеепрыслоўя не парушае норму, паколькі адносіцца да таго самага суб’екта, што і дзеяслоў:

Не хваліся сеўшы, а хваліся з’еўшы.

Заданні

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Ад наступных дзеясловаў утварыць дзеепрыслоўі:

Узяць – * узяўшы

Пісаць – * пішучы

Піць – * п’ючы́

Зжаць – * зжаўшы

Уцячы – * уцёкшы

Развітвацца – * развітваючыся

Ліць – * льючы́

Купіць – * купіўшы

Купляць – * купляючы

Замазаць – * замазаўшы

Зберагчы – * збярогшы

Узгадваць – * узгадваючы

Намокнуць – * намокшы

Бачыць – * бачачы

Хадзіць – * ходзячы

Жаць – * жнучы́

Знайсці памылкі ва ўжыванні дзеепрыслоўяў і выправіць:

  1. Прачытаўшы верш, адчуваецца замілаванне да роднага кутка. – * Прачытаўшы верш, адчуваеш замілаванне да роднага кутка.
  2. Скончыўшы працаваць, было ўжо позна. – * Калі мы скончылі працаваць, было ўжо позна. Скончыўшы працаваць, мы ўбачылі, што было ўжо позна.
  3. Паглядзеўшы на блакітнае неба, мне ўяўляецца вясна. – * Паглядзеўшы на блакітнае неба, я ўяўляю вясну. Калі я гляджу на блакітнае неба, то ўяўляю вясну.
  4. Прыехаўшы туды, нас выбеглі сустракаць сабакі. – * Калі мы прыехалі туды, нас выбеглі сустракаць сабакі.
  5. Паглядзеўшы фільм, нешта змянілася ў май свядомасці. – * Калі я паглядзеў фільм, нешта змянілася ў маёй свядомасці.
  6. Вяртаючыся дахаты, трэба зайсці ў краму па малако. — * правільна
  7. Знайшоўшы неабходнае фінансаванне, дом працягвае будавацца трэстам. — * Знайшоўшы неабходнае фінансаванне, трэст працягвае будаваць дом.
  8. Прачытаўшы кнігу, пісьменнік стаў для мяне бліжэйшым. – * Калі я прачытаў кнігу, пісьменнік стаў для мяне бліжэйшым.
  9. Гледзячы на такую несправядлівасць, у мяне сэрца крывёю абліваецца. – * Калі я гляджу на такую несправядлівасць, у мяне сэрца крывёю абліваецца.
  10. Скончыўшы экскурсію, у рэстаране нас чакала вячэра. – * Калі скончылася экскурсія, у рэстаране нас чакала вячэра. Па сканчэнні экскрсіі ў рэстаране нас чакала вячэра.
  11. Увайшоўшы ў лес, сонца ўжо села. – * Калі мы ўвайшлі ў лес, сонца ўжо села.
  12. Папрацаваўшы тут год, бацьку перавялі на іншую пасаду. – * Пасля таго, як бацька тут папрацаваў год, яго перавялі на іншую пасаду.
  13. Абапіраючыся на сцверджанне самога аўтара, гэты твор быў напісаны ў пачатку 70-ых. — * Абапіраючыся на сцверджанне самога аўтара, можна сказаць, што гэты твор быў напісаны ў пачатку 70-ых.
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат