Пра курсы
ГАРАДЫ :


20.05.2015
ЦІКАВІНКІ Сачыненні студэнтаў Мовы Нанова пра Гародню

*У сачыненнях захаваныя аўтарскія правапіс і пунктуацыя.

1. Вольга Крапоціна

Горадня, зь якой я сябрую

Мінула амаль пяць год з таго моманту, як я ўпершыню прыехала ў гэты горад. Горадня сустрэла мяне не зусім прыемным дажджовым надвор’ем. Давялося вырашаць шмат розных клопатаў, таму ўражаньні аб горадзе складаліся змазанымі і эмацыйна рознанакіраванымі. Першае, што я ўсьвядоміла як адметную рысу і характар Горадні – неабавязковасьць і непунктуальнасьць грамадзкага транспарту. Шчыра кажучы, такая адметнасьць мяне раздражняе дагэтуль, але ж тут, як са сваякамі, з дрэннымі звычкамі якіх ты проста мусіш прымірыцца.

У той час я пачала вывучаць горад, знаёміцца з ягонымі жыхарамі, вандраваць па ваколіцах… Штодзень колькасьць уражаньняў павялічвалася: лік наведаных імпрэзаў і акцыяў, у якіх брала ўдзел, зашкальваў і кружыў галаву. Захапленьне расло, горад станавіўся ўсё бліжэй, закрадваўся ў душу і, урэшце, пасяліўся там назаўсёды.

Ёсьць у мяне такая звычка: каб пазнаёміцца з новым мейсцам, я карыстаюся грамадзкім транспартам. Даволі эфектыўна, я вам скажу, у справе вывучэньня асноўных маршрутаў. Такім жа чынам я знаёмілася і з Горадняй: у вольны час сядала на тралейбус ці аўтобус і курсавала па горадзе паміж Хімвалакном і Дзевятоўкай, Азотам і Фолюшам, Вішняўцом і БЛК.

Кожны раён мае свае непаўторныя рысы. Разьмерана і самадастаткова жыве Дзевятоўка, куды так цяжка дабрацца і адкуль яшчэ цяжэй зьехаць. Агромністы гмах “Азота” надвісае над могілкамі, якія сіратліва хаваюцца ў падлеску. Зялёны Фолюш плаўна перацякае ў зелянюшчыя Пышкі, дзе так хораша пачуваеш сябе на шпацыры. Троху сонныя, зацішныя Хімвалакно і Вішнявец, а цяпер яшчэ і маладыя і амбітныя Паўднёвы і Фабрычны з Альшанкай, здаецца, зьмяшчаюць у сабе ўсё, што можна і ўсіх, каго можна. Шумныя індустрыяльныя БЛК і вул.Горкага сплываюць у крэйдавыя кар’еры, якія нагадваюць лазуровыя берагі курортаў сьвету…

uJk0P7ESH3Q

Але цэнтар з усяго гэтага хараства значна і выгодна выдзяляецца. Тут ужо варта болей хадзіць пешшу, дыхаць адным паветрам з кожнай вулачкай, кожным дваром. Калі я маю магчымасьць, каб спакойна пашпацыраваць, то міжволі думкамі пераношуся некуды ў глыб часоў, не акрэсьленых канкрэтнымі межамі, уяўляю мінакоў, якія тады крочылі тымі ж вулачкамі, спрабую здагадацца, якія думкі віравалі ў іхных галовах, якія падзеі іх хвалявалі, чым напаўнялі яны сваё штодзённае жыцьцё. Старыя дамы, замкі, культавыя будынкі, крамкі і кавярні ў цэнтры Горадні даволі спакойна суседнічаюць з гарадзкой вязьніцай. Дзіўнае спалучэньне, але выглядае гарманічна, нібы так і павінна было быць. Нават бясконцы рух і транспартая плынь, якія не спыняюцца і ў самы позьні начны час, ужо назаўжды ўпісаліся ў краявіды і  гукавую памяць цэнтра Горадні.

Мне падабаецца несьціся на ровары праз Стары Мост, вітаючы позіркам фантаны, касьцёлы і цэрквы. Дарэчы, мой ровар адчуў і пакручастыя сьцежкі Румлёўскага парку і шашэйныя падарожжы праз польскую і літоўскую мяжу. Я з задавальненьнем гуляю ў фрызбі зь сябрамі ў Каложскім парку. Нават завіруха ці бура ў Горадні выклікаюць прыемнае хваляваньне (асабліва калі назіраць за імі з хатняга вакна J ). Я таксама памятаю травеньскі белы сьнег на зялёных гарадзенскіх дрэвах і расьцьвілыя ў кастрычніку кветкі.

А на заходзе сонца я, здаецца, вечнасьць магла б сядзець на стромкім беразе Нёмана ля каменю “Пагоня на Грунвальд”, узіраючыся ў небакрай.

Разам з тым самым вялікім і каштоўным набыткам Горадні былі і застаюцца яе жыхары.

У гэты горад магчыма закахацца, разьлюбіць яго ўжо ніколі не атрымаецца!

<>

2. Аксана Кіндзер

Ключык з жывой вадой

Горад. Што такое горад? Калі шукаць адказ у тлумачальным слоўніку, то мы ўбачым такое азначэнне: го́рад – населены пункт, жыхары якога занятыя, пераважна, не сельскай гаспадаркай. Гэта так ці не? Спрачацца са слоўнікам не будзем. У ім усё правільна. Але правільна з пункту гледжання лексічных значэнняў, а вось з жыццёвых… Звернемся да канкрэтных назваў. Нью-Йорк – гэты горад часта называюць “каменныя джунглі”. Удумайцеся ў гэтыя словы. Які паўстае перад вамі горад? Як там можа пачуваць чалавек? Ці, напрыклад, Самарканд. Яго называюць “горад сівых вякоў”. Зусім другая асацыяцыя. Адразу ўяўляеш горад, які ўвесь прасякнуты даўніной, старажытнасцю. Парыж – гэта горад мастацтва, горад творцаў, рамантыкаў. Можна было б доўга пералічваць. Але выснова будзе адна. І блізкая, і вельмі далёкая да тлумачальнага слоўніка. Гарады, мне здаецца, як людзі, вельмі розныя, вельмі адметныя. У кожнага свая нейкая вызначальная асаблівасць. Узгаданы намі Нью-Йорк – гэта гамахі са сталі, бетону, каменю, шкла. Самарканд – гэта храмы, распісаныя ўзорамі і фарбамі, якія не змаглі сцерці вякі. Парыж – гэта Эйфелева вежа, па якой гэты горад пазнае ўвесь свет.

s9924

…А мая Гародня? Яе душою мне бачыцца Каложа. Гэта вечны сімвал і вечная таямніца гарадзенскай гісторыі, якая знаходзіцца пад апякунствам самога Бога, яго ласкі, пад апякунствам непераможнай магутнай моцы. Сам Святы Дух жыве і ўладарыць над берагам Нёмана, моцнага і непрыступнага спадарожніка гарадзенскага жыцця, ракі, якая ўвасабляе сабой вечную плынь жыцця, вечную плынь часу, якая захоўвае і якая разбурае. І Нёман, ён і абаронца Каложы і Гародні. І ён разбуральнік, таму што забраў частку Каложы. Можна празаічна сказаць, падмыў муры, і яны не ўстоялі, абрынуліся. Лічу, што гэта сімвал выпрабавання. Усё ж такі, Каложа выстаяла, як моцны духам народ, нягледзячы на гістарычныя віхоры. І яшчэ мне бачыцца за гэтым выпрабаванне для нас, нашчадкаў. Ці ўратуем мы святыню? Ці ўратуем разам з ёй у сабе духоўнасць? Сапраўды, тут, каля Каложы, усё пранізана гэтай высокай духоўнасцю.

Згадваецца, што на адной з сустрэч выдатная гарадзенская паэтка Данута Бічэль расказала такі выпадак. У Гародню прыехаў у чарговы раз Уладзімір Караткевіч. А калі ён прыязджаў, то заўсёды абавязкова ішоў да Каложы. Вось і тым летам, па словах Дануты Янаўны, яны прыйшлі да Каложы. І Караткевіч, гэты шчыры, па-дзіцячаму адкрыты, узнёслы і летуценны пісьменнік, падыйшоў да старажытных муроў, паклаў далоні на адшліфаваны камень, пагладзіў яго, памаўчаў, як бы прыслухоўваючыся да чагосьці, і прамовіў: “Уяўляеш, якое гэта дзіва? Я дакрануўся праз вякі да рук таго майстра, што шліфаваў гэты камень. Напэўна, калі ён выконваў сваю цяжкую працу, ён думаў, што будуць ісці гады, а ўсё новыя і новыя людзі будуць прыходзіць да гэтай святыні, дзе будзе захоўвацца цяпло яго рук і яго душы.” І я, калі пачула гэту гісторыю, калі зараз прыходжу да Каложы, абавязкова дакранаюся далоней да шліфаваных камянёў. Мне падаецца, што я адчуваю цеплыню рук і таго майстра, і Караткевіча, і многіх-многіх людзей, якія прыходзяць і прыходзяць да Гародні, бо для іх гэта не проста экскурсія, гэта магчымасць пастаяць пад крылом Божай пяшчоты на заходнім прынёманскім узбярэжжы.

Каложа жыве, дыхае разам з намі, супакойвае, натхняе. Як натхніла яна і Караткевіча, і Дануту Бічэль. У яе шмат радкоў, прысвечаных Гародні, Каложы, але мне асабліва падабаецца верш “Каложа”. Я перачытваю гэтыя радкі.

Каложа!

Каложа мая прыгожая!

Ты і ў завею, як летам, пагожая.

Клёнам тваім, пэўна, сто гадоў.

А можа, іх пасадзіў Міндоўг?

s9905

Сапраўды, я захапляюся Каложай, калі вясеннім пагожым ранкам першыя сонечныя промні асвячаюць яе зялёны шалік каштанаў, калі маці-прырода ўпрыгожвае гарадзенскае хараство белым вэлюмам, калі восень апранае Каложу дарагой залатой хусцінаю.

Але не толькі адчуванне хараства, але і подых гісторыі адчуваем мы тут. Сведкам колькіх трагедый быў гэты святы храм. Пра гэта і піша паэтка.

I вера і цвёрдасць мая –

Каложа!

О, колькі крыжоў на тваіх раздарожжах!

Крышылі, палілі,

дратамі скручвалі,

а ты, як зямля,

была неўміручая…

Неўміручая Каложа – гэта святы дом, які заўсёды адчыняе нам свае дзверы, у якім мы адчуваем упэўненасць, абарону, ахову. Яна атуляе нас духоўнай цеплынёй. Каложа – гэта крынічка з жывой вадой. Я невыпадкова так гавару. Я чытала, што назва Каложа паходзіць ад слова “коложань”, што азначае месца, дзе б’е ключык з вадой.

Ручай з жывой вадой, які працягвае біцца, змагацца за жыццё, жыццё і памяць гісторыі. Ручай – маленечкі прыточак, які бярэ свой пачатак з тых жылак з жывой вадой, што пояць Нёман.

Каложа, ты наша жывая вада, дзякуючы якой працягвае сваё існаванне дух і гісторыя Гарадзеншчыны.

<>

3. Вольга Галецка

Гародня, з якой я сябрую

Чым быў бы горад, калі ён з’яўляўся бы зразумелым? Шпацыруючы, ты б ведаў, што сустрэнеш праз некалькі хвілін, ты б ніколі не губляўся. І ўвогуле – гэта нецікава.  А з Гародняй – усё наабарот!

Самае цікавае ў Гародні, гэта тое – што з яе можна знаёміцца пастаянна – інтымна даследаваць яе. Напрыклад, я жыву тут восем месяцаў, пастаянна блукаюся (я-чалавек кот) – і заўсёды залезу ў новае месца – гэты горад мне пастаянна чымсці здзіўляе. Цяжка выбраць адно,а нават некалькі самых крутых месцаў.

IMG_7456

Некалькі тыдняў назад я залезла на нейкую крышу. З гэтага моманту – гэта мая хвароба. І яшчэ – наколькі Гародня гэта горад у якім сонца сыходзіць найпрыгажэй (гэта праверана мной асабіста – у ніводным іншым месцы неба не прынімае такой колькасці колераў) – мне вельмі падабаюцца адкрытыя крышы. Калі я залезу на крышу —  спальныя раёны  – такія прыгожыя! Значыць – я хіба сябрую я відам на вечаровую Гародню з вышыні…

Мне падабаецца яшчэ – сядзець з сябрамі каля сінагогі, на ўзгорку, і глядзець на парк насупраць, на домкі над Гараднічанкай і на высокія дамы на другім берагу Нёмана.

Недзе тыдзень таму ўначы патэліла мая сяброўка – давай гуляць па раёне! – Крута – давай! Мы ўзялі пса і пашлі. Сапраўды – я не думала, што буду гуляць па чыгуначным шляхам, паміж кустамі знойду забыты басейн, пагуляю па заводзе і врукаванай вулічцы і ў рэшце буду нюхаць запахы пякарні. Тут такая разнастайнасць і эмоцыі!

Мне раней Нёман увогуле не падабаўся. Я думала, што берагі ракі ў горадзе павінні неякрэгуляваць. А хапіла пайсці на заброшаны мост і ўсё мае меркаванне змянілася. Я зразумела, што там чалавек у Гародні – можа адчуць сябе сапраўды свабодным. І мне сапраўды спадабаўся Нёман.

Мне падабаюцца забытыя падворкі ў цэнтры горада – з драўлянымі лесвіцамі. І я ў захапленні ад гарадзенскіх кантрастаў – малых старых  драўляных дамкоў паміж новымі высокімі жылымі дамамі. Мне захаплае Новы Свет – з якога больш за ўсё – драўляны канструктывізм у Настаўніцкай калоніі. Мне захапляюць пад’езды заўсёды поўныя быбушак у нядзелю і звычайных людзей – у кожны дзень тыдня. І ўвогуле – гэта цікава, што можна праехаць 20 кіламетраў ад мяжы і шматпавярховікі адразу прыбіраюць іншыя – цікавыя формы.

Мне ў Гародні захапляе яе нечаканасць і разнастайнасць. Гародню, з якой я сябрую ствараюць не толькі месца, а, перадусім, атмасфера.

P.s: добра, што паступова прыходзіць вясна і лета – таму што інакш мне трэба было б пастаянна грэцца ў любімай “Кубе” – а там нечаканасці таксама шмат!

<>

4. Антон Арцюх

Гістарычная  спадчына

Гродна –  прыгожы   сапраўдны еўрапейскі  горад. Часам я гуляю па ягоным утульным не  шырокім вулачкам.  Хоць і  заўсёды не  хапае  гэтага часу і  сіл  пасля пар  ды  хатняй працы , але імкнуся  хоць  адзін дзень  у  тыдзень выдзяляць на  такое падарожжа.  Даволі  часта захаджу  ў  стары  і  новы замак.  Краявіды,  якія можна назіраць з  замкавай гары захапляюць  і  уносяць  невядома куды, у  іншую  эпоху,  а  можа ўвогулле ў  нейкі незнаёмы сьвет.  Паўночнае  паветра дзьме табе  ў  твар,  ты адчуваеш  моц  гэтага  месца, хочацца застацца  і ўладарыць  тут, – быць  гаспадаром усей  Літвы.

gorod+reka+neman+grodno+43574406586

А можна проста паразмаўляць з Нёманам. Шчыра кажучы, ён і зараз застаўся такім жа дзікім і некіруемым, — непадпарадкаваным. Нёман дае сілы – у гэтым я ўпэйнены.Таму і хажу сюды набрацца моцу і смеласці для барацьбы з усялякімі праблемамі. Канечне гэта не ўсе мясціны, якімі  знакаміта Горадня, але я збіраюся распавесьці не пра гэта. І сэнс маёй аповесьці не ў тым, каб паведаміць аб мясцовых цудах.

Аднойчы, гуляючы з сябрам па старажытнаму цэнтру горада, натыкнуўся на цікавую даволі рэч. Адзін са старажытных будынкаў быў на рэканструкцыі, прынамсі мне спачатку так і здавалася. Стаяў кран, будаўнікоў чамусьці не было.

– Вось, паглядзі. Як зараз рэканструцыю робяць. Фасад – адну толькі сьцяну застаўляюць, а ўсе астатнія руйнуюць. Дабудоўваюць са стараны двара па-новаму, і атрымліваецца так сказаць новы “гістарычны” дом.

Спачатку я не паверыў гэтым словам, мы былі ў добрым настроі і я гэта прыняў за жарт. Але калі мы прайшлі трохі далей, я убачыў што за фасаднай святочнай сьцяной сапраўды нічога няма. Гэта было падобна на нейкія дэкарацыі ў тэатры: самае асноўнае – сьцяна, якая адлюстроўвае усе падзеі пастановы, стаяла неяк асобна і адзінока, не было і актораў за ёй .

У адно толькі імгненьне мяне зпасьцігла  некалькі буйных пачуцьцяў: здзіўленьне, неразуменьне, і ў той жа час моцнае абурэньне і крыўду. Няўжо такое можна рабіць? Няўжо ў ваўсіх заплюшчаны вочы і ніхто гэтага не бачыць? Гэтыя і іншыя пытаньні назбіраліся як сумёт у маёй галаве у гэтую ж хвілю…

***

Нядаўна на канікулах прахожваўся па вячэрняму Брэсту. Канікулы былі два тыдні, таму я вырашыў правесьці гэтыя дні дома, а не ў інтэрнаце ў Гродна. Канечне, Брэст не такі “багаты”  на гістарычныя будынкі, але незвычайнае неба колеру чаромхі, ліхтары, ледзь асвятляючыя горад робяць яго такім непаўторным родным і сваім, самым прыгожым і лепшым горадам для мяне ў сьвеце.

Зьвярнуўшы на адну з вуліц, я заўважыў нейкі агароджаны аб’ект. Я заўсёды цікаўлюся новымі з’явамі роднага горада, навінамі, планамі на конт яго. Радуюся за кожнае упрыгожваньне Брэста,  якое прыемна бачыць не толькі жыхарам, але і гасьцям горада. Заглядаю ў шчыліну.І вось – на табе! Тая ж самая адна  фасадная сьцяна, а навокал нічога. Ну вось і што гэта скажыце мне? І тут мае думкі проста сарваліся з цэпу, а цярпеньня я ўжо і не знайшоў у сваёй душы.

Няўжо гэта ўсё не праходзіць праз гарадскія ўлады? А вось праходзіць, і ёсць дазвол. А што, гістарычны цэнтр, дарагая плошча, каштоўнае месцазнаходжаньне даўно вабіць авантырыстыч-ных асоб з грашыма, якія так патрэбны гораду. Што горад заўсёды мае патрэбу ў грошах – гэта ведаюць усе – вядома ж, тое, ці іншае трэба зрабіць: вось закрасіць графіці-малюнкі, асфальт пакласьці – канечне, гэта да, але каб грошы такімі шляхамі атрымліваць, тады не ведаю кім трэба быць.

Здзіўляюся: а не можна было б паставіць умовы заказчыку і арэндатару за карыстаньне будынка – аднавіць, рэканструіраваць, менавіта рэканструіраваць, а не руйнаваць да шчэнту. Я не думаю што кладка там слабая, старая канечне, але моцная – на стагоддзі. Канечне трэба глядзець у якіх умовах гэтыя будынкі захоўваюцца. Мяне проста забаўляе адгаворка мясцовых улад на гэты конт. Іх пазіцыя ясна: трэба знасіць небяспечныя для жыцьця жыхароў старыя будынкі. Даруйце калі ласка, а чаму гэтыя пабудовы стаяць без нагляду  і без жыхароў? Спачатку людзей, якія там поў жыцьця жылі адсяляюць, а потым калі ўжо гэтых людзей адсялілі, іхнія дамы проста стаяць, стаяць два, тры, шэсьць месяцаў. Тады канечне любая пабудова разваліцца. Здаўна вядома, што дом – жывы арганізм, і калі памірае, альбо знікае яго гаспадар, тады і дом таксама пачынае  гінуць, спачатку хварэе, а потым і памірае.

Тымі, хто “купляе” гэтыя будынкі, таксама ніякае сумленьне не кіруе. Офіс на сто гадоў – верагодны іх дэвіз. Ну а для прыгажосьці трэба надбудаваць элементы старажытнасьці, ну хоць з галоўнай вуліцы. А потым яшчэ зробяць нейкае хілае падабенства старога і вось на табе: і офіс ёсць (альбо нейкі гандлёвы цэнтр), і  “гораду” не дрэнна, ды і святлее горад – збаўляецца ад маруднай шэрай старажытнасьці!

Яшчэ мяне проста забівае тое, што гэта, як гэта можна сказаць, нейкае самакіраваньне ці што. Як быццам нейкая аўтаномнасць у культурных справах. Ніхто не сочыць за гэтым з Мінску. Ніхто за гэта не наказвае. Няўжо гэта карысна і Мінску? Не, не думаю. Проста на кіруючых пасадах, да і не толькі на кіруючых, сядзяць людзі, якія проста не пякуцца за свой горад. Для іх гісторыя, сумленьне, годнасьць – проста словы ў падручніках, якія яны гарталі яшчэ ў школьныя гады, не болей таго.

А яшчэ, самае што коле ў сэрца гэта тое, што гэта нікога не хвалюе і не турбуе. Але можа я памыляюся. Можа нехта і піша, але куды ідуць гэтыя паштоўкі і ці даходзяць яны…

Іду далей. Праз сто метраў тая ж сітуацыя! Адно і тое ж самае. Яшчэ два дамы, а дакладней дзьве сьцяны чакаюць, калі яны будуць бачыць папкі, паперу, кампутары, або адзеньне, модны абутак ды розныя аксэсуары.

Тры такіх “будынка”. І ўсе яны на адной вуліцы К.Маркса. Відаць цэлыя планы ўжо ёсць на гэтую вуліцу. “Сьцены” 54, 56, 62.

Я ведаю канечне, што калі гэтая заметка пабачыць сьвет, напэўна ўсе будуць імкнуцца захаваць, выдаць за другое, прыдумаць нешта ў адказ, зруйнаваць апошняе  – менавіта так яно і будзе, але ж усё ж такі сведкі ёсьць – гэта людзі. Людзі, якія жывуць у гэтым горадзе, людзі, якім гэта не абыякава, людзі, якія не могуць на гэта заплюшчыць свае вочы, людзі, якія дбаюць пра спадчыну свайго горада і саёй Краіны.

Любая спадчына – гэта тое, што засталося нам ад мінуўшчыны, далёкай ці дальняй гэта не так важна, важна тое, каб мы яе захавалі. Згодна з традыцыямі і рэхам мінуўшчыны мы павінны падаўжаць тую сувязь продкаў, той каснічок нацыі, будаваць свае шадэўры, будаваць свае цуды і сваю спадчыну. Мяжа паміж мінулым, сучасным і будучым вельмі адносна. Так давайце ж рабіць сваю спадчыну зараз. Каб нашым дзеткам, беларускім дзеткам, было што сказць пра нас, сучаснікаў, і каб яны з гонарам маглі сказаць “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”.

<>

ГЛЯДЗЕЦЬ ПОЎНЫ ЗАПІС ЗАНЯТКАЎ ПА ТЭМЕ “ГОРАД”

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат